<?xml version="1.0" encoding="windows-1251"?>
<FictionBook xmlns="http://www.gribuser.ru/xml/fictionbook/2.0"
  xmlns:l="http://www.w3.org/1999/xlink">
  <description>
  <title-info>
   <genre>prose_rus_classic</genre>
   <author>    
    <first-name>Павел</first-name>
    <last-name>Ковалев</last-name>
   </author>
   <src-lang>ru</src-lang>
   <book-title>Гордасць (на белорусском языке)</book-title>
   <lang>ru</lang>
  </title-info>
  <document-info>
   <author>
    <nickname>rusec</nickname>
    <email>lib_at_rus.ec</email>
   </author>
   <program-used>LibRusEc kit</program-used>
   <date value="2013-06-10">2013-06-10</date>
   <id>Mon Jun 10 22:21:59 2013</id>
   <version>1.0</version>
  </document-info>
 </description>
 <body>
<title><p>Ковалев Павел</p>
<p>Гордасць (на белорусском языке)</p></title> 
<section>
<p>Павел Кавалёў </p>
<p>Гордасць </p>
<p>Прыехаў я настаўнiкам у пачатковую школу адразу ж пасля заканчэння кароткатэрмiновых педагагiчных курсаў. Вёска, дзе была гэтая школа, спадабалася мне - невялiкая, з адной вулiцай, i ўся нiбы замаскiраваная ў зелянiне. Высокiя лiпы нахiлялi сваё раскошнае голле над сялянскiмi хатамi, стройныя шыракалiстыя клёны заўзята цягнулiся да сонца, рабiна ля школы звесiла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкi, а яблынi на многiх прысядзiбных участках вабiлi сваiм жоўта-васковым адлiвам антонавак. </p>
<p>А вакол вiднелiся лясы. Здавалася, што палеткаў тут няма. Па той бок Iпуцi, за густымi радамi алешын, пачыналiся залiўныя лугi, але i яны ўпiралiся ў сцяну велiчнага, маўклiвага, быццам заснуўшага лесу. </p>
<p>Палеткi калгаса "Рассвет" былi сярод лясоў. Палянкi цягнулiся на кiламетр - два, а потым зноў лес. I так усюды. </p>
<p>Зачаравана глядзеў я маладымi вачыма на прыгожы куток Магiлеўшчыны, дзе мне давялося пачынаць сваю настаўнiцкую працу. </p>
<p>Школа змяшчалася ў звычайнай сялянскай хаце-пяцiсценцы. У першай палавiне жыў гаспадар Сцяпан Яўменчык са сваёй жонкай, а ў другой стаяла штук дзесяць парт, класная дошка i шафа з усёй школьнай маёмасцю. Шафу мы крыху адсунулi ад сцяны, i за ёю ўтварыўся невялiчкi куточак. Гаспадыня завесiла яго паласатай посцiлкай i паставiла там мой ложак. </p>
<p>Вучняў было нямнога - вёска налiчвала ўсяго сорак двароў. Тады, у тысяча дзевяцьсот трыццаць першым годзе, у такiх школах, хоць i было ў iх па чатыры класы, працаваў толькi адзiн настаўнiк. </p>
<p>Без належнага педагагiчнага вопыту, без чалавека, якi б мог iншы раз дапамагчы, падбадзёрыць, узяўся я за працу. З першых дзён нават смутак агарнуў. Цi будуць слухаць мяне дзецi, цi спраўлюся адразу з чатырма класамi, цi хопiць умення? - паўставалi пытаннi... </p>
<p>У чацвертым класе аказалася некалькi такiх хлопцаў, якiя i ростам былi не нiжэйшыя за мяне i па сiле, бадай, не слабейшыя. А як пазней высветлiлася, i гадамi яны былi мала маладзейшымi. Вось, думаю, папаўся: будуць свавольнiчаць, i нiчога з iмi не зробiш. Завадатарам у гэтай групе быў Васiль Якiмчук. Ён быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах, дужы ў руках, з пышнай шапкай светлых валасоў. Васiль пазбягаў глядзець мне проста ў вочы. А калi я адварочваўся, ён спадцiшка аглядваў мяне з усiх бакоў. </p>
<p>У першыя днi вучнi слухалi мяне ўважлiва. Вiдаць было, што Васiль Якiмчук i яго сябры прыглядаюцца да мяне, вывучаюць. Але аднойчы на ўроку ў чацвертым класе i адбылося тое, чаго я з першага дня чакаў. Васiль не падрыхтаваў урока па лiтаратурнаму чытанню, i я пачаў яго папракаць. </p>
<p>- А навошта мне гэтая лiтаратура? - прагучаў басавiты голас Васiля. </p>
<p>Я крыху разгубiўся, не адразу знайшоў, што адказаць. А Васiль тым часам сваё: </p>
<p>- Усё роўна Пушкiна з нас не выйдзе... </p>
<p>Не памятаю ў дэталях, што я гаварыў тады, памятаю толькi, што ўсе вучнi глядзелi на мяне, мая разгубленасць перадалася i малым i чатырохкласнiкам. А Васiль тым часам без дазволу адышоў ад дошкi i сеў на сваё месца. </p>
<p>- Хто дазволiў табе сесцi? - наколькi мог грозна запытаўся я. </p>
<p>Хлопец прыўзняўся неяк мешкавата, неахвотна. У твары яго была такая абыякавасць, што быццам бы мяне, маладога настаўнiка, i на свеце не было. </p>
<p>Ён стаяў, панурыўшы галаву. </p>
<p>А я тым часам спытаў пра той жа ўрок, на якi не адказаў Васiль, у дзяўчыны Насцi, самай лепшай вучанiцы, але намнога маладзейшай за Васiля. Насця адразу ж адказала. Ёй я дазволiў сесцi, а Васiль усё стаяў. </p>
<p>- Ну, вось бачыш цяпер, Якiмчук, як трэба рыхтаваць урокi? </p>
<p>Ён маўчаў. </p>
<p>- Раблю папярэджанне, а ў другi раз прыму больш жорсткiя захады. Сядай! </p>
<p>Да мяне прыходзiла тая ўпэўненасць, з якою настаўнiк не павiнен разлучацца. Але я тады яшчэ не ведаў, што гэтая мая ўпэўненасць не вельмi трывалая. </p>
<p>Неяк мiмаволi я сам i разбурыў яе. Старэйшы брат Васiля, якi штогод выязджаў на заробкi ў Данбас, прывёз летам гармонiк. </p>
<p>Васiль прыглядаўся, прыслухоўваўся, як iграе брат, а затым i сам пачаў падбiраць лады. Брат любiў Васiля i пачаў яго пакрыху вучыць. Васiль аказаўся такiм здольным, што ўсе здзiвiлiся. Ад'язджаючы зноў у Данбас, брат пакiнуў Васiлю гармонiк. Вось i гучаць цяпер штовечар яго галасы на ўсю вёску. Васiль iграе, моладзь танцуе, вучнi таўкуцца там, а ўрокаў не робяць. </p>
<p>I пачалося для мяне самае цяжкае выпрабаванне. Маiм адкрытым працiўнiкам стаў Васiль. Яго гармонiк штовечар iграў на ўсю вёску, быццам дэманструючы перад усiмi сваю сiлу. </p>
<p>Бывалi часiны, што я сабе месца не знаходзiў. Штодзень пяць-шэсць вучняў позняцца на заняткi, а то i зусiм не прыходзяць, дрэнна рыхтуюць урокi. А Васiль Якiмчук пачаў прыходзiць на заняткi нават без падручнiкаў i сшыткаў. </p>
<p>Адказ знайшоўся, дапамагла музыка. Сам я, грэшнай справай, зайздросцiў свайму вучню Васiлю Якiмчуку, што ён так добра iграе. Нарадзiлася думка навучыцца самому iграць на гармонiку. Але ў каго вучыцца, дзе гармонiк узяць? Не такi ўжо я багаты, каб з набыцця гармонiка пачынаць трацiць свае першыя заробкi. </p>
<p>Аднойчы, калi закончыўся вучэбны дзень, я папрасiў Васiля Якiмчука застацца ў школе. </p>
<p>Усе выходзiлi азiраючыся, а Васiль чакаў, стаўшы ля майго стала. Я хуценька прыбраў усю сваю маёмасць i зачынiў шафу. Мы засталiся адзiн на адзiн. </p>
<p>- Сядай, - сказаў я, яшчэ добра не ведаючы сам, з чаго пачну гаворку. </p>
<p>Васiль сеў i нiбы незнарок адвярнуўся ад мяне. Я пакрыўдзiўся, але змаўчаў. Хацелася знайсцi тыя словы, пры дапамозе якiх можна было б пакласцi мост да прыязнай размовы i добрых узаемаадносiн з гэтым "цяжкiм" маiм вучнем. I раптам, нечакана для самога сябе, я сказаў Васiлю: </p>
<p>- Добра ты iграеш, браце, зайздрошчу я табе. </p>
<p>Васiль павярнуўся да мяне, недаверлiва блiснуў вачыма паўз верх маёй галавы i апусцiў вочы. </p>
<p>- Ажно самому хочацца навучыцца так iграць, - не спыняў я свайго наступу на Васiля. </p>
<p>Той узняў галаву i адкрыта паглядзеў на мяне. На самым краi яго губ мiльганула рыска здаволенай усмешкi. </p>
<p>- Не верыш? - запытаўся я. </p>
<p>- Вы смеяцёся, - ужо зусiм сур'ёзна адказаў Васiль. </p>
<p>Тут ужо трэба было шукаць новых i важкiх аргументаў, каб трымаць хлопца ў стане зацiкаўленасцi маёй гаворкай, веры ў шчырасць маiх слоў. </p>
<p>Вядома, маё рашэнне было нечаканым для Васiля. </p>
<p>- Цi не мог бы ты па вечарах прыходзiць да мяне, каб навучыць мяне iграць на гармонiку? - пытаўся я далей. </p>
<p>Васiль некалькi секунд маўчаў, а потым у сваю чаргу спытаў: </p>
<p>- З гармонiкам? </p>
<p>- Ага, прыходзь са сваiм гармонiкам... </p>
<p>Васiль удзячна глядзеў цяпер мне ў вочы, аднак усё яшчэ, мабыць, не верыў у шчырасць маёй просьбы. Мы пагаварылi так з паўгадзiны, i хлопец пераканаўся, што нiякай няшчырасцi ў маiх словах няма. </p>
<p>Увечары ён прыйшоў да мяне з гармонiкам. Я праглядаў сшыткi вучняў трэцяга класа. Васiль крышачку пачакаў, пакуль я закончу працу, а потым пачаў вучыць мяне iграць. Пачалося з самага элементарнага. Ён расказаў мне пра басы, пра другiя часткi гармонiка, паказаў, як трэба карыстацца мяхамi. Хлопец быў як нiколi жвавы i гаваркi. Шчокi яго пачырванелi ад задаволенасцi. </p>
<p>- Ну, на сёння можа i хопiць, - урэшце сказаў я. </p>
<p>- Як сабе хочаце, - адказаў Васiль i пачаў зашпiльваць гармонiк. </p>
<p>- А як у цябе з урокамi, можа, я табе буду перашкаджаць вучыцца? неўпрыкметку запытаўся я. </p>
<p>- Ды што вы, падрыхтую... - i Васiль гатовы ўжо быў пабегчы ад мяне. </p>
<p>- А ведаеш што? - звярнуўся я да яго. - Прыйдзi заўтра крышачку раней i захапi з сабой гармонiк i сшыткi свае. </p>
<p>- Добра, - узрадавана адказаў Васiль. </p>
<p>Так i пачалася ў нас з Васiлём узаемадапамога. Усю зiму амаль штовечар ён прыходзiў да мяне ў школу з гармонiкам, сшыткамi i падручнiкамi. Ён мяне вучыў iграць на гармонiку, а я дапамагаў яму спачатку рыхтаваць урокi, а пасля правяраў, цi правiльна ён iх падрыхтаваў. </p>
<p>Устанавiлася такая дружба, што Васiль нiколi не парушаў нашай умоўленасцi, заўсёды падаваў прыклад добрых паводзiн у школе, стаў добра вучыцца i на кожнай вечарынцы быў маiм першым памочнiкам. </p>
<p>З мяне гарманiст не выйшаў. Ледзь-ледзь я навучыўся iграць нейкi вальс ды страданне. Пад вясну ж у школе i ў калгасе было столькi спраў, што нашы з Васiлём заняткi па музыцы прыйшлося спынiць. Хоць, напэўна, i заўважыў ён мой гэты халадок да музыкi, а чацверты клас скончыў паспяхова. Паспяхова ён вытрымаў i экзамены ў сямiгодку. Пачуццё гордасцi за Васiля ахапiла мяне. Я адчуў першую здаволенасць сабою. </p>
<p>Яшчэ прайшоў адзiн навучальны год, i мяне забралi на работу ў раённы аддзел асветы. Летам я развiтаўся са сваiмi вучнямi i з усiмi жыхарамi вёскi. З раёна я паехаў вучыцца ў iнстытут. А Васiль, як мне паведамлялi пры сустрэчах калгаснiкi, паспяхова вучыўся ў сямiгодцы. Яшчэ праз год я зусiм згубiў з поля зроку свайго "настаўнiка" музыкi. </p>
<p>А час iшоў. </p>
<p>Неяк перад самай вайной атрымаў я камандзiроўку ў Гомель. Працаваў тады iнспектарам школ, i мне часта даводзiлася раз'язджаць. Давялося правяраць паспяховасць вучняў у адной са школ горада. Настаўнiца Марыя Маркаўна, з якой я вёў гаворку, пачала папракаць мяне, што я пайшоў у начальства, кiнуў настаўнiцкую дзейнасць. Яна ўспомнiла многiх сваiх вучняў, якiя сталi ўжо вядомымi людзьмi, часта прысылалi ёй удзячныя пiсьмы. </p>
<p>Мне хацелася даказаць Марыi Маркаўне, што я зусiм не вiнаваты ў тым, што не працую непасрэдна ў школе, а займаюся iнспектаваннем школ. </p>
<p>Яна i слухаць не хацела, усё распякала i распякала мяне. Час ад часу яна называла iмёны тых людзей, якiя пiсалi ёй самыя цёплыя пiсьмы, лiчылi яе самым дарагiм чалавекам. </p>
<p>Так мы прагаварылi з ёю аж да прыцемкаў. Потым я пайшоў у гасцiнiцу. </p>
<p>Настаў цiхi зiмовы вечар. Мяккiя пушынкi снегу ападалi на зямлю, лiплi да вопраткi, да твару. </p>
<p>Я iшоў па вулiцы Талстога ў прыўзнятым настроi. Вось i мост цераз чыгунку. Ён неяк непрыкметна з'явiўся перада мной. Пад iм, пыхкаючы, праходзiў паравоз. Я спынiўся, чакаючы, калi ён пройдзе. Насустрач iшлi людзi, але твараў iх я не заўважаў. Пайшоў павольна далей. </p>
<p>Адзiн з пешаходаў, чалавек рослы, у шынялi, крокаў за пяць перада мной спынiўся. Я прайшоў каля яго. </p>
<p>- Адам Ягоравiч, - не то паклiкаў, не то сам у сябе спытаў гэты вайсковы чалавек. </p>
<p>Пачуўшы сваё iмя, я таксама спынiўся. Чалавек стаяў нерухома. Я паглядзеў на яго i, не пазнаўшы, рушыў далей. </p>
<p>Той на гэты раз мацней сказаў: </p>
<p>- Не пазнаяце, Адам Ягоравiч? </p>
<p>Я зноў спынiўся i яшчэ больш пiльна паглядзеў на вайсковага. А людзi ўсё iшлi i iшлi цераз мост. </p>
<p>А той, хто спынiў мяне, усё ўглядаўся, нiбы здзекаваўся з мяне. Я не пазнаваў чалавека i ўжо быў памкнуўся iсцi. </p>
<p>- Ай-яй-яй, - наляцеў на мяне вайсковы. I не паспеў я павярнуцца да яго, як ён схапiў мяне ў абдымкi i, прыцiснуўшы да сябе, падняў. У мяне ажно дух заняло. </p>
<p>Але твар яго цяпер быў ля мяне зусiм блiзка, i я пазнаў Васiля, свайго першага з вучняў, што даўся мне ў знакi. </p>
<p>- Васiль, Васiль Якiмчук, - разгублена прагаварыў я. - Ды я ледзь пазнаў цябе, мядзведзь ты гэтакi. </p>
<p>Той выпусцiў мяне са сваiх дужых рук i засмяяўся радасна, задаволена. </p>
<p>Я абрадаваўся сустрэчы. </p>
<p>Мы моцна пацiснулi адзiн аднаму рукi. </p>
<p>Васiль, даведаўшыся, што я ў камандзiроўцы, не адпусцiў мяне аднаго, а правёў да гасцiнiцы i там зацягнуў у рэстаран. </p>
<p>Мы прагаварылi амаль да гадзiны ночы. </p>
<p>I якая вялiкая настаўнiцкая гордасць ахапiла мяне! Васiль шчыра i адкрыта сказаў мне, што толькi мае тыя, выдуманыя, музычныя заняткi, мае адносiны да яго, Васiля, паставiлi яго на правiльны шлях, i ён стаў чалавекам. Цяпер Васiль быў адукаваным партыйным работнiкам у нашай слаўнай Савецкай Армii. Ён сам цяпер адказвае за выхаванне байцоў i малодшых камандзiраў. Ён не раз расказваў, а яго з захапленнем слухалi пра тое, як ён на трэцi год прабывання ў чацвертым класе паспяхова закончыў яго i як, адчуўшы сваю годнасць, даў сабе слова нiколi не падводзiць свайго настаўнiка. </p>
<p>Мы развiталiся, як добрыя i даўнiя дружбакi. Абмянялiся адрасамi i вялi перапiску аж да пачатку Вялiкай Айчыннай вайны. </p>
<p>...Я i цяпер працую iнспектарам школ. Тыя два гады маёй работы ў пачатковай школе, затым некалькi гадоў працы ў сярэдняй школе пасля заканчэння iнстытута даюць мне падставы не крыўдаваць на маю iнспектарскую працу, - яна быццам бы прадаўжае ўсю маю выхаваўчую дзейнасць. </p>
<p>I няхай не вельмi нападае на мяне Марыя Маркаўна, што я не працую непасрэдна ў школе. </p>
<p>Ды i я маю не аднаго, а шмат выхаванцаў, якiя мне, гэтак жа, як i Марыi Маркаўне, пiшуць пiсьмы, раяцца са мной, паведамляюць аб сваiх поспехах, аб сваiх радасцях, а часам i аб цяжкасцях. Я так мяркую, што колькi хто з нас нi працаваў у школе, але калi толькi працаваў добра, ён мае сваю гордасць, гордасць настаўнiка, выхаваўцы. Працуючы iнспектарам, я вельмi часта расказваў пра выпадак з Васiлём, пра iншыя цiкавыя эпiзоды са сваёй педагагiчнай практыкi, прыпiсваючы iх другiм настаўнiкам. Для мяне дастаткова было таго, што гэтыя прыклады робяць уздзеянне на маладых настаўнiкаў, дапамагаюць iм iсцi наперад. </p>
<p>Мы, старыя настаўнiкi, часта атрымлiваем пiсьмы ад сваiх выхаванцаў. Яны, гэтыя пiсьмы, за якiмi iснуюць жывыя людзi - героi будоўляў, прамысловасцi i транспарту, наватары сельскай гаспадаркi, знатныя людзi нашай вялiкай савецкай культуры, мужныя нашы абаронцы - воiны i афiцэры Савецкай Армii, гэтыя пiсьмы - дакументы прызнання нашай высакароднай выхаваўчай працы. </p>
<p>Вырашыў я, хай не думае Марыя Маркаўна, што выхваляюся цi знарок для яе гэта раблю, апублiкаваць апошнi дакумент гiсторыi майго Васiля. Я прыводжу адну толькi вытрымку з яго апошняга пiсьма: </p>
<p>"Дарагi i шаноўны Адам Ягоравiч! Не думайце, што калi Вы далёка працуеце, дык я Вам i пiсаць не буду. Пiшу вось, турбую Вас. Скажаце: а што ж цяпер савецкаму генералу рабiць, толькi i пiсаць пiсьмы з далёкай зямлi сваiм землякам? Думайце сабе, як хочаце. Але я вiтаю Вас i жадаю здароўя. Тут, у Германскай Дэмакратычнай Рэспублiцы, нас любяць, да нас прыслухоўваюцца. А гэта таму, што ва ўсiх нас ёсць адна любоў - любоў да мiру i спакою. Я стаю на варце гэтай усенароднай любвi i буду стаяць. Ваш гвардыi генерал-маёр Васiль Якiмчук". </p>
<p>I як, сябры, не прачнуцца пасля ўсяго гэтага маёй настаўнiцкай гордасцi! Як не радавацца ўсiм нам такiмi выхаванцамi! Iх жа мiльёны! </p>
<p>1959 г. </p>
</section>
</body>
</FictionBook>
