На папасе
Абразок
Вясенняя ноч. Непадалёк ад гасцінца — хвойнік. Тры падарожныя збіраюць галлё.
1-ы падарожны, (прыносячы галіну).
І пуста ж, пуста ў гэтым лесе!
Нідзе галінкі не найсці;
Вось тут абсохні і сагрэйся,
Найдзі дарогу ў беспуцці.
А помню, усё было іначай,
Папас тут меў ты, як папас;
Нічога воз галля не значыў,
Агонь не зводзіўся, не гас.
2-і падарожны, (кідаючы сук).
Цьфу! Каб ты ўсё пайшло тут прахам!
Ну, і галоцяць людзі лес:
Па сук і то з вялікім страхам
На хвойку чуць я, чуць узлез.
Яшчэ паўгода, год і будзе
Без блыску вогнішча начлег;
Не раз, не два хтось блудам зблудзе
Усякай погані на смех.
3-і падарожны, (кідаючы лазіну).
Вось вам дубец лазы лазою!
З карэння выдзер, як ё, ўсю;
Змарыўся, змогся, чуць устою.
Каб толькі выкрасіць агню.
Хай блысне полымя пад неба, —
Пара манаткі абсушыць…
Я падыду па торбу з хлебам,
А вы вазьміцесь распаліць…
1-ы падарожны.
Я рад бы славы даказаці,
Дый сваю губку замачыў.
2-і падарожны.
А я свой недзе цыр затраціў, —
Даўно і люлькі не курыў.
3-і падарожны.
Ну, добра! Зараз я вярнуся, —
Запаланее мігам лом:
Сярнічак мне дала Кастуся,
Ў мяне яны тут с капшуком.
(Выходзіць).
1-ы падарожны, (к другому).
Садзіся, ваша, адпачынем!
Напэўне, спорна умахаў?
Дарожка — хай яна загіне:
Карэння столькі і канаў!
Дух чалавеку ўпрост выймае,
Не чуеш костачкі аднэй…
Садзіся, ваша, вось дзе з краю,
Ног зацяганых пажалей.
2-і падарожны.
О, дзякуй, дзякуй, чалавеча!
Я рад спачынку; балазе,
К таму сказаць, і акалечыў
Свой большы палец на назе.
(Садзіцца).
Як неяк холадна на свеце,
Хоць май даўно ўжо на двары.
Але, але, дзе наш той трэці?
Няўжо ўсё хлеб яшчэ бярэ?..
3-і падарожны, (падходзячы).
А вось і я прыйшоў нарэшце!
Крыху задлякаўся з канём…
Агоньчык толечы развесці, —
А там закусім, аддыхнём.
(Дастае запалкі).
Запалім… А! Вось і навука!
Што гэта значыла б такі?
Другую маем закаклюку:
Мае замоклі сярнікі.
Не дам нічога з імі рады;
Ў пацёмку трэба папасаць.
Вось непашанціла, дапраўды!
Ці ж думаў хто так прападаць?!
1-ы падарожны.
Э, плюнь, суседзе, на ўсё гэта, —
Каб нам такой бяды павек!
Сцюдзёна, цёмна, ды ўсё ж лета —
Не счэз ніводзін чалавек.
А можа хто яшчэ над'едзе
І зніме гэты клопат з нас?
Дый першыня, ці што, суседзе,
Ў дарозе мець такі папас…
2-і падарожны.
Мо помніш леташнюю восень:
Ўвесь свет быў глух і дзік, і пуст;
Шум не сціхае гонкіх сосен,
Здаецца, плача кожны куст.
Здаецца, пеклава вяселле
Ўзнялося, круціцца, сапе;
Ні блыску зорак, ні прыселля,
Конь толькі пудзіцца, храпе.
Цурком дождж льецца, як із луба;
Скаголе вецер, як той звер,
А мы пад хвойкамі, аж люба,
Начлег спраўляем, як цяпер.
3-і падарожны, (прыслухаючысь).
Пастой, суседзе! нешта чую:
Як быццам фыркнуў мой гняды…
Кром нас ніхто тут не начуе, —
Каб не набраціся бяды?!
1-ы падарожны.
Сядзіце вы, а я падскочу
І кіну вокам на вазы:
Мо сена хто наскубсці хоча, —
Вось шэльме дам, дык дам лазы.
(Адходзячы, чапляецца лапцем за сук і валіцца).
А каб цябе паляруш мучыў!
Чуць-чуць не вывярнуў нагу…
На сук на самы неяк лучыў.
Ну, ўжо гатова, ўжо бягу.
(Па неякім часе варочаецца з незнаёмым).
Вось вам і злодзея на рукі
На вашы гэтака здаю…
Не многа меў я з ім дакукі,
Пачуў ён сілу, знаць, маю.
У спрэчку доўгую не ўходзіў:
Пайшоў, куды сказаў яму.
Незнаёмы.
Пакінь плясаці! Я вам не злодзей,
І лаяць так няма чаму.
Я гэткі самы падарожны,
Як вось і вы, мае людцы;
Закінуць тое толькі можна:
Я без каня, а з коньмі вы.
Але, як вы, шукаў начлегу, —
Яго між вамі думаў мець,
Дый не туды, як бачу, ўехаў.
За блуд прыходзіцца жалець.
2-і падарожны.
А як васана нам пазнаці,
Што, як сюды ішоў, не меў
Нічога злога даканаці,
Што нават думаць не пасмеў?..
3-і падарожны.
А праўду, праўду сват гавора,
Мы тое скажам усе тры:
Куды ідзеш? Дзе быў учора?
Што ты за штука?
Усе тры.
Гавары!
Незнаёмы.
На рукі гляньце з мазалямі,
Грудзям прыгледзьцеся худым,
І кій, і торба за плячамі
Найлепей скажуць аб усім.
З гразёй не будзеце мешаці,
Далей адпусціце ісці…
І вас чакаюць дзеткі ў хаце
І вы бяспутнікі ў жыцці!
Вось, лепш асвецім гэту кнею —
Святлку з нас пэўна ўсякі рад…
Я гаварыці казкі ўмею,
І песень так жа ўмею шмат.
1-ы падарожны.
Як бачым, ты глядзіш іначай.
2-і падарожны.
Відаць, не злодзеевы род.
3-і падарожны.
А хто б падумай? Так прастачы
І твой убор, і твой паглёд!
1-ы падарожны.
І казкі ўмее, і за песняй
Відаць не пойдзе ў кішэню.
2-і падарожны.
Адно бяда — што, хоць ты трэсні,
Не можам выкрасіць агню!
Незнаёмы.
Усё, усё мець зараз будзем:
Заўсёды ё ў мяне святло,
І з ім мы тут не замарудзім
Лясным падсуседзям назло.
(Запаліваючы лом).
Гары, гары, ламок, агніста!
Вы, братцы, сядзьце у кружок,
І да зары да залацістай
Нас будзе слухаць саснячок.
Адкуль — ці песняю, ці казкай
Начаць вам думкі весяліць?
3-і падарожны.
А ўжо, калі там ваша ласка,
То й песню можна закаціць.
1-ы падарожны.
А после скажаш, дабрадзею,
Хто ты, адкуль, куды ідзеш?
Цаніць людзей і мы умеем,
Хоць маем гэткім што раз менш.
Незнаёмы.
Ну вось і слаўна! Што больш трэба? —
Агонь, суседзяў грамада;
Навокал лес, над лесам неба,
А там — і зорак чарада.
Люблю я гэткія прыцуды!
Тут чалавек, як чалавек;
За думкай думка мкнецца ўсюды,
Сон не чапляецца павек.
(Пяе)
Жыў на свеце Лявон,
Молад, дужы быў ён,
Толькі з волей і долей не бачыўся:
Сонны сэрцам, душой
Драмаў ў хаце крывой,
А выходзіў — слязамі след значыўся.
Аж вось чуе Лявон
Са ўсіх клікі старон,
Што ён дурань, жыве па быдлячаму,
Дый сам тут зразумеў,
Што дум светлых не меў,
Што падобен быў дрэву хадзячаму.
Зварухнуўся Лявон,
Як вада, як агонь,
Пазнаў сілу ў сабе небывалую;
Ўжо бяда — не бяда,
Ўжо нуда — не нуда,
Запеў песні свае разудалыя.
Зямля стогне, дрыжыць,
Як пяе, як крыцыць,
Як прасвету сабе дамагаецца,
Аж ад песень такіх
Страх напаў на другіх,
І вось чорная моц падымаецца.
І пайшло ўсё ўверх дном.
Свісты, енкі кругом,
Груганы на дабычу злятаюцца:
Шчасце даць бедаку
Не ўсім шло на руку, —
Не ў руку, што Лявон прачухаецца.
Дарма сілен Лявон
І адважны так ён, —
На падмогу дарма ён надзеецца:
Галава у баі
Даў за праўду сваю, —
Толькі памятка — насып віднеецца.
Ляжыць, дрэмле Лявон,
На грудзях вырас клён;
Калі ж вецер на свеце расходзіцца,
Шуміць шумна той клён:
Яшчэ ўстане Лявон —
Гэй, Лявоны у нас не пазводзяцца!
(Перастаўшы пець).
Вось і канец вам песні-байцы,
Ці ў ёй панятна толькі ўсё?..
Калі не так што — выбачайце,
Даконьча ваша вас жыццё.
1-ы падарожны.
О, песню важную такую
Не пойме толькі гліны ком…
Цяпер няхай жа мы пачуем
Штось трохі аб жыцці тваём.
2-і падарожны.
А я крыху галля падбаўлю.
3-і падарожны, (да другога).
Я памагу табе крыху.
1-ы падарожны.
Аброці коням я папраўлю.
(Адходзяць усе тры).
Незнаёмы, (ўслед падарожным).
Я адпачну на маху.
(Адзін).
О, люд мой лапатны, патульны,
За што цябе я так люблю?
За што твой гоман неразгульны
І думкі ўсе твае лаўлю?
Ты лёг мне каменем на сэрцы,
Які не ў сілах зваліць я…
Што тут пачаці ў паняверцы?
Жыві ў жыцці і без жыцця.
Ідзеш, брыдзеш, а на дарозе —
То косць, то камень, то бадыль;
У брата станеш на парозе,
А ён табе… О Божа, крый!..
Нясі ў мяцеліцы, ў разводдзі,
Свайго цярпення нясі крыж.
Калі ж праглянеш ты, народзе, —
Арліным лётамі узляціш?
Пасцель пуховую пасцеліш
Сваім замучаным дзяцям,
Нясмелых песняю асмеліш,
Якой сягоння бедзен сам?..
Як страшна збуджаным хадзіці
Між наспаў, зломаных крыжоў!
У мокры пень агонь красіці,
Склікаць аплачаных дружкоў…
Так цяжка, цяжка, дзе не глянеш,
Красою крыўды хоць касі!
Калі ж, народзе, ты устанеш
І сонцу голас падасі?
Падарожныя, (падходзячы).
А вось і мы! Цяпер зноў сядзем…
Незнаёмы.
Цяпер зноў сядзем… ну, і што ж?
Ага! гістор'ю нашу зладзім, —
Адточым востра ўсё, як нож;
А можа трапім ею ў грудзі,
У грудзі з дзерава людзей…
Падарожныя.
Што ты?! Ці ж мы такія людзі?
Жартуеш хіба, дабрадзей!
Незнаёмы.
О не, крый Божа! Ось з няўцёку
Зляцела слоўца з языка…
Так штосьці ў сэрцы мне не лёгка,
Ну, і паднесла бедака…
Хто я і скуль — для вас цікава;
О, не вялікі гэта цуд:
Радзіўся, рос, ляцеў за славай,
Ляцеў, ажно спыніўся тут.
Убачыў дзень я ў сельскай хаце;
Бацькі у беднасці жылі:
Канёк, кароўка — ўсё багацце,
Ды гонеў двойчы — ўсей зямлі.
Чытаць, пісаць крыху наўчылі,
Але не выўчылі саўсім;
Сам з часам кніжны лад асіліў
І толк у ім даваў другім.
І мёд салодкі, і атруту
Суліць страніца стала мне;
Я ею думкі ўсе апутаў:
Не знаў — на яве я, ці сне.
Цямноту ўсю паняў нездарнасць,
Я сілу знання ўсю паняў;
Свайго жыцця я відзеў марнасць,
Аж на сябе я рукі ўзняў.
Але не суджана было мне
Душой без часу загавець,
І сам не знаю ўжо сягоння —
Жалець таго, ці не жалець.
Ішлі гадочкі за гадамі.
Я ў сілу рос і ў розум рос,
Дый не расце пацеха з намі,
Як там не жалімся на лёс.
Што раз зваднейшыя ўсё леты,
Што раз цяжэй на грош і хлеб.
Пайці у свет — бацькі мне светам,
А хата мне — астрожны склеп.
Смяецца неба непагодай,
Шыбець скаціну нейкі звод,
Зямліца дзеліцца няўродай,
За годам выплаканьшы год.
Аж бацьку гора з ног зваліла, —
Пайшоў на той свет без пары;
У год капай зноў тры магілы:
Злёг брат, і дзве зляглі сястры.
Пашло няшчасце за няшчасцем;
Я кут пакінуць мусіў свой…
Дзе ступіш — смешкі ды напасці,
Хоць налажы ты галавой.
Пазнаў куткоў чужых сцюдзёнасць,
Нагайку службы я пазнаў,
У след мая шла беспрытоннасць,
З ёй вецер песні напяваў.
А думкі рваліся да сонца,
Туды, да ціхіх, добрых зор,
Да волі, шчаснасці бясконца
З пустынных ніў, з гаротных гор.
Ліў нейкі мне таёмны голас
Праявы дзіўныя ў душу;
Іх чуў, як чуе сонца колас,
І думаў, зло сваё скрышу.
…………………………
Іду… Куды ісці сягоння?
Аднэй няма, а шмат дарог…
Адлогам родныя спяць гоні,
Іржа на вышлках есць нарог.
На траме ўверчана анучай
Ляжыць няклеплена каса;
На сцежках мох расце калючы,
На ім — чырвоная раса.
Руцэ народная набіваюць
Плугі чужыя мазалі,
Чужыя коні папасаюць
На абезволеннай зямлі.
Йдуць песні, казкі ў дамавіну;
Якія дзед спяваў складаў;
Свае жалейкі люд закінуў,
Чужым свісцёлкам месца даў.
Узносе пасынкам пакорным
Бяда цямнічныя муры
І сеткі путае праворна,
Чапае могілак крыжы.
Адно чуваць, як быццам штосьці,
З-пад сонных наспаў, з-за мяжы,
Дзе дрэмлюць прадзедавы косці,
Дзе час варочае крыжы, —
Штось варушыцца у бяссіллі.
Ці ж бы там быў жывых папас?..
Няўжо нябожчыкаў змянілі,
Няўжо нябожчык кожны з нас?
……………………………
Але ўжо блізка і світанне;
Пара ўзнімацца ўжо, пара!
Пакуль к нам з неба сонца гляне,
Жджэ не адна мяне гара.
І вам пара вазы ўжо ладзіць,
К дарозе коней рыхтаваць:
Раней лепш стануць у парадзе,
Чым на папасе пераспаць.
Цяпер, каторы з вас пасудзіш
Мяне за злодзея свайго?
1-ы падарожны.
Ты не тутэйшы мусіць будзеш,
Або і горай ад яго?
2-і падарожны.
Цікава, вельмі ўжо цікава
Ўся гэта гутарка твая,
Але такую меці славу
Не пахваліўся б, браце, я.
3-і падарожны.
Так з кута ў кут век вандраваці,
Як мне здаецца, без патрэб…
Ці ж то не лепш сядзець у хаце
І у спакоі есці хлеб?
Незнаёмы.
Э, што!.. Бывайце, людзі жывы!
Дзе толькі торба і мой кій?..
Гэй, сыпма далей, там, на нівы,
Хоць гром грымі, хоць віхар вый!
Яшчэ спаткаемся калісьці —
За год, за колькі мо гадкоў,
Як звянуць сёлетнія лісці,
Як прыйдзе Радаўніца зноў.
(Адходзе, напяваючы):
Жыў на свеце Лявон,
Молад, дужы быў ён…
1-ы падарожны.
І дзіўны ж гэты чалавечак!
Чаго ён хоча ад другіх?..
2-і падарожны.
Ці ж мала ёсць такіх авечак?
Ат, толькі смех глядзець на іх!
3-і падарожны.
А я скажу вам, егамосьці:
Сыходзе з поля маладзец;
Злавіў там з кніжак штось, чагосьці,
Ну і вар'юецца ўканец.
(Чуваць конскі топат).
1-ы падарожны.
А гэта што зноў за праява:
Каго нячысцік нясе так?
2-і падарожны.
Бадай, запутаная справа, —
Вунь, вунь — адзін, другі ездак.
3-і падарожны.
Сюді на вогнішча к нам едуць,
А з імі — нейкі важны чын.
1-ы ездак, (шыбка пад'язджаючы).
Ці не маглі вы бачыць, ведаць —
Сюдою путнік шоў адзін?
Падарожныя.
Не, не, паночкі! мы не знаем,
Мы тут начуем толькі ўтрох,
І зараз самі ад'язджаем:
На рынак ладзімся, на торг.
2-і ездак.
Паедзем дальша, тут нічога
Нам не паказвае на след.
3-і ездак.
А як вы ўбачылі б такога, —
Злавіць, звязаць — і к нам, чым свет!
(Ад'язджаюць).
1-ы падарожны.
Чакайце толькі, покуль буду
Нагу яму я падстаўляць.
Каб чуць раней, а ўжо без труду
Маглі б гуртом бяднягу ўзяць.
2-і падарожны.
А шкода, шкода было б хлопца!
Такі ж ён нейкі чараўнік…
3-і падарожны.
Не думаць! Як мы — рос у вёсцы,
Як мы — такі ён сам мужык.
1-ы падарожны.
Зайдзі ка мне — я даў бы хлеба.
2-і падарожны.
Апраткі б я не пажалеў.
3-і падарожны.
Каб начаваць было патрэба, —
Папас найлепцы ў мяне б меў.
1-ы падарожны.
Запраўды, так гавора важна.
2-і падарожны.
А ўжо ж, ганяюць не здарма!
3-і падарожны.
І песню так пяе працяжна!..
1-ы падарожны.
Душу, здаецца, рве яна.
2-і падарожны.
А ці ты помніш усю чыста?
1-ы падарожны.
Пачатак помню я увесь.
2-і падарожны.
А я сяродак галасісты.
3-і падарожны.
А мне канец у вушы ўлез.
(Расходзяцца, напяваючы):
Жыў на свеце Лявон,
Молад дужы быў ён,
Толькі з волей і долей не бачыўся…