Круглы год. Хоку беларускiх паэтаў

fb2

Існуе безліч паэтычных формаў, і кожным разам паэт выбірае адну-адзіную, каб менавіта ў яе пераліць уласныя пачуцьці. І можна ўявіць, як нячаста некалькі розных паэтаў абіраюць падобную форму і працуюць у ёй. Для эўрапейцаў традыцыйна абранымі былі трыялеты, актавы, санэты, але ў дадзеным выпадку мы прадстаўляем зборнік хоку.

Хоку — трохрадкоўе, якое бярэ выток у японскім вершаскладаньні. Разам з рубаі і танка хоку — гэта прыклад усходняй вершаванай мініятуры. Хоку пісалі вялікія старажытныя японскія паэты Басё, Бусон, Іса. У ХХ ст. гэтай мініятураю захапляліся Сікі, Кёсі, Дакоцу… Папулярнасьць хоку выйшла за межы Японіі, трохрадкоўі пішуцца ва ўсім сьвеце.

А зборнік з хоку беларускіх паэтаў — невялікі востраў у плыні сучасных нязьменных зьменаў.

Лёс хоку

Хоку — паэтычная тэлеграма

Рамон Гомес дэ ла Серна

Існуе безьліч паэтычных формаў, і кожным разам паэт выбірае адну-адзіную, каб менавіта ў яе пераліць уласныя пачуцьці. І можна ўявіць, як нячаста некалькі розных паэтаў абіраюць падобную форму і працуюць у ёй. Для эўрапейцаў традыцыйна абранымі былі трыялеты, актавы, санэты, але ў дадзеным выпадку мы прадстаўляем зборнік хоку.

Хоку — трохрадкоўе, якое бярэ выток у японскім вершаскладаньні. Разам з рубаі і танка хоку — гэта прыклад усходняй вершаванай мініятуры. Хоку пісалі вялікія старажытныя японскія паэты Басё, Бусон, Іса. У ХХ ст. гэтай мініятураю захапляліся Сікі, Кёсі, Дакоцу… Папулярнасьць хоку выйшла за межы Японіі, трохрадкоўі пішуцца ва ўсім сьвеце. Да прыкладу, выдатныя хоку па-гішпанску складаў знакаміты аргентынец Хорхе Луіс Борхес:

Вось мая рука, Што некалі кранала Твае валасы.

Зборнікі хоку выдавалі паэты ў Францыі і ў Эстоніі. Што тычыцца тутэйшых умоваў, дык кніга хоку беларускіх паэтаў была падрыхтаваная яшчэ ў 1986 годзе, але не знайшла выдаўца, бо ў БССР нават нязвыклая форма ўспрымалася як дысыдэнцтва.

Кожная кветка красуе ў свой час. Праца над зборнікам паціху працягвалася. У пэрыядычным друку зьяўляліся публікацыі хоку. Побач друкавалася шмат іншых трохрадкоўяў і мініятур, але яны або не вытрымлівалі кананічную колькасьць складоў (5-7-5), або ігнаравалі абавязковыя для хоку эстэтычныя патрабаваньні. А тэкст хоку мусіць адпавядаць шматлікім характарыстыкам. Некаторыя зь іх былі кананізаваныя яшчэ да ХVІІ ст… ЮГЭН — запаветная прыгажосьць, глыбіня, неспазнанасьць да канца, існасьць, нязьменнасьць… МАКОТО — ісьціна, праўда, сапраўдная справа, сапраўднае слова… АВАРЭ — зачараваньне, чароўнасьць… МОНО-НО АВАРЭ — чароўнасьць рэчаў…

Пазьней Мацуа Басё распрацаваў дадатковыя эстэтычныя каноны складаньня хоку. На яго думку, верш мусіў увасабляць наступнае: САТОРЫ — азарэньне, прасьветленасьць, духоўнае абуджэньне, раптоўнае адкрыцьцё ісьціны, яднаньне душы чалавека і прыроды, адсутнасьць рацыянальнага элемэнту ў творчым працэсе… САБІ — паціна, сьлед мінулага, заміраньне, пацямненьне, згасаньне, адзінота, самота, прасьветленая адзінотнасьць, адчужанасьць ад штодзённай мітусьні, затуханьне сьвядомасьці… КАРУМІ — лёгкасьць… ХОСОМІ — тонкасьць, ломкасьць, крохкасьць, суперажываньне, зьліцьцё са сьветам, расплываньне ў сьвеце… СІОРЫ — гнуткасьць, маркота, сум, спачуваньне… ФУЭКІ-РЮКО — нязьменная зьменлівасьць, адзінства руху і спакою, хамэлеоннасьць… ФУГА-НО МАКОТО — сапраўднасьць прыгажосьці…

У часы Басё, калі складалася кананічная форма хоку, існавала нязьменная зьмена прыроды, паступовае й непераадольнае кола пораў году, за вясною прыходзіла лета, і пазначэньне сэзонаў было гэтаксама абавязковым. Цяпер, напрыканцы ХХ ст. з вынаходніцтвам хуткасных апаратаў для перамяшчэньня можна зьмяняць асабіста для сябе чаргаваньне пораў года, памяняць марозную зіму на сьпякотнае лета і сустрэць Новы год не ў засьнежаным Менску, а ў сьпякотным Бангкоку. Іншы час, новая нязьменная зьменлівасьць — ФУЭКІ-РЮКО — чакае сваіх паэтаў і сваіх канонаў хоку.

А зборнік з хоку беларускіх паэтаў — невялікі востраў у плыні сучасных нязьменных зьменаў.

Уладзімір Адамчык.

Максім Танк

* * * Рэкі, як людзі, сьпяшаюцца да акіяну — сваёй нірваны. * * * Неразлучнымі толькі пакінуў нам Буда Жыцьцё і Сьмерць. * * * Бічую, бы Ксэркс, мора за разьбітыя мае караблі. * * * — У будучыню ды на раскрышаных крылах? — сьмяецца сьлімак. * * * Быццам той алень, што згубіў панты, бягу і падаю. * * * Набыў ракаўку. Цяпер я — не самотны. Гавару з морам. * * * Над Фудзіямай — драконы бліскавіцаў. Цьвіце сакура. * * * Пацеркі пэрлаў — сьлёзы асірацелых рыбацкіх удоў.

Уладзімір Арлоў

* * * Грэйся, яшчарка, паміж цёплых камянёў. Доўжыцца жнівень. * * * Маленькі сьлімак задумаўся пра вечнасьць на цёплай рэйцы. * * * Няўжо, крыніца, ты дасюль ня ведаеш, як мяне завуць? * * * Узгорак, белы ад дзьмухаўцовых куляў, глядзі, не ўзьляці. * * * Там, на гарышчы ў пушцы з жаўнерыкамі жыве маленства. * * * Чаму ты маўчыш, зязюля-прарочыца, у маім садзе? * * * Дзьмухаўцовы пух у тваёй жарай грыўцы. Скончыўся травень. * * * Пялёсткі вішняў прыплылі па рачулцы з майго дзяцінства. * * * Зялёны вецер прынёс з таго берага згадкі пра цябе. * * * Пярсьцёнак-зьмейка, толькі ён застаецца берагчы цябе.

Уладзімір Сьцяпан

* * * Лесьвіца. Дзьверы. Доўга стаю. Слухаю. Мама сьпявае. * * * Вочы заплюшчыў — пах лістоты ў пакоі, вецер за вакном. * * * Явар чырвоны убачыў бы першы сьнег, калі б ня вецер. * * * Трамвай празьвінеў — зноў цішыня навокал… Слухаю вецер. * * * Сьляды на пяску: птушак, людзей, сьлімакоў — хвалі змываюць. * * * Зноў сустрэў яе, з кошыкам жоўтых сьліваў да бальніцы йшла. * * * Лесьвіца з дошак у драўлянай званіцы. Сьцёртыя сходы. * * * Нехта пакінуў вядро з вадой ля сьцяны. Рудая трава. * * * Гляджу вечарамі на камень і ракаўку, што з мора прывёз. * * * Павута ляціць. Праз срэбра нітак лёгкіх гляджу на неба. * * * Па лесьвіцы зьбег ліст у абдымках ветру, насустрач зіме. * * * Цёмна ў пакоі. Падае, падае сьнег на суседні дах. * * * Станцыя «Ліпа». Пахне скошанай травой нават сіні дым. * * * Чакаю маці. У маўклівым пад'езьдзе слухаю крокі. * * * Ліхтар згасае — ярчэе кола поўні на голым дрэве. * * * Жоўтыя зоры на чорнай вадзе ляжаць — з клёнаў упалі. * * * Чуйны дзьмухавец вартуе сон ветру у чыстым полі. * * * Гаўбец адчыніў — дождж стаіць у парозе, празрысты, як цень. * * * Як сумна гарыць зорка ў ранішнім небе — зорка Вэнэра. * * * Зноў засынаю і прачынаюся зноў ноччу халоднай. * * * Сьцяна. Колкі дрот. Варону вецер загнаў пад гэту сьцяну. * * * Радасны голас з вуліцы вецер прынёс — голас дзіцяці. * * * Толькі шэры дом ды белы сьнег халодны — бачу за вакном. * * * Прыцемкі. Восень. Вогненнай вежай дрыжыць ліпа на ўзьлеску. * * * Стары, стары дом. Сьцёрся блакітны нумар, ведаю — сёмы. * * * Хвалі завеі сьлед падхапілі белы — сьлед на дарозе. * * * Галіну крануў — падае ліст барвовы на чорны асфальт. * * * Знойдзе на бруку хлопчык каштан вільготны і заўсьміхаецца. * * * Сьветлы золкі дзень. Кропляй іртуці дрыжыць сонца ў гардзіне. * * * Полымя-лісьцік з кноту галіны ляціць у восеньскі змрок. * * * Куды ляціце скрозь сьнягі і туманы, малыя птушкі? * * * Чыстая вада абмывае далоні, між пальцаў цячэ… * * * Начныя гукі: ці дождж, ці вецер, ці рып… І я між імі. * * * Суцешыць вецер голае дрэва зімой — сьнегам засыпле. * * * Доўга прымерваў руды, вялікі шынэль… Сябе не пазнаў. * * * На сьпіне ляжу з вачыма адкрытымі… Хутка раніца. * * * Белыя хмары над чорнымі дрэвамі стаяць, як горы. * * * Кусты чаромхі. Вецер цёплы наляцеў — белых кветак шэпт. * * * Старэнькі ровар, валізка з хлебам, кошык — стаяць ля слупа. * * * Вакно. Крыж рамы. Чутна, як муха гудзе. Стол. Посуд пусты.

Уладзімір Сіўчыкаў

* * * Утульны дворык… Першыя кроплі дажджу — пахне асфальтам. * * * Сад занядбаны, дол у пялёстках вішань. Ветраны вечар. * * * Прачнуўся ўранку. Млосна. Смага. Горкі пах. Стол непрыбраны. * * * Разгарну дзёньнік… Дзень адышоў у нябыт, бы кропля ў пясок. * * * Іржэўнік жорсткі, як зваротны шлях пакут. Нудны краявід. * * * Ідзём далёка… Хто падкажа, дзе канец гэтага шляху? * * * Мо застануцца нікім не пачутыя словы і думкі? * * * Пакой паўзмрочны. Лунае цюль фіранкі. Вільготны вецер. * * * Стаю ў лоджыі. Скончыўся цыганскі дождж, рыпіць фрамуга. * * * Бярозавы гай. Смак гаркавых лісточкаў. Важкі хрушч гудзе. * * * Патушыў сьвятло І пачуў — сьнег падае. Ноч па-над краем. * * * Валошку згледзеў і рады той сустрэчы ў чужой старонцы. * * * На сэрцы ўцешна: з-за хмар зірнула сонца імглістым ранкам. * * * Апала вішня — і ў шарую гадзіну дзень абярнуўся. * * * Зьнікае ў цемры ды зноў пад лямпіёнам кажан крыляе. * * * «Добрая душа», — пачуў пра свайго сябра. Ціхая радасьць. * * * Пралескі сумна палетак аглядаюць ля руін Крэва. * * * Нат і хвіліны спакою не зазнала маці ў самоце. * * * Імжысты ранак… Зноўку пішу краявід на пустым пляжы. * * * Сьвяты — хвіліны, калі адчуваю: праца ўдаецца * * * Сёньняшні сум, Нібы шэрань, што ранкам Кладзецца ў двары. * * * За каласочак Схапіўся для падтрымкі Ў хвіліну расстаньня. * * * Паліклініка… У стомленых паглядах — цяжар чаканьня. * * * О немаўлятка, што табе прысьнілася? Аж здрыганулася…

Адам Глёбус

* * * Кропля падае на лілёвы цёмны лёд і плыве ў вясну. * * * Ціха, сьнег ідзе, Толькі каляндар сказаў — надыйшла вясна. * * * Вясновым ранкам паліць у парку сьмецьце малады салдат. * * * Чорная ліпа, спавітая слатою, чакае цяпла. * * * Вежы аблокаў над каменнай гарою заружавелі. * * * Раніца ў шыбу ціха пастукалася… Пара над кавай. * * * Блакітны ранак, апрану ўсё новае у гонар вясны. * * * Першы дзень вясны, трэба ўмывацца сьнегам з самай раніцы. * * * Ранак, варэльня, горка-салодкі водар — кубачак кавы. * * * Лапкі ядлоўца і пралескі на стале ў шкляначцы з вадой. * * * Капеж, дворнікі на даху рыдлёўкамі сякуць ледзяшы. * * * Хваёвы водар, кедравая ігліца блішчыць на сонцы. * * * Стаю на вежы з выбітымі шыбамі, над нашым сьветам. * * * Над могілкамі хмары плывуць няспынна. Сыходзяць сьнягі. * * * Шукаюць вочы сярод жоўтых аблокаў дарогі, птушак. * * * Дастаю штодня водар сьвежай газэты з паштовай скрыні. * * * За вакном сьнег. Кубачак гарачай кавы гатую сабе. * * * Сонечны ранак, жаўтавокая котка выйшла з пад'езду. * * * Ранак, парк стары, узьлятаюць галубы — ледзь чутны ветрык. * * * Паралеляграм сонечны на шпалерах, вясновы ранак. * * * Адчыніў дзьверы — скразьняк прынёс духмянасьць травы і бэзу. * * * Шэрую траву вецер цёплы і сухі на асфальт прынёс. * * * Шчыліны ў плоце — пасечанае сьвятло ляжыць на зямлі. * * * Сонца, капяжы, але калюгі ўначы павымярзалі. * * * Еду ў трамваі, паўпустым і халодным, на кніжны кірмаш. * * * Блакітна-шэры кавалак тынкоўкі разломліваю. * * * Парушыначка трапіла ў вока маё — вокамгненны боль. * * * З кнігаю ў руцэ наведваю кавярню, накрапвае дождж. * * * Першы дзень, калі лёду няма на ганку. Сьціхлі капяжы. * * * Сонечны настрой па вільготным пяску разьліваецца. * * * Надыходзіць час занесьці на сьметнік зімовыя боты. * * * Вецер. Груд. Вясна. Як вуркочуць галубы слухаў і маўчаў. * * * Шэра-жоўты сьнег плямамі ў полі ляжыць, вецер гоніць пыл. * * * Шалахнуўся куст, зашчабятала птушка… Ізноў цішыня. * * * Побач з дарогай доўгія, нежывыя трубы ляжалі. * * * Сухое дрэва. Прыляцелі вераб'і — пошчак, мітусьня. * * * Сіні аўтобус спыніўся й павітаўся з жоўтым дзьмухаўцом. * * * Кветачку набыў, а каму падараваць так і не знайшоў. * * * Пасыпаўся дождж: на інжыры вераб'і зашчабяталі. * * * Ідуць насустрач людзі, хаваючы твары ад ветру і дажджу. * * * Шклянка на стале. У празрыста-шэры цень муха запаўзла. * * * Ціха, сьпіць дачка ў пакоі, а за вакном дробны дождж ідзе. * * * Каля бардзюраў, на асфальце растаюць кавалкі лёду. * * * Быкі на бойні: чорныя сьлёзы ў вачах, цяжкі дух крыві. * * * Старое дрэва пяшчотныя лісточкі паўпрыгожылі. * * * Ружовы камень на зялёнай траве… Шукаю словы. * * * Сухая трава ціха шэпча пад ветрам песьню пра лета. * * * Чорная каза жоўтым вокам зіркае на гаспадара. * * * Зь берага камень спаўзае ў ваду вельмі — вельмі павольна. * * * Каляровае паветра Эстоніі пахне трэскамі. * * * Дарога ў полі, фурманка, стары чалавек, кола скрыгоча. * * * Мэтрапалітэн, у чаканьні цягніка разглядваю столь. * * * Гутарка дзяцей, хутка і мая дачка гаварыць пачне. * * * Зь лёгкім сумам трываю галаўны боль, вясновы ветрык. * * * Самотны груган нізкую аблачынку зачапіў крылом. * * * Сьпілаваны сук на сухі асфальт упаў — безнадзейны хруст. * * * Вечар, парк стары, шоргат старэчых крокаў, азіраюся. * * * Перакулены сьвет у калюзе жыве… Шпурляю камень. * * * Качкі і кірлі лунаюць над вадою цёмнай Сьвіслачы * * * У пясочніцы алавяны салдацік пад дажджом заснуў. * * * Дзе схавалася за вясновай смугой маё юнацтва? * * * Сшытак бэзавы набыў, а што запісаць і ня ведаю. * * * Вечар. Мястэчка. Каля кожнай хаты сьлівы красуюць. * * * Маленькі пакой, фотаздымкі на сьцяне — твары знаёмых. * * * Набліжаюцца хмурынка і маладзік, аддаляюцца. * * * Атрутны водар магноліі напоўніў маёвую ноч. * * * Малады ліхтар, ты, напэўна, першы з нас павітаесься. * * * Рэдзенькі блакіт і празрыстая поўня над даляглядам. * * * Кардыяграма на стужцы папяровай, доўгай, бясконцай… * * * Гартаю кнігу, не чытаю, а гляджу рэпрадукцыі. * * * Навальніца, дождж, плачуць-плачуць ліхтары сьветлымі сьлязьмі. * * * Гляджу на поўню праз агеньчык запалкі — маленечкая. * * * Жаданьне заснуць? Не! Жаданьне прачнуцца і не засынаць. * * * Дом над вадою… О, колькі сноў вяртае мяне ў гэты дом. * * * Ты не гавары, што ня хочаш спаць зусім і ня любіш сон… * * * Наліваецца лякам цёплым, залатым ліст магноліі. * * * Сёньня чуйна спаў, слухаў празь няпэўны сон шолах дажджавы. * * * Знайшоў у лесе, зьбіраючы суніцы, драўляны гузік. * * * Залаты трысьнёг сее кропелькі расы ў сінюю ваду. * * * Выпаўзла жабка з-пад вільготных камянёў муху ўпаляваць. * * * Гладыёлусы, захутаныя ў марлю, едуць на кірмаш. * * * На суседзкі плот верабей пераляцеў зь яблыні маёй. * * * Невялікі сад, маладзіца босая яблык-штрыфель есьць. * * * У калянадзе прыемна схавацца — сонечны ранак. * * * Высокая столь, блакітныя шпалеры, сіні матылёк. * * * У маім двары сітаўка блакітная скача па пяску. * * * Рукі кабеты над дзіцячай калыскаю, чалавечы сьвет. * * * Бруіцца вецер — засыпаючы сьляды — пясок бруіцца. * * * Каля дзяржбанку на пыльным тратуары знайшоў капейку. * * * Па рудой сьцяне жучок паціху паўзе, лета ажыло. * * * Белае неба, а ў ім шэры матылёк уздымаецца. * * * На яркім сонцы крухмальныя карункі фіранак сьнежных. * * * Пыльныя пальмы высахлымі лістамі ледзь-ледзь варушаць. * * * Белакрылая кветка вэнтылятара на вакне расьце. * * * Кавярня ў вежы, музыка, млявасьць, кава. Шэры, спакойны дзень. * * * Уздоўж прыбою, бязгучна, па каменьні ляціць цень кірлі. * * * Паласатая яшчарка са сьцяжыны ўцякае ў траву. * * * Які вялікі ліст! Ня знойдзецца кнігі такі засушыць. * * * Колькі матылькоў віецца над чаромхай каля альтанкі. * * * Высокі комін, аблокі доўгія плывуць, талінскі вецер. * * * Дапамагаю выпаўзьці з-пад лісточка божай кароўцы. * * * У белым небе, о, як высока, як шмат зялёных шышак. * * * На веях маіх зьнікае сонечны пыл, вецер у хмарах. * * * Сьпёка, на дварэ селі курыцы купацца у гарачы пыл. * * * Басанож іду, чорна-сіняя сьцежка, сьціхае конік. * * * Стручок гароху зялёнаю рыбкаю высьлізнуў з рукі. * * * Жонка і дачка сьпяць у цёплай цішыні, жнівеньскі спакой. * * * Рэчка ратуе ад сьпёкі, ад горычы і ад маркоты. * * * Цячэ, шапоча жвір скрозь пальцы… У руцэ застаўся камень. * * * Пыл на паліто, каля жалезнай брамы чакаю брата. * * * Іржавы ліхтар сьпіць пад дажджом у парку, стоячы сьмірна. * * * Рукі, рыдлёўка, дождж, дзёран, жвір, камяні… Моўчкі працую. * * * Дожджык перастаў, а вада яшчэ цурчыць з вадасьцёчных труб. * * * Вулка вузкая, патыхае вільгацьцю стогадовы брук. * * * Кубачак кавы, белы цукровы кубік, сухія кветкі. * * * У трубах рэха павялічвае памер… Сэнс непарушны. * * * З вачэй цяжарнай жанчыны паглядаюць дзьве розныя душы. * * * Цэлы Божы дзень цяжкая гарачыня — горад змучыўся. * * * Абараняйце, чорныя акуляры, хворае вока. * * * Стома, здранцьвеньне, на скронях гарачы пот, не варушуся. * * * Не здымаючы ахоўных акуляраў, разьвітваюся. * * * Чапіў анучу, спалохаў шалахвоста — няма спакою. * * * У зеляніне аранжавыя зоры — кветкі гарбуза. * * * Каханка плача, хавае твар за букет гладыёлусаў. * * * Лісток сьціскаю — зялёны, тапалёвы, гаркаваты сок. * * * Зусім няблага ляжаць і доўга думаць пра сьпелы агрэст. * * * Успамінаю дзедаў каменны ганак — трэснуты жорнаў. * * * Сонечны вечар, пылам і галубамі пахне гарышча. * * * Ля плыткай вады цёплай ліпеньскай рэчкі па пяску іду. * * * З далані на далонь перакідаў каменьчык і слухаў хвалі. * * * Вецер незнарок перагарнуў старонку маленькай кнігі. * * * Карункі шуму на жвір шпурляе хваля і цягне назад. * * * Са жмені ў жменю няспынна і марудна сыплецца жарства. * * * Залацістая на вялікай паніве рыбіна ляжыць. * * * У рудым збанку блакітнае малако, парожні кубак. * * * Стол. Відэлец. Нож. Памідоры. Агуркі. Шклянка, сок. Гладыш. * * * Астудзіў сьпіну сьвежы, цёплы вятрыска — безумоўна, кайф. * * * Куст ядлаўцовы пад маціцовым небам — вечны вандроўнік. * * * Вечар, піск стрыжоў пранізьлівы, трапяткі над цёмным дваром. * * * Золата крыжоў плыве над купаламі чужога храма. * * * Вільня, ціхі двор, пад шэраю сьцяною папараць расьце. * * * Хлопчык-акрабат на чырвоным дыване стомлены сядзіць. * * * Стогадовы дом, і каля яго цьвітуць гладыёлусы. * * * Кацяня дайшло да вакна ў стары падвал і схавалася. * * * Шэра-жоўтае менскае нізкае неба кратаю рукой. * * * Чорнае неба, маўклівае чаканьне ў аэрапорце. * * * Сыботні вечар, зьбіраю зь нізкай ліпы цьвет на гарбату. * * * Ціха паклікаў круглалісты званочак мяне ў дзяцінства. * * * Іду дахаты, салодкі ліповы дух супакойвае. * * * Пад алешынай, у завоіне маўчыць мяккая вада. * * * Гарачы вецер па зялёнай дарозе коціць жоўты ліст. * * * Квадра, парк стары, пахне скошанай травой малады туман. * * * Ноч, прыслухаўся — стракочуць гадзіньнікі; ці то конікі… * * * Па-над сасною поўні жоўты дыск плыве на хмарах сініх. * * * Падае зьнічка за далёкі чорны лес; забыў жаданьні. * * * Плывуць аблокі у ласкавай цеплыні, месячная ноч. * * * Успамінаю далёкае каханьне пад платанамі. * * * Чужы, чорны дом. Бясконцы глухі паркан. Бразнула клямка. * * * Джаз разгойдвае карабельны рэстаран… Ці наадварот? * * * Кураць і танчаць маладзіцы п'яныя. Весела глядзець. * * * Цёмная поўня шэпты кляновых шатаў слухае ў цемры. * * * Прытаіліся, як пачвары марскія, на пяску карчы. * * * Вугаль на зубах, печанае бульбы смак, салёны дымок. * * * Залаты агонь, моўчкі з братам сядзелі, блакітны попел. * * * Гудзеньне мора. Моцны, пякучы вецер. Чорная вада. * * * Бездапаможны матылёк на шыбе шукае выйсьце. * * * Дзьверы на гаўбец адчыніў, а мой сябра, месяц, не прыйшоў. * * * Гарадзкая ноч, шчыльная гарачыня, кропелькі зорак. * * * Не памылюся — назваўшы запальнічку любімай кветкай. * * * Ціхі шум машын. Ноч. Гадзіньнік. Я і ты. Цёпла. Споры дождж. * * * Патушы сьвятло, чуеш — бьецца-бьецца ў шкло шэры матылёк. * * * Срэбная хмара стала побач з поўняю, вецер стаміўся. * * * Шчупака сасьніў. Не, не жывога, на — маляванага. * * * Прачынаюся, пью халодную ваду і засынаю. * * * У сінім садзе цяжарная жанчына сьпелы яблык есьць. * * * Халодны вецер, празрыстае паветра, аголены сад. * * * Сьліва на стале, побач востры нож ляжыць; зараз сьліву зьем. * * * Дворнік пад вакном, ён мяце-мяце асфальт, ён бліжэй-бліжэй. * * * Як непрыемна вільготную адзежу раніцай надзець. * * * Гуляю з дачкой пад жоўтымі ліпамі старога сквэра. * * * Ральля, груганы, гара пад нізкім небам, салодкі вецер. * * * Аса на шыбе — дзынкнае пажаданьне вярнуць свабоду. * * * Ляснула шыба, шкло блішчыць на падлозе, стаю басанож. * * * Чырвань рабіны ў зеляніне дваровай, вось спаткаў восень. * * * Вербы па рацэ пасылаюць у нябыт сумныя лісты. * * * Туманны ранак, над сівою рэчкаю лунаюць кірлі. * * * Сонны смоўж паўзе па падасінавіку маладзенькаму. * * * Чародка сітавак пабудзіла ціўканьнем навакольны лес. * * * Шэрая зямля, скача жвавы верабей, жоўтая трава. * * * Падасінавік — згубленая шапачка чорнага дзятла. * * * Дзеці зьбіраюць каштаны на асфальце, халодны ветрык. * * * Дзіця ў касьцёле слухае арган. Вітраж чырвоны зьзяе. * * * У Койданаве сады спавівае дым — паляць бульбоўнік. * * * Лёгенькі лісток да мяне ляціць-ляціць шэрым матыльком. * * * Жоўтыя ліпы, знаёмая вуліца, чужыя людзі. * * * Сіні кіпарыс, калі паглядзець праз дождж, робіцца вышэй. * * * Праз кастрычнік іду пад каштанамі і па каштанах. * * * Скляпеньні, крокі, водгульле, палёт-лісток сухі лунае. * * * Шоргат шэрых хваль доўга слухаю адзін. Дух марской травы. * * * Жорсткі хвалялом, насьцярожанае мора, шурпаты вецер. * * * Глядзіць сланечнік, нахіліўшы галаву, на ранішні сьнег. * * * Пад белым небам у сухой траве заснуў руды сабака. * * * Лялька ў калюзе, нерухомыя вочы глядзяць з-пад вады. * * * Кідае лісты ў фантанчык зь лебедзем стогадовы клён. * * * Ціха падае лісьце з паркавых клёнаў, падае ціха. * * * Вецер у сьпіну. Коціцца сухі лісток, а за ім другі. * * * Вяртацца мушу, вяртаньне будзе хуткім… Ізноў дарога. * * * Гаворым з братам пад цёмнымі букамі, палім няспынна. * * * На ціхай вадзе дзікія качкі сядзяць, хуткі цень кірлі. * * * Зачапілася за гатычны кіпарыс хмарка горная. * * * Пад ляскоўкаю нечакана знайшоўся салодкі яблык. * * * Я забіў жучка, А спытай мяне — нашто? І не адкажу. * * * Палахлівае лісьце паляць у парку, полымя й вецер. * * * Восеньскі кантраст — на бліскучым блакіце жоўта-цёмны клён. * * * Парк прапах дымам. На гурбе чорных лісьцяў танчыць агеньчык. * * * Чорная вада у калюжыне стаіць, а над ёю — я. * * * На рэчку хадзіў паглядзець, ці замерзла, чакаю зімы. * * * Чужы завулак — тут нават чырвань цэглы цяпла ня мае. * * * Холад восені, у вясну ляціць-ляціць матылёк сухі. * * * Ты мяне суцеш, доўгая дарога да шэрага неба. * * * Лілея ў шклянцы, дух яблыкаў-антонаў, сьлёзы каханкі. * * * Нашто блукаю і каго шукаю тут, сярод туманаў? * * * Памажыце мне каханую забыць, кля — новыя лісты. * * * Сланечнік высах, ледзь чутны водар мёду застаўся ў лістах. * * * Несупынны дождж, як дзіця, спадзяюся на заўтрашні дзень. * * * Рукі нямога, чырвоныя на дажджы, хутка гавораць. * * * На камень-валун сеў самотны вандроўнік, халодны вечар. * * * Легкаважны дым не магу ніяк схапіць за блакітны хвост. * * * Як непрыкметна на вагоннай падлозе сьлед высыхае. * * * Сьпяць дарожнікі, лыжка ў шклянцы на стале ўсё зьвініць-зьвініць. * * * Так дрыжыць вагон, што ніводнай літары роўна не пішу. * * * Стаміўся ехаць, нарэшце, той прыпынак, дзе ўсе сыходзяць. * * * Чаму ж вы, пташкі, ня зьведалі адзіноты па-над зямлёю? * * * Агарнулі лес восеньскія халады, вогнішча кладу. * * * Колькі каштанаў прынёс дадому й расклаў у кніжнай шафе. * * * Паўночны вецер, дождж, шэрая дарога, ноч, валацуга. * * * За галінамі чорна-сінімі плыве белы маладзік. * * * Восеньскі ўспамін — на вясковых могілках пахіліўся крыж. * * * Сталёвы вецер, коціцца па асфальце звон кансароўкі. * * * Ліхтар, прыпынак, высачэзная постаць пад парасонам. * * * Не дае заснуць скразьняк у электрычцы, бязбожны холад. * * * Поўнач у мэтро, мармуровая сьцяна слухае мяне. * * * Жаданьне — заснуць, не патушыўшы сьвятла, глыбокая ноч. * * * Спаць і толькі спаць, больш нічога не хачу; не магу заснуць. * * * Дзьверы зачыніў, а ў пакоі скразьнякі не пазьнікалі. * * * Халодны пакой, ціўканьне гадзіньніка не дае заснуць. * * * Дзе падзеўся ты, ясна-белы маладзік? Не кладуся спаць. * * * Вадкая цемра, уздыхнула машына, вуркоча матор. * * * Нізкая вярба ўсё кранае на вадзе адлюстраваньне. * * * Ноччу падаў сьнег, а нараніцу растаў — цёплая зямля. * * * У чаўне вада, на вадзе — срэбра поўні і тонкі лёдзік. * * * Вельмі многа сплю, дык чаму цалюткі дзень пазяхаецца? * * * Далёка ў небе, марозным сінім ранкам сканала зорка. * * * Квітнее сьліва. О, не-не — падалося… Навокал шэрань. * * * Дробныя зоры востра міргалі, золкасьць, час разьвітаньня. * * * Стары чалавек спытаў у вялікай гары: — Ці гэта зноў сьнег? * * * Цёмны шэры ліст падае на першы сьнег, нахіляюся. * * * У вакно гляджу, на стале астывае шклянка малака. * * * Над таполямі шэра-маціцовае неба студзеня. * * * Сонны настрой — вуркоча рэпрадуктар, слоў не разабраць. * * * Гляджу на шэрань і не магу пакінуць занятак марны. * * * Мокрая далонь — бо на ёй дадому нёс першы цёплы сьнег. * * * Марозны ранак, двухгадовая дачка шукае поўню. * * * Падняўшы з долу, павесіў на галіну дзіцячы шалік. * * * Ціха, сьняжынкі на паркавыя вазы апускаюцца. * * * Надпіс на сьнезе, вецер схапіў і панёс белую думку. * * * Белая шыба; сонечны, марозны дзень толькі пачаўся. * * * Шэрань на слупах. Не спыняецца цягнік ля вясковых хат. * * * Сваім холадам бела-блакітны аркуш запалохвае. * * * Парэзаў палец, выціраю цёмную кроў зь белага стала. * * * Згадаю вясну — сьнег і лёд на імгненьне зазелянеюць. * * * На ўчарнелы парк зноў зімовыя дажджы сеюцца штодня. * * * За нізкім плотам цяпла й вясны чакае гарод пад сьнегам. * * * Апякаюць твар вецер і сьнежаньскі дождж, лёд на паліто. * * * Цаліком іду, сорак дзён парожняя дзедава хата. * * * Пануе шэрасьць — на местачковым пляцы туман адліжны. * * * Засьнежаны сквэр, сабачы брэх над рэчкай разьлягаецца. * * * Качар на хвалях вузкай балотнай рэчкі, сьнег на берагах. * * * Пяро на сьнезе кінула чорная птушка, каму, як ня мне? * * * Так па-японску — празь белыя жалюзі глядзець на зіму. * * * За вакном ляціць вечарова-чорны сьнег праз маю душу. * * * На зялёны лёд бела-жоўты цяжкі сьнег падае праз дождж. * * * Вечар, ліхтары над пустой дарогаю нахіліліся. * * * Шафа зь люстэркам, там сьпяць пах нафталіну і зімовы дух. * * * Мяккі сьнег ляціць; раптам шэры матылёк у памяці ўзьнік. * * * Брудны шэры сьнег вечаровае сонца пазалаціла. * * * Чужы чалавек прапанаваў зь ім выпіць моцнай гарбаты. * * * Навокал сьнегу — ні прайсьці, ні праехаць — насыпаў люты. * * * Цьвярозы мароз, за лесам вежавы кран, лілёвы вечар. * * * З дачкой на руках дамоў, на пяты паверх, падымаюся. * * * Чорная кава астыла канчаткова, нарэшце — крокі. * * * Сьвятло зьбіраю, каб асьвятляць сьвет сноў зімовай ноччу. * * * Надакучвае пасылаць падарункі самому сабе. * * * Чорны тэлефон, як скарбонка, прыхаваў галасы сяброў. * * * На адпачынку раніцай люблю згадаць каляровы сон. * * * Дваццаць год прайшло, а ракавіна тоіць галасы мора. * * * Колькі радасьці яны раней дарылі — лісты каханкі. * * * Чалавечы лёс. Не хапае нават слоў, што ні гавары. * * * Зараз я сябе у люстэрку не пазнаў… Зрэшты, ну і што. * * * Добрая душа — ён і зь дзецьмі гаварыў, як з дарослымі. * * * Гартаю кнігу, у гармідары літар зьяўляецца сэнс. * * * Нараджаемся, паабяцаўшы Богу хутка памерці. * * * Самы лепшы верш запішу на газэце й шпурну ў сьметніцу. * * * Верш на паштоўцы запісваю алоўкам, а потым тушшу. * * * Чытае хлопчык гучна, па складах, мой верш, ніякаватасьць. * * * Бяз дай патрэбы на аловак насадзіў катушку нітак. * * * Некалі ў мяне плястмасавы чалавек у скарбонцы жыў. * * * Кроплі чарніла ўпалі на чысты стол — зорнае неба. * * * Ломкі лябірынт падлічвае памылкі лягічных крокаў. * * * І паміж сяброў не магу пазбавіцца адзінотнасьці. * * * У прорву часу ляцяць нашыя крокі… Рэха, успамін. * * * Пыл, пясок, жвір, жарства, камяні, груды, горы, сьнег, неба… * * * Накіроўваю ў падземны пераход свае пакуты. * * * Аб кант коміну разьбіваецца погляд на рэчаіснасьць. * * * Пазабаўляцца б з такім прывабна-сінім электрадротам. * * * Мэтазгоднасьці ўказальнік блакітны не вызначае. * * * Адваротная пэрспэктыва дарогі сыходзіцца ў сэрцы. * * * Памыляюся, за павелічальным шклом той жа самы сьвет? * * * Хто табе сказаў, што мінулае маё не належыць мне? * * * А ці трэба па — мятаць, які зараз дзень, можа, ведаеш? * * * Брат мой гаварыў: — О, які ён салодкі, водар атруты… * * * Непераможны, як дух безнадзейнасьці, смак самагубства. * * * Сустракаюцца не зусім падобныя і сярод блізьнят. * * * Так яно лепей, — калі ніхто ня прыйдзе. Крокі пад вакном… * * * Два гадзіньнікі і ніводзін не ідзе. Як гэта добра. * * * У бясконцай чарнаце бразнуў клямкаю нечаканы госьць. * * * Сталёвы месяц, жалезабэтонны мост, срэбная вада. * * * Лютаўская ноч, мароз; а мурын ідзе без капелюша. * * * Не магу заснуць. Напішу пра галалёд — астуджу душу. * * * Каляровы сон завітаў сярод зімы — з кветкамі вяргінь. * * * Ноч глыбокая. Перачытваю наноў Іса і Басё. * * * Не магу заснуць. Слухаю далёкі гуд аэрадрому. * * * Ці не вар'яцтва — марыць пра бессьмяротнасьць лютаўскай ноччу? * * * Лётае вецер, страсае зоры на сьнег, рыпяць таполі. * * * Ідзе гадзіньнік. А куды? Невядома. Спыню маятнік.

Максім Клімковіч

* * * За шклом вэранды, у цемры шолах бэзу; ліпеньская ноч. * * * Праз дожджык бачу шэрую вільгаць муроў. Восеньскі горад. * * * Спыніўся цягнік. Насупраць твары людзей. Ізноў дарога. * * * На дне фантана голуб дзяўбе жоўты ліст. Восеньскі ранак. * * * Паліць лістоту сумны маўклівы дворнік. Хлебны пах клёну. * * * Чакаю гасьцей. Халодны гузік званка хто першы кране? * * * Вышэй за дамы павырасталі дрэвы, што мы садзілі. * * * Сягоньня дзеці не знайшлі яблыкаў у старым садзе. * * * Над старой студняй я адпусьціў каменьчык. Чаканьне ўсплёску. * * * Прайшлі машыны, шум сьцішыўся і зьнік. Гарачы вецер. * * * Як доўга ехаў праз гарады, празь вёскі адной дарогай. * * * Сьвятло маланкі: зьнік у вільготнай цемры нерухомы лес. * * * Спяшаюся. Над горадам нацягнуты лук маладзіка. * * * Драўляны мост. Мір. Ідзе стрыножаны конь — рыпяць масьніцы. * * * Зімнае неба. З трэскам падае на дол празрысты яблык. * * * Вось і прыехаў у бела-шэры горад; мо хто сустрэне? * * * Адчыніў вакно: гукі аўтамабіляў, халодны вецер… * * * Адзін у хаце, запаліў цыгарэту, робіцца цёпла.

Міраслаў Шайбак

* * * Куды ж ты вядзеш, сьлед, пакінуты на сьнезе вялікім зьверам? * * * Якія ж людзі дробныя на бязьмежным зімовым полі… * * * Месяц-павучок тчэ павуту з галінак. Зімовы сквэрык. * * * Запісаў словы на сьнезе, няхай гінуць пад промнямі цяпла. * * * З радыятарам павітаўся ў пад'езьдзе. Лютаўскі вечар. * * * Завеі, сьнегам не засыпайце ўночы нашыя брамы. * * * Прыемна глядзець, як на чорнай паніве смажыцца бульба. * * * Зімовая ноч. Пад песьні прыёмніка выпіў гарбаты. * * * Цыгарэтны дым: у паветры паплылі шэрыя кветкі. * * * Пэўна, учора глядзеў на сьнег — ды раптам каткі на вербах. * * * Бясконца б ехаў у кодабе машыны празь вясновы лес. * * * Перабіраю каменьчыкі ружанца — прыемны холад. * * * Кусты чаромхі. Чырвань на белых кветках — колер сьвітанку. * * * Стромкі завулак. Жвір рыпіць пад нагамі. Імжа… Дзень… Цяжка… * * * Правёў рукою па сьвежай атынкоўцы, прыемны холад. * * * Жучок-прусачок, нашто так сьпяшаесься схавацца хутчэй? * * * Кусты парэчкі. Колькі ягад тут! Побач восы вядуцца. * * * Над канюшынай цяжка гудзе чорны чмель, шмат працы яму. * * * Пад грушай старой лёг жаўнер, скінуў боты, вочы заплюшчыў. * * * Хто мне падкажа гэтай кветачкі назву? Слухаю вецер. * * * Гнілая дошка. Колькі дзірачак у ёй шашаль натачыў! * * * Ці ведае ён, камень на дне рэчкі, летнюю сьпёку? * * * Жнівеньскі вецер. У анучы на плоце вырасьлі крылы. * * * Чорны матылёк. Што шукае ён? Можа, чорную кветку? * * * Сьцяжынка ў полі. Конікі суха зьвіняць на цёплым пяску. * * * Куды ж, таполі, вы пайшлі чарадою, уздоўж дарогі? * * * Верабей ляціць, не схаваецца ў траве белы матылёк. * * * Летнім вечарам кожны ліхтар над шашой кліча матылькоў. * * * Вецер. Возера. Ціха чоўн пусты плыве. Сонца садзіцца. * * * Запаліў сьвятло: напалоханая мыш зьнікла ў шчыліне. * * * Жоўтае лісьце вецер на ганак прынёс. Як пераступіць? * * * Дрэвы ў тумане? Не, гэта паляць лісьце восеньскім ранкам. * * * Лапкі елачак мне ворагамі сталі. Зьбіраю грыбы. * * * Восень. Сухую галінку не пазнаеш на дрэве жывым. * * * Не вылучаюся, я — звычайны праходжы. Іду пад дажджом. * * * А дзе ж схавацца павучку-вандроўніку? Восеньскі дожджык. * * * Тапалёвы ліст у восеньскай бязважкасьці паплыў да зямлі. * * * Да маёй нагі прытуліўся сабака. Не спыняйся, дождж! * * * Шукаю ўначы на хвалях эфіру родную мову. * * * Ля кніжнай шафы разьбіраю паперы, раптам — верш Басё. * * * Ня маю ў жыцьці нічога, хіба ў сшытку некалькі вершаў. * * * Як цяжка знайсьці словы, і гэта мая родная мова. * * * Лапкамі елак свой пакой упрыгожыў, сьвяточны настрой. * * * Бяз сэнсу жыву, учора і так штодня. Холад раніцы. * * * Адчыніў дзьверы: варушыцца на сходах мой цень зламаны. * * * Замерзла ноччу вірлівая крынічка, белая нуда. * * * Доўгі, доўгі дзень. Сёньня мне ліст ад маці павінен прыйсьці. * * * Ад брата сёньня паштоўку прынесьлі мне. Чакаю вясну. * * * Узяў фуфайку, успомніў нябожчыка, дзеда Валодзю. * * * На першым сьнезе сьмецьце — кінула восень лісьце зь бярэзін. * * * Грукнулі дзьверы. Дзіцячая калыска. Халодны пад'езд. * * * Скокнуў верабей: толькі сьнегу камякі сыплюцца з галін. * * * Белая нуда. Толькі недзе пад сьнегам схавалася мыш. * * * Зімовы вечар. З запісною кніжкаю сяджу ў куточку. * * * Печку адчыніў: пасівелі вугалькі, попел варушу. * * * У качагарцы прытуліўся да печкі — прыемна, цёпла. * * * Сыпле дробны сьнег. Побач даўно ўжо няма блізкага сябра. * * * На сьнезе пісаў хоку сёньня — не дарма існую ў жыцьці. * * * Зімовы вечар. Між небам і зямлёю сьвятло мястэчка. * * * Зімовы вечар. Цыгарка праходжага і тая зьнікла. * * * Маці на кухні, пах смажанага сала — вайсковы ўспамін. * * * Трымаю ката, ціха сэрца тахкае, мяккае цяпло. * * * Прачнуўся ноччу. Па калідоры хаджу. Бясконцая ноч. * * * Казарма. Ліхтар. Чакаю мінулага. Цяжкі ўспамін. * * * Сьвяточная ноч, грукае ў шыбу маю толькі вятрыска. * * * Устаўшы рана, выпіў з хлебам гарбаты, палю цыгарку. * * * Між роснай травы дзьмухавей захістаўся. Халодны ранак. * * * У сонечны дзень нерухомае неба раньняй вясною. * * * Жорсткая трава. Яшчэ трымае холад зямля вясною. * * * Ледзь дакрануўся да дзьмухавея — адчуў — вецер над полем. * * * Зярністы пясок, ён не трымае доўга, нават лужыны. * * * На бярэзінах дробнае лісьце дрыжыць. Майскія сьвяты. * * * Доўга дзівіўся: рэшткі сьнегу на полі склалі малюнак… * * * Кавалкі неба хмарай разарваныя. Блакітны вецер. * * * Неба сьпявае? Ці за сонцам схаваўся маленькі жаўрук? * * * Змокшы пад дажджом, хаваюся пад брамай. Сумны сакавік. * * * У качагарку спусьціўся, але печка ўжо не гарыць. * * * Спаць так кладуся: лёгкі вецер Радзімы хай прысьніцца мне. * * * Спаць не кладуся, доўга гартаю кнігі. Прыемная ноч. * * * Сьвятло маланкі. Месяц за хмарамі зьнік так незаўважна. * * * Сёньня ноччу ў сьне ізноў бачыў Радзіму. Сумны прачнуўся. * * * Так хочацца спаць! Раніцы прамень у твар, прачынаюся. * * * Чарга ў лякарні няўтульнае крэсла… Прыемны скразьняк. * * * Галінка вярбы. Дакрануўся, і зьніклі кропелькі расы. * * * Апранаюся. З хлебам выпіў гарбаты. Ранак прачнуўся. * * * Дзень нараджэньня. Апрануў вайсковы фрэнч. Халодны жнівень. * * * Ядлаўцовы куст на пясчаным узгорку. Чэрвеньскі ранак. * * * Кавалак хлеба. Муха над вухам зьвініць. Кубак малака. * * * Выйшаў з кватэры, толькі рэха вітае мяне на сходах. * * * За будынкамі стракатаю хмараю зьніклі галубы. * * * Сінія груды на поўначы Чэхіі ў сонечны дзень. * * * Руды сабака брэша за весьніцамі… Няўжо я чужы? * * * Як моцна дрэва за глебу трымаецца… Зрываю кветку. * * * Ценем фіранкі крэсьліць паперу вецер, складае свой верш. * * * Руіны мура, ізноў ты стаў валуном, камень на груду. * * * Фарбую сьцяну. Ці знойдзе шэры павук сваю шчылінку? * * * Ядлаўцовы куст выкінулі на пясок хвалі верасу. * * * Засохла дрэва. І жукі-дрывасекі тут завяліся. * * * Сена варушу. Нават у летніх травах схавана восень. * * * Добрая душа, падары цыгарэтку, запалім разам. * * * Павуком пабег чырвона-чорны камбайн у жоўтым жыце. * * * Ляжу пад дрэвам, а ў галаве ні думкі, адпачываю. * * * Ядлаўцовы куст, ці чалавек на грудзе махнуў рукою? * * * Залаты жучок раптам мільгануў і зьнік — вецер у траве. * * * Ты не сумуеш Па ветру над возерам, жучок-плывунец? * * * Кветку не кранай, бо загудзе на цябе раззлаваны чмель. * * * Здароў, землякі! На слупе пры дарозе рэжу слова «Менск». * * * Гарбаты жучок, на плячах сваіх схаваў лёгкія крылы. * * * Прылёг на зямлю. Адкінуўшы рыдлёўку, адпачываю. * * * Заварушыўся каля берага чарот, выпаўзла жаба. * * * Да дому прынёс на адзежы кастрыцу. Хораша ў лесе. * * * Пакінуты дом, ці будуецца новы? Шарая гадзіна. * * * Стомлены працай. Прыемны холад вады. Доўга мыюся. * * * Чыркнуў запалкай. Вастракрылы матылёк сьвеціцца ў цемры. * * * Грукнулі дзьверы. Пацягнула скразьняком… Прачнуўся ноччу. * * * Жнівеньскі месяц праглынулі аблокі. Халодная ноч. * * * Старога сябра галава пасівела. Месяца сьвятло. * * * Ляжаў і слухаў, вось крокі праходжага далей і далей. * * * Чыркнуў запалкай. Вецер, не тушы ўначы крылы полымя. * * * Што мне трэба ўзяць? Яблык у кішэнь паклаў. Холад раніцы. * * * Пасьля хваробы выйшаў на двор прайсьціся. Халодны вецер. * * * Колькі кастрыцы! На белым грыбе сьлімак адпачывае. * * * Затрапятаўся блакітны вітраж — вецер крануў галіны. * * * Сябра-верабей, ты прыляціш да мяне сумнай раніцай. * * * Аловак схаваў. Толькі вецер варушыць лісты паперы. * * * Яблыня-дзічка, ты ізноў нарадзіла толькі ападкі. * * * Што за хмарамі? Можа, і там, па небе сыпле дробны дождж? * * * Жоўтае лісьце, дробныя хвалі нясуць. Холад лужыны. * * * Зробіць смачнымі яблыкі з антонаўкі халодны вецер. * * * Лясныя сьцежкі, размыты доўгім дажджом, верасень ідзе. * * * Хавайся хутчэй, вадамер. Бачыш, лісьце жоўтае плыве. * * * Сухое лісьце. Вецер зжоўклай газэты старонкі панёс. * * * Конік засьпяваў у пажаўцелай траве. Сёньня так сумна. * * * Кошык з грыбамі панёс чалавек — сьціхлі конікі ў траве. * * * Ад каго схаваў жоўтае лісьце вецер пад агароджай? * * * Праз мокрае шкло паглядзі на праходжых, што шпарка ідуць. * * * Ніхто ня ўбачыў, я спыніўся ў натоўпе, стаю пад дажджом. * * * Грак над ворывам, паляцеў уздоўж груда, крыкнуўшы ветру. * * * У белай місе, нібы вока восені, чырвоны яблык. * * * Камарык зьвініць? Ці сухую галінку гайдае вецер? * * * На хвалях ракі алешыны ліст паплыў… Дзе ён спыніцца? * * * Шэпча аб нечым мне мурзатая грубка. Восеньскі вечар. * * * Чарку гарэлкі наліў і выпіў адзін. Ня маю сябра. * * * Хто з нас больш сумны? Гэты дождж параўнаю са сваім жыцьцём. * * * Запалі ліхтар. Кроплі дажджу прачнуцца на маім вакне. * * * У цёмным кутку пачапельнік драўляны. Мокры капялюш. * * * Комін фабрыкі. У лужыне мазута. Мокрыя боты. * * * Шклянка ля крыжа на вясковых могілках зьбірае лісьце. * * * Хто гэтай ноччу наведае ліхтары? Холад верасьня. * * * Доўга пью каву, аб жыцьці разважаю. На вуліцы дождж. * * * Каля вогнішча, змокшы наскрозь пад дажджом, прысеў адпачыць. * * * У маім доме лістападаўскі вецер зачыніў дзьверы. * * * Зорнае неба. Доўгімі зрабіў цені высокі ліхтар. * * * Месяц не ўзыйшоў. Ліхтары ўздоўж дарогі — маё сузор'е. * * * Сёньня здалося — не вярнуцца ніколі мне да Радзімы. * * * П'е чарку адзін, бо на Радзіме сваёй ня мае сябра. * * * На мапу гляджу: вось родныя мясьціны, так недалёка. * * * Шкляначку кавы купіў і сьпяшаюся дадому, зварыць. * * * Час адпачынку, і кожны нешта сваё ўспамінае. * * * Брата б убачыць, яго руку паціснуць, хоць на імгненьне. * * * Цыгарка ў руцэ, зьбіў попел, і агеньчык быццам прачнуўся. * * * Шэра-чорны цень у жыцьці пакідаю — свой фотаздымак. * * * Змоўкла радыё, тэлевізара сьвятло гасьне на вачах.

Віктар Шніп

* * * Сьвецяцца зоры. Кароткая дарога да роднай хаты. * * * Блішчыць сіні сьнег. Трэснуў на бочцы абруч. Едкі пах дыму. * * * Рыпяць арэлі. Птушка сьпіць на галінцы. Сьвеціцца шкельца. * * * Далёка дамоў. З куста падае лісьце. Халодны лівень. * * * Белая вішня. Узьляцела сініца. Сыплецца шэрань. * * * Высокая трава. Плыве па зялёнай вадзе пажоўклае лісьце. * * * Старая ня сьпіць. На тумбачцы сьвеціцца здымак старога. * * * Малады голуб лётае за матылём. Ціхія дрэвы. * * * Жанчыны рвуць лён. Шэры жаўрук у небе гаворыць з хмарай. * * * У хмаркі белай просіць піць перапёлка. Расьце збажына.

Андрэй Антонаў

* * * Зялёныя рунь і неба… Колер яе вачэй ня ўспомню. * * * Старая хата, у павуціне срабрыстай матыль засохлы. * * * Дождж. Спаць іду з надзеяю, што заўтра горад патоне. * * * Над мёртвай коткай дзяўчо ўкленчыўшы плача. Вечаровы час.