<?xml version="1.0" encoding="windows-1251"?>
<FictionBook xmlns="http://www.gribuser.ru/xml/fictionbook/2.0"
  xmlns:l="http://www.w3.org/1999/xlink">
  <description>
  <title-info>
   <genre>prose_rus_classic</genre>
   <author>    
    <first-name></first-name>
    <last-name>Таврус</last-name>
   </author>
   <src-lang>ru</src-lang>
   <book-title>Банкет (на белорусском языке)</book-title>
   <lang>ru</lang>
  </title-info>
  <document-info>
   <author>
    <nickname>rusec</nickname>
    <email>lib_at_rus.ec</email>
   </author>
   <program-used>LibRusEc kit</program-used>
   <date value="2013-06-10">2013-06-10</date>
   <id>Mon Jun 10 22:27:45 2013</id>
   <version>1.0</version>
  </document-info>
 </description>
 <body>
<title><p>Таврус</p>
<p>Банкет (на белорусском языке)</p></title> 
<section>
<p>Таўрус </p>
<p>Банкет </p>
<p>I </p>
<p>Радасны i вясёлы пад'язджаў Пятрусь у сваё сяло, каторага ён не бачыў ад самых каляд. Вырваўшыся з душнага горада, дзе за дамамi не ўбачыш нi далёкага лесу, нi раздолля шырокiх палёў, i апынуўшыся сярод знаёмых узгоркаў i хвайнякоў, Пятрусь пачуўся вольна i лёгка. Яго так i цягнула ў гэтыя кусты на беразе рэчкi, на зялёны шырокi луг, бо тут кожны куст, кожнае дрэва i грудок былi яго добрымi старымi знаёмымi. </p>
<p>Едучы, ён закiдаў пытаннямi iх парабка Андрэя, як i што дома. У гэтых пытаннях адбiваўся мужычы дух, моцна зросшы з зямлёй, з родным сялом. </p>
<p>Вот i сяло, вот i iх хата. Бацька даўно ўжо тупаў па двары, не раз паглядаючы на дарогу. Ён сам адчынiў вароты i выйшаў за браму на спатканне сыну. Пятрусь борздзенька саскочыў з каламажкi i кiнуўся да бацькi. </p>
<p>Сын-гiмназiст i бацька, ужо паджылы сталы селянiн-хлебароб, абнялiся i моцна пацалавалiся. </p>
<p>- Ну, як жа здароў, Пятрусь? Як пашанцавалi экзамены? </p>
<p>Пятрусь наскора адказаў бацьку i пабег да маткi. Яна ўжо даўно стаяла каля парога, загадзя абцёршы губы фартухом, i не спушчала вачэй з сына. </p>
<p>- А сыночак ты мой! а маё ты панянятка! - гаварыла мацi, цалуючы хлопца. </p>
<p>I сапраўды Пятрусь у форме гiмназiста зусiм быў, як панiч. Нават папоў сын - бурсак, равеснiк Петрука, адступаў перад iм на заднi план i касаваўся. Дык i не дзiва, што мацi так цешылася, гледзячы на сына-гiмназiста. </p>
<p>Увайшоўшы ў хату, Пятрусь агледзеў усе куты, кожную новую рэч у хаце. Пры гэтым ён расказваў пра гiмназiю, пра горад, пра сваiх новых сяброў, пра ўсё тое, што цiкавiла там яго самога. Але яму не сядзелася ў хаце, яго цягнула на двор, на волю, i праз паўгадзiны ён ужо шворыўся ў садку; адтуль, пералезшы цераз плот, выбег на вулiцу. Праз паркан суседскага садзiка на яго пазiрала колькi пар вачэй яго равеснiкаў. Пятрук зараз жа заўважыў iх. Адзiн з хлапцоў высунуў галаву з-за паркана i моўчкi прыглядаўся да Петруся. Зараз жа паказалася другая галава ў старой шапцы, праз дзiркi якое прабiвалiся космы светлых валасоў, парыжэўшых на канцах ад сонца. </p>
<p>Нi Пятрук, нi хлопцы нiчога не гаварылi. Петруку хацелася прылучыцца да iх кампанii, але ён чуў, што як бы нешта лягло мiж iм i хлопцамi, i ў яго неставала смеласцi падысцi да сваiх даўнейшых сябрукоў. Кругом усе былi проста адзеты, i толькi ён адзiн кiдаўся ў вочы ўсiм сваёю формай. Ён дагадаўся, што гэта форма i клала той рубеж мiж iм i хлопцамi, каторы i стрымлiваў яго падысцi да iх, як даўней, i пачаць разам гульню. Трохi пастаяўшы i падумаўшы, Пятрусь пабег зноў у хату, скiнуў свой мундзiрчык, нацягнуў свой стары каптанiк, узяў яшчэ колькi цiкавых кнiжак з рысункамi i зноў выбег на вулiцу. Цяпер ён смела падбег да хлапцоў i, падышоўшы, хацеў сказаць iм "здрастуйце", як гаварыў ён у гiмназii да сваiх таварышаў, але ў сяле мiж малымi такога звычаю не вялося, i ён проста сказаў: </p>
<p>- Хадзем пагуляем. Я пакажу вам цiкавыя малюнкi. </p>
<p>Хлопцы пералезлi цераз паркан i падышлi да Петруся. Трохi счакаўшы, яны ўжо бегалi на задворках i агародах, рвалi моркву, скраблi яе трэсачкамi або проста абцiралi аб сваю адзежу i елi. Пятрусь ад iх не адставаў. Цяпер на яго галаве сядзела шапка з чужой галавы, а ў яго шапцы бегаў адзiн з таварышаў. Хлопцы гаварылi, крычалi, шумелi. Мiж iмi пачалася гульня. Кожная старана старалася выказаць найцiкавейшыя штукi i гэтым самым выклiкаць у другiх зайздрасць i здзiўленне. Гаворка iх была самая жывая i борзда пераскоквала з аднаго на другое, i такiм парадкам праз колькi хвiлiн хлопцы сталi гаварыць аб дужанцы. </p>
<p>- Ну, давайце падужаемся! - гаварыў Пятрусь i выставiў уперад адну нагу i напляваў на рукi. </p>
<p>Зiрнуўшы ў акно, Петрукоў бацька ўбачыў, як яго сын качаўся з хлопцамi ў пяску. </p>
<p>- Пятрусь! Пятрусь! што ты гэта робiш? </p>
<p>Яму здавалася, што яго сыну непрыстойна займацца гэткiм глупствам i, звярнуўшыся да жонкi, сказаў: </p>
<p>- Зусiм ён тут адзiчэе, паглядзi: i форму сваю скiнуў, ледзьве пазнаў. </p>
<p>- А што ж там такое, калi пагуляе? Вядома, дзiця яшчэ, - заступiлася мацi. </p>
<p>Паклiкаўшы Петруся, бацька строга сказаў: </p>
<p>- Табе, Пятрук, не надта прыстойна качацца па пяску. Убачаць людзi смяяцца будуць. Скажуць - такi самы мужык. </p>
<p>- А хiба ж я пан? </p>
<p>- Павiнен быць лепшы за пана! Што там пан? Усякi сам сабе пан. А ты вось што: сягоння ў нас будуць госцi, дык ты прыбярыся i, глядзi, трымайся так, каб нiхто не смеў на цябе тыкаць пальцам! А госцi будуць не простыя. </p>
<p>II </p>
<p>Вечарам на змярканнi пачалi збiрацца госцi. Першымi прыйшло колькi сталых, паважных гаспадароў, а потым сталi збiрацца i госцi вышэйшага стану: сядзелец, пiсар са старшынёй, ураднiк, дзяк. </p>
<p>Гэтыя паны-госцi варты таго, каб аб iх сказаць хоць колькi слоў. </p>
<p>Пiсар быў мужчына гадоў за трыццаць. Ён лiчыў сябе чалавекам, цэлай галавой большым ад усiх i самым патрэбным у гасударстве. Бо i праўда, чаго нi кранiся - усюды пiсар. Хто галоўная труба ў валасным судзе? - пiсар. Хто робiць раскладкi? - зноў пiсар. А хто выдае пашпарты? - пiсар жа. Адным словам, куды нi павернешся - пiсар i пiсар. Дык i не дзiва, што гэты пiсар так многа забраў сабе ў галаву. Ураднiк жа часам казаў яму за чаркай: </p>
<p>- Што пiсары валасныя? - затыклы, папiхачы. </p>
<p>Але пiсар на гэта адказваў: </p>
<p>- Ну, гэтага не скажы! А вось з цябе, то карысць невялiкая: кожны валасны стораж патрапiць споўнiць ураднiкаву "хункцыю". </p>
<p>Сядзелец больш маўчаў, i ажыў толькi тады, як на стале станавiлася добрая закуска i выпiўка. Тады яго вочы блiшчалi, i ён пачынаў што-небудзь хлусiць. Дзяк быў вядомы ў сяле тым, што раз, прабiраючы мужыкоў, што нiхто з iх не ўмее гаварыць пацеры, узяўся сам паказаць, як трэба гаварыць пацеры, i збiўся, а ўсе паднялi яго на смех, бо дзяк часта любiў умешвацца не ў сваё. А пра ўсiх разам можна было сказаць, што гэта былi людзi, якiя ад доўгай сваёй практыкi прывыклi пры спатканнi з чалавекам перш паглядзець на яго рукi i кiшэнi, а потым ужо пазiраць яму ў вочы. </p>
<p>Спачатку гаворка не так-то клеiлася. Пiсар дымiў папяросай i, трымаючы яе ў зубах, гаварыў з фельчарам, як з самым вучоным тут. Дзяк расказваў старшынi i сядзельцу, як ён у маладосцi быў у архiрэйскiм хоры i дзёр баса. </p>
<p>Тады толькi госцi ажывiлiся, як гаспадар i гаспадыня пасадзiлi iх за стол, загружаны закускамi i выпiўкай. А як чарка зрабiла колькi кругоў, то гаворка так палiлася, што некаму было i слухаць. Сядзелец пачаў расказваць, як ён у хвоi знайшоў гняздо кунiц i голай рукой выцягнуў з дупла цэлых шэсць штук. А што гэта была праўда, то ён паднёс да самага носа старшынi руку, на якой яшчэ i цяпер быў знак, як укусiла яго кунiца. </p>
<p>Цяпер толькi госцi заўважылi Петруся i зiрнулi на яго вокам ласкi. </p>
<p>- Дзякуй богу! перайшоў у чацвёртую клясу, - гаварыў бацька. - Не мне будзе раўня. Даўней не так спрытна вучылi, як цяпер, хоць пападалiся i добрыя дарэктары. Я вот памятую, як сам хадзiў вучыцца. Бывала, калi залепiць табе гэты самы дарэктар па патылiцы, скарэй плюшч вочы, каб не павыскаквалi з лобу; а ўсё ж такi вучнi не так-то добра зналi, хоць па зiм пяць вучылiся. А цяпер, бачыш, i не б'юць, а вучацца. </p>
<p>- А ты думаеш, гэта лепш, што не б'юць? - спытаў дзяк. - Калi, бывала, давалi лупцоўку, то i людзi былi. А цяпер што? Глядзiш, чуць вiдзен ад зямлi, а ўжо нос задзiрае, нiякага паважання к старшым. А ў школах што вытвараюць? Забастоўкi робяць. Вот бы гэтакага забастоўшчыка разлажыць на столак, ды закасаць кашулю, ды ўсыпаць - i бунт бы ўвесь прайшоў. От узяць бы к прыкладу хоць мяне: бiлi i ў людзi вывелi. </p>
<p>- Якi ты ў чорта людзi? - спытаў яго пiсар. - Ты - чвэрць чалавека. </p>
<p>Усе зарагаталi. </p>
<p>- Ну, а ты - цэлы чалавек! А вот давай паспорым: "Жэзл во образ тайны прыемлецца, празябенiем бо прэдразсуждает свяшчэннiка..." Што гэта азначае? </p>
<p>- Жэзл - гэта палка, - пачаў тлумачыць пiсар i спынiўся. </p>
<p>- Гэта i дурань ведае, што жэзл - палка, але далей што? - насядаў дзяк на пiсара. </p>
<p>Сядзеўшыя тут сяляне прыслухоўвалiся да споркi i пыталiся адзiн другога, якую гэта задачу загадаў дзяк, што i пiсар не разгадае. </p>
<p>Адзiн з мужыкоў, Пiлiп Гладыш, прыйшоў на падмогу пiсару: </p>
<p>- А гэта мо тая палка, што б'юць, як на папоў вывучваюць. </p>
<p>- Добра ты кажаш, - падхапiў пiсар. - Не шкодзiла б ёю высвенцiць i нашага дзяка. </p>
<p>- Нiчога вы не знаеце, - абвёў дзяк усiх поглядам чалавека, атрымаўшага верх: - жэзл - гэта той шост, на каторым... </p>
<p>Пры гэтым Пятрусь моцна зарагатаў. </p>
<p>Усе зiрнулi на Петруся. </p>
<p>- Што, не праўду мо кажу? - спытаў дзяк, зiрнуўшы ў яго бок. </p>
<p>- Вы змылiлiся, - сказаў нясмела Пятрусь. - Гэта той жэзл, каторы быў паложаны разам з другiмi ў каўчэг завета i прарос. Гэта быў жэзл Арона, i ўсе патомкi яго i лiчылiся выбранымi богам свяшчэннiкамi. </p>
<p>Тут дзяк схамянуўся. </p>
<p>- Ну, а я як кажу? I я хацеў сказаць тое самае. </p>
<p>- Эй, дзяк! - гукнуў пiсар. - Лепш бы ты вучыў мужыкоў, як гаварыць пацеры. </p>
<p>Пятрусь пасля гэтага здарэння адразу вырас у вачах гасцей, асаблiва ў сялян. А мацi, хоць i не ўсё сцямiла тут, але чула, што Пятрусь сказаў нешта разумнае, i твар яе разгарнуўся ў шырокую ўсмешку задавальнення. </p>
<p>Сядзелец, седзячы каля пiсара, шаргануў туды i сюды пальцам нос (гэта азначала, што ён нешта надумаў i зараз штось скажа). </p>
<p>- А вот, Пятрусь, скажы: колькi гэта будзе каштаваць дваццаць кварт, дваццаць паўкварт i дваццаць кручкоў гарэлкi разам з пасудай. </p>
<p>Спытаўшы аб цане бутэлькi кожнага сорту, Пятрусь, чуць падумаўшы, зразу адказаў, колькi ўсё гэта каштуе. </p>
<p>Сядзелец не чакаў, што Пятрусь так скора вылiчыць, i ад здзiўлення аж стукнуў рукою па стале. </p>
<p>- Маладзец! </p>
<p>- Ну, а цi зробiш такую раскладку: 1300 руб. 80 кап. разлажыць на 640 гаспадароў. </p>
<p>Пятрусь, узяўшы аловак, як бачыш вырахаваў. </p>
<p>- Два рублi i тры з чвэрцю капейкi. </p>
<p>Пiсар паглядзеў. </p>
<p>- Гэта ваша навука так лiчыць, а мы, людзi-практыкi, робiм крыху iначай: замест драбнiц лiчым цэлую капейку. Вот табе i будзе залажыць банчок. </p>
<p>Крыху памаўчаўшы, пiсар зноў сказаў: </p>
<p>- Навука - рэч не кепская, ды толькi для таго, хто ўмее з яе карыстаць. Ну што з таго, што наш земскi, каб далёка не хадзiць, вучоны? А прыедзе ў воласць i за кожным глупствам iдзе да пiсара. А пiсар усё ведае, хоць ён у гiмназiях не вучыўся i экзаменаў вялiкiх не здаваў. </p>
<p>- Лайдацтва iдзе ад гэтай навукi! - стукнуў ураднiк кулаком па стале. Ось дай ты мужыкам навуку, i жыць на свеце нельга будзе. З чаго пайшлi гэтыя забастоўкi, дэмакраты? Усё ад навукi! </p>
<p>Тут ураднiк расказаў, як у сяло прыйшоў забастоўшчык. </p>
<p>- Хто ты? - пытаюць яго. </p>
<p>- Дэмакрат. </p>
<p>- А! ты канакрад?! Вяжы яго, вужа! - I ўраднiк, сказаўшы гэта, адзiн зарагатаў на ўсю хату. Ён ужо быў п'яны i пачаў прыставаць да маладзiц. </p>
<p>Слухаючы гэта, гаспадар сядзеў, як на iголках: спрачацца было нягожа: як-нiяк, а гэта былi яго госцi, i маўчаць таксама не выпадала, бо ён сам мужык, а вот вучыць свайго сына. I ён пускаў мiж вушэй п'яныя гутаркi дзiкiх людзей, якiя лiчылi сябе iнтэлiгентамi. </p>
<p>Горш за ўсiх тут чуўся Пятрусь. Яму даўно ўжо хацелася кiнуць гэту кампанiю, ды ён не хацеў саромiць бацькi i мусiў сядзець сярод гэтых чужых i нямiлых яму людзей. </p>
<p>А госцi пiлi, елi i п'янелi, i iх языкi, як сарваўшыеся з прывязi сабакi, пачалi малоць усякiя глупствы. А як ураднiк пачаў выкiдаць свае штукi, хлопец, не стрымаўся i, адвярнуўшыся да маткi, упаўголаса сказаў: </p>
<p>- Каб паноў-гасцей пасадзiць у клетку ды павезцi... </p>
<p>- Каго? нас у клетку? - спытаў пiсар, што меў вельмi чуткiя вушы i чуў гутарку Петруся. - Што ж мы, па-твоему, звяры, цi што? </p>
<p>У гутарку ўмяшаўся ўраднiк: </p>
<p>- Вот! я i казаў, якая з навукi карысць. Але што з цябе возьмеш, калi ты яшчэ дурное шчанё? Каб ты быў крыху большы, то я сам даў бы табе па мордзе. </p>
<p>- То сабраў бы зубы ў прыгаршчы! - гняўлiва адказаў ураднiку Пятрусь. </p>
<p>- Цi я не казаў, - падхапiў i дзяк. - От як яны паважаюць начальства i старшых! Разумнага маеш, Тамаш, сына. </p>
<p>А бацька перш не ведаў, што рабiць. Потым ён борзда падняўся i абярнуўся да Петруся. </p>
<p>- Цябе вучылi ў гiмназii розным навукам, i я iм дзякую за гэта. А цяпер я навучу цябе, як трэба шанаваць гасцей. </p>
<p>З гэтымi словамi бацька ўзяў сына за вуха. Потым перапрасiў гасцей i прасiў iх выбачыць гэта глупства сыну. </p>
<p>Пятрусь загарэўся ўвесь з сораму. Ён даўно ўжо адвык, каб яго круцiлi за вушы. Здаецца, каб паднёс да яго твару запалку, то ён запалаў бы. </p>
<p>У адзiн момант Пятрусь шуснуў пад стол, выскачыў на хату. Узяўшыся за клямку, ён сказаў: </p>
<p>- Калi ты iх наклiкаў, то i сядзi з iмi, а я з такiмi сядзець не буду. </p>
<p>Госцi разышлiся. Позна ўжо знайшоў бацька Петруся ў гумне. </p>
<p>- Сынок! ты на мяне не гневайся. Я i сам каюся, што наклiкаў гэту псярню. Але не мог жа я пахвалiць цябе за тое, што ты iм сказаў. Праўда на тваiм баку, i яны заўтра будуць саромецца самi сябе. </p>
<p>I сын з бацькам у згодзе пайшлi ў хату. </p>
<p>Толькi ж у Петруся глыбока-глыбока запала ў душу гэта крыўда, i ён нiколi не мог успомнiць пра гэты выпадак без таго, каб сэрца яго не сцiснулася тупой боллю. </p>
<p>1913 г. </p>
</section>
</body>
</FictionBook>
