Лялька

fb2

Сацыяльна-псіхалагічны раман "Лялька" -- адзін з самых значных твораў польскай літаратуры, напісаны Баляславам Прусам у другой палове ХІХ ст.

Галоўы герой рамана Станіслаў Вакульскі, збяднелы шляхціц, удзельнік паўстання 1863 году, робіцца адным з найбагацейшых людзей Варшавы ў час яе ўваходжання ў склад Расійскай імперыі. Закаханы ў прыгажуню арыстакратку Вакульскі ідзе на кампраміс з уласным сумленнем, каб дабіцца багацця і высокага становішча ў грамадстве.

Пераклад

Галіны Жарко і Міколы Хаўстовіча

I. ЯК ВЫГЛЯДАЕ ФІРМА «Я. МІНЦАЛЬ І С. ВАКУЛЬСКІ» ПРАЗ ШКЛО БУТЭЛЕК?

Напачатку 1878 года, калі палітычны свет быў заняты Сан-Стэфанскім замірэннем[1], выбарамі новага папы[2] альбо мажлівасцю еўрапейскае вайны[3], варшаўскія купцы, а разам і інтэлігенцыя ваколіц Кракаўскага прадмесця[4] не менш горача абмяркоўвалі будучыню галантарэйнае крамы фірмы “Я. Мінцаль і С. Вакульскі”.

У прэстыжнай харчэўні, дзе збіраліся на вячэру гаспадары крамаў з бялізнаю і вінных склепаў, фабрыканты калясак і капелюшоў, шаноўныя бацькі сямействаў, што жылі з уласных капіталаў, і ўладальнікі камяніц без ніякага занятку, аднолькава шмат вялося размоў як пра ўзбраенне Англіі, гэтак і пра фірму “Я. Мінцаль і С. Вакульскі”. У густых хмарах цыгарнага дыму, навісаючы над бутэлькамі з цёмнага шкла, жыхары гэтага квартала ішлі ў заклад: адны спрачаліся пра перамогу або паразу Англіі, іншыя – пра банкруцтва Вакульскага; адны называлі геніем Бісмарка[5], іншыя – авантурнікам Вакульскага; адны крытыкавалі дзеянні прэзідэнта Мак-Магона[6], іншыя сцвярджалі, што Вакульскі скончаны вар’ят, калі не што горшае…

Пан Дэклеўскі, фабрыкант калясак, які сваю заможнасць і становішча лічыў вынікам высілкаў у адной нязменнай галіне, а таксама радца Вянгровіч, які ўжо дваццаць гадоў запар быў чальцом-апекуном аднаго і таго ж дабрачыннага таварыства, ведалі С. Вакульскага здаўна і гучней за іншых прадказвалі яму збядненне.

– Бо жабраком і банкрутам, – казаў пан Дэклеўскі, – скончыць урэшце чалавек, які не пільнуецца аднае справы і не здольны шанаваць дарункі ласкавае фартуны.

А радца Вянгровіч пасля кожнай гэткай жа глыбакадумнай сентэнцыі свайго прыяцеля дадаваў:

– Вар’ят! Вар’ят!.. Авантурнік!.. Юзік, нясі яшчэ піва. Якая гэта бутэлька?

– Шостая, пане радца. Служу маланкаю!.. – адказваў Юзік.

– Ужо шостая?.. Як час ляціць!.. Вар’ят! Вар’ят! – мармытаў радца Вянгровіч.

Для ўсіх, хто хадзіў падмацавацца ў тую ж, што і радца, харчэўню – для яе гаспадара, кельнераў і лёкаяў – прычыны бедстваў, якія мусілі абрынуцца на Вакульскага і ягоную галантарэйную краму, былі гэткія ж ясныя, як полымя газовак, што асвятлялі залу. Прычыны гэтыя былі ў неспакойным характары, у авантурным жыцці, зрэшты, у апошнім учынку чалавека, які, маючы гарантаваны кавалак хлеба і магчымасць рэгулярна наведвацца вось у гэткую прыстойную рэстарацыю, добраахвотна адрокся ад рэстарацыі, краму пакінуў на волю лёсу, а сам, з усёю гатоўкаю, якую атрымаў у спадчыну пасля смерці жонкі, падаўся на турэцкую вайну[7] зарабляць капітал.

– А можа, і заробіць… Вайсковыя пастаўкі – справа прыбытковая, – умяшаўся пан Шпрот, гандлёвы агент, які быў тут рэдкім госцем.

– Нічога ён не заробіць, – запярэчыў пан Дэклеўскі. – А салідная крама тым часам пойдзе да д’ябла. На пастаўках багацеюць адно жыды ды немцы; нашым розуму на гэта не хапае.

– А можа, Вакульскаму хапае розуму?

– Вар’ят! Вар’ят!.. – прамармытаў радца. – Падай жа, Юзік, піва. Якая гэта?..

– Сёмая бутэлечка, пане радца. Служу маланкаю.

– Ужо сёмая?.. Як час ляціць, як час ляціць…

Гандлёвы агент, якому паводле службовых абавязкаў патрабавалася ўсебаковая і поўная інфармацыя пра купцоў, перанёс сваю бутэльку са шклянкаю на стол радцы і, соладка зазіраючы таму ў слязлівыя вочы, запытаўся прыцішаным голасам:

– Перапрашаю, але… Чаму пане радца называе Вакульскага вар’ятам?.. Ці магу ўслужыць пану цыгаркаю?... Я крыху ведаю Вакульскага. Ён мне заўсёды здаваўся чалавекам скрытным і ганарыстым. Скрытнасць для купца – вялікая вартасць, ганарыстасць – загана, але каб у Вакульскага былі праявы вар’яцтва, гэтага я не прыкмеціў.

Радца прыняў цыгару без асаблівых адзнак удзячнасці. Яго чырвоны твар у абрамленні сівых касмылёў над ілбом, на барадзе і на шчоках нагадваў у тую хвіліну чырвоны сердалік, апраўлены ў срэбра.

– Называю яго, – адказаў ён, павольна адгрызаючы і запальваючы цыгару, – называю яго вар’ятам, бо ведаю яго гадоў… Чакай, пан… Пятнаццаць… сямнаццаць… васямнаццаць… Было гэта ў 1860 годзе… Абедаць мы хадзілі тады да Гопфера[8]. Ведаў пан Гопфера?..

– Анягож…

– Дык вось, Вакульскі быў тады ў Гопфера кельнерам і даўно ўжо пераваліла яму за дваццаць гадоў.

– У гандлі вінамі і далікатэсамі?

– Так. І як цяпер Юзік, гэтак ён тады падаваў мне піва, нэльсанскія зразы…

– І з гэтае галіны пераскочыў у галантарэю? – перабіў агент.

– Пачакай, пан, – спыніў яго радца. – Пераскочыў, але не ў галантарэю, а ў Падрыхтоўчую школу, а потым у Галоўную школу[9], разумее пан?.. У вучоныя яму заманулася!..

Агент пакруціў галавою, паказваючы, як ён здзіўлены.

– Вось дык нумар! – сказаў ён. – Што гэта яму стрэліла?

– Дзіва што! Звязаўся з Медыцынскаю акадэміяй[10], з Мастацкаю школаю[11]… Тады ўсе загарэліся, а ён не хацеў быць горшым за іншых. Удзень абслугоўваў гасцей у буфеце і займаўся рахункамі, а ўночы вучыўся…

– Паганае, відаць, было тое абслугоўванне.

– Такое, як ва ўсіх, – адказаў радца і незадаволена махнуў рукою. – Адно што, не быў ён, шэльма, дагодлівы, ад самага нявіннага слоўца касавурыўся, як бандыт той… Вядома, кпілі мы з яго колькі ўлезе, а ён найбольш злаваўся, калі называлі яго “панам кансільяжам”[12]. Аднаго разу так вызверыўся на госця, што ледзь да бойкі не дайшло.

– Гандаль, вядома, траціў на гэтым.

– Нічога не траціў! Бо калі па Варшаве разышлася чутка, што кельнер Гопфера хоча паступіць у Падрыхтоўчую школу, дык натоўпы пайшлі туды снедаць. Асабліва студэнты. Аж раілася ад іх.

– Дык пайшоў ён у Падрыхтоўчую школу?

– Пайшоў. І нават здаў экзамен у Галоўную школу. Ну, але… што тут, пан, скажаш, – радца пляснуў агента па калене, – замест таго, каб датрываць навуку да канца, менш чым праз год кінуў ён школу…

– Што ж ён рабіў?

– Вось! Што рабіў… Варыў разам з іншымі тое піва, якое мы да сённяшняга дня ніяк не пракаўтнем, і сам урэшце апынуўся дзесьці ля Іркуцку[13].

– Бач ты яго! – уздыхнуў гандлёвы агент.

– Гэта яшчэ не ўсё… У 1870 годзе, маючы трохі грошай, вярнуўся ён у Варшаву. Паўгода шукаў сабе занятак, далёка абмінаючы бакалею, якую па сённяшні дзень на дух не выносіць, аж нарэшце з дапамогаю свайго цяперашняга намесніка Жэцкага ўплішчыўся ён у краму да Мінцлёвай, якая акурат аўдавела тады, а праз год і ажаніўся з бабаю нашмат за сябе старэйшаю.

– Гэта было разумна, – заўважыў агент.

– Пэўна. Адным махам і сам уладкаваўся, і варштат займеў, на якім да скону дзён мог спакойна працаваць. Але ж і пакутаў крыжовых нацярпеўся ён з бабаю!

– Яны гэта ўмеюць…

– Яшчэ як! – правіў далей радца. – Але ж, бач, пан, як часам шанцуе! Паўтары гады таму баба нечым абжэрлася і памерла, а Вакульскі пасля чатырохгадовае катаргі зрабіўся вольны, як птах, маючы багатую краму і трыццаць тысяч рублікаў гатоўкі, на якія папрацавала два пакаленні Мінцляў.

– Шанцуе.

– Шанцавала, – удакладніў радца, – трэба было берагчы сваё шчасце. Іншы б на яго месцы ажаніўся з якою сумленнаю паненкаю ды жыў бы сабе багатыром, бо што тут, пане, казаць, крама з такою рэпутацыяй ды ў такім месцы!.. А гэты вар’ят усё кінуў-рынуў і паехаў зарабляць капіталы на вайне. Мільёнаў яму захацелася ці яшчэ якой трасцы.

– Мо і заробіць, – азваўся агент.

– Хаця б! – абурыўся радца. – Давай, Юзік, піва. Думаеш, пан, што ён у Турцыі знойдзе яшчэ багацейшую бабу, чым нябожчыца Мінцлёва?.. Юзік!..

– Служу маланкаю!.. Едзе восьмая…

– Восьмая? – перапытаў радца. Не можа быць. Зараз… Да гэтага была шостая, потым сёмая... – мармытаў ён прыкрываючыся рукою. – Можа, і восьмая. Як час ляціць!..

Нягледзячы на змрочныя прароцтвы людзей, што цвяроза глядзяць на жыццё, галантарэйная крама “Я. Мінцаль і С. Вакульскі” не толькі не збанкрутавала, але нават цешылася прыбыткамі. Чуткі пра банкруцтва толькі падагравалі цікаўнасць публікі, дык у краму хадзілі ахвотна, а пасля таго, як Вакульскі выехаў з Варшавы, па тавары пачалі звяртацца і расійскія купцы. Колькасць замоваў павялічвалася, быў замежны крэдыт, па вэксалях плацілася рэгулярна, і ў краме было поўна пакупнікоў, якім ледзьве маглі дагадзіць трое крамнікаў: адзін з іх быў дробны бландзін, падобны на гатовага сканаць сухотніка, другі – шатэн з бародкаю філосафа і рухамі прынца, і трэці – фарсун, які насіў забойчыя для прыгожага полу вусікі і ад якога разыходзіліся пахі, як ад хімічнае лабараторыі.

Аднак ні агульная цікаўнасць, ні фізічныя і духоўныя вартасці ўсіх трох крамнікаў, ні нават рэпутацыя саліднае крамы не здолелі б яе ўратаваць ад банкруцтва, каб не быў там загадчыкам працаўнік гэтае фірмы з саракагадовым стажам, прыяцель і намеснік Вакульскага, пан Ігнацы Жэцкі.

II. КІРАВАННЕ СТАРОГА КРАМНІКА

Пан Ігнацы ўжо дваццаць пяць гадоў жыў у пакойчыку пры краме. За гэты час крама змяняла гаспадароў і падлогу, шафы і шыбы ў вокнах, абсяг дзейнасці і персанал, але пакой пана Жэцкага заўсёды заставаўся такі самы. На той самы падворак выходзіла тое ж смутнае акенца, на тых жа кратах якога вісела павуцінне, хіба таксама дваццаціпяцігадовае даўніны, і дакладна налічвала чвэрць стагоддзя фіранка, некалі зялёная, а цяпер лінялая ад тугі па сонцу.

Пад вакном стаяў той самы чорны стол, абабіты сукном, некалі таксама зялёным, а цяпер ужо проста брудным. На ім – вялізная чорная чарніліца побач з вялізнай чорнай пясочніцай, на гэтай жа падстаўцы – пара медных падсвечнікаў для лоевых свечак, якімі ўжо ніхто не карыстаўся, і сталёвыя шчыпцы, якімі ўжо ніхто не абцінаў кнаты. Жалезны ложак з пляскатым матрацам, над ім – ніколі не ўжываная дубальтоўка, пад ім – футарал з гітараю, які нагадваў дзіцячую труну; абабітая скураю вузкая канапка, два крэслы, таксама абабітыя скураю, вялікі бляшаны таз і малая шафка цёмна-вішнёвага колеру – гэткая была мэбліроўка пакою, які з-за свае даўжыні і вечнага змроку здаваўся больш падобным да магілы, чым да жытла.

Гэтак жа, як і пакой, не змяніліся за чвэрць стагоддзя і звычкі пана Ігнацы.

Ранкам прачынаўся ён заўсёды а шостай; хвіліну прыслухоўваўся, ці ходзіць гадзіннік, які ляжаў побач на крэсле, і глядзеў на стрэлкі, якія стваралі простую лінію. Яму хацелася ўстаць паволі, без рэзкіх рухаў, але адубелыя ногі і закарчанелыя рукі не надта яго слухаліся, дык ён зрываўся з ложка і ўжо з сярэдзіны пакоя шпурляў на яго свой начны каўпак, а сам бег да печы, дзе стаяў вялікі таз, у якім ён мыўся з галавы да ног, і пры гэтым іржаў ды пырхаў, як чыстакроўны стары конь, якому прымроіліся скачкі.

Падчас рытуалу расцірання калматымі ручнікамі ён задаволена аглядаў свае худыя лыткі ды зарослыя грудзі і мармытаў: “Ну, але я раздабрэў”.

У гэты час звычайна саскокваў з канапкі стары пудзель Ір з выбітым вокам і, моцна атросшыся, пэўна, з рэшты сну, скробся ў дзверы, за якімі чуваць было стараннае раздзьмухванне самавару. Пан Жэцкі, працягваючы спехам апранацца, выпускаў сабаку, вітаўся са слугою, даставаў з шафы імбрычак, блытаўся ў петлях, зашпільваючы манжэты, выбягаў на падворак, каб зірнуць, якое надвор’е, апарваўся гарачаю гарбатаю, расчэсваўся, не гледзячы ў люстэрка, і а палове на сёмую быў гатовы.

Абмацаўшыся, ці ёсць у яго на шыі гальштук, а ў кішэні гадзіннік і партманетка, пан Ігнацы даставаў з шуфлядкі вялікі ключ і, крыху прыгорблены, урачыста адчыняў тыльныя дзверы крамы, абабітыя жалезнаю бляхаю. Разам са слугою яны ўваходзілі, запальвалі некалькі газовак і, пакуль слуга падмятаў падлогу, пан Ігнацы, начапіўшы на нос пенснэ, праглядаў у нататніку спіс спраў на сённяшні дзень.

“Аддаць у банк восемсот рублёў, ага… Выслаць у Люблін тры альбомы, тузін партманетаў… Так!.. Перавод у Вену на тысячу дзвесце гульдэнаў… Забраць груз з чыгункі… Спагнанне рымару, што не даслаў валізы… Драбяза!.. Напісаць Стасю ліст… Драбяза…”

Скончыўшы чытаць, ён запальваў яшчэ некалькі газовак і ў гэтым асвятленні аглядаў тавары ў вітрынах і шафах.

“Запінкі, шпількі, партманеты… добра… Пальчаткі, вееры, гальштукі… на месцы… Кійкі, парасоны, сакваяжы… Тут альбомы, нэсэсэры… Сапфіравага колеру ўчора прадалі, а як жа!.. Падсвечнікі, чарніліцы, прэс-пап’е… Парцаляна… Цікава, навошта павярнулі гэты вазон?.. Пэўна… Не, не пабіты… Лялькі з валасамі, тэатр, карусель… Трэба заўтра паставіць у акне карусель, бо фантан ужо надакучыў. Драбяза!.. Амаль восьмая… Гатовы паспрачацца: Клейн прыйдзе першы, а Мрачэўскі – апошні. Чаго тут дзівіцца? Спазнаўся з нейкаю гувернанткаю і ўжо ўзяў ёй нэсэсэр у крэдыт ды па зніжаным кошце… Вядома… Абы не пачаў купляць без зніжак і без рахункаў…”

Гэтак ён бубніў сабе пад нос і крыху прыгорблены, з рукамі, закладзенымі ў кішэні, хадзіў па краме, а следам за ім – ягоны пудзель. Гаспадар сям-там затрымліваўся і разглядаў нешта з рэчаў, сабака тады садзіўся на падлогу і чухаўся задняй лапай у густых кудлах, а шэрагамі выстаўленыя ў шафе лялькі – малыя, сярэднія і вялікія, чарнявыя і бялявыя – пазіралі на іх мёртвымі вачыма.

Рыпнулі дзверы ў сенцах, і з’явіўся пан Клейн, кволы крамнік з маркотнаю ўсмешкаю на пасінелых вуснах.

– А што! Я ж ведаў, што прыйдзеш, пан, першы. Добры дзень, – сказаў пан Ігнацы. – Тушы святло, Павел, і адчыняй краму.

Слуга выбег цяжкаю рыссю і закруціў газ. Праз хвіліну заскрыгаталі завалы, застукалі засаўкі і ў краму ўвайшоў дзень, адзіны госць, які ніколі не падводзіць купца. Жэцкі сеў пры канторцы пад акном. Клейн стаў на сваё звычайнае месца ля парцаляны.

– Гаспадар яшчэ не вяртаецца, не было пану ліста? – запытаўся Клейн.

– Чакаю яго ў сярэдзіне сакавіка, самае позняе – праз месяц.

– Калі яго не затрымае новая вайна.

– Стась… пан Вакульскі, – паправіўся Жэцкі, – напісаў мне, што вайны не будзе.

– Курс, аднак, падае, а сёння я чытаў, што англійскі флот увайшоў у Дарданелы.

– Нічога. Вайны не будзе. Зрэшты, – уздыхнуў пан Ігнацы, – што нам тая вайна, у якой не бярэ ўдзел Банапарт.

– Кар’ера Банапартаў ужо скончылася.

– Праўда?.. – іранічна ўсміхнуўся пан Ігнацы. – А дзеля каго Мак-Магон з Дзюкро рыхтавалі ў студзені дзяржаўны пераварот?.. Вер мне, пане Клейн, банапартызм – гэта сіла!..

– Ёсць мацнейшая за яе.

– Якая? – абурыўся пан Ігнацы. – Можа, рэспубліка Гамбэты[14]?.. Можа, Бісмарк?..

– Сацыялізм… – шапнуў кволы крамнік, хаваючыся за парцаляну.

Пан Ігнацы паправіў, каб лепш трымалася, пенснэ і прыўзняўся ў сваім фатэлі, нібы жадаючы адным махам разбурыць новую тэорыю, якая не адпавядала ягоным поглядам, але гэты намер сапсавала з’яўленне другога крамніка, з бародкаю.

– А, маё шанаванне пану Лісецкаму! – звярнуўся гаспадар да яго. – Халодны дзень сёння, праўда? Якая ж гэта гадзіна ў горадзе, бо мой гадзіннік, мусіць, спяшаецца. Яшчэ, хіба, і чвэрці на дзявятую няма?..

– Як дасціпна!.. Панскі гадзіннік заўсёды спяшаецца раніцаю і позніцца ўвечары, – пахмурна азваўся Лісецкі, абціраючы заінелыя вусы.

– Гатовы паспрачацца: пан учора на прэферансе быў.

– Вядома. Можа, пан думае, што я круглымі суткамі гатовы цешыцца адно вашаю галантарэяй ды панскаю сівізною?

– Ну, мой пане, па мне, дык лепш быць крыху ссівелым, абы не лысым, – абурыўся пан Ігнацы.

– Дасціпна!.. – сыкнуў пан Лісецкі. – Мая лысіна, калі яе хто і бачыць, дык гэта толькі сумная спадчыннасць, а панская сівізна і бурклівы характар – гэта ўжо адзнакі старасці, якую… хацеў бы я шанаваць.

У краму ўвайшоў першы пакупнік: кабеціна ў салопе і хустцы на галаве, якая пажадала медную плявальніцу… Пан Ігнацы пакланіўся ёй вельмі нізка і прапанаваў крэсла, а пан Лісецкі на хвіліну знік за шафамі і ўручыў пакупніцы поўным годнасці жэстам жаданую рэч. Потым ён напісаў кошт плявальніцы на квітку, падаў яго праз плячо Жэцкаму і пайшоў за прылавак з выглядам банкіра, які ахвяраваў на дабрачыннасць некалькі тысяч рублёў.

Спрэчка пра сівізну і лысіну была спынена.

Толькі каля дзявятае ўвайшоў, а дакладней, уварваўся ў краму пан Мрачэўскі, бялявы прыгажун дваццаці з нечым гадоў з вачыма, як зоркі, вуснамі, як каралі, вусікамі, як атручаныя штылеты. Ён убег, цягнучы за сабою ад парогу духмяную хвалю, і гучна загаманіў:

– Слова гонару, ужо, мусіць, палова на дзясятую. Я ветрагон, я абібок, ну, нягоднік я, але што рабіць, калі маці ў мяне захварэла, і мусіў я шукаць лекара. Быў у шасцярых…

– Ці не ў тых, якім носіш, пан, нэсэсэры? – запытаўся Лісецкі.

– Нэсэсэры?.. Не. Наш доктар не прыняў бы нават шпількі. Шляхетны чалавек… Праўда, пане Жэцкі, што ўжо палова на дзясятую? Спыніўся мой гадзіннік.

– Зараз будзе дзя-вя-та-я... – адказаў з асаблівым націскам пан Ігнацы.

– Толькі дзявятая?.. Ну хто б падумаў! А я ж планаваў, што прыйду сёння ў краму першы, раней за пана Клейна…

– Каб сысці яшчэ да васьмі, – заўважыў пан Лісецкі.

Мрачэўскі ўтаропіўся на яго сваімі блакітнымі вачыма, у якіх намалявалася невымоўнае здзіўленне.

– Адкуль пан ведае?.. – прамовіў ён. – Ну, слова гонару, гэты чалавек валодае прарочымі здольнасцямі! Якраз сёння, слова гонару… мушу быць у горадзе яшчэ да пачатку сёмае, хоць памры, хоць звальняйся…

– Няхай пан з гэтага і пачне, – выбухнуў Жэцкі, – і будзе пан вольны яшчэ да адзінаццатае, нават у гэтую ж хвіліну, пане Мрачэўскі. Пан павінны быць графам, а не крамнікам, і я дзіўлюся, чаму пан адразу не абраў сабе такую прафесію. Тады б заўсёды ставала часу, пане Мрачэўскі. Анягож!

– Ну, але ж і пан у ягоныя гады лётаў за спаднічкамі, – азваўся Лісецкі. – Нашто ўжо тут мараль чытаць.

– Ніколі не лётаў! – крыкнуў Жэцкі і грукнуў кулаком па канторцы.

– Хоць раз прагаварыўся, што ўсё жыццё быў недарэкам, – прамармытаў Лісецкі ў бок Клейна, які ўсміхнуўся, надта высока падымаючы бровы.

У краму ўвайшоў другі пакупнік і пажадаў галёшы. Да яго падскочыў Мрачэўскі.

– Галёшыкі жадае шаноўны пан? Які памер, можна запытацца? Ага, шаноўны пан, відаць, не памятае! Не ў кожнага стае часу думаць пра памер уласных галёшаў, гэта ўжо наш клопат. Шаноўны пан дазволіць памераць?.. Няхай шаноўны пан зробіць ласку прысесці на зэдлік. Павел! Прынясі ручнік, здымі пану галёшы і вытры абутак…

Убег Павел з анучаю і кінуўся пакупніку ў ногі.

– Але ж, пане, але ж перапрашаю!.. – апраўдваўся ачмурэлы пакупнік.

– Калі ласка, – сакатаў Мрачэўскі, – гэта наш абавязак. Здаецца, гэтыя будуць якраз, – казаў ён, падаючы пару счэпленых ніткаю галёшаў. – Дасканала. Выглядаюць цудоўна. У шаноўнага пана такая дасканалая нага, што з памерам ніяк не памылішся. Шаноўны пан жадае, пэўна, літаркі. Якія мусяць быць літаркі?..

– L. P., – буркнуў пакупнік, адчуваючы, што топіцца ў хуткай плыні красамоўства ветлівага крамніка.

– Пане Лісецкі, пане Клейн, прымацуйце, зрабіце ласку, літаркі. Шаноўны пан загадае спакаваць старыя галёшы? Павел! Паабцірай галёшы і закруці ў бібулу. А можа шаноўны пан не жадае цягаць за сабою непатрэбшчыну? Павел, кінь галёшы ў скрыню… Плаціць два рублі пяцьдзясят капеек[15]… Галёшы з літаркамі ніхто шаноўнаму пану не падменіць, бо прыкра было б знайсці замест новага тавару дзіравыя зноскі… Два рублі пяцьдзясят капеек у касу з гэтым квітком. Пане касір, пяцьдзясят капеек рэшты шаноўнаму пану.

Перш чым пакупнік ачомаўся, ён быў абуты ў галёшы, атрымаў рэшту і з нізкімі паклонамі выпраўлены за дзверы. Пакупнік пастаяў з хвіліну на вуліцы, няўцямна пазіраючы ў шыбу, з-за якое Мрачэўскі адорваў яго салодкімі ўсмешкамі ды гарачымі позіркамі. Нарэшце махнуў рукою і пайшоў далей, разважаючы, відаць, што ў іншай краме за галёшы без літарак заплаціў бы дзесяць злотых[16].

Пан Ігнацы павярнуўся да Лісецкага і пахітаў галавою, паказваючы сваё здзіўленне і захапленне. Мрачэўскі, які краем вока заўважыў гэта, падбег да Лісецкага і гучна зашаптаў таму:

– Няхай пан зірне толькі, ці ж стары наш не падобны ў профіль да Напалеона ІІІ?[17] Нос... вус... гішпанка…

– Да Напалеона, калі той пакутаваў ад каменя ў нырках, – адказаў Лісецкі.

На гэты досціп пан Ігнацы закапыліў губу. Мрачэўскі ўвечары быў адпушчаны раней за сёмую, а назаўтра ў прыватным дзённіку Жэцкага з’явілася прысвечаная яму нататка: “Быў на «Гугенотах»[18] у восьмым радзе партэра з нейкаю Матыльдаю…???”

На суцяшэнне сабе той мог бы сказаць, што ў гэтым самым дзённіку маюць пра сябе нататкі і двое ягоных калегаў, апроч таго, інкасатар, пасыльныя і нават слуга Павел. Адкуль Жэцкі ведаў такія падрабязнасці жыцця сваіх працаўнікоў? Гэта была таямніца, якую ён нікому не адкрываў.

Апоўдні, а першай, здаўшы касу Лісецкаму, якому, нягледзячы на бясконцыя спрэчкі, ён найбольш давяраў, пан Ігнацы хаваўся ў сваім пакойчыку, каб з’есці абед, прынесены з рэстарацыі. У той самы час сыходзіў і Клейн, а вяртаўся ў краму а другой. Потым яны разам з Жэцкім заставаліся ў краме, а Лісецкі і Мрачэўскі ішлі на абед. А трэцяй ізноў усе былі на месцы.

А восьмай увечары краму зачынялі, крамнікі разыходзіліся і Жэцкі заставаўся адзін. Ён падбіваў рахункі за дзень, спраўджваў касу, занатоўваў, што трэба зрабіць заўтра, і прыгадваў: ці ўсё было зроблена з запланаванага на сёння. За кожную занядбаную справу ён плаціў доўгім бяссоннем і тужлівымі развагамі: пра банкруцтва крамы, пра канчатковы заняпад дынастыі Напалеонаў і пра тое, што ўсе надзеі, якія ён меў у жыцці, нічога не былі вартыя.

“Усё прапала! Гінем без ратунку,” – уздыхаў ён і круціўся на цвёрдым ложку.

Калі дзень быў удалы, пан Ігнацы быў задаволены. Тады перад сном ён чытаў гісторыю консульства і імперыі[19], газетныя выразкі з апісаннем італьянскае вайны 1859 года[20] або, што здаралася радзей, выцягваў з-пад ложка гітару ды граў на ёй “Марш Ракачы[21], падпяваючы сумнеўным тэнарам.

Потым сніў ён шырокія венгерскія раўніны, сінія і белыя лініі войска ў хмарах дыму… Назаўтра бываў ён змрочны і скардзіўся, што баліць галава.

Прыемным днём была для яго нядзеля, калі ён вырашаў, як будуць выглядаць на наступным тыдні вітрыны, і займаўся іх аздабленнем.

На ягоную думку, вокны служылі не толькі каб дэманстраваць тое, чым гандлюе крама, але яны мусілі яшчэ і прыцягваць увагу мінакоў: або моднымі рэчамі, або прыгожай іх выкладкай, або нейкімі фіглямі. Правая вітрына вабіла раскошаю; тут ставілася звычайна нейкая бронзавая статуэтка, парцалянавая ваза, будуарны столік з усёю сервіроўкаю, навакол – альбомы, падсвечнікі, партманеты, вееры разам з кійкамі, парасонамі і безліччу іншае элегантнае драбязы. А сярэдзіну левае вітрыны, дзе былі гальштукі, пальчаткі, галёшы ды парфума, займалі цацкі, часцей за ўсё – рухомыя.

Здаралася, што падчас гэтага самотнага занятку ў старым крамніку абуджалася дзіця. Тады ён даставаў і расстаўляў на стале ўсе механічныя цацкі. Быў там мядзведзь, які караскаўся на слуп, быў певень, які кукарэкаў, і спрытная мыш; цягнік рухаўся па рэйках, цыркавы блазан скакаў на кані, падымаючы над сабою другога блазна, і некалькі пар кружылася ў вальсе пад гукі невыразнае музыкі. Пан Ігнацы накручваў усе гэтыя фігуркі і адначасова пускаў іх рухацца. А калі певень пачынаў спяваць, лапочучы жалезнымі крыламі, нежывыя пары – кружыцца, штохвіліны спатыкаючыся і затрымліваючыся, калі алавяныя пасажыры цягніка, што ехаў без мэты, пачыналі здзіўлена пазіраць на яго, і ўвесь гэты лялечны свет у дрыготкім газавым асвятленні фантастычна ажываў, стары крамнік, успёршыся на локці, ціха пасмейваўся і мармытаў:

– Хе-хе-хе! Куды гэта вы едзеце, вандроўнікі?.. Нашто ты вярэдзіш сабе карак, акрабаце?.. Чаго вам абдымацца, танцоры?.. Скончыцца завод і пойдзеце вы ўсе назад у шафу. Бязглуздзіца, адна бязглуздзіца!.. А вам, каб вы ўмелі думаць, гэта здавалася б нечым важным!..

Пасля такога ці падобнага маналогу ён спехам збіраў цацкі і пачынаў неспакойна хадзіць па пустой краме, а за ім – ягоны брудны сабака.

“Бязглуздзіца гандаль… бязглуздзіца палітыка… бязглуздзіца выправа ў Турцыю… бязглуздзіца ўсё жыццё, пачатку якога мы не памятаем, а канца не ведаем… Дзе ж праўда?..”

А з-за таго, што падобныя меркаванні ён выказваў часам уголас і на людзях, яго лічылі дзіваком, а шаноўныя пані, якія мелі дачок на выданні, не аднойчы казалі:

– Вось што робіцца з мужчынам, калі ён застаецца старым кавалерам!

З дому пан Ігнацы выходзіў рэдка і ненадоўга ды звычайна абмяжоўваўся тымі вуліцамі, на якіх жылі ягоныя калегі або работнікі крамы. Тады ягоная цёмна-зялёная альгерка[22] або табачнага колеру сурдут, шэрыя нагавіцы з чорнымі лампасамі і выцвілы цыліндр, а перадусім ягоная нясмеласць прыцягвалі агульную ўвагу. Пан Ігнацы гэта ведаў і на шпацыры выходзіў з вялікаю неахвотаю. Ён лічыў за лепшае запаліць свечку, пакласціся на ложак і цэлымі гадзінамі глядзець у сваё закратаванае акно, за якім відаць была шэрая сцяна суседняга дома, упрыгожаная адзіным, таксама закратаваным, акенцам, а на ім, бывала, стаяў гарнушак з маслам або вісела заечая тушка.

Але чым менш ён выходзіў з дому, тым часцей марыў пра нейкае далёкае падарожжа – у вёску альбо за мяжу. Усё часцей ён сніў зялёныя палі і цёмныя лясы, па якіх блукаў, бы прыгадваючы маладосць. Паволі абудзілася ў ім глухая туга па тых краявідах, і ён пастанавіў: адразу пасля вяртання Вакульскага з’ехаць некуды на цэлае лета.

– Хоць раз перад смерцю, але на некалькі месяцаў, – казаў ён калегам, якія невядома чаго ўсміхаліся з гэтых праектаў.

Па ўласнай волі адасобіўшыся ад людзей і ад прыроды, занураны ў імклівы, але вузкі вір гандлёвых інтарэсаў, ён адчуваў моцную патрэбу пагутарыць з кімсьці. А з-за таго, што адным ён не давяраў, іншыя самі не хацелі яго слухаць, а Вакульскага не было, дык размаўляў ён сам з сабою і – у найвялікшым сакрэце – пісаў дзённік.

III. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА

…Са смуткам назіраю я ў апошнія гады, што на свеце менш і менш робіцца добрых крамнікаў ды разважных палітыкаў, бо ўсе стараюцца адпавядаць модзе. Сціплы крамнік кожны квартал апранае порткі новага фасону, капялюш у яго ўсё больш дзівачны, а каўнерык штораз выкладзены іначай. Гэтак і цяперашнія палітыкі: кожны квартал мяняюць яны свае перакананні: некалі верылі ў Бісмарка, учора – у Гамбэту, а сёння – у Бікансфільда[23], які нядаўна яшчэ быў жыдком.

Ужо, відаць, забыліся, што ў краме трэба не прыбірацца ў модныя каўнерыкі, а прадаваць іх, бо іначай пакупнікам будзе не ставаць тавару, а краме – пакупнікоў. У палітыцы ж не варта разлічваць на шчасліўцаў, а толькі на вялікія дынастыі. Метэрніх[24] быў гэтакі ж славуты, як і Бісмарк, а Пальмерстон[25] яшчэ больш слаўны за Бікансфільда, і хто сёння пра іх памятае? Тым часам род Банапартаў трос Еўропу пры Напалеоне І, потым пры Напалеоне ІІІ, і сёння, хоць некаторыя называюць яго банкрутам, род гэты ўплывае на лёс Францыі праз сваіх верных слуг Мак-Магона і Дзюкро.

Пабачыце яшчэ, што зробіць Напалеонак ІV[26], які паціху вучыцца вайсковаму майстэрству ў англічан! Але ж годзе! Бо ў сваёй пісаніне не пра Банапарта, а пра сябе я хачу расказаць, каб ведалі, як гадаваліся добрыя крамнікі ды, хоць і невучоныя, але разумныя палітыкі. Для гэтага не трэба акадэмій, дастаткова прыкладу – дома і ў краме.

Бацька мой быў у маладосці жаўнерам, а пад старасць – кур’ерам у Камісіі ўнутраных спраў[27]. Трымаўся ён заўсёды роўна, як жэрдка, меў невялікія бакенбарды і вус угору, шыю абкручваў чорнаю хусткаю і ў вуху насіў срэбную завушніцу.

Жылі мы ў Старым Горадзе разам з цёткаю, якая мыла і цыравала чыноўнікам бялізну. Было ў нас на пятым паверсе два пакойчыкі, дзе няшмат было дастатку, але шмат было радасці, прынамсі, для мяне. На нашай палове ганаровае месца займаў стол, пры якім бацька, вяртаючыся з канторы, клеіў канверты, на цётчынай жа – галоўнае месца належала балеі. Памятаю, што ў пагодныя дні я пускаў у двары летаўца, а ў слоту выдзьмухваў у хаце мыльныя бурбалкі.

Сцены ў цёткі скрозь былі завешаныя абразамі, але як бы шмат іх там ні было, зраўняцца па ліку з партрэтамі Напалеона, якімі бацька аздобіў свой пакой, яны не маглі. Быў там адзін Напалеон у Егіпце, другі – пад Ваграмам, трэці – пад Аўстэрліцам, чацверты – пад Масквою, пяты – у дзень каранацыі, шосты – у бляску славы. Калі ж цётка, абураная гэткай колькасцю свецкіх карцін, павесіла на сцяну меднае распяцце, дык бацька – як ён казаў – каб не абразіць Напалеона, купіў сабе ягоны бронзавы бюст і таксама ўсталяваў над ложкам.

– Пабачыш, недаверак, – лямантавала цётка, – за гэткія фіглі кіпець табе ў смале!

– Гэ!.. Не дасць мяне імператар у крыўду, – адказваў бацька.

Часта прыходзілі да нас старыя бацькавы прыяцелі: пан Даманьскі, таксама кур’ер, але ў Камісіі скарбу[28], і пан Рачак, у якога на Дунаі[29] была ятка з гароднінай. Гэта былі людзі простыя (пан Даманьскі нават трохі любіў анісаўку), але разважныя палітыкі. Усе, не выключаючы цёткі, самым катэгарычным чынам сцвярджалі, што хоць Напалеон І памёр у няволі, але род Банапартаў яшчэ пакажа сябе. Пасля першага Напалеона з’явіцца другі, а каб нават і той пацярпеў паразу, прыйдзе наступны, пакуль адзін за адным не ўпарадкуюць яны свет.

– Трэба заўсёды быць гатовым на першы покліч! – казаў мой бацька.

– Бо не ведаеце ані дня, ані гадзіны, – дадаваў пан Даманьскі.

А пан Рачак з люлькаю ў зубах пацвярджаў сваю згоду пляўком ажно да цётчынага пакою.

– Наплюй мне, васан, у балею, дык я табе дам!.. – крычала цётка.

– Можа, вашамосць і дасі, але я не вазьму, – прамармытаў пан Рачак, цыркаючы слінаю ў бок каміна.

– У… што за хамы гэтыя грэнадзёры! – гневалася цётка.

– Вашамосці заўсёды ўланы былі даспадобы. Ведаю, ведаю…

Пазней пан Рачак ажаніўся з маёй цёткаю…

…Жадаючы, каб я цалкам быў гатовы, калі праб’е гадзіна справядлівасці, бацька сам займаўся маёй адукацыяй.

Ён навучыў мяне чытаць, пісаць, клеіць канверты, але на першым месцы была муштроўка. Муштраваў ён мяне з самага ранняга дзяцінства, калі ў мяне яшчэ ззаду кашуля вытыркалася. Я гэта добра памятаю, бо бацька, камандуючы: “Паўабароту направа!” альбо “Левае плячо наперад – руш!”, цягнуў мяне ў адпаведным кірунку за хвост гэтае адзежыны.

Навука была па ўсіх правілах.

Не аднойчы ён будзіў мяне сярод ночы воклічам: “Да зброі!” і муштраваў, не зважаючы на цётчыны слёзы і лаянку, а на завяршэнне казаў:

– Ігнась! Заўсёды будзь гатовы, вісус, бо не ведаем мы ані дня, ані гадзіны… Памятай, што Банапартаў Бог паслаў, каб яны зрабілі на свеце парадак, і да таго часу не будзе ані парадку, ані справядлівасці, пакуль не споўніцца запавет імператара.

Не скажу, каб гэткая ж непахісная вера ў Банапартаў ды ў справядлівасць была і ў абодвух сяброў майго бацькі. Не раз пан Рачак, калі яму дапякаў боль у назе, паміж лаянкаю ды войканнем казаў:

– Гэх, стары! Ведаеш, нешта занадта доўга чакаем мы новага Напалеона. Я ўжо амаль ссівеў і здароўем падупаў, а яго як не было, гэтак і няма. Хутка зробімся мы дзядамі касцельнымі, а Напалеон ужо прыйдзе хіба паспяваць з намі на цвінтары.

– Знойдзе маладых.

– Што з тых маладых! Лепшыя яшчэ да нас сышлі ў магілу, а малодшыя – ні халеры ні вартыя. Ужо ёсць сярод іх такія, што пра Напалеона і чуць не чулі.

– Мой і чуў, і памятаць будзе, – адказваў бацька, падміргваючы мне.

Пан Даманьскі яшчэ больш падаў духам.

– Свет горшае, – казаў ён і ківаў галавою. – Харч даражэе, за кватэру ўвесь заробак садраць гатовы, нават што да анісаўкі – дык і там круцельства. Даўней вып’еш кілішак і ўжо вясёлы, а цяпер і пасля шклянкі цвярозы, нібы вады напіўся. Сам Напалеон не дачакаўся б справядлівасці.

На гэта бацька адказаў так:

– Будзе справядлівасць, нават каб і Напалеона не стала. Але і Напалеон знойдзецца.

– Не веру, – прамармытаў пан Рачак.

– А як знойдзецца, тады што? – спытаў бацька.

– Не дачакаемся мы гэтага.

– Я дачакаюся, – адказаў бацька. – А Ігнась дык пэўна што дачакаецца.

Ужо тады бацькавы словы глыбока запалі мне ў душу, а пазнейшыя падзеі надалі ім цудоўны, амаль прарочы сэнс.

Блізка 1840 году бацька занядужаў. Здаралася, што па некалькі дзён не хадзіў ён на працу і нарэшце зусім злёг.

Пан Рачак адведваў яго кожны дзень і аднаго разу, пазіраючы на ягоныя ссохлыя рукі і пажоўклы твар, ціха прамовіў:

– Гэй, стары, ужо не дачакаемся мы, хіба, Напалеона.

На што бацька спакойна адказаў:

– Я не памру, пакуль пра яго не пачую.

Пан Рачак пахітаў галавою, а цётка заплакала, мяркуючы, што бацька трызніць. Як тут было думаць што іншае, калі смерць ужо стукалася ў дзверы, а бацька яшчэ выглядаў Напалеона.

Было яму ўжо зусім блага, нават прыняў ён апошні сакрамэнт, калі праз пару дзён пан Рачак прыбег да нас нязвыкла ўзбуджаны і закрычаў на ўсю хату:

– А ведаеш, стары, знайшоўся Напалеон?![30]

– Дзе? – выгукнула цётка.

– Ды ў Францыі ж.

Бацька падхапіўся быў, але зноў апаў на падушкі. Адно толькі працягнуў ён да мяне руку і з позіркам, якога мне век не забыць, прашаптаў:

– Помні!.. Усё помні…

І памёр.

Пазней у сваім жыцці я пераканаўся, якімі прарочымі былі бацькавы словы. Усе мы бачылі ўзыход другой напалеонаўскай зоркі, якая абудзіла Італію і Венгрыю[31], і хоць закацілася яна пад Седанам[32], я не веру, што згасла назаўсёды. Што мне той Бісмарк, Гамбэта ці Бікансфільд! Несправядлівасць да тае пары будзе ўладарыць на свеце, пакуль не выгадуецца новы Напалеон.

Праз пару месяцаў пасля смерці бацькі пан Рачак і пан Даманьскі разам з цёткаю Зузанаю сабраліся на нараду, што рабіць са мною. Пан Даманьскі хацеў забраць мяне ў сваю кантору і паволі вывесці ў чыноўнікі, цётка раіла рамяство, а пан Рачак – гандаль гароднінаю. Калі ж яны запыталіся ў мяне, куды б мне хацелася, дык я адказаў: “У краму”.

– Хто ведае, ці не будзе гэта лепш за ўсё, – заўважыў пан Рачак. – А да якога купца ты б хацеў?

– Да таго на Падвалю[33], у якога ў дзвярах– палаш, а ў акне – казак.

– Ведаю, – здагадалася цётка. – Ён хоча да Мінцля[34].

– Можна паспрабаваць, – згадзіўся пан Даманьскі. – Мінцля, прынамсі, усе мы ведаем.

А пан Рачак на знак згоды цыркнуў слінаю аж да печы.

– Божа міласэрны, – заенчыла цётка, – цяпер гэты драб на мяне ўжо, хіба, пачне пляваць, як брата не стала… Вой, горкая я сірата!..

– Тае бяды! – сказаў пан Рачак. – Выходзь, вашамосць, замуж, дык і не будзеш сіратою.

– Дзе ж я знайду гэтакага дурня, каб мяне ўзяў?

– Гэ! Можа, я і сам ажаніўся б з еймосцю, бо няма каму бакі мне шмараваць, – прамармытаў пан Рачак, цяжка нахіляючыся да самае падлогі, каб выбіць попел з люлькі.

Цётка заплакала, і тады азваўся пан Даманьскі:

– Нашто тут доўгія цырымоніі. Еймосць засталася без апекі, у яго няма гаспадыні… Пабярыцеся і прыгарніце Ігнася, будзе ў вас нават дзіця. Ды і таннае дзіця, бо жыць і харчавацца будзе ў Мінцля, а з вас – толькі апратка.

– Га?.. – запытаў пан Рачак, пазіраючы на цётку.

– Ну... аддайце спачатку хлопца ў навуку, а тады… можа, і наважуся, – адказала цётка. – Я заўсёды адчувала, што марна скончу...

– Дык да Мінцля! – гукнуў пан Рачак, падымаючыся з зэдліка. – Але глядзі, вашамосць, каб не падманула мяне! – дадаў ён і паказаў цётцы кулак.

Яны з панам Даманьскім пайшлі і дзесьці гадзіны праз паўтары вярнуліся, абодва моцна зачырванелыя. Пан Рачак засопся, а пан Даманьскі ледзь трымаўся на нагах, відаць таму, што сходы ў нас былі вельмі стромкія.

– Ну што?.. – запыталася цётка.

– Новага Напалеона пасадзілі ў Прахоўню[35], – адказаў пан Даманьскі.

– Не ў прахоўню, а ў крэпасць. А-у... А-у... – удакладніў пан Рачак і шпурнуў шапку на стол.

– Але ж з хлопцам як?

– Заўтра хай ідзе да Мінцля з адзеннем і бялізнаю, – адказаў пан Даманьскі. – Не ў тую крэпасць А-у... А-у... а ў… Гам-Гам… ці Хам… я нават не ведаю…

– Звар’яцелі, п’янюгі! – крыкнула цётка, хапаючы пана Рачка за плячо.

– Толькі без фамільярнасці! – абурыўся пан Рачэк. – Пасля шлюбу будзе і фамільярнасць, а цяпер… Мусіць заўтра прыйсці да Мінцля з вопраткай і бялізнаю… Няшчасны Напалеон!..

Цётка выпхнула за дзверы пана Рачка, потым – пана Даманьскага і выкінула следам шапку.

– Прэч пайшлі, п’яніцы!

– Віват, Напалеон! – загарлаў пан Рачак, а пан Даманьскі зацягнуў:

Вандроўнік, калі ў наш бок сваё звернеш вока,

Падыдзі і падумай пра надпіс глыбока…

Падыдзі і падумай пра надпіс глыбока…

Ягоны голас паступова цішэў на сходах, нібы ён спускаўся ў студню, потым замоўк, але зноўку даляцеў да нас ужо з вуліцы. Праз момант нарабілася там нейкага шуму, а калі я выглянуў у акно, дык убачыў, што паліцыянт вядзе пана Рачка ў ратушу[36].

Гэткія вось падзеі папярэднічалі майму ўступленню ў купецкі стан.

Краму Мінцля я ведаў даўно, бо бацька пасылаў мяне туды па паперу, а цётка – па мыла. Я заўсёды бег з радаснай цікаўнасцю, каб паглядзець на цацкі, што віселі за шыбамі. Памятаю, што быў там у акне дужы казак, які скакаў і махаў рукамі, а пры дзвярах – барабан, палаш і скураны конь з сапраўдным хвастом.

У сярэдзіне крама нагадвала доўгі склеп, канца якога мне ніколі не ўдавалася разгледзець у цемры. Але я ведаў, што па перац, каву і лаўровы ліст трэба ісці налева – да прылаўка, за якім стаялі вялізныя, ад падлогі да столі, шафы з шуфлядамі. Папера, атрамант, талеркі і шклянкі прадаваліся справа, дзе за прылаўкам былі шафы з шыбамі, а па мыла і крухмал трэба кіравацца проста ў глыб крамы, дзе былі відаць дзежкі і скрыні.

Нават скляпенне было занятае. Віселі там доўгімі шэрагамі капшукі з гарчыцай ды фарбамі, вялізная лямпа з дашкам, якая зімою гарэла цэлы дзень, сетка з коркамі да пляшак, нарэшце чучала кракадзілка, даўжынёю, можа, з паўтара локця[37].

Гаспадаром крамы быў Ян Мінцаль, ружовашчокі стары з сівым касмылём на падбароддзі. З раніцы да вечара ён сядзеў пры акне ў абабітым скураю фатэлі, апрануты ў блакітны мультановы каптан і такі самы каўпак ды белы хвартух. Перад ім на стале ляжала вялізная кніга, у якую ён запісваў прыбытак, а над галавою ў яго вісела вязка дысцыплін[38], прызначаных, у асноўным, на продаж. Стары прымаў грошы, даваў гасцям рэшту, рабіў запісы ў кнігу, часам драмаў, але, нягледзячы на такую колькасць заняткаў, з  вартаю зайздрасці ўвагаю ён пільнаваў увесь гандаль у краме. А яшчэ на забаву вулічным мінакам ён час ад часу тузаў за шнурок казака, каб той скакаў у акне, і, нарэшце, што мне падабалася менш за ўсё, караў нас за розныя правіны дысцыплінаю з тае вязкі.

Я кажу нас, бо кандыдатаў на цялеснае пакаранне было трох: я і двое пляменнікаў старога – Франц і Ян Мінцлі.

Гаспадарскую пільнасць і спрыт, з якою ён ужываў нагу сарны[39], я спазнаў ужо на трэці дзень свайго бытавання ў краме.

Франц узважыў нейкай кабеціне на дзесяць грошаў разынак. Я ўбачыў, што адно каліва ўпала на прылавак (вочы ў старога якраз былі заплюшчаныя), ціхенька падняў яго і з’еў. І толькі пачаў быў выкорпваць костку, якая засела ў зубах, як адчуў на плячах нібы дотык гарачага жалеза.

– А, шэльма! – крыкнуў стары Мінцаль і, не паспеў я зразумець, што адбываецца, як ён яшчэ пару раз перацягнуў мяне дысцыплінаю з галавы да ног.

Ад болю я скруціўся ў клубок, але з таго часу ўжо ніколі не падымалася ў мяне рука ўзяць нешта ў краме і пакласці сабе ў рот. Міндаль, разынкі, нават рагалікі набылі для мяне смак перцу.

Управіўшыся са мною гэткім чынам, стары павесіў дысцыпліну назад у вязку, запісаў разынкі і з самаю спагадліваю мінаю пачаў торгаць за шнурок казака. Я глядзеў на ягоны лагодны твар з прыжмуранымі вачыма і не мог паверыць, што ў зычлівага старога настолькі цяжкая рука. І  з таго часу я іначай пачаў глядзець на казака: з сярэдзіны крамы ён падаваўся не такім пацешным, як з вуліцы.

Крама наша была бакалейна-галантарэйна-мыльная. Бакалейныя тавары адпускаў гасцям Франц Мінцаль, дзяцюк гадоў трыццаці з рудою галавой і асалавелым тварам. Ён часцей за ўсіх атрымліваў ад дзядзькі дысцыплінаю, бо курыў люльку, позна станавіўся за прылавак, часцяком не начаваў дома, а горш за ўсё – нядбайна важыў тавар. І малодшы, Ян Мінцаль, які загадваў галантарэйным аддзелам ды быў, хоць і нязграбны, вельмі далікатным, таксама даставаў дысцыпліны, але ўжо за тое, што краў каляровую паперу і пісаў на ёй лісты паненкам.

Толькі Аўгусту Кацу, працоўнае месца якога было пры мыле, ніколі не патрабаваўся суровы напамін. Мізэрны гэты чалавечак вызначаўся надзвычайнай пунктуальнасцю. Ён раней за ўсіх прыходзіў на працу і, як аўтамат, кроіў мыла ды важыў крухмал, еў што дадуць у самым цёмным кутку крамы, нібы саромеючыся, што мае людскія патрэбы. Увечары а дзявятай ён некуды знікаў.

У гэтым атачэнні прайшлі восем гадоў майго жыцця, з якіх кожны дзень быў падобны да ўсіх іншых дзён, як кропля восеньскага дажджу – да іншых кропляў восеньскага дажджу. Уставаў я рана, а пятай, мыўся і падмятаў краму. А шостай адчыняў галоўныя дзверы, а таксама аканіцы. У гэты момант аднекуль з вуліцы з’яўляўся Аўгуст Кац. Ён здымаў сурдут, накладаў фартух і моўчкі станавіўся паміж бочкаю мыла шэрага і калонаю, выкладзенай з брускоў мыла жоўтага. Потым праз дзверы з падворка ўбягаў стары Мінцаль з мармытаннем: “Morgen!” Ён папраўляў каўпак, даставаў з шуфляды кнігу, уладкоўваўся ў фатэль і пару разоў шморгаў за шнурок казака. Толькі пасля яго прыходзіў Ян Мінцаль і, пацалаваўшы дзядзьку ў руку, станавіўся за свой прылавак, на якім улетку біў мух, а ўзімку круціў пальцам ці кулаком нейкія фігуры.

Франца ў краму звычайна даводзілася клікаць. Ён уваходзіў з заспанымі вачыма, пазяхаючы, абыякава цалаваў дзядзьку ў плячо і потым цэлы дзень чухаў патыліцу, што магло азначаць моцную санлівасць або вялікія клопаты. Амаль не было ранка, каб дзядзька не крывіўся, гледзячы на яго манеўры, і не пытаўся:

– Ну… дзе гэта ты, шэльма, лётаў?

Тым часам вуліца абуджалася, і за шыбамі крамы сноўдалася ўсё больш мінакоў. То служанка, то дрывасек, то еймосць у каптуры, то рассыльны ад шаўца, то ягамосць у канфедэратцы ішлі ў адзін і ў другі бок, як фігуры ў рухомай панараме. Пасярэдзіне вуліцы цягнуліся павозкі, бочкі, брычкі – туды і назад… Усё больш людзей, усё больш павозак, аж нарэшце ўтваралася суцэльная вулічная плынь, з якой кожную хвіліну нехта збочваў да нас па справунках.

– Перцу на тры грошы…

– Фунт[40] кавы, калі ласка…

– Папрашу ў пана рысу…

– Паўфунта мыла…

– На грош лаўровага лісту…

Паступова ў краме рабілася людна, у большасці ішла прыслуга ды бедна апранутыя гаспадыні. Тады Франц Мінцаль моршчыўся найболей. Ён адчыняў і зачыняў шуфляды, закручваў тавар у шэрую паперу, узбягаў па драбінцы, ізноў пакаваў – і ўсё гэта са скрушліваю мінай чалавека, якому не даюць прадыхнуць. Нарэшце збіралася такая колькасць пакупнікоў, што і Ян Мінцаль, і я мусілі дапамагаць Францу.

Стары рабіў запісы і даваў рэшту, раз-пораз прыстаўляючы палец да свайго белага каўпака, блакітны кутасік якога матляўся ў яго над вокам. Часам ён тузаў казака, а іншым разам з хуткасцю бліскавіцы хапаў дысцыпліну ды апярэзваў каго з пляменнікаў. Вельмі рэдка я мог зразумець, за што, а самі пляменнікі надта неахвотна тлумачылі мне выбухі ягонага гневу.

Блізу восьмае наплыў пакупнікоў змяншаўся. Тады з глыбіні крамы з’яўлялася тоўстая служанка з кошыкам булак і кубкамі (Франц паварочваўся да яе спінаю), а за ёю – маці нашага гаспадара, дробная бабуля ў жоўтай сукенцы, у вялізным каптуры на галаве і са збанком кавы ў руках. Яна ставіла на стол сваю пасудзіну, казала старэчым голасам: “Gut Morgen, meine Kinder! DerKaffe ist schon fertig…”[41] – і пачынала наліваць каву ў белыя фаянсавыя кубкі.

Да яе падыходзіў стары Мінцаль і цалаваў у руку са словамі: “Gut Morgen, meine Mutter!”[42]

Пасля гэтага ён атрымліваў кубак кавы і тры булкі.

Потым падыходзілі Франц Мінцаль, Ян Мінцаль, Аўгуст Кац і апошні – я. Кожны цалаваў старой сухую руку, пакрэсленую блакітнымі жылкамі, кожны казаў: “Gut Morgen, Grossmuter!”[43] – і атрымліваў свой кубак кавы ды тры булкі.

Калі мы спехам выпівалі каву, служанка забірала пусты кош і брудныя кубкі, а старая – свой збанок, і абедзве знікалі.

За акном па-ранейшаму цягнуліся павозкі і рухалася ў два бакі людская плынь, ад якой кожную хвіліну нехта адрываўся і заходзіў у нашую краму.

– Калі ласка, крухмалу…

– Папрашу міндалю на дзесяць грошаў…

– Лукрэцыі на грош…

– Шэрага мыла…

Бліжэй да поўдня запавольваўся рух ля бакалейнага прылаўка, затое ўсё часцей з’яўляліся пакупнікі на правым боку крамы, у Яна. Тут куплялі міскі, шклянкі, прасы, млынкі, лялькі, а часам вялікія парасоны, блакітныя або пунсовыя. Пакупнікі, кабеты і мужчыны, былі прыгожа апранутыя, яны рассаджваліся на крэслах, загадвалі паказваць ім шмат розных рэчаў, спрачаліся пра кошт і патрабавалі паказваць іншае.

Памятаю, што калі на левым боку крамы мне даводзілася папацець ад беганіны ды запакоўвання тавараў, дык на правым – найбольшым клопатам было даўмецца: чаго той ці іншы пакупнік сапраўды жадае і ці купіць ён гэта? Аднак і тут шмат прадавалася, дзённы даход ад галантарэі быў нават у некалькі разоў большы, чым ад бакалеі ды мыла.

Стары Мінцаль і ў нядзелю прыходзіў у краму. Раніцай ён маліўся, а апоўдні загадваў мне ісці да яго на своеасаблівы ўрок.

Sag mir – скажы мне: was ist das? – што гэта ёсць?[44]Das ist Schublade – гэта ёсць шуфляда. Паглядзі, што ляжыць у шуфлядзе. Es ist Zimmt – гэта цынамон. Для чаго патрабуецца цынамон? Для супу, для дэсерту патрабуецца цынамон. Чым ёсць цынамон? Гэта такі кара з аднаго дрэва. Дзе жыве такі дрэва – цынамон? У Індыі жыве такі дрэва. Глядзі на глобус – тут знаходзяцца Індыі. Дай мне на дзесяць грошаў цынамону… O, du Spitzbub!.. Я дам табе дзесяць разоў дысцыпліна, дык будзеш ведаць, колькі прадаць на дзесяць грошай цынамон…

Гэткім чынам праходзілі мы кожную шуфляду ў краме і гісторыю кожнага тавару. А калі Мінцаль не надта стамляўся, дык ён яшчэ загадваў мне рашаць арыфметычныя задачкі, вучыў бухгалтэрыі або пісаць лісты па справах крамы.

Мінцаль быў надзвычай акуратны, ён не мог трываць пылу, і сам выціраў яго з кожнае дробнае рэчы. Адных толькі дысцыплін ніколі не трэба было выціраць, дзякуючы нашым нядзельным урокам бухгалтэрыі, геаграфіі ды таваразнаўства.

Паступова за некалькі гадоў мы так з ім зжыліся, што стары Мінцаль не мог ужо без мяне абысціся, а я нават ягоныя дысцыпліны стаў лічыць нечым належным да сямейных стасункаў. Памятаю, як я не знаходзіў сабе месца ад роспачы, калі аднойчы сапсаваў дарагі самавар, а стары Мінцаль, замест таго, каб схапіцца за дысцыпліну, прамовіў толькі:

– Што ты зрабіла, Ігнац?.. Што ты зрабіла!..

Лепш бы я атрымаў лупцоўкі ўсімі ягонымі дысцыплінамі, абы не чуць мне таго дрыготкага голасу і не бачыць спалоханага позірку гаспадара.

Абедалі мы звычайна ў краме, спачатку абодва маладыя Мінцлі і Аўгуст Кац, а пазней – я і гаспадар. На святы ўсе мы збіраліся наверсе і сядалі пры адным стале. На кожныя Каляды Мінцаль даваў нам падарункі, а яго маці ў вялікай таямніцы ўпрыгожвала для нас (і для свайго сына) ялінку. Нарэшце ў першы дзень кожнага месяца ўсе мы атрымлівалі заробак (мне належала 10 злотых). З гэтае нагоды кожны з нас – я, Кац, абодва пляменнікі і прыслуга – павінен быў пахваліцца, колькі каму ўдалося зэканоміць. Тое, што нехта не ашчаджае, то бок не адкладае кожны дзень хоць адзін-два грошы, было ў вачах Мінцля гэткім жа злачынствам, як і крадзеж. Я памятаю, як у нашай краме без затрымкі прамільгнула некалькі крамнікаў і некалькі вучняў, якіх гаспадар вытурыў толькі за тое, што яны не ашчаджалі грошай. Дзень, калі гэта высвятлялася, быў апошнім днём іх знаходжання ў краме. Не дапамаглі ані абяцанкі, ані просьбы, ані цалаванне рук з паданнем яму ў ногі. Стары нерухома сядзеў у фатэлі, не слухаў іхныя жальбы, а толькі паказваў пальцам на дзверы і паўтараў адно слова: fort! fort!..[45] Прынцып гэты – ашчаджання грошай – ужо зрабіўся ў яго хваравітым дзівацтвам.

У гэтага добрага чалавека была адна загана і вось якая – ён ненавідзеў Напалеона. Сам яго ніколі не згадваў, але варта было яму пачуць прозвішча Банапарта, як ён рабіўся нібы шалёны – твар яго сінеў, ён пляваўся і крычаў: шэльма! szpitzbub! разбойнік!..

Калі я ўпершыню пачуў тую брыдкую лаянку, дык ледзь не самлеў. Хацеў ужо сказаць старому нейкую дзёрзкасць і ўцячы да пана Рачка, які ажаніўся з маёй цёткаю, ды раптам прыкмеціў, як Ян Мінцаль з-пад рукі шэпча штось Кацу і строіць яму міны. Я прыслухаўся і… вось што казаў Ян:

– Вярзе стары, вярзе! Напалеон быў хват, хоць бы таму, што гіцляў швабаў прагнаў. Ці не праўда, Кац?

Аўгуст Кац толькі прымружыў вочы і працягваў кроіць мыла.

Ад здзіўлення я аслупянеў, але з гэтае хвіліны моцна палюбіў Яна Мінцля і Аўгуста Каца. З часам я пераканаўся, што ў нашай малой краме існуюць ажно дзве вялікія групоўкі, з якіх адна, што складалася са старога Мінцля і ягонай маці, вельмі любіла немцаў, а другая – з маладых Мінцляў і Каца – ненавідзела іх. Наколькі памятаю, адзін я заставаўся нейтральны.

У 1846 годзе дайшлі да нас весткі пра тое, што Людовік Напалеон уцёк з вязніцы[46]. Гэта быў адметны для мяне год, бо я стаў крамнікам, а наш гаспадар, стары Ян Мінцаль, скончыў жыццё пры досыць дзіўных акалічнасцях.

У той год гандаль у нашай краме крыху аслаб, ці то з прычыны агульнага неспакою[47], ці таму, што наш гаспадар занадта часта і занадта гучна лаяў Людовіка Напалеона, але людзі пачалі нас абмінаць, і нават нехта (можа, Кац?) аднойчы разбіў нам шыбу.

Але гэты выпадак, замест таго, каб зусім адвярнуць ад нас публіку, наадварот, прывабіў яе ў краму, і цэлы тыдзень абароты ў нас былі вялікія як ніколі, аж нам зайздросцілі суседзі. Праз тыдзень, аднак, штучнае ажыўленне спала, і крама зноў амаль апусцела.

Раз увечары, калі гаспадара не было ў краме, што ўжо само па сабе было фактам незвычайным, уляцеў нам праз шыбу другі камень. Спалоханыя Мінцлі пабеглі наверх шукаць дзядзьку, Кац выскачыў на вуліцу лавіць злачынцу, а потым з’явіліся два паліцыянты, якія цягнулі за сабою… Каго б вы думалі?.. Не каго іншага як нашага гаспадара, з абвінавачваннем, што гэта ён разбіў шыбу зараз, ды, напэўна, і раней…

Дарэмна стары адмаўляўся, бо бачылі, як ён замахваўся, ды і яшчэ адзін камень знайшлі ў яго… Пайшоў небарак у ратушу.

Справу пасля доўгага тлумачэння і апраўданняў, вядома, спынілі, але стары з таго часу надта затужыў і пачаў занепадаць. І аднаго дня ён сеў у свой фатэль пад вакном, каб ужо не падняцца з яго. Так ён і памёр з барадою на гандлёвай кнізе ды са шнурком у руцэ, якім прыводзіў у рух казака.

Некалькі гадоў пасля смерці дзядзькі пляменнікі разам гаспадарылі ў краме на Падвалю, і толькі дзесьці ў 1850 годзе яны падзяліліся: Франц застаўся на месцы з бакалейнымі таварамі, а Ян – з галантарэяй ды мылам – перабраўся на Кракаўскае прадмесце, сюды, дзе мы зараз. Праз колькі гадоў Ян ажаніўся з прыгожаю Малгажатаю Пфайфер, а яна (няхай спачывае ў спакоі), калі аўдавела, аддала сваю руку Стасю Вакульскаму, які атрымаў такім чынам у спадчыну ўсё напрацаванае двума пакаленнямі Мінцляў.

Маці нашага гаспадара жыла яшчэ доўга. Калі ў 1853 годзе я вярнуўся з-за мяжы і пабачыў яе, дык пачувалася яна досыць добра. Як і раней, спускалася яна раніцаю ў краму, як і раней, казала: “Gut Morgen, meine Kinder! Der Kaffe ist schon fertig…” Толькі голас яе з году на год рабіўся ўсё больш ціхі, пакуль нарэшце не сціх навек.

У мой час гаспадар быў бацька і настаўнік сваім практыкантам і дбайны слуга краме, яго маці або жонка былі гаспадынямі, а ўсе сямейнікі – працаўнікамі. Цяпер гаспадар адно толькі хоча атрымліваць прыбытак з гандлю, рэдка калі ім цікавіцца і найбольш клапоціцца пра тое, каб ягоныя дзеці не парабіліся купцамі. Я тут не кажу пра Стася Вакульскага, у яго шчырыя намеры, а толькі ўвогуле разважаю, што купец мусіць сядзець у краме і сам гадаваць сабе працаўнікоў, калі хоча мець прыстойных.

Ходзяць чуткі, што Андрашы[48] запатрабавалі шэсцьдзесят мільёнаў гульдэнаў на непрадбачаныя выдаткі. Дык і Аўстрыя ўзбройваецца, а Стась тым часам піша мне, што вайны не будзе. Але ж ён ніколі не быў фанфаронам, дык, відаць, надта заангажваны ў палітыку, вось і сядзіць у Балгарыі, а не з любові да гандлю…

Цікава мне ведаць, што ён зробіць! Цікава!..

IV. ВЯРТАННЕ

Нядзеля, паскудны сакавіцкі дзень. Хутка поўдзень, але вуліцы Варшавы амаль пустыя. Людзі не выходзяць з дому або туляцца ў брамах, або ўцякаюць, згорбленыя, бо сячэ касы дождж са снегам. Амаль не чутно туркатання брычак, бо і брычкі стаяць. Фурманы злазяць з козлаў і хаваюцца пад падняты верх сваіх павозак, а мокрыя ад дажджу і закіданыя снегам коні выглядаюць так, нібы прагнуць схавацца пад дышаль і накрыцца ўласнымі вушамі.

Непагадзь не шкодзіць, а можа, нават спрыяе, што ў сваім закратаваным пакоі пан Ігнацы сядзіць вельмі вясёлы. Справы ў краме ідуць цудоўна, вітрыны на наступны тыдзень ужо гатовыя, а галоўнае, днямі павінен вярнуцца Вакульскі. Нарэшце пан Ігнацы здасць некаму рахункі ды ўсе клопаты кіравання крамаю і не пазней як праз два месяцы паедзе на вакацыі. За дваццаць пяць гадоў працы – ды яшчэ якой! – заслужыў ён гэты адпачынак. Будзе тады разважаць толькі пра палітыку, будзе хадзіць, будзе бегаць і скакаць па палях і лясах, будзе свістаць і нават спяваць, як у маладосці. Калі б не гэты рэўматызм… зрэшты, у вёсцы боль сунімецца…

І хоць у закратаваныя вокны б’е дождж са снегам, хоць ад непагадзі ў пакоі сярод дня пануе змрок, у душы пана Ігнацы – вясна. Ён дастае з-пад ложка гітару, настройвае яе і, узяўшы некалькі акордаў, зацягвае гугнявым голасам вельмі рамантычную песню.

Вясна абуджаецца ў нашым краі,

Салоўкі ёй песнямі служаць;

У гаю зялёным, каля ручаю

Квітнеюць дзве пекныя ружы.

Гэтыя чароўныя гукі абуджаюць пудзеля, які спаў на канапе, і ён пачынае адным сваім вокам прыглядацца да гаспадара. Гукі гэтыя маюць яшчэ большую моц, бо яны выклікаюць нейкі вялізны цень на падворку, які паўстае ў закратаваным акне і стараецца зазірнуць у сярэдзіну пакоя, чым звяртае на сябе ўвагу пана Ігнацы.

“Так. Гэта, мусіць, Павел,” – думае пан Ігнацы.

Але Ір мяркуе іначай, бо ён саскоквае з канапы і занепакоена прынюхваецца, нібы чуе за дзвярыма каго чужога.

Чуваць шоргат у сенцах. Нечыя рука намацвае клямку, нарэшце адчыняюцца дзверы і на парозе з’яўляецца нехта ў доўгім футры, зацярушаным снегам і мокрым ад дажджу.

– Хто ж гэта? – пытаецца пан Ігнацы, і твар яго моцна чырванее.

– Ці ты ўжо забыў мяне, стары?.. – ціха і павольна адказвае госць.

Пан Ігнацы бянтэжыцца яшчэ болей. Ён уладкоўвае на нос пенснэ, якое адразу спадае, потым выцягвае з-пад ложка падобны да труны футарал, спехам хавае туды гітару і кладзе на свой ложак.

Тым часам госць ужо зняў сваё доўгае футра і авечую шапку, а аднавокі Ір, абнюхаўшы яго, пачынае махаць хвастом, лашчыцца і з радасным скавытаннем церціся яму аб ногі.

Пан Ігнацы падыходзіць да госця ўзрушаны і згорблены больш, чым калі.

– Здаецца мне... – кажа ён, паціраючы рукі, – здаецца мне, што маю прыемнасць…

Потым вядзе госця да вакна, прыглядаецца міргаючы…

– Стась… Божа мілы!..

Б’е яго ў шырокія грудзі, паціскае яму і правую, і левую руку, і, нарэшце, паклаўшы на яго стрыжаную галаву далонь, ён выконвае такі рух, нібы хацеў бы ўцерці яму мазь у цемя.

– Ха-ха-ха! – смяецца пан Ігнацы. – Стась уласнаю персонаю… Стась з вайны!.. Што ж гэта, толькі зараз успомніў, што маеш краму і сяброў? – кажа ён і дае таму кухталя. – Хай мяне д’яблы забяруць, калі не падобны ты да жаўнера ці да марака, а зусім не да купца… Восем месяцаў не быў у краме!.. Якія грудзі… які лоб…

Госць таксама смяяўся. Ён абняў Ігнацы і некалькі разоў горача пацалаваў яго ў абедзве шчакі, якія стары крамнік па чарзе падстаўляў яму, сам, аднак, не адказваючы пацалункамі.

– Ну, што ў цябе чуваць, стары? – запытаўся госць. – Схуднеў, збляднеў…

– Наадварот, трохі раздабрэў.

– Пасівеў… Як жа ты?

– Цудоўна. І ў краме справы някепскія, трохі павялічыліся ў нас абароты. У студзені і лютым нагандлявалі мы на дваццаць пяць тысяч рублёў… Стась каханы!.. Восем месяцаў не было яго дома… Драбяза… Можа, сядзеш?

– Вядома, – адказаў госць, уладкоўваючыся на канапе, на якую адразу ж ускочыў Ір і паклаў галаву яму на калені.

Пан Ігнацы падсунуў сабе крэсла.

– Можа з’ясі чаго? У мяне ёсць шынка і трохі ікры.

– Хіба так.

– Можа, вып’еш? У мяне ёсць пляшка някепскага венгерскага, але толькі адзін цэлы кілішак.

– Буду піць са шклянкі, – адказаў госць.

Пан Ігнацы затупаў па пакоі, па чарзе адчыняючы шафу, куфэрак і шуфлядкі.

Дастаў віно і схаваў яго назад, потым паклаў на стол шынку і некалькі булак. Рукі і павекі ў яго дрыжалі, і мінула досыць часу, пакуль ён супакоіўся настолькі, каб сабраць разам папярэдне пералічаныя запасы. Толькі кілішак віна вярнуў яму душэўную раўнавагу, якая моцна было пахіснулася.

Вакульскі тым часам еў.

– Ну, што новага? – сказаў ужо спакайней пан Ігнацы, торгаючы госця ў калена.

– Як я разумею, ты пра палітыку? – перапытаў Вакульскі. – Будзе мір.

– А навошта ўзбройваецца Аўстрыя?

– Узбройваецца за шэсцьдзясят мільёнаў гульдэнаў?.. Хоча захапіць Боснію і Герцагавіну.

Ігнацы вырачыў вочы.

– Аўстрыя хоча захапіць?.. – паўтарыў ён. – Чаму?..

– Чаму? – усміхнуўся Вакульскі. – Таму што Турцыя не можа ёй гэтага забараніць.

– А што ж Англія?

– Англія таксама атрымае кампенсацыю.

– За кошт Турцыі?

– Вядома. Слабейшыя заўсёды расплочваюцца за канфлікты паміж моцнымі.

– А справядлівасць? – выбухнуў Ігнацы.

– Справядлівасць у тым, што моцныя яшчэ больш убіраюцца ў сілу і растуць, а слабыя гінуць. Іначай свет ператварыўся б у інвалідны дом, што, уласна, і было б несправядлівасцю.

Ігнацы пасунуўся разам з крэслам.

– І гэта кажаш ты, Стасю?.. Сур’ёзна, без жартаў?

Вакульскі спакойна паглядзеў на яго.

– Я кажу. Што ж у гэтым дзіўнага? Ці ж не тое самае права стасуецца да мяне, да цябе, да нас усіх?.. Занадта шмат плакаў я па сабе, каб расчульвацца па Турцыі.

Пан Ігнацы апусціў вочы і змоўк. Вакульскі еў.

– Ну, а як твае справы? – запытаў Жэцкі ўжо звычайным тонам.

У Вакульскага бліснулі вочы. Ён паклаў булку і абапёрся на парэнчу канапы.

– Памятаеш, – сказаў ён, – колькі я ўзяў грошай, калі з’язджаў адсюль?

– Трыццаць тысяч рублёў, усю гатоўку.

– А як мяркуеш: колькі я прывёз?

– Пяцьдзя… тысяч сорак… Адгадаў?.. – спытаў Жэцкі, няўпэўнена пазіраючы на яго.

Вакульскі наліў сабе шклянку віна і павольна выпіў.

– Дзвесце пяцьдзясят тысяч рублёў, пры гэтым вялікая частка ў золаце, – адказаў ён цвёрда. – І гэта не ўсё, бо я распарадзіўся купляць каштоўныя паперы, якія пасля заключэння міру прадам, дык буду мець яшчэ трыста тысяч рублёў…

Жэцкі нахіліўся да яго і хацеў было нешта сказаць.

– Не бойся, – працягваў Вакульскі. – Капейчыну гэту я зарабіў сумленна, нават цяжка і вельмі цяжка. Увесь сакрэт у тым, што меў я багатага кампаньёна і задавальняўся ў чатыры, у пяць разоў меншым зыскам, чым іншыя. Дык мой капітал пастаянна рос і быў у няспынным руху. Ну і, – дадаў ён праз хвіліну, – мне, да таго ж, шалёна шанцавала… Як гульцу, якому дзесяць раз запар выпадае той сам нумар у рулетцы. Гульня на вялікія грошы?.. Амаль кожны месяц я рызыкаваў усім, што меў, і кожны дзень – жыццём.

– І толькі дзеля гэтага ты ездзіў туды? – запытаўся Ігнацы.

Вакульскі зірнуў на яго іранічна.

– А ты хацеў, каб я стаў турэцкім Валенродам[49]?..

– Рызыкаваць дзеля маёнтка, калі маеш забяспечаны кавалак хлеба!.. – прамармытаў пан Ігнацы, ківаючы галавою і падымаючы бровы.

Вакульскага перасмыкнула ад гневу, і ён сарваўся з канапы.

– Гэтым забяспечаным хлебам, – казаў ён, сціскаючы кулакі, – я душыўся шэсць гадоў!.. Ці ты ўжо не памятаеш, колькі разоў на дзень нагадвалі мне пра два пакаленні Мінцляў або пра анёльскую дабрыню маёй жонкі? Ці быў хто, апроч цябе, сярод больш ці менш знаёмых мне людзей, хто не абражаў бы мяне словам, рухам ці хоць бы позіркам? Колькі раз казалі пра мяне, і ледзьве не мне самому ў вочы, што я жыву з жончынай ласкі, што ўсё маю дзякуючы працы Мінцляў, і нічога – але ж нічога! – дзякуючы ўласнай энергіі, хоць гэта я адратаваў тую крамку, падвоіў яе даходы…

Мінцлі, адны Мінцлі!.. Сёння няхай параўнаюць мяне з Мінцлямі. Сам, адзін, за паўгода я зарабіў у дзесяць разоў больш, чым два пакаленні Мінцляў за паўстагоддзя. Каб здабыць тое, што я здабыў паміж куляю, нажом ды тыфам, тысяча Мінцляў мусіла пацець у сваіх крамках і каўпаках. Цяпер я ўжо ведаю, колькіх Мінцляў я варты, і Богам клянуся, дзеля такога выніку і другі раз згуляў бы ў гэтую гульню! Лепш буду рызыкаваць банкруцтвам і жыццём, чым рассыпацца ў падзяках перад тымі, хто купляе ў мяне парасоны, або кідацца ў ногі за тое, што нехта мае ласку набываць у маёй краме ватэрклазеты…

– Такі, як і быў заўсёды! – ціха прамовіў Ігнацы.

Вакульскі схамянуўся. Ён узяў Ігнацы за плячо і, зазіраючы яму ў вочы, лагодна спытаў:

– Не гневаешся, стары?

– За што? Хіба я не ведаю, што воўк не будзе пільнаваць авечак… Вядома…

– Што ж у вас чуваць? Апавядзі мне.

– Акурат тое, што я пісаў табе ў рапартах. Справы ідуць добра, тавараў стала больш і яшчэ больш замоўлена. Трэба яшчэ аднаго крамніка.

– Возьмем дваіх, краму пашырым, будзе цудоўная.

– Драбяза!

Вакульскі скасавурыўся на яго і ўсміхнуўся, бо ўбачыў, што да старога вярнуўся добры настрой.

– А што ў горадзе чуваць? У краме, пакуль ты на месцы, усё будзе добра.

– У горадзе...

– Нікога з даўніх пакупнікоў мы не страцілі? – перапыніў яго Вакульскі і хутчэй захадзіў па пакоі.

– Нікога! Новыя з’явіліся.

– А… а…

Вакульскі спыніўся, нібы вагаючыся. Наліў зноў шклянку віна і выпіў яе адным махам.

– А Ленцкі купляе ў нас?..

– Часцей бярэ ў крэдыт.

– Дык бярэ... – тут Вакульскі з палёгкаю ўздыхнуў. – Як у яго справы?

– Здаецца, ён скончаны банкрут, хіба, нарэшце, пойдзе з аўкцыёну сёлета яго камяніца.

Вакульскі схіліўся над канапаю і пачаў бавіцца з Ірам.

– Бач ты… А панна Ленцкая замуж не выйшла?

– Не.

– І не выходзіць?

– Моцна сумняюся. Хто зараз ажэніцца з паннаю, у якой гэткія вымаганні і ніякага пасагу? Састарэе, хоць і прыгожая. Вядома…

Вакульскі ўстаў і пацягнуўся. На ягоным суровым твары з’явіўся дзіўны выраз расчуленасці.

– Стары, мой ты каханы! – сказаў ён і ўзяў Ігнацы за руку, – мой добры стары дружа! Ты нават не здагадваешся, які я шчаслівы, што бачу цябе, ды яшчэ ў гэтым пакоі. Памятаеш, колькі я прабавіў тут вечароў і начэй… як ты карміў мяне… як аддаваў мне лепшае з свайго адзення… Памятаеш?

Жэцкі ўважліва паглядзеў на яго і падумаў, што віно, мусіць, было добрае, што аж так развязала язык Вакульскаму.

Вакульскі сеў на канапу і, абапёршыся галавою аб сцяну, гаварыў, нібы сам сабе:

– Ты не ўяўляеш, што я выцерпеў, здалёк ад усіх, няпэўны, ці ўбачу ўжо каго, так страшэнна самотны. Бо бачыш, найгоршая самотнасць не тая, што вакол чалавека, а пустка ў ім самім, калі не забраў ён з сабою з роднага краю ані цёплага позірку, ані сардэчнага слоўца, ані нават іскрынкі надзеі…

Пан Ігнацы паварушыўся на крэсле з намерам запратэставаць.

– Дазволь табе нагадаць, – сказаў ён, – што напачатку пісаў я лісты вельмі зычлівыя, сапраўды, можа, нават занадта сентыментальныя. Але твае кароткія адказы расчаравалі мяне.

– Ці ж я на цябе наракаю?

– Не можаш наракаць і на іншых працаўнікоў, бо яны не ведаюць цябе, як я.

Вакульскі спахапіўся.

– Але ж я да ніводнага з іх не маю прэтэнзій. Хіба, крыху, да цябе, што так мала пісаў мне пра… горад… У дадатак на пошце вельмі часта губляўся “Кур’ер[50], навіны даходзілі з вялікімі перапынкамі, і тады мучылі мяне найгоршыя прадчуванні.

– Чаму гэта? У нас жа вайны не было, – здзівіўся пан Ігнацы.

– Так!.. Вы нават добра бавіліся. Памятаю, у снежні былі ў вас тут цудоўныя жывыя карціны[51]. Хто гэта там выступаў?..

– Ну, я не хаджу глядзець на такія глупствы.

– Гэта праўда. А я ў той дзень не пашкадаваў бы, бадай, і дзесяці тысяч рублёў, каб іх убачыць. Яшчэ большае глупства!.. Ці не так?..

– Напэўна, хоць гэта хутчэй ад самотнасці, ад нуды…

– А можа, ад тугі, – перарваў Вакульскі. – Яна атручвала мне кожную хвіліну, вольную ад працы, кожную гадзіну адпачынку. Налі мне віна, Ігнацы.

Ён выпіў, ізноў захадзіў па пакоі і загаварыў прыцішаным голасам:

– Першы раз напала гэта на мяне падчас пераправы праз Дунай, якая зацягнулася з вечара да позняе ночы. Я плыў адзін з цыганом-перавозчыкам. Няможна было размаўляць, дык я аглядаў наваколле. Былі ў тых мясцінах такія ж, як у нас, пясчаныя бераг і дрэвы, падобныя да нашых вербаў, і ўзгоркі, парослыя ляшчынаю, і хвойнікі. На хвіліну мне здалося, што я на радзіме, і што яшчэ да ночы сустрэнуся з вамі. Ноч настала, зніклі і берагі. Я быў адзін сярод бясконцае стужкі вады, у якой адбіваліся ніклыя зоркі.

Тады раптам адчуў, як далёка я ад дому, што адны толькі гэтыя зоркі і звязваюць мяне з вамі, што ў гэты момант, можа, ніхто і не глядзіць на іх, ніхто пра мяне не памятае, ніхто!.. Адчуў я тады нейкую нібы адчужанасць і зразумеў, якая глыбокая рана ў мяне на душы.

– Гэта праўда, ніколі не цікавілі мяне зоркі, – ціха прамовіў пан Ігнацы.

– З таго дня пачалася ў мяне дзіўная хвароба, – казаў Вакульскі. – Пакуль я пісаў лісты, рабіў падлікі, прымаў тавары, рассылаў сваіх агентаў, пакуль ледзьве не на сабе выцягваў ды разгружаў паламаныя вазы або пільнаваў іх ад рабаўнікоў, меў адносны спакой. Але варта было спыніцца і на нейкую хвіліну адкласці пяро, як адчуваў боль, нібы мне – ці ты разумееш, Ігнацы? – нібы мне пясчынка трапіла ў сэрца. Бывала, хаджу, ем, размаўляю, разважаю цалкам разумна, аглядаю маляўнічы краявід, нават смяюся, і нават мне весела, а між тым адчуваю нейкае тупое паколванне, нейкае трымценне, нейкую няясную трывогу.

У гэтым хранічным стане, які мучыў мяне так, што і не перадаць, любая драбяза раздзімала буру. Дрэва знаёмага выгляду, нейкі лысы пагорак, колер воблака, палёт птушкі, нават павеў ветру без ніякае, зрэшты, прычыны абуджалі ўва мне такую шалёную роспач, што я ўцякаў ад людзей. Шукаў тады бязлюднага кутка, дзе б ніхто мяне не пачуў, дзе б мог я ўпасці на зямлю і выць ад болю, як сабака.

Бывала, што падчас гэтых уцёкаў ад самога сябе я не заўважаў, як надыходзіла ноч. Тады з-за кустоў, з-за паваленых дрэваў, з ямаў пачыналі лезці нейкія шэрыя цені і тужліва ківалі галовамі з выцвілымі вачыма. А шолах лістоты, далёкае тарахценне павозак, шум вады зліваліся ў адзін жаласны голас, які пытаўся: “Падарожны наш! Ах, што сталася з табою?..”[52]

Ах, што са мною сталася…

– Нічога не разумею, – спыніў яго Ігнацы. – Што ж гэта за насланнё?

– Што?.. Туга.

– Па чым?

Вакульскі здрыгануўся.

– Па чым? Ну… па ўсім… па радзіме…

– Чаму ж не вяртаўся?

– А навошта мне было вяртацца?.. Зрэшты, я не мог.

– Не мог? – паўтарыў Ігнацы.

– Не мог… і баста! Не было чаго мне вяртацца, – нецярпліва адказаў Вакульскі. – Памерці тут ці там, усё адно… дай мне віна, – раптам скончыў ён і працягнуў руку.

Жэцкі паглядзеў на ягоны ўзбуджаны твар і адсунуў пляшку.

– Хопіць, – сказаў ён, – ты і так занадта ўсхадзіўся…

– Таму я і хачу піць…

– Таму ты і не павінен піць, – спыніў яго Ігнацы. – Зашмат гаворыш… можа нават больш, чым хацеў бы, – дадаў ён са значэннем.

Вакульскі апусціў руку. Ён задумаўся і сказаў, ківаючы галавою:

– Памыляешся.

– Зараз я табе давяду, – адказаў Ігнацы прыглушаным голасам. – Ты ездзіў туды не толькі дзеля грошай…

– Сапраўды, – згадзіўся Вакульскі пасля паўзы.

– Бо навошта трыста тысяч рублёў табе, якому хапала тысячы на год?..

– Гэта праўда.

Жэцкі нахіліўся яму да вуха.

– Яшчэ я табе скажу, грошы гэтыя ты прывёз не дзеля сябе…

– Хто ведае, можа, ты і здагадаўся.

– Я здагадваюся больш, чым ты думаеш…

Вакульскі нечакана зарагатаў.

– Ага, гэтак мяркуеш? – выгукнуў ён. – Запэўніваю цябе, што нічога ты не ведаеш, стары рамантык.

– Палохае мяне твая цвярозасць, пад уплывам якое ты гаворыш як вар’ят. Разумееш мяне, Стасю?..

Вакульскі рагатаў.

– Твая праўда, не прызвычаіўся я піць, і віно дало мне ў галаву. Але я не з’ехаў з глузду. Скажу табе толькі, што ты моцна памыляешся. А зараз выратуй мяне, каб я зусім не ўпіўся, і выпі сам – за поспех у маіх намерах…

Ігнацы наліў кілішак і, моцна паціскаючы руку Вакульскаму, сказаў:

– За поспех у вялікіх намерах…

– Вялікіх для мяне, але насамрэч вельмі сціплых.

– Няхай і так, – згадзіўся Ігнацы. – Я ўжо такі стары, што мне лепей нічога не ведаць. Я ўжо нават такі стары, што прагну толькі аднаго – прыгожае смерці. Дай мне слова, што калі прыйдзе час, ты паведаміш мне…

– Так, калі прыйдзе час, будзеш маім сватам.

– Ужо быў і не пашчасціла... – сказаў Ігнацы.

– З удавою сем гадоў таму?

– Пятнаццаць гадоў таму[53].

– Ізноў за сваё, – засмяяўся Вакульскі. – Такі, як заўсёды!

– І ты такі самы. За поспех у тваіх намерах… Якімі б яны ні былі, ведаю адно, што мусяць быць яны годнымі цябе. А цяпер – маўчу…

Сказаўшы гэта, Ігнацы выпіў віно, а кілішак кінуў аб зямлю. Шкло разбілася са звонам, які пабудзіў Іра.

– Пойдзем у краму, – прапанаваў Ігнацы. – Бываюць размовы, пасля якіх добра паразмаўляць пра справы.

Ён дастаў з шуфлядкі ключ, і яны выйшлі. На ганку дзьмухнула на іх мокрым снегам. Жэцкі адамкнуў дзверы крамы і запаліў некалькі лямпаў.

– Якія тавары! – выгукнуў Вакульскі. – Усё новае, хіба?

– Амаль. Хочаш паглядзець?.. Тут парцаляна. Звяртаю тваю ўвагу…

– Потым… Дай мне кнігу.

– Прыбыткаў?..

– Не, даўжнікоў.

Жэцкі адкрыў шуфляду, дастаў кнігу і падсунуў крэсла. Вакульскі сеў, хутка прабег вачыма спіс і знайшоў адно прозвішча.

– Сто сорак рублёў, – прачытаў ён. – Ну, гэта зусім не шмат.

– Хто ж гэта? – запытаўся Ігнацы. – А… Ленцкі…

– Панна Ленцкая таксама бярэ ў крэдыт… вельмі добра, – працягваў Вакульскі, апускаючы твар да кнігі, нібы там было невыразна напісана. – А… узяла раз партманетку… Тры рублі?.. Гэта, хіба, дорага…

– Зусім не, – запярэчыў Ігнацы. – Партманетка дасканалая, я сам абіраў.

– З якіх жа гэта? – запытаўся абыякава Вакульскі і закрыў кнігу.

– З гэтае вітрыны. Зірні, якія тут цудоўныя рэчы.

– Мусіла, аднак, доўга тут корпацца… Падобна, пераборлівая…

– Зусім не корпалася, нашто ёй корпацца? – адказаў Ігнацы. – Спачатку агледзела гэтую…

– Гэтую?..

– І хацела ўзяць…

– Ах, гэтую... – ціха прамовіў Вакульскі і ўзяў у рукі партманетку.

– Але я параіў ёй іншую, падобную…

– Ведаеш што, але гэта прыгожая рэч.

– Тая, што я абраў, была яшчэ лепшая.

– Мне вельмі гэтая падабаецца. Ведаеш... я яе вазьму, бо мая ўжо нікуды не вартая…

– Пачакай, я табе лепшую знайду, – прапанаваў Жэцкі.

– Не трэба. Пакажы іншыя тавары, можа мне яшчэ што прыдасца.

– Запінкі маеш?.. Гальштук, галёшы, парасон…

– Дай мне парасон, ну… і гальштук. Сам абяры. Буду сёння адзіным пакупніком ды яшчэ заплачу гатоўкаю.

– Вельмі добрая звычка, – пахваліў Жэцкі. Ён хутка выцягнуў з шуфляды гальштук, а з вітрыны дастаў парасон і з усмешкаю падаў Вакульскаму. – Пасля зніжкі, якая належыць гандляру, плаціш сем рублёў. Выдатны парасон… Драбяза…

– Дык вернемся ўжо да цябе, – сказаў Вакульскі.

– І не агледзіш крамы? – запытаўся Ігнацы.

– А што мяне гэта абы…

– Не абыходзіць цябе твая ўласная крама, такая прыгожая крама? – здзівіўся Ігнацы.

– Чаму не. Як ты можаш так думаць… Але я трохі стаміўся.

– Слушна, – адказаў Жэцкі. – Што праўда, то праўда. Дык пойдзем.

Ён закруціў лямпы і, прапусціўшы Вакульскага наперад, замкнуў краму. На ганку зноў спаткаў іх мокры снег і Павел, які нёс абед.

V. ДЭМАКРАТЫЗАЦЫЯ ПАНА І МАРЫ ВЕЛІКАСВЕЦКАЕ ПАНЕНКІ

Пан Тамаш Ленцкі з адзінаю дачкою Ізабэлай і кузінаю паннай Фларэнтынай не жыў ва ўласнай камяніцы, а здымаў кватэру з васьмі пакояў паблізу алеі Уяздоўскае[54]. Быў там салон на тры акны, яго асабісты кабінет, кабінет дачкі, спальня для яго, спальня для дачкі, пакой сталовы, пакой для панны Фларэнтыны і гардэробная, не ўлічваючы кухні і пакояў для прыслугі, якая складалася са старога камердынера Мікалая, яго жонкі, што была за кухарку, і пакаёўкі Анусі.

Памяшканне было вельмі добрае – сухое, цёплае, прасторнае, светлае, з мармуровымі сходамі, газам, электрычнымі званкамі і водаправодам. Кожны пакой, паводле неабходнасці, або спалучаўся з іншымі, або ствараў замкнёную прастору. Урэшце, была дастатковая колькасць мэблі – ані мала, ані многа, і ўся яна радавала вока выгодаю і прастатою, а не кідкімі аздобамі. Буфет абуджаў у таго, хто яго бачыў, пачуцце ўпэўненасці, што срэбра з яго не знікне, ложак выклікаў думкі пра бяспечны адпачынак для тых, хто яго заслужыў, на стол можна было шмат чаго паставіць, на крэсла сесці без боязі, што яно зломіцца, у фатэлі – марыць.

Кожны, хто сюды ўваходзіў, мог свабодна рухацца, можна было не баяцца зачапіць нешта або нешта пашкодзіць. Чакаць гаспадара не было нудна, бо вакол былі рэчы, вартыя, каб на іх глядзелі. Разам з тым, выгляд гэтых рэчаў, зробленых не ўчора і здольных служыць некалькім пакаленням, настройваў на нейкі ўрачысты лад.

У гэты паважны фон добра ўпісваліся жыхары.

Пану Тамашу Ленцкаму было за шэсцьдзясят, ён быў прысадзісты, паўнакроўны. Насіў невялікія сівыя вусы, а валасы такога самага колеру зачэсваў уверх. Ён меў шэрыя разумныя вочы, роўную паставу і энергічную хаду. На вуліцы яму саступалі дарогу, а простыя людзі казалі: вось, мусіць, пан з паноў.

Сапраўды, пан Ленцкі налічваў у сваім родзе цэлыя шэрагі сенатараў. Яго бацька меў яшчэ мільёны, і сам ён у маладосці – тысячы. Пазней, аднак, частку маёнтка паглынулі палітычныя падзеі[55], рэшту – падарожжа па Еўропе і велікасвецкае жыццё. Бо пана Тамаша да 1870 года прымалі ў французскім двары, а пазней – у венскім ды італьянскім. Віктар Эмануіл[56], зачараваны прыгажосцю ягонай дачкі, рабіў яму гонар сваім сяброўствам і нават хацеў надаць яму тытул графа. Дык нічога дзіўнага, што пасля смерці вялікага караля пан Тамаш два месяцы насіў на капелюшы жалобную стужку.

Апошнія некалькі гадоў пан Тамаш не выязджаў з Варшавы, бо грошай было ўжо занадта мала, каб ззяць пры дварах. Затое ягоны дом стаў цэнтрам прыцягнення для ўсяго вышэйшага свету, і гэтак было да моманту, пакуль не разышлася пагалоска, што пан Тамаш пражыў не толькі ўвесь свой маёнтак, але і пасаг панны Ізабэлы.

Першымі адкаснуліся кандыдаты ў жаніхі, за імі – дамы, у якіх былі брыдкія дочкі, а з рэштаю пан Тамаш разарваў стасункі сам і абмежаваўся выключна сваяцкімі сувязямі. Але, калі ён заўважыў, што і тут пачалі ставіцца да яго з прахалодаю, дык зусім адмовіўся ад таварыства, і нават, чым выклікаў абурэнне шмат каго з шаноўных асоб, як уласнік дома ў Варшаве запісаўся да Купецкае рэсурсы[57]. Хацелі яго там выбраць за старшыню, але ён не згадзіўся.

А ягоная дачка па-ранейшаму наведвала пачцівую графіню – удаву графа Караля – і некалькіх яе сябровак, што зноў спарадзіла пагалоску, быццам пан Тамаш яшчэ мае грошы, а разарваў ён сувязі з таварыствам часткова з-за свайго дзівацтва, а часткова, каб спраўдзіць сяброў і выбраць мужа для дачкі, які кахаў бы яе не за пасаг.

Дык ізноў вакол панны Ленцкае пачаў збірацца тлум кавалераў, а на століку ў яе салоне – стосы візітак. Гасцей, аднак, не прымалі, што, зрэшты, не выклікала сярод іх моцнага абурэння, бо разышлася трэцяя па чарзе пагалоска, нібыта камяніца Ленцкага выстаўленая на аўкцыён.

Гэтым разам у велікасвецкім таварыстве ўзнікла замяшанне. Адны сцвярджалі, што пан Тамаш – скончаны банкрут, іншыя гатовыя былі прысягнуць, што ён прыхаваў частку грошай, каб забяспечыць шчасце адзінай дачцэ. Кандыдаты ў жаніхі ды іхнія бацькі апынуліся ў пакутлівай няпэўнасці. Дык, каб нічым не рызыкаваць, але нічога і не страціць, яны ўшаноўвалі панну Ізабэлу без залішняга заангажавання і паціху пакідалі свае візіткі, молячы Бога, каб іх выпадкам не запрасілі, пакуль сітуацыя не высветліцца.

Візітаў у адказ пан Тамаш, безумоўна, не рабіў. Апраўдвалася гэта ягонай эксцэнтрычнасцю і смуткам па Віктару Эмануілу.

Удзень пан Тамаш шпацыраваў па Алеях, а вечарамі гуляў у віст у рэсурсе. Фізіяномія яго заўсёды была такая спакойная, а пастава гэткая ганарыстая, што кавалеры ягонай дачкі зусім ужо не ведалі, што і думаць. Разважныя – чакалі, але больш смелыя зноў пачалі адорваць яе пяшчотнымі позіркамі, ціха ўздыхаць або з трымценнем паціскаць ёй руку, на што панна адказвала з ледзяной, а часам і з пагардлівай абыякавасцю.

Панна Ізабэла была незвычайна прыгожаю кабетаю. Усё ў ёй было арыгінальна і дасканала. Рост – вышэй за сярэдні, вельмі зграбныя формы, пышныя светлыя валасы з попельным адценнем, носік прамы, вабныя вусны, зубы, як перлы, рукі і ногі ўзорнае прыгажосці. Асабліва ўражвалі яе вочы, часам цёмныя і летуценныя, часам з вясёлымі іскрынкамі, а часам блакітныя і халодныя, як лёд.

Дзівоснаю была яе міміка. Калі яна гаварыла, дык гаварылі яе вусны, бровы, ноздры, рукі, уся яе пастава, а больш за ўсё яе вочы, праз якія, здавалася, яна хоча пераліць сваю душу ў слухача. А калі сама слухала, здавалася, што яна хоча выпіць душу з апавядальніка. Яе вочы ўмелі галубіць, песціць, плакаць без слёз, маглі спапяляць і працінаць холадам. Часам здавалася, што яна, зачараваная, ужо абаўе некага рукамі і пакладзе яму галаву на плячо, але калі шчаслівец раставаў ад асалоды, яна раптам выконвала нейкі рух, які папярэджваў: схапіць яе немагчыма, бо яна або ўцячэ, або адапхне кавалера, або загадае лёкаю выставіць яго за дзверы…

Цікаваю з’яваю была душа панны Ізабэлы.

Каб у яе нехта шчыра запытаўся: што такое гэты свет і што такое яна сама? – дык яна несумненна адказала б, што свет – гэта зачараваны сад, поўны дзівосных замкаў, а яна сама – багіня або німфа, вымушаная жыць у цялеснай форме.

Панна Ізабэла з калыскі жыла ў свеце прыгожым, і не толькі звышчалавечым, але – звышнатуральным. Спала яна на пуховых пярынах, апраналася ў ядваб ды гафт, сядзела на мяккай разной мэблі з эбену або палісандру, піла з крышталю, ела са срэбра і парцаляны, каштоўнай, як золата.

Для яе не існавалі часіны году, толькі вечная вясна, поўная лагоднага святла, жывых кветак і водару. Не існавалі гадзіны дня, бо бывала так, што яна па некалькі месяцаў клалася спаць а восьмай раніцы, а абедала а другой ночы. Не існавалі геаграфічныя асаблівасці, бо ў Парыжы, Вене, Рыме, Берліне ці Лондане знаходзіліся тыя самыя людзі, былі тыя самыя звычаі, такая самая мэбля і нават тыя самыя стравы: суп з водарасцяў Ціхага акіяну, вустрыцы з Паўночнага мора, рыба з Атлантыкі або з Міжземнага мора, дзічына з розных краін, садавіна з усіх частак свету. Для яе не існавала нават сілы цяжару, бо крэсла ёй падсоўвалі, посуд падавалі, саму яе па вуліцы вазілі, на сходах падтрымлівалі, уверх узносілі.

Вуаль хавала яе ад ветру, карэта – ад дажджу, сабалінае футра – ад холаду, парасон і пальчаткі – ад сонца. І так жыла яна дзень за днём, месяц за месяцам, год за годам, не толькі над людзьмі, а нават над законамі прыроды. Два разы трапляла яна ў страшную буру, раз – у Альпах, другі – на Міжземным моры. Дранцвелі ад жаху самыя адважныя, але панна Ізабэла са смехам прыслухоўвалася да грукату скал, што крышыліся на друз, да таго, як трэсла іх карабель, нават не дапускаючы думкі пра небяспеку. Прырода проста наладзіла ёй прыгожае відовішча з перуноў, камянёў і марское бездані, як раней паказала месяц над Жэнеўскім возерам або сонца, што выбліснула з-за хмар над Рэйнскім вадаспадам. Тое ж самае, зрэшты, робяць механікі ў тэатрах, і нават нервовых дам гэтага не палохае.

Гэты свет вечнае вясны, дзе шамацеў ядваб, раслі толькі дрэвы, ўпрыгожаныя разьбою, а гліна была па-мастацку распісаная, гэты свет меў сваё адмысловае насельніцтва. Паўнавартаснымі ягонымі жыхарамі былі прынцэсы і прынцы, графіні і графы, вельмі радавітая і багатая шляхта абодвух палоў. Былі там яшчэ замужнія кабеты і жанатыя мужчыны ў ролях гаспадынь і гаспадароў дамоў, матроны, якія сачылі за дасканаласцю манер і захаваннем традыцый, старыя паны, якія займалі лепшыя месцы за сталом, сваталі і дабраслаўлялі моладзь ды гулялі ў карты. Былі таксама біскупы, заступнікі Бога на зямлі, высокія чыноўнікі, прысутнасць якіх ахоўвала свет ад грамадскіх непарадкаў і землятрусаў, і, нарэшце, дзеці, малыя херувімы, пасланыя з неба для таго, каб дарослыя маглі ладзіць кіндэрбалі.

Сярод сталага насельніцтва зачараванага свету з’яўляўся часам звычайны смяротны, які на крылах славы здолеў узбіцца ажно на вяршыню Алімпу. Звычайна быў гэта які-небудзь інжынер, які злучаў акіяны або свідраваў ці нават будаваў Альпы. Быў нейкі капітан, які ў вайне з дзікунамі страціў сваю каманду, а сам, увесь паранены, ацалеў дзякуючы каханню мурынскае прынцэсы. Быў падарожнік, які быццам бы адкрыў нейкую новую частку свету, карабель якога разбіўся каля бязлюднае выспы, і сам ён ці не пакаштаваў чалавечыны?

Бывалі там, нарэшце, славутыя мастакі і, галоўнае, натхнёныя паэты, якія пісалі ў альбомы князёўнам прыгожыя вершы, якім дазвалялася безнадзейна закахацца і ўвекавечыць вабноты сваіх жорсткіх багінь спачатку ў газетах, а потым у асобных томіках, надрукаваных на веленевай паперы.

Усё гэтае насельніцтва, сярод якога асцярожна рухаліся лёкаі ў ліўрэях, абшытых галунамі, кампаньёнкі, убогія кузінкі і кузіны, што прагнулі лепшых пасадаў, – усё гэтае насельніцтва святкавала вечнае свята.

У поўдзень пачынаўся абмен візітамі альбо наведванне крамаў. Бліжэй да вечара надыходзіў час для таго, каб бавіцца: перад абедам, падчас абеду і пасля абеду. Потым пара ўжо было ехаць на канцэрт або ў тэатр, каб там убачыць іншы штучны свет, дзе героі рэдка калі елі і працавалі, затое няспынна размаўлялі паміж сабою, дзе здрадлівасць кабет была прычынаю вялікіх катастроф і дзе каханак, забіты мужам у пятым акце, на другі дзень уваскрасае з мёртвых у першым акце, каб рабіць тыя самыя памылкі і размаўляць сам з сабою так, што асобы побач з ім яго не чуюць. Пасля тэатра зноў усе збіраліся ў салонах, дзе слугі разносілі халодныя і гарачыя напоі, нанятыя артысты спявалі, маладзіцы слухалі апавяданні зраненага капітана пра мурынскую прынцэсу, панны гутарылі з паэтамі пра роднасць душ, старэйшыя паны выкладалі інжынерам свае погляды на інжынерную справу, а дамы сярэдняга веку намёкамі і позіркамі змагаліся за падарожніка, які еў чалавечыну. Потым пачыналася вячэра; тады раты елі, страўнікі ператраўлялі, а чаравікі размаўлялі пра пачуццёвасць ледзяных сэрцаў і пра летуценнасць цвярозых галоў. А потым – раз’язджаліся, каб у сне сапраўдным набрацца сілы для сну жыцця.

Па-за гэтым чарадзейным светам быў яшчэ іншы свет – звычайны.

Пра яго існаванне ведала панна Ізабэла і нават любіла аглядаць яго з акна карэты, вагона або ўласнага пакоя. У такой рамцы і з такое адлегласці ён падаваўся маляўнічым і нават сімпатычным. Бачыла яна сялян, якія павольна аралі зямлю, вялікія вазы, якія цягнулі заезджаныя коні, хлопцаў, якія разносілі садавіну і гародніну, старога, які тоўк каменне на шашы, пасланцаў, што спяшаліся некуды, прыгожых і надакучлівых гандлярак кветкамі, сям’ю – з бацькі, таўстухі маці і чацвярых дзяцей, якія парамі трымаліся за рукі, фарсуна з ніжэйшае сферы, які ехаў, смешна разваліўшыся на брычцы, часам – пахаванне. І яна казала сабе, што той свет, хоць і ніжэйшы, – прыгожы. Ён нават больш прыгожы, чым на лубачных малюнках, бо рухаецца і змяняецца штохвілінна.

І яшчэ ведала панна Ізабэла, як у аранжарэях – кветкі, а на вінаградніках – вінаград, гэтак і ў тым, ніжэйшым свеце, растуць патрэбныя ёй рэчы. Адтуль паходзіць яе верны Мікалай і Ануся, там робяць мяккія фатэлі, парцаляну, крышталь і фіранкі, там нараджаюцца палацёры, абіўшчыкі, садоўнікі і паненкі, якія шыюць сукенкі. Аднойчы яна загадала, каб яе завялі ў кравецкую майстэрню пры краме, і ёй здалося вельмі цікавым тое, што яна там убачыла: дзясяткі майстрых кроілі, фастрыгавалі і ўкладалі на манекенах фалды ўбораў. Яна была ўпэўненая, што гэта спраўляе ім вялікую прыемнасць, бо тыя паненкі, якія здымалі з яе мерку альбо прымяралі сукенку, былі заўсёды такія ўсмешлівыя і надта стараліся, каб строй добра ёй пасаваў.

І яшчэ ведала панна Ізабэла, што на тым – звычайным – свеце трапляюцца людзі няшчасныя. Дык кожнаму жабраку, які б яе ні напаткаў, яна загадвала даваць па некалькі злотых, а спаткаўшы аднойчы знясіленую маці з белым, як воск, дзіцём пры грудзях, яна аддала ёй сваю бранзалетку. І брудных дзяцей, якія прасілі міласціну, яна адорвала цукеркамі і цалавала з пабожным пачуццем. Здавалася ёй, што ў кім-небудзь з тых бедачын, а можа і ў кожным з іх, прытаіўся Хрыстос, які стаў ёй на дарозе, каб даць магчымасць здзейсніць добры ўчынак.

Наогул, да людзей з ніжэйшага свету яна мела зычлівае сэрца. Ёй прыгадваліся словы Святога Пісання: “У поце чала свайго працаваць будзеш”. Відавочна, яны моцна зграшылі, калі іх пакаралі працаю, але ж такія, як яна, анёлы не маглі не спачуваць іх лёсу. Такія, як яна, для якой найбольшаю працаю было націснуць на электрычны званок або аддаць загад.

Раз толькі ніжэйшы свет зрабіў на яе магутнае ўражанне.

Аднойчы, гэта было ў Францыі, яна наведвала металургічны завод. З’язджаючы з гары, дзе пад ясным сінім небам заставаліся лясы і лугавіны, яна ўбачыла ўнізе прорву, з якое падымаліся хмары чорнага дыму і клубы пары, і адкуль чуўся глухі грукат, скрыгатанне і сапенне машын. Потым яна ўбачыла печы, падобныя да вежаў сярэднявечных замкаў, якія дыхалі полымем, магутныя колы, што круціліся з хуткасцю бліскавіц, аграмадныя рыштаванні, якія самі рухаліся па рэйках, струмені распаленага дабяла жалеза і напаўголых работнікаў, падобных да бронзавых статуй з панурымі позіркамі. Над усім гэтым – крывавае зарыва, гул колаў, енкі мяхоў, грукат молатаў і нецярплівыя ўздыхі катлоў. А пад нагамі быццам ад страху дрыжэла зямля.

Тады ёй падалося, што з вышыняў шчаслівага Алімпа яна сышла ў безнадзейную прорву Вулкана, дзе цыклопы куюць перуны, якія могуць зруйнаваць сам Алімп. Ёй успомніліся легенды пра бунтоўных волатаў, пра канец гэтага прыгожага свету, у якім яна жыла, і першы раз яе, багіню, перад якой схілялі галовы маршалкі і сенатары, ахапіла трывога.

– Гэта страшныя людзі, тата, – ціха сказала яна бацьку.

Бацька маўчаў, толькі мацней прыціснуў яе локаць.

– Але кабетам яны нічога кепскага не зробяць?

– Так, нават яны, – адказаў пан Тамаш.

У тую ж хвіліну панне Ізабэле стала сорамна, што яна непакоіцца толькі за кабет, таму яна хуценька дадала:

– А калі нам, дык і вам не зробяць яны нічога кепскага…

Але пан Тамаш усміхнуўся і паківаў галавою. У той час шмат размоў было пра блізкі канец старога свету, і пан Тамаш сам глыбока адчуваў гэта, бо надзвычай цяжка стала атрымліваць грошы ад упаўнаважаных.

Наведванне фабрыкі стала важным момантам у жыцці панны Ізабэлы. З містычным пачуццём яна чытала вершы свайго далёкага кузіна Зыгмунта[58], і ёй здавалася, што цяпер яна пабачыла ілюстрацыю да “Нябоскае камедыі”. З тае пары ёй часта мроілася на змярканні, што на сонечнай гары, адкуль яе каляска з’язджала да фабрыкі, стаяць Акопы Святое Тройцы[59], а ў той даліне, поўнай дыму і пары, лагер бунтаўнікоў-дэмакратаў, гатовых у любы момант кінуцца на штурм і разбурыць яе прыгожы свет.

Толькі цяпер яна зразумела, як горача любіць тую сваю духоўную айчыну, дзе крыштальныя жырандолі замяняюць сонца, дываны – зямлю, статуі і калоны – дрэвы. Тую другую айчыну, што аб’ядноўвае арыстакратыю ўсіх народаў, раскошу ўсіх эпох і самыя лепшыя дасягненні цывілізацыі.

І гэта ўсё павінна было абрынуцца, знікнуць, распасціся!.. Юныя рыцары, якія спяваюць з такім натхненнем, танцуюць з такой грацыяй, выходзяць на двубоі з усмешкаю і гатовы скакаць у ваду на сярэдзіне возера па згубленую кветку?.. Павінны знікнуць і мілыя сяброўкі, што адорвалі яе гэткай пяшчотаю, апавядалі ёй гэтулькі дробных таямніц, седзячы ля яе ног, або, калі былі далёка, пісалі ёй такія доўгія-доўгія лісты, у якіх экзальтацыі спадарожнічала надта сумнеўная арфаграфія?

А гэтыя добрыя слугі, якія са сваімі панамі абыходзяцца так, нібы прысягнулі ім у вернасці, паслушэнстве і любові ажно да скону? А гэтыя мадысткі, якія заўсёды вітаюць яе з усмешкаю, ніколі не забываюцца на самыя дробныя дэталі яе туалета і ведаюць усё пра яе трыумфы? А гэтыя прыгожыя коні, якія так ляцяць, што і ластаўка магла б пазайздросціць, а гэтыя сабакі, разумныя і адданыя, як людзі, а гэтыя сады, дзе чалавечая рука ўзнесла пагоркі, ажывіла струмені, прыгожа сфармавала кроны дрэваў?.. І гэта ўсё магло б некалі знікнуць?..

Ад гэтых роздумаў у панны Ізабэлы з’явіўся на твары новы выраз – лагоднага смутку, які рабіў яе яшчэ прыгажэйшай. Казалі, што яна ўжо цалкам расквітнела.

Разумеючы, што вялікі свет з’яўляецца вышэйшым светам, панна Ізабэла паступова даведалася, што на гэтыя вышыні можна ўзбіцца і ўпэўнена на іх трымацца толькі з дапамогаю двух крылаў: нараджэння і маёнтка. А нараджэнне і маёнтак прыналежаць пэўным абраным сем’ям так, як кветка і плод апельсіна – апельсінаваму дрэву. Таксама вельмі верагодна, што добры Бог, калі бачыць дзве душы з прыгожымі прозвішчамі, з’яднаныя таямніцаю сакраманту, памнажае іх даходы і пасылае ім на выхаванне анёлка, які працягвае славу роду сваёю цнотаю, добрым выхаваннем і прыгажосцю. З гэтага вынікае абавязак быць абачлівым пры заключэнні шлюбу, на чым добра знаюцца старыя пані і пачцівыя паны. Галоўнае – удалы падбор прозвішчаў і маёнткаў. Каханне ж, не тое апантанае, пра якое мараць паэты, але сапраўднае хрысціянскае, з’яўляецца толькі пасля сакраманту, і яго абсалютна дастаткова, каб жонка ўмела прыгожа прэзентавацца дома, а муж – з годнасцю суправаджаць яе ў свеце.

Так было даўней і было добра, паводле адназначнага меркавання ўсіх матрон. Сёння на гэта забыліся і стала кепска: звычайнай справаю стаў мезальянс, і занепадаюць вялікія роды.

“І няма шчасця ў шлюбе”, – ціха дадавала панна Ізабэла, якой маладыя замужнія кабеты ўжо паведамілі не адзін сакрэт сямейнага жыцця.

З-за гэтых апавяданняў у яе нават з’явілася моцная агіда да замужжа і лёгкая пагарда да мужчын.

Муж у шлафроку, які пазяхае пры жонцы, цалуе яе, а сам пры гэтым працягвае курыць цыгару, ад якога часта можна пачуць: “Адчапіся ад мяне” альбо проста: “Дурніца!..” – гэты муж, які падымае дома крык з-за новага капелюша, а па-за домам траціць грошы на экіпажы для акторак, гэта ўвогуле нецікавае стварэнне. А горай за ўсё, што кожны з іх перад шлюбам быў палкім закаханым, марнеў, калі доўга не бачыў свае пані, заліваўся чырванню, калі яе сустракаў, і нават не адзін абяцаў застрэліцца ад кахання.

Дык у свае васямнаццаць гадоў панна Ізабэла тэрарызавала мужчын сваёй халоднасцю. Калі Віктар Эмануэль пацалаваў ёй аднойчы руку, яна ўпрасіла бацьку, каб у той самы дзень яны з’ехалі з Рыму. У Парыжы сватаўся адзін заможны французскі граф, дык адказала яму, што яна полька і за чужаземца не выйдзе. Падольскага магната яна адштурхнула фразаю, што аддасць сваю руку толькі таму, каго пакахае, і што на гэта яшчэ не падобна, а прапанову нейкага амерыканскага мільянера збыла смехам.

Такія паводзіны на колькі гадоў утварылі вакол панны пустку. Ёю захапляліся і кахалі, але здалёк, бо ніхто не хацеў рызыкаваць і быць з’едліва адрынутым.

Калі ўражанне агіды крыху мінула, панна Ізабэла зразумела, што шлюб трэба прыняць такім, якім ёсць. Яна была ўжо рашуча настроеная выйсці замуж, з умоваю, праўда, каб будучы спадарожнік жыцця падабаўся ёй, меў ладнае прозвішча і адпаведны маёнтак. Вядома, трапляліся ёй людзі прыгожыя, багатыя, з тытуламі, але, на няшчасце, аніводзін не адпавядаў усім тром умовам адразу, дык прамінула яшчэ некалькі гадоў.

Нечакана разышлася вестка пра кепскі маёмасны стан пана Тамаша і – з цэлага легіёна залётнікаў – засталося панне Ізабэле толькі двое сур’ёзных – адзін барон і адзін маршалак, багатыя, але старыя.

Тады панна Ізабэла заўважыла, што ў вялікім свеце абсоўваецца ў яе пад нагамі зямля, і вырашыла зменшыць патрабаванні. Але і барон, і маршалак, нягледзячы на сваю заможнасць, абуджалі ў ёй гэткую неадольную агіду, што яна адкладала рашэнне з дня на дзень. Тым часам пан Тамаш разарваў сувязі з вялікім светам. Маршалак, не дачакаўшыся адказу, паехаў у вёску, а засмучаны барон – за мяжу, і панна Ізабэла засталася ў поўнай самотнасці. Праўду кажучы, яна ведала, што кожны з іх вернецца на першы яе покліч, але – якога выбраць?.. Як пазбыцца моташнасці?.. А галоўнае, ці варта гэтак ахвяраваць сабою, маючы ўсё ж нейкую надзею, што грошы з’явяцца, і што тады яна зноў зможа выбіраць. Тады ўжо яна не памыліцца, ведаючы, як цяжка жыць па-за таварыствам салонаў…

Была адна рэч, якая надта спрыяла, каб ёй лёгка было выйсці замуж па разліку. А менавіта: панна Ізабэла ніколі не была закаханаю. Віною тут быў яе халодны тэмперамент, вера, што ў шлюбе можна абысціся без паэтычных дадаткаў і, нарэшце, ідэальнае каханне, самае дзіўнае, пра якое калі-небудзь чулі.

Убачыла яна некалі ў адной з мастацкіх галерэй скульптуру Апалона і была гэтак уражаная, што купіла сабе прыгожую копію ды паставіла ў кабінеце. Яна сузірала яго цэлымі гадзінамі, думала пра яго і… хто ведае, колькі пацалункаў сагрэла рукі і ногі мармуровага боства?.. І стаўся цуд: пешчаны закаханаю кабетаю, камень ажыў. Калі аднае ночы яна заснула ў слязах, несмяротны спусціўся са свайго п’едэсталу і прыйшоў да яе ў лаўровым вянку на галаве, яснеючы містычным бляскам.

Ён сеў на край ложка, доўга пазіраў на яе вачыма, з якіх праглядала вечнасць, а потым сціснуў яе ў моцных абдымках і пацалункамі белых вуснаў асушаў слёзы ды студзіў гарачку.

З гэтага часу адведзіны сталі частымі, і калі яна млела ў ягоных абдымках, ён, бог святла, шаптаў ёй таямніцы неба і зямлі, якіх да гэтае пары не выказаць было на мове смяротных. І з любові да яе ён справіў яшчэ большы цуд, бо ў ягоным боскім абліччы па чарзе сталі ўвасабляцца ідэалізаваныя рысы тых людзей, якія чым-небудзь яе ўразілі.

Раз ён быў падобны да памаладзелага гераічнага генерала, які выйграў бітву і, седзячы на кані, пазіраў на некалькі тысяч палеглых ваяроў. Другі раз нагадваў твар славутага тэнара, якому кабеты кідалі пад ногі кветкі, а мужчыны выпрагалі ягоных коней з каляскі. Іншы раз ён быў вясёлым і прыгожым прынцам аднаго з самых старажытных каралеўскіх дамоў; іншы раз – адважным пажарным, які за выратаванне трох асобаў з полымя на шостым паверсе атрымаў ордэн Ганаровай Легіі[60], іншы раз быў знакамітым мастаком, які здзіўляў свет багаццем свае фантазіі, а іншы раз – гандальерам з Венецыі або цыркавым атлетам незвычайнае прыгажосці і сілы.

Кожны з гэтых людзей на нейкі час займаў таемныя думкі панны Ізабэлы, па кожным з іх яна паціху ўздыхала, добра разумеючы, што з той ці іншай прычыны кахаць яго не можа, але боства спраўляла так, што кожны з іх з’яўляўся ў ягоным абліччы ў яе напаўрэальных марах. І ад тых спатканняў вочы панны Ізабэлы набывалі новы выраз – нейкае незямное задуменнасці. Часам глядзелі яны некуды па-за людзьмі і па-за светам, а калі яшчэ яе попельныя валасы ўкладаліся на чале гэтак дзіўна, нібы іх развеяў нейкі таямнічы подых, дык тым, хто глядзеў на яе, здавалася, што яны бачаць перад сабою анёла або святую.

Год таму ў адзін з такіх момантаў убачыў панну Ізабэлу Вакульскі. З таго часу ягонае сэрца не ведала спакою.

Амаль у той самы час пан Тамаш разарваў велікасвецкія сувязі і на знак сваіх рэвалюцыйных паводзінаў запісаўся ў Купецкую рэсурсу. Там ён гуляў у віст з колісь пагарджанымі гарбарамі, шчотачнікамі і дыстылятарамі, направа і налева вяшчаючы, што арыстакратыя не павінна замуроўвацца ў сваёй выключнасці, а павінна быць авангардам адукаванага мяшчанства і праз яго – народа. Адказваючы на гэта ўзаемнасцю, гордыя цяпер гарбары, шчотачнікі і дыстылятары мелі ласку прызнаваць пана Тамаша за адзінага арыстакрата, які зразумеў свае абавязкі ў дачыненні да краіны і сумленна іх выконвае. Яны маглі б дадаць: выконвае іх штовечар ад дзявятае да поўначы.

І пакуль пан Тамаш гэтак цягнуў ярмо абавязкаў, панна Ізабэла марнавалася ў самоце і цішыні сваіх прыгожых пакояў. Не раз, бывала, Мікалай даўно ўжо драмаў у сваім фатэлі, панна Фларэнтына, заткнуўшы вушы ватаю, моцна спала, а ў пакой панны Ізабэлы сон не мог завітаць, бо яго не пускалі ўспаміны. Тады яна зрывалася з ложка і, апранутая ў лёгкі шлафрочак, цэлымі гадзінамі хадзіла па салоне, дзе дыван глушыў яе крокі, і святла было ўсяго з двух скупых вулічных ліхтароў.

Яна хадзіла, а ў вялікім пакоі таўкліся яе сумныя думкі, і бачыла яна асобаў, якія тут некалі бывалі. Вось дрэмле старая княгіня, а тут дзве графіні радзяцца з прэлатам, ці можна ахрысціць дзіця ружоваю вадою. Тут цэлы рой маладых людзей скіроўвае на яе свае тужлівыя позіркі або ўяўным холадам імкнецца абудзіць яе цікавасць, а там гірлянда паненак, што песцяць яе вачыма, захапляюцца ёю або зайздросцяць. Поўна святла, шолахаў, размоў, большасць з якіх, як матылі вакол кветак, кружыць вакол яе прыгажосці. Побач з ёю ўсё блякла: іншыя кабеты былі яе фонам, а мужчыны – нявольнікамі.

І ўсё мінула!.. Сёння ў гэтым салоне халодна, цёмна і пуста… Тут толькі яна і невідочны павук смутку, які заўсёды засноўвае шэраю сеткаю тыя мясціны, дзе былі мы шчаслівыя і адкуль шчасце ўцякло. Ужо ўцякло!.. Панна Ізабэла моцна сціскала рукі, каб стрымацца ад слёз, якіх яна саромелася нават на адзіноце і ўночы.

Усе яе пакінулі, за выключэннем графіні, а тая, маючы кепскі настрой, прыходзіла сюды і, рассеўшыся на канапе, уздыхала ды пачынала правіць:

– Так, дарагая Бэла, мусіш прызнаць, што нарабіла ты памылак, якіх няможна дараваць. Я не кажу пра Віктара Эмануіла, бо гэта быў мімалётны капрыз караля – крыху ліберальнага, які, зрэшты, меў даволі шмат даўгоў. Дзеля такіх адносін трэба мець больш… не скажу такту, але – досведу, – працягвала графіня, сціпла апускаючы вочы. – Але ўпусціць ці, калі хочаш, адштурхнуць графа Сент-Аўгуста, гэта ўжо – даруй!.. Чалавек малады, заможны… ужо нямала! ды яшчэ з такою кар’ерай!.. Цяпер ён якраз узначальвае адну з дэпутацый да Святога Айца і напэўна атрымае дабраславенне на ўсю сям’ю, ну а граф Шамбор[61] называе яго cher cousin[62] Ах, Божа!

– Думаю, цётачка, што засмучацца гэтым ужо позна, – заўважыла панна Ізабэла.

– Хіба я хачу цябе засмучаць, беднае дзіця! І без таго чакаюць цябе ўдары, вытрываць якія дапаможа толькі глыбокая вера. Напэўна ж ты ведаеш, што бацька страціў усё, нават рэшту твайго пасагу?

– Ці ж я дам тут рады?

– А толькі ты, аднак, не толькі можаш даць рады, але павінна, – казала графіня з націскам. – Маршалак, праўда, не Адоніс, ну, але… Калі б нашыя абавязкі было так лёгка выконваць, дык не было б і заслугаў. Зрэшты, Божа мой, хто ж нам забараняе мець у глыбіні душы які-небудзь ідэал, думка пра які салодзіць самыя цяжкія хвіліны? Нарэшце магу цябе запэўніць, становішча прыгожае кабеты, якая мае старога мужа, не найгоршае. Усе ёю цікавяцца, гавораць, з пашанаю ставяцца да яе ахвярнасці, і, зноў жа, стары муж менш патрабавальны за мужа ў сярэднім веку…

– Ах, цётачка…

– Толькі без экзальтацыі, Бэла! Табе не шаснаццаць гадоў, і на жыццё ты мусіш глядзець сур’ёзна. Няможна, перадусім з-за нейкае антыпатыі, ахвяраваць дабрабытам бацькі ды той жа Флоры і вашых слуг. Урэшце, падумай, колькі ты, маючы такое шляхетнае сэрцайка, магла б зрабіць дабра, каб распараджалася значным маёнткам.

– Але ж, цётачка, маршалак гідкі. Яму патрэбна не жонка, а нянька, каб выцірала сліну.

– Я не настойваю на маршалку, дык барон…

– Барон яшчэ старэй, ён фарбуецца, румяніцца, і ў яго нейкія плямы на руках.

Графіня паднялася з канапы.

– Не хачу цябе пераконваць, мая дарагая, я не сваха. Гэтым займаецца пані Мэлітан. Я толькі нагадваю, што твайго бацьку чакае катастрофа.

– Але ж мы маем камяніцу.

– Якую прададуць найпазней пасля Яна ды так, што нават сума твайго пасагу прападзе.

– Чаму? Дом, які каштаваў сто тысяч, прададуць за шэсцьдзясят?..

– Ён не варты больш, бо бацька пераплаціў за яго. Я ведаю гэта ад будаўнічага, ён аглядаў яго па даручэнні Кшэшоўскае.

– Дык, зрэшты, маем сервіз… срэбра... – абурылася панна Ізабэла, сціскаючы рукі.

Графіня некалькі разоў пацалавала яе.

– Дарагое, каханае дзіця, – казала яна і ўсхліпвала, – чаму ж гэта ўласна мне трэба гэтак раніць тваё сэрца!.. Дык слухай… У бацькі ёсць яшчэ даўгі па вэксалях, нейкіх пару тысяч рублёў. Вось тыя даўгі… ты слухаеш?.. тыя даўгі нехта скупіў… некалькі дзён таму, у канцы сакавіка. Мы мяркуем, што гэта зрабіла Кшэшоўская…

– Што за нікчэмнасць! – прашаптала панна Ізабэла. – Але няма чаго гаварыць пра яе… Каб заплаціць некалькі тысяч рублёў, дастаткова майго сервіза і срэбра.

– Яны каштуюць значна больш, але хто сёння купіць такія дарагія рэчы?

– Усё ж я паспрабую, – узрушана казала панна Ізабэла. – Папрашу пані Мэлітан, яна мне дапаможа…

– Падумай, аднак, ці не шкада табе гэтых прыгожых памятак.

Панна Ізабэла засмяялася.

– Ах, цётачка… Мне вагацца паміж продажам сябе і сервізу?.. Забраць нашу мэблю я ні за што не дазволю… Ах, гэтая Кшэшоўская… гэты выкуп вэксаляў… якая брыдота!

– Ну, можа, яшчэ і не яна.

– Дык, хіба, знайшоўся нейкі новы непрыяцель, горшы за яе.

– Можа, гэта цётка Ганарата, – супакойвала яе графіня, – ці я ведаю? Можа, яна хоча дапамагчы Тамашу, але каб той адчуў пагрозу. Ну, заставайся здаровая, маё каханае дзіця, adieu…

На гэтым скончылася размова на польскай мове, густа перасыпаная французскаю, што рабіла яе падобнаю да твару ў рабацінні.

VI. ЯК НОВЫЯ ЛЮДЗІ З’ЯЎЛЯЮЦЦА НА СТАРЫМ ДАЛЯГЛЯДЗЕ

Пачатак красавіка – гэта тая пара года, што служыць пераходам ад зімы да вясны. Снег ужо растаў, але яшчэ не відно зеляніны. Дрэвы чорныя, траўнікі шэрыя і неба шэрае: яно падобнае да мармуру са срэбнымі і залацістымі прожылкамі.

Пятая гадзіна надвячорку. Панна Ізабэла сядзіць у сваім кабінеце і чытае новы раман Заля “Une page d'amour[63]. Чытае яна няўважліва, штохвілінна падымае вочы, глядзіць у акно і думае нешта такое: галіны дрэваў чорныя, а неба шэрае. Зноў чытае, разглядае кабінет і зноў абыякава адзначае, што блакітная абіўка мэблі і яе блакітны шлафрочак маюць нейкае шэрае адценне, а фестоны белае фіранкі падобныя да вялікіх ледзяшоў. У тую ж хвіліну яна забывае, пра што думала, і пытае сама ў сябе: “Пра што гэта я думала? А, праўда, пра велікодную квесту... ”[64] І раптам з’яўляецца жаданне праехацца ў карэце, але адразу ж ёй робіцца крыўдна, што неба гэткае шэрае, а залацістыя прожылкі на ім такія вузенькія... Мучыць яе нейкае трымценне, нейкае няяснае чаканне, але яна сама не разумее, чаго чакае: ці каб хмары разышліся, ці каб увайшоў лёкай і падаў ліст з запрашэннем на велікодную квесту. Ужо так мала часу засталося, а яе яшчэ не клікалі.

Яна зноў чытае раман, той раздзел, калі ў зорную ноч пан Рамбо рамантаваў паламаную ляльку малое Жанны. Элен залівалася слязьмі ад беспрычыннае тугі, а абат Жуў раіў ёй, каб выйшла замуж. Панна Ізабэла адчувае гэтую тугу і, хто ведае, каб у той момант на небе паказаліся зоркі замест хмар, ці не заплакала б яна гэтаксама, як Элен. Ужо так мала дзён засталося да квесты, а яе не клічуць. Тое, што паклічуць, яна ведае, але чаго яны марудзяць?..

“Бывае, што кабеты, якія, здаецца, так горача шукаюць Бога, – гэта няшчасныя істоты, сэрца якіх поўнае жарсці. Яны ідуць у касцёл, каб там абагаўляць мужчыну,” – казаў абат Жуў.

“Пачцівы абат, як ён стараўся супакоіць гэтую няшчасную Элен!” – думае панна Ізабэла і раптам адкладае кніжку. Абат Жуў нагадаў ёй, што яна ўжо два месяцы гафтуе пас для касцельнага званка і яшчэ не скончыла. Яна падымаецца з фатэля і падсоўвае да акна столік з пяльцамі, скрыначкаю рознакаляровага ядвабу і ўзорам, потым развінае пас і пачынае рупліва вышываць на ім ружы і крыжы. Пад уплывам працы ў сэрцы абуджаецца надзея. Хто гэтак, як яна, служыць касцёлу, той не можа быць забыты падчас велікоднае квесты. Яна выбірае ядвабную нітку, зацягвае яе ў іголку і шые далей. Вока бегае ад узору да гафту, рука ходзіць угору-ўніз, а ў думках пачынае нараджацца пытанне пра касцюм на квесту і ўбор на Вялікдзень. Гэтае пытанне хутка забірае ўсю яе ўвагу, туманіць вочы і затрымлівае руку. Сукня, капялюш, накідка і парасон – усё павінна быць новае, а ўжо так мала часу засталося, і не толькі нічога не замоўлена, але нават не абрана!..

Тут яна прыгадвае, што яе сервіз і срэбра ўжо ў ювеліра, што нават знайшоўся нейкі пакупнік, і сёння або заўтра яго прададуць. Панна Ізабэла адчувае, як сціскаецца сэрца, бо ёй шкада сервізу і срэбра, але робіцца крыху лягчэй, калі яна згадвае пра квесту і новыя строі. Трэба, каб яны былі вельмі прыгожыя, але якія?..

Яна адсоўвае пяльцы і са століка, на якім ляжаць Шэкспір, Дантэ, альбом еўрапейскіх славутасцяў, а таксама некалькі часопісаў, бярэ “La Moniteur de la Mode” ды пачынае гартаць з найвялікшаю засяроджанасцю. Вось убор для абедаў, вось веснавыя ўборы паненкам, паннам, сталым кабетам, маладзіцам ды іх маткам, а вось сукні на візіты, прыёмы, шпацыры, вось шэсць новых капелюшоў рознае формы, з дзясятак тканін, мноства колераў… Што ж тут абраць? Божа!.. Не варта прымаць рашэнне без папярэдняе нарады з паннай Фларэнтынай і з мадысткаю…

Панна Ізабэла незадаволена адкладае модны часопіс і ўладкоўваецца ў шэзлонгу напаўлежачы. Рукі, складзеныя як на малітву, яна абапірае на парэнчы, галаву схіляе на рукі, і глядзіць на неба летуценнымі вачыма. Квеста на Вялікі Тыдзень, новыя ўборы, хмары на небе – усё мяшаецца ў яе галаве, але верх бярэ шкадаванне сервізу і лёгкі сорам за тое, што прадае яго.

“Ах, нічога!” – кажа яна сама сабе і зноў прагне, каб хмары разышліся хоць на хвіліну. Але хмары наплываюць яшчэ больш, а ў сэрцы ўзмацняюцца туга, сорам і непакой. Позірк яе падае на столік каля шэзлонга і на малітоўнік, апраўлены ў слановую косць. Панна Ізабэла бярэ ў рукі кнігу і паволі, старонка за старонкаю, пачынае шукаць малітву “Acte de résignation[65], знаходзіць яе і пачынае чытаць:

Que votre nom soit béni à jamais, bien qui avez voulu m’éprover par cette peine[66]. Пакуль яна чытае, неба святлее, а пры апошніх словах: “…et d’attendre en paix votre divin secours[67] – хмары разыходзяцца, і паказваецца лапік яснае сінечы. Кабінет панны Ізабэлы напаўняецца святлом, а душа яе – спакоем. Цяпер яна ўжо не сумняваецца, што малітва пачутая, і ў яе будзе самы прыгожы ўбор ды самы лепшы касцёл для квесты.

У гэты момант дзверы кабінета ціха адчыняюцца. На парозе з’яўляецца панна Фларэнтына – высокая, апранутая ў чорнае, нясмелая – яна трымае двума пальцамі ліст і ціха кажа:

– Ад пані графіні.

– Ах, гэта з нагоды квесты, – адказвае панна Ізабэла з чароўнаю ўсмешкаю. – Ты цэлы дзень не заходзіла да мяне, Флора.

– Не хачу табе перашкаджаць.

– Нудзіцца?.. – пытае панна Ізабэла. – Хто ведае, ці не весялей было б нам нудзіцца ў адным пакоі.

– Ліст… – кажа нясмелая асоба ў чорнай сукенцы і працягвае яго панне Ізабэле.

– Я ведаю, пра што ён, – спыняе яе панна Ізабэла. – Пасядзі трохі ў мяне і, калі не справіць гэта табе клопату, прачытай мне гэты ліст.

Панна Фларэнтына нясмела сядае ў фатэль, далікатна бярэ са століка ножык і з вялікаю асцярожнасцю разразае канверт. Яна кладзе на столік ножык, потым – канверт, разгортвае паперу і ціхім меладычным голасам чытае ліст, напісаны па-французску:

“Дарагая Бэла! Прабач, што звяртаюся ў справе, вырашаць якую маеце права толькі ты і твой бацька. Я ведаю, дарагое дзіця, што ты пазбываешся сервізу і срэбра, бо сама, зрэшты, мне пра гэта казала. Ведаю я таксама і тое, што знайшоўся пакупнік, які прапануе вам пяць тысяч рублёў, а гэта, паводле майго меркавання, мала, хоць у цяперашні час цяжка спадзявацца на большае. Пасля размовы, аднак, наконт гэтага з Кшэшоўскаю, я пачынаю непакоіцца, каб цудоўныя фамільныя каштоўнасці не перайшлі ў нявартыя іх рукі.

Мне б хацелася гэта прадухіліць, дык я прапаную табе, калі згодзішся, тры тысячы рублёў пазыкі пад заклад памянёнага сервізу і срэбра. Мяркую, што цяпер лепш яму захоўвацца ў мяне, калі твой бацька мае такія клопаты. Забраць зможаш, калі захочаш, а ў выпадку маёй смерці нават не трэба будзе вяртаць пазыку.

Я не навязваюся, а толькі прапаную. Разваж, як табе лепш, але перадусім падумай пра наступствы.

Наколькі я цябе ведаю, табе балюча было б пачуць, што нашыя фамільныя каштоўнасці ўпрыгожваюць стол нейкага банкіра або сталі часткаю пасагу ягонае дачкі.

Дасылаю табе тысячу пацалункаў.

Яанна.

Р. S. Уяві сабе, якое шчасце напаткала мой прытулак. Учора, калі я была ў краме гэтага славутага Вакульскага, дык закінула слоўца пра невялікае ахвяраванне сіротам. Спадзявалася на якія рублёў дзесяць-дваццаць, а ён, ці паверыш? ахвяраваў мне тысячу, літаральна – тысячу рублёў, ды яшчэ сказаў, што не наважыўся б скласці меншае сумы ў мае рукі. Некалькі такіх Вакульскіх, і, адчуваю, што ў старасці я зрабілася б дэмакраткаю”.

Панна Фларэнтына прачытала ліст і баялася падняць ад яго вочы. Нарэшце яна наважылася і паглядзела: панна Ізабэла сядзела ў шэзлонгу збялелая са сціснутымі рукамі.

– Што скажаш, Флора? – запыталася яна праз хвіліну.

– Я думаю, – ціха адказала тая, – што пані графіня ў пачатку ліста трапна вызначыла магчымасць свайго ўдзелу ў гэтай справе.

– Якая знявага! – прашаптала панна Ізабэла, нервова пастукваючы рукою па шэзлонгу.

– Знявага ў тым, каб прапанаваць тры тысячы рублёў пад заклад срэбра, і гэта ў той час, калі нехта чужы прапануе пяць тысяч… Іншай я не бачу.

– Як яна ставіцца да нас… Мы, хіба, сапраўды ўсё страцілі…

– Але ж, Бэла!.. – ажывілася панна Фларэнтына. – Якраз гэты прыкры ліст і даводзіць, што не страцілі ўсяго. Хоць цётка і паказвае нязносны характар, але яна ўмее ашчаджаць гора. Калі б вам пагражала галеча, вы б знайшлі ў ёй спагадлівую і далікатную суцяшальніцу.

– Дзякуй, абыдуся.

– І баяцца няма чаго. Заўтра мы атрымаем пяць тысяч рублёў, якіх хопіць на гаспадарчыя выдаткі на паўгода… ці хоць на квартал. Праз некалькі месяцаў…

– Прададуць з аўкцыёну нашу камяніцу…

– Звычайная фармальнасць, вось і ўсё. Нават на карысць вам, бо цяпер камяніца толькі абцяжарвае. Ну, і па цётцы Гартэнзіі ты атрымаеш у спадчыну каля ста тысяч рублёў. Зрэшты, – дадала пасля паўзы панна Фларэнтына, падымаючы бровы, – я таксама не ведаю, што і думаць, бо ў твайго бацькі магло застацца яшчэ шмат грошай. Усе так мяркуюць…

Панна Ізабэла прыўзнялася ў шэзлонгу і ўзяла панну Фларэнтыну за руку.

– Флора, – сказала яна ціха, – каму ты гэта кажаш?.. Дык ты і праўда лічыш мяне за паненку на выданні, якая нічога не бачыць і нічога не разумее?.. Думаеш, я не ведаю, – скончыла яна яшчэ цішэй, – што ўжо цэлы месяц грошы на ўтрыманне дому ты пазычаеш у Мікалая…

– Можа, бацька якраз і хоча гэтага…

– Можа, ён хоча таксама, каб ты кожную раніцу падкладала яму некалькі рублёў у партманетку?

Панна Фларэнтына зірнула ёй у вочы і паківала галавою.

– Ты шмат ведаеш, – адказала яна, – але не ўсё. Ужо два тыдні, можа, дзён з дзесяць, я бачу, што ў бацькі пачало з’яўляцца рублёў па пятнаццаць…

– Дык ён бярэ напавер…

– Не. Бацька ніколі не пазычае ў горадзе. Кожны крэдытор прыходзіць з грашыма сюды і ў яго кабінеце атрымлівае распіску пад працэнты. Табе гэта невядома было.

– Дык адкуль жа ў яго грошы?

– Я не ведаю. Бачу, што ёсць, і чую, што яны заўсёды ў яго былі.

– Чаму ж ён тады дазваляе прадаваць срэбра? – упарта дапытваецца панна Ізабэла.

– Можа, хоча пазлаваць радню.

– А хто выкупіў ягоныя вэксалі?

Панна Фларэнтына развяла рукі.

– Не Кшэшоўская выкупіла іх, – адказала яна, – гэта я ведаю дакладна. Дык, альбо цётка Гартэнзія, альбо…

– Альбо?

– Альбо сам бацька. Ты ж ведаеш, чаго ён толькі не зробіць, каб растрывожыць радню, а потым пасмяяцца…

– Навошта ж яму мяне, нас трывожыць?

– Ён думае, што ты спакойная. Дачка мусіць цалкам давяраць бацьку.

– Ах, так!.. – ціха прамовіла панна Ізабэла і задумалася.

Апранутая ў чорнае кузіна павольна паднялася з фатэля і ціхенька выйшла.

Панна Ізабэла ізноў пачала глядзець на свой пакой, які падаўся ёй выцвілым, на чорныя галіны, якія хісталіся за вакном, на пару вераб’ёў, якія шчабяталі, магчыма, пра пабудову гнязда, на неба, якое зрабілася аднастайна шэрым без адзінае яснае прожылкі. У яе памяці ізноў абудзіліся пытанні пра квесту і новыя ўборы, але яны здаліся ёй такімі дробнымі і такімі ледзьве не смешнымі, што, думаючы пра гэта, яна злёгку паціснула плячыма.

Непакоілі яе іншыя пытанні: можа, сапраўды, аддаць сервіз графіні, і – адкуль у бацькі грошы? Калі ён меў іх і раней, дык навошта дазволіў пазычаць у Мікалая?.. А калі не меў, дык якая крыніца цяперашніх ягоных прыбыткаў?.. Калі яна аддасць сервіз і срэбра цётцы, дык страціць магчымасць прадаць за добрыя грошы, а калі прадасць за пяць тысяч, дык фамільныя каштоўнасці, сапраўды, могуць трапіць у нявартыя рукі, як і пісала графіня.

Раптам гэтая плынь думак была перарваная: яе чуйнае вуха ўлавіла гукі з дальніх пакояў. Гэта былі мужчынскія крокі: размераныя, спакойныя. У салоне іх крыху прыглушаў дыван, у сталовым пакоі гук узмацніўся, а ў яе спальні – прыцішыўся, нібы нехта ступаў на пальцах.

– Прашу, тата, – азвалася панна Ізабэла, калі пачула стук у дзверы.

Увайшоў пан Тамаш. Яна прыўзнялася на шэзлонгу, але бацька не дазволіў ёй устаць. Ён абняў яе, пацалаваў у галаву і, перад тым як сесці каля яе, кінуў вокам у вялікае люстра на сцяне. Угледзеў там свой прыгожы твар, сівыя вусы, беззаганны цёмны жакет, адпрасаваныя штаны – быццам толькі што ад краўца – і ўпэўніўся, што ўсё добра.

– Я чуў, – сказаў ён дачцэ з усмешкаю, – што паненка атрымлівае карэспандэнцыю, якая псуе ёй настрой.

– Ах, тата, каб ты ведаў, якім тонам загаварыла цётка…

– Відавочна, тонам асобы, хворай на нервы. Ты за гэта не павінна на яе крыўдаваць.

– Каб толькі крыўда. Я баюся, што яна мае рацыю, і што наша срэбра сапраўды можа трапіць на стол нейкага банкіра.

Яна прытулілася галавою да бацькавага пляча. Пан Тамаш міжволі зіркнуў у невялікае люстэрка на століку і адзначыў, што яны разам у гэтую хвіліну ствараюць вельмі прыгожую кампазіцыю. Асабліва выразны быў кантраст паміж трывогаю на твары дачкі і ягоным уласным спакоем. Ён усміхнуўся.

– Сталы банкіраў!.. – паўтарыў ён. – Срэбра нашых продкаў бывала ўжо на сталах татараў, казакоў, бунтаўнікоў сялян, і гэта не толькі не зашкодзіла нашаму гонару, але нават прынесла славу. Хто змагаецца – той рызыкуе ўсё страціць.

– Трацілі з-за вайны і на вайне, – заўважыла панна Ізабэла.

– А цяпер няма вайны?.. Змянілася толькі зброя: замест касы або ятагана змагаюцца рублём. Яанна добра гэта разумела, калі прадавала не сервіз, а спадчынную сядзібу, або калі загадала разабраць на пабудову пуні руіны замку.

– Дык мы пераможаныя!.. – ціха прамовіла панна Ізабэла.

– Не, дзіця, – запярэчыў пан Тамаш і выпрастаўся. – Мы толькі цяпер пачынаем трыумфаваць і, бадай, ці не гэтага баіцца мая сястра і яе групоўка. Яны так моцна заснулі, што іх палохае кожная праява жыццёвае сілы, кожны мой адважны крок, – дадаў ён нібы сам сабе.

– Твой, тата?

– Так. Яны думалі, што я буду прасіць у іх дапамогі. Сама Яанна ахвотна зрабіла б мяне сваім павераным. А я падзякаваў ім за пенсію і зблізіўся з мяшчанствам. Тыя людзі сталі паважаць мяне, і гэта турбуе нашых. Яны спадзяваліся, што я сыду на другі план, а бачаць, што магу выйсці на першы.

– Ты, тата?

– Я. Маўчаў дагэтуль, бо не меў адпаведных выканаўцаў. А цяпер я знайшоў такога, што зразумеў мае ідэі, і пачынаю дзейнічаць.

– Хто ж гэта? – запыталася панна Ізабэла, здзіўлена пазіраючы на бацьку.

– Нейкі Вакульскі, купец, жалезны чалавек. З яго дапамогаю я збяру нашае мяшчанства, арганізую таварыства гандлю з Усходам і гэтак падыму прамысловасць…

– Ты, тата?

– І тады пабачым, хто выйдзе наперад, хоць бы падчас магчымых выбараў у гарадскую раду…

Панна Ізабэла слухала гэта з вялікімі вачыма.

– А ці той чалавек, – прамовіла яна ціха, – пра якога ты гаворыш, тата, не авантурыст, не аферыст які-небудзь?..

– Дык ты яго не ведаеш? – спытаў пан Тамаш. – Ён, між іншым, адзін з нашых купцоў.

– Краму я ведаю, вельмі багатая, – казала панна Ізабэла задуменна. – Ёсць там стары крамнік, які выглядае крыху дзівакавата, але ён надзвычай ветлівы… Ах, здаецца, некалькі дзён таму я пабачыла і гаспадара… Падобны да дзікуна…

– Вакульскі дзікун?.. – здзівіўся пан Тамаш. – Ён сапраўды трымаецца крыху нацягнута, але вельмі далікатны.

Панна Ізабэла страсянула галавою.

– Непрыемны чалавек, – адказала яна жвава. – Цяпер я прыгадала… Калі была ў аўторак у краме, дык спытала ў яго, колькі каштуе веер. Трэба было бачыць, як ён зірнуў на мяне! Нічога не адказаў, а толькі выцягнуў сваю вялізную чырвоную руку да крамніка (досыць элегантнага хлопца) і злосна прабурчаў: пане Мараўскі ці Мрачэўскі (я ўжо не памятаю), пані пытаецца пра кошт веера. А… нецікавага знайшоў тата супольніка!.. – засмяялася панна Ізабэла.

– Шалёнай энергіі чалавек, жалезны чалавек, – адказаў пан Тамаш. – Яны такія. Ты іх пабачыш, бо я збіраюся арганізаваць дома некалькі нарадаў. Усе арыгіналы, але гэты самы арыгінальны.

– Тата збіраецца прымаць гэтых паноў?..

– Мушу парадзіцца з некаторымі з іх. А што да нашых, – дадаў ён, гледзячы дачцэ ў вочы, – магу цябе запэўніць, калі яны даведаюцца, хто ў мяне бывае, дык ніхто не праміне ўжо нашага салону.

У гэты момант увайшла панна Фларэнтына і запрасіла на абед. Пан Тамаш падаў руку дачцэ, і яны ўтраіх перайшлі ў сталовы пакой, дзе ўжо стаяла супніца, а побач – Мікалай, апрануты ў фрак з шырокім белым гальштукам.

– Рассмяшыла мяне Бэла, – сказаў пан Тамаш, звяртаючыся да кузіны, якая налівала суп. – Уяві сабе, Флора, што Вакульскі зрабіў на яе ўражанне дзікуна. Ты ведаеш яго?

– Хто ж цяпер не ведае Вакульскага, – адказала панна Фларэнтына і падала Мікалаю талерку для пана. – Ну, ён не выглядае элегантна, але робіць уражанне…

– Пня з чырвонымі рукамі, – зарагатала панна Ізабэла.

– Ён мне нагадвае Тросці, памятаеш, Бэла, таго палкоўніка ў Парыжы, – сказаў пан Тамаш.

– А мне статую гладыятара ў момант трыумфу, – меладычна прамовіла панна Фларэнтына. – Памятаеш, Бэла, таго ў Фларэнцыі – з узнятым мячом? Твар суровы, нават дзікі, але прыгожы.

– А чырвоныя рукі?.. – спытала панна Ізабэла.

– Ён адмарозіў іх у Сібіры, – са значэннем сказала панна Фларэнтына.

– Што ж ён там рабіў?

– Пакутаваў за парывы маладосці, – адказаў пан Тамаш. – Гэта можна яму прабачыць.

– Ах, дык ён герой!..

– І мільянер, – дадала панна Фларэнтына.

– І мільянер? – перапытала панна Ізабэла. – Я пачынаю верыць, што тата зрабіў добры выбар, прымаючы яго супольнікам. Хоць…

– Хоць?.. – паўтарыў бацька.

– Што скажуць у свеце пра гэтую суполку?

– Хто мае сілу ў руках, у таго свет ля ног.

Мікалай якраз падаваў паляндвіцу, як з вітальні пачуўся званок. Стары слуга выйшаў і праз хвіліну вярнуўся з лістом на срэбным, а можа, і пасярэбраным падносе.

– Ад пані графіні, – паведаміў ён.

– Табе, Бэла, – сказаў пан Тамаш, які ўзяў ліст. – Дазволь мне пракаўтнуць гэтую новую пілюлю замест цябе.

Ён распячатаў ліст, пачаў яго чытаць і са смехам падаў яго панне Ізабэле.

– Вось, – выгукнуў ён, – уся Яанна ў гэтым лісце. Нервы, адны нервы!..

Панна Ізабэла адсунула ад сябе талерку і з непакоем прабегла ліст вачыма. Паступова яе твар праяснеў.

– Слухай, Флора, – сказала яна, – бо гэта цікава, што піша цётка:

“Дарагая Бэла! Забудзь, анёлак, пра мой папярэдні ліст. Зрэшты, мяне зусім не абыходзіць твой сервіз, а калі будзеш ісці замуж, знойдзем табе іншы. Але мне галоўнае, каб ты квеставала толькі са мною, і менавіта пра гэта я збіралася напісаць табе ў папярэднім лісце, а не пра сервіз. Бедныя мае нервы! Калі не хочаш іх дарэшты расстроіць, дык мусіш згадзіцца на маю просьбу.

Труна Гасподняя ў нашым касцёле будзе цудоўная. Мой пачцівы Вакульскі дае фантан, штучных птушак, катрынку, якая будзе граць адны класічныя рэчы і шмат дыванаў. Гозэр[68] дашле кветкі, аматары наладзяць канцэрт – арган, скрыпка, віяланчэль і спевы. Я ў захапленні, але калі б сярод усіх гэтых цудаў не было цябе, я б захварэла. Дык згода?.. Абдымаю і цалую цябе тысячу разоў, з любоўю, цётка Яанна.

Postscriptum. Заўтра едзем у краму замовіць табе веснавы касцюм. Памерла б, каб ты яго не прыняла”.

Панна Ізабэла ззяла. Гэты ліст быў ажыццяўленнем усіх яе надзей.

– Вакульскі непараўнальны! – рагатаў пан Тамаш. – Штурмам здабыў Яанну, якая не толькі не будзе выгаворваць мне за супольніка, але гатовая нават змагацца за яго са мною.

Мікалай падаў куранят.

– Ён мусіць, аднак, быць геніяльным чалавекам, – заўважыла панна Фларэнтына.

– Вакульскі?.. Ну не, – запярэчыў пан Тамаш. – Гэта чалавек шалёнае энергіі, але што тычыцца таленту камбінавання, дык я не скажу, каб ён ім валодаў.

– Мне здаецца, ён даводзіць гэта.

– Усё даводзіць толькі яго энергію, – адказаў пан Тамаш. – Здольнасць да камбінавання, геніяльны розум пазнаецца па іншым, хоць бы… па картачнай гульні. Я з ім даволі часта гуляю ў пікету, дзе неабходна камбінаваць. У выніку я прайграў нешта ад васьмі да дзесяці рублёў, а выйграў каля сямідзесяці, хоць і не запісваюся ў геніі! – дадаў ён сціпла.

Панна Ізабэла выпусціла відэлец. Яна збялела і схапілася за галаву з ціхім стогнам: “А!.. А!..”

Бацька і панна Фларэнтына падхапіліся з крэслаў.

– Што з табою, Бэла?.. – устрывожана запытаўся пан Тамаш.

– Нічога, – адказала яна, падымаючыся з-за стала. – Мігрэнь. Ужо гадзіну я адчуваю, як яна пачынаецца… Гэта нічога, тата…

Яна пацалавала бацьку ў руку і пайшла ў свой пакой.

– Раптоўная мігрэнь мусіла б зараз жа і суняцца, – сказаў пан Тамаш. – Ідзі да яе, Флора. Я ненадоўга выйду ў горад, бо мушу пабачыцца з некалькімі асобамі, але вярнуся рана. А ты паклапаціся пра яе, каханая Флора, я прашу цябе пра гэта, – працягваў пан Тамаш са спакойнаю фізіяноміяй чалавека, без загаду або просьбы якога нічога добрага не можа дзеяцца на свеце.

– Зараз я пайду да яе, толькі ўпарадкую тут усё, – адказала панна Фларэнтына, якой лад у доме быў справаю больш важнаю, чым мігрэнь, чыя б яна не была.

Ужо змрок агарнуў зямлю… Панна Ізабэла зноў адна ў сваім кабінеце. Яна ўпала на шэзлонг і прыкрыла рукамі вочы. З-пад каскаду тканіны, якая сплывала аж да падлогі, вытыркнуўся яе вузкі пантофель ды край панчохі, але гэтага ніхто не бачыць, і яна сама гэтага не заўважае. У гэтую хвіліну яе душу зноў апаноўвае гнеў, крыўда і сорам. Цётка яе перапрасіла, яна будзе квеставаць у самым лепшым касцёле, і ў яе будзе самы прыгожы ўбор, але, нягледзячы на ўсё, яна няшчасная… Яе адчуванні падобныя да тых, калі б у салоне, поўным людзей, яна, увайшоўшы, раптам заўважыла на сваім новым уборы вялізную тлустую пляму брыдкага колеру, нібы сукня запэцкалася дзесьці на кухонных сходах. Ад гэтай агіднай думкі ёй робіцца моташна.

Якое жахлівае становішча!.. Ужо месяц яны пазычаюць ва ўласнага лёкая, і ўжо каля дзесяці дзён яе бацька на свае дробныя выдаткі выйграе грошы ў карты… Выйграваць можна, панове выйграюць тысячы, але – не на асноўныя патрэбы, і перадусім не ў купцоў. Ах, каб можна было, яна б кінулася бацьку ў ногі і маліла не гуляць з гэтымі людзьмі, прынамсі, цяпер, калі ў іх такое цяжкае матэрыяльнае становішча. Праз некалькі дзён, калі атрымае грошы за свой сервіз, яна сама ўручыць бацьку некалькі сотняў рублёў, і папросіць прайграць іх таму пану Вакульскаму, каб аддзячыў яму яшчэ больш шчодра, чым яна сама аддзячыць Мікалаю за іхнія даўгі.

Але ці можна ёй гэтак рабіць і нават казаць пра гэта бацьку?..

“Вакульскі?.. Вакульскі?.. – шэпча панна Ізабэла. – Хто ж такі гэты Вакульскі, што сёння так нечакана паказаўся ёй з розных бакоў, у розных постацях. Якія ў яго справы з цёткаю, з бацькам?..”

І тут яна прыгадвае, што ўжо некалькі тыдняў чуе пра гэтага чалавека. Нейкі купец нядаўна ахвяраваў пару тысяч рублёў на дабрачыннасць, але яна забылася: гандлюе той дамскімі строямі ці футрамі. Потым казалі, што таксама нейкі купец падчас балгарскае вайны зарабіў шмат грошай, толькі яна не звярнула ўвагі, ці зарабіў шавец, у якога яна замаўляе чаравікі, ці яе цырульнік? А цяпер ужо ёй робіцца ясна, што той купец, які даў грошы на дабрачыннасць, і той, які зарабіў цэлы капітал – гэта адна асоба, што гэта якраз той Вакульскі, які яе бацьку прайграе ў карты і якога цётка, вядомая сваёй ганарлівасцю графіня, называе: “Мой пачцівы Вакульскі!..”

Яна нават прыгадвае сабе твар гэтага чалавека, які ў краме не пажадаў размаўляць з ёю, а толькі панура глядзеў, схаваўшыся за вялізныя японскія вазоны. Як ён на яе глядзеў…

Аднойчы ў парыве свавольства яна разам з паннай Фларэнтынай зайшла ў цукерню на кубачак шакаладу. Яны селі пры століку ля вакна, за якім сабраліся малыя галадранцы. Дзеці глядзелі на яе, на шакалад і на пірожныя з засяроджанай прагнасцю галодных звяркоў, і гэты купец гэтак жа на яе глядзеў.

Дрыжыкі прабеглі па скуры панны Ізабэлы. І ён можа стаць супольнікам яе бацькі?.. Супольнікам у якой справе?.. Як яе бацьку прыйшло ў галаву ствараць нейкае гандлёвае таварыства, выдумляць нешта такое, пра што ён ніколі раней нават не марыў?.. Ён хоча з дапамогаю мяшчанства стаць наперадзе арыстакратыі, хоча, каб яго абралі ў гарадскую раду, якой не было і няма?..

Але ж гэты Вакульскі, сапраўды, нейкі ці аферыст, ці махляр, якому патрэбна гучнае прозвішча дзеля шыльды. Бывалі такія выпадкі. Колькі ж цудоўных прозвішчаў нямецкае ды венгерскае шляхты ўблыталася ў вір гандлёвых аперацый, яна нават не разумее якіх, ды і бацька, хіба, не больш за яе.

Ужо зусім сцямнела. На вуліцы запаліліся ліхтары, іх святло трапляла ў кабінет панны Ізабэлы, малюючы на столі раму вакна і складкі фіранкі. Гэта нагадвала крыж на ясным фоне, які паволі засланяе хмара.

“Дзе гэта я бачыла такі крыж, такую хмару і святло?..” – задумалася панна Ізабэла. Яна пастаралася прыгадаць краявіды, што давялося бачыць, і ёй пачало нешта мроіцца.

Ёй здавалася, што яна едзе каляскаю па нейкай знаёмай мясцовасці. Наваколле нагадвае вялізны пярсцёнак, які ствараюць лясы і зялёныя горы, а яе каляска знаходзіцца на беразе пярсцёнка і з’язджае ўніз. А ці з’язджае яна? Бо нікуды не набліжаецца і ні ад чаго не аддаляецца, нібы стаіць на месцы. Але ўсё ж з’язджае, бо пра гэта сведчыць сонечны водбліск на лакіраванай паверхні каляскі, які, торгаючыся, паволі ссоўваецца назад. Зрэшты, чуваць ляскатанне… Гэта ляскатанне брычкі на вуліцы?.. Не, гэта грукочуць машыны, якія працуюць дзесьці ў глыбіні гэтага пярсцёнка з гор і лясоў. Відно там, унізе, нават нібы возера чорнага дыму і белае пары, ахопленае рамаю зеляніны.

Цяпер панна Ізабэла заўважае бацьку, ён сядзіць каля яе і ўважліва разглядае свае пазногці, час ад часу кідаючы вокам на краявід. Каляска па-ранейшаму стаіць на беразе пярсцёнка нібы нерухома, толькі водбліск сонца на лакіраваных дзверцах паволі пасоўваецца назад. Гэты ўяўны спачын або, можа, таемны рух надта непакоіць панну Ізабэлу. “Мы едзем ці стаім?” – пытае яна ў бацькі. Але бацька нічога не адказвае, нібы не заўважае яе. Ён разглядае свае дагледжаныя пазногці і часам кідае позірк на наваколле…

Потым (каляска па-ранейшаму трасецца і чуваць ляскатанне колаў) з глыбіні возера, поўнага чорнага дыму і белае пары, вынырвае да поясу постаць нейкага чалавека. У яго коратка стрыжаныя валасы, смуглявы твар, які нагадвае Тросці, палкоўніка стральцоў (а можа, гладыятара з Фларэнцыі?), і вялізныя чырвоныя рукі. Апрануты ён у засмоленую кашулю з падкасанымі вышэй локця рукавамі. У левай руцэ, прыціснутай да грудзей, у яго карты, раскінутыя веерам, а ў правай, узнятай над галавою, ён трымае адну карту, відавочна, каб кінуць яе на сядзенне каляскі. Рэшта постаці губляецца сярод дыму.

“Што ён робіць, тата?” – пытае спалоханая панна Ізабэла.

“Гуляе са мною ў пікету”, – адказвае бацька, які таксама трымае ў руках карты.

“Але ж гэта страшны чалавек, тата!”

“Нават такія не робяць нічога кепскага кабетам,” – адказвае пан Тамаш.

Толькі цяпер панна Ізабэла заўважае, што чалавек у кашулі глядзіць на яе нейкім асаблівым позіркам, па-ранейшаму трымаючы карту над галавою. Клубы дыму і пары ў даліне момантамі закрываюць ягоную расшпіленую кашулю ды суровае аблічча, хаваюць яго, ужо няма яго. Толькі сярод дыму пабліскваюць ягоныя вочы, а па-над дымам -- аголеная да локця рука. І карта.

“Што значыць гэтая карта, тата?” – пытае яна бацьку.

Але бацька спакойна глядзіць ва ўласныя карты і нічога не адказвае, быццам не бачыць яе.

“Калі ж мы нарэшце выедзем адсюль?..”

Але, хоць каляска трасецца, а сонца, якое адбіваецца ў дзверках, пасоўваецца назад, па-ранейшаму пад нагамі возера дыму, занураны ў ім чалавек, ягоная рука над галавою і – карта.

Панну Ізабэлу ахоплівае нервовая ўзбуджанасць, яна ліхаманкава стараецца засяродзіць думкі, напружвае памяць, каб адгадаць, што значыць карта, якую трымае гэты чалавек.

Ці гэта грошы, якія той прайграў яе бацьку ў пікету? Хіба, не. Можа, гэта ахвяраванне таварыству дабрачыннасці? І гэта не тое. Можа, тая тысяча рублёў, якую ён даў на цётчын сіроцкі прытулак, ці, можа, гэта чэк на фантан, птушак і дываны для ўпрыгожання Труны Гасподняе?.. Таксама не, нішто з гэтага яе не трывожыла б.

Паступова панну Ізабэлу апаноўвае жах. Можа, гэта вэксалі яе бацькі, якія нядаўна нехта выкупіў?.. Тады, як толькі атрымае грошы за срэбра і сервіз, яна сплаціць гэты доўг у першую чаргу і будзе вольная ад такога крэдытора. Але чалавек, ахутаны дымам, працягвае глядзець ёй у вочы і карты не кідае. Дык, можа... Ах!..

Панна Ізабэла зрываецца з шэзлонга, чапляцца ў цемры за пуфік і дрыжачымі рукамі звоніць. Яна звоніць другі раз – нікога няма, дык выбягае ў вітальню і ў дзвярах спатыкае панну Фларэнтыну. Тая хапае яе за руку і са здзіўленнем пытаецца:

– Што з табою, Бэла?..

Святло ў вітальні крыху вяртае панну Ізабэлу да прытомнасці. Яна ўсміхаецца.

– Прынясі, Флора, лямпу ў мой пакой. Тата дома?

– Хвіліну таму выехаў.

– А Мікалай?

– Зараз вернецца, ён пайшоў аддаць ліст пасланцу. Табе галава баліць мацней? – пытаецца панна Фларэнтына.

– Не, – усміхаецца панна Ізабэла. – Я задрамала, і нешта мне прымроілася.

Панна Фларэнтына бярэ лямпу, і яны разам з кузінаю ідуць у яе кабінет. Панна Ізабэла сядае на шэзлонг, закрывае рукою вочы ад святла і кажа:

– Ведаеш, Флора, я вырашыла не прадаваць сваё срэбра чужым. Сапраўды, можа трапіць Бог ведае ў чые рукі. Прысядзь, будзь ласкавая, да майго стала ды напішы цётцы, што… я прымаю яе прапанову. Няхай яна пазычыць нам тры тысячы рублёў і няхай возьме сервіз і срэбра.

Панна Фларэнтына глядзіць на яе ўражаная і нарэшце адказвае:

– Гэта немагчыма, Бэла.

– Чаму?

– Чвэрць гадзіны таму я атрымала ліст ад пані Мэлітан, што срэбра і сервіз ужо купілі.

– Ужо? Хто іх купіў? – крычыць панна Ізабэла, хапаючы кузіну за руку.

Панна Фларэнтына збянтэжаная.

– Здаецца, нейкі купец з Расіі... – адказвае яна, але чуваць, што кажа няпраўду.

– Ты нешта ведаеш, Флора!.. Прашу цябе, скажы!.. – угаворвае яе панна Ізабэла. На вочы ёй набягаюць слёзы.

– Зрэшты, я табе скажу, толькі захавай гэта ў сакрэце ад бацькі, – просіць кузіна.

– Дык хто?.. Ну, хто ж купіў?..

– Вакульскі, – адказвае панна Фларэнтына.

У панны Ізабэлы вочы імгненна высыхаюць, набіраючы сталёвага бляску. Яна з гневам адпіхвае кузіну, перамервае крокамі свой кабінет, нарэшце сядае ў фатэль насупраць панны Фларэнтыны. Гэта ўжо не спалоханая і знерваваная красуня, а велікасвецкая дама, што збіраецца вынесці прысуд некаму са слуг або нават прагнаць прэч.

– Скажы мне, кузіна, – пытаецца яна прыгожым кантральта, – што за смешную змову задумалі вы супраць мяне?

– Я?.. Змова?.. – паўтарае панна Фларэнтына, прыціскаючы рукі да грудзей. – Не разумею цябе, Бэла…

– Так. Ты, пані Мэлітан і гэты… забаўны герой… Вакульскі…

– Я і Вакульскі?.. – паўтарае панна Фларэнтына. На гэты раз яе здзіўленне такое шчырае, што немагчыма не паверыць.

– Дапусцім, што ты не сярод змоўшчыкаў, – працягвае панна Ізабэла, – але нешта ведаеш…

– Пра Вакульскага я ведаю тое, што і ўсе. У яго ёсць крама, у якой мы купляем, ён зарабіў вялікія грошы на вайне…

– А пра тое, што ён уцягвае тату ў гандлёвую суполку, ты не чула?

Выразныя вочы панны Фларэнтыны робяцца яшчэ большыя.

– Бацьку твайго ўцягвае ў суполку?.. – перапытвае яна, паціскаючы плячыма. – У якую ж суполку можна яго ўцягнуць?..

І ў той жа момант яна спалохалася сваіх слоў…

Панна Ізабэла не можа больш сумнявацца ў яе невінаватасці. Яна зноў некалькі разоў прайшлася па кабінеце, рухаючыся, нібы львіца ў клетцы, і нечакана спытала:

– Скажы мне, прынамсі, што ты думаеш пра гэтага чалавека.

– Я – пра Вакульскага?.. Нічога я пра яго не думаю, апроч, хіба, што ён шукае папулярнасці і сувязяў.

– Дык дзеля папулярнасці ён ахвяраваў тысячу рублёў на сірот?

– Пэўна. Даў жа ён удвая больш на дабрачыннасць.

– А навошта ён купіў мой сервіз і срэбра?

– Напэўна, каб прадаць з прыбыткам, – адказала панна Фларэнтына. – У Англіі за такія рэчы добра плацяць.

– А навошта… выкупіў вэксалі таты?

– Адкуль ты ведаеш, што гэта ён? З гэтага ён не меў бы аніякае выгады.

– Нічога я не ведаю, – ліхаманкава перабіла яе панна Ізабэла, – але ўсё прадчуваю, усё разумею… Гэты чалавек хоча наблізіцца да нас…

– Ужо, прынамсі, пазнаёміўся з бацькам, – заўважыла панна Фларэнтына.

– Дык ён да мяне хоча наблізіцца!.. – выбухнула панна Ізабэла. – Я зразумела гэта па…

Сорамна ёй было дадаць: “Па ягоным позірку”.

– Ці не ставішся ты да яго з прадузятасцю, Бэла?..

– Не. Тое, што я адчуваю цяпер, не прадузятасць, хутчэй, яснабачанне. Ты нават не ўяўляеш сабе, як даўно я ведаю гэтага чалавека, дакладней, як даўно ён мяне пераследуе. Цяпер я прыгадваю, што ўжо год таму не было паказу ў тэатры, не было канцэрта, лекцыі, на якой бы я не спаткала яго, і толькі сёння гэтая… недарэчная фігура здалася мне страшнаю…

Панна Фларэнтына ажно адсунулася разам з фатэлем і ціха прамовіла:

– Дык ты дапускаеш, што ён бы насмеліўся…

– Захапіцца мною?.. – са смехам не дала ёй дагаварыць панна Ізабэла. – Гэта я нават і не падумала б яму забараняць. Я не такая наіўная і не такая прытворна-сціплая, каб не бачыць, што падабаюся… Божа мой! нават слугам… Некалі мяне гэта злавала, як тыя жабракі на вуліцах, што не даюць нам праходу, або стукаюцца ў дзверы ці пішуць лісты з просьбамі дапамагчы. Але цяпер мне сталі зразумелыя словы Збаўцы: “Каму шмат дадзена, ад таго шмат жадаць будуць”.

– Зрэшты, – дадала яна, паціскаючы плячыма, – мужчыны так бесцырымонна адорваюць нас сваім замілаваннем, што я не толькі не здзіўляюся, калі бачу іх заляцанні або дзёрзкія позіркі, але, наадварот, дзіўлюся, калі іх няма. Калі ў салоне нехта не гаворыць мне пра свае пачуцці і пакуты, або не маўчыць панура, паказваючы яшчэ большыя пачуцці і пакуты, або не дэманструе мне ледзяной абыякавасці – адзнаку самых моцных пачуццяў і пакутаў, тады я адчуваю, што мне нечага не стае, быццам я забылася веер або насоўку… О, я іх ведаю! Усіх гэтых донжуанаў, паэтаў, філосафаў, герояў, усе гэтыя чуллівыя, бескарыслівыя, зламаныя, рамантычныя або моцныя душы… Ведаю ўвесь гэты маскарад і запэўніваю цябе, што добра баўлюся. Ха-ха-ха!.. Якія яны смешныя…

– Я не разумею цябе, Бэла… – сказала панна Фларэнтына і развяла рукі.

– Не разумееш?.. Дык ты, хіба, не кабета.

Панна Фларэнтына выказала было рухам сваю нязгоду, але разам і сумнеў.

– Паслухай, – не дала ўставіць ёй слова панна Ізабэла. – Ужо год як мы страцілі сваё становішча ў свеце. Не пярэч, гэта так, мы гэта ведаем. Мы цяпер зруйнаваныя.

– Перабольшваеш…

– Ах, Флора, не суцяшай мяне і не падманвай!.. Хіба ты не чула падчас абеду, што нават тыя пару дзясяткаў рублёў мой бацька выйграе ў карты ў…

Панну Ізабэлу аж закалаціла, калі яна казала гэта. Яе вочы блішчалі, на твары з’явіліся чырвоныя плямы.

– І вось у такі момант з’яўляецца гэты... купец, набывае нашыя вэксалі, наш сервіз, аблытвае майго бацьку і цётку, інакш кажучы – на мяне з усіх бакоў расстаўляе сеткі, як паляўнічы на дзічыну. Гэта ўжо не маркотны кавалер, не залётнік, якога можна адпрэчыць, гэта... заваёўнік!.. Ён не ўздыхае, а ўціраецца ў ласку да цёткі, звязвае па руках і нагах бацьку, а мяне жадае захапіць сілаю альбо прымусіць, каб я сама здалася... Ты разумееш, якая гэта подласць?

Панна Фларэнтына спалохалася.

– У такім разе, ёсць вельмі простае выйсце. Раскажы...

– Каму і што?.. Цётцы, якая гатова падтрымаць гэтага пана, абы прымусіць мяне выйсці замуж за маршалка?.. Або, можа, апавесці пра гэта бацьку, каб напалохаць яго і паскорыць катастрофу? Я зраблю толькі адно: не дазволю бацьку ўступаць у нейкія там суполкі, хоць бы мне давялося ўпасці яму ў ногі, хоць бы давялося... забараніць яму ў імя нябожчыцы маці...

Панна Фларэнтына глядзіць на яе з захапленнем:

– Праўду кажучы, Бэла, – ты перабольшваеш. Пры тваёй энергіі ды геніяльнай прадбачлівасці...

– Ты не ведаеш гэтых людзей, а я бачыла іх падчас працы. У іхніх руках сталёвыя рэйкі гнуцца, як дубцы. Гэта страшныя людзі. Яны здольныя дзеля сваіх мэтаў прывесці ў рух усе зямныя сілы, пра якія мы нават не ведаем. Яны здольныя ламаць, завабліваць у пастку, поўзаць, рызыкаваць усім і нават – цярпліва чакаць...

– Ты кажаш гэтак, бо начыталася раманаў.

– Я кажу паводле сваіх адчуванняў, якія папярэджваюць… крычаць, што гэты чалавек дзеля таго ездзіў на вайну, каб дамагчыся мяне. І ледзьве ён вярнуўся, як асачыў мяне з усіх бакоў... Але няхай сцеражэцца! Ён жадае мяне купіць? Добра, няхай купляе!.. Ён пераканаецца, што я вельмі дорага каштую… Ён жадае злавіць мяне ў сіло?.. Хай расстаўляе яго… але я выслізну, нават у абдымкі маршалка... Божа мой! Я нават не здагадвалася, якая глыбокая прорва, у якую мы падаем, пакуль не ўбачыла гэткае дно. З салонаў Квірыналу[69] – у галантарэйную краму... Гэта нават не падзенне, гэта – ганьба.

Яна села ў шэзлонг, закрыла твар рукамі і заплакала.

VII. ГОЛУБ ВЫХОДЗІЦЬ НА СПАТКАННЕ З ВУЖОМ

Сервіз і срэбра сямейства Ленцкіх прадалі, і нават ювелір прынёс ужо пану Тамашу грошы, за вылічкай амаль ста пяцідзесяці рублёў камісійных і за пасярэдніцтва. Нягледзячы на гэта, графіня Яанна не перастала любіць панну Ізабэлу, наадварот, энергія і самаахвярнасць тае пры продажы каштоўнасцяў абудзілі ў сэрцы старое дамы новую хвалю сваяцкіх пачуццяў. Яна не толькі ўгаварыла панну Ізабэлу прыняць у падарунак прыгожы ўбор, не толькі штодня наведвала яе або запрашала да сабе, але нават (што было знакам нечуванае ласкі!) дала ёй свой экіпаж на ўсю Вялікую Сераду.

– Праедзься, анёлку, па горадзе, – казала графіня, цалуючы пляменніцу, – і купі, што табе трэба з дробязяў. Толькі глядзі, каб падчас квесты была прыгожаю... такою прыгожаю, як толькі адна ты можаш... прашу цябе.

Панна Ізабэла нічога не адказала, але яе позірк і тое, як яна паружавела, дазвалялі здагадацца, што яна ўсёю душою згодная выканаць жаданне цёткі.

У Вялікую Сераду роўна аб адзінаццатай гадзіне раніцы панна Ізабэла ўжо сядзела ў адкрытым экіпажы побач з неразлучнай сваёй спадарожніцай – паннай Фларэнтынай. У Алеях веяла веснавым ветрыкам, які разносіў той адмысловы свежы водар, што звястуе распусканне пупышак на дрэвах і з’яўленне пралесак. Бурыя траўнікі злёгку зазелянелі, а сонца так грэла, што пані раскрылі парасоны.

– Цудоўны дзень, – уздыхнула панна Ізабэла, гледзячы на неба з белымі сям-там аблачынкамі.

– Куды ясная паненка загадае ехаць? – спытаў лёкай, зачыняючы дзверкі каляскі.

– У краму Вакульскага, – з нервовай паспешлівасцю адказала панна Ізабэла.

Лёкай ускочыў на козлы, і сытыя гнядыя коні рушылі велічнай рыссю, пырхаючы і ўскідваючы галовамі.

– Чаму да Вакульскага, Бэла? – спытала крыху здзіўленая панна Фларэнтына.

– Хачу купіць сабе парыжскія пальчаткі, пару флаконаў парфумы...

– Гэта можна знайсці і ў іншым месцы.

– Хачу туды, – суха адказала ёй панна Ізабэла.

У апошнія дні яе мучыў дзіўны непакой, які аднойчы ўжо яна зазнала ў жыцці. Колісь за мяжою, у заалагічным садзе яна ўбачыла ў адной з клетак вялізнага тыгра, той спаў каля самых кратаў, і частка галавы ды адно вуха вытыркалася вонкі.

Убачыўшы гэта, панна Ізабэла адчула непераадольнае жаданне схапіць тыгра за вуха. Ад смуроду з клеткі ёй рабілася моташна, магутныя лапы звера выклікалі ў яе невымоўны жах, але яна адчувала, што павінна хоць дакрануцца да тыгрынага вуха.

Гэтая дзіўная спакуса ёй самой здалася небяспечнаю і нават недарэчнаю. Яна перамагла сябе і пайшла далей, аднак праз некалькі хвілін вярнулася. Ізноў адышла. Агледзела суседнія клеткі і пастаралася думаць пра нешта іншае. Дарэмна. Вярнулася назад. Хоць тыгр ужо не спаў ды вуркатаў, аблізваючы свае страшныя лапы, панна Ізабэла падбегла да клеткі, прасунула руку – а сама спалатнела, затрэслася – і дакранулася да яго вуха.

Праз момант яна засаромелася сваёй неразважлівасці, але разам з тым адчула і вострае задавальненне, знаёмае людзям, што ў важнай справе прыслухаюцца да голасу інстынкту.

Сёння ў ёй абудзілася падобнае жаданне.

Яна пагарджала Вакульскім, сэрца яе млела ад падазрэння, што гэты чалавек мог заплаціць за яе сервіз даражэй, чым той быў варты, але яна ўсё ж адчувала непераадольнае жаданне ўвайсці ў краму, зірнуць Вакульскаму ў вочы і заплаціць яму за нейкія дробныя рэчы менавіта тымі грашыма, якія яна атрымала ад яго. Страх ахопліваў яе ад думкі пра сустрэчу з ім, але невытлумачальнае прадчуванне штурхала наперад.

На Кракаўскім прадмесці яна яшчэ здалёк убачыла шыльду: “Я. Мінцаль і С. Вакульскі”, а ў будынку побач – новую, яшчэ недафарбаваную краму на пяць вокнаў з люстранымі шыбамі[70]. Каля яе завіхаліся майстры і работнікі: адны знутры праціралі шыбы, іншыя фарбавалі і пакрывалі пазалотаю дзверы ды карнізы, астатнія прыладжвалі да вітрын вялікія медныя бар’еры.

– Што за крама тут будуецца? – спытала яна ў панны Фларэнтыны.

– Хіба, для Вакульскага. Я чула, што ён перабіраецца ў большае памяшканне.

“Для мяне гэтая крама!” – падумала панна Ізабэла і скамячыла ў руках пальчаткі.

Экіпаж спыніўся, лёкай саскочыў з козлаў і дапамог паням выйсці. Але, калі ён разнасцежыў дзверы ў краму Вакульскага, панна Ізабэла раптам адчула такую слабасць, што ў яе ногі падкасіліся. Было імгненне, калі яна нават хацела вярнуцца ў экіпаж ды ўцякаць адсюль, аднак авалодала сабою і з высока ўзнятай галавою ўвайшла.

Пан Жэцкі стаяў ужо пасярод крамы і, паціраючы рукі, нізка ёй кланяўся. У глыбіні пан Лісецкі, пагладжваючы сваю выпешчаную бародку, мяккімі і поўнымі годнасці рухамі паказваў бронзавыя кандэлябры нейкай даме, якая сядзела на крэсле, кволы Клейн выбіраў кіёк панічу, які пры з’яўленні панны Ізабэлы спрытна ўзброіўся ў пенснэ, а Мрачэўскі, выпраменьваючы пах геліятропу, спапяляў позіркамі і раніў штылетамі сваіх вусікаў двух чырванашчокіх паненак, якія суправаджалі даму і разглядалі аксесуары для туалетнага століка.

Справа ад дзвярэй, пры канторцы, схіліўшыся над рахункамі, сядзеў Вакульскі.

Калі панна Ізабэла ўвайшла, паніч, што выбіраў кіёк, паправіў на шыі каўнерык, паненкі пераглянуліся, пан Лісецкі на паўслове спыніў свой ветлівы аповед пра стылі кандэлябраў, не змяняючы, аднак, ветлівае паставы, а дама, што слухала яго лекцыю, цяжка павярнулася на крэсле. На момант у краме запанавала ціша, якую сваім пявучым кантральта парушыла панна Ізабэла.

– Ці знойдзем мы тут пана Мрачэўскага?..

– Пане Мрачэўскі!.. – паклікаў пан Ігнацы.

Мрачэўскі ўжо стаяў побач з паннай Ізабэлай, зачырванелы, як вішня, пахкі, як кадзіла, са схіленым чалом, як ніклая трысцінка.

– Мы прыехалі, каб купіць у пана пальчаткі.

– Нумарок пяць з паловаю, – абвясціў Мрачэўскі, ужо трымаючы скрыначку, якая злёгку дрыжэла ў яго руках пад уплывам позірку панны Ізабэлы.

– А вось і не… – засмяялася панна. – Пяць і тры чвэрці... Пан ужо забыўся!..

– Пані, ёсць рэчы, якія ніколі не забывацца. Аднак, калі пані загадае падаць пяць і тры чвэрці, – рады служыць – з надзеяй, што хутка пані зноў зробіць нам гонар сваім наведваннем. Бо пальчаткі пяць і тры чвэрці, – дадаў ён і ціха ўздыхнуў, падсоўваючы да яе іншыя скрыначкі, – безумоўна, спаўзуць з ручак…

– Геній! – шапнуў пан Ігнацы, падміргваючы Лісецкаму, які пагардліва паварушыў вуснамі.

Дама, што сядзела на крэсле, зноў павярнулася да кандэлябраў, дзве паненкі – да туалетнага століка з аліўкавага дрэва, паніч у пенснэ зноў пачаў выбіраць кіёк – і ў краме ўсё пайшло сваім парадкам. Толькі ўзрушаны Мрачэўскі лётаў угору ды ўніз па драбінцы, высоўваў шуфляды, выцягваў усё новыя і новыя скрыначкі і пераконваў панну Ізабэлу па-польску і па-французску, што ёй ніяк нельга насіць іншых пальчатак, апрача нумара пяць з паловаю, ані ўжываць іншае парфумы, апрача сапраўднага Аткінсана, ані ўпрыгожваць свой столік нейкімі іншымі дробязямі, апрача парыжскіх.

Вакульскі гэтак схіліўся над канторкаю, што на ілбу ў яго набрынялі жылы, і працягваў лічыць:

“29 ды 36 – гэта 65, ды 15 – будзе 80, ды 73 – будзе... будзе...”

Тут ён перапыніў падлікі і спадылба зірнуў у бок панны Ізабэлы, якая размаўляла з Мрачэўскім. Абое стаялі да яго бокам, і ён убачыў, што крамнік не зводзіць палымяных вачэй з панны Ізабэлы, на што яна адказвае непрыхаванаю ўсмешкаю і позіркам ласкавага заахвочвання.

“29 ды 36 – гэта 65, ды 15...” – лічыў Вакульскі, але раптам пяро ў яго пальцах з трэскам зламалася. Не падымаючы галавы, ён дастаў з шуфляды новае, і ў гэты ж момант невядома якім чынам з падлікаў вынікла пытанне: “І мне яе кахаць? Недарэчасць! Цэлы год я пакутаваў на нейкую хваробу мазгоў, а здавалася мне, што закахаўся... 29 ды 36... 29 ды 36... Ніколі б не падумаў, што яна можа быць мне аж так нецікавая... Як яна глядзіць на гэтага асла… Ну несумненна, калі гэтая асоба какетнічае нават з крамнікамі, дык ці не робіць яна таго ж з лёкаямі ды фурманамі!.. Упершыню я адчуваю спакой... О, Божа! А я ж так прагнуў яго...”

У краму ўвайшло яшчэ некалькі пакупнікоў, да якіх неахвотна звярнуўся Мрачэўскі, павольна завязваючы пакункі.

Панна Ізабэла наблізілася да Вакульскага і, паказваючы ў яго бок парасонам, выразна прамовіла:

– Флора, заплаці, будзь ласкавая, гэтаму пану. Мы вяртаемся дадому.

– Каса тут, – паспяшаўся Жэцкі, падбягаючы да панны Фларэнтыны.

Ён узяў у яе грошы, і абое адышлі ў глыб крамы.

Панна Ізабэла павольна падсунулася да самае канторкі, за якою сядзеў Вакульскі. Твар яе быў без крывінкі. Здавалася, выгляд гэтага чалавека дзейнічае на яе гіпнатычна.

– Ці з панам Вакульскім я размаўляю?

Вакульскі прыўзняўся і абыякава адказаў:

– Гатовы служыць пані.

– Гэта ж пан купіў наш сервіз і срэбра? – запыталася яна глухім голасам.

– Я, пані.

Тут панна Ізабэла завагалася. Праз момант, аднак, яе твар ізноў паружавеў. Яна працягвала:

– Напэўна, пан прадасць гэтыя рэчы?

– Дзеля гэтага я іх і купіў.

Панна Ізабэла пачырванела мацней.

– Пакупнік з Варшавы? – распытвала яна.

– Я прадам гэтыя рэчы не тут, а за мяжою. Там... мне заплацяць больш, – дадаў ён, бо заўважыў у яе вачах сумнеў.

– Пан спадзяецца на добры прыбытак?

– Я і купіў іх, каб атрымаць прыбытак.

– Таму і бацька мой не ведае, што гэтае срэбра апынулася ў пана? – спытала яна іранічна.

У Вакульскага здрыгануліся вусны.

– Я купіў срэбра і сервіз у ювеліра. Таямніцы з гэтага я не раблю. Трэціх асоб у справу не ўмешваю, бо гэтак не робіцца ў камерцыі.

Нягледзячы на рэзкасць яго адказаў, панна Ізабэла ўздыхнула з палёгкаю. Нават вочы яе крыху пацямнелі і страцілі злы бляск.

– А калі б мой бацька перадумаў і пажадаў выкупіць гэтыя рэчы, за які кошт пан бы іх прадаў?

– За той, за які купіў... Зразумела, з налічэннем адсоткаў – прыкладна... ад шасці да васьмі гадавых...

– І пан адмовіўся б ад спадзяванага прыбытку?.. Чаму ж гэта?.. – не дала яна дагаварыць.

– Бо гандаль, пані, засноўваецца не на спадзяваных прыбытках, а на няспынным абароце наяўнага капіталу.

– Да пабачэння і... дзякуй пану за тлумачэнні, – сказала панна Ізабэла, бо заўважыла, што яе спадарожніца ўжо заплаціла.

Вакульскі пакланіўся і зноў сеў за сваю кнігу.

Калі лёкай забраў пакункі і пані селі ў экіпаж, панна Фларэнтына з папрокам прамовіла:

– Ты размаўляла з гэтым чалавекам, Бэла?..

– Так, і не шкадую. Ён хлусіў, але...

– Што значыць гэтае “але”? – з трывогай спытала панна Фларэнтына.

– Не пытайся ў мяне... нічога не кажы мне, калі не хочаш, каб я заплакала на вуліцы...

Пасля кароткае паўзы яна дадала па-французску:

– Зрэшты, можа, я і нядобра зрабіла, што прыехала сюды, але... мне ўсё адно!..

– Я мяркую, Бэла, – сказала яе спадарожніца, з гонарам падціскаючы вусны, – што табе трэба пагутарыць з бацькам або з цёткаю.

– Ты хочаш сказаць, – перапыніла яе панна Ізабэла, – што я павінна пагутарыць з маршалкам альбо з баронам? На гэта заўсёды будзе час, а цяпер мне яшчэ не стае адвагі.

Размова абарвалася. Яны ў маўчанні вярнуліся дадому. Панне Ізабэле цэлы дзень немагчыма было дагадзіць.

Пасля таго, як панна Ізабэла пайшла з крамы, Вакульскі зноў узяўся за рахункі і беспамылкова склаў два доўгія слупкі лічбаў. А палове на трэцюю ён спыніўся ды зноў падзівіўся, як спакойна стала ў яго на душы. Адкуль раптам гэтая абыякавасць пасля цэлага году ліхаманкавай разгубленасці і нуды ўперамешку з выбухамі шаленства? Каб нейкага чалавека нечакана з бальнае залы перанесці ў лес або з задушлівай вязніцы – на шырокі зялёны поплаў, дык не зазнаў бы ён іншых адчуванняў і не было б большым ягонае здзіўленне.

“Відавочна, цэлы год я пакутаваў на нейкае частковае замарачэнне розуму, – думаў Вакульскі. – Не было небяспекі, не было ахвяры, на якую б я не пайшоў дзеля гэтае асобы, але варта было мне яе ўбачыць – і ўсё прайшло...

А як яна размаўляла са мною! Колькі было пагарды да нікчэмнага купца... “Заплаці гэтаму пану!..” Дзіўныя гэтыя свецкія дамы: любы лайдак, шулер, нават злодзей, абы меў высакароднае прозвішча – пасуе ім у кампанію, нават каб тварам ён быў падобны не да роднага бацькі, а да матчынага лёкая. Але купец – гэта парый… Зрэшты, што мне да таго! Хай сабе гніюць у спакоі!”

Ён падлічыў яшчэ адзін слупок, не зважаючы на тое, што робіцца ў краме.

“Адкуль яна ведае, – думаў ён далей, – што я купіў срэбра і сервіз?.. А як яна дапытвалася, ці не заплаціў я больш, чым яны вартыя! З задавальненнем ахвяраваў бы я ім гэтыя фамільныя дробязі. Я мушу быць удзячны ёй да смерці. Каб не гэтая апантанасць, дык не нажыў бы я маёнтку і спарахнеў бы за канторкаю. А цяпер, можа, і маркотна мне будзе без гэтага жалю, без роспачы і надзеі... Недарэчнае жыццё!.. Ганяемся за зданню, якую кожны носіць ва ўласным сэрцы, і толькі калі яна адтуль знікне, бачым, што было гэта вар’яцтвам... Ну ніколі б не падумаў, што існуюць такія цудоўныя лекі. Гадзіну таму я быў атручаны, а цяпер – такі спакойны і ў той жа час нібы спустошанасць, нібы ўцякла мая душа і пуста стала ўсярэдзіне, засталіся толькі скура ды вопратка. Што я зараз буду рабіць? Чым буду жыць?.. Хіба, паеду на выставу ў Парыж[71], а потым у Альпы...”

У гэты момант да яго крадком падышоў Жэцкі і ціха сказаў:

– А Мрачэўскі зух! Хіба, не? Як ён умее размаўляць з кабетамі!

– Як распешчаны кліентамі цырульнік, – адказаў Вакульскі, не адрываючы позірк ад кнігі.

– Нашы кліенткі зрабілі яго такім, – адказаў стары крамнік.

Але ён заўважыў, што перашкаджае гаспадару, і адышоў. Вакульскі зноў задумаўся. Незнарок ён зірнуў на Мрачэўскага і раптам заўважыў, што маладзён мае нешта асаблівае ў твары.

“Так, – думаў ён, – пустальга. Мо таму і падабаецца кабетам”.

Яму смешнымі здаваліся і позіркі панны Ізабэлы, якімі яна адорвала маладога прыгажуна, і ўласныя мары, якія сёння так нечакана развеяліся.

Раптам ён здрыгануўся, бо пачуў імя панны Ізабэлы і заўважыў, што ў краме няма ніводнага пакупніка.

– Ну, але сёння ўжо пан не таіўся са сваімі амурамі, – з маркотнаю ўсмешкаю казаў Клейн Мрачэўскаму.

– Бо як жа яна на мяне глядзела, проста – ах!.. – уздыхнуў Мрачэўскі, прыціскаючы адну руку да грудзей, а другою падкручваючы вусікі. – Не сумняюся, – працягваў ён, – што праз некалькі дзён атрымаю ад яе духмяную цыдулку. Потым – першае спатканне, потым: “Дзеля пана я грэбую прынцыпамі свайго выхавання”, а потым: “Ці не пагарджаеш ты мною?” Нейкі момант яна вельмі прывабная, затое потым чалавек нажывае вялікія клопаты...

– Навошта, пан, хлусіш! – спыніў яго Лісецкі. – Ведаем мы залётніц пана: завуцца Мацільдамі, якіх пан прываблівае порцыяй смажаніны ды куфлем піва.

– Мацільды – на кожны дзень, а дамы – на святы. Але Іза будзе самым вялікім святам. Даю слова гонару, не сустракаў я кабеты, якая б так пякельна дзейнічала на мяне... Ну, але ж і яна да мяне горнецца!

Грукнулі дзверы, і ў краму ўвайшоў немалады ягамосць з сівою галавою. Ён пажадаў бірульку да гадзінніка, але крычаў і стукаў кіем так, нібы збіраўся скупіць усе японскія вазы.

Вакульскі не варухнуўся, слухаючы, як выхваляецца Мрачэўскі. У яго з’явілася адчуванне, нібы на галаву і  на грудзі яму апускаўся нейкі цяжар.

– Урэшце, мяне гэта не датычыць, – шапнуў ён сам сабе.

Пасля сівога ягамосця ў краму ўвайшла дама, якая жадала парасон, а за ёю – пан сярэдняга веку, які хацеў купіць капялюш, потым – паніч, якому патрэбны быў партсігар, нарэшце тры панны, з якіх адна патрабавала пальчаткі Шольца[72], менавіта Шольца, таму што іншых яна не носіць.

Вакульскі закрыў кнігу, павольна падняўся з крэсла і ўзяў з канторкі капялюш, накіроўваючыся да выхаду. Яму было цяжка дыхаць, і чэрап нібы расколваўся.

Пан Ігнацы заступіў яму дарогу.

– Сыходзіш? Можа, зазірнеш у новую краму? – запытаўся ён.

– Нікуды я не зазірну, стаміўся, – адказаў Вакульскі, не гледзячы таму ў вочы.

Калі ён выйшаў, Лісецкі крануў Жэцкага за плячо.

– Чаго гэта стары, нібы чорная хмара? – ціха спытаў ён.

– Ну, – адказаў пан Ігнацы, – зрушыць з месца такую справу, як маскоўская, гэта не жартачкі. Дзіва што.

– А нашто ён за яе браўся?

– На тое, каб было з чаго плаціць нам болей, – сувора адказаў пан Ігнацы.

– Дык няхай пачынае хоць сотню новых спраў, нават у Іркуцку, абы штогод павялічваў заробак, – сказаў Лісецкі. – Я  не супраць. Але, на маю думку, ён да сябе не падобны, асабліва сёння. Жыды, панове, жыды, – дадаў ён, – як пранюхаюць пра ягоныя праекты, дык дадуць яму жыцця!

– Якія жыды...

– Жыды, кажу я, жыды!.. Яны ўсё трымаюць у сваіх руках і не дапусцяць, каб ім упоперак дарогі стаў нейкі Вакульскі, не жыд і нават не мэхэс[73].

– Вакульскі будзе мець справы са шляхтаю, – адказаў Ігнацы, – і там ёсць капіталы.

– Хто ведае, што горш: жыд або шляхціц, – кінуў мімаходзь Клейн і ўзняў бровы з вельмі гаротным выглядам.

VIII. ДУМЫ

Вакульскі выйшаў на вуліцу і спыніўся на ходніку, нібы разважаючы, куды ісці. Не цягнула яго ні ў адзін бок. Толькі выпадкова зірнуўшы направа, на сваю новую краму, перад якою ўжо прыпыняліся мінакі, ён з агідаю адвярнуўся і пайшоў налева.

“Дзіўна, як мала ўсё гэта мяне кранае”, – сказаў ён сам сабе. Потым ён думаў пра тых людзей, якім ён цяпер дае працу, і пра тыя некалькі дзясяткаў, якія з першага мая павінны былі пачаць працаваць у яго, і пра тыя сотні, дзеля якіх ён цягам года збіраўся стварыць новыя месцы працы, і пра тыя тысячы, якія дзякуючы яго танным таварам маглі б крыху палепшыць сваё ўбогае існаванне, – і адчуваў, што ўсе гэтыя людзі разам з іх сем’ямі абсалютна яго не цікавяць у гэты момант.

“Краму каму-небудзь саступлю, суполку закладаць не буду і з’еду за мяжу”, – думаў ён.

“А расчараванне, якое справіш людзям, што спадзяюцца на цябе?”

“Расчараванне?.. Хіба ж мяне самога не спаткала расчараванне?”

Ідучы, Вакульскі адчуў нейкую нязручнасць і толькі засяродзіўшыся, што б гэта магло быць, ён вырашыў: яму надакучыла ўвесь час саступаць дарогу, дык ён перайшоў на іншы бок вуліцы, дзе рух быў меншы.

“А гэты Мрачэўскі, аднак, інфаміс![74] – думаў ён. – Як можна казаць такое ў краме? «Праз некалькі дзён атрымаю цыдулку, а пасля – спатканне...» Ну, яна сама вінаватая: не трэба какетнічаць з блазнамі... Зрэшты, мне ўсё адно!”

Ён адчуваў у душы дзіўную пустэчу, а на самым дне яе – нібы кроплю пякучае горычы. Ніякае сілы, ніякіх жаданняў, нічога – толькі гэтую кроплю, такую дробную, што і не ўбачыць, але такую горкую, што, здаецца, увесь свет можна ёю атруціць.

“Часовая апатыя, стомленасць, адсутнасць уражанняў... Занадта шмат займаюся справамі”, – казаў ён сам сабе.

Ён спыніўся і глядзеў. Перадсвяточны дзень і добрае надвор’е выцягнулі на гарадскі брук мноства людзей. Шнур павозак і стракаты рухомы натоўп паміж помнікам Каперніка і калонай Жыгімонта[75] быў падобны да птушынай чарады, што ў гэтую хвіліну якраз пралятала над горадам, кіруючыся на поўнач.

“Цікава, – казаў ён сам сабе, – кожная птушка ў вышыні і кожны чалавек на зямлі ўяўляюць сабе, што накіроўваюцца туды, куды яны хочуць, і толькі той, хто стаіць збоку, бачыць, што ўсіх разам цягне за сабою наперад нейкая фатальная плынь, мацнейшая за жаданні і намеры кожнага. Можа, нават тая самая, што падхоплівае снапы іскраў, якія вылятаюць уначы з трубы паравоза? На імгненне бліснуць яны і загаснуць навекі – і гэта завецца жыццём.

Мінаюць людзі, пакаленні,

Як хвалі ад марскіх вятроў;

Не помніш святаў ты дзядоў,

Па іх не плачаш ты знікненні[76].

Дзе я чытаў гэта?.. Усё адно”.

Няспынны грукат і шум падаліся Вакульскаму нязноснымі, а пустэча ў сярэдзіне – жахліваю. Ён пачаў думаць, чым бы заняцца, і прыгадаў, што адзін з замежных капіталістаў пытаў яго меркаванне пра бульвары ўздоўж Віслы. Меркаванне ў яго ўжо склалася: Варшава ўсёю сваёю масаю імкнецца і ссоўваецца да Віслы. Каб умацаваць берагі бульварамі, дык там паўстала б самая прыгожая частка горада: дамы, крамы, прысады...

“Трэба зірнуць, што там можна зрабіць”, – ціха сказаў сабе Вакульскі і павярнуў на вуліцу Карову[77].

Пры браме[78], што вяла туды, ён убачыў босага грузчыка, апавітага вяроўкамі; той піў ваду проста з фантана і запырскаўся з галавы да ног, але твар у яго быў вельмі задаволены, а вочы вясёлыя.

“Вось ён і здаволіў сваю смагу. А я, ледзь наблізіўся да крыніцы, як бачу, што не толькі яна высахла, але нават і прага мая знікае. Але мне зайздросцяць, а гэтага бедака трэба шкадаваць. Якая жахлівая недарэчнасць!”

На вуліцы Карова яго крыху адпусціла. Ён здаваўся сабе пустым коласам, вымалачаным сталічным жыццём, які павольна сплывае кудысьці па гэтай канаве, заціснутай паміж адвечнымі мурамі.

“Што ж з бульварамі? – думаў ён. – Пастаяць нейкі час, а потым, занядбаныя, пачнуць зарастаць хмызняком, і чакае іх лёс гэтых вось парэпаных сцен. Людзі, якія цяжка працавалі, каб іх пабудаваць, таксама імкнуліся да спакою, да здароўя, да багацця, а можа быць, да забаў і асалоды. І дзе яны?.. Пасля іх засталіся патрэсканыя муры, як ракавіны слімакоў са старажытнае эпохі. А ўсяе карысці ад гэтае груды цэглы і тысячы іншых груд будзе толькі тое, што нейкі геолаг у будучыні назаве іх рыфамі, створанымі людзьмі, як мы цяпер называем стварэннем малюскаў каралавыя рыфы або крэйдавыя паклады.

Пасля жыцця цяжкой работы,

Што застаецца чалавеку?

Знікае хутка, натуральна

Праз мімалётнасць свайго веку

Дзе ж я чытаў гэта, дзе?.. Якая розніца”.

Ён спыніўся сярод дарогі і глядзеў на квартал паміж Новым З’яздам і Тамкаю, які раскінуўся ўнізе. Яго ўразіла падабенства з драбінаю, адну бакавіну якое ўтварае вуліца Добра, другую – лінія ад Гарбарскае да Тапелі, а больш за тузін папярочных вулічак служаць нібы перакладзінамі.

“Нікуды мы не падымемся па гэтай драбіне, што ляжыць тут, – думаў ён. – Гіблы кут, глухі кут”.

І ён разважаў, поўны горычы, што на гэтай паласе прыбярэжнае зямлі, закіданай смеццем з усяго горада, не вырасце нічога лепшага за аднапавярховыя і двухпавярховыя дамкі карычневага і жоўтага, цёмна-зялёнага і рудога колераў. Нічога, акрамя белых і чорных парканаў вакол пустак, на якіх зрэдку тырчыць высокі каменны дом, нібы хвоя, ацалелая ў высечаным лесе, спалоханая ўласнаю адзінотаю.

“Нічога, нічога...” – паўтараў ён, блукаючы па вулічках, дзе стаялі халупы, што паўрасталі ў зямлю, з замшэлымі дахамі, з аканіцамі, зачыненымі і ўдзень і ўночы, з дзвярыма, забітымі цвікамі, скрыўленымі сценамі, а вокнамі, залатанымі папераю або пазатыканымі рыззём.

Ён ішоў, зазіраў скрозь брудныя шыбы ў сярэдзіну і спатольваў позірк выглядам шафаў без дзверцаў, кульгавых крэслаў, абадраных канап, гадзіннікаў з адною стрэлкаю і пабітым цыферблатам. Ён ішоў і цішком рагатаў з падзёншчыкаў, якія вечна чакалі працы, рамеснікаў, якія жылі толькі з таго, што бясконца цыравалі старызну, гандлярак, уся маёмасць якіх складалася з каша скамянелых пернікаў, калі бачыў абадранцаў мужчын, чэзлых дзяцей і неверагодна брудных кабет.

“Вось яна, краіна ў мініяцюры, – думаў ён, – дзе ўсё ідзе да поўнае разбэшчанасці і выраджэння. Адны гінуць ад галечы, іншыя – ад распусты. Той, хто працуе, – галадае, каб карміць дармаедаў. Міласэрнасць гадуе нахабных лайдакоў, а ўбоства, якое не ў стане абзавесціся хоць нейкім майном, плодзіць вечна галодных дзяцей, адзіная станоўчая якасць якіх – ранняя смерць.

Тут не дасць рады нехта адзін з ініцыятываю, бо ўсё тут у змове, каб яго аблытаць па руках і нагах, знясіліць пустою і бессэнсоўнаю барацьбою”.

Потым прыгадалася яму ў агульных рысах ягоная ўласная гісторыя. Калі ў дзяцінстве ён прагнуў ведаў, аддалі яго ў краму з рэстарацыяй. Калі ён, працуючы крамнікам, да знямогі вучыўся па начох, усё здзекаваліся з яго – пачынаючы ад кухціка і да інтэлігентаў нападпітку ў рэстарацыі. Калі нарэшце трапіў ва ўніверсітэт, цвялілі яго тымі стравамі, што нядаўна падаваў ён гасцям у рэстарацыі.

Уздыхнуў з палёгкаю ён толькі ў Сібіры. Там мог працаваць, там у яго завязалася сяброўства з Чэрскімі, Чэканоўскімі, Дыбоўскімі[79], якія яго паважалі. Ён вярнуўся на радзіму амаль навукоўцам, але варта было яму пачаць шукаць адпаведнага занятку, як высмеялі яго і адаслалі назад у гандаль...

“Гэта такі пэўны кавалак хлеба ў такія цяжкія часы!”

Што ж, ён і вярнуўся ў гандаль, а тады ўзняўся лямант, што ён прадаўся і жыве з жончынае ласкі, пражывае назапашанае Мінцлямі дабро.

Здарылася так, што праз некалькі гадоў жонка памерла і пакінула яму даволі значны маёнтак. Пахаваўшы яе, Вакульскі крыху адышоў ад крамы ды зноў засеў за кнігі. І, можа, галантарэйны купец канчаткова стаў бы ўжо навукоўцам-прыроднікам, каб не трапіў аднойчы ў тэатр і не ўбачыў там панну Ізабэлу.

Яна сядзела ў ложы з бацькам і паннай Фларэнтынай, апранутая ў белую сукенку. Глядзела яна не на сцэну, якая прыцягвала ўвагу ўсёй залы, а кудысьці далёка, невядома куды і на што. Можа, думала пра Апалона?..

Вакульскі не адрываючыся глядзеў на яе.

Яна зрабіла на яго асаблівае ўражанне. Яму здавалася, што ён ужо калісьці яе бачыў і добра яе ведае. Ён уважліва прыгледзеўся да яе летуценных вачэй, і, невядома чаму, раптам прыгадаў бязмежны спакой сібірскіх раўнін, дзе бывае часам так ціха, што, здаецца, чуваць шолах духаў, якія вяртаюцца на захад. Пазней прыйшло яму да галавы, што ён ніколі і нідзе яе не бачыў, але – нешта такое – нібы даўно яе чакаў.

“Гэта ты або не ты?” – пытаўся ён у думках, не ў сілах адарваць ад яе вачэй.

З таго часу ён закінуў і краму, і свае кнігі, а толькі шукаў выпадку ўбачыць панну Ізабэлу – у тэатры, на канцэртах або на публічных лекцыях. Ён не назваў бы сваіх пачуццяў каханнем, ды і наогул сумняваўся, ці існуе ў чалавечай мове адпаведнае слова для іх азначэння. Ён адчуваў толькі, што яна стала нейкім містычным цэнтрам, у якім сыходзяцца ўсе ягоныя ўспаміны, жаданні і надзеі, тым светачам, без якога жыццё не мела б гармоніі і нават сэнсу. Бакалейная крама, універсітэт, Сібір, жаніцьба з удавой Мінцля і нарэшце выпадковае наведванне тэатра, куды ісці зусім не хацелася, – усё гэта былі сцежкі і этапы, па якіх лёс вёў яго, каб ён убачыў панну Ізабэлу.

З тае пары час дзяліўся для яго на дзве фазы. Калі ён глядзеў на панну Ізабэлу, адчуваў сябе абсалютна спакойным і нейкім большым, а калі не бачыў – думаў пра яе і маркоціўся. Іншы раз яму здавалася, што ў ягоных пачуццях хаваецца нейкая памылка, і што панна Ізабэла ніякі не цэнтр яго душы, а звычайная і, магчыма, нават вельмі пасрэдная панна на выданні. І тады ў галаву яму прыходзіў дзіўны план:

“Пазнаёмлюся з ёю і спытаю наўпрост: ці ты ёсць тым, чаго я ўсё жыццё чакаў? Калі ты гэтым не ёсць, я адыду без крыўды і расчаравання”.

А праз момант ён разумеў, што гэты план выкрывае яго разумовае адхіленне. Дык пытанне, чым яна ёсць, а чым не ёсць, ён вырашыў не высвятляць, але пастанавіў – няхай будзе, што будзе – пазнаёміцца з паннай Ізабэлай.

І тады ён пераканаўся, што сярод ягоных знаёмых няма чалавека, які мог бы ўвесці яго ў дом Ленцкіх. Горш за тое – пан і панна Ленцкія былі кліентамі яго крамы, а такія ўзаемадачыненні не толькі не рабілі больш лёгкім, а наадварот, нават ускладнялі знаёмства.

Паступова ён сфармуляваў сабе ўмовы, неабходныя для знаёмства з паннай Ізабэлай. Каб можна было ўсяго толькі шчыра з ёю паразмаўляць і не больш, належала:

Не быць купцом альбо быць вельмі багатым купцом.

Быць перадусім шляхціцам і мець сувязі ў арыстакратычным асяроддзі.

А галоўнае – мець шмат грошай.

Давесці шляхецкае паходжанне было няцяжка.

Летась у маі Вакульскі ўзяўся за гэту справу, якую ад’езд у Балгарыю прыспешыў настолькі, што ўжо ў снежні ён атрымаў дыплом. З маёнткам было значна цяжэй, але тут паспрыяў яму лёс.

Напачатку расійска-турэцкае вайны праз Варшаву праязджаў багаты маскоўскі купец Сузін, яго прыяцель яшчэ з Сібіры. Ён прыйшоў да Вакульскага і гвалтам цягнуў яго узяць удзел у вайсковых пастаўках.

– Збяры грошы, Станіслаў Пятровіч, колькі зможаш, – казаў ён, – і, даю слова, заробіш кругленькі мільён!..

І потым паўшэптам ён выклаў яму свае планы.

Вакульскі выслухаў усе праекты. Удзельнічаць у адных адмовіўся, іншыя прыняў, але вагаўся. Шкада яму было пакідаць горад, дзе ён, прынамсі, мог бачыць панну Ізабэлу. Але калі ў чэрвені яна паехала да цёткі, а Сузін стаў прыспешваць тэлеграмамі, Вакульскі наважыўся і забраў усю гатоўку, што пакінула яму ў спадчыну жонка, – тыя недатыкальныя трыццаць тысяч срэбраных рублёў, якія нябожчыца трымала ў банку.

За некалькі дзён да ад’езду ён завітаў да знаёмага доктара Шумана, з якім, нягледзячы на ўзаемную прыхільнасць, бачыўся даволі рэдка. Доктар – жыд, стары кавалер, жоўты, малы, з чорнаю барадою – меў рэпутацыю дзівака. У яго ставала грошай, дык лячыў ён задарма і не больш, чым яму было патрэбна для этнаграфічных даследаванняў, а сябрам сваім ён раз і назаўжды даў адну параду:

“Ужывай усе сродкі – ад мінімальнае дозы алею да максімальнае дозы стрыхніну, і нешта з гэтага табе дапаможа, нават ад сапы[80]”.

Калі Вакульскі пазваніў у дзверы кватэры, дзе жыў доктар, той якраз быў заняты сартаваннем валасоў прадстаўнікоў розных расаў – славянскае, германскае ды семіцкае – і з дапамогаю мікраскопа вымяраў розніцу ў дыяметры іх папярочных разрэзаў.

– А, прыйшоў?.. – сказаў ён, павярнуўшы галаву да Вакульскага. – Наладуй, калі хочаш, сабе люльку, ды кладзіся на канапу, як змесцішся.

Госць закурыў і лёг, як яму было загадана, а доктар працягваў займацца сваёю справай. Нейкі час абодва маўчалі, нарэшце азваўся Вакульскі:

– Скажы мне: ці вядомы медыцыне такі стан розуму, калі чалавеку здаецца, быццам яго перш разрозненыя веды і... пачуцці зліліся нібы ў адно цэлае?

– Так. Пры сталай разумовай працы і добрым харчаванні ў мозгу могуць утварыцца новыя клеткі або злучыцца паміж сабою старыя. Ну і тады з розных аддзелаў мозгу і з асобных галін ведаў ствараецца адзінае цэлае.

– А што азначае такі стан розуму, пры якім чалавек робіцца абыякавым да смерці, затое пачынае згадваць легенды пра вечнае жыццё?..

– Абыякавасць да смерці, – адказаў доктар, – характэрная рыса сталага розуму, а цяга да вечнага жыцця – гэта прадвеснік старасці.

Яны ізноў замаўчалі. Госць курыў, гаспадар завіхаўся ля мікраскопа.

– Як ты думаеш, – спытаў Вакульскі, – ці можна... кахаць жанчыну ідэальна, не жадаючы яе?

– Вядома. Гэта адна з масак, якою нярэдка прыкрываецца інстынкт працягу роду.

– Інстынкт, род, інстынкт працягу чагосьці і працяг роду!.. – паўтарыў Вакульскі. – Тры азначэнні і чатыры глупствы.

– Зрабі шостае, – адказаў доктар, не адрываючы вока ад акуляра, – і ажаніся.

– Шостае... – паўтарыў Вакульскі, прыўздымаючыся на канапе. – А дзе ж пятае?

– Пятае ты ўжо зрабіў: закахаўся.

– Я?.. У мае гады?..

– Сорак пяць гадоў – час апошняга кахання, самага небяспечнага, – адказаў доктар.

– Знаўцы кажуць, што першае каханне самае небяспечнае, – ціха прамовіў Вакульскі.

– Няпраўда. Пасля першага нас чакае сто іншых, а пасля сто першага – ужо нічога. Ажаніся – гэта паратунак ад твае хваробы.

– Чаму ж ты не ажаніўся?

– Бо мая нявеста памерла, – сказаў доктар і адкінуўся на спінку фатэля, гледзячы ў столь. – Дык я зрабіў, што мог: атруціўся хлараформам. Гэта было ў правінцыі. Але Бог паслаў добрага калегу, які зламаў дзверы і выратаваў мяне. Самы паганы від міласэрнасці!.. Я заплаціў за рамонт дзвярэй, а калега перавабіў да сабе маіх пацыентаў, бо абвясціў мяне вар’ятам…

Ён ізноў заняўся мікраскопам і валасамі.

– А якая ж з гэтага мараль адносна апошняга кахання? – спытаў Вакульскі.

– Тая, што самазабойцам не трэба перашкаджаць, – адказаў доктар.

Вакульскі паляжаў яшчэ з чвэрць гадзіны, потым устаў, паставіў люльку ў кут і, нахіліўшыся да доктара, пацалаваў яго.

– Будзь здаровы, Міхале.

Доктар ускочыў.

– Што?..

– Я з’язджаю ў Балгарыю.

– Навошта?

– Займуся вайсковымі пастаўкамі. Мушу зарабіць вялікія грошы!.. – адказаў Вакульскі.

– Альбо?..

– Альбо… не вярнуся.

Доктар паглядзеў яму ў вочы і моцна паціснуў руку.

Sit tibi terra levis[81], – спакойна прамовіў ён, правёў госця да дзвярэй і зноў узяўся за сваю працу.

Вакульскі ўжо быў на сходах, як раптам доктар выскачыў следам за ім і закрычаў, перахіляючыся праз парэнчы:

– Калі б ты, аднак, вярнуўся, дык не забудзься прывезці мне валасоў: балгарскіх, турэцкіх і гэтак далей, абодвух полаў. Толькі помні: у асобных пакуначках, з надпісамі. Ведаеш, зрэшты, як гэта робіцца...

...Вакульскі апрытомнеў, гэта былі даўнія ўспаміны.

Няма ані доктара, ані ягонай кватэры, ён нават не бачыў яго ўжо дзесяць месяцаў. Перад ім гразкая вуліца Радна, далей – Браварна. Угары за голымі дрэвамі відаць жоўтыя гмахі ўніверсітэта, а ўнізе – малыя хаціны, пусткі ды парканы, а яшчэ ніжэй – Вісла.

Каля яго спыніўся нейкі чалавек, зарослы рудаватым шчаціннем і ў палінялай капоце. Ён зняў шапку і пацалаваў Вакульскаму ў руку. Той уважліва прыгледзеўся.

– Высоцкі?.. – спытаў ён. – Што ты тут робіш?

– Мы жывем тут, вяльможны пане, вунь у той хаце, – адказаў чалавек, паказваючы на нізкую халупу.

– Чаму ты не прыязджаеш па грузы? – спытаў Вакульскі.

– На чым я прыеду, пане, калі яшчэ пад Новы год конь у мяне здох?

– Што ж ты робіш?

– А так вось, нічога ўвогуле. Перазімавалі мы ў брата, які служыць абходчыкам чыгункі, на Венскай ветцы. Але і яму цяжка, бо са Скернявіц яго перавялі пад Чэнстахову. У Скернявіцах у яго тры моргі зямлі, ён там багатыром жыў, а зараз і сам бядуе, і зямля без дагляду марнее.

– Ну а вы цяпер як?

– Кабета нібы трохі бялізну мые, але такім, што і самі ледзь перабіваюцца, а я – так вось... Зусім занепадаем мы, пане... не першыя і не апошнія. Яшчэ пакуль вялікі пост – мацуешся, думаеш: сёння пашчуся за нябожчыкаў, заўтра – каб памятаць, што Бог наш Езус Хрыстус таксама нічога не еў, паслязаўтра – дзеля таго, каб Бог зло перамог. А ўжо пасля паста і не прыдумаеш нават, як дзеткам растлумачыць, у імя чаго ім есці не даюць... Але нешта і вяльможны пан маркотны… Відаць такі ўжо час настаў, што ўсім гінуць, – уздыхнуў бядак.

Вакульскі задумаўся.

– За жытло ў вас заплачана? – спытаў ён.

– Няма чаго, пане, плаціць, бо і так нас выганяюць.

– Чаму ж ты не прыйшоў у краму, да пана Жэцкага? – спытаў Вакульскі.

– Не насмеліўся я. Каня няма, калёсы ў жыда, куртка на мне, як на старцы. Чаго ж прыходзіць? Толькі галаву людзям дурыць...

Вакульскі дастаў партманет.

– На вось, – сказаў ён, – дзесяць рублёў на свята. Заўтра апоўдні прыйдзеш у краму, атрымаеш цыдулку на Прагу. Там у перакупшчыка выберы сабе каня, а пасля святаў выязджай на працу. Будзеш зарабляць у мяне рублі тры за дзень, дык лёгка сплаціш даўгі і станеш на ногі.

Бядак, дакрануўшыся да грошай, задрыжэў. Ён уважліва слухаў Вакульскага, а слёзы цяклі па яго змарнелым твары.

– Можа, пану сказаў хто, – запытаўся ён праз хвіліну, – што з намі... так вось?.. Бо нехта ўжо нам, – дадаў ён ціха, – прыслаў з месяц таму сястру міласэрнасці. Папікнула яна мяне гультайствам і дала квіток, каб атрымаць пуд вугалю на вуліцы Жэлязнай. Ці, можа, пан гэта сам?..

– Ідзі дадому, а заўтра прыходзь у краму, – адказаў яму Вакульскі.

– Іду, пане, – з паклонам да зямлі адказаў чалавек.

Ён пайшоў, але спыняўся, разважаючы, відаць, аб нечаканым шчасці.

У гэты момант у Вакульскага варухнулася нейкае прадчуванне.

– Высоцкі!.. – крыкнуў ён. – А як завуць твайго брата?

– Каспар, – подбегам вярнуўся, каб адказаць, бядак.

– Пры якой станцыі ён жыве?

– У Чэнстахове, пане.

– Ідзі дадому. Можа, Каспара перавядуць у Скернявіцы.

Але той не пайшоў, а наадварот, наблізіўся.

– Перапрашаю, вяльможны пане, – сказаў ён нясмела, – а як хто прычэпіцца: адкуль, маўляў, у цябе гэтулькі грошай?

– Скажы, што ўзяў у мяне на рахунак.

– Разумею, пане... Бог... хай Бог...

Але Вакульскі ўжо не слухаў яго. Ён ішоў да Віслы і разважаў.

“Якія ж яны шчаслівыя, усе тыя, у каго толькі голад выклікае апатыю і толькі холад прымушае пакутаваць! Як лёгка іх ашчаслівіць!.. Нават маіх сціплых сродках хапіла б, каб выратаваць ад галечы некалькі тысяч сем’яў. Неверагодна, але гэта так”.

Вакульскі выйшаў на бераг Віслы і жахнуўся. Займаючы прастору ў некалькі моргаў, узвышаўся тут агідны пагорак смуроднага смецця, якое нібы варушылася пад праменямі сонца, а за сотню крокаў ад яго знаходзілася вадасховішча, з якога піла ўся Варшава.

“Вось тут, – думаў ён, – тут і знаходзіцца крыніца ўсялякае заразы. Што чалавек сёння з дому выкіне, заўтра ён тое будзе піць, потым перабіраецца на Павонзкі[82] і ўжо з другога боку будзе труціць жывых яшчэ сваіх бліжніх.

Бульвар сюды, каналы і крынічную ваду з высокага месца – і можна было б ратаваць штогод тысячы людзей ад смерці, а дзясяткі тысяч – ад хвароб... Працы няшмат, а карысць незлічоная – прырода ўмее адплаціць дабром”.

На адхонах і ў пячорах гнюснага пагорка ён заўважыў нібы чалавечыя фігуры. Драмалі тут на сонцы некалькі п’янюг або злодзеяў, дзве анучніцы і пара, якая правіла любошчы, – жанчына з праказаю і сухотны мужчына без носа. Здавалася, што гэта былі не людзі, а здані тых хваробаў, якія тут прытаіліся, апранутыя ў тут жа знойдзеныя лахманы. Усе гэтыя індывіды носам пачулі чужога, і нават тыя, што спалі, паднялі галовы ды з відам здзічэлых сабак прыглядаліся да госця.

Вакульскі ўсміхнуўся.

“Каб я прыйшоў сюды ўначы, яны б, напэўна, вылечылі мяне ад меланхоліі. Заўтра ўжо спачываў бы пад гэтым смеццем, якое, зрэшты, такая ж зручная магіла, які і любая іншая. Наверсе б падняўся шум, пачалі б пераследаваць і клясці гэтых добрых людзей, а яны, можа, зрабілі б мне вялікую ласку.

Хто спіць у смерці, той не знае

Жыцця праблемы і турботы,

Душа не помніць больш крывоты,

Жаданняў дух ужо не мае.

Ці я сапраўды раблюся сентыментальным?.. Відаць, нервы мае зусім нікуды не вартыя. Бульвар, аднак, не вынішчыў бы гэтакіх магікан; перабраліся б яны на Прагу альбо за Прагу і працягвалі сваё рамяство, кахаліся б, як гэтая парачка, і нават размнажаліся б! Якіх цудоўных, айчына, будзеш мець ты нашчадкаў, народжаных і выгадаваных на гэтым сметніку, ад пакрытае струпамі маці ды бязносага бацькі!..

Мае дзеці былі б іншымі, бо ад яе ўзялі б яны прыгажосць, ад мяне – сілу... Ну, але іх не будзе. У гэтай краіне толькі хвароба, галеча і злачынства знаходзяць сабе шлюбнае ложа і нават прытулак для нашчадкаў.

Страшна падумаць, што тут будзе праз некалькі пакаленняў... Але ж ёсць простыя лекі: абавязковая праца, за якую справядліва плацяць. Толькі яна можа ўмацаваць лепшых і без шуму вынішчыць нягодных, і... было б у нас здаровае насельніцтва, а цяпер маем замардаванае хваробамі або голадам”.

А потым, невядома чаму, ён раптам падумаў: “Ну, і што, калі яна крыху какетнічае?.. Какецтва для жанчын тое самае, што колер і водар для кветкі. Такая ўжо ў іх натура, усім яны хочуць падабацца, нават Мрачэўскім…

Для ўсіх – какецтва, а для мяне: «Заплаці гэтаму пану!..» Можа, яна думае, што я ашукаў іх, купляючы срэбра? Добрая справа!”

Каля самае вады на беразе Віслы ляжала бярвенне. Вакульскі адчуў стомленасць, сеў і пачаў глядзець на раку. На спакойнай паверхні вады адбівалася ўжо зазелянелая Саская Кэмпа[83] і пражскія дамкі з чырвонымі дахамі, а пасярод ракі нерухома стаяла бярлінка[84]. Не большым за яе здаваўся і той карабель, які Вакульскі бачыў мінулым летам на Чорным моры. Машына зламалася, і ён стаяў гэтак жа нерухома.

“Ляцеў, як птушка, і раптам замёр, не хапіла моцы матору. Я падумаў тады: «А можа, і я вось гэтак спынюся некалі на поўным хаду?» – ну, і спыніўся. На якіх жа прымітыўных спружынах трымаецца рух у свеце: трохі вугалю – і ажывае карабель, трохі сардэчнасці – і ажывае чалавек...”

У гэты момант ранні жоўты матыль праляцеў над ягонай галавою ў бок горада.

“Цікава, адкуль ён узяўся? – падумаў Вакульскі. – У прыродзе бываюць капрызы і, – дадаў ён, – аналогіі. Матылі ёсць і сярод людскога роду: прыгожа расфарбаваныя, яны пырхаюць над паверхняю жыцця, сілкуюцца ласункамі, без якіх гінуць, – вось іх занятак. А ты, чарвяк, свідруй зямлю, перапрацоўвай яе ў глебу, прыдатную на сяўбу. Яны бавяцца, ты працуй. Ім – вольная прастора і святло, а ты цешся адзіным прывілеем – здольнасцю зрастацца, калі цябе незнарок нехта растопча.

Ці ж табе ўздыхаць пра матыля, дурань?.. І дзівіцца, што ён гідзіцца табою?.. Што ж агульнага можа быць паміж мной і ёю?

Ну, вусень таксама падобны да чарвяка, пакуль не ператворыцца ў матыля. Ах, дык ты збіраешся стаць матылём, купчык галантарэйны?.. А чаму не? Няспыннае ўдасканаленне – гэта ўсеагульны закон, і колькі ж купецкіх родаў у Англіі набыло тытулы лордаў!

У Англіі!.. Там грамадства яшчэ перажывае стваральную эпоху; там усё ўдасканальваецца і падымаецца з прыступкі на прыступку. Так, там нават арыстакратыя ўзбагачаецца новымі сіламі. А ў нас вышэйшы клас скамянеў, як вада на марозе, і ператварыўся ў адасобленую касту, нічым не злучанаю з рэштаю грамадства, якога мала што цураецца, дык у дадатак яшчэ ўласнаю змярцвеласцю скоўвае ўсялякі рух знізу. Няма чаго тут падманваць сябе: яна і я – сапраўды істоты двух розных відаў, як матыль і чарвяк. Дык дзеля яе крылцаў я мушу пакінуць сваю нару, пакінуць такіх, як сам, чарвякоў?.. Мае – гэта якраз тыя, што качаюцца там, на сметніку, а можа, яны таму і жабракі, а наперадзе ў іх яшчэ горшае жабрацтва, што мне заманулася марнаваць па трыццаць тысяч у год, каб пабавіцца ў матыля. Дурны гандляр, нягодны чалавек!..

Трыццаць тысяч рублёў – гэта шэсцьдзясят дробных майстэрняў або крамак, з якіх жывуць цэлыя сем’і. І я мушу ахвяраваць іх дабрабытам, вынішчыць іх жывую душу і выгнаць на гэты сметнік?..

Добра, але калі б не яна, ці меў бы я сёння маёнтак?.. Хто ведае, што станецца са мною і з гэтымі грашыма без яе? Можа, якраз дзякуючы ёй яны набудуць стваральную сілу, можа, хоць з дзясятак сям’яў будзе мець карысць?..”

Вакульскі павярнуўся і раптам убачыў на зямлі свой цень. І яму падумалася, што гэты цень ходзіць перад ім, за ім або побач з ім – заўсёды і паўсюдна, як думка пра гэтую кабету хадзіла за ім паўсюдна і заўсёды, наяве і ў сне, ублытваючыся ва ўсе ягоныя мэты, планы і дзеянні.

“Не магу я адмовіцца ад яе!” – прашаптаў ён і развёў рукі, нібы апраўдваючыся перад кімсьці.

Ён падняўся з бярвення і вярнуўся ў горад.

Праходзячы вуліцай Абознай, ён прыгадаў фурмана Высоцкага, у якога здох конь, і перад вачыма ў яго паўстаў доўгі шэраг вазоў з дохлымі коньмі наперадзе кожнага і доўгі шэраг фурманаў, што бядуюць над імі, а побач з кожным – грамадка кволых дзяцей і жонка, якой даводзіцца мыць бялізну тым, каму няма чым плаціць.

“Конь?..” – ціха прамовіў Вакульскі, і сэрца ў яго чамусьці сціснулася.

Аднойчы ў сакавіку, ідучы Алеяй Ерусалімскай, ён убачыў натоўп, чорны воз вугальшчыка, што стаяў упоперак дарогі, а за некалькі крокаў ад яго – выпражанага каня.

– Што здарылася?

– Конь зламаў нагу, – весела адказаў нейкі прахожы з ліловым шалікам на шыі і рукамі, закладзенымі ў кішэні.

Вакульскі мімаходзь зірнуў на вінаватага ў замяшанні. Сухарэбры аблезлы конік стаяў, прывязаны да маладзенькага дрэўца, трымаючы паднятаю заднюю нагу. Стаяў ён ціха, зіркаў на Вакульскага скошаным вокам і ад болю грыз заінелую галінку.

“Чаму менавіта сёння прыгадаўся мне гэты конь? – думаў Вакульскі. – Адкуль такая скруха ў душы?”

Ён задуменна ішоў Абознай вуліцай уверх, адчуваючы, што за тыя некалькі гадзін, якія ён прабавіў каля ракі, у ім нешта змянілася. Даўней – дзесяць гадоў таму, летась, нават яшчэ ўчора, – ідучы вуліцамі, ён не заўважаў на іх нічога асаблівага. Сноўдаліся людзі, ездзілі брычкі, крамы ветліва раскрывалі свае абдымкі мінакам. Але цяпер у яго нібы з’явілася новая здольнасць. Кожны абадранец здаваўся яму істотай, што крыкам крычыць пра ратунак, але – што ўзмацняе гэты крык – без адзінага гуку, а толькі трывожна зіркаючы, як той конь са зламанаю нагою. Кожная бедная кабета здавалася яму прачкаю, што працаю сваіх раз’едзеных мылам рук стараецца ўтрымаць сям’ю на самай мяжы галечы і краху. Кожнае кволае дзіця здавалася яму асуджаным на раннюю смерць або на тое, каб корпацца дзень і ноч у сметніку пры вуліцы Добрай.

І не толькі людзі яго хвалявалі. Ён адчуваў знясіленасць коней, запрэжаных у цяжкія вазы, як баляць ім каркі, да крыві намуленыя хамутамі. Чуў роспач у брэху сабакі, які згубіў на вуліцы свайго гаспадара, і адчай лядашчае сучкі з абвіслымі смочкамі, якая ад канавы да канавы марна шукала спажывы для сябе і сабачанят. І яшчэ, у дадатак да ўсіх пакутаў, балелі яму дрэвы з аблузанаю карою, брук, нібы з выбітымі зубамі, цвіль на сценах, паламаная мэбля і падраная вопратка.

Яму здавалася, што кожная такая рэч – хворая або параненая, і яна скардзіцца: “Глядзі, як я пакутую...”, а ён адзін чуе і разумее гэтыя скаргі. І гэта незвычайная здольнасць адчуваць чужы боль нарадзілася ў ім толькі сёння, гадзіну таму.

Дзіўна! За ім ужо трывала ўсталявалася рэпутацыя шчодрага філантропа. Сябры дабрачынных таварыстваў у фраках дзякавалі яму за ахвяраванні дзеля іх вечна прагных да грошай арганізацый, графіня, удава графа Караля, ва ўсіх салонах апавядала пра тыя грошы, якія ён даў на яе сіроцкі прытулак, слугі і крамнікі праслаўлялі яго за добрыя заробкі, што ён ім плаціў. Але ніякага задавальнення ў Вакульскага гэта не выклікала, бо ён не надаваў гэтаму ніякага значэння. Шпурляў тысячы рублёў у касы афіцыйных дабрачынцаў, каб купіць розгалас, і нават не цікавіўся, куды гэтыя грошы пойдуць.

І толькі сёння, калі ён дзесяццю рублямі выратаваў з бяды чалавека, калі ніхто не мог раструбіць на ўвесь свет пра яго высакароднасць, толькі сёння ён даведаўся, што такое ахвяра. Толькі сёння перад ягоным здзіўленым позіркам паўстала новая, невядомая яму раней частка свету – галеча, якой неабходна дапамога.

“Добра, а няўжо я раней не бачыў галечы?.." – падумаў Вакульскі.

І ён прыгадаў цэлыя шэрагі зняможаных людзей у лахманах, якія шукалі працу, заезджаных коней, згаладалых сабак, дрэвы з абадранаю карою і паламанымі галінамі. Нішто яго раней не ўражвала. І толькі калі моцны асабісты боль пераараў і пераскародзіў ягоную душу, у ёй, палітай уласнай крывёю і нябачнымі свету слязьмі, вырасла небывалая расліна – усёабдымная спагада да людзей, да жывёл, нават да прадметаў, якія называюць нежывымі.

“Доктар сказаў бы, што ў мяне ўтварылася новая клетка ў мазгах або злучыліся некалькі старых”, – падумаў ён.

“Так, а што ж далей?..”

Бо дагэтуль у яго была толькі адна мэта: наблізіцца да панны Ізабэлы. Сёння з’явілася другая: выратаваць ад галечы Высоцкага.

“Гэта проста!..”

“Перавесці ягонага брата ў Скернявіцы”,– дадаў нейкі голас.

“Дробязь”.

Але за гэтымі двума людзьмі адразу паўстала некалькі іншых, за імі – яшчэ некалькі, потым – велізарны натоўп, што змагаецца з нядоляю, і нарэшце ў яго перад вачыма разлілося цэлае мора пакутаў, якое неабходна было памяншаць, колькі хопіць сілы, ці, прынамсі, стрымліваць, каб яно не разлівалася далей.

“Здані... абстракцыі... знерваванасць”, – прамармытаў Вакульскі.

Гэта быў адзін шлях. Бо ў канцы іншага ён бачыў мэту рэальную і ясна акрэсленую: панну Ізабэлу.

“Я не Хрыстос, каб ахвяраваць сабою дзеля ўсяго чалавецтва”.

“Дык спачатку забудзься пра Высоцкіх”, – запярэчыў унутраны голас.

“Абы-што! Які я ні ўзрушаны сёння, але людзей не варта смяшыць, – думаў Вакульскі. – Дапамагу, каму змагу і чым змагу, але ад свайго шчасця я не адмоўлюся. Дарэмна гэта...”

Ён ужо стаяў перад дзвярыма сваёй крамы і ўвайшоў туды.

У краме была толькі адна пакупніца. Гэта была высокая дама неакрэсленага веку ў чорным уборы. Перад ёю ляжала гара нэсэсэраў: драўляных, скураных, плюшавых і металічных, простых і аздобленых, найдаражэйшых і самых танных, а ўсе крамнікі рупіліся ёй дагадзіць. Клейн падаваў усё новыя і новыя нэсэсэры, Мрачэўскі расхвальваў тавар, а Лісецкі акампанаваў яму рукамі і бародкаю. Адзін пан Ігнацы кінуўся насустрач гаспадару.

– Прыйшоў груз з Парыжа, – паведаміў ён Вакульскаму. –Думаю, заўтра трэба забраць.

– Як хочаш.

– З Масквы – замовы на дзесяць тысяч рублёў на пачатак мая.

– Я чакаў іх.

– З Радома – на дзвесце рублёў, але фурман просіць, каб заўтра…

Вакульскі паціснуў плячыма.

– Трэба скончыць з гэтым дробны гандлем, – заўважыў ён у наступны момант. – Прыбытку на грош, а прэтэнзіі надмерныя.

– Скончыць справы з нашымі купцамі?.. – здзівіўся Жэцкі.

– Скончыць справы з жыдамі, – напаўголаса ўставіў Лісецкі. – Вельмі добра гаспадар зробіць, калі адмовіцца ад гэтых пархатых кантрактаў. Іншы раз проста сорамна даваць рэшту, гэтак смярдзяць грошы цыбуляю.

Вакульскі нічога не адказаў. Ён сеў за сваю кнігу і ўдаваў, быццам заняты рахункамі, а сам нічога не рабіў, не меў сілы. Прыгадаў свае нядаўнія мары пра тое, як ашчаслівіць чалавецтва, і вырашыў, што ён, відаць, моцна засмучаны.

“Даў волю сентыментальнасці і фантазіі, – думаў ён. – Кепска. Гэтак можна і зняславіцца, збанкрутаваць...”

І міжволі ён прыглядаўся да незвычайнае дамы, што выбірала нэсэсэр. Яна была сціпла апранутая, валасы гладка зачасаныя. На яе бляклым і пажоўклым твары адбіваўся глыбокі смутак, вусны яна зласліва падціскала, і, хоць апускала вочы, з іх бліскаў то гнеў, то нейкая прыніжанасць.

Гаварыла яна ціха і лагодна, а таргавалася, як сотня скнараў. Адно было занадта дарагое, іншае – залішне таннае, тут плюш выліняў, там скура хутка аблезе, а дзесьці на акоўцы з’явілася іржа... Раззлаваны Лісецкі ўжо адышоў ад яе, Клейн вырашыў адпачыць, і толькі Мрачэўскі размаўляў з ёю, як са знаёмаю.

У гэты момант дзверы крамы расчыніліся, і на парозе з’явіўся яшчэ больш арыгінальны ягамосць. Лісецкі потым параўноўваў яго з сухотнікам, у якога ўжо ў дамавіне адраслі вусы і бакенбарды. Вакульскі заўважыў, што пакупнік нейкі разяваты, а за цёмнымі шкельцамі пенснэ ён носіць вялікія вочы, з якіх праглядае яшчэ большая безуважнасць.

Пакупнік увайшоў, заканчваючы гутарку з кімсьці на вуліцы, але раптам выскачыў, каб развітацца са сваім спадарожнікам, потым зноў увайшоў і зноў выйшаў, задзіраючы галаву, каб прачытаць шыльду. Нарэшце ён увайшоў канчаткова, але дзвярэй за сабою не зачыніў. Выпадкова ён зірнуў на даму – і цёмнае пенснэ зляцела ў яго з носу.

– А-а-а... – вырвалася ў яго.

Але дама рэзка адвярнулася да нэсэсэраў і хутка села на крэсла.

Да госця падбег Мрачэўскі і з нейкай асабліваю ўсмешкаю запытаў:

– Што пан барон загадае?..

– Запінкі, ведае пан, звычайныя запінкі, залатыя або сталёвыя... Толькі, ведае пан, мусяць яны быць у форме жакейскае кепкі і... з пугаю.

Мрачэўскі адчыніў вітрыну з запінкамі.

– Вады... – азвалася дама слабым голасам.

Жэцкі наліў вады з графіна і падаў ёй са спагадаю на твары.

– Пані дабрадзейцы нядобра?.. Можа лекара?..

– Мне ўжо лепш, – адказала яна.

Барон разглядаў запінкі, дэманстратыўна адварочваючыся ад дамы.

– А можа, як пан мяркуе, лепш запінкі ў форме падковаў? – пытаўся ён у Мрачэўскага.

– Думаю, што пану барону патрэбныя і тыя, і другія. Спартоўцы носяць толькі са спартовымі адзнакамі, але любяць разнастайнасць.

– Скажа мне пан, – раптам звярнулася дама да Клейна, – навошта падковы людзям, у якіх няма за што трымаць коней?..

– Ну, дык, – працягваў барон, – я папрашу пана дабраць мне яшчэ пару дробязяў у форме падковы...

– Можа, попельніцу? – падказаў Мрачэўскі.

– Добра, попельніцу, – згадзіўся барон.

– Можа, шыкоўную чарніліцу з сядлом, жакейскаю кепкаю і шпіцрутэнам?

– Калі ласка, шыкоўную чарніліцу з сядлом і жакейскаю кепкаю…

– Скажа мне пан, – гучней звярнулася дама да Клейна, – ці не сорамна вам завозіць такія дарагія цацкі, калі край зруйнаваны? Ці не сорамна купляць скакавых коней...

– Шаноўны пане, – гэтак жа гучна звярнуўся барон да Мрачэўскага, – запакуй усё гэта – запінкі, попельніцу і чарніліцу – ды адпраў мне дадому. У вас цудоўны выбар тавараў... Дзякую сардэчна... Adieu!

І ён выбег з крамы, аднак яшчэ пару раз вяртаўся, разглядаючы шыльду над дзвярыма.

Пасля таго, як арыгінальны барон выйшаў, у краме запанавала ціша. Жэцкі глядзеў на дзверы, Клейн – на Жэцкага, а Лісецкі – на Мрачэўскага, які за спіной у дамы строіў двухсэнсоўныя міны.

Дама павольна паднялася з крэсла і падышла да канторкі Вакульскага.

– Ці магу я запытаць, – прамовіла яна дрыготкім голасам, – колькі пану вінен той пан, які толькі што выйшаў?

– Рахункі паміж тым панам і мною, шаноўная пані, калі б яны існавалі, датычаць толькі нас дваіх, – адказаў Вакульскі з паклонам.

– Пане, – раздражнёна працягвала дама, – я Кшэшоўская, а той пан – мой муж. Яго даўгі для мяне важныя, бо ён завалодаў маімі грашыма, за якія цяпер паміж намі судовы працэс...

– Няхай пані даруе, – перапыніў яе Вакульскі, – але стасункі паміж мужам і жонкаю мяне не датычаць.

– Ах, вось як... Вядома, купцам гэтак выгадней. Adieu!

І яна выйшла, грукнуўшы дзвярыма.

Праз некалькі хвілін пасля яе выхаду ў краму ўбег барон. Ён вызірнуў яшчэ раз-другі на вуліцу, а потым падышоў да Вакульскага:

– Шчыра перапрашаю, – сказаў ён, стараючыся ўтрымаць пенснэ на носе, – але, як сталы кліент пана, дазволю сабе канфідэнцыяльнае пытанне: што казала тая дама, якая толькі што выйшла?.. Моцна перапрашаю, што насмеліўся, але па сакрэце...

– Яна не сказала нічога, што можна было б паўтарыць, – адказаў Вакульскі.

– Бо, ведае пан, гэта… на жаль!.. мая жонка... Пан ведае, хто я?.. Барон Кшэшоўскі... Вельмі шаноўная кабета, вельмі асвечаная, але пасля смерці нашае дачкі нервы яе крыху папсаваліся і часам... Пан разумее... Дык нічога?..

– Нічога.

Барон пакланіўся і ўжо ў дзвярах сустрэўся позіркам з Мрачэўскім, які яму падміргнуў.

– Вось як?.. – прамовіў барон, пранізліва зіркнуў на Вакульскага, і выскачыў на вуліцу.

Мрачэўскі знерухомеў і заліўся чырванню аж да валасоў. Вакульскі злёгку збляднеў, аднак, спакойна прыняўся за рахункі.

– Што ж гэта за арыгінальныя д’яблы, пане Мрачэўскі? – спытаў Лісецкі.

– А!.. Гэта цэлая гісторыя! – адказаў Мрачэўскі, скоса пазіраючы на Вакульскага. – Гэта барон Кшэшоўскі, вялікі дзівак, і ягоная жонка, трохі неўраўнаважаная. Яны мне нават нейкай раднёй даводзіцца, але што ж!.. – уздыхнуў ён і зірнуў у люстэрка. – У мяне грошай няма, дык мушу быць у гандлі, а ў іх яшчэ трохі засталося, дык могуць быць маімі пакупнікамі...

– Маюць не працуючы, – заўважыў Клейн. – Добры парадак на свеце, га?

– Ну, ну... Мяне пан няхай да сваіх парадкаў не намаўляе, – адказаў Мрачэўскі. – Вось ужо год як пан барон і пані баранеса ваююць між сабою. Ён хоча разводу, на што яна не згаджаецца, а яна жадае адхіліць яго ад распараджэння яе грашыма, на што ён не згаджаецца. Яна не дае трымаць яму коней, дакладней, аднаго скакуна, а ён не дае купіць ёй камяніцу Ленцкіх, у якой пані Кшэшоўская жыве і дзе памерла яе дачка. Арыгіналы!.. Смешаць людзей сваімі сваркамі…

Ён апавядаў усё гэта бесклапотным тонам і круціўся па краме з выглядам паніча, які зазірнуў сюды на хвілінку і зараз выйдзе. Вакульскі, седзячы пры канторцы, змяніўся з твару, ён не мог больш чуць голасу Мрачэўскага.

“Радня Кшэшоўскім... – думаў ён. – Атрымае любоўную цыдулку ад панны Ізабэлы... Ах, нягоднік...”

Неяк авалодаўшы сабою, ён ізноў узяўся за сваю кнігу. У краму зноў пачалі заходзіць пакупнікі, абіраць тавары, таргавацца, плаціць. Але Вакульскі бачыў іх, нібы цені, ён цалкам занурыўся ў працу. І па меры таго, як раслі слупкі лічбаў, чым большыя ў выніку атрымліваліся сумы, тым вастрэй ён адчуваў, як у сэрцы закіпае нейкі невытлумачальны гнеў. За што?.. На каго?.. Няважна. Галоўнае, нехта за гэта заплаціць, першы, хто трапіць пад руку.

Каля сёмае гадзіны крама канчаткова апусцела. Крамнікі размаўлялі паміж сабою, Вакульскі працягваў лічыць. Раптам ён зноў пачуў нязносны голас Мрачэўскага, які нахабным тонам казаў:

– Навошта мне пан, пане Клейн, будзе дурыць галаву!.. Усе сацыялісты – злодзеі, бо хочуць падзяліць чужое дабро, і прайдзісветы, бо самі маюць адну пару чаравікаў на дваіх, а насовак зусім не прызнаюць.

– Не казаў бы так пан, – маркотна запярэчыў Клейн, – калі б прачытаў хоць пару брашурак, хоць невялікіх.

– Глупства… – заявіў Мрачэўскі, засоўваючы рукі ў кішэні. – Буду я чытаць брашуры, у якіх хочуць знішчыць сям’ю, рэлігію і ўласнасць!.. Такіх дурняў пан не знойдзе ў Варшаве.

Вакульскі закрыў кнігу і схаваў яе ў стол. У гэты момант у краму ўвайшлі тры пані і запатрабавалі пальчаткі.

Гандаль працягваўся з чвэрць гадзіны, Вакульскі сядзеў у крэсле і глядзеў у вакно, а калі пані выйшлі, ён звярнуўся вельмі спакойным голасам:

– Пане Мрачэўскі.

– Што пан загадае?.. – спытаў прыгожы маладзён, танцавальным крокам падбягаючы да канторкі.

– Няхай заўтра пан шукае сабе іншае месца, – каротка сказаў Вакульскі.

Мрачэўскі аслупянеў.

– Чаму, пане шэфе... Чаму?..

– Таму што ў мяне для пана ўжо няма месца.

– Якая ж прычына?.. Я ж, здаецца, не зрабіў нічога кепскага?.. Куды ж я пайду, калі пан так нечакана пазбавіць мяне пасады?..

– Рэкамендацыю пан атрымае добрую, – адказаў Вакульскі. – Пан Жэцкі выплаціць пану заробак за наступны квартал... Урэшце, за пяць месяцаў... А прычына такая, што мы з панам не сышліся... Зусім не сышліся. Мой Ігнацы, разлічыся з панам Мрачэўскім да першага кастрычніка.

Пасля гэтых слоў Вакульскі ўстаў з крэсла і выйшаў на вуліцу.

Звальненне Мрачэўскага гэтак уразіла крамнікаў, што ім адняло мову, а Жэцкі загадаў зачыніць краму, хоць не было яшчэ васьмі. Ён адразу кінуўся дадому да Вакульскага, але не заспеў яго. Прыйшоў другі раз аб адзінаццатай вечара, але ў вокнах было цёмна, і пан Ігнацы вярнуўся да сябе прыгнечаны.

На наступны дзень, у Вялікі Чацвер, Мрачэўскі ўжо не паказаўся ў краме. Яго калегі былі смутныя і часам паціху радзіліся між сабою.

А першай гадзіне прыйшоў Вакульскі. Але не паспеў ён сесці пры канторцы, як дзверы расчыніліся і сваёй звычайнай няўпэўненай хадою ўвайшоў пан Кшэшоўскі, прыкладаючы вялікія намаганні, каб начапіць на нос пенснэ.

– Пане Вакульскі! – ледзь не з парога пачаў разяваты пакупнік. – Толькі што я даведаўся... Я – Кшэшоўскі... Я даведаўся, што гэты небарака Мрачэўскі па маёй віне атрымаў разлік. Але ж, пане Вакульскі, я ўчора зусім не меў аніякіх прэтэнзій да пана... Я шаную ўменне захоўваць таямніцу, якое праявіў пан у дачыненні да мяне і маёй жонкі... Я ведаю, што пан адказаў ёй, як і належыць джэнтльмену…

– Пане барон, – адказаў Вакульскі, – я не прасіў у пана рэкамендацыі пра сваю сумленнасць. Апроч гэтага – што пан загадае?..

– Я прыйшоў прасіць прабачыць Мрачэўскаму, небарака нават...

– Да пана Мрачэўскага ў мяне няма ніводнае прэтэнзіі, нават той, каб ён вяртаўся да мяне.

Барон прыкусіў губу. З хвіліну ён памаўчаў, нібыта абураны рэзкаю адмоваю, нарэшце пакланіўся і з ціхім “перапрашаю...”, выйшаў з крамы.

Пан Клейн і пан Лісецкі схаваліся за шафамі і пасля кароткае там нарады вярнуліся, час ад часу абменьваючыся смутнымі, але красамоўнымі позіркамі.

А трэцяй з’явілася пані Кшэшоўская. Здавалася, што яна яшчэ больш збляднела і зжаўцела ды апранулася ў яшчэ чарнейшае, чым учора. Яна палахліва азірнулася і, заўважыўшы Вакульскага, падышла да канторкі.

– Пане, – ціха прамовіла яна, – я сёння даведалася, што адзін малады чалавек, Мрачэўскі, па маёй віне страціў месца ў пана. Яго бедная маці...

– Пана Мрачэўскага ўжо няма ў мяне і не будзе, – адказаў Вакульскі з паклонам. – Дык чым магу служыць пані?

Пані Кшэшоўская, відавочна, падрыхтавала даволі доўгую прамову. На сваю бяду, яна зірнула Вакульскаму ў вочы і... з адным словам “перапрашаю” выйшла з крамы.

Панове Клейн і Лісецкі пераглянуліся яшчэ больш красамоўна, чым раней, але задаволіліся толькі тым, што ў згодзе паціснулі плячыма.

Ужо а пятай наблізіўся да Вакульскага Жэцкі. Ён абапёрся рукамі на канторку і сказаў напаўголаса:

– Маці Мрачэўскага, Сташак, вельмі бедная кабета...

– Заплаці яму да канца года, – адказаў Вакульскі.

– Я думаю... Сташак, я думаю, што нельга аж так караць чалавека за тое, што ён мае іншыя палітычныя перакананні, чым мы...

– Палітычныя?.. – перапытаў Вакульскі такім тонам, што ў пана Ігнацы мароз па скуры прабег.

– Зрэшты, скажу я табе, – працягваў далей пан Ігнацы, – шкада такога крамніка. Хлопец відны, кабеты трацяць розум...

– Відны? – паўтарыў Вакульскі. – Дык няхай ідзе на ўтрыманне, раз ён гэтакі прыгажун.

Пан Ігнацы адхіснуўся. Панове Лісецкі і Клейн ужо нават не пераглядваліся.

Праз гадзіну ў краму прыйшоў нейкі пан Зэмба, якога Вакульскі прадставіў як новага крамніка.

Пану Зэмбу было гадоў пад трыццаць, выглядаў ён, мабыць, не горш за Мрачэўскага, але быў непараўнальна больш паважны і трымаўся тактоўна. Яшчэ да закрыцця крамы ён пазнаёміўся з усімі і нават ужо завязаў прыязныя адносіны са сваімі калегамі. Пан Жэцкі знайшоў у ім гарачага банапартыста, пан Лісецкі мусіў прызнаць, што ў параўнанні з Зэмбам сам ён – вельмі ўмераны антысеміт, а пан Клейн прыйшоў да высновы, што Зэмба мусіць быць, сама мала, біскупам сацыялізму.

Словам, усе былі задаволеныя, а пан Зэмба – пэўны сабе.

IX. КЛАДКІ, НА ЯКІХ СУСТРАКАЮЦЦА ЛЮДЗІ РОЗНЫХ СФЕРАЎ

Раніцай у Вялікую Пятніцу Вакульскі прыгадаў, што сёння і заўтра графіня з паннаю Ізабэлаю квястуюць у касцёле.

“Трэба пайсці ды нешта даць, – падумаў ён і дастаў з касы пяць залатых паўімперыялаў. – Зрэшты, – засумняваўся ён, – даслаў жа я ім дываны, механічных птушак, катрынку і нават фантан... Гэтага, хіба, досыць дзеля выратавання аднае душы. Не пайду”.

Удзень, аднак, ён ужо ўпікаў сябе: можа, графіня чакае яго, дык нядобра будзе не з’явіцца або даць усяго пяць паўімперыялаў. Ён дастаў з касы яшчэ пяць, склаў усе разам і загарнуў у бібулу.

“Але ж там, – нагадаў ён сабе, – будзе панна Ізабэла, а ёй нельга ахвяраваць дзесяць паўімперыялаў”.

Ён разгарнуў свой скрутак, даклаў яшчэ дзесяць залатых манет і зноў задумаўся: “Ісці або не ісці?..”

“Не, – сказаў ён, – не буду я ўдзельнічаць у гэтай кірмашовай дабрачыннасці”.

Ён кінуў скрутак з манетамі ў касу і ў пятніцу не пайшоў у касцёл.

Але ў Вялікую Суботу справа ўбачылася яму ўжо зусім іначай.

“Ашалеў!  – дакараў ён сябе. – Калі не пайду ў касцёл, дык дзе ж я яе яшчэ ўбачу?.. Калі не грашыма, дык чым змагу прыцягнуць яе ўвагу? Вар’яцею...”

Але ён усё яшчэ вагаўся, і толькі а другой па абедзе, калі Жэцкі загадаў ужо зачыняць краму, бо быў перадсвяточны дзень, Вакульскі ўзяў з касы дваццаць пяць паўімперыялаў ды рушыў у бок касцёла[85].

Аднак адразу ён не ўвайшоў туды, яго нібы нешта стрымлівала. Ён і хацеў убачыць панну Ізабэлу, і ў той жа час баяўся гэтага, і саромеўся сваіх паўімперыялаў.

“Шпурнуць груду золата!.. Як эфектна ў цяперашні папяровы час і – як гэта выдае нуварыша... Ну, але што рабіць, калі яны менавіта грошай чакаюць?.. Можа, нават мала гэтага...”

Ён хадзіў вуліцаю насупраць касцёла туды і назад і не мог адарваць ад яго вачэй.

“Ужо іду. Зараз... яшчэ хвілінку... Што ж такое са мною!..” – думаў ён, бо адчуваў, што яго разадраная душа няздольная нават на такую простую рэч без ваганняў.

Цяпер ён успомніў, як даўно ўжо не быў у касцёле.

“Калі ж гэта?.. На шлюбе – раз... на пахаванні жонкі – два...”

Але і ў адным, і ў другім выпадку ён не ўсведамляў добра, што дзеецца вакол яго, дык цяпер глядзеў на касцёл як на нешта цалкам для сябе новае.

“Навошта гэты велізарны гмах з вежамі замест комінаў, дзе ніхто не жыве, а толькі спачывае прах даўно памерлых?.. Навошта змарнавана гэтулькі месца і каменю? Дзеля каго ўдзень і ўночы паляць тут святло, дзеля чаго збіраецца тут людскі натоўп?..

На рынак ідуць па харч, у краму – па тавары, у тэатр – дзеля забавы, але навошта сюды?..”

Ён міжволі параўноўваў дробныя фігуркі вернікаў, што стаялі ля касцёла, з вялізнымі памерамі самое святыні, і яму прыйшла да галавы нечаканая думка. Падобна, як працавалі некалі на зямлі магутныя сілы, уздымаючы з роўнядзі мацерыкоў горныя ланцугі, гэтак валодала чалавецтва і іншай невымернаю сілаю, якая ўзнесла падобнага кшталту будынкі. Гледзячы на гэткія гмахі, можна было меркаваць, што ў нетрах нашае планеты жылі волаты, а выдзіраючыся наверх, узбурвалі яны зямную кару, і сляды таго руху захаваліся ў выглядзе вялізных пячораў.

“Куды яны рваліся? У іншы, падобна, вышэйшы свет. Калі марскія прылівы даводзяць, што месяц – гэта не ілюзорны бляск, а рэальная рэчаіснасць, дык чаму б гэтым дзіўным будынкам не пацвердзіць рэальнасці іншага свету?.. Няўжо яны з меншаю сілаю прыцягваюць да сабе людскія душы, чым месяц – марскія хвалі?”

Ён зайшоў у касцёл, і адразу яго ўразіла новае відовішча. Некалькі жабракоў і жабрачак прасілі міласціну, за якую Пан Бог узнагародзіць літасцівых у будучым жыцці. Адны вернікі цалавалі ногі ўкрыжаванага рымлянамі Хрыста, іншыя, упаўшы на калені, уздымалі ўгору рукі і вочы, нібы сузіралі незямныя явы. У прыцемку касцёла гарэла некалькі дзясяткаў свечак у срэбраных кандэлябрах. Тут і там на падлозе святыні відаць былі невыразныя людскія цені, распасцёртыя ніцма альбо нізка схіленыя да зямлі, нібы каб схаваць ад старонніх вачэй сваю пакорлівую веру. Гэтыя нерухомыя целы наводзілі таго, хто іх бачыў, на думку, што на момант іх пакінулі душы – уцяклі ў нейкі лепшы свет.

“Я разумею цяпер, – падумаў Вакульскі, – чаму наведванне касцёлаў умацоўвае веру. Тут усё так арганізавана, каб нагадваць пра вечнасць”.

Ад засяроджаных на малітве вернікаў яго позірк скіраваўся да святла. І ён убачыў расстаўленыя па святыні сталы, накрытыя дыванамі, на іх – падносы, поўныя банкнотаў, срэбра і золата, а вакол іх у зручных крэслах сядзелі дамы ў шаўках, аксаміце і пер’ях у атачэнні разняволеных маладых людзей. Самыя набожныя, пастукваючы, запрашалі рабіць ахвяраванні, і ўсе гаманілі ды бавіліся, як на раўце.

Вакульскаму здавалася, што ён у гэты момант бачыць перад сабою тры светы. Адзін (даўно зніклы з твару зямлі), той, што маліўся і ў гонар Усявышняга ўзводзіў велічныя будынкі. Другі, пакорлівы і ўбогі, таксама ўмеў маліцца, але будаваў ужо толькі халупы. І трэці, які сабе мураваў палацы, але ўжо забыўся на малітву, а божыя дамы ператварыў у месцы спатканняў, падобна як бесклапотныя птушкі ўюць гнёзды і спяваюць песні на магілах герояў.

“А хто ж я, чужы ім усім?..”

“Можа, ты – тое вочка ў жалезным рэшаце, праз якое я прапушчу іх усіх, каб аддзяліць зярняты ад мякіны...” – адказаў яму нейкі голас.

Вакульскі агледзеўся. “Галюцынацыі хворай свядомасці”. Адначасова пры чацвёртым стале ў глыбіні касцёла ён убачыў графіню і панну Ізабэлу. Абедзве таксама сядзелі каля падноса з грашыма і трымалі ў руках кніжкі, пэўна, малітоўнікі. За крэслам графіні стаяў лёкай у чорнай ліўрэі.

Вакульскі пайшоў да іх, турбуючы ўкленчаных ды абмінаючы іншыя сталы, дзе адчайна стукалі, каб прыцягнуць яго ўвагу. Ён наблізіўся да падноса, пакланіўся графіні і паклаў свой скрутак імперыялаў.

“Божа, – падумаў ён, – як недарэчна я мушу выглядаць з гэтымі грашыма”.

Графіня адклала кнігу.

– Вітаю цябе, пане Вакульскі, – сказала яна. – Ведаеш, я ўжо думала, што ты не прыйдзеш, і, прызнаюся, было мне нават трохі прыкра.

– Я казала, цётачка, што ён прыйдзе ды яшчэ з мяшком золата, – па-англійску азвалася панна Ізабэла.

Графіня пачырванела, на ілбе ў яе паказаліся кроплі поту. Словы пляменніцы яе спалохалі, бо яна падумала, што Вакульскі можа разумець па-англійску.

– Прашу, пане Вакульскі, – хутка прамовіла яна, – прысядзь тут на хвіліну, бо наш дэлегат[86] адлучыўся некуды... Дазволь, я пакладу твае імперыялы наверсе, каб прысароміць тых паноў, што лічаць за лепшае марнаваць грошы на шампанскае...

– Але няхай бы цётачка не хвалявалася, – ізноў па-англійску заўважыла панна Ізабэла. – Ён дакладна не разумее...

Гэтым разам і Вакульскі пачырванеў.

– Бэла, – урачыста звярнулася да яе графіня, – пан Вакульскі... які так шчодра адорвае нашых сірот...

– Я чула, – адказала панна Ізабэла па-польску, апускаючы павекі на знак прывітання.

– Пані графіня, – з крыху камічнай інтанацыяй сказаў Вакульскі, – жадае пазбавіць мяне ўзнагароды на тым свеце, калі хваліць мае ўчынкі, якія, зрэшты, я мог здзейсніць і дзеля выгады.

– Я здагадвалася пра гэта, – ціха прамовіла панна Ізабэла па-англійску.

Графіня ледзь не самлела, адчуваючы, што Вакульскі мог адгадаць сэнс слоў яе пляменніцы, нават не ведаючы аніводнае мовы.

– Можаш, пане Вакульскі, – з ліхаманкавай паспешлівасцю сказала яна, – можаш лёгка заслужыць узнагароду на тым свеце, хоць бы... прабачаючы крыўды...

– Я заўсёды іх прабачаю, – адказаў ён трохі здзіўлена.

– Дазволь, пане, заўважыць, што не заўсёды, – працягвала графіня. – Я старая кабета і твая прыяцелька, пане Вакульскі, – дадала яна з націскам, – дык зрабі мне пэўную саступку...

– Чакаю загаду пані.

– Нядаўна пан звольніў аднаго з вашых… служачых, нейкага Мрачэўскага...

– За што ж гэта? – запыталася раптам панна Ізабэла.

– Не ведаю, – адказала графіня. – Здаецца, з-за разыходжання ў палітычных перакананнях або за нешта падобнае...

– Дык у таго маладога чалавека ёсць перакананні?.. – гучна прамовіла панна Ізабэла. – Як цікава!

Яна сказала гэта так насмешліва, што Вакульскі адчуў, як у яго сэрцы знікае антыпатыя да Мрачэўскага.

– Справа не ў перакананнях, пані графіня, – адказаў ён, – а ў нетактоўных заўвагах наконт асобаў, якія наведваюць нашу краму.

– Можа, гэтыя асобы самі паводзяцца нетактоўна, – заўважыла панна Ізабэла.

– Ім можна, яны плацяць за гэта, – спакойна адказаў Вакульскі. – Нам – не.

Твар панны Ізабэлы запунсавеў. Яна ўзяла малітоўнік і пачала чытаць.

– Але, як бы там ні было, дазволь пераканаць цябе, пане Вакульскі, – працягвала графіня. – Я ведаю маці гэтага хлопца, і, павер мне, прыкра бачыць яе роспач...

Вакульскі задумаўся.

– Добра, – сказаў ён. – Я дам яму пасаду, але ў Маскве.

– А ягоная бедная маці?.. – нагадала графіня з просьбаю ў голасе.

– Дык павялічу яму заробак... на дзвесце... на трыста рублёў, – адказаў ён.

Тут да стала падышлі дзеці, якім графіня пачала раздаваць абразкі. Вакульскі ўстаў і, каб не перашкаджаць графіні ў яе набожным занятку, падышоў да панны Ізабэлы.

Панна Ізабэла падняла вочы ад кніжкі і, гледзячы на Вакульскага неяк асабліва, запыталася:

– Пан ніколі не мяняе сваіх рашэнняў?

– Не, – адказаў ён, але адразу апусціў вочы.

– А каб я папрасіла за гэтага маладога чалавека?..

Вакульскі зірнуў на яе здзіўлена.

– У такім разе, я адказаў бы, што пан Мрачэўскі страціў пасаду, бо неналежным чынам выказваўся пра асобаў, якія зрабілі яму гонар, размаўляючы з ім крыху ласкавей... Калі ж, аднак, пані загадвае...

Цяпер панна Ізабэла апусціла вочы, моцна збянтэжаная.

– А!.. Зрэшты, мне ўсё адно, дзе будзе жыць гэты малады чалавек. Хай сабе і ў Маскву едзе.

– Туды і паедзе, – сказаў Вакульскі. – Маё шанаванне паням, – дадаў ён, кланяючыся.

Графіня падала яму руку.

– Дзякуй, пане Вакульскі, што не забыў пра нас, і прашу да мяне на свянцонае. Вельмі цябе прашу, пане Вакульскі, – дадала яна са значэннем.

Раптам, заўважаючы нейкі рух у сярэдзіне касцёла, яна звярнулася да лёкая:

– Ідзі ж, мой Ксавэры, да пані старшынёвай і прасі пазычыць нам каляску. Скажы, што ў мяне конь закульгаў.

– На які час яснавяльможная пані загадае?

– Так... гадзінкі праз паўтары... Праўда, Бэла, мы даўжэй не выседзім?

Лёкай накіраваўся да стала пры ўваходзе.

– Дык да заўтра, пане Вакульскі, – сказала графіня. –Сустрэнеш у мяне шмат знаёмых. Будзе некалькі паноў з дабрачыннага таварыства...

“Ага!” – падумаў Вакульскі, развітваючыся з графіняй. Ён адчуваў у гэты момант да яе такую ўдзячнасць, што гатовы быў ахвяраваць на прытулак, якім яна апекавалася, палову свайго капіталу.

Панна Ізабэла злёгку кіўнула яму і зноў паглядзела нейкім, як яму здалося, асаблівым позіркам. А калі Вакульскі знік у прыцемку касцёла, яна звярнулася да графіні:

– Цётачка какетнічае з гэтым панам. Аёй!.. Цётачка, гэта робіцца падазроным...

– Твой бацька мае рацыю, – адказала графіня, – гэты чалавек можа быць карысным. Зрэшты, за мяжою такія знаёмствы паўсюдна прынятыя ў свеце.

– А калі б ад гэтага знаёмства ў яго закружылася галава? – спытала панна Ізабэла.

– Гэтым ён давёў бы, што мае слабую галаву, – адрэзала графіня і ўзялася за малітоўнік.

Вакульскі не выйшаў з касцёла, а збочыў у неф недалёка ад дзвярэй. Каля самае Труны Гасподняе стаяла ў куце пустая спавядальня, якраз насупраць стала графіні. Вакульскі ўвайшоў туды, прычыніў дзверцы і, сам нябачны, пачаў глядзець на панну Ізабэлу.

Яна трымала ў руках малітоўнік, час ад часу пазіраючы на касцельныя дзверы. На яе твары была стомленасць і нуда. Зрэдчас да століка падыходзілі дзеці па абразкі, некаторым панна Ізабэла сама падавала іх такім рухам, нібы хацела сказаць: “Ах, калі ж гэта скончыцца!..”

“І ўсё гэта робіцца не з набожнасці і не з любові да дзяцей, а дзеля розгаласу і дзеля таго, каб выйсці замуж, – падумаў Вакульскі. – Ну і я, – дадаў ён, – нямала раблю дзеля розгаласу і дзеля жаніцьбы. Добры гэты свет! Замест таго, каб проста запытацца: «Кахаеш мяне ці не кахаеш?» альбо: «Хочаш мяне ці не хочаш?» – я выкідаю сотні рублёў, а яна гадзінамі нудзіцца, манернічае і ўдае верніцу.

А каб яна адказала, што не кахае мяне? Ва ўсіх гэтых цырымоніях ёсць і добры бок: яны даюць людзям час і магчымасць пазнаць адно аднаго.

Аднак дрэнна, калі не разумееш ані слова па-англійску... Сёння я ведаў бы, што яна пра мяне думае, бо я ўпэўнены: яна пра мяне казала цётцы. Трэба навучыцца...

Або ўзяць такую цацку, як каляска... Каб у мяне была каляска, я мог бы адвезці яе з цёткаю дадому, і вось яшчэ адзін вузельчык паміж намі... Так, каляска мне ў любым выпадку спатрэбіцца. Гэта лішняя тысяча выдаткаў у год, але што рабіць… Я мушу быць гатовы да ўсяго.

Каляска... англійская мова... больш за дзвесце рублёў на адну квесту!.. І гэта раблю я, нягледзячы на сваю пагарду... А ўласна, на што ж тады мне траціць грошы, як не на тое, каб дамагацца шчасця? Што мне да нейкіх тэорый пра эканомію, калі баліць мне сэрца?..”

Плынь яго думак перапыніла маркотная механічная мелодыя. Гэта грала музычная скрынка. Потым зашчабяталі штучныя птушкі, а калі яны змаўкалі, чулася ціхае цурчанне фантана, шэпты малітваў і ўздыханні вернікаў.

У нефе, пры спавядальні, пры капліцы з Труною Гасподняю відаць былі ўкленчаныя постаці. Некаторыя на каленцах падпаўзалі да распяцця і, пацалаваўшы яго, клалі на паднос медзякі, выцягнутыя з завязанае насоўкі.

У глыбіні капліцы, у струмені святла, ляжаў сярод кветак белы Хрыстос. Вакульскаму здавалася, што ў мігатлівым ззянні свечак твар яго ажывае, выраз яго мяняецца, робіцца то суровым, то літасцівым і ласкавым.

Калі катрынка грала “Лючыю з Ламермура” або калі з сярэдзіны касцёла чуўся звон манет і воклічы па-французску, аблічча Хрыста цямнела. А калі да распяцця набліжаўся нейкі бедачына і жаліўся Укрыжаванаму, Хрыстос размыкаў мёртвыя вусны і ў суправаджэнні плюскату фантана пасылаў яму сваё дабраславенне ды суцяшэнне...

“Дабраславёныя рахманыя... Дабраславёныя жабракі духам...”

Да падноса падышла дзяўчына з моцна нарумяненым тварам. Яна паклала срэбраную дваццацікапеечную манету, але не насмельвалася дакрануцца да крыжа. Тыя, што кленчылі побач, з непрыяззю пазіралі на яе аксамітны каптанік і яркі капялюш. Але калі Хрыстос прашаптаў: “Хто з вас без граху, той няхай першы кіне ў яе камень”, – яна ўпала на падлогу і пацалавала яму ногі, як некалі Марыя Магдалена.

“Дабраславёныя тыя, што прагнуць праўды... Дабраславёныя, што плачуць...”

З глыбокім хваляваннем узіраўся Вакульскі ў натоўп, пагружаны ў касцельную цемру, які з такой цярпліваю вераю ўжо васямнаццаць стагоддзяў чакае здзяйснення божых запаветаў.

“Калі ж гэта будзе!..” – падумаў ён.

“Пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і яны збяруць усе злыбеды і тых, хто чыніць беззаконне, як збіраюць пустазелле і паляць яго ў агні”.

Ён міжволі зірнуў на сярэдзіну касцёла. Насупраць пры стале драмала графіня, а панна Ізабэла пазяхала, пры іншым стале тры незнаёмыя яму дамы рагаталі, слухаючы балбатню нейкага франта.

“Іншы свет!.. Іншы свет!.. – думаў Вакульскі. – Што за фатальнасць пхае мяне ў той бок?”

Тут побач са спавядальняю спынілася, а потым апусцілася на калені маладая жанчына. Яна была густоўна апранутая, з ёю была малая дзяўчынка.

Вакульскі прыгледзеўся і ўбачыў, што яна незвычайна прыгожая. Асабліва ўразіў выраз яе твару, нібыта яна прыйшла да Труны Гасподняе не з малітваю, а пра нешта запытацца або паскардзіцца.

Яна перажагналася, але заўважыла паднос і дастала мяшэчак з грашыма.

– Ідзі, Гэленка, – ціха звярнулася яна да дзяўчынкі, – пакладзі гэта на паднос і пацалуй Пана Езуса.

– Няхай мама скажа, куды пацалаваць.

– У ручку і ў ножку…

– І ў тварык?

– У тварык нельга.

– А, чаго там...

Дзяўчынка падбегла да падноса і схілілася над крыжам.

– А вось, мама, – выгукнула яна, вяртаючыся, – я пацалавала, і Езус нічога не сказаў.

– Гэленка, мусіш паводзіць сябе прыстойна, – сказала маці. – Лепш укленчы і адмаўляй пацеры.

– Якія малітвы адмаўляць?

– Тры разы “Ойча наш” і тры разы “Багародзіцу”...

– Так шмат?.. А я такая маленькая...

– Тады адну “Багародзіцу”... Толькі ўкленчы... Глядзі вось туды...

– Ужо гляджу. “Багародзіца панна, цешся...” Мама, гэта птушачкі спяваюць?

– Штучныя птушачкі. Гавары малітву.

– Як гэта штучныя?

– Спачатку скончы малітву.

– Калі я не памятаю, дзе спынілася...

– Дык паўтарай за мною: “Багародзіца панна, цешся...”

– “... у час смерці нашай. Аман”, – скончыла дзяўчынка. – А з чаго робяць штучных птушачак?

– Гэленка, цішэй, бо я цябе не пацалую больш, – ціха сказала засмучаная маці. – Вазьмі кніжку і разглядай малюнкі, як мучылі Госпада нашага Хрыста.

Дзяўчынка ўселася з кніжкаю на прыступках спавядальні і сцішылася.

“Якое мілае дзіця! – думаў Вакульскі. – Каб было маё, дык да мяне, здаецца, зноў вярнулася б душэўная раўнавага, якую я трачу з дня на дзень. І маці – цудоўная кабета. Якія валасы, профіль, вочы... Моліць Бога, каб уваскрэсла шчасце... Прыгожая і няшчасная, відаць, удава.

Вось каб сустрэць мне яе год таму.

Ці ёсць які парадак на гэтым свеце?.. За крок адзін ад аднаго знаходзяцца двое няшчасных: адзін шукае кахання і сям’і, а другая, падобна, змагаецца з нэндзаю і пакутуе без апекі. Кожны з іх мог бы знайсці ў іншым тое, чаго шукае, але ім не наканавана сустрэцца... Адна прыходзіць маліць Бога аб літасці, іншы выкідае грошы дзеля свецкіх сувязяў. Хто ведае, ці некалькі сотняў рублёў не былі б цэлым шчасцем гэтай кабеце? Але ёй не атрымаць гэтых грошай, у наш час Бог не слухае малітвы прыгнечаных.

А каб, аднак, даведацца, хто яна?.. Можа, удалося б ёй неяк дапамагчы. Чаму б не спраўдзіцца ўзнёслым запаветам Хрыста няхай і праз пасярэдніцтва гэтакага недавярка, як я, раз набожныя занятыя іншым?”

Раптам Вакульскаму стала горача... Да століка графіні падышоў элегантны малады чалавек і паклаў нешта на паднос. Пры яго з’яўленні панна Ізабэла паружавела, і вочы яе набылі той асаблівы выраз, які заўсёды так уражваў Вакульскага.

Па запрашэнні графіні малады чалавек сеў у той самы фатэль, на якім толькі што сядзеў Вакульскі, і пачалася жвавая гамонка. Вакульскі не чуў яе зместу, але яму здавалася, што ў ягонай свядомасці нібы агнём нехта выпальвае гэтае аблічча. Каштоўны дыван, срэбраны паднос, завалены грашыма з імперыяламі наверсе, два падсвечнікі, дзесяць запаленых свечак, графіня ў глыбокай жалобе, малады чалавек, што не адводзіць вачэй ад панны Ізабэлы, і яна – вясёлая і шчаслівая. Аніводная дробязь не засталася незаўважанай, нават тое, што водбліскі ад полымя свечак у графіні былі на шчоках, у маладога чалавека – на кончыку носа, а ў панны Ізабэлы – у вачах.

“Ці кахаюць яны адзін аднаго? – думаў ён. – Дык чаму ж ім не пабрацца?.. Можа, у яго няма сродкаў?.. Але, у такім разе, чаму яна так на яго глядзіць?.. Падобныя позіркі яна кідала сёння на мяне. Праўда, панна перад шлюбам павінна мець некалькі альбо і цэлы дзясятак кавалераў ды вабіць іх усіх, каб... прадацца таму, хто дасць больш!”

Вярнуўся дэлегат. Графіня паднялася з фатэля, тое самае зрабілі панна Ізабэла ды прыгожы малады чалавек, і яны ўтраіх з моцным шамаценнем рушылі да дзвярэй, спыняючыся каля іншых столікаў. Маладзёны, што былі там за асістэнтаў, горача віталі панну Ізабэлу, а яна кожнага адорвала тым самым – абсалютна тым самым! – ад якога траціў розум Вакульскі – позіркам. Нарэшце стала ціха: графіня з паннай Ізабэлай пакінулі касцёл.

Вакульскі апрытомнеў і азірнуўся. Прыгожай пані з дзіцём ужо не было.

“Як шкада!..” – ціха прамовіў ён і адчуў, як сэрца злёгку сціснулася.

На доле ля крыжа ўсё яшчэ кленчыла маладая дзяўчына ў аксамітным каптаніку і яркім капелюшы. Калі яна падняла вочы на асветленую Труну, на яе нарумяненых шчоках таксама нешта заблішчала. Яна яшчэ раз пацалавала ногі Хрысту, цяжка паднялася і выйшла.

“«Дабраславёныя, якія плачуць...» Няхай жа хоць табе, прынамсі, памерлы Хрыстос спраўдзіць свой запавет”, – падумаў Вакульскі і выйшаў следам за ёю.

На дзядзінцы ён убачыў, яе дзяўчына раздае міласціну старцам. І яму люта забалела ад думкі, што з дзвюх кабет, з якіх адна жадае прадаць сябе за вялікія грошы, а другая ўжо прадалася за кавалак хлеба, – тую другую, зганьбаваную, нейкі вышэйшы трыбунал можа прызнаць лепшаю і больш чыстаю.

На вуліцы ён дагнаў яе і спытаў:

– Куды ты ідзеш?

На твары ў яе відаць былі сляды слёз. Яна падняла на Вакульскага млявы позірк і адказала:

– Магу пайсці з панам.

– Гэтак ты кажаш?.. Дык хадзем.

Яшчэ не было і пятае гадзіны, быў белы дзень, некалькі мінакоў азірнулася на іх.

“Трэба быць апошнім дурнем, каб рабіць нешта падобнае, – думаў Вакульскі ды ішоў у бок крамы. – Скандалу я не баюся, але д’ябал ведае, што лезе мне ў галаву? Апостальства? Верх ідыятызму! Зрэшты, мне ўсё адно: я толькі выканаўца чужое волі”.

Ён увайшоў у браму дома, дзе знаходзілася крама, і павярнуў да кватэры Жэцкага. Дзяўчына ішла за ім. Пан Ігнацы быў дома і, убачыўшы неверагодную пару, ад здзіўлення замахаў рукамі.

– Ці можаш ты выйсці на пару хвілін? – спытаў яго Вакульскі.

Пан Ігнацы нічога не адказаў. Ён узяў ключ ад тыльных дзвярэй крамы і выйшаў з пакоя.

– Удваіх? – ціха спытала дзяўчына, вымаючы шпількі з капелюша.

– Прашу прабачэння, – перапыніў яе Вакульскі. – Толькі што, мая пані, ты была ў касцёле, праўда?

– Пан мяне бачыў?

– Ты малілася і плакала. Скажаш мне, чым былі выкліканыя твае слёзы?

Дзяўчына здзівілася, але паціснула плячыма і адказала:

– Хіба пан – ксёндз, каб гэта пытацца?

Яна ўважліва паглядзела на Вакульскага і дадала:

– Гэх! Абы галаву дурыць... Жартаўнік!

І памкнулася было выйсці, але Вакульскі затрымаў яе.

– Пачакай. Ёсць нехта, хто хацеў бы дапамагчы табе, дык не спяшайся і адказвай шчыра.

Яна зноў прыгледзелася да яго. Раптам вочы яе заблішчэлі, а твар пачырванеў.

– Ведаю, – выгукнула яна. – Мусіць, пан ад таго старога пана!.. Ён колькі разоў ужо абяцаў узяць мяне да сабе... Ён вельмі багаты? Дзіва што... У калясцы раз’язджае і ў тэатры сядзіць у першым шэрагу.

– Паслухай, – спыніў яе Вакульскі, – адкажы мне, чаго ты плакала ў касцёле?

– А бо, бачыць пан... – пачала дзяўчына і стала распавядаць такую цынічную гісторыю пра нейкія сваркі з гаспадыняй, што, слухаючы яе, Вакульскі змяніўся з твару.

– Вось жывёліна! – ціха прамовіў ён.

– Я пайшла да Труны Гасподняе, – працягвала дзяўчына, – думала крыху развеяцца. Дзе там! Як успомніла пра старую, дык у мяне аж слёзы ад злосці пацяклі. Стала я прасіць Бога, каб або старую хвароба якая задушыла, або мне вырвацца неяк ад яе. І, відаць, пачуў мяне Бог, калі гэты пан хоча мяне забраць.

Вакульскі сядзеў нерухома. Нарэшце ён спытаў:

– Колькі табе гадоў?

– Усім кажу, што шаснаццаць, а так – дзевятнаццаць.

– Хочаш сысці адтуль?

– Хоць у пекла! Так яны мне абрыдзелі... Ды толькі...

– Што?

– Пэўна, нічога не атрымаецца... Сёння я сыду, а пасля святаў вернуць ды яшчэ так паквітаюцца, што зноў тыдзень буду качацца хворая, як пасля Калядаў.

– Не вернуць.

– Акурат! У мяне ж доўг...

– Вялікі?

– Ого!.. Рублёў з пяцьдзясят. Не ведаю нават, адкуль такі ўзяўся, бо за ўсё ўдвая плаціць даводзіцца... Але ёсць… У нас так заўсёды... А яшчэ як пачуюць, што той пан мае грошы, дык скажуць, што я іх абакрала, ды налічаць колькі захочуць.

Вакульскі адчуваў, што адвага пакідае яго.

– Скажы мне: ці згодная ты працаваць?

– А што трэба рабіць?

– Навучышся шыць.

– Не, гэта марная справа. Я ж была ўжо ў швейнай майстэрні. Але на восем рублёў у месяц не пражывеш. Зрэшты, я вартая яшчэ, каб і не абшываць нікога.

Вакульскі падняў галаву.

– Дык ты не хочаш адтуль сыходзіць!

– Хачу!

– Тады вырашай зараз жа. Альбо возьмешся за працу, бо задарма ніхто хлеба не есць...

– Няпраўда, – перапыніла яна. – Той жа стары пан нічога не робіць, а грошы мае. Ён мне сам не раз казаў, што ўжо і я ніякага клопату ведаць не буду...

– Ні да якога старога ты не пойдзеш, а пойдзеш да сясцёр святое Магдалены. Альбо вяртайся туды, адкуль прыйшла.

– Манашкі мяне не прымуць. Трэба доўг заплаціць і мець паруку.

– Усё будзе ўладжана, калі пойдзеш.

– Як жа я да іх пайду?

– Я дам табе ліст, ты яго адразу ж занясеш і сама застанешся там. Хочаш ці не?

– Гэх! Няхай пан дасць ліст... Пабачу, як там будзе.

Яна села і пачала разглядаць пакой.

Вакульскі напісаў ліст, растлумачыў, куды ісці, а ў канцы сказаў:

– Што пасееш, тое і пажнеш. Будзеш сумленная і працавітая, будзе табе добра, а калі не выкарыстаеш гэты шанец, рабі, што хочаш. Можаш ісці.

Дзяўчына засмяялася.

– Гэта ж старая ашалее ад злосці... Так ёй і трэба... Ха-ха! Але... можа, пан мяне надурыў?

– Ідзі, – паказаў ёй Вакульскі на дзверы.

Яна яшчэ раз пільна паглядзела на яго, паціснула плячыма і выйшла.

Амаль адразу, як яна пайшла, з’явіўся пан Ігнацы.

– Што гэта за знаёмства такое? – спытаў ён незадаволена.

– Сапраўды, – задуменна адказаў Вакульскі. – Не сустракаў яшчэ я гэткае жывёліны, хоць ведаю розных жывёл.

– У адной Варшаве іх тысячы, – сказаў Жэцкі.

– Я ведаю. Змаганне з імі нічога не дае, бо ўвесь час з’яўляюцца новыя. Адгэтуль выснова: рана ці позна грамадства павінна перабудавацца ад падмурка да самага верху. Альбо згніе.

– Ага!.. – прамармытаў Жэцкі. – Я пра гэта здагадваўся.

Вакульскі развітаўся з ім. Ён адчуваў сябе як хворы ў гарачцы, якога аблілі ледзяною вадою.

“Аднак, пакуль грамадства перабудуецца, – думаў ён, – я бачу, што абшар маёй філантропіі моцна зменшыцца. Цэлага маёнтка не хапіла б мне, каб цывілізаваць нялюдскія інстынкты. Мне лепш квестаркі, што пазяхаюць, чым пачвары, якія моляцца ды плачуць у касцёле”.

Вобраз панны Ізабэлы паўстаў перад ім яшчэ ў большым, чым раней, бляску. Кроў біла яму ў скроні, і ён дакараў сябе ў душы, што мог параўноўваць яе з падобнаю істотаю.

“Не, лепш выкідаць грошы на каляскі ды коней, чым на падобныя... няшчасці!”

У Велікодную нядзелю Вакульскі ў нанятай брычцы пад’ехаў да дому графіні. Убачыў ён тут доўгі шэраг экіпажаў, надта разнастайных паводле рангу. Былі там фарсістыя кабрыялеты, у якіх раз’язджала залатая моладзь, і звычайныя брычкі, якія наймалі на некалькі гадзін адстаўныя чыноўнікі, старыя карэты са старымі коньмі ў старой збруі ды з лёкаямі ў зашмальцаваных ліўрэях, і новыя, наўпрост з Вены каляскі, пры якіх былі лёкаі з кветкамі ў бутаньерках, а фурманы трымалі пры боку пугу на манер маршалкоўскае булавы. Не было недахопу і ў фантастычных казачках, апранутых у шаравары гэткае шырыні, нібы якраз там змясцілі сваю пыху іх гаспадары.

Вакульскі адзначыў таксама, што ў гэтай кампаніі фурманы вялікіх паноў трымаліся з надзвычайнаю годнасцю, фурманы банкіраў рваліся наперад, за што на іх лаяліся, а рамізнікі былі самыя кемлівыя. Фурманы найманых калясак трымаліся асобна, пагарджаючы рэштаю, якая і сама грэбавала імі.

Калі Вакульскі ўвайшоў у вестыбюль, сівы швейцар з чырвонаю стужкаю нізка пакланіўся яму і адчыніў дзверы ў гардэроб, дзе джэнтльмен у чорным фраку зняў з яго паліто. У гэты момант перад ім з’явіўся Юзаф, лёкай графіні, які добра ведаў Вакульскага, бо насіў нядаўна з яго крамы ў касцёл катрынку і механічных птушак.

– Ясна пані чакае, – прамовіў Юзаф.

Вакульскі дастаў з кішэні пяць рублёў і сунуў яму, адчуваючы, што паводзіць сябе, як парвеню.

“Ах, які я дурны, – падумаў ён. – Не, я не дурны. Я толькі нуварыш, які тут павінен плаціць кожнаму і на кожным кроку. Ну, але выратаванне блудніц абыходзіцца даражэй”.

Ён падымаўся мармуровымі сходамі, аздобленымі кветкамі, а перад ім – Юзаф. На першым паверсе Вакульскі не здымаў капялюш, на другім – зняў яго, не ведаючы, слушна ён робіць ці не.

“Зрэшты, да кожнага з іх я мог бы ўвайсці ў капелюшы на галаве”, – сказаў ён сам сабе.

Юзаф, нягледзячы на свой узрост, узбег па прыступках, як лань, і дзесьці знік, а Вакульскі застаўся адзін, не ведаючы, куды ісці і да каго азвацца. Гэта доўжылася нейкую хвіліну, але Вакульскі паспеў закіпець ад гневу.

“Якімі ж бар’ерамі ўмоўнасцяў яны абгарадзіліся, а? – падумаў ён. – А... каб мог я ўсё гэта скрышыць!..”

І на момант яму здалося, што паміж ім і гэтым высокашаноўным светам вытанчаных манер адбудзецца непазбежная сутычка, у якой альбо свет гэты рухне, альбо сам ён загіне.

“Добра, хай я загіну... Але пакіну па сабе памяць!..”

“Пакінеш прабачэнне і літасць”, – шапнуў яму нейкі голас.

“Няўжо я аж такі нікчэмны?”

“Не, ты аж такі шляхетны”.

Ён схамянуўся, перад ім стаяў пан Тамаш Ленцкі.

– Вітаю, пане Станіслаў, – сказаў той з уласцівай яму велічнасцю. – Вітаю яшчэ больш горача таму, што тваё наведванне супала з вельмі прыемнаю сямейнаю падзеяй...

“Ці не заручыны панны Ізабэлы?” – падумаў Вакульскі, і ў яго пацямнела ў вачах.

– Уяві сабе, пане, што з выпадку твайго наведвання... Чуеш, пане Станіслаў?.. З выпадку твайго візіту я памірыўся з пані Яаннай, маёй сястрой... Але пан збляднеў!.. Сустрэнеш тут шмат знаёмых… Не думай, што арыстакратыя такая страшная...

Вакульскі страпянуўся.

– Пане Ленцкі, – холадна адказаў ён, – мой намёт пад Плеўнаю наведвалі і большыя паны. І яны былі са мною гэткія ветлівыя, што зараз мне не так проста ўзрушыцца ад прысутнасці нават тых значных асобаў, якіх… я не сустрэну ў Варшаве.

– А!.. – выціснуў з сябе пан Тамаш і пакланіўся яму. Вакульскі здзівіўся.

“Які ліслівец! – мільганула яму ў галаве. – І я... я!.. меў бы цырымоніцца з гэткімі людзьмі?..”

Пан Ленцкі ўзяў яго пад локаць і вельмі ўрачыста ўвёў у першы салон, дзе знаходзіліся адны мужчыны.

– Бачыш, пане, вось граф... – пачаў пан Тамаш.

– Я ведаю, – адказаў Вакульскі і дадаў у думках: “Вінен мне рублёў трыста...”

– Банкір... – тлумачыў быў далей пан Тамаш, але не паспеў ён вымавіць прозвішча, як банкір сам паспяшаўся да іх.

Пасля прывітання з Вакульскім ён сказаў:

– Пабойся Бога, пане, з Парыжу страшна прыспешваюць нас з гэтымі бульварамі. Ці пан адказаў ім?

– Я хацеў спачатку паразмаўляць з панам, – прамовіў Вакульскі.

– Дык сустрэнемся дзе-небудзь. Калі пан бывае дома?

– Цяжка сказаць загадзя, я лічу найлепшым сам зайсці да пана.

– Дык прыходзь, пане, да мяне ў сераду, разам паснедаем і дамовімся нарэшце.

Яны развіталіся. Пан Тамаш яшчэ больш далікатна прыціснуў локаць Вакульскага.

– Генерал... – пачаў ён ізноў.

Генерал, які ўбачыў ужо Вакульскага, працягнуў яму руку, і яны прывіталіся, як старыя знаёмыя.

Пан Тамаш рабіўся ўсё больш і больш сардэчны да Вакульскага, са здзіўленнем заўважаючы, што галантарэйны купец знаёмы з самымі вядомымі ў горадзе асобамі, і не знаёмы ён толькі з тымі, хто, маючы тытул або багацце, не абцяжарваў сябе якой-небудзь дзейнасцю.

На ўваходзе ў другі салон, дзе было некалькі дам, іх сустрэла графіня. Паблізу круціўся лёкай Юзаф.

“Расставілі пікеты, каб нуварыш не скампраметаваўся, – падумаў Вакульскі. – Вельмі міла з іх боку, але...”

– Як жа я рада, пане Вакульскі, – сказала графіня, забіраючы яго ў пана Тамаша. – Як я рада, што пан выканаў маю просьбу... Тут якраз знаходзіцца асоба, якая прагне пазнаёміцца з панам.

У першым салоне з’яўленне Вакульскага выклікала сенсацыю.

– Генерал, – звярнуўся да яго граф, – графіня пачынае прымаць у сябе галантарэйных купцоў. Гэты Вакульскі...

– Ён такі самы купец, як я і як пан, – адказаў генерал.

– Скажы, князь, – казаў іншы граф, – як сюды трапіў гэты Вакульскі?

– Яго запрасіла гаспадыня, – адказаў князь.

– Я не маю прадузятасці да купцоў, – працягваў граф, – але гэты Вакульскі падчас вайны займаўся пастаўкамі і нажыў на гэтым капітал...

– Так, так... – не даў яму скончыць князь. – Звычайна падобнага кшталту капіталы падазроныя, але за Вакульскага я паручуся. Графіня размаўляла са мною, а я запытаўся ў афіцэраў, што былі на вайне, у тым ліку і ў свайго пляменніка. Дык вось пра Вакульскага ўсе ў адзін голас кажуць, што пастаўкі, у якіх ён браў удзел, заўсёды былі добрасумленныя. Нават салдаты, атрымліваючы добры хлеб, казалі, што, мусіць, яго пяклі з мукі Вакульскага. Скажу графу больш, – працягваў князь, – Вакульскі, які сваёй сумленнасцю звярнуў увагу самых высокіх асобаў, неаднаразова атрымліваў вельмі панадлівыя прапановы. Сёлета ў студзені прапаноўвалі яму дзвесце тысяч рублёў толькі за шыльду дзеля пэўнага прадпрыемства, і ён адмовіўся...

Граф усміхнуўся і сказаў:

– Меў бы больш на дзвесце тысяч рублёў...

– Меў бы, але не быў бы тут сёння, – адказаў князь, кіўнуў графу і адышоў.

– Стары вар’ят, – пагардліва прамармытаў граф услед князю.

У трэцім салоне, куды ўвайшоў з графіняю Вакульскі, быў буфет з мноствам розных па велічыні столікаў, пры якіх сядзелі запрошаныя – па два, па тры, а дзе і па чатыры. Некалькі лёкаяў разносілі стравы і віно, а кіравала імі панна Ізабэла, якая, відавочна, падмяняла гаспадыню дома. На ёй была светла-блакітная сукенка і буйны жэмчуг на шыі. Яна была такая прыгожая, і такімі велічнымі былі яе рухі, што варта Вакульскаму было зірнуць на яе, як ён скамянеў.

“Нават марыць пра яе не магу...” – у роспачы падумаў ён.

У гэтую хвіліну ён заўважыў у аконнай нішы маладога чалавека, які ўчора быў у касцёле, а цяпер самотна сядзеў пры маленькім століку і не зводзіў вачэй з панны Ізабэлы.

“Вядома, ён кахае яе!” – падумаў Вакульскі, і яму здалося, што на яго нібы падзьмула магільным холадам.

“Я загінуў!”

Гэта доўжылася некалькі секунд.

– Бачыць пан тую старую кабету, што сядзіць паміж біскупам і генералам? – спытала графіня. – Гэта старшынёва[87] Заслаўская, лепшая мая сяброўка, яна жадае абавязкова пазнаёміцца з панам. Пан яе вельмі зацікавіў, – працягвала графіня з усмешкай. – Дзяцей у яе няма, толькі дзве прыгажуні ўнучкі. Няхай пан зробіць добры выбар!.. А пакуль прыгледзься да яе, і, калі тыя паны адыдуць, я пана прадстаўлю. А… князь!..

– Вітаю пана, – звярнуўся князь да Вакульскага. – Кузіна дазволіць?..

– Калі ласка, – адказала графіня. – Вось тут, панове, вольны столік... Я вас на хвіліну пакіну...

Яна адышла.

– Прысядзем, пане Вакульскі, – прапанаваў князь. – Выдатная нагода, бо ў мяне да пана важнае справа. Уяві сабе, пан, што панскія праекты выклікалі вялікі пярэпалах сярод нашых фабрыкантаў мануфактуры... Здаецца, я слушна сказаў: мануфактуры?.. Яны сцвярджаюць, што пан хоча загубіць нашу прамысловасць... Няўжо канкурэнцыя, якую пан стварае, такая ім небяспечная?..

– Я карыстаюся значным крэдытам у маскоўскіх фабрыкантаў, прыблізна да трох, нават да чатырох мільёнаў рублёў, – адказаў Вакульскі. – Але я не ведаю яшчэ, як у нас пойдуць іх тавары...

– Страшная... страшная лічба! – ціха прамовіў князь. – Ці не здаецца пану, што яна ўяўляе сапраўдную небяспеку нашым фабрыкам?

– Не, пане. Я бачу, што яна толькі крыху зменшыць іх каласальныя прыбыткі, што мяне, зрэшты, не турбуе. Мая справа клапаціцца пра ўласныя прыбыткі і пра танныя тавары дзеля пакупнікоў, а мае якраз і будуць танней.

– Але ці думаў пан пра гэта з пункту гледжання свайго грамадзянскага абавязку?.. – спытаў князь, сціскаючы яго руку. – Нам ужо так мала засталося чаго губляць...

– Мне здаецца, што наш грамадзянскі абавязак якраз і ў тым, каб даць пакупнікам больш танны тавар ды ліквідаваць манаполію фабрыкантаў, звязаных з намі толькі тым, што яны нажываюцца на нашых спажыўцах і працаўніках.

– Пан так лічыць?.. Я не падумаў пра гэта. Зрэшты, мяне не цікавяць фабрыканты, але край, наш край, няшчасны край...

– Што я магу вам прапанаваць, панове? – нечакана звярнулася да іх панна Ізабэла.

Князь і Вакульскі падняліся.

– Якая ты прыгожая сёння, кузіна! – сказаў князь і ўзяў яе за руку. – Мне, шчыра кажучы, шкада, што я не мой уласны сын... Хоць, можа, гэтак і лепш! Бо калі б ты мне адмовіла, а гэта вельмі верагодна, я быў бы вельмі няшчасны... Ах, прашу прабачэння, – спахапіўся ён. – Дазволь, кузіна, прадставіць табе пана Вакульскага. Актыўны чалавек і актыўны грамадзянін... табе гэтага даволі, праўда?..

– Я ўжо мела прыемнасць... – ціха прамовіла панна Ізабэла, адказваючы на паклон.

Вакульскі зазірнуў ёй у вочы і ўбачыў там гэтакі спалох, гэтакі сум, што душу яго зноў ахапіў адчай.

“Навошта я прыйшоў сюды?” – падумаў ён.

Ён зірнуў у бок акна і ўбачыў маладога чалавека, які ўсё яшчэ самотна сядзеў над некранутаю страваю з прыкрытымі рукою вачыма.

“Ах, навошта мне, няшчаснаму, было прыходзіць сюды...” – думаў Вакульскі, адчуваючы такі боль, нібы з яго абцугамі выдзіралі сэрца.

– Можа, пан хоць віна дазволіць падаць? – спытала панна Ізабэла, здзіўлена гледзячы на яго.

– Што пані загадае, – машынальна адказаў ён.

– Мы павінны бліжэй пазнаёміцца, пане Вакульскі, – казаў князь. – Пану варта зблізіцца з нашым асяроддзем, у якім, павер, ёсць разумныя галовы і высакародныя сэрцы, але... бракуе ініцыятывы...

– Я нуварыш, у мяне няма тытула... – адказаў Вакульскі, каб хоць што-небудзь сказаць.

– Наадварот, пане. Маеш... адзін тытул – праца, другі – сумленнасць, трэці – здольнасці, чацвёрты – энергія... Менавіта гэтыя тытулы неабходныя нам дзеля адраджэння нашага краю. Дай нам іх, і мы прымем пана як… брата.

Да іх падышла графіня.

– Дазволіць князь?.. – прамовіла яна. – Пане Вакульскі...

Яна падала яму руку, і яны накіраваліся да старшынёвай.

– Гэта пан Станіслаў Вакульскі, пані, – звярнулася графіня да старой, апранутай у цёмную сукенку з дарагімі карункамі.

– Сядай, калі ласка, – паказала старшынёва на крэсла побач з сабою. – Станіславам цябе клічуць, так? А з якіх жа ты Вакульскіх?..

– З тых... нікому не знаных, – адказаў ён, – а менш за ўсё, мусіць, пані.

– А ці не служыў твой бацька ў войску?

– Бацька не, а дзядзька служыў.

– А дзе ж ён служыў, не памятаеш?.. І ці не Станіславам яго звалі?

– Так, Станіславам. Ён быў паручнікам, а потым капітанам у сёмым лінейным палку...

– У першай брыгадзе другое дывізіі, – дадала старшынёва. – Бачыш, дзіця, не такі ты мне і нязнаны... Ці жыве ж ён яшчэ?

– Не, памёр пяць гадоў таму.

У старшынёвай задрыжалі рукі. Яна адкрыла маленькі флакончык і панюхала.

– Памёр, кажаш?.. Вечны яму спакой!.. Памёр... А ці не засталася табе пасля яго якая-небудзь памятка?

– Залаты крыжык...

– Так, залаты крыж... І больш нічога?

– Яшчэ мініяцюра, яго партрэт, пісаны на слановай косці ў 1828 годзе.

Старшынёва ўсё часцей падносіла да носу флакончык, і рукі ў яе трэсліся ўсё мацней.

– Мініяцюра... – паўтарыла яна. – А ці ведаеш ты, хто яе маляваў?.. І больш нічога не засталося?

– Быў нейкі пачак папераў і яшчэ адна мініяцюра...

– Што ж з імі цяпер? – дапытвалася старшынёва з усё большым хваляваннем.

– Гэтыя рэчы дзядзька за некалькі дзён да смерці ўласнаручна апячатаў і загадаў пакласці разам з ім у дамавіну.

– Ох... ох!.. – застагнала старая і горка заплакала.

У зале замітусіліся. Падбегла ўстрывожаная панна Ізабэла, за ёю – графіня, яны ўзялі старшынёву пад рукі і асцярожна павялі ў дальнія пакоі. Усе позіркі скіраваліся на Вакульскага, госці пачалі шаптацца.

Калі Вакульскі заўважыў, што ўсе глядзяць на яго і пра яго гавораць, ён збянтэжыўся. Аднак, каб паказаць прысутным, што гэта своеасаблівая папулярнасць яго не абыходзіць, ён выпіў адзін за адным два кілішкі віна, якія стаялі перад ім, і толькі потым спахапіўся, што адзін з іх належаў генералу, а другі – біскупу.

“Але ж добра ўладзіў! – думаў ён. – Яшчэ скажуць, што я знарок пакрыўдзіў старую, каб выпіць віно яе суседзяў...”

Ён падняўся з намерам сысці, і яму стала горача пры думцы, што давядзецца прадэфіляваць праз два салоны, у якіх чакаюць яго бізуны позіркаў і шэпты. Але князь заступіў яму дарогу са словамі:

– Відаць, пан гутарыў са старшынёвай пра даўно мінулыя дні, калі аж да слёз дайшло. Я адгадаў, праўда?.. Але вернемся да нашае размовы, якую нам перапынілі: ці не думае пан, што варта было б заснаваць у краі польскую фабрыку танных тканін?..

Вакульскі адмоўна пакруціў галавою.

– Я сумняюся, што гэта атрымаецца, – сказаў ён. – Што думаць пра вялікія фабрыкі тым, каму бракуе адвагі на дробныя нават удасканаленні на тых фабрыках, якія ўжо ёсць…

– А менавіта?..

– Я кажу пра млыны, – працягваў Вакульскі. – Праз некалькі гадоў нам давядзецца везці сюды ўжо і муку, бо нашы млынары не хочуць замяніць жорны валамі.

– Першы раз чую!.. Сядзем тут, – пацягнуў яго князь у вялікую нішу. – Раскажы, пане, у чым тут справа.

У салонах у гэты час вялося ажыўленае абмеркаванне.

– Нейкая загадкавая фігура гэты пан, – казала па-французску дама ў дыяментах даме са страусавым пер’ем. – Я ўпершыню бачыла старшынёву ў слязах.

– Вядома, амурная гісторыя, – адказвала дама з пер’ем. – У кожным разе, хтосьці злосна пажартаваў з графіні і са старшынёвае, запрашаючы гэтага ягамосця.

– Пані дапускае, што...

– Я ў гэтым упэўненая, – адказала дама, паціскаючы плячыма. – Няхай пані, зрэшты, сама зірне. Манеры нікуды не вартыя, але які твар, які гонар!.. Шляхетнае крыві не схаваеш нават пад лахманамі...

– Неверагодна, – казала дама ў дыяментах. – Бо і гэты яго маёнтак, нібыта зароблены ў Балгарыі...

– Вядома. Гэта таксама тлумачыць, чаму старшынёва, пры яе заможнасці, гэтак мала траціць на сябе.

– І князь вельмі з ім ласкавы...

– Даруй, але ці не замала?.. Варта толькі зірнуць на іх абодвух...

– Мне здаецца, што падабенства ані следу...

– Так і ёсць, але... гэты гонар, упэўненасць... Якая нязмушаная гутарка...

За іншым столікам радзілася трое паноў.

– Ну, графіня здзейсніла дзяржаўны пераварот, – казаў брунет з чупрынаю.

– І ўдала. Гэты Вакульскі крыху нязграбны, але ў ім нешта ёсць, – адказаў сівы пан.

– І ўсё ж купец...

– Чым жа купец горшы за банкіра?

– Галантарэйны купец, гандлюе партманетамі, – упарціўся брунет.

– А нам здараецца гандляваць гербамі... – заўважыў трэці, дробны дзядок з сівымі бакенбардамі.

– Ён яшчэ захоча знайсці сабе жонку ў нашым коле...

– Тым лепш для паненак.

– Я і сам аддаў бы дачку за яго. Чалавек ён, кажуць, прыстойны, заможны, пасаг не прагуляе...

Каля іх шпарка прайшла графіня.

– Пане Вакульскі, – паклікала яна, скіроўваючы веер у кірунку нішы.

Вакульскі паспяшаўся да яе. Яна падала яму руку, і яны разам выйшлі з салона. Пакінутага князя адразу атачылі мужчыны, некаторы прасілі, каб ён пазнаёміў іх з Вакульскім.

– Варта, варта, – казаў задаволены князь. – Такога чалавека яшчэ не было ў нашым асяроддзі. Калі б мы раней пазналіся з такімі людзьмі, доля нашага няшчаснага краю была б іншаю.

Гэта пачула панна Ізабэла, якая ў гэты момант праходзіла праз салон, і збляднела. Да яе падышоў малады чалавек з учарашняе квесты.

– Стамілася, пані? – спытаў ён.

– Крыху, – адказала яна з сумнаю ўсмешкаю. – Мне прыйшло да галавы дзіўнае пытанне, – дадала яна пасля кароткае паўзы, – ці я таксама здолела б змагацца?..

– З сэрцам? – спытаў ён. – Не варта...

Панна Ізабэла паціснула плячыма.

– О, якое сэрца! Я думаю пра сапраўдную барацьбу з моцным супернікам.

Яна паціснула яму руку і выйшла з салону.

Вакульскі ішоў следам за графіняю праз доўгі шэраг пакояў. У адным з іх, далёка ад гасцей, гучаў раяль і чуліся спевы. Калі яны ўвайшлі туды, Вакульскага ўразіла цікавае відовішча. Нейкі маладзён граў на раялі, поруч стаялі дзве вельмі прыгожыя дамы, адна з іх удавала, што грае на скрыпцы, а другая – на кларнеце, і пад гэтую музыку танцавала некалькі пар, дзе быў усяго адзін кавалер.

– Ой, дурасліўцы! – паўшчувала іх графіня.

Яны адказалі выбухам смеху, не спыняючы свае забавы.

За гэтым пакоем была лесвіца, па якой яны пачалі падымацца.

– Вось бачыш, пане, якая наша арыстакратыя, – казала графіня. – Замест таго, каб сядзець у салоне, схаваліся сюды і сваволяць.

“І добра зрабілі!” – падумаў Вакульскі.

Яму здалося, што гэтыя людзі жывуць прасцей і весялей, чым надзьмутае мяшчанства ці шляхта, якая ўдае з сябе арыстакратаў.

Наверсе, у крыху зацемненым пакоі, дзе не чуваць было шуму, сядзела ў фатэлі старшынёва.

– Я пакіну вас, – сказала графіня. – Пагаманіце тут, а я мушу вяртацца.

– Дзякуй табе, Яанна, – адказала старшынёва. – Сядай жа, прашу, – звярнулася яна да Вакульскага.

І калі яны засталіся ўдваіх, яна працягвала:

– Нават не здагадваешся, колькі ты абудзіў успамінаў.

Раптам Вакульскі сцяміў, што гэтую даму звязвала нешта з ягоным дзядзькам. Яго апанавала трывожнае здзіўленне.

“Дзякуй Богу, – падумаў ён, – што я законны сын сваіх бацькоў”.

– Кажаш, дзядзька твой памёр... – пачала старая. – Дзе ж яго, небараку, пахавалі?

– У Заслаўлі, дзе ён і жыў, калі вярнуўся з эміграцыі[88].

Старшынёва зноў паднесла насоўку да вачэй.

– Праўда?.. Ах я няўдзячная!.. Ты ж бываў у яго?.. Ён табе нічога не распавядаў… нікуды цябе не вадзіў?.. Бо там, на гары, разваліны замка, праўда? Стаяць жа яны яшчэ?

– Якраз туды дзядзька штодня хадзіў на шпацыр, і мы з ім гадзінамі праседжвалі на вялікім камені...

– Няўжо?.. Я ведаю гэты камень; мы, бывала, усё сядзелі там удваіх і глядзелі то на раку, то на хмаркі, што праплывалі міма ды знікалі, нібы вучылі нас, што гэтак жа беззваротна мінае шчасце... Цяпер я гэта зразумела. А студня ў замку засталася? І яна гэткая ж глыбокая?

– Вельмі глыбокая. Толькі дабрацца да яе цяжка, бо ўваход завалены друзам. Але дзядзька паказаў мне яе.

– Ведай жа, – працягвала старшынёва, – што мы, развітваючыся з ім у апошні раз, падумалі: ці не лепш нам кінуцца ў тую студню? Ніхто б нас там не знайшоў, і засталіся б мы навек разам. Вядома, шалёная маладосць...

Яна выцерла вочы і казала:

– Вельмі... вельмі я кахала яго, ды і ён, думаю, мяне крыху... калі так пра ўсё памятаў. Толькі ён быў бедным афіцэрам, а я, на бяду, была багатая, а ў дадатак яшчэ ў блізкім сваяцтве з двума генераламі. Вось нас і разлучылі... А можа, мы былі залішне цнатлівымі... Але ціха, ціха! – дадала яна праз смех і слёзы. – Такое можна казаць кабеце толькі на сёмым дзясятку.

Спазмы перашкодзілі ёй гаварыць. Яна панюхала свой флакончык і пачала зноў пасля кароткае паўзы:

– Бываюць страшныя злачынствы на свеце, але, можа, самае страшнае – забіць каханне. Колькі гадоў прайшло, ледзь не паўстагоддзя. Усё ў мінулым: багацце, тытулы, маладосць, шчасце... Адзін толькі жаль у сэрцы не знік і застаўся назаўжды, і, кажу табе, ён гэтакі ж свежы, нібы адбылося ўсё толькі ўчора. Ах, каб не вера ў іншы свет, дзе, падобна, узнагародзяць нас за ўсе крыўды, хто ведае, ці не праклялі б мы жыццё, ці не занядбалі б усе ўмоўнасці... Але ты не зразумееш мяне, у вас, цяперашніх, галовы больш моцныя, а сэрцы халадней за нашыя.

Вакульскі сядзеў і глядзеў у падлогу. Нешта душыла яго, грудзі рваліся на часткі. Ён упіўся пазногцямі ў далоні і толькі чакаў, каб хутчэй сысці адгэтуль, каб не чуць жальбаў, што вярэдзілі яго самыя балесныя раны.

– А ці ёсць у небаракі які-небудзь помнік на магіле? – спытала старшынёва праз хвіліну.

Вакульскі пачырванеў. Яму ніколі не прыходзіла да галавы, што мёртвым, акрамя магільнага пагорка, трэба яшчэ нешта.

– Няма, – сказала старшынёва, бо заўважыла ягоную збянтэжанасць. – Не тое мяне дзівіць, дзіця маё, што ты не парупіўся пра надмагільную пліту, а сабе прабачыць не магу, што забыла я пра чалавека.

Яна задумалася і раптам паклала яму на плячо сваю сухую і дрыготкую руку ды прамовіла прыцішаным голасам:

– Маю да цябе просьбу... Абяцай, што выканаеш...

– Абавязкова, – адказаў Вакульскі.

– Дазволь мне паставіць яму помнік. Толькі сама я паехаць туды не магу, дык ты мне дапаможаш. Вазьмі з сабой каменячоса, хай расколе камень, ведаеш, той, на якім мы сядзелі на гары побач з замкам, і няхай адну палову паставіць на яго магілу. Заплаці колькі трэба, а я табе аддам грошы разам з вечнаю маёй падзякаю. Ці зробіш?

– Зраблю.

– Добра, дзякуй табе... Думаю, яму больш прыемна будзе спачываць пад каменем, што быў сведкам нашых размоў і нашых слёз. Ох, цяжка ўспамінаць... А надпіс ведаеш які зрабі? Калі мы расставаліся, ён напісаў мне некалькі радкоў з Міцкевіча. Ты, пэўна, чытаў іх:

Вось цень – калі ён падае здалёку,

То болей долы чарнатою пляміць.

Так воблік мой: чым далей з відавоку,

Тым болей ён тваю туманіць памяць[89].

Ох, як праўдзіва гэта!.. І тую студню, што магла нас злучыць, хацела б я ўвекавечыць нейкім чынам...

Вакульскі здрыгануўся, узіраючыся кудысьці, вочы яго пашырыліся.

– Што з табою? – запыталася старшынёва.

– Нічога, – адказаў ён і ўсміхнуўся. – Смерць зазірнула мне ў вочы.

– Не дзіва, яна кружляе вакол мяне, старое, дык і тыя, хто побач, могуць бачыць яе. Ці зробіш, што я прашу?

– Так.

– Прыходзь жа да мяне пасля святаў і... наведвай мяне. Можа, і пасумаваць крыху давядзецца, але, можа, і я, нямоглая, яшчэ буду карысная табе. А зараз ідзі ўжо, ідзі...

Вакульскі пацалаваў ёй у руку, яна некалькі раз пацалавала яго ў галаву. Потым націснула кнопку званка. З’явіўся лёкай.

– Правядзі пана ў салон, – сказала яна.

Вакульскі быў адурманены. Не бачыў дарогі перад сабою, не думаў пра размову са старшынёвай. Ён адчуваў, нібы трапіў у нейкі лабірынт прасторных пакояў, старадаўніх партрэтаў, ціхіх крокаў і няўлоўнага водару. Вакол была каштоўная мэбля, людзі надзвычайнае далікатнасці, якая яму і не снілася, і над усім гэтым, як паэма, усплывалі ўспаміны старое арыстакраткі, прасякнутыя ўздыханнямі ды слязьмі.

“Што ж гэта за свет? Што за свет?..”

Аднак яму нечага бракавала. Ён хацеў яшчэ хоць раз зірнуць на панну Ізабэлу.

“Ну, у салоне я ўбачу яе...”

Лёкай адчыніў дзверы ў салон. Ізноў усе галовы павярнуліся ў ягоны бок, размовы спыніліся, нібы адляцела птушыная чарада. Настала хвіліна цішы, усе глядзелі на Вакульскага, а ён нікога не бачыў і толькі ліхаманкава шукаў вачыма светла-блакітную сукенку.

“Тут яе няма”, – падумаў ён.

– Вы толькі гляньце, як ён не робіць ласкі нават заўважаць вас, – ціха пасмейваючыся, прамовіў дзядок з сівымі бакенбардамі.

“Яна павінна быць у іншым салоне”, – казаў сабе Вакульскі.

Ён убачыў графіню і падышоў да яе.

– Што ж, скончылі вашу канферэнцыю? – спытала графіня. – Якая мілая асоба пані старшынёва, праўда?.. Яна вялікая прыяцелька пана, аднак не большая, чым я. Зараз я пана прадстаўлю... Пан Вакульскі, – сказала яна, спыняючыся каля дамы ў дыяментах.

– А я адразу да справы, – прамовіла дама, пазіраючы на яго фанабэрыста. – Нашым сіроткам патрэбна некалькі штук палатна...

Графіня злёгку пачырванела.

– Усяго некалькі?.. – перапытаў Вакульскі і зірнуў на дыяменты фанабэрыстае дамы, вартыя некалькіх сотняў штук самага тонкага палатна. – Пасля святаў, – дадаў ён, – я буду мець гонар даслаць палатно графіні...

Ён пакланіўся, збіраючыся адыйсці.

– Пан хоча пакінуць нас? – спытала ўжо крыху стомленая графіня.

– Але ж гэта дзікун! – казала тым часам дама ў дыяментах сваёй прыяцельцы са страусавым пер’ем.

– Я развітаюся, пані графіня, і дзякую за гонар, які пані мела ласку мне аказаць... – сказаў Вакульскі, цалуючы руку гаспадыні.

– Толькі да пабачэння, пане Вакульскі, праўда?.. У нас будзе шмат агульных спраў.

І ў другім салоне не было панны Ізабэлы. Вакульскі занепакоіўся: “Мне ж неабходна ўбачыць яе... Хто ведае, калі яшчэ давядзецца сустрэцца...”

– А, пан! – загукаў князь. – Я ўжо ведаю, у якую змову ўступілі вы з панам Ленцкім. Таварыства гандлю з Усходам. Выдатная ідэя! Мусіце і мяне прыняць... Нам трэба бліжэй пазнаёміцца... – а з-за таго, што Вакульскі маўчаў, ён дадаў: – Я нудны, пане Вакульскі, так? Але пан не можа адмовіцца, вы мусіце зблізіцца з намі, пан і падобныя да пана людзі. І разам пойдзем. Вашы фірмы – тыя ж гербы, нашы гербы – тыя ж фірмы, якія гарантуюць добрасумленнасць у справах...

Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і Вакульскі нешта адказаў, але што? Ён не памятаў. Яго неспакой узмацніўся, дарэмна ён шукаў панну Ізабэлу.

“Яна, хіба, далей”, – падумаў ён і з трывогаю накіраваўся ў апошні салон.

Па дарозе яго перахапіў пан Ленцкі, дэманструючы надзвычайную сардэчнасць.

– Пан ужо сыходзіць? Дык да сустрэчы, дарагі пане Вакульскі! Пасля святаў у мяне першае паседжанне, і пачнём з Богам.

“Няма яе!” – думаў Вакульскі, развітваючыся з панам Тамашам.

– А ведае пан, – ціха працягваў Ленцкі, – што пан зрабіў фурор. Графіня ад радасці месца не знаходзіць, князь толькі пра пана і гаворыць... А яшчэ гэты выпадак са старшынёвай... Ну... проста выдатна! І марыць нельга было пра лепшы дэбют...

Вакульскі ўжо стаяў на парозе. Ён яшчэ раз шклянымі вачыма агледзеў салон і выйшаў з адчаем у сэрцы.

“Можа, варта было б вярнуцца і развітацца з ёю?.. Бо яна ж замяняла гаспадыню дома...” – вагаўся ён, павольна спускаючыся па сходах.

Раптам ён здрыгануўся, бо пачуў, як у галерэі зашалясцела сукенка.

“Яна...”

Ён павярнуў галаву і ўбачыў даму ў дыяментах.

Хтосьці падаў яму паліто. Вакульскі выйшаў на вуліцу, пахіснуўшыся, як п’яны.

“Што мне да бліскучага поспеху, калі яе няма?”

– Коні пана Вакульскага! – закрычаў з ганку швейцар, з глыбокаю пашанаю заціскаючы ў кулаку трохрублёўку. Слёзы ў вачах і хрыплаваты голас сведчылі, што гэты грамадзянін нават на сваім адказным пасту аддаў належную пашану першаму дню Вялікадня.

– Коні пана Вакульскага!.. Коні Вакульскага!.. Вакульскі, пад’язджай! – пераказвалі адзін аднаму фурманы.

Сярэдзінаю Алей[90] павольна рухаліся дзвюма калонамі каляскі і брычкі: да Бельведэра[91] і ад Бельведэра. Нехта пазнаў Вакульскага і пакланіўся яму з каляскі.

– Калега! – прашаптаў Вакульскі і пачырванеў.

Нарэшце падалі ягоную павозку; спачатку ён хацеў сесці, але перадумаў.

– Вяртайся, браце, дадому, – сказаў ён фурману і даў яму на піва.

Брычка рушыла да цэнтра горада, а Вакульскі змяшаўся з натоўпам і накіраваўся ў бок пляца Уяздоўскага. Ён ішоў павольна, разглядаючы тых, што ехалі. Шмат каго ён ведаў асабіста. Вось рымар, які пастаўляе яму скураныя вырабы, ён едзе на прагулку са сваёй тоўстаю, як бочка цукру, жонкаю і даволі прыгожанькаю дачкою, якую яму хацелі сватаць. Вось сын мясніка, які ў колішнюю краму Гопфера дастаўляў вяндліну. Вось багаты цясляр са шматлікім сямействам. Удава вінароба, у якой таксама нямала грошай і якая таксама не супраць аддаць сваю руку Вакульскаму. Вось гарбар, там два крамнікі з мануфактурнае крамы, а там кравец мужчынскага адзення, муляр, ювелір, пекар, а вось і ягоны канкурэнт, – галантарэйны купец у звычайнай брычцы.

Большасць з іх не заўважала Вакульскага, сёй-той кланяўся, а былі такія, што рабілі выгляд, быццам не бачаць яго і толькі з’едліва пасміхаліся. З усяе гэтае грамады купцоў, прадпрымальнікаў і рамеснікаў, якія былі яму роўняю, а некаторыя з іх былі нават багацейшыя за яго і больш вядомыя ў Варшаве, толькі ён быў сёння на свянцоным у графіні. Ніхто з іх, толькі ён!..

“Мне неверагодна шанцуе, – думаў ён. – За паўгода я нажыў ладны маёнтак, праз некалькі гадоў магу мець мільён... Нават раней... Сёння ўжо я атрымаў доступ у арыстакратычныя салоны, а праз год?.. Многім з тых, з кім я толькі што сустрэўся ў графіні як роўны, сямнаццаць гадоў таму мне давялося б слугаваць у краме, і я не слугаваў ім толькі таму, хіба, што ніхто з іх туды не заходзіў. З каморкі пры краме – у будуар графіні. Гэтак скочыць!.. Ці не занадта хутка я рухаюся?”  – адчуў ён няясную трывогу ў сэрцы.

Ён выйшаў на прасторны пляц Уяздоўскіх. У паўднёвай яго частцы ладзілі забавы для простага люду. Бразгатанне катрынак, гучанне труб і гоман шматтысячнага натоўпу накрылі Вакульскага, нібы хвалі паводкі. Перад сабою, як на далоні, ён бачыў доўгі шэраг арэляў, якія лёталі туды і назад, нібы маятнікі з гіганцкім размахам. Потым другі шэраг – каруселі з рознакаляровымі паласатымі дашкамі. Потым трэці – зялёныя, жоўтыя і чырвоныя буданы з жахліва размаляванымі шыльдамі ля ўваходаў, адкуль то высоўваліся, то знікалі пярэстыя блазны і велізарныя лялькі. У цэнтры пляца стаялі два высокія слупы, на якія якраз караскаліся ахвочыя займець танны гарнітур і гадзіннік за пару рублёў.

Сярод гэтых, спехам зробленых брудных пабудоў, варушыўся вясёлы людскі натоўп.

Вакульскаму прыгадаліся дзіцячыя гады. Якою смачнаю здавалася яму, вечна галоднаму хлапчуку, булка з сардэлькаю! Як ён уяўляў сябе вялікім ваяром, варта было сесці на карусельнага коніка! Якую шалёную радасць зазнаваў ён, узлятаючы на гушкалцы пад самае неба! Якою салодкаю была думка, што і сёння ён вольны, і заўтра таксама – упершыню за цэлы год. А з чым можна параўнаць упэўненасць, што сёння ён ляжа спаць а дзясятай і заўтра ўстане, калі захоча, можа, таксама а дзясятай. Дванаццаць гадзін запар у ложку!

“І гэта я быў? Я?.. – дзівіўся ён. – Няўжо мяне так цешылі рэчы, якія выклікаюць зараз агіду?.. Столькі шчаслівых гарапашнікаў бавіцца навакол, а я, багатыр, што я маю?.. Трывогу і нуду, нуду і трывогу... Цяпер, калі я мог бы мець усё, пра што марыў калісьці, у мяне няма нічога, бо ранейшыя жаданні згаслі. А я так верыў у сваё незвычайнае шчасце!..”

У гэтае імгненне тлум выбухнуў шматгалосым крыкам. Вакульскі апрытомнеў і ўбачыў на версе слупа чалавечую постаць.

“Ага, пераможца!” – сказаў ён сам сабе, ледзь утрымліваючыся на нагах пад націскам натоўпу, які пёр наперад, пляскаў у ладкі, крычаў “віват”, паказваў на героя пальцам, пытаўся, як яго завуць. Здавалася, што ўладальніка гарнітура зараз на руках панясуць па вуліцах, і раптам – запал астыў. Людзі запавольваліся, пачалі нават спыняцца, воклічы сталі заціхаць, нарэшце змоўклі зусім. Герой аднаго імгнення саслізнуў зверху і праз некалькі хвілін быў забыты.

“Перасцярога мне!” – падумаў Вакульскі, выціраючы пот з ілба.

Пляц і вясёлы тлум зусім ужо абрыдзелі яму. Ён павярнуў назад.

Па Алеі ўсё яшчэ цягнуліся брычкі і карэты. У адной з іх Вакульскі ўгледзеў светла-блакітную сукенку.

“Панна Ізабэла?..”

У яго закалацілася сэрца.

“Не, не яна”.

Далёка наперадзе заўважыў ён прыгожы жаночы твар і зграбную фігуру.

“Яна?.. Не. Навошта ёй тут быць?”

Так мінуў ён Алею, Аляксандраўскі пляц, Новы Свят, увесь час віжуючы кагосьці і ўвесь час падманваючыся.

“Дык вось яно, маё шчасце? – думаў ён. – Што даступна, таго я не жадаю, а рвуся да таго, што не даецца ў рукі. Няўжо гэта і ёсць шчасцем?.. Хто ведае, ці смерць аж такое зло, як уяўляюць сабе людзі”.

І ўпершыню засумаваў ён па моцным беспрабудным сне, якога не патрывожаць ані жаданні, ані надзеі.

У гэты самы час панна Ізабэла, вярнуўшыся ад цёткі дадому, ледзь не з парога гучна паведаміла панне Фларэнтыне:

– Ведаеш, ён быў на прыёме!

– Хто?

– Ну, гэты... Вакульскі...

– Чаму ж яму не быць, калі яго запрасілі? – здзівілася панна Фларэнтына.

– Але ж гэта нахабства. Гэта нечувана! І яшчэ, уяві сабе, цётка зачараваная ім, князь ледзь не вешаецца яму на шыю, і ўсе разам лічаць яго знакамітасцю... Чаму ты маўчыш?..

Панна Фларэнтына сумна ўсміхнулася.

– Мне гэта вядома. Герой сезона... Зімою быў у гэтай ролі пан Казімір, а гадоў з пятнаццаць таму... нават я, – ціха дадала яна.

– Але ж не забывай, хто ён! Купец. Купец!..

– Дарагая Бэла, – адказала панна Фларэнтына, – я памятаю сезоны, калі мы захапляліся нават цыркачамі. Мінецца і гэта.

– Баюся я гэтага чалавека, – прашаптала панна Ізабэла.

X. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА

…Маем мы, такім чынам, новую краму: пяць вокнаў на вуліцу, два склады, сем крамнікаў і швейцар у дзвярах. Маем яшчэ каляску, блішчастую, як толькі што наваксаваныя боты, пару гнядых коней, фурмана і лёкая ў ліўрэі. І ўсё гэта звалілася на нас на пачатку мая, калі Англія, Аўстрыя і нават разбітая ўшчэнт Турцыя ўзбройваліся на скрут галавы[92].

– Каханы Стасю, – казаў я Вакульскаму, – усе купцы з нас смяюцца, што мы гэтак шмат выдаткоўваем у няпэўны час.

– Каханы Ігнасю, – адказаў мне Вакульскі, – а мы будзем смяяцца з усіх купцоў, калі надыдзе больш пэўны час. Цяпер якраз самая пара на інтарэсы.

– Але ж еўрапейская вайна, – кажу я, – на валаску ліпіць. У такім выпадку пэўна чакае нас банкруцтва.

– Смеху варта, – адказвае Стась. – Увесь гэты шум сціхне праз пару месяцаў, а мы тым часам далёка ззаду пакінем усіх нашых канкурэнтаў.

Ну – і няма вайны. У нашай краме рух, як падчас фэсту, на нашы склады тавары вязуць, як на млын, а грошы плывуць у касу не горш за мякіну. Нехта, не ведаючы Стася, сказаў бы, што гэта геніяльны купец, але ж я яго ведаю, дык усё часцей пытаю сябе: навошта ўсё гэта?.. Warum hast du denn das getan?..[93]

Праўда, і ў мяне гэтак пыталіся. Але хіба гэткі я ўжо стары, як нябожчыца Grossmutter, каб не разумець ані духу часу, ані памкненняў людзей, маладзейшых за сябе?.. Гэ! Усё не аж так кепска…

Памятаю, калі Людвік Напалеон (пазнейшы імператар Напалеон ІІІ) уцёк з вязніцы ў 1846 годзе, дык ускалыхнулася ўся Еўропа. Ніхто не ведаў, што будзе. Але ўсе разважлівыя людзі да нечага рыхтаваліся, а дзядзька Рачак (пан Рачак ажаніўся з маёю цёткаю) увесь час паўтараў:

– Я казаў, што Банапарт вынырне і дасць ім прыкурыць! Адна бяда – занядужаў я нешта на ногі.

Год 1846 і 1847 прайшлі ў вялікай сумятні. Раз-пораз з’яўляліся нейкія лісты і знікалі людзі. Часта я думаў: ці не пара ўжо і мне вытыркнуць нос на шырэйшы свет? А калі сумневы і трывога моцна даймалі, пасля закрыцця крамы ішоў я да дзядзькі Рачка, расказваў яму пра набалелае і прасіў, каб ён даў мне бацькоўскую параду.

– Ведаеш што, – казаў дзядзька і біў кулаком па хворым калене, – дам я табе бацькоўскую параду. Хочаш, кажу я табе… дык ідзі, а не хочаш, кажу я табе… дык застанься…

Толькі ў лютым 1848 года, калі Людвік Напалеон быў ужо ў Парыжы, прысніўся мне аднае ночы сам нябожчык бацька, такі, якім я запомніў яго ў труне. Сурдут зашпілены пад самую шыю, завушніца ў вуху, вус падчэрнены (гэта пан Даманьскі пастараўся, каб бацька абы-як з’явіўся на Божым Судзе). Стаў ён у дзвярах маёй каморкі і сказаў толькі такія словы:

– Памятай, вісус, чаму я цябе вучыў!..

“Куды ноч – туды і сон”, – думаў я некалькі дзён. Але крама ўжо мне абрыдла. Нават да святое памяці Малгосі Пфайфер страціў я цікавасць, і так цесна зрабілася мне на Падвалю, што не мог я больш вытрываць. Ізноў пайшоў я да дзядзькі Рачка па параду.

Памятаю, ён ляжаў у ложку, накрыты цётчынаю пярынаю, і піў узвар з зёлак, каб прапацець. А калі я распавёў яму пра свае турботы, ён сказаў:

– Ведаеш што, дам я табе бацькоўскую параду. Хочаш – ідзі, не хочаш – застанься. Але я, каб не калечаныя мае ногі, даўно б ужо быў за мяжою. Бо і цётка твая, кажу я табе, – тут ён сцішыў голас, – так жахліва менціць языком, што лепш, кажу я табе, слухаць батарэю аўстрыйскіх гармат, чым гэтую пустую малатарню. Колькі помачы ад яе шмаравання, гэтулькі і шкоды ад звягі… А маеш грошы? – запытаўся ён праз момант.

– Знойдзецца колькі сотняў злотых.

Дзядзька Рачак загадаў мне замкнуць дзверы (цёткі дома не было), засунуў руку пад падушку і выцягнуў адтуль ключ.

– На вось, – сказаў ён, – адамкні той куфар, абабіты скураю. Там з правага боку будзе скрыначка, а ў ёй – гаманец. Падай мне яго…

Я дастаў гаманец, тоўсты і цяжкі. Дзядзька Рачак узяў яго ў рукі і, уздыхаючы, адлічыў пятнаццаць паўімперыялаў.

– Вазьмі гэтыя грошы на дарогу, – сказаў ён, – і як едзеш, дык едзь… Даў бы я табе больш, але і мне не два вякі векаваць… Трэба ж пакінуць нешта бабе, каб у выпадку чаго знайшла сабе іншага мужа…

Развіталіся мы плачучы. Дзядзька трохі прыўзняўся на ложку і, павярнуўшы мяне тварам да свечкі, ціха праказаў:

– Дай яшчэ раз я на цябе пагляджу… Бо, кажу я табе, з таго балю не кожны вяртаецца… Урэшце, я і сам ужо не жылец на гэтым свеце, а паганы настрой, кажу я табе, забівае не горш за кулю…

Вярнуўшыся ў краму, я, нягледзячы на позні час, пагаварыў з Янам Мінцлем і падзякаваў яму за апеку ды пасаду. Мне здавалася, што мой намер будзе яму даспадобы, бо ўжо каля году мы абмяркоўвалі гэта, і ён заўсёды заахвочваў мяне ісці біць немцаў. Але Мінцаль неяк спахмурнеў. На другі дзень ён заплаціў мне заробленыя ў яго грошы, даў нават і дадатковую ўзнагароду, абяцаў паклапаціцца пра пасцель і куфар на той выпадак, калі давялося б мне вярнуцца. Але звычайная ваяўнічасць пакінула яго, і ані разу не паўтарыў ён сваёй любімае прымаўкі:

– Эгэ!.. Паказаў бы я швабам, каб не крама…

Калі, аднак, увечары блізу дзясятае я, апрануты ў паўкажушок і цяжкія боты, абняў яго на развітанне ды ўзяўся ўжо за клямку, каб пакінуць дом, дзе столькі гадоў пражылі мы разам, нешта дзіўнае сталася з Янам. Нечакана сарваўся ён з крэсла і, раскінуўшы крыжам рукі, закрычаў:

– Свіння!.. Куды ж ты ідзеш?..

А потым ён кінуўся на мой ложак, хліпаючы, як дзіця.

Я ўцёк. У сенцах, слаба асветленых каганцом, нехта заступіў мне дарогу. Я ажно здрыгануўся. Гэта быў Аўгуст Кац, апрануты як належыць на сакавіцкае надвор’е.

– Што ты тут робіш, Аўгусце? – запытаўся я.

– Цябе чакаю.

Я думаў, што ён хоча мяне правесці, дык пайшлі мы на пляц Гжыбоўскі[94] моўчкі, бо Кац быў негаваркі. Жыдоўская фура, на якой я мусіў ехаць, была ўжо гатовая. Я пацалаваў Каца, ён мяне таксама. Я сеў на воз… ён за мною…

– Едзем разам, – сказаў ён.

А потым, калі мы былі ўжо за Мілоснаю[95], ён дадаў:

– Мулка і трасе, не заснеш.

Супольнае падарожжа зацягнулася неспадзявана доўга, ажно да кастрычніка 1849 года[96], памятаеш, Кац, незабыўны сябра? Памятаеш тыя доўгія маршы ў спякоту, калі не раз даводзілася нам піць ваду з калюжыны, або той пераход праз багну, калі замок увесь наш порах, або як начавалі ў лесе ды ў полі, і, уладкоўваючыся галовамі на адным ранцы, спіхвалі мы адзін аднаго, або паціху сцягвалі на сябе плашч, што служыў нам агульнаю коўдраю?.. А памятаеш тую бабку з салам, якую згатавалі мы ўчатырох употай ад усяго аддзела? Колькі раз еў я пасля гэтага бульбу, але ніколі не смакавала яна мне так, як тая. Нават сёння чую я пах гарачае пары, што падымаецца з кацялка, і бачу цябе, Кац, як ты, каб не марнаваць часу, і адмаўляеш пацеры, і ясі бульбу, і распальваеш люльку ад вогнішча.

Гэй! Кац, калі няма на небе венгерскае пяхоты і таркаванае бульбы, дык дарэмна ты туды паспяшаўся.

А памятаеш генеральную бітву, якую заўсёды згадвалі мы, уздыхаючы, на адпачынках пасля партызанскай страляніны? Я да магілы яе не забуду, а калі запытаецца ў свой час Пан Бог, дзеля чаго я жыў на гэтым свеце… дзеля таго, – адкажу я, – каб быў у мяне адзін такі дзень. Толькі ты разумееш мяне, Кац, бо ўсё адбывалася на нашых вачах. А тады здавалася, што нібыта нічога асаблівага…

За суткі з паловаю да гэтага сабраная была ўся наша брыгада паблізу нейкай венгерскай вёскі, назвы якой я не памятаю. Частавалі нас, аж міла ўспомніць. У віне, не найлепшым, праўда, можна было мыцца, а свежына з папрыкаю ўжо так нам абрыдлі, што і ў рот бы не ўзяў гэтага паскудства, каб, вядома, было што іншае. А якая музыка, а якія дзявухі!.. Цыганы дасканала граюць, а кожная венгерка – сапраўдны порах. Круцілася іх, шэльмаў, усіх разам дзясяткі з два, але зрабілася так горача, што нашы зарэзалі і засеклі трох сялян, а сяляне каламі забілі нашага гусара.

І Бог ведае, чым бы скончылася гэтая так добра пачатая гулянка, каб у самы вэрхал не прымчаў у штаб шляхціц на чацвёрцы ўзмыленых коней. Праз некалькі хвілін па войску разышлася чутка, што паблізу знаходзяцца вялікія масы аўстрыйцаў. Затрубілі збор, вэрхал суняўся, венгеркі зніклі, а ў шэрагах разышлася пагалоска пра генеральную бітву.

– Нарэшце!.. – сказаў ты мне.

У тую ж ноч пасунуліся мы на мілю наперад, цягам наступнага дня – ізноў на мілю. Праз кожныя некалькі гадзін, а пазней нават ужо праз гадзіну, праляталі эстафеты. Гэта было доказам, што паблізу знаходзіцца штаб нашага корпуса і што рыхтуецца нешта сур’ёзнае.

У тую ноч спалі мы ў голым полі, не ставячы нават зброю ў козлы. Як толькі развіднела, рушылі мы наперад: эскадрон кавалерыі з дзвюма лёгкімі гарматамі, потым наш батальён, а потым – уся брыгада з артылерыяй і фургонамі, маючы ўзмоцнены патруль па баках. Эстафеты праляталі ўжо праз паўгадзіны.

Калі ўзышло сонца, мы ўбачылі пры гасцінцы першыя сляды непрыяцеля: параскіданую салому, згаслыя вогнішчы, рэшткі будынін, разабраных на дровы. Потым штораз часцей пачалі мы сустракаць уцекачоў: шляхту цэлымі сем’ямі, святароў розных канфесій, а потым – сялян і цыганоў. На кожным твары была трывога, амаль кожны нешта крычаў нам па-венгерску, махаючы рукамі назад.

Было ўжо амаль сёмая, калі на паўднёва-заходнім баку прагучаў гарматны стрэл. Па шэрагах прабегла:

– Ого! Пачынаецца…

– Не, гэта сігнал…

Грымнулі зноў два стрэлы і зноў два. Эскадрон, які ехаў перад намі, затрымаўся, дзве гарматы і дзве двухколкі са скрынямі амуніцыі галопам паімчалі наперад, некалькі вершнікаў паскакала рыссю на бліжэйшыя пагоркі. Мы спыніліся, і на хвіліну запанавала такая цішыня, што чуваць было тупат шэрае кабылы, на якой імчаў да нас ад’ютант. Яна праляцела паўз нас да гусараў, бакі яе хадзілі, а брухам ледзь не слалася па зямлі.

Тым часам азвалася бліжэй і далей з дзясятак гармат, кожны стрэл можна было адрозніць.

– Намацваюць дыстанцыю! – сказаў стары наш маёр.

– Гармат з пятнаццаць, – прамармытаў Кац, які ў падобныя хвіліны рабіўся больш гаваркі. – А як і мы яшчэ цягнем дванаццаць, дык будзе баль!..

Маёр павярнуўся на кані да нас і ўсміхнуўся ў сівы вус. Я зразумеў, што гэта значыць, калі пачуў цэлую гаму стрэлаў, нібы нехта зайграў на аргане.

– Больш за дваццаць, – сказаў я Кацу.

– Аслы!.. – засмяяўся капітан і прышпорыў каня.

Спыніліся мы на высокім месцы, адкуль было відаць брыгаду, што ішла за намі. Пазначала яе хмара рудога пылу, ён курыўся ўздоўж гасцінца на дзве або нават на тры вярсты.

– Страшная маса войска! – ціха сказаў я. – Дзе ўсё гэта змесціцца!..

Азваліся трубы, і наш батальён падзяліўся на чатыры кампаніі, якія пашыхтаваліся калонамі адна за адной. Першыя плутоны выступілі наперад, мы засталіся ў тыле. Я павярнуў галаву і ўбачыў, што ад галоўнага корпуса аддзяліліся яшчэ два батальёны, якія сышлі з гасцінца і хутка беглі праз поле, адзін справа ад нас, другі злева. За нейкія чвэрць гадзіны яны зраўняліся з намі, яшчэ чвэрць гадзіны адпачывалі і – рушылі мы трыма батальёнамі наперад, нага ў нагу.

Тым часам кананада ўзмацнілася так, што чулася ўжо і па два, і па тры стрэлы адначасова. Горш за тое, разлягалася нейкае глухое рэха, быццам няспынна грымела.

– Колькі гармат, камрадзе? – запытаўся я па-нямецку ў падафіцэра, што ішоў за мною.

– Хіба, сотня будзе, – адказаў ён, ківаючы галавою. – Бач ты, – дадаў ён, калі яны яны грымнулі ўсе разам, – не жартуюць.

Сапхнулі нас з гасцінца, якім праз некалькі хвілін праскакалі рыссю два эскадроны гусараў і праехалі чатыры гарматы з прыналежнымі да іх скрынямі. Тыя, што ішлі ў адным са мною шэрагу, пачалі жагнацца: “У імя Айца і Сына…”. То адзін, то другі прыкладаўся да манеркі.

Злева ад нас грукат узмацняўся: адзіночных стрэлаў няможна было ўжо адрозніць. Раптам у першых шэрагах закрычалі:

– Пяхота!.. Пяхота!..

Несвядома я схапіў карабін “напагатоў”, мяркуючы, што паказаліся аўстрыйцы. Але перад намі, апроч узгорка і рэдкіх кустоў, нічога не было. Тым часам на фоне гарматнага грукату, на які мы амаль перасталі зважаць, я пачуў нейкі трэск, быццам пайшоў спорны дождж, толькі гук быў нашмат мацнейшы.

– Бітва!.. – працяжна зароў нехта наперадзе.

Я адчуў, як на імгненне замерла ў мяне сэрца, не ад страху, але нібы ў адказ на гэты вокліч, які з дзяцінства рабіў на мяне асаблівае ўражанне.

У шэрагах, якія няспынна маршыравалі, заварушыліся. Частаваліся віном, аглядалі зброю, казалі, што не пазней як праз паўгадзіны трапім у бой, а перадусім бессаромна жартавалі з аўстрыйцаў, якім тады не шанцавала. Нехта пачаў пасвістваць, іншы ціха напяваць нешта сабе пад нос, нават халодная важнасць афіцэраў растала і замянілася на сяброўскую даверлівасць. Ажно спатрэбілася каманда “Зважай!”, каб нас супакоіць.

Мы змоўклі і выраўнялі крыху пагнутыя шэрагі. Неба было чыстае, толькі дзе-нідзе нерухома бялелі аблачынкі, на кустах, якія мы міналі, не варушыўся аніводзін лісток, над полем, парослым маладою травою, не звінеў спалоханы жаўрук. Чуваць было толькі цяжкі крок батальёну, частае дыханне людзей, часам стук карабінаў адзін аб адзін або гучны голас маёра, які, едучы наперадзе, падаваў каманды афіцэрам. А там, злева, бушавала зграя гарматаў і ліў дождж карабінавых стрэлаў. Хто такой буры пры ясным небе не чуў, браце Кац, той нічога не разумее ў музыцы!.. Памятаеш, якое дзіўнае адчуванне ў душы мелі мы тады?.. Не страх, а нешта накшталт смутку і цікаўнасці…

Батальёны, якія былі на флангах, усё больш аддаляліся ад нас, нарэшце правы знік за ўзгоркам, а левы схаваўся ў шырокай лагчыне за нейкую сотню сажняў ад нас, і толькі раз-пораз паблісквала там хваля багнетаў. Некуды падзеліся гусары, гарматы і рэзерв, які цягнуўся ззаду, і застаўся адзін наш батальён, які спускаўся з аднаго пагорка, каб падняцца на другі, яшчэ больш высокі. Толькі час ад часу спераду, ззаду або збоку прылятаў вершнік з лістом або з загадам на словах ад маёра. Дзіва дзіўнае, як гэтулькі загадаў не затлуміла яму галавы!

Нарэшце ўжо была амаль дзявятая, падняліся мы на апошнюю вышыню, парослую хмызняком. Новая каманда – і плутоны, што ішлі следам адзін за адным, пачалі шыхтавацца ў адну лінію. Калі ж дабраліся мы да вяршыні ўзгорка, загадана было нам прыгнуцца і нахіліць зброю, а потым укленчыць.

Тады (памятаеш, Кац?) Кратахвіль, які кленчыў перад намі, вытыркнуў галаву між дзвюх маладых хвоек і прашаптаў:

– Зірніце, га!..

Ад падножжа ўзгорка на поўдзень, ажно некуды за край далягляду, цягнулася раўніна, а на ёй – нібы рака белага дыму, шырокая, на некалькі сотняў крокаў, і доўгая – ці я ведаю? – можа, на мілю.

– Стралковыя ланцугі!.. – ціха сказаў стары падафіцэр.

З абодвух бакоў тае дзіўнае ракі відаць было некалькі чорных і сотні белых хмар, што клубіліся пры самай зямлі.

– Гэта батарэі, а там гараць вёскі… – растлумачыў падафіцэр.

А калі паўзірацца лепей, дык можна было ўбачыць дзе-нідзе, таксама з абодвух бакоў доўгае стужкі дыму, прастакутныя плямы: цёмныя – з левага, белыя – з правага боку. Падобныя яны былі да вялізных вожыкаў з бліскучымі іголкамі.

– Гэта нашыя палкі, а там – аўстрыйскія… – паказаў падафіцэр. – Ну, ну!.. – дадаў ён. – І сам штаб лепей не бачыць…

З тае доўгае ракі дыму далятаў да нас няспынны трэск карабінавых стрэлаў, а ў тых белых хмарах шалела бура гарматаў.

– Гэ!.. – азваўся тады ты, Кац, – і гэта бітва?.. Было тут чаго баяцца…

– Пачакай, – прамармытаў падафіцэр.

– Рыхтуй зброю!.. – разлеглася па шэрагах.

Укленчаныя, пачалі мы даставаць і адкусваць патроны[97]. Зашчоўкалі сталёвыя шомпалы і куркі, якія ўжо пачалі ўзводзіць… Насыпалі мы пораху на панеўкі – і зноў цішыня.

Насупраць нас, можа, за вярсту, былі два пагоркі, а між імі гасцінец. Я заўважыў, што на ягоным жоўтым тле з’яўляюцца нейкія белыя кропкі, якія хутка ўтварылі белую лінію, а потым – белую пляму. Адначасова з лагчыны за некалькі сотняў крокаў ад нас выйшлі сінія жаўнеры, якія хутка сфармавалі сінюю калону. У тую ж хвіліну справа грымнуў гарматны стрэл, і над белым аўстрыйскім аддзелам з’явілася сівая хмарка дыму. Пару хвілін паўзы – і зноў стрэл, і зноў над аўстрыйцамі – хмарка. Паўхвіліны – зноў стрэл і зноў хмарка…

Herr Gott! – закрычаў стары падафіцэр. – Як нашы б’юць! Бэм[98] камандуе ці сам д’ябал…

З тае хвіліны стралялі з нашага боку няспынна, аж зямля дрыжала, але белая пляма там, на гасцінцы, расла. У той жа час на супрацьлеглым узгорку бліснуў дым і ў бок нашае батарэі паляцела з шыпеннем граната. Другі дым… трэці дым… чацвёрты…

– Разумныя д’яблы! – прамармытаў падафіцэр.

– Батальён!.. Наперад марш!.. – з усяе моцы крыкнуў наш маёр.

– Кампанія!.. Наперад марш!.. Плутон!.. Наперад марш!.. – паўтарылі рознымі галасамі афіцэры.

Ізноў нас перастроілі. Чатыры сярэднія плутоны засталіся на месцы, чатыры пайшлі наперад, направа і налева. Падцягнулі мы ранцы і ўзялі зброю, як каму зручней.

– Кацілася торба з высокага горба!.. – крыкнуў тады ты, Кац.

І ў тую ж хвіліну высока над намі праляцела граната і гучна выбухнула дзесьці ў тыле.

Тады бліснула мне ў галаве дзіўная думка. Ці не з’яўляюцца бітвы шумнымі камедыямі, якія войскі ладзяць для народаў, без вялікае сабе, зрэшты, шкоды?.. Бо тое, што я бачыў, выглядала велічна, але не так, каб страшна.

Мы спусціліся на раўніну. З нашае батарэі прыляцеў гусар з данясеннем, што адна з гарматаў пашкоджаная. Адначасова злева ад нас упала граната, зарылася ў зямлю, але не разарвалася.

– Пачынаюць нас лізаць, – сказаў стары падафіцэр.

Другая граната выбухнула над нашымі галовамі, і адзін з аскепкаў упаў Кратахвілю пад ногі. Ён збялеў, але зарагатаў.

– Охо-хо! – пачулася ў шэрагах.

У плутонах, якія ішлі перад намі злева за нейкую сотню крокаў, зрабілася замяшанне; калі ж калона рушыла далей, мы ўбачылі двух чалавек – адзін ляжаў тварам да зямлі, выструніўшыся, а другі сядзеў, прыціскаючы рукамі жывот. Я адчуў пах парахавога дыму, Кац нешта сказаў мне, але я не пачуў, затое зашумела мне ў правым вуху, нібы туды трапіла кропля вады.

Падафіцэр рушыў направа, мы – за ім. Нашая калона расцягнулася ў дзве доўгія лініі. За якую сотню крокаў перад намі закурэў дым. Нешта трубілі, але я не зразумеў сігналу, тым часам чуў рэзкі посвіст над галавою і каля левага вуха. За пару крокаў перада мною нешта стукнула ў зямлю, сыпануўшы мне пяском у твар і на грудзі. Мой сусед стрэліў, двое, што стаялі за мною, ледзь не на мае плечы ўсперлі свае карабіны і выпалілі адзін за адным. Зусім аглушаны, пальнуў і я… Набіў і зноў стрэліў. Наперадзе звалілася нечыя каска і карабін, але атачылі нас такія хмары дыму, што нічога больш я не мог разгледзець. Бачыў толькі, што Кац, які страляў раз за разам, падобны быў на шаленца, і ў кутках вуснаў у яго выступіла пена. Шум у вушах гэтак узмацніўся, што я нічога ўжо не чуў – ані карабінаў, ані гармат.

Нарэшце дым стаў такі густы і даўкі, што больш за ўсё на свеце я хацеў з яго вырвацца. Я пачаў адступаць, спачатку павольна, потым пабег, са здзіўленнем убачыўшы, што і іншыя робяць тое ж самае. Замест двух выцягнутых шэрагаў я ўбачыў кучку ўцекачоў. “Куды іх нясе нячыстая сіла?” – думаў я, прыспешваючы крок. І ўжо не подбегам, а конскім галопам. Спыніліся мы на сярэдзіне ўзгорка і адсюль убачылі, што нашае месца на пляцы заняў нейкі іншы батальён, а з вяршыні ўзгорка б’юць гарматы.

– Рэзерв на лінію агню!.. Наперад, паганцы!.. Свіней вам пасвіць, шчанюкі! – крычалі чорныя ад дыму раз’юшаныя афіцэры, шыхтуючы нас ізноў у шэрагі, ды пляжылі шабляю кожнага, хто трапляў ім пад руку.

Маёра паміж імі не было.

Паступова жаўнеры, змяшаныя ў кучу падчас уцёкаў, пазаймалі свае месцы ў плутонах, прыспешылі марудаў, і батальён зноў быў у парадку. Не хапала, аднак, блізу чатырох дзясяткаў чалавек.

– Куды яны паразбягаліся? – спытаў я ў падафіцэра.

– Ага, паразбягаліся! – адказаў ён панура.

Я баяўся нават падумаць, што яны загінулі.

З вяршыні ўзгорка спусціліся два фурманы, кожны вёў каня, абвешанага пакункамі. Да іх падбеглі нашыя падафіцэры і хутка вярнуліся з пакетамі набояў. Я ўзяў восем, бо гэтулькі бракавала мне ў падсумку, і здзівіўся, калі гэта я мог іх пагубіць.

– Ці ведаеш ты, – сказаў мне Кац, – што ўжо мінула адзінаццатая?..

– А ці ведаеш ты, што я нічога не чую? – адказаў я.

– Дурыла. Ты ж пачуў, што я кажу...

– Так, але гармат я не чую… Зрэшты, чую, – дадаў я, калі прыслухаўся.

Гром гармат і трэск карабінаў зліліся ў адзін магутны гул, які ўжо не аглушаў, а проста атупляў. Мяне ахапіла апатыя.

Перад намі, можа, за паўвярсты, круцілася шырокая паласа дыму, якую раз-пораз разрываў вецер, які тым часам узняўся.Тады на хвіліну паказваўся доўгі шэраг ног або касак з багнетамі, што паблісквалі побач з імі. Над тою калонаю і над нашаю разрываліся гранаты, якімі абменьваліся між сабою венгерская батарэя, што страляла з-за нашае спіны, і аўстрыйская – з супрацьлеглых узгоркаў.

Рака дыму, якая цягнулася праз раўніну на поўдзень, клубілася яшчэ мацней і была вельмі пакручастая. Дзе аўстрыйцы бралі верх, там яна выгіналася налева, дзе венгры – направа. Наогул, стужка дыму выгіналася больш направа, нібыта нашы ўжо адапхнулі аўстрыйцаў. Па ўсёй раўніне слаўся лёгкі блакітны туман.

Дзіўная рэч! Гром, хоць быў цяпер і мацней, чым напачатку, ужо не рабіў на мяне ўражання; каб чуць яго, я мусіў прыслухоўвацца. Тым часам вельмі выразна я чуў, як набіваюць карабіны або ўзводзяць куркі.

Прыляцеў ад’ютант. Затрубілі. Афіцэры пачалі прамаўляць.

– Хлопцы! – гарлаў наш паручнік, які нядаўна ўцёк з семінарыі. – Мы адступілі, бо швабаў было больш, але цяпер нападзём збоку вунь на тую калону, бачыце?.. Зараз падтрымае нас трэці батальён і рэзерв… Няхай жыве Венгрыя!..

– І я хацеў бы пажыць… – прамармытаў Кратахвіль.

– Паўабарота направа, марш!..

Ішлі мы гэтак некалькі хвілін, потым – паўабарота налева – і пачалі спускацца на раўніну, стараючыся падабрацца з правага боку да калоны, якая білася перад намі. Абшар быў няроўны, як і раней, спераду праз туман праглядала поле, парослае бадыллем, за ім – лясок.

Нечакана сярод таго бадылля я заўважыў некалькі, а потым і з дзясятак дымкоў, нібыта ў розных месцах закурылі люлькі, у той жа момант пачалі над намі свістаць кулі. Я падумаў, што гэтак апеты паэтамі свіст куляў не такі ўжо і паэтычны, а, хутчэй, ардынарны. Чуваць шал нежывога прадмета.

Ад нашае калоны адарваўся ланцуг стралкоў і пабег да бадылля. Мы памаршыравалі далей, нібы кулі, што ляцелі наўскос, не нам былі адрасаваныя.

У гэтую хвіліну стары падафіцэр, што ішоў на правым крыле, насвістваючы марш Ракочы, выпусціў карабін, расставіў рукі і захістаўся, як п’яны. На імгненне я ўбачыў ягоны твар і тое, што каска з левага боку была прабітая, а на лбе была чырвоная плямка. Мы працягвалі ісці, і на правым крыле з’явіўся новы падафіцэр – белабрысы маладзён.

Мы ўжо параўняліся з калонаю, якая вяла бой, і бачылі пустую прастору паміж дымам нашае і аўстрыйскае пяхоты, калі з-за яе вынырнуў доўгі шэраг белых мундзіраў. Шэраг уздымаўся і знікаў кожнае імгненне, а ногі мігцелі як на парадзе.

Ён спыніўся. Над ім бліснула стужка сталі, нахілілася, і я ўбачыў з сотню нацэленых на нас карабінаў, што блішчалі, як іголкі, паўтыканыя ў паперчыну. Потым задымілася, грымнула, як ланцугом па жалезнай завале, а над намі і каля нас праляцела віхура куляў.

– Стой!.. Плі!..

Я стрэліў як хутчэй, стараючыся засланіцца хоць дымам. Апроч гуку я пачуў ззаду – нібы стукнулі палкаю па чалавеку. Нехта за маёй спінаю ўпаў, чапляючыся за мой ранец. Мяне апанаваў гнеў і адчай, я разумеў, што загіну, калі не заб’ю нябачнага ворага. Я набіваў карабін і страляў без памяці, браў трохі ніжэй і спадзяваўся з дзікаю асалодаю, што мае кулі не праляцяць міма. Баяўся я зірнуць у бок ці пад ногі, каб не ўбачыць на зямлі чалавека.

Потым здарылася нечаканае. Паблізу ад нас забілі барабаны і пранізліва зайгралі пішчалкі. Гэтак жа і за намі. Нехта закрычаў: “Наперад!”, і я не ведаю, з колькіх грудзей выбухнуў крык, падобны на енк або на выццё. Калона рушыла з месца павольна… хутчэй… бягом… Стрэлы амаль сціхлі і чуліся ўжо толькі адзінкавыя. З сілаю наляцеў я на нешта грудзямі, мяне пхалі з усіх бакоў, пхаўся і я…

– Бі шваба!.. – крычаў нялюдскім голасам Кац і рваўся наперад. З-за немагчымасці вырвацца з тлуму ён падняў карабін ды з усяе сілы малаціў прыкладам у ранцы калегаў, што былі наперадзе.

Нарэшце стала так цесна, што здушыла мне грудзі, і адчуў я, што не хапае паветра. Падняло мяне наверх, апусціла, і я зразумеў, што стаю не на зямлі, а на чалавеку, які яшчэ і за нагу маю ўхапіўся. Тут натоўп з крыкам пасунуўся наперад, а я ўпаў. Левая рука слізганула па крыві.

Побач са мною ляжаў на баку аўстрыйскі афіцэр, чалавек малады, з вельмі шляхетнымі рысамі твару. Ён паглядзеў на мяне цёмнымі вачыма і з невымоўным смуткам хрыпла прашаптаў:

– Не трэба таптаць… Немцы таксама людзі…

Ён падсунуў сабе руку пад бок і жаласна енчыў.

Я пабег за калонаю. Нашы былі ўжо на ўзгорках, дзе стаялі аўстрыйскія батарэі. Узбіўшыся туды следам за іншымі, я ўбачыў адну гармату перавернутую, а другую і акружаную нашымі.

Заспеў я адметную сцэну. Нехта з нашых чапляўся за колы гарматы, нехта сцягваў фурмана з сядла, Кац парнуў багнетам каня з першае пары, а аўстрыйскі кананір замахнуўся на яго шомпалам. Я схапіў кананіра за каршэнь і раптоўным рухам зваліў на зямлю. Кац і яго хацеў запароць.

– Што ты робіш, вар’ят?! – закрычаў я, адбіваючы ўбок яго карабін.

Раз’юшаны, ён тады кінуўся на мяне, але афіцэр, што аказаўся побач, палашам адбіў яго багнет.

– Чаго лезеш? – крыкнуў быў Кац на афіцэра і – апрытомнеў.

Дзве гарматы былі захопленыя, за астатнімі пагналіся гусары. Далёка наперадзе стаялі нашы па адным і групамі, страляючы па аўстрыйцах, якія адступалі. Калі-нікалі заблукалая непрыяцельская куля прасвіствала над намі або зарывалася ў зямлю, уздымаючы хмарку пылу. Трубачы склікалі ў шэрагі.

Дзесьці а чацвёртай гадзіне дня наш полк быў сабраны. Бітва скончылася. Толькі на захадзе чуліся яшчэ адзінкавыя стрэлы лёгкай артылерыі, як водгулле мінулае ўжо буры.

Праз гадзіну на шырокім полі бітвы ў розных месцах зайгралі палкавыя аркестры. Прыляцеў да нас ад’ютант з віншаваннем. Трубачы і барабаншчыкі далі сігнал да малітвы. Паздымалі мы каскі, харунжыя паднялі штандары, і ўсё войска са зброяй ля нагі дзякавала венгерскаму Богу за перамогу.

Паступова дым разышоўся. Дакуль сягала вока, бачылі мы ў розных месцах нібы кавалкі белай і сіняй паперы, бязладна параскіданыя па вытаптанай траве. Па полі сноўдалася з дзясятак фурманак, і нейкія людзі складалі на іх некаторыя з тых кавалкаў. Рэшта засталася.

– І чаго на свет было нараджацца!.. – уздыхнуў, абапіраючыся на карабін, Кац, якога зноў апанавала меланхолія.

Была гэта ці не апошняя нашая перамога. З таго часу штандары з трыма рэкамі[99] часцей хадзілі перад непрыяцелем, чым за непрыяцелям, пакуль нарэшце пад Вілагас[100] не паападалі з дзідаў, як восеньскае лісце.

Калі даведаўся пра гэта Кац, дык шпурнуў на зямлю шпагу (былі мы з ім ужо афіцэрамі) і сказаў, што засталося толькі стрэліць сабе ў лоб. Я, аднак, памятаючы, што ў Францыі ўжо сядзіць Напалеон, падбадзёрыў яго, і пракраліся мы да Каморна[101].

Прагледзелі мы вочы, чакаючы цэлы месяц дапамогі: з Венгрыі, з Францыі, нават з неба. Нарэшце крэпасць капітулявала.

Памятаю, у той дзень Кац круціўся нешта каля парахавога складу і меў гэткі ж твар, як тады, калі хацеў забіць ляжачага кананіра. Гвалтам падхапілі мы яго пад рукі і вывелі з фартэцыі следам за нашымі.

– Што ж гэта ты, – ціха сказаў яму адзін з калегаў, – замест ісці з намі на чужыну, хацеў на неба ўцячы?.. Гэй! Кац, венгерскую пяхоту не спалохаеш, і трымае яна слова, якое дала нават… швабам…

Упяцёх аддзяліліся мы ад рэшты войска, паламалі шпагі, пераапрануліся як сяляне і, схаваўшы пад адзеннем пісталеты, павандравалі ў бок Турцыі. Па нашых слядах ішла зграя Гайнава!..[102]

Наша вандроўка па лясах і бездарожжы доўжылася каля трох тыдняў. Пад нагамі гразь, галаву палівае восеньскі дождж, ззаду патрулі, а перад намі вечнае выгнанне – вось такія былі нашы спадарожнікі. Але, нягледзячы на гэта, не гублялі мы добрага гумору.

Шапары безупынку малоў языком пра тое, што Кошут[103] яшчэ нешта прыдумае, Штэйн быў упэўнены, што заступіцца за нас Турцыя, Ліптак марыў пра начлег ды гарачую страву, а я казаў, што ўжо хто-хто, а Напалеон нас не пакіне. Ад дажджу наша вопратка набрыняла, валакліся мы ў гразі па калена, падэшвы паадставалі, у ботах плюхала, мясцовыя баяліся прадаць нам збанок малака, а сяляне ў адной вёсцы пагналіся за намі з віламі ды косамі. Але настрою нам гэта не сапсавала, і Ліптак, што бег поруч са мною, аж гразь пырскала ва ўсе бакі, казаў засопшыся:

Eljen Magyar!..[104] Але ж добра спаць будзем… Каб яшчэ кілішак слівовіцы ў ложак!..

У гэтым вясёлым таварыстве абадранцаў, якіх нават вароны баяліся, толькі Кац быў пахмурны. Ён часцей за іншых адпачываў і неяк хутчэй за ўсіх марнеў: вусны ў яго спякліся, а вочы блішчалі.

– Баюся, каб не пачалася ў яго гнілая гарачка, – сказаў мне аднаго разу Шапары.

Непадалёк ад ракі Савы, не ведаю ўжо на які дзень нашае вандроўкі, натрапілі мы ў бязлюднай мясцовасці на некалькі хат, дзе нас вельмі гасцінна прынялі. Ужо сцямнела, былі мы страшэнна стомленыя, але пры печы ды з бутэлькаю слівовіцы ўсе павесялелі.

– Прысягаю, – крычаў Шапары, – што не пазней, чым у сакавіку Кошут пакліча нас у шэрагі. Бязглуздзіцаю было ламаць нам шпагі…

– Можа, яшчэ ў снежні турэцкае войска рушыць, – дадаў Штэйн. – Хоць бы акрыяць да таго часу…

– Мае вы каханыя!.. – енчыў Ліптак, які зашыўся ў гарохавінне, – кладзіцеся, ліха вас вазьмі, спаць, бо іначай ані Кошут, ані турак нас не дабудзіцца.

– Пэўна, не дабудзіцца! – прамармытаў Кац.

Ён сядзеў на лаве насупраць печы і маркотна глядзеў на агонь.

– Ты, Кац, хутка і ў справядлівасць Божую перастанеш верыць, – азваўся спахмурнелы Шапары.

– Няма справядлівасці для тых, хто не здолеў загінуць са зброяй у руках! – крыкнуў Кац. – Дурні вы і я разам з вамі… Турак ці француз падставіць за вас свой карак?.. Чаму ж вы самі не здолелі яго падставіць?..

– У яго гарачка, – прашаптаў Штэйн. – Наробіць нам клопату ў дарозе…

– Венгрыя!.. Няма ўжо Венгрыі! – мармытаў Кац. – Роўнасць… ніколі не было роўнасці!.. Справядлівасць… ніколі яе не будзе… Свіння гразі знойдзе, а тут чалавек!.. Не, пане Мінцаль, не буду я ўжо ў цябе кроіць мыла…

Я вырашыў, што Кац цяжка хворы. Падышоў да яго і, цягнучы на гарохавінне, угаворваў:

– Хадзі, Аўгусце, хадзі…

– Куды ж мне ісці?.. – адказаў ён і на хвіліну нібы апрытомнеў.

А потым дадаў:

– З Венгрыі мяне выгналі, а да швабаў не зацягнеш…

Але ён паклаўся ў наш бярлог. Агонь у печы згасаў. Мы дапілі гарэлку і палеглі ўсе ў шэраг з пісталетамі ў руках. У шчылінах хаты енчыў вецер, нібы ўся Венгрыя плакала, а нас змарыў сон. Сніў я сябе малым хлапчуком, і што надышлі Каляды… На стале стаіць ялінка з запаленымі свечкамі, убраная гэтак жа ўбога, якімі мы самі былі ўбогімі, а побач – мой бацька, цётка, пан Рачак і пан Даманьскі, усе спяваюць фальшывымі галасамі калядкі.

Бог нараджаецца, зло адступае…

Прачнуўся я са слязьмі аб сваім дзяцінстве. Нехта торгаў мяне за плячо.

Быў гэта селянін, гаспадар хаты. Ён цягнуў мяне з гарохавіння, паказваў на Каца ды спалохана казаў:

– Зірніце, а? Пане ваяк… Нешта з ім кепскае здарылася…

Я схапіў з прыпечка лучыну і пасвяціў. Зірнуў. Кац ляжаў у нашым берлагу скурчаны, з выстраленым пісталетам у руцэ. Замігацела ў мяне перад вачыма, і, відаць, я самлеў.

Апрытомнеў я на возе, якім якраз пад’язджалі мы да Савы. Ужо днела, неба выпагадзілася, ад ракі цягнула вільгаццю. Я працёр вочы, палічыў… Было нас на возе чацвёра і пяты фурман. Але ж мусіла быць пяцёра. Не! Мусіла быць шасцёра!.. Шукаў я Каца і не бачыў яго. Не пытаўся нічога, роспач так сціснула мне горла, што думаў, задушыць. Ліптак драмаў, Штэйн выціраў вочы, а Шапары глядзеў у бок і насвістваў Ракочы, хоць амаль і не трапляў у лад.

Гэй, браце Кац, што ж ты нарабіў?.. Часам мне здаецца, што знайшоў ты там, на небе, і венгерскую пяхоту, і свой выбіты плутон… Бывае, што чую я бой барабанаў, хуткі рытм маршу і каманду: “Зброю на плячо!..” І думаю я тады, што гэта ты, Кац, ідзеш на змену варты перад Божым тронам… Бо кепскім быў бы той Пан Бог венгерскі, каб не зразумеў ён цябе!

…Але ж і разбалбатаўся я, даруй Божа!.. Думаў пра Вакульскага, а пішу пра сябе ды пра Каца. Дык вяртаюся да тэмы.

Праз некалькі дзён пасля смерці Каца дабраліся мы да Турцыі, а два наступныя гады я ўжо адзін туляўся па Еўропе. Быў у Італіі, Францыі, Нямеччыне, нават у Англіі і паўсюль прыгнятала мяне нэндза і зводзіла са свету туга па радзіме. Не раз здавалася мне, што звар’яцею, слухаючы чужую мову і бачачы не нашы твары, не нашы ўборы, не нашу зямлю. Не раз здавалася – аддаў бы я жыццё, каб хоць зірнуць на хвойны лес і на хаты пад саламянымі стрэхамі. Не раз крычаў у сне, як дзіця: я хачу ў сваю старонку!.. А калі прачынаўся, плачучы, дык апранаўся і хутчэй бег на вуліцу, бо здавалася мне, што гэта вуліца абавязкова выведзе да Старога Мяста або Падваля.

Можа б, я і забіў сябе з адчаю, каб не рэгулярныя навіны пра Людвіка Напалеона, які ўжо стаў прэзідэнтам, а мерыўся стаць імператарам. Было мне лягчэй вытрываць галечу і апаноўваць выбухі роспачы, калі я слухаў пра трыумфы чалавека, што мусіў выканаць запавет Напалеона І ды ўпарадкаваць свет.

Не ўдалося яму, праўда, але ж ён пакінуў па сабе сына. Не адразу Кракаў пабудавалі!..

Нарэшце я не мог больш трываць, і ў снежні 1851 года праехаў уздоўж усю Галіцыю ды з’явіўся на мытні ў Тамашове[105]. Адна толькі думка не давала мне пакою: “А калі і адсюль выганяць?..”

Ніколі не забуду я тае радасці, якую адчуў, калі сказалі мне, што магу ехаць у Замосце. Праўду сказаць, нават не надта я і ехаў, а больш ішоў, але які быў усцешаны!

У Замосці прабавіўся я трохі больш за год[106]. А з тае прычыны, што добра сек дровы, кожны дзень выходзіў на свежае паветра. Напісаў я адтуль ліст да Мінцля і, здаецца, атрымаў ад яго адказ, нават грошы, але, за выключэннем квітанцыі пра атрыманне, ніякіх падрабязнасцяў не памятаю.

Падобна, аднак, Ясь Мінцаль зрабіў іншую рэч, хоць да самае смерці ён не згадваў пра гэта і нават не любіў размоў на гэту тэму. Дык вось, хадзіў ён да тых генералаў, якія ўдзельнічалі ў венгерскай кампаніі, і пераконваў іх, што мусяць яны ратаваць калегу з бяды. Ну і выратавалі мяне, так што ўжо ў лютым 1853 года я мог ехаць у Варшаву. Вярнулі мне нават афіцэрскі дыплом, адзіную памятку, якую я вынес з Венгрыі, не лічыўшы двух ранаў: у грудзі і ў нагу. Лепш за тое, афіцэры зладзілі ў мой гонар абед, на якім мы добра выпілі за здароўе венгерскае пяхоты. З тае пары я і кажу, што самыя моцныя сувязі завязваюцца на полі бою.

Як толькі пакінуў я свае апартаменты, голы, як біч, дык пераняў мяне на дарозе невядомы жыдок і аддаў грошы ды ліст. Я адкрыў яго і прачытаў:

“Мой каханы Ігнацы! Пасылаю табе дзвесце злотых на дарогу, пазней разлічымся. Едзь проста ў маю краму на Кракаўскім Прадмесці, а не на Падвалю, барані Божа! Бо там жыве гэты злодзей Франц, нібыта мой брат, якому нават прыстойны сабака не павінен падаваць руку. Цалую цябе, Ян Мінцаль. Варшава, 16 лютага 1853 г.

Але, але!.. Стары Рачак, што ажаніўся з тваёй цёткаю, дык, ведаеш, памёр ён, і яна таксама, але раней. Пакінулі яны табе нейкія свае транты і пару тысяч злотых. Усё гэта ў мяне захавана, толькі салопу цётчыну трохі моль пабіла, бо шэльма Каська забылася пакласці тытуню. Франц загадаў цябе пацалаваць. Варшава, 18 лютага 1853 г.”

Той самы жыдок забраў мяне да сябе дадому, дзе ўручыў клуначак з бялізнаю, адзеннем і абуткам. Ён накарміў мяне булёнам з гусі, потым гусяцінай варанай, потым -- печанай, якую я да Любліна не мог ператравіць. Нарэшце даў ён мне пляшку цудоўнага мёду, завёў да гатовае ўжо фурманкі, але нават слухаць не хацеў пра плату.

– Сорамна мне браць у такой асобы, што з эміграцыі вяртаецца, – адказваў ён на ўсе мае ўгаворы.

Толькі як хацеў я ўжо садзіцца на воз, ён адвёў мяне ўбок і, агледзеўшыся, ці не падслухоўвае хто, ціха сказаў:

– Калі пан дабрадзей мае венгерскія дукаты, дык я куплю. Я добра заплачу, бо мне трэба для дачкі, яна пасля панскага Новага году выходзіць замуж…

– Няма ў мяне дукатаў, – адказаў я.

– Пан дабрадзей быў на венгерскай вайне і пан не мае дукатаў?.. – здзівіўся ён.

Ужо паставіў я нагу на падножку фуры, як той самы жыдок пацягнуў мяне другі раз убок.

– Можа пан дабрадзей мае якія каштоўнасці?.. Пярсцёнкі, гадзіннікі, бранзалеткі?.. Здароўем клянуся, я добра заплачу, бо гэта для маёй дачкі…

– Не маю, браце, даю табе слова…

– Не мае пан? – паўтарыў ён і вытрашчыў вочы. – Дык навошта пан хадзіў у Венгрыю?..

Мы рушылі, а ён яшчэ стаяў, трымаючыся рукою за бараду, і са скрухаю хітаў галавою.

Фура была нанятая толькі для мяне. Аднак ужо ў наступнай вулачцы фурман спаткаў свайго брата, які меў надта пільную справу ў Красным Ставе.

– Няхай вяльможны пан дазволіць яго ўзяць, – прасіў ён, зняўшы шапку. – Дзе дарога будзе горшая, ён пешкі пойдзе.

Пасажыр сеў. Не паспелі даехаць мы да гарадское брамы, як стала перад намі на дарозе нейкая жыдоўка з клункам ды ўсчала лямант з фурманам. Аказалася, што гэта ягоная цётка, у якой у Файславіцах хворае дзіця.

– Можа вяльможны пан дазволіць ёй падсесці… Гэта вельмі лёгкая асоба… – прасіў фурман.

Нарэшце ў розных месцах за брамаю знайшлося яшчэ трое кузінаў майго фурмана, якіх ён забраў, кажучы, што мне ў дарозе будзе весялей. Паволі сапхнулі яны мяне на самы тыл возу, таўкліся мне па нагах, курылі паскудны тытунь, а, горш за ўсё, лямантавалі, як шалёныя. Нягледзячы на гэта, не памяняў бы я свой цесны куточак на самае выгоднае месца ў французскіх дыліжансах або англійскіх вагонах. Быў я ўжо ў краі.

Цягам чатырох дзён здавалася мне, што сяджу я ў нейкай пераноснай бажніцы. На кожным папасе на аднаго пасажыра менела, а яго месца займаў іншы. Пад Люблінам ссунулася мне на плечы цяжкая скрыня, і цудам не развітаўся я з жыццём. Пад Куравам прастаялі мы некалькі гадзін на тракце, бо згубіўся нейкі куфар, і фурман конна папёрся па яго да карчмы. Усю дарогу, нарэшце, адчуваў я, што пярына, якою накрытыя былі мае ногі, заселена больш шчыльна, чым Бельгія.

На пяты дзень перад узыходам сонца былі мы на Празе. Але фураў было шмат, а пантонны мост быў вузкі, дык толькі ледзьве а дзясятай заехалі мы ў Варшаву. Мушу дадаць, што ўсе мае пасажыры выпарыліся на Беднарскай вуліцы, як эфір, пакінуўшы па сабе моцны пах. Калі ж я пачаў разлічвацца з фурманам і нагадаў пра іх, дык ён вытрашчыў вочы.

– Якія пасажыры?.. – закрычаў ён здзіўлена. – Вяльможны пан – пасажыр, а тыя – пархі, дый годзе. Як мы спыніліся на рагатцы, дык нават стражнік два такія галганы палічыў па злотаму на адзін пашпарт. А вяльможны пан думае, што яны былі пасажырамі!..

– Дык не было нікога?.. – спытаў я. – Адкуль жа, ліха на іх, тыя блохі, якіх я набраўся?

– Можа ад вільгаці. Ці я ведаю?! – адказаў фурман.

Пераканаўшыся гэткім чынам, што на возе не было нікога, апроч мяне, я, вядома, адзін і разлічыўся цалкам за ўсю дарогу, чым так расчуліў фурмана, што той, распытаўшы, дзе я буду жыць, абяцаў мне прывозіць кожныя два тыдні кантрабандны тытунь.

– Яно і цяпер, – сказаў ён ціха, – маю на фуры з пяцьдзясят кіло. Можа, прынесці вяльможнаму пану якіх пару фунтаў?..

– Каб цябе д’яблы насілі! – прабубніў я, хапаючы свой клунак. – Не хапала яшчэ, каб арыштавалі мяне за кантрабанду.

Шпарка ідучы вуліцаю, разглядаў я горад, які пасля Парыжа здаваўся мне брудным і цесным, а людзі пахмурнымі. Краму Я. Мінцля на Кракаўскі прадмесці я знайшоў лёгка, але, калі ўгледзеў знаёмыя мясціны і шыльды, дык мусіў перачакаць, гэтак закалацілася ў мяне сэрца.

Я паглядзеў на краму, была яна амаль такая ж, як на Падвалю: на дзвярах – бляшаны палаш і барабан (можа, той самы, які я бачыў у дзяцінстве), у вітрыне – талеркі, конь і казак скача… Нехта адчыніў дзверы, і ў глыбіні я разгледзеў падвешаныя пад столь фарбы ў капшуках, коркі ў сетцы, нават чучала кракадзіла.

За прылаўкам пры акне сядзеў у старым фатэлі Ян Мінцаль ды шморгаў за шнурок казака…

Я ўвайшоў – а сам дрыжаў, як кісель – і стаў насупраць Яся. Убачыўшы мяне (ужо пачаў таўсцець дзяцюк), ён цяжка падняўся з фатэля і прыжмурыўся. Раптам ён крыкнуў аднаму з крамных хлопцаў:

– Віцек!.. Бягом да панны Малгажаты і скажы ёй, што вяселле адразу пасля Вялікадня…

Потым ён працягнуў мне над прылаўкам абедзве рукі, і мы моўчкі абняліся.

– Але ж і біў ты швабаў! Ведаю, ведаю, – прашаптаў ён мне на вуха. – Сядай, – дадаў ён, паказваючы на крэсла, – Казік! Мігам да Grossmutter… Пан Жэцкі прыехаў!..

Я сеў, і зноў мы маўчалі. Ён маркотна ківаў галавою, я апусціў вочы. Абодва мы думалі пра беднага Каца і пра нашыя падманутыя надзеі. Нарэшце Мінцаль гучна высмаркаўся і, павярнуўшыся да акна, прамармытаў:

– Ну, чаго ўжо там…

Засопшыся, прыбег Віцек. Я заўважыў, што сурдут гэтага маладзёна аж блішчыць ад тлустых плямаў.

– Быў? – запытаўся ў яго Мінцаль.

– Быў. Панна Малгажата сказала, што добра.

– Жэнішся? – запытаўся я ў Яся.

– Э!.. Што ж тут зробіш! – адказаў ён.

– А як Grossmutter пачуваецца?

– Як заўсёды. Хварэе, калі паб’ецца яе збанок на каву.

– А Франц?

– Не ўспамінай мне пра таго нягодніка, – аж падскочыў Ян Мінцаль. – Учора я пакляўся, што нагі маёй у яго не будзе…

– Што ж ён табе зрабіў? – спытаў я.

– Гэты нягодны швабіска няспынна кпіць з Напалеона!.. Кажа, што той парушыў прысягу рэспубліцы, што ён – певень, якому прыручаны арол плюнуў у капялюш… Не, – казаў Ян Мінцаль, – з гэтым чалавекам я жыць не магу…

Пакуль мы гутарылі, двое хлопцаў і крамнік займаліся пакупнікамі, на якіх я нават не звярнуў увагі. Потым рыпнулі тыльныя дзверы і з-за шафаў паказалася старая ў жоўтай сукенцы са збаночкам у руцэ.

Gut Morgen, meine Kinder!.. Der Kaffee ist schon

Я падбег і пацалаваў ёй сухія рукі моўчкі, бо мне аж мову заняло.

Ignaz!.. Herr Jesäs… Ignaz! – гукала яна, абдымаючы мяне. – Wo bist du so lange gewesen, lieber Ignaz?..[107]

– Ну, але ж Grossmutter ведае, што ён быў на вайне. Чаго ўжо тут пытацца, дзе быў? – не вытрываў Ян.

Herr Jesäs!.. Aber du hast noch keinen Kaffee getrunken?[108]

– Вядома, не піў, – адказаў за мяне Ян.

Du lieber Gott! Es ist ja schon zehn Uhr[109]

Яна наліла мне кубак кавы, уручыла тры свежыя булкі і знікла, як звычайна. Тут моцна бразнулі парадныя дзверы, і ўбег Франц Мінцаль, яшчэ больш тоўсты і чырвоны, чым брат.

– Як маешся, Ігнацы!.. – закрычаў ён, хапаючы мяне ў абдымкі.

– Не цалуйся з гэтым ёлупам, які ганьбіць род Мінцляў!.. – загадаў мне Ян.

– Вой, вой! Што мне за род!.. – рагатаў Франц. – Наш бацька прыехаў на сабачай запрэжцы…

– Я не размаўляю з панам! – зароў Ян.

– І я не пану гэта кажу, а Ігнацыю, – адказаў Франц. – А наш дзядзька, – працягваў ён, – быў аж такім зацятым швабіскам, што з магілы вылез па свой начны каўпак, які яму забыліся пакласці.

– Абражаеш мяне, пан, ва ўласным доме! – выбухнуў Ян.

– Я прыйшоў не дадому да пана, а ў краму сёе-тое купіць… Віцек! – звярнуўся Франц да хлопца, – дай мне корак за грош. Толькі ў добрую паперу загарні… Да пабачэння, каханы Ігнацы, зазірні да мяне сёння ўвечары, дык пагаворым за чаркаю. А можа, і гэты пан з табою прыйдзе, – дадаў ён ужо з вуліцы, паказваючы рукою на пасінелага ад злосці Яна.

– Нагі маёй не будзе ў нягоднага шваба! – закрычаў Ян.

Гэта, аднак, не перашкодзіла нам разам пайсці ўвечары да Франца.

Дарэчы будзе прыгадаць, што не было і тыдня, каб браты Мінцлі не пасварыліся ды не памірыліся, прынамсі, раз ці два. Але, што цікава, прычыны сварак ніколі не тычыліся матэрыяльных спраў. Наадварот, нягледзячы на самыя вялікія непаразуменні, браты заўсёды былі адзін у аднаго паручыцелямі, пазычалі адзін аднаму грошы і плацілі адзін за аднаго даўгі. Прычыны палягалі ў іх характарах.

Ян Мінцаль быў рамантык і энтузіяст, а Франц – спакойны і бурклівы, Ян быў гарачы банапартыст, а Франц – рэспубліканец ды вораг Напалеона ІІІ. Нарэшце Франц Мінцаль прызнаваўся да нямецкага паходжання, у той час як Ян урачыста сцвярджаў, што Мінцлі паходзяць са старажытнага польскага роду Мянтусаў, які, можа, за Ягелонамі, а можа, за выбарнымі каралямі асеў паміж немцамі.

Досыць было келіха віна, каб Ян Мінцаль пачынаў грукаць кулаком па стале або і ў плечы сваіх суседзяў ды крычаць:

– Я адчуваю ў сабе старажытную польскую кроў!.. Мяне не магла нарадзіць немка!.. Маю, зрэшты, дакументы…

І асобам, якім ён найбольш давяраў, паказваў два старыя дыпломы, з якіх адзін меў дачыненне да нейкага Мадзялеўскага, варшаўскага купца за шведскім часам, а другі – да Мілера, касцюшкаўскага паручніка. Якая сувязь была паміж гэтымі асобамі і сям’ёю Мінцляў, я не ведаю да сённяшняга дня, хоць і не раз чуў тлумачэнні.

Нават з нагоды вяселля Яна паміж братамі ўсчалася сварка, бо Ян на гэтую ўрачыстасць падрыхтаваў кунтуш малінавага колеру, жоўтыя боты і шаблю, а Франц заявіў, што не дазволіць гэткага маскараду на шлюбе, нават каб давялося звярнуцца са скаргаю ў паліцыю. Пачуўшы гэта, Ян прысягнуў, што заб’е даносчыка, калі яго ўбачыць, ды прыбраўся ў строі сваіх продкаў Мянтусаў на вясельную вячэру. А Франц быў і на шлюбе, і на вяселлі, але хоць і не размаўляў з братам, але да знямогі скакаў з яго жонкаю, і да зморы напіваўся яго віном.

Нават смерць Франца, які ў 1856 годзе памёр ад карбункула, не абышлася без скандалу. За апошнія тры дні браты па два разы праклялі адзін аднаго і вельмі ўрачыста пазбавілі адзін аднаго спадчыны. Нягледзячы на гэта, Франц увесь свой маёнтак адпісаў Яну, а Ян некалькі тыдняў хварэў з гора і палову атрыманых у спадчыну грошай (каля дваццаці тысяч злотых) пераказаў нейкім тром сіроткам, якімі надта ж апекаваўся да канца жыцця.

Дзіўная была гэта сям’я!

Вось ізноў адхіліўся я ад тэмы: меўся пісаць пра Вакульскага, а пішу пра Мінцляў. Каб не адчуваў я сябе гэтак бадзёра, як пачуваюся зараз, дык падумаў бы, што такая балбатлівасць – сведчанне блізкае старасці.

Я хацеў сказаць, што ў паводзінах Стася Вакульскага шмат чаго не разумею, і кожны раз мне хочацца запытацца: навошта ўсё гэта?..

Дык вось, калі я вярнуўся ў краму, амаль кожны вечар збіраліся мы наверсе ў Grosmutter: Ян і Франц Мінцлі, а часам і Малгося Пфайфер. Малгося з Янам садзіліся ля вакна і, трымаючыся за рукі, пазіралі на неба, Франц піў піва з вялікага куфля (з цынкавым вечкам), старая вязала панчохі, а я апавядаў дзеі тых гадоў, праведзеных за мяжою.

Часцей за ўсё, вядома, згадвалася туга выгнання, цяжкасці жаўнерскага жыцця альбо бітвы. У такія хвіліны Франц выпіваў падвойныя порцыі піва, Малгося тулілася да Яна (да мяне ніхто так не туліўся), а Grosmutter губляла ў сваім вязанні вочка. Калі ж я заканчваў свой аповед, Франц уздыхаў, шырока рассеўшыся на канапе, Малгося цалавала Яна, Ян – Малгосю, а старая, хітаючы галавою, казала:

Jeasäs! Jeasäs!.. wie ist das schrecklich… Aber sag mir, lieber Ignaz, wozu also bist du denn nach Ungarn geganden?[110]

– Ну, хіба ж Grosmutter не разумее, што ён хадзіў у Венгрыю на вайну, – перабіваў яе, трацячы цярплівасць, Ян.

Але старая працягвала хітаць галавою і здзіўлена мармытала сабе пад нос:

– Der Kaffee war ja immer gut und zu Mittag hat er sich doch immer vollgegessen… Warum hat er denn das getan?[111]

– О! Бо ў Grosmutter толькі кава ды абед у галаве, – абураўся Ян.

Нават калі я расказаў пра апошнія хвіліны жыцця і страшную смерць Каца, і старая горка заплакала першы раз за ўвесь час, колькі я яе ведаў, яна, выцершы вочы і ўзяўшыся зноў за сваё вязанне, шаптала:

Merkwürdig![112]Der Kaffee war ja immer gut und zu Mittag hat er sich doch immer vollgegessen… Warum hat er denn das getan?

Тое самае цяпер ледзь не штодня я кажу пра Стася Вакульскага. Пасля смерці жонкі ён меў спакойны кавалак хлеба, дык навошта было ехаць у Балгарыю? Зарабіў ён там столькі грошай, што мог пазбавіцца крамы, дык навошта пашырыў яе? Новая крама дае добры прыбытак, дык навошта ён стварае яшчэ нейкую суполку?..

Навошта ён зняў сабе вялізную кватэру? Навошта купіў каляску і коней? Навошта пнецца ў арыстакратыю і ўнікае купцоў, якія не могуць яму гэтага дараваць?..

А навошта яму клапаціцца пра фурмана Высоцкага або ягонага брата, пуцявога абходчыка? Навошта некалькім бедным чаляднікам заклаў ён майстэрні? Навошта ўзяў пад апеку нават распусніцу, якая хоць і жыве ў магдаленак, але моцна псуе яму рэпутацыю?..

А які спрытны… Даведаўся я на біржы пра замах Гёдля, вяртаюся ў краму і, гледзячы яму ў вочы, кажу:

– Ведаеш, Стасю, нейкі Гёдаль[113] стрэліў у імператара Вільгельма…

А ён, нібы нічога ніякага, адказвае:

– Вар’ят.

– Але гэтаму вар’яту, – кажу я, – адсякуць галаву.

– І добра, – адказвае ён, – не будзе памнажаць род вар’яцкі.

І каб у яго хоць жылка на твары здрыганулася, дык не. Заняло мне мову ад яго абыякавасці.

Каханы Стасю, спрытнюга ты, але і ў мяне клёпкі ў галаве на месцы: я ведаю больш, чым тым ты думаеш, і засмучае мяне толькі тое, што не маеш ты да мяне даверу. Бо парада сябра і старога жаўнера магла б абараніць цябе шмат ад якіх глупстваў, калі не ад ганьбы…

Але што я тут буду выказваць уласныя меркаванні, няхай гавораць за мяне факты.

Напачатку мая перабраліся мы ў новую краму, у якой пяць прасторных залаў. У першым пакоі, злева, размяшчаюцца адны расійскія тканіны: паркаль, крэтон, ядваб і аксаміт. Другі пакой заняты напалову тымі ж тканінамі, а напалову – моднымі дадаткамі да ўбораў: капелюшамі, каўнерыкамі, гальштукамі, парасонамі. У цэнтральнай зале – элегантная галантарэя: бронза, маёліка, крышталь, слановая костка. У наступным пакоі, справа, знаходзяцца цацкі, таксама тут – драўляныя і металічныя вырабы, а ў апошнім пакоі – тавары з гумы і скуры.

Гэтак я ўсё ўпарадкаваў, не ведаю, ці добра, але Бог мне сведка, хацеў як лепей. Зрэшты, я пытаўся ў Стася Вакульскага, што ён мяркуе на гэты конт, але замест таго, каб нешта параіць, ён толькі паціснуў плячыма і ўсміхнуўся, нібыта кажучы: “Што мне да гэтага…”

Дзіўны чалавек! Прыйдзе яму ў галаву геніяльны план, ён выканае яго ў агульных рысах, але зусім не дбае пра дэталі. Ён загадаў перанесці краму, ён зрабіў яе цэнтрам гандлю расійскімі тканінамі і замежнаю галантарэяй, ён арганізаваў усё кіраванне. Але пасля гэтага не ўмешваецца ў справы крамы, а робіць візіты вялікім панам або ездзіць на сваёй калясцы ў Лазенкі[114], або недзе знікае без следу, а ў краме паказваецца на нейкіх пару гадзін у дзень. Пры гэтым ён няўважлівы, знерваваны, нібыта чакае чаго або непакоіцца.

Але якое гэта залатое сэрца!

З сорамам прызнаюся, што мне крыху непрыемна было перабірацца ў новае памяшканне. З крамаю не бяда, бо мне нават больш падабаецца служыць у вялікім магазіне на ўзор парыжскіх, чым у такой крамцы, якою была наша папярэдняя. Шкада мне, аднак, было майго пакойчыка, у якім пражыў я дваццаць пяць гадоў. Кантракт меў я да ліпеня, дык да паловы мая сядзеў я ў сваім пакойчыку ды глядзеў на сцены, на краты, якія нагадвалі мне наймілейшыя хвіліны ў Замосці, на старыя рэчы.

“Як гэта ўсё зрушыць з месца, як мне з усім гэтым перабрацца, Божа мілы!..” – думаў я.

Аж аднаго дня, дзесьці ў сярэдзіне мая мая (з’яўлялася тады ўсё больш навінаў пра мір), Стась перад самым закрыццём крамы прыходзіць да мяне і кажа:

– Што ж, стары, самы час перабрацца ў новае памяшканне[115].

Я адчуў, нібы ў мяне кроў застыла ў жылах. А ён правіць сваё:

– Пайшлі, пакажу табе новую кватэру, якую я зняў для цябе ў гэтым жа доме.

– Як гэта зняў? – пытаюся я. – Мне ж трэба яшчэ дамовіцца пра кошт з гаспадаром.

– Ужо заплачана! – адказвае ён.

Узяў мяне пад руку і вядзе праз тыльныя дзверы крамы ў сенцы.

– Але ж, – кажу я, – тут памяшканне занятае…

Замест адказу ён адчыніў дзверы з другога боку сенцаў… Уваходжу… Слова гонару – салон!.. Мэбля абцягнутая аксамітам, на сталах альбомы, на акне маёлікі… Пры сцяне бібліятэка…

– Маеш тут, – кажа Стась, паказваючы кніжкі ў прыгожых вокладках, – тры гісторыі Напалеона І, жыццё Гарыбальдзі і Кошыца, гісторыю Венгрыі…

Кніжкі мне вельмі спадабаліся, але гэты салон, мушу прызнацца, зрабіў на мяне прыкрае ўражанне. Стась заўважыў гэта і, усміхнуўшыся, адчыніў раптам іншыя дзверы.

Божа міласэрны! Але ж той другі пакой – гэта ж мой пакой, у якім пражыў я дваццаць пяць гадоў. Закратаваныя вокны, зялёная фіранка, мой чорны стол… А каля сцяны насупраць – мой жалезны ложак, дубальтоўка і футарал з гітараю…

– Што гэта, – пытаюся я, – дык мяне ўжо перасялілі?..

– Так, – адказвае Стась, – перанеслі ўсё да апошняга цвічка, нават падсцілку для Іра.

Можа, некаму гэта падаецца і смешным, але мне слёзы навярнуліся на вочы… Бачыў я ягоны суровы твар, смутныя вочы і не да канца ўяўляў сабе, які гэты чалавек здагадлівы і які далікатны. Бо каб жа я калі хоць заікнуўся пра гэта… Ён сам здагадаўся, што будзе мне тужліва без маёй сядзібы, і сам паклапаціўся, каб перанеслі ўсе мае транты.

Шчаслівая была б тая кабета, з якой бы ён ажаніўся (я нават маю яму партыю…), але ён хіба не жэніцца. Нейкія дзікія думкі блукаюць у ягонай галаве, але не пра жаніцьбу, на жаль!.. Колькі ўжо шаноўных асобаў прыходзіла ў нашу краму нібыта купіць нешта, але, насамрэч, у сваты да Стася – і ўсё марна.

Гэткая пані Шперлінгова, мае яна каля ста тысяч рублёў гатоўкаю і бровар. Чаго яна толькі не накупляла ў нас, і ўсё, каб спытаць мяне:

– Што ж, не жэніцца пан Вакульскі?

– Не, пані дабрадзейка…

– Шкада! – кажа пані Шперлінгова ўздыхаючы. – Ладная крама, вялікі маёнтак, але ўсё змарнуецца… без гаспадыні. А каб пан Вакульскі абраў сабе якую-небудзь паважную і заможную кабету, гэта паспрыяла б нават ягонаму крэдыту.

– Залатыя словы, пані дабрадзейка… – адказваю я.

Adieu! Пане Жэцкі, – кажа яна (пакідаючы ў касе дваццаць, а то і пяцьдзясят рублёў). – Але каб жа пан не прыгадаў выпадкам у размове з панам Вакульскім, што я казала пра жаніцьбу. Бо яшчэ падумае, што старая баба палюе на яго… Adieu, пане Жэцкі…

“Акурат! Якраз і не забудуся расказаць яму пра гэта…”

А сам думаю, што на месцы Вакульскага я б не марудзячы ажаніўся з гэтаю заможнаю ўдавіцаю. Якія формы, Herr Jesäs!..

Альбо такі Шметэрлінг, рымар. Кожны раз, калі з ім разлічваемся, ён кажа:

– Чаму б гэта, пане, пану Вакульскаму, гэта, не ажаніцца?.. Дзяцюк, пане, гарачы, карак, як у быка… Няхай, гэта, пярун, пане, заб’е мяне, я і сам, гэта, аддаў бы за яго дачку, а ў пасаг даў бы ім, пане, на тысяч дзесяць рублёў, гэта, тавару ў год… Ну?

Або такі радца Уроньскі. Небагаты, ціхмяны, але купляе ў нас хоць пару пальчатак кожны тыдзень і кожны раз кажа:

– І як тут Польшчы не гінуць, мой ты Божа, калі такія, як Вакульскі, не жэняцца. Бо гэта ж нават, мой ты Божа! не патрабуе чалавек пасагу, дык мог бы знайсці паненку, якая, мой ты Божа! і на фартэп’яне, і дом дагледзіць, і мовы ведае…

Такія сваты дзясяткамі круцяцца ў нашай краме. Некаторыя маткі, цёткі або бацькі проста прыводзяць да нас паннаў на выданні. Матка, цётка або бацька купляе нешта за рубель, а панна тым часам расхаджвае па краме: то прысядзе, то рукі ў бокі возьмецца, каб звярнуць увагу на сваю фігуру, то выставіць правую ножку, то левую ножку, потым ручкі… Усё для таго, каб злавіць Стася, а яго або няма ў краме, або, калі ёсць, дык нават не глядзіць на тавар, нібы хоча сказаць: “Ацэнкаю займаецца пан Жэцкі…”

За выключэннем бацькоў дарослых дачок, а таксама ўдоваў і паненак на выданні -- больш адважных, падобна, за венгерскую пяхоту -- бедны мой Стах не цешыцца прыхільнасцю іншых. Нічога дзіўнага, настроіў ён супраць сябе ўсіх баваўняных і ядвабных фабрыкантаў, а таксама купцоў, што гандлююць іх таварам.

Аднаго разу ў нядзеляю (рэдка са мною гэта здараецца), зайшоў я ў карчму паснедаць. Кілішак анісаўкі і кавалак селядца ў буфеце, а на стол – порцыя флякаў і куфаль портэру – сапраўдны баль! Заплаціў я амаль рубель, а што ўжо наглытаўся дыму, а што ўжо наслухаўся!.. На гады таго хопіць.

У задушлівым і цёмным, як вяндлярня, пакоі, дзе мне падалі флякі, сядзела пры адным стале шасцёра ягамосцяў. Былі гэта людзі гладкія і добра апранутыя, напэўна, мясцовыя купцы, а, можа, і фабрыканты. Кожны, мяркуючы па выглядзе, меў гэтак ад трох да пяці тысяч рублёў гадавога прыбытку.

Я гэтых паноў не ведаў. Пэўна, і яны мяне таксама, дык падазраваць іх у наўмысным пляткарстве я не магу. Але вось жа! Які збег акалічнасцяў, хто б падумаў! Яшчэ да майго прыходу яны пачалі размаўляць пра Вакульскага. Хто гаварыў, я не бачыў, бо было дымна, зрэшты, я баяўся вочы падняць ад талеркі.

– Кар’еру зрабіў! – казаў нехта басам. – У маладосці прыслужваў такім, як мы, а пад старасць захацеў выслужыцца перад вялікімі панамі.

– Гэтыя цяперашнія паны, – уставіў ягамосць з дыхавіцаю, – гэтулькі ж вартыя, колькі і ён сам. Гэта каб даўней у графскім доме прымалі купчыка, які праз жаніцьбу займеў маёнтак… Смех дый годзе!..

– Жаніцьба – дробязь, – адказаў басавіты голас і крыху папярхнуўся. – Жаніцьба з багатай не ганьбіць. Але гэтыя мільёны, заробленыя на дастаўках падчас вайны, здалёк смярдзяць крыміналам.

– Падобна, што ён не краў, – напаўголаса азваўся нехта трэці.

– У такім выпадку няма мільёнаў, – буркнуў бас. – А ў такім выпадку навошта нос задзіраць!.. Чаго ён пнецца ў арыстакратыю?

– Кажуць, – заўважыў іншы голас, – ён хоча закласці суполку з адных толькі шляхціцаў…

– Ага!.. І паабскубаць іх, а потым даць драпака, – уставіў той, што з дыхавіцаю.

– Не, – казаў бас, – яму ад тых даставак і гаспадарчым мылам не адмыцца. Галантарэйны купец робіць дастаўкі! Варшавяк едзе ў Балгарыю!..

– Пана брат, інжынер, ездзіў на заробкі яшчэ далей, – азваўся ціхі голас.

– Дзіва што! – выбухнуў бас. – Можа, ён і паркалікі вазіў сюды з Масквы? Тут іншае, ён нашу прамысловасць нішчыць!..

– Эге-ге! – зарагатаў нехта, хто дагэтуль маўчаў. – А гэта ўжо купца не тычыцца. Справа купца прывозіць танны тавар з прыбыткам сабе. Хіба не?.. Анягож!..

– Так ці гэтак, але і тры грошы не даў бы я за яго патрыятызм, – адказаў бас.

– Падобна, аднак, – заўважыў ціхі голас, – гэты Вакульскі давёў свой патрыятызм не толькі языком…

– Тым горш, – перапыніў яго бас. – Давёў, калі быў голы, і астыў, калі адчуў рубель у кішэні.

– О! Ці мы заўсёды мусім падазраваць кожнага, што ён альбо здраднік, альбо злодзей! Нядобра!.. – абураўся ціхі голас.

– Чаго гэта пан аж так яго бароніць?.. – спытаў бас і пасунуўся разам з крэслам.

– Бараню, бо я крыху чуў пра яго, – адказаў ціхі голас. –Фурманам у мяне нехта Высоцкі, дык паміраў ён з голаду, пакуль Вакульскі не паставіў яго на ногі…

– За грошы з балгарскіх даставак!.. Дабрачынца!..

– Іншыя, пане, забагацелі на нацыянальных фондах[116] і – нічога. Эге!..

– У кожным разе цёмны гэта чалавек, – зрабіў выснову ягамосць, цяжка дыхаючы. – Кідаецца і направа, і налева, крамаю не займаецца, паркаль завозіць, шляхту нібы хоча абдурыць…

Тут кельнер прынёс ім новыя бутэлькі, а я паціху вышмыгнуў за дзверы. Я не ўмяшаўся ў гэтую гаману, бо, ведаючы Стаха з дзяцінства, мог сказаць ім толькі два словы: “Нягоднікі вы…”

І пра ўсё гэта яны мелюць языкамі ў той час, калі мяне дрыжыкі праймаюць ад страху за ягоную будучыню, калі, устаючы з ложка і кладучыся спаць, пытаю я сам сябе: “Што ён робіць? Навошта ён гэта робіць? І што з гэтага атрымаецца?..” І ўсё гэта яны сёння плявузгаюць пра яго пры мне, які ўчора сам бачыў, як чыгуначнік Высоцкі ўпаў яму ў ногі, дзякуючы за перавод у Скернявіцы і за дапамогу…

Просты чалавек, а якая сумленнасць! Ён прывёз з сабою дзесяцігадовага сына і, паказваючы на Вакульскага, казаў:

– Паглядзі, Пётрак, на пана, бо гэта наш сапраўдны дабрадзей… Калі б ён пажадаў, каб ты сабе руку адсек дзеля яго, адсячы! І гэтага мала, каб яму аддзячыць.

Альбо тая дзяўчына, што пісала яму ад магдаленак: “Прыгадала я адну малітву з дзяцінства, каб маліцца за пана…”

Вось людзі простыя, вось распусныя дзяўчыны, ці ж іх пачуцці не больш высакародныя, чым нашыя – паноў у сурдутах, якія па ўсім горадзе выхваляюцца сваёй прыстойнасцю, і ў якую, зрэшты, аніводзін з нас не верыць. Мае Стась рацыю, што заняўся лёсам гэтых гаротнікаў, хоць… мог бы займацца імі трохі спакайней…

Ах, трывожаць мяне ягоныя новыя знаёмствы…

Памятаю, напачатку мая ўваходзіць у краму нейкі вельмі сумнеўны ягамосць (рудыя бакенбарды, непрыемны позірк), кладзе на прылавак сваю візітную картку і кажа на ламанай мове:

– Прашу паведаміць пан Вакульскі, я буду сёння сёмая…

І ўсё. Паглядзеў я на візітоўку, чытаю: “Вільям Колінс, настаўнік англійскае мовы”. Што за фарс?.. Вакульскі ж, хіба, не будзе вучаць англійскую мову?..

Усё, аднак, стала мне зразумела, калі на другі дзень прыйшлі тэлеграмы пра… замах Гёдля…

Альбо іншае знаёмства, нейкая пані Мэлітан, якая робіць нам гонар сваімі візітамі пасля вяртання Стася з Балгарыі. Сухарэбрая, малая ростам, языком меле, як млын, але адчуваецца, што кажа баба не больш, чым хоча сказаць. Заскочыла яна аднойчы ў канцы мая:

– Ці ёсць пан Вакульскі? Пэўна, няма, так я і думала… Дык я размаўляю з панам Жэцкім? Адразу здагадалася… Які прыгожы нэсэсэр!.. Аліўкавае дрэва, я ў гэтым добра абазнаная. Няхай пан скажа пану Вакульскаму, каб ён прыслаў мне гэта, адрас мой ён ведае, і – каб заўтра а першай гадзіне быў у Лазенках…

– У якіх, перапрашаю? – запытаўся я, абураны яе нахабствам.

– Пан блазнуе… У каралеўскіх! – адказвае мне гэтая дама.

Ну і што?.. Вакульскі паслаў ёй нэсэсэр, а сам паехаў у Лазенкі. А калі вярнуўся адтуль, дык сказаў мне, што… у Берліне збярэцца кангрэс для заканчэння ўсходняе вайны. І маем кангрэс!..

Гэтая самая еймосць заскочыла да нас другі раз, здаецца мне, першага чэрвеня.

– Ах! – крычыць, – які прыгожы вазон!.. Несумненна, французская маёліка, я ў гэтым добра абазнаная… Скажы, пан, пану Вакульскаму, каб ён прыслаў мне яго і… (далей яна пачала шаптаць) скажы яму яшчэ, пан, што паслязаўтра каля першае…

Калі яна выйшла, я сказаў Лісецкаму:

– Іду ў заклад з панам, што паслязаўтра пачуем мы важную палітычную навіну.

– Нібы трэцяга чэрвеня?.. – адказаў той і зарагатаў.

Прашу, аднак, уявіць сабе нашы твары, калі прыйшла тэлеграма, у якой паведамлялася… пра замах Нобілінга[117] ў Берліне!.. Я думаў – утрупянею. Лісецкі з таго часу перастаў з мяне бессаромна кпіць і, горш за тое, ён цяпер выпытвае ў мяне палітычныя навіны…

Анягож! Страшным няшчасцем ёсць слава. Бо з таго часу, як Лісецкі пачаў звяртацца да мяне як да “паінфармаванага”, я страціў сон і рэшту апетыту… А што ж тады мусіць дзеяцца з маім бедным Стасем, які падтрымлівае пастаянныя стасункі з гэтым панам Колінсам і з гэтаю пані Мэлітан…

Божа міласэрны, барані нас!..

Калі ўжо я гэтак разбалбатаўся (далібог, ператвараюся ў пляткара), дык мушу дадаць, што ў нашай краме пануе нейкае нездаровае браджэнне. Апроч мяне маем мы яшчэ семярых крамнікаў (ці марыў пра нешта падобнае стары Мінцаль!), але не маем адзінства. Клейн і Лісецкі, як больш даўнія, трымаюцца адасоблена, а да рэшты калегаў ставяцца, не скажу пагардліва, але крыху фанабэрыста. Трое ж новых крамнікаў: галантарэйны, металічны і гумовы – таксама трымаюцца сваім хаўрусам, надзьмутыя і пахмурныя. Праўда, пачцівы Зэмба, жадаючы іх зблізіць, бегае ад старых да новых і ўвесь час іх угаворвае, але ў небаракі такая нешчаслівая рука, што пасля кожнае спробы пагадзіць іх між сабою антаганісты зіркаюць адзін на аднаго яшчэ больш коса.

Можа, каб наш магазін (а гэта дакладна магазін, ды яшчэ першакласны магазін!), дык вось, каб ён развіваўся паступова, каб мы кожны год бралі па адным крамніку, дык старыя прымалі б у сваё кола новага, і была б гармонія. Але як адразу прыбыло пяцёра новых, як адзін у аднаго блытаецца пад нагамі (бо за такі кароткі час немагчыма ані тавар раскласці належным чынам, ані акрэсліць кожнаму сферу яго абавязкаў), натуральна, здараюцца звады. Ну, але навошта мне крытыкаваць дзеянні гаспадара ды яшчэ такога чалавека, які мае больш розуму, чым усе мы разам…

У адным толькі салідарныя старыя ды новыя панове і нават дапамагае ім Зэмба, а менавіта ў тым, каб дапякаць сёмаму нашаму крамніку – Шлянгбаўму. Гэты Шлянгбаўм (я даўно яго ведаю) майсеевай веры, але чалавек прыстойны. Малы, чорны, згорблены, зарослы шчаціннем, словам, ні гроша не варты, калі сядзіць за прылаўкам. А ледзь пакажацца пакупнік (Шлянгбаўм працуе ў аддзеле рускіх тканін), Chrysteelejson!..[118] Круціцца ён як круцёлка – толькі што быў на верхняй паліцы справа, а ўжо пры ніжняй пасярэдзіне і праз момант зноў недзе пад столлю злева. Як пачне кідаць рулоны, здаецца, гэта не чалавек, а паравая машына, як пачне раскручваць іх ды мераць, мне думаецца, што шэльма мае тры пары рук. Пры гэтым рахункавод ён ад Бога, а як пачне расхвальваць тавар, падказваць розныя ідэі, дагаджаць густу, усё гэта нязменна паважным тонам, дык, слова гонару, Мрачэўскі – у кут!.. Шкада толькі, што ён такі малы і брыдкі, мусім якога-небудзь прыгожага дурня даць яму ў дапамогу дзеля дам. Хоць каля прыгожага крамніка дамы і затрымліваюцца даўжэй, але менш тады капрызяць і не так гандлююцца.

(Да слова кажучы, няхай нас Бог мілуе ад дамскае кліентуры. Я, можа, таму і не наважваюся ажаніцца, што няспынна назіраю за дамамі ў краме. Пан Бог, ствараючы цуд прыроды, які завецца кабетаю, пэўна, не падумаў, якую прыкрасць ён робіць купцам.)

Дык вось, Шлянгбаўм, сапраўды, добры абывацель, а, нягледзячы на гэта, яго не любяць, бо ён мае няшчасце быць старазаконным…

Наогул, можа, з год ужо я заўважаю, што да старазаконных расце непрыязь[119], нават тыя, хто некалькі гадоў таму называлі іх палякамі майсеевай веры, цяпер называюць іх жыдамі. А тыя, хто нядаўна захапляўся іх працавітасцю, упартасцю і здольнасцямі, цяпер бачаць толькі эксплуатацыю ды круцельства.

Слухаючы гэта, я часам думаю, што на чалавецтва апускаецца нейкі духоўны змрок, падобны да ночы. Удзень усё было прыгожае, вясёлае і добрае, уночы ўсё бруднае і небяспечнае. Так я сабе думаю, але маўчу, бо што значыць меркаванне старога крамніка супраць голасу знакамітых публіцыстаў, якія даводзяць, што жыды хрысціянскую кроў ужываюць на мацу[120], і што яны павінны быць абмежаваныя ў правах. Нам кулі над галавою іншыя высвіствалі лозунгі, памятаеш, Кац?..

Гэткі стан рэчаў асаблівым чынам уплывае на Шлянгбаўма. Яшчэ летась гэты чалавек зваўся Шлянгоўскім, святкаваў Вялікдзень і Божае нараджэнне, і, пэўна, самы шчыры католік не з’еў столькі каўбасы, колькі ён. Памятаю, аднойчы ў цукерні ў яго запыталіся:

– Не любіш марозіва, пане Шлянгоўскі?

Ён адказаў:

– Я люблю толькі каўбасу, але без часныку. Часныку не выношу на дух.

Вярнуўся ён з Сібіры разам са Стасем і доктарам Шуманам ды адразу пайшоў працаваць у хрысціянскую краму, хоць жыды прапаноўвалі яму лепшыя варункі. З тае пары ён увесь час працаваў у хрысціян і толькі сёлета пазбавілі яго пасады.

Напачатку мая ён упершыню прыйшоў да Стася з просьбаю. Быў яшчэ больш скурчаны, і вочы ў яго былі яшчэ чырванейшыя, чым звычайна.

– Стаху, – сказаў ён пакорлівым голасам, – прападу я на Налеўках, калі ты мяне не прыгорнеш.

– Чаму ж ты адразу да мяне не прыйшоў? – запытаўся Стась.

– Не насмельваўся… Баяўся, каб не казалі пра мяне, што жыд кругом улезе. І сёння б не прыйшоў, каб не клопат пра дзяцей.

Стах паціснуў плячыма і адразу прыняў Шлянгбаўма з заробкам паўтары тысячы рублёў у год.

Новы крамнік адразу прыступіў да працы, а праз паўгадзіны Лісецкі прамармытаў, звяртаючыся да Клейна:

– Адкуль гэта, да д’ябла, так часныком нясе, пане Клейн?..

А праз чвэрць гадзіны, зусім ужо не ведаю чаму, ён раптам дадаў:

– Як гэтыя шэльмы жыды ціснуцца на Кракаўскае прадмесце! Не могуць пархатыя пільнавацца адзін аднаго на Налеўках або на Свентакшыскай?[121]

Шлянгбаўм маўчаў, толькі дрыжалі ў яго чырвоныя павекі.

На шчасце, абедзве гэтыя зачэпкі чуў Вакульскі. Ён падняўся ад стала і сказаў тонам, які я, праўду кажучы, не люблю:

– Пане… пане Лісецкі! Пан Генрык Шлянгбаўм быў маім сябрам тады, калі было мне вельмі цяжка. Дык пан мае нешта супраць, каб ён заставаўся маім сябрам цяпер, калі мае справы палепшалі?..

Лісецкі зніякавеў, адчуваючы, што ягоная пасада ліпіць на валаску. Ён пакланіўся, нешта прамармытаў, і тады Вакульскі падышоў да Шлянгбаўма і, абняўшы яго, сказаў:

– Каханы Генрык, не бяры да галавы дробныя зачэпкі, бо мы тут па-сяброўску часам кпім адзін з аднаго. Запэўніваю цябе таксама, што калі табе і давядзецца пакінуць гэтую краму, дык, хіба, разам са мною.

Становішча Шлянгбаўма адразу было выразна акрэсленае, і цяпер хутчэй мне нешта скажуць (уга! нават абразяць), чым яму. Але ці вынайшаў хто спосаб, каб перажыць намёкі і крывыя позіркі?.. А гэта ўсё труціць жыццё бедачыне, які не раз казаў мне ўздыхаючы:

– Ах, каб не баяўся я, што дзеці зжыдзеюць, хвіліны не чакаючы ўцёк бы адсюль на Налеўкі…

– Чаму ж, пане Генрык, – спытаў я, – не возьмеш, да ліха, ды не ахрысцішся?..

– Я б зрабіў гэта даўней, але не цяпер. Цяпер я зразумеў, што як жыд я ненавісны толькі хрысціянам, а як мэхэс быў бы агідны і хрысціянам, і жыдам. Трэба ж з некім жыць. Зрэшты, – дадаў ён цішэй, – у мяне пяцёра дзяцей і багаты бацька, пасля якога застанецца спадчына…

Цікава. Бацька Шлянгбаўма ліхвяр, а сын, каб не браць у яго ні гроша, гаруе крамнікам.

Не раз сам-насам размаўляў я пра яго з Лісецкім.

– За што, – пытаюся я, – нападаеце вы на яго? Ён жа гаспадарыць па-хрысціянску, нават упрыгожвае елачку дзецям…

– Бо ён лічыць, – кажа Лісецкі, – што больш карысна есці мацу з каўбасою, чым нішчымную.

– Ён быў у Сібіры, рызыкаваў…

– Дзеля гешэфту… Дзеля гешэфту зваўся таксама Шлянгоўскім, а цяпер ізноў Шлянгбаўмам, бо ў ягонага старога астма.

– Вы кпілі з яго, – кажу я, – што ён прыбіраецца ў чужое пер’е, дык ён і вярнуўся да старога прозвішча.

– За якое атрымае тысяч сто рублёў па бацьку, – адказаў Лісецкі.

Цяпер і я паціснуў плячыма ды змоўк. Кепска называцца Шлянгбаўмам, кепска – Шлянгоўскім, кепска быць жыдам, кепска – мэхэсам… Ноч апускаецца, ноч, падчас якое ўсё робіцца шэрым ды падазроным!

А між тым Стась мае з-за гэтага непрыемнасці. Бо ён не толькі прыняў у краму Шлянгбаўма, але яшчэ дае тавар жыдоўскім купцам і пару жыдкоў пусціў у суполку. Нашы крычаць і пагражаюць, але яго не напалохаеш, зацяўся і не саступае, хоць агнём яго прыпалі.

Чым усё гэта скончыцца, Божа мілы…

Але, але!.. Увесь час адступаючы ад тэмы, я забыўся на некалькі вельмі важных рэчаў. Маю на ўвазе Мрачэўскага, які з пэўнага часу альбо псуе ўсе мае планы, альбо свядома ўводзіць у зман.

Дзяцюк гэты быў звольнены за тое, што ў прысутнасці Вакульскага зганьбіў крыху сацыялістаў. Пазней, аднак жа, Стась, паддаўся на ўгаворы і адразу пасля Вялікадня выслаў Мрачэўскага ў Маскву, нават павялічыў яму заробак.

Не адзін вечар думаў я пра значэнне гэтага падарожжа ці высылкі.

Але калі праз тры тыдні Мрачэўскі прыехаў адтуль да нас выбіраць тавар, я адразу зразумеў план Стаха.

У фізічным плане гэты маладзён не надта змяніўся: як і раней, гаманкі і прыгожы, хіба крышачку схуднеў. Кажа, што Масква яму спадабалася, а перадусім кабеты, якія там больш дасведчаныя і гарачыя, але маюць затое менш забабонаў, чым нашы. Я таксама ў маладосці думаў, што ў кабетаў менш забабонаў, чым цяпер.

Усё гэта толькі ўступ. Бо Мрачэўскі прывёз з сабою трох вельмі падазроных індывідаў, называючы іх “прыказчыкамі”, і цэлы пачак нейкіх брашур. Гэтыя “прыказчыкі” меліся нібыта нешта аглядаць у нашай краме, але рабілі гэта такім чынам, што ніхто іх у нас не бачыў. Цягаліся недзе цэлымі днямі, і я прысягнуў бы, што рыхтавалі ў нас глебу для нейкае рэвалюцыі. Заўважыўшы, аднак, што я цікаўлюся імі, яны некалькі раз зазірнулі ў краму, заўсёды ўдаючы п’яных, і са мною размаўлялі выключна пра кабет, сцвярджаючы, насуперак Мрачэўскаму, што полькі – гэта “сама прелест”, толькі вельмі падобныя да жыдовак.

Я ўдаваў, што веру ўсяму, што яны кажуць, але спрытна іх распытаў і пераканаўся, што найлепш вядомыя ім ваколіцы знаходзяцца паблізу Цытадэлі[122]. Дык там яны маюць справы! А пра тое, што мае домыслы не былі беспадстаўнымі, сведчыць факт, што гэтыя “прыказчыкі” нават звярнулі на сябе ўвагу паліцыі. За дзесяць дзён, ні больш, ні менш, а тры разы забіралі іх у цыркулы[123]. Відавочна, аднак, што яны мусяць мець добрыя сувязі, бо іх выпускалі.

Калі я выклаў Вакульскаму свае падазрэнні адносна “прыказчыкаў”, Стах толькі ўсміхнуўся і адказаў:

– Гэта яшчэ нічога…

З чаго я раблю выснову, што Стах мусіць быць моцна заангажаваным у стасункі з нігілістамі.

Але прашу сабе ўявіць маё здзіўленне, калі, запрасіўшы аднойчы Клейна і Мрачэўскага да сябе на гарбату, я пераканаўся, што Мрачэўскі яшчэ горшы сацыяліст за Клейна… Той Мрачэўскі, які за тое, што зганьбіў сацыялістаў, страціў у нас пасаду... Ад здзіўлення я цэлы вечар не мог і слова сказаць, толькі Клейн употайкі цешыўся, а Мрачэўскага было не суняць.

Колькі жыву, нічога падобнага я не чуў. Маладзён гэты даводзіў мне, спасылаючыся на прозвішчы людзей, відаць, вельмі мудрых, што ўсе капіталісты – гэта злодзеі, што зямля павінна належаць тым, хто на ёй працуе, што фабрыкі, шахты і машыны павінны быць уласнасцю грамады, што зусім няма ані Бога, ані душы, якую прыдумалі ксяндзы, каб выдурваць у людзей дзесяціну. Далей ён казаў, што як зробяць рэвалюцыю (ён з трыма “прыказчыкамі”), дык з таго часу будзем мы ўсе працаваць толькі па восем гадзін, а рэшту часу будзем бавіцца, і ўсё роўна кожны будзе мець пенсію на старасць і пахаванне задарам. Нарэшце скончыў ён тым, што толькі тады настане рай на зямлі, калі ўсё будзе агульнае: зямля, будынкі, машыны і нават жонкі.

З прычыны свайго кавалерства (называюць мяне нават старым кавалерам) і таму, што ў гэтым дзённіку я не крыўлю душою, мушу прызнацца, што мне гэтае абагульненне жонак нават спадабалася. Больш нават скажу, у мяне з’явілася нейкая спагада да сацыялізму і сацыялістаў. Навошта, аднак, яны абавязкова хочуць рабіць рэвалюцыю, калі і без яе, бывала, людзі мелі агульных жонак?

Так я разважаў, але той самы Мрачэўскі вылечыў мяне ад сваіх тэорый, а разам перакрэсліў і мае планы.

Да слова, я ад усяго сэрца жадаю, каб Стах ажаніўся. Каб ён меў жонку, дык не мог бы так часта радзіцца з Колінсам ды пані Мэлітан, а каб яшчэ з’явіліся дзеці, дык, можа, ён тады не падтрымліваў бы гэтыя падазроныя стасункі. Бо куды гэта варта, каб такі чалавек, як ён, такі жаўнерскі характар, ды меў нешта агульнае з людзьмі, якія, як бы там не было, але не выйдуць на поле бою са зброяй у руках. Венгерская пяхота і, зрэшты, ніякая пяхота не будзе страляць у раззброенага праціўніка. Але часы мяняюцца.

Дык вось, я ўсёй душою прагну, каб Стах ажаніўся, і нават, здаецца, прыгледзеў яму партыю. Заходзіць часам у наш магазін (заходзіла таксама і ў тую нашу краму) асоба чароўнае прыгажосці. Шатэнка, вочы шэрыя, рысы твару прывабныя, рост даволі высокі, а ручкі і ножкі – смаката!.. Я раз глядзеў, як яна вылазіла з каляскі, і скажу, што мне аж горача зрабілася ад таго, што я ўбачыў… Ах, як бы пачціваму Стасіку яна прыдалася, бо і цела сама тое, і вусны, як ягадкі… А які бюст!.. Калі яна ўваходзіць, дык мне здаецца, што ўвайшоў анёл, які зляцеў з неба і склаў на спіне крылцы!..

Мне здаецца, яна ўдава, бо я ніколі не бачыў яе з мужам, а толькі з малою дачушкаю Гэленкаю, міленькай, як цукерачка. Стах, каб з ёю ажаніўся, адразу парваў бы з нігілістамі, бо час, які заставаўся б яму ад слугавання жонцы, прысвячаў бы на тое, каб песціць яе дзіця. Але такая жоначка няшмат бы пакінула яму вольных хвілін.

Я ўжо склаў цэлы план і разважаў, як гэта пазнаёміцца з тою дамаю, а пазней прадставіць ёй Стаха, як тут нечакана д’яблы прынеслі з Масквы Мрачэўскага. Уявіце сабе мой гнеў, калі ўжо на другі дзень пасля прыезду гэты франт уваходзіць да нас у краму з маёю ўдавой!.. А як ён скакаў перад ёю, як заводзіў пад неба вочы, як стараўся дагадзіць… Шчасце, што я не тоўсты, бо гэтыя нахабныя залёты давялі б мяне да апаплексічнага ўдару.

Калі ён праз некалькі гадзін вярнуўся да нас, я спытаў у яго з абыякаваю мінай, хто такая гэтая дама.

– А што, – кажа ён, бессаромна падміргваючы, – спадабалася пану?.. Шампанскае, а не кабета. Але дарэмна пан разахвоціўся, бо яна за мною шалее… Ах, пане, што за тэмперамент, што за цела… А каб пан пабачыў, як яна выглядае ў начной кофтачцы!..

– Спадзяюся, пан Мрачэўскі… – спыніў я яго сурова.

– Я ж нічога не кажу! – адказвае ён і пацірае рукі, як мне падалося, юрліва. – Я нічога не кажу!.. Найбольшая цнота мужчыны, пане Жэцкі, гэта далікатнасць, пане Жэцкі, асабліва што тычыцца таемных сувязяў…

Я спыніў яго, бо адчуваў, што калі ён яшчэ хоць слова скажа, дык мне давядзецца прагнаць гэтага маладзёна. Што за час, што за людзі!.. Бо каб я меў шчасце звярнуць на сябе ўвагу якой-небудзь дамы, дык баяўся б нават сваіх думак пра гэта, а не тое, каб крычаць на ўвесь голас ды яшчэ ў такім вялікім, як наш, магазіне.

А калі ж у дадатак выклаў мне Мрачэўскі сваю тэорыю пра абагульненне жонак, дык адразу цюкнула мне ў галаву:

“Стах нігіліст і Мрачэўскі нігіліст… Няхай толькі першы ажэніцца, дык другі зараз жа зоймецца абагульненнем… Але ж шкада такое кабеты для гэткага Мрачэўскага”.

У канцы мая Вакульскі пастанавіў асвяціць наш магазін. Пры нагодзе я заўважыў, як змяніўся час… У маёй маладосці купцы таксама асвячалі крамы, клапоцячыся пра тое, каб запрасіць на цырымонію пачцівага і пабожнага ксяндза, каб пад рукою была аўтэнтычная святая вада, новае крапідла і арганіст, добра абазнаны ў лаціне. А пасля сканчэння абраду, падчас якога пакропленая і замоленая была амаль кожная шафа і кожная штука тавару, над парогам крамы прыбівалі падкову, каб яна прываблівала пакупнікоў, і ўжо тады толькі ўспаміналі пра пачастунак, які звычайна складаўся з кілішка гарэлкі, каўбасы ды піва.

А цяпер (як бы паглядзела на гэта пакаленне старога Мінцля!) галоўнае пытанне: колькі трэба кухараў і лёкаяў, а потым – колькі бутэлек шампанскага, колькі венгерскага і які абед? Бо абед цяпер самае важнае ў гэтай урачыстасці, і запрошаныя гэтым найбольш цікавяцца: не хто будзе свяціць, а што пададуць на стол…

Напярэдадні цырымоніі зайшоў у нашу краму нейкі ягамосць – прысадзісты, потны, пра якога я не мог бы сказаць, ці каўнерык брудзіць яму шыю, ці – наадварот. З кішэні выцертага сурдуту выцягнуў ён тоўсты нататнік, пасадзіў на нос заплямленае пенснэ і пачаў расхаджваць па залах з такім выглядам, што я ўстрывожыўся.

“Што за д’ябал, – думаю я сабе, – ці гэта з паліцыі, ці, можа, нейкі сакратар каморніка перапісвае нашу маёмасць?..”

Два разы я заступаў яму дарогу, бо хацеў самым ветлівым чынам запытацца: чаго ён жадае? Але першы раз ён прамармытаў: “Прашу не перашкаджаць!”, а другі раз бесцырымонна адсунуў мяне ўбок.

Непакой мой павялічыўся, калі я заўважыў, што некаторыя з нашых паноў кланяліся яму надта ветліва, нібы дырэктару банка, ды ахвотна яму ўсё тлумачылі.

“Ну, – кажу я сабе, – гэты небарака, хіба, не з таварыства страхавога. Такіх абадранцаў там не трымаюць…”

Нарэшце Лісецкі шапнуў мне, што гэты пан надта знакаміты рэпарцёр, і што ён будзе пісаць пра нас у газетах. Палагаднела мне на сэрцы ад думкі, што магу ўбачыць у друку сваё прозвішча, якое толькі раз фігуравала ў “Паліцэйскай газеце”, калі я згубіў сваю кніжачку[124]. Адразу я заўважыў, што ўсё ў гэтага чалавека было вялікае: вялікая галава, вялікі нататнік і нават вельмі вялікая латка на левым чаравіку.

А ён усё хадзіў з залы ў залу, надзьмуты як індык, і ўсё пісаў ды пісаў… Нарэшце ён азваўся:

– Ці не было нядаўна ў паноў якога-небудзь выпадку?.. Невялікага пажару, крадзяжу, ашуканства, скандалу?..

– Барані Божа! – насмеліўся я перапыніць яго.

– Шкада, – адказаў ён. – Найлепшаю рэкламаю краме было б, каб у ёй нехта павесіўся…

Абамлеў я, калі пачуў гэткае пажаданне.

– Можа, пан дабрадзей пажадаў бы выбраць сабе нейкі прадмецік, які мы дашлем без прэтэнзіі… – наважыўся я прапанаваць з паклонам.

– Хабар?.. – запытаўся ён, пазіраючы на мяне, як статуя Каперніка. – Маем звычку, – дадаў ён, – купляць тое, што нам падабаецца, прэзентаў ні ад каго не прымаем.

Ён сярод магазіна надзеў на галаву свой заплямлены капялюш і з рукамі ў кішэнях, як міністр, выйшаў. Нават на другім баку вуліцы бачыў я ягоную латку.

Вяртаюся да цырымоніі асвячэння. Галоўная ўрачыстасць – абед – адбылася ў вялікай зале гатэля Еўрапейскага. Залу ўпрыгожылі кветкамі, вялізныя сталы паставілі паўколам, замовілі музыку, і а шостай увечары сабралася больш за сто пяцьдзясят асобаў. Каго там толькі не было! Пераважна купцы ды фабрыканты з Варшавы, з правінцыі, з Масквы… Уга! Нават з Вены ды Парыжу. Знайшлося таксама двое графоў, адзін князь і шмат шляхты. Пра трункі і не ўспамінаю, бо нават не ведаю, чаго там было больш: лістоты на раслінах, якія аздаблялі залю, ці бутэлек.

Каштавала нам гэта бяседа больш за тры тысячы рублёў, але від гэткае колькасці адначасова працуючых сківіц выклікаў захапленне. А калі падняўся князь і выпіў за здароў’е Стаха, калі зайграла музыка – не скажу, якую мелодыю, але вельмі прыгожую – і сто пяцьдзясят чалавек разам выгукнула “Жыве!”, я не мог стрымацца ад слёз. Падбег да Вакульскага і, абдымаючы яго, ціха прамовіў:

– Бачыш, як яны цябе любяць…

– Шампанскае яны любяць, – сказаў ён.

Я заўважыў, што да віватаў ён зусім абыякавы. Твар яго заставаўся пахмурны, нават тады, калі адзін з прамоўцаў (мусіць, гэта быў літаратар, бо прамаўляў ён доўга і без сэнсу) сказаў – не ведаю ўжо, ад свайго імя ці ад імя Вакульскага – што гэта самы лепшы дзень у ягоным жыцці.

Я заўважыў, што Стах найбольш завіхаецца каля пана Ленцкага, які перад сваім банкруцтвам аціраўся, падобна, пры еўрапейскіх дварах… Заўсёды гэта няшчасная палітыка!..

Напачатку банкет быў вельмі ўрачысты, раз-пораз нехта з бяседнікаў падымаўся і гаварыў так, нібы словамі хацеў разлічыцца за выпітае віно і з’едзеныя стравы. Але чым больш выносілі пустых бутэлек, тым далей ад гэтае грамады ўцякаў рэспект, а пад канец зрабілася гэтак тлумна, што не чутно ўжо стала музыкі.

Я быў злосны, як д’ябал, і хацеў вылаяць хоць таго ж Мрачэўскага. Калі ж адцягнуў яго ад стала, здолеў, аднак, сказаць толькі:

– Ну і навошта ўсё гэта?..

– Навошта? – перапытаў ён, пазіраючы на мяне нецвярозымі вачыма. – Гэта дзеля панны Ленцкае…

– З глузду з’ехаў пан!.. Што дзеля панны Ленцкае?..

– Ну… гэтыя суполкі… гэтая крама… гэты абед… Усё дзеля яе… І я з-за яе вылецеў з крамы… – казаў Мрачэўскі, абапіраючыся на маё плячо, бо не трымаўся ўжо на нагах.

– Дык што, – пытаю я, хоць бачу, што ён зусім п’яны, – з-за яе з крамы вылецеў і з-за яе, можа, у Маскву трапіў?..

– Вяд… вядома… Шапнула слоўца, маленькае такое слоўца і… маю я на трыста рублёў больш… Робіць круцёлка са старым, што хоча…

– Ну, ідзі ўжо пан спаць, – сказаў я.

– Якраз спаць я і не пайду… Пайду да сваіх прыяцеляў… Дзе яны?.. Яны б з круцёлкаю хутчэй парадзілі… Не круціла б хвастом... як перад старым… Дзе мае прыяцелі?.. – загукаў ён.

Вядома, загадаў я завесці яго ў нумар наверсе. Аднак нешта мне падказвае, што ён толькі ўдаваў п’янага, каб увесці мяне ў зман.

Каля поўначы зала нагадвала трупярню або шпіталь: то аднаго, то другога трэба было цягнуць у нумар ці ў брычку. Нарэшце я знайшоў доктара Шумана, амаль цвярозага, і забраў яго да сябе на гарбату.

Доктар Шуман таксама старазаконны, але незвычайны гэта чалавек. Ён збіраўся нават ахрысціцца, бо закахаўся ў хрысціянку, але яна памерла, дык ён выкінуў з галавы гэты намер. Кажуць нават, што ён труціўся з гора, але яго выратавалі. Цяпер ён цалкам спыніў лекарскую практыку, мае шмат грошай і займаецца толькі доследамі ці то людзей, ці то іх валасоў. Малы, жоўты, позірк праніклівы, ад якога нічога не схаваеш. А з-за таго, што знаецца ён са Стахам здавён, дык павінен ведаць усе яго таямніцы.

Пасля шумнага абеду я быў неспадзявана ўстрывожаны і хацеў выцягнуць сёе-тое з Шумана. Калі ён нічога не распавядзе мне пра Стаха, дык ужо, хіба, ніколі і нічога я не даведаюся.

Калі мы прыйшлі да мяне дадому і падалі нам самавар, я запытаўся:

– Скажы мне, доктар, але шчыра, што ты думаеш пра Стаха?.. Бо ён мяне турбуе. Я бачу, што ўжо цэлы год ён кідаецца ў нейкія сапраўдныя авантуры… Гэта паездка ў Балгарыю, а цяпер гэты магазін… суполка… каляска… Дзіўна змяніўся яго характар…

– Я не бачу зменаў, – адказаў Шуман. – Ён заўсёды быў чалавекам чыну. Калі нешта прыходзіла яму ў галаву або ў сэрца, дык выконваў гэта адразу. Пастанавіў трапіць ва ўніверсітэт і трапіў, пастанавіў зарабіць маёнтак і зарабіў. Дык калі ён выдумаў нейкую недарэчнасць, таксама не адступіць і зробіць недарэчнасць капітальную. Такі ўжо характар.

– Пры гэтым, – не стрываў я, – шмат у яго паводзінах супярэчнасцяў…

– Нічога дзіўнага, – перапыніў мяне доктар. – Сплавілася ў ім два чалавекі: рамантык да году шасцідзясятага і пазітывіст з сямідзясятага. Тое, што ўсім здаецца супярэчлівым, для яго самога абсалютна лагічна.

– А ці не ўблытаўся ён у нейкую новую гісторыю?.. – запытаўся я.

– Не ведаю, – суха адказаў Шуман.

Я змоўк і толькі праз нейкі час зноў запытаўся:

– Што ж з ім, урэшце, будзе?..

Шуман узняў бровы і склаў на грудзях рукі.

– Будзе кепска, – адказаў ён. – Такія людзі або ўсё падпарадкоўваюць сабе, або, калі напаткаюць вялікую перашкоду, разбіваюць аб яе лоб. Дагэтуль яму шанцавала, але ж… няма чалавека, які б адно толькі выйграваў у жыцці…

– Дык?..— запытаўся я.

– Дык можам быць сведкамі трагедыі, – скончыў Шуман.

Ён выпіў шклянку гарбаты з лімонам і пайшоў да сябе.

Цэлую ноч я не мог заснуць. Такія страшныя прароцтвы ў дзень трыумфу…

Гэх! Стары Пан Бог больш ведае за Шумана, а Ён хіба не дазволіць, каб Стах прапаў…

XI. СТАРЫЯ МРОІ І НОВЫЯ ЗНАЁМСТВЫ

Пані Мэлітан прайшла суровую школу жыцця, у якой навучылася нават ігнараваць агульнапрынятыя меркаванні.

У маладосці яна ад усіх чула, што прыгожая і добрая паненка і без пасагу мае шанец усё ж выйсці замуж. Была яна добрая і прыгожая, але замуж не выйшла. Пазней яна чула, таксама ад усіх, што адукаваную настаўніцу любяць выхаванцы і шануюць іх бацькі. Была яна адукаваная і нават здольная настаўніца, але, нягледзячы на гэта, выхаванцы ёй назалялі, а іхнія бацькі з яе кпілі ад першага сняданку і да вячэры. Яшчэ яна чытала шмат раманаў, і ў кожным даводзілася, што закаханыя князі, графы і бароны – людзі высакародныя, а ўзамен за сэрца яны маюць звычку аддаваць бедным настаўніцам руку. Неяк і яна аддала сваё сэрца маладому ды шляхетнаму графу, але – не атрымала ягонае рукі.

Яна ўжо мела больш за трыццаць гадоў, калі выйшла замуж за стараватага гувернёра Мэлітана, з адною толькі мэтаю, каб маральна падтрымаць чалавека, які паціху співаўся. Але малады пасля жаніцьбы піў больш, чым да жаніцьбы, а жонку, якая падтрымлівала яго маральна, здаралася, перыў кіем.

Калі ён памёр, падобна, на вуліцы, пані Мэлітан спачатку правяла яго на могілкі і пераканалася, што той надзейна закапаны, а потым узяла сабе сабаку, бо – зноў жа – ад усіх чула, што сабака – гэта самая ўдзячная істота. Сапраўды, ён і быў удзячным, пакуль не ашалеў ды не пакусаў служанку, ад чаго сама пані Мэлітан цяжка захварэла.

Паўгода ляжала яна ў шпіталі, у асобным пакоі, самотная і забытая сваімі выхаванцамі, іх бацькамі і графамі, якім яна аддавала сэрца. Часу падумаць хапала. А калі яна выйшла адтуль – зблажэлая, састарэлая, з пасівелымі і рэдкімі валасамі – ізноў усе кругом загаварылі, што хвароба змяніла яе да непазнавальнасці.

– Паразумнела, – адказвала пані Мэлітан.

Не была яна ўжо настаўніцаю, але рэкамендавала настаўніц, не думала сама пра замужжа, але сватала маладыя пары, нікому не аддавала свайго сэрца, але спрыяла спатканням закаханых у сябе дома. А з тае прычыны, што ўсе і за ўсё мусілі ёй заплаціць, дык было ў яе трохі грошай, на якія яна і жыла.

Напачатку новае кар’еры была яна змрочная і нават цынічная.

– Ксёндз, – казала яна некаторым у даверлівай размове, – мае прыбыткі са шлюбаў, я – з заручын. Граф… бярэ грошы за спрыянне ў спароўванні коней, я – за спрыянне ў тым, каб спазналіся людзі.

З часам, аднак, яна стала больш стрыманая на язык, а, здаралася, і маралізавала, бо заўважыла, што агучванне агульнапрынятых меркаванняў і поглядаў уплывае на павелічэнне даходаў.

Пані Мэлітан здаўна ведала Вакульскага. А з-за таго, што яна любіла публічныя відовішчы і мела звычку сачыць за ўсім, што робіцца навокал, дык вельмі хутка заўважыла, як набожна пазірае Вакульскі на панну Ізабэлу. На гэтае адкрыццё яна толькі паціснула плячыма. Якая была ёй справа да галантарэйнага купца, закаханага ў панну Ленцкую? Каб ён упадабаў сабе нейкую багатую купцоўну або дачку фабрыканта, пані Мэлітан мела б матэрыял для сватаўства. А так!..

Але ж калі Вакульскі вярнуўся з Балгарыі і прывёз капітал, пра які апавядалі цуды, пані Мэлітан сама закінула слова пра панну Ізабэлу, прапануючы свае паслугі. І паўстала маўклівая дамова: Вакульскі шчодра плаціў, а пані Мэлітан збірала для яго розную інфармацыю пра сям’ю Ленцкіх і пра знаёмых ім асобаў з вышэйшага свету. Яе стараннямі Вакульскі нават набыў вэксалі Ленцкага і срэбра панны Ізабэлы.

З гэтае нагоды пані Мэлітан прыйшла да Вакульскага дадому, каб павіншаваць.

– З розумам бярэшся, пан, за справу, – сказала яна. – Праўду кажучы, ад срэбра і сервізу мала будзе карысці, але скупіць вэксалі Ленцкага – гэта шэдэўр… Відаць купца!..

Пачуўшы гэткую пахвалу, Вакульскі адчыніў стол, пашукаў там і дастаў некалькі вэксаляў.

– Яны? – запытаўся ён і даў паглядзець пані Мэлітан.

– Так. Каб мне такія грошы!.. – адказала яна, уздыхаючы.

Вакульскі ўзяў паперыны і разадраў іх.

– Відаць купца?.. – спытаў ён.

Пані Мэлітан дапытліва зірнула на яго і, ківаючы галавою, прамармытала:

– Шкада пана.

– Чаму ж гэта, хацеў бы я ведаць?..

– Шкада пана, – паўтарыла яна. – Я сама кабета і ведаю, што кабет здабываюць не ахвярамі, а сілаю.

– Сапраўды?

– Сілаю прыгажосці, здароўя, грошай…

– Розуму… – дадаў Вакульскі ёй у тон.

– Не так розуму, як кулака, – працягвала пані Мэлітан са з’едліваю ўсмешкаю. – Я добра ведаю, на што здольны наш пол, і не раз мела выпадак паспачуваць мужчынскай наіўнасці.

– Што да мяне, дык няхай пані не турбуецца.

– Думаеш, пан, не спатрэбіцца? – спытала яна, гледзячы яму ў вочы.

– Літасцівая пані, – адказаў Вакульскі, – калі панна Ізабэла такая, як мне здаецца, дык, можа, яна мяне некалі ацэніць. А калі яна не такая, расчаравацца я заўсёды паспею…

– Зрабі гэта хутчэй, пане Вакульскі, зрабі хутчэй, – прамовіла пані Мэлітан, падымаючыся з крэсла. – Бо, павер мне, лягчэй выкінуць тысячы з кішэні, чым адну прывязанасць з сэрца. Асабліва, калі тая ўжо пусціць карані. І не забудзься, пан, – дадала яна, – добра ўладкаваць мой капіталік. Не разадраў бы ты некалькі тысяч, каб ведаў, як цяжка іх часам бывае зарабіць.

У маі і ў чэрвені візіты пані Мэлітан сталі больш частымі, што трывожыла Жэцкага, які падазраваў змову. І ён не памыляўся. Была змова, але супраць панны Ізабэлы. Зводніца дастаўляла Вакульскаму важную інфармацыю, але тычылася тая толькі панны Ізабэлы, а менавіта: яна паведамляла, у якія дні графіня выбіраецца са сваёю пляменніцаю на шпацыр у Лазенкі.

Тады пані Мэлітан забягала ў краму і, забяспечыўшы сабе ўзнагароду ў выглядзе нейкае драбязы коштам у некалькі або і некалькі дзясяткаў рублёў, называла Жэцкаму дзень і гадзіну.

Незвычайны гэта быў час для Вакульскага. Як толькі ён даведваўся, што заўтра пані будуць у Лазенках, дык ужо напярэдадні губляў раўнавагу. Справамі ўжо не займаўся, быў раздражнёны, здавалася яму, што час стаіць на месцы і тая раніца ніколі не настане. Ноч мінала ў дзікіх мроях, часам напалову ў сне, напалову наяве ён шаптаў: “Што ж гэта такое?.. Нічога ж няма!.. Ах, якое з мяне быдла…”

Але раніцаю ён баяўся зірнуць у акно, каб не ўбачыць хмары на небе, і зноў да паўдня час яму цягнуўся так, што ў гэтых межах ён мог бы змясціць цэлае сваё жыццё, атручанае цяпер жахлівай горыччу.

“Ці можа быць гэта каханнем?..” – пытаўся ён у роспачы.

З гарачкі ён загадваў запрагаць ужо апоўдні ды ехаў. Кожную хвіліну яму здавалася, што насустрач едзе, ужо вяртаючыся, каляска графіні, або яго коні, якія аж цуглі рвалі, бягуць занадта павольна.

У Лазенках ён выскокваў з каляскі і шыбаваў да става, дзе звычайна шпацыравала графіня, якая любіла карміць лебедзяў. Прыходзіў ён заўчасна і таму падаў дзесьці на лаўку, заліты халодным потам, ды сядзеў там нерухома, з вачыма, скіраванымі ў бок палаца, забываючыся пра ўсё на свеце.

Нарэшце ў канцы алеі паказаліся дзве жаночыя фігуры, чорная і шэрая. Вакульскаму кроў бухнула ў галаву.

“Яны!.. Ці ж спыняць яны мяне?..”

Ён падняўся з лаўкі і пайшоў ім насустрач, як лунацік, амаль не дыхаючы. Так, гэта панна Ізабэла, яна вядзе цётку і пра нешта з ёю размаўляе.

Вакульскі глядзіць на яе і думае:

“Ну і што ж у ёй надзвычайнага?.. Кабета, як усе іншыя… Здаецца, няма чаго з-за яе вар’яцець…”

Ён пакланіўся, пані пакланіліся ў адказ. Ідзе далей, не паварочваючы галавы, каб не выдаць сябе. Нарэшце ён азіраецца: абедзве пані зніклі сярод зеляніны.

“Вярнуся,  – думае ён,  – пагляджу яшчэ раз… Не, няможна!”

І ён адчувае ў гэту хвіліну, што бліскучая вада ў ставе прыцягвае яго з непераадольнаю сілаю.

“Ах, каб ведаць, што смерць – гэта забыццё… А калі гэта не так?.. Не, у прыродзе няма міласэрнасці… Хіба можна ў беднае чалавечае сэрца ўліваць гэткую бязмерную тугу і не даваць нават пацяшэння, што смерць – гэта небыццё?”

Амаль у той самы час графіня казала панне Ізабэле:

– Усё больш і больш пераконваюся, Бэла, што грошы не даюць шчасця. Гэты Вакульскі зрабіў цудоўную, як для яго, кар’еру, але – што з таго? Ужо не займаецца крамаю, а нудзіцца ў Лазенках. Заўважыла, які ў яго панылы твар?

– Панылы? – перапытала панна Ізабэла. – Мне ён здаецца перадусім смешным.

– Я гэтага не прыкмеціла, – здзівілася графіня.

– Дык… непрыемным, – паправілася панна Ізабэла.

Вакульскі не меў адвагі выйсці з Лазенак. Ён хадзіў па другім беразе става і здалёк прыглядаўся да шэрае сукенкі, якая мільгала сярод дрэваў. Толькі праз нейкі час ён заўважыў, што прыглядаецца ажно да дзвюх шэрых сукенак і да трэцяе – блакітнае, і што аніводная з іх не належыць панне Ізабэле.

“Дурань несусветны,” – падумаў ён.

Але лягчэй ад гэтага не стала.

Аднаго дня, у першай палове чэрвеня, пані Мэлітан дала знаць Вакульскаму, што заўтра апоўдні панна Ізабэла будзе на шпацыры з графіняй і – са старшынёвай. Гэта дробная акалічнасць магла мець вельмі важнае значэнне. Бо Вакульскі ад таго незабыўнага Вялікадня некалькі раз наведаў старшынёву і ўпэўніўся, што старая вельмі зычліва да яго ставіцца. Звычайна ён слухаў яе аповеды пра даўнія часы, размаўляў з ёю пра свайго дзядзьку, яны нават дамовіліся пра надмагілле для яго. Невядома, якім чынам у гэтае абмеркаванне ўблыталася імя панны Ізабэлы ды так нечакана, што Вакульскі не здолеў схаваць узрушанасці, твар яго змяніўся, голас зрабіўся глухі.

Старая прыклала пенснэ да вачэй, прыгледзелася да Вакульскага і спытала:

– Ці мне здаецца, ці панна Ленцкая неабыякавая табе?

– Я амаль не ведаю яе… Размаўляў з ёю адзін раз у жыцці, – збянтэжана апраўдваўся Вакульскі.

Старшынёва задумалася і, ківаючы галавою, шапнула:

– Ага…

Вакульскі развітаўся з ёю, але гэтае “ага…” запала яму ў душу. У любым выпадку ён быў пэўны, што старшынёва не вораг яму. І вось, не прайшло і тыдня пасля тае размовы, як ён даведаўся, што старшынёва едзе з графіняю ды паннаю Ізабэлай на шпацыр у Лазенкі. Няўжо яна даведалася, што пані часам сустракаюць яго там?.. А можа, яна хоча іх зблізіць?..

Вакульскі зірнуў на гадзіннік, была трэцяя гадзіна дня.

“Дык тая раніца, – падумаў ён, – праз гадзін… дваццаць чатыры… Не, не так… Праз колькі ж гэта?..”

Ён не мог падлічыць, колькі гадзін міне ад сённяшняе трэцяе да заўтрашняе першае. Яго ахапіў непакой, абедаць ён не стаў, фантазія ляцела наперад, але цвярозы розум стрымліваў яе.

“Пабачым, што будзе заўтра. А раптам дождж або каторая з паняў захварэе?”

Ён выбег на вуліцу і, блукаючы без мэты, паўтараў:

“Ну, пабачым, што будзе заўтра… А можа, яны не спыняць мяне?.. Зрэшты, панна Ізабэла – прыгожая панна, дапусцім, нават надзвычай прыгожая, але толькі панна, не звышнатуральная з’ява. Тысячы таксама вельмі нябрыдкіх ходзяць па свеце, ды і я не збіраюся трымацца зубамі за адну спадніцу. Адштурхне мяне?.. Добра! Дык з яшчэ большым імпэтам кінуся ў абдымкі іншае…”

Увечары ён пайшоў у тэатр, але выседзеў там толькі да канца першага акта. Ізноў туляўся па горадзе, і крок у крок ішла за ім думка пра заўтрашні шпацыр і цьмянае прадчуванне, што заўтра ён наблізіцца да панны Ізабэлы.

Мінула ноч. Ранак. А дванаццатай ён загадаў запрагаць каляску. Напісаў цыдулку ў краму, што прыйдзе пазней, і падраў, надзяваючы, пару пальчатак. Нарэшце ўвайшоў слуга.

“Коні гатовыя!” – мільганула ў Вакульскага.

Ён працягнуў руку па капялюш.

– Князь!.. – абвясціў слуга.

У Вакульскага пацямнела ў вачах.

– Прасі.

Князь увайшоў.

– Дзень добры, пане Вакульскі, – прывітаўся ён. – Пан некуды едзе? Напэўна, на склады або на чыгунку. Але нічога не атрымаецца. Я арыштую пана і забяру да сябе. Буду нават такі няветлівы, што закватарую ў калясцы пана, бо сваёй сёння я не ўзяў. Аднак я ўпэўнены, што пан мне ўсё прабачыць з увагі на цудоўныя навіны.

– Зробіць князь ласку прысесці?

– На хвілінку. Няхай пан толькі ўявіць сабе, – працягваў князь сядаючы, – што я так назаляў нашым панам-братам… Ці добра я сказаў?.. Так іх пераследаваў, пакуль некаторыя не паабяцалі мне прыйсці і паслухаць праект панскае суполкі. Зараз жа я пана забіраю ці, хутчэй, забіраюся разам з панам і  едзем да мяне.

Вакульскі адчуў нешта падобнае да таго, што адчувае чалавек, які з вялікае вышыні грымнуўся грудзямі аб зямлю.

Збянтэжанасць яго не засталася незаўважанай, князь усміхнуўся, прыпісваючы гэта радасці ад свайго візіту і запрашэння. Яму нават у галаву не прыйшло, што Вакульскаму больш важны можа быць шпацыр у Лазенках, чым усе князі і суполкі разам.

– Дык можам ісці? – спытаў князь, падымаючыся з фатэля.

Імгнення бракавала Вакульскаму, каб сказаць, што ён не паедзе і не жадае ніякіх суполак. Але ў той самы момант праскочыла ў яго думка:

“Шпацыр – гэта дзеля мяне, суполка – дзеля яе”.

Ён узяў капялюш і паехаў з князем. Яму здавалася, што каляска едзе не па бруку, а па ягоных уласных мазгах.

“Кабет не здабываць ахвярамі, а толькі сілаю, бадай, кулака…” – прыгадаў ён словы пані Мэлітан. Пад уплывам гэтага афарызма ён хацеў схапіць князя за каўнер ды выкінуць сярод вуліцы. Але гэта працягвалася ўсяго адно імгненне.

Князь, які непрыкметна назіраў за ім, бачыў, што Вакульскі то чырванее, то ледзь не зелянее, і думаў:

“Не спадзяваўся я, што спраўлю такую прыемнасць гэтаму пачціваму Вакульскаму. Так, трэба заўсёды падаваць руку новым людзям…”

У таварыскім коле князя называлі заўзятым патрыётам, амаль шавіністам, па-за таварыствам ён цешыўся рэпутацыяй аднаго з найлепшых абывацеляў. Ён вельмі любіў гаварыць па-польску, і нават змест яго французскіх прамоваў тычыўся публічных спраў.

Ён быў арыстакратам з галавы да пят: душою, сэрцам, крывёю. Ён верыў, што кожнае грамадства складаецца з двух матэрыялаў: звычайнага тлуму і абраных. Звычайны тлум быў творам прыроды і мог паходзіць нават ад малпаў, як гэта, насуперак Святому Пісанню, сцвярджаў Дарвін. Але класы абраныя мелі нейкі вышэйшы пачатак і паходзілі калі не ад багоў, дык, прынамсі, ад іх крэўных, такіх герояў, як Геркулес, Праметэй, у горшым выпадку – Арфей.

У князя быў прыяцель у Францыі – граф (моцна закрануты дэмакратычнаю заразаю), які кпіў з незямнога паходжання арыстакратыі.

– Мой кузіне, – казаў ён, – я мяркую, ты добра не ўяўляеш таго, што тычыцца родаў. Якія вялікія роды? Гэта тыя, у каго продкі былі гетманамі, сенатарамі, ваяводамі, або, па-цяперашняму, маршалкамі, раднымі ці прэфектамі дэпартаментаў. Ну, а мы ж такіх паноў ведаем, нічога ў іх няма надзвычайнага… Валэндаюцца, п’юць, гуляюць у карты, заляцаюцца да кабет, робяць даўгі – як рэшта смяротных, якія, часам, бываюць разумнейшыя за іх.

У князя на твары з’яўляліся чырвоныя плямы.

– Ці давялося табе, кузіне, – адказаў ён, – спаткаць калі-небудзь прэфекта або маршалка з выразам такое велічы, якую мы бачым на партрэтах нашых продкаў?..

– Што ж у гэтым дзіўнага, – рагатаў закрануты заразаю граф. – Мастакі надавалі партрэтам выраз, пра які і сніць не мог арыгінал, падобна, як геральдысты ды гісторыкі апавядалі пра іх казачныя легенды. Усё гэта падман, мой кузіне!.. Гэта толькі дэкарацыі і касцюмы, якія з аднаго Войтка робяць князя, а з іншага – парабка. У сапраўднасці і адзін, і другі толькі марныя акцёры.

– На глум, кузіне, няма рады! – злаваўся князь і ўцякаў.

Ён бег да сябе, клаўся на шэзлонг, закладаў за галаву рукі і, гледзячы ў столь, бачыў, як рухаліся па ёй постаці нялюдскага росту, сілы, адвагі, розуму, бескарыслівасці. Гэта былі продкі яго і графа, толькі вось граф адракаўся ад іх. Няўжо ў ім быў нейкі дамешак крыві?..

Тлумам звычайных смяротных князь не толькі не пагарджаў, але, наадварот, быў зычлівы, нават сутыкаўся з ім і цікавіўся яго патрэбамі. Ён уяўляў сябе адным з тых Прамятэяў, што маюць ганаровы абавязак дастаўляць на зямлю гэтым бедным людзям агонь з неба. Зрэшты, рэлігія загадвала яму прыхільна ставіцца да драбнаты, і князь пунсавеў ад думкі, што большасць таварыства стане некалі перад Божым Судом, не маючы такога кшталту заслугаў.

Дык каб самому ўнікнуць гэткага сораму, ён наведваў і нават збіраў у сябе дома розныя сесіі, выдаткоўваў па дваццаць пяць і па сто рублёў на розныя публічныя акцыі, а перадусім няспынна турбаваўся пра няшчаснае становішча краю і кожную сваю прамову сканчаў фразаю:

– Бо, панове, дбайма найперш пра тое, каб адрадзіць наш няшчасны край…

І пасля гэтых слоў ён адчуваў, як з сэрца ў яго спадае нейкі цяжар, тым большы, чым больш было слухачоў або чым больш грошай ён выдаткаваў.

Сабраць сесію, заахвоціць да дзейнасці і пакутаваць –няспынна пакутаваць з-за долі няшчаснага краю – вось, паводле ягонага меркавання, быў абавязак грамадзяніна. Каб у яго, аднак, запытацца, ці пасадзіў ён калі дрэва, цень ад якога бараніў бы людзей і зямлю ад спёкі, або ці прыняў ён калі з дарогі камень, які нявечыць коням капыты, ён бы шчыра здзівіўся.

Ён адчуваў і мысліў, прагнуў і пакутаваў – за мільёны. Толькі нічога ніколі не зрабіў ён карыснага. Яму здавалася, што няспыннае хваляванне за лёс усяго краю мае невымерна большую вартасць, чым узяць ды выцерці нос смаркатаму дзіцяці.

У чэрвені фізіяномія Варшавы ўвачавідкі мяняецца. Пустыя да гэтага гатэлі запаўняюцца і даражэюць, на шматлікіх будынках з’яўляюцца абвесткі: “Здаюцца апартаменты з мэбляю на некалькі тыдняў”. Усе брычкі занятыя, усе пасланцы некуды бягуць. На вуліцах, у парках, у тэатрах, у рэстаранах, на выставах, у крамах і магазінах дамскіх строяў з’яўляюцца постаці, якія не спаткаць тут у іншы час. Гэта мажныя і асмуглыя мужчыны ў сініх з казырком шапках, у вялізных чаравіках, у цесных пальчатках, у касцюмах вымыслу правінцыйнага краўца. Іх суправаджаюць грамадкі дам, якія не адзначаюцца прыгажосцю або варшаўскім шыкам, а таксама гэткія ж грамадкі цельпукаватых разявакаў дзяцей, ад якіх патыхае здароўем.

Адны з вясковых гасцей прыязджаюць сюды з воўнаю на кірмаш, другія – на скачкі, іншыя – каб паглядзець на воўну і на скачкі, тыя – дзеля спаткання з суседзямі, ад якіх дома аддзяляе іх нейкая вярста дарогі, гэтыя – каб асвяжыцца ў сталіцы мутнаю вадою ды пылам, а нехта пакутуе некалькі дзён у дарозе, сам не ведаючы навошта.

Падобным з’ездам скарыстаўся князь, каб зблізіць Вакульскага з землеўласнікамі.

Князь на другім паверсе свайго палаца меў вялікія ўласныя пакоі. Частка з іх – кабінет гаспадара, бібліятэка і курыльня – былі месцам мужчынскіх сходаў, на якіх князь прадстаўляў свае або чужыя праекты, што тычыліся публічных спраў. Здаралася гэта па некалькі разоў на год. Апошняя веснавая сесія нават была прысвечаная пытанню шрубавых суднаў на Вісле, пры гэтым вельмі выразна акрэсліліся тры партыі. Першая – з князя і яго асабістых прыяцеляў – патрабавала гэтых суднаў, а другая, мяшчанская, прызнаючы, у прынцыпе, прыгажосць праекту, лічыла яго, аднак, несвоечасовым, і не хацела даваць на гэта грошы. Трэцяя партыя складалася толькі з двух асобаў: аднаго тэхніка, які сцвярджаў, што шрубавыя судны не могуць плаваць па Вісле, і аднаго глухаватага магната, які на ўсе звароты, скіраваныя да яго кішэні, адказваў так:

– Прашу гучней, бо я нічога не чую.

Князь з Вакульскім прыехалі а першай, а праз чвэрць гадзіны пачалі сыходзіцца і з’язджацца іншыя ўдзельнікі сесіі. Князь вітаў кожнага ласкава і нязмушана, прадстаўляў ім Вакульскага, а потым падкрэсліваў госця ў спісе запрошаных вельмі доўгім і вельмі чырвоным алоўкам.

Адным з першых гасцей быў пан Ленцкі, ён адвёў Вакульскага ўбок і яшчэ раз распытаў яго пра мэту і сэнс суполкі, да якое гарнуўся ўжо ўсёй душою, але за клопатамі не мог запомніць ніякіх падрабязнасцяў пра яе. Тым часам іншыя панове прыглядаліся да чужынца і напаўголаса абмяркоўвалі яго.

– Мацак! – шапнуў таўсматы маршалак, падміргваючы ў бок Вакульскага. – Шчаціна на галаве, як у кабана, грудзіна – падаю да ног! Вока пільнае… Гэты б на паляванні быў нястомны!

– І твар, пане… – дадаў барон з фізіяноміяй Мефістофеля. – Чало, пане, вус, пане… малая гішпанка, пане… Зусім, пане… зусім… Рысы крыху, пане… але наогул, пане…

– Пабачым, які ён будзе ў справе, – дадаў крыху прыгорблены граф.

– Увішны, рызыкоўны, тэк, – азваўся, нібы са студні, другі граф, які сядзеў выпрастаны на крэсле, насіў вялікія фаварыты і парцалянавымі вачыма глядзеў проста перад сабою, як англічанін з “Journal Amusant[125].

Князь прыўзняўся з фатэля і адкашляўся, сход прымоўк, дзякуючы чаму ўсе пачулі канец апавядання маршалка:

– Глядзім мы на лес, а тут нешта пішчыць пад капытамі. Уяві сабе, васан дабрадзей, хорт, ідучы пры конях на прывязі, задушыў у разоры русака!..

Пры гэтых словах маршалак пляснуў вялізнай далонню па сцягне, з якога мог бы выкраіць сабе сакратара і ягонага памочніка.

Князь кашлянуў другі раз, маршалак збянтэжыўся і вялізнаю шаўковаю насоўкаю абцёр спатнелы лоб.

– Шаноўныя панове, – пачаў князь. – Наважыўся я патурбаваць шаноўных паноў у пэўнай… надта важнай справе публічнай, якая, як мы ўсе гэта адчуваем, павінна заўсёды стаяць на варце нашых публічных спраў… Хацеў сказаць… нашых ідэяў… то бок…

Князь, падобна, сумеўся, але хутка авалодаў сабою і працягваў:

– Гаворка пра спра… то бок, пра план, а хутчэй… праект стварэння суполкі для спрыяння ў гандлі…

– Збожжам, – падаў голас нехта з кутка.

– Уласна кажучы, – працягваў князь, – гаворка не пра гандаль збожжам, а…

– Акавітаю,  – паспешліва падказаў той самы голас.

– Але ж, не!.. Пра гандаль, а хутчэй, пра спрыянне ў гандлі паміж Расіяй і замежжам таварамі, ну… таварамі… Бо наш горад адпавядае, каб стаць цэнтрам гэтакага…

– А што ж гэта за тавары? – запытаўся прыгорблены граф.

– Прафесійныя падрабязнасці мае ласку растлумачыць нам пан Вакульскі, чалавек… чалавек прафесійны, – закончыў князь. – Памятайма, аднак, панове, пра абавязкі, якія на нас накладае клопат пра справы публічныя і гэты няшчасны край…

– Далібог, зараз жа даю дзесяць тысяч рублёў!.. – выгукнуў маршалак.

– На што? – спытаў граф, які ўдаваў аўтэнтычнага англічаніна.

– Якая розніца! – важна адказаў маршалак. – Я пастанавіў пакінуць у Варшаве пяцьдзясят тысяч рублёў, дык няхай дзесяць пойдзе на дабрачынныя мэты, бо каханы наш князь цудоўна гаворыць!.. Разумна і з сэрцам, далібог…

– Перапрашаю, – азваўся Вакульскі, – але гаворка не пра дабрачынную суполку, а пра суполку, якая забяспечыць прыбыткі.

– Во як!.. – азваўся прыгорблены граф.

Тэк!.. – пацвердзіў граф-англічанін.

– Які там прыбытак з дзесяці тысяч! – запярэчыў маршалак. – З торбаю давялося б ісці пад Вострую Браму[126] з гэтакімі прыбыткамі.

Прыгорблены граф выбухнуў:

– Прашу слова ў абмеркаванні пытання: ці маем мы права грэбаваць малымі прыбыткамі! Гэта нас нішчыць! Гэта, панове… – крычаў ён, стукаючы пазногцем у парэнчу фатэля.

– Граф, – далікатна спыніў яго князь, – пан Вакульскі мае слова.

Тэк!.. – падтрымаў яго граф-англічанін і пачухаў свае буйныя фаварыты.

– Дык просім шаноўнага пана Вакульскага, – пачуўся новы голас, – каб тую публічную справу, якая нас усіх тут сабрала ў гасцінным доме князя, ён меў ласку прадставіць нам з уласцівай яму яснасцю і змястоўнасцю.

Вакульскі паглядзеў на таго, хто надзяляў яго яснасцю і змястоўнасцю. Гэта быў славуты адвакат, прыяцель і правая рука князя; ён любіў выказвацца красамоўна, адбіваючы такт рукою і прыслухоўваючыся да ўласных выслоўяў, якія заўсёды знаходзіў адметнымі.

– Толькі каб усім было зразумела, – буркнуў нехта з кутка, занятага шляхтаю, што ненавідзела магнатаў.

– Як вядома панам, – пачаў Вакульскі, – Варшава з’яўляецца гандлёваю станцыяй паміж Еўропаю заходняй і ўсходняй. Тут збіраецца і праходзіць праз нашы рукі частка тавараў французскіх і нямецкіх, прызначаных у Расію, з чаго мы маглі б мець пэўны прыбытак, каб наш гандаль…

– Не знаходзіўся ў руках жыдоў, – пачулася з боку стала, пры якім сядзелі купцы і прамыслоўцы.

– Не, – адказаў Вакульскі. – Прыбытак можа быць тады, калі б наш гандаль быў самавіты.

– З жыдамі не можа быць самавітага…

– Сёння, аднак, – перапыніў адвакат князя, – шаноўны пан Вакульскі дае нам магчымасць замяніць старазаконны капітал хрысціянскім…

– Пан Вакульскі сам далучае жыдоў да гандлю, – прагучаў закід апанента з купецкага стану.

Стала ціха.

– Тое, як я вяду свае справы, нікога не тычыцца, – працягваў Вакульскі. – Я паказваю панам шлях, як наладзіць гандаль Варшавы з замежжам, што з’яўляецца першай паловаю майго праекта і адной з крыніц даходу для краёвага капіталу. Другая крыніца – гэта гандаль з Расіяй. Там ёсць тавары, патрэбныя нам і танныя. Суполка, якая б імі занялася, магла б мець ад пятнаццаці да дваццаці працэнтаў гадавых з укладзенага капіталу. На першае месца ставім тканіны…

– Гэта азначае падрываць нашу прамысловасць, – пачуўся голас апанента з купецкае групы.

– Мяне не цікавяць фабрыканты, а толькі спажыўцы… – адказаў Вакульскі.

Купцы і прамыслоўцы пачалі шаптацца між сабою, незадаволена пазіраючы на Вакульскага.

– Вось і дабраліся мы да публічнага інтарэсу!.. – узрушаным голасам выгукнуў князь. – Пытанне паўстае такое: ці праекты шаноўнага пана Вакульскага карысная з’ява дзеля краю? Пане мецэнаце, – звярнуўся князь да адваката, адчуваючы патрэбу ў ягонай падтрымцы ў гэткай крыху клапатлівай сітуацыі.

– Шаноўны пан Вакульскі, – пачаў прамаўляць адвакат, – няхай мае ласку з уласцівай яму грунтоўнасцю растлумачыць нам: ці дастаўка тых тканін аж з гэткай далечыні не прынясе стратаў нашым фабрыкам?

– Найперш, – сказаў Вакульскі, – гэтыя нашы фабрыкі з’яўляюцца не нашымі, а нямецкімі…

– Ого! – выгукнуў апанент з групы купцоў.

– Я гатовы, – працягваў Вакульскі, – зараз жа пералічыць фабрыкі, дзе ўся адміністрацыя і ўсе работнікі з лепшым заробкам – немцы, дзе капітал нямецкі і кіраўнічая рада знаходзіцца ў Нямеччыне, дзе, нарэшце, наш работнік не мае магчымасці павысіць сваю кваліфікацыю, а з’яўляецца парабкам, які мала зарабляе, трывае кепскае абыходжанне і, у дадатак, яшчэ германізаваны…

– Гэта істотна! – заўважыў прыгорблены граф.

Тэк… – прашаптаў англічанін.

– Далібог, адчуваю ўзрушанасць, слухаючы! – гучна прамовіў маршалак. – Ніколі б не падумаў, што падобная размова можа выклікаць гэтулькі эмоцый… Я хутка вярнуся…

І ён патупаў з кабінета, ажно падлога ўгіналася пад нагамі.

– Ці ёсць патрэба называць прозвішчы? – запытаўся Вакульскі.

Група купцоў і прамыслоўцаў прадэманстравала ў гэты момант довад рэдкае абачлівасці, не дамагаючыся прозвішчаў. Адвакат ускочыў з фатэля, замахаў рукамі і гучна прапанаваў:

– Мяркую, што нам не варта больш затрымлівацца на мясцовых фабрыках, а трэба вярнуцца да нашага пытання. Цяпер шаноўны пан Вакульскі няхай мае ласку з уласцівай яму вобразнасцю растлумачыць: якую пазітыўную карысць з яго праекту будзе мець…

– Наш няшчасны край, – закончыў князь.

– Мяркуйце самі, панове, – сказаў Вакульскі, – каб локаць майго паркалю каштаваў толькі на два грошы танней, чым цяпер, дык на кожным мільёне купленых тут локцяў насельніцтва зэканоміла б дзесяць тысяч рублёў…

– Што там нейкія дзесяць тысяч рублёў?! – задаўся пытаннем маршалак, які ўжо вярнуўся ў кабінет, але яшчэ не зарыентаваўся, пра што гаворка.

– Гэта шмат… вельмі шмат! – выгукнуў прыгорблены граф. – Калі навучымся шанаваць даходы на грош…

Тэк… Пенс з’яўляецца бацькам гінеі, – дадаў граф, стылізаваны пад англічаніна.

– Дзесяць тысяч рублёў, – працягваў Вакульскі, – гэта фундамент дабрабыту – сама мала – дваццаці сям’яў.

– Кропля ў моры, – буркнуў адзін з купцоў.

– Але ёсць яшчэ адна акалічнасць, – казаў далей Вакульскі, – якая, праўда, тычыцца толькі капіталістаў. У маім распараджэнні тавараў на тры-чатыры мільёны рублёў штогод…

– Падаю ў ногі! – прашаптаў маршалак.

– Гэта не мой маёнтак, – патлумачыў Вакульскі, – мой значна сціплейшы…

– Падабаюцца мне такія! – прамовіў прыгорблены граф.

Тэк… – дадаў англічанін.

– Гэтыя тры мільёны рублёў складаюць мой асабісты крэдыт і прыносяць мне вельмі малы працэнт, як пасярэдніку, – тлумачыў Вакульскі. – Аднак магу паведаміць, што пры замене крэдыту гатоўкаю прыбытак склаў бы ад пятнаццаці да дваццаці працэнтаў, а можа, і больш. Гэта можа зацікавіць тых паноў, хто трымае грошы ў банках пад нізкі працэнт. Грошы маюць у сваім абароце іншыя і атрымліваць з іх даходы. Дык я прапаную панам магчымасць непасрэднага іх выкарыстання і павелічэння ўласных даходаў. Я скончыў.

– Дасканала! – выгукнуў прыгорблены граф. – Аднак, ці не можна даведацца больш падрабязнасцяў?

– Іх я магу паведаміць толькі маім супольнікам, – адказаў Вакульскі.

– Я гатовы, – адказаў прыгорблены граф і падаў яму руку.

Тэк, – дадаў псеўда-англічанін, працягваючы Вакульскаму два пальцы.

– Мае панове! – азваўся лысы мужчына з групы шляхты, якая ненавідзела магнатаў. – Гаворыце вы тут пра гандаль паркалем, які нас зусім не цікавіць… Але, панове!.. – працягваў ён слёзным тонам, – мы маем тут збожжа ў засеках, мы маем тут акавіту на складах, на якой нажываюцца пасярэднікі гэткім чынам, што… аж слоў не хапае… нягодным…

Ён азірнуўся навокал. Група шляхты, якая пагарджала магнатамі, пачала яму апладзіраваць.

Твар князя ўжо не проста прамяніўся сціплаю радасцю, а ззяў бляскам сапраўднага натхнення.

– Але ж, панове! – загукаў ён. – Сёння мы абмяркоўваем гандаль тканінамі, а заўтра і паслязаўтра хто ж забароніць нам парадзіцца наконт іншых пытанняў? Дык я прапаную…

– Далібог, цудоўна гаворыць каханы наш князь, – закрычаў маршалак.

– Слухайма… слухайма! – падтрымаў яго адвакат, старанна дэманструючы, як ён намагаецца не даваць волі свайму захапленню.

– Дык, панове, панове, – працягваў узрушаны князь, – прапаную яшчэ наступныя сесіі: адну – у справе гандлю збожжам, другую – у справе гандлю акавітай…

– А крэдыт для землеўласнікаў? – запытаўся нехта з непрымірымае шляхты.

– Трэцюю – у справе крэдыту для землеўласнікаў, – згадзіўся князь. – Чацвёртую…

Тут ён запнуўся.

– Чацвёртую і пятую, – падхапіў адвакат, – прысвецім разгляду агульнае эканамічнае сітуацыі…

– Нашага няшчаснага краю, – скончыў князь ужо ледзь не са слязьмі на вачах.

– Панове! – голасна выгукнуў адвакат і выцер нос, акцэнтуючы сваю расчуленасць. – Ушануйма нашага гаспадара, знакамітага абывацеля, найшляхетнейшага з людзей…

– Дзесяць тысяч рублёў, далібог!.. – закрычаў маршалак.

– …уставаннем! – хутка скончыў адвакат.

– Брава!.. Няхай жыве князь!.. – загучалі воклічы пад акампанемент тупату ног і грукату крэслаў.

Група шляхты, што пагарджала арыстакратыяй, крычала гучней за ўсіх.

Князь пачаў абдымаць сваіх гасцей, зусім ужо не пануючы над сваёй узрушанасцю; яму дапамагаў адвакат, які цалаваў кожнага, а сам, не саромеючыся, плакаў. Некалькі чалавек акружыла Вакульскага.

– Уступаю з пяццюдзесяццю тысячамі рублёў на пачатак, – казаў згорблены граф. – А праз год… пабачым…

– Трыццаць, пане… трыццаць тысяч рублёў, пане… Вельмі, пане… вельмі! – дадаў барон з фізіяноміяй Мефістофеля.

– І я трыццаць тысяч… тэк! – дадаў граф-англічанін, ківаючы галавою.

– А я дам у два… у тры разы больш, чым… каханы князь. Далібог! – сказаў маршалак.

Некалькі апанентаў з купецкае групы таксама падышлі да Вакульскага. Яны маўчалі, але іх позіркі былі ў сто разоў больш красамоўныя, чым словы.

Следам за імі наблізіўся да Вакульскага чалавек малады, мізэрны, з рэдзенькаю бародкаю і несумненнымі прыкметамі заўчаснае спарахнеласці. Вакульскі сустракаў яго на розных прадстаўленнях, зрэшты, і на вуліцы, калі таго везлі самыя хвацкія рамізнікі.

– Я – Марушэвіч, – сказаў выпетраны малады чалавек, лагодна ўсміхаючыся. – Прабачыць пан, што я прадстаўляюся гэтак бесцырымонна і, у дадатак, маю просьбу…

– Слухаю пана.

Маладзён узяў Вакульскага пад руку і павёў да вакна, кажучы:

– Адразу выкладваю карты на стол, з такімі людзьмі, як пан, нельга іначай. Я бедны, у мяне добрыя памкненні, і я хацеў бы знайсці занятак. Пан стварае суполку, ці не мог бы я працаваць пад кіраўніцтвам пана?

Вакульскі ўважліва глядзеў на яго. Прапанова, якую ён чуў, неяк не пасавала да лядашчага выгляду і неспакойнага позірку маладзёна. Вакульскі адчуў антыпатыю, але запытаўся:

– А што пан умее? Якая ў пана спецыяльнасць?

– Спецыяльнасці я, бачыць пан, яшчэ не выбраў, але ў мяне вялікія здольнасці і магу заняцца чым заўгодна.

– А на які заробак пан разлічвае?

– Тысячу… дзве тысячы рублёў… – адказаў заклапочаны маладзён.

Вакульскі міжвольна паківаў галавою.

– Я сумняюся, – адказаў ён, – што ў нас будуць пасады, якія адпавядаюць панскім патрабаванням. Няхай пан, аднак, зойдзе калі-небудзь да мяне.

Пасярэдзіне кабінета прыгорблены граф пачаў прамаўляць.

– Такім чынам, шаноўныя панове, – казаў ён, – у прынцыпе мы ўступаем у суполку, якую прапанаваў пан Вакульскі. Справа гэта, падаецца, добрая, і цяпер неабходна толькі абмеркаваць падрабязнасці і скласці акт. Дык запрашаю паноў, якія жадаюць быць удзельнікамі, да мяне заўтра ўвечары а дзявятай…

– Буду ў цябе, каханы граф, далібог, – азваўся таўстун маршалак, – і, можа, яшчэ прывяду табе колькі ліцвінаў, ну, але скажы мне, чаму мы павінны ўваходзіць у купецкія суполкі?.. Няхай бы ўжо самі купцы…

– Хоць бы таму, – горача адказаў граф, – каб не казалі, што мы нічога не робім, толькі стрыжэм купоны…

Князь папрасіў слова.

– Зрэшты, – сказаў ён, – мы маем у планах яшчэ дзве суполкі: для гандлю збожжам і акавітай. Хто не захоча належаць да аднае, можа належаць да другое… Апроч таго, запросім шаноўнага пана Вакульскага, каб ён пажадаў удзельнічаць і ў іншых нашых нарадах…

Тэк!.. – пацвердзіў граф-англічанін.

– І з уласцівым яму талентам меў ласку асвятляць пытанні, – скончыў адвакат.

– Я не ўпэўнены, што буду ў гэтых пытаннях карысны панам, – адказаў Вакульскі. – Меў, праўда, я дачыненні са збожжам і акавітаю, але гэта было ў выключных умовах. Важная там была колькасць і хуткасць дастаўкі, а не кошт… Я не знаюся, зрэшты, на тутэйшым гандлі збожжам.

– Будуць знаўцы, шаноўны пане Вакульскі, – супакоіў яго адвакат. – Яны прадставяць дэталі справы, якія пан меў бы ласку толькі ўпарадкаваць і растлумачыць з уласцівай яму геніяльнасцю…

– Просім… вельмі просім!.. – закрычалі графы, а за імі – яшчэ гучней – шляхта, што ненавідзела магнатаў.

Была ўжо пятая гадзіна, і прысутныя пачалі разыходзіцца. У гэты момант Вакульскі заўважыў, як з дальніх пакояў ідзе да яго пан Ленцкі ў таварыстве маладога чалавека, якога ён ужо бачыў побач з паннаю Ізабэлаю падчас квесты і на свянцоным у графіні. Паны спыніліся каля яго.

– Дазволь, пане Вакульскі, – звярнуўся да яго Ленцкі, – прадставіць табе пана Юльяна Ахоцкага. Наш кузін… трохі арыгінал, але…

– Я даўно ўжо хацеў пазнаёміцца і пагутарыць з панам, – сказаў Ахоцкі, паціскаючы руку.

Вакульскі моўчкі глядзеў на яго. Маладому чалавеку не было яшчэ і трыццаці, і ён, сапраўды, меў незвычайную фізіяноміяю. Здавалася, што ў яго рысы Напалеона першага, зацененыя воблакам рамантычнасці.

– У які бок пан накіроўваецца? – спытаў малады чалавек Вакульскага. – Магу пана суправаджаць.

– Навошта пану турбавацца…

– О, у мяне досыць часу, – адказаў малады чалавек.

“Чаго ён ад мяне хоча?” – падумаў Вакульскі, а ў голас прамовіў:

– Можам пайсці ў бок Лазенак…

– Чаму не, – згадзіўся Ахоцкі. – Я вярнуся яшчэ на момант, каб развітацца з князем, і даганю пана.

Ледзьве ён адышоў, як падхапіў Вакульскага адвакат.

– Віншую пана з поўным трыумфам, – сказаў ён напаўголаса. – Князь літаральна закаханы ў пана, абодва графы і барон таксама… Яны арыгіналы, як пан заўважыў, але маюць добрыя намеры… Хацелі б нешта рабіць, маюць нават розум і адукацыю, але… энергіі не хапае!.. Хвароба волі, пане: цэлы клас ёю заражаны… Усё маюць: грошы, тытулы, пашану, нават поспех у кабет, дык няма чаго ўжо і жадаць. Дык не маючы гэтае спружыны, пане Вакульскі, мусяць яны быць прыладаю ў руках людзей новых і амбітных… Мы, пане, мы яшчэ шмат чаго жадаем, – дадаў ён яшчэ цішэй. – Іх шчасце, што натрапілі на нас…

Вакульскі не адказваў яму ні слова, таму ў адваката закралася думка, што ён мае справу з вельмі дасведчаным дыпламатам, і ў душы ён ужо пашкадаваў, што быў занадта шчыры.

“Зрэшты, – думаў адвакат, скоса пазіраючы на Вакульскага, – хоць бы нават ён і пераказаў князю нашу размову, што з таго?.. Скажу, што хацеў яго выпрабаваць…”

“У якіх амбіцыях ён мяне падазрае?..” – сам сабе задаваў пытанне Вакульскі.

Ён развітаўся з князем, паабяцаў з гэтае пары бываць на ўсіх сесіях, выйшаў на вуліцу і адаслаў каляску дадому.

“Чаго ж трэба ад мяне гэтаму пану Ахоцкаму?” – думаў ён падазрона. – Ясна, што цікавіць яго панна Ізабэла… Можа, ён намерваецца адстрашыць мяне?.. Ёлупень… Калі яна яго кахае, дык не трэба яму і слова казаць, я сам адыду… Але, калі яна яго не кахае, дык няхай сцеражэцца, спрабуючы прыбраць мяне з дарогі… Здаецца, я гатовы зрабіць капітальную бязглуздзіцу ў жыцці, вядома, з-за панны Ізабэлы. Абы ён не трапіў пад руку, шкода хлопца…”

У браме пачуліся хуткія крокі, Вакульскі павярнуў галаву і ўбачыў Ахоцкага.

– Пан чакаў? Перапрашаю! – сказаў малады чалавек.

– Пойдзем у бок Лазенак? – спытаў Вакульскі.

– Чаму не.

Нейкі час яны ішлі моўчкі. Малады чалавек быў задумлівы. Вакульскі расцвелены.

Ён пастанавіў адразу ўхапіць быка за рогі.

– Пан з’яўляецца блізкім кузінам панства Ленцкіх? – запытаўся ён.

– Крыху роднімся, – адказаў малады чалавек. – Маці мая была Ленцкая, – прамовіў ён іранічна, – але бацька ўсяго толькі Ахоцкі. Гэта моцна аслабляе сямейныя сувязі… Пана Тамаша, які мне дзядзька па матчынай лініі, я не ведаў бы да сённяшняга дня, каб ён не страціў маёнтак.

– Пані Ленцкая вельмі вытанчаная асоба, – заўважыў Вакульскі, гледзячы проста перад сабою.

– Вытанчаная? – паўтарыў Ахоцкі. – Лепш няхай пан скажа: багіня! Калі я размаўляю з ёю, мне здаецца, што яна магла б запоўніць усё маё жыццё. Каля яе я адчуваю спакой і забываюся пра тугу, што не адпускае мяне. Але што ж!.. Я не здолеў бы сядзець пры ёй днямі ў салоне, а яна са мною – у лабараторыі…

Вакульскі спыніўся сярод вуліцы.

– Пан займаецца фізікай ці хіміяй?.. – запытаўся ён здзіўлена.

– Ах, чым я толькі не займаюся!.. – адказаў Ахоцкі. – Фізіка, хімія і тэхналогія… Зрэшты, я скончыў прыродазнаўчы факультэт ва ўніверсітэце і механічны ў політэхнічным… Займаюся ўсім патроху, чытаю і працую з раніцы да ночы, але – не раблю нічога. Удалося мне крыху палепшыць мікраскоп, сканструяваць нейкую новую хімічную батарэю, нейкую там лямпу…

Здзіўленне Вакульскага расло.

– Дык пан якраз той Ахоцкі – вынаходнік?..

– Я, – пацвердзіў малады чалавек. – Ну, але што з таго?.. Нічога істотнага. Як падумаю, што ў дваццаць восем гадоў я гэтак мала паспеў зрабіць, дык упадаю ў роспач. Хочацца мне тады паразбіваць усё ў маёй лабараторыі ды кінуцца ў вір салоннага жыцця, куды мяне стараюцца ўцягнуць, альбо – стрэліць сабе ў лоб… Батарэя Ахоцкага альбо электрычная лямпа Ахоцкага… Якое глупства!.. Рвацца некуды з самага дзяцінства і спыніцца на нейкай лямпе – гэта жахліва… Пражыць ледзь не палову жыцця і не знайсці нават следу таго шляху, якім хацелася б ісці – няма рады!..

Малады чалавек змоўк, яны былі ўжо ў Батанічным садзе, таму ён зняў капялюш. Вакульскі ўважліва назіраў за ім і зрабіў новае адкрыццё. Малады чалавек, хоць і выглядаў элегантна, але зусім не быў франтам, нават, здавалася, ён не клапаціўся пра свой выгляд. Валасы былі растрапаныя, гальштук крыху перакошаны, гузік на камізэльцы незашпілены. Можна было здагадацца, што нехта пільна сочыць за яго бялізнаю і гардэробам, з якім сам ён, аднак, абыходзіцца нядбала, і менавіта гэта нядбальства, якое праяўлялася надзіва шляхетным чынам, надавала яму своеасаблівую прывабнасць. Рухі яго былі нязмушаныя, бязладныя, але прыгожыя. Гэткая ж прыгожая была ў яго манера глядзець, слухаць, а хутчэй, не слухаць, і нават – губляць капялюш.

Яны падняліся на ўзгорак, з якога відаць было студню, празваную “кругляком[127]”. Навокал шпацыравала мноства люду, але Ахоцкага гэта не бянтэжыла і ён, паказаўшы капелюшом на адну з лавак, працягваў:

– Я неаднойчы чытаў, што шчаслівы той чалавек, у якога вялікія амбіцыі. Гэта няпраўда. Бо ў мяне якраз занадта вялікія імкненні, аднак яны робяць мяне смешным і адштурхоўваюць блізкіх людзей. Зірні, пан, на тую лаўку… Тут у пачатку чэрвеня, увечары, дзесьці а дзясятай гадзіне сядзелі мы з кузінкаю і паннаю Фларэнтынай. Свяціў месяц і нават салаўі яшчэ спявалі. Настрой у мяне быў рамантычны. Нечакана кузінка запыталася: “Ведаеш, кузіне, астраномію?” – “Крыху”. – “Дык скажы мне, якая гэта зорка?” – “Не ведаю, – адказаў я, – але адно дакладна, што ніколі мы не трапім на яе. Чалавек прымацаваны да зямлі, як вустрыца да скалы…” У гэты момант, – працягваў далей Ахоцкі, – абудзілася мая ідэя, ці нават манія… пра лятальныя машыны. А з-за таго, што калі думаю, я мушу хадзіць, дык я ўстаў з лаўкі і без развітання пайшоў ад кузінкі!.. На другі дзень панна Флора назвала мяне грубіянам, пан Ленцкі – арыгіналам, а кузінка цэлы тыдзень не хацела са мной размаўляць… І каб яшчэ нешта прыдумаў, дык не, абсалютна нічога. Хоць, здавалася, я мог паклясціся, што не паспею спусціцца з пагорка да студні, як народзіцца ў маёй галаве, прынамсі, прыкладны эскіз лятальнае машыны… Глупства якое, праўда?..

“Дык яны тут сядзяць вечарамі ў святле месяца, слухаючы салаўёў?... – падумаў Вакульскі і адчуў страшны боль у сэрцы. Панна Ізабэла ўжо кахае Ахоцкага, а калі яшчэ не кахае, дык толькі з-за ягоных дзівацтваў… Ну і слушна… прыгожы чалавек і незвычайны…”

– Натуральна, – правіў сваё Ахоцкі, – я і слова не сказаў пра гэта сваёй цётцы, якая мае звычку кожны раз, калі прышпільвае мне нейкую запінку, паўтараць: “Каханы Юлік, пастарайся спадабацца Ізабэле, бо гэта жонка акурат для цябе… Разумная і прыгожая, адна яна вылечыла б цябе ад тваіх трызненняў…” А я думаю сабе тым часам, што гэта за жонка для мяне?.. Каб, хаця, магла быць мне памочніцай, дык не бяды… Але хіба ж яна пакіне салон, каб сядзець у лабараторыі? Мае рацыю – гэта адпаведнае для яе атачэнне, птушка патрабуе паветра, рыба – вады… Ах, які цудоўны вечар!.. – дадаў ён праз момант. – Я сёння гэткі ўзрушаны, як ніколі. Але… што з панам такое, пане Вакульскі?

– Крыху стаміўся, – адказаў Вакульскі. – Можа б мы прыселі, хоць вось тут…

Яны ўселіся на схіле пагорка, на мяжы з Лазенкамі. Ахоцкі абапёр бараду на калені і глыбока задумаўся. Вакульскі глядзеў на яго з дзіўным адчуваннем: захапленне мяшалася з нянавісцю.

“Прастакаваты ці хітры?.. Навошта ён усё гэта мне расказвае?” – думаў Вакульскі.

Але мусіў прызнаць, што балбатня Ахоцкага мела тыя самыя адзнакі шчырасці і няўважлівасці, што і ягоныя рухі ды, зрэшты, усё ягонае аблічча. Яны спаткаліся ўпершыню, і ўжо Ахоцкі размаўляў з ім так, нібы яны былі знаёмыя з дзяцінства.

“Трэба скончыць з гэтым”, – сказаў сабе Вакульскі і глыбока ўздыхнуў перад тым, як запытацца:

– Дык пан жэніцца, пане Ахоцкі?..

– Хіба, каб звар’яцеў, – прабурчаў малады чалавек, паціскаючы плячыма.

– Як?.. Кузінка ж падабаецца пану?

– І нават вельмі, але гэтага не дастаткова. Я б ажаніўся з ёю, каб меў пэўнасць, што ўжо нічога ў навуцы не зраблю…

У сэрцы Вакульскага разам з нянавісцю і захапленнем бліснула радасць. У гэты момант Ахоцкі пацёр лоб, нібы абуджаны са сну, і, пазіраючы на Вакульскага, раптам сказаў:

– Але, але… Я і забыўся, што маю важнае пытанне да пана…

“Чаго ён хоча?..” – падумаў Вакульскі, уражаны сур’ёзным позіркам свайго канкурэнта і нечаканаю зменаю тону. Здавалася, што гэта гаворыць зусім іншы чалавек.

– Хачу задаць пану пытанне… не… два пытанні, вельмі асабістыя, а можа, нават і недалікатныя, – казаў Ахоцкі. – Не абразіцца пан?..

– Слухаю, – адказаў Вакульскі.

Каб ён ужо стаяў на эшафоце, дык не было б у яго гэткага страшнага адчування, як у гэту хвіліну. Ён быў упэўнены, што гаворка пра панну Ізабэлу, і якраз тут вырашыцца ягоны лёс.

– Пан быў прыроднікам? – спытаў Ахоцкі.

– Так.

– І ў дадатак прыроднікам-энтузіястам. Я ведаю, праз што давялося пану прайсці, і даўно шаную пана за гэта… Апроч таго, я нават больш скажу… Цягам апошняга году нават сама згадка пра тыя цяжкасці, якія пераадольваў пан, дадавала мне сілы… Я казаў сабе: зраблю хоць тое, што гэты чалавек, а як не маю такіх перашкодаў, дык – пайду і далей за яго…

Вакульскі слухаў і думаў, што ён трызніць, або гэта размова з вар’ятам.

– Адкуль пан гэта ведае?.. – запытаўся ён у Ахоцкага.

– Ад доктара Шумана.

– Ах, ад Шумана. Але пра што мы гаворым?..

– Зараз скажу, – адказаў Ахоцкі. – Пан быў прыроднікам-энтузіястам і… урэшце кінуў пан займацца навукаю. Дык вось, у колькі гадоў аслабеў запал пана?..

Вакульскі адчуў, нібы яму абухом далі па галаве. Пытанне было гэткае прыкрае і неспадзяванае, што ён не мог адразу не толькі знайсці адказ, але нават сабрацца з думкамі.

Ахоцкі паўтарыў, пільна ўзіраючыся ў свайго таварыша.

– У колькі гадоў?.. – перапытаў Вакульскі. – У мінулым годзе… Цяпер мне сорак шосты год…

– Такім чынам, у мяне, пакуль я зусім астыну, яшчэ пятнаццаць гадоў наперадзе. Гэта дадае мне крыху адвагі… – нібы супакоіў сябе Ахоцкі.

Праз нейкую хвіліну ён дадаў:

– Гэта было адно пытанне, а зараз – другое, але няхай пан не абразіцца. У колькі гадоў мужчыны робяцца абыякавымі да кабет?..

Другі ўдар. Быў момант, калі Вакульскі хацеў схапіць маладзёна за горла і задушыць. Аднак ён схамянуўся і адказаў з лёгкаю ўсмешкаю:

– Мяркую, што кабеты ніколі не перастаюць цікавіць… Наадварот, з кожным годам яны робяцца ўсё даражэй…

– Кепска! – ціха прамовіў Ахоцкі. – Ну, пабачым, хто мацнейшы.

– Кабеты, пане Ахоцкі.

– Як каму, пане, – запярэчыў малады чалавек, зноў глыбока задумваючыся.

І ён загаварыў, нібы сам з сабою.

– Кабеты – важная рэч. Я быў закаханы ўжо, зараз… колькі ж гэта… Чатыры, шэсць… сем, так – сем разоў… Адымае гэта шмат часу і выклікае роспачныя думкі… Дурата адна гэтае каханне… Пазнаёмішся, закахаешся, пакутуеш… Потым нуда або здрада… Потым знойдзеш новую кабету, больш дасканалую за іншых, а яна робіць тое самае, што і менш дасканалыя… Ах, які ж нягодны жывёльны від гэтыя бабы… Бавяцца намі, хоць мазгі іх абмежаваныя, і не ў стане яны нас разумець… Ну, праўда, і тыгр можа бавіцца чалавекам… Подлыя, але прывабныя… Годзе пра іх!.. А тым часам, калі ўжо апануе раз чалавекам ідэя, дык не пакідае яго і не здраджвае ніколі…

Ён паклаў руку на плячо Вакульскаму і, гледзячы яму ў вочы нейкім дзіўным адсутным позіркам, запытаўся:

– Але ж думаў пан некалі пра лятальныя машыны?.. Не пра кіраванне балонамі, што лягчэй за паветра, бо гэта глупства, але пра палёт машыны цяжкай, наладаванай і акаванай, як браняносец?.. Пан разумее, які б здарыўся пераварот у свеце пасля гэткага вынаходніцтва? Няма крэпасцяў, войска, межаў… Знікаюць народы, затое ў надземных пабудовах прыходзяць на свет істоты, падобныя на анёлаў або старажытных багоў… Ужо асвоілі мы вецер, цяпло, святло, маланку… Дык ці не мяркуеш, пан, што надышла і нам самім пара вызваліцца з аковаў цяжару?.. Гэтая ідэя адпавядае духу часу… Іншыя ўжо працуюць над ёю, мяне яна толькі што захапіла, але цалкам… Што мне цётка з яе парадамі і правіламі добрага тону!.. Што мне жаніцьба, кабеты, а нават і мікраскопы, батарэі ды электрычныя лямпы?.. Ашалею, або… прыпну чалавецтву крылы…

– А каб пан іх нават і прыпнуў, дык што?.. – запытаўся Вакульскі.

– Слава, якой не дасягнуў яшчэ аніводзін чалавек, – адказаў Ахоцкі. – Гэта мая жонка, гэта мая кабета… Бывай здаровы, пане, мушу ісці…

Ён паціснуў Вакульскаму руку, збег з пагорка і знік паміж дрэваў.

На Батанічны сад і на Лазенкі ўжо западаў змрок.

“Вар’ят ці геній?.. – прашаптаў Вакульскі, адчуваючы, што сам страціў раўнавагу. – А калі геній?..”

Ён падняўся і пайшоў у глыбіню саду сярод людзей, якія тут шпацыравалі. Яму здавалася, што над пагоркам, з якога ён уцёк, уздымаецца нейкая святая жудасць.

Па Батанічным садзе было не прайсці, на кожнай сцежцы – тлум наведнікаў, што рухаўся калонамі, кампаніямі ці, прынамсі, шэрагамі, а кожная лаўка ўгіналіся пад сціжмаю целаў. Вакульскаму перашкаджалі ісці, наступалі на ногі, штурхалі локцямі. Смех і людская гамана чуліся з усіх бакоў. Уздоўж алеі Уяздоўскае пад сцяною Бельведэрскага парку, пад агароджаю з боку шпіталя, на самых глухіх, нават непраходных сцежках – паўсюль было тлумна і весела. Чым большая цемра ахінала прыроду, тым больш раення і шуму рабілася сярод людзей.

“Ужо не хапае мне месца на свеце,” – прашаптаў ён.

Перайшоў у Лазенкі і тут знайшоў трохі больш спакою. На небе заіскрылася некалькі зорак, з Алеі далятаў гоман натоўпу, ад става цягнула вільгаццю. Часам над галавою ў яго пралятаў шумны хрушч або ціха мільгаў кажан, у глыбіні парку жаласна ціўкаў нейкі птах, дарэмна зазываючы таварыша, па ставе далёка разносіўся плюскат вёслаў і смех маладых кабет.

Перад сабою ён заўважыў маладую пару, яны туліліся адзін да аднаго і шапталіся. Саступілі яму дарогу і схаваліся ў цень дрэваў. Яго ахапіла крыўда і жаданне пакпіць з іх.

“Вось яны, шчаслівыя закаханыя! – падумаў ён. – Шэпчуцца і ўцякаюць, як злодзеі… Добра ўпарадкаваны гэты свет, хіба не?.. Хацеў бы я ведаць, ці не было б лепш, каб валодаў ім Люцыфер?.. А каб заступіў мне дарогу які злачынца ды забіў мяне ў гэтым кутку?..”

І ён уяўляў сабе, які прыемны мусіць быць холад нажа, убітага ў гарачае ад запалення сэрца.

“На бяду, – уздыхнуў ён, – сёння ўжо няможна забіваць іншых, толькі сябе можна. Абы раз, і гатова. Ну!..”

Згадка пра гэткую надзейную магчымасць уцячы супакоіла яго. Паступова ён упадаў у нейкі ўрачысты настрой, здавалася яму, што надыходзіць момант, калі ён павінны падвесці рахунак сумлення або агульны баланс жыцця.

“Каб я быў найвышэйшым суддзёю, – думаў ён, – і ў мяне запыталіся, хто варты панны Ізабэлы: Ахоцкі ці Вакульскі, дык я мусіў бы прызнаць, што Ахоцкі… На васямнаццаць гадоў маладзейшы за мяне (васямнаццаць гадоў!..) і гэтакі прыгожы… У дваццаць восем гадоў скончыў два факультэты (я ў ягоным узросце толькі пачынаў вучыцца…) і ўжо зрабіў тры адкрыцці (я ніводнага!). І, апроч таго, гэта чаша, у якой выспявае вялікая ідэя… Дзіўная гэта штука: лятальная машына, але факт, што ён знайшоў геніяльную і адзіна магчымую зыходную кропку. Лятальная машына мусіць быць цяжэй, а не лягчэй, як балон, за паветра, бо ўсё, што ў сапраўднасці лятае, пачынаючы ад мухі і заканчваючы вялізным сцярвятнікам, цяжэй за паветра. У яго правільная зыходная пазіцыя і творчы розум, што ён даказаў, бадай, сваім мікраскопам і лямпаю, дык хто ж ведае, ці не атрымаецца ў яго збудаваць і лятальную машыну? А ў такім разе ён будзе больш значнаю для чалавецтва асобаю, чым Ньютан і Напалеон разам узятыя… І мне з ім спаборнічаць?.. А калі паўстане пытанне, хто з нас павінны адысці, ці ж буду я вагацца?.. Якое ж гэта пекла, сказаць сабе, што сваю нікчэмнасць я мушу ахвяраваць чалавеку, па-сутнасці, гэткаму ж, як і я, смяротнаму, падатнаму на хваробы і памылкі і, у дадатак, – гэткаму наіўнаму… Бо гэта яшчэ смаркач, чаго ён мне толькі не нагаварыў?..”

Дзіўнае супадзенне. Калі Вакульскі быў крамнікам у бакалейнай краме, ён марыў пра перпетуум мобіле, машыну, якая рухалася б сама сабою. Але калі ён трапіў у Падрыхтоўчую Школу і даведаўся, што гэткая машына – недарэчнасць, тады ягоным самым таемным і палкім жаданнем было знайсці спосаб кіравання балонамі. Тое, што для Вакульскага было толькі фантастычным ценем, які блукаў па фальшывых сцежках, у Ахоцкага прыняло ўжо форму практычнага пытання.

“Якое вераломства лёсу! – думаў ён з горыччу. – Двое людзей маюць амаль тыя самыя памкненні, толькі адзін нарадзіўся на васямнаццаць гадоў раней, а другі – пазней, адзін – у галечы, а другі – у дастатку, адзін не змог узбіцца на першы паверх ведаў, а другі лёгкім крокам прайшоў два паверхі… Яго не сапхнуць з дарогі палітычныя буры, як мяне, яму не перашкодзіць каханне, да якога ён ставіцца, як да забавы, у той час як для мяне – хто шэсць гадоў правёў у пустэчы – гэтае пачуцце з’яўляецца небам і збавеннем… Больш нават!.. Ну і ён трыумфуе нада мною ва ўсім, хоць у мяне, прынамсі, тыя самыя адчуванні, тая самая свядомасць сітуацыі, а працаваць мне давялося дакладна больш…”

Вакульскі добра ведаў людзей і часта параўноўваў сябе з імі. Але куды ён ні трапляў, кругом выглядаў крыху лепшым за іншых. Ці як крамнік, які праводзіў ночы над кніжкаю, ці як студэнт, які праз нэндзу ішоў да ведаў, ці як жаўнер пад дажджом куляў, ці як выгнаннік, які ў засыпанай снегам халупе займаўся навукаю – заўсёды ў яго душы была ідэя, што сягала на некалькі гадоў наперад. Іншыя жылі з дня на дзень, дзеля свайго страўніка або кішэні.

І вось ён спаткаў чалавека, вышэйшага за сябе, вар’ята, які хоча будаваць лятальныя машыны!..

“А ў мяне сёння ці няма ідэі, на якую працую ўжо год: займеў капітал, дапамагаю людзям і прымушаю іх шанаваць сябе?..”

“Так, але каханне – гэта асабістае пачуццё, усе заслугі, якія яму спадарожнічаюць, падобныя да рыб, падхопленых вірам марскога цыклону. Каб на свеце знікла адна кабета, а ў табе – памяць пра яе, чым бы ты стаў?.. Звычайным капіталістам, які ад нуды гуляе ў карты ў рэсурсе. А тым часам Ахоцкі мае ідэю, якая заўсёды будзе цягнуць яго наперад, хіба што розум яго прытупіцца…”

“Добра, а калі ён нічога не зробіць і замест таго, каб збудаваць лятальную машыну, трапіць у вар’ятню?.. А я тым часам, насамрэч, нешта зраблю. Мікраскоп, батарэя ці нават электрычная лямпа, пэўна, не больш значаць, чым сотні людзей, якім я забяспечваю існаванне. Дык адкуль жа ўва мне гэтая ультрахрысціянская пакора?.. Хто што зробіць – яшчэ невядома. Я ўжо сёння чалавек дзеяння, а ён жыве марамі… Пачакайма з год…”

Год! Вакульскі здрыгануўся. Яму здалося, што ў канцы шляху, названага годам, ён бачыць бяздонную прорву, якая ўсё зацягвае ў сябе, але застаецца пустая…

“Дык нішто… нішто!..”

Інстынктыўна ён агледзеўся навокал. Быў у глыбіні лазенкаўскага парку, на нейкай сцежцы, да якое не далятаў водгалас вуліцы. Нават у верхавінах вялізных дрэваў панавала цішыня.

– Якая цяпер гадзіна? – запытаў нечакана хрыплы голас.

– Гадзіна?..

Вакульскі правёў рукою па твары. Са змроку вынырнуў нейкі чалавек у лахманах.

– Калі ветліва пытаюць, дык ветліва трэба і адказваць, – сказаў чалавек і падышоў бліжэй.

– Забі мяне, дык сам убачыш, – адказаў Вакульскі.

Чалавек у лахманах адступіў. Злева ад сцежкі відаць было некалькі людскіх ценяў.

– Дурні! – закрычаў Вакульскі, ідучы наперад. – У мяне залаты гадзіннік і пару соцень рублёў гатоўкаю… Бараніцца я не буду, ну!..

Цені схаваліся паміж дрэваў, а нехта сцішана прамовіў:

– Гэткія, хай на яго ліха, узыходзяць там, дзе іх не сеялі…

– Быдла!.. Баязліўцы!.. – крычаў Вакульскі ў нейкай беспрытомнасці.

У адказ затупалі ногі ўцекачоў.

Вакульскі сабраўся з думкамі.

“Дзе гэта я?.. Але, у Лазенках, толькі ў якім месцы?.. Трэба ісці ў другі бок…”

Ён павярнуў некалькі разоў і ўжо сам не ведаў, куды ідзе. Сэрца раптам закалацілася, халодны пот выступіў на лбе; першы раз у жыцці ён баяўся ночы і таго, што заблукаў…

Некалькі хвілін ён бег невядома куды, задыхаючыся, дзікія думкі віравалі ў яго галаве. Нарэшце злева ён убачыў мур, а далей – будынак.

“Ага, аранжарэя…”

Потым ён дайшоў да нейкага мастка, спыніўся і, абапёршыся на парэнчы, думаў:

“Дык да чаго я дайшоў?.. Небяспечны супернік… разладжаныя нервы… Здаецца, што ўжо сёння я мог напісаць апошні акт гэтае камедыі!..”

Простая сцежка давяла яго да става, а потым да лазенкаўскага палацу. Праз дваццаць хвілін ён быў на алеі Уяздоўскай і сеў у брычку, якая праязджала побач, а праз чвэрць гадзіны быў ужо ва ўласнай кватэры.

Пабачыўшы ліхтарні і вулічны рух, ён павесялеў, нават усміхнуўся і прашаптаў:

“Што ж гэта за фантазіі?.. Нейкі Ахоцкі… самазабойства!.. Ах, дурата… Прынамсі, я трапіў да арыстакратыі, а што будзе далей, пабачым…”

Калі ён увайшоў у кабінет, слуга падаў яму ліст, які на яго ўласнай паперы напісала пані Мэлітан.

– Тая пані была тут два ражы, – сказаў надзейны слуга. – Раж а пятай, другі раж а вошмай…

XII. ВАНДРОЎКІ ПА ЧУЖЫХ СПРАВАХ

Вакульскі павольна адкрываў ліст пані Мэлітан, прыгадваючы нядаўнія падзеі. Яму здавалася, што ў неасветленым кутку кабінета ён яшчэ бачыць цёмны гушчар парку, цені галадранцаў, якія заступілі яму дарогу, а потым пагорак за студняй, дзе Ахоцкі дзяліўся з ім сваімі задумамі. Але варта было скіраваць позірк на святло, як імглістыя вобразы зніклі. Ён бачыў лямпу з зялёным абажурам, стос папер, бронзавыя фігуркі на стале, і яму пачынала здавацца, што Ахоцкі са сваімі лятальнымі машынамі і яго ўласная роспач былі толькі сном.

“Які ён геній? – казаў сабе Вакульскі. – Звычайны фантазёр!.. І панна Ізабэла гэткая самая кабета, як іншыя… Выйдзе за мяне – добра, не выйдзе – дык, прынамсі, не памру.”

Ён разгарнуў ліст і чытаў:

“Пане! Важная навіна: праз некалькі дзён прададуць камяніцу Ленцкіх, і адзіным пакупніком будзе баранеса Кшэшоўска, іх кузінка і непрыяцелька. Я дакладна ведаю, што яна заплаціць за дом не больш за шэсцьдзясят тысяч рублёў, і ў такім выпадку частка пасагу панны Ізабэлы ў суме трыццаці тысяч рублёў прападзе. Момант вельмі зручны, бо панна Ізабэла мусіць абіраць паміж галечаю і шлюбам з маршалкам, дык яна згодзіцца на кожную іншую камбінацыю. Спадзяюся, што гэтым разам не змарнуеш, Пан, магчымасць, як вэксалі Ленцкага, якія падраў на маіх вачах. Памятай, пан, кабетам гэтак падабаецца, каб іх сціскалі ў абдымках, што дзеля ўзмацнення эфекту трэба іх часам прытаптаць нагамі. Чым хутчэй, пан, гэта зробіш, тым больш пэўнасці, што яна цябе пакахае. Памятай, пан!..

Зрэшты, можаш, пан, справіць Бэле невялікую прыемнасць. Барон Кшэшоўскі вымушаны быў прадаць уласнай жонцы сваю любімую кабылу, якая днямі будзе ўдзельнічаць у скачках і на якую ён вельмі разлічваў. Наколькі мне вядома, Бэла была б шчыра рада, каб ні ў барона, ні ў яго жонкі не было гэтае кабылы ў дзень скачак. Барону было б сорамна, што ён прадаў кабылу, а баранеса моцна пашкадавала б, каб кабыла ў выпадку перамогі прынесла даход некаму іншаму. Вельмі далікатная справа гэтыя велікасвецкія інтрыгі, але паспрабуй, пан, іх выкарыстаць. Магчымасць ёсць, бо, наколькі я чула, нейкі Марушэвіч, прыяцель абаіх Кшэшоўскіх, збіраецца прапанаваць пану купіць гэту кабылу. Памятай, пан, кабеты робяцца нявольніцамі толькі тых, хто здолее іх моцна трымаць і дагаджаць іх капрызам.

Сапраўды, пачынаю верыць, што нарадзіўся пан пад шчасліваю зоркаю. Са шчырай прыхільнасцю.

А. М.”

Вакульскі глыбока ўздыхнуў: абедзве навіны былі важныя. Ён другі раз перачытаў ліст, дзівячыся шорсткаму стылю пані Мэлітан і ўсміхаючыся з заўвагаў, якія яна рабіла пра свой пол. Моцна трымаць людзей ці акалічнасці – гэта было ў натуры Вакульскага, усё і ўсіх хапаў бы ён за карак, за выключэннем панны Ізабэлы. Яна адна была істотаю, якой ён хацеў пакінуць поўную свабоду ў дачыненні да сябе, калі не панаванне.

Міжвольна ён зірнуў убок: слуга стаяў у дзвярах.

– Ідзі спаць, – загадаў яму.

– Жараж пайду, толькі быў тут яшчэ пан, – адказаў слуга.

– Які пан?

– Пакінуў віжытку, ляжыць на стале.

На стале ляжала візітка Марушэвіча.

– Ага!.. Што ж гэты пан казаў?

– Ён нібы, каб што, дык нічога не кажаў. Толькі пытаўся: калі пан бывае дома? А я скажаў: а дзявятай рана, і тады ён скажаў, што прыйдзе жаўтра а дзясятай, на хвіліну, хіба.

– Добра. Дабранач.

– Падаю ў ногі, будзе пан ласкавы.

Слуга выйшаў, Вакульскі адчуваў сябе цалкам ацверазелым. Ахоцкі і лятальныя машыны здрабнелі ў яго вачах. З’явілася гэткая ж энергія, як тады, калі ён ехаў у Балгарыю. Тады ён ехаў па грошы, а цяпер меў магчымасць патраціць частку дзеля панны Ізабэлы. Пяклі яго словы з ліста пані Мэлітан: “апынулася паміж галечаю і шлюбам з маршалкам…” Дык вось, ніколі не апынецца яна ў такім становішчы… А вызваліць яе не нейкі там Ахоцкі з дапамогаю сваёй машыны, а ён… Адчуваў у сабе такую моц, што каб столь з двума паверхамі над ім абрынулася ў гэтую хвіліну, дык ён, пэўна, утрымаў бы.

Ён дастаў са стала свой нататнік і пачаў лічыць:

“Скакавая кабыла – дробязь… Патрачу не больш за тысячу рублёў, з якіх частка, прынамсі, вернецца… Дом 60 000, пасаг панны Ізабэлы 30 000, разам 90 000 срэбраных рублёў. Нічога… Усяго траціна майго маёнтку… Як бы там ні было, а за дом мне вернецца 60 000 ці нават больш… Ну!.. Трэба ўгаварыць Ленцкага, каб тыя 30 000 даверыў мне, буду плаціць яму 5000 рублёў гадавых дывідэндаў… Хіба, хопіць ім? Каня аддам берэйтару, няхай зоймецца падрыхтоўкаю да скачак… А дзясятай будзе ў мяне Марушэвіч, аб адзінаццатай паеду да адваката… Грошы вазьму пад восем працэнтаў – 7200 рублёў гадавых, – і маю пэўных пятнаццаць працэнтаў… Ну і дом нешта прыносіць… А што скажуць нашыя супольнікі?.. Ат!.. Надта мяне гэта цікавіць! У мяне 45 000 рублёў гадавых, паменшае на 12 – 13 000 рублёў, застанецца 32 000 рублёў… Жонцы маёй нудзіцца не давядзецца… Цягам году пазбаўлюся гэтае камяніцы, хоць бы нават са стратаю 30 000 рублёў… Зрэшты, гэта не страта, гэта яе пасаг…”

Поўнач. Вакульскі пачаў распранацца. Пад уплывам ясна акрэсленае мэты яго напятыя нервы адпусціла. Ён патушыў святло, лёг і, гледзячы, як вецер калыша фіранкі ў адчыненым акне, заснуў каменным сном.

Устаў ён а сёмай раніцы гэткі бадзёры і радасны, што гэта не засталося па-за ўвагаю слугі, які пачаў сноўдацца па пакоі.

– Ты нешта хочаш? – запытаўся Вакульскі.

– Я – нічога. Хіба, калі пан мае ласку, стораж хоча, але не наважваецца прасіць, каб пан патурбаваўся патрымаць дзіця на хрост.

– А!.. А ён пытаўся ў мяне, ці трэба было мне яго дзіця?

– Не пытаўся, бо пан быў тады на вайне.

– Ну, добра. Буду ягоным кумам.

– Дык, можа, падараваў бы мне пан чапер штары шурдут, бо як жа я пайду на хрэсьбіны?

– Добра, вазьмі ўжо сурдут.

– А папраўка?..

– О, дурань, не назаляй мне… Загадай паправіць, толькі я не ведаю, што там папраўляць…

– Бо я хацеў бы, калі пан мае ласку, акшамітны каўнер.

– Прышый сабе аксамітны каўнер ды ідзі да д’ябла.

– Чалкам без патрэбы гневаецца пан, бо, прынамсі, гэта ж дзеля панскага гонару, не майго, – адказаў слуга і грукнуў дзвярыма, выходзячы.

Ён адчуваў, што ў пана надзвычай лагодны настрой.

Вакульскі апрануўся і з кубкам гарбаты сеў за рахункі. Пасля таго, як скончыў, напісаў дэпешу ў Маскву пра асігнацыі на сто тысяч рублёў і другую – да агента ў Вене, каб той прытрымаў некаторыя замовы.

На некалькі хвілін раней за дзясятую прыйшоў Марушэвіч. Малады чалавек выглядаў яшчэ больш зблажэлым і збянтэжаным, чым учора.

– З дазволу пана, – прамовіў Марушэвіч пасля некалькіх прывітальных слоў, – я адразу кладу карты на стол… У мяне ёсць арыгінальная прапанова…

– Гатовы выслухаць нават самую арыгінальную…

– Пані баранеса Кшэшоўская (я прыяцель баронскае пары), – працягваў выпетраны маладзён, – прагне прадаць скакавую кабылу. Я адразу падумаў, што пан пры ягоных сувязях, можа, хацеў бы мець такога каня… Ёсць вялікі шанец перамогі, бо, апроч яе, на скачках пабягуць толькі два жарабцы, яны значна слабей…

– Чаму ж пані баранеса сама не выстаўляе гэту кабылу?

– Яна?.. Яна да смерці ненавідзіць скачкі!

– Навошта ж яна купіла скакавую кабылу?

– З дзвюх прычын, – адказаў малады чалавек. – Спачатку барон, якому неабходныя былі грошы на сплату ганаровага доўгу, заявіў, што застрэліцца, калі не дабудзе васьмісот рублёў, нават і за сваю любімую кабылу, а па-другое, баранеса не жадае, каб яе муж браў удзел у скачках. Дык яна купіла кабылу, але бедачына аж захварэла ад сораму і роспачы і хацела б пазбыцца яе любым коштам.

– А менавіта?

– Восемсот рублёў, – адказаў малады чалавек і апусціў вочы.

– Дзе знаходзіцца конь?

– У манежы Мілера.

– А дакументы?

– Вось яны, – ужо весялей адказаў маладзён і дастаў пачак паперак з бакавое кішэні сурдута.

– Можам разлічыцца адразу? – запытаўся Вакульскі, праглядаючы паперы.

– Так.

– Пасля абеду пойдзем паглядзець каня?

– О, вядома…

– Няхай пан піша распіску, – сказаў Вакульскі і дастаў са стала грошы.

– На восемсот?.. Вядома!.. – казаў малады чалавек.

Ён схапіў паперу, пяро і пачаў пісаць. Вакульскі заўважыў, што ў маладзёна крыху дрыжаць рукі, і ён мяняецца з твару.

Распіска была напісана як належыць. Вакульскі паклаў восем сторублёвак і схаваў паперы. Праз хвіліну малады чалавек, па-ранейшаму збянтэжаны, пакінуў кабінет. А збягаючы па сходах, ён думаў:

“Я нягоднік, так, нягоднік… Але ж праз пару дзён я аддам бабе дзвесце рублёў і скажу, што далажыў іх Вакульскі, калі разгледзеў вартасці каня. Зрэшты, яны не сустракаюцца, ані барон з жонкаю, ані гэты… купчык з імі… Распіску загадаў напісаць… Бач ты яго! Адразу відаць гандляра і нуварыша… О! Страшна я пакараны за сваю легкадумнасць…”

Аб адзінаццатай Вакульскі выйшаў на вуліцу з намерам наведаць адваката.

Толькі ён дайшоў да брамы, як адразу тры рамізнікі, угледзеўшы светлае паліто і белы капялюш, адначасна рушылі коней. Адзін уехаў другому дышлем у брычку з адкрытым верхам, а трэці, які хацеў іх абмінуць, ледзь не скалечыў грузчыка, што валок цяжкую шафу. Усчаўся гармідар, заляскаталі пугі, засвісталі паліцыянты, збегліся разявакі і ў выніку двое самых гарачых рамізнікаў самі сябе на ўласных брычках павезлі ва ўчастак.

“Паганая прыкмета, – падумаў Вакульскі і раптам стукнуў сабе па лбу. – Добрая справа! Іду да адваката, каб той купіў мне дом, а сам не ведаю ані як той дом выглядае, ані дзе ён знаходзіцца”.

Ён вярнуўся дадому і ў капелюшы на галаве ды з кійком пад пахаю пачаў гартаць каляндар. На шчасце, ён чуў, што дом Ленцкіх[128] знаходзіцца дзесьці ў ваколіцах Алеі Ерусалімскае, аднак мінула некалькі хвілін, пакуль ён знайшоў вуліцу і патрэбны нумар.

“Добра выглядаў бы я перад адвакатам! – думаў ён, спускаючыся сходамі. – Аднаго дня ўгаворваю людзей, каб яны даверылі мне свае капіталы, а ў наступны – купляю ката ў мяшку. Ясна, што адразу скампраметаваў бы або сябе, або… панну Ізабэлу”.

Ён сеў у брычку, што праязджала побач, і загадаў павярнуць на Алею Ерусалімскую. На рагу вылез і пайшоў пешкі ў адну з папярочных вуліц.

Дзень быў пагодны, неба амаль без аблокаў, брук без пылу. Вокны ў дамах былі адчыненыя, некаторыя з іх якраз мылі. Свавольны вецер матляў спадніцы пакаёвак, і можна было заўважыць, што варшаўскай прыслузе лягчэй наважыцца памыць вокны на чацвёртым паверсе, чым уласныя ногі. Шмат з якіх памяшканняў чуліся гукі фартэп’яна, з многіх падворкаў – катрынкі або манатонныя зазыванні пясочнікаў, шчотачнікаў, старызнікаў ды ім падобных прадпрымальнікаў. Сям-там у браме пазяхаў вартаўнік у блакітнай кашулі, па сярэдзіне вуліцы бегалі сабакі, малыя дзеці бавіліся тым, што дзерлі кару з маладых каштанаў, у якіх яшчэ нават не пацямнела светла-зялёная лістота.

Наогул, вуліца выглядала чыстай, ціхай і вясёлай. У канцы яе віднеў нават край далягляду і купа дрэў, але той вясковы пейзаж, неўласцівы Варшаве, ужо пачалі закрываць рыштаванні і цагляная сцяна.

Ідучы па правым ходніку, Вакульскі заўважыў злева, амаль на сярэдзіне вуліцы, дом, надзвычай жоўтага колеру. У Варшаве надта шмат жоўтых дамоў, гэта, хіба, самы жоўты горад пад сонцам. Але гэтая камяніца выглядала яшчэ жаўцей за іншыя, і на выставе жоўтых рэчаў (якой мы некалі, пэўна, дачакаемся) атрымала б першую ўзнагароду.

Вакульскі падышоў бліжэй і пераканаўся, што не толькі ён звярнуў увагу на гэту незвычайную камяніцу, нават сабакі тут часцей, чым на нейкім іншым будынку, пакідалі свае візітоўкі.

“Ліха на яго! – шапнуў ён, – здаецца, гэта той самы дом…”

Гэта якраз і была камяніца Ленцкіх.

Ён пачаў разглядаць яе. Дом быў чатырохпавярховы, меў пару жалезных балконаў, і кожны паверх быў пабудаваны ў іншым стылі. Затое ў архітэктуры брамы панаваў толькі адзін матыў, а менавіта – веер. Верхняя частка мела форму раскладзенага веера, якім магла б абмахвацца дапатопная волатка, на абодвух створах брамы былі вялікія каваныя прастакутнікі, таксама ўпрыгожаныя па кутах да паловы адкрытымі веерамі. Але самым каштоўным упрыгожаннем брамы былі размешчаныя пасярэдзіне яе створаў дзве рэльефныя плешкі цвікоў, але гэткіх вялікіх, нібы імі брама была прыбітая да камяніцы, а камяніца да Варшавы.

Сапраўдным дзівам была падваротня з вышчарбленым насцілам, але затое з вельмі маляўнічымі пейзажамі на сценах. Было на ім гэтулькі ўзгоркаў, лясоў, скал і ручаін, што жыхары дома смела маглі не ездзіць на лецішчы.

Падворак, акружаны з усіх бакоў трохпавярховымі афіцынамі, выглядаў, як дно вялізнае студні, поўнай пахаў. На кожным рагу былі дзверы, а на адным – ажно двое дзвярэй, пад акном вартаўніка знаходзіўся сметнік і водаправодная калонка.

Вакульскі мімаходзь зазірнуў у шкляныя дзверы галоўнага ўвахода. Лесвіца, падобна, была вельмі брудная, затое побач была ніша, а ў ёй – німфа са збанком над галавою і з адбітым носам. Па тым, што збанок меў малінавую афарбоўку, твар німфы – жоўтую, грудзі – зялёную, а ногі – блакітную, можна было здагадацца: німфа стаіць насупраць акна з рознакаляровымі шыбкамі.

“Бач ты!..” – буркнуў сабе пад нос Вакульскі тонам, які не сведчыў пра надта моцнае захапленне.

У гэты момант з правае афіцыны выйшла прыгожая кабета з малою дзяўчынкаю.

– Калі ласка, мама, ці пойдзем мы ўжо ў парк? – запыталася дзіця.

– Не, дзіцятка. Зараз пойдзем у краму, а ў парк – пасля абеду, – адказала пані вельмі прыемным голасам.

Была гэта высокая шатэнка з шэрымі вачыма і правільнымі рысамі твару. Яны сустрэліся позіркамі з Вакульскім, і дама запунсавела.

“Дзе я бачыў яе?” – падумаў Вакульскі, выходзячы з брамы на вуліцу.

Дама азірнулася, але адразу адвярнулася, бо заўважыла, што ён глядзіць на яе.

“Так, – прыгадаў ён, – я бачыў яе ў красавіку ў касцёле, а пазней – у краме. Жэцкі нават спрабаваў звярнуць на яе маю ўвагу і казаў, што ў яе прыгожыя ногі. Сапраўды, ладныя”.

Ён вярнуўся ў браму і пачаў чытаць спіс жыхароў.

“Што?! Баранеса Кшэшоўская на трэцім паверсе!.. Што, што?! Марушэвіч у левай афіцыне на другім?.. Цікавае супадзенне. Чацвёрты паверх – студэнты… Але хто ж гэта прыгажуня? Правая афіцына, другі паверх – Ядвіга Місевіч, пенсіянерка, і Гэлена Стаўская з дачушкаю. Відаць, яна”.

Ён зайшоў на падворак і агледзеўся. Амаль усе вокны былі адчыненыя. У тыльнай афіцыне на доле была пральня, пад шыльдаю “парыжская”, з чацвёртага паверха чуўся стукат шавецкага малатка, ніжэй, на карнізе, буркавала пара галубоў, а з трэцяга паверха тае ж афіцыны ўжо некалькі хвілін чуліся размераныя гукі фартэп’яна, і вісклівае сапрана выводзіла гаму:

– А!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!..

Высока ўгары, на чацвёртым паверсе, Вакульскі пачуў гучны мужчынскі бас:

– О! Яна зноў прыняла кусіну…[129] Ужо з яе саліцёр лезе… Марысю, хадзі да нас…

Адначасова з вакна на другім паверсе з крыкам высунулася галава кабеты:

– Марысю!.. Зараз жа вяртайся дадому… Марысю!..

“Слова даю, гэта і ёсць пані Кшэшоўская”, – прашаптаў Вакульскі.

У гэты момант ён пачуў выразнае цурчанне: з чацвёртага паверха паліўся струмень вады, які трапіў на выхіленую галаву пані Кшэшоўскае, а потым паплыў па падворку.

– Марысю, хадзі да нас… – гукаў бас.

– Злыдні!.. – закрычала ў адказ пані Кшэшоўская, задзіраючы твар дагары.

Новы струмень вады лінуў з чацвёртага паверха і прымусіў яе змоўкнуць. Адначасова высунуўся малады чалавек з чорнаю шчацінаю на твары і, калі заўважыў, як адхіснулася пані Кшэшоўская, закрычаў прыгожым басам:

– Ах, гэта пані дабрадзейка!.. Моцна перапрашаю…

Адказам яму былі спазматычныя жаночыя рыданні з кватэры пані Кшэшоўскае.

– Вой, гора мне… Клянуся, той злыдзень нацкаваў на мяне гэтых шыбенікаў… Аддзячыў мне, што выцягнула яго з галечы!.. Што купіла яго каня!..

Тым часам на доле прачкі пралі бялізну, на чацвёртым паверсе шавец стукаў малатком, а на трэцім – гучала фартэп’яна і разносілася вісклівая гама:

– А!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!..

“Вясёлы дом, нічога не скажаш…”, – прамармытаў Вакульскі, атрасаючы кроплі вады, якія трапілі яму на рукаў.

Ён выйшаў з падворка на вуліцу і яшчэ раз агледзеў нерухомасць, уладальнікам якое збіраўся стаць, потым павярнуў на Алею Ерусалімскую. Тут ён узяў рамізніка і паехаў да адваката.

У пачакальні адваката ён застаў пару жыдкоў у лапсердаках і старую кабеціну з хусткаю на галаве. Праз адчыненыя дзверы з левага боку відаць былі шафы, запоўненыя актамі, тры практыканты нешта хутка пісалі, і сядзела некалькі наведнікаў з вашэцяў[130], з якіх у аднаго была фізіяномія крымінальніка, а ў астатніх – вельмі панылыя.

Стары лёкай з сівымі вусамі і недаверлівым позіркам зняў з Вакульскага паліто і запытаўся:

– У вяльможнага пана справа доўгая?

– Кароткая.

Ён правёў Вакульскага ў залу направа.

– Як адрэкамендаваць?

Вакульскі падаў візітоўку і застаўся адзін. Мэбля ў зале была абцягнутая аксамітам, як у вагонах першага класа, стаяла там некалькі аздобленых шафаў з кнігамі ў шыкоўных пераплётах, якія выглядалі, нібы іх ніхто не чытаў, а на стале ляжала некалькі ілюстраваных часопісаў і альбомаў, якія, здаецца, гарталі вельмі часта. У адным кутку залы стаяла гіпсавая скульптура багіні Феміды з масянжовымі вагамі і каленямі ў плямах.

– Пан мецэнат просіць!.. – прамовіў слуга праз прыадчыненыя дзверы.

У кабінеце славутага адваката мэбля была абцягнутая карычневаю скураю, на вокнах былі карычневыя заслоны, а на шпалерах – карычневыя ўзоры. Сам гаспадар быў апрануты ў карычневы сурдут і трымаў у руцэ вельмі доўгі чубук, які заканчваўся зверху бурштынам у фунт вагою ды з пёркам.

– Я быў упэўнены, што сёння шаноўны пан завітае да мяне, – сказаў адвакат, падсоўваючы Вакульскаму фатэль на колцах і папраўляючы нагою дыван, які крыху закасаўся. – Карацей кажучы, – працягваў ён, – мы можам разлічваць на нейкія трыста тысяч рублёў укладаў у нашай суполцы. А што неўзабаве пойдзем да натарыуса і што гатоўку збяром да апошняга гроша, дык тут пан можа разлічваць на мяне…

Усё гэта ён казаў, выразна вылучаючы больш важныя словы, паціскаючы Вакульскаму руку і скоса назіраючы за ім.

– А, так… суполка!.. – паўтарыў Вакульскі, сядаючы. – Гэта справа тых паноў, колькі яны збяруць гатоўкі.

– Ну, заўсёды капітал… – пачаў было адвакат.

– У мяне ён і без суполкі ёсць.

– Доказ даверу…

– Хопіць мне ўласнага.

Адвакат змоўк і паспешліва пачаў смактаць люльку.

– Маю просьбу да мецэната, – праз момант сказаў Вакульскі.

Адвакат утаропіўся ў яго, жадаючы адгадаць, што за просьба. Бо ад гэтага залежала манера слухаць. Аднак нічога пагрозлівага ён не ўгледзеў, і ягоная фізіяномія прыняла выраз сур’ёзнае, але сардэчнай зычлівасці.

– Я хачу купіць камяніцу, – працягваў Вакульскі.

– Ужо?.. – запытаўся мецэнат, падымаючы бровы і нахіляючы галаву. – Віншую, віншую… Гандлёвы дом нездарма называецца домам… Камяніца для купца, як стрэмя для вершніка: тады ён больш упэўнена пачуваецца. Гандаль, які не абапіраецца на гэткім рэальным фундаменце, якім з’яўляецца дом, гэта ўсяго толькі дробны гандаль. Пра якую ж камяніцу гаворка, калі ўжо пан ласкавы зрабіць мне гонар сваім даверам?

– Днямі павінен быць выстаўлены на аўкцыён дом пана Ленцкага…

– Я ведаю, – адказаў адвакат. – Сцены, наогул, трывалыя, сталярку варта было б паступова замяніць, паблізу парк… Баранеса Кшэшоўская дае не больш за шэсцьдзясят тысяч рублёў, канкурэнтаў, пэўна, не будзе, дык найдаражэй, за шэсцьдзясят тысяч рублёў і купім.

– А хоць і за дзевяноста тысяч, нават і больш, – удакладніў Вакульскі.

– Навошта?.. – аж падскочыў адвакат. – Баранеса за межы шасцідзесяці тысяч не выйдзе, дамы ніхто сёння не купляе… Зусім някепскі інтарэс…

– Мне ён будзе добры нават і за дзевяноста тысяч.

– Але лепш за шэсцьдзясят пяць тысяч…

– Я не хачу абіраць майго будучага супольніка.

– Супольніка?.. – выгукнуў адвакат. – Але ж шаноўны пан Ленцкі скончаны банкрут, толькі шкоды нарабіў бы пан, каб заплаціў яму некалькі лішніх тысяч рублёў. Я ведаю, як глядзіць на гэта ягоная сястра, графіня… Калі пан Ленцкі застанецца без гроша за душою, яго прыгожая дачка, якую мы ўсе любім, выйдзе за барона альбо за маршалка…

Вочы Вакульскага гэтак шалёна бліснулі, што адвакат змоўк. Ён глядзеў на яго і разважаў… Раптам стукнуў сябе па лбе.

– Шаноўны пан вырашыў аддаць дзевяноста тысяч рублёў за гэтую халупу?.. – спытаў ён.

– Так, – глуха адказаў Вакульскі.

– Ад дзевяноста адняць шэсцьдзясят… пасаг панны Ізабэлы… – прамармытаў адвакат. – Ага!..

Фізіяномія і ўся яго пастава змяніліся непазнавальна. Ён пыхнуў са свайго вялізнага бурштыну хмараю дыму, адкінуўся ў фатэлі і, жэстыкулюючы ў бок Вакульскага, пачаў гаварыць:

– Мы разумеем адзін аднаго, пане Вакульскі. Прызнаюся, што яшчэ пяць хвілін таму я падазраваў цябе сам не ведаю ў чым, бо намеры твае чыстыя. Але цяпер, павер мне, маеш ува мне толькі чалавека зычлівага і… саюзніка.

– Цяпер ужо я пана не разумею, – ціха прамовіў, апускаючы вочы, Вакульскі.

У адваката на твары выступіла густая чырвань. Ён пазваніў, увайшоў слуга.

– Нікога сюды не пускаць, пакуль я не паклічу, – загадаў ён таму.

– Слухаю пана мецэната, – адказаў пануры лёкай.

Яны зноў засталіся ўдваіх.

– Пане… Станіславе, – пачаў адвакат. – Пан ведае, што такое наша арыстакратыя і тыя, хто вакол яе круціцца?.. Гэта пара тысяч чалавек, якія смокчуць сілы з усяго краю, прагульваюць грошы за мяжою, прывозяць адтуль найгоршыя заганы, заражаюць імі здаровы яшчэ нібы сярэдні клас і самі гінуць без ратунку: эканамічна, фізічна і маральна. Каб прымусіць іх да працы, каб скрыжаваць з іншымі слаямі, дык можа… быў бы нейкі сэнс, бо гэта арганізмы больш субтыльныя за нашыя. Разумее пан… скрыжаваць, але… але не выкідаць на падтрымку іх па трыццаць тысяч рублёў. Вось у скрыжаванні я гатовы дапамагаць пану, а каб змарнаваць трыццаць тысяч, – не!..

– Я не разумею пана, – ціха адказаў Вакульскі.

– Разумееш, толькі не давяраеш мне. Гэта добрая якасць – недаверлівасць, дык лячыць ад яе пана я не буду. Толькі так табе скажу: Ленцкі-банкрут можа стаць… крэўным нават купца, а тым больш – купца-шляхціца. Але Ленцкі з трыццаццю тысячамі ў кішэні!..

– Пане мецэнаце, – спыніў яго Вакульскі, – ці згодзіцца пан ад майго імя ўдзельнічаць у аўкцыёне таго дому?

– Буду ўдзельнічаць, але звыш таго, што пані Кшэшоўская, дам не болей некалькіх тысяч. Прабач, пан Вакульскі, але сам сабе падымаць кошт я не буду.

– А калі знойдзецца трэці пакупнік?..

– Калі так, дык не пакіну яму шанцаў, каб дагадзіць панскаму капрызу…

Вакульскі падняўся.

– Дзякуй пану, – сказаў ён, – за шчырыя словы. Пан мае рацыю, але і я маю сваю рацыю… Грошы прынясу пану заўтра, а зараз – да пабачэння…

– Шкада мне пана, – адказаў адвакат, паціскаючы яму руку.

– Чаму ж гэта?

– Таму, пане, што той, хто жадае здабыць, мусіць перамагчы, прыціснуць праціўніка, а не карміць яго з уласнае спіжарні. Робіш памылку, якая цябе, хутчэй, адсуне, чым наблізіць да мэты.

– Памыляецца пан.

– Рамантык!.. Рамантык!.. – некалькі раз паўтарыў адвакат з усмешкаю.

Вакульскі выбег з дому адваката і загадаў рамізніку везці ў бок вуліцы Электаральнае. Ён быў раззлаваны, што адвакат адкрыў ягоную таямніцу і крытыкаваў ягоныя метады. Ясна, што калі хто хоча здабыць, дык мусіць прыціснуць праціўніка, але тут здабычаю мела быць панна Ізабэла!..

Выйшаў ён перад марнаю з выгляду крамкаю, над якою вісела чорная шыльды з жаўтлявым надпісам: “Кантора вэксаляў[131] і латарэі С. Шлянгбаўма”.

Крама была адчыненая, за прылаўкам, абабітым бляхаю і аддзеленым ад публікі драцяною сеткаю, сядзеў стары сівабароды жыд з лысаю галавою і сівой барадою, нібы прылепленай да “Кур’ера”.

– Дзень добры, пане Шлянгбаўм! – прывітаў яго Вакульскі.

Жыд падняў галаву і ссунуў акуляры з ілба на вочы.

– Ах, гэта пан дабрадзей?.. – адказаў ён, паціскаючы яму руку. – Што гэта, ужо і пану спатрэбіліся грошы?..

– Не, – адказаў Вакульскі, апускаючыся на плеценае крэсла перад прылаўкам. А з-за таго, што яму было ніякавата адразу тлумачыць, навошта ён прыйшоў, запытаўся:

– Што чуваць, пане Шлянгбаўм?

– Кепска! – адказаў стары. – Пачалі пераследаваць жыдоў. Можа, так і трэба. Калі нам будуць даваць выспятка, пляваць на нас і здзекавацца, дык можа тады апамятаюцца маладыя жыдкі, як мой Генрых, якія паапраналіся ў сурдуты ды не трымаюцца сваёй рэлігіі.

– Хто вас пераследуе?

– Пан хоча доказаў?.. – запытаўся жыд. – Мае пан доказ нават у гэтым “Кур’еры”. Я некалі паслаў ім шараду. Пан разгадвае шарады?.. Паслаў такую:

Першае і другое – гэта жывёла з капытамі,

Першае і трэцяе – аздоба дамскае галавы,

Усё разам на вайне страшна гоніць,

Няхай Пан Бог ад гэтага бароніць.

Пан ведае, што гэта такое? Першае і другое – гэта ка-за, першае і трэцяе – гэта ко-кі, а ўсё разам – гэта ка-за-кі. І хоча пан ведаць, што яны мне адпісалі?.. Зараз…

Ён узяў “Кур’ер” і пачаў чытаць:

– “Адказы рэдакцыі. Пану В. В. Вялікая энцыклапедыя Аргельбранда”… Не тое… “Пану Матыльку. Фрак апранаецца”… Не тое… А, вось! “Пану С. Шлянгбаўму. Панская палітычная шарада непісьменная”. Калі ласка, што тут палітычнага? Каб я напісаў шараду пра Дызраэлі або пра Бісмарка, гэта была б палітыка, а казакі, прынамсі, не палітыка, а войска.

– Але які ж у гэтым пераслед жыдоў? – спытаў Вакульскі.

– Зараз скажу. Пан сам мусіў бараніць ад пераследу майго Генрыха, я ўсё ведаю, хоць і не ён мне расказаў. А цяпер пра шараду. Калі я паўгода таму занёс маю шараду пану Шыманоўскаму, дык ён мне сказаў: “Пане Шлянгбаўм, мы гэтую шараду друкаваць не будзем, але я пану раю, няхай пан лепш шарады піша, чым працэнты бярэ”. А я кажу: “Пане рэдактар, калі мне пан дасць столькі за шарады, колькі я маю з працэнтаў, дык я буду пісаць”. А пан Шыманоўскі на гэта: “У нас, пане Шлянгбаўм, няма столькі грошай, каб за панскія шарады плаціць”. Гэта сказаў сам Шыманоўскі, чуе пан? Ну, і яны мне сёння пішуць у “Кур’еры”, што гэта палітычна і непісьменна!.. Яшчэ паўгода таму іншая гаворка была. А што сёння друкуюць газеты пра жыдкоў!..

Вакульскі, пакуль слухаў гісторыі пра пераслед жыдоў, узіраўся ў сцяну, на якой вісела латарэйная таблічка, і барабаніў пальцамі па прылаўку. Думкі яго былі занятыя нечым іншым, яго адольвалі сумненні.

– Па-ранейшаму займаешся шарадамі, пане Шлянгбаўм? – спытаў ён.

– Што я!.. – адказаў стары жыд. – Але ў мяне, пане, ёсць унучак, Генрыкаў сын, якому яшчэ толькі дзевяць гадоў, і няхай пан толькі паслухае, які ён мне на мінулым тыдні ліст прыслаў. “Дзядуля, – піша ён, той малы Міхась, – мне трэба такая рэч:

Першае значыць дол, другое – пярэчанне,

А ўсё разам – картовае адзенне.

А як дзядуля адгадае, – пісаў ён, Міхась, – дык няхай мне дзядуля прышле шэсць рублёў на гэтую картовую справу”. Я расплакаўся, пане Вакульскі, калі прачытаў. Бо той першы – гэта спод, а пярэчанне – гэта ні, а ўсё разам – сподні. Я плакаў, пане Вакульскі, што такое мудрае дзіця з-за ўпартасці Генрыка ходзіць без портак. Але я яму адпісаў: “Мой даражэнькі, я вельмі задаволены, што ты навучыўся, як дзед, складаць шарады. А каб ты яшчэ навучыўся і ашчаднасці, дык я табе на тое картовае адзенне дасылаю толькі чатыры рублі. І калі ты будзеш добра вучыцца, я табе пасля вакацый спраўлю такую шараду:

Першае па-нямецку значыць вусны, другое – гадзіна.

Купляецца дзіцяці, калі яно ў гімназію паступае”.

Гэта значыць mund-ur. Пан адразу здагадаўся, пане Вакульскі?

– Дык уся панская сям’я бавіцца шарадамі? – заўважыў Вакульскі.

– Не толькі мая, – адказаў Шлянгбаўм. – У нас, пане, у жыдоў нібы, калі моладзь збярэцца, дык яны не бавяцца, як у панства, аднымі танцамі, кампліментамі, уборамі ды рознымі дрындушкамі, але яны або лічаць нешта, або гартаюць вучоныя кніжкі ды адзін аднаму здаюць іспыт або разгадваюць шарады, рэбусы, шахматныя задачы. У нас няспынна заняты розум, і таму жыды маюць розум, і таму, няхай пан не абразіцца, яны ўвесь свет заваююць. У панства ўсё робіцца праз сардэчную гарачку і праз вайну, а ў нас толькі розумам ды цярплівасцю.

Апошнія словы ўразілі Вакульскага. Ён жа якраз здабываў панну Ізабэлу розумам і цярплівасцю… Крыху лягчэй стала яму на сэрцы, ён перастаў вагацца і раптам сказаў:

– У мяне ёсць да пана просьба, пане Шлянгбаўм.

– Панская просьба для мяне азначае загад, пане Вакульскі.

– Я хачу купіць дом Ленцкага…

– Ведаю яго, ён пойдзе за шэсцьдзясят з нечым тысяч рублёў.

– Я хачу, каб ён пайшоў за дзевяноста тысяч, і мне трэба нехта, хто б падымаў цану на аўкцыёне да гэтае сумы.

Жыд вырачыў вочы.

– Як?.. Пан хоча заплаціць на трыццаць тысяч рублёў даражэй? – запытаўся ён.

– Так.

– Перапрашаю, але я не разумею. Бо каб гэта дом самога пана прадавалі, а Ленцкі хацеў яго купіць, тады пан меў бы інтарэс падбіваць цану. Але як пан купляе, дык пан мае інтарэс зніжаць цану…

– Маю інтарэс заплаціць даражэй.

Стары патрос галавою і праз момант загаварыў:

– Каб я пана не ведаў, дык падумаў бы, што пан робіць кепскі інтарэс, але я пана ведаю, дык я сабе думаю, што пан робіць… дзіўны інтарэс. Пан не толькі закопвае ў муры гатоўку і траціць на тым з дзесяць працэнтаў штогод, але яшчэ хоча пан заплаціць на трыццаць тысяч рублёў больш… Пане Вакульскі, – дадаў ён, беручы яго за руку, – не рабі, пан, гэткае бязглуздзіцы. Я пана прашу… Стары Шлянгбаўм пана просіць…

– Павер, пан, што мне гэта акупіцца…

Жыд раптам стукнуў сабе пальцам у лоб. Бліснулі ў яго вочы і зубы белыя, як перлы.

– Ха-ха!.. – зарагатаў ён. – Ну, які я ўжо стары, што адразу не сцяміў… Пан пану Ленцкаму дасць трыццаць тысяч рублёў… а той пану паспрыяе, можа, на сто тысяч рублёў… Git!..[132] Я пану дам ліцытанта, які за пятнаццаць рублікаў падаб’е кошт дому. Вельмі прыстойны пан, католік, толькі яму нельга даваць vadium[133] у рукі… Я пану дам яшчэ шляхетных кабет, што таксама за дзесяць рублікаў будуць падбіваць… Я магу даць яшчэ пару жыдкоў, па пяць рублікаў… Зладзім такі аўкцыён, што пан можа заплаціць за той дом хоць сто пяцьдзясят тысяч і ніхто не здагадаецца, у чым тут справа…

Вакульскаму было трохі прыкра.

– У любым выпадку справа павінна застацца паміж намі, – сказаў ён.

– Пане Вакульскі, – адказаў жыд урачыста, – я думаю, што пану не трэба было гэтага казаць. Панскі сакрэт – гэта мой сакрэт. Пан заступіўся за майго Генрычка, пан не пераследуе жыдоў…

Яны развіталіся і Вакульскі вярнуўся дадому. Там ён застаў ужо Марушэвіча, з якім паехаў у райтшуле[134], каб агледзець купленую кабылу.

Райтшуле складалася з двух злучаных паміж сабою будынкаў, якія разам утваралі нешта кшталту кукарды. У круглай частцы знаходзіўся манеж, у простакутнай – стайні.

Калі Вакульскі з Марушэвічам увайшлі, там якраз адбываўся ўрок верхавое язды. Чацвёра паноў і адна дама ездзілі цугам уздоўж сцен манежу, а пасярэдзіне стаяў дырэктар – мужчына з тварам вайскоўца, у сіняй куртцы, белых штанах у абцяжку і высокіх ботах са шпорамі. Быў гэта пан Мілер, ён камандаваў вершнікамі, дапамагаючы сабе доўгаю пугаю, якою час ад часу падсцёбваў каня за кепскія манеўры, але ж крывіўся пры гэтым вершнік. Вакульскі мімаходзь заўважыў, што адзін з паноў, які ездзіў без страмён, трымаючы правую руку за спінаю, мае міну круцяля, другі – ніяк не можа ўладкавацца паміж шыяю ды крупам каня, а чацвёрты выглядае так, нібы гатовы злезці і ніколі ў жыцці не практыкавацца больш у выездцы. Толькі дама ў амазонцы ездзіла смела і ўпэўнена, што Вакульскага навяло на думку, быццам няма на свеце для кабеты пазіцыі нязручнай або небяспечнай.

Марушэвіч пазнаёміў свайго спадарожніка з дырэктарам.

– Я ўжо чакаў паноў і гатовы служыць. Пане Шульц…

Прыбег пан Шульц, малады бландзін, таксама апрануты ў сінюю куртку і яшчэ больш высокія боты і цесныя штаны. З вайсковым паклонам ён узяў у рукі сімвал дырэктарскае ўлады, і Вакульскаму давялося пераканацца, што Шульц, нягледзячы на свой малады век, больш энергічна валодае бічом, чым сам дырэктар. Бо другі пан ажно сыкнуў, а чацвёрты пачаў нежартоўную сварку.

– Пан, – звярнуўся дырэктар да Вакульскага, – я прымаю кабылу барона з усім неабходным: сёдламі, гунькамі і гэтак далей?..

– Вядома.

– У такім выпадку пан мне павінны шэсцьдзясят рублёў за стайню, за якую мне пан Кшэшоўскі не заплаціў.

– Няма выйсця.

Яны ўвайшлі ў стойла, светлае, як пакой, нават аздобленае дыванамі, не надта, праўда, каштоўнымі. Яслі былі новыя і поўныя, драбіна таксама, на доле ляжала свежая салома. Але пільнае дырэктарскае вока заўважыла нейкую неахайнасць, бо ён крыкнуў:

– Што ж гэта за парадкі такія, пане Ксавэры, сто пар д’яблаў!.. Ці ў панскай спальні гэтаксама кансервуюцца падобныя рэчы?

Другі памочнік дырэктара паказаўся толькі на момант. Ён зазірнуў, знік і з калідора закрычаў:

– Войцэх!.. Сто тысяч д’яблаў… Зараз жа прыбяры, бо ўсё гэта я загадаю пакласці табе на стол…

– Стафан! Халера… – пачуўся трэці голас і брыдкаслоўе, – Калі ты мне хоць раз яшчэ, сабачае насенне, у гэткім выглядзе стайню пакінеш, дык я загадаю табе пазбіраць усё зубамі…

Адначасова пачулася некалькі тупых удараў, нібы кагосьці схапілі ды выцялі галавою аб сцяну. Праз акно стайні Вакульскі ўбачыў дзецюка з металічнымі гузікамі на куртцы, які выскачыў на падворак па мятлу і, шукаючы яе, мімаходзь даў у лоб разяватаму жыдку. Як прыродніку Вакульскаму цікава было назіраць гэту новую форму закону захавання энергіі, дзе гнеў дырэктара гэткім своеасаблівым шляхам абрынуўся ажно на істоту, што знаходзілася па-за райштуле.

Тым часам дырэктар загадаў вывесці кабылу на калідор. Гэта была прыгожая жывёліна на тонкіх ножках, з малою галоўкаю і вачыма, якія глядзелі дасціпна і жвава. Кабылка на хаду павярнулася да Вакульскага і абнюхала яго, фыркаючы, нібы бачыла ў ім гаспадара.

– Ужо прызнала пана, – сказаў дырэктар. – Няхай пан дасць ёй цукру… Прыгожая кабыла!..

Кажучы гэта, ён дастаў з кішэні кавалак бруднае субстанцыі, якая патыхала тытунём. Вакульскі даў гэта кабыле, яна без вагання ўзяла.

– Іду ў заклад на пяцьдзясят рублёў, што яна выйграе!.. – прапанаваў дырэктар. – Згодны, пан?

– Вядома, – адказаў Вакульскі.

– Выйграе абавязкова. Я дам дасканалага жакея, і сам навучу яго, як весці. Але каб яна заставалася ў барона Кшэшоўскага, дык няхай мяне пярун заб’е, прывалаклася б яна трэцяю да фінішу. Зрэшты, я нават не трымаў бы яе ў стайні…

– Дырэктар яшчэ не можа супакоіцца, – далікатна ўсміхнуўся Марушэвіч.

– Супакоіцца!.. – выгукнуў дырэктар, чырванеючы ад злосці. – Ну, няхай пан Вакульскі мяркуе, ці магу я падтрымліваць стасункі з чалавекам, які расказвае пра мяне, што я прадаў у Любельску каня з колерам!..[135] Гэткія рэчы не забываюцца, – крычаў ён усё гучней, – не забываюцца, пане Марушэвіч! І каб граф не залагодзіў скандал, пан Кшэшоўскі меў бы сёння кулю ў сцягне… Я прадаў каня, што меў колер!.. Каб нават давялося ад сябе дакласці сто рублёў, кабыла выйграе… Нават, каб здохла… Пераканаецца пан барон… Конь меў колер!.. Га-га-га! – дэманічна зарагатаў дырэктар.

Пасля агледзін кабылы панове пайшлі ў канцылярыю, дзе Вакульскі разлічыўся, прысягаючы сабе ніколі не гаварыць ні пра якога каня, што ў таго колер. Развітваючыся, ён запытаўся:

– Ці згадзіўся б пан дырэктар выставіць гэтую кабылу на скачкі ананімна?

– Будзе зроблена.

– Але…

– О! Няхай пан не хвалюецца, – адказаў дырэктар, паціскаючы яму руку. – Для джэнтльмена сціпласць – галоўная рыса. Спадзяюся, што і пан Марушэвіч…

– О!.. – пацвердзіў Марушэвіч і гэтак затрос галавою ды рукамі, што ў захаванні таямніцы, пахаванай у яго грудзях, нельга было сумнявацца.

Вяртаючыся паўз манеж, Вакульскі зноў пачуў, як стрэліла пуга, пасля чаго чацвёрты пан зноў пачаў сварку з намеснікам дырэктара.

– Гэта нахабства, мой пане!.. – крычаў чацвёрты. – Адзежына на мне трэсне…

– Вытрымае, – флегматычна адказаў пан Шульц, шчоўкаючы пугаю ў бок другога пана.

Вакульскі выйшаў з райтшуле.

Калі ён ужо развітаўся з Марушэвічам і сеў у брычку, яму ў галаву прыйшла нечаканая думка:

“Калі гэта кабыла выйграе, дык панна Ізабэла пакахае мяне…”

І ён раптам павярнуў назад. Яшчэ хвіліну таму абыякавая яму жывёліна стала сімпатычнаю і цікаваю.

Уваходзячы другі раз у стайню, ён зноў пачуў характэрны гук удару чалавечае галавы аб сцяну. І якраз з суседняга стойла выскачыў моцна зачырванелы стаенны хлопец Стафан з валасамі, закручанымі ў гэтакі віхор, нібы толькі што з іх нехта дастаў руку, і адразу за ім паказаўся фурман Войцэх, які выціраў аб куртку нібы запэцканыя пальцы. Вакульскі даў старэйшаму тры рублі, а малодшаму – рубель і абяцаў ім у будучым прэмію, абы кабыла была добра дагледжаная.

– Буду яе, пане, даглядаць лепш, чым уласную жонку, – паабяцаў Войцэх з нізкім паклонам. – Але і стары, здаецца, яе не пакрыўдзіць… На скачках, пане, заблішчыць кабылка, як шкельца…

Вакульскі ўвайшоў у стойла і з чвэрць гадзіны аглядаў кабылу. Непакоіла яго далікатнасць яе ножак, і ён сам уздрыгваў, калі бачыў дрыжыкі, што прабягалі па яе аксамітнай скуры, бо баяўся, што яна можа захварэць. Потым ён абняў яе за шыю, а калі тая паклала яму на плячо сваю галаву, пацалаваў яе і прашаптаў:

– Каб ты толькі ведала, што ад цябе залежыць!.. Каб толькі ведала…

З таго часу па некалькі разоў на дзень ён ездзіў у манеж, карміў кабылу цукрам і песціў яе. Ён адчуваў, што ў ягоным цвярозым розуме пачало ўкараняцца нейкае цемрашальства. Добраю прыкметаю ён лічыў, калі кабыла радасна вітала яго. Але калі была сумная, трывога ціснула яму сэрца. Дык ужо па дарозе да манежу ён казаў сабе: “Калі заспею яе вясёлаю, дык мяне панна Ізабэла пакахае”.

Часам абуджаўся ў ім голас розуму, тады апаноўвала яго злосць і пагарда да самога сябе.

“Як жа так? – думаў ён. – Ці маё жыццё мусіць залежаць ад капрызу аднае кабеты?.. Ці не знайду я сотні іншых?.. Хіба ж пані Мэлітан не прапаноўвала пазнаёміць мяне з трыма ці чатырма гэткімі ж прыгожымі?.. Зрэшты, да д’ябла, мушу апрытомнець!..”

Але замест таго, каб апрытомнець, ён усё больш траціў разважлівасць. У хвіліны прасвятлення яму здавалася, што на зямлі засталіся яшчэ, хіба, чарадзеі, і што адзін з іх пракляў яго. Тады ён трывожна казаў сабе:

“Я ўжо не такі, як быў… Я раблюся нейкім іншым чалавекам… Здаецца, нехта падмяніў мне душу!..”

Часам ізноў гучаў у ім голас прыродніка і псіхолага:

“Вось, – шаптаў яму гэты голас аднекуль з глыбінь мозгу, – вось як помсціць прырода за гвалт над яе законамі. Змоладу грэбаваў ты сэрцам, кпіў з кахання, прадаўся мужам старой кабеце, а цяпер – маеш!.. За доўгія гады зэканомлены капітал пачуццяў вяртаецца табе з працэнтамі…”

“Добра, – думаў ён, – але ў такім выпадку я мусіў бы стаць распуснікам, чаму ж думаю толькі пра яе адну?”

“Ліха яго ведае, – адказваў апанент. – Можа, менавіта гэтая кабета найлепш пасуе табе. Можа, сапраўды, як кажа легенда[136], душы вашы стваралі некалі – вякі таму – адзінае цэлае?..”

“Дык і яна мусіла б мяне кахаць… – казаў сабе Вакульскі. А потым дадаваў: – Калі кабыла выйграе на скачках, будзе гэта знакам, што панна Ізабэла мяне пакахае… Ах! Стары дурань, вар’ят, да чаго ты дайшоў?..”

За некалькі дзён перад скачкамі прыйшоў да яго з візітам граф-англічанін, з якім яны пазнаёміліся падчас сесіі ў князя.

Пасля звыклага прывітання наструнены граф сеў на крэсла і сказаў:

– Я з візітам і па справе – тэк!.. Ці можна?..

– Да паслуг графа.

– Барон Кшэшоўскі, – працягваў граф, – кабылу якога набыў пан, зрэшты, зусім законна – тэк – асмельваецца ласкава прасіць пана, каб пан яе саступіў. Кошт не мае значэння… Барон нарабіў шмат закладаў… Прапануе тысячу дзвесце рублёў.

У Вакульскага выступіў халодны пот: каб ён прадаў кабылу, у панны Ізабэлы магла б з’явіцца пагарда да яго.

– А калі і ў мяне ёсць надзеі на гэту кабылу, пане граф?.. – адказаў ён.

– У такім выпадку мае пан слушнае першынства, тэк, – працадзіў граф.

– Значыць, пытанне вырашанае, – сказаў Вакульскі з паклонам.

– Ці тэк?.. Мне вельмі шкада барона, але ў пана большыя правы.

Ён устаў з крэсла, як аўтамат на спружынах, і пасля развітання дадаў:

– Калі ж да натарыуса, дарагі пане, з нашаю суполкаю?.. Я паразважаў і далучаюся з пяццюдзесяццю тысячамі рублёў… Тэк!

– Гэта ўжо залежыць ад паноў.

– Вельмі б мне хацелася бачыць гэты край квітнеючым і таму, пане Вакульскі, мае пан маю прыхільнасць і пашану, тэк, нягледзячы на клопаты, якія робіць пан барону. Тэк, я быў пэўны, што пан саступіць яму каня…

– Не магу…

– Разумею пана, – згадзіўся граф. – Шляхціц, хоць бы і ў скуры прамыслоўца, вылазіць з яе пры кожнай нагодзе. Дык прашу прабачыць мне маю смеласць, пан ёсць перадусім шляхціцам, ды яшчэ ў англійскім выданні, якім кожны з нас быць павінны.

Пасля моцнага поціску рукі ён выйшаў. Вакульскі прызнаў у душы, што гэты арыгінал, які ўдае марыянетку, валодае шмат якімі станоўчымі якасцямі.

“Так, – падумаў ён, – з гэтымі панамі больш прыемна мець справу, чым з купцамі. Яны сапраўды злепленыя з іншае гліны…”

А потым ён дадаў:

“Чаго дзівіцца, што панна Ізабэла пагарджае гэтакім, як я, калі яна выхавалася сярод такіх, як яны… Ну, але што яны робяць на свеце і дзеля свету?.. Шануюць людзей, якія могуць даць пятнаццаць працэнтаў з іх капіталу… Гэта яшчэ не заслуга”.

“Да ліха! – прамармытаў ён і шчоўкнуў пальцамі. – Адкуль жа ім вядома, што я купіў кабылу?.. Ад пані Кшэшоўскае за пасярэдніцтвам Марушэвіча… Зрэшты, я сам занадта часта бываю ў манежы, мяне там ведаюць усе слугі… Гэх! Пачынаю ўжо рабіць глупствы, раблюся неасцярожны… Адразу не падабаўся мне гэты Марушэвіч…”

XIII. ВЕЛІКАСВЕЦКІЯ ЗАБАВЫ

Нарэшце надышоў дзень скачак, пагодны, але не гарачы, якраз такі, як трэба. Вакульскі быў на нагах ужо а пятай рана і адразу ж паехаў праведаць сваю кабылу. Яна прыняла яго досыць абыякава, але была ў парадку, а пан Мілер поўны аптымізму.

– Што, – рагатаў ён, торгаючы Вакульскага за плячо. – Загарэўся пан, га?.. Абудзіўся ў пану спартсмен!.. Мы, пане, увесь час скачак у гарачцы жывем. Наш заклад пра пяцьдзясят рублёў трывае, га?.. Яны ўжо нібы ў мяне ў кішэні, мог бы пан зараз жа мне іх аддаць.

– Аддам з найвялікшым задавальненнем, – адказаў Вакульскі, а сам думаў: “Ці выйграе кабыла?.. Ці панна Ізабэла пакахае мяне?.. Ці не здарыцца чаго?.. А калі кабыла зломіць нагу?..”

Ранішнія гадзіны цягнуліся, нібы запрэжаныя валамі. Вакульскі на хвілінку ўсяго завітаў у краму, не змог з’есці абед, потым пайшоў у Саскі парк, несупынна думаючы: ці кабыла выйграе і ці панна Ізабэла яго пакахае?.. Аднак ён перамог сябе і выехаў з дому толькі а пятай.

У алеі Уяздоўскай было ўжо гэтак цесна ад калясак і брычак, што месцамі даводзілася рухацца вельмі павольна, а пры рагатцы ўтварыўся сапраўдны затор, і яму давялося чакаць з чвэрць гадзіны, пакутуючы ад нецярплівасці, пакуль нарэшце каляска не выехала на Макатоўскія палі.

На павароце Вакульскі выхіліўся і праз смугу жаўтаватага пылу, які густа асядаў яму на твар і на вопратку, пачаў аглядаць поле скачак. Пляц падаваўся яму сёння бясконцым і непрыемным, нібы над ім лунаў прывід няпэўнасці. Далёка перад сабою ён бачыў доўгі шнур людзей, што стаялі паўколам, якое пастаянна абрастала новымі грамадкамі.

Нарэшце, ён дабраўся да месца і зноў прайшло з дзесяць хвілін, пакуль слуга вярнуўся з касы з білетам. Каляску акружыў натоўп бясплатных гледачоў, і Вакульскаму здавалася, што ў шматгалосай гамане ўсе размовы толькі пра яго кабылу і кпіны з купца, які бавіцца скачкамі.

Нарэшце каляску прапусцілі ў сярэдзіну кола. Вакульскі саскочыў на зямлю і пашыбаваў да свае кабылы, стараючыся ўдаваць абыякавага гледача.

Пасля доўгіх пошукаў ён знайшоў яе на сярэдзіне поля для скачак, а пры ёй паноў Мілера і Шульца, а таксама жакея з тоўстаю цыгараю ў зубах, у жоўтай з блакітным шапцы і ў паліто, накінутым на плечы. Кабыла яго на вялізным полі сярод незлічонага тлуму падалася яму гэткаю малою і лядашчаю, што ў роспачы ён хацеў ужо ўсё кінуць і вярнуцца дадому. Але фізіяноміі паноў Мілера і Шульца яснелі надзеяй.

– Нарэшце пан тут! – загаманіў дырэктар манежа і паказаў вачыма на жакея. – Пазнаёмлю паноў. Пан Юнг, славуты ў краі жакей. Пан Вакульскі.

Жакей прыклаў два пальцы да жоўта-блакітнае шапкі, дастаў другой рукою з роту цыгару і цыркнуў праз зубы слінаю.

Вакульскі падумаў, што такога худога і нізкарослага чалавечка ён яшчэ ніколі ў жыцці не бачыў. А сам пры гэтым заўважыў, што жакей аглядае яго як каня – ад ілба да пятаў, ды гэтак сукае нагамі, нібы намерваецца сесці і праехаць на ім.

– Хай пан пацвердзіць, пане Юнг, ці ж мы не выйграем? – запытаўся дырэктар.

– Вох! – адказаў жакей.

– Тыя два кані някепскія, але наша кабыла знакамітая, – працягваў дырэктар.

– Вох! – паўтарыў жакей.

Вакульскі адвёў яго ў бок і сказаў:

– Калі выйграем, буду пану вінны пяцьдзясят рублёў звыш дамоўленага.

– Вох! – адказаў жакей, уважліва зірнуў на Вакульскага і дадаў: – Пан – чыстакроўны спартсмен, але пан яшчэ ў гарачцы. Праз год будзе пан спакайней.

Ён зноў цыркнуў слінаю на даўжыню каня і пайшоў у бок трыбуны, а Вакульскі, пасля таго як развітаўся з панамі Мілерам ды Шульцам і папесціў кабылу, вярнуўся да свае каляскі.

Цяпер ён пачаў шукаць панну Ізабэлу.

Ён прайшоў уздоўж доўгага ланцуга калясак, прыглядаючыся да коней, да слуг, заглядаючы пад парасоны дам, але панны Ізабэлы не ўбачыў.

“Можа, не прыедзе,” – падумаў ён, і здалося яму, што ўвесь гэты пляц, поўны людзей, западае разам з ім пад зямлю. Нашто было выкідаць гэтулькі грошай, калі яе тут не будзе! А можа, пані Мэлітан, старая інтрыганка, падманула яго разам з Марушэвічам?..

Ён падняўся на прыступкі, што вялі на трыбуну суддзяў, і пачаў азірацца навокал. Дарэмна. Калі спускаўся, загарадзілі яму дарогу двое паноў, яны стаялі спінамі, і адзін з іх, высокі, з характэрнымі рысамі спартсмена, узрушана гаварыў другому:

– За дзесяць гадоў я па вушы начытаўся, як бэсцяць нас за збытак, і хацеў быў ужо выправіцца ды прадаць стайню. Тым часам бачу, што чалавек, які ўчора дарабіўся маёнтку, сёння выстаўляе каня на скачкі… І нашы маралісты, калі атрымаецца, зробяць тое самае?.. Дык вось, я таксама не выпраўлюся, не прадам стайню, не…

Яго таварыш, які раптам заўважыў Вакульскага, крануў прамоўцу, і той спыніўся на паўслове. Карыстаючыся момантам, Вакульскі хацеў іх абмінуць, але высокі пан затрымаў яго.

– Перапрашаю, – крануў ён свой капялюш, – што я дазволіў сабе рабіць гэткія заўвагі… Я – Ужасіньскі…

– З прыемнасцю слухаў іх, – адказаў з усмешкаю Вакульскі, – бо ў душы я кажу сабе тое самае. Зрэшты, я ўдзельнічаю ў скачках першы і апошні раз у жыцці.

Яны з высокім спартсменам падалі адзін аднаму рукі, і той, калі Вакульскі ўжо адышоў на пару крокаў, буркнуў:

– Хвацкі мужык…

Вакульскі, нарэшце, купіў праграму і з пачуццём нейкага сораму прачытаў, што ў трэцім забегу ўдзельнічае кабыла Султанка ад Аліма і Клары, якая належыць Х. Х. Скача на ёй жакей Юнг у жоўтай куртцы з блакітнымі рукавамі. Узнагарода – трыста рублёў, а калі конь выйграе, ён на месцы будзе прададзены.

“З глузду з’ехаў”, – прамармытаў Вакульскі, накіроўваючыся ў бок галерэі. Ён спадзяваўся, што панна Ізабэла там, і ўжо намерваўся адразу ж вярнуцца дадому, калі яе там не знойдзе.

Апанавалі яго чорныя думкі. Кабеты падаваліся яму брыдкімі, іх каляровыя строі дзівачнымі, іх какецтва жахлівым. Мужчыны былі няўклюднымі, натоўп прастацкі, музыка вісклівая. Пакуль ён падымаўся на галерэю, было яму гідка ад рыпення прыступак і парэпаных сцен з бруднымі падцёкамі ад дажджу. Знаёмыя яму кланяліся, кабеты яму ўсміхаліся, і ўсе кругом шапталі: “Зірні, зірні!..” Але ён ні на што не зважаў. Спыніўся ён на самым версе галерэі і па-над стракатым шумным натоўпам узіраўся праз ларнетку на дарогу, ажно да рагаткі, бачачы толькі хмары жоўтага пылу.

“Што гэтая галерэя робіць цэлы год?” – думаў ён. І яму здалося, што на спарахнелых лавах засядаюць тут кожную ноч усе памерлыя банкруты, поўныя раскаяння какоткі, розныя лайдакі ды прайдзісветы, якіх выгналі нават з пекла, і пры смутным бляску зорак назіраюць яны за скачкамі шкілетаў тых коней, што паздыхалі на гэтых бегавых дарожках. Здавалася яму, што ён у гэту хвіліну нават бачыць перад сабою збуцвелыя строі і чуе прытхласць.

Абудзілі яго воклічы натоўпу, званок і апладысменты… Гэта скончыўся першы заезд. Раптам ён кінуў позірк на дарогу і ўбачыў, як за агароджу заязджае карэта графіні, у якой была сама графіня побач са старшынёвай, а спераду – пан Ленцкі з дачкою.

Вакульскі сам не заўважыў, як ён збег з галерэі і як увайшоў у кола. Некага ён штурхануў, нехта пытаўся ў яго пра білет… Ён імкнуўся наперад і адразу наскочыў на карэту. Лёкай графіні пакланіўся яму з козлаў, а пан Ленцкі выгукнуў:

– Вось і пан Вакульскі!..

Вакульскі прывітаўся з панямі. Старшынёва са значэннем сціснула яго руку, а пан Ленцкі спытаў:

– Ці сапраўды пане Станіславе купіў кабылу Кшэшоўскага?

– Так.

– Ну, ведаеш, забаўна ты паддзеў яго і маёй дачцэ справіў неспадзяванку.

Панна Ізабэла з усмешкаю павярнулася да яго:

– Я пайшла з цёткаю ў заклад, – сказала яна, – што барон не ўтрымае свае кабылы да скачак, і выйграла, а другі раз паспрачалася з пані старшынёвай, што кабыла выйграе…

Вакульскі абышоў карэту і наблізіўся да панны Ізабэлы, якая працягвала:

– Насамрэч, мы прыехалі толькі на гэты заезд: пані старшынёва і я. Бо цётка ўдае, што яе злуюць скачкі… Ах, пане, павінны пан выйграць…

– Калі пані пажадае, выйграю, – адказаў Вакульскі, пазіраючы на яе з захапленнем…

Ніколі яна не здавалася яму такой прыгожай, як зараз, у гэтым сваім парыве. Ён нават не марыць не мог, каб яна гэтак ласкава размаўляла з ім.

Ён паглядзеў на прысутных. Старшынёва была вясёлая, графіня ўсміхалася, пан Ленцкі ззяў. Лёкай графіні на козлах ішоў у заклад з фурманам, што Вакульскі выйграе. Навокал віравала радасць і весялосць. Радаваўся натоўп, галерэя, каляскі. Кабеты ў рознакаляровых строях былі прыгожыя, як кветкі, і жвавыя, як птушкі. Музыкі гралі фальшыва, але хвацка, коні іржалі, спартсмены спрачаліся, гандляры расхвальвалі сваё піва, апельсіны і пернікі. Радавалася сонца, неба і зямля, а ў Вакульскага з’явілася гэткае дзіўнае адчуванне, што ўсіх і ўсё ён хацеў бы схапіць у абдымкі.

Адбыўся другі заезд, музыка зноў зайграла. Вакульскі пабег да трыбуны, а спаткаўшы Юнга, які з сядлом пад пахаю якраз вяртаўся з вагаў, ціха сказаў яму:

– Пане Юнг, мусім выйграць… Сто рублёў звыш умовы… Нават калі кабыла здохне…

– Вох!.. – прастагнаў жакей, гледзячы на яго з выразам суровага здзіўлення.

Вакульскі загадаў, каб яго каляска пад’ехла бліжэй да графіні, і вярнуўся да паняў. Уразіла яго, што каля іх нікога не было. Маршалак і барон, праўда, наблізіліся да іх каляскі, але, холадна прынятыя паннай Ізабэлай, хутка адышлі. Толькі маладыя людзі кланяліся здалёк і не затрымліваліся.

“Разумею, – падумаў Вакульскі. – Астудзіла іх пыл навіна пра аўкцыён дома. А цяпер, – звярнуўся ён у думках да панны Ізабэлы і пазіраючы на яе, – пераканайся сама, хто насамрэч цябе кахае, а не твой маёнтак”.

Зазванілі на трэці забег. Панна Ленцкая паднялася з сядзення, а на твары ў яе выступіла чырвань.

Паблізу ад яе з мінаю знуджанага чалавека праехаў Юнг на Султанцы.

– Будзь спрытнаю! Ты – красуня!.. – крыкнула ёй панна Ізабэла.

Вакульскі ўскочыў у сваёй калясцы і адкрыў ларнетку. Ён гэтак засяродзіўся на заездзе, што на момант нават выпусціў з віду панну Ізабэлу. Секунды расцягваліся яму ў гадзіны, здавалася, што ён злучаны з трыма коньмі, што рыхтаваліся да старту, і што кожны іх нязначны рух ён адчувае ўсім целам. Яму здавалася, што яго кабыла недастаткова гарачая, што Юнг занадта нядбалы. Да яго даляталі абрыўкі размоваў:

– Юнг возьме…

– Але… Зірні, пан, на таго гнядога…

– Даў бы дзесяць рублёў, каб Вакульскі выйграў… Заткнуў бы графаў за пояс…

– Кшэшоўскі ашалеў бы…

Званок. Тры коні з месца рушылі ў галоп.

– Юнг першы…

– Нічога…

– Ужо прайшлі паварот…

– Першы паварот, а гняды ўжо за ім…

– Другі… Зноў вымкнуўся…

– Але гняды ідзе…

– Пунсовая куртка ззаду…

– Трэці паварот… Але ж Юнг на іх не зважае…

– Гняды даганяе…

– Гляньце!.. Гляньце!.. Пунсовы пераганяе гнядога…

– Гняды апошні… Прайграў пан…

– Пунсовы пераганяе Юнга…

– Не дагоніць, ужо пасылае каня…

– Але… Але… Брава, Юнг!.. Брава, Вакульскі!.. Кабыла бяжыць, як вада!.. Брава!..

– Брава!.. Брава!..

Званок. Юнг выйграў. Высокі спартсмен узяў кабылу за аброць, падвёў да трыбуны суддзяў і загукаў:

– Султанка!.. Жакей Юнг!.. Гаспадар ананім…

– Які ананім?!. Вакульскі… Брава, Вакульскі!.. – выбухнуў натоўп.

– Гаспадар пан Вакульскі! – паўтарыў высокі спартсмен і адправіў каня на аўкцыён.

Натоўп з шалёным энтузіязмам вітаў Вакульскага. Аніводзін забег яшчэ гэтак не ўзрушаў гледачоў, яны цешыліся, што варшаўскі купец пабіў двух графоў.

У гэты момант прыбег высокі спартсмен.

– Пане Вакульскі, – сказаў ён, – вось грошы. Трыста рублёў – узнагарода, а восемсот – за кабылу, якую я купіў…

Вакульскі з пачкам банкнотаў павярнуўся да панны Ізабэлы:

– Ці дазволіць пані, каб я ў яе рукі склаў гэтае ахвяраванне на прытулак?

Панна Ізабэла прыняла пачак з усмешкаю і мілым позіркам…

Тут нехта штурхануў Вакульскага. Гэта быў барон Кшэшоўскі. Зялёны ад злосці ён падышоў да каляскі і па-французску звярнуўся да панны Ізабэлы:

– Цешуся, кузінка, што твае паклоннікі трыумфуюць… Прыкра мне толькі, што за мой кошт… Вітаю паняў! – дадаў ён, кланяючыся графіні і старшынёвай.

Твар графіні спахмурнеў, пан Ленцкі збянтэжыўся, панна Ленцкая пабляднела. Барон нярвова паправіў пенснэ, якое спадала ў яго з носа, і працягваў, не зводзячы вачэй з панны Ізабэлы:

– Гэтак… Мне асабліва шанцуе на аматараў кузінкі…

– Бароне, – з перасцярогаю звярнулася да яго старшынёва.

– Я ж нічога кепскага… Кажу толькі, што мне шанцуе на…

Вакульскі, які стаяў ззаду, таргануў яго за плячо.

– На адно слова, пане, – сказаў ён.

– Ах, гэта пан, – адказаў барон, узіраючыся ў яго.

Яны адышлі ў бок.

– Пан мяне штурхануў, пане бароне…

– Вельмі перапрашаю…

– Мне гэтага недастаткова…

– Ці не сатысфакцыі пан хоча? – запытаўся барон.

– Менавіта.

– У такім выпадку, я да паслугаў, – сказаў барон, шукаючы візітоўку. – Ах, халера! Не ўзяў з сабою візітовак… Можа, пан мае нататнік з алоўкам?..

Вакульскі падаў яму візітоўку і нататнік, у якім барон напісаў свой адрас і прозвішча, не прамінуўшы зрабіць росчырк.

– Мне будзе прыемна, – дадаў ён, кланяючыся Вакульскаму, – разлічыцца за маю Султанку.

– Пастараюся задаволіць пана барона.

Яны абмяняліся самымі ветлівымі паклонамі і разышліся.

– Сапраўды, скандал! – прамовіў засмучаны пан Ленцкі, які бачыў гэты абмен ветлівасці.

Разгневаная графіня загадала ехаць дадому, не чакаючы сканчэння скачак. Вакульскі ледзьве паспеў вярнуцца да каляскі і развітацца з дамамі. Да таго, як коні рушылі, панна Ізабэла выхілілася і, падаючы Вакульскаму канцы пальцаў, ціха прамовіла:

– Merci, monseur

Вакульскі аслупянеў ад радасці. Ён застаўся яшчэ на адзін забег, нічога не бачачы навокал, а ў перапынку з’ехаў.

Проста са скачак Вакульскі паехаў да Шумана.

Доктар сядзеў каля адчыненага акна ў падраным шлафроку на ваце і ўносіў папраўкі ў трыццацістаронкавую этнаграфічную брашурку, на напісанне якое спатрэбіліся тысячы назіранняў і чатыры гады жыцця. Гэта было даследаванне пра колер і форму валасоў насельнікаў Польскага Каралеўства. Вучоны доктар уголас сцвярджаў, што гэтая праца разыдзецца не больш чым у некалькіх дзясятках экземпляраў, але паціху загадаў надрукаваць чатыры тысячы асобнікаў і быў упэўнены ў другім выданні.

Апроч кпінаў над сваім улюбёным заняткам і нараканняў, што ён нікога не цікавіць, у глыбіні душы Шуман быў перакананы, што ў цывілізаваным свеце няма чалавека, які б у найвышэйшай ступені не быў зацікаўлены пытаннем колеру валасоў і таго, як даўжыня суадносіцца таўшчынёю. Менавіта ў гэтую хвіліну ён вырашаў, ці не варта было б напачатку даследавання напісаць афарызм: “Пакажы мне свае валасы, і я скажу, хто ты”.

Калі Вакульскі ўвайшоў да яго ў пакой і, стомлены, упаў на канапу, доктар пачаў пра набалелае:

– Што за прафаны гэтыя карэктары… У мяне тут некалькі сотняў лічбаў з трыма знакамі пасля коскі, і ўяві сабе, у палове з іх – памылкі… Яны думаюць, што нейкая тысячная або нават сотая частка міліметра нічога не значыць, і не ведаюць, дылетанты, што якраз там самае галоўнае. Хай мяне д’яблы, каб у Польшчы было магчыма калі не адкрыццё, дык хоць друкаванне лагарыфмічных табліц. Добры паляк пацее ўжо пры другім знаку пасля коскі, пры пятым у яго пачынаецца гарачка, а сёмы забівае яго, нібы апаплексічны ўдар… А што ў цябе чуваць?

– Маю двубой, – адказаў Вакульскі.

Доктар ускочыў з крэсла і гэтак хутка падбег да канапы, што полы шлафрока разляцеліся ў бакі і зрабілі яго падобным на кажана.

– Што?.. Двубой?.. – крыкнуў ён, і вочы яго бліснулі. – І можа, ты думаеш, што я пайду з табою ў ролі лекара?.. Буду глядзець, як двое дурняў страляюць адзін аднаму ў лоб, і, можа, давядзецца яшчэ каторага перавязваць?.. І не падумаю ўмешвацца ў гэтае блазнаванне!.. – крычаў ён, хапаючыся за галаву. – Зрэшты, я не хірург і ўжо даўно не займаюся медыцынаю…

– Дык і не будзеш ты лекарам, будзеш секундантам.

– А… Гэта іншая справа, – адказаў доктар спакойна. – З кім жа?..

– З баронам Кшэшоўскім.

– Добра страляе! – буркнуў доктар. – З-за чаго?

– Штурхануў мяне на скачках.

– На скач… а што ты рабіў на скачках?

– Выстаўляў каня і нават атрымаў прыз.

Шуман стукнуў сябе па патыліцы і раптам падняў павекі Вакульскага ды пачаў пільна вывучаць яго вочы.

– Думаеш, я звар’яцеў? – запытаўся Вакульскі.

– Яшчэ не. Гэта жарт ці сур’ёзна? – удакладніў ён праз момант.

– Зусім сур’ёзна. Не жадаю ніякае згоды і прашу пра самыя жорсткія ўмовы.

Доктар вярнуўся да свайго стала, сеў, абапёр галаву на рукі, падумаў і сказаў:

– Спадніца, так?.. Нават пеўні б’юцца толькі…

– Шуман… сцеражыся!.. – глухім голасам перасцярог яго Вакульскі, выпростваючыся на канапе.

Доктар зноў уважліва на яго паглядзеў.

– Дык вось ужо як... – прамармытаў ён. – Добра. Буду тваім секундантам. Маеш растаўчы галаву, растаўчы пры мне, можа, змагу дапамагчы нечым…

– Прышлю зараз табе Жэцкага, – сказаў Вакульскі, паціскаючы яму руку.

Ад доктара ён пайшоў у сваю краму, хутка перамовіўся з панам Ігнацы, вярнуўся дадому і паклаўся спаць раней за дзясятую. Яго ільвіная натура патрабавала моцных уражанняў, толькі тады яго душа, што пакутавала ад жарсці, знаходзіла раўнавагу.

На другі дзень а пятай пасля абеду Жэцкі з Шуманам ужо ехалі да графа-англічаніна, які быў секундантам Кшэшоўскага. Абодва прыяцелі Вакульскага дарогаю маўчалі, азваўся раз толькі пан Ігнацы:

– І што доктар наконт гэтага?..

– Тое, што ўжо казаў, – буркнуў Шуман. – Набліжаемся да пятае дзеі. Гэта або канец энергічнага чалавека, або пачатак цэлага шэрагу недарэчнасцяў…

– Найгоршых, бо палітычных, – удакладніў Жэцкі.

Доктар паціснуў плячыма і адвярнуўся. Пан Ігнацы з яго вечнаю палітыкаю падаваўся яму невыносным.

Граф-англічанін чакаў іх у таварыстве іншага джэнтльмена, які не адрываў позірку ад аблокаў за акном і праз кожныя некалькі хвілін з цяжкасцю стараўся нібы нешта пракаўтнуць. Выраз твару яго быў няўважлівы, а ў сапраўднасці ён быў адметным чалавекам – паляўнічым на ільвоў і знаўцам егіпецкае старажытнасці.

Сярод кабінета графа-англічаніна стаяў стол, накрыты зялёным сукном, і вакол яго – чатыры крэслы з высокімі спінкамі, на стале ляжалі чатыры аркушы паперы, чатыры алоўкі, два пяры і чарніліца, гэткая вялікая, быццам прызначаная на бясконцыя паседжанні.

Калі ўсе паселі, граф пачаў казаць:

– Калі ласка, панове, – сказаў ён, – барон Кшэшоўскі прызнае, што мог штурхануць пана Вакульскага, бо ён быў усхваляваны, тэк. У выніку чаго, па нашым патрабаванні…

Тут граф зірнуў на свайго таварыша, які з урачыстаю мінаю нешта пракаўтнуў.

– Па нашым патрабаванні, – працягваў граф, – барон гатовы… перапрасіць нават у пісьмовай форме пана Вакульскага, якога мы ўсе шануем, тэк… Што вы наконт гэтага, панове?

– У нас няма паўнамоцтваў рабіць якія б там ні было крокі да замірэння, – адказаў Жэцкі, у якім азваўся былы венгерскі афіцэр.

Вучоны-егіптолаг вырачыў вочы і пракаўтнуў два разы запар.

На твары графа мільганула здзіўленне, але ён адразу ж апанаваў яго і прамовіў сухім і ветлівым тонам:

– У такім выпадку паслухаем, якія будуць умовы.

– Няхай панове маюць ласку іх паведаміць, – сказаў Жэцкі.

– О, вельмі просім паноў, – сказаў граф.

Жэцкі адкашляўся.

– У такім выпадку насмелюся прапанаваць… Праціўнікі становяцца за дваццаць пяць крокаў адзін ад аднаго, робяць па пяць крокаў наперад…

– Тэк.

– Пісталеты наразныя з мушкамі… Стрэлы да першае крыві… – скончыў Жэцкі цішэй.

– Тэк.

– Час – заўтра раніцай, калі гэта магчыма…

– Тэк.

Жэцкі пакланіўся, не падымаючыся з крэсла. Граф узяў аркуш паперы і пры агульным маўчанні напісаў пратакол, які Шуман адразу перапісаў. Абодва дакументы былі падпісаныя, і праз няпоўныя тры чвэрці гадзіны справа вырашаная. Секунданты Вакульскага развіталіся з гаспадаром і яго таварышам, які зноў засяродзіўся на разглядванні аблокаў.

Ужо на вуліцы Жэцкі звярнуўся да Шумана:

– Вельмі прыемныя гэтыя людзі з арыстакратыі…

– Хай іх д’яблы возьмуць!.. Няхай вас усіх д’яблы возьмуць з вашымі бязглуздымі забабонамі!.. – крычаў доктар, махаючы кулаком.

Вечарам пан Ігнацы падрыхтаваў пісталеты і зайшоў да Вакульскага. Той быў адзін і піў гарбату. Жэцкі наліў сабе і сказаў:

– Бачыш, Стасю, гэта людзі з вялікім гонарам. Барон, а ён, як ты ведаеш, вельмі безуважны, гатовы прынесці табе свае прабачэнні…

– Ніякіх прабачэнняў.

Жэцкі змоўк. Ён піў гарбату і паціраў лоб. Пасля доўгае паўзы ён прамовіў:

– Вядома, ты паклапаціўся пра справы… на выпадак…

– Нічога са мною не здарыцца, – гнеўна адказаў Вакульскі.

Пан Ігнацы пасядзеў яшчэ з чвэрць гадзіны моўчкі. Гарбата была нясмачная яму, галава балела. Ён дапіў шклянку, зірнуў на гадзіннік і выйшаў з пакоя прыяцеля са словамі:

– Заўтра выязджаем а палове на сёмую раніцы.

– Добра.

Калі пан Ігнацы пайшоў, Вакульскі сеў да стала, напісаў на аркушы для лістоў некалькі радкоў і паклаў у канверт з адрасам Жэцкага. Здавалася яму, што ён усё яшчэ чуе непрыемны голас барона: “Цешуся, кузінка, што трыумфуюць твае паклоннікі… Прыкра мне толькі, што за мой кошт…”

А куды б ён ні зірнуў, паўсюль бачыў прыгожы твар панны Ізабэлы, пунсовы ад сораму.

У сэрцы яго кіпела глухое шаленства. Ён адчуваў, што рукі яго робяцца як жалезныя брускі, а цела набірае гэткае неверагоднае цвёрдасці, што, хіба, няма такое кулі, якая б не адскочыла ад яго. Мільганула яму ў галаве слова “смерць”, і ён усміхнуўся. Ён ведаў, што смерць не нападае на адважных, яна толькі становіцца насупраць іх, як злы сабака, і глядзіць зялёнымі вачыма: ці не змружаць яны павекі.

У тую ноч, як, зрэшты, і ў кожную іншую, барон гуляў у карты. Марушэвіч таксама быў у клубе і нагадваў яму пра двубой і а першай, і а другой, каб той ішоў спаць, бо раніцаю яго разбудзяць а сёмай. Безуважны барон адказваў: “Зараз! Зараз!..”, але прасядзеў ажно да трэцяе, пакуль адзін з яго партнёраў не заявіў:

– Баста, бароне! Паспі хоць пару гадзін, бо будуць трэсціся рукі і спудлуеш.

Гэтыя словы, а яшчэ больш тое, што партнёры выйшлі з-за століка, ацверазілі барона. Ён вярнуўся з клуба дадому і загадаў свайму камердынеру Канстанты абудзіць яго а сёмай рана.

– Ясны пан, пэўна, робіць нейкае глупства!.. – буркнуў абражаны слуга. – Што яшчэ такое?.. – пытаўся ён, злосна распранаючы барона.

– А, блазан! – абурыўся барон. – Ты мяркуеш, што я буду табе нешта тлумачыць? У мяне двубой, ясна?.. Бо мне гэтак хочацца. А дзясятай раніцы буду страляцца з нейкім шаўцом ці цырульнікам, зразумеў?.. Можа, ты мне забароніш?..

– А няхай ясны пан страляецца нават са старым д’яблам! – адказаў Канстанты. – Толькі хацеў бы я ведаць, хто па вэксалях яснага пана заплаціць? А за кватэру… на гаспадарку?.. З-за таго, што ясны пане кожны квартал мае цікаўнасць да Павонзак, гаспадар насылае на нас натарыусаў, і я баюся, каб нам з голаду не памерці… Добрая служба!..

– Пайшоў прэч!.. – закрычаў барон і, схапіўшы чаравік, шпурнуў яго ў камердынера, які адскочыў. Чаравік трапіў у сцяну і ледзьве не зваліў бронзавую фігурку Сабескага.

Паквітаўшыся з адданым слугою, барон лёг у ложак і задумаўся пра сваё гаротнае становішча.

“Дажыўся! – уздыхаў ён. – Каб мець двубой з купчыкам! Калі я яго падстрэлю, дык буду, як той паляўнічы, што выйшаў на мядзведзя, а забіў селяніну цельную карову. Калі ён мяне падстрэліць, атрымаецца, нібы мяне перацягнуў пугаю фурман брычкі. Калі абодва спудлуем… Не, мусім жа страляцца да крыві. Хай мяне затопчуць, а лепш бы перапрасіць таго асла, нават у канцылярыі натарыуса, апрануўшы на гэту ўрачыстасць фрак і белы гальштук. Ах, подлы ліберальны час!.. Мой бацька загадаў бы гэткага зуха наставіць на розум на сваёй псярні, а я мушу даваць яму сатысфакцыю, нібы сам цынамонам гандлюю… Хай бы ўжо і прыйшла тая дурная сацыяльная рэвалюцыя, якая вынішчыць або нас, або лібералаў…”

Ён пачаў засынаць, і яму мроілася, што Вакульскі яго забіў. Ён бачыў, як ягоны труп два пасыльныя нясуць у кватэру жонкі, як жонка млее і кідаецца яму на акрываўленыя грудзі… Як яна выплачвае ўсе яго даўгі, асігнуе тысячы рублёў на пахаванне і… як ён паўстае з мёртвых ды забірае тыя тысячы рублёў сабе на дробныя выдаткі…

Шчаслівая ўсмешка зайграла на змарнелым твары барона, і ён заснуў, як дзіця.

А сёмай ледзьве дабудзіліся яго Канстанты з Марушэвічам. Барон ніяк не хацеў уставаць, а мармытаў, што лепш няхай яго заб’юць і зняславяць, чым ён падымецца гэтак рана. Толькі від графіна з халоднай вадою вярнуў яго ў прытомнасць. Барон ускочыў з ложка, выцяў Канстанты, насварыўся на Марушэвіча і пакляўся ў душы, што Вакульскага заб’е.

Але калі ўжо апрануты ён выйшаў на вуліцу, дзе было цудоўнае надвор’е, і калі прыйшло яму ў галаву, што бачыць світанак, нянавісць да Вакульскага аслабла, і ён пастанавіў толькі прастрэліць таму нагу.

“Ага!.. – думаў ён. – Стрэлю, а ён будзе кульгаць да канца жыцця і расказваць: гэту смяротную рану я атрымаў у двубоі з баронам Кшэшоўскім!.. Дажыўся… Што яны нарабілі, каханыя мае секунданты?.. Калі ўжо нейкі купчык гвалтам хоча страляць у мяне, дык хай страляе, прынамсі, як я іду на шпацыр, а не на двубоі… Жахлівае становішча!.. Уяўляю сабе, як мая дарагая жонка будзе апавядаць, што я б’юся з купцамі…”

Пад’ехалі каляскі. У адну сеў барон з графам-англічанінам, у другую – маўклівы егіптолаг з пісталетамі і хірургам. Рушылі ў бок Бялянаў, а праз некалькі хвілін паімчаў за імі лёкай барона, Канстанты, у брычцы. Адданы слуга лаяўся на чым свет стаіць і кляўся, што ўдвая заплаціць яму пан за гэту прагулку. Быў ён, аднак, устрывожаны.

У бялянскім ляску барон і трое яго таварышаў знайшлі партыю праціўніка і двума групамі пайшлі на бераг Віслы. Доктар Шуман быў злы, Жэцкі суровы, Вакульскі пахмурны. Барон, паціраючы сваю рэдкую бараду, пазіраў на яго і думаў: “Ён, пэўна, добра харчуецца, гэты купчык. Я ў параўнанні з ім выглядаю, як аўстрыйская цыгара побач з быком. Каб мяне д’яблы забралі, калі я не стрэлю гэтаму блазну ў галаву або… зусім не буду страляць… Гэтак будзе найлепш…”

Але ён зноў прыгадаў, што двубой павінны быць да першае крыві. Тады барон раззлаваўся і канчаткова вырашыў забіць Вакульскага на месцы.

“Раз і назаўсёды адвучыць гэтых лыкаў[137] выклікаць нас,” – казаў сабе барон.

За нейкі дзясятак крокаў ад яго Вакульскі, як маятнік, хадзіў паміж дзвюма хвоямі. Цяпер ён не думаў пра панну Ізабэлу, ён слухаў птушынае шчабятанне, ад якога кіпеў лес, і плюскат Віслы, якая падмывала бераг. На фоне гукаў спакойнага шчасця прыроды дзіўна гучала шчоўканне затвораў пісталетаў ды трэск куркоў. У Вакульскім абудзіўся драпежнік, увесь свет знік з яго вачэй, а застаўся толькі адзін чалавек, барон, труп якога ён меў прывалачы да ног абражанае панны Ізабэлы.

Паставілі іх да бар’ера. Барон быў усё яшчэ заклапочаны, бо не ведаў, што зрабіць з купчыкам, і канчаткова вырашыў прастрэліць яму руку. На твары Вакульскага адбівалася гэткая дзікая заядласць, што здзіўлены граф-англічанін падумаў: “Тут, бадай, не кабыла і не штурханіна на скачках!..”

Егіптолаг, які дагэтуль маўчаў, скамандаваў. Праціўнікі паднялі пісталеты і рушылі. Барон прыцэліўся Вакульскаму ў правую ключыцу і, апускаючы пісталет, далікатна прыціснуў курок. У апошні момант ссунулася яму пенснэ, пісталет схібіў на волас, выстрал – куля праляцела на цалю ад пляча Вакульскага.

Барон прыкрыў твар пісталетам і, гледзячы з-пад яго думаў: “Не трапіць гэты асёл… Мерыцца ў галаву…”

Раптам ён адчуў моцны ўдар у скронь, зашумела яму ў вушах, чорныя птахі паляцелі перад вачыма… Ён выпусціў з рукі зброю і ўкленчыў…

– У галаву!.. – крыкнуў нехта.

Вакульскі кінуў пісталет на зямлю і адышоў ад бар’ера. Усе пабеглі да барона, які стаяў яшчэ на каленях і, замест таго, каб паміраць, пранізліва крычаў:

– Неверагодны выпадак! Маю дзюрку ў твары, зуб выбіты, а кулі не відно… Не праглынуў жа я яе…

Тады егіптолаг падняў і старанна агледзеў пісталет барона.

– А!.. – выгукнуў ён. – Усё ясна… Куля – у пісталет, а затвор – у сківіцу… Пісталет сапсаваны; вельмі цікавы стрэл…

– Ці задаволены пан Вакульскі? – спытаў граф-англічанін.

– Так.

Хірург перавязаў твар барону. З-за дрэваў прыбег спалоханы Канстанты.

– А што?! – гаварыў ён. – Я ж казаў, дайграецца ясны пан.

– Маўчы, блазан!.. – прашапяляў барон. – Едзь зараз жа да пані баранесы і скажы кухарцы, што я цяжка паранены…

– Прашу праціўнікаў падаць адзін аднаму рукі, – урачыста прамовіў граф-англічанін.

Вакульскі падышоў да барона і паціснуў яму руку.

– Добры стрэл, пане Вакульскі, – з цяжкасцю казаў барон, моцна паціскаючы яму руку. – Дзівіць мяне, што чалавек з прафесіяй пана… Але, можа, гэта абражае пана?..

– Зусім не!

– Дык вось, што чалавек з прафесіяй пана, вельмі, зрэшты, шаноўнай, гэтак добра страляе… Дзе маё пенснэ?.. Ах, тут… Пане Вакульскі, прашу на адно слова…

Ён абапёрся на руку Вакульскага і адышоў з ім на некалькі крокаў у бок лесу.

– Я знявечаны, – казаў барон, – выглядаю, як старая малпа з флюсам. Другога скандалу з панам я б не хацеў, бо бачу, што пану шанцуе… Дык скажы мне, пан: за што я, уласна, стаў калекам?.. Хіба не за тое, што штурхануў… – дадаў ён, зазіраючы ў вочы.

– Абразіў пан кабету… – ціха адказаў Вакульскі.

Барон адступіў на крок.

– Ах!.. C’est çа[138], – прамовіў ён. – Разумею… Яшчэ раз перапрашаю пана, а там… ведаю, што мне трэба зрабіць…

– І пан мне прабач, бароне, – адказаў Вакульскі.

– Драбяза… Калі ласка… Нічога, – казаў барон, кранаючы яго за плячо. – Не застануся, хіба, знявечаным, а што да зуба… Дзе мой зуб, доктар?.. Прашу загарнуць яго ў паперку… А што да зуба, дык даўно ўжо трэба было паставіць сабе новыя. Не паверыш, пане Вакульскі, якія ў мяне папсаваныя зубы…

Усе развіталіся цалкам задаволеныя. Барон дзівіўся, дзе чалавек такой прафесіі навучыўся так страляць, граф-англічанін больш, чым калі-небудзь, быў падобны да марыянеткі, а егіптолаг зноў пачаў назіраць за аблокамі. А ў другой партыі – Вакульскі быў задуменны, Жэцкі захоплены адвагаю і ветлівасцю барона, і адзін Шуман быў злосны. Толькі калі карэта з’ехала з горкі пры кляштары камедулаў, доктар зірнуў на Вакульскага і прабубніў:

– Вось быдла! І я на гэтакіх блазнаў не напусціў паліцыю...

Праз тры дні пасля дзіўнага двубою Вакульскі сядзеў, зачыніўшыся ў кабінеце з нейкім панам Вільямам Колінсам. Слуга, які даўно ўжо быў заінтрыгаваны гэтымі канферэнцыямі, што адбываліся па некалькі разоў на тыдзень, выціраў пыл у прылеглым пакоі і час ад часу прыкладаў то вока, то вуха да дзіркі для ключа. Ён бачыў на стале нейкія кніжкі, бачыў, як ягоны гаспадар нешта піша ў сшытку, чуў, як госць задае Вакульскаму нейкія пытанні, на якія той адказвае часам гучна, а часам ціха і нясмела… Але пра што гэтая незвычайная размова, лёкай здагадацца не мог, бо размова адбывалася на чужой мове.

“Дык жа гэта ні па-нямечку, – мармытаў слуга, – бо я ж ведаю, як трэба па-нямечку: bite majn Her… І ні па-францушку, бо яны не кажуць: mąsie, bążur, lendi[139] І ні па-жыдоўшку, і ні па якаму… Дык па якому? Мусіць штары камбінаваць нейкую fain шпекуляцыю, калі гаворыць так, што сам д’ябал яго не ражумее… і шупольніка знайшоў… Каб на яго халера!..”

Раптам празвінеў званок. Пільны слуга на дыбачках адбег ад дзвярэй кабінета, шумна зайшоў у вітальню і праз хвіліну пастукаўся да пана.

– Чаго ты хочаш? – нецярпліва запытаўся Вакульскі, высоўваючы галаву з дзвярэй.

– Прыйшоў той пан, што ўжо ў нас бываў, – адказаў слуга, стараючыся зазірнуць у кабінет. Але апроч сшытка на стале і рудых фаварытаў на твары пана Колінса, не ўбачыў нічога асаблівага.

– Чаму ж ты не сказаў, што мяне няма дома? – гнеўна спытаў Вакульскі.

– Жабыўся, – зморшчыў лоб і махнуў рукою слуга.

– Прасі яго, асёл, у пакой, – сказаў Вакульскі і бразнуў дзвярыма кабінету.

Хутка ў пакоі з’явіўся Марушэвіч. Ён і быў збянтэжаны, але яшчэ больш збянтэжыўся, калі ўбачыў, што Вакульскі вітае яго непрыязна.

– Перапрашаю… можа, я перашкаджаю… можа, які важны занятак…

– Абсалютна нічым я ў гэты момант не заняты, – пахмурна адказаў Вакульскі і злёгку пачырванеў.

Марушэвіч заўважыў гэта. Ён быў упэўнены, што ў кватэры або нешта адбываецца, або знаходзіцца кабета. Гэта надало яму адвагі, якую, зрэшты, ён заўсёды меў у дачыненні да людзей, нечым заклапочаных.

– Я толькі хвілінку займу шаноўнаму пану, – ужо смялей казаў мізэрны малады чалавек, ветліва памахваючы кійком і капелюшом.

– Слухаю, – сказаў Вакульскі, імпэтна сеў у фатэль і паказаў госцю на другі.

– Я прыйшоў перапрасіць дарагога пана, – з афектацыяй казаў Марушэвіч, – што не магу быць карысным пану ў справе аўкцыёну дома панства Ленцкіх…

– А пан адкуль ведае пра аўкцыён?.. – не на жарт здзівіўся Вакульскі.

– Не здагадваецца пан? – развязна спытаў прыемны малады чалавек, у якога злёгку торгалася вока з-за таго, што бракавала нахабства. – Не здагадваецца дарагі пан?.. Гэта той пачцівы Шлянгбаўм…

Раптам ён змоўк, нібы заканчэнне фразы захрасла яму ў горле, і рукі – левая з кійком, а правая з капелюшом – апалі на парэнчы фатэлю. Вакульскі нават не варухнуўся, толькі ўтаропіў у яго свой ясны позірк. Цішком ён назіраў за хваляваннем на твары Марушэвіча, быццам паляўнічы, які сочыць, як па нерушы скачуць палахлівыя зайцы. Ён прыглядаўся да маладзёна і думаў:

“Ах, дык гэта якраз той пачцівы католік, якога Шлянгбаўм наймае на аўкцыён за пяцьдзясят рублікаў, але не раіць даваць яму vadium у рукі?.. Ого! І калі браў восемсот рублёў за кабылу Кшэшоўскае, дык быў ён нейкі збянтэжаны… Ага! І навіну пра тое, што я набыў кабылу, ён разнёс… Служыць адразу двум гаспадарам: барону і яго жонцы… Так, але ён зашмат ведае пра мае справы… Шлянгбаўм быў неасцярожны…”

Гэтак разважаў Вакульскі і спакойна глядзеў на Марушэвіча. А мізэрны малады чалавек, да таго ж вельмі нервовы, круціўся пад ягоным позіркам, як галубок перад вачыма змяі-акулярніцы. Спачатку ён трохі збляднеў, потым хацеў зачапіцца позіркам за нейкі нейтральны прадмет, які дарэмна шукаў на столі ды на сценах пакоя, і нарэшце, змакрэлы да халоднага поту, адчуў, як яго блукаючы позірк бяссільна трапляе ва ўладу Вакульскага. Здавалася яму, што пахмурны купец абцугамі схапіў ягоную душу, і ён не можа супраціўляцца. Дык яшчэ разы два крутануў галавою і нарэшце аддана ўтапіўся ў позірку Вакульскага.

– Пане, – прамовіў ён соладка, – я бачу, што мушу гуляць з панам адкрытымі картамі… Дык скажу адразу…

– Няхай пан не турбуецца, пане Марушэвіч. Я ўжо ведаю, што мне трэба ведаць.

– Бо пан дабрадзей пад уплывам ілюзій, выкліканых плёткамі, ужо склаў пра мяне непрыхільнае меркаванне… А я тым часам, слова гонару, маю самыя лепшыя схільнасці…

– Няхай пан будзе ўпэўнены, пане Марушэвіч, што мае меркаванні не грунтуюцца на плётках.

Ён падняўся з фатэля і пачаў глядзець у іншы бок, што дазволіла Марушэвічу крыху ўтаймаваць пачуцці. Малады чалавек хутка развітаўся з Вакульскім, выйшаў з кватэры і паімчаў па сходах, думаючы: “Ну, ці чуў хто?! Нейкі крамнік будзе рабіць на мяне ўражанне! Быў момант, слова гонару, хацелася мне выцяць яго кіем… Дзікун, слова гонару… Гатовы падумаць, што я баюся яго, слова гонару… О, Божа, як цяжка караеш мяне за легкадумнасць!.. Падлюкі-ліхвяры насылаюць на мяне каморніка, праз пару дзён мушу заплаціць ганаровы доўг, а гэты купчык, гэты лайдак!.. Хацеў бы я толькі ведаць, што яму прымроілася, чаго ён навыдумляў пра мяне?.. Нічога ўжо не трэба… Але, слова гонару, ён, мусіць, некага забіў, бо такога позірку не можа мець чалавек прыстойны. Вядома, нядаўна ж ён ледзь не забіў Кшэшоўскага. Ах, нахабнік!.. Ён меў нахабства гэтак глядзець на мяне… на мяне, Богам клянуся!..”

Нягледзячы на гэта, назаўтра ён зноў прыехаў з візітам да Вакульскага, а калі не заспеў яго дома, дык загадаў рамізніку ехаць да крамы.

У краме яго прывітаў пан Ігнацы, які гэтак шырока раскінуў перад ім рукі, нібы ўсю краму прапаноўваў яму. Але ўнутраны голас падказваў старому крамніку, што гэты госць не купіць нічога, што каштавала б даражэй за пяць рублёў, і хто ведае, ці не загадае запісаць сабе на рахунак.

– Пан Вакульскі?.. – спытаў Марушэвіч, не здымаючы капелюша.

– Хутка будзе, – адказаў пан Ігнацы з нізкім паклонам.

– Што значыць хутка?..

– Сама позна праз чвэрць гадзіны, – адказаў Жэцкі.

– Я пачакаю. Загадай, пан, вынесці рубель рамізніку, – казаў малады чалавек, лена падаючы на крэсла. Ногі, сапраўды, не трымалі яго ад хвалявання, што стары крамнік можа не загадаць вынесці рубель рамізніку. Але Жэцкі распараджэнне выканаў, хоць кланяцца ўжо госцю перастаў.

Праз некалькі хвілін увайшоў Вакульскі.

Марушэвіч, убачыўшы ненавісную фігуру купчыка, зазнаў гэткія супярэчлівыя пачуцці, што не толькі забыўся, што казаць, але нават пра што думаць. У памяці засталося толькі, што Вакульскі завёў яго ў кабінет у глыбіні крамы, дзе стаяла жалезная каса, і ён не мог зразумець, чаго больш адчувае пры выглядзе Вакульскага: знявагі або пагарды. Пазней ён прыгадаў, што стараўся схаваць гэтае ўражанне за вытанчанай ветлівасцю, якая нават у яго ўласных вачах выглядала прыніжанасцю.

– Да паслугаў пана, – сказаў Вакульскі, калі яны селі.

Марушэвіч не змог заўважыць моманту гэтага перамяшчэння ў прасторы, але ён пачаў гаварыць, злёгку запінаючыся:

– Я хацеў бы шаноўнаму пану даць довад зычлівасці… Пані баранеса Кшэшоўская, як пан ведае, хоча купіць дом панства Ленцкіх… Дык вось, яе муж, барон, наклаў вета на пэўную частку яе сродкаў, без якіх пакупка не можа адбыцца… Вось… сёння… барон часова мае дробныя клопаты… Не стае яму… не стае яму тысячы рублёў… хацеў бы пазычыць… бо… бо, разумее пан, не зможа энергічна супрацьстаяць волі жонкі…

Марушэвіч выцер з ілба пот, убачыўшы, што Вакульскі зноў пачаў дапытліва глядзець на яго.

– Дык гэта барону патрэбныя грошы?

– Так, – хутка адказаў малады чалавек.

– Тысячу рублёў я не дам, хіба, трыста… чатырыста… І распіску мне ад барона.

– Чатырыста, – міжвольна паўтарыў малады чалавек і таропка дадаў: – Праз гадзіну прывязу распіску ад барона… Пан тут будзе?

– Буду.

Марушэвіч выйшаў з кабінета і праз гадзіну, сапраўды, вярнуўся з распіскаю ад барона Кшэшоўскага. Вакульскі прачытаў дакумент, паклаў яго ў касу і ўзамен даў Марушэвічу чатырыста рублёў.

– Барон пастараецца як мага хутчэй… – мармытаў Марушэвіч.

– Нічога пільнага, – адказаў Вакульскі. – Падобна, барон хворы?

– Так… крыху… Заўтра або паслязаўтра выязджае… Верне як мага хутчэй…

Вакульскі развітаўся з ім нядбалым рухам галавы.

Малады чалавек хутка выскачыў з крамы, нават забыў аддаць Жэцкаму рубель, які пазычыў на рамізніка. На вуліцы ён з палёгкаю ўздыхнуў, і ў галаве яго закруціліся думкі: “Ах, паганы купчык!.. Хапіла нахабства даць мне чатырыста рублёў замест тысячы… Божа, як сурова караеш мяне за легкадумнасць… Каб мне толькі адыграцца, слова гонару, шпурну яму гэтыя чатырыста ды тыя дзвесце… Божа, як нізка я ўпаў…”

Прыгадаліся яму кельнеры ў рэстаранах, маркеры пры більярдзе і швейцары ў гатэлях, у якіх ён таксама рознымі спосабамі здабываў грошы. Але аніводзін з іх не падаваўся яму гэткім ненавісным і вартым пагарды, як Вакульскі.

“Слова гонару, – думаў ён, – я сам улез яму ў брыдкія лапы… Божа, як караеш мяне за легкадумнасць…”

А Вакульскі, калі Марушэвіч пайшоў, быў задаволены.

“Здаецца мне, – думаў ён, – што гэта махляр, якіх пашукаць, і які выкрутлівы. Хацеў атрымаць у мяне пасаду, але сам яе знайшоў: сочыць за мною і даносіць, каму трэба. Мог бы нарабіць мне клопатаў, каб не гэтыя чатырыста рублёў, якія ён узяў, я ўпэўнены, па фальшывай распісцы. Кшэшоўскі пры ўсіх сваіх дзівацтвах ды лайдацтве чалавек сумленны… (Ці лайдак можа быць сумленным?..) У кожным разе, не стаў бы ён пазычаць у мяне грошы на свае справы ці з-за капрызаў жонкі…”

Яму стала прыкра, ён апусціў галаву на рукі і з заплюшчанымі вачыма маракаваў: “Што ж я раблю?.. Свядома дапамагаю махляру красці. Каб я сёння памёр, дык грошы тыя мусіў бы вярнуць Кшэшоўскі… Не, гэта Марушэвіч пайшоў бы ў астрог… Ну, гэтага яму не мінуць…”

Хутка агарнуў яго яшчэ горшы песімізм.

“Чатыры дні таму я ледзь не забіў чалавека, сёння іншаму збудаваў мост у вязніцу і ўсё гэта дзеля яе за адно merci… Ну, дзеля яе таксама я зарабіў маёнтак, даю працу сотням людзей, памнажаю багацце краю… Чым жа я быў бы без яе? Дробным галантарэйным купцом. А сёння гаворыць пра мяне ўся Варшава. Анягож!.. Кавалак вугалю рухае карабель, які нясе сотні людзей, а каханне рухае мною. А калі яно спаліць мяне, што застанецца толькі жменя попелу?.. О Божа, які нэндзны гэты свет… Мае рацыю Ахоцкі. Кабета – паганая жывёліна: бавіцца тым, чаго нават зразумець не можа…”

Ён быў гэтак паглыблены ў сваю балесную медытацыю, што не пачуў, як адчыніліся дзверы ў пакой і пачуліся хуткія крокі. Апрытомнеў ён толькі ад дотыку чыёйсьці рукі. Павярнуў галаву і ўбачыў мецэната з вялікай папкаю пад пахаю ды змрочным выразам на твары.

Вакульскі ўскочыў, збянтэжаны, пасадзіў госця ў фатэль, а славуты адвакат абапёрся на стол і, хутка паціраючы сабе карак, прамовіў прыцішаным голасам:

– Пане… пане… пане Вакульскі! Каханы пане Станіславе!.. Што ты… што ты творыш, пан дабрадзей?.. Пратэстую… пярэчу… складаю апеляцыю на вяльможнага пана Вакульскага, легкадумнага пана Станіслава, які з хлопца на пабягушках стаў вучоным і меўся рэфармаваць нам замежны гандаль. Пане… пане Станіславе – гэтак няможна!

Кажучы гэта, ён цёр сабе карак і моршчыўся, нібы наеўся хініну.

Вакульскі апусціў вочы і маўчаў, адвакат казаў далей:

– Дарагі пане, адным словам, кепска. Граф Саноцкі, памятае яго пан, той прыхільнік ашчаджаць кожны грош, хоча зусім выйсці з суполкі. А ведае пан, чаму? З дзвюх прычын: найперш з-за таго, што бавішся, пан, скачкамі, ды яшчэ і абходзіш яго. Разам з панскаю кабылаю скакаў і яго конь ды прайграў. Граф вельмі раззлаваны і бурчыць: “Якога д’ябла мне траціць грошы? Каб даваць купцам магчымасць спаборнічаць са мною і хапаць узнагароды ў мяне з-пад носу?..”

– Дарэмна я пераконваў яго, – працягваў адвакат пасля кароткае паўзы, – што скачкі таксама з’яўляюцца гэткім жа добрым інтарэсам, як і кожны іншы, а нават яшчэ лепшым, бо за некалькі дзён на васьмістах рублях зарабіў пан трыста, але граф адразу заткнуў мне рот:

“Вакульскі, – сказаў ён, – усю выйграную за каня суму аддаў дамам на прытулак, і, апроч таго, Бог ведае, колькі ён заплаціў Юнгу ды Мілеру…”

– Дык мне нават гэтага рабіць нельга! – не стрымаўся Вакульскі.

– Можна, пане, можна, – соладка дазволіў славуты адвакат. – Можна рабіць, але калі пан гэта робіць, дык толькі паўтарае чужыя грахі, якія, зрэшты, іншыя ўмеюць рабіць значна лепш. Але ні я, ні князь, ні тыя графы не дзеля таго зблізіліся з панам, каб слухаць старыя казкі, а дзеля таго, каб ты паказаў нам новыя шляхі.

– Дык няхай выходзяць з суполкі, – буркнуў Вакульскі, – я іх не цягну…

– І выйдуць, – сказаў адвакат, махаючы рукою, – зрабі, пан, яшчэ хоць адну памылку…

– Нібы я іх гэтак шмат нарабіў!..

– Не, пан – проста цуд, – злаваўся адвакат. – А хоць ведае пан, што казаў граф Ліціньскі, той нібы-англічанін, той “тэк”?.. Ён казаў: “Вакульскі – гэта гатовы джэнтльмен, страляе як Німрод[140], але які з яго кіраўнік купецкае справы? Бо сёння ён кіне мільёны ў прадпрыемства, а заўтра выкліча некага на двубой і паставіць усё пад удар…”

Вакульскі аж адсунуўся разам з фатэлем. Гэты папрок нават не прыходзіў яму ў галаву. Мецэнат, заўважыўшы такое ўражанне, вырашыў каваць жалеза, пакуль гарачае.

– Дык калі не жадаеш, каханы пане Станіславе, сапсаваць гэтак добра пачатую справу, спыніся. А перадусім не купляй камяніцу Ленцкіх. Бо калі ўкладзеш у яе дзевяноста тысяч рублёў, даруй, але суполка развеецца, як дым з люлькі. Людзі, як пабачаць, што ты змяшчаеш столькі грошай пад шэсць або сем працэнтаў, страцяць веру ў тыя працэнты, якія ты ім абяцаў, а нават… Разумееш?.. Яны гатовыя падазраваць…

Вакульскі ўскочыў.

– Не жадаю я ніякіх суполак!.. – крыкнуў ён. – Не жадаю нічые ласкі, хутчэй, гэта я сам раблю яе іншым. Хто мне не давярае, няхай праверыць усё… няхай пераканаецца, што не было ніякае містыфікацыі, але – не будзе ўжо ён маім супольнікам. Графы і князі не маюць манаполіі на фантазію… У мяне свае фантазіі, і мне не падабаецца, каб мне заміналі…

– Паволі… паволі… супакойся, каханы пане Станіславе, – улагоджваў яго адвакат, усаджваючы назад у фатэль. – Дык не адмаўляешся ад пакупкі?..

– Не. Тая камяніца больш для мяне значыць, чым суполка з панамі ўсяго свету.

– Добра, добра… Дык, можа б, на нейкі час падставіў замест сябе некага. У скрайнім выпадку, нават я гатовы пазычыць табе імя, а пра забеспячэнне ўласнасці не трэба клапаціцца. Галоўнае, не адштурхнуць людзей, якія ўжо ёсць. Арыстакратыя, калі рассмакуе публічныя справы, можа, уцягнецца, а праз год, праз палову года станеш, пан, і намінальным гаспадаром камяніцы. Што, згода?

– Няхай так, – згадзіўся Вакульскі.

– Так, – пацвердзіў адвакат, – так будзе лепш. Каб пан сам купіў той дом, дык апынуўся б у фальшывым становішчы нават у адносінах да панства Ленцкіх. Нам звычайна не падабаюцца тыя, каму дастаецца нешта пасля нас, гэта адно. А другое – хто дасць гарантыю, што не пачалі б у іх галовах ўяўляцца розныя камбінацыі?.. Пачнуць думаць: купіў ён задорага або затанна?.. Калі задорага, дык як смее рабіць нам ласку, а калі затанна, дык тады – нажываецца на нас…

Апошніх слоў адваката Вакульскі амаль не чуў, захоплены ўжо ўласнымі думкамі, якія апанавалі яго яшчэ мацней, калі госць выйшаў.

“Дык, – казаў ён сабе, – адвакат мае рацыю. Людзі пра мяне гавораць і нават асуджаюць, але робяць гэта ў мяне за спінаю, таму я нічога не ведаю. Да сённяшняга дня я не зважаў на некаторыя акалічнасці. Ужо з тыдзень купцы, з якімі ў мяне справы, маюць кіслыя міны, а праціўнікі трыумфуюць. У краме таксама нешта дзеецца… Ігнацы ходзіць маркотны, Шлянгбаўм задуменны. Лісецкі стаў яшчэ больш бурклівы, чым раней, нібы дапускае, што я хутка згарну інтарэс. У Клейна засмучаны від (сацыяліста злуюць скачкі і двубоі), а франт Зэмба ўжо пачынае круціцца каля Шлянгбаўма… Можа, ён чуе ў ім будучага гаспадара крамы?.. Ах, даражэнькія вы мае!..”

Ён выйшаў з кабінета і кіўком паклікаў Жэцкага за сабою. Стары крамнік, сапраўды, быў не падобны да сябе і не глядзеў свайму кіраўніку ў вочы.

Вакульскі паказаў яму на крэсла, а сам пару раз прайшоўся па цесным пакоі і запытаўся:

– Стары!.. Скажы праўду, што пра мяне гавораць?

Жэцкі развёў рукі.

– Ах, Божа, што гавораць…

– Кажы як ёсць, – заахвочваў яго Вакульскі.

– Як ёсць?.. Добра. Адны кажуць, што пачынаеш вар’яцець…

– Брава!..

– Іншыя, што… рыхтуеш нейкую авантуру…

– А каб іх…

– А ўсе разам, што збанкрутуеш, і вельмі хутка.

– Каб іх яшчэ раз… – паўтарыў Вакульскі. – А ты, Ігнацы, сам што думаеш?

– Я думаю, – без вагання адказаў той, – што ўлез ты ў нейкую магутную авантуру… з якое цэлым не выйдзеш… Хіба, калі адступіш своечасова, на што, зрэшты, павінна хапіць табе розуму…

Вакульскі выбухнуў гневам.

– Не адступлю! – выгукнуў ён. – Чалавек, які пакутуе ад смагі, не адступіць ад крыніцы. Калі маю загінуць, дык загіну, але нап’юся… Чаго вы хочаце ад мяне?.. Змалку жыў, як птах у сілках: у слугах, у турмах, а хоць бы і ў тым няшчасным шлюбе, у які прадаўся… А сёння, калі выраслі ў мяне крылы, гергечаце на мяне, як хатнія гусі на дзікага, які рвецца ляцець… Што мне нейкая там крама або суполка!.. Я хачу жыць так, як хачу…

У гэты момант нехта пастукаўся ў дзверы кабінета. Увайшоў Мікалай, слуга Ленцкага, з лістом. Вакульскі ліхаманкава схапіў ліст, разарваў канверт і прачытаў:

“Шаноўны Пане! Дачка мая абавязкова жадае бліжэй пазнаёміцца з Панам. Воля кабеты святая, дык я прашу Пана заўтра да нас на абед (а шостай), і нават не спрабуй, Пан, шукаць адгаворак. Прашу прыняць запэўніванні ў шанаванні.

Т. Ленцкі”.

Вакульскі адчуў такую слабасць, што мусіў сесці. Прачытаў ліст другі, трэці, чацвёрты раз… Нарэшце ён апрытомнеў і адпісаў пану Ленцкаму, а Мікалаю даў пяць рублёў.

Пан Ігнацы тым часам на пару хвілін выбег у краму і вярнуўся да Вакульскага, калі Мікалай ужо выйшаў на вуліцу. У працяг папярэдняй размовы ён сказаў:

– Заўсёды, аднак, каханы Стаху, трэба добра агледзецца, што да чаго, дык, можа, і сам адступіш…

Вакульскі, ціха пасвістваючы, насунуў капялюш і, абапёршыся на плячо старога прыяцеля, адказаў яму:

– Паслухай. Каб мне зямля разышлася пад нагамі… разумееш?.. Каб мне неба мела зваліцца на галаву, я не адступлю, разумееш?.. За такое шчасце аддам жыццё…

– За якое шчасце?.. – спытаў Ігнацы.

Але Вакульскі ўжо выйшаў праз тыльныя дзверы.

XIV. ДЗЯВОЧЫЯ МАРЫ

Ад Вялікадня панна Ізабэла часта думала пра Вакульскага, і ва ўсіх гэтых роздумах дзівіла яе пэўная акалічнасць: чалавек гэты бачыўся ёй штораз іначай.

Панна Ізабэла мела шматлікія знаёмствы і добра ўмела даваць характарыстыкі людзям. Дык вось, да гэтае пары кожны з яе знаёмых меў нейкую ўласцівасць, якая дазваляла сцісла ахарактарызаваць яго адным словам. Князь быў патрыётам, яго адвакат – спрытнюгам, граф Ліціньскі ўдаваў з сябе англічаніна, яе цётка была ганарыстай, старшынёва – добрай, Ахоцкі – дзіваком, а Кшэшоўскі – карцёжнікам. Словам, кожны чалавек – нейкая вартасць або недахоп, часам заслуга, часцей, тытул або маёнтак – з галавой, рукамі, нагамі і апрануты больш ці менш модна.

Толькі ў Вакульскім сутыкнулася яна не проста з новаю асобаю, а з невядомаю з’яваю. Немагчыма было вызначыць яго адным словам і нават сотняю сказаў. Быў ён не падобны ні да каго, а калі, наогул, і можна было яго з чымсьці параўнаць, дык, хіба, з нейкім краем, які не праедзеш за дзень, дзе ёсць раўніны і горы, лясы і лугі, воды і пустыні, вёскі і гарады. І дзе з туману на самым небакраі выступаюць яшчэ нейкія няясныя перспектывы, не падобныя ўжо ні да адной з вядомых рэчаў. Яна неўразумела задавалася пытаннем: ці гэта толькі гульня ўзрушанае фантазіі, ці, сапраўды, гэта істота звышчалавечая, прынамсі, пазасалонная?

Тады яна пачала парадкаваць свае ўражанні.

Першы раз яна зусім яго не бачыла, адчувала толькі набліжэнне нейкага вялізнага ценю.

Быў нехта, які кінуў некалькі тысяч рублёў на дабрачыннасць і на прытулак яе цёткі, потым нехта гуляў з яе бацькам у карты ў рэсурсе і кожны дзень прайграваў, потым быў нехта, які выкупіў вэксалі яе бацькі (можа, гэта не Вакульскі?..), пасля – яе сервіз, а потым даставіў розныя рэчы на ўпрыгожанне Труны Гасподняе.

Тым некім быў зухаваты нуварыш, які ўжо год як не спускаў з яе вачэй у тэатрах і на канцэртах. Быў гэта цынічны дзікун, які дарабіўся маёнтку на сумнеўных спекуляцыях з мэтаю купіць сабе рэпутацыю ў людзей, а яе, панну Ізабэлу Ленцкую – у яе бацькі!..

З тае пары яна памятала толькі ягоную груба высечаную фігуру, чырвоныя рукі і шорсткае абыходжанне, якое ў параўнанні з ветлівасцю іншых купцоў выглядала нязносным, а на фоне веераў, сакваяжаў, парасонаў, кійкоў ды іншае галантарэі – проста смешным. Гэта быў хітры і нахабны купчык, які ў сваёй краме рабіў выгляд міністра ў адстаўцы. Быў ён гнюсны, нават да смерці ненавісны, бо наважыўся дапамагаць ім: купіў сервіз і прайграваў у карты бацьку.

Яшчэ сёння, думаючы пра гэта, панна Ізабэла пачынала драпаць і камячыць на сабе сукенку. Часам яна кідалася на шэзлонг, біла па ім кулакамі і шаптала:

– Нікчэмнік!.. Нікчэмнік!..

Ужо адна перспектыва той нядолі, у якую занепадала іх сям’я, выклікала роспач. А што казаць, калі нехта ўлез за заслону яе самых патаемных сакрэтаў і насмельваўся бінтаваць яе раны, якія яна хацела б схаваць ад самога Бога. Яна ўсё магла прабачыць, апроч гэтага ўдару, які атрымала па сваім гонары.

Тут дэкарацыі раптам змяніліся. Выступіў іншы чалавек, які без ценю сумневаў заявіў ёй, што купіў іх сервіз, каб зарабіць на ім. Значыць, ён адчуваў, што раны панны Ізабэлы Ленцкай гаіць нельга, а каб ён нават гэта і зрабіў, дык не толькі не шукаў бы розгаласу або ўдзячнасці, але не наважыўся б і думаць пра гэта.

Той самы чалавек выгнаў з крамы Мрачэўскага, які меў нахабства без пашаны пра яе выказацца. Дарэмна ворагі панны Ізабэлы – барон і баранеса Кшэшоўскія – заступаліся за гэтага маладзёна, дарэмна закінула за яго слова цётка-графіня, якая мала калі дзякавала і яшчэ менш калі прасіла. Вакульскі не саступіў… Але адно слова яе, панны Ізабэлы, перамагло непераадольнага чалавека, ён не толькі адступіў ад свайго рашэння, але нават даў Мрачэўскаму лепшую пасаду. Не робіцца гэтакіх саступак кабеце, якую не шануюць.

Шкада толькі, што амаль адразу ж у яе паклонніку азваўся сапраўдны нуварыш, які кінуў на квесце цэлы скрутак паўімперыялаў. Ах, як гэта было па-купецку!.. І як ён ані слова не разумее па-англійску, нават уяўлення не мае пра мову, гэтак модную цяпер!..

Трэцяя фаза. Яна пабачыла Вакульскага ў салоне цёткі на першы дзень Вялікадня і заўважыла, што ён на галаву вышэйшы за ўсіх у таварыстве. Арыстакраты самі імкнуліся пазнаёміцца з ім, а ён, гэты брутальны нуварыш, адрозніваўся ад іх, як агонь ад дыму. Хадзіў ён там нязграбна, але ўпэўнена, нібы салон быў яго неаспрэчнаю ўласнасцю, і са змрочным выглядам слухаў кампліменты, якія гучалі з усіх бакоў. Потым паклікала яго да сябе самая важная з матрон, старшынёва, і праз некалькі хвілін размовы горка заплакала… Няўжо гэты нуварыш з чырвонымі рукамі?

Раптам панна Ізабэла зразумела, што Вакульскі мае незвычайны твар. Рысы выразныя і дакладныя, кароткія валасы натапыраныя нібы ад гневу, невялікія вусы і бародка, манументальная фігура, позірк ясны і праніклівы… Каб гэты чалавек замест крамы меў зямельную ўласнасць – быў бы вельмі прывабным, каб нарадзіўся князем – быў бы велічна прыўкрасным. Ва ўсякім разе, нагадваў бы Тросці, палкоўніка стральцоў, і, сапраўды, скульптуру гладыятара-пераможцы.

Тым часам ад панны Ізабэлы аддаліліся амаль усе.

Праўда, старыя паны яшчэ засыпалі яе кампліментамі пра яе прыгажосць і элегантнасць, затое маладыя, асабліва тытулаваныя ды заможныя, ставіліся да яе з прахалодаю і стрымана, а калі яна, стомленая ад адзіноты і банальнасцяў, крыху жывей да некага з іх азывалася, дык той пазіраў на яе з яўным страхам, нібыта баяўся, што яна схопіць яго за карак і зараз жа пацягне да алтара.

Салоннае жыццё панна Ізабэла любіла да смерці, сысці з яго магла толькі ў магілу, але з кожным годам, а нават месяцам, яна ўсё больш пачынала пагарджаць людзьмі, бо не разумела, як кабету гэткае прыгажосці, дабрыні і выхавання свет пакідаў толькі з-за таго, што яна засталася без грошай!..

“Што за людзі, Божа міласэрны!..” – шаптала яна не раз, пазіраючы з-за фіранак на каляскі фарсуноў, якія, праязджаючы, старанна адварочвалі галовы ад яе вокнаў, каб не кланяцца. Няўжо яны мяркуюць, што яна глядзіць на іх?..

Але, сапраўды, яна глядзела на іх!

Тады гарачыя слёзы набягалі ёй на вочы, яна кусала ад злосці прыгожыя вусны і аж рвала шнуркі, засланяючы вокны фіранкамі.

“Што за людзі!.. Што за людзі!..” – паўтарала яна, саромеючыся сама перад сабою ўжыць у дачыненні да іх нейкі больш востры эпітэт, бо яны ж належалі да свету. Нікчэмнікам, паводле яе ўяўлення, можна было назваць толькі Вакульскага.

У давяршэнне здзеку, з усяе колішняе фалангі лёс пакінуў ёй толькі двух прыхільнікаў. Наконт Ахоцкага ў яе не было ілюзій, бо ён больш займаўся нейкаю лятальнаю махінай (што за трызненне!), чым ёю. Затое заставаліся пры ёй, зрэшты, не надта набіваючыся, маршалак і барон. Гледзячы на маршалка, яна згадвала асмаленага кныра, якога ёй здаралася бачыць у мясных фургонах на вуліцы. А барон здаваўся ёй падобным да нядубленай скуры, цэлыя стосы якіх можна было бачыць на вазах. Абодва яны складалі на сёння адзінае яе атачэнне, нават яе крылы, калі яна была, як казалі, анёлам!.. Жахлівая камбінацыя гэтых двух старцаў пераследавала панну Ізабэлу і ўдзень, і ўночы. Часам ёй здавалася, што яна загінула і пры жыцці ўжо зазнала пекла.

У гэткія хвіліны як тапелец, які скіроўвае свой позірк да святла на далёкім беразе, панна Ізабэла думала пра Вакульскага. І ў бязмежжы горычы ёй рабілася крыху лягчэй, бо яна ведала, што шалее за ёю, аднак, чалавек незвычайны, пра якога было шмат размоваў у таварыстве. Тады прыгадваліся ёй знакамітыя падарожнікі або разбагацелыя амерыканскія прамыслоўцы, што доўгія гады цяжка працавалі ў шахтах і якіх ёй паказвалі здалёк у парыжскіх салонах.

“Бачыць пані таго, – шчабятала якая-небудзь графінька, нядаўна выпушчаная з кляштара, схіляючы веер у пэўным кірунку, – бачыць пані таго пана, які выглядае, як фурман омнібуса? Гэта, падобна, нейкі вялікі чалавек, які нешта адкрыў, толькі я не ведаю што: залатую жылу ці Паўночны полюс… Нават не памятаю, як яго імя, але мяне запэўніваў адзін маркіз з акадэміі, што гэты пан жыў дзесяць гадоў на полюсе… Не! Ён жыў пад зямлёю… Страшны чалавек!.. Я б на ягоным месцы памерла ад жаху… І пані таксама памерла б?”

Каб Вакульскі быў гэткім падарожнікам ці хоць гарняком, які зарабіў свае мільёны, пражыўшы дзесяць гадоў пад зямлёю! А ён быў толькі купцом, у дадатак – галантарэйным!.. Не разумеў нават па-англійску, увесь час выяўляўся ў ім нуварыш, які ў маладосці прыслужваў гасцям у рэстаране. Гэткі чалавек, самае большае, мог быць добрым дарадцам, нават бясцэнным прыяцелем (у кабінеце, калі няма гасцей). Нават… мужам, бо здараюцца з людзьмі страшныя няшчасці. Але каханкам… Ну, гэта было б проста смешна… Калі трэба, дык самыя арыстакратычныя дамы купаюцца ў гразевых ваннах, але бавіцца ў гразі мог бы толькі вар’ят.

Чацвёртая фаза. Панна Ізабэла некалькі разоў спаткала Вакульскага ў Лазенках і нават зрабіла ласку адказаць на яго паклоны. Паміж зялёных дрэў і побач са скульптурамі гэты дзікун зноў выглядаў іначай, чым за прылаўкам крамы. Каб жа ён валодаў кавалкам зямлі з паркам, палацам, сажалкаю!.. Нуварыш, праўда, але, падобна, шляхціц, пляменнік афіцэра… Побач з маршалкам ды баронам выглядае як Апалон. Арыстакратыя ўсё больш гаворыць пра яго, а тыя раптоўныя слёзы старшынёвае?..

Апроч таго, старшынёва яўна прадэманстравала сваю прыхільнасць да Вакульскага перад сваёй прыяцелькаю графіняю і яе пляменніцаю, паннаю Ізабэлаю. Доўгія шпацыры з цёткаю па Лазенках былі гэткія нудныя, а гамонка пра моду, прытулкі і праекты свецкіх шлюбаў гэтак надакучыла, што панна Ізабэла нават крыху шкадавала, што Вакульскі не падыдзе і чвэрць гадзінкі не паразмаўляе з імі. Велікасвецкай асобе цікава паразмаўляць з гэткімі людзьмі. Панне Ізабэле падаваліся забаўнымі, напрыклад, сяляне, бо ў іх была своеасаблівая мова і логіка.

Хоць… галантарэйны купец, які, да таго ж, ездзіць ва ўласнай калясцы, можа і не быць гэткім забаўным, як селянін…

Як бы там ні было, а для панны Ізабэлы не стала прыкраю неспадзяванкаю, калі яна пачула пэўнага дня ад старшынёвай, што тая едзе з ёю і з цёткаю ў Лазенкі і што не праміне там Вакульскага.

– Мы нудзімся, дык няхай ён нас забавіць, – сказала старая.

А калі а першай яны ўязджалі ў парк, старшынёва з асабліваю ўсмешкаю звярнулася да панны Ізабэлы:

– Маю прадчуванне, што недзе тут мы яго спаткаем…

Панна Ізабэла паружавела і пастанавіла зусім не размаўляць з Вакульскім, а, прынамсі, глядзець да яго звысоку, каб ён нічога не нафантазіраваў. Пра каханне, вядома, у гэтым “фантазіраванні” не магло быць і згадкі. Панна Ізабэла, аднак, не жадала нават сяброўскае зычлівасці.

“І агонь бывае прыемны, асабліва зімою, – думала яна, – але… на адлегласці”.

А Вакульскага ў Лазенках тым часам не было.

“Як, ён не чакаў? – задавалася пытаннем Ізабэла. – Хіба, захварэў…”

Яна не дапускала думкі, каб Вакульскі меў нейкую больш пільную справу, чым пабачыцца з ёю. На выпадак яго спазнення яна вырашыла не толькі паставіцца да яго высакамерна, але нават паказаць яму сваё незадавальненне.

“Калі пунктуальнасць, – думала яна, – з’яўляецца ветлівасцю каралёў, дык ужо для купцоў яна павінна быць абавязкам!..”

Прайшла палова гадзіны, гадзіна, дзве – трэба было ўжо вяртацца дадому, а Вакульскі не прыходзіў. Нарэшце пані селі ў карэту: графіня абыякавая, як заўсёды, старшынёва крыху расхваляваная, а панна Ізабэла разгневаная. Яе абурэнне не зменшылася, калі ўвечары бацька сказаў ёй, што пасля полудня ён быў на сесіі ў князя, дзе Вакульскі прадставіў праект грандыёзнае гандлёвае суполкі і выклікаў сапраўднае захапленне ў знуджаных магнатаў.

– Я даўно прадчуваў, – завяршыў пан Ленцкі, – што з дапамогаю гэтага чалавека вызвалюся ад сямейнае апекі і зноў стану тым, кім мушу быць!

– Але на суполку, тата, патрэбныя грошы, – заўважыла панна Ізабэла, злёгку паціскаючы плячыма.

– Таму якраз я і дазваляю прадаць нашу камяніцу. Праўда, даўгі забяруць шэсцьдзясят тысяч, але застанецца яшчэ, сама мала – сорак.

– Цётка казала, што за камяніцу ніхто не даць больш за шэсцьдзясят…

– Ах, цётка!.. – абурыўся пан Тамаш. – Яна заўжды кажа так, каб напалохаць мяне або прынізіць. Шэсцьдзясят тысяч дае Кшэшоўская, якая ўтапіла б нас у лыжцы вады… мяшчанка!.. Але, вядома, цётка ёй падтаквае, бо тут ідзе пра мой дом, пра маё становішча…

Ён пачырванеў і засоп, але, не жадаючы гневацца пры дачцэ, пацалаваў яе ў лоб і пайшоў у свой кабінет.

“А можа, бацька мае рацыю?.. – думала панна Ізабэла. – Можа, ён сапраўды больш практычны за ўсіх тых, хто гэтак сувора яго асуджае? Бацька ж якраз першы і разгледзеў гэтага… Вакульскага… Але які нахабнік гэты чалавек! Не прыйшоў у Лазенкі, хоць старшынёва, дакладна, мусіла яго ангажаваць. Зрэшты, можа гэта і лепш: як бы мы выглядалі, каб нехта са знаёмых спаткаў нас на шпацыры з галантарэйным купцом!”

Некалькі дзён панна Ізабэла з усіх бакоў чула пра Вакульскага. У салонах з языка не сыходзіла яго прозвішча. Маршалак прысягаў, што Вакульскі мусіць паходзіць са старажытнага роду, а барон, знаўца мужчынскае прыгажосці (сам ён па паўдня праводзіў каля люстэрка), сцвярджаў, што Вакульскі “зусім… зусім…” Граф Саноцкі гатовы быў пайсці ў заклад, што гэта першы разумны чалавек у краі, граф Ліціньскі абвяшчаў, што гэты купец належыць да тыпу англійскіх прамыслоўцаў, а князь толькі паціраў рукі ды ўсміхаўся, кажучы: “Ага!”.

Нават Ахоцкі, калі наведаў днямі панну Ізабэлу, расказаў ёй, што яны з Вакульскім былі на шпацыры ў Лазенках.

– Пра што ж вы размаўлялі?.. – запыталася яна здзіўлена. – Не пра лятальныя ж машыны…

– А! – задуменна прамовіў кузін. – Вакульскі, хіба, адзіны чалавек у Варшаве, з якім можна пра гэта паразмаўляць. Вось цікава…

“Адзіны разумны… адзіны купец… адзіны, які можа пагутарыць з Ахоцкім? – думала панна Ізабэла. – Што ж гэта за чалавек насамрэч? Ах! Я ведаю…”

Ёй здавалася, што яна разгадала Вакульскага. Гэта амбітны спекулянт, які, жадаючы ўбіцца ў салоны, задумаў ажаніцца з ёю, збяднелаю паннаю знакамітага роду. Не было ў яго іншае мэты, калі ён стараўся спадабацца яе бацьку, графіні-цётцы і ўсёй арыстакратыі. А варта было яму пераканацца, што і без яе ўціснецца ён да вялікіх паноў, дык раптам астыла ягонае каханне і… нават не прыйшоў у Лазенкі!

“Яго можна павіншаваць, – казала яна сама сабе. – Мае ўсе якасці, патрэбныя для кар’еры: нябрыдкі, здольны, энергічны, а галоўнае, бессаромны і нікчэмны… Сапраўды, гэтыя нуварышы апярэджваюць нас нават у няшчырасці… Які нягоднік!”

Абураная, яна хацела ўжо загадаць Мікалаю, каб той не пускаў Вакульскага на парог салону… не далей за кабінет гаспадара, калі той прыйшоў бы да іх па справе. Але калі прыгадала, што Вакульскі і не напрошваўся да іх, пачырванела ад сораму.

Раптам яна даведалася ад пані Мэлітан пра чарговы канфлікт барона Кшэшоўскага з жонкаю, і што тая купіла ў яго кабылу за восемсот рублёў, але, відаць, верне яе, бо праз некалькі дзён – скачкі, а барон нарабіў шмат закладаў.

– Можа, гэта нават памірыць барона з баранесаю, – заўважыла пані Мэлітан.

– Ах, нічога б я не пашкадавала, каб барон не атрымаў сваю кабылу і прайграў усе заклады!.. – не стрымалася тады панна Ізабэла.

А праз некалькі дзён яна пад вялікім сакрэтам даведалася ад панны Фларэнтыны, што барон не атрымаў сваю кабылу, бо яе купіў Вакульскі…

Гэта было яшчэ таямніцаю ад усіх, бо калі панна Ізабэла пайшла з візітам да цёткі, дык пачула якраз, што графіня радзіцца са старшынёвай, як памірыць панства Кшэшоўскіх з дапамогаю гэтае кабылы.

– Нічога не выйдзе, – засмяялася панна Ізабэла. – Барон не атрымае сваю кабылу.

– Закладзёмся? – абыякава запыталася графіня.

– Хіба, калі выйграю ў цёткі гэты бранзалет з сапфірамі…

Цётка згадзілася, у выніку чаго і сама графіня, і панна Ізабэла былі моцна зацікаўленыя скачкамі.

Быў момант, калі панна Ізабэла спалохалася, бо пачула, што барон дае Вакульскаму чатырыста рублёў адступнога, і граф Ліціньскі ўзяўся ўлагодзіць справу. У салоне графіні нават шапталіся, што Вакульскі не з-за грошай, а дзеля графа мусіць згадзіцца на гэта. І тады панна Ізабэла падумала: “Згодзіцца, калі ён хцівы нуварыш, а калі не згодзіцца, дык…”

Яна не мела адвагі скончыць гэтую фразу. Выручыў яе Вакульскі. Ён не прадаў кабылу, а сам выставіў яе на бегавую дарожку.

“Ён не такі ўжо і нікчэмнік”, – падумала яна тады.

І пад уплывам гэтае высновы размаўляла з Вакульскім на скачках вельмі ласкава.

Але нават за гэтую хвілінную зычлівасць панна Ізабэла дакарала сябе:

“Навошта яму ведаць, што нас цікавіць ягоны ўдзел у скачках?.. Не больш, чым іншых. А навошта я сказала яму, што ён “павінен выйграць”? І што азначаў ягоны адказ: “выйграю, калі пані пажадае”? Ён ужо забываецца, хто я. Але нічога! Бо з-за некалькіх ветлівых слоў Кшэшоўскі захварэе ад злосці”.

Кшэшоўскага панна Ізабэла ненавідзела. Некалі ён заляцаўся да яе, а калі яна яго адпрэчыла, помсціў ёй. Яна ведала, што за вочы ён называў яе векавухаю, якая выйдзе за ўласнага лёкая. Гэтага было даволі, каб памятаць яму ўсё жыццё. Але барону мала было гэтай няшчаснай фразы, ён нават з ёю самой абыходзіўся цынічна, кпіў з яе старых залётнікаў, намякаючы на збядненне яе сям’і. Тады і панна Ізабэла, нібы няўзнак, прыгадвала ягоную жонку, з якой ён ажаніўся з-за грошай, але нічога не мог вырваць у яе з рук, што выклікала між імі зацятую, часам нават і прыкрую, вайну.

Скачкі былі для панны Ізабэлы днём трыумфу, а для барона – паразы і сораму. Ён, праўда, прыехаў на поле і ўдаваў, што яму вельмі весела, але ў сэрцы яго бушаваў гнеў. А калі ён убачыў, як Вакульскі ўсё – і ўзнагароду, і грошы за каня – аддаў у рукі панне Ізабэле, зусім страціў панаванне над сабою, падбег да каляскі і ўчыніў скандал.

Для панны Ізабэлы абразлівыя позіркі барона і тое, што ён адкрыта назваў Вакульскага яе паклоннікам, было страшным ударам. Забіла б барона, каб добра выхаванай кабеце можна было сабе гэта дазволіць. Яе пакуты былі тым больш дакучлівыя, што графіня і вухам не павяла на гэты выбух, старшынёва была заклапочаная, а бацька нават не азваўся, бо даўно ўжо лічыў Кшэшоўскага вар’ятам, якога не варта чапаць, а трэба ставіцца да яго паблажліва.

У гэты момант (калі ўжо цікаўныя пачалі пазіраць на іх з іншых калясак) на дапамогу панне Ізабэле прыйшоў Вакульскі. І ён не толькі спыніў нараканні барона, а вызваў яго на двубой. У гэтым ніхто не сумняваўся. Старшынёва шчыра спалохалася за свайго фаварыта, а графіня заўважыла, што Вакульскі не мог паступіць іначай, бо барон, калі падыходзіў да каляскі, штурхануў яго і не папрасіў прабачэння.

– Скажыце мне, – узрушана пытала старшынёва, – ці варта страляцца за такую драбязу? Усім жа вядома, які Кшэшоўскі няўважлівы і недарэчны… Лепшым доказам тое, што ён тут нагаварыў…

– Гэта праўда, – азваўся пан Тамаш, – але ж Вакульскі не абавязаны гэта ведаць, а нагадаць яму трэба.

– Памірацца! – заўважыла графіня і загадала ехаць дадому.

Менавіта тады панна Ізабэла зрабіла найгоршае злачынства супраць сваіх правілаў і… красамоўна паціснула Вакульскаму руку.

Аж да самых рагатак яна не магла сабе гэтага дараваць.

“Як можна было зрабіць нешта падобнае?.. Што такі чалавек можа падумаць?..” – ганіла яна сама сябе. Але раптам абудзілася ў ёй пачуццё справядлівасці, і яна мусіла прызнаць, што гэты чалавек – не абы-які.

“Каб зрабіць мне прыемнасць (бо ён дакладна не меў іншых прычын), падставіў барону падножку і купіў каня… Усё, што выйграў (моцны доказ бескарыслівасці), аддаў на прытулак ды яшчэ ў мае рукі (барон гэта бачыў). А галоўнае, нібы пачуўшы мае думкі, выклікаў яго на двубой… Ну, цяперашнія двубоі завяршаюцца звычайна шампанскім, але барон мае магчымасць пераканацца, што не такая я і старая… Не, у гэтым Вакульскім нешта ёсць… Шкада толькі, што ён галантарэйны купец. Прыемна было б мець гэткага паклонніка, каб… каб займаў іншае становішча ў свеце”.

Дома панна Ізабэла расказала панне Фларэнтыне пра падзеі на скачках, а праз гадзіну ўжо і думаць пра іх забыла. А калі бацька позна ўночы паведаміў ёй, што Кшэшоўскі абраў секундантам графа Ліціньскага, які безумоўна жадае, каб барон перапрасіў Вакульскага, панна Ізабэла пагардліва скрывіла вусны.

“Шчаслівы чалавек!– думала яна. – Мяне абражаюць, а ў яго будуць прасіць прабачэння. Я, калі б хто пры мне абразіў каханую, не даравала б. А ён, вядома, прабачыць…”

У ложку, калі яна ўжо пачала засынаць, нечакана прыйшла ў галаву ёй новая думка:

“А калі Вакульскі не прыме прабачэнняў?.. Гэты ж самы граф Ліціньскі дамаўляўся з ім пра кабылу, але не дамогся свайго!.. Ах, Божа, што мне лезе ў галаву”, – заўважыла яна, паціскаючы плячыма, і заснула.

Назаўтра да абеду бацька, яна сама і панна Фларэнтына былі пэўныя, што Вакульскі памірыўся з баронам, нават не магло быць іначай. Толькі пад вечар пан Тамаш выбраўся ў горад і вярнуўся на абед моцна ўстрывожаны.

– Што здарылася, тата? – запыталася ў яго панна Ізабэла, здзіўленая выразам яго твару.

– Фатальная гісторыя! – адказаў пан Тамаш, падаючы на скураны фатэль. – Вакульскі не прыняў прабачэнняў, а яго секунданты паставілі жорсткія ўмовы.

– І калі гэта… – спытала яна ўжо цішэй.

– Заўтра, яшчэ да дзявятае, – адказаў пан Тамаш і выцер пот з ілба. – Фатальная гісторыя, – працягваў ён. – Сярод нашых супольнікаў паніка, бо Кшэшоўскі страляе дасканала… А калі той чалавек загіне, мае разлікі нічога нявартыя. Страціў бы я правую руку… адзінага мажлівага выканаўцу маіх планаў… Яму аднаму мог бы даверыць капіталы і ўпэўнены, што меў бы не менш за восем тысяч рублёў у год… Лёс карае мяне не на жарт!..

Паганы настрой гаспадара дома кепска паўплываў на ўсіх, і абед застаўся няз’едзеным. Пасля абеду пан Тамаш зачыніўся ў кабінеце і хадзіў там з кутка ў куток, што было прыкметаю надзвычайнага хвалявання.

Панна Ізабэла таксама пайшла ў свой кабінет і, як звычайна ў хвіліны ўзрушанасці, легла на шэзлонг. Апанавалі яе змрочныя думкі.

“Нядоўгі быў мой трыумф, – думала яна. – Кшэшоўскі сапраўды добра страляе… Калі заб’е адзінага чалавека, які сёння заступаецца за мяне, дык што? Двубой – гэта, насамрэч, варварскі перажытак. Бо Вакульскі (гледзячы на яго з маральнага боку), больш варты за Кшэшоўскага, аднак… можа загінуць!.. Апошні чалавек, на якога спадзяецца мой бацька”.

Тут азвалася ў панне Ізабэле пыха.

“Ну, бацьку майму ласкі Вакульскага не трэба. Ён даверыў бы таму свой капітал, забяспечыў бы пратэкцыю, а той плаціў бы працэнты… Усё ж шкада яго…”

Яна прыгадала іх колішняга старога дварэцкага, які служыў у іх трыццаць гадоў, якога яна вельмі любіла і давярала яму. Можа, Вакульскі ім з бацькам заступіў бы нябожчыка, а ёй – вартага даверу разумнага дарадцу, і – загіне!..

Яна нейкі час паляжала з заплюшчанымі вачыма, без думак, потым пачалі складацца ёй у галаве нечувана дзіўныя камбінацыі.

“Якое цікавае супадзенне! – думала яна. – Заўтра будуць біцца з-за яе двое людзей, якія яе смяротна абразілі: Кшэшоўскі сваімі злоснымі кпінамі, а Вакульскі – ахвярамі, якія насмеліўся рабіць дзеля яе. Яна ўжо яму амаль прабачыла і пакупку сервіза, і тыя вэксалі, і тыя прайграныя яе бацьку ў карты грошы, на якія некалькі тыдняў жылі яны ўсе… (Не, яшчэ яму не прабачыла, і не прабачу ніколі!..) Але нават адно тое, што за яе, абражаную, заступілася Божая справядлівасць... І хто заўтра загіне? Можа, абодва. У любым выпадку, той, хто наважыўся панне Ізабэле Ленцкай ахвяраваць грашовую дапамогу. Такі чалавек, як і каханак Клеапатры, жыць не можа…”

Яна думала пра гэта і заходзілася ад плачу. Шкада ёй было адданага слугі, а можа, і дарадцу, вартага даверу, але яна скаралася перад выракам Божае Ласкі, якая не прабачае абразы панны Ленцкае.

Каб Вакульскі мог у гэтую хвіліну зазірнуць у яе душу, дык ён уцёк бы ад страху і адразу ж вылечыўся б ад сваёй маніі.

А панна Ізабэла не спала цэлую ноч. Стаяла ў яе перад вачыма карціна нейкага французскага мастака, на якой быў намаляваны двубой. Пад купаю зялёных дрэў двое апранутых у чорнае мужчын цалялі адзін у аднаго з пісталетаў.

Потым (чаго ўжо не было на карціне) адзін з іх упаў, бо куля трапіла яму ў галаву. Гэта быў Вакульскі. Панна Ізабэла нават не пайшла на яго пахаванне, каб не выдаць сваёй узрушанасці. Але ўночы некалькі разоў плакала. Шкада ёй было гэткага незвычайнага нуварыша, гэткага надзейнага нявольніка, які свае злачынствы перад ёю акупіў смерцю за яе.

Заснула яна толькі а сёмай раніцы і спала каменным сном да паўдня. Пасля дванаццаці абудзіў яе таропкі стук у дзверы спальні.

– Хто там?

– Я, – радасна адказаў бацька. – Вакульскі ацалеў, барон паранены ў твар!

– Так?

У яе была мігрэнь, дык яна праляжала ў ложку да чатырох. Яна была задаволеная, што барон паранены, і дзівілася, што аплаканы ёю Вакульскі не загінуў.

Устала яна гэтак позна, што перад абедам выбралася толькі на кароткі шпацыр па Алеях.

Від яснага неба, прыгожых дрэваў, птушак і вясёлых людзей зацёр сляды яе начных мрояў, а калі яшчэ яе заўважылі і павіталіся з ёю з некалькіх калясак, што праязджалі побач, дык у сэрцы яе ажыла радасць.

“Аднак пан Бог ласкавы, – думала яна, – што пакінуў жывым чалавека, які можа быць нам прыдатны. Бацька гэтак разлічвае на яго, і ў мяне расце давер да яго. Наколькі менш было б у маім жыцці расчараванняў, каб мела я разумнага і энергічнага прыяцеля”.

Слоўца “прыяцель” не спадабалася ёй. Прыяцелем панны Ізабэлы мог быць чалавек, які, сама мала, меў зямлю. А галантарэйны купец пасаваў толькі на ролю дарадцы або распарадчыка.

Калі яна вярнулася дадому, адразу ўбачыла, што бацька ў цудоўным настроі.

– Ведаеш, – звярнуўся ён да яе, – я быў з віншаваннямі ў Вакульскага. Варты чалавек, сапраўдны джэнтльмен! Ужо ён і забыўся на двубой, нават, здаецца, шкадуе барона. Няма рады, шляхетная кроў дае пра сябе знаць, незалежна ад становішча…

А потым, калі яны з дачкою прайшлі ў кабінет і ён пару разоў зіркнуў у люстэрка, дадаў:

– Ну, скажы ты мне, ці можна не верыць у Ласку Божую? Смерць таго чалавека была б для мяне цяжкім ударам. І вось я выратаваны! Ты мусіш пазнаёміцца з ім бліжэй, і тады пабачым, хто выйграе: князь са сваім славутым адвакатам ці я з Вакульскім. Як ты думаеш?

– Я думала якраз тое самае хвіліну таму, – адказала панна Ізабэла, здзіўленая падабенствам іх з бацькам думак. – Татусь абавязкова мусіць мець пры сабе здольнага чалавека, якому можна давяраць.

– Які, у дадатак, сам горнецца да мяне, – дадаў пан Тамаш. – Кемлівы чалавек! Ён якраз разумее, што больш у яго шанцаў нешта зрабіць і лепшая будзе рэпутацыя, калі ён дапаможа падняцца старажытнаму роду, чым сам будзе лезці наперад. Вельмі разумны чалавек, – паўтарыў пан Тамаш. – Хоць ён на нейкі час і прывёў у захапленне князя і ўсю арыстакратыю, але да мяне, аднак, ён ставіцца з найбольшаю прыязнасцю. І не пашкадуе, варта мне толькі вярнуць сваё становішча…

Панна Ізабэла разглядала фігуркі, якія ўпрыгожвалі пісьмовы стол, і думала, што бацька, аднак, крыху памыляецца, мяркуючы, што Вакульскі горнецца да яго. Але яна не выпраўляла яго памылку, а, наадварот, прызнавала, што варта крыху бліжэй пазнаёміцца з гэтым купцом і прабачыць яму яго становішча ў грамадстве. Адвакат… купец… гэта ж амаль тое самае. А калі адвакат можа быць даверанай асобай князя, чаму ж… купец (ах, як усё ж безгустоўна!) не можа стаць даверанай асобай сям’і Ленцкіх?

Рэшту дня, вечар і некалькі наступных дзён прайшлі для панны Ізабэлы вельмі прыемна. Уражвала яе, аднак, тая акалічнасць, што за гэты кароткі час яе наведала больш людзей, чым раней за месяц. Здаралася, што гадзінамі яе нядаўна пусты салон быў поўны шуму, гаманы і смеху, аж мэбля, якая ўжо добра адпачыла, дзівілася гэтаму тлуму, а на кухні шапталіся, што пан Ленцкі, мусіць, атрымаў нейкія вялікія грошы. Нават дамы, якія яшчэ на скачках не пазнавалі панны Ізабэлы, прыйшлі цяпер да яе з візітамі, а маладыя людзі, хоць і не прыходзілі, але пазнавалі яе на вуліцы і кланяліся ёй з пашанаю.

І ў пана Тамаша бывалі цяпер госці. Наведаў яго граф Саноцкі, напрамілы бог упрошваючы, каб Вакульскі перастаў нарэшце бавіцца скачкамі ды двубоямі, а заняўся суполкаю. Быў граф Ліціньскі і расказваў дзівосы пра джэнтльменства Вакульскага. Але, галоўнае, ужо некалькі раз прыязджаў князь з просьбаю да пана Тамаша, каб Вакульскі, не зважаючы на выпадак з баронам, не адступаўся ад арыстакратыі і памятаў пра няшчасны край.

– І няхай кузін, – закончыў князь, – пераканае яго адмовіцца ад двубояў. Гэта лішняе. Гэта пасуе маладым людзям, а не сур’ёзным і шаноўным абывацелям.

Пан Тамаш быў у захапленні, асабліва думаючы, што ўсе гэтыя авацыі ён чуе напярэдадні продажу дома. Яшчэ год таму падобная перспектыва палохала людзей.

“Пачынаю вяртаць належнае мне становішча”, – прамармытаў пан Тамаш і раптам азірнуўся. Яму здалося, што за спінаю стаіць Вакульскі. Дык для супакаення ён два разы паўтарыў:

“Узнагароджу яго… узнагароджу… можа быць упэўнены ў маёй падтрымцы”.

Праз тры дні пасля двубою Вакульскага панне Ізабэле прынеслі каштоўную скрыначку і ліст, які яе ўзрушыў. Яна пазнала почырк барона.

“Каханая кузінка! Калі ты перастанеш дакараць мяне маёй няшчаснай жаніцьбай, я ўзамен дарую табе заўвагі пра маю жонку, якая ўжо мне самому дапякла. А як матэрыяльны сімвал міру, які мы заключаем назаўсёды, дасылаю табе зуб, што выбіў мне сваім стрэлам Вакульскі, здаецца, за маё смелае выказванне на скачках. Запэўніваю цябе, каханая кузінка, што гэта той самы зуб, якім я цябе дагэтуль грыз і ўжо ніколі больш грызці не буду. Можаш выкінуць яго на сметнік, але скрыначку май ласку захаваць на памяць. Прымі гэтую дробязь ад чалавека трохі зараз хвараватага, але павер – не найгоршага, і буду спадзявацца, што некалі забудзеш маю недарэчную зласлівасць.

З прызнаннем у любові і глыбокай пашане, кузін Кшэшоўскі.

Р. S. Калі мой зуб не выкінеш праз акно, дык прышлі мне яго назад, каб я мог падараваць яго маёй незабыўнай жонцы. Яна будзе мець повад для засмучэння на некалькі дзён, што, падобна, рэкамендавана бедачыне дактарамі. А той пан Вакульскі вельмі прыемны і выхаваны чалавек. І прызнаюся, я сардэчна яго палюбіў, хоць ён гэтак скалечыў мяне”.

У каштоўнай скрыначцы, сапраўды, знаходзіўся зуб, закручаны ў бібулу.

Панна Ізабэла трохі падумала і адпісала барону. У сваім лісце ў вельмі зычлівых словах яна паведаміла, што ўжо не гневаецца і прымае скрыначку, а зуб з належнаю пашанаю адсылае гаспадару.

Тут ужо нельга было сумнявацца, што толькі дзякуючы Вакульскаму барон мірыўся з ёю і прасіў прабачэння. Панна Ізабэла ў замілаванні ад гэтага свайго трыумфу адчула да Вакульскага нешта падобнае да ўдзячнасці. Яна зачынілася ў кабінеце і стала марыць.

Яна марыла, што Вакульскі прадасць сваю краму і купіць зямлю, але застанецца кіраўніком гандлёвае суполкі, якая прыносіць вялікі прыбытак. Уся арыстакратыя прымае яго ў сябе, а яна, панна Ізабэла, зрабіла яго сваім вартым даверу дарадцам. Ён аднавіў іх маёнтак і ўзняў яго да былое велічы, ён выконваў усе яе прыхамаці, ён рызыкаваў сабою кожны раз, калі было трэба. Ён, нарэшце, знайшоў ёй мужа, які адпавядаў бы слаўнаму дому Ленцкіх.

Усё гэта ён рабіў, бо кахаў яе ідэальным каханнем, больш за ўласнае жыццё. І адчуваў сябе абсалютна шчаслівым, варта ёй было ўсміхнуцца яму, зычліва зірнуць на яго або за нейкую выключную заслугу сардэчна паціснуць яму руку. А калі пан Бог даў ёй дзяцей, ён шукаў ім гувернёраў і настаўнікаў, памнажаў іх маёнтак і, нарэшце, калі яна памерла (тут слёзы набеглі на прыгожыя вочы панны Ізабэлы), ён застрэліўся на яе магіле… Не! З-за далікатнасці, якую яна ў ім развіла, ён застрэліўся на некалькі магіл далей.

Прыход бацькі спыніў яе фантазіі.

– Падобна, пісаў табе Кшэшоўскі? – пацікавіўся пан Тамаш.

Дачка паказала яму на ліст, што ляжаў на стале, побач з залатою скрыначкай. Пан Тамаш круціў галавою, чытаючы ліст, і нарэшце прамовіў:

– Як заўсёды – вар’ят, хоць і добры хлапец. Але… Вакульскі, сапраўды, аказаў табе паслугу: перамагла ты смяротнага ворага.

– Я думаю, тата, што варта было б таго пана запрасіць некалі на абед… Хацелася б пазнаёміцца з ім бліжэй.

– Якраз пра гэта ўжо некалькі дзён я і збіраўся цябе прасіць!.. – адказаў узрадаваны пан Тамаш. – Не варта занадта прытрымлівацца этыкету ў адносінах да гэтак патрэбнага чалавека.

– Вядома, – згадзілася панна Ізабэла, – нават з надзейнымі слугамі дазваляем мы сабе крыху фамільярнасці.

– Схіляю галаву перад тваім розумам і тактоўнасцю, Бэла!.. – выгукнуў пан Тамаш і ў захапленні пацалаваў яе спачатку ў руку, а потым у лоб.

XV. ЯК ЧАЛАВЕЧУЮ ДУШУ МУЧЫЦЬ ЖАРСЦЬ, А ЯК РОЗУМ

Атрымаўшы ад пана Ленцкага запрашэнне на абед, Вакульскі выбег з крамы на вуліцу. Цесны пакой душыў, а размова з Жэцкім, калі крамнік перасцерагаў і павучаў яго, здалася надзвычай недарэчнаю. Смех дый годзе, каб спарахнелы кавалер, у якога адно крама ды Банапарты ў галаве, дакараў яго апантанасцю!..

“Што ж я раблю кепскага, – думаў Вакульскі, – калі кахаю?.. Можа, крыху і позна, але ніколі ў жыцці не дазваляў я сабе гэтае раскошы. Кахаюць мільёны людзей, увесь свет, здольны да пачуццяў, жыве каханнем, чаму ж мне аднаму можа быць яно забаронена? А калі гэта заканамерна ў прынцыпе, дык заканамерна і ўсё тое, што я раблю. Хто хоча ажаніцца, мусіць мець грошы, – дык і я займеў грошы. Мусіць ён наблізіцца да выбранніцы – я таксама наблізіўся. Мусіць клапаціцца пра яе дабрабыт і бараніць ад непрыяцеляў, – я раблю і тое, і другое. А ў гэтым сваім імкненні да шчасця ці ж я пакрыўдзіў каго? Ці занядбаў я свае абавязкі ў дачыненні да грамадства і бліжніх?.. Ах, гэтыя каханыя бліжнія, гэтае грамадства, якое ніколі не клапацілася пра мяне і ставіла мне на шляху адны перашкоды, затое няспынна чакае ахвяр з майго боку… Але тое, што яны называюць апантанасцю, якраз і штурхае мяне да выканання нейкіх уяўных абавязкаў. Каб не гэта, дык сядзеў бы я зараз, нібы моль, у кніжках, і сотні людзей не мелі б працы. Чаго ж яны ад мяне хочуць?” – злосна пытаў ён сам у сябе.

Праходка па свежым паветры супакоіла яго, ён пайшоў далей Алеямі Ерусалімскімі і павярнуў да Віслы. Абвеяў яго рэзкі ўсходні вецер і абудзіў тыя няясныя адчуванні, якія выклікаюць у памяці ўспаміны дзяцінства. Здавалася яму, што ён зноў тое дзіця з Новага Святу, і што зноў ён чуе штуршкі і хвалі маладое крыві. Ён усміхнуўся пясочніку[141], што вёз свой тавар нягеглым конікам у доўгай скрыні, а падобная да ведзьмы жабрачка падалася яму вельмі мілай бабулькаю. Цешыў яго фабрычны шум, і хацелася яму пагаманіць з грамадкаю цудоўных мальцаў, якія пасталі ў шэраг на прыдарожным пагорку і шпурлялі камяні ў жыдоў, што праходзілі побач.

Ён старанна адганяў думкі пра сённяшні ліст і пра заўтрашні візіт да Ленцкіх, ён хацеў захаваць цвярозасць розуму, але ўзрушанасць брала верх.

“Чаму яны мяне запрасілі? – задаваўся ён пытаннем, адчуваючы ўнутранае трымценне. – Панна Ізабэла хоча са мною пазнаёміцца… Але ж, так! Яны даюць мне зразумець, што я магу ажаніцца!.. Яны ж не сляпыя і не ідыёты, каб не заўважыць, што са мною дзеецца ў яе прысутнасці…”

Яго закалаціла, аж зашчоўкалі зубы, і тады азваўся прыглушаны розум.

“Хвілінку. Ад першага абеду і першага візіту яшчэ вельмі далёка да сапраўднага знаёмства. А з тысячы сапраўдных знаёмстваў хіба адно вядзе да сватаўства. З дзесяці сватанняў хіба адно сканчаецца згодаю, і нават з тых яшчэ хіба ўсяго палова прыводзіць да шлюбу, які мае ледзьве адзін шанец супраць дваццаці тысяч… Ясна ці няясна?”

Вакульскі мусіў прызнаць, што ясна. Каб кожнае знаёмства вяло да шлюбу, кожная кабета мусіла б мець добры дзясятак мужоў, кожны мужчына – добры дзясятак жонак, ксяндзы не паспявалі б усіх перажаніць, і свет ператвараўся б у адзін вялікі шпіталь вар’ятаў. А ён, Вакульскі, не толькі не быў яшчэ добрым знаёмым панны Ленцкае, а ўсяго толькі меўся неўзабаве пазнаёміцца з ёю.

“Што ж я маю, – пытаўся ён, – пасля балгарскае небяспекі ды тутэйшых скачак і двубояў?..”

“Маеш болей шанцаў, – растлумачыў розум. – Год таму меў, можа, адну сотую або адну дваццацімільённую долю праўдападобнасці, што ажэнішся з ёю, а праз год можаш мець ужо адну дваццацітысячную…”

“Праз год?.. – паўтарыў Вакульскі і зноў дыхнула на яго нечым студзёным і суровым. Але ён не паддаўся і спытаў: – А калі панна Ізабэла пакахае мяне альбо ўжо пакахала?..”

“Спачатку варта было б ведаць, ці панна Ізабэла здольная кахаць каго-небудзь…”

“Хіба ж яна не кабета?”

“Бываюць кабеты з маральным дэфектам, не здольныя кахаць нікога і нічога, апроч сваіх мімалётных капрызаў, гэткія ж бываюць і мужчыны. Загана, не горшая за слепату, глухату або паралюш, толькі менш прыкметная”.

“Дапусцім…”

“Добра, – не сунімаўся голас, у якім Вакульскаму чулася з’едлівасць доктара Шумана, – каб тая панна наогул здольная была некага кахаць, дык паўстае другое пытанне: ці пакахае яна цябе?”

“Зрэшты, не такі ўжо я і агідны”.

“Няўжо? Якраз такім агідным і можаш ты быць. Як самы прыўкрасны леў агідны карове або арол – гусі. Бачыш, я нават кажу табе кампліменты: параўноўваю з ільвом ды арлом, якія, нягледзячы на ўсе іх вартасці, выклікаюць жах у самак іншага віду. Таму ўнікай самак не свайго віду…”

Вакульскі апрытомнеў і агледзеўся. Ён быў ужо непадалёк ад Віслы, побач з драўлянымі свірнамі, і фурманкі з дарогі запарушвалі яго чорным пылам. Ён хутка павярнуў у горад і заняўся развагамі пра сябе.

“Ува мне ёсць два чалавекі, – казаў ён. – Адзін цалкам разумны, а другі – вар’ят. І хто з іх пераможа?.. Ат!.. Чаго мне клапаціцца пра гэта. Але што рабіць, калі возьме верх той, разумны? Як жахліва валодаць гэткім вялікім капіталам пачуццяў, каб скласці яго самцы іншага віду: карове, гусі ці нечаму яшчэ горшаму?.. Якое прыніжэнне пацяшацца з трыумфу нейкага быка ці гусака і ў той жа час плакаць над уласным сэрцам, гэтак балесна раздзёртым, гэтак балесна растаптаным?.. Ці варта жыць далей, калі яно так?”

І ад гэтае думкі Вакульскі адчуў прагу смерці, але каб ані парэшткаў, ані попелу ад яго не засталося на гэтай зямлі.

Паступова, аднак, ён супакоіўся і, вярнуўшыся дадому, пачаў ужо цалкам рацыянальна абдумваць пытанне: апрануць яму на заўтрашні абед фрак ці сурдут?.. Альбо ці не здарыцца да заўтра нечага неспадзяванага, што зноў перашкодзіць яму наблізіцца да панны Ізабэлы? Потым ён яшчэ падлічыў апошнія гандлёвыя абароты, даслаў некалькі тэлеграм у Маскву і Пецярбург ды напісаў, нарэшце, ліст старому Шлянгбаўму з прапановаю, каб той пазычыў яму сваё прозвішча для пакупкі камяніцы Ленцкіх.

“Мецэнат мае рацыю, – думаў ён. – Лепш купіць гэты дом пад чужою шыльдаю. Іначай яны маглі б падазраваць мяне ў жаданні нажыцца на іх ці, яшчэ горш, што я раблю ім ласку!”

Аднак пад прыкрыццём гэтае заклапочанасці бушавала бура. Розум крыкам крычаў, што заўтрашні абед нічога не значыць і нічога не абяцае. А надзея ціха-ціха шаптала: можа, ён каханы, а можа, будзе ім некалі.

Але ціха… так ціха, што Вакульскі з пільнаю ўвагаю мусіў прыслухоўвацца да яе шэпту.

Наступны дзень, вельмі важны для Вакульскага, не быў адзначаны нічым асаблівым ні ў Варшаве, ні ў прыродзе. Тут і там курэў вулічны пыл, узняты мётламі вартаўнікоў, брычкі то перліся напралом, то марудзілі без прычыны, а бясконцая плынь мінакоў цягнулася ў адзін і ў другі бок, хіба толькі для таго, каб не спыняўся гарадскі рух. Пад сцены дамоў ціснуліся абадранцы – згорбленыя, з рукамі, схаванымі ў рукавы, нібы гэта быў не чэрвень, а студзень. Часам сярэдзінаю вуліцы праязджаў сялянскі воз з бляшанымі збанамі, якім правіла ўвішная баба ў сінім каптане з чырвонаю хусткаю на галаве.

Усё гэта раенне мела месца паміж двума доўгімі сценамі, утворанымі рознакаляровымі камяніцамі, над якімі ўздымаліся высокія фасады святынь. А на абодвух канцах вуліцы, нібы вартаўнікі, што пільнуюць горад, стаялі два помнікі. З аднаго боку – кароль Жыгімонт[142], які, схіляючыся ў бок бернардынаў, відавочна, хацеў нешта паведаміць мінакам, а з другога боку – нерухомы Капернік з нерухомым глобусам у руцэ, які павярнуўся спінаю да сонца, што выходзіла раніцаю з-за дома Карася, падымалася над палацам Таварыства сяброў навукі[143] і хавалася за дом Замойскіх, нібы аспрэчваючы афарызм: “Стрымаў сонца, зрушыў зямлю”. Вакульскі, які ў гэтым кірунку якраз глядзеў з уласнага балкона, міжвольна ўздыхнуў, прыгадваючы, што адзінымі вернымі сябрамі астранома засталіся грузчыкі ды палацёры, не надта абазнаныя, як вядома, у заслугах Каперніка.

“Усяе радасці, – думаў Вакульскі, – што ў нейкіх кніжках называюць яго гонарам нацыі!.. Працаваць дзеля шчасця – гэта я разумею, але працаваць дзеля фікцыі, якая завецца грамадствам ці славаю, за гэта ўжо не ўзяўся б. Грамадства няхай само пра сябе клапоціцца, а слава… Што мне замінае думаць, што ў мяне ўжо ёсць слава, напрыклад, на Сірыусе? А Капернік жа сёння не ў лепшым становішчы адносна зямлі, і гэтак жа яго хвалюе статуя ў Варшаве, як мяне піраміда на нейкай там Везе ў сузор’і Ліры!.. Тры стагоддзі славы аддам я за хвіліну шчасця і дзіўлюся толькі сваёй неразважлівасці, што некалі думаў іначай”.

Нібы ў адказ на свае думкі ён заўважыў на другім баку вуліцы Ахоцкага. Гэты маньяк ішоў павольна з апушчанаю галавой і рукамі ў кішэнях.

Звычайны збег акалічнасцяў глыбока ўзрушыў Вакульскага, і на момант ён нават паверыў у праўдзівасць прадчуванняў ды з радасным здзіўленнем падумаў: “Ці не прадвяшчае мне гэта, што ён будзе мець славу Каперніка, а я – шчасце?.. Будуй жа ты свае лятальныя машыны, толькі пакінь мне сваю кузінку!.. Але адкуль гэта прымхлівасць у мяне?! – апамятаўся ён праз момант. – Я і прымхі!”

Як бы там ні было, але надта падабалася яму ідэя, што Ахоцкі будзе мець несмяротную славу, а ён – жывую панну Ізабэлу. На сэрцы стала лягчэй. Ён нават пакпіў з сябе, хоць адчуваў, што з’явілася больш упэўненасці і адвагі.

“Можна дапусціць, – казаў ён, – што ўсе мае захады скончацца тым, што яна адпрэчыць мяне… Ну і што? Слова гонару, адразу ж вазьму ўтрыманку і ў тэатры буду садзіцца з ёю паблізу ложы панства Ленцкіх. Дабрадзейка пані Мелітан, а можа, і гэты… Марушэвіч знойдуць мне кабету з падобнымі рысамі твару (за колькі тысяч ці дзясяткаў тысяч рублёў нават і гэта можна знайсці). З ног да галавы абвіну яе карункамі, абсыплю брыльянтамі, і тады пабачым, ці не паблякне побач з ёю панна Ізабэла. Няхай ідзе тады замуж хоць за маршалка, хоць за барона”.

Але думка пра замужжа панны Ізабэлы выклікала ў яго гнеў і роспач. У гэты момант захацелася яму наладаваць увесь свет дынамітам ды высадзіць у паветра. Але ён зноў апрытомнеў:

“Ну, і што рабіць, калі пажадае яна выйсці замуж?.. Не! Нават каб пажадала мяняць каханкаў: раз – майго крамніка, іншым разам – нейкага афіцэра, потым – фурмана або лёкая… Няма рады!..”

Шанаванне свабоды іншае асобы было ў яго гэткім моцным, што адступала перад гэтым нават яго манія.

“Што ж рабіць?.. Што ж рабіць?.. – паўтараў ён і сціскаў рукамі гарачую галаву.

На гадзінку зайшоў ён у краму, нешта там зрабіў і вярнуўся дадому. А чацвёртай слуга дастаў яму з камоды бялізну, і прыйшоў цырульнік, каб пагаліць ды расчасаць.

– Што чуваць, пане Фітульскі? – запытаўся ён у цырульніка.

– Нічога, а будзе яшчэ горш. Берлінскі кангрэс думае, як задушыць Еўропу, Бісмарк – як задушыць кангрэс, а жыды – як да рэшты нас абабраць… – адказаў малады майстар, прыгожы, як херувім, і зграбны, нібы ўцёк са старонак кравецкага часопісу.

Ён завязаў Вакульскаму ручнік на шыі і, з бліскавічнай хуткасцю намыльваючы яму твар, працягваў:

– У горадзе, пане, ціха да часу, а так нічога. Я ўчора быў у кампаніі на Саскай Кемпе, але што, пане, за арыгінальная моладзь!.. Пасварыліся двое падчас танцаў, і хай пан уявіць сабе… Галоўку крыху вышэй, s’il vous plait[144]

Вакульскі падняў галаву крыху вышэй і ўбачыў, што ягоны аператар носіць залатыя запінкі на вельмі брудных манжэтах.

– Пасварыліся падчас танцаў, – працягваў франт, пабліскваючы брытваю перад вачыма кліента, – і прашу сабе ўявіць, што цаляючы адзін аднаму ў вока, яны зачапілі даму! Нарабілася шуму… двубой… Мяне, вядома, выбралі за секунданта, і сёння якраз ламаў я сабе галаву, што рабіць, бо маю толькі адзін пісталет, як паўгадзіны таму прыходзіць да мяне вінаваты і кажа, што ён не дурань, каб страляцца, дык абражаны можа даць яму здачы, але каб толькі адзін раз… Галоўку направа, s’il vous plait… Ну, каб пан ведаў, як я быў абураны (паўгадзіны таму), схапіў фацэта за яго галерэю, каленам – у антрэсоль, і – прэч! За дзверы. Хто з такім блазнам будзе страляцца, n’est-ce pas?[145] Цяпер налева, s’il vous plait.

Ён скончыў галіць і абмыў Вакульскаму твар, а потым ахінуў яго апранахаю, падобнаю да смяротнай кашулі асуджанага, і працягваў:

– Але нешта не заўважаў я ніколі ў пана ані следу кабеты, хоць прыходжу я ў розны час…

Ён узяў у рукі грэбень, шчотку і пачаў часаць.

– …прыходжу ў розны час, а вока, пане, у мяне на гэткія рэчы… ого!.. Але ж, каб хоць дзе беражок спаднічкі мільгануў, ці чаравічак, ці стужачка! А мне ж нават у аднаго каноніка здарылася раз угледзець гарсэт, праўда, ён знайшоў яго на вуліцы і хацеў ананімна адаслаць у рэдакцыю. А ў афіцэраў, пане, асабліва ў гусараў!.. (Галоўку ўніз, s’il vous plait…) Канец свету! У аднаго, пане, я спаткаў ажно чатырох маладых дам і ўсе – усміхаліся… З таго часу, слова гонару, я заўсёды кланяюся яму на вуліцы, хоць ён ад маіх паслуг адмовіўся і вінны мне пяць рублёў. Але, пане, калі за крэсла на канцэрт Рубінштэйна заплаціў я шэсць рублёў, хіба шкада мне пяці на такога віртуоза… Можа, крыху падчарніць валасы, je suppose que oui?[146]

– Дзякуй, не, – адмовіўся Вакульскі.

– Я так і думаў, – уздыхнуў цырульнік. – Шаноўны пан без усялякіх прэтэнзій, а гэта нядобра!.. Я ведаю пару балерынак, якія ахвотна сышліся б з панам. Слова гонару, варта! Фігуры цудоўныя, мускулатура дубовая, бюст, як матрац на спружынах, у кожным руху – грацыя, і зусім не надмерныя патрабаванні, прынамсі, пакуль маладыя. Бо кабета, пане, чым яна старэйшая, тым больш дарагая, дык пэўна таму нікога і не цягне да шасцідзесяцігадовых, бо няма ўжо ім цаны. Ротшыльд бы збанкрутаваў!.. А новенькай пакладзе пан тысячы тры рублікаў на год, дасць пару прэзентаў, і будзе яна пану верная… Ах, гэтыя кабеткі!.. Навярэдзіў я сабе крыж з-за іх, але не трымаю на іх зла…

Ён скончыў сваё мастацтва, пакланіўся, паводле ўсіх канонаў галантнасці, і з усмешкаю выйшаў. Гледзячы на яго фанабэрыстую міну і партфель, у якім ён насіў шчоткі ды брытвы, можна было падумаць, што гэта міністэрскі чыноўнік.

Пасля таго, як за ім зачыніліся дзверы, Вакульскі і хвіліны не думаў пра маладых ды малапатрабавальных балерынак. Яго займала значна больш важнае пытанне, змест якога зводзіўся да двух слоў: фрак ці сурдут.

“Калі апрану фрак, дык буду падобны на франта, які пільнуецца этыкету, а ён мяне абсалютна не абыходзіць. А калі апрану сурдут, гэта можа Ленцкіх абразіць. Зрэшты, калі раптам будзе там хто чужы… Няма рады, калі ўжо я наважыўся на гэткія выбрыкі, як каляска ды скакавы конь, дык і фрак трэба апранаць!”

Гэтак разважаючы, ён пасміхаўся з тае прорвы дзівацтваў, у якую папіхала яго знаёмства з паннаю Ізабэлаю.

“Ах, стары мой Гопфер! – казаў ён. – Мае ж вы ўніверсітэцкія ды сібірскія калегі, ці хто з вас мог уявіць, каб займалі мяне падобныя пытанні?..”

Ён апрануў фрачны гарнітур і, стаўшы перад люстэркам, адчуў задавальненне. Гэты строй дасканала пасаваў да яго атлетычнае фігуры.

Коні чакалі ўжо з чвэрць гадзіны, і была палова на шостую. Вакульскі накінуў лёгкае паліто і выйшаў з дому. У каляску ён садзіўся вельмі бледны і вельмі спакойны, як чалавек, што вырушыў насустрач небяспецы.

XVI. “ЯНА” – “ЁН” – І ТЫЯ ІНШЫЯ

У той дзень, калі Вакульскі меўся прыйсці на абед, панна Ізабэла вярнулася ад графіні а пятай. Яна была крыху разгневаная і крыху задуменная, разам – прыўкрасная.

Сёння яна зазнала шчасце і расчараванне. Вялікі італьянскі трагік Росі[147], знаёмы ім з цёткаю яшчэ з Парыжу, прыехаў на гастролі ў Варшаву. Ён адразу наведаў графіню і зацікаўлена распытваў пра панну Ізабэлу. Сёння ён зноў меўся прыйсці, і графіня адмыслова дзеля яго запрасіла пляменніцу. Але Росі не прыйшоў, толькі даслаў ліст, у якім прабачаўся і апраўдваўся неспадзяваным візітам нейкае высокапастаўленае асобы.

Некалькі гадоў таму, якраз у Парыжы, Росі быў ідэалам панны Ізабэлы. Яна закахалася ў яго і нават, не выходзячы, вядома, за межы прыстойнасці паненкі з яе становішчам, не хавала сваіх пачуццяў. Знакаміты артыст ведаў гэта, штодня бываў у доме графіні, прадстаўляў і дэкламаваў усё, што загадвала яму панна Ізабэла, а калі ад’язджаў у Амерыку, падараваў ёй італьянскі асобнік “Рамэа і Джульеты” з прысвячэннем: “У мухі болей шчасця і свабоды, чым у Рамэа…”

Навіна, што Росі прыехаў у Варшаву і памятае яе, узрушыла панну Ізабэлу. Ужо а першай гадзіне дня яна была ў цёткі. Ёй не сядзелася на месцы, раз за разам яна падыходзіла да вакна, тарахценне кожнае каляскі прыспешвала біццё яе сэрца, на кожны званок яна ўздрыгвала, не магла засяродзіцца на размове, твар яе гарэў… Ну, і Росі не прыйшоў!..

А яна сёння была такая прыгожая. Спецыяльна дзеля яго прыбралася ў атласную сукенку крэмавага колеру (здалёк падобную да пакамечанага палатна), у вушах мела завушніцы з брыльянтамі (не большымі за гарошыны) і пунсовую ружу на плячы. І ўсё. Няхай Росі цяпер шкадуе, што не пабачыў яе!

Пасля чатырохгадзіннага чакання яна вярнулася дадому абураная. Але, нягледзячы на гнеў, узяла ў рукі томік “Рамэа і Джульеты” ды, гартаючы яго, думала: “А што, каб раптам увайшоў сюды Росі?..”

Тут было нават лепш, чым у графіні. Без сведак ён мог шапнуць ёй нейкае крыху гарачэйшае слоўца, і сам бы пераканаўся, што яна шануе яго памяткі, а галоўнае, пераканаўся б (як сцвярджае вялікае люстра), што ў гэтай сукенцы, з гэтаю ружаю і ў гэтым блакітным фатэлі яна выглядае, як багіня.

Яна ўспомніла, што на абедзе мусіць быць Вакульскі і міжвольна паціснула плячыма. Галантарэйны купец пасля Росі, якім захапляецца цэлы свет, падаўся ёй гэткім смешным, што аж выклікаў літасць. Каб Вакульскі ў гэты момант апынуўся каля яе ног, яна б, магчыма, усадзіла пальцы яму ў валасы і, забаўляючыся, як з вялікім сабакам, чытала б яму вось гэтыя скаргі Рамэа да Ларэнца:

“Там неба толькі, дзе жыве Джульета.

Сабака, кот і мыш няшчасная,

І кожнае нікчэмнае стварэнне

Жыве пад гэты небам, бачыць рай.

У мухі болей шчасця і свабоды,

Чым у Рамэо. Дадзена ёй права

Па ўласнай волі сесці і ўзляцець

З Джульецінай рукі, дзівоснай, белай,

Ці красці асалоду з вуснаў мілых…

Муха можа,

Адзін Рамэо гэтага не можа.

Яна свабодная, а я выгнаннік…

І ты мне кажаш, што выгнанне – міласць?..

Як у цябе, мой ойча, служка боскі,

Духоўнік мой і друг, хапіла духу

Забіць мяне страшэнным словам “выгнан”?[148]

Яна ўздыхнула. Хто ведае, колькі разоў паўтараў гэтыя словы беспрытульны вандроўнік, думаючы пра яе?.. Можа, яму нават няма каму даверыцца!.. Вакульскаму якраз можна было б даверыцца. Яму, хіба, знаёмае пачуццё адчаю, бо ён жа рызыкаваў жыццём за яе.

Яна адгарнула некалькі старонак назад і зноў пачала чытаць:

“Рамэо! Ах, чаму Рамэо ты?

Ад бацькі адрачыся, ад імя,

А не – дык пакляніся мне, што любіш,

І я дачкой не буду Капулеці…

Не ты, адно імя тваё – мой вораг,

Ты ж сам сабой, зусім не Мантэкі…

Як ружу ні заві, а пах той самы.

Рамэо, каб і не Рамэо быў,

І без імя застаўся б ён цудоўным.

О кінь імя, Рамэо, бо яно ж

Не частачка цябе, і за імя

Ты ўсю мяне вазьмі…”

Якое ж дзіўнае між імі падабенства: ён – Росі, актор, а яна – панна Ленцкая. Адмоўся ад свайго прозвішча, пакінь свой лад жыцця… Так, але што тады застанецца? Зрэшты, нават прынцэса магла выйсці за Росі, і свет адно толькі захапляўся б яе ахвярнасцю.

Выйсці за Росі?.. Дбаць пра ягоны тэатральны гардэроб, а можа, прышываць яму гузікі да начных кашуляў?..

Панна Ізабэла здрыганулася. Кахаць яго безнадзейна, і досыць… Кахаць і часам пагаварыць з кімсьці пра гэтае безнадзейнае каханне… Можа, з паннай Фларэнтынай? Не, яна занадта халодная. Значна лепш прыдаўся б на гэта Вакульскі. Ён глядзеў бы ёй у вочы, пакутаваў бы і за яе, і за сябе, а яна апавядала б яму пра пакутлівы боль і свой, і ягоны, і такім чынам вельмі прыемна міналі б ім гадзіны. Галантарэйны купец у ролі набліжанае асобы!.. Зрэшты, можна ўжо і забыцца на тое купецтва…

У той самы час пан Тамаш, падкручваючы вус, расхаджваў па сваім кабінеце і думаў:

“Вакульскі – чалавек вельмі здатны ды энергічны! Каб быў у мяне такі ўпаўнаважаны (тут ён уздыхнуў), дык не страціў бы я маёнтка… Ну але ўжо так сталася. Затое сёння я яго маю… З прададзенае камяніцы застанецца мне сорак… не, пяцьдзясят, можа, нават і шэсцьдзясят тысяч рублёў… Ну, не варта перабольшваць, няхай пяцьдзясят тысяч, няхай усяго сорак тысяч… Аддам іх яму, ён будзе плаціць мне прыкладна восем тысяч рублёў у год, а рэшту (калі ў яго справы пойдуць, як я спадзяюся), рэшту працэнтаў загадаю капіталізаваць… За пяць-шэсць гадоў сума падвоіцца, а ўжо за дзесяць – можа вырасці ў чатыры разы… Бо на гандлёвых аперацыях грошы шалёна памнажаюцца… Але што я кажу!.. Вакульскі, калі ён сапраўды геніяльны купец, павінен мець і, дакладна, мае сто за сто. І ў такім разе я зірну яму ў вочы і скажу наўпрост: “Давай ты каму іншаму, мой дабрадзей, пятнаццаць ці дваццаць працэнтаў гадавых, але не мне, бо я на гэтым знаюся”. І ён, вядома, калі ўбачыць, з кім мае справу, адразу ж палагаднее і, можа, нават прапануе мне такі даход, якога я не сніў…”

З вітальні пачуўся падвойны званок. Пан Тамаш адышоў у глыб кабінета, сеў у фатэль і ўзяў у рукі якраз на гэты выпадак падрыхтаваны том эканомікі Супіньскага[149]. Мікалай адчыніў дзверы, і праз хвіліну з’явіўся Вакульскі.

– А… вітаю!.. – выгукнуў пан Тамаш, працягваючы яму руку.

Вакульскі нізка пакланіўся сівізне чалавека, якога рады быў назваць бацькам.

– Сядай жа, пане Станіславе… Можа, папяросу?.. Калі ласка… Што чуваць?.. Я чытаў якраз Супіньскага – вось галава! Так, народы, якія не ўмеюць працаваць і ашчаджаць, мусяць знікнуць з твару зямлі… Толькі ашчаднасць і праца!.. Але нашы супольнікі нешта пачынаюць касавурыцца, га?..

– Няхай робяць, як ім лепш, – адказаў Вакульскі. – Я на іх не зараблю ні рубля.

– Але я не пакіну цябе, пане Станіславе, – прамовіў пан Тамаш пераканаўчым тонам, і працягваў: – Днямі я прадаю, гэта значыць, дазваляю, каб прадалі, мой дом. Было мне з ім шмат клопату, кватаранты не плацяць, адміністратары – злодзеі, а іпатэчным крэдыторам даводзілася плаціць з уласнае кішэні. Дык не дзіва, што мне гэта нарэшце абрыдла…

– Вядома, – заўважыў Вакульскі.

– Я спадзяюся, – працягваў пан Тамаш, – што застанецца мне з продажу пяцьдзясят, ці, хаця, сорак тысяч рублёў…

– Колькі пан спадзяецца ўзяць за той дом?..

– Сто… да ста дзесяці тысяч рублёў… Але ўсё, што атрымаю, я аддам табе, пане Станіславе.

Вакульскі схіліў галаву на знак згоды і падумаў, што за камяніцу пан Тамаш, аднак, не атрымае больш за дзевяноста тысяч рублёў. Бо столькі было ў яго на сённяшні дзень наяўных грошай, а даўгоў рабіць ён не мог, каб не рызыкаваць сваім крэдытам.

– Аддам табе, пане Станіславе, – казаў далей пан Ленцкі. – І якраз хацеў запытацца, ці прымеш?

– Але ж, вядома…

– А які ты мне дасі працэнт?

– Гарантую дваццаць, а як справы пойдуць, дык і больш, – адказаў Вакульскі, адзначаючы ў душы, што больш за пятнаццаць працэнтаў нікому б іншаму ён не даў.

“Штукар!.. – падумаў пан Тамаш. – Сам мае пад сто працэнтаў, а мне дае дваццаць…”

Але ўголас, аднак, ён прамовіў:

– Добра, каханы пане Станіславе. Згаджаюся на дваццаць працэнтаў, абы ты мне плаціў іх наперад.

– Буду плаціць наперад… кожныя паўгода, – адказаў Вакульскі, бо забаяўся, што пан Тамаш можа патраціць грошы занадта хутка.

– І на гэта згода, – прамовіў пан Тамаш тонам вельмі сардэчным. – А ўсе прыбыткі, – дадаў ён з лёгкім націскам, – усе прыбыткі, большыя за дваццаць працэнтаў, прашу, каб ты не даваў мне ў рукі, хоць бы я нават… упрошваў цябе, разумееш?.. А каб далучаў да капіталу. Няхай расце, праўда?..

У гэты момант дзверы кабінету адчыніліся і Мікалай прамовіў:

– Пані просяць.

Пан Тамаш урачыста падняўся з фатэля і цырымонным крокам увёў госця ў салон.

Пазней Вакульскі не раз намагаўся прыгадаць гэты салон, і як ён туды ўвайшоў, але так і не змог. Памятаў ён толькі, што перад дзвярыма некалькі разоў пакланіўся пану Тамашу, што потым абвінуў яго нейкі прыемны пах, у выніку чаго ён пакланіўся даме ў крэмавай сукенцы з пунсоваю ружаю на плячы, а потым – іншай даме: высокай, апранутай у чорнае, якая спалохана пазірала на яго. Прынамсі, гэтак яму здавалася.

Не адразу ён зразумеў, што дамаю ў крэмавай сукенцы была панна Ізабэла. Яна сядзела ў фатэлі, схіленая да яго з непараўнальнай грацыяй, лагодна пазірала яму ў вочы і казала:

– Мой бацька як супольнік пана павінен адбыць доўгую практыку, пакуль пан зможа быць ім задаволены. Я прашу аб паблажлівасці да яго.

Яна працягнула руку, да якой Вакульскі ледзь насмеліўся дакрануцца.

– Пану Ленцкаму, – адказаў ён, – як супольніку трэба толькі мець адваката, якому ён давярае, і бухгалтара, які рэгулярна будзе кантраляваць рахункі. Астатняе – гэта наш клопат.

Ён пачырванеў, бо яму здалося, што сказаў нешта вельмі недарэчнае.

– Пан, відаць, моцна загружаны справамі пры гэтакім магазіне… – заўважыла апранутая ў чорнае панна Фларэнтына і яшчэ больш спалохалася.

– Не так і моцна. Я займаюся абаротным капіталам ды сувязямі з пастаўшчыкамі. А ўжо ўласна таварам ды ацэнкаю яго кошту займаецца адміністрацыя крамы.

– Ці ж магчыма перадаверыць усё чужым? – уздыхнула панна Фларэнтына.

– Я маю бездакорнага намесніка, ён таксама і добры мой прыяцель, які дае ўсяму рады лепш за мяне.

– Шанцуе табе, пане Станіславе… – падхапіў Ленцкі. – Не едзеш сёлета за мяжу?

– Хацелася б паехаць на выставу ў Парыж.

– Я зайздрошчу пану, – азвалася панна Ізабэла. – Два месяцы ўжо я мару пра Парыжскую выставу, але тата чамусьці не надта схільны ехаць…

– Наша паездка цалкам залежыць ад пана Вакульскага, – адказаў бацька. – Дык раю табе часцей запрашаць яго на абед і падаваць смачны, каб у яго быў добры настрой.

– Магу запэўніць, што кожны раз, як пан будзе мець ласку да нас завітаць, я сама зазірну на кухню. Аднак ці дастаткова добрага намеру ў гэтым выпадку…

– З удзячнасцю прымаю гэта абяцанне, – адказаў Вакульскі. – Але яно не можа ўплываць на паездку панства ў Парыж, бо ўсё залежыць толькі ад вашае волі.

Merci… – ціха прамовіла панна Ізабэла.

Вакульскі схіліў галаву. “Ведаю я гэтае merci! – падумаў ён. – Разлічвацца за яго даводзіцца кулямі…”

– Дазволіць панства – да стала?.. – запрасіла панна Фларэнтына.

Яны перайшлі ў сталовы пакой, дзе пасярэдзіне стаяў круглы стол, накрыты на чатыры асобы. Вакульскі апынуўся паміж паннаю Ізабэлаю і яе бацькам, насупраць панны Фларэнтыны. Ён быў ужо зусім спакойны, аж дзівіла яго гэта. Ліхаманка прайшла, і ён нават пытаў сябе: ці яна – тая кабета, якую ён кахаў?.. Бо ці можна кахаць гэтак, як ён? Сядзець за крок ад аб’екта сваёй апантанасці і адчуваць гэткую цішу ў душы, гэткую нязмерную цішу?.. Розум быў такі ясны, што ён не толькі заўважаў кожны рух на тварах сваіх суседзяў пры стале, але нават (што было аж смешна), пазіраючы на панну Ізабэлу, рабіў наступныя падлікі:

“Сукенка. Пятнаццаць локцяў цяжкага шоўку па рублю – гэта пятнаццаць рублёў… Карункі – каля дзесяці рублёў, а з работаю – дык і пятнаццаць… Разам – пад сорак рублёў сукенка, каля ста пяцідзесяці рублёў завушніцы і за дзесяць грошай – ружа…”

Мікалай пачаў падаваць стравы. Вакульскі без апетыту з’еў некалькі лыжак халадніку і выпіў партвейну, потым паспытаў паляндвіцу і выпіў піва. Ён пасміхаўся, сам не ведаючы чаго, і ў прыступе нейкага студэнцкага свавольства пастанавіў рабіць памылкі за сталом. Спачатку, пасля таго, як пакаштаваў паляндвіцы, ён паклаў нож і відэлец на падстаўку побач з талеркаю. Панна Фларэнтына ажно здрыганулася, а пан Тамаш пачаў вельмі гучна апавядаць пра вечар у Цюільры[150], падчас якога на жаданне каралевы Яўгеніі[151] ён танцаваў з нейкай маршалковай менуэт.

Падалі рыбу, гэта быў судак, і Вакульскі атакаваў яго нажом і відэльцам. Панна Фларэнтына ледзь не самлела, панна Ізабэла зірнула на суседа з паблажлівай літасцю, а пан Тамаш… таксама пачаў есці судака нажом і відэльцам.

“Якія ж вы прастакаватыя!” – падумаў Вакульскі, адчуваючы, як абуджаецца ў ім нешта падобнае на пагарду да гэтага таварыства. У дадатак яшчэ азвалася панна Ізабэла, зрэшты, без ценю зласлівасці:

– Тата мусіць некалі навучыць і мяне есці рыбу нажом.

Вакульскаму падалося гэта нетактоўным.

“Бачу ўжо, што тут і скончыцца маё каханне, яшчэ хутчэй за абед,” – сказаў ён сам сабе.

– Дарагая мая, – адказаў пан Тамаш дачцэ, – тое, што рыбу не ядуць нажом, гэта, насамрэч, нічым не апраўданыя забабоны… Ці не так, пане Вакульскі?

– Нічым не апраўданыя?.. Я б так не сказаў, – запярэчыў Вакульскі. – Гэта ўсяго толькі перанос звычаю з тых умоў, дзе ён адпаведны, у тыя ўмовы, дзе не адпаведны.

Пан Тамаш аж заварушыўся на крэсле.

– Англічане лічаць гэта амаль абразаю… – прадэкламавала панна Фларэнтына.

– У англічан – марская рыба, якую можна есці адным відэльцам, а нашу касцістую рыбу яны, можа, елі б іншым чынам.

– О, англічане ніколі не парушаюць нормы паводзінаў, – баранілася панна Фларэнтына.

– Так, – згадзіўся Вакульскі. – Яны не парушаюць нормы паводзінаў ва ўмовах звыклых, а ў нязвыклых – прыстасоўваюцца да правіла: рабі, як выгодней. Я сам, зрэшты, бачыў рафінаваных лордаў, якія рукамі елі бараніну з рысам, а булён пілі проста з кацялка.

Урок быў суровы. Пан Тамаш, аднак, слухаў яго з задавальненнем, а панна Ізабэла – амаль з захапленнем. Гэты купец, што еў бараніну з лордамі і гэтак адважна выкладаў тэорыю выкарыстання нажа пры спажыванні рыбы, вырас у яе вачах. Хто ведае, ці не падалася ёй гэтая тэорыя больш важнаю, чым двубой з Кшэшоўскім.

– Дык пан – непрыяцель этыкету? – спытала яна.

– Гэта не так. Я толькі не жадаю быць яго нявольнікам.

– Але ёсць таварыствы, дзе ўсе мусяць яму падпарадкоўвацца.

– Мне гэта невядома. Але я бачыў, як самыя высокія таварыствы забываліся на яго ў пэўных варунках.

Пан Тамаш лёгка схіліў галаву, панна Фларэнтына пасінела, панна Ізабэла пазірала на Вакульскага амаль зычліва. Нават больш, чым амаль… Хвілінамі ёй мроілася, што Вакульскі – гэта нейкі Гарун аль Рашыд, арабскі каліф, аматар мастацтва, персанаж шматлікіх арабскіх казак, які пераапрануўся ў купца. У сэрцы яе абуджалася захапленне, нават сімпатыя. Пэўна, гэты чалавек можа быць яе набліжанаю асобаю, з ім яна зможа пагаварыць пра Росі.

Пасля марозіва панна Фларэнтына, якая ўжо зусім зніякавела, засталася ў сталовым пакоі, а рэшта таварыства перайшла на каву ў кабінет гаспадара. Вакульскі ўжо дапіў сваю філіжанку, як Мікалай прынёс пану Тамашу ліст на падносе і паведаміў:

– Чакаюць адказу, ясны пане.

– Ах, ад графіні… – зірнуў пан Тамаш на адрас. – З дазволу панства…

– Калі пан не мае нічога супраць, – не дала яму скончыць панна Ізабэла і ўсміхнулася Вакульскаму, – дык мы пяройдзем у салон, а бацька тым часам адпіша…

Яна ведала, што гэты ліст пан Тамаш напісаў сабе сам, бо яму неабходна было хоць паўгадзінкі падрамаць пасля абеду.

– Не абразіцца пан? – спытаў пан Тамаш, паціскаючы Вакульскаму руку.

Яны з паннаю Ізабэлаю пакінулі кабінет і перайшлі ў салон.

З уласціваю ёй выключнай грацыяй яна села ў фатэль, паказваючы яму на другі, які стаяў усяго за пару крокаў.

Вакульскаму, калі ён апынуўся з ёю сам-насам, кроў стукнула ў галаву. Яго ўзбуджанасць узрасла, калі ён заўважыў, што панна Ізабэла глядзіць на яго нейкім дзіўным позіркам, нібы жадаючы дасягнуць ажно дна ягонай душы і прываражыць да сябе. Гэта ўжо не была панна Ізабэла з велікоднае квесты, нават не тая, са скачак, гэта была ўжо асоба, якая ўсё разумее і ўсё адчувае, якая мае да яго важнае пытанне і сама хоча нешта асаблівае яму паведаміць.

Вакульскаму гэтак важна было, што яна скажа, і ён гэтак страціў панаванне над сабою, дык, здаецца, забіў бы кожнага, хто ў гэты момант перашкодзіў бы ім. Ён глядзеў на панну Ізабэлу моўчкі ды чакаў.

Панна Ізабэла была збянтэжаная, яна даўно ўжо не адчувала гэткае блытаніны пачуццяў, як у тую хвіліну. У галаве яе круцілася: “купіў сервіз”, “спецыяльна прайграваў бацьку ў карты”, “зняважыў мяне”, а потым: “кахае мяне”, “купіў скакавога каня”, “біўся на двубоі”, “еў бараніну з лордамі”… Пагарда, гнеў, захапленне, сімпатыя спорым дажджом па чарзе абмывалі яе душу, а ў глыбіні гэтае буры жыла патрэба падзяліцца з кімсьці і сваімі штодзённымі клопатамі, і сваімі сумневамі, і прызнацца ў сваім трагічным каханні да вялікага акцёра.

“Так, ён можа быць… ён будзе маім набліжаным!..” – думала панна Ізабэла і тапіла свой салодкі позірк у здзіўленых вачах Вакульскага, а сама лёгка хілілася наперад, нібы хацела пацалаваць яго ў лоб. Потым ахопліваў яе беспрычынны сорам: яна адхіналася, чырванела і павольна апускала доўгія вейкі, нібы хіліла яе на сон. Гледзячы на гульню яе твару, Вакульскі прыгадаў цудоўныя хваляванні паўночнага ззяння і тыя дзіўныя мелодыі без гукаў і без слоў, якія часам азываюцца ў чалавечай душы, нібы рэха лепшага свету. У гэтым паэтычным настроі ён слухаў, як спешна цікае сталовы гадзіннік ды як стукае яго ўласнае сэрца, і дзівіўся, што абедзве гэтыя хуткія з’явы гэтак марудзяць у параўнанні з лётам яго думак.

“Калі і ёсць нейкае неба, – казаў ён сабе, – дык дабраславёныя не адчуюць там большага шчасця, чым я ў гэтую хвіліну”.

Маўчанне працягвалася гэтак доўга, што рабілася ўжо няёмкім. Панна Ізабэла загаварыла першая:

– Пан меў, – сказала яна, – непаразуменні з панам Кшэшоўскім…

– З нагоды скачак… – паспешліва ўдакладніў Вакульскі. – Барон не мог мне дараваць, што я купіў ягоную кабылу.

Яна паглядзела на яго з лагоднаю ўсмешкай.

– Потым пан меў двубой, які… вельмі нас занепакоіў… – дадала яна цішэй. – А потым… барон перапрасіў мяне, – скончыла яна і хутка апусціла вочы. – У лісце, які барон напісаў мне з гэтае нагоды, ён гаворыць пра пана з вялікаю пашанаю і прыязню…

– Я вельмі… вельмі шчаслівы… – выціснуў з сябе Вакульскі.

– Чаму, пане?

– Што гэтак склаліся акалічнасці… Барон – чалавек высакародны…

Панна Ізабэла працягнула руку, затрымала яе на момант у гарачай далоні Вакульскага і прамовіла:

– Нягледзячы на несумненнае высакародства барона, я, аднак, толькі пану дзякую. Дзякую… Ёсць паслугі, якія не хутка забываюцца, і сапраўды… – яна сцішыла і запаволіла голас, – сапраўды, лягчэй бы мне стала на душы, каб пан пажадаў нечага, што магло б ураўнаважыць панскую… ветлівасць…

Вакульскі адпусціў яе руку і выпрастаўся на крэсле. Ён быў гэтакі ачмурэлы, што не звярнуў увагі на гэта малазначнае слоўца “ветлівасць”.

– Добра, – адказаў ён. – Калі пані загадвае, я прызнаюся нават да… заслугі. Ці магу і я наўзамен мець просьбу да пані?..

– Так.

– Дык прашу аднаго, – мовіў ён горача, – каб я мог служыць пані, колькі ў мяне будзе сілы. Заўсёды і ва ўсім.

– Пане!.. – усміхнулася панна Ізабэла. – Але ж гэта ашуканства. Я хачу аддаць адзін доўг, а пан хоча прымусіць мяне нарабіць новых. Ці ж гэта справядліва?..

– Што ж у гэтым несправядлівага?.. Хіба не прымае пані паслуг нават ад пасланцоў?..

– Але я плачу ім за гэта, – адказала яна, гулліва пазіраючы яму ў вочы.

– І толькі ў гэтым розніца, што ім трэба плаціць, а мне не выпадае. Нават нельга.

Панна Ізабэла паківала галавою.

– Тое, пра што я прашу, – працягваў Вакульскі, – укладаецца ў межы самых звычайных чалавечых стасункаў. Пані заўсёды загадваюць, мы заўсёды выконваем, вось і ўсё. Людзям, якія належаць да аднае з пані сферы, зусім не трэба прасіць падобнае ласкі, для іх яна – штодзённы абавязак, нават закон. А я дамагаўся, а сёння прашу, бо спаўненне загадаў пані было б для мяне ў пэўным сэнсе прызнаннем. Божа міласэрны! Калі фурманы і лёкаі могуць насіць колеры пані, чаму ж я не мог бы заслужыць гэтага гонару?

– Ах, і гэта пан гаворыць?! Даваць пану мой тальмах няма патрэбы, пан сам узяў гвалтам. Адбіраць?.. Ужо позна, хоць бы з увагі на ліст барона.

Яна зноў падала яму руку, якую Вакульскі з пашанаю пацалаваў. У бакавым пакоі пачуліся крокі, і ўвайшоў пан Тамаш, ён падрамаў і ззяў ад задавальнення. Яго прыгожы твар меў выраз гэткае сардэчнасці, што Вакульскі падумаў:

“Нягоднікам я буду, калі твае трыццаць тысяч рублёў, пачцівы, не прынясуць табе дзесяці тысяч штогод”.

Яшчэ з чвэрць гадзіны яны пасядзелі ўтраіх, размаўляючы пра нядаўнюю дабрачынную імпрэзу ў Швейцарскай далінцы, пра Росі ды пра паездку ў Парыж. І Вакульскі, нарэшце, са шкадаваннем пакінуў мілае таварыства, абяцаючы прыходзіць часцей ды разам з імі ехаць у Парыж.

– Пабачыць пан, як там будзе весела, – прамовіла панна Ізабэла на развітанне.

XVII. ПЕРШЫЯ ПАРАСТКІ ПАСЕЯНАГА ДЫ ІЛЮЗІЙ

Мінула ўжо дзявятая вечара, калі Вакульскі вяртаўся дадому. Сонца зайшло яшчэ нядаўна, але моцны зрок мог разгледзець буйныя зоркі, якія мігцелі на сінім небе з залатым водбліскам. Вуліца поўнілася вясёлаю гаманою мінакоў, у сэрцы Вакульскага панаваў радасны спакой.

Ён прыгадваў сабе кожны рух, кожную ўсмешку, кожны позірк і кожнае слова панны Ізабэлы, шукаючы з падазронай клапатлівасцю хоць след непрыязі альбо пыхі. Дарэмна. Яна ставілася да яго, як да роўнага, як да прыяцеля, яна запрашала, каб ён часцей іх наведваў, ах!.. яна нават пажадала, каб ён нечага прасіў у яе…

“А каб я папрасіў яе рукі ў той момант, – з’явілася ў яго думка, – што тады?..”

І ён пільна ўзіраўся ў здань з яе рысамі твару, што жыла ў ягонай душы, але зноў не бачыў ані следу непрыязі. Наадварот – гуллівую ўсмешку.

“Яна б адказала, – думаў ён, – што мы яшчэ мала знаёмыя, што я мушу заслужыць яе… Так… яна абавязкова гэтак адказала б,” – паўтараў ён, зноў і зноў прыгадваючы несумненныя адзнакі прыхільнасці.

“Наогул, – дакараў ён сябе, – я быў несправядлівы да велікасвецкіх паноў. А яны ж – гэткія, як і мы, людзі, можа, нават адчуванні ў іх больш тонкія. Яны ведаюць нас як сквапных хамаў, таму і ўнікаюць. Але варта ім пазнаць нашыя шчырыя сэрцы, і яны прыгорнуць нас да сябе… Што за цудоўная жонка можа быць з гэткае кабеты! Вядома, я павінен яшчэ заслужыць яе!”

І пад уплывам гэтых думак ён адчуваў, як абуджаецца ў ім нейкая ўсёабдымная спагада, якая ахоплівае спачатку дом Ленцкіх, потым далёкую іх радню, потым яго краму і ўсіх, хто там працуе, потым усіх купцоў, з якімі ён мае дачыненні, і, нарэшце, увесь край і ўсё чалавецтва. Вакульскаму здавалася, што кожны мінак на вуліцы– гэта яго крэўны, блізкі або далёкі, вясёлы або сумны. І ён гатовы быў ужо спыніцца ды пачаць, як жабрак, чапляцца да людзей з пытаннем: “Можа, некаму з вас нешта трэба?.. Жадайце, загадвайце, прашу вас… у імя яе…”

“Ганебна жыў я да гэтае пары, – дакараў ён сябе. – Я быў эгаістам. Ахоцкі – вось высакародная душа, ён хоча прыпнуць крылы чалавецтву і дзеля гэтае ідэі ахвяруе ўласным шчасцем. Слава, вядома, глупства, але праца на карысць грамадства – падмурак… Гэтая кабета (ён усміхнуўся) ужо зрабіла з мяне багатыра і чалавека з рэпутацыяй, а калі яна заўпарціцца, дык зробіць з мяне – ужо нават і не ведаю што… Хіба святога пакутніка, які сваю працу, нават жыццё аддасць дзеля дабра іншых… Вядома, аддам, калі яна таго пажадае!”

Крама яго была ўжо зачыненая, але праз шчыліны аканіц відаць было святло.

“Што яны там робяць?” – падумаў Вакульскі.

Ён павярнуў у браму і праз тыльныя дзверы ўвайшоў у краму. На парозе ён сутыкнуўся з Зэмбам, які нізка яму пакланіўся і выйшаў, а ў сярэдзіне заставалася яшчэ некалькі чалавек. Клейн стаяў на драбінцы і нешта парадкаваў на паліцах, Лісецкі апранаў паліто, Жэцкі сядзеў за прылаўкам над кнігаю, а перад ім стаяў нейкі чалавек і плакаў.

– Стары едзе! – гукнуў Лісецкі.

Жэцкі, закрываючыся рукою ад святла, зірнуў на Вакульскага. Клейн некалькі разоў пакланіўся яму з верху драбінкі, а чалавек, што плакаў, павярнуўся і з гучным енкам нечакана ўпаў яму ў ногі.

– Што тут такое?.. – здзіўлена запытаўся Вакульскі, які пазнаў у заплаканым чалавеку старога інкасатара Абермана.

– Ён згубіў больш за чатырыста рублёў, – сурова адказаў Жэцкі. – Вядома, гэта не крадзеж, я галавою паручуся, але фірма траціць не можа, пагатоў пан Аберман трымае ў нас свае ашчаднасці – некалькі соцень рублёў. Дык адно з двух: або пан Аберман верне грошы, або пан Аберман страціць месца… Нагандлявалі б мы, каб усе інкасатары былі такія, як пан Аберман…

– Я вярну грошы, пане, – сказаў інкасатар і зашморгаў носам, – вярну, але няхай мне пан раскладзе гэтую суму хоць на пару гадоў. Бо тыя пяцьсот рублёў, што я трымаю ў паноў, гэта ж увесь мой набытак. Хлопец скончыў школу і хоча вучыцца на доктара, а тут ужо старасць насядае… Бог адзін ды пан, хіба, ведае, колькі чалавеку трэба пагараваць, каб сабраць гэтулькі грошай… Мусіў бы я другі раз на свет нарадзіцца, каб зноў іх сабраць…

Клейн і Лісецкі, абодва ўжо апранутыя, чакалі прысуду гаспадара.

– Так, – пацвердзіў Вакульскі, – фірма не можа траціць. Аберман верне грошы.

– Слухаюся, пане, – прашаптаў няшчасны інкасатар.

Паны Клейн і Лісецкі развіталіся і выйшлі. Намерыўся ўжо і Аберман выходзіць з крамы, але тут Вакульскі, калі яны засталіся ўтрох, паспешліва звярнуўся да яго:

– Аберман, ты спачатку вернеш, а потым я табе аддам…

Інкасатар кінуўся яму ў ногі.

– Хвілінку, хвілінку… – спыніў яго Вакульскі. – Калі пан хоць слова скажа некаму пра нашу дамову, я грошай не дарую, разумееш, Аберман?.. Іначай усе захочуць губляць. Ідзі дадому і маўчы…

– Я ўсё разумею. Няхай Бог пану спрыяе, – адказаў інкасатар і выйшаў, не ў стане схаваць сваёй радасці.

– Ужо паспрыяў, – прамовіў Вакульскі, думаючы пра панну Ізабэлу.

Жэцкі быў незадаволены.

– Ведаеш, мой Стаху, – азваўся ён, калі яны засталіся адны, – лепш бы ты не ўмешваўся ў такія справы. Я адразу ведаў, што ты не будзеш патрабаваць, каб ён вяртаў усю суму, я і сам гэтага не хацеў. Але хоць сотню рублёў у якасці пакарання мусіў галган заплаціць… Зрэшты, халера яго бяры, можна было і ўсё яму дараваць, але хоць пару тыдняў патрымаць у няпэўнасці… Іначай лепш адразу замыкаць лаўку.

Вакульскі зарагатаў.

– Пакараў бы мяне Бог, – адказаў ён, – каб у такі дзень я пакрыўдзіў чалавека.

– У які дзень?.. – вырачыў вочы Жэцкі.

– Няважна. Сёння я пераканаўся, што трэба быць літасцівым.

– Ты заўсёды такі быў, нават занадта, – абурыўся пан Ігнацы. – І пабачыш, да цябе людзі гэтакімі не будуць.

– Ужо такія, – сказаў Вакульскі і падаў руку на развітанне.

– Ужо такія? – перапытаў, перадражніўшы яго, пан Ігнацы. – Ужо такія! Хай Бог мілуе выпрабоўваць табе іх спагадлівасць…

– Маю яе і без выпрабавання. Дабранач.

– Маеш… Маеш!.. Пабачым, што ты будзеш мець, як прыцісне. Дабранач, дабранач… – мармытаў стары крамнік, з шумам складаючы кнігі.

Вакульскі ішоў дадому і думаў:

“Трэба, нарэшце, зрабіць візіт Кшэшоўскаму. Заўтра пайду… Насамрэч, прыстойны ён чалавек… Перапрасіў панну Ізабэлу. Заўтра падзякую яму і, да ліха, пастараюся дапамагчы. Хоць з гэткім гулякам… Але няважна, паспрабую… Ён перапрасіў панну Ізабэлу, я выцягну яго з даўгоў”.

Пачуццё спакою і ўпэўненасці гэтак авалодалі душою Вакульскага, што дома ён, замест таго, каб сядзець ды марыць (што з ім часта здаралася), узяўся за працу. Выцягнуў тоўсты сшытак, ужо напалову спісаны, кніжку з англійскімі практыкаваннямі ды пачаў складаць сказы, прамаўляючы іх напаўголасу і стараючыся дакладна капіяваць вымаўленне свайго настаўніка – пана Вільяма Колінса.

А ў кароткіх перапынках ён думаў то пра заўтрашні візіт да барона Кшэшоўскага, і як выбавіць таго з даўгоў, то пра ўжо выратаванага Абермана.

“Калі дабраславенства мае нейкую вартасць, – казаў ён сабе, – дык увесь капітал дабраславенства Абермана разам з працэнтамі я ахвярую ёй…”

Потым падумалася яму, што гэта не такі ўжо і каштоўны падарунак панне Ізабэле – ашчаслівіць толькі аднаго чалавека. Цэлы свет, хіба, не… Але збліжэнне з паннаю Ізабэлаю вартае было дапамогі хоць бы некалькім асобам.

“Другім будзе Кшэшоўскі, – разважаў ён, – але выратаванне гэтакіх зухаў – малая заслуга… Ага!..”

Ён стукнуў сябе па лбе, адсунуў англійскія практыкаванні і дастаў архіў прыватнае карэспандэнцыі. Была гэта саф’янавая папка, куды складаліся лісты ў адпаведнасці з датамі, а спіс знаходзіўся на пачатку.

“Ага! – паўтарыў Вакульскі. – Ліст ад маёй магдаленкі і яе апякунак, старонка шэсцьдзясят тры…”

Ён знайшоў патрэбную старонку і ўважліва прачытаў два лісты: адзін – напісаны каліграфічна, а другі – быццам накрэмзаны дзіцячаю рукою. У першым яму паведамлялася, што такая і такая Марыя, некалі дзяўчына кепскіх паводзінаў, цяпер навучылася шыць бялізну, стала краўчыхаю і вызначаецца набожнасцю, паслухмянасцю, лагоднасцю і добрымі манерамі. А ў другім лісце сама гэтая Марыя… дзякавала яму за дапамогу і прасіла толькі пра адно – знайсці ёй нейкі занятак.

“Няхай ужо вяльможны і добры пан, – пісала яна, – калі з ласкі Божае мае гэтак шмат грошай, на мяне грэшную іх не траціць. Бо я сама зараз дам сабе рады, абы мела за што рукі зачапіць, а людзей, якім дапамога трэба больш, чым мне – няшчаснай ды зганьбаванай – у Варшаве хапае…”

Вакульскаму зрабілася прыкра, што гэтая просьба некалькі дзён чакала адказу. Ён зараз жа адпісаў і паклікаў слугу.

– Гэты ліст занясеш раніцаю да магдаленак…

– Зробіцца, – адказаў той, стрымліваючы пазяханне.

– Паклічаш мне таксама фурмана Высоцкага, таго, з Тамкі, ведаеш?..

– О! Як не ведаць... Але пан чуў…

– І каб ён прыйшоў мне сюды раніцаю…

– О! Чаму ж не. Але пан чуў, што Аберман згубіў кучу грошай? Быў ён тут увечары і бажыўся, што застрэліцца або яшчэ што сабе зробіць, калі пан над ім не злітуецца. Я кажу яму: “Не рабіце дурное, не забівайцеся, пачакайце… У нашага старога мяккае сэрца…” А ён кажа: “Я на гэта і разлічваю, але і так няўпраўка, бо яны ж хоць трохі, але спагоняць, а тут і сын ідзе на медыка, а тут і старасць ужо чалавека за карак хапае…”

– Зрабі ласку, ідзі спаць, – спыніў яго Вакульскі.

– Пайду, пайду, – прабурчэў слуга, – але ў пана такая служба, што горш, як у турме: нават не паспіш, колькі хочацца…

Ён забраў ліст і пайшоў.

На другі дзень а дзявятай раніцы слуга пабудзіў Вакульскага і паведаміў, што Высоцкі ўжо чакае.

– Ну дык няхай зойдзе.

Праз хвіліну ўвайшоў фурман. Быў ён чыста апрануты, меў свежы выгляд і пазіраў весела. Ён наблізіўся да ложка Вакульскага і пацалаваў яму ў руку.

– Мой Высоцкі, здаецца, у цябе ёсць вольны пакой?

– Так, вяльможны пане, бо дзядзька памёр, а паскуднікі кватаранты не жадалі плаціць, дык я іх выгнаў. На гарэлку ў круцяля заўсёды хапае, а за кватэру заплаціць няма…

– Я арандую ў цябе гэты пакой, – сказаў Вакульскі, – толькі трэба яго прыбраць…

Фурман глядзеў на Вакульскага здзіўлена.

– Там будзе жыць маладая швачка, – працягваў Вакульскі. – Няхай сталуецца ў вас, няхай твая жонка мые ёй бялізну… Няхай паглядзіць, чаго ёй не стае. На мэблю і на бялізну я дам грошай… Але будзеце сачыць, каб не вадзіла нікога дадому…

– Ні-ні! – ажывіўся фурман. – Як толькі яна вяльможнаму пану спатрэбіцца, я сам яе прывяду, але каб хто з горада – то ні-ні!.. Каб з-за гэтага ў вяльможнага пана бяды не было…

– Дурань ты, Высоцкі. Мне бачыцца з ёю няма патрэбы. Абы яна сціпла сябе паводзіла, была акуратная ды працавітая, і няхай ходзіць, дзе хоча. Толькі каб да яе ніхто не хадзіў. Дык ты зразумеў? Трэба ў пакоі асвяжыць сцены, памыць падлогу, купіць мэблю танную, але новую і добрую. Абазнаны ты ў гэтым?..

– Уга! Колькі я за жыццё мэблі перавазіў…

– Добра. А твая жонка няхай паглядзіць, што ёй трэба з бялізны ды з адзежы, і паведаміць мне.

– Я ўсё разумею, вяльможны пане, – адказаў Высоцкі, зноў цалуючы яго ў руку.

– Але… А як твой брат?..

– Ніштавата, вяльможны пане. Сядзіць, дзякуй Богу і вяльможнаму пану, у Скернавіцах, на сваёй зямлі, наняў парабка, дык цяпер з яго вялікі пан. Праз пару гадоў яшчэ зямлі дакупіць, бо сталуецца ў яго адзін чыгуначнік, вартаўнік ды два змазчыкі. Чыгунка яму нават заробак падвысіла…

Вакульскі развітаўся з фурманам і пачаў апранацца.

“Хацеў бы я праспаць увесь той час, пакуль зноў яе не ўбачу,” – думаў Вакульскі.

Ісці ў краму яму не хацелася. Ён узяў нейкую кніжку і пачаў чытаць, бо пастанавіў, што да барона Кшэшоўскага пойдзе паміж першаю і другою.

Аб адзінаццатай у вітальні празвінеў званок, і бразнулі дзверы. Увайшоў слуга.

– Нейкая панна чакае…

– Прасі яе ў залу… – прамовіў Вакульскі.

У зале зашамацела сукенка кабеты. Вакульскі ўбачыў на парозе сваю магдаленку.

Здзівіла яго незвычайная ў ёй перамена. Дзяўчына была апранутая ў чорнае, твар у яе быў белы, але свежы, і сарамлівы позірк. Яна ўбачыла Вакульскага, пачырванела і захвалявалася.

– Прашу сядаць, панна Марыя, – запрасіў ён і паказаў на крэсла.

Яна прысела на краёк аксамітнага сядзення і яшчэ больш засаромелася. Вейкі ў яе дрыжалі, на іх бліснулі слязінкі, яна не падымала вачэй ад падлогі. Зусім іншы выгляд быў у яе два месяцы таму.

– Дык пані навучылася кравецтву, панна Марыя?

– Так.

– І куды ж пані мае намер уладкавацца?

– Можа, каб у які магазін або на паслугі… у Расію…

– Чаму ж туды?

– Там, падобна, мне лягчэй будзе знайсці працу, а тут… хто ж мяне прыме? – ціха прамовіла яна.

– А каб тут нейкі склад браў ад пані бялізну, ці не лепш тут застацца?

– О, так… Але трэба мець сваю машынку швейную ды кватэру, і ўсё… У каго няма гэтага, мусіць ісці на паслугі.

Нават голас у яе змяніўся. Вакульскі пільна ўзіраўся ў яе і, нарэшце, сказаў:

– Застанецца пані пакуль у Варшаве. Жыць пані будзе на Тамцы, у сям’і фурмана Высоцкага. Гэта вельмі добрыя людзі. Пакой у пані будзе асобны, сталавацца пані будзе ў іх, а машынка ды ўсё патрэбнае для шыцця бялізны таксама знойдзецца. Я дам пані рэкамендацыю на склад бялізны і праз пару месяцаў пабачым, ці здолее пані зарабляць сабе на жыццё. Вось адрас Высоцкіх. Прашу пані ісці адразу туды, купіць разам з Высоцкаю мэблю, дапільнаваць, каб прыбралі пакой. Машынку я прышлю пані заўтра… А вось грошы на выдаткі. Я іх пазычаю, верне іх пані ў растэрміноўку, калі пачне ўжо працаваць.

Ён падаў ёй пару дзясяткаў рублёў разам з цыдулкаю да Высоцкага. А калі яна завагалася, ці можа іх узяць, ён уціснуў скрутак ёй у руку і прамовіў:

– Я вельмі прашу зараз жа ісці да Высоцкіх. Праз пару дзён ён прынясе пані ліст на склад бялізны. Калі што, прашу звяртацца да мяне. Развітваюся з пані…

Ён пакланіўся ёй і вярнуўся ў свой кабінет.

Дзяўчына крыху яшчэ пастаяла сярод залы, потым выцерла слёзы і выйшла, ахопленая нейкім урачыстым здзіўленнем.

“Пабачым, як яна дасць рады ў новых умовах,” – сказаў сабе Вакульскі ды зноў пачаў чытаць.

А першай Вакульскі пайшоў да барона Кшэшоўскага, дарогаю дакараючы сябе, што раней не выбраўся зрабіць візіт свайму экс-праціўніку.

“Нічога, – апраўдваўся ён. – Раней я не мог яго наведаць, бо ён быў хворы. А візітоўку я даслаў”.

Набліжаючыся да дому, у якім кватараваў барон, Вакульскі мімаходзь заўважыў, што сцены камяніцы маюць гэткае ж нездаровае адценне зялёнага колеру, як Марушэвіч – жоўтага, і што жалюзі ў вокнах Кшэшоўскага паднятыя.

“Відаць, паздаравеў ужо, – падумаў ён. – Не варта, аднак, адразу пачынаць распытваць яго пра даўгі. Я зраблю гэта падчас другога або трэцяга візіту, потым заплачу ліхвярам, і бедны барон уздыхне з палёгкаю. Я не магу быць абыякавым да чалавека, які перапрасіў панну Ізабэлу…”

Ён падняўся па лесвіцы і пазваніў. У памяшканні чуліся крокі, але адчыняць не спяшаліся. Ён пазваніў другі раз. Тупат і нават перасоўванне мэблі чуваць было за дзвярыма па-ранейшаму, але не адчынялі. Ён нецярпліва шморгнуў званок, які ледзь не абарваўся ад рэзкага руху. Толькі тады нехта падышоў да дзвярэй і пачаў флегматычна здымаць ланцужок, паварочваць ключ ды адсоўваць засаўку з мармытаннем:

– Відаць, свой… Жыд бы гэтак не званіў…

Дзверы, нарэшце, адчыніліся, на парозе паўстаў слуга Канстанты. Калі ён убачыў Вакульскага, дык прыжмурыўся, адтапырыў ніжнюю губу ды запытаўся:

– А што такое?..

Вакульскі здагадаўся, што не цешыцца ласкаю ў вернага слугі, які быў сведкам двубою.

– Пан барон дома?

– Пан барон ляжыць хворы і нікога не прымае, бо прыйшоў доктар.

Вакульскі дастаў сваю візітоўку і два рублі.

– Калі можна адведаць пана?

– Вельмі, вельмі не зараз… – крыху лагодней адказаў Канстанты. – Пан захварэў, бо быў падстрэлены, і доктар згадаў яму не сёння, дык заўтра ехаць у цёплыя краі або на вёску.

– Перад ад’ездам, хіба, няможна будзе нам пабачыцца?..

– О, зусім няможна… Дактары строга забаранілі прымаць каго-небудзь. У пана трымаецца гарачка…

Два картачныя столікі, адзін з якіх меў зламаную ножку, а другі – спрэс спісанае сукно, а таксама кандэлябры з недапаленымі васковымі свечкамі, бачныя з вітальні, прымушалі ўсумніцца ў дакладнасці паталагічных ацэнак, якія даваў слуга. Але Вакульскі даў яму яшчэ рубель і пайшоў, моцна незадаволены прыёмам.

“Можа, барон, – думаў ён, – не жадае майго візіту? Ну, у такім разе, няхай сам разлічваецца з ліхвярамі і зачыняецца ад іх аж на чатыры замкі…”

Ён вярнуўся да сябе.

Барон, сапраўды, меў намер ехаць у вёску і быў нездаровы, але не аж так моцна. Праўда, рана на твары гаілася вельмі павольна, але не з-за таго, што была цяжкая, а з прычыны агульнае хваравітасці пацыента. Хоць у момант візіту Вакульскага барон і быў абвязаны, як старая баба на марозе, але ён не ляжаў у ложку, а сядзеў у фатэлі і пры сабе меў не доктара, а графа Ліціньскага.

Ён якраз скардзіўся графу на сваё вартае жалю здароўе.

– Хай яго д’ябал возьме, – казаў ён, – якое нягоднае жыццё! Бацька, праўда, пакінуў мне ў дзяцінстве паўмільёна рублёў, але разам з гэтым – чатыры хваробы, кожная з якіх вартая мільёну… Як нязручна без пенснэ!.. Ну, і можаш сабе ўявіць, граф, грошы разышліся, а немачы засталіся. Ды я сам яшчэ пару хвароб зарабіў, залез у даўгі, дык сітуацыя ясная – мушу паклапаціцца пра труну ды натарыуса.

– Тэк! – азваўся граф. – Не думаю, каб пан у падобнай сітуацыі траціў грошы на натарыусаў.

– Сапраўды, каморнікі мяне нішчаць…

Барон гаварыў, а сам уважліва прыслухоўваўся да галасоў у вітальні, але не мог здагадацца, хто там. Калі ж грукнулі дзверы ды забразгалі засаўкі і ланцужок, ён раптам гукнуў:

– Канстанты!..

Праз хвіліну без асаблівае паспешлівасці ўвайшоў слуга.

– Хто быў?.. Пэўна, Гольдцыгер… Я ж табе казаў, каб ніякіх размоў з тым лотрам, каб хапаў яго за карак і спіхаў з лесвіцы. Няхай пан сабе толькі ўявіць, – звярнуўся ён да Ліціньскага, – гэты паганы жыд ходзіць да мяне з фальшывым вэксалем на чатырыста рублёў і мае нахабства жадаць заплаты!..

– Трэба падаваць у суд. Тэк!..

– Я не падам… Я не пракурор, які абавязаны лавіць махляроў. Зрэшты, я не жадаю, каб з маёй ініцыятывы пацярпеў нейкі бедачына, што мучыцца, падрабляючы чужыя подпісы… Дык я чакаю, каб Гольдцыгер першы пачаў справу ў судзе, а тады, нікога не вінавацячы, я заяўлю, што гэта не мой подпіс.

– А гэта і не Гольдцыгер быў, – азваўся Канстанты.

– Дык хто?.. Распарадчык, можа… Кравец?..

– Не… Гэты вось пан… – прамовіў слуга і падаў Кшэшоўскаму візітоўку. – Прыстойны чалавек, але я выгнаў яго, бо пан барон гэтак загадаў…

– Што?! – выгукнуў здзіўлены граф, які ўбачыў візітоўку. – Загадаў пан не прымаць Вакульскага?..

– Так, – пацвердзіў барон. – Цёмная фігура. Прынамсі, не для таварыства…

Граф Ліціньскі нецярпліва пакруціўся на крэсле.

– Не спадзяваўся я пачуць гэткае меркаванне пра таго пана… ад пана… Тэк…

– Не варта пану думаць, што я кажу гэта ў ганебным значэнні, – паспяшаўся з тлумачэннем барон. – Пан Вакульскі не зрабіў нічога дрэннага, толькі… адну невялікую брыдоту, на якую не зважаецца ў гандлі, але ў таварыстве…

Граф з фатэля, а Канстанты з парога ўважліва глядзелі на Кшэшоўскага.

– Мяркуй сам, граф, – працягваў барон, – сваю кабылу я саступіў пані Кшэшоўскай (перад Богам і людзьмі маёй законнай жонцы) за восемсот рублёў. Пані Кшэшоўская мне на зло (сам не ведаю за што!) пастанавіла яе прадаць. Ну і знайшоўся пакупнік, пан Вакульскі, які, карыстаючыся неўраўнаважанасцю кабеты, вырашыў зарабіць на кабыле… дзвесце рублёў!.. Бо даў за яе толькі шэсцьсот.

– Меў права, тэк, – заўважыў барон.

– Э! Божа… Я ведаю, што ён меў права… Але, калі чалавек напаказ шпурляе тысячы, а дзесьці ў цёмным кутку зарабляе на істэрычках па дваццаць пяць працэнтаў, гэта чалавек з кепскім густам… Не джэнтльмен… Злачынства ён не зрабіў, але… ён гэткі ж падазроны тып, як і той, хто адорваў бы знаёмых дыванамі ды шалямі, а сам у незнаёмых выцягваў бы насоўкі з кішэні. Хіба пан запярэчыць?

Граф маўчаў і азваўся толькі праз нейкі час:

– Тэк!.. Ці гэта пэўна, аднак?

– Дакладна вядома. Паміж пані Кшэшоўскаю ды тым панам пасярэднікам быў мой Марушэвіч, дык я ўсё ведаю ад яго.

– Тэк. У любым выпадку пан Вакульскі – добры купец і прывядзе нашу суполку…

– Калі не ашукае вас…

Тым часам Канстанты, які ўсё яшчэ стаяў у парозе, літасціва паківаў галавою і не стрываў:

– Гэ! Што пан вярзе… цьху… Як дзіця…

Граф зірнуў на яго з цікаўнасцю, а барон закрычаў:

– А ты, блазан, чаго лезеш, калі цябе не пытаюць?..

– Вядома, лезу, бо пан і гаворыць, і паводзіцца, як дзіця… Я хоць і лёкай, але ж хутчэй паверыў бы таму, хто дае мне два рублі, чым таму, хто ў мяне па тры рублі пазычае і аддаваць не збіраецца. От пан Вакульскі даў мне сёння два рублі, а пан Марушэвіч…

– Прэч!.. – закрычаў барон і схапіў графін, убачыўшы які, Канстанты палічыў за лепшае загарадзіцца ад свайго пана дзвярыма. – Сапраўдны лотр з гэтага лёкая, – дадаў барон, моцна раззлаваны.

– Пан сімпатызуе таму Марушэвічу? – спытаў граф.

– Але. Бо гэта пачцівы хлапчына… З якіх толькі здарэнняў ён мяне не выручаў!.. Колькі раз даказаў амаль сабачую адданасць!

– Тэк, – задуменна прамармытаў граф.

Ён яшчэ крыху пасядзеў моўчкі і, нарэшце, развітаўся з баронам.

Па дарозе дадому ў графа Ліціньскага не выходзіў з галавы Вакульскі. Ён лічыў слушным, калі купец зарабляе нават на кані для скачак, але адчуваў і нейкую прыкрасць ад гэткіх аперацый ды моцна незадаволены быў Вакульскім, што той мае справы з Марушэвічам – асобай, у лепшым выпадку, падазронай.

“Вядома, разбагацелы нуварыш! – прамармытаў граф. – Раней часу пачалі мы ім захапляцца, хоць… суполкаю ён можа кіраваць… Вядома, пры пільным кантролі з нашага боку”.

Праз пару дзён а дзясятай раніцы Вакульскі атрымаў два лісты: адзін быў ад пані Мэлітан, другі – ад адваката князя.

Ён паспешліва адкрыў першы, у якім пані Мэлітан напісала ўсяго некалькі слоў: “Сёння ў Лазенках у звычайны час”. Гэты ліст ён перачытаў некалькі разоў, пасля чаго неахвотна ўзяўся за ліст адваката, які запрашаў яго таксама сёння пасля адзінаццатай раніцы да сябе, каб вырашыць пытанне з пакупкаю дома Ленцкіх. Вакульскі ўздыхнуў з палёгкаю, часу хапала.

Дакладна аб адзінаццатай ён быў у кабінеце мецэната, дзе застаў і старога Шлянгбаўма. Яму кінулася ў вочы, як сівы жыд паважна глядзіцца на фоне карычневае мэблі ды шпалераў, і што мецэнату вельмі пасуюць пантофлі з карычневага саф’яну.

– Пану пашчасціла, пане Вакульскі, – азваўся Шлянгбаўм. – Ледзьве пажадаў пан купіць дом, як дамы пачалі даражэць. Я слова даю, што пан за паўгода верне свае выдаткі ды яшчэ і заробіць на гэтай камяніцы! І я разам з панам…

– Мяркуеш, пан? – абыякава запытаўся Вакульскі.

– Я не мяркую, – сказаў жыд, – я ўжо зарабляю. Учора адвакат пані баранесы Кшэшоўскае пазычыў у мяне дзесяць тысяч рублёў да Новага году і даў восемсот рублёў працэнтаў.

– Чаму? У яе скончыліся грошы? – спытаў Вакульскі ў адваката.

– У банку ў яе дзевяноста тысяч рублёў, але барон наклаў на іх арышт. Добрую напісалі інтэрцызу[152], га?.. – зарагатаў адвакат. – Муж накладае арышт на грошы, якія з’яўляюцца несумненнаю ўласнасцю жонкі, і з якою ў яго працэс аб сепарацыі… Я, праўда, такія інтэрцызы не пішу, га-га-га!.. – рагатаў адвакат, пасмоктваючы дым з вялікага бурштыну.

– Навошта ж баранеса пазычыла ў пана тыя дзесяць тысяч, пане Шлянгбаўм? – запытаўся Вакульскі.

– Пан не ведае? – здзівіўся жыд. – Дамы даражэюць, і адвакат растлумачыў пані баранесе, што камяніцу пана Ленцкага яна не купіць танней, чым за семдзясят тысяч рублёў. Яна б хацела купіць за шэсцьдзясят тысяч, ну але што тут зробіш?..

Меценат сеў да стала і пачаў гаварыць:

– Такім чынам, шаноўны пане Вакульскі, камяніцу панства Ленцкіх, – ён злёгку схіліў галаву, – купляю ад імя пана не я, а прысутны тут, – ён пакланіўся, – пан С. Шлянгбаўм.

– Магу купіць, чаму не, – ціха пагадзіўся жыд.

– Але за дзевяноста тысяч рублёў, не танней, – заўважыў Вакульскі, – і каб быў аўкцыён, – дадаў ён са значэннем.

– Чаму не. Грошы ж не мае! Жадае пан плаціць, дык будзе пан мець канкурэнтаў на аўкцыёне… Каб мне столькі тысяч, колькі тут у Варшаве можна наняць прыстойных асоб і нават католікаў на любую справу. Быў бы я багацей за Ротшыльда.

– Значыць, будуць добрыя канкурэнты, – падвёў вынік мецэнат. – Цудоўна. Зараз я аддам пану Шлянгбаўму грошы…

– Гэта не патрэбна, – адмовіўся жыд.

– А потым напішам акцік, што пан С. Шлянгбаўм бярэ ў вяльможнага пана С. Вакульскага доўг у суме дзевяноста тысяч рублёў і забяспечвае яго нованабытаю камяніцаю. А каб пан С. Шлянгбаўм да дня 1 студзеня 1879 года вышэйпамянёнае сумы не вярнуў…

– І не вярну…

– У такім разе купленая ім камяніца, былая яснавяльможных Ленцкіх, пераходзіць ва ўласнасць вяльможнага С. Вакульскага.

– У гэты ж момант нават можа перайсці… Я на яе і не зірну, – адказаў жыд і махнуў рукою.

– Цудоўна! – выгукнуў мецэнат. – Заўтра будзе ў нас акцік, а праз тыдзень… дзён дзесяць – камяніца. Абы толькі пан не страціў на ёй колькі тысяч рублёў, шаноўны пане Станіславе.

– Толькі набуду, – адказаў Вакульскі і пачаў развітвацца з мецэнатам ды Шлянгбаўмам.

– Але, але… – падняўся мецэнат, каб правесці Вакульскага ў салон, дзе працягваў. – Нашы графы ўваходзяць у суполку, праўда, крыху змяншаюць свае ўклады і жадаюць надзвычай пільнага кантролю.

– Маюць рацыю.

– Асабліва асцярожны стаў граф Ліціньскі. Не разумею, што з ім сталася…

– Дае грошы, дык і асцярожны. Пакуль даваў толькі слова, быў смялейшы!..

– Не, не, не!.. – перапыніў яго адвакат. – Тут нешта ёсць, і я пра гэта даведаюся… Нехта абуў нас у лапці…

– Не вас, а мяне, – усміхнуўся Вакульскі. – Зрэшты, мне ўсё роўна. Не меў бы я зла на тых паноў, нават каб яны і зусім не ўступалі ў суполку…

Ён яшчэ раз пакланіўся адвакату ды паспяшаўся ў краму. Там было некалькі важных спраў, якія затрымалі яго неспадзявана доўга. Толькі а палове на другую трапіў ён у Лазенкі.

Прахалода і змрок парку, замест каб супакоіць, узмацнілі ягонае хваляванне. Ён бег шпарка, нават пачаў пабойвацца, ці не звяртае на сябе ўвагу мінакоў. Тады ён запавольваў крокі і адчуваў, як нецярпенне рве яму грудзі.

“Напэўна, ужо не іх спаткаю!” – паўтараў ён у роспачы.

Але паблізу сажалкі на фоне зеляніны кустоў ён заўважыў папялісты плашчык панны Ізабэлы. Яна стаяла на беразе разам з графіняю ды бацькам і крышыла пернікі лебедзям, адзін з якіх нават выйшаў з вады на сваіх брыдкіх лапах і стаяў ля самых ног панны Ізабэлы.

Першым убачыў яго пан Тамаш.

– Якая сустрэча! – гучна звярнуўся ён да Вакульскага. – Пан гэтаю парою ў Лазенках?..

Вакульскі пакланіўся паням і з прыемным здзіўленнем заўважыў, як запунсавеў твар панны Ізабэлы.

– Я прыходжу сюды, калі стамлюся… Гэта значыць, досыць часта…

– Беражы сілы, пане Вакульскі!.. – перасцярог яго пан Тамаш, урачыста ківаючы пальцам… – Дарэчы, – дадаў ён цішэй, – уяві сабе, пан, што за маю камяніцу баранеса Кшэшоўская хоча даць ужо семдзясят тысяч рублёў… Дакладна, атрымаю за яе сто тысяч, а можа, і сто дзесяць… Сапраўднае дабраславенне – гэтыя аўкцыёны!..

– Я гэтак рэдка бачу пана, пане Вакульскі, – перабіла яго графіня, – дык мушу неадкладна вырашыць адну справу…

– Да паслуг пані…

– Пане! – пачала тая, з камічнаю пакорай складаючы рукі. – Прашу штуку паркалю маім сіроткам… Бачыць пан, як я навучылася жабраваць?

– Пані графіня будзе мець ласку прыняць дзве штукі?..

– Толькі ў тым выпадку, калі другая – будзе штукаю суровага палатна…

– Вой, цётачка, гэта ўжо занадта! – са смехам спыніла яе панна Ізабэла. – Калі пан не хоча застацца без грошай, – звярнулася яна да Вакульскага, – дык няхай пан уцякае адсюль. Я забіраю пана, мы пройдземся ў бок аранжарэі, а панства няхай тут адпачывае…

– Ты не баішся, Бэла?.. – азвалася цётка.

– Цётачка, можа не сумнявацца, хіба, што ў таварыстве пана Вакульскага са мною не здарыцца нічога кепскага…

Вакульскаму кроў стукнула ў галаву. На вуснах графіні мільганула двухсэнсоўная ўсмешка.

Гэта была адна з тых хвілін, калі прырода стрымлівае свае магутныя сілы і на момант прыпыняе спрадвечную дзейнасць, каб шчасце істот дробных і нязначных стала больш прыкметным.

Ветрык дыхаў ледзь-ледзь і толькі для таго, каб авеяць птушанят, што спалі ў гнёздах, а таксама каб дапамагчы авадням, што спяшаліся на вясельнае спароўванне. Лістота на дрэвах гайдалася гэтак лёгка, нібы кранала іх не матэрыяльная хваля паветра, а ціхае слізганне прамянёў святла. Тут і там у вільготным гушчары пераліваліся ўсімі колерамі кроплі расы, як пырскі вясёлкі, што ўпала на зямлю.

Зрэшты, усё замерла: сонца і дрэвы, святло і цені, лебедзі ў сажалцы, раі камароў над лебедзямі, нават бліскучая хваля на лазурнай вадзе. Вакульскаму здавалася, што ў гэты момант ад’ехаў з зямлі хуткі ток часу, пакідаючы белыя палосы на небе – і з гэтае пары не зменіцца ўжо нічога, усё застанецца гэтак навек. Што ён з паннаю Ізабэлаю вечна будзе хадзіць па яснай паляне сярод зялёных воблакаў дрэў, у якіх дзе-нідзе, як пара чорных брыльянтаў, пабліскваюць цікаўныя вочы птахаў. Што ён ужо заўсёды будзе напоўнены нязмернай цішаю, яна будзе заўсёды гэткая ж задуменная і запунсавелая, што перад імі заўсёды, як зараз, будуць ляцець, цалуючыся ў паветры, вось гэтыя два матылі.

Яны ўжо амаль дайшлі да аранжарэі, калі панна Ізабэла, заклапочаная, відаць, гэтаю цішынёю ў прыродзе ды між імі, пачала казаць:

– Які цудоўны дзень, праўда? У горадзе спёка, а тут прыемная прахалода. Я вельмі люблю Лазенкі ў гэты час: мала людзей, кожны можа знайсці куточак сабе. Пан любіць адзіноту?

– Я прызвычаіўся да яе.

– Быў пан на Росі?.. – працягвала яна, чырванеючы яшчэ больш. – Дык пан не бачыў Росі?.. – паўтарыла яна, здзіўлена зазіраючы яму ў вочы.

– Не быў, але… буду…

– Мы з цёткаю былі ўжо на двух спектаклях.

– Я буду хадзіць на ўсе...

– Ах, як добра! Пан пераканаецца, што гэта вялікі артыст. Асабліва цудоўна ён іграе Рамэа, хоць… сам ужо і не першае маладосці… Мы з цёткаю знаёмыя з ім асабіста яшчэ з Парыжа… Вельмі мілы чалавек, але, галоўнае, геніяльны трагік… Спалучае самы праўдзівы рэалізм з самым паэтычным ідэалізмам…

– Ён сапраўды мусіць быць вялікім, – заўважыў Вакульскі, – калі выклікае ў пані гэткае захапленне і сімпатыю.

– Слушна. Я ведаю, што сама не зраблю нічога незвычайнага ў жыцці, але ўмею, прынамсі, цаніць людзей незвычайных… Паўсюдна… нават… на сцэне… Але, ці можа сабе пан гэта ўявіць? Варшава не ацаніла яго належным чынам…

– Вось як?.. Ён жа, прынамсі, чужаземец…

– А пан зласлівы, – усміхнулася яна, – але я залічу гэта на кошт Варшавы, а не Росі… Сапраўды, мне сорамна за наш горад!.. Каб я была публічнасцю (але публічнасцю мужчынскага роду!), я б засыпала яго вянкамі, і рукі б у мяне апухлі ад апладысментаў… А тут – апладысменты досыць скупыя, пра вянкі ніхто і не дбае… Мы, насамрэч, яшчэ варвары…

– Апладысменты і вянкі – гэта такая дробязь, што… на наступным спектаклі Росі можа мець іх, хутчэй, зашмат, чым замала, – прамовіў Вакульскі.

– Пан упэўнены? – спытала яна, красамоўна пазіраючы на яго.

– Але ж… Я гарантую, што так і будзе…

– Я буду вельмі рада, калі споўніцца прароцтва пана. Можа, вернемся ўжо да нашага панства?..

– Той, хто спраўляе пані прыемнасць, заслугоўвае вялікае пашаны…

– Прашу прабачэння! – засмяялася яна. – Зараз пан сказаў камплімент самому сабе…

Яны павярнулі ад аранжарэі назад.

– Я ўяўляю, як здзівіцца Росі, – працягвала панна Ізабэла, – калі пачуе авацыі. Ён ужо зняверыўся і ледзь не шкадуе, што прыехаў у Варшаву… Артысты, усе без выключэння, нават вялікія, гэта асаблівыя людзі. Без славы ды пашаны яны не могуць жыць, як мы без ежы ды паветра. Праца, нават самая паспяховая, але ціхая, альбо ахвярнасць – гэта не для іх. Ім абавязкова трэба быць навідавоку, звяртаць на сябе ўвагу ўсіх, панаваць над сэрцамі тысяч… Росі сам казаў, што лепш бы памёр на год раней, але на сцэне поўнага і ўзрушанага тэатра, чым на год пазней сярод нешматлікага атачэння. Як гэта дзіўна!..

– Ён мае рацыю, калі поўны тэатр для яго найбольшае шчасце.

– Пан лічыць, што ёсць такое шчасце, за якое варта плаціць карацейшым жыццём? – спытала панна Ізабэла.

– І няшчасці, якіх варта ўнікаць гэткім жа спосабам, – адказаў Вакульскі.

Панна Ізабэла задумалася, і яны ішлі ўжо моўчкі.

Тым часам, седзячы ля сажалкі і працягваючы карміць лебедзяў, графіня гутарыла з панам Тамашам.

– Табе не здаецца, – казала яна, – што Вакульскі нібыта цікавіцца Бэлаю?..

– Я не думаю.

– І нават моцна. Цяперашнія купцы здольныя на самыя смелыя праекты.

– Ад праектаў да выканання вельмі далёка, – незадаволена адказаў пан Тамаш. – А нават, каб і так, гэта мяне не хвалюе. Над думкамі пана Вакульскага ў мяне няма ўлады, а за Бэльцю я спакойны.

– Зрэшты, я не маю нічога супраць, – дадала графіня. – Як бы там ні было, я, вядома, пагаджаюся з воляю Божаю, калі гэта на карысць убогім… Заўсёды на карысць… Мой прытулак хутка будзе лепшым у горадзе, і толькі таму, што гэты пан мае слабасць да Бэльці.

– Перастань. Яны вяртаюцца! – спыніў яе пан Тамаш.

Сапраўды, панна Ізабэла з Вакульскім паказаліся на сцежцы.

Пан Тамаш прыгледзеўся да іх уважліва і раптам заўважыў, як гарманічна гэтыя двое глядзяцца разам. Ён – на галаву вышэйшы і добра складзены – крочыў, як былы вайсковец, а яна – крыху драбнейшая, але зграбная – рухалася, нібы плыла. Нават белы цыліндр і светлае паліто Вакульскага гарманіравалі з папялістым плашчыкам панны Ізабэлы.

“Адкуль у яго гэты белы цыліндр?” – падумаў пан Тамаш з горыччу. Потым прыйшла яму ў галаву цікавая ідэя, што Вакульскі як нуварыш за права насіць белы цыліндр павінен яму плаціць, прынамсі, працэнтаў пяцьдзясят ад пазычанага капіталу. Ён аж паціснуў плячыма.

– Там гэтак прыгожа, цётачка, у тых алеях! – загаварыла, набліжаючыся, панна Ізабэла. – Мы з цёткаю ніколі не бывалі ў тым баку. У Лазенках прыемна толькі тады, калі можна хадзіць шпарка і далёка.

– У такім выпадку прасі пана Вакульскага, каб часцей цябе суправаджаў, – адказала графіня неяк асабліва саладжава.

Вакульскі пакланіўся, панна Ізабэла крыху зморшчыла бровы, а пан Тамаш сказаў:

– Можа, час ужо вяртацца дадому...

– Мяркую, час, – згадзілася графіня. – Пан застаецца, пане Вакульскі?

– Так. Ці магу я правесці паняў да каляскі?

– Просім. Дай мне руку, Бэла.

Графіня з паннай Ізабэлай пайшлі наперад, а за імі – пан Тамаш і Вакульскі. Пан Тамаш адчуваў столькі едкай горычы, яму было так невыносна бачыць белы цыліндр Вакульскага, што, не жадаючы выглядаць няветлівым, ён прымушаў сябе ўсміхацца. І, каб пра нешта гаварыць, ён зноў пачаў апавядаць Вакульскаму пра сваю камяніцу, за якую меў надзею атрымаць сорак альбо пяцьдзясят тысяч чыстага прыбытку.

Тым часам гэтыя лічбы кепска ўплывалі на настрой Вакульскага, які ведаў, што выдаткаваць больш за трыццаць тысяч рублёў ён не можа.

Толькі ўжо калі пад’ехала каляска, а пан Тамаш усадзіў дам і сеў сам ды гукнуў: “Едзь!”, у Вакульскага пачуццё прыкрасці змянілася шкадаваннем ад развітання з паннай Ізабэлай.

“Так мала!” – прашаптаў ён і ўздыхнуў, пазіраючы на шашу ўздоўж Лазенак, на якую якраз выехала зялёная бочка паліваць дарогу.

Ён яшчэ раз прайшоў у бок аранжарэі тою самаю сцежкаю, што і раней, выглядаючы на пяску сляды чаравічкаў панны Ізабэлы. Нешта тут змянілася. Вецер дзьмуў мацней, ён скаламуціў ваду ў сажалцы, паразганяў матылёў і птахаў, затое нагнаў больш хмарак, якія раз за разам засланялі бляск сонца.

“Як тут нудна!” – прашаптаў ён і вярнуўся на дарогу.

Ён сеў у сваю каляску і прыкрыў вочы, з прыемнасцю прыслухоўваючыся да лёгкага калыхання. Яму здавалася, што ён, як птушка, сядзіць на галіне, якую вецер гайдае ўправа і ўлева, угору і ўніз, а потым раптам зарагатаў, бо прыгадаў сабе, што гэтае лёгкае пагойдванне каштуе яму каля тысячы рублёў у год.

“Дурань я, дурань! – паўтараў ён. – Навошта мне пнуцца туды, дзе людзі або не разумеюць маёй ахвярнасці, або смяюцца з маіх нязграбных высілкаў. Навошта мне гэта каляска?.. Хіба не мог я ездзіць брычкаю або трэсціся вось на гэтым омнібусе з палатнянымі фіранкамі?..”

Пад’ехаўшы да дому, ён прыгадаў абяцанне, якое даў панне Ізабэле наконт авацый Росі.

“Што ж, будуць яму авацыі. Ды яшчэ якія… Заўтра спектакль…”

Пад вечар ён паслаў слугу ў краму па Абермана. Сівы інкасатар прыбег устрывожаны: ці не перадумаў Вакульскі і ці не загадае вярнуць згубленыя грошы...

Але Вакульскі прывітаў яго вельмі ласкава, нават павёў у свой кабінет, дзе размаўляў з ім прыблізна паўгадзіны. Пра што?..

Пытанне, пра што Вакульскі мог размаўляць з Аберманам, вельмі цікавіла лёкая. Хіба пра згубленыя грошы… Клапатлівы слуга прыкладаў па чарзе то вока, то вуха да дзіркі ад ключа, але нічога не мог зразумець. Ён бачыў, як Вакульскі дае Аберману цэлы пачак пяцірублёвак, чуў гэткія словы: “У Вялікім тэатры… на балконе і галерэі… білецёру – вянок, букет – праз аркестр…”

Калі з кабінета пачулася, што пачалі развітвацца, слуга ўцёк у вітальню, каб перахапіць там Абермана, і варта было інкасатару выйсці, як ён запытаўся:

– Што? Вырашылася з грашыма?.. Я тут язык адбіў упрошваючы, каб стары дараваў трохі пану Аберману, і нарэшце дамогся, што ён мне сказаў: “Пабачым, зраблю, што змагу!..” Ну, і бачу – пан Аберман вытаргаваў сёння нешта… Што, стары ў добрым гуморы?...

– Як звычайна, – адказаў інкасатар.

– Але ж вы гэтак гаманілі з ім. Відаць, не толькі пра грошы… Можа, пра тэатр? Бо стары любіць тэатр…

Але Аберман ваўкавата зіркнуў на яго і моўчкі выйшаў. Слуга аж разявіў рот ад здзіўлення, а потым раззлаваўся і замахаў услед кулаком:

– Пачакай!.. – мармытаў ён. – Паквітаемся мы з табою… Вялікі пан, бач ты… Скраў чатырыста рублёў і размаўляць не хоча з чалавекам!..

XVIII. УРАЖАННІ, УЯЎЛЕННІ ДЫ НАЗІРАННІ СТАРОГА КРАМНІКА

Для пана Ігнацы Жэцкага зноў надышла пара неспакою ды нечаканасцяў.

Той самы Вакульскі, які год таму паімчаў у Балгарыю, а некалькі тыдняў раней, як магнат, бавіўся скачкамі ды двубоямі, той самы Вакульскі надта ўпадабаў раптам тэатральныя паказы. І каб яшчэ польскія, але – італьянскія… Ён, які не разумеў па-італьянску ні слова!

Ужо амаль тыдзень працягвалася гэтая новая манія, якая дзівіла ды засмучала не аднаго пана Ігнацы.

Аднаго разу, напрыклад, стары Шлянгбаўм па нейкай, вядома, важнай справе паўдня шукаў Вакульскага. Прыйшоў ён у краму – Вакульскі толькі што выйшаў з крамы, а перад тым загадаў занесці акцёру Росі вялікі вазон з саксонскае парцаляны. Шлянгбаўм пабег дадому да Вакульскага – той толькі што выйшаў з кватэры і паехаў да Бардэта[153] па кветкі. Стары жыд, каб дагнаць яго, хоць і скрывіўся, але ўзяў брычку, а з-за таго, што прапанаваў фурману злоты і восем грошай замест сарака грошай, дык пакуль яны старгаваліся (за злоты і восем грошай) і даехалі да Бардэта, Вакульскага ўжо не было ў аранжарэі.

– А пан не ведае, куды ён паехаў? – запытаўся Шлянгбаўм у садоўніка, які з дапамогаю крывога нажа пустошыў прыгожы кветнік.

– Хіба я ведаю? Падобна, у тэатр, – адказаў садоўнік з такім тварам, нібы гэтым крывым нажом ён хацеў перарэзаць горла Шлянгбаўму.

Жыд, якому якраз гэта прыйшло ў галаву, адхіснуўся, хуценька выбег з аранжарэі ды як камень, выкінуты з прашчы, ускочыў у брычку. Але фурман (які ўжо, відавочна, паразумеўся з крыважэрнымі садоўнікамі) заявіў, што ні за якія скарбы на свеце не паедзе далей, хіба купец заплаціць яму сорак грошай ды верне тое, што вытаргаваў пры першай паездцы.

Шлянгбаўм адчуў слабасць у грудзях і ў першы момант хацеў або вылезці, або паклікаць паліцыю. Але прыгадаўшы, колькі злосці ды несправядлівасці пануе цяпер у хрысціянскім свеце, колькі лютасці да жыдоў, дык згадзіўся на ўсе ўмовы бессаромнага фурмана і хоць заенчыў, але паехаў у тэатр.

Там спачатку не было з кім гаварыць, потым не хацелі з ім гаварыць, аж, нарэшце, ён даведаўся, што пан Вакульскі быў, але толькі што паехаў у алеі Уяздоўскія. Чуваць яшчэ тарахценне яго каляскі ў браме…

У Шлянгбаўма апусціліся рукі. Пешкі ён вярнуўся ў краму Вакульскага, там не прамінуў чарговы раз – ці ўжо не соты – праклясці свайго сына за тое, што той назваўся Генрыкам, ходзіць у сурдуце ды есць трэфнае, і, нарэшце, пайшоў жаліцца пану Ігнацы.

– Ну, – залямантаваў ён, – што гэты пан Вакульскі творыць!.. У мяне была такая справа, што ён са свайго капіталу мог зарабіць трыста рублёў… І я б сотню якую займеў… Але ён раз’язджае па горадзе, а я на адны брычкі патраціў два злотыя і дваццаць грошай… Ай! Рабаўнікі сапраўдныя з тых фурманаў…

Вядома, пан Ігнацы ўпаўнаважыў Шлянгбаўма скончыць тую справу і не толькі вярнуў яму грошы, выдаткаваныя на брычкі, але яшчэ за ўласны кошт загадаў завезці яго на вуліцу Электаральную, чым гэтак расчуліў старога жыда, што той, адыходзячы, зняў са свайго сына бацькоўскі праклён і нават запрасіў яго да сябе на шабас.

“Як бы там ні было, – сказаў сабе Жэцкі, – а паганая гісторыя з тым тэатрам, бо Стах, прынамсі, занядбаў справы.”

Аднаго разу завітаў нечакана ў краму вельмі шаноўны адвакат, правая рука князя, юрыдычны дарадца ўсяе арыстакратыі, каб запрасіць Вакульскага на нейкі вечаровы сход. Пан Ігнацы не ведаў, куды пасадзіць знакамітую асобу, як цешыцца з пашаны, аказанай ягонаму Стаху. Тым часам, Стах не толькі не ўзрушыўся ганаровым запрашэннем, але ўзяў ды адмовіўся, што зрабіла прыкрае ўражанне на мецэната, які адразу ж нядбала развітаўся і выйшаў.

– Чаму ты не прыняў запрашэння? – спытаў засмучаны пан Ігнацы.

– Бо мушу быць сёння ў тэатры, – адказаў Вакульскі.

Але сапраўдную небяспеку адчуў Жэцкі, калі ў той самы вечар інкасатар Аберман прыйшоў з просьбаю скончыць усе дзённыя рахункі, калі не было яшчэ і сёмае гадзіны.

– Пасля восьмае… пасля восьмае… – адказаў яму пан Ігнацы. – Цяпер яшчэ рана.

– А пасля восьмае мне будзе позна, – адказаў Аберман.

– Як гэта?.. Што гэта?..

– А тое, што а палове на восьмую я мушу быць з нашым гаспадаром у тэатры… – паціснуў плячыма Аберман.

У той жа момант з усмешкаю на твары падышоў да іх пан Зэмба, каб развітацца.

– Пан ужо сыходзіць з крамы?.. Пане Зэмба!.. Без чвэрці сем…. – вырачыў вочы здзіўлены пан Ігнацы.

– Я іду па вянкі для Росі, – прашаптаў ветлівы пан Зэмба з яшчэ больш прыемнаю ўсмешкаю.

Жэцкі аберуч схапіўся за галаву.

– Павар’яцелі з тым тэатрам! – выбухнуў ён. – Можа, і мяне яшчэ туды пацягнуць?.. Ну, але са мною не атрымаецца!..

Адчуваючы, што хутка і яго Вакульскі пачне ўгаворваць, пан Ігнацы падрыхтаваў цэлую прамову, у якой збіраўся не толькі заявіць, што не пойдзе на італьянцаў, але і яго самога заклікаць да разважлівасці прыкладна такімі словамі: “Супакойся… Нашто табе гэтыя недарэчнасці!..” і гэтак далей.

Тым часам Вакульскі, замест таго, каб угаворваць яго, прыйшоў раз а шостай у краму і сказаў Жэцкаму, які сядзеў над рахункамі:

– Даражэнькі, сёння Росі іграе Макбета, зрабі ласку, сядзь у першым радзе крэслаў (вось табе квіток) і пасля трэцяга акту падай яму гэты альбом…

І без ніякае цырымоніі, нават без ніякіх апраўданняў уручыў пану Ігнацы альбом з відамі Варшавы ды варшавянак коштам пяцьдзясят рублёў!

Пан Ігнацы адчуў сябе глыбока абражаным. Ён падняўся са свайго фатэлю, зморшчыў бровы і ўжо адкрыў быў рот, каб гнеўна адказаць, як Вакульскі раптам выйшаў з крамы і нават не зірнуў на яго.

Ну і, вядома, пан Ігнацы мусіў ісці ў тэатр, каб не зрабіць прыкрасці Стаху.

У тэатры пана Ігнацы чакаў цэлы шэраг прыгодаў.

Спачатку ён падняўся сходамі, якія вялі на галерэю, дзе ён звычайна бываў ў добрыя старыя часы. Але білецёр нагадаў, што ў яго білет у першы рад крэслаў, і пры гэтым акінуў яго такім позіркам, які не пакідаў сумневу: цёмна-зялёны сурдут пана Жэцкага, альбом пад пахаю і нават яго фізіяномія а ля Напалеон ІІІ падаюцца падазронымі ніжэйшым органам тэатральнае ўлады.

Прысаромлены пан Ігнацы спусціўся ў цэнтральнае фае, заціскаючы пад пахаю альбом ды кланяючыся ўсім дамам, побач з якімі ён меў гонар праходзіць. Гэткая ветлівасць, нязвыклая варшавякам, ужо ў фае выклікала цікавасць. Пачалі пытацца: “Хто гэта?” І, хоць ніхто яго не пазнаваў, было заўважана, што цыліндр пана Ігнацы не менш чым дзесяцігадовага веку, гальштук – пяцігадовага, а цёмна-зялёны сурдут і клятчатыя сподні ў абцяжку паходзяць з непараўнальна больш даўняе эпохі. Усе палічылі яго за нетутэйшага, а калі ён запытаўся ў аднаго з білецёраў, як дабрацца да партэра, з яго пачалі смяяцца.

– Пэўна, нейкі шляхціц з Валыні, – казалі франты. – А што гэта ў яго пад пахай?..

– Можа, бігас, можа, надзіманая падушка…

Асмяяны, увесь змакрэлы ад халоднага поту, дабраўся, нарэшце, пан Ігнацы да жаданых крэслаў. Было крыху за сёмую, і гледачы толькі пачалі збірацца. У партэр кожны ішоў з капелюшом на галаве, ложы былі пустыя, і толькі на галёрцы чарнела маса люду. Там ужо пачалася лаянка і ўжо клікалі паліцыю.

“Здаецца мне, сход чакаецца вельмі бурны”, – прамармытаў няшчасны пан Ігнацы, са збянтэжанаю ўсмешкаю займаючы месца ў першым радзе.

Спачатку ён утаропіўся ў шчыліну з правага боку заслоны, прысягаючы, што не адарве ад яе вачэй. Аднак праз пару хвілін ён крыху супакоіўся і нават так асмялеў, што пачаў азірацца. Зала падалася яму нейкаю цеснаю і бруднаю, і калі ён пачаў дашуквацца прычыны, чаму яна гэтак змянілася, дык прыгадаў, што апошні раз быў у тэатры на выступе Добрскага[154] ў “Гальцы” гадоў з шаснаццаць таму.

Тым часам зала напаўнялася, а від прыгожых кабет, якія рассаджваліся ў ложах, моцна падбадзёрыў пана Ігнацы. Стары крамнік нават выцягнуў малую ларнетку ды пачаў разглядаць твары, але адразу ж зрабіў сумнае адкрыццё: яго таксама разглядаюць з амфітэатра, з дальніх радоў партэра, уга! нават з ложаў… Калі ж яго псіхічныя здольнасці пераключыліся са зроку на слых, дык ён пачаў лавіць словы, што кружлялі навокал, як восы:

– Хто ж гэты арыгінал?..

– Нехта з правінцыі.

– А дзе ж ён выкапаў гэткі сурдут?..

– Заўважыў, пан, ягоную бірульку на ланцужку для гадзінніка? Скандал!..

– Хто цяпер гэтак стрыжэцца?!

Пан Ігнацы ледзьве не выпусціў з рук свой альбом і цыліндр ды не ўцёк з тэатра. На шчасце, у апошнім радзе крэслаў ён убачыў знаёмага фабрыканта, вытворцу пернікаў, які ў адказ на паклон Жэцкага падняўся са свайго месца і падышоў да першага рада.

– Напрамілы Бог, пане Піфке, – прашаптаў пан Ігнацы, абліваючыся халодным потам, – сядзь, пан, на маё месца і саступі мне сваё…

– Вельмі ахвотна, – гучна адказаў чырванатвары фабрыкант. – А чаму пану тут не падабаецца?.. Добрае месца!

– Дасканалае. Але я хачу далей. Горача мне…

– І там так, але я магу сесці. Што гэта ў пана за пакунак?..

Тут Жэцкі прыгадаў свой абавязак.

– Няхай пан уявіць сабе, дарагі пан Піфке, што нейкі аматар гэтага… гэтага Росі…

– Ах, хто ж не любіць Росі! – адказаў Піфке. – У мяне ёсць лібрэта “Макбета”, можа, даць пану?

– Дзякуй. Але… Гэты аматар, хай сабе пан уявіць, купіў у нас каштоўны альбом і прасіў пасля трэцяга акту ўручыць яго Росі…

– Зраблю гэта з прыемнасцю! – паабяцаў таўстун Піфке, праціскаючыся на месца Жэцкага.

Пан Ігнацы зазнаў яшчэ некалькі вельмі прыкрых хвілін. Ён мусіў выбрацца з першага рада крэслаў, а франты, якія там сядзелі, аглядалі ягоны сурдут, і ягоны гальштук, і ягоную аксамітную камізэльку з іранічнаю ўсмешкаю. Потым ён мусіў заняць месца ў восьмым радзе партэра, дзе хоць і без іроніі глядзелі на ягоны гарнітур, але дзе давялося праціскацца, чапляючыся за дамскія калені.

– Стакроць перапрашаю, – казаў ён сарамліва, – але гэткая цісканіна…

– Не павінен пан казаць брыдкага слова, – адказала адна дама, у вачах якой, злёгку падмаляваных, пан Ігнацы, аднак, не заўважыў гневу. Але ён быў гэтакі збянтэжаны, што ахвотна пайшоў бы да споведзі, абы ачысціць душу ад граху гэтых дотыкаў.

Нарэшце, ён знайшоў сваё месца і ўздыхнуў з палёгкаю. Тут хоць не звярталі на яго ўвагі, бо і месца ён зараз займаў больш сціплае, і спектакль ужо пачаўся.

Прадстаўленне спачатку яго не цікавіла, ён разглядаў залу і перадусім заўважыў Вакульскага. Той сядзеў у чацвёртым радзе і глядзеў зусім не на Росі, а ў ложу, якую займала панна Ізабэла з панам Тамашам і графіняй. Жэцкі пару разоў бачыў людзей загіпнатызаваных, і яму здалося, што Вакульскі мае якраз такі выраз твару, нібы ён загіпнатызаваны тою ложаю. Ён сядзеў нерухома, нібы ў трансе, з шырока расплюшчанымі вачыма.

Хто ж, аднак, мог гэтак зачараваць Вакульскага? Пан Ігнацы не мог даўмецца. Але ён заўважыў яшчэ іншую рэч. Пакуль Росі не было на сцэне, панна Ізабэла абыякава разглядала залу або размаўляла з цёткаю, але як толькі выйшаў Росі-Макбет, яна пачала прыкрываць твар веерам і цудоўнымі, летуценнымі вачыма, здавалася, поедам ела акцёра. Здаралася, веер з белых пер’яў ападаў ёй на калені, і тады Жэцкі бачыў на твары панны Ізабэлы той самы выраз загіпнатызаванасці, які гэтак здзівіў яго ў Вакульскага.

Заўважыў ён і яшчэ тое-сёе. Калі на прыгожым абліччы панны Ізабэлы малявалася захапленне, Вакульскі паціраў сабе рукою макаўку галавы. І тады, нібы па камандзе, з балкона і з галёркі раптам гучалі апладысменты ды моцныя воклічы: “Брава, брава, Росі!..” Здавалася пану Ігнацы нават, што ў тым хоры нібы вылучаецца змучаны голас інкасатара Абермана, які першы пачынаў крычаць і апошні змаўкаў.

“Д’ябал! – падумаў ён, – няўжо гэта Вакульскі дырыжыруе клакерамі?” Але ён адразу адпрэчыў гэтае несправядлівае падазрэнне, бо Росі іграў выдатна і ўсе апладзіравалі яму вельмі натхнёна. А мацней за ўсіх – пан Піфке, жыццярадасны фабрыкант, вытворца пернікаў, які, згодна з умоваю, пасля трэцяга акту бадзёра кінуўся ўручаць Росі альбом.

Вялікі акцёр нават не кіўнуў Піфке, але нізка пакланіўся ў бок ложы, дзе сядзела панна Ізабэла. А можа, проста ў той бок?

“Уяўленні!.. Уяўленні!.. – думаў пан Ігнацы, пакідаючы тэатр пасля апошняга акту. – Бо не можа Стах быць гэтакім ёлупам…”

Зрэшты, незадавальнення ад паходу ў тэатр пан Ігнацы не адчуваў. Выступленне Росі яму спадабалася, некаторыя сцэны, такія, як забойства караля Дункана або з’яўленне духа Банка, зрабілі на яго моцнае ўражанне, а тое, як Макбет біўся на рапірах, нават выклікала захапленне. Дык выходзячы з тэатра, ён не меў прэтэнзій да Вакульскага. Наадварот, у яго з’явілася падазрэнне, што каханы Стах, толькі каб зрабіць яму прыемнасць, выдумаў гэту камедыю з уручэннем падарунка Росі.

“Ён ведае, пачцівы Стах, што адно пад прымусам мог я пайсці на італьянскіх акцёраў… Ну і добра атрымалася. Цудоўна іграе гэты фацэт, варта паглядзець на яго яшчэ раз… Зрэшты, – падумалася яму потым, – хто мае гэтулькі грошай, як Стах, можа рабіць прэзенты акцёрам. Я, праўда, выбраў бы нейкую актрысу з пышнымі формамі, але… Я чалавек іншае эпохі, нават называюць мяне банапартыстам і рамантыкам…”

Ён разважаў гэтак і нават ціха бубніў сабе пад нос, але яму не давала спакою іншая думка, якую ён хацеў заглушыць:

“Чаму Стах гэтак дзіўна глядзеў на ложу, у якой сядзела графіня, пан Ленцкі і панна Ленцкая?.. Няўжо?.. Эх, што лезе ў галаву… Вакульскі ўсё ж занадта разумны, каб меркаваць, што з гэтага штосьці можа атрымацца… Дзіцяці зразумела, што тая панна, наогул халодная, як лёд, сёння шалее ад Росі… Як яна на яго глядзела, аж забывалася, што сядзіць у тэатры на вачах у сотні гледачоў!.. Не, гэта абсурд! Слушна называюць мяне рамантыкам…”

І зноў ён намагаўся думаць пра іншае. Ён нават пайшоў (хоць была ўжо позняя ноч) у рэстаран, дзе грала музыка – скрыпка, фартэп’яна ды арфа. З’еў там запечанае мяса з бульбаю і капустаю, выпіў куфаль піва, потым – другі куфаль, потым – трэці, чацвёрты… нават сёмы… Зрабілася яму гэтак радасна, што ён кінуў на сподак арфістцы дзве саракоўкі[155] ды пачаў гугнява падпяваць. А потым стрэліла яму ў галаву, што трэба пазнаёміцца (безумоўна!) з чатырма немцамі, якія пры бакавым століку елі тушаніну з гарохам.

“Чаго я буду ім прадстаўляцца?.. Няхай яны мне прадставяцца,” – вырашыў пан Ігнацы.

Тут завалодала ім думка, што чатыры гэтыя паны мусяць яму прадставіцца, як старэйшаму, да таго ж – былому афіцэру венгерскае пяхоты, якая добра біла немцаў. Ён нават паклікаў кельнерку з мэтаю паслаць яе да тых чатырох паноў, што елі тушаніну, але ў гэты момант ансамбль, складзены са скрыпкі, арфы ды фартэп’яна, зайграў “Марсэльезу”.

Пану Ігнацы прыгадалася Венгрыя, пяхота і Аўгуст Кац, ён адчуў, як набягаюць слёзы і вось-вось ён не вытрывае, дык схапіў хутчэй са стала свой цыліндр, паходжання яшчэ да пачатку французска-прускае вайны, кінуў на стол рубель ды выбег з рэстарана.

А на вуліцы, апынуўшыся на свежым паветры, ён абапёрся на слуп газавае ліхтарні ды запытаўся:

– Д’ябал, няўжо я напіўся?.. Бач ты! Сем куфляў…

Ён пайшоў дадому, стараючыся ісці як мага раўней, і на ўласным досведзе спасцігаючы, якія калдобістыя варшаўскія ходнікі, бо праз кожныя некалькі крокаў ён хоцькі-няхоцькі збочваў або да канавы, або да сцен камяніц. Потым, каб пераканаць сябе, што ягоныя разумовыя здольнасці ў квітнеючым стане, ён пачаў лічыць зоркі на небе.

– Раз… два… тры… сем… сем… Што сем?.. А, сем куфляў піва… Няўжо праўда?.. І нашто было Стаху выпраўляць мяне ў гэты тэатр!..

Дадому ён трапіў адразу і адразу знайшоў званок. Аднак пасля таго, як у чаканні вартаўніка пазваніў ажно сем разоў, ён адчуў патрэбу абаперціся на вугал пры браме, дзе стаяў і лічыў (выключна дзеля цікавасці), колькі хвілін міне, пакуль вартаўнік адчыніць.

– Нягоднік! – бурчэў ён. – Мне а шостай уставаць, а гэты вартаўнік да паловы на другую трымае мяне на вуліцы…

На шчасце, вартаўнік нарэшце адчыніў брамку, праз якую пан Ігнацы крокам вельмі пэўным – нават больш, чым пэўным, занадта пэўным – прайшоў праз двор з адчуваннем, што цыліндр у яго – трошкі набакір, але ўсяго трошкі. Потым вельмі лёгка знайшоў ён дзверы ў сваю кватэру, але безвынікова стараўся ўсадзіць ключ у дзірку замка. Ён намацваў гэту дзірку пальцамі, сціскаў ключ моцна, як ніколі, і не мог трапіць.

– Няўжо праўда?..

Якраз у гэты момант дзверы паддаліся, і ягоны аднавокі пудзель Ір, не падымаючыся з падсцілкі, гаўкнуў:

– Так… так!

– Сціхні, свінтух паганы!.. – прамармытаў пан Ігнацы.

Не запальваючы святла, ён распрануўся ды лёг спаць.

Сны яго былі жахлівыя. Снілася ці толькі мроілася яму, што ён усё яшчэ ў тэатры і бачыць Вакульскага, які не зводзіць вачэй з аднае ложы. У той ложы сядзіць графіня, пан Ленцкі і панна Ізабэла. Жэцкаму здавалася, што Вакульскі глядзіць на панну Ізабэлу.

– Не можа быць! – прамармытаў ён. – Стах не аж такі ёлупень…

Тым часам (гэта быў працяг мрояў) панна Ізабэла паднялася і выйшла з ложы, а Вакульскі – за ёю, з тым самым выглядам загіпнатызаванага. Панна Ізабэла выйшла з тэатра, прайшла праз тэатральны пляц і лёгка ўзбегла на вежу ратушы, а Вакульскі – за ёю, выглядаючы ўсё гэткім жа загіпнатызаваным. А потым панна Ізабэла ўзнялася, як птушка, і пераляцела з вежы ратушы на будынак тэатра, а Вакульскі, які хацеў ляцець за ёю, рынуўся з вышыні дзясятага паверха на зямлю.

– Езус! Марыя!.. – жахнуўся Жэцкі, зрываючыся з ложка.

– Так!.. Так!.. – гаўкнуў праз сон Ір.

– Ну, я ўжо бачу, што зусім п’яны, – прамармытаў пан Ігнацы, вяртаючыся ў ложак ды нацягваючы на сябе коўдру, бо яго трэсла.

Некалькі хвілін ён паляжаў з расплюшчанымі вачыма і раптам зноў апынуўся ў тэатры, якраз пасля заканчэння трэцяга акта, у той самы момант, калі фабрыкант Піфке збіраецца ўручаць Росі альбом з відамі Варшавы ды мясцовых прыгажунь. Пан Ігнацы напружвае зрок (бо Піфке выконвае даручэнне замест яго) і бачыць неверагоднае: зламыснік Піфке замест каштоўнага альбома падае італьянцу нейкі папяровы пакунак, абы як абвязаны вяроўкаю.

І яшчэ горшую рэч бачыць пан Ігнацы. Бо італьянец паблажліва ўсміхаецца, развязвае вяроўку, раскручвае паперу, і на вачах панны Ізабэлы, Вакульскага, графіні ды соцень гледачоў дастае… жоўтыя нанкавыя кальсоны з фартушком спераду ды штрыпкамі знізу. Якраз такія, якімі пан Ігнацы карыстаўся ў эпоху слаўнае севастопальскае кампаніі!..

Мала таго жаху, дык няшчасны Піфке яшчэ і крычыць: “Вось дар паноў Станіслава Вакульскага, купца, ды Ігнацы Жэцкага, яго намесніка!” Увесь тэатр кладзецца ад рогату, усе вочы і пальцы скіраваныя на восьмы рад партэра, менавіта на тое крэсла, дзе сядзіць пан Ігнацы. Гаротнік хоча запратэставаць, але адчувае, што у яго зусім знік голас, а на давяршэнне – і сам ён некуды знікае. Знікае ў невымерным, бяздонным акіяне нябыту, у якім будзе спачываць векі вечныя і нават не апраўдаецца ўжо перад тэатральнымі гледачамі, што нанкавыя кальсоны з фартушком ды штрыпкамі былі скрадзеныя ў яго падспудна з асабістага збору памятак.

Пасля фатальнае ночы Жэцкі прачнуўся ажно без чвэрці сем. Ён не хацеў верыць уласным вачам, пазіраючы на гадзіннік, але, нарэшце, паверыў. Паверыў ён нават у тое, што ўчора крыху захмялеў. Красамоўным сведчаннем, зрэшты, была цяжкая галава ды агульная млявасць.

Але ўся гэтая нямогласць трывожыла пана Ігнацы менш, чым адзін страшны сімптом, і вось які: яму не хацелася ісці ў краму!.. Горш за тое, ён адчуваў не толькі ляноту, а поўны заняпад амбіцый, бо замест таго, каб саромецца свайго грэхападзення ды змагацца з гультайствам, ён, Жэцкі, вышукваў прычыны, каб як мага даўжэй затрымацца дома.

То яму здавалася, што Ір хворы, то – ржавее ніколі не ўжываная дубальтоўка, то – не так вісіць зялёная фіранка на акне, і, нарэшце, што гарбата занадта гарачая, дык піць яе трэба павольней, чым звычайна.

У выніку пан Ігнацы на сорак хвілін спазніўся ў краму ды ўгнуўшы плечы пракраўся да канторкі. Яму здавалася, што кожны з “паноў” (а, як назло, усе прыйшлі сёння ў час), што кожны з іх вельмі пагардліва глядзіць на кругі ў яго пад вачыма, на шэры колер твару ды лёгкае дрыжанне рук.

“Яшчэ падумаюць, што я ў распусту кінуўся!” – уздыхнуў небарака пан Ігнацы.

Потым ён выцягнуў кнігі, памачаў пяро і нібыта заняўся падлікамі. Ён не сумняваўся, што смярдзіць, як старая дзежка, якую ўжо выкінулі са склепу, і зусім сур’ёзна меркаваў: ці не варта падацца ў адстаўку пасля цэлага шэрагу гэтакіх ганебных учынкаў.

“Напіўся… позна вярнуўся дадому… позна ўстаў… на сорак хвілін спазніўся ў краму…”

У гэты момант да яго падышоў Клейн з нейкім лістом.

– На канверце напісана: “вельмі пільна”, дык я распячатаў, – прамовіў мізэрны крамнік і падаў ліст Жэцкаму.

Пан Ігнацы разгарнуў яго і прачытаў:

“Чалавеча, неразумны ці подлы! Не зважаючы на гэткую колькасць зычлівых перасцярог, купляеш ты, аднак, дом, які стане дамавінаю твайму і так несумленна здабытаму маёнтку…”

Пан Ігнацы кінуў вокам на апошні радок, але не ўбачыў подпісу, ліст быў ананімны. Ён зірнуў на канверт – на ім быў адрас Вакульскага. Стаў чытаць далей:

“Якая нячыстая сіла паставіла цябе на дарозе ў шляхетнае дамы, мужа якой ты ледзь не забіў, а цяпер хочаш адабраць дом, дзе памерла яе каханая дачка?.. І навошта ты гэта робіш?.. Навошта плаціш, калі праўда, ажно дзевяноста тысяч рублёў за камяніцу, нявартую і сямідзесяці тысяч?.. Гэтыя таямніцы тваёй чорнай душы справядлівасць Божая некалі выявіць, а сумленныя людзі пакараюць пагардаю.

Дык абдумайся, пакуль не позна. Не губі сваю душу, пашкадуй грошай ды пакінь у спакоі сумленную даму, якая ў неспатольным жалю па страчанай дачцэ мае сёння адзінае суцяшэнне – сядзець у тым пакоі, дзе беднае дзіця аддало Богу душу. Апамятайся, заклінаю цябе. Зычлівая…”

Пан Ігнацы прачытаў гэта і страсянуў галавою:

– Нічога не разумею. Хоць вельмі сумняюся ў зычлівасці гэтае дамы.

Клейн баязліва азірнуўся навокал, пераканаўся, што ніхто ў краме не глядзіць у іх бок, і зашаптаў:

– Бо гэта ж, бачыць пан, стары наш, падобна, купляе дом Ленцкага, які заўтра крэдыторы якраз пускаюць з аўкцыёну…

– Стах… значыць… пан Вакульскі купляе дом?

– Так, так… – заківаў галавою Клейн. – Але купляе не на ўласнае імя, а за пасярэдніцтвам старога Шлянгбаўма… Гэтак, прынамсі, кажуць у тым доме, бо і я ж там жыву.

– За дзевяноста тысяч рублёў?..

– Менавіта. А баранеса Кшэшоўская хацела б купіць гэту камяніцу за семдзясят тысяч рублёў, дык ананімка, пэўна, ад яе. Я нават гатовы закласціся, што ад яе, бо пякельная баба…

Госць, які ўвайшоў у краму і пачаў разглядаць парасоны, спыніў размову Клейна з Жэцкім. У пана Ігнацы завіравалі ў галаве надта цікавыя думкі.

“Калі я, – казаў ён сам сабе, – змарнаваў адзін вечар і нарабіў гэтым такога замяшання ў краме, дык якога замяшання ў справах наробіць Стах, які цяпер марнуе дні і тыдні на італьянскія тэатры, а рэшту – ужо і не ведаю на што…”

У гэты момант, аднак, ён прыгадаў, што ў краме па яго віне нарабілася няшмат замяшання, амаль ніякага, і гандаль ідзе, зрэшты, цудоўна. А сам Вакульскі, калі казаць праўду, нягледзячы на дзівачны лад жыцця, не занядбаў абавязкі кіраўніка.

“Але навошта ён хоча замураваць дзевяноста тысяч рублёў у тыя сцены?.. Адкуль узяліся гэтыя Ленцкія?.. Няўжо… Гэх! Сташак не гэтакі ёлупень…”

Але навіна пра пакупку камяніцы яго непакоіла.

“Запытаюся ў Генрыка Шлянгбаўма,” – вырашыў ён і ўстаў з-за канторкі.

У аддзеле тканін малы згорблены Шлянгбаўм з чырвонымі вачыма і зацятым выразам твару завіхаўся, як звычайна: лазіў па драбінцы або перамотваў штукі паркалю. Ён ужо гэтак прызвычаіўся да гарачкі ў працы, што калі нават не было пакупнікоў, безупынку выцягваў штуку за штукаю, раскручваў ды скручваў, каб потым пакласці на месца.

Калі Шлянгбаўм убачыў пана Ігнацы, ён прыпыніў сваю бясплённую дзейнасць і выцер пот з ілба.

– Цяжка, а як жа… – сказаў ён.

– Бо навошта пану перакладаць гэтыя анучы, калі ў краме няма пакупнікоў? – заўважыў Жэцкі.

– Аёй!.. Каб жа я гэта не рабіў, дык забыўся б, што дзе ляжыць… Іржа суставы б з’ела… Зрэшты, я ўжо прызвычаіўся… Пан нешта хоча?..

Жэцкі на момант збянтэжыўся.

– Не… Хацеў зірнуць толькі, як тут пану, – адказаў пан Ігнацы і пачырванеў, наколькі гэта было магчыма ў ягоным веку.

“Няўжо і ён мяне падазрае ды сочыць за мною? – бліснула ў галаве Шлянгбаўма, і яго апанавала злосць. – Так, бацька мае рацыю… Сёння ўсе нападаюць на жыдоў. Хутка давядзецца адгадаваць пэйсы ды надзець ярмолку…”

“Ён нешта ведае!” – падумаў Жэцкі, а ўголас сказаў:

– Падобна… падобна, шаноўны бацька пана купляе заўтра камяніцу… камяніцу пана Ленцкага?..

– Я нічога не ведаю, – адказаў Шлянгбаўм і ўтаропіўся ў падлогу. А сам падумаў:

“Мой стары купляе дом для Вакульскага, а яны мяркуюць і, напэўна, гавораць паміж сабою: гляньце, зноў жыд-ліхвяр абабраў католіка ды пана з паноў…”

“Нешта ён ведае, толькі казаць не хоча, – думаў Жэцкі. – Вядома, жыд…”

Ён пакруціўся яшчэ па зале, што Шлянгбаўм палічыў доказам недаверу ды высочвання, і вярнуўся да сябе, уздыхаючы:

“Гэта жахліва, але Стах больш давярае жыдам, чым мне… Навошта, аднак, ён купляе гэты дом, навошта звязваецца з Ленцкімі… А можа, і не купляе?.. Можа, гэта толькі пагалоскі?..”

Гэткага страху наганяла на яго замуроўванне дзевяноста тысяч рублёў гатоўкі, што ён цэлы дзень толькі пра тое і думаў. Хацеў нават у пэўны момант наўпрост запытацца ў Вакульскага, але не хапіла яму адвагі.

“Стах, – казаў ён сабе, – заняты цяпер толькі панамі, а давярае жыдам. Што яму стары Жэцкі!..”

Дык ён вырашыў сам пайсці заўтра ў суд і паглядзець, ці праўда стары Шлянгбаўм купіць дом Ленцкіх, ці праўду кажа Клейн, што торг дойдзе да дзевяноста тысяч рублёў. Калі гэта спраўдзіцца, дык будзе ясна, што і ўсё іншае – праўда.

У поўдзень зайшоў у краму Вакульскі і пачаў гаворку з Жэцкім, распытваючы яго пра ўчорашні тэатр. Чаму той уцёк з першага рада партэра? Чаму прымусіў Піфке ўручыць альбом? Але пан Ігнацы меў у сэрцы гэтулькі крыўды і гэтулькі падазронасці да свайго каханага Стаха, што адказваў яму гугнява і пахмурна. Дык Вакульскі змоўк ды пайшоў з крамы з горыччу ў душы.

“Усе адварочваюцца ад мяне, – думаў ён, – нават Ігнацы… Нават ён… Але ты мяне за ўсё ўзнагародзіш,” – дадаў ён, пазіраючы ў бок алеі Уяздоўскае.

Пасля таго, як Вакульскі пайшоў з крамы, Жэцкі асцярожна выпытаў у “паноў”, у якім судзе і а якой гадзіне адбываюцца аўкцыёны нерухомасці, потым угаварыў Лісецкага, каб той падмяніў яго заўтра паміж дзявятай раніцы і другою гадзінаю дня ды з падвойнай руплівасцю ўзяўся за падлікі. Машынальна (але беспамылкова) ён складаў доўгія, як Новы Свят, слупкі лічбаў, а ў перапынках размаўляў сам з сабою:

“Сёння я змарнаваў каля гадзіны, заўтра змарную не менш за пяць, а ўсё таму, што Стах больш давярае Шлянгбаўму, чым мне… Навошта яму камяніца?.. Якога д’ябла ён звязваецца з тым банкрутам Ленцкім?.. Чаго яму стрэліла ў галаву бегаць у тэатр на італьянцаў ды яшчэ даваць каштоўныя падарункі гэтаму прыблудзе Росі?..”

Не падымаючы галавы ад кнігі, ён сядзеў пры канторцы да шостае і быў гэтак заняты працаю, што не толькі не прымаў грошы, але нават не бачыў і не чуў пакупнікоў, якія раіліся ды гаманілі ў краме, як вялізныя пчолы ў вуллі. Не заўважыў ён і нечаканага госця, якога “панове” прывіталі гучнымі воклічамі ды пацалункамі.

Толькі калі прыбылы стаў над ім ды гукнуў у вуха: “Пане Ігнацы, гэта я!..”, Жэцкі страпянуўся і падняў угару галаву, а разам – бровы ды вочы, бо перад ім быў Мрачэўскі…

– Га?.. – спытаў пан Ігнацы, пазіраючы на маладога франта, асмуглага, памужнелага і, галоўнае, раздабрэлага. – Ну, што… Ну, што чуваць?.. – цягнуў пан Ігнацы, вітаючыся з ім за руку.

– Нічога новага, – адказаў Мрачэўскі. – Кангрэс у Берліне робіць сваё, аўстрыякі возьмуць Боснію.

– Ну, ну, ну… Жарты, жарты!.. А пра малога Напалеонка што чуваць?

– Вучыцца ў Англіі ў вайсковай школе і, падобна, закахаўся ў нейкую акцёрку…

– Ужо і закахаўся!.. – насмешліва паўтарыў пан Ігнацы. – А ў Францыю ён не вяртаецца? Як, пан, маешся? Адкуль ты тут узяўся? Ну расказвай хутчэй, – весела выгукнуў Жэцкі і ўдарыў яго ў плячо. – Калі ты прыехаў?..

– А, гэта цэлая гісторыя! – адказаў Мрачэўскі, падаючы ў фатэль. – Прыехалі мы з Сузіным сёння аб адзінаццатай… Ад першае да трэцяе сядзелі з ім у Вакульскага, а пасля трэцяе забег на хвілінку да маці і на хвілінку – да пані Стаўскае… Цудоўная кабета, га?

– Стаўская?. Стаўская?.. – прыгадваў Жэцкі, паціраючы лоб.

– Пан яе ведае. Гэта тая прыгажуня з дачушкаю… Тая, што гэтак пану даспадобы…

– А, тая!.. Ведаю… Не так мне яна даспадобы, як я меркаваў, што была б яна добрая жонка Стаху…

– Дзівак пан, – зарагатаў Мрачэўскі. – У яе ж ёсць муж…

– Муж?

– Дзіва што. Зрэшты, прозвішча ўсе чулі. Чатыры гады таму ўцёк бядак за мяжу, бо яго лічылі вінаватым у забойстве тае…

– А, памятаю!.. Дык гэта ён?.. Чаму ж не вярнуўся, калі высветлілася, што ён невінаваты?..

– Вядома, невінаваты, – працягваў Мрачэўскі. – Але як даў драпака ў Амерыку, дык па сённяшні дзень ні вока не бачыла, ні вуха не чула. Відаць, загінуў недзе небарака, а кабета засталася ані паннаю, ані ўдавою… Жахлівы лёс!.. Утрымліваць сям’ю з гафту, з ігры на фартэп’яна ды з урокаў англійскае мовы… Працаваць цэлы дзень, як вол, ды яшчэ не мець мужа… Бедныя кабеты!.. Мы б, пане Ігнацы, гэтак доўга не вытрымалі ў цноце, так?.. О, вар’ят стары…

– Хто вар’ят? – спытаў Жэцкі, здзіўлены раптоўным воклічам.

– Хто ж, калі не Вакульскі, – адказаў Мрачэўскі. – Сузін едзе ў Парыж і сілаю цягне яго за сабою, бо збіраецца там купляць надта шмат тавараў. Наш стары ні гроша не патраціў бы на падарожжа ды пажыў бы па-каралеўску, бо Сузін, чым далей ад жонкі, тым шырэй раскрывае кішэню… Гэ! Ды ён бы яшчэ і зарабіў тысяч з дзесяць.

– Стах… то бок, наш гаспадар зарабіў бы каля дзесяці тысяч рублёў? – спытаў Жэцкі.

– Вядома. Ну, але што ж, калі ён гэтакі ўжо ачмурэлы…

– Ну, ну… пане Мрачэўскі!.. – прысароміў яго пан Ігнацы.

– Але ж, слова гонару, ачмурэў. Бо я ведаю, што ён збіраецца ехаць на выставу ў Парыж і нават хутка…

– Так.

– Дык чаму ён не хоча ехаць з Сузіным задарма і зарабіць грошай?.. Дзве гадзіны ўпрошваў яго Сузін: “Паехалі са мною, Станіславе Пятровічу”. Прасіў, кланяўся… Усё марна. Вакульскі – не і не! Сказаў, што ў яго тут ёсць нейкія справы…

– Ну, ёсць… – прамовіў Жэцкі.

– О так, ёсць… – перадражніў яго Мрачэўскі. – Самая важная яго справа – не расчараваць Сузіна, які дапамог яму зарабіць капітал, дае вялізны крэдыт і не раз казаў мне, што не супакоіцца, пакуль Станіслаў Пятровіч не адкладзе хоць мільён рублёў… І гэткаму прыяцелю адмаўляць у невялікай паслузе, зрэшты, добра аплачанай! – абураўся Мрачэўскі.

Пан Ігнацы хацеў быў нешта сказаць, але прыкусіў язык. Ён ледзьве не прагаварыўся, што Вакульскі купляе дом Ленцкага і гэткія дарагія падарункі дае Росі.

Да канторкі наблізіліся Клейн з Лісецкім, і Мрачэўскі, рады, што яны вольныя, кінуўся з размовамі да іх, а пан Ігнацы зноў застаўся адзін над сваёю кнігаю.

“Бяда! – думаў ён. – Чаму Стах не едзе задарма ў Парыж ды яшчэ пярэчыць Сузіну?.. Якая трасца звяла яго з тымі Ленцкімі… Няўжо?.. Гэх! Але ж ён не такі ёлупень… Але шкада і падарожжа, і дзесяці тысяч рублёў… Божа, Божа, што з людзьмі робіцца…”

Ён апусціў галаву і вадзіў пальцам то знізу ўверх, то зверху ўніз, складаючы слупкі лічбаў, доўгія, як Новы Свят ды Кракаўскае прадмесце. Ён без памылак лічыў, мармытаў сабе пад нос, але не пакідала яго думка, што ягоны Стах стаіць на нейкім фатальным схіле.

“Марна, – шаптаў яму голас, прытоены на самым дне душы, – марна ўсё!.. Стах ублытаўся ў салідную авантуру… Дакладна, у палітычную авантуру, бо такі чалавек, як ён, не вар’яцеў бы з-за кабеты, хоць нават была б ёю сама панна… Ах, д’ябал, памыліўся! Адмаўляецца, грэбуе дзесяццю тысячамі рублёў… Ён, хто восем гадоў таму мусіў пазычаць у мяне па дзесяць рублёў на месяц, як жабрак… А цяпер кідае пад ногі дзесяць тысяч, замуроўвае ў камяніцу дзевяноста тысяч, робіць акцёрам прэзенты на сотні… Напрамілы Бог, я не разумею! І гэта нібы пазітывіст, чалавек, які рэальна мысліць… Мяне называюць старым рамантыкам, але ж я гэткае несусвеціцы не рабіў… Ну хіба калі з галавою ўлез у палітыку…”

Гэткія разважанні не спыняліся аж да закрыцця крамы. Галава яго пабольвала, і ён выйшаў пашпацыраваць па Новым З’яздзе, а калі вярнуўся дадому, рана лёг спаць.

“Заўтра, – сказаў ён сабе, – мне стане ясна, што тут робіцца. Калі Шлянгбаўм купіць дом Ленцкага і дасць за яго дзевяноста тысяч рублёў, гэта будзе азначаць, што Стах сапраўды з ім дамовіўся, і што сапраўды ён звар’яцеў… А можа, Стах і не купляе камяніцу, можа, усё гэта плёткі…”

Ён заснуў, і яму снілася, што ў акне высокага дома ён бачыць панну Ізабэлу, да якой Вакульскі, што стаяў з ім побач, хоча бегчы. Дарэмна намагаецца пан Ігнацы затрымаць яго, ажно ў пот яго кінула. Вакульскі вырываецца і знікае ў браме камяніцы.

“Стаху, вярніся!..”– крычыць пан Ігнацы, бо бачыць, як дом пачынае хістацца.

Дом абрынаецца. Панна Ізабэла з усмешкаю вылятае з яго, як птушка, а Вакульскага не відаць…

“Можа, ён выскачыў на падворак і выратаваўся…” – думае пан Ігнацы і прахопліваецца. Сэрца ў яго моцна калоціцца.

Назаўтра пан Ігнацы прачынаецца крыху раней за шостую, прыгадвае, што якраз сёння прадаюць на аўкцыёне камяніцу Ленцкага, што ён мусіць пабачыць гэтае відовішча, і ўскоквае з ложка, як спружына. Босы, ён бяжыць да вялікага таза, абліваецца з галавы да ног халоднаю вадою і, пазіраючы на свае лыткі, падобныя да жэрдак, мармыча: “Здаецца, патаўсцеў”.

У працэсе стараннага мыцця пан Ігнацы падымае сёння столькі шуму, што будзіць Іра. Брудны пудзель расплюшчвае адзінае вока, якое яму засталося, заўважае, падобна, нязвыклую энергічнасць свайго гаспадара і саскоквае з куфра на падлогу. Ён атрасаецца, пазяхае, выцягвае назад адну лапу, потым – другую лапу, потым прысаджваецца насупраць акна, за якім заходзіцца ад крыку кура, якую рэжуць, і вырашае, што насамрэч нічога не здарылася, таму вяртаецца на сваю посцілку. Пры гэтым выгляд у яго непрыступны, можа, і злосны (на пана Ігнацы за пустую трывогу), бо ён скручваецца, адвярнуўшыся хрыбтом да пакою, а носам і хвастом – да сцяны, і нібы жадае сказаць гэтым пану Ігнацы: “Надакучыла ўжо мне бачыць тваю мізэрнасць”.

Жэцкі ў імгненне вока апранаецца і з бліскавічнаю хуткасцю выпівае гарбату, не заўважаючы ні самавара, ні слугі, што яго прынёс. Потым бяжыць у яшчэ замкнёную краму, тры гадзіны запар лічыць, не зважаючы на пакупнікоў ды размовы “паноў”, і дакладна а дзясятай кажа Лісецкаму:

– Пане Лісецкі, а другой я вярнуся…

– Канец свету, – бурчыць Лісецкі. – Нешта надзвычайнае, калі гэты недарэка ў такі час выбраўся ў горад…

Ужо на ходніку перад крамаю Пан Ігнацы адчувае напад згрызотаў сумлення.

“Што я раблю? – думае ён. – Якая мне справа да аўкцыёнаў? Хай выстаўляюць нават палацы, а не тое што камяніцы...”

І ён вагаецца: ісці ў суд ці вярнуцца ў краму? У гэты момант ён заўважае брычку, што едзе па Кракаўскім прадмесці, а ў ёй даму – высокую, хударлявую, спакутаваную, у чорнай вопратцы. Дама глядзіць якраз на іх краму, і Жэцкі ў яе зацятым позірку ды сіняватых вуснах прыкмячае сапраўдную нянавісць.

“Далібог, гэта баранеса Кшэшоўская… – мармыча пан Ігнацы. – Вядома, яна едзе на аўкцыён… Скандал!..”

Абуджаюцца ў яго, аднак, і сумневы. Хто ведае, ці ў суд едзе баранеса? Можа, гэта ўсё плёткі?..

“Варта спраўдзіць,” – думае пан Ігнацы, забываецца на свае абавязкі намесніка і старшага крамніка ды ідзе следам за брычкаю. Нягеглыя коні цягнуць гэтак павольна, што пан Ігнацы мае магчымасць бачыць гэты рыдван на ўсім шляху да калоны Жыгімонта. Тут коні збочваюць налева, а Жэцкі думае:

“Вядома, едзе баба на Мядовую. Танней бы ёй каштавала дабрацца туды на памяле…”

Паўз дом Рэзлера (які нагадвае пра нядаўнюю п’янку!) па Сенатарскай пан Ігнацы даходзіць да вуліцы Мядовае. Мінаючы склад гарбаты Навіцкага, ён на хвіліну затрымліваецца, бо мерыцца зайсці павітацца з гаспадаром, але адразу ж уцякае з мармытаннем: “Што ён падумае, калі ўбачыць мяне гэтаю парою на вуліцы?.. Вядома, ён падумае, што я нічога не варты намеснік, што не сядзіцца мне ў краме, дык лайдачу па горадзе… Дажыўся!..”

Усю астатнюю дарогу да суда пана Ігнацы мучыць сумленне. Яно ўвасабляецца ў барадатага волата ў жоўтым ядвабным халаце і гэткіх жа штанах, які зычліва, але разам з тым іранічна зазірае яму ў вочы ды пытае:

“А скажы ты мне, пане Жэцкі, хто з прыстойных купцоў бадзяецца ў гэты час па горадзе? З пана гэткі ж купец, як з мяне балерына…”

І пан Ігнацы разумее, што яму няма чаго адказаць сувораму суддзі. Ён чырванее, патнее і ўжо хоча вяртацца да сваіх кніг (але каб заўважыў гэта Навіцкі), як раптам бачыць перад сабою даўні палац Паца.

“Тут будзе аўкцыён!” – кажа сабе пан Ігнацы і забываецца на згрызоты сумлення. Волат з барадою ў жоўтым ядвабным халаце развейваецца ў яго душы, як туман.

Пан Ігнацы азіраецца і заўважае, што будынак суда мае два ўваходы. Яшчэ ён бачыць старазаконных, якія сабраліся ў чатыры няроўныя кучкі ды стаяць з вельмі паважнымі фізіяноміямі. Пан Ігнацы не ведае, куды ісці, аднак ідзе да тых дзвярэй, перад якімі стаіць найбольш старазаконных, здагадваючыся, што там мусіць быць аўкцыён.

У гэты момант да будынка суда пад’язджае каляска, а ў ёй – пан Ленцкі. Пан Ігнацы не можа супраціўляцца пачуццю пашаны да ягонай сівізны і не можа надзівіцца з яго добрага гумору. Бо пан Ленцкі выглядае не банкрутам, у якога забралі камяніцу, каб прадаць яе на аўкцыёне, а мільянерам, што прыехаў да натарыуса, каб аформіць невялічкую суму ў некалькі сотняў тысяч рублёў.

Пан Ленцкі ўрачыста высаджваецца з каляскі і трыумфальным крокам набліжаецца да дзвярэй суда. Адразу да яго з другога боку вуліцы падбягае джэнтльмен, які мае ўсе прыкметы лайдака, аднак з’яўляецца адвакатам. Пасля хуткага і нават нядбалага вітання пан Ленцкі пытаецца ў джэнтльмена:

– Ну што?.. Калі?..

– Праз гадзінку… можа, крыху пазней… – адказвае джэнтльмен.

– Уяві сабе, пан, – кажа з прыязнаю ўсмешкаю пан Ленцкі, – тыдзень таму адзін мой знаёмы за дом, які каштаваў яму сто пяцьдзясят тысяч, узяў дзвесце. А як мой каштаваў мне сто тысяч, дык я павінен узяць, адпаведна, сто дваццаць пяць…

– Гм!.. Гм!.. – мармыча адвакат.

– Будзеш, пан, смяяцца, – працягваў пан Тамаш, – з таго, што я табе скажу (бо вы любіце кпіць са сноў і прадчуванняў), аднак сёння снілася мне, што мой дом пайшоў за сто дваццаць тысяч… Кажу гэта пану перад аўкцыёнам, прашу заўважыць... Праз пару гадзін сам пераканаешся, што не варта смяяцца са сноў… Ёсць нешта на небе і на зямлі…

– Гм!.. Гм!.. – мармыча ў адказ адвакат, і яны разам уваходзяць у дзверы будынка.

“Дзякуй Богу! – думае пан Ігнацы. – Калі Ленцкі возьме сто дваццаць тысяч за свой дом, дык гэта азначае, што Стах не заплаціць за яго дзевяноста тысяч рублёў.”

Тут нехта кранае яго за плячо. Пан Ігнацы азіраецца і бачыць старога Шлянгбаўма.

– Пан не мяне шукае? – пытаецца сівы жыд, пільна зазіраючы яму ў вочы.

– Не, не… – адказвае збянтэжаны пан Ігнацы.

– У пана няма да мяне ніякае справы?.. – перапытвае Шлянгбаўм, міргаючы чырвонымі павекамі.

– Не, не…

Git![156] – кідае Шлянгбаўм і вяртаецца да сваіх аднаверцаў.

Пана Ігнацы прадзірае мароз па скуры, прысутнасць Шлянгбаўма зноў абуджае ў ім падазрэнні. Каб разагнаць іх, пан Ігнацы пытаецца ў вознага, што стаіць пры дзвярах, дзе адбываецца аўкцыён. Возны паказвае яму лесвіцу.

Пан Ігнацы бяжыць наверх і ўваходзіць у першую залу. Уражвае яго тлум старазаконных, якія прагна слухаюць нейкую прамову. Жэцкі разумее, што тут адбываецца судовы працэс, што прамаўляе пракурор, што справа пра ашуканства. У зале не прадыхнуць, прамову пракурора часам заглушае грукат брычак за акном. Гледзячы на суддзяў, здаецца, што яны дрэмлюць, адвакат пазяхае, у падсуднага выраз твару, нібы ён гатовы ашукаць нават найвышэйшы суд, старазаконныя пазіраюць на яго спачувальна, а абвінавачванне слухаюць вельмі ўважліва. Некаторыя на кожны доказ віны крывяцца ды пырхаюць: “Ай-вай!..”

Пан Ігнацы выходзіць з залы, бо не дзеля гэтае справы ён сюды прыйшоў.

Пан Ігнацы хоча ўжо падымацца сходамі на трэці паверх, як бачыць баранесу Кшэшоўскую, якая спускаецца ў таварыстве мужчыны са знешнасцю стомленага настаўніка старажытных моў. Але гэта адвакат, пра што сведчыць срэбны значок, прышпілены да адвароту зношанага фрака, а шарачковыя порткі каплана справядлівасці гэтак выцертыя на каленях, нібы іх гаспадар замест таго, каб абараняць сваіх кліентаў, толькі і рабіў, што прасіў рукі ў багіні Фэміды.

– Калі не раней, чым праз гадзіну, – плаксіва гаворыць пані Кшэшоўская, – дык я схаджу пакуль да капуцынаў[157]… Як пан мяркуе?..

– Я не думаю, каб візіт да капуцынаў меў нейкі ўплыў на аўкцыён, – адказвае ўшчэнт знясілены адвакат.

– Каб, аднак, пан мецэнат шчыра хацеў, каб пабегаў…

Мецэнат у выцертых портках нецярпліва махае рукою.

– Ах, пані дабрадзейка, – кажа ён, – я ўжо столькі набегаўся з-за гэтага аўкцыёну, што сёння, хіба, мог бы ўжо і аддыхацца. Апроч таго, хутка ў мяне абарона… Забойства. Бачыць пані тых прыгожых дам?... Яны ідуць паслухаць мяне… Эфектная справа!

– Дык пан мецэнат пакідае мяне? – енчыць баранеса.

– Але ж я буду… буду ў зале, – супакойвае яе адвакат, – буду на аўкцыёне, толькі хай пані дасць мне хоць хвілінку падумаць пра майго забойцу…

І ён хаваецца за дзвярыма, наказваючы вознаму, каб той нікога не пускаў.

– О Божа! – голасна заводзіць баранеса, – нягодны забойца і той мае абаронцу, а бедная самотная кабета дарэмна шукае чалавека, які заступіўся б за яе гонар, за яе спакой, за яе майно…

А як пан Ігнацы не збіраецца быць тым чалавекам, дык ён спешна збягае сходамі, абмінаючы маладых, прыгожых і элегантных кабет, якіх прыгнала сюды жаданне паслухаць гучны працэс пра забойства. Гэта цікавей за тэатр, бо акцёры судовага спектаклю іграюць калі не лепш, дык, дакладна, больш рэалістычна, чым драматычныя.

На сходах разлягаецца лямант пані Кшэшоўскае ды вясёлая гамана маладых, прыгожых і элегантных кабет, якія спяшаюцца паглядзець на забойцу, на акрываўленае адзенне, на тую сякеру, якою ён забіў сваю ахвяру, ды на спатнелых суддзяў. Пан Ігнацы з вестыбюля перабягае аж на другі бок вуліцы, у цукерню на рагу Капітульнае і Мядовае, а там хаваецца ў такі цёмны куток, дзе яго не магла б пазнаць нават пані Кшэшоўская.

Ён замаўляе філіжанку шакаладу з пенкаю, закрываецца падзёртаю газетаю і бачыць, што ў малым пакойчыку ёсць яшчэ цямнейшы куток, дзе сядзіць нейкі велічнага выгляду ягамосць ды нейкі згорблены жыд. Пан Ігнацы мяркуе, што велічны ягамосць, хіба, граф ды буйны землеўласнік з Украіны, а жыд – ягоны брокер. І яму чуваць іх гутарку.

– Пане дабрадзею, – кажа згорблены жыд, – каб не тая акалічнасць, што пана дабрадзея ніхто не ведае ў Варшаве, дык не даў бы я пану і дзесяці рублёў за гэта. А так заробіць пан дваццаць пяць…

– І гадзіну прастаяць у душнай зале! – бурчыць ягамосць.

– Праўда, – згаджаецца жыд, – у нашым веку цяжка стаяць, ну, але гэткія грошы таксама пехатою не ходзяць… А якая ў пана дабрадзея будзе рэпутацыя, калі даведаюцца, што пан таргаваўся за камяніцу коштам восемдзясят тысяч рублёў!..

– Няхай так. Але дваццаць пяць рублёў гатоўкаю на стол…

– Барані Божа! – адказвае жыд. – Пан дабрадзей атрымае ў рукі пяць рублёў, а дваццаць пойдуць за даўгі таму беднаму Селігу Куперману, што ўжо два гады ні гроша ад пана не бачыў, хоць мае вырок суду.

Паважны пан б’е кулаком па мармуровым стале і падымаецца. Згорблены жыд хапае яго за крысо сурдута, зноў усаджвае на крэсла і прапануе шэсць рублёў гатоўкаю.

Яны некалькі хвілін яшчэ таргуюцца і пагаджаюцца на васьмі рублях, з якіх сем будуць заплачаны пасля аўкцыёну, а рубель – адразу. Жыд супраціўляецца, але велічны пан адным аргументам знішчае ўсе ягоныя сумневы:

– Прынамсі, д’ябал яго бяры, трэба ж мне заплаціць за гарбату ды піражкі.

Жыд уздыхае, дастае з зашмальцаванае партманеткі самую падраную паперку, разгладжвае яе і кладзе на мармуровы стол. Потым ён падымаецца і няспешна выходзіць з цёмнага пакойчыка, а пан Ігнацы праз дзірку ў газеце пазнае ў ім старога Шлянгбаўма.

Пан Ігнацы спехам дапівае свой шакалад і ўцякае з цукерні на вуліцу. Яму ўжо абрыд гэты аўкцыён, пра які толькі і гавораць кругом, які займае ўсе ягоныя думкі. Ён хоча перачакаць недзе да пачатку і заўважае, што касцёл капуцынаў адчынены, дык накіроўваецца туды ў спадзяванні, што знойдзе спакой, прыемную прахалоду, а галоўнае, ніхто там не будзе згадваць аўкцыён.

Ён уваходзіць у касцёл і, сапраўды, знаходзіць там цішыню, прахалоду, а яшчэ нябожчыка на катафалку, абстаўленага свечкамі, якія яшчэ не гараць, і кветкамі, якія ўжо не пахнуць. Пану Ігнацы ад нейкага часу не падабаецца выгляд труны, таму ён паварочвае налева і бачыць укленчаную на падлозе кабету ў чорным. Гэта баранеса Кшэшоўская. Сагнутая ў пакоры да зямлі, яна б’е сябе ў грудзі і раз за разам падносіць да вачэй хустачку.

“Несумненна, яна моліцца, каб дом Ленцкага пайшоў за шэсцьдзясят тысяч рублёў,” – думае пан Ігнацы. А з-за таго, што выгляд пані Кшэшоўскае не падаецца яму прывабным, ён на дыбачках адступае і пераходзіць на правы бок касцёла.

Тут – толькі дзве кабеты: адна ціхенька адмаўляе ружанец, другая спіць. Больш нібы нікога. Зрэшты, за калонаю ён заўважае сярэдняга росту мужчыну з добраю выпраўкаю, хоць і сівога, які задраў галаву і шэпча малітву.

Жэцкі пазнае ў ім пана Ленцкага і думае:

“Несумненна, гэты просіць Бога, каб яго дом пайшоў за сто дваццаць тысяч рублёў…”

І ён хутка выходзіць з касцёла, разважаючы, як добраму Богу задаволіць спрэчныя жаданні пані баранесы Кшэшоўскае і пана Тамаша Ленцкага.

Пасля таго, як не атрымалася знайсці таго, што ён шукаў, ні ў цукерні, ні ў касцёле, пан Ігнацы пачынае шпацыраваць па вуліцы ўздоўж будынка суда. Яму вельмі ніякавата, яму здаецца, што кожны мінак насмешліва пазірае на яго, нібы хоча сказаць: “Можа б ты, стары гультай, пільнаваўся лепш крамы?”, а з кожнае брычкі можа выскачыць нехта з “паноў” і паведаміць, што крама згарэла або правалілася скрозь зямлю. Дык ён зноў думае, ці не плюнуць на аўкцыён ды не вярнуцца да сваіх кніг і канторкі, як раптам чуе рэзкі крык.

Гэта нейкі жыдок высунуўся з акна судовае залы і нешта пракрычаў грамадцы сваіх аднаверцаў, якія табуном рынуліся на гэты заклік да дзвярэй, штурхаючы рахманых мінакоў ды тупаючы нагамі, як спуджаная чарада авечак у цеснай аўчарні.

“Ага, ужо пачаўся аўкцыён!..” – кажа сабе пан Ігнацы ды следам за імі ідзе наверх.

У гэты момант ён адчувае, як нехта штурхае яго ззаду ў плячо, а калі паварочвае галаву, бачыць таго велічнага пана, што атрымаў ад Шлянгбаўма рубель задатку ў цукерні. Велічны пан, відавочна, надта спяшаецца, бо кулакамі працярэблівае сабе шлях у натоўпе старазаконных і крычыць:

– Убок, пархатыя, бо я іду на аўкцыён!..

Жыды, насуперак сваёй звычцы, саступаюць яму дарогу ды дзівяцца:

– Які ён грашавіты, відаць! – мармыча адзін з іх свайму суседу.

Пан Ігнацы і блізка не такі смелы, як велічны ягамосць, і замест таго, каб пхацца, як той, здаецца на ласку і няласку лёсу. Плынь старазаконных падхоплівае яго, перад вачыма – зашмальцаваны каўнер і брудны шалік на вельмі ж бруднай шыі, ззаду дыхціць цыбуляю, справа нечая сівая барада казыча яму шыю, а злева моцны локаць гэтак упёрся ў плячо, што яно нямее. Яго штурхаюць, пхаюць з усіх бакоў, ледзь не дзяруць на ім вопратку. Нехта падстаўляе нагу, нехта лезе ў кішэню, нехта дае кухталя ў спіну. Надыходзіць момант, калі пану Ігнацы здаецца, што затрашчаць у яго рэбры. Ён падымае галаву і бачыць: ён ужо ў дзвярах. Вось, вось… задушаць яго… Раптам ён адчувае, як робіцца значна вальней, з разгону натыкаецца на нечыя вабноты, нядбала прыкрытыя поламі сурдута, і, нарэшце, ён у зале.

Палёгка… Навокал крычаць і лаюцца зацікаўленыя аўкцыёнам, якіх ушчувае возны:

– Чаго панове гэтак штурхаюцца? Што гэта, панове?! Быдла вы, ці што?..

“Я і не ведаў, што гэтак цяжка трапіць на аўкцыён!..” – уздыхае пан Ігнацы.

Ён мінае дзве залы – зусім пустыя. Не відаць у іх ані крэсла на падлозе, ані цвіка на сцяне. За гэтымі заламі знаходзяцца апартаменты правасуддзя, але самі яны светлыя і вясёлыя. Праз адчыненыя вокны льецца сонечнае святло і гарачае ліпеньскае паветра, поўнае варшаўскага пылу. Пан Ігнацы чуе шчабятанне вераб’ёў і несупыннае туркатанне брычак, і ў яго з’яўляецца дзіўнае ўражанне дысгармоніі.

“Хіба магчыма, – кажа ён сабе, – каб суд выглядаў гэтакім пустым, як незаселенае памяшканне, і гэтакім вясёлым?..”

Яму здаецца, што краты на вокнах ды шэрыя ў вільготных разводах сцены, абвешаныя кайданамі, лепш адпавядалі б той зале, дзе выракаюць людзей на вечнае або часовае зняволенне.

Але вось і галоўная зала, куды бягуць усе старазаконныя, дзе якраз і сканцэнтраваны ўвесь інтарэс. Пакой такі вялікі, што ў ім можна было б танцаваць мазурку на сорак пар, каб не нізкі бар’ер, што дзеліць яго на дзве часткі: для публікі ды для чыноўнікаў.

У публічнай частцы стаіць некалькі плеценых канап, а ў аўкцыённай частцы на ўзвышэнні – вялікі стол паўкругам, пакрыты зялёным сукном. Пры стале пан Ігнацы бачыць трох важных чыноўнікаў з ланцугамі на шыі ды сенатарскай сур’ёзнасцю на твары – гэта каморнікі. На стале перад кожным ляжыць стос папер з апісаннямі выстаўленых на продаж будынкаў. А паміж сталом і бар’ерам, як і за самім бар’ерам, таўчэцца сціжма дзялкоў. Усе выцягваюць шыі ды сочаць за каморнікамі гэтак засяроджана, што ім маглі б пазайздросціць нават натхнёныя аскеты, якія ўзіраюцца ў свае ўявы.

У зале, нягледзячы на адчыненыя вокны, чуваць нейкі пах – нібы гіяцынтаў ці старое замазкі. Пан Ігнацы здагадваецца: гэта ад жыдоўскіх лапсердакаў.

Калі не лічыць туркатання брычак за вакном, у зале досыць ціха. Каморнікі маўчаць, засяроджаныя на сваіх дакументах, і зацікаўленыя аўкцыёнам таксама маўчаць, засяроджаныя на каморніках, а рэшта публікі, што стаіць групкамі, насамрэч шэпчацца, але паціху. Ім не трэба, каб іх чулі.

Дык тым гучней чуваць ліхаманкавы енк баранесы Кшэшоўскае, якая трымае свайго адваката за адвароты фрака:

– Малю пана, не адыходзь… Ну… атрымае пан усё, што захоча.

– Толькі, пані баранеса, без пагрозаў! – адказвае адвакат.

– Я ж не пагражаю, не! Але не пакідай мяне, пан!.. – з жарсцю дэкламуе баранеса.

– Я буду на аўкцыёне, але цяпер мне трэба ісці да майго забойцы…

– А! Ліхі злачынца выклікае ў пана больш спачування, чым пакінутая кабета, у якой маёмасць, гонар, спакой…

Задураны адвакат уцякае гэтак хутка, што яго выцертыя на каленях порткі, здаецца, не вытрымаюць. Баранеса спачатку кідаецца за ім, але трапляе ў абдымкі нейкага ягамосця, які носіць вельмі сінія акуляры ды мае фізіяномію касцельнага служкі.

– Што пані турбуе, дарагая пані? – саладжава пытаецца ягамосць у сініх акулярах. – Аніводзін адвакат не падыме пані кошт дома… На гэта ёсць я… Дасі, пані, адзін працэнт з кожнае тысячы рублёў вышэй за пачатковую суму і дваццаць рублікаў за клопаты…

Баранеса Кшэшоўская адскоквае ад яго, адкідваецца назад, як акцёрка ў трагічнай ролі, і кідае адно толькі слова:

– Шатан!..

Ягамосць у акулярах разумее, што памыліўся, і адступае са збянтэжаным выглядам. У гэты час заступае яму дарогу іншы ягамосць з фізіяноміяй скончанага круцяля, нешта шэпча і вельмі жвава пры гэтым жэстыкулюе. Пан Ігнацы ўпэўнены, што гэтыя два паны зараз паб’юцца, аднак яны разыходзяцца вельмі мірна, а ягамосць з круцельскаю фізіяноміяй набліжаецца да баранесы Кшэшоўскае і ціхенька кажа ёй:

– Калі пані баранеса згодзіцца нечым рызыкнуць, дык можам не дапусціць нават да сямідзесяці тысяч рублёў.

– Збаўца!.. – крычыць баранеса. – Перад табою кабета пакрыўджаная і пакінутая, у якой маёмасць, гонар, спакой…

– Што мне той гонар! – кажа ягамосць з круцельскаю фізіяноміяй. – Дасць пані дзесяць рублёў задатку?

Яны разам адыходзяць у самы дальні куток залы, і пан Ігнацы бачыць, як хаваюцца за групкаю старазаконных. У гэтай групцы стаіць стары Шлянгбаўм і малады жыдок без барады, гэтакі бяскроўны і выпетраны, што пан Ігнацы робіць выснову: нядаўна ажаніўся. Стары Шлянгбаўм нешта тлумачыць выпетранаму жыдку, які вылупляе вочы ўсё больш і больш. Што ж, аднак, ён мог бы яму тлумачыць? Пан Ігнацы не можа даўмецца. Ён адварочваецца і за некалькі крокаў ад сябе заўважае пана Ленцкага з ягоным адвакатам, які, відавочна, нудзіцца і хацеў бы сысці.

– Каб хоць сто пятнаццаць… ну, сто дзесяць тысяч!.. – кажа пан Ленцкі. – Прынамсі, пан адвакат мусіць ведаць нейкія спосабы.

– Хм!.. Хм!.. – мармыча адвакат і тужліва пазірае на дзверы. – Пан жадае занадта высокае цаны… Сто дваццаць тысяч за дом, за які даюць шэсцьдзясят.

– Але ж, пане, ён каштаваў мне сто тысяч…

– Так… Хм!.. Хм!.. Крыху пан пераплаціў…

– І я ж, – перабівае яго пан Ленцкі, – хачу ўсяго сто дзесяць… Здаецца мне, ужо калі-калі, але гэтым разам мусіў бы пан мне дапамагчы… Ёсць жа нейкія спосабы, якіх я не ведаю, бо я не праўнік.

– Хм!.. Хм!.. – мармыча адвакат.

На шчасце, адзін з калегаў (таксама ў фраку са срэбным значком) выклікае яго з залы, і адразу ж да пана Ленцкага падыходзіць ягамосць у сініх акулярах з фізіяноміяй касцельнага служкі ды кажа:

– Што пана турбуе, пане граф?.. Аніводзін адвакат не падыме пану кошт дома… На гэта ёсць я… Дасі, пане граф, дваццаць рублёў за клопаты і адзін працэнт ад кожнае тысячы па-над шэсцьдзясят тысяч…

Пан Ленцкі пазірае на касцельнага надта фанабэрыста, нават засоўвае абедзве рукі ў кішэні (што аж самому здаецца дзіўным) ды кажа:

– Дам адзін працэнт ад кожнае тысячы вышэй за сто дваццаць тысяч рублёў…

Касцельны ў сініх акулярах кланяецца, варушыць левым плячом і адказвае:

– Перапрашаю пана графа…

– Стой! – спыняе яго пан Ленцкі. – Вышэй за сто дзесяць…

– Перапрашаю.

– За сто.

– Перапрашаю.

– Каб на вас пярун! Дык колькі ты хочаш?..

– Адзін працэнт ад сумы вышэй за семдзясят і дваццаць рублікаў за клопаты… – кажа, кланяючыся да зямлі, касцельны.

– Дзесяць рублёў возьмеш? – пытаецца барвовы ад злосці пан Ленцкі.

– Я і рублікам не пагрэбую…

Пан Ленцкі выцягвае прыгожы пулярэс, з яго – цэлы пачак дзесяцірублёвак і адну з іх дае касцельнаму, які зноў кланяецца да зямлі.

– Пабачыць яснавяльможны пан… – шэпча касцельны.

Побач з панам Ігнацы стаяць двое жыдоў, адзін высокі, худы, барада ў яго гэткая чорная, што аж адлівае сінім, а другі – лысы, з гэткімі доўгімі фаварытамі, што яны аж кладуцца яму на адвароты сурдута. Джэнтльмен з фаварытамі заўважае дзесяцірублёўкі пана Ленцкага, усміхаецца і ціха кажа прыгожаму брунету:

– Бачыць пан тыя пянёндзы ў тэн шляхціц… Пан чуе, як яны шамацяць?.. Гэта ж яны цешацца, што мяне бачаць… Пан разумее, пане Цынандзер?..

– Ленцкі – кліент пана? – пытае прыгожы брунет.

– Чаму ён не можа быць маім кліентам?

– А што ён мае? – пытае брунет.

– Ён мае… ён мае… сястру ў Кракаве, якая, разумее пан, запысала яго дачцэ…

– А калі яна нічога не запісала?..

Джэнтльмен з фаварытамі на момант ніякавее.

– Толькі, пан, не кажы мне гэтакае лухты! Чаму сястры з Кракава не запысаць, калі яна хворая?

– Я нічога не ведаю, – адказвае прыгожы брунет. (Пан Ігнацы прызнае ў душы, што гэткага прыгожага мужчыны ён ніколі яшчэ не бачыў.)

– Але ў яго ёсць дачка, пане Цынандэр… – неспакойна кажа ўласнік буйных фаварытаў. – Пан ведае яго дачку, тую панну Ізабэлу, пане Цынандэр? Я б сам, не таргуючыся, даў сто рублёў…

– Я б даў сто пяцьдзясят, – адказвае брунет. – Але Ленцкі – гэта няпэўная справа.

– Няпэўная?.. А пан Вакульскі навошта?..

– Пан Вакульскі, ну… гэта пэўная справа, – адказвае брунет. – Але яна неразумная, і Ленцкі неразумны, і ўсе яны неразумныя. І яны загубяць таго Вакульскага, ён сам будзе не рады…

Пану Ігнацы пацямнела ў вачах.

“Езус, Марыя! – шэпча ён. – Ужо нават на аўкцыёнах гавораць пра Вакульскага і пра яе… І яшчэ прадказваюць, што яго загубяць… Езус, Марыя!”

Пры стале, дзе сядзяць каморнікі, пачынаецца нейкі рух, усе прысутныя тышчацца бліжэй. Стары Шлянгбаўм таксама ціснецца да стала, ківае выпетранаму жыдку ды паціху падміргвае велічнаму пану, з якім нядаўна размаўляў у цукерні.

У гэты момант прыбягае адвакат пані Кшэшоўскае і, не гледзячы на яе, займае месца перад сталом ды падганяе каморнікаў:

– Хутчэй, панове, хутчэй, бо, далібог, няма часу…

За адвакатам у залу ўваходзіць яшчэ некалькі чалавек: сямейная пара, здаецца, з мяснікоў, старая дама з малым унукам і два паны, адзін – бадзёры і сівы, а другі – кучаравы і падобны да сухотніка. У абодвух паноў лагодныя фізіяноміі ды зношаная вопратка, але жыды, заўважыўшы іх, пачынаюць шаптацца ды паказваць пальцам з выразам здзіўлення і пашаны.

Абодва яны стаяць гэтак блізка ад пана Ігнацы, што той міжвольна чуе парады, якія сівы ягамосць дае кучараваму:

– Рабі, кажу, Ксавэры, як я. А я, далібог, не спяшаюся. Ужо гады тры наважваюся купіць невялікі дамок, кажу я табе, тысяч гэтак за сто, за дзвесце. Хай будзе на старасць. Але я не спяшаюся. Шукаю ў газетах, якія хаты ідуць з аўкцыёна, прыглядаюся да іх паціху, падлічваю сабе, а потым іду сюды і слухаю, што людзі за іх даюць. А як набраўся ўжо досведу і гатовы быў летась нешта купіць, дык кошты нечакана падскочылі, халера на яго, цяпер мушу спачатку ўсё лічыць!.. Але як мы разам пачнём прыглядацца, дык, кажу я табе, справа пойдзе…

– Ціха!.. – закрычалі ад стала.

Зала сцішылася, і пан Ігнацы пачаў слухаць апісанне камяніцы, якая знаходзіцца там і там, мае тры афіцыны ды тры паверхі, падворак, сад і г. д. Падчас гэтае важнае чыннасці пан Ленцкі то бляднее, то робіцца барвовы, а пані Кшэшоўская раз-пораз падносіць крышталёвы флакон у залатой аправе да носа.

– Я ведаю гэты дом! – крычыць раптам ягамосць у сініх акулярах з фізіяноміяй касцельнага служкі. – Я ведаю гэты дом!.. З заплюшчанымі вачыма можна даваць сто дваццаць тысяч рублёў…

– Не дуры, пан, галавы! – азываецца пан з фізіяноміяй круцяля, які стаіць побач з баранесаю Кшэшоўскаю. – Які там дом?! Руіны… трупярня!..

Пан Ленцкі робіцца амаль фіялетавы. Ён паварочваецца да касцельнага і пытае ў яго шэптам:

– Што гэта за лотр?

– Той?.. – перапытвае касцельны. – Латруга, дый годзе! Хай пан граф не зважае на яго…

А сам крычыць на ўвесь голас:

– Слова гонару, за гэты дом смела можна даваць сто трыццаць тысяч рублёў…

– Што гэта за поскудзь? – пытае баранеса ягамосця з круцельскаю фізіяноміяй. – Хто гэта? Той, у сініх акулярах?

– Той?.. Вядомы латруга. Адседзеў сваё на Павяку…[158] Хай пані на яго не зважае… Не варты ён, каб і плюнуць на яго…

– Ціха там! – разлягаецца чыноўніцкі голас ад стала.

Касцельны падміргвае пану Ленцкаму, усміхаецца яму фамільярна ды пхаецца да стала, каб заняць месца сярод удзельнікаў аўкцыёну. Іх чацвёра: адвакат баранесы, велічны пан, стары Шлянагбаўм ды выпетраны жыдок, каля якога становіцца касцельны.

– Шэсцьдзясят тысяч і пяцьсот рублёў, – асцярожна кажа адвакат пані Кшэшоўскае.

– Далібог, больш не варта… – заўважае ягамосць з фізіяноміяй круцяля.

Баранеса трыумфальна пазірае на пана Ленцкага.

– Шэсцьдзясят пяць тысяч і сто рублёў, – падае голас малакроўны жыдок.

– Шэсцьдзясят шэсць… – набаўляе Шлянгбаўм.

– Семдзясят тысяч! – крычыць касцельны.

– Ах, ах, ах! – пачынае плакаць баранеса і падае на плеценую канапку.

Яе адвакат хутка адыходзіць ад стала і бяжыць бараніць забойцу.

– Семдзясят пяць тысяч!.. – крычыць велічны пан.

– Паміраю! – енчыць баранеса.

У зале робіцца рух. Стары ліцвін падхоплівае баранесу, але ў яго адбірае яе Марушэвіч, які невядома скуль з’явіўся на гэтай урачыстасці. Баранеса плача, абапіраецца на Марушэвіча ды выходзіць з залы. Пры гэтым яна кляне свайго адваката, суд, удзельнікаў аўкцыёну і каморнікаў. Пан Ленцкі балесна ўсміхаецца, а выпетраны жыдок тым часам кажа:

– Восемдзясят тысяч і сто рублёў…

– Восемдзясят пяць… – перабівае яго Шлянгбаўм.

Пан Ленцкі ўвесь ператвараецца ў слых і ў зрок. Ён не зводзіць вачэй з трох пакупнікоў, а вуха яго ловіць словы тоўстага пана:

– Восемдзясят восем тысяч…

– Восемдзясят восем і сто рублёў, – кажа худасочны жыдок.

– Няхай будзе дзевяноста, – заканчвае стары Шлянгбаўм і б’е рукою па стале.

– Дзевяноста тысяч, – пачынае каморнік, – першы раз…

Пан Ленцкі забывае пра этыкет, пхаецца наперад да касцельнага і шэпча яму:

– Таргуйся, пан!

– Чаго пан патыліцу чухае? – звяртаецца касцельны да выпетранага жыдка.

– А пан чаго тут бушуе? – азываецца да касцельнага адзін з каморнікаў. – Ты, хіба, купіш дом?.. Вымятайся адсюль, пан!

– Дзевяноста тысяч другі раз!.. – працягвае каморнік.

Твар пана Ленцкага робіцца шэры.

– Дзевяноста тысяч рублёў трэці раз! – абвяшчае каморнік і стукае малаточкам па зялёным сукне.

– Шлянгбаўм купіў! – чуваць у зале.

Пан Ленцкі няўцямна азіраецца навокал, і яго позірк спыняецца на адвакаце.

– А, пане мецэнаце, – дрыжачым голасам звяртаецца ён да таго, – гэта нягожа!..

– Што нягожа?..

– Нягожа… гэта значыць, несумленна!.. – паўтарае абураны пан Ленцкі.

– Што нягожа?.. – пачынае ўжо злавацца адвакат. – Пасля заплаты іпатэчнага доўгу атрымае пан трыццаць тысяч рублёў…

– Але мне гэты дом каштаваў сто тысяч, і мог бы пайсці, каб справа была лепей піль-на-ва-ная, за сто дваццаць тысяч…

– Так, – пацвярджае касцельны, – дом варты ста дваццаці тысяч.

– А! Чуе пан?! – кажа пан Ленцкі. – Каб справа была да-піль-на-ва-ная…

– Але ж, пане, прашу без абраз! Пан наслухаўся парадаў з усіх куткоў, розных лотраў з Павяка…

– О, прашу прабачэння… – адказвае абражаны касцельны. – Не кожны той лотр, хто сядзіць у Павяку… А што да парадаў…

– Так, дом варты быў ста дваццаці тысяч! – нечакана азываецца саюзнік у асобе ягамосця з круцельскаю фізіяноміяй.

Пан Ленцкі глядзіць на яго шклянымі вачыма, але нічога ўжо не разумее. Ён не развітваецца з адвакатам, проста ў зале насоўвае капялюш на галаву і выходзіць з мармытаннем:

– Страціў з-за жыдоў і адвакатаў не менш як трыццаць тысяч рублёў… Можна было атрымаць сто дваццаць тысяч…

Стары Шлянгбаўм таксама ўжо выходзіць, але яму заступае дарогу пан Цынандэр, той брунет, прыгажэй за якога ніколі не бачыў пан Ігнацы.

– Што гэта пан Шлянгбаўм робіць? – пытаецца прыгожы брунет. – Гэты дом можна было купіць за семдзясят адну тысячу. Ён на сённяшні дзень не варты больш…

– Аднаму не варты, а другому варты. Я заўсёды добра раблю, – задуменна адказвае Шлянгбаўм.

Нарэшце і Жэцкі выходзіць з залы, у якой пачынаецца іншы аўкцыён ды збіраецца іншая публіка. Пан Ігнацы павольна спускаецца сходамі ды разважае:

“Дык дом купіў Шлянгбаўм і якраз за дзевяноста тысяч, як і прадказваў Клейн. Ну, але ж Шлянгбаўм не Вакульскі… Стах не зрабіў бы гэткае бязглуздзіцы… Не! І з гэтаю паннаю Ізабэлаю – фарс, дый годзе. Плёткі…”

XIX. ПЕРШАЯ ПЕРАСЦЯРОГА

Была гадзіна дня, калі пан Ігнацы з пачуццём сораму і трывогі падышоў да крамы. Навошта ён змарнаваў гэтулькі часу?.. Якраз у пару найбольшага наплыву пакупнікоў! А раптам яшчэ і бяда якая здарылася! І што за радасць у спёку бадзяцца па вуліцах, глытаючы пыл і смурод разагрэтага асфальту?!

Сапраўды, дзень быў надзвычай спякотлівы і сонечны: ходнікі і каменныя сцены дыхалі гарачынёю, да бляшаных шыльдаў і жалезных слупоў нельга было дакрануцца, ад зыркага святла ў пана Ігнацы слязіліся вочы і чорныя мухі мігцелі перад вачыма.

“Каб я быў панам Богам, – думаў ён, – дык палову ліпеньскае спёкі пакінуў бы на снежань…”

Раптам ён зірнуў на вітрыну ўласнае крамы, якую якраз мінаў, і аслупянеў. Вітрына ўжо другі тыдзень была не абноўленая! Тая самая бронза, маёліка, вееры, тыя самыя нэсэсэры, пальчаткі, парасоны і цацкі!.. Ці бачыў хто падобнае нядбальства?!

“Але ж і нягоднік я! – прамармытаў ён. – Нядаўна напіўся, сёння бадзяюся… Да д’ябла пойдзе лаўка, як амэн у пацерах…”

Толькі ўвайшоў ён у краму, няпэўны, дзе адчувае большы цяжар – у нагах ці на сэрцы, як падхапіў яго Мрачэўскі. Быў ён ужо падстрыжаны па-варшаўску, расчасаны і наадэкалонены, як раней, і паводле ўласнага жадання абслугоўваў гасцей крамы, хоць сам быў госцем ды яшчэ з гэткіх далёкіх краёў. Мясцовыя панове надзівіцца на яго не маглі.

– Пабойся ж Бога, пане Ігнацы, – загаманіў ён. – Я тры гадзіны чакаю пана! Вы ўсе тут ад рук адбіліся…

Ён узяў яго пад руку і, не зважаючы на здзіўленыя позіркі пакупнікоў, зацягнуў пана Жэцкага ў кабінет, дзе стаяла каса.

Тут ён папхнуў на крэсла ссівелага на сваёй пасадзе крамніка, сам стаў перад ім з заламанымі рукамі, як роспачны Герман перад Віялетай[159], і пачаў:

– Вось што, пане… Я ведаў, што варта мне з’ехаць, дык усёй справе гамон, але не думаў, што так хутка… Тое, што пан не сядзіць у краме – няважна, нічога з ёю не зробіцца. Але выбрыкі старога – гэта проста скандал!..

Здавалася, што ад здзіўлення ў пана Ігнацы бровы залезуць на макаўку галавы.

– Перапрашаю!.. – узняўся быў ён з крэсла.

Але Мрачэўскі прытрымаў яго на месцы.

– Перапра…

– Няхай пан хвілінку памаўчыць! – спыніў яго наадэкалонены дзяцюк. – Пан хоць ведае, што тут робіцца?.. Сузін сёння ўночы едзе ў Берлін паглядзець на Бісмарка, а потым – у Парыж на выставу. Абавязкова, чуе пан? Абавязкова ўгаворвае Вакульскага ехаць з ім. А той дур…

– Пане Мрачэўскі!.. Як пан насмеліўся…

– Я ад нараджэння ўжо смелы, а Вакульскі – вар’ят!.. Сёння я даведаўся, нарэшце, праўду… Пану вядома, колькі стары мог бы зарабіць на гэтай справе ў Парыжы з Сузіным? Не дзесяць, а пяцьдзясят тысяч рублёў, пане Жэцкі!.. І той асёл не толькі не хоча сёння ехаць, але яшчэ кажа, што не ведае, калі паедзе. Ён не ведае, а Сузін можа чакаць з тою справаю ўсяго некалькі дзён.

– Што ж Сузін?.. – ціха спытаў заклапочаны ўжо пан Ігнацы.

– Сузін?.. Злуецца. А горш за тое, крыўдзіцца. Кажа, што Станіслаў Пятровіч ужо не той, што раней, не лічыцца з ім… Словам, скандал! Пяцьдзясят тысяч рублёў прыбытку і дармовае падарожжа. Ну, няхай пан сам скажа, хіба на такіх умовах нават святы Станіслаў Костка не паехаў бы ў Парыж?..

– Пэўна! – прамармытаў пан Ігнацы. – Дзе ж Стах… гэта значыць Вакульскі? – дадаў ён, падымаючыся з фатэля.

– Ён зараз сядзіць у пакоях пана і складае рахункі для Сузіна. Пабачыш, пан, чаго вам будуць каштаваць гэтыя фіглі.

Дзверы кабінету прыадчыніліся, і на парозе з’явіўся Клейн з лістом у руцэ.

– Лёкай Ленцкіх прынёс старому, – сказаў ён. – Можа, пан яму аддасць, бо нешта сёння ён злы, як д’ябал…

Пан Ігнацы ўзяў у рукі блакітны канверт, аздоблены незабудкамі, але завагаўся: ісці ці не. Тым часам Мрачэўскі зазірнуў яму праз плячо і ўбачыў адрас.

– Ліст ад Бэльці! – выгукнуў ён. – Анягож!

Ён зарагатаў і выскачыў з кабінету.

“Д’ябал! – прамармытаў пан Ігнацы. – Няўжо ўсе плёткі – праўда?.. Дык ён з-за яе выдаткоўвае на камяніцу дзевяноста тысяч і адмаўляецца ад пяцідзесяці, абяцаных Сузіным?.. Разам – сто сорак тысяч рублёў!.. А каляска, а скачкі, а дабрачыннасць?.. А! Яшчэ ж той Росі, на якога панна Ленцкая пазірае гэтак горача, як жыд на дзесяць прыказанняў!.. Уга! Схаваю я лепш у кішэню ўсе гэтыя цырымоніі…”

Ён зашпіліў сурдут на ўсе гузікі пад самую шыю, выпрастаўся і пайшоў з лістом да сябе дадому. Тут ён заўважыў раптам, што крыху рыпяць яго чаравікі, і адчуў нейкую палёгку.

У пакоі пана Ігнацы за сталом над паперамі сядзеў Вакульскі без сурдута і камізэлькі ды нешта пісаў.

– А! – выгукнуў ён, калі ўбачыў Жэцкага. – Ты не гневаешся, што я распараджаюся тут, як дома?

– Гаспадар цырымоніцца! – іранічна азваўся пан Ігнацы. – Вось ліст ад… тых… Ленцкіх.

Вакульскі зірнуў на адрас, спехам разарваў канверт і чытаў… чытаў… Раз, другі, трэці перачытваў ён ліст. Жэцкі корпаўся ў шуфлядах. А калі заўважыў, што гаспадар ужо скончыў чытанне і задумліва абапёр галаву на рукі, ён суха спытаў:

– Едзеш сёння ў Парыж з Сузіным?

– І не думаю.

– Я чуў, што гэта нейкая важная справа… Пяцьдзясят тысяч рублёў…

Вакульскі маўчаў.

– Дык паедзеш заўтра або паслязаўтра, бо, падобна, Сузін мае намер пачакаць цябе пару дзён?

– Я не ведаю яшчэ, калі паеду.

– Гэта кепска, Стаху. Пяцьдзясят тысяч рублёў – вялікія грошы, шкода іх страціць… Калі даведаюцца, што ты не скарыстаўся гэткім выпадкам…

– Скажуць, што я звар’яцеў, – скончыў Вакульскі.

Ён зноў памаўчаў і нечакана азваўся:

– А каб у мяне быў больш важны абавязак, чым зарабіць пяцьдзясят тысяч?..

– Палітычны? – ціха спытаў Жэцкі з трывогаю ў вачах, але з усмешкаю на вуснах.

Вакульскі падаў яму ліст.

– Прачытай, – сказаў ён, – і пераканайся, што ёсць рэчы, лепшыя за палітыку.

Пан Ігнацы крыху завагаўся, але ўзяў ліст у рукі і толькі пасля паўторнага загаду Вакульскага пачаў чытаць:

“Вянок цудоўны, і я наперад ад імя Росі дзякую пану за гэты падарунак. Асабліва ўдала атрымалася гэта непрыкметнае размяшчэнне смарагдаў сярод залатых лісткоў. Пан мусіць абавязкова прыехаць да нас заўтра на абед, каб мы параіліся пра развітанне з Росі, а таксама пра наша падарожжа ў Парыж. Учора тата паведаміў, што мы едзем і не пазней, як праз тыдзень. Вядома, мы паедзем разам, бо без мілага таварыства пана падарожжа страціла б для мяне палову сваёй вартасці. Дык да пабачэння. Ізабэла Ленцкая”.

– Я не разумею, – прамовіў пан Ігнацы і абыякава кінуў ліст на стол. – Дзеля таго, каб падарожнічаць з паннаю Ленцкаю ды каб радзіцца пра прэзенты яе… яе аматарам, не кідаюць у гразь па пяцьдзясят тысяч… калі не болей…

Вакульскі прыўзняўся з канапы і, абапіраючыся рукамі на стол, запытаўся:

– А каб я хацеў кінуць дзеля яе ўвесь маёнтак у гразь, дык што?

Жылы набрынялі ў яго на лбу, грудзі хадзілі ходырам, аж уздымалася кашуля. У вачах запалаў той самы агонь, які ўжо бачыў Жэцкі падчас двубою з баронам.

– Дык што?.. – паўтарыў Вакульскі.

– Дык нічога, – спакойна адказаў Жэцкі. – Давялося б толькі прызнаць, што я памыліўся, не ведаю ўжо каторы раз у жыцці…

– У чым?

– Цяпер – у табе. Я думаў, што чалавек, які гатовы на смерць і... на абгаворы, каб набыць капітал, ідзе на гэта дзеля нейкіх агульных мэтаў…

– Адчапіцеся ж вы ад мяне з гэтым вашым агулам!.. – закрычаў Вакульскі і грукнуў кулаком па стале. – Што я рабіў дзеля яго, я ведаю, але… што ён зрабіў дзеля мяне? Ці скончыцца калі-небудзь патрабаванне ахвяр, якія не даюць мне ніякіх правоў?.. Я, нарэшце, хачу хоць раз зрабіць нешта дзеля сябе… У мяне ўжо мазалі ў вушах ад тых фраз, якім ніхто не верыць… Уласнае шчасце – гэта сёння мой абавязак… іначай… у лоб сабе стрэліць, як няма нічога наперадзе, апроч нейкіх фантастычных павіннасцяў. Тысячы лайдачаць, а адзін у адносінах да іх мае абавязкі! Ці чуў хто гэткую несусвеціцу?

– А авацыі Росі – гэта не павіннасць? – запытаўся пан Ігнацы.

– Я раблю гэта не дзеля Росі…

– Толькі, каб дагадзіць кабеце… Ведаю… З усіх ашчадных – гэта каса самая рызыкоўная, – адказаў Жэцкі.

– Будзь асцярожны!.. – прашыпеў Вакульскі.

– Скажы, лепш, быў… Табе здаецца, што ты першы вынайшаў каханне. Ведаю яго і я. Гэх! Некалькі гадоў я быў закаханы, як паўдурак, а тым часам мая Элаіза[160] круціла раманы з іншымі. Божа мілы!.. Колькі мне каштавала кожнае іх пераміргванне, якое я заўважаў… Дайшло да таго, што яны ў мяне на вачах ужо абдымаліся. Павер мне, Стаху, я не такі прасцяк, як усе думаюць. Шмат чаго я бачыў у жыцці і прыйшоў да высновы, што зашмат сэрца мы ўкладаем у гульню пад назваю каханне!

– Ты так кажаш, бо яе не ведаеш, – пахмурна заўважыў Вакульскі.

– Кожная з іх выключная, пакуль нам карак не скруціць. Я і праўда не ведаю тую, але ведаю іншых. Каб заваёўваць кабет, трэба быць досыць нахабным і досыць бессаромным, – дзве якасці, якіх ты не маеш. І таму я перасцерагаю цябе: не рызыкуй занадта, бо цябе абскачуць, калі яшчэ не абскакалі. Ніколі я табе гэтага не казаў, праўда? Нават не падобна было, што я здольны на гэткую філасофію… Але я адчуваю, што пагражае табе небяспека, дык паўтараю: сцеражыся! І ў паганую забаву не ангажуй сэрца, каб не аплявалі яго табе дзеля першага-лепшага прахвоста. Бо тады, кажу я табе, дазнае чалавек гэткіх прыкрых уражанняў, што… лепш бы яму не дажыць да гэтага!..

Вакульскі, седзячы на канапе, сціскаў кулакі, але маўчаў. У гэты момант пастукаліся ў дзверы і паказаўся Лісецкі.

– Пан Ленцкі жадае бачыць пана. Можна яму сюды ўвайсці? – запытаўся крамнік.

– Няхай пан просіць… – адказаў Вакульскі, спехам нацягваючы камізэльку і сурдут.

Жэцкі ўстаў з крэсла, са смуткам пахітаў галавою і выйшаў са свайго жытла.

“Я ведаў, што кепска, – прамармытаў ён ужо ў сенцах, – але не ведаў, што аж так…”

Ледзь Вакульскі паспеў апрануцца, як увайшоў пан Ленцкі, а за ім – пасыльны крамы. Пан Тамаш меў наплыўшыя крывёю вочы і сінія плямы на твары. Ён упаў на фатэль, адкінуў галаву і цяжка дыхаў. Пасыльны стаяў у парозе з заклапочанаю мінай і, перабіраючы пальцамі металічныя гузікі сваёй ліўрэі, чакаў загадаў.

– Прабач, пане Станіславе, але… прашу вады з лімонам… – ледзь чутна прамовіў пан Тамаш.

– Содавай, вады, лімон, цукар… Бягом! – загадаў Вакульскі пасыльнаму.

Пасыльны гэтак крутануўся, што аж шаргануў сваімі вялікімі гузікамі аб вушак.

– Нічога, – казаў пан Тамаш з усмешкаю. – Кароткая шыя, спёка, хваляванне… Крыху адпачну…

Устрывожаны Вакульскі зняў з яго гальштук і расшпіліў кашулю. Потым ён намачыў ручнік адэкалонам, які знайшоўся на стале Жэцкага, і з клапатлівасцю сына абцёр хвораму твар, карак ды галаву.

Пан Тамаш паціснуў яму руку.

– Ужо мне лепш… Бог заплаціць… – а потым ён ціха дадаў: – Падабаешся ты мне ў гэтай ролі сястры міласэрнасці. Бэла не здолела б зрабіць гэта больш далікатна… Ну, яна створаная на тое, каб ёй служылі…

Пасыльны прынёс сіфон і лімон. Вакульскі зрабіў ліманад і напаіў пана Тамаша, у якога паступова пачалі знікаць сінія плямы з твару.

– Ідзі да мяне дадому, – сказаў Вакульскі пасыльнаму, – і загадай запрагаць коней. Няхай пад’едуць да крамы.

– Каханы… каханы ты… – казаў пан Тамаш, моцна сціскаючы яго руку і з удзячнасцю пазіраючы на яго пачырванелымі вачыма. – Я нязвыклы да гэткае клапатлівасці, бо Бэльця на такіх рэчах не знаецца.

Няўмельства панны Ізабэлы апекавацца хворымі зрабіла непрыемнае ўражанне на Вакульскага. Але не больш, чым на момант.

Паволі пан Тамаш акрыяў. Густы пот выступіў у яго на лбе, голас набраў моцы, і толькі сетка чырвоных жылак у вачах сведчыла яшчэ пра мінулы ўдар. Ён нават прайшоўся па пакоі, расправіў плечы і пачаў:

– А… ты і ўявіць не можаш, пане Станіславе, як я сёння раззлаваўся. Ці паверыш? Дом мой прадалі за дзевяноста тысяч!..

Вакульскі здрыгануўся.

– Я быў упэўнены, – працягваў Ленцкі, – што вазьму хоць тысяч сто дзесяць… У судовай зале казалі, я сам чуў, што камяніца вартая ста дваццаці тысяч… Але што ж, калі заманулася купіць яе жыду, паганаму ліхвяру, таму Шлянгбаўму… Паразумеўся з канкурэнтамі ды, хто ведае, ці не з адвакатам маім таксама, і – страціў я дваццаць або трыццаць тысяч…

Цяпер Вакульскі выглядаў на апаплексічнага, але маўчаў.

– А я гэтак ужо палічыў, – правіў сваё Ленцкі, – што з пяцідзесяці тысяч ты мне дасі тысяч дзесяць гадавых. На ўтрыманне дома трэба мне тысяч шэсць ці восем, дык рэшты хапіла б нам з Бэльцяю штогод выязджаць за мяжу. Я нават абяцаў дзіцяці, што праз тыдзень мы паедзем у Парыж… Акурат! Шасці тысяч рублёў ледзьве хопіць на жабрацкае існаванне, а пра падарожжы і думаць забудзь. Нягодны жыд… Нягоднае грамадства, якое гэтак угінаецца перад ліхвярамі, што баіцца змагацца з імі нават на аўкцыёне… А што мне баліць найболей, скажу я табе, дык тая акалічнасць, што за тым клятым Шлянгбаўмам, можа, хаваецца нейкі хрысціянін, нават арыстакрат…

Яго голас зноў пачаў перарывацца і зноў на твары выступі барвовыя плямы. Ён упаў на крэсла і папіў вады.

– Нягоднікі!.. Нягоднікі!.. – шаптаў ён.

– Няхай пан супакоіцца, – сказаў Вакульскі. – Колькі мне пан дасць гатоўкі?

– Я прасіў адваката нашага князя (бо мой адвакат – лайдак), каб ён забраў належную мне суму і аддаў табе, пане Станіславе… Усе трыццаць тысяч. А як ты абяцаеш мне дваццаць працэнтаў, дык я маю шэсць тысяч рублёў штогод на ўсе выдаткі. Нэндза, галеча!..

– Грошы пана я магу ўкласці ў лепшую справу, – адказаў Вакульскі. – Будзе пан мець дзесяць тысяч штогод…

– Як ты кажаш?..

– Так, трапілася мне выключная аказія.

Пан Тамаш ускочыў з фатэля.

– Збаўца… дабрадзей!.. – казаў ён узрушана. – Ты самы высакародны з людзей… Але, – адступіў ён на крок і расклаў рукі, – ты сам на гэтым не траціш?..

– Я? Я ж купец.

– Купец!.. Скажы гэта каму іншаму!.. – закрычаў пан Тамаш. – Дзякуючы табе, я пераканаўся, што слова купец сёння сінонім велікадушнасці, далікатнасці, гераізму… Высакародны!..

І ён кінуўся на шыю Вакульскаму, ледзь не плачучы.

Вакульскі трэці раз пасадзіў яго ў фатэль, і ў гэты момант пастукаліся ў дзверы.

– Прашу.

Убег Генрык Шлянгбаўм, сам белы, вочы ў яго гарэлі. Ён стаў перад панам Тамашам і, кланяючыся яму, сказаў:

– Пане, я – Шлянгбаўм, сын якраз таго “нягоднага” Шлянгбаўма, ліхвяра, на якога пан гэтак лаяўся ў краме пры маіх калегах і пакупніках…

– Пане… не ведаў… гатовы задаволіць… а, найперш, перапрашаю… Гэта ад засмучэння, – казаў сам не свой пан Тамаш.

Шлянгбаўм супакоіўся.

– Калі ласка, пане, – адказаў ён, – замест таго, каб даваць мне сатысфакцыю, няхай пан паслухае, што я скажу. Навошта мой бацька купіў дом пана? Гэта сёння не важна. Але што ён пана не ашукаў, я магу даказаць. Бацька зараз жа верне гэты дом пану за дзевяноста тысяч… Я нават больш скажу, – узвысіў ён голас, – пакупнік аддасць яго пану за семдзясят…

– Генрык!.. – прамовіў Вакульскі.

– Я ўсё сказаў, развітваюся з панам, – сказаў Шлянгбаўм.

Ён нізка пакланіўся пану Тамашу і выйшаў з пакоя.

– Што за прыкры фарс! – азваўся праз момант пан Тамаш. – Сапраўды, я сказаў у краме некалькі горкіх слоў пра старога Шлянгбаўма, але, прысягаю, я не ведаў, што ягоны сын тут… Ён верне мне дом за семдзясят тысяч, а сам аддаў за яго дзевяноста… Бач ты!.. Што скажаш, пане Станіславе?

– Можа, дом і праўда варты толькі дзевяноста? – нясмела адказаў Вакульскі.

Пан Тамаш пачаў зашпільваць гузікі і папраўляць гальштук.

– Дзякуй табе, пане Станіславе, – казаў ён, – і за дапамогу, і за тое, што займаешся маімі справамі… Што за фарс з гэтым Шлянгбаўмам!.. Але… але… Бэльця просіць цябе заўтра на абед… Грошы забярэш у адваката нашага князя, а што да працэнтаў, якія будзеш мець ласку…

– Выплачу іх наперад за паўгода.

– Я табе вельмі ўдзячны, – працягваў пан Тамаш, цалуючы яго ў абедзве шчакі. – Ну, да пабачэння, да заўтра… І не забудзься пра абед.

Вакульскі правёў яго праз падворак да брамы, дзе ўжо чакала каляска.

– Страшная спёка, – казаў, з цяжкасцю ўсаджваючыся, пан Тамаш Вакульскаму, які яму дапамагаў. – Што за фарс з тымі жыдамі?.. Заплаціў дзевяноста тысяч, а гатовы аддаць за семдзясят… Смеху варта… слова гонару!

Коні рушылі ў бок алеі Уяздоўскае.

Па дарозе дадому пан Тамаш быў нібы ачмурэлы. Ён не адчуваў спёкі, а толькі агульную слабасць ды шум у вушах. Былі моманты, калі яму здавалася, што кожным вокам ён бачыць іначай, або абодвума – бачыць горш. Ён скурчыўся ў кутку каляскі, ківаючыся ад кожнага штуршка, як п’яны.

Думкі і ўражанні блыталіся ў яго дзіўным чынам. То яму здавалася, што ён аблытаны сеткаю інтрыг, з якой вызваліць яго можа толькі Вакульскі. Або што ён цяжка хворы, і толькі Вакульскі здольны яго даглядаць. Або што ён памрэ і пакіне збяднелую дачку, ад якое ўсе адвярнуліся, і паклапаціцца пра яе мог бы толькі Вакульскі. Нарэшце, ён падумаў, як добра мець уласную каляску, гэткую ж зручную і лёгкую, як тая, на якой ён едзе, і каб ён папрасіў, дык Вакульскі падараваў бы яе яму.

“Страшная спёка!” – прамармытаў пан Тамаш.

Коні спыніліся перад домам, пан Тамаш выйшаў, фурману нават не кіўнуў і адразу пайшоў наверх. Ён ледзь валок цяжкія ногі, а калі трапіў у свой кабінет, упаў у фатэль, не здымаючы капелюша і гэтак застаўся сядзець, чым моцна здзівіў слугу, які палічыў за лепшае паклікаць паненку.

– Відаць, весткі добрыя, – звярнуўся ён да панны Ізабэлы, – бо ясны пан нешта… нібы крыху таго…

Панна Ізабэла, якая з удаванай абыякавасцю, але з моцным непакоем чакала бацьку ды вынікаў аўкцыёну, пайшла ў кабінет настолькі хутка, наколькі гэта дазвалялі правілы добрага тону. Бо яна ніколі не забывалася, што панне з яе прозвішчам нельга паказваць жывыя пачуцці нават пры пагрозе банкруцтва. Але яе панаванне над сабою не падманула Мікалая, які па чырвоных плямах на твары здагадаўся, якая яна ўзрушаная, і ён яшчэ раз ціха паўтарыў:

– О! Добра ўсё, мусіць, бо ясны пан… таго…

Панна Ізабэла наморшчыла прыгожы лоб і бразнула дзвярыма кабінета. Яе бацька ўсё яшчэ сядзеў з капелюшом на галаве.

– Што, тата? – з лёгкім незадавальненнем запыталася яна, зазіраючы яму ў пачырванелыя вочы.

– Бяда… галеча!.. – адказаў пан Тамаш і марудным рухам зняў капялюш. – Страціў трыццаць тысяч рублёў…

Панна Ізабэла збялела і апусцілася на скураны шэзлонг.

– Нягоднік жыд, ліхвяр, настрашыў канкурэнтаў, перакупіў адваката і…

– Дык мы ўжо нічога не маем?.. – прашаптала яна.

– Чаму нічога?.. У нас трыццаць тысяч рублёў, а з іх дзесяць тысяч рублёў працэнтаў… Высакародны той Вакульскі!.. Каб ты ведала, як ён сёння мною апекаваўся…

– Навошта яму было апекавацца?

– У мяне быў невялікі ўдар ад гарачыні ды хвалявання.

– Які ўдар?..

– Кроў ударыла мне ў галаву… Але ўжо прайшло… Нягоднік жыд… ну, але Вакульскі, кажу табе, гэта нешта звышчалавечае…

Ён заплакаў.

– Тата, што з табою?.. Я пайду па лекара… – выгукнула панна Ізабэла і ўкленчыла перад фатэлем.

– Нічога, нічога… супакойся… Я падумаў толькі, каб я памёр, дык Вакульскі – гэта адзіны чалавек, якому мог бы даверыць…

– Не разумею…

– Ты хацела сказаць, што не пазнаеш мяне, праўда? Дзівіць цябе, што я твой лёс мог бы даверыць купцу? Але бачыш… калі ў няшчасці адны згаварыліся супраць нас, а іншыя пакінулі нас, ён паспяшаўся на дапамогу, можа, нават жыццё мне ўратаваў… Мы, гіпертонікі, часам надта блізка аціраемся а смерць… Дык пакуль ён са мною няньчыўся, я падумаў, хто б сумленна мог паклапаціцца пра цябе? Бо ні Яанна, ні Гартэнзія, ніхто… Толькі багатыя сіроты знаходзяць апекуноў…

Панна Ізабэла заўважыла, што да бацькі паволі вяртаюцца сілы, і ён ужо лепш валодае сабою. Яна паднялася з каленяў ды прысела на шэзлонг.

– Дык, тата, якую ж ролю прызначаеш ты гэтаму пану? – спытала яна халодна.

– Ролю?.. – ён уважліва паглядзеў на яе. – Ролю… дарадцы… сябра дому… апекуна… Апекуна таго маёнтачка, які табе застаўся…

– О, з гэтага пункту гледжання я даўно ўжо яго ацаніла. Гэта чалавек энергічны і адданы нам… Зрэшты, гэта няважна… – дадала яна праз момант. – А як, тата, скончылася справа з камяніцаю?

– Я ж табе кажу, латруга жыд даў дзевяноста тысяч, дык нам засталося трыццаць. А як пачцівы Вакульскі будзе плаціць мне з гэтае сумы дзесяць тысяч… Трыццаць тры працэнты, уяві сабе.

– Як гэта трыццаць тры? – перапыніла яго панна Ізабэла. – Дзесяць тысяч – гэта дзесяць працэнтаў…

– Што ты! Дзесяць ад трыццаці – гэта значыць трыццаць тры працэнты. Працэнт жа азначае: pro cent – “за сто”, разумееш?

– Не разумею, – адказала панна Ізабэла і страсянула галавою. – Я разумею, што дзесяць – значыць дзесяць, зрэшты, калі на купецкай мове дзесяць называецца трыццаць тры, дык няхай так і будзе.

– Бачыш, ты не разумееш. Зараз я табе растлумачу, але я гэтак стаміўся, што трэба мне крыху падрамаць…

– Можа, паслаць па лекара? – спытала панна Ізабэла, падымаючыся.

– Барані Божа!.. – гучна прамовіў пан Тамаш, махаючы рукамі. – Каб я бегаў па лекарах, дык, пэўна, даўно б ужо памёр…

Панна Ізабэла больш не настойвала, яна пацалавала бацьку ў руку і ў лоб ды задуменна пайшла да сябе ў будуар.

Непакой, які мучыў яе ўжо некалькі дзён – як скончыцца аўкцыён? – развеяўся без следу. Яны маюць яшчэ дзесяць тысяч рублёў гадавых і трыццаць тысяч рублёў гатоўкі?.. Дык можна ехаць на Парыжскую выставу, потым, можа, у Швейцарыю, а на зіму – зноў у Парыж. Не! На зіму яны вернуцца ў Варшаву, каб ладзіць прыёмы ў сябе, як раней. А калі знойдзецца нейкі заможны чалавек, не стары і не брыдкі (не такі, як барон ці маршалак, брр!..), нарэшце, не нуварыш і не дурань… (ну, неразумным хай сабе будзе, у іх таварыстве разумны толькі Ахоцкі, ды і той дзівак!)… калі знойдзецца гэткі кандыдат у мужы, панна Ізабэла наважыцца нарэшце…

“Дзіўны тата з тым Вакульскім!” – падумала панна Ізабэла, праходжваючыся па сваім кабінеце.

“Вакульскага мне ў апекуны!.. Вакульскі можа быць вельмі добрым дарадцам, упаўнаважаным, зрэшты, апекуном маёнтка… Але тытул апекуна можа насіць толькі князь, хоць бы наш кузін і даўні сябра сям’і!..”

Яна хадзіла па пакоі з кутка ў куток са скрыжаванымі на грудзях рукамі, і раптам ёй стукнула ў галаву: чаго гэта бацька сёння так расчуліўся гэтым Вакульскім?.. З дапамогаю якой чарадзейнае сілы гэты чалавек, што стаў ужо сваім ва ўсім яе атачэнні, адолеў апошні бар’ер – бацьку?.. Яе бацька, пан Тамаш Ленцкі, плакаў… Ён, з вачэй якога пасля смерці маці не ўпала аніводнае слязінкі…

“Мушу, аднак, прызнаць, што ён вельмі добры чалавек, – падумала яна. – Росі не быў бы гэтак задаволены Варшаваю, каб не старанні Вакульскага. Ну, але ж маім апекуном, нават у самым кепскім выпадку, ён не будзе… Што да маёнтка, дык менавіта – няхай ім кіруе, але апекуном!.. Бацька, відаць, зусім саслабеў, калі дадумаўся да падобнае камбінацыі…”

А шостай вечара панна Ізабэла, якая была ў салоне, пачула званок, а потым – сярдзіты голас Мікалая з вітальні:

– Я ж казаў заўтра прыходзіць, бо сёння пан хворы.

– А што мне рабіць, калі пан, як мае грошы, дык хворы, а як стане здаровы, дык не мае грошай?.. – адказаў іншы голас з лёгкаю картавасцю.

У гэты момант у вітальні зашамацела жаночая сукенка, і пачуўся голас панны Фларэнтыны, якая казала:

– Ціха!.. Дзеля Бога, ціха!.. Няхай пан Шпігельман прыйдзе заўтра… Пану Шпігельману вядома ж, што грошы ёсць…

– Якраз таму я сёння і прыходжу ўжо трэці раз. А заўтра прыйдуць іншыя, і мне зноў чакай…

Кроў ударыла ў галаву панне Ізабэле, якая, сама добра не разумеючы, што робіць, нечакана выйшла ў вітальню.

– Што тут такое? – запыталася яна ў панны Фларэнтыны.

Мікалай паціснуў плячыма і на дыбачках пайшоў у кухню.

– Гэта я тут, панна графіня… Давід Шпігельман, – адказаў дробны чалавечак з чорнаю барадою і ў чорных акулярах. – Я да пана графа прыйшоў па невялікай справе…

– Каханая Бэла… – пачала было панна Фларэнтына, выказваючы намер вывесці кузінку.

Але панна Ізабэла адвяла яе рукі і, калі ўбачыла, што кабінет бацькі вольны, загадала ўвайсці туды Шпігельману.

– Пачакай, Бэла, што ты робіш?.. – стрымлівала яе панна Фларэнтына.

– Я хачу даведацца, нарэшце, праўду, – прамовіла панна Ізабэла.

Яна зачыніла дзверы, села ў фатэль і, пазіраючы ў акуляры Шпігельмана, запыталася:

– Якая справа ў пана да майго бацькі?

– Перапрашаю, панна графіня, – адказаў жыд з паклонам, – гэта невялічкая справа. Я толькі хачу атрымаць свае грошы.

– Колькі?

– Назбіраецца, можа, з восемсот рублёў…

– Атрымае пан заўтра.

– Перапрашаю, панна графіня, але я ўжо паўгода кожны тыдзень атрымліваю толькі гэтае “заўтра”, а не бачу ані працэнтаў, ані капіталу.

Панна Ізабэла адчула, што няма чым дыхаць, сэрца ў яе затахкала. Але яна авалодала сябою.

– Пан жа ведае, што мой бацька атрымаў трыццаць тысяч рублёў… Апроч таго (казала яна, сама не ведаючы навошта), мы будзем мець дзесяць тысяч штогод… Грошы пана не прападуць. Пан гэта разумее, спадзяюся?

– Адкуль дзесяць? – спытаў жыд і смела падняў галаву.

– Як гэта, адкуль? – адказала яна абурана. – Працэнты з нашага капіталу…

– З трыццаці тысяч?.. – перапытаў жыд і ўсміхнуўся, мяркуючы, што яго дураць.

– Так.

– Перапрашаю, панна графіня, – іранічна адказаў Шпігельман, – я даўно займаюся грашыма, але такога працэнту ніколі не сустракаў. З трыццаці тысяч пан граф можа мець тры тысячы пры вельмі няпэўнай іпатэцы. Але што мне… Мая справа вярнуць свае грошы. Бо як заўтра прыйдуць іншыя, дык яны зноў будуць лепшыя за Давіда Шпігельмана, а калі пан граф рэшту аддасць на працэнты, дык мне давядзецца чакаць год…

Панна Ізабэла ўскочыла з фатэля.

– Я пана запэўніваю, што заўтра атрымаеш грошы! – выгукнула яна ганарліва.

– Слова? – спытаў жыд, з прыемнасцю разглядаючы яе.

– Слова даю, што заўтра вы ўсе атрымаеце належнае… Усе. І да апошняга гроша!

Жыд пакланіўся да зямлі і, адступаючы назад, выйшаў з кабінета.

– Пагляджу, як панна графіня стрымае слова… – прамовіў ён на парозе.

Стары Мікалай зноў быў у вітальні і з такою грацыяй адчыніў дзверы перад Шпігельманам, што той ужо з лесвіцы закрычаў:

– Чаго пан гэтак расхадзіўся, пане камердынер?

Збялелая ад гневу панна Ізабэла пабегла ў спальню бацькі. Дарогу ёй заступіла панна Фларэнтына.

– Супакойся, Бэла, – прасіла яна, складаючы рукі, – бацька гэтакі хворы…

– Я запэўніла гэтага чалавека, што ўсе даўгі будуць заплачаны, і яны мусяць быць заплачаны… Нават каб нам давялося адмовіцца ад паездкі ў Парыж…

Пан Тамаш у пантофлях і без сурдута павольна праходжваўся па спальні, калі ўвайшла дачка. Яна заўважыла, што бацька выглядае вельмі мізэрна, што ў яго апушчаныя плечы, абвіслыя сівыя вусы і апухлыя павекі, што ён згорбіўся, як старац. Але гэтае назіранне ўтрымала яе толькі ад рэзкасці, а не ад намеру ўсё высветліць.

– Перапрашаю цябе, Бэла, што бачыш мяне ў гэтакім негліжэ… Што здарылася?..

– Нічога, тата, – адказала яна стрымана. – Быў тут нейкі жыд…

– Ах, пэўна, той Шпігельман… Дакучлівыя яны, халера, як камары ў лесе!.. – выгукнуў пан Тамаш, хапаючыся за галаву. – Няхай заўтра прыходзіць.

– Менавіта, ён прыйдзе ды… іншыя…

– Добра… вельмі добра… Я даўно ўжо збіраўся разлічыцца з імі… Ну, дзякуй Богу, крыху адпусціла спёка…

Панну Ізабэлу непакоіла абыякавасць бацькі і ягоны кепскі выгляд. Ёй здавалася, што з раніцы ён састарэў на некалькі гадоў. Яна села на крэсла, безуважна абвяла пакой вачыма і спытала:

– Шмат ім тата павінны?

– Няшмат… Драбяза… Некалькі тысяч рублёў…

– Гэта тыя даўгі, пра якія казала цётка, што іх нехта выкупіў?..

Пан Ленцкі спыніўся сярод пакоя, шчоўкнуў пальцамі ды выгукнуў:

– А каб іх!.. Пра тыя я насмерць забыўся…

– Дык у нас больш даўгоў?..

– Так… Так… Крыху больш… Мяркую, тысяч пяць або дзесяць… Я папрашу пачцівага Вакульскага, каб ён з гэтым разабраўся…

Панна Ізабэла міжвольна здрыганулася.

– Шпігельман кажа, – прамовіла яна праз момант, – што з нашай сумы нельга атрымаць дзесяць тысяч рублёў працэнтаў. Найбольш – тры тысячы, і тое на вельмі няпэўнай іпатэцы.

– Ён мае рацыю – на іпатэцы нельга, але гандаль не іпатэка… Гандаль можа даваць трыццаць ад трыццаці… Але… адкуль гэта Шпігельман ведае пра нашы працэнты? – запытаўся пан Тамаш крыху насцярожана.

– Гэта я сказала яму выпадкова, – растлумачыла панна Ізабэла і пачырванела.

– Шкада, што ты яму сказала… вельмі шкада!.. Пра такія рэчы лепш не казаць…

– Што тут кепскага? – ціха спытала яна.

– Кепскага?.. Ну, нічога кепскага, Божа… Але заўсёды лепш, калі людзі не ведаюць ні крыніцы даходу, ні які ён… Барон ды і сам маршалак не мелі б рэпутацыі мільянераў і філантропаў, каб іх сакрэты былі ўсім вядомыя…

– Чаму так, тата?

– Ты яшчэ дзіця, – прамовіў крыху заклапочаны пан Тамаш. – Ты ідэалістка… мне не хацелася цябе ўразіць… Але ж ты разумніца. Барон, заўваж, мае нейкія справы з ліхвярамі, а заможнасць маршалка – гэта, у асноўным, шчасце пагарэльца, ну… і крыху гандаль быдлам падчас севастопальскае вайны…

– Дык вось якія яны, прэтэндэнты на маю руку… – прашаптала панна Ізабэла.

– Гэта нічога не значыць, Бэля!.. У іх ёсць грошы і вялікі крэдыт, а гэта галоўнае, – супакойваў яе пан Тамаш.

Панна Ізабэла страсянула галавою, нібы жадаючы адагнаць прыкрыя думкі.

– Дык мы, тата, не паедзем у Парыж?

– Чаму, дзіця маё, чаму?..

– Калі тата заплаціць пяць або шэсць тысяч тым жыдам…

– А! Не бойся. Я папрашу Вакульскага, каб ён выстараўся мне патрэбную суму пад пяць або сем працэнтаў, і мы будзем плаціць нейкіх рублёў чатырыста гадавых. Ну, а маем жа мы дзесяць тысяч.

Панна Ізабэла апусціла галаву, яна ціха вадзіла пальцамі па стале і думала.

– Тата, – запыталася яна праз пару хвілін, – ты не баішся Вакульскага?..

– Я?.. – крыкнуў пан Тамаш і ўдарыў сабе кулаком у грудзі. – Я баюся Яанны, Гартэнзіі, нават нашага князя і, зрэшты, усіх іх разам, але не Вакульскага. Каб ты бачыла, як ён сёння абціраў мяне адэкалонам… А з якою трывогаю ён пазіраў на мяне!.. Гэта самы шляхетны чалавек, якога я сустракаў у жыцці… Тут не ў грашах справа, ён на мне нажывацца не хоча, яму патрэбна сяброўства… Бог мне яго паслаў, ды яшчэ ў такую хвіліну, калі… калі я пачынаю адчуваць, што набліжаецца старасць, а можа… і смерць…

Пры гэтых словах у пана Тамаша задрыжалі павекі, з-пад якіх зноў выкацілася некалькі слязінак.

– Тата, ты хворы!.. – закрычала спалоханая панна Ізабэла.

– Не, не!.. Гэта спёка, хваляванне і, галоўнае… расчараванне ў людзях. Падумай толькі, ці прыйшоў хто да нас сёння?.. Ніхто. Бо яны думаюць, што мы ўжо ўсё страцілі… Яанна баіцца, каб я не прыйшоў да яе пазычаць на заўтрашні абед… Тое самае і барон, і князь… Яшчэ барон, калі даведаецца, што засталося ў нас трыццаць тысяч, прыйдзе сюды… з-за цябе. Бо падумае: каб і ажаніўся з табою без пасагу, дык не давялося б яму траціцца на мяне… Але супакойся, варта ім пачуць, што ў нас дзесяць тысяч рублёў гадавых, усе яны вернуцца, і ты зноў, як раней, будзеш каралеваю ў сваім салоне… Божа, які я сёння знерваваны!.. – казаў пан Тамаш, выціраючы слёзы з вачэй.

– Я пашлю па лекара, тата?..

Бацька задумаўся.

– Няхай ужо заўтра, заўтра… Можа, само пройдзе да заўтра…

У гэты момант пастукаліся ў дзверы.

– Хто там?.. Што там?.. – спытаў пан Тамаш.

– Пані графіня прыехала, – пачуўся з калідора голас панны Фларэнтыны.

– Яася?! – радасна здзівіўся пан Тамаш. – Ідзі ж да яе, Бэльця… Я мушу крыху прыадзецца… Магу закласціся, што яна ўжо ведае пра трыццаць тысяч… Ідзі ж, Бэля… Мікалай!..

Ён замітусіўся па спальні, збіраючы сваю вопратку, а тым часам панна Ізабэла выйшла да цёткі, якая ўжо чакала ў салоне.

Графіня, убачыўшы панну Ізабэлу, адразу кінулася да яе з абдымкамі.

– Які Бог добры, – загаманіла яна, – што паслаў вам гэтулькі шчасця! Падобна, Тамаш узяў за камяніцу дзевяноста тысяч, і твой пасаг ацалеў?.. Хто б мог падумаць…

– Бацька, цётачка, спадзяваўся ўзяць больш, і толькі нейкі жыд, пакупнік, перашкодзіў канкурэнтам, – адказала трохі кранутая за жывое панна Ізабэла.

– Ах, дзіця маё, ты яшчэ не пераканалася ў непрактычнасці бацькі. Ён можа выдумляць, што дом варты мільёнаў, а я тым часам ведаю ад людзей кампетэнтных, што варты ён не больш за семдзясят з нечым тысяч. Прынамсі, камяніцы апошнім часам штодня прадаюцца на аўкцыёне, дык вядома, колькі якая каштуе. Зрэшты, няма тут пра што казаць, бацька няхай думае, што яго ашукалі, а ты, Бэля, маліся за здароўе таго жыда, які даў дзевяноста тысяч… Дарэчы, ты ведаеш, што Казік Старскі вярнуўся?

Твар панны Ізабэлы запунсавеў.

– Калі і адкуль? – спытала яна крыху сарамліва.

– Цяпер з Англіі, а раней быў у Кітаі. Як заўсёды – прыгажун. Ён едзе да бабкі, якая, здаецца, пакідае яму маёнтак.

– Гэта па суседстве з цётачкаю?

– Менавіта пра гэта я і хацела пагаварыць. Ён з гэткаю цікавасцю распытваў пра цябе, дык я, мяркуючы, што ты ўжо вылечылася, хіба, ад сваіх капрызаў, параіла яму заўтра вас наведаць.

– Як добра!.. – узрадавалася панна Ізабэла.

– Вось бачыш!.. – адказала графіня, цалуючы яе. – Цётка заўсёды думае пра цябе. Гэта выдатная партыя, усё можа атрымацца, бо Тамаш мае капіталік, якога павінна яму хапіць, а Казік чуў, што цётка Гартэнзія не забылася на цябе ў сваім тастаменце. Ну, я падазраю, што Старскі мае трохі даўгоў. Але таго, што яму застанецца ад маёнтка бабкі, ды з тым, што ты можаш атрымаць у спадчыну ад Гартэнзіі, павінна вам на нейкі час хапіць. А пазней – пабачым. Ён яшчэ мае дзядзьку, ты маеш мяне, дык дзецям вашым галеча не пагражае.

Панна Ізабэла моўчкі пацалавала руку цёткі. У гэту хвіліну яна была гэткая прыгожая, што графіня схапіла яе і са смехам пацягнула да люстэрка, кажучы:

– Вось, калі ласка, заўтра гэтак жа выглядай, дык сама пераканаешся – у сэрцы Казіка адкрыюцца зарубцаваныя раны. Шкада, што ты яго адпрэчыла тады!.. Было б у вас сёння больш на сто або і на сто пяцьдзясят тысяч рублёў… Уяўляю, колькі грошай бедны хлапчына мусіў траціць ад роспачы. Але, але… Гэта праўда, што вы з бацькам едзеце ў Парыж?

– Збіраемся.

– Калі ласка, Бэля, – папрасіла цётка, – не рабі гэтага. Бо я хачу прапанаваць вам правесці канец лета ў мяне. І ты мусіш гэта зрабіць, з увагі на Старскага. Ты ж разумееш, што малады хлапец у вёсцы будзе нудзіцца, марыць. Вы зможаце бачыцца штодня, і будуць спрыяльныя ўмовы прывязаць яго да сябе, нават… абавязаць…

Панна Ізабэла залілася чырванню і апусціла прыгожую галаву.

– Цётачка, – прашаптала яна.

– Ах, дзіця маё, толькі не баўся са мною ў дыпламатыю. Панна ў тваім веку ўжо павінна выйсці замуж і, галоўнае, не паўтараць ранейшых памылак. Казік – цудоўная партыя. Ён не надакучыць табе занадта хутка, ну… а каб і надакучыў, дык… ужо будзе мужам, таму на шмат якія рэчы мусіў бы глядзець паблажліва, як і ты. Дзе бацька?

– Бацьку трохі нездаровіцца…

– Божа мілы!.. Хіба, занадта ўзрушыла яго неспадзяванае шчасце…

– Бацька захварэў, бо якраз разгневаўся на таго жыда…

– Вечна ў яго нейкія ілюзіі! – адказала графіня і паднялася з канапы. – Зазірну да яго на хвілінку абмеркаваць вашы вакацыі. А што да цябе, Бэля, дык я спадзяюся, ты здолееш выкарыстаць момант.

Пасля паўгадзіннае таемнае нарады з панам Тамашам графіня развіталася з пляменніцай і яшчэ раз параіла падумаць пра Старскага.

Не было і дзявятай, як пан Тамаш, насуперак сваім звычкам, лёг спаць, а панна Ізабэла паклікала да сябе ў пакой кузінку Фларэнтыну, каб пагаварыць.

– Ведаеш, Флора, – пачала яна, укладваючыся напаўлежачы ў шэзлонгу, – вярнуўся Казік Старскі і заўтра збіраецца прыйсці да нас.

– А!.. – вырвалася ў панны Фларэнтыны, нібы ёй было гэта вядома. – Дык ён ужо перастаў злавацца? – спытала яна.

– Пэўна… Зрэшты, я не ведаю… – усміхнулася панна Ізабэла. – Цётка кажа, што ён гэтакі ж прыгажун…

– І не вылазіць з даўгоў… Але ў каго сёння іх няма!

– Што б ты сказала, Флора, каб…

– Каб ты за яго выйшла?.. Вядома, павіншавала б вас абаіх. Але што скажа барон, маршалак, Ахоцкі і, галоўнае, Вакульскі?..

Панна Ізабэла рэзка паднялася.

– Дарагая мая, чаму ты зноў думаеш пра гэтага… Вакульскага?..

– Я пра яго не думаю, – адказала панна Фларэнтына, пальцы якой скублі тасьму сукенкі, – я толькі прыгадала, што ты сама казала яшчэ ў красавіку… што гэты чалавек больш за год пераследуе цябе сваімі позіркамі, што асочвае з усіх бакоў…

Панна Ізабэла засмяялася.

– А, я ўспомніла!.. Сапраўды, мне так здавалася… Цяпер, аднак, калі я з ім пазнаёмілася крыху лепш, я бачу, што ён не належыць да тае катэгорыі людзей, якіх трэба баяцца. Ён таемна закаханы ў мяне, гэта праўда, але гэтак жа ён будзе закаханы нават тады, калі я выйду за… замуж… Такім закаханым, як Вакульскі, дастаткова позірку, поціску рукі…

– Ты ўпэўненая?

– Абсалютна. Зрэшты, я пераканалася: тое, што я прымала за сілкі, тлумачыцца карысцю. Бацька пазычае яму трыццаць тысяч рублёў і, хто ведае, ці не былі ўсе ягоныя захады скіраваныя на гэта…

– А калі не? – запыталася панна Фларэнтына, працягваючы скубці тасьму сваёй сукенкі.

– Дарагая мая! – абурылася панна Ізабэла. – Навошта табе псаваць мне настрой?

– Ты сама казала, што тыя людзі ўмеюць цярпліва чакаць, расстаўляць сілкі, нават усім рызыкаваць і парушаць усе нормы…

– Але не Вакульскі.

– Успомні барона.

– Барон абразіў яго публічна.

– А цябе перапрасіў.

– Ах, Флора, прашу цябе, не назаляй мне!.. – раззлавалася панна Ізабэла. – Ты з купчыка робіш дэмана, можа, таму што… гэтулькі страцілі мы на камяніцы… што бацька хворы і што… Старскі вярнуўся…

Панна Фларэнтына памкнулася была нешта сказаць, але стрымалася.

– Дабранач, Бэля, – прамовіла яна. – Можа, і маеш ты рацыю…

І яна выйшла.

Цэлую ноч панне Ізабэле сніўся Старскі, як яе муж, Росі – як першы платанічны каханак, Ахоцкі – як сябра, а Вакульскі – як фінансавы дарадца. А дзясятай раніцы разбудзіла яе панна Фларэнтына і паведаміла, што прыйшоў Шпігельман ды яшчэ нейкі жыд.

– Шпігельман?.. Ах, праўда!.. Я і забылася на яго. Скажы, каб зайшоў пазней… Ці ўстаў тата?

– Устаў гадзіну таму. Я ўжо сказала яму пра жыдоў, і ён просіць, каб ты напісала ліст Вакульскаму…

– Навошта?

– Каб ён меў ласку прыйсці апоўдні і заплаціць па рахунках тым жыдам.

– Сапраўды, нашы грошы ў Вакульскага, – прамовіла панна Ізабэла. – Але мне лепш не пісаць яму пра такія рэчы. Напішы ты, Флора, ад імя бацькі… Вось тут папера на маім стале…

Панна Фларэнтына пачала пісаць ліст, а панна Ізабэла – апранацца. Паведамленне пра жыдоў падзейнічала на яе, як халодная вада, а думка пра Вакульскага занепакоіла.

“Дык мы насамрэч не можам абысціся без гэтага чалавека?.. – пытала яна сама ў сябе. – Ну, калі ў яго нашы грошы, дык, вядома, ён мусіць плаціць нашы даўгі…”

– Папрасі, каб ён прыйшоў як мага хутчэй… Бо калі гэтых абрыдлых жыдоў заспее ў нас Старскі…

– Ён даўно ўжо знаёмы з імі лепш за нас, – ціха сказала панна Флора.

– Усё ж гэта жахліва. Ты не ўяўляеш сабе, якім тонам размаўляў учора са мною той… той…

– Шпігельман, – падказала панна Фларэнтына. – О, гэта рызыкант…

Яна запячатала ліст і пайшла з ім у вітальню, каб выправіць жыдоў, якія яшчэ чакалі там. Панна Ізабэла ўкленчыла перад алебастраваю фігуркаю Маці Божае і пачала прасіць, каб пасланец застаў Вакульскага дома, каб Старскі не сутыкнуўся ў іх з жыдамі.

Алебастравая Маці Божая пачула просьбы панны Ізабэлы, бо праз гадзіну пасля снядання Мікалай уручыў ёй тры лісты.

Адзін быў ад цёткі, графіні. Яна паведамляла, што сёння паміж другою і трэцяю гадзінамі на кансіліум да бацькі прыйдуць лекары, а Казік Старскі ад’язджае сёння ўвечары і можа зайсці да іх у любы момант.

“Памятай жа, дарагая Бэльця, – заканчвала свой ліст цётка, – ты мусіш зрабіць усе, каб хлапец думаў пра цябе і ў дарозе, і ў вёсцы, куды вы з бацькам праз некалькі дзён прыедзеце. Я ўжо пастаралася, і ў Варшаве ён не пабачыў аніводнае панны. І ў вёсцы таксама не спаткае (апроч цябе, душа мая) аніводнае кабеты. Хіба сваю бабку, пачцівую старшынёву, ды яе малацікавых унучак”.

Панна Ізабэла злёгку скрывіла вусны, ёй не падабаўся гэты прымус.

– Цётка гэтак мяне пратэжыруе, – звярнулася яна да панны Фларэнтыны, – нібы я ўжо безнадзейная… Не падабаецца мне гэта!

І прыгажосць Казіка Старскага крыху прыгасла для яе.

Другі ліст быў ад Вакульскага, які паведамляў, што будзе да паслугаў а першай гадзіне.

– Калі ты загадала прыйсці жыдам, Флора?

– У гадзіну.

– Дзякуй Богу! Абы ў гэты час не завітаў да нас Старскі, – прамовіла панна Ізабэла і ўзяла ў рукі трэці ліст. – Які знаёмы почырк… Чый жа гэта, Флора?

– Ты не пазнаеш? – зірнула на канверт панна Фларэнтына. – Кшэшоўскае…

Ад гневу твар панны Ізабэлы пачырванеў.

– Ах, праўда! – выгукнула яна і кінула ліст на стол. – Прашу цябе, Флора, адпраў гэта назад і наверсе напішы: “не чытанае”. Чаго яна хоча, гэта пачварная кабета!..

– Ты лёгка можаш даведацца, – ціха прамовіла панна Фларэнтына.

– Не, не і… не!.. Я не жадаю ніякіх лістоў ад гэтае нязноснай бабы… Пэўна, зноў нейкія зласлівыя абгаворы, бо нічога іншага яна не піша… Прашу цябе, Флора, зараз жа адпраў гэты ліст і… Або, зрэшты, зірні, што яна там піша… Апошні раз прыму яе крамзолі…

Панна Фларэнтына паволі распячатала канверт і пачала чытаць. Паступова цікаўнасць на яе абліччы саступала месца здзіўленню, а потым і збянтэжанасці.

– Не варта мне гэтага чытаць, – ціха сказала яна і аддала ліст панне Ізабэле.

“Дарагая панна Ізабэла! – пісала баранеса. – Каюся, бо сваім ранейшым абыходжаннем я магла заслужыць непрыязь Пані і выклікаць гнеў міласэрнага Бога, які гэтак апякуецца Вамі. Таму я бяру назад усе свае словы, падаю ніцма перад Табою, дарагая Пані, і малю, каб прабачыла мне. Бо ці не доказ ласкі Неба – гэты Вакульскі, пасланы Вам? Чалавек гэткі ж недасканалы, як і ўсе іншыя, стаў прыладаю ў руцэ Найвышэйшага, каб пакараць мяне, а Вас узнагародзіць. Бо мала таго, што параніў у двубоі майго мужа (якому таксама няхай Бог прабачыць усе прыкрасці, якія ён мне зрабіў), але яшчэ і набыў камяніцу, у якой згасла маё каханае дзіцятка, і, пэўна, загадае мне больш плаціць за арэнду. А Вы не толькі бачыце маё гора, але і атрымалі на дваццаць тысяч рублёў больш, чым была вартая камяніца.

У адказ на маю скруху, дарагая Пані, май ласку выстарацца ў вяльможнага Вакульскага (які, не ведаю за што, гневаецца на мяне), каб ён прадоўжыў са мною кантракт на далейшыя гады і каб ягоныя празмерныя патрабаванні не выгналі мяне з таго дому, дзе мая адзіная дачка скончыла сваё жыццё. Рабіць гэта, аднак, належыць асцярожна, бо Вакульскі, з прычын невядомых мне, не жадае, каб пра яго набытак гаварылі. Ён не толькі выкарыстаў ліхвяра Шлянгбаўма замест таго, каб самому (як сумленнаму чалавеку) купіць камяніцу, дык яшчэ, жадаючы заплаціць на дваццаць тысяч больш, прывёў у суд падстаўных аўкцыянераў. Навошта такая таямнічасць? Вам гэта лепш ведаць, панства, бо вы ўжо, пэўна, размясцілі ў яго свой капіталік. Невялікі ён, праўда, але, дзякуючы ласцы Божай (гэткай відавочнай) і ўсім вядомай абаротлівасці Вакульскага, прынясе ён, пэўна, добрыя працэнты, якія залагодзяць Панству прыкрасць іх ранейшага існавання. Звяртаючыся да сэрца дарагое Пані і пакідаючы нашы ранейшыя дачыненні на суд несумненнае справядлівасці Божае, застаюся заўсёды верная, хоць і пагарджаная, ваша кузінка ды ўкленчаная слуга.

Кшэшоўская”.

Чытаючы, панна Ізабэла збялела, як папера. Яна ўстала з-за стала, склала ліст і замахнулася, нібы з намерам шпурнуць яго некаму ў твар. Раптам яна спалохалася і хацела нібы ўцячы ці паклікаць каго, але абдумалася і пайшла да бацькі.

Пан Ленцкі ў пантофлях і палатняным шлафроку ляжаў на канапе і чытаў “Кур’ер”. Ён вельмі чула прывітаў дачку, а калі тая села, уважліва паглядзеў на яе і спытаў:

– Ці ў пакоі мала святла, ці мне здаецца, што паненка не ў гуморы?..

– Нешта мне неспакойна на душы.

– Я заўважыў. Гэта ад спёкі. А ты павінна сёння, – дадаў ён і паківаў пальцам, – павінна сёння, жартаўніца, добра выглядаць, бо той Казік, як казала мне ўчора твая цётка, кавалер…

Панна Ізабэла маўчала, бацька правіў сваё:

– Праўда, хлопец трохі баламут, лётае па свеце, мае крыху даўгоў, але – малады, прыгожы, ну і шалее за табою. Яанна спадзяецца, што старшынёва затрымае яго ў вёсцы на некалькі тыдняў, а ты ўжо мусіш пастарацца з астатнім… І ведаеш, можа, някепска было б… Прозвішча добрае… маёнтак сякі-такі назбіраецца з розных кавалкаў… Да таго ж, чалавек ён свецкі, усе яго прымаюць, нават герой у нейкім сэнсе, калі праўда, што ён абплыў увесь зямны шар.

– Я атрымала ліст ад Кшэшоўскае, – спыніла яго панна Ізабэла.

– О! Што ж тая вар’ятка піша?

– Яна піша, што наш дом купіў не Шлянгбаўм, а Вакульскі, і што выкарыстаў падстаўных аўкцыянераў, каб даць за яго на дваццаць тысяч рублёў больш, чым той быў варты.

Яна з цяжкасцю прамаўляла гэта, з трывогаю пазіраючы на бацьку, бо баялася яго рэакцыі. Але пан Тамаш толькі прыўзняўся на канапе і шчоўкнуў пальцамі:

– Чакай!.. Чакай!.. Ведаеш, гэта можа быць праўдай…

– Як! – ускочыла з крэсла панна Ізабэла. – Дык ён насмеліўся б нам падараваць дваццаць тысяч, а тата гэтак спакойна гаворыць пра тое?..

– Спакойна, бо каб я пачакаў з продажам, дык узяў бы не дзевяноста, а сто дваццаць тысяч…

– Але ж чакаць мы не маглі, бо камяніцу выставілі на аўкцыён…

– Вось! Мы не маглі чакаць і страцілі, а Вакульскі можа чакаць і нажыўся.

Панне Ізабэле пасля гэтае заўвагі стала крыху спакайней.

– Дык тата не бачыць ніякага дабрадзейства з ягонага боку?! Бо ўчора тата так гаварыў пра Вакульскага, нібы адчуваў сябе ў яго ўладзе…

– Ха-ха-ха!.. – зарагатаў пан Тамаш. – Ты цудоўная… бясцэнная. Учора я быў трохі ўсхваляваны, нават моцна, і… што ж… што ж… набраў сабе ў галаву… А сёння… Ха-ха-ха! Нават калі Вакульскі і пераплаціў за камяніцу. Ён жа купец, ён разумее, што і за колькі купляць. Страціць на адным, заробіць на іншым. Чаго мне крыўдаваць, што ён удзельнічае ў аўкцыёне маёй уласнасці… Хоць можна падазраваць нейкі нячысты інтарэс у выкарыстанні Шлянгбаўма, напрыклад…

Панна Ізабэла сардэчна абняла бацьку.

– Так, – згадзілася яна. – Тата мае рацыю. Я не ўсё разумела. Выкарыстанне жыдоў падчас куплі – найлепшы доказ: гэты пан, гуляючы ў прыязнасць, робіць свае справы…

– Вядома! – пацвердзіў пан Тамаш. – Хіба ты не можаш зразумець такую простую рэч? Ён, можа, і някепскі чалавек, але ж купец… купец!..

У вітальні разлёгся гучны званок.

– Гэта, пэўна, ён. Я выйду, тата, і пакіну паноў сам-насам.

Яна выйшла са спальні бацькі, але ўбачыла, што ў вітальні замест Вакульскага ажно тры жыды, якія гучна спрачаліся з Мікалаем ды паннай Фларэнтынаю. Яна ўцякла ў залу, а ў галаве круцілася: “Божа! Чаму ж ён не ідзе…”

У сэрцы яе бушавала бура пачуццяў. Панна Ізабэла, калі падтаквала бацьку, разумела, аднак, што гэта няпраўда: Вакульскі не зарабіў на камяніцы, а страціў, і ўсё толькі дзеля таго, каб паправіць іх фатальнае становішча. І, прызнаючы гэта, яна адчувала нянавісць:

“Нягоднік! Нягоднік! – шаптала яна. – Як ён наважыўся…”

Тым часам у вітальні жыды ўсчалі сапраўдную сварку з паннаю Фларэнтынаю. Яны заявілі, што не скрануцца з месца, пакуль не атрымаюць грошы, што панна графіня дала ім учора слова… А калі Мікалай пачаў выпіхваць іх за дзверы, пачалі сварыцца на яго:

– Гэта разбой!.. Гэта ашуканства!.. Грошы панства браць умеюць і ўмеюць казаць тады: мой каханы пане Давід!.. А як трэба…

– Што тут робіцца? – пачуўся ў гэты момант новы голас.

Жыды сцішыліся.

– Што тут такое? Што пан тут робіць, пане Шпігельман?

Панна Ізабэла пазнала голас Вакульскага.

– Я – нічога… Кланяюся ў ногі вяльможнаму пану… Мы па справе да пана графа… – апраўдваўся зусім іншым тонам гэткі крыклівы хвіліну таму Шпігельман.

– Загадалі нам панства прыйсці сёння па грошы, – патлумачыў іншы жыд.

– Сама панна графіня дала ўчора слова, што сёння з намі ўсімі разлічацца да апошняга гроша…

– Гэтак і будзе, – спыніў яго Вакульскі. – Я – упаўнаважаны пана Ленцкага, і сёння а шостай разлічуся з вамі ў сваёй канторы.

– Справа не пільная… Чаго вяльможнаму пану гэтак турбавацца…– адказаў Шпігельман.

– Прашу прыйсці а шостай да мяне, а Мікалай няхай нікога тут па справах не прымае, пакуль пан хворы.

– Разумею, вяльможны пане!.. А пан наш чакае ў спальні, – сказаў Мікалай.

І, калі Вакульскі пайшоў, ён выпхнуў жыдоў за парог са словамі:

– Пайшлі, пархатыя!.. Прэч!

– Ну!.. Ну!.. Чаго пан гэтак злуецца?.. – бурчэлі моцна збянтэжаныя жыдкі.

Пан Тамаш прывітаў Вакульскага ўзрушана, рукі ў яго крыху дрыжалі, а галава трэслася.

– Ну, бачыш, – казаў ён, – што гэтыя жыды вырабляюць… Галганы гэткія!.. Прыходзяць дадому… палохаюць мне дачку…

– Я загадаў ім прыйсці а шостай у маю кантору і, з дазволу пана, я разлічуся з імі. Ці вялікая сума? – спытаў Вакульскі.

– Драбяза, не вартая ўвагі… Тысяч пяць-шэсць рублёў…

– Пяць-шэсць тысяч? – перапытаў Вакульскі. – Яны ўтрох гэтулькі пазычылі пану?

– Не. Ім я павінны каля двух тысяч, можа, крыху болей… Але, скажу табе, пане Станіславе (бо гэта нейкая авантура!) нехта ў сакавіку выкупіў мае даўнія вэксалі. Хто? Я не ведаю. Аднак хачу быць гатовы на ўсялякі выпадак.

Твар Вакульскага пасвятлеў.

– Няхай пан, – параіў ён, – разлічваецца з даўгамі ў адпаведнасці з тым, як будуць з’яўляцца крэдыторы. Сёння збудзем тых, у каго больш даўнія вэксалі. Дык гэта разам ад двух да трох тысяч?..

– Так, так… Ну, але, калі ласка, пане Станіславе, што за фатальны лёс!.. Ты даеш мне за паўгода пяць тысяч… Ці меў ласку прынесці грошы?

– Вядома.

– Вельмі табе ўдзячны. Што за фатальны лёс, якраз у той час, як мы Бэльцяю і… з табою сабраліся ехаць у Парыж, жыды выдзіраюць у мяне з рук дзве тысячы! Вядома, з Парыжам нічога не атрымаецца.

– Чаму? – спытаў Вакульскі. – Я выплачу належную суму, і пан можа не чапаць сваіх працэнтаў. Смела можаце ехаць у Парыж.

– Бясцэнны!.. – выгукнуў пан Тамаш, кідаючыся да яго з абдымкамі. – Бо бачыш, мой дарагі, – дадаў ён, крыху супакоіўшыся, – я тут думаў, ці не мог бы ты мне знайсці пазыку, каб заплаціць даўгі жыдам, так… на сем, шэсць працэнтаў…

Вакульскі ўсміхнуўся з фінансавае наіўнасці пана Тамаша.

– Што ж, – сказаў ён, не ў стане стрымаць весялосці, – будзе пан мець пазыку. Жыдам мы аддамо нейкія тры тысячы рублёў, а пан будзе плаціць працэнты… Колькі пан хоча?

– Сем… шэсць…

– Добра, – згадзіўся Вакульскі. – Пан будзе плаціць сто восемдзясят рублёў працэнтаў, а капітал застанецца некрануты.

Пан Тамаш ужо невядома які раз заміргаў, з-пад павек зноў выкацілася пару слязінак.

– Высакародны, шляхетны!.. – казаў ён, абдымаючы Вакульскага. – Бог цябе паслаў…

– Мяркуе пан, што я мог зрабіць іначай?.. – ціха прамовіў Вакульскі.

Пачуўся стук. Увайшоў Мікалай і паведаміў, што прыйшлі лекары.

– Ага!.. – выгукнуў пан Тамаш. – Гэта сястра прыслала мне тых паноў. Божа! Ніколі я не лячыўся, а сёння… Прашу цябе, пане Станіславе, ідзі цяпер да Бэлі… Мікалай, паведамі паненцы пра пана Вакульскага.

“Вось мая ўзнагарода… Маё жыццё!..” – падумаў Вакульскі, ідучы за Мікалаем. У вітальні ён сустрэў двух знаёмых яму лекараў і горача рэкамендаваў ім заапекавацца панам Тамашам.

У салоне яго чакала панна Ізабэла. Яна была крыху бледная, але ад гэтага яшчэ больш прыгожая. Ён павітаўся з ёю і вясёлым тонам пачаў гаварыць:

– Я вельмі рады, што пані спадабаўся вянок для Росі.

Ён спыніўся. Яго ўразіў асаблівы выраз твару панны Ізабэлы, якая пазірала на яго крыху здзіўлена, нібыта бачыла першы раз у жыцці.

Хвіліну абое маўчалі, нарэшце, панна Ізабэла страсянула нейкую пылінку з шэрае сукенкі і спытала:

– Дык гэта пан купіў нашу камяніцу?

Яна прымружыла вочы і пільна глядзела на яго.

Вакульскі быў гэтак здзіўлены, што ў першы момант яму заняло мову. Яму здавалася, што раптам у яго спыніўся працэс мыслення. Ён збялеў, потым пачырванеў, нарэшце, апрытомнеў і адказаў прыцішаным голасам:

– Так. Я купіў.

– Навошта пан падставіў жыдоў на аўкцыёне?

– Навошта?.. – перапытаў Вакульскі, пазіраючы на яе, як спалоханае дзіця. – Навошта?.. Я, пані ведае, купец і… гэткае ўкладанне капіталу магло б зашкодзіць майму крэдыту…

– Пан даўно ўжо цікавіцца нашымі справамі. Мне здаецца, у красавіку… так, у красавіку купіў пан наш сервіз... – усё тым жа тонам працягвала панна Ізабэла.

Гэты тон ацверазіў Вакульскага, ён узняў галаву і суха адказаў:

– Панства можа выкупіць у мяне сервіз у любы момант.

Цяпер панна Ізабэла апусціла вочы. Вакульскі заўважыў гэта і зноў збянтэжыўся.

– Дык навошта пан гэта зрабіў? – спытала яна ціха. – Чаму пан гэтак нас… пераследуе?

Можна было падумаць, што яна заплача. Вакульскі страціў апошняе панаванне над сабою.

– Я панства пераследую?! – прамовіў ён не сваім голасам. – Дзе вы знойдзеце слугу… не!… сабаку… больш адданага за мяне?.. Я два гады ўжо толькі і думаю, як прыбраць у вас з дарогі кожны каменьчык…

У гэты момант пазванілі. Панна Ізабэла здрыганулася. Вакульскі змоўк.

Мікалай адчыніў дзверы ў салон і абвясціў:

– Пан Старскі.

Адразу ж на парозе з’явіўся мужчына сярэдняга росту, зграбны, асмуглы, з невялікімі фаварытамі і вусікамі ды крышку пляшывы. Фізіяномію ён меў вясёлую і, адначасова, іранічную. З парога ён пачаў:

– Як жа я рады, кузінка, што магу зноў цябе прывітаць!..

Панна Ізабэла моўчкі падала яму руку, моцная чырвань заліла яе твар, а ў вачах з’явілася летуценнасць.

Вакульскі адступіў да століка ў кутку. Панна Ізабэла прадставіла паноў:

– Пан… Вакульскі… Пан Старскі…

Прозвішча Вакульскага было вымаўлена так, што Старскі злёгку кіўнуў галавою і сеў да яго бокам. Вакульскі, у сваю чаргу, падсеў да маленькага століка ля сцяны і пачаў гартаць альбом.

– Кузін, падобна, вяртаецца з Кітая? – запыталася панна Ізабэла.

– Зараз – з Лондана, і мяне не пакідае ўражанне, што я яшчэ на караблі, – адказаў Старскі, які досыць выразна калечыў польскае вымаўленне.

Панна Ізабэла пачала гаварыць па-англійску.

– Я спадзяюся, што кузін гэтым разам забавіцца ў краі даўжэй.

– Гэта будзе залежаць… – таксама па-англійску адказаў Старскі і вачыма паказаў на Вакульскага. – Хто гэта?

– Упаўнаважаны майго бацькі. Ад чаго будзе залежаць?..

– Думаю, кузінцы не варта пытацца, – усміхнуўся малады чалавек. – Гэта будзе залежыць ад шчодрасці маёй бабкі…

– Цудоўна… А я спадзявалася на камплімент…

– Падарожнікі не гавораць кампліментаў, бо яны ведаюць, што на кожнай геаграфічнай шыраце кампліменты дыскрэдытуюць мужчыну ў вачах кабеты.

– У Кітаі зрабіў кузін гэта адкрыццё?

– У Кітаі, у Японіі, а перадусім у Еўропе.

– І збіраецца пан карыстацца гэтым прынцыпам у Польшчы?

– Паспрабую. І, калі дазволіш, кузінка, у тваім таварыстве. Бо, падобна, нам разам давядзецца правесці вакацыі. Так?

– Прынамсі, гэтак хочуць цётка і бацька. Але якая мне радасць будзе з таго, што кузін пачне практыкавацца ў сваіх этнаграфічных адкрыццях.

– Гэта толькі помста з майго боку.

– Ах, дык вайна?.. – запыталася пана Ізабэла.

– Сплата даўніх даўгоў можа прывесці да згоды.

Вакульскі з гэткаю ўвагаю разглядаў альбом, што жылы набрынялі яму на лбу.

– Але помста не вядзе да згоды, – адказала панна Ізабэла.

– Не помста, а толькі напамін, што я крэдытор кузінкі.

– Дык гэта я мушу плаціць даўнія даўгі?.. – засмяялася панна Ізабэла. – А кузін не марнаваў часу ў падарожжы.

– Хацеў бы я не змарнаваць яго на вакацыях, – адказаў Старскі, са значэннем зазіраючы ёй у вочы.

– Гэта будзе залежаць ад метадаў помсты, – прамовіла панна Ізабэла і зноў запунсавела.

– Ясны пан просіць пана! – прамовіў Мікалай, які з’явіўся на парозе салона.

Размова спынілася. Вакульскі закрыў альбом, устаў з крэсла, пакланіўся панне Ізабэле і Старскаму ды павольна пайшоў следам за слугою.

– Гэты пан не разумее па-англійску? Ён не абразіцца, што мы не размаўлялі з ім? – спытаў Старскі.

– О, не, – адказала панна Ізабэла.

– Тым лепш, бо мне здалося, яму не даспадобы наша таварыства.

– Вось ён і пакінуў яго, – абыякава заўважыла панна Ізабэла.

Ужо ў другім пакоі Вакульскі звярнуўся да Мікалая:

– Прынясі мой капялюш з залы.

Мікалай узяў капялюш і панёс яго ў спальню пана Тамаша. У вітальні ён пачуў, як Вакульскі, аберуч сціскаючы галаву, шэпча:

– Божа міласэрны!..

Калі Вакульскі ўвайшоў у пакой пана Тамаша, лекараў там ужо не было.

– Ну, уяві сабе, – жвава загаманіў пан Ленцкі, – які фатум!.. Кансіліум забараніў мне ехаць у Парыж і пад пагрозаю смяротнага пакарання загадаў ехаць у вёску. Слова гонару, не ведаю, дзе схавацца ад гэтае спёкі. Але і на цябе яна таксама дзейнічае, бо ты неяк змяніўся… Горача тут, праўда?

– О, так. З дазволу пана, – сказаў Вакульскі, выцягваючы з кішэні тоўсты пакет, – я аддам грошы.

– Э… сапраўды…

– Тут пяць тысяч рублёў. Працэнты да паловы студзеня. Няхай пан мае ласку палічыць. А тут распіска.

Пан Ленцкі некалькі раз пералічыў стос новых сторублёвак і падпісаў дакумент. Потым ён адклаў пяро і сказаў:

– Добра. Гэта адно… А цяпер, што тычыцца даўгоў…

– Сума ад двух да трох тысяч рублёў, якую пан вінны жыдам, будзе сёння выплачаная…

– Але я прашу цябе, пане Станіславе, я не хачу задарма… Прашу, каб ты вельмі дакладна адлічыў сабе працэнты…

– Ад ста дваццаці да ста васьмідзесяці рублёў гадавых.

– Так, так… – падтакваў пан Тамаш. – Але, каб… але каб спатрэбілася мне яшчэ нейкая сума, дык магу я звярнуцца да цябе?

– Другую палову працэнтаў атрымае пан у палове студзеня, – адказаў Вакульскі.

– Я гэта ведаю. Але, бачыш, пане Станіславе, каб спатрэбілася мне частка майго капіталу… Не задарма, разумееш… Я ахвотна заплачу працэнты…

– Шэсць? – удакладніў Вакульскі.

– Так, шэсць… сем.

– Не, пане. Пану капітал прыносіць трыццаць тры працэнты гадавых, дык я не магу пазычаць пад сем…

– Добра. У такім выпадку хай застаецца мой капітал, але… бачыш… можа ў мяне, аднак, нешта здарыцца…

– Забраць свой капітал пан можа нават у сярэдзіне студзеня наступнага году.

– Барані Божа!.. Я свой капітал не забяру ў цябе нават праз дзесяць гадоў…

– Але я ўзяў капітал пана толькі на год…

– Як?.. Чаму?.. – ад здзіўлення пан Тамаш вырачыў вочы.

– Таму, што я не ведаю, што будзе праз год. Не кожны год справы ідуць аднолькава добра.

– А, дарэчы, – прамовіў пан Тамаш праз хвіліну прыкрага маўчання, – у горадзе кажуць, што гэта ты, пане Вакульскі, купіў мой дом?..

– Так, пане, я купіў дом. Але праз паўгода я магу пану адступіць яго на карысных умовах.

Пан Ленцкі адчуў, як чырванее ў яго твар. Не жадаючы, аднак, паказваць сваю паразу, ён вяльможным тонам запытаўся:

– І колькі б ты хацеў адступнога, пане Вакульскі?..

– Ніколькі. Аддам пану за дзевяноста тысяч, нават… магу танней…

Пан Тамаш на крок адступіў, развёў рукі, потым упаў у свой вялікі фатэль, і зноў некалькі слязінак пабегла па яго твары.

– Сапраўды, пане Станіславе, – казаў ён, злёгку хліпаючы, – я бачу, што найлепшыя стасункі… могуць сапсаваць грошы… Ці ж я злуюся на цябе, што ты купіў гэты дом?.. Ці папракаю цябе?.. А ты размаўляеш са мною, нібы абразіўся.

– Перапрашаю пана, – спыніў яго Вакульскі. – Гэта праўда, я крыху ўсхваляваны… Пэўна, з-за спякоты…

– О, пэўна! – выгукнуў пан Тамаш, падымаючыся з фатэля і паціскаючы яму руку. – Дык… прабачым адзін аднаму непрыемныя словы… Я на цябе не гневаюся, бо ведаю… што такое спёка…

Вакульскі развітаўся з ім і зайшоў у салон. Старскага ўжо там не было, панна Ізабэла сядзела адна. Яна паднялася, калі ўбачыла яго, твар яе быў ужо больш пагодны.

– Пан сыходзіць?

– Якраз зайшоў развітацца.

– А пра Росі пан не забудзецца? – спытала яна з лёгкаю ўсмешкаю.

– О, не. Я распараджуся, каб аддалі яму вянок.

– Пан не сам яго ўручыць?.. Чаму?..

– Сёння ўночы я еду ў Парыж, – адказаў Вакульскі.

Ён пакланіўся і выйшаў.

Хвіліну панна Ізабэла пастаяла ў задуменні, потым пабегла ў пакой бацькі.

– Што гэта, тата? Вакульскі развітаўся са мною вельмі холадна і сказаў, што сёння ўночы ён едзе ў Парыж.

– Што?.. Што?.. Што?.. – закрычаў пан Тамаш, хапаючыся за галаву. – Ён насамрэч абразіўся…

– Ах… праўда!.. Я нагадала яму пра пакупку нашае камяніцы…

– Хрысце!.. Што ж ты нарабіла?! А… усё прапала… Цяпер я разумею… Вядома, ён абразіўся… Ну, але хто мог думаць, што ён гэтакі крыўдлівы?.. А нібы звычайны купец!..

XX. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА

…І паехаў!.. Пан Станіслаў Вакульскі, славуты арганізатар суполкі транзітнага гандлю, славуты кіраўнік фірмы з чатырохмільённым абаротам, паехаў у Парыж, як першы-лепшы паштальён у Мілосну… То казаў (мне самому), што не ведае, калі паедзе, а на другі дзень – шах-мах – і ўжо яго няма.

З’еў густоўны абед у яснавяльможных Ленцкіх, выпіў кавы, пакалупаўся ў зубах і – ходу. Дзіва што! Пан жа Вакульскі не абы-які крамнік, што мусіць жабраваць у начальства адпачынак раз на колькі гадоў. Пан Вакульскі – капіталіст, мае каля шасцідзесяці тысяч рублёў гадавога даходу, запанібрата з графамі ды князямі, б’ецца на двубоях з баронамі ды едзе куды хоча і калі хоча. А вы, мае нанятыя работнічкі, пільнуйце справу. За гэта вы маеце заробак і дывідэнды.

І гэта купец?! Балаган, кажу я вам, такое купецтва!..

Ну, можна ехаць і ў Парыж, і нават спехам, але не ў такі час. Тут, пане, кангрэс берлінскі наварыў піва. Тут, пане, Англія – за Кіпр, Аўстрыя – за Боснію… Італьянцы крычаць напрамілы Бог: “Дайце нам Трыест, бо кепска будзе…” Тут чую ўжо, пане, што ў Босніі кроў льецца раўчукамі, і (дай Бог жніво скончыць) вайна грымне яшчэ да зімы, як амэн у пацерах… А ён тым часам дае нырца ў Парыж!..

Ш-ш!.. ?.. …Чаго ён так раптоўна з’ехаў у Парыж?.. На выставу?.. Што яму тая выстава! А можа, па справе, якую ён мае з Сузіным?.. Цікава, што гэта за справы, на якіх можна займець пяцьдзясят тысяч прыбытку, вось так – раз гатова?.. Яны мне кажуць пра вялікія машыны на нафту, або на чыгунку, або на цукровы завод... Але, анёлкі вы мае, замест гэткіх надзвычайных машын ці не едзеце вы па звычайныя гарматы?.. Францыя, як бачыш, возьмецца за грудкі з Нямеччынай… Малы Напалеонак нібы сядзіць у Англіі, але з Лондана да Парыжа бліжэй, чым з Варшавы да Замосця…

Гэй!.. Пане Ігнацы, не спяшайся ты са сваімі меркаваннямі пра пана В. (у такіх выпадках лепш не вымаўляць прозвішча цалкам), не асуджай яго, бо можаш выставіць сябе на смех людзям. Тут рыхтуецца нейкая вялікая інтрыга: той пан Ленцкі, што некалі бываў у Напалеона ІІІ, той нібы акцёр Росі, італьянец… (італьянцы гвалтам патрабуюць Трыест…), той абед у панства Ленцкіх перад самым ад’ездам, купля камяніцы…

Што панна Ленцкая прыгожая, дык прыгожая, але яна, прынамсі, толькі кабета, і з-за яе ўчынкі Стаха не былі такія безразважныя… У гэтым ёсць нейкая п… (у такіх выпадках лепш ужываць скароты). У гэтым ёсць нейкая вялікая П…

Ужо амаль два тыдні мінула, як з’ехаў бедны хлапец, можа, і назаўсёды… Лісты піша кароткія, сухія, пра сябе нічога не паведамляе, а мяне гэтакі адольвае сум, што, далібог, бывае, месца сабе не знаходжу. (Ну, хіба, не з-за яго, а такі маю характар.)

Я памятаю, як ён з’язджаў. Краму мы ўжо зачынілі, і якраз пры гэтым століку піў я гарбату (Іру нешта нядобрыцца), а тут раптам заходзіць у пакой лёкай Стаха:

– Гаспадар просіць! – гукнуў ён праз парог і ўцёк.

(Гэткі галган бессаромны, гэткі гультая кавалак!.. Трэба бачыць, з якою мінаю стаў ён у дзвярах і заявіў: “Пан просіць”. Быдла.)

Хацеў я прабраць яго: “Блазан ты гэтакі, твой гаспадар – толькі табе гаспадар”, – але той ужо паляцеў на злом галавы.

Я хутчэй дапіў гарбату, наліў Іру трохі малака ў сподачак і пайшоў да Стаха. Гляджу, а лёкай яго ў браме гарэзуе адразу з трыма дзявухамі. Ну, думаю, гэтакі жарабец і з чатырма ўправіўся б, хоць… (З тымі кабетамі д’ябал ладу не дабярэ. Узяць пані Ядвігу – худзенькая, маленькая, нібы эфірная ўся, а ўжо трэці муж пры ёй у сухотніка ператварыўся.)

Падымаюся я наверх. Дзверы кватэры не замкнёныя, а Стах пры святле лямпы сам пакуе чамаданы. Цюкнула мне ў галаву нешта.

– Куды? – пытаюся я.

– Еду ў Парыж, – адказвае ён.

– Учора казаў, што так хутка не выберашся…

– А, учора…

Адышоў ён ад чамадана, падумаў хвіліну і дадаў асаблівым тонам:

– Яшчэ ўчора… я памыляўся…

Гэтыя словы прыкра мяне ўразілі. Я ўважліва прыгледзеўся да Стаха і дзіву даўся. Ніколі б не падумаў, што чалавек нібы здаровы, прынамсі, не паранены, мог гэтак змяніцца за пару гадзін. Твар шэры, вочы запалі, выгляд нейкі здзічэлы…

– Адкуль жа гэткая нечаканая перамена… у планах? – спытаў я, хоць і адчуваў: не пра тое пытаюся, што хацеў бы ведаць.

– Мой каханы, – адказаў ён, – хіба ж ты не ведаеш, як часта адно слова мяняе планы і нават людзей… а не тое што – цэлая размова! – дадаў ён шэптам.

Працягваючы пакавацца ды збіраць розныя рэчы, ён выйшаў у залу. Мінула хвіліна – не вяртаецца, дзве… не вяртаецца… Я зазірнуў у прыадчыненыя дзверы і ўбачыў: стаіць ён, трымаючыся за спінку крэсла і застылым позіркам глядзіць у вакно.

– Стаху…

Ён страпянуўся і, вяртаючыся да свайго занятку, спытаў:

– Чаго ты хочаш?

– Што з табою?

– Нічога.

– Даўно я не бачыў цябе такім.

Ён усміхнуўся і адказаў:

– Відаць, з таго часу, калі дантыст кепска выдзіраў мне зуб, да таго ж – здаровы…

– Дзіўна мне бачыць гэтыя твае зборы, – сказаў я. – Можа, ты маеш мне што сказаць…

– Сказаць?.. А, праўда… У банку ў нас каля ста дваццаці тысяч рублёў, дык грошай вам хопіць… Далей… Што далей?.. – пытаўся ён у самога сябе. – Ага!.. Сакрэту з таго, што купіў камяніцу Ленцкіх, я ўжо не раблю. Наадварот, трэба схадзіць туды і ўзяць кватэрную плату, гэткую ж, як і раней была. Пані Кшэшоўскай можаш падняць на які дзясятак рублёў, няхай пазлуецца. Але бедных не прыціскай… Жыве там нейкі шавец, нейкія студэнты. Бяры з іх, колькі дадуць, абы плацілі ў тэрмін.

Ён зірнуў на гадзіннік, убачыў, што мае трохі часу, дык лёг на шэзлонг і ляжаў моўчкі, з рукамі пад галавою і прыкрытымі вачыма. Шкода было глядзець на яго.

Я сеў у нагах і сказаў:

– Што з табой, Стаху?.. Скажы мне, што з табою. Я ведаю, што не дапамагу нічым, але, бачыш… Згрызота – яна, як труцізна, добра было б яе пазбавіцца…

Сташак зноў усміхнуўся (як мне не падабаюцца гэтыя яго крывыя ўсмешкі) і праз хвіліну адказаў:

– Я памятаю (даўнія гэта падзеі), як сядзеў у адным памяшканні з нейкім франтам, і быў ён надзіва шчыры. Дзяліўся сакрэтамі пра сваю сям’ю, пра свае дачыненні з кабетамі, пра свае перамогі, а потым – вельмі ўважліва слухаў, што са мною здарылася. Ну, і добра гэтым скарыстаўся…

– Што гэта значыць?.. – спытаў я.

– Гэта значыць, мой стары, што калі я ад цябе не хачу чуць ніякіх прызнанняў, дык і сам не жадаю іх рабіць.

– Дык гэтак ты, – закрычаў я, – разумееш даверлівую размову са старым прыяцелем?

– Супакойся, – адказаў ён, падымаючыся з канапы. – Гэта для пансіянерак… Мне, зрэшты, няма ў чым прызнавацца нават табе. Як я стаміўся!.. – прамармытаў ён і пацягнуўся.

Нарэшце, прыйшоў яго лайдак лёкай, узяў рэчы Стаха і паведаміў, што коні стаяць перад домам. Селі мы ў каляску, Стах і я, але дарогаю на чыгунку не замянілі ні слова. Ён пазіраў на зоркі ды пасвістваў, а мне здавалася, што еду я, хіба, на пахаванне.

На Венскім вакзале пераняў нас доктар Шуман.

– Едзеш у Парыж? – спытаў ён Стаха.

– А ты адкуль ведаеш?

– О, я ўсё ведаю. Нават і тое, што ў гэтым жа цягніку едзе пан Старскі.

Стах здрыгануўся.

– Што ён за чалавек? – запытаўся ў доктара.

– Гультай, банкрут… як, зрэшты, усе яны, – адказаў Шуман. – Ну, і экс-прэтэндэнт…

– Мне ўсё роўна.

Шуман нічога не адказаў, толькі зіркнуў з-пад ілба.

Пачуліся званкі ды свісткі. Падарожныя палезлі ў вагоны. Стах паціснуў нам рукі.

– Калі вяртаешся? – запытаўся доктар.

– Хацеў бы… ніколі, – адказаў Стах і сеў у пустое купэ першага класа.

Цягнік рушыў. Доктар у задуменні глядзеў, як аддаляліся агні, а я… ледзьве не заплакаў…

Калі возныя пачалі ўжо зачыняць уваход на перон, я ўгаварыў доктара пашпацыраваць па Алеях Ерусалімскіх. Ноч была цёплая, неба чыстае, я нават не памятаю, каб бачыў на ім калі-небудзь гэтулькі зорак. Прыгадалася мне, як Стах казаў, што ў Балгарыі часта глядзеў на зоркі, дык (смешная ідэя!) і я пастанавіў кожны вечар глядзець цяпер на неба. (Можа, сапраўды, на нейкім з мігатлівых свяцілаў сустрэнуцца нашы позіркі або думкі, і ён не будзе адчуваць сябе гэткім самотным, як тады?)

Раптам (не ведаю нават чаму) з’явілася ў мяне падазрэнне, што неспадзяваны ад’езд Стаха мае сувязь з палітыкай. Дык захацелася мне распытаць Шумана, і вырашыў я пад’ехаць бачком:

– Здаецца мне чамусьці, што Вакульскі… нібы закаханы?..

Доктар затрымаўся на ходніку, абапёрся на свой кіёк і зарагатаў так, што аж пачалі на яго азірацца.

– Ха-ха-ха!.. Пан толькі цяпер зрабіў гэткае грандыёзнае адкрыццё?.. Ха-ха-ха!.. Падабаецца мне гэты стары!..

Недарэчны жарт. Але я стрываў і адказаў:

– Зрабіць гэта адкрыццё лёгка могуць нават людзі… з меншым, чым у мяне, досведам (тут, здаецца, я крыху ўеў яго). Але я асцярожны ў сваіх дапушчэннях, пане Шуман… Зрэшты, мне і ў галаву не прыходзіла, каб гэткая звычайная рэч, як каханне, магла вырабляць з чалавекам падобныя рэчы.

– Памыляешся, стары, – адказаў доктар і махнуў рукою. – Каханне – рэч звычайная для прыроды, нават, калі хочаш, для Бога. А вашая бязглуздая цывілізацыя, заснаваная на рымскіх прынцыпах, даўно ўжо мёртвых і закапаных, а таксама на каталіцызме, на трубадурах, на аскетызме, на каставасці ды падобных глупствах, з натуральнага пачуцця зрабіла… ведаеш што?.. зрабіла нервовую хваробу!.. Вашае нібы каханне рыцарска-касцельна-рамантычнае, насамрэч, з’яўляецца паскудным гандлем, заснаваным на падамне, якое справядліва караецца пажыццёвымі галерамі пад назваю шлюб… Бяда, аднак, таму, хто на падобны кірмаш прыносіць сэрца… Колькі гэта забірае часу, высілкаў, здольнасцяў, авой! нават жыцця… Мне гэта добра вядома, – працягваў ён, задыхаючыся ад гневу, – бо хоць я і жыд, і застануся ім да канца жыцця, але выхоўваўся я, аднак, сярод вашых, нават заручаны быў з хрысціянкаю… Ну, і гэтак нам паспрыялі ў нашых намерах, гэтак чула апекаваліся намі ў імя рэлігіі, маральнасці, традыцыі і ўжо не ведаю нават чаго, што яна памерла, а я спрабаваў атруціцца… Я, гэтакі мудры ды лысы!..

Ён зноў спыніўся пасярод ходніка.

– Павер мне, Ігнацы, – скончыў ён хрыпла, – нават сярод звяроў не знойдзеш такога паганага гатунку, як людзі. Ва ўсёй прыродзе самец належыць той саміцы, якой ён падабаецца і якая яму падабаецца. Сярод быдла няма ідыётаў. А ў нас? Я жыд, дык мне нельга кахаць хрысціянку… Ён купец, дык не мае права на дачку графа… А ты, як не маеш грошай, дык увогуле не маеш права ні на адну кабету… Подлая ваша цывілізацыя!.. Лепш было мне загінуць, але прывалены яе друзам…

Мы ўсё яшчэ ішлі ў бок рагатак[161]. Падняўся вільготны вецер і ўжо некалькі хвілін дзьмуў нам проста ў твар, на захадзе збіраліся хмары, якія закрывалі зоркі. Ліхтарні трапляліся ўсё радзей. Зрэдчас па Алеі туркатала брычка і абдавала нас нябачным пылам, познія мінакі беглі дадому.

“Будзе дождж!.. Стах ужо недзе каля Градзіска,” – падумаў я.

Доктар нізка насунуў капялюш ды злосна маўчаў. Мне рабілася ўсё больш маркотна, можа, з-за таго, што хутка цямнела. Я б нікому і ніколі гэтага не сказаў, але мне часам прыходзіла думка, што Стах… сапраўды, ужо і думаць не думае пра палітыку, бо з галавою патануў ў фалдах сукенкі тае панны. Здаецца, я нават казаў яму нешта падобнае, і ягоны адказ не зменшыў маіх падазрэнняў.

– Хіба гэта магчыма, – пачаў я, – каб Вакульскі зусім забыў пра грамадскія справы, пра палітыку, пра Еўропу…

– З Партугаліяй, – дадаў доктар.

Гэткі цынізм абурыў мяне.

– Пан кпіць, – сказаў я. – Але хіба можна запярэчыць, што Стах мог стацца нечым большым, чым няшчасны закаханы ў панну Ленцкую. Ён быў грамадскі дзеяч, а не нейкі там нягеглы ўздыхальнік…

– Мае пан рацыю, – згадзіўся доктар, – але што з таго? Паравая махіна, прынамсі, не млынок на каву, гэта вялікая махіна. Але варта заржавець у ёй аднаму малому колку, і яна ператвараецца ў непатрэбную старызну, нават небяспечную. Вось і ў Вакульскім ёсць падобнае кола, якое ржавее і псуецца…

Вецер усё мацнеў. Мне запарушыла пяском вочы.

– І адкуль на яго гэта навала? – азваўся я. (Але нядбалым тонам, каб Шуман не падумаў, што я хачу нешта выпытаць.)

– Тут і характар Стаха, і створаныя цывілізацыяй нормы,  – адказаў доктар.

– Характар?.. Ніколі не быў ён падкі на каханне.

– Таму і прапаў, – працягваў Шуман. – Цэнтнеры снегу, падзеленыя на сняжынкі, толькі запарушыць зямлю і не пашкодзяць ніводнае травінкі. Але цэнтнеры снегу, збітага ў лавіну, разбураюць жытло і забіваюць людзей. Каб Вакульскі кожны тыдзень кахаў іншую, дык быў бы падобны да пончыка, меў вольныя думкі і шмат карыснага мог зрабіць на свеце. Але ён, як скнара, збіраў капітал пачуццяў, ну і бачым вынік гэтае ашчаднасці. Каханне тады прыгожае, калі мае лёгкасць матылька, а калі пасля доўгае летаргіі яно абудзіцца, як тыгр, дык барані Божа ад гэткае пацехі! Адна справа добры апетыт, а зусім іншая – калі кішкі марш іграюць…

Хмараў усё большала, мы павярнулі назад ужо амаль ад самых рагатак. Я падумаў, што Стах мусіць быць каля Руды Гузоўскае.

А доктар правіў сваё, усё больш хвалюючыся, усё мацней махаючы кіем:

– Ёсць гігіена жытла і адзення, гігіена харчавання і працы, якой не прытрымліваюцца ніжэйшыя класы, і ў гэтым прычына павышанай смяротнасці, прычына кароткага жыцця і выраджэння. Але ёсць таксама і гігіена кахання, якой не толькі не прытрымліваюцца, а, наадварот, якую гвалцяць адукаваныя класы, і гэта з’яўляецца адной з прычын іх заняпаду. Гігіена патрабуе: “Еж тады, калі хочацца!”, але насуперак гэтаму безліч правілаў хапае нас за полы з віскатам: “Нельга!.. Будзеш есці тады, калі мы табе дазволім, калі выканаеш такія і такія ўмовы, вызначаныя маральнасцю, традыцыямі, модаю…” Трэба прызнаць, што тут найбольш адсталыя грамадствы апярэдзілі самыя прагрэсіўныя, а хутчэй, іх адукаваныя класы.

І звярні ўвагу, пане Ігнацы, у якой згодзе між сабою працуюць на абалваньванне людзей і дзіцячы пакой, і салон, і паэзія, і проза, і драма. Загадваюць табе шукаць ідэалы, самому быць ідэальным аскетам і не толькі выконваць, але нават ствараць нейкія штучныя ўмоўнасці. А які вынік?.. Мужчына, бо яго звычайна менш дрэсіруюць, робіцца здабычаю кабеты, якую толькі і робяць, што дрэсіруюць. І вось што атрымліваецца: насамрэч цывілізацыяй кіруюць кабеты!

– Хіба гэта кепска? – спытаў я.

– Да д’ябла! – выгукнуў доктар. – Ці ты, пан Ігнацы, не заўважыў, што калі мужчына з духоўнага пункту гледжання з’яўляецца мухаю, дык кабета – яшчэ горшая муха, бо пазбаўленая лап і крылаў. Выхаванне, традыцыі, можа, нават і спадчыннасць, якія нібы робяць з яе істоту вышэйшую, робяць з яе істоту пачварную. І гэты нікчэмны вырадак – са скрыўленымі ступакамі, з пераціснутым тулавам, з неразвітымі мазгамі – мае абавязак выхоўваць будучыя пакаленні чалавецтва! Што ён ім прышчэпіць?.. Ці вучацца дзеці працаваць, каб зарабіць на кавалак хлеба? Не, яны вучацца прыгожа трымаць нож і відэлец. Ці вучацца яны разумець людзей, з якімі давядзецца жыць? Не, яны вучацца падабацца ім з дапамогаю адпаведных грымас і паклонаў. Ці вучацца яны бачыць рэальныя факты, ад якіх залежыць наша шчасце і няшчасце? Не, яны вучацца заплюшчваць вочы на факты і марыць пра ідэалы. Наша мяккасць у жыцці, наша непрактычнасць, гультайства, дагодлівасць і тая жахлівая бязмозгасць, якая вякамі гняце чалавецтва, – гэта вынік педагогікі, створанай кабетамі. Зноў жа, нашы кабеты – гэта плод клерыкальна-феадальна-паэтычнае тэорыі кахання, знявага гігіены і здаровага сэнсу.

У галаве мне шумела ад высноваў доктара, а ён тым часам шыбаваў наперад, як шалёны. На шчасце, бліснула маланка і ўпалі першыя кроплі дажджу, дык балбатлівы прамоўца раптам апрытомнеў, ускочыў у першую ж брычку і загадаў везці яго дадому.

Стах быў ужо, пэўна, каля Рогава. Ці здагадваўся ён, што мы яго з языка не спускалі? А сам, бедачына, што ён адчуваў, калі адна бура бушавала ў яго над галавою, а другая, можа, яшчэ мацней – у сэрцы?

Аёй! Якая залева, якая кананада перуноў… Скручаны ў клубок Ір праз сон слаба пабрэхвае, калі грыміць, а я кладуся ў ложак і накрываюся адною прасціною. Гарачая ноч. Пане Божа, апякуйся тымі, хто ў падобную ноч з гора ўцякае за мяжу.

Часта бывае дастаткова дробязі, каб рэчы старыя, як людскія грахі, паказаліся нам у новым святле.

Я, напрыклад, ведаю Стары горад з дзяцінства, і заўсёды мне здавалася, што ён цесны і брудны. Але калі паказалі мне ў якасці каштоўнасці адзін са старадаўніх будынкаў (ды яшчэ ў “Ілюстраваным штотыднёвіку”[162]), я раптам заўважыў, што Стары горад прыгожы… З тае пары хаджу туды, прынамсі, раз на тыдзень і не толькі адкрываю штораз новыя асаблівасці, але яшчэ і дзіўлюся, што не заўважаў іх раней.

Гэтак жа і з Вакульскім. Я ведаю яго не менш за дваццаць гадоў і заўсёды думаў, што ён прыроджаны палітык. Галавою б паручыўся, што Стах нічым іншым не займаецца, апроч палітыкі. Але двубой з баронам і авацыі Росі абудзілі ў мяне падазрэнні, што ён, можа, закахаўся. А пасля размовы з Шуманам я перастаў у гэтым сумнявацца.

Зрэшты, гэта лухта, бо і палітык можа закахацца. Вось Напалеон І кахаў усіх без разбору, а трос усю Еўропу. Напалеон ІІІ таксама меў шмат каханак, і я чуў, што ягоны сын удаўся ў бацьку ды знайшоў ужо сабе нейкую англічанку.

Дык калі слабасць да кабет не кампраметуе Банапартаў, чаго мне папікаць гэтым Вакульскага?..

І якраз калі я гэтак разважаў, здарыўся адзін выпадак, які нагадаў мне падзеі амаль дваццацігадовае даўніны, а самога Стаха прадставіў у іншым святле. Ох, ён не палітык, ён – нехта зусім іншы, я нават не магу гэтага добра ўсвядоміць.

Мне здаецца часам, што ён – чалавек, пакрыўджаны грамадствам. Але… маўчу!.. Грамадства нікога не крыўдзіць… Каб раптам перасталі ў гэта верыць, дык Бог ведае, колькі б пасыпалася прэтэнзій. Можа, нават ніхто ўжо не займаўся б палітыкай, а толькі думаў бы, як паквітацца з бліжнімі. Дык лепш не кранаць гэтых пытанняў. (Які я стаў гаваркі пад старасць, а ўсё не пра тое, пра што хацелася б сказаць.)

Дык вось, аднойчы ўвечары п’ю я ў сябе гарбату (Ір увесь час нейкі асалавелы), аж адчыняюцца дзверы і нехта ўваходзіць. Гляджу: постаць мажная, твар наліты, нос чырвоны, галава сівая. Прынюхаўся: пахне ў пакоі нібы віном і цвіллю.

“Гэты шляхціц, – думаю я, – або нябожчык, або кіпер[163] Бо ні ад каго іншага не несла б прытхласцю.”

– Да д’ябла! – дзівіцца прыбыш. – Гэтак ты ўжо заганарыўся, што людзей не пазнаеш?..

Працёр я вочы. Але ж гэта жывы Махальскі, кіпер Гопфера!.. Разам былі мы ў Венгрыі, пазней тут, у Варшаве, але ўжо гадоў з пятнаццаць не бачыліся, бо ён жыве ў Галіцыі, дзе па-ранейшаму – кіпер.

Вядома, павіталіся мы як родныя браты – раз, другі і трэці…

– Калі ты прыехаў? – пытаюся я.

– Сёння раніцаю, – адказвае ён.

– І дзе ж ты бадзяўся да гэтае пары?

– Заехаў на Дзеканку[164], але было мне гэтак тужліва, што адразу пайшоў у склеп да Лесіша…[165] Гэта, пане, склеп!.. Жыві ды радуйся…

– Што ж ты там рабіў?

– Трохі дапамагаў старому, а так – сядзеў. Няма дурных бадзяцца па горадзе, калі ёсць такі склеп.

Вось праўдзівы кіпер даўняе загартоўкі!.. Не цяперашні франт, які пойдзе лепш на танцы, чым будзе, шэльма, сядзець у склепе. І нават у склеп цягне свае лакіркі… Гіне Польшча з такім паганым купецтвам!

Слова за слова, прасядзелі мы да гадзіны ночы. Махальскі пераначаваў у мяне і а шостай рана зноў паімчаў да Лесіша.

– Што ты будзеш рабіць пасля абеду? – пытаюся я ў яго.

– Пасля абеду зайду да Фукера[166], а на ноч вярнуся да цябе, – адказаў ён.

Быў ён з тыдзень у Варшаве. Начаваў у мяне, а дняваў у склепах.

– Павесіўся б, – кажа ён, – каб цэлы тыдзень давялося мне швэндацца па вуліцах. Штурханіна, спёка, пыл!.. Сабачае жыццё. Нялюдскае.

Здаецца мне, ён перабольшвае. Бо хоць і мне лепш у краме, чым на Кракаўскім прадмесці, аднак крама – гэта не склеп. Дзіваком стаў хлапец на гэтым сваім кіперстве.

Вядома, пра што ж нам было размаўляць з Махальскім, як не пра даўніну ды не пра Стаха? І гэткім чынам паўстала ў мяне перад вачыма гісторыя яго маладосці, нібы здарылася гэта ўчора.

Памятаю (быў гэта год 1857, можа, 58), зайшоў я раз да Гопфера, у якога працаваў Махальскі.

– А дзе пан Ян? – пытаюся я ў слугі.

– У склепе.

Спускаюся я ў склеп. Бачу, гарыць лоевая свечка, мой пан Ян злівае леварам[167] віно з бочкі ў бутэлькі, а ў нішы відны нейкія дзве постаці: сівы стары ў светлым сурдуце са стосам папер на каленях і малады хлапец з коратка стрыжанымі валасамі ды разбойніцкаю фізіяноміяй. Гэта быў Стах Вакульскі і яго бацька.

Я ціха сеў (бо Махальскі не любіў, каб яму перашкаджалі пры зліванні віна), а сівы чалавек у светлым сурдуце манатонна даводзіў гэтаму дзецюку:

– Навошта ты марнуеш грошы на кніжкі?.. Мне давай, бо як давядзецца спыніць працэс – пішы прапала. Не кніжкі цябе выцягнуць з таго прыніжэння, у якое ты трапіў, а толькі працэс. Калі я выйграю і вернем мы дзедаў маёнтак, тады ўсе ўспомняць, што Вакульскія – старая шляхта і нават знойдзецца радня… У мінулым месяцы ты дваццаць злотых усадзіў на кніжкі, а мне акурат столькі не хапіла на адваката… Кніжкі! Адны кніжкі… Нават, каб стаў разумны, як Саламон, пакуль будзеш у краме, заўсёды будуць табою пагарджаць, хоць ты і шляхціц, а твой дзед па матцы быў кашталянам[168]. А калі я выйграю працэс, калі перабяромся мы ў вёску…

– Пойдзем адсюль, бацька, – буркнуў хлапец, зіркаючы на мяне з-пад ілба.

Стары, паслухмяны, як дзіця, завязаў свае паперы ў чырвоную хустку і пайшоў за сынам, які мусіў падтрымліваць яго на сходах.

– Што гэта за арыгіналы? – пытаюся я ў Махальскага, які скончыў ужо работу і прысеў на ўслончык.

– А! – махнуў ён рукою. – Старому клёпак у галаве не стае, а хлапец здатны. Завецца Станіслаў Вакульскі. Спрытны, шэльма.

– Зрабіў нешта? – пытаю я.

Махальскі зняў пальцамі нагар са свечкі, каб ясней гарэла, наліў мне кілішак віна і пачаў апавядаць:

– Ён тут у нас ужо чатыры гады. Да крамы або да склепа не надта… Але механік!.. Зрабіў гэткую машыну, што пампуе ваду з долу ўгару, а з гары лье на кола, якое якраз і рухае помпу. Гэткая машына можа круціцца і пампаваць да канца свету, але нешта ў ёй наперакос пайшло, дык рухалася яна толькі чвэрць гадзіны. Стаяла там, наверсе, у сталовым пакоі, і заваблівала гасцей да Гопфера, але ўжо з паўгода нешта ў ёй зламалася.

– Які хвацкі!.. – кажу я.

– Ну, яшчэ не аж такі, – адказаў Махальскі. – Быў тут адзін прафесар з рэальнага вучылішча, агледзеў ён помпу і сказаў, што яна нікуды не вартая, але хлопец здольны і мусіць вучыцца. З таго часу маем мы судны дзень у краме. Вакульскі заганарыўся, з гасцямі няветлівы, толькі і глядзіць, каб пакімарыць удзень, бо ўночы вучыцца і пачаў кніжкі купляць. А бацьку яго хочацца тыя грошы выкарыстаць на судовы працэс. Судзіцца ён за нейкі там дзедаў маёнтак… Ты ж чуў.

– А што ён думае пра навуку? – пытаю я.

– Кажа, што паедзе ў Кіеў ва ўніверсітэт. Во як! Хай едзе, – правіў Махальскі, – можа, хоць адзін крамнік у людзі выб’ецца. Я яму не перашкаджаю. Калі ён у склепе, дык не завальваю работай, хай хлопец пачытае. Але наверсе назаляюць яму крамнікі і госці.

– А што Гопфер?

– Нічога, – працягваў Махальскі, устаўляючы новую лоевую свечку ў жалезны ліхтар з ручкаю. – Гопфер баіцца адпудзіць Вакульскага, бо Кася Гопферава горнецца трохі да яго. Можа, хлопец і верне калі дзедаў маёнтак.

– І ён горнецца да Касі? – запытаўся я.

– Нават не зірне ў той бок, дзікая шэльма! – адказаў Махальскі.

Мне тады адразу падумалася, што хлопец з гэткаю галавой, які купляе кніжкі і не дбае пра дзяўчат, мог бы стаць добрым палітыкам. Дык я ў той самы дзень пазнаёміўся са Стахам, і з тае пары адносіны ў нас не найгоршыя…

Стах быў яшчэ гады тры ў Гопфера і за гэты час завёў шмат знаёмстваў сярод студэнтаў, маладых чыноўнікаў з розных установаў, якія навыперадкі неслі яму кнігі, каб ён здаў іспыты ва ўніверсітэт.

Сярод тае моладзі быў нейкі Леон[169], хлопец яшчэ малады (не было яму і дваццаці гадоў), прыгожы, а што ўжо разумны, а што задзірысты! Быў ён нібы маім памочнікам у палітычнай адукацыі Вакульскага, бо калі я расказваў таму пра Напалеона і пра вялікі запавет Банапартаў, дык пан Леон – пра Мадзіні[170], Гарыбальдзі ды ім падобных. А як умеў ён натхняць!

– Працуй, – не раз казаў ён Стаху, – і вер, бо моцная вера можа затрымаць рух Сонца, а не тое што палепшыць стасункі паміж людзьмі.

– Можа, мне даслаць дакументы ва ўніверсітэт? – спытаў Вакульскі.

– Я ўпэўнены, – адказаў Леон з бляскам у вачах, – каб хоць адну хвіліну была ў цябе гэткая ж вера, як у першых апосталаў, дык ужо сёння апынуўся б ты ва ўніверсітэце…

– Або ў вар’ятні, – прамармытаў Вакульскі.

Леон забегаў па пакоі і замахаў рукамі:

– Які лёд у гэтых сэрцах!.. Якая апатыя!.. Якая прыніжанасць!.. – крычаў ён. – Калі нават такі чалавек, як ты, не здольны верыць. Прыгадай, колькі ты ўжо паспеў зрабіць за гэткі кароткі час. Ты ўжо столькі ведаеш, што мог бы сёння паздаваць іспыты…

– Што я магу! – уздыхнуў Стах.

– Ты адзін – няшмат. Але некалькі дзясяткаў, некалькі сотняў такіх, як ты, як я… Ці ведаеш ты, што мы можам зрабіць?

Тут голас яму здрадзіў. У Леона пачаліся сутаргі. Ледзьве мы яго адхаялі.

Іншым разам пан Леон папікаў нас адсутнасцю ахвярных памкненняў.

– Хіба вы не ведаеце, – казаў ён, – што Хрыстос сілаю свае ахвярнасці адзін збавіў чалавецтва?.. Як палепшаў бы свет, каб у ім заўсёды былі асобы, гатовыя ахвяраваць жыццём!..

– Я мушу аддаваць жыццё за тых гасцей, што лаюцца на мяне, як на сабаку, ці за тых пасыльных і крамнікаў, што падымаюць мяне на смех? – запытаўся Вакульскі.

– Не шукай адгаворак! – закрычаў пан Леон. – Хрыстос загінуў нават за сваіх катаў… Але ў вас слабы дух… Дух ваш гнілы… А паслухай, што кажа Тыртэй[171]: “О, Спарта, загінь, пакуль тваю веліч – магілу прадзедаў – не зруйнаваў месінскі молат. І не выкінуў сабакам святыя косці. І прашчураў цень не прагнаў ад сцен… А ты, народ, пакуль яшчэ вораг не закаваў цябе, зламі мячы бацькоў на парозе дому і кінь у прорву. Няхай не ведае свет, што ў вас былі мячы, але не хапіла вам мужнага сэрца”[172]. Сэрца, – паўтарыў Леон.

Хоць і насцярожана слухаў Стах тэорыі Леона, але дзяцюк той, як Дэмасфен, здольны быў пераканаць кожнага.

Я памятаю, як аднаго вечара на шматлюдным сходзе плакалі мы ўсе, як адзін, і маладыя, і сталыя, калі Леон апавядаў нам пра той дасканалы свет, у якім не будзе месца дурноце, жабрацтву, несправядлівасці.

– З гэтае хвіліны, – казаў ён узнёсла, – не будзе ўжо розніцы паміж людзьмі. Шляхта і мяшчане, сяляне і жыды – усе будуць братамі…

– А крамнікі?.. – азваўся з кутка Вакульскі.

Але гэта заўвага не збянтэжыла пан Леона. Ён рэзка павярнуўся да Вакульскага, пералічыў усе прыкрасці, якія рабілі таму ў краме, усе перашкоды, якія паўставалі ў яго на шляху да навукі, і скончыў гэтак:

– А каб ты паверыў, што роўны з намі, што мы любім цябе, як брата, каб мог супакоіць сваё сэрца, поўнае гневу на нас, вось я… кленчу перад табою і ад імя чалавецтва малю прабачыць крыўды.

Сапраўды, ён укленчыў перад Стахам і пацалаваў яму руку. Усе на тым сходзе расчуліліся яшчэ больш, Стаха і Леона паднялі ўгору на руках і прысягнулі, што за такіх людзей, як яны, кожны аддаў бы жыццё.

Сёння, калі я прыгадваю тыя падзеі, здаецца мне часам, што быў гэта сон. Праўда, ніколі раней і ніколі пазней не сустракаў я гэткага энтузіяста, як пан Леон.

На пачатку 1861 года Стах адмовіўся ад месца ў Гопфера. Пасяліўся ён у мяне (у маім пакойчыку з закратаваным акном і зялёнымі фіранкамі), кінуў гандаль і пачаў хадзіць вольным слухачом на акадэмічныя лекцыі.

Дзіўным было яго развітанне з крамаю. Я памятаю, бо сам прыйшоў тады па яго. Ён пацалаваўся з Гопферам, а потым спусціўся ў склеп, каб абняць Махальскага, дзе затрымаўся на пару хвілін. Я сядзеў у сталовым пакоі і чуў нейкі шум, рогат крамнікаў ды гасцей, але не падазраваў фігляў. Раптам бачу (лаз у лёхі быў у тым самым пакоі), як са склепа высоўваецца пара чырвоных рук. Рукі тыя хапаюцца за падлогу, і за імі паказваецца ды зноў хаваецца галава Стаха – раз, другі. Госці і прыслуга рагочуць.

– Ага, – закрычаў адзін з гасцей, – бачыш, як цяжка без драбіны вылезці са склепа? А табе заманулася адразу з крамы ва ўніверсітэт скочыць!.. Вылазь, калі такі разумны…

Стах з глыбіні зноў высунуў рукі, зноў ухапіўся за край адтуліны і вылез напалову. Я думаў, што кроў пырсне ў яго з твару.

– Як ён стараецца… Цудоўна атрымліваецца!.. – закрычаў іншы госць.

Стах зачапіўся нагою за падлогу і праз момант быў ужо ў пакоі. Ён не злаваўся, але і рукі не падаў ніводнаму з калегаў, забраў сваю торбу ды пайшоў да дзвярэй.

– Чаго ж з намі не развітваешся, пане доктар!.. – крычалі яму ўслед госці Гопфера.

Мы ішлі вуліцаю моўчкі. Стах кусаў вусны, а мне тады падумалася: тое, як ён вылазіў са склепа – сімвал яго жыцця, мэтаю якога было выбрацца з крамы Гопфера на шырокі прастор.

Прарочы выпадак!.. Бо і да сённяшняга дня Стах няспынна выбіраецца наверх. І Бог ведае, што б мог зрабіць дзеля краю гэтакі чалавек, каб на кожным кроку не забіралі ў яго драбіну, каб не мусіў ён губляць сілы і час на адно толькі здабыванне новых пазіцый.

Калі ён перабраўся да мяне, працаваў дзень і ноч, аж зло мяне брала. Уставаў ён раней за шостую і чытаў, а дзясятай бег на лекцыі, потым зноў чытаў. Пасля чацвёртай было ў яго рэпетытарства ў некалькіх сям’ях (пераважна жыдоўскіх, з якімі звёў Шуман), калі ж вяртаўся дадому – зноў чытаў і чытаў, пакуль сон не зморыць ды не ляжа ён, нарэшце, спаць позна ўночы.

Меў бы ён з тых урокаў някепскі даход, каб раз-пораз не наведваўся да яго бацька, усіх зменаў у якога было толькі, што сурдут ён насіў ужо не светла-карычневы, а табачнага колеру, і паперы свае закручваў у блакітную хустку. А ў астатнім застаўся такі самы, як і тады, калі я першы раз яго ўбачыў. Ён сядаў да стала сына, клаў на калені паперы ды ціха і манатонна пачынаў:

– Кніжкі… усё кніжкі!.. Ты траціш грошы на навуку, а мне не стае на працэс. Нават як і два ўніверсітэты скончыш, не выграбешся з цяперашняе прыніжанасці, пакуль не вернем дзедавых маёнткаў. Тады людзі прызнаюць, што ты шляхціц, роўны іншым… Тады знойдзецца і радня…

Час, вольны ад навукі, Стах прысвячаў доследам з паветранымі балонамі. Ён узяў вялікі буталь, з дапамогаю купарвасу вытварыў там нейкі газ (ужо і не памятаю які) ды напоўніў ім балон, праўда, невялікі, але зроблены па-майстэрску. Была пад ім машынка з ветраком… Ну і лятаў ён пад столлю, пакуль не разбіваўся аб сцяну.

Тады Стах зноў штукаваў свой балон, рамантаваў машынку, напаўняў буталь розным паскудствам і зноў спрабаваў. І гэтак без канца. Раз буталь трэснуў, а купарвас ледзь не выпаліў яму вока. А яму хоць бы дзічкі! З дапамогаю, хіба, балона хацеў ён цяпер “вылезці” са свайго марнага становішча.

З таго часу, як Вакульскі пасяліўся ў мяне, з’явілася ў нашай краме новая пакупніца – Кася Гопфер. Не ведаю, што ёй так у нас прыпала да густу – маё шчацінне ці туша Яна Мінцля. Бо ў дзяўчыны было не менш за дваццаць крамак з рознаю драбязою паблізу дому, але хадзіла яна ў нашу. Некалькі разоў на тыдзень.

“А то воўны, а то ядвабу, а то іголак за дзевяць грошай…” Па такі справунак бегла яна вярсту дарогі і ў пагоду, і ў непагадзь ды, купляючы на грош шпілек, прастойвала ў краме па паўгадзіны, размаўляючы са мною.

– Чаму ж пан ніколі не прыходзіць да нас з… панам Станіславам? – пыталася яна і чырванела. – Бацька гэтак паноў любіць і… мы ўсе…

Спачатку я дзівіўся гэтай неспадзяванай любові старога Гопфера і даводзіў панне Касі, што не ў такім добрым мы знаёмстве з яе бацькам, каб рабіць яму візіты. А яна ўсё сваё:

– Пан Станіслаў, хіба, гневацца на нас, хоць і не ведаю за што, бо татка і… мы ўсе вельмі сумуем па ім. Пан Станіслаў, хіба, не можа скардзіцца, каб зазнаў з нашага боку нейкую прыкрасць… Пан Станіслаў…

І гэтак бясконца згадваючы пана Станіслава, купляла яна ядваб замест пражы або іголкі замест нажніц.

А горш за ўсё, што з дня на дзень бедачына марнела. Калі заходзіла яна да нас па свае дробныя пакупкі, здавалася мне, што выгляд у яе нішто сабе, але як знікаў румянец хвіліннае ўзрушанасці, бачыў я, які бяскроўны ў яе твар, а вочы сумныя ды западаюць усё глыбей і глыбей.

А як яна выпытвала: “Ці пан Станіслаў ніколі не заходзіць сюды, у краму?..” Як узіралася ў дзверы, дзе за некалькі крокаў Вакульскі, засяроджаны ў сваіх фантазіях ды кніжках, нават не здагадваўся, што яна гэтак тужыць па ім.

Шкада мне зрабілася гаротніцу, дык аднойчы ўвечары, калі мы з Вакульскім пілі гарбату, я сказаў:

– Не будзь жа ты гэтакім дурнем, зайдзі калі да Гопфера. У старога шмат грошай.

– Чаго мне хадзіць да яго? – адказаў ён. – Быў ужо, хопіць…

Аж скаланула яго.

– Таму схадзі, што Кася ў цябе закаханая, – сказаў я.

– Не чапіся ты да мяне з Касяю!.. – абарваў ён мяне. – Дзяўчына яна добрая, не раз крадком прышывала мне адарваны гузік да паліто або пакідала кветку на вакне, але яна не для мяне, а я не для яе.

– Галубка, а не дзіця, – уздыхнуў я.

– У тым і бяда, бо я не галубок. Мяне магла б прывабіць толькі такая кабета, як я сам. А такой я не спаткаў яшчэ.

(Спаткаў ён такую праз шаснаццаць гадоў і, далібог, няма чым цешыцца.)

Кася ўсё радзей і радзей заходзіла ў нашу краму, а замест яе прыйшоў раз з візітам да панства Мінцляў стары Гопфер. Відаць, сказаў ён ім нешта пра Стаха, бо ўжо на другі дзень збегла ўніз пані Малгажата Мінцаль ды кінулася да мяне з прэтэнзіямі:

– Што гэта за кватарант у пана Ігнацыя, за якім панны шалеюць?.. Што гэта за Вакульскі?.. Ясю, – звярнулася яна да мужа, – чаму гэты пан да нас не заходзіў? Мы павінны яго сасватаць, Ясю… Няхай ён прыйдзе наверх…

– Няхай сабе і наверх ідзе, – адказаў Ян Мінцаль, – але ўжо сватаць яго я не буду. Я пачцівы купец і займацца зводніцтвам не збіраюся.

Пані Малгажата пацалавала яго ў мокры ад поту твар, нібы гэта быў яшчэ мядовы месяц, а ён лагодна адсунуў яе і абцёрся хусткаю.

– Цырк з гэтымі бабамі! – сказаў ён. – Абавязкова ім зацягнуць чалавека ў бяду. Сватай сабе, сватай, нават Гопфера, а не толькі Вакульскага, але памятай, я за гэта плаціць не буду.

З тае пары, варта было Ясю Мінцлю пайсці на піва або ў рэстарацыю, як пані Малгажата звала нас з Вакульскім да сябе на вечар. Стах звычайна выпіваў гарбату і нават не глядзеў на пані Мінцлёву, а потым сядзеў з рукамі ў кішэнях, думаючы, напэўна, пра свае паветраныя балоны, ды маўчаў, як камень, а наша гаспадыня схіляла яго да кахання.

– Як можна, пане Вакульскі, каб пан не быў яшчэ закаханы? – казала яна. – Пану, наколькі мне вядома, дваццаць восем гадоў, амаль, як мне… Дык я даўно ўжо лічуся старою бабаю, а пан усё яшчэ сама нявіннасць…

Вакульскі закладаў нагу на нагу, але нічога не адказваў.

– О, пані Катажына – проста любата, – працягвала гаспадыня. – Вочы прыгожыя… Хоць, здаецца мне, левае трохі крывое… Ці правае?.. Фігурка ніштаватая, хоць адна лапатка крыху вышэй (але гэта дадае грацыі). Носік не ў маім гусце, праўда, а рот крыху велікаваты, але якая яна добрая дзяўчына!.. Каб яшчэ трохі розуму… Ну, але розум, пане Вакульскі, з’яўляецца ў кабет гадоў каля трыццаці… Я сама ў веку Касі была дурненькая, як канарэйка… Закахалася ў майго цяперашняга мужа!..

Ужо падчас трэцяга візіту прыняла нас пані Малгажата ў шлафроку (быў гэта вельмі прыгожы шлафрок, абшыты карункамі), а на чацвёрты раз я зусім не быў запрошаны, толькі адзін Стах. Не ведаю, далібог, пра што яны там гутарылі. Стах, праўда, вяртаўся дадому ўсё больш пахмурны, наракаючы, што баба час забірае. А пані Малгажата тлумачыла мужу, што Вакульскі надта няцямлівы, і ёй шмат яшчэ трэба папрацаваць, пакуль яна яго сасватае.

– Працуй, каханая, працуй над ім, – заахвочваў яе муж, – бо шкода дзяўчыну, ну і Вакульскага. Страшна падумаць, што гэтакі прыстойны хлопец, які столькі гадоў быў крамнікам, які можа атрымаць краму ў спадчыну па Гопферы, змарнуецца ва ўніверсітэце. Цьху!..

Падтрыманая ў сваіх добрых намерах пані Мінцлёва ўжо не толькі запрашала Вакульскага ўвечары на гарбату, на якую ён унікаў хадзіць, але сама стала прыбягаць у мой пакойчык, клапатліва распытваючы Стаха, ці ён не захварэў, і дзівілася, што той яшчэ не закахаўся. Ён, амаль старэйшы за яе! (Я думаю, што яна сама была крыху старэйшая.) Апроч таго, пачала кабета то плакаць, то смяяцца, то сварыцца на мужа, які на цэлыя дні ўцякаў з дому, то выказваць прэтэнзіі мне, што я недарэка, што не ведаю жыцця, што прымаю кватарантамі людзей падазроных…

Словам, пачаўся гэткі вэрхал у доме, што Ясь Мінцаль спаў з цела, хоць піў усё больш піва, а я ўжо думаў: адно з двух… або звольнюся ад Мінцля, або адмоўлю ў кватэры Вакульскаму.

Адкуль, ліха на яе, даведалася пра маю заклапочанасць пані Малгажата? Уявіць сабе не магу. Але зайшла яна раз увечары да мяне ў пакой, заявіла, што я яе вораг і, відаць, вельмі паганы чалавек, калі адмаўляю гэткаму добраму чалавеку, як Вакульскі… Потым яна заявіла, што яе муж паганы, што Вакульскі паганы, што ўсе мужчыны паганыя і, нарэшце, на маёй уласнай канапе пачаліся ў яе канвульсіі.

Сцэны гэткія паўтараліся ўжо ледзьве не кожны дзень, і не ведаю, да чаго б дайшло, каб не паклаў ім канец адзін з самых дзіўных выпадкаў, якія давялося мне бачыць.

Аднаго разу запрасіў мяне з Вакульскім да сябе на вечар Махальскі.

Мінула ўжо дзявятая, калі мы пайшлі, і куды ж, як не ў яго любімы склеп, дзе пры мігатлівым святле трох лоевых свечак убачыў я пару дзясяткаў чалавек, а між імі – пана Леона. Ніколі, пэўна, не забыць мне тых маладых, у большасці, твараў, якія высоўваліся з-за акаваных бочак або ледзь заўважныя былі ў цемры.

Мушу прызнаць, гасцінны Махальскі ўжо на прыступках прывітаў нас вялізным келіхам віна (і досыць добрага), а мяне яшчэ ўзяў пад сваю асаблівую апеку, дык адразу зашумела мне ў галаве, і праз некалькі хвілін быў я моцна захмялелы. Таму сеў я здаля ад бяседнікаў у глыбокай нішы і ў нейкім паўсне назіраў за імі.

Што там рабілася, я добра не ведаю, бо самыя дзікія фантазіі віравалі ў маёй галаве. Мроілася мне, што пан Леон зноў прамаўляе пра сілу веры, пра ўпадак духу і пра неабходнасць ахвярнасці, а яго гучна падтрымліваюць прысутныя. Згодны хор, аднак, пацішэў, калі пан Леон пачаў пераконваць, што час, нарэшце, выпрабаваць гатоўнасць да дзеяння. Я мусіў быць надта нецвярозым, бо мне падалося, што пан Леон прапануе, каб нехта з прысутных скочыў з Новага З’язду[173] на брук вуліцы, якая праходзіла пад ім. Тут усе, як адзін, змоўклі, а шмат хто схаваўся за бочкі.

– Дык ніхто не наважыцца на пробу?! – крычаў пан Леон.

Маўчанне было яму адказам. Склеп нібы апусцеў.

– Дык ніхто?.. Ніхто?..

– Я, – азваўся нейкі амаль незнаёмы мне голас.

Азірнуўся – у мігатлівым святле стаяў Вакульскі.

Віно Махальскага было гэткае моцнае, што ў гэты момант прытомнасць мяне пакінула.

Пасля тае бяседы ў склепе некалькі дзён Стах не паказваўся дома. Нарэшце, прыйшоў – у чужым адзенні, зблажэлы, але з высока задзёртаю галавою. Тады першы раз пачуў я ў ягоным голасе тую цвёрдасць, якая да сённяшняга дня робіць на мяне прыкрае ўражанне.

З гэтага часу зусім змянілася яго жыццё[174]. Свой паветраны балон з ветраком закінуў ён у кут, дзе зацягнула яго павуцінне, бутлі для вытворчасці газу аддаў вартаўніку пад ваду, у кніжкі нават не зазіраў. Так і ляжалі тыя скарбніцы чалавечае мудрасці: адны – на паліцы, другія – на стале, адны – закрытыя, іншыя – разгорнутыя, а ён тым часам…

Бывала, па некалькі дзён не стыкаўся ён дома, нават начаваць не прыходзіў, а потым з’явіцца ўвечары і проста ў адзёжы кінецца на ложак, які нават не рассцілае. Часам замест яго прыходзілі нейкія незнаёмыя мне паны, якія начавалі на канапе, на ложку Стаха, нават – на маім уласным, не толькі не падзякаваўшы мне, але нават не кажучы, як іх клічуць і дзе яны працуюць. Здаралася, што завітваў і сам Стах ды сядзеў у пакоі па некалькі дзён без ніякага занятку, сярдзіты, насцярожаны, як каханак, што прыйшоў на спатканне да маладзіцы, але баіцца сустрэчы з яе мужам.

Не думаю, каб Малгося Мінцлёва магла быць тою маладзіцаю, хоць і яна мела выгляд, нібы яе гусак ушчыкнуў.

З раніцы аббягала кабета не менш за тры касцёлы, несумненна, з намерам з усіх бакоў назаляць міласэрнаму Богу. Адразу па абедзе збіраліся ў яе на нейкую сходку дамы, якія ў чаканні важных падзеяў пакідалі мужоў і дзяцей, каб заняць час плёткамі. Пад вечар сыходзіліся панове, але тыя без лішніх слоў адразу выпраўлялі пані Малгажату на кухню.

Нічога дзіўнага, што пры такім бязладдзі дома і ў мяне пачалі думкі ў галаве мяшацца. Здавалася мне, што ў Варшаве стала неяк цясней, што ўсе кругом здурнелі. З гадзіны на гадзіну чакаў я нечага неакрэсленага, неспадзяванага, але ва ўсіх нас быў выдатны настрой і ў галовах вірылася безліч планаў.

Тым часам Ясь Мінцаль, якому жонка жыцця не давала, з самага ранку сыходзіў з дому на піва, а вяртаўся ўжо ўвечары. Нават прымаўку сабе знайшоў: “Чаго ўжо там! Адзін раз казе смерць…”, якую паўтараў да канца жыцця.

Нарэшце, пэўнага дня Стах Вакульскі зусім знік з вачэй. Толькі праз два гады напісаў ён мне з Іркуцка[175], а ў лісце прасіў даслаць ягоныя кніжкі.

Увосень 1870 года (якраз вярнуўся я ад Яся Мінцля, бо той ужо злёг), сяджу ў сваім пакойчыку пасля вячэрняе гарбаты, як раптам стукаецца нехта ў дзверы.

– Herrein![176]– кажу я.

Дзверы рып… гляджу, стаіць на парозе нейкая барадатая шэльма ў маржовым футры поўсцю наверх.

– Ну, – кажу я, – каб мяне д’яблы забралі, калі ты не Вакульскі…

– Ён, – адказвае ягамосць у маржовым футры.

– У імя Айца і Сына!.. – кажу я. – Жарцікі строіш ці дарогу пытаешся?.. Адкуль ты ўзяўся? Хіба, душа памерлага…

– Я жывы, – кажа ён, – нават есці хачу.

Зняў шапку, зняў футра, сеў пры свечцы. Праўда, Вакульскі. Барада, як у разбойніка, пыса, як у Лангіна таго, што Хрысту бок прапароў, але – праўда, Вакульскі…

– Вярнуўся, – пытаюся я, – ці толькі так прыехаў?

– Вярнуўся.

– Як той край?

– Нічога.

– Уга!.. А людзі? – пытаюся.

– Нішто сабе.

– Уга!.. А з чаго ж ты жыў?

– З урокаў, – кажа ён. – Нават рублёў шэсцьсот з сабою прывёз.

– Авой!.. А чым думаеш заняцца?

– Ну, да Гопфера ўжо я не вярнуся, – адказаў ён ды грукнуў кулаком па стале. – Але ж ты не ведаеш, што я цяпер вучоны. У мяне нават падзякі з розных пецярбургскіх навуковых таварыстваў ёсць…

“Крамнік Гопфера стаў вучоным!.. Стах Вакульскі мае падзякі з пецярбургскіх навуковых таварыстваў!.. Вось дык штука…” – падумаў я.

Што тут казаць. Атабарыўся хлапец недзе ў Старым Горадзе і паўгода жыў на свае грошы, купляючы шмат кніжак і мала харчу. Калі патраціў усё, што меў, пачаў ён шукаць працу, і тады здарылася дзіўная рэч: купцы не бралі яго, бо ён быў вучоны, і вучоныя таксама не бралі як былога крамніка. Завіс ён, нібы Твардоўскі[177], паміж небам і зямлёю. Можа, разбіў бы ён сабе галаву дзесьці пад Новым З’яздам, каб час ад часу я не дапамагаў яму, чым мог.

Страшна ўспомніць, якое цяжкае было ў яго жыццё. Змарнеў, спахмурнеў, здзічэў… Але не наракаў. Раз толькі, калі яму сказалі, што такім, як ён, няма тут месца, ён ціха прамовіў:

– Ашукалі мяне…

Тым часам памёр Ясь Мінцаль. Удава пахавала яго па-хрысціянску, тыдзень не выходзіла са сваіх пакояў, а праз тыдзень паклікала мяне на нараду.

Я думаў, мы з ёю пагаворым пра тое, што далей рабіць з крамаю, бо заўважыў бутэльку добрага венгерскага на стале, але пані Малгажата пра справы нават не заікнулася. Яна заплакала, як мяне ўбачыла, нібы я нагадаў ёй тыдзень таму пахаванага нябожчыка, наліла мне ладны келіх віна і пачала, хліпаючы:

– Калі згас мой анёл, я думала, што толькі адна я такая няшчасная…

– Які анёл, – не вытрымаў я. – Можа, Ясь Мінцаль?.. З дазволу пані, але, хоць і быў я шчырым прыяцелем нябожчыка, не збіраюся называць анёлам асобу, якая нават пасля смерці важыла больш за дзвесце фунтаў…

– Пры жыцці ён важыў пад трыста… чуў пан? – заўважыла несуцешная ўдава.

Потым яна зноў закрыла твар хусткаю і заенчыла:

– О! Пан ніколі не навучышся тактоўнасці, пане Жэцкі… О! Які ўдар!.. Праўда, нябожчык, калі ўжо казаць праўду, анёлам ніколі не быў, асабліва апошнім часам. Як жа даўно ўжо я такая няшчасная…

– Ну, апошнія паўгода…

– Што пан кажа – паўгода?! – закрычала яна. – Бедны мой Ясь не менш за тры гады хварэў, а гадоў з восем… Ах, пане Жэцкі! Колькі гора ў шлюбе бывае з-за гэтага жахлівага піва… Восем гадоў, пане, нібы і не было ў мяне мужа… Але што гэта быў за чалавек, пане Жэцкі!.. Не разумела я дагэтуль, якая бяда на мяне звалілася…

– Здараецца і горшае, – наважыўся я на заўвагу.

– О, так! – захліпала бедная ўдава. – Мае пан рацыю, бываюць і большыя няшчасці. Той Вакульскі, напрыклад. Падобна, ён вярнуўся… Ці праўда, што да гэтае пары не знайшоў ён сабе ніякага занятку?

– Ніякага.

– Дзе ж ён харчуецца? Дзе жыве?..

– Дзе харчуецца?.. Я не ведаю нават, ці харчуецца ён наогул. А дзе жыве?.. Нідзе.

– Які жах! – заплакала пані Малгажата. – Здаецца мне, што я выканаю апошнюю волю майго каханага нябожчыка, калі папрашу пана…

– Што, пані?

– Каб пан пусціў яго на кватэру да сябе, а я буду прысылаць вам па два абеды, па два сняданні…

– Вакульскі гэтага не прыме, – адказаў я.

Ад гэтых слоў пані Малгажата зноў залілася слязьмі. Разжаленая смерцю мужа, яна гэтак моцна загневалася, што аж тры разы назвала мяне недарэкам, які не ведае жыцця, пачвараю… Нарэшце, яна заявіла, каб я ішоў прэч, бо сама ўправіцца з крамаю. Потым перапрасіла мяне і заклінала ўсімі святымі, каб я не абражаўся на словы, прадыктаваныя скрухаю.

З таго дня вельмі рэдка бачыўся я з нашаю гаспадыняю. А праз паўгода Стах паведаміў мне, што… ён бярэ шлюб з пані Малгажатаю Мінцаль.

Зірнуў я на яго… Ён махнуў рукою:

– Сам ведаю, што свіння. Але… найменшая з тых, якія ў вас тут цешацца публічнаю пашанаю.

Пасля гучнага вяселля, на якое (не ведаю нават адкуль) сабралася мноства сяброў Вакульскага (а елі, шэльмы!.. а пілі за здароўе маладых – гарнцамі[178]), Стах перабраўся наверх, да жонкі. Наколькі я памятаю, з усяго гардэробу меў ён чатыры звязкі кніг ды навуковых прыладаў, а з мэблі – чубук, хіба, ды пудэлка з-пад капелюша.

Крамнікі пасмейваліся (вядома, па кутках) з новага гаспадара, а мне было прыкра, што Стах так лёгка адмовіўся і ад свайго гераічнага мінулага, і ад свае галечы. Бо дзіўная натура людская, чым меншую мы самі маем схільнасць да пакутніцтва, тым з большаю настойлівасцю прагнем гэтага ад бліжніх.

– Прадаўся старой бабе, – казалі знаёмыя, – нібы Брут!..[179] Вучыўся, бунтаваў і… плюх!..

А сярод самых суровых суддзяў былі два адпрэчаныя канкурэнты на руку пані Малгажаты.

Стах, аднак, вельмі хутка прымусіў усіх змоўкнуць, бо адразу ўзяўся за працу. Хіба ўжо праз тыдзень пасля вяселля прыйшоў ён а восьмай раніцы ў краму, заняў месца нябожчыка Мінцля і абслугоўваў гасцей, лічыў, даваў рэшту, нібы сам быў толькі нанятым крамнікам.

Больш за тое, ужо на другі год завёў ён сувязі з маскоўскімі купцамі, што вельмі паспрыяла справе. Скажу нават, што пад яго кіраўніцтвам патроілі мы абароты.

Я ўздыхнуў з палёгкаю, калі ўбачыў, што Вакульскі не збіраецца есці дарэмнага хлеба, ды і крамнікі перасталі ўсміхацца, калі пераканаліся, што Стах больш за іх працуе ў краме, а яшчэ ж мае немалыя абавязкі наверсе. Мы, прынамсі, у свята маглі адпачыць, а ён, небарака, якраз у святы мусіў браць жонку пад паху ды маршыраваць: раніцаю – у касцёл, удзень – з візітамі, а ўвечары – у тэатр.

Пры маладым мужы пані Малгажата акрыяла. Яна купіла сабе фартэп’яна і пачала вучыцца іграць у нейкага састарэлага прафесара, каб той, як сама казала, “не будзіў у Сташку рэўнасці”. А вольныя ад фартэп’яна гадзіны яна прысвячала нарадам з шаўцамі, мадысткамі, цырульнікамі і дантыстамі, на вачах прыгажэючы з іх дапамогаю.

А якая яна была пяшчотная да мужа! Па некалькі гадзін праседжвала ў краме, не спускаючы вачэй са Стасічка. А варта было ёй заўважыць, што сярод пакупніц трапляюцца ладныя, прыбрала яна Стаха з галоўнае залы за шафы ды яшчэ загадала зрабіць яму там будку, у якой сядзеў ён, як дзікі звер, і вёў крамныя кнігі.

Аднойчы чую: у той будцы – страшны грукат… Бягу я, бягуць крамнікі… Што робіцца! Пані Малгажата ляжыць на падлозе прываленая сталом і аблітая чарнілам. Крэсла зламанае, Стах злы і збянтэжаны… Паднялі мы еймосць, якая аж плакала ад болю, і з яе войканняў зразумелі, што яна сама ўчыніла ўвесь гэты гармідар, бо дадумалася сесці мужу на калені. Хісткае крэсла ад падвойнага цяжару зламалася, еймосць ухапілася за стол, каб утрымацца, ды перакуліла яго разам з усім дабром, якое там было.

Стах з непарушным спакоем прымаў гэтыя гучныя доказы сужэнскае чуласці, цалкам засяроджваючыся на рахунках ды купецкай карэспандэнцыі. А еймосць замест таго, каб крыху пацішэць, наадварот, шалела ўсё больш. Калі стомлены сужэнец па справе або проста таму, што заседзеўся на адным месцы, ішоў у горад, яна бегла за ім… высочвала, ці не пайшоў ён на спатканне!..

Бывала, звычайна зімою, Стах збягаў на тыдзень з дому да знаёмага лесніка, паляваў там і падоўгу блукаў па лесе. Тады пані ўжо на трэці дзень імчалася ў пагоню за сваім каханым уцекачом, сноўдалася следам за ім па гушчары і, нарэшце, прывозіла дзецюка ў Варшаву.

Першыя два гады гэткага рэжыму Вакульскі маўчаў. На трэці год пачаў штовечар прыходзіць да мяне – пагутарыць пра палітыку. Часам, пачнём мы гамонку пра былое, а ён азірнецца раптам, спыніцца на паўслове і толькі паспее сказаць: “Слухай, Ігнацы…”, як у той жа момант, нібы па камандзе, улятае ў пакой служанка з крыкам:

– Пані просіць!.. Пані занядужала!..

І ён, бядак, махне рукою ды ідзе да еймосці, не дагаворваючы таго, што хацеў сказаць.

Праз тры гады гэткага жыцця, зрэшты, беззаганнага, убачыў я, што сталёвы гэты чалавек пачынае гнуцца ў аксамітных абдымках еймосці. Ён зблажэў, згорбіўся, закінуў свае навуковыя кніжкі, а чытаць пачаў газеты ды кожную вольную хвіліну праводзіў у размовах са мною пра палітыку. Здаралася, што ён пакідаў краму раней за восьмую і разам з еймосцю ішоў у тэатр або з візітам. Нарэшце, пачалі яны ладзіць у сябе прыёмы па вечарах, на якія збіраліся дамы – старыя, як смяротны грэх, і паны, якія атрымлівалі ўжо пенсію ды гулялі ў віст.

Стах з імі яшчэ не гуляў, а толькі хадзіў вакол столікаў ды прыглядаўся.

– Стаху, – казаў я не раз, – сцеражыся!.. Табе сорак тры гады… У гэтым узросце Бісмарк толькі пачынаў кар’еру…

Гэтыя словы ці падобныя ім абуджалі яго на момант. Кідаўся ён тады ў фатэль і, абапёршы галаву на руку, думаў. Але бегла ўжо да яго пані Малгажата з крыкам:

– Стасічак, зноў ты задумаўся, гэта вельмі кепска… А там панове не маюць віна…

Стах падымаўся, даставаў з буфета новую бутэльку, наліваў віно ў восем кілішкаў і абыходзіў сталы, прыглядаючыся, як панове гуляюць у віст.

Гэткім чынам, паволі і паступова, леў ператвараўся ў вала. Каб убачыў я цяпер яго ў турэцкім халаце, у расшытых пацеркамі пантофлях ды ў каўпаку з ядвабным кутасом, дык і не пазнаў бы таго Вакульскага, які чатырнаццаць гадоў таму ў склепе Махальскага выгукнуў: “Я!”

Калі Каханоўскі пісаў: “На ільва жахлівага без страху сядзеш і на вялізным цмоку ездзіць будзеш”[180], дакладна ён меў на ўвазе кабету... Гэта яны асядлалі і захамуталі мужчынскі род!

Тым часам на пяты год сумеснага жыцця пані Малгажата раптам пачала фарбавацца… Адразу нязначна, потым усё больш энергічна і штораз – то новымі сродкамі… Раз пачула яна пра нейкі ліквор, які дамам ва ўзросце вяртаў свежасць і прывабнасць маладосці, дык нацерлася ім аднойчы ўвечары з галавы да пят гэтак старанна, што выкліканыя на дапамогу лекары ў тую ж самую ноч ужо не маглі яе выратаваць. І сканала, гаротніца, менш, чым за двое сутак, ад заражэння крыві. Толькі і паспела, пакуль была ў прытомнасці, выклікаць натарыуса ды перапісаць увесь маёнтак на свайго Стасічка.

І пасля гэтага няшчасця Стах маўчаў, але асалавеў яшчэ больш. Маючы некалькі тысяч рублёў даходу, перастаў ён займацца гандлем, стаў цурацца знаёмых і занурыўся ў навуковыя кніжкі.

Я не раз казаў яму, каб ён выйшаў на людзі, каб бавіўся, бо яшчэ ён малады і можа другі раз ажаніцца…

Без толку…

Аднойчы (праз паўгода пасля смерці пані Малгажаты), гледзячы, як хлопец на вачах ператвараецца ў старога дзеда, я параіў яму:

– Схадзі, Стаху, у тэатр… Даюць сёння якраз “Віялету”, вы былі з нябожчыцаю апошні раз…

Ускочыў ён з канапы, дзе чытаў кніжку, і сказаў:

– Ведаеш… твая праўда…. Пагляджу, на што цяпер гэта падобна…

Пайшоў ён у тэатр і… на другі дзень не пазнаў я яго. У старцы абудзіўся мой Стах Вакульскі. Выпрастаўся ён, вочы заблішчалі, голас набраў сілы…

З тае пары стаў ён хадзіць на ўсе паказы, на ўсе канцэрты і лекцыі.

Хутка ён паехаў у Балгарыю, дзе здабыў свой вялізны капітал, а праз пару месяцаў пасля ягонага вяртання адна старая пляткарка (пані Мэлітан) намякнула мне, што Стах закаханы…

Зарагатаў я з гэткае лухты, бо хто кахае, той, прынамсі, не едзе на вайну. Але цяпер, на жаль, я пачынаю дапускаць, што баба не памылілася…

Хоць з тым адроджаным Стахам Вакульскім чалавеку няма ніякае пэўнасці. А раптам?.. О, пасмяяўся б я тады з доктара Шумана, які з палітыкі кепікі строіць!..

XXI. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА

Палітычная сітуацыя такая няпэўная, што мяне зусім бы не здзівіла, каб выбухнула вайна дзесьці бліжэй да снежня.

Людзі звычайна думаць, што вайны трэба чакаць толькі ўвесну, відаць, яны забыліся, што пруская і французская войны пачаліся ўлетку. І я не разумею, адкуль гэтая прадузятасць супраць зімовых кампаній? Зімою стадолы поўныя, дарогі, як мур. Тым часам, увесну ў сялян нішчымніца, а дарогі, як цеста. Праедзе батарэя – і можна ў гэтым месцы купацца.

Але, з іншага боку, зімовыя ночы цягнуцца больш за дванаццаць гадзін, патрэбна цёплая вопратка і кватэры для войска, ды яшчэ тыф… Сапраўды, не раз дзякаваў я Богу, што не стварыў мяне Мольткам[181], які мусіць ламаць сабе галаву, небарака.

Аўстрыякі, а хутчэй, венгры ўлезлі ўжо ў Боснію і Герцагавіну, дзе іх вельмі негасцінна прымаюць. Знайшоўся нават нейкі Хаджы Лоя[182], падобна, слынны партызан, які ім дужа назаляе. Шкада мне венгерскае пяхоты, але цяперашнія венгры нікуды не вартыя. Калі іх у 49-м годзе душыў чорна-жоўты[183], яны крычалі: кожны народ мае права бараніць сваю вольнасць!.. А цяпер што?.. Самі лезуць у Боснію, куды іх ніхто не клікаў, а баснійцаў, якія бароняцца, называюць злодзеямі ды разбойнікамі.

Далібог, я ўсё менш разумею палітыку! І хто ведае, можа, Стах Вакульскі мае рацыю, што перастаў ёю займацца (калі перастаў).

Але што я тут разважаю пра палітыку, калі ў маім уласным жыцці адбыліся вялікія перамены. Хто б паверыў, што ўжо тыдзень як перастаў я займацца крамаю, часова, вядома, бо іначай ашалеў бы з нуды.

Справа такая. Піша мне Стах з Парыжа (прасіў ён мяне пра гэта і перад ад’ездам), каб заняўся я камяніцаю Ленцкіх, якую ён купіў. “Не мела баба клопату!..”, – думаю я сабе, але што тут зробіш?.. Здаў я краму Лісецкаму і Шлянгбаўму, а сам – ходу ў Алеі Ерусалімскія на выведку.

Спачатку, праўда, пытаюся ў Клейна, які жыве ў стахавай камяніцы, што там робіцца. Замест адказу той схапіўся за галаву.

– Ёсць там які адміністратар?

– Ёсць, – кажа Клейн і крывіцца. – Жыве на чацвёртым паверсе.

– Досыць!.. – кажу я, – досыць, пане Клейн…

(Бо мне не падабаецца слухаць чужыя меркаванні раней, чым я не ўбачу ўсё на ўласныя вочы. Зрэшты, Клейн – хлопец малады, ён лёгка мог бы заганарыцца, каб падумаў, што старэйшыя выпытваюць у яго нейкую інфармацыю.)

Гэх! Няма рады... Дык аддаю адпрасаваць мой капялюш, плачу два злотыя, кладу на ўсялякі выпадак у кішэню пісталет і маршырую кудысьці аж за касцёл Аляксандра[184].

Гляджу: дом жоўты на чатыры паверхі, нумар той… Авой! Нават ужо і таблічка з прозвішчам Станіслава Вакульскага… (Не іначай, загадаў прыбіць яе стары Шлянгбаўм.)

Заходжу я на падворак… вох! нядобра… Смярдзіць, шэльма, як аптэка. Гара смецця аж да другога паверху, а па рынштоку плыве мыльная пена. Агледзеўся я, на дзядзінцы – “Парыжская пральня” з дзявухамі, як двухгорбыя вярблюды. Гэта мяне падбадзёрыла.

Дык я крычу: “Вартаўнік!..” Пару хвілін нікога не відаць, нарэшце, паказваецца тоўстая баба, гэткая замурзаная, што аж дзіўна, як столькі бруду можа знаходзіцца побач з пральняю, да таго ж – парыжскаю.

– Дзе вартаўнік? – пытаюся я, дакранаючыся рукою да капелюша.

– А навошта?.. – буркнула баба.

– Я прыйшоў ад імя гаспадара дома.

– Вартаўнік сядзіць у арышце, – кажа баба.

– За што ж гэта?

– Ого, які пан цікаўны!.. – закрычала яна. – За тое, што яму гаспадар заробак не плаціць.

Добры пачатак!

Ясная рэч, няма вартаўніка, дык пайшоў я да адміністратара на чацвёрты паверх. Ужо на другім паверсе чую дзіцячы крык, плескачы і кабечую лаянку:

– Галганы!.. Лайдакі!.. А вось табе!.. А вось!..

Дзверы адчыненыя, у дзвярах нейкая еймосць у белай некалі хатняй кофтачцы лупцуе траіх дзяцей дзягаю.

– Перапрашаю, – кажу, – я не перашкодзіў?..

Дзеці, як убачылі мяне, пабеглі ў пакоі, а еймосць у каптаніку, хаваючы за спіну рэмень, збянтэжана запыталася:

– Ці не пан гаспадар гэта?..

– Не гаспадар, але… я прыйшоў ад яго імя да шаноўнага мужа пані… Я – Жэцкі…

Еймосць хвіліну разглядала мяне з недаверам, нарэшце, сказала:

– Віцек, бяжы на склад па бацьку… А пан, калі ласка, у салон…

Паміж мною і дзвярыма праскочыў малы абадранец, дабег да сходаў і па парэнчы кінуўся з’язджаць у дол. А я, збянтэжаны, увайшоў у салон, галоўнаю аздобаю якога была канапа з падранаю пасярэдзіне абіўкаю.

– Вось якая доля ў адміністратара, – азвалася пані, запрашаючы мяне сесці на крыху лепшае крэсла. – Мой муж служыць нібы ў багатых паноў, а каб не хадзіў ён на вугальны склад і не перапісваў у адвакатаў, дык не было б нам чаго есці. Вось наша кватэра, няхай пан паглядзіць. За тры катухі плацім сто восемдзясят рублёў у год…

Раптам з кухні пачулася нейкае трывожнае шыпенне. Еймосць у кофтачцы пабегла туды, а на хаду ціха загадала:

– Казю! Ідзі ў салон і сачы за тым панам…

Сапраўды, увайшла ў пакой вельмі худзенькая дзяўчынка ў карычневай сукенцы і брудных панчошках. Яна села на крэсла каля дзвярэй і пазірала на мяне недаверліва і смутна. “Вось дажыўся, – падумаў я, – на старасці гадоў лічаць мяне злодзеем…”

Сядзелі мы хвілін з пяць, моўчкі, прыглядаючыся адно да аднаго, як раптам – крык і грукат на сходах, і адразу ўбег той малы абадранец, якога звалі Віцекам, і на якога нехта злосна крычаў:

– Ах ты шэльма!.. Я ж табе дам…

Я здагадаўся, што ў гэтага Віцека, падобна, жвавы тэмперамент, а той, хто на яго сварыцца, відаць, ягоны бацька. І праўда, з’явіўся сам пан адміністратар у заплямленым сурдуце і пашарпаных знізу штанах. Была ў яго густое сівое шчацінне на твары і стомленыя вочы.

Ён увайшоў, ветліва пакланіўся і спытаў:

– Дык я маю гонар бачыць пана Вакульскага?

– Не, пане, я толькі калега і ўпаўнаважаны пана Вакульскага.

– А, так!.. – прамовіў ён, працягваючы мне руку. – Я меў прыемнасць бачыць пана ў краме… Прыгожая крама! – ён уздыхнуў. – З гэтакіх крамаў нараджаюцца камяніцы, а з… зямельнае ўласнасці – гэткія вось пакоі…

– Пан дабрадзей меў уласнасць? – запытаўся я.

– Ах!.. Але што ж… Пэўна, хоча пан даведацца пра баланс гэтае камяніцы? – адказаў адміністратар. – Вось, калі казаць коратка, маем мы два віды кватарантаў: адны ўжо паўгода не плацяць нікому, іншыя плацяць штрафы ў магістратуру або не выплачаныя падаткі за гаспадара. Вартаўнік не атрымлівае заробку, дах цячэ, цыркул[185] не дае жыцця, каб вывезлі смецце, адзін кватарант пачаў супраць нас працэс за сутарэнне, а два кватаранты судзяцца між сабою, бо пасварыліся за падстрэшак… А што тычыцца, – дадаў ён збянтэжана, – што тычыцца дзевяноста рублёў, якія я вінны пану Вакульскаму…

– Няхай пан не турбуецца, – спыніў я яго. – Стах… гэта значыць, пан Вакульскі, вядома, не будзе спаганяць доўг з пана да кастрычніка, а потым з панам будзе іншая дамова.

Збяднелы колішні землеўласнік сардэчна паціснуў мне абедзве рукі.

Гэтакі адміністратар, што меў колісь уласную зямлю, здаўся мне вельмі цікаваю асобаю, але яшчэ больш цікавым здаўся мне дом, які не прыносіў ніякага прыбытку. Ад прыроды я нясмелы, саромеюся размаўляць з незнаёмымі людзьмі і не наважваюся заходзіць у чужое жытло. (Божа міласэрны, як даўно я не быў у чужым жытле…) Тым разам, аднак, нейкі д’ябал пад’юдзіў мяне ісці знаёміцца з кватарантамі гэтае дзіўнае камяніцы.

У 1849 годзе бывала і гарачэй, але ж ішоў чалавек наперад!..

– Пане, – звярнуўся я да адміністратара, – ці не зрабіў бы ласку… прадставіць мяне некаторым кватарантам?.. Стах… значыць, пан Вакульскі… прасіў мяне заняцца ягонымі справамі, пакуль ён у Парыжы.

– Парыж!.. – уздыхнуў адміністратар. – Я ведаю Парыж з 1859 года. Памятаю, як сустракалі імператара Напалеона ІІІ, калі той вяртаўся пасля італьянскае кампаніі…

– Пане! – выгукнуў я. – Пан бачыў трыумфальнае вяртанне Напалеона ў Парыж?

Ён працягнуў мне руку і адказаў:

– Я бачыў і лепшае, пане… Падчас кампаніі я быў у Італіі ды бачыў, як італьянцы прымалі французаў напярэдадні бітвы пад Маджэнтай…[186]

– Пад Маджэнтай?.. У 1859 годзе?.. – удакладніў я.

– Пад Маджэнтай, пане…

Зірнулі мы адзін аднаму ў вочы з тым экс-землеўласнікам, якому цяпер не хапала грошай, каб вычысціць свой сурдут ад плямаў. Зірнулі ў вочы, кажу я. Маджэнта… Год 1859… Гэх! Божа міласэрны…

– Раскажы мне, пан, – папрасіў я, – як вас прымалі італьянцы напярэдадні бітвы пад Маджэнтай?

Збяднелы экс-землеўласнік сеў у пашарпаны фатэль і пачаў апавядаць:

– У 1859 годзе, пане Жэцкі… Здаецца, маю гонар…

– Так, пане, я – Жэцкі, паручнік венгерскае пяхоты, пане…

Зноў зірнулі мы адзін аднаму ў вочы. Гэх! Божа міласэрны…

– Расказвай далей, пане шляхціц, – сказаў я, паціскаючы яму руку.

– У 1859 годзе, – працягваў экс-землеўласнік, – быў я на дзевятнаццаць гадоў маладзейшы, чым цяпер, і было ў мяне з дзесяць тысяч рублёў гадавога даходу… На тыя часы, пане Жэцкі… Што праўда, браў я не толькі працэнт, але трохі і з капіталу. А як надышло вызваленне сялян…

– Ну, – сказаў я, – сяляне таксама людзі, пане…

– Вірскі, – падказаў адміністратар.

– Пане Вірскі, – сказаў я, – сяляне…

– Мне ўсё адно, – спыніў ён мяне, – што сабою ўяўляюць сяляне. Досыць таго, што ў 1859 годзе было ў мяне з дзесяць тысяч рублёў даходу (разам з пазыкамі), і быў я ў Італіі. Цікава мне было, як выглядае край, з якога гоняць шваба… А як не меў я тады ані жонкі, ані дзяцей, і не было мне дзеля каго ашчаджаць жыццё, дык па ўласнай ахвоце ехаў з перадавым атрадам французаў. Ішлі мы пад Маджэнту, пане Жэцкі, хоць не ведалі яшчэ, куды ідзём і хто з нас заўтра ўбачыць захад сонца… Пану вядомае гэта адчуванне, калі чалавек, сам не ўпэўнены ў заўтрашнім дні, знаходзіцца ў кампаніі людзей, таксама не ўпэўненых у заўтрашнім дні?..

– Ці мне вядома?! Далей, пане Вірскі…

– Няхай мяне качкі затопчуць, – казаў збяднелы экс-землеўласнік, – але гэта былі найлепшыя моманты жыцця. Яшчэ малады, вясёлы, здаровы, няма на карку ні жонкі, ні дзяцей, п’еш ды спяваеш, і ўсё стараешся зазірнуць за нейкую цёмную заслону, за якою хаваецца наша заўтра… “Гэй! – крычыш. – Наліце мне віна, бо я не ведаю, што за тою цёмнаю заслонаю… Гэй!.. Віна!” Нават пацалункаў… пане Жэцкі, – ціха прамовіў, нахіляючыся да мяне, адміністратар.

– Дык ішлі вы з перадавым атрадам пад Маджэнту... – паўтарыў я.

– Ішлі мы з кірасірамі, – працягваў адміністратар. – Пан ведае кірасіраў, пане Жэцкі?.. На небе свеціць адно сонца, а ў швадроне кірасіраў – сто сонцаў…

– Цяжка ім даводзіцца, – заўважыў я. – Пяхота грызе іх, як сталёвыя шчыпцы – арэхі…

– Дык вось, падыходзім мы, пане Жэцкі, да нейкага італьянскага паселішча, а тамтэйшыя сяляне паведамляюць нам, што непадалёк стаіць аўстрыйскі корпус. Пасылаем мы тады іх у мястэчка з загадам, а дакладней, з просьбаю, каб жыхары, калі нас убачаць, і гуку не падавалі…

– Вядома, – сказаў я, – калі непрыяцель паблізу…

– Праз паўгадзіны, – працягваў адміністратар, – былі мы ўжо ў мястэчку. Вуліца вузкая, народу скрозь – процьма, ледзь праціснуцца, а ў вокнах і на балконах – кабеты… Якія кабеты, пане Жэцкі!.. У кожнай у руках – букет руж. Тыя, што стаяць на вуліцы, ані гуку… бо аўстрыякі блізка… А тыя, што на балконах, скубуць, пане, свае букеты і спацелых, запыленых кірасіраў засыпаюць пялёсткамі руж, як снегам… Ах, пане Жэцкі, каб ты бачыў той снег – чырвоны, ружовы, белы – і тыя рукі, і тых італьянак… Палкоўнік раз-пораз дакранаецца да вуснаў ды пасыле паветраныя пацалункі направа і налева. А тым часам снег з ружовых пялёсткаў засыпае залатыя кірасы, шлемы і коней… А тут яшчэ нейкі стары італьянец з крывым кійком і сівымі валасамі да каўняра заступіў дарогу палкоўніку. Схапіў ён за шыю ягонага каня, пацалаваў і паспеў толькі крыкнуць: “Eviva Italia!”[187], як нежывы ўпаў на месцы… Былі мы напярэдадні бітвы пад Маджэнтай!

Расказваў экс-землеўласнік, і слёзы капалі яму на заплямлены сурдут.

– А каб на мяне д’ябал, пане Вірскі, – узрушыўся я, – калі Стах не аддасць пану задарма гэтае памяшканне.

– Сто восемдзясят рублёў плачу! – зашморгаў носам адміністратар.

Выцерлі мы вочы.

– Пане, – кажу я, – Маджэнта Маджэнтай, а справа справаю. Можа, прадставіш мяне, пан, некаму з кватарантаў.

– Хадзем, пан, – адказаў адміністратар, падымаючыся з абшарпанага фатэля. – Хадзем жа, пан, пакажу я табе самых арыгінальных…

Ён падхапіўся, падбег да дзвярэй, здаецца мне, на кухню ды гукнуў у сярэдзіну:

– Маня! Я выходжу… А з табою, Віцек, разлічымся ўвечары.

– Я не гаспадар, каб татка са мной разлічваўся, – адказаў яму дзіцячы голас.

– Даруй яму, пан, – ціха звярнуўся я да адміністратара.

– Акурат!.. – адказаў той. – Ён не засне, пакуль не атрымае лупцоўкі. Добры хлопец, спрытны хлопец, але шэльма!..

Мы выйшлі з кватэры і спыніліся перад дзвярыма пры лесвіцы. Адміністратар асцярожна пастукаўся, а ў мяне кроў з галавы адплыла ў сэрца, а з сэрца – у ногі. Можа, нават паплыла б яна з ног у чаравікі, а там – аж да брамы па сходах, каб не адказалі з сярэдзіны:

– Калі ласка!..

Уваходзім.

Тры ложкі. На адным з кніжкаю ў руках і задранымі на спінку нагамі ляжыць нейкі даўно няголены малады чалавек у студэнцкім мундзіры, а пасцелі на двух іншых ложках выглядаюць так, нібы праз той пакой праляцеў ураган і перавярнуў ўсё дагары нагамі. Бачу: стаіць там яшчэ куфар ды пустая валіза і ляжыць шмат кніжак – на паліцах, на куфры ды на падлозе. Апроч таго, некалькі плеценых крэслаў і просты непаліраваны стол, на якім я, прыгледзеўшыся, заўважыў намаляваную шахматную дошку, а побач – параскіданыя шахматы.

І тут ледзь я не самлеў, бо каля шахмат угледзеў два чарапы: адзін – з тытунём, а другі… з цукрам!..

– Што трэба? – запытаўся даўно няголены малады чалавек, не падымаючыся з ложка.

– Пан Жэцкі, упаўнаважаны гаспадара… – прадставіў мяне адміністратар.

Малады чалавек абапёрся на локаць, зіркнуў на мяне і сказаў:

– Гаспадара?.. Зараз я тут гаспадар і нешта не памятаю, каб прызначаў гэтага пана ўпаўнаважаным…

Адказ яго быў гэткі надзіва просты, што мы з Вірскім аслупянелі. Малады чалавек тым часам цяжка падняўся з ложка і няспешна пачаў зашпільваць штаны і камізэльку. Нягледзячы на ўсю засяроджанасць, з якою ён гэта рабіў, я ўпэўнены, што, прынамсі, палова гузікаў засталася не зашпіленая.

– Ааа! – пазяхнуў ён і прапанаваў: – Няхай панове сядаюць, – тут ён і зрабіў рукою такі жэст, што было не зразумела, дзе ён загадвае нам размясціцца – на валізе ці на падлозе.

– Спёка, пане Вірскі, праўда?.. – спытаў ён і зноў пазяхнуў.

– Якраз сусед насупраць скардзіцца на паноў дабрадзеяў, – усміхнуўся адміністратар.

– За што ж?

– Што паны ходзяць голыя па пакоі…

Малады чалавек абурыўся:

– Ашалеў стары ці што?.. Можа, ён хоча, каб мы футры апранулі ў такую гарачыню?.. Нахабства, слова гонару!..

– Ну, – працягваў адміністратар, – панове не павінны забывацца, што ў яго дарослая дачка.

– А мне што?.. Я не бацька ёй. Стары блазан, слова гонару! Яшчэ і маніць, бо мы голыя не ходзім.

– Я сам бачыў… – заўважыў адміністратар.

– Слова даю, падман! – закрычаў малады чалавек і стаў чырвоны ад злосці. – Малескі, праўда, ходзіць без кашулі, але ў майтках, а Паткевіч ходзіць без майткоў, затое ў кашулі. Дык панна Леакадыя можа бачыць цэлы гарнітур…

– Так. І вымушаная завешваць усе вокны, – адказаў адміністратар.

– Гэта стары закрывае вокны, а не яна, – адказаў студэнт і махнуў рукою. – Яна падглядвае ў шчыліны паміж фіранкамі на акне. Зрэшты, прашу прабачэння, але раз панне Леакадыі можна гарлаць на ўвесь двор, дык і Малескі з Паткевічам маюць права хадзіць па сваім пакоі, як ім хочацца.

Кажучы гэта, малады чалавек перамерваў пакой вялікімі крокамі. І кожны раз, як ён паварочваўся да нас спінаю, адміністратар падміргваў мне і рабіў безнадзейныя міны, а калі запанавала маўчанне, ён азваўся:

– Панове дабрадзеі павінны нам за чатыры месяцы…

– О, зноў за сваё!.. – выгукнуў малады чалавек і запхнуў рукі ў кішэні. – Колькі разоў мне яшчэ паўтараць пану, каб пан з гэтым глупствам да мяне не чапляўся, а звяртаўся да Паткевіча або да Малескага?.. Гэта ж так лёгка запомніць: Малескі плаціць за цотныя месяцы – люты, красавік, чэрвень, а Паткевіч за няцотныя – сакавік, май, ліпень…

– Але ж ніхто з паноў не плаціць! – заявіў адміністратар.

– А хто вінаваты, што пан не прыходзіць своечасова?! – яшчэ гучней крыкнуў малады чалавек і паківаў нам пальцам. – Пан ужо сто разоў чуў, што Малескаму належаць цотныя месяцы, а Паткевічу – няцотныя.

– А пану дабрадзею?..

– А мне, ласкавы пане, ніякія, – крычаў малады чалавек, ківаючы пальцам ужо ў яго перад самым носам, – бо я прынцыпова не плачу за кватэру. Каму мне плаціць?.. За што?.. Ха-ха-ха! Бач ты!

Ён забегаў па пакоі яшчэ шпарчэй і пры гэтым рагатаў і нешта злосна бурчэў. Нарэшце, ён засвістаў і стаў глядзець у акно, з гонарам адвярнуўшыся ад нас…

Я не мог ужо стрываць.

– З дазволу пана мушу зрабіць заўвагу, – азваўся я. – Гэтак не шанаваць дамову – досыць арыгінальная з’ява… Нехта дае пану кватэру, а пан лічыць, што справядліва не плаціць яму…

– Хто дае мне кватэру?! – крыкнуў малады чалавек і сеў на падаконне, адхіляючыся назад, нібы меў намер скінуцца з чацвёртага паверха. – Я сам заняў гэту кватэру і буду ў ёй да тае пары, пакуль мяне не выганяць. Дамова!.. Разумныя якія са сваімі дамовамі… Калі грамадства хоча, каб я плаціў за кватэру, дык няхай само мне плаціць за рэпетытарства столькі, каб хапала на кватэрную плату… Разумнікі!.. За тры гадзіны ўрокаў кожны дзень я зарабляю пятнаццаць рублёў на месяц, за харчаванне бяруць з мяне дзевяць рублёў, каб памыць бялізну ды за розныя паслугі – тры… А мундзір, а плата за навуку?.. І яны яшчэ жадаюць кватэрнае платы. Выганіце мяне на вуліцу, – крычаў ён злосна, – няхай які гіцаль дасць мне даўбешкаю па галаве… На гэта вы маеце права, а на заўвагі ды вымовы – не…

– Я не разумею, чаму пан гэтак хвалюецца – сказаў я спакойна.

– Ёсць чаго хвалявацца! – адказаў малады чалавек, які ўсё мацней хістаўся на падваконні. – Грамадства, калі не забіла мяне пры нараджэнні, калі загадала мне вучыцца і здаваць дзясяткі іспытаў, узяло гэтым на сябе абавязак, што дасць мне працу, забяспечыць мой побыт… Тым часам яно або не дае мне працы, або ашуквае з платаю… Дык калі грамадства ў адносінах да мяне не выконвае дамову, чаму яно чакае, каб я выконваў? Зрэшты, няма чаго тут казаць, я прынцыпова не плачу за кватэру і баста. Да таго ж, цяперашні гаспадар не будаваў гэты дом, не абпальваў цэглу, не дабываў вапну, не вярэдзіў сабе карак. Прыйшоў з грашыма, можа, крадзенымі, заплаціў іншаму, які, можа, таксама некага абакраў, і на гэтай падставе хоча зрабіць мяне сваім нявольнікам. Здзек са здаровага розуму!

– Пан Вакульскі, – заявіў я, прыўстаючы з крэсла, – не абакраў нікога… Ён зарабіў свой капітал працаю і ашчаднасцю…

– Лухта, пане! – не даў мне скончыць малады чалавек. – Мой бацька быў добрым лекарам, працаваў дзень і ноч, меў нібы добрыя заробкі і ашчаджаў… ажно трыста рублёў у год! Дык калі ваша камяніца каштуе дзевяноста тысяч рублёў, купіць яе са сваіх заробкаў мой бацька змог бы, каб жыў і выпісваў рэцэпты трыста гадоў… Ніколі не паверу, што гэты новы гаспадар працаваў трыста гадоў…

У галаве мне ўжо шумела ад яго высноваў, а малады чалавек працягваў:

– Можаце нас выгнаць, чаму не!.. Тады пераканаецеся, што вы страцілі. Усе прачкі, усе кухаркі з гэтае камяніцы будуць не ў гуморы, а пані Кшэшоўская ўжо без перашкодаў будзе сачыць за суседзямі: палічыць кожнага госця, які прыходзіць з візітам, і кожнае каліва крупаў, якое паклалі ў гаршчок… Добра! Выганіце нас!.. Тады панна Леакадыя няспынна будзе распяваць свае гамы ды рулады: з ранку – сапрана, а пасля абеду – кантральта… І да д’ябла пойдзе дом, у якім адны мы сяк-так падтрымліваем парадак!

Мы падняліся, каб сыходзіць.

– Дык пан дакладна не заплаціць за кватэру? – спытаў я.

– І не падумаю.

– Можа, хоць з кастрычніка пачне пан плаціць?

– Не, пане. Нядоўга засталося мне жыць, дык я прагну датрымаць хоць адзін прынцып: калі грамадства хоча, каб адзінкі шанавалі дамову, няхай само выконвае дамову адносна іх. Калі я мушу некаму плаціць за кватэру, дык няхай іншыя плацяць мне за ўрокі, каб мне ставала на кватэрную плату. Разумее пан?..

– Не ўсё, пане, – адказаў я.

– Нічога дзіўнага, – сказаў малады чалавек. – Пад старасць бывае разрэджванне мазгоў, і яны ўжо не здольныя ўспрымаць новыя ідэі…

Мы з адміністратарм абмяняліся з ім паклонамі і вышлі. Малады чалавек замкнуў за намі дзверы, але праз момант выскачыў на лесвіцу з крыкам:

– І няхай каморнік вядзе з сабою двух гарадавых, бо мяне давядзецца з памяшкання выносіць…

– Хіба так, пане! – адказаў я з ветлівым паклонам, у глыбіні душы, аднак, адчуваючы, што не варта выганяць гэткага арыгінала.

Калі незвычайны дзяцюк вярнуўся, нарэшце, у пакой і замкнуў дзверы на ключ, паказваючы гэтым, што лічыць размову з намі скончанай, я спыніўся сярод лесвіцы і звярнуўся да адміністратара:

– Бачу, што ў вас тут каляровыя шыбы, так?

– О, вельмі каляровыя.

– Але ж яны брудныя.

– О, вельмі брудныя…

– Мяркую, – дадаў я, – што той малады чалавек стрымае сваё слова і не будзе плаціць за кватэру, так?

– Пане, – выгукнуў адміністратар, – ён яшчэ нічога. Ён кажа, што не будзе плаціць, і не плаціць, але двое іншых нічога не кажуць і таксама не плацяць. Гэта, пане Жэцкі, асаблівыя кватаранты!.. Толькі яны ніколі мяне не падманваюць.

Міжволі, нават сам не разумеючы чаму, я паківаў галавою, хоць і адчуваў, што ў якасці гаспадара падобнага дома ківаў бы я галавою з ранку да вечара.

– Дык тут ніхто не плаціць, прынамсі, не плаціць рэгулярна? – запытаўся я ў экс-землеўласніка.

– Чаго ж дзівіцца, – адказаў пан Вірскі, – у доме, квартплата з якога ўжо столькі гадоў ідзе крэдыторам, самы прыстойны кватарант зробіцца наравістым. Але ёсць і некалькі вельмі пунктуальных, напрыклад, баранеса Кшэшоўская…

– Што?! – выгукнуў я. – Але ж, праўда, і баранеса тут жыве… Яна хацела нават купіць гэты дом…

– І купіць, – ціха прамовіў адміністратар. – Трымайцеся, панове!.. Яна купіць, нават каб давялося ёй аддаць усе грошы… І немалыя грошы, хоць пан барон добра паспеў пакарыстацца…

Я ўсё яшчэ стаяў на сходах пад акном з жоўтымі, чырвонымі ды блакітнымі шыбкамі. Я стаяў засяроджаны, прыгадваючы пані баранесу, якую бачыў некалькі разоў у жыцці, але кожны раз яна пакідала ўражанне асобы вельмі эксцэнтрычнае. То яна набожная, то заўзятая, то пакорлівая, то агрэсіўная…

– Што яна за кабета, пане Вірскі? – спытаў я. – Незвычайная яна кабета, пане…

– Як і ўсе істэрычкі, – буркнуў экс-землеўласнік. – Страціла дачушку, муж яе кінуў… Скандал за скандалам!..

– Пойдзем да яе, пане, – прапанаваў я і пачаў спускацца на трэці паверх.

Я адчуваў у сабе столькі мужнасці, што не толькі не баяўся баранесы, а мяне нават цягнула да яе.

Але варта было нам спыніцца перад дзвярыма, а адміністратару пазваніць, як задрыжэлі ў мяне калені. Не мог я скрануцца з месца і толькі таму не ўцёк. Імгненна пакінула мяне адвага, бо прыгадалася мне сцэна на аўкцыёне…

Павярнуўся ў замку ключ, стукнула засаўка і ў прыадчыненых дзвярах паказаўся твар яшчэ нестарое дзяўчыны ў белым чапцы.

– А хто тут? – спытала дзяўчына.

– Я, адміністратар.

– Чаго пан хоча?

– Я прывёў упаўнаважанага гаспадара.

– А гэты пан чаго хоча?

– Гэты пан і ёсць упаўнаважаным.

– Дык як мне паведаміць?

– Паведамі пані, – страціў цярплівасць адміністратар, – што мы прыйшлі пагаварыць пра кватэру…

– Ага!

Яна зачыніла дзверы і пайшла. Мінула некалькі хвілін, пакуль яна вярнулася і адамкнула шматлікія замкі, а потым правяла нас у пусты салон.

Дзіўны быў гэты салон. Мэбля ў цёмна-шэрых чахлах, як і фартэп’яна, а таксама жырандоля пад столлю, нават статуэткі былі ў шэрых кашульках. Наогул, пакой ствараў такое ўражанне, нібы гаспадары з’ехалі і пакінулі слуг, якія вельмі клапоцяцца пра іх майно.

За дзвярыма чуваць было два галасы – жаночы і мужчынскі. Жаночы належаў баранесе, а мужчынскі быў добра мне знаёмы, але я ніяк не мог прыгадаць, чый ён.

– Клянуся, – казала баранеса, – ён у сувязі з ёю. Нядаўна прыслаў ёй букет праз пасыльнага…

– Хм!.. Хм!.. – адгукнуўся мужчынскі голас.

– Букет тая мярзотная какетка, каб увесці мяне ў зман, загадала зараз жа выкінуць праз акно…

– Але ж барон у вёсцы… гэтак далёка ад Варшавы… – адказаў мужчына.

– Але ў яго ёсць тут прыяцелі! – закрычала баранеса. – І каб я не ведала пана, дык магла б падазраваць у пасярэдніцтве ў гэтым паскудстве.

– Але ж, пані!.. – запратэставаў мужчынскі голас.

І ў гэты ж момант пачуліся два пацалункі, мяркую, у руку.

– Ну, ну, пане Марушевіч, без сантыментаў!.. Ведаю я вас. Вы пяшчотныя, пакуль кабета вам не даверыцца, а потым расходуеце яе грошы і жадаеце разводу…

“Дык гэта Марушэвіч, – падумаў я. – Дабраная пара…”

– Я не такі, – сцішана адказаў мужчынскі голас за дзвярыма і зноў пачулася два пацалункі, пэўна, у руку.

Я зірнуў на экс-землеўласніка. Ён падняў вочы да столі, а плечы – амаль да вушэй.

– Штукар!.. – прашаптаў ён, паказваючы на дзверы.

– Ведае яго пан?..

– Ага!..

– Добра, – казала баранеса ў другім пакоі, – няхай пан занясе ў касцёл Святога Крыжа гэтыя дзевяць рублёў на тры імшы, каб Бог на яго не забываўся… Не, – перадумала яна праз момант. – Няхай будзе адна імша за яго, а дзве – за душу маёй беднае дзяўчынкі.

Голас перарваўся ціхімі ўсхліпваннямі.

– Няхай жа пані супакоіцца!.. – лагодна суцішаў яе Марушэвіч.

– Ідзі ўжо, пан, ідзі… – адказала яна.

Дзверы салона нечакана адчыніліся, і як укапаны стаў на парозе Марушэвіч, за якім я заўважыў зжаўцелы твар і пачырванелыя вочы пані баранесы. Мы з адміністратарам падняліся з крэслаў. Марушэвіч хуценька адступіў назад і, відавочна, выйшаў праз іншыя дзверы, а пані баранеса гнеўна паклікала:

– Марыся!.. Марыся!..

Убегла дзяўчына ў белым, як я ўжо згадваў, чапцы, у цёмнай сукенцы з белым фартухом. У гэтым уборы яна магла нагадваць апякунку хворых, каб вочы яе занадта не блішчалі.

– Як ты магла пусціць сюды гэтых паноў? – запыталася ў яе баранеса.

– Пані ж загадала прасіць…

– Дурніца… Прэч адсюль!.. – прашыпела баранеса і звярнулася да нас. – Чаго пан хоча, пане Вірскі?

– Пан Жэцкі – упаўнаважаны гаспадара дому, – прадставіў мяне адміністратар.

– А!.. Добра… – сказала баранеса і павольна ўвайшла ў салон, але сесці нас не запрасіла. Яна скрыжавала рукі на грудзях, як Напалеон, і сказала, пазіраючы на мяне:

– Ааа!.. Пан упаўнаважаны, здаецца мне, пана Вакульскага… Так?.. Няхай жа пан паведаміць яму, што альбо я з’еду з гэтае кватэры, за якую плачу семсот рублёў без затрымак… праўда ж, пане Вірскі?

Адміністратар пакланіўся.

– Альбо, – працягвала баранеса, ківаючы галавою, – пан Вакульскі прыбярэ са свайго дома гэты бруд і распусту…

– Распусту? – перапытаў я.

– Так, пане, – пацвердзіла баранеса, ківаючы галавою. – Тыя прачкі, што цэлы дзень спяваюць свае жахлівыя песенькі ўнізе, а ўвечары рагочуць у мяне над галавою ў тых… у студэнтаў. А тыя галганы кідаюць на мяне зверху недакуркі або льюць ваду… Нарэшце, тая пані Стаўская, пра якую нават не вядома, што і думаць: удава яна ці разведзеная, з чаго яна жыве… Тая пані зводзіць мужоў у цнатлівых жонак, гэткіх гаротных…

Яна хутка заміргала, і ў яе пацяклі слёзы з вачэй.

– Жах! – казала яна, хліпаючы. – Быць прывязанай да гэтага страшнага дома ў памяць пра дзіця, якое нішто не вырве з сэрца. Яна ж бегала па гэтых пакоях… Яна гуляла там, на падворку… І глядзела ў акно, у якое мне, маці сіраціне, выглянуць сёння няможна… Мяне хочуць выжыць адсюль… усе хочуць мяне выжыць… усім я перашкаджаю… А я ж не магу выбрацца адгэтуль, бо на кожнай дошчачцы гэтае падлогі – сляды яе ножак… кожная сцяна ўвабрала яе смех або плач…

Яна ўпала на канапу і заходзілася ад плачу.

– Ах! – галасіла яна. – Людзі страшнейшыя за звяроў… Хочуць мяне выжыць адсюль, дзе маё дзіця перастала дыхаць… Яе ложачак і ўсе цацкі засталіся на сваіх месцах… Я сама выціраю пыл у яе пакоі, каб нічога не зрушыць з месца… Кожную цалю[188] падлогі выцалавала я на каленях, бо там сляды майго дзіцяці, а яны хочуць мяне выгнаць!.. Выганіце ж адсюль спачатку мой боль, маю тугу, маю роспач…

Яна закрыла твар і плакала наўзрыд. Я заўважыў, што ў адміністратара чырванее нос, і сам адчуў вільгаць на вачах.

Роспач баранесы па памерлым дзіцяці гэтак мяне раззброіла, што я не меў ужо адвагі сказаць ёй пра павышэнне платы за кватэру. А яе галашэнне гэтак мяне растрывожыла, што выскачыў бы праз акно, каб не трэці паверх.

У выніку, жадаючы хоць неяк супакоіць кабету, я звярнуўся да яе самым лагодным тонам:

– Няхай пані крыху супакоіцца… Чаго пані жадае?.. Чым можна дапамагчы?..

У маім голасе была такая спагада, што нос адміністратара пачырванеў яшчэ больш. А ў пані баранесы высахла адно вока, але яна яшчэ плакала другім – на знак таго, што не лічыць дзею скончанай, а мяне цалкам пераможаным.

– Я жадаю… я жадаю, – казала яна, сутаргава ўздыхаючы, – жадаю, каб мяне не выганялі адтуль, дзе памерла маё дзіця… дзе ўсё мне нагадвае яго. Не магу… не магу я пакінуць яе пакой… не магу выкінуць яе мэблю і цацкі… Несумленна гэткім чынам нажывацца на горы.

– Хто ж нажываецца? – запытаўся я.

– Усе, пачынаючы ад гаспадара, які загадвае плаціць мне семсот рублёў…

– А прабач, пані баранеса! – не вытрымаў адміністратар. – Сем цудоўных пакояў, дзве кухні памерам з залу, дзве кладоўкі… Няхай пані аддасць хоць тры пакоі, бо тут жа два ўваходы.

– Нічога я нікому не аддам, – адказала яна цвёрда, – бо мой запрапашчы муж, я ў гэтым перакананая, абдумаецца і з дня на дзень вернецца…

– У такім выпадку, трэба плаціць семсот рублёў…

– Калі не больш, – ціха дадаў я.

Пані баранеса зіркнула на мяне, нібы хацела спапяліць позіркам і ўтапіць у слязах. Вой, якая надзвычайная кабетка… Аж мароз па скуры, як яе згадаю.

– Досыць ужо пра кватэрную плату, – сказала яна.

– Вельмі разумна! – пахваліў яе Вірскі і пакланіўся.

– Досыць пра прэтэнзіі гаспадара… Але ж я не магу плаціць семсот рублёў за кватэру ў падобным доме…

– Чым пані баранесе дом не дагадзіў? – запытаўся я.

– Гэты дом – ганьба для пачцівага чалавека! – закрычала яна, жэстыкулючы. – Дык я не дзеля сябе, а дзеля захавання маральнасці прашу…

– Чаго?

– Каб выгналі тых студэнтаў, якія жывуць нада мною, не даюць мне вызірнуць у вакно на падворак і дэмаралізуюць усіх…

Раптам яна ўскочыла з канапы.

– О! Чуе пан? – паказала яна на дзверы, што вялі ў пакой з боку дзядзінца.

Сапраўды, я пачуў голас эксцэнтрычнага брунета, ён гукаў з чацвёртага паверха:

– Марысю!.. Марысю, хадзі да нас…

– Марысю! – паклікала баранеса.

– Я тут… Чаго пані жадае? – адказала крыху зачырванелая служанка.

– Каб з дома ні кроку!.. Вось, – казала баранеса, – і гэтак цэлымі днямі. А ўвечары ходзяць да іх прачкі… Пане! – закрычала яна, набожна складаючы рукі. – Выгані тых нігілістаў, бо гэта крыніца распусты і небяспекі для ўсяго дому… Яны ў чарапах трымаюць гарбату і цукар… Яны касцямі чалавечымі варушаць вуголле ў самавары… Яны некалі прынясуць сюды цэлы шкілет!..

Яна зноў заплакала, аж я спалохаўся, што пачнуцца сутаргі.

– Тыя паны, – сказаў я, – не плацяць за кватэру, дык цалкам верагодна…

У баранесы высахлі вочы.

– Сапраўды, – не дала яна мне скончыць, – вы мусіце іх выгнаць… Але, пане! – зноў закрычала яна, – якія б яны ні былі паганыя і распусныя, яшчэ горшая за іх тая… тая Стаўская!..

Дзіўна было бачыць, якое полымя нянавісці шуганула ў вачах пані баранесы, калі тая прамовіла “Стаўская”.

– Пані Стаўская тут жыве? – спытаў я міжвольна. – Тая прыгожая?..

– О… яшчэ адна ахвяра!.. – выгукнула баранеса, паказваючы на мяне, а потым з палымяным позіркам пачала прамаўляць вельмі нізкім голасам. – Але ж, чалавеча сівавалосы, абдумайся, што ты робіш?.. Гэта ж кабета, муж якое быў абвінавачаны ў забойстве і ўцёк за мяжу… А з чаго яна жыве?.. Адкуль у яе грошы гэтак прыбірацца?..

– Працуе кабетка, як вол, – ціха сказаў адміністратар.

– О… і гэты!.. – зноў выгукнула баранеса. – Мой муж (я ўпэўненая, што гэта ён) пасылае ёй з вёскі букеты… Адміністратар дому закаханы ў яе, дык бярэ з яе кватэрную плату на месяц пазней…

– Але ж, пані! – запратэставаў экс-землеўласнік і ўвесь яго твар зрабіўся гэткім жа чырвоным, як нос.

– Нават той пачцівы няўдаліца Марушэвіч, – працягвала баранеса, – нават ён цэлымі днямі выглядае яе праз акно…

Драматызм у голасе баранесы зноў перайшоў у галашэнне.

– І падумаць толькі, – скуголіла яна, – што гэткая кабета мае дачку! Дачку… якую выхоўвае для пекла, а я… О! Я веру ў справядлівасць… веру ў міласэрнасць Божую, але я не разумею… так… я не разумею выраку, які мяне пазбавіў, а ёй пакінуў дзіця… Ёй… Ёй… Пане! – выбухнула яна з новай сілай. – Можаш пакінуць нават тых нігілістаў, але яе… мусіш выгнаць!.. Няхай кватэра стаіць пустая… я сама буду плаціць, абы яна не мела даху над галавою…

Гэтая заява зусім ужо мне не спадабалася. Я даў адміністратару знак, што пара ісці ды, кланяючыся, холадна прамовіў:

– З дазволу пані, вырашаць гэта будзе гаспадар, пан Вакульскі.

Баранеса раскінула рукі, як чалавек, якому куля трапіла проста ў сэрца.

– А!.. Дык вось як?.. – ціха сказала яна. – Дык ужо і пан, і той… той… Вакульскі пад яе ўплывам апынуліся?.. Га? Засталося мне толькі чакаць справядлівасці Божае…

Мы хутчэй выйшлі. На лесвіцы я захістаўся, як п’яны.

– Што пан ведае пра тую пані Стаўскую? – спытаў я ў Вірскага.

– Вельмі прыстойная кабета, – адказаў ён. – Маладая, прыгожая і зарабляе на ўсю сям’ю… Бо пенсіі яе маткі ледзьве хапае на кватэрную плату…

– У яе ёсць маці?

– Ёсць. Таксама добрая кабеціна.

– А колькі ж яны плацяць за кватэру?

– Трыста рублёў, – адказаў адміністратар. – Гэта, пане, нібы з алтара бяром…

– Пойдзем да тых паняў, – прапанаваў я.

– Вельмі ахвотна! – згадзіўся ён. – А што пляце пра іх гэта вар’ятка, няхай пан не бярэ да галавы. Яна ненавідзіць Стаўскую, не ведаю нават чаму. Хіба што яна маладая і мае дачушку, падобную да анёлка…

– Дзе яны жывуць?

– У правай афіцыне, на другім паверсе.

Не памятаю, як мы спусціліся па лесвіцы, як мінулі падворак і падняліся на другі паверх афіцыны. Увесь час стаялі ў мяне перад вачыма пані Стаўская і Вакульскі… Божа мілы! Якая б гэта была прыгожая пара! Але што тут казаць, калі яна мае мужа. Хоць гэта справы, у якія вельмі мала ахвоты мне ўмешвацца. Я бачу адно, яны – другое, а лёс – нешта зусім іншае.

Лёс! Лёс!.. Як дзіўна ён зводзіць людзей. Каб я шмат гадоў таму не спусціўся ў склеп Гопфера да Махальскага, не пазнаёміўся б з Вакульскім. А каб я не выправіў яго ў тэатр, ён, можа, не спаткаў бы панну Ленцкую. Раз я ўжо наварыў яму піва, хоць і выпадкова, дык не хачу паўтараць. Няхай Бог сам клапоціцца пра сваю чэлядзь.

Калі мы спыніліся ля дзвярэй кватэры пані Стаўскае, адміністратар гарэзліва ўсміхнуўся і прашаптаў:

– Як пан лічыць… Можа, даведаемся спачатку, ці маладая дома? Ёсць на што паглядзець, пане!..

Адміністратар не пазваніў, а пастукаўся – раз, другі. Раптам дзверы досыць рэзка адчыніліся, і на парозе паўстала прысадзістая служанка з падкасанымі рукавамі ды ў мыльнай пене рукамі, якім маглі пазайздросціць атлеты.

– О, гэта пан адміністратар! – гучна абвясціла яна. – А я думала, што зноў той…

– Назаляе хто? – спытаў Вірскі з абурэннем у голасе.

– Не так, каб назаляў, – па-сялянску адказала служанка, – але прыслаў нехта сёння букет. Кажуць, той Марушэвіч, што насупраць…

– Лотр! – прашыпеў адміністратар.

– Мужчыны ўсе такія. Няхай яму спадабаецца хто, дык зараз пачне сляпіцаю ў вочы лезці.

– Абедзве пані дома? – спытаў Вірскі.

Таўстуха-служанка зірнула на мяне падазрона.

– Пан адміністратар з гэтым панам?

– З гэтым панам. Гэта ўпаўнаважаны гаспадара.

– А малады ён ці стары? – распытвала яна, прыглядаючыся да мяне, як суддзя, які вядзе следства на працэсе.

– Ты ж бачыш, што стары!.. – адказаў адміністратар.

– Сярэдняга веку, – удакладніў я. (Яны, далібог, хутка пятнаццацігадовых хлопцаў пачнуць называць старымі.)

– Абедзве пані дома, – сказала служанка. – Да маладое пані толькі што прыйшла адна дзяўчынка на ўрок. А старэйшая пані ў сваім пакоі.

– Хм! – прамармытаў адміністратар. – Зрэшты, скажы старой пані…

Мы ўвайшлі ў кухню, дзе стаяла балея, поўная дзіцячае бялізны ў мыльнай пене. На вяроўцы пры коміне сушыліся дзіцячыя спаднічкі, кашулькі ды панчошкі. (Як адразу відаць, што ёсць дзіця ў доме!)

З-за прыадчыненых дзвярэй мы пачулі голас старое кабеты.

– З адміністратарам?.. Нейкі пан? – перапытвала невідочная дама. – Можа, гэта Людвічак, бо ён мне якраз сніўся…

– Няхай панове ўваходзяць, – прамовіла служанка, адчыняючы дзверы ў салон.

Сцены невялікага салоніка былі светла-шэрыя, абіўка мэблі – сіняя. Піяніна. На абодвух вокнах поўна белых і ружовых кветак, на сцяне – рэпрадукцыі, прэміі Мастацкага таварыства[189], на стале – лямпа ў форме цюльпана. Пасля салона пані Кшэшоўскае, падобнага на могілкі, з мэбляю ў цёмных чахлах, было мне тут весялей. Пакой выглядаў так, нібы тут чакалі госця. Але крэслы, якія занадта сіметрычна стаялі вакол стала, сведчылі, што госць яшчэ не прыехаў.

Праз пару хвілін з супрацьлеглых дзвярэй выйшла асоба паважнага веку, убраная ў шэрую сукенку. Уразіў мяне белы колер яе валасоў і дробны твар – не надта маршчыністы, з правільнымі рысамі, якія я дзесьці бачыў.

Тым часам адміністратар зашпіліў свой заплямлены сурдут на два гузікі, пакланіўся з грацыяй прыроджанага шляхціца і сказаў:

– Дазволіць, пані, прадставіць: пан Жэцкі, упаўнаважаны нашага гаспадара і мой сябра…

Зірнулі мы адзін аднаму ў вочы. Прызнаюся, быў я крыху здзіўлены нашым сяброўствам… Вірскі заўважыў гэта і ўсміхнуўся:

– Я кажу – сябра, бо абодва мы бачылі цікавыя рэчы, калі былі за мяжою.

– Шаноўны пан быў за мяжою? Вось як!.. – адзначыла старая.

– У 1849 годзе і крыху пазней, – растлумачыў я.

– А ці пан не сустрэўся дзесьці з Людвікам Стаўскім?

– Але ж, пані дабрадзейка, – зарагатаў Вірскі і пакланіўся. – Пан Жэцкі быў за мяжою трыццаць гадоў таму, а зяць пані толькі чатыры гады як з’ехаў…

Старая махнула рукою, нібы адганяючы муху.

– Праўда, – згадзілася яна. – Што гэта я пляту… Бо няспынна думаю пра Людвічка… Няхай жа панове маюць ласку прысесці…

Мы селі, экс-землеўласнік пры гэтым з пашанаю пакланіўся даме, а яна – яму.

Я заўважыў, што шэрая сукенка старое ў шмат якіх месцах зацыраваная, і дзіўная меланхолія агарнула мяне пры выглядзе гэтых дваіх – у заплямленым сурдуце і ў зацыраванай сукенцы, якія паводзілі сябе па-каралеўску. Над імі ўжо прайшоў плуг часу, які ўсё раўняе.

– Бо, пэўна, пан не ведае пра наша гора, – сказала старая дама, звяртаючыся да мяне. – З маім зяцем чатыры гады таму здарылася вельмі прыкрая гісторыя. Няслушным чынам… Забілі тут нейкую жахлівую ліхвярку… Ах, Божа! Няма тут чаго і казаць… Досыць, што нехта з блізкіх папярэдзіў яго, бо на яго якраз падала падазрэнне… На невінаватага, пане…

– Жэцкі, – падказаў экс-землеўласнік.

– Зусім несправядлівае, пане Жэцкі… Ну і ён… бядак уцёк за мяжу. Летась знайшоўся сапраўдны забойца, абвешчана было, што Людвік невінаваты, але што ж, як ён ужо два гады не піша…

Тут яна нахілілася да мяне і прашаптала:

– Гэленка, дачка мая, пане…

– Жэцкі, – падказаў адміністратар.

– Дачка мая, пане Жэцкі, не шкадуе грошай… шчыра кажу, не шкадуе на абвесткі ў замежныя часопісы, але ўсё марна… Кабета маладая, пане…

– Жэцкі, – падказаў адміністратар.

– Кабета маладая, пане Жэцкі, нябрыдкая.

– Прыгажуня! – горача ўдакладніў адміністратар.

– Я была крыху да яе падобная, – працягвала сівая дама, уздыхаючы і ківаючы галавою. – Дык вось, дачка мая маладая і нябрыдкая, мае адно дзіця і… можа, хоча яшчэ мець. Хоць, пане Вірскі, прысягаю, ніколі ні слова я пра гэта ад яе не чула… Пакутуе і маўчыць, але, што яна пакутуе, я здагадваюся. І мне было трыццаць гадоў…

– Каму з нас не было! – цяжка ўздыхнуў адміністратар.

Рыпнулі дзверы і прыбегла малая дзяўчынка з пруткамі ў руках.

– Бабуля, калі ласка, – закрычала яна, – я не магу скончыць каптанік маёй ляльцы.

– Гэлюня! – сурова спыніла яе бабуля. – Ты не пакланілася…

Дзяўчынка два разы крыху прысела і дрыгнула ножкаю ў наш бок (я адказаў нязграбна, а пан Вірскі, як граф) і працягвала, паказваючы бабулі пруткі, на якіх матляўся чорны ваўняны квадрацік:

– Калі ласка, бабуля, надыдзе зіма, і маёй ляльцы не будзе ў чым выйсці на вуліцу… Калі ласка, бабуля, зноў я вочка згубіла.

(Цудоўнае дзіця… Божа міласэрны! Чаму Стах не яе бацька? Можа, ён не вар’яцеў бы гэтак…)

Бабуля перапрасіла нас і ўзяла пруткі з воўнаю, а тым часам увайшла ў салон пані Стаўская.

Мушу прызнацца, я сустрэў яе годна, а Вірскі зусім згубіў галаву. Ён ускочыў з крэсла, як студэнт, зашпіліў сурдут яшчэ на адзін гузік, скажу нават – пачырванеў і забубніў:

– Дазволіць, пані, прадставіць: пан Жэцкі, упаўнаважаны нашага гаспадара.

– Вельмі прыемна, – адказала пані Стаўская, апусціла вочы і пакланілася.

Але яе запунсавелы і крыху спалоханы твар сведчылі, што яна не лічыць мяне прыемным госцем.

“Пачакай жа! – думаю я і ўяўляю на сваім месцы Вакульскага. – Пачакай жа, зараз я цябе пераканаю, што няма чаго нас баяцца”.

Пані Стаўская села ўжо на крэсла і была гэткая збянтэжаная, што пачала папраўляць сукенку на дачушцы. Маці яе таксама спахмурнела, а адміністратар зусім аслупянеў. “Пачакайце ж!” – думаю я і з вельмі суровым выразам твару пытаюся:

– Даўно пані жывуць у гэтым доме?

– Пяць гадоў… – адказала пані Стаўская і пачырванела яшчэ мацней, а яе маці аж здрыганулася.

– Колькі пані плацяць?

– Дваццаць пяць рублёў кожны месяц… – ціха адказала маладая пані.

Чырвань раптам сышла з яе твару, яна пачала скубці сукенку і міжволі, пэўна, кінула на Вірскага гэткі ўмольны позірк, што… каб я быў Вакульскім, зараз жа прасіў бы яе рукі…

– Мы, – дадала яна яшчэ цішэй, – вінаватыя панам за ліпень…

Я нахмурыўся, як Люцыфер, набраў паветра, колькі яго было ў пакоі, і прамовіў:

– Нічога пані нам не вінаватыя да… кастрычніка. Якраз Стах… гэта значыць, пан Вакульскі піша мне, што гэта рабунак – браць трыста рублёў за тры пакоі на гэтай вуліцы. Пан Вакульскі не можа дазволіць гэткага гэткае несправядлівасці і загадаў мне паведаміць паням, што кватэра ад кастрычніка будзе здавацца за дзвесце рублёў. А калі пані не жадаюць…

Адміністратар аж ад’ехаў разам з фатэлем. Старая склала рукі, а пані Стаўская пазірала на мяне вялікімі вачыма. Якія вочы!.. І як яна ўмее глядзець!.. Клянуся, што каб я быў Вакульскім, прасіў бы яе рукі неадкладна. Ад мужа, пэўна, ужо адны косці засталіся, калі ён не піша два гады. Зрэшты, навошта ж тады разводы?.. Навошта Стаху столькі грошай?..

Зноў рыпнулі дзверы і паказалася на парозе дзяўчынка гадоў дванаццаці ў саламяным капялюшыку на галаве і з сшыткамі ў руках. Было гэта дзіця чырванашчокае і таўсматае, але без адзнак вялікага розуму. Яна пакланілася нам, пакланілася пані Стаўскай і яе маці, пацалавала ў абедзве шчочкі малую Гэленку ды пайшла, відавочна, дадому. Але з кухні яна вярнулася і, уся пунсовая, запыталася ў пані Стаўскае:

– Паслязаўтра а якой гадзіне мне прыходзіць?

– Паслязаўтра, каханая… прыйдзі а чацвёртай, – адказала пані Стаўская, таксама збянтэжаная.

Калі дзяўчынка, нарэшце, пайшла, маці пані Стаўскае азвалася незадаволена:

– І гэта называецца ўрокі. Божа мілы… Гэленка працуе з ёю сама мала паўтары гадзіны і за гэткі ўрок бярэ сорак грошай…

– Матуля! – спыніла яе пані Стаўская і ўмольна зірнула на яе.

(Каб я быў Вакульскім, дык ужо вяртаўся б з касцёла пасля шлюбу з ёю. Якая кабета!.. Якія рысы, які выраз твару! За ўсё жыццё не бачыў я нічога падобнага!.. А ручкі, а фігурка, а рост, а вочы, вочы!..)

Праз хвіліну няёмкага маўчання зноў азвалася маладая пані:

– Мы вельмі ўдзячныя пану Вакульскаму за тыя ўмовы, на якіх ён пакідае нам гэту кватэру!.. Гэта, хіба, адзіны выпадак, каб гаспадар сам змяншаў кватэрную плату. Але я не ведаю, ці… можам мы карыстацца яго добразычлівасцю?..

– Гэта не ветлівасць, пані, гэта сумленнасць шляхетнага чалавека! – заўважыў адміністратар. – Мне пан Вакульскі таксама зменшыў кватэрную плату, і клянуся… Вуліца, пані, трэцеразрадная, рух малы…

– Але кватарантаў тут лёгка знайсці, – сказала пані Стаўская.

– Нам лепш тыя, пра якіх мы ведаем, што яны людзі спакойныя і захоўваюць парадак, – сказаў я.

– Слушна, – пахваліла мяне сівая дама. – Парадак у кватэры – гэта першае правіла, якога мы прытрымліваемся… Нават калі Гэлюня нарэжа паперак ды параскідае па падлозе, зараз жа падмяце ўсё Франуся…

– Але ж, бабуля, я выразаю толькі канверты, бо пішу лісты татку, каб ужо вяртаўся хутчэй, – азвалася дзяўчынка.

На абліччы пані Стаўскае мільгануў цень нібы крыўды і стомленасці.

– І нічога, ніводнае весткі? – запытаўся адміністратар.

Маладая пані павольна пакруціла галавою, я нават не ўпэўнены, што яна не ўздыхнула, але гэтак ціха…

– Вось лёс маладое і нябрыдкае кабеты! – выгукнула старая дама. – Не панна і не замужам…

– Матуля!.. Матуля!..

– Так, – працягвала маці з хваляваннем, – мы тут яго чакаем кожны дзень, кожную гадзіну, але дарэмна… Альбо ён памёр, альбо адмовіўся ад цябе, дык не маеш і ты абавязку чакаць…

У абодвух паняў слёзы паказаліся на вачах: у маці – ад гневу, а ў дачкі… Ці я ведаю?.. Можа, шкадавала яна сваё скалечанае жыццё.

Раптам прыйшла мне ў галаву ідэя, якую (каб не пра мяне гаворка) назваў бы я геніяльнаю. Зрэшты, неістотна, як гэта называецца. Дастаткова, што было на маім твары і ў постаці нешта такое, што, калі я паварушыўся на крэсле, заклаў нагу на нагу і адкашляўся, дык усе ўтаропіліся на мяне, нават малая Гэленка.

– Наша знаёмства, – пачаў я, – яшчэ вельмі нядаўняе, каб я насмеліўся…

– Нічога! – спыніў мяне пан Вірскі. – Добрую дапамогу можна прыняць нават ад незнаёмых.

– Наша знаёмства, – я з дакорам зірнуў на яго і працягваў, – сапраўды, нядаўняе. Аднак, калі пані дазволяць, не так мне, як пану Вакульскаму, каб ён ужыў свае сувязі і пашукаў мужа пані…

– Ааа!.. – заенчыла старая дама, і не падобна было, што ад радасці.

– Матуля! – звярнулася да яе пані Стаўская.

– Гэлюня, – цвёрда сказала бабуля, – ідзі да сваёй лялькі і вяжы ёй каптанік. Вочка я ўжо падняла, ідзі…

Дзяўчынка была крыху здзіўленая, можа, нават крыху зацікаўленая, але яна пацалавала ў руку бабулі і маці ды выйшла са сваімі пруткамі.

– Калі ласка, пане, – працягвала старая, – калі казаць шчыра, дык мне не так важна… Гэта значыць… я не веру, што Людвік жывы. Хто два гады не піша…

– Мама, досыць!..

– О, не! – запярэчыла маці. – Калі ты яшчэ не зразумела свайго становішча, дык я ўжо яго разумею. Нельга жыць з вечнаю надзеяй або ў чаканні бяды…

– Мама дарагая, пра маё шчасце і абавязкі толькі я сама маю права…

– Не кажы мне пра шчасце, – выбухнула маці. – Яно скончылася ў той дзень, калі твой муж уцёк ад суду, якому стала вядома пра нейкія яго цьмяныя справы з ліхвяркаю. Што ён быў невінаваты, я галавою паручуся, але не разумею ні я, ні ты, навошта ён да яе хадзіў.

– Мама! Тут жа чужыя людзі… – не вытрымала пані Стаўская.

– Я – чужы? – спытаў адміністратар з дакорам, але прыўзняўся з крэсла і пакланіўся.

– І пан не чужы, і гэты пан, – прамовіла старая, паказваючы на мяне. – Па ўсім відаць, пачцівы чалавек…

Цяпер пакланіўся я.

– Дык я і кажу пану, – працягвала старая, зазіраючы мне ў вочы, – жывём мы ў няпэўнасці, што да майго зяця, і гэта няпэўнасць труціць нам жыццё. Але, прызнаюся шчыра, я больш баюся яго вяртання…

Пані Стаўская закрыла твар хустачкаю і выбегла з пакою.

– Плач, плач… – паківала пальцам старая. – Гэтыя слёзы, хоць і балесныя, але лепш за тыя, якія ты штодня льеш… Пане, – звярнулася яна да мяне, – я прыму ўсё, што нам пан Бог пашле, але адчуваю, каб гэты чалавек вярнуўся, дык ён дарэшты знішчыў бы шчасце майго дзіцяці. Клянуся, яна ўжо не кахае яна яго, хоць і сама не ведае пра гэта, але я ўпэўненая, – дадала яна цішэй, – што… паехала б да яго, каб ён яе паклікаў!..

Слёзы, якія яна старалася стрымаць, не далі ёй скончыць. Пераглянуліся мы з Вірскім і развіталіся з сівою дамай.

– Пані, – сказаў я ўжо з парога, – яшчэ да канца года прынясу я пані вестку пра зяця. А можа, гэтак станецца, – прашаптаў я з міжвольнаю ўсмешкаю, – што… усім нам будзе добра… Усім, нават тым, каго тут няма!..

Старая дапытліва зірнула на мяне, але я нічога больш не сказаў. Яшчэ раз развітаўся з ёю, і мы вышлі з адміністратарам, не чакаючы ўжо пані Стаўскую.

– А няхай бы пан заходзіў да нас часцей, хоць кожны вечар!.. – загукала сівая дама, калі мы былі ўжо ў кухні.

Вядома, буду заходзіць… Ці атрымаецца мая камбінацыя са Стахам? Адзін Бог ведае. Там, дзе ў гульню ўступае сэрца, марныя ўсе разлікі. Але я паспрабую развязаць рукі кабеце, а гэта ўжо нямала.

Пасля таго, як выйшлі ад пані Стаўскае ды яе маці, мы развіталіся з адміністратарам вельмі сардэчна. Добры нібы чалавек. Але, вярнуўшыся да сябе ды прыгадаўшы вынікі свайго наведвання кватарантаў, я схапіўся за галаву.

Я мусіў упарадкаваць фінансавы бок справы, і ўпарадкаваў яго такім чынам, што даход, пэўна, зменшыцца яшчэ на трыста рублёў за год. Во як! Можа, Стах хутчэй апамятаецца і прадасць свой набытак, які зусім яму непатрэбны.

Ір усё яшчэ кволіцца. Палітыка на старым месцы: усё тая ж няпэўнасць…

XXII. ШЭРЫЯ ДНІ І КРЫВАВЫЯ ГАДЗІНЫ

Праз чвэрць гадзіны пасля ад’езду з Варшавы па варшаўска-быдгошчскай чыгунцы Вакульскім завалодалі два абсалютна розныя адчуванні: паветра яго асвяжала, але пачала навальвацца і нейкая дзіўная летаргія.

Рухаўся ён свабодна, розум быў цвярозы і ясны, але была поўная абыякавасць: з кім едзе, якою дарогаю едзе, куды едзе. Апатыя гэтая расла па меры аддалення ад Варшавы. За Прушкавым амаль усцешылі яго кроплі дажджу, якія праз адчыненае акно траплялі ў вагон, потым крыху дадала бадзёрасці нечаканая бура пад Градзіскам, ён нават прагнуў, каб яго пярун забіў. Потым бура скончылася, і ён зноў трапіў ва ўладу абыякавасці, не зважаючы ўжо ні на што, нават калі сусед з правага боку заснуў у яго на плячы, а сусед, які сядзеў насупраць, зняў калошы, і ногі паклаў яму на калені, зрэшты, у чыстых шкарпэтках.

Бліжэй да паўночы ён пачаў правальвацца нібы ў сон, а можа, толькі ў яшчэ большую абыякавасць. Ён захінуў фіранкаю вагонны ліхтар, прыкрыў вочы і думаў, што гэтая дзіўная апатыя скончыцца з узыходам сонца. Але яна не скончылася, наадварот, працягвалася і ўзмацнялася. Не было яму ад гэтага ані добра, ані кепска, так сабе.

Потым узялі ў яго пашпарт, потым з’еў ён сняданак, купіў новы білет, загадаў перанесці рэчы ў іншы цягнік і рушыў далей. Новая станцыя, новая змена цягнікоў, новая язда… Вагон трэсла, колы грукаталі, лакаматыў пасвістваў, затрымліваўся… Пачалі сядаць людзі, якія размаўлялі па-нямецку: двое, трое… Потым зусім зніклі людзі, якія размаўлялі па-польску, і вагон напоўніўся ўжо аднымі немцамі.

Мяняўся таксама і краявід. За насыпамі пайшлі лясы, дзе дрэвы стаялі роўнымі шэрагамі, як жаўнеры. Зніклі драўляныя хаты з саламянымі стрэхамі, і ўсё часцей пачалі з’яўляцца двухпавярховыя дамкі з чарапічнымі дахамі ў атачэнні садоў. Зноў прыпынак, зноў язда. Нейкі вялізны горад… А! Гэта, хіба, Берлін… Зноў язда… У вагон сядаюць людзі, якія размаўляюць яшчэ па-нямецку, але ўжо нібы з акцэнтам. Потым ноч і сон… Не, гэта не сон, а толькі апатыя.

З’яўляюцца два французы ў купэ. Краявід зусім іншы: шырокі далягляд, узгоркі, вінаграднікі. Там-сям – вялікія двухпавярховыя дамы, старыя, але трывалыя, у засені дрэў і апавітыя плюшчам. Зноў рэвізія валізак. Змена цягнікоў, і ў вагон уваходзяць два французы ды адна францужанка. Яны шумяць, нібы іх дзясяцера. Відно, што гэта людзі добра выхаваныя, але яны рагочуць, перасаджваюцца з месца на месца і просяць прабачэння ў Вакульскага, але за што – ён не разумее.

На адной са станцый ён піша Сузіну: “Парыж. Гранд Гатэль”[190] і аддае картку кандуктару вагона разам з нейкім банкнотам, не клапоцячыся, ані колькі ён даў, ані тым, ці дойдзе гэта тэлеграма. На наступнай станцыі нехта ўсоўвае яму ў руку скрутак банкнотаў, і – едуць далей. Вакульскі заўважае, што зноў ноч, і зноў трапляе ён у стан, які можа быць сном, а можа – толькі стратаю прытомнасці.

Вочы ў яго заплюшчаныя, ён думае, што спіць, што гэты дзіўны стан абыякавасці скончыцца ў Парыжы.

“Парыж!.. Парыж!.. (кажа ён сабе, працягваючы спаць). Я ж столькі гадоў марыў пра яго. Гэта пройдзе. Усё пройдзе!..”

Дзясятая гадзіна раніцы, новая станцыя. Цягнік спыняецца пад дахам: шум, крык, беганіна. На Вакульскага нападае адразу трое французаў, якія прапаноўваюць свае паслугі. Раптам нехта хапае яго за плячо.

– Ну, Станіслаў Пятровіч, тваё шчасце, што прыехаў…

Вакульскі глядзіць на нейкага велікана з чырвоным тварам ды канаплянаю барадою і, нарэшце, кажа:

– А, Сузін!

Яны абдымаюцца. Разам з Сузіным яшчэ два французы, адзін з якіх забірае ў Вакульскага квіток на рэчы.

– Тваё шчасце, што прыехаў, – кажа Сузін, цалуючы яго яшчэ раз. – Я ўжо думаў, што звар’яцею ў гэтым Парыжы без цябе…

“Парыж,” – думае Вакульскі.

– Але што я, – працягвае Сузін. – Ты ўжо гэтак заганарыўся сярод вашае паршывае шляхты, што пра мяне і думаць забыў, а шкода грошай… Страціў бы не менш за пяцьдзясят тысяч рублёў…

Два французы, спадарожнікі Сузіна, вяртаюцца і кажуць, што можна ехаць. Сузін бярэ пад руку Вакульскага і вядзе яго на пляц, дзе стаіць мноства амнібусаў і калясак адна- і двуконных з фурманамі ззаду або спераду. Яны робяць некалькі крокаў і знаходзяць двуконную каляску з лёкаем. Садзяцца і едуць.

– Зірні, – кажа Сузін, – гэта вуліца Лафаета[191], а вось бульвар Маджэнта. Мы паедзем па Лафаета ажно да гатэля каля Оперы. Я табе кажу, гэта цуд, а не горад! А як убачыш яшчэ Елісейскія палі, а потым Рывалі побач з Сенай… Гэх! Я табе кажу, цуд, а не горад… Кабеты толькі занадта выпіхаюцца[192]. Але тут іншыя густы… Гэтак я рады, што ты прыехаў, пяцьдзясят тысяч рублёў, ці нават больш, нешта сабой уяўляюць… Вось, бачыш, Опера, а вось бульвар Капуцынаў, а вось і наша хата.

Вакульскі бачыць вялізны шасціпавярховы гмах у форме кліна, абкружаны жалезнаю балюстрадаю на вышыні трэцяга паверха, які стаіць на шырокай вуліцы, абсаджанай не вельмі старымі дрэвамі, поўнай омнібусаў, калясак, людзей конных і пешых. Рух такі, нібы палова Варшавы раптам пабегла паглядзець на нейкі выпадак, а вуліца гладкая, як падлога. Ён бачыць, што знаходзіцца ў самым цэнтры Парыжа, але не адчувае ані ўзрушанасці, ані цікаўнасці. Усё яму абыякава.

Каляска заязджае ў прыгожую браму, лёкай адчыняе дзверцы, яны выходзяць. Сузін бярэ Вакульскага пад руку і заводзіць у малы пакойчык, які праз момант пачынае падымаць іх угару.

– Гэта ліфт, – кажа Сузін. – У мяне тут два нумары. Адзін на другім паверсе за сто франкаў у дзень, а другі – на чацвёртым за дзесяць франкаў. І табе я ўзяў за дзесяць франкаў. Што зробіш, выстава!..

Яны выходзяць з ліфта ў калідор і праз момант трапляюць у элегантны пакой з мэбляю чырвонага дрэва, шырокім ложкам пад балдахінам і шафаю з вялікім люстрам замест дзвярэй.

– Сядай, Станіслаў Пятровіч. Хочаш есці, піць? Тут ці ў зале? Ну, пяцьдзясят тысяч твае… Я вельмі рады.

– Скажы мне, – азваўся, нарэшце, Вакульскі, – за што ж я маю атрымаць пяцьдзясят тысяч?..

– Можа, і больш.

– Добра, але за што?

Сузін кідаецца ў фатэль, счэплівае рукі на жываце і пачынае рагатаць.

– Якраз за тое, што пытаешся! Іншы не пытае, за што ён возьме грошы, толькі давай… А ты адзін хочаш ведаць, за што заробіш гэткія грошы. Ах ты, галубок!..

– Гэта не адказ.

– Зараз я табе адкажу, – працягвае Сузін. – Галоўнае, за тое, што ты мяне яшчэ ў Іркуцку чатыры гады розуму вучыў. Каб не ты, не быў бы я тым Сузіным, што цяпер. Ну, а я, Станіславе Пятровіч, я не ваш чалавек, за дабро плачу дабром…

– І гэта не адказ, – заўважыў Вакульскі.

Сузін паціснуў плячыма.

– У гэтым пакоі ўжо не чакай ты ад мяне іншага тлумачэння, а там, унізе, сам усё зразумееш. Можа, куплю крыху галантарэі парыжскае, а можа, з дзясятак купецкіх караблёў. Я па-французску ані ў зуб, і па-нямецку таксама, дык трэба мне такі чалавек, як ты…

– Я нічога не цямлю ў караблях.

– Будзь спакойны. Знойдуцца тут інжынеры і чыгуначныя, і марскія, і вайсковыя… Мне цяпер не яны важныя, а чалавек, які б гаварыў за мяне і для мяне. Зрэшты, кажу я табе, калі спусцімся ўніз, няхай будзе ў цябе па дзве пары вачэй і вушэй, але як выйдзем адтуль, няхай не застанецца ў цябе нават памяці. Ты гэта можаш, Станіславе Пятровіч, а пра іншае не пытайся. Я зараблю дзесяць працэнтаў, табе дам дзесяць працэнтаў свайго заробку, і справа скончаная. А на што, каму і супраць каго – не пытайся.

Вакульскі маўчаў.

– А чацвёртай прыйдуць да мяне амерыканскія і французскія фабрыканты. Можаш спусціцца? – запытаўся Сузін.

– Добра.

– А цяпер пройдзешся па горадзе?

– Не. Цяпер пайду пасплю.

– Ну і добра. Хадзем у твой нумар.

Яны выйшлі з нумара Сузіна і крыху далей зайшлі ў такі самы пакой. Вакульскі кінуўся на ложак, Сузін выйшаў на дыбачках і зачыніў дзверы.

Калі Сузін выйшаў, Вакульскі прыкрыў вочы і стараўся заснуць. Можа, не так заснуць, як адагнаць ад сябе нейкую надакучлівую думку, ад якой ён уцёк з Варшавы. Нейкі час яму здавалася, што яе няма, што яна засталася там, што шукае яго, заклапочаная, туляючыся паміж Кракаўскім прадмесцем і алеяй Уяздоўскаю.

“Дзе ён?.. Дзе ён?..” – шаптала здань.

“А калі яна пагоніцца за мною?.. – задаўся пытаннем Вакульскі. – Ну ўжо тут, хіба, не знойдзе мяне. У такім вялікім горадзе, у такім аграмадным гатэлі…”

“А можа, яна ўжо шукае мяне?..” – падумаў ён.

Ён заплюшчыў вочы мацней і пачаў гайдацца на ложку, які здаўся яму надзвычай шырокім, а матрац вельмі спружыністым. Вакол было два шумы. За дзвярыма, на калідоры гатэля, людзі гаманілі і бегалі, нібы там нешта здарылася, а за акном, на вуліцы, не змаўкаў невыразны шум, які складаўся з туркатання шматлікіх калясак, званкоў, людскіх галасоў, гучання труб, стрэлаў і Бог ведае чаго яшчэ – усё прыглушана і здалёк.

Потым здалося яму, што нейкі цень зазірае ў вакно, а потым – што па доўгім калідоры нехта ходзіць ад дзвярэй да дзвярэй, стукаецца і пытае:

“Ці няма яго тут?..”

Сапраўды, нехта хадзіў і стукаў, нават пастукаўся яму ў дзверы, але не пачуў адказу і пайшоў далей.

“Не знойдзе мяне!.. Не знойдзе…” – думаў Вакульскі.

Потым ён расплюшчыў вочы, і валасы ў яго на галаве сталі дыбарам.

Насупраць ён убачыў гэткі ж самы пакой, як і той, у якім ён быў, гэткі ж самы ложак з балдахінам, а на ложку – сябе!.. Было гэта адно з самых моцных уражанняў, якія ён зведаў у жыцці, калі ўбачыў, што тут, дзе адчуваў сябе ў поўнай адзіноце, таварышуе яму неадступны сведка… ён сам!..

“Што за арыгінальны шпіянаж?.. – прамармытаў ён. – Недарэчныя люстраныя шафы”.

Ён ускочыў з ложка, ягоны двайнік ускочыў гэтак жа хутка. Ён пабег да акна – той таксама. Ліхаманкава ён адчыніў валізку, каб пераапрануцца, і той таксама пачаў пераапранацца, відавочна, з намерам выйсці ў горад.

Вакульскі адчуваў: трэба бегчы з гэтага пакоя. Здань, ад якой ён уцёк з Варшавы, была ўжо тут і стаяла за рагом. Ён памыўся, надзеў чыстую бялізну, апрануўся. Была яшчэ толькі палова на першую.

“Тры з паловаю гадзіны! – падумаў ён. – Нечым трэба заняцца…”

Не паспеў адчыніць дзверы, як адразу з’явіўся слуга:

Monsieur?

Вакульскі загадаў правесці яго да лесвіцы, даў яму франк і збег з чацвёртага паверху ўніз, як чалавек, за якім гоняцца.

Ён выйшаў праз браму і затрымаўся на ходніку. Вуліца была шырокая, абсаджаная дрэвамі. За адну хвіліну пралятае паўз яго не менш за шэсць калясак і жоўты омнібус, поўны пасажыраў, якія – і ў сярэдзіне, і на даху. Направа, дзесьці вельмі далёка, відно пляц, налева, уздоўж сцяны гатэля, вузкая маркіза[193], а пад ёю – грамадка мужчын і кабет, якія сядзяць за круглымі столікамі проста на ходніку і п’юць каву. Паны ў нізка выразаных камізэльках, з кветкамі або стужкамі ў пятліцах для гузікаў, яны закладаюць нага за нагу акурат на гэткую вышыню, як гэта прыстойна ў атачэнні шасціпавярховых дамоў. Кабеты шчуплыя, малыя, белатварыя з гарачымі позіркамі, але сціпла апранутыя.

Вакульскі ідзе налева і за рагом таго самага гатэля бачыць другую маркізу і другую грамадку людзей, якія нешта п’юць проста на ходніку. Тут сядзіць чалавек сто, калі не болей. У паноў круцельскія міны, а дамы ажыўленыя, дружалюбныя і простыя. Каляскі адна- і двуконныя едуць і едуць, безліч пешых спяшаецца ў адзін і другі бок, праязджаюць жоўты і зялёны омнібусы, а дарогай папярочнай – омнібусы карычневыя. Пасажыраў поўна – і ў сярэдзіне, і наверсе.

Вакульскі стаіць сярод пляца, з якога разыходзіцца сем вуліц. Ён лічыць раз і другі – сем вуліц… Куды ісці?.. Хіба, у той бок, дзе дрэвы… Якраз дзве папярочныя вуліцы абсаджаныя дрэвамі.

“Пайду ўздоўж сцяны гатэля,” – думае Вакульскі.

Ён робіць паўабарота налева і спыняецца ўражаны.

Крыху далей відаць нейкі вялізны гмах.

На партэры – шэраг аркад і скульптур, на другім паверсе – высокія каменныя калоны і крыху меншыя – мармуровыя, з пазалочанымі капітэлямі. На вышыні даху ў кутках – арлы і пазалочаныя скульптуры, якія ўздымаюцца над пазалочанымі фігурамі ўздыбленых коней. Дах, спачатку пакаты, далей – купал, завершаны каронаю, а яшчэ далей – дах трохкутны, наверсе якога таксама група фігур. Кругом – мармур, бронза, золата… Кругом – калоны, скульптуры і барэльефы.

“Опера?.. – думае Вакульскі. – Але ж тут больш мармуру і бронзы, чым ва ўсёй Варшаве!”

Ён прыгадвае сваю краму – упрыгожанне горада, чырванее ды ідзе далей. Ён адчувае, што Парыж з першага кроку агаломшыў яго, і рады гэтаму.

Рух калясак, омнібусаў і пешых узмацняецца, што страх глядзець. На кожным кроку – веранды, круглыя столікі на ходніках, людзі, якія сядзяць пры іх. Следам за каляскаю з лёкаем на запятках едзе павозка, запрэжаная сабакам. Мінае яго омнібус, потым – два насільшчыкі, потым – вялікая двухколка, потым – дама і мужчына конна. І бясконцы шэраг калясак. На ходніку – вазок з букетамі, другі – з садавінаю, насупраць – паштэтнік, разносчык газет, гандляр старызнаю, шліфавальшчык, кніганоша…

M’rchand d’habits[194]

– “Figaro!..”[195]

Exposition!..[196]

– “Guide Parisen”!.. trios francs!.. trios francs!..[197]

Нехта ўпіхвае Вакульскаму ў руку кніжку, ён плаціць тры франкі і пераходзіць на другі бок вуліцы. Ідзе ён хутка, але бачыць, што ўсе яго апярэджваюць: і ў калясках, і пешкі. Відавочна, гэта нейкае грандыёзнае спаборніцтва, дык ён прыспешвае крок і, хоць яшчэ нікога не перагнаў, ужо звяртае на сябе ўвагу. Атакуюць яго разносчыкі газет і кніжак, на яго пазіраюць кабеты, з яго іранічна пасміхаюцца мужчыны. Адчуванне такое, што ён, Вакульскі, пра якога гаварыла ўся Варшава, тут – нясмелы, як дзіця, і… добра яму так… Ах, як бы яму хацелася зноў стаць дзіцём з таго часу, калі бацька раіўся з прыяцелямі: аддаць яго да купца ці ў школу.

У гэтым месцы вуліца крыху збочвае направа. Вакульскі сустракае першы чатырохпавярховы дом і адчувае нейкую расчуленасць. Чатырохпавярховы дом сярод шасціпавярховых!.. Якая мілая неспадзяванка…

Раптам мінае яго каляска з грумам[198] на козлах, у якой едуць дзве кабеты. Адна зусім яму незнаёмая, а другая…

“Яна?.. – шэпча Вакульскі. – Не можа быць!..”

Але ён адчувае, што сілы пакідаюць яго. На шчасце, побач кавярня. Ён падае на крэсла, што стаіць на ходніку, адразу з’яўляецца гарсон, нешта пытае, а потым прыносіць мазагран[199]. Кветачніца ў той жа момант прыпінае яму да тужуркі ружу, а разносчык газет кладзе перад ім “Фігаро”.

Вакульскі кідае адной дзесяць франкаў, другому – франк, п’е мазагран і пачынае чытаць: “Яе К. М. каралева Ізабэла…”[200]

Ён скамечвае газету і хавае яе ў кішэню, плаціць за недапіты мазарган і ўстае з-за століка.

Гарсон скоса пазірае на яго, два госці, якія круцяць у руках кійкі, закладаюць ногі яшчэ вышэй, а адзін з іх нахабна пачынае разглядаць яго праз манокль.

“Каб даць таму франту поўху? – думае Вакульскі. – Заўтра двубой і, можа, забілі б мяне… А каб я забіў яго?..”

Ён прайшоў побач з франтам і паглядзеў яму ў вочы. У франта манокль упаў на камізэльку і прапала ахвота пасміхацца.

Вакульскі ідзе далей і засяроджана разглядае камяніцы. Якія тут крамы!.. Найгоршая з іх выглядае лепш, чым ягоная, якая лічыцца самай прыгожай у Варшаве. Дамы абліцаваныя пясчанікам, амаль на кожным паверсе – вялікія балконы або балюстрады, што цягнуцца ўздоўж усяго паверха.

“У гэтым Парыжы, падобна, усе жыхары маюць патрэбу ў няспынных размовах, калі не ў кавярнях, дык на ганках,” – думае Вакульскі.

І дахі нейкія незвычайна высокія, а на іх скрозь тырчаць коміны, бляшаныя трубы ды шпілі. І на вуліцах на кожным кроку то дрэва, то ліхтарня, то кіёск, то калона, завершаная купалам. Жыццё кіпіць тут так, што, не маючы магчымасці выкіпець бясконцым рухам калясак, хуткаю беганінаю людзей, узвядзеннем шасціпавярховых дамоў з каменю, яно яшчэ пырскае са сцен у форме скульптур або барэльефаў, з дахаў – у форме шпіляў і з вуліц – у форме незлічоных кіёскаў.

Вакульскаму здаецца, што яго выцягнулі з мёртвае вады і ўкінулі раптам у кіпень, які “бурліць і шуміць, і пырскае…”[201] Ён, чалавек сталы і ў сваім асяроддзі дзейсны, адчувае сябе тут, як рахманае дзіця, якому падабаецца ўсё і ўсе.

Тым часам, навокал яго ўсё працягвае “бурліць і шумець, і пырскаць…”, не відаць канца ані тлуму, ані каляскам, ані дрэвам, ані прыгожым вітрынам, ані нават самой вуліцы. Вакульскі пачынае п’янець. Ён перастае чуць шумную гаману мінакоў, потым глухне на крыкі вулічных гандляроў, нарэшце, на туркатанне колаў. Потым яму здаецца, што ён ужо недзе бачыў гэткія дамы, гэткі рух, гэткія кавярні, пазней ён думае, што нічога асабліва ў гэтым няма і, нарэшце, абуджаюцца ў ім здольнасці крытычныя, дык ён кажа сабе, што, хоць у Парыжы і часцей можна пачуць французскую мову, чым у Варшаве, аднак тутэйшы акцэнт горшы і вымаўленне не такое выразнае.

Гэтак разважаючы, ён запавольвае крок ды перастае саступаць дарогу. І калі ўжо думае, што зараз французы пачнуць паказваць на яго пальцам, са здзіўленнем заўважае, што яны ўсё менш звяртаюць на яго ўвагі. За гадзіну, праведзеную на вуліцы, ён зрабіўся звычайнаю кропляю парыжскага акіяна.

“Тым лепей!” – мармыча ён сабе пад нос.

Раней праз кожную сотню крокаў дамы расступаліся, і – то справа, то злева – з’яўлялася нейкая бакавая вулічка. Цяпер аднастайная сцяна дамоў цягнецца ўжо няспынна. Занепакоены, ён ідзе хутчэй, дабіраецца, нарэшце, да бакавое вуліцы, якую рады бачыць, збочвае направа і чытае: Rue St. Fiacre[202].

Ён усміхаецца, бо яму прыгадваецца нейкі раман Поля дэ Кока. Зноў бакавая вуліца, і зноў ён чытае: Rue du Sentier[203].

“Не ведаю,” – кажа ён сам сабе.

Праз дзясятак крокаў далей бачыць: Rue Poissonniere[204], што выклікае згадку пра нейкую крымінальную справу, а потым – цэлы шэраг кароткіх вулічак, якія выводзяць да тэатра “Gymnase[205].

“А гэта што?..” – думае ён, бо заўважае з левага боку вялізную пабудову, не падобную ні на што бачанае раней. Гэта вялізарны каменны прастакутнік, а ў ім – брама з паўкруглым скляпеннем. Вядома, гэта брама, якая стаіць на перакрыжаванні вуліц[206]. Побач з ёю – будка, дзе затрымліваюцца омнібусы, амаль насупраць – кавярня і ходнік, аддзелены ад вуліцы нізкаю жалезнаю балюстрадаю.

За сотню-другую крокаў далей – другая падобная брама[207], пасярэдзіне якое – шырокая вуліца. Рух нечакана ўзмацняецца, бо тут праязджаюць ажно тры віды омнібусаў і трамваі.

Вакульскі глядзіць направа і зноў бачыць два шэрагі ліхтарняў, два шэрагі кіёскаў, два шэрагі дрэў і два шэрагі шасціпавярховых дамоў, якія расцягнуліся на даўжыню Кракаўскага Прадмесця і Новага Святу. Канца ім не відаць, толькі недзе далёка-далёка вуліца падымаецца ўгару аж да неба, дахі зніжаюцца да зямлі і ўсё знікае.

“Калі нават я заблукаю і спазнюся на сесію, пайду ў той бок!..” – думае ён.

А на павароце яго мінае маладая кабета, рост і рухі якой робяць на Вакульскага моцнае ўражанне.

“Яна?.. Не… Па-першае, яна засталася ў Варшаве, а па-другое, я сустракаю ўжо другую такую… Ілюзіі…”

Але сілы пакідаюць яго. На момант ён нават траціць памяць: стаіць на перакрыжаванні вуліц, абсаджаных дрэвамі, і не ведае, адкуль прыйшоў. Ахоплівае яго панічны страх, вядомы людзям, якія заблукалі ў лесе. На шчасце, пад’язджае каляска, і фурман усміхаецца яму вельмі прыязна.

– Гранд Гатэль, – кажа Вакульскі і садзіцца.

Фурман датыкаецца рукою да капелюша і гукае:

– Наперад, Лізетка!.. Гэты шляхетны чужаземец паставіць табе за турботы кварту піва.

Потым ён крыху паварочваецца да Вакульскага і кажа:

– Адно з двух, абывацелю, або вы толькі сёння прыехалі, або вы пасля добрага сняданку...

– Я сёння прыехаў, – адказвае Вакульскі, супакоены выглядам яго чырвонага паголенага твару.

– І крыху выпілі, гэта адразу відаць, – заўважае фурман. – А таксу ведаеце?..

– Не мае значэння.

– Наперад, Лізетка!.. Вельмі спадабаўся мне гэты чужаземец, і я думаю, што толькі такія павінны наведваць нашу выставу. Ці вы ўпэўнены, абывацелю, што мы мусім ехаць да Гранд Гатэля?.. – звяртаецца ён да Вакульскага.

– Ніякіх сумневаў.

– Наперад, Лізетка! Гэты чужаземец пачынае мне імпанаваць. Ці вы, абывацелю, не з Берліна?..

– Не.

Фурман глядзіць на яго і, нарэшце, кажа:

– Тым лепей для вас. Няма ў мяне, праўда, прэтэнзій да прусакоў, хоць яны забралі ў нас Эльзас і добры кавалак Латарынгіі, але не люблю, калі ў мяне немец за спінаю. Адкуль жа вы, абывацелю?

– З Варшавы.

– Во як!.. Прыгожы край… багаты край… Наперад, Лізетка!.. Дык пан паляк? Я ведаю палякаў!.. Вось пляц Оперы, абывацелю, а вось Гранд Гатэль…

Вакульскі кінуў тры франкі фурману, хутка ўбег у браму і падняўся на чацвёрты паверх. Не паспеў ён увайсці ў свой нумар, як з’явіўся слуга і аддаў яму цыдулку ад Сузіна ды стос лістоў.

– Шмат наведнікаў… шмат наведніц! – сказаў слуга, весела пазіраючы на яго.

– Дзе ж яны?

– Яны ў прыёмным салоне, яны ў чытальні, яны ў сталовым пакоі… Пан Жумар непакоіцца…

– А хто гэта – пан Жумар? – запытаўся Вакульскі.

– Маршалак двара пана і пана Сюзэна… Вельмі спрытны чалавек і шмат мог бы зрабіць пану паслуг, каб быў пэўны гэтак… з тысячу франкаў у якасці падзякі… – працягваў тым самым вясёлым тонам слуга.

– Дзе ён?

– Ён на другім паверсе ў панскім салоне для прыёмаў. Пан Жумар вельмі знаходлівы чалавек, але і я, можа, прыдаўся б вашай вялікасці, бо завуся я – Мілер. Насамрэч, я з Эльзаса і даю слова, замест таго, каб браць з пана, яшчэ прыплаціў бы франкаў па дзесяць у дзень, абы скончылі, нарэшце, з прусакамі.

Вакульскі ўвайшоў у нумар.

– Галоўнае, няхай панове асцерагаюцца тае баранесы… якая ўжо чакае ў чытальні, а сама мае прыйсці, нібы, толькі а трэцяй… Клянуся, гэта немка… Я ж з Эльзаса!

Апошнія словы Мілер прамовіў прыцішаным голасам і вярнуўся ў калідор.

Вакульскі разгарнуў цыдулку Сузіна і чытаў: “Сесія будзе не раней за восьмую, у цябе досыць часу, дык вырашы справы з тымі наведнікамі, а галоўнае, з бабамі. Я ўжо, далібог, надта стары, каб усім дагадзіць”.

Вакульскі пачаў праглядаць лісты. Гэта былі пераважна абвесткі купцоў, цырульнікаў, дантыстаў, просьбы пра дапамогу, прапановы адкрыць нейкія таямніцы, адна адозва Арміі Збавення[208].

З усяго мноства гэтае карэспандэнцыі ўразіў Вакульскага наступны ліст: “Маладая асоба з добрым густам і манерамі прагне агледзець з панам Парыж на агульны кошт. Адказ пакінуць у швейцара гатэля”.

“Арыгінальны горад!” – прамармытаў Вакульскі.

Другі, яшчэ больш цікавы, ліст быў ад тае баранесы… якая мелася чакаць спаткання а трэцяй гадзіне.

“Яшчэ праз паўгадзіны…”

Ён пазваніў і загадаў прынесці ў нумар сняданак. Праз некалькі хвілін падалі яму шынку, яйкі, біфштэкс, нейкую невядомую рыбу, некалькі бутэлек з рознымі трункамі і машынку чорнае кавы. Ён еў з воўчым апетытам, піў не горш, нарэшце, загадаў Мілеру правесці яго ў тую залу прыёмаў.

Слуга выйшаў з ім у калідор, націснуў званок, нешта сказаў праз тубу і правёў Вакульскага да ліфту. Праз хвіліну Вакульскі быў ужо на другім паверсе, а калі выходзіў з ліфта, заступіў яму дарогу нейкі рафінаваны пан з невялікім вусікамі, у фраку і белым гальштуку.

– Жумар… – прадставіўся той пан з паклонам.

Яны прайшлі некалькі крокаў па калідоры, і Жумар адчыніў дзверы ў цудоўны салон. Вакульскі ледзь не адступіў, калі ўбачыў мэблю з пазалотаю, вялізныя люстэркі і сцены, аздобленыя барэльефамі. Пасярэдзіне стаяў вялікі стол, накрыты каштоўным абрусам і завалены паперамі.

– Магу я запрасіць наведнікаў? – спытаў Жумар. – Гэтыя, здаецца, не ўяўляюць небяспекі. Толькі на баранесу… насмелюся звярнуць увагу… Яна ўжо чакае ў чытальні.

Ён пакланіўся з пашанаю і выйшаў у другі салон, дзе была, падобна, пачакальня.

“Ці я, ліха на яго, не ўвязваюся ў нейкую авантуру?” – падумаў Вакульскі.

Не паспеў ён сесці ў фатэль і пачаць праглядаць паперы, як увайшоў лёкай у блакітным фраку, аздобленым залатым гафтам, і падаў яму візітоўку на падносе. На візітоўцы было напісана: “Палкоўнік” і нейкае невядомае прозвішча.

– Прасі.

Праз момант з’явіўся высокі мужчына з сівою іспанскаю бародкаю, гэткімі ж вусікамі і чырвонаю стужкаю на лацкане сурдута.

– Я ведаю, што ў пана мала часу, – азваўся госць, лёгка кланяючыся. – Мая справа нядоўгая. Парыж – горад цудоўны з кожнага пункту гледжання: і дзеля забавы, і дзеля асветы, але патрабуе добрага правадніка. А я ведаю ўсе музеі, галерэі, тэатры, клубы, манументы, установы дзяржаўныя і прыватныя, словам усё… дык, калі пан жадае…

– Няхай пан мае ласку пакінуць мне свой адрас, – адказаў Вакульскі.

– Я валодаю чатырма мовамі, маю знаёмствы ў арыстакратычным свеце, літаратурным, навуковым і прамысловым…

– Пакуль што я не магу пану нічога адказаць, – спыніў яго Вакульскі.

– Мне нагадаць пра сябе або чакаць выкліку? – запытаўся госць.

– Так, я адкажу пану пісьмова.

– Прашу не забываць пра мяне, – адказаў госць. Ён падняўся з крэсла, пакланіўся і выйшаў.

Лёкай прынёс другую візітоўку, і зараз жа з’явіўся другі госць. Гэта быў чалавек пульхны і чырванатвары, выглядаў ён, як гаспадар крамы з шоўкам ды аксамітам, і кланяўся ўвесь час, пакуль ішоў ад дзвярэй да стала.

– Што пан загадае? – спытаў Вакульскі.

– Як? Пан не здагадаўся, калі прачытаў прозвішча Эскабо?.. Ганібал Эскабо… – здзівіўся госць. – Карабін Эскабо робіць сямнаццаць стрэлаў у хвіліну, а той, які я маю гонар прадэманстраваць пану, выкідае трыццаць куль…

На твары ў Вакульскага выраз быў такі агаломшаны, што Ганібал Эскабо і сам разгубіўся.

– Мяркую, я не памыліўся? – спытаў ён.

– Памыліўся пан, – адказаў Вакульскі. – Я галантарэйны купец, і карабіны мяне не цікавяць.

– Казалі мне, аднак… канфідэнцыяльна… – прамовіў са значэннем Эскабо, – што панове…

– Кепска пана паінфармавалі.

– Ах, у такім разе перапрашаю… Можа быць, у іншым нумары… – казаў госць і адступаў з паклонамі.

Новае выступленне блакітнага фрака ды белых нагавіц і – новы госць. Гэтым разам – малы, худы, чорны, з неспакойным позіркам. Гэты подбегам наблізіўся да стала, упаў на крэсла, азірнуўся на дзверы ды прысунуўся бліжэй да Вакульскага, і толькі потым пачаў прыцішаным голасам:

– Пэўна, дзівіць гэта пана, але… справа такая важная… надта важная… Днямі я зрабіў грандыёзнае адкрыццё адносна рулеткі… Трэба толькі ад шасці да васьмі разоў прадубляваць стаўку…

– З дазволу пана, я гэтым не займаюся, – спыніў яго Вакульскі.

– Не давярае мне пан?.. Гэта цалкам зразумела… Але ў мяне якраз пры сабе малая рулетка… Можам паспрабаваць…

– Перапрашаю пана, але мне няма калі зараз.

– Тры хвілінкі, пане, хвілінку…

– Ані паловы хвілінкі.

– Дык калі мне прыйсці? – пытаўся госць безнадзейным тонам.

– У кожным разе, не хутка.

– Няхай жа пан, прынамсі, пазычыць мне сто франкаў на афіцыйную пробу…

– Магу прапанаваць пяць, – адказаў Вакульскі і палез у кішэню.

– О не, пане, дзякуй… Я не авантурыст… Зрэшты… няхай пан дасць… заўтра вярну… Пан, можа, надумае тым часам…

Наступны госць – чалавек відны, з ордэнскаю калодкаю на лацкане сурдута – прапанаваў Вакульскаму: дыплом доктара філасофіі, ордэн, тытул… І ў яго быў вельмі здзіўлены выгляд, калі прапанова не была прынятая. Ён пайшоў нават не развітваючыся.

Пасля яго настаў перапынак на некалькі хвілін. Вакульскаму здалося, што ў пачакальні чуваць шамаценне жаночае сукенкі. Ён прыслухаўся… У гэты момант лёкай абвясціў баранесу…

Зноў доўгая паўза, і ў салоне з’явілася кабета гэткая прыгожая і элегантная, што Вакульскі міжволі прыўстаў з крэсла. Ёй магло быць каля сарака гадоў, рост высокі, рысы твару правільныя, пастава велікасвецкае дамы.

Моўчкі ён паказаў ёй на фатэль. А калі тая села, ён заўважыў, што яна нервуецца і камячыць у руках карункавую хустачку. Раптам яна азвалася, з гонарам пазіраючы яму ў вочы:

– Пан мяне ведае?

– Не, пані.

– Не бачыў пан нават маіх партрэтаў?

– Не.

– Дык, хіба, ніколі пан не быў ані ў Берліне, ані ў Вене.

– Не быў.

Дама глыбока ўздыхнула.

– Тым лепш, – сказала яна, – я буду смялейшая. Я не баранеса… я нехта зусім іншы. Але гэта няважна. Часова я знаходжуся ў цяжкай сітуацыі… мне трэба дваццаць тысяч франкаў… А з-за таго, што я не жадаю пакідаць свае каштоўнасці ў тутэйшых ламбардах, дык… Разумее пан?

– Не, пані.

– Дык… маю на продаж важную таямніцу…

– Я не маю права набываць таямніцы, – адказаў збянтэжаны ўжо Вакульскі.

Дама паварушылася ў фатэлі.

– Пан не мае права?.. Дык навошта пан сюды прыехаў? – прамовіла яна з лёгкаю ўсмешкаю.

– Аднак не маю…

Дама паднялася.

– Тут, – сказала яна ўзрушана, – адрас, дзе можна шукаць мяне цягам дваццаці чатырох гадзін, а тут… нататка, якая пану, можа, будзе нечым карысная… Я развітваюся.

Яна з шамаценнем выйшла. Вакульскі зірнуў на нататку і ўбачыў тыя падрабязнасці пра сябе і Сузіна, якія звычайна запісваюцца ў пашпартах.

“Ну так! – думаў ён. – Мілер прачытаў мой пашпарт і зрабіў выпіску, нават не без памылак… Ваклюскі!.. Д’ябал! Яны што, за дзіця мяне лічаць?..”

А як ніхто з гасцей ужо не заходзіў, Вакульскі паклікаў Жумара.

– Што пан загадае? – запытаўся элегантны маршалак двара.

– Я хацеў з панам пагутарыць.

– Прыватна?.. У такім разе з дазволу пана я сяду. Прадстаўленне скончанае, касцюмы ідуць на склад, акцёры становяцца самі сабою.

Ён гаварыў крыху іранічным тонам і паводзіўся як належыць чалавеку з добрым выхаваннем. Вакульскі дзівіўся ўсё больш.

– Скажы мне, пан, – спытаў ён, – што гэта за людзі?

– Тыя, што былі ў пана? – перапытаў Жумар. – Людзі як людзі: праваднікі па горадзе, вынаходнікі, пасярэднікі… Кожны робіць, што ўмее, і стараецца прадаць сваю працу з карысцю. А тое, што яны хочуць зарабіць болей, чым яно таго вартае, дык гэта ўжо рыса французаў.

– Пан не француз?

– Я?.. Нарадзіўся ў Вене, вучыўся ў Швейцарыі ды ў Германіі, доўгі час жыў у Італіі, Англіі, Нарвегіі, Злучаных Штатах… А ў маім прозвішчы – мая нацыянальнасць. Я той, у чыім абозе апынуўся: вол – сярод валоў, конь – сярод коней. А як і мне, і ўсім іншым вядома, адкуль у мяне грошы і на што я іх трачу, дык рэшта мяне не цікавіць.

Вакульскі глядзеў на яго ўважліва.

– Бачыць пан, – працягваў Жумар, які барабаніў пры гэтым пальцамі па стале, – я шмат паездзіў па свеце, каб браць пад увагу чыюсьці нацыянальнасць. Па мне, дык існуюць толькі чатыры нацыянальнасці, не зважаючы на мовы. Нумар першы – гэта тыя, пра якіх я ведаю, адкуль яны бяруць грошы і на што іх трацяць. Нумар другі – тыя, пра якіх я ведаю, адкуль бяруць, але не ведаю, на што трацяць. У нумара трэцяга вядомыя выдаткі, хоць невядомыя даходы. А нумар чацвёрты належыць тым, пра якіх я не ведаю ані крыніц даходаў, ані іх выдаткаў. Пра пана Эскабо я ведаю, што ён мае даход з фабрыкі трыкатажу, а траціць грошы на стварэнне нейкай пякельнай зброі, дык я шаную яго… А пра пані баранесу… не ведаю, ані адкуль яна бярэ грошы, ані на што траціць, таму я ёй не давяраю.

– Я купец, пане Жумар, – адказаў Вакульскі, якога непрыемна зачапіла выкладзеная тэорыя.

– Мне гэта вядома. І яшчэ пан – прыяцель пана С’юза, што таксама дае пэўны працэнт. Не да пана, зрэшты, адрасаваныя мае назіранні. Я выклаў іх у якасці лекцыі, якая, маю надзею, мне акупіцца.

– Пан філосаф, – прамармытаў Вакульскі.

– Нават доктар філасофіі двух універсітэтаў, – адказаў Жумар.

– І выконваеш, пан, ролю…

– Слугі?.. Гэта хацеў пан сказаць, – зарагатаў Жумар. – Я працую, пане, каб жыць і забяспечыць сабе рэнту на старасць. А пра тытулы не дбаю: столькі ўжо я іх меў!.. Свет падобны да аматарскага тэатра, дык непрыстойна пхацца ў ім на першыя ролі і адмаўляцца ад тых, якія трапляюцца пад руку. Зрэшты, кожная роля добрая, абы іграць яе з артыстызмам і не ставіцца да яе занадта сур’ёзна.

Вакульскі заварушыўся. Жумар падняўся з крэсла і з галантным паклонам сказаў:

– Гатовы служыць пану.

Потым ён выйшаў з салона.

“Гарачка ў мяне, ці што?.. – ціха прамовіў Вакульскі, сціскаючы рукамі галаву. – Я ведаў, што Парыж дзіўны, але каб аж такі дзіўны…”

Калі Вакульскі зірнуў на гадзіннік, была толькі палова на чацвёртую.

“Больш за чатыры гадзіны да сесіі,” – прамармытаў ён, адчуваючы, як ахоплівае яго трывога ад думкі: што рабіць з часам. Ён ужо ўбачыў столькі новага, паразмаўляў з такою колькасцю людзей, а зараз толькі палова на чацвёртую!..

Нешта незразумелае турбавала яго, яму здавалася, што нечага не стае… “Можа, яшчэ пад’есці? Не. Можа, чытаць? Не. Можа, размаўляць? Хопіць ужо з мяне тых размоў…”

Людзі абрыдлі яму, найменш пачварнымі былі хворыя на манію вынаходніцтва і той Жумар са сваёй класіфікацыяй людскога роду.

Яму не хапала адвагі вярнуцца ў свой нумар з вялікім люстэркам, дык што ж заставалася, як не агляд парыжскіх адметнасцяў. Ён загадаў правесці сябе ў рэстаран Гранд Гатэля. Усё тут было пышнае і вялікае, пачынаючы ад сцен, столі ды вокнаў і сканчаючы колькасцю і даўжынёю сталоў. Але Вакульскі не азіраўся па баках, ён утаропіўся ў адну з вялізных пазалочаных жырандоляў і думаў:

“Калі яна дасягне веку баранесы… яна, прызвычаеная траціць дзясяткі тысяч рублёў штогод… хто ведае, ці не пойдзе і яна шляхам баранесы?.. Тая кабета таксама была маладою, і за ёю мог шалець гэткі ж вар’ят, як я, і яна не пыталася, адкуль бяруцца грошы… Сёння яна ўжо ведае адкуль: з гандлю таямніцамі! Праклятая сфера, што гадуе кабет гэткіх прыгожых і гэткіх…”

У зале яму было цесна, дык ён выбег з гатэля, каб занурыцца ў глыбіню вулічнага шуму.

“Першы раз я пайшоў налева, – думаў ён, – а цяпер пайду направа…”

Вандроўка куды вочы вядуць, па незнаёмым горадзе была адзіным заняткам, які меў для яго нейкую горкую прывабнасць.

“Каб у гэтым тлуме можна было самому згубіцца…” – прашаптаў ён.

Ён павярнуў направа. Мінуў невялікі пляц і выйшаў на другі – вельмі прасторны, абсаджаны дрэвамі. Пасярэдзіне стаяў прастакутны гмах з калонамі навакол, накшталт грэцкае святыні. Вялізныя бронзавыя дзверы былі пакрытыя барэльефамі, на франтоне – таксама барэльефы са сцэнамі, здаецца, апошняга суду.

Ён абышоў гмах, думаючы пра Варшаву. З якой цяжкасцю ўзводзяцца там невялікія будынкі, нетрывалыя, з гладкімі сценамі, а тут чалавечая сіла, нібы на забаву, будуе аграмадзіны і, не задавольваючыся гэтым, яшчэ і аздабляе іх шчодра.

Насупраць ён убачыў кароткую вуліцу, а за ёю – вялізны пляц, на якім віднелася стромкая калона. Ён пайшоў у той бок. Чым бліжэй ён падыходзіў, тым вышэй расла калона, а пляц пашыраўся. Перад калонаю і за ёю білі высокія фантаны, направа і налева цягнуліся ўжо крыху пажоўклыя купы паркавых дрэваў, далей віднелася рака, над якою разыходзіўся дым ад шпаркага парахода.

Па пляцы праязджала няшмат калясак, затое было шмат дзяцей з маткамі ды бонамі. Праходжваліся вайскоўцы ў разнастайнай форме, і дзесьці граў аркестр.

Вакульскі падышоў да абеліска і спыніўся ўражаны. Ён знаходзіўся на абшары, які меў каля двух вёрстаў у даўжыню і з палову – у шырыню. За ім быў сад, а перад ім – вельмі доўгая алея, абапал якой цягнуліся скверы і палацы, а далёка ўперадзе, на ўзгорку, узносілася вялізная брама. Вакульскаму здавалася, што ў гэтым месцы яму не хопіць прыметнікаў і найвышэйшых ступеняў параўнання.

– Гэта пляц Згоды, гэта абеліск з Люксора (сапраўдны, пане!), за намі – сад Цюільры, перад намі – Елісейскія палі, а там, у канцы… Арка Зоркі…

Вакульскі азірнуўся: каля яго круціўся нейкі пан у цёмных акулярах і падраных пальчатках.

– Можам крыху прайсціся… Боскі шпацыр!.. Звярні ўвагу, пан, на гэты рух… – казаў незнаёмы.

Раптам ён змоўк, хутка адышоў і знік сярод калясак, якія якраз праязджалі побач. Замест яго наблізіўся нейкі вайсковец у кароткай накідцы з каптуром на плячах. Вайсковец з хвіліну паназіраў за Вакульскім і з усмешкаю сказаў:

– Пан чужаземец?.. Няхай пан будзе асцярожны са знаёмствамі ў Парыжы…

Вакульскі машынальна правёў рукою па бакавой кішэні сурдута і ўжо не знайшоў там срэбнага партсігара. Ён сумеўся, ветліва падзякаваў вайскоўцу ў накідцы, але не прызнаўся ў прапажы. Прыгадаліся яму дэфініцыі Жумара, і ён вырашыў, што ўжо ведае крыніцу даходаў пана ў падраных пальчатках, хоць не ведае яшчэ яго выдаткаў.

“Жумар мае рацыю, – падумаў ён. – Злодзеі менш падазроныя за людзей, якія невядома адкуль маюць даходы…”

І ён прыгадаў, што ў Варшаве вельмі шмат такіх.

“Можа, таму і няма там гмахаў ды трыумфальных арак…”

Ён ішоў па Елісейскіх палях і п’янеў ад бясконцага руху карэт і калясак, між якімі трапляліся коннікі ды амазонкі. Ён ішоў, адганяючы змрочныя думкі, якія кружлялі над ім, як чарада кажаноў. Ён ішоў і баяўся зірнуць на сябе. Яму здавалася, што на гэтай дарозе, якая кіпіць раскошаю і весялосцю, сам ён, як растаптаны чарвяк, што цягне за сабою ўласныя вантробы.

Ён дайшоў да Аркі Зоркі і паволі пачаў вяртацца назад. Калі ён зноў апынуўся на пляцы Згоды, дык убачыў за Садам Цюільры вялізны чорны шар, які хутка падымаўся ўгору, затрымліваўся на нейкі час і павольна апускаўся ўніз.

“Ага, гэта тут балон Жыфарда?[209]– падумаў ён. – Шкада, што няма ў мяне сёння часу!..”

З пляца ён збочыў на нейкую вуліцу, дзе справа цягнуўся парк, аддзелены жалезным штыкетнікам са слупамі, упрыгожанымі вазонамі, а злева – шэраг камяніц з паўкруглымі дахамі, з лесам малых і вялікіх комінаў, з бясконцымі балюстрадамі… Ён ішоў няспешна і з трывогаю думаў, што мінула нейкіх восем гадзін, а Парыж пачынае яму надакучваць…

“Ужо? – прашаптаў ён. – А выстава, а музеі, а балон?..”

Ідучы вуліцай Рывалі, а сёмай ён дабраўся да пляца, на якім самотна, як палец, уздымалася гатычная вежа ў атачэнні дрэў за нізкім плотам з жалезных прэнтаў. Адгэтуль зноў разбягалася некалькі вуліц. Вакульскі адчуў стомленасць, кіўнуў фіякру і праз паўгадзіны быў у гатэлі, спаткаўшы дарогаю ўжо знаёмую браму Сен-Дэні.

Нарада з карабельнымі фабрыкантамі ды адпаведнымі інжынерамі пры ўдзеле шматлікіх бутэлек шампанскага зацягнулася да паўночы. Вакульскі, які мусіў выручаць у размове Сузіна і рабіць шмат нататак, толькі падчас гэтае працы цалкам супакоіўся. Потым ён жвава пабег да сябе ў нумар і, замест таго, каб злавацца на люстра, узяў у ложак план Парыжа, змешчаны ў “Даведніку”.

– Нішто сабе! – прамармытаў ён. – Каля ста квадратных вёрстаў плошчы, два мільёны жыхароў, некалькі тысяч вуліц і некалькі тысяч адзінак публічнага транспарту…

Потым ён прагледзеў доўгі спіс найбольш вядомых парыжскіх пабудоў і з сорамам падумаў, што ніколі, хіба, не здолее арыентавацца ў гэтым горадзе.

“Выстава… Нотр-Дам… Цэнтральны рынак… Пляц Бастыліі… Магдалена… Каналы… Няма рады!” – казаў ён сабе.

Ён патушыў свечку. На вуліцы было ціха, праз акно наплывала матавае святло ліхтароў, якое адбівалася, мабыць, ад аблокаў. Але Вакульскаму шумела і звінела ў вушах, а перад вачыма паўставалі то вуліцы, гладкія, як падлога, то дрэвы ў жалезных кошыках, то гмахі, пабудаваныя з часанага каменю, то зноў – сціжмы люду і калясак, якія бясконца цягнуліся невядома адкуль і куды. Маючы перад вачыма гэтыя расплывістыя прывіды, ён засынаў з думкаю, што першы дзень у Парыжы запомніцца яму, аднак, на ўсё жыццё.

Потым мроілася яму мора дамоў і лес скульптур, і бясконцыя шэрагі дрэў, якія падалі на яго, а сам ён ужо нібы спіць у бяздоннай магіле – самотны, ціхі, амаль шчаслівы. Спіць, ні пра што не думае, нікога не памятае і гэтак бы праспаў стагоддзі, каб, ах! не тая кропля жалю, якая ляжыць у ім або побач з ім, гэткая малая, што не заўважыць яе чалавечае вока, і гэткая горкая, што магла б атруціць увесь свет.

З дня, калі ён першы раз заглыбіўся ў Парыж, пачалося для Вакульскага жыццё амаль містычнае. За выключэннем некалькіх гадзін, прысвечаных нарадам Сузіна з будаўнікамі караблёў, Вакульскі быў абсалютна свабодны і выкарыстоўваў гэты час на бязладны агляд славутых мясцін горада. Ён абіраў нейкае месца паводле алфавіту ў “Даведніку” і, нават не зазіраючы ў план, ехаў туды ў адкрытай калясцы. Узбіраўся па сходах, абыходзіў гмахі, прабягаўся па залах, затрымліваўся перад найбольш цікавымі экспанатамі і тым самым фіякрам, нанятым на цэлы дзень, перабіраўся ў іншае месца, зноў паводле алфавіту. А з-за таго, што найбольш страшнаю небяспекаю для яго была адсутнасць занятку, дык вечарамі ён разглядаў план горада, выкрэсліваў пункты, якія ўжо агледзеў, і рабіў нататкі.

Часам таварышаваў яму ў гэтых экскурсіях Жумар і заводзіў у месцы, што не згадваюцца ў даведніках: на купецкія склады, на фабрычныя варштаты, у майстэрні рамеснікаў, у студэнцкае жытло, у кавярні і рэстарацыі на вуліцах чацвёртага разраду. І тут Вакульскі знаёміўся з сапраўдным жыццём Парыжа.

Цягам тых вандровак ён падымаўся на вежы Сен-Жак, Нотр-Дам і Пантэона, ехаў ліфтам на Тракадэра, спускаўся ў Парыжскія каналы і аздобленыя чарапамі катакомбы, наведваў выставу, Луўр, музей Клюні, Булонскі лес і могілкі, кавярні дэ ля Ратонда і дэ Гранд-Балькон, фантаны, школы, шпіталі, Сарбону і фехтавальныя залы, галерэі і кансерваторыі, бойні і тэатры, біржу, Ліпеньскую калону і святыні. Усё гэта пагружала яго ў хаос, якому адпавядаў той хаос, што панаваў у яго ўласнай душы.

Не раз, перабіраючы ў думках тое, што ён бачыў – ад выставы памерам дзве вярсты, да жамчужыны ў кароне Бурбонаў, не большай за гарошыну – ён пытаў сам у сябе: чаго ён хоча?.. І аказвалася, што не хацеў ён нічога. Нішто не прыцягвала ягоную ўвагу, не прыспешвала біццё сэрца, не падштурхоўвала да дзеяння. Каб за падарожжа пешкі ад могілак Манмартр да могілак Манпарнас прапанавалі б яму ўвесь Парыж, але з умоваю, каб яго гэта заняло і ўзрушыла, не прайшоў бы ён тых пяці вёрст. А праходзіў жа ён іх дзясяткі за дзень і толькі дзеля таго, каб заглушыць успаміны.

Яму не аднойчы здавалася, што ён істота, якая дзіўным збегам абставінаў некалькі дзён таму нарадзілася тут, на парыжскім бруку, а ўсё, што ён памятаў, – гэта ілюзіі, нейкі сон яшчэ да нараджэння, тое, чаго ніколі не існавала ў сапраўднасці. Тады ён казаў сабе, што ён шчаслівы, раз’язджаў па Парыжы з канца ў канец і, як шалёны, жменямі раскідваў луідоры.

– Так ці іначай! – мармытаў ён.

Ах, каб не тая кропля жалю, гэткая малая, а гэткая горкая!

Часам на тле шэрых дзён, калі яму здавалася, што ўвесь гэты свет палацаў, фантанаў, скульптур, карцін і махін валіцца яму на галаву, здараўся выпадак, які нагадваў, што ён не ілюзія, а сапраўдны чалавек, хворы на рак душы.

Быў ён раз у тэатры “Вар’етэ” на вуліцы Манмартр, паблізу свайго гатэля. Мусілі іграць тры камічныя п’есы, у тым ліку – адну аперэтку. Ён пайшоў туды, каб упіцца блазнаваннем, і амаль адразу, як паднялі заслону, пачуў словы, прамоўленыя плаксівым голасам:

“Каханак усё прабачыць каханцы, апроч іншага каханка…”

– Часам трэба прабачыць трох або нават чатырох!.. – зарагатаў француз, які сядзеў побач.

Вакульскі адчуў недахоп паветра, яму здавалася, што зямля разыходзіцца пад нагамі, а столь валіцца на яго. Ён не мог больш трываць, устаў з крэсла, якое, на няшчасце, знаходзілася дзесьці пасярэдзіне тэатра і, увесь у халодным поце, наступаючы на ногі гледачам, уцёк з прадстаўлення.

Па дарозе да гатэля ён забег у першую ж кавярню на рагу вуліцы. Пра што яго пыталі, што ён адказваў – не памятае. Ведае толькі, што падалі яму каву і графінчык з каньяком, пазначаны рыскамі, якія адпавядалі ёмістасці кілішка.

Вакульскі піў і думаў:

“Старскі – гэта той другі каханак, Ахоцкі – трэці… А Росі?.. Росі, якому я арганізаваў апладысменты і насіў у тэатр прэзенты… Кім ён быў?.. Дурны ты, чалавеча! Гэта ж Месаліна[210], калі не целам, дык душою… І я мушу шалець за ёю?.. Я!..”

Ён адчуваў, як абурэнне супакойвае яго, а калі ўжо трэба было разлічвацца, пераканаўся… графінчык пусты…

“Аднак гэты каньяк супакойвае…” – падумаў ён.

З таго часу, варта было яму прыгадаць Варшаву або сустрэць кабету, якая мела нешта асаблівае ў рухах, ва ўборы або ў твары, ён заходзіў у кавярню і выпіваў графінчык каньяку. Тады ўжо смела прыгадваў сабе панну Ізабэлу і дзівіўся, што такі чалавек, яе ён, мог кахаць такую кабету, як яна.

“Зрэшты, я заслугоўваю, хіба, каб быць першым і апошнім…” – думаў ён.

Графінчык каньяку спаражняўся, а ён клаў галаву на рукі і драмаў, што надта цешыла гарсонаў і гасцей.

І зноў цэлымі днямі аглядаў ён выставы, музеі, артэзіянскія студні, школы і тэатры не з мэтаю нешта даведацца, а каб заглушыць успаміны.

Паволі, на тле глухой і неакрэсленай тугі, пачало ў яго нараджацца пытанне: ці існуе нейкі парадак у забудове Парыжа. Ці ёсць прадмет, з якім яго можна параўнаць, і ці можна дайсці тут да ладу?

Парыж з боку Пантэона і Тракадэра бачыўся аднастайна: мора дамоў, падзеленых сотнямі вуліц. Няроўныя лініі дахаў былі падобныя да хваль, коміны – да трэсак, а вежы і калоны – да вялікіх хваль.

“Хаос! – казаў сабе Вакульскі. – Зрэшты, не можа быць іначай там, дзе канцэнтруецца мільён высілкаў. Вялікі горад, як воблака пылу, мае выпадковыя контуры і не можа мець логікі. Каб яна была, гэты факт не прамінулі б аўтары даведнікаў, бо навошта ж яны?”

І ён разглядаў план горада, пасмейваючыся з уласных намаганняў.

“Толькі адзін чалавек, у дадатак – геніяльны чалавек, можа выпрацаваць нейкі стыль і нейкі план, – думаў ён. – Але каб мільёны людзей, працуючы некалькі стагоддзяў і не ведаючы адзін пра аднаго, стварылі нейкую лагічную цэласнасць, – гэта абсалютна немагчыма”.

Аднак паволі, да свайго вялікага здзіўлення, ён заўважыў: той Парыж, будаваны некалькі стагоддзяў мільёнамі людзей, якія не ведалі адзін пра аднаго і не мелі ў галовах ніякага плану, усё ж мае гэты план, мае цэласнасць – і нават вельмі лагічную.

Спачатку ён адзначыў, што Парыж падобны да вялізнае місы – дзевяць вёрстаў шырыні з поўначы на поўдзень і адзінаццаць вёрстаў даўжыні з усходу на захад. Міса тая з паўднёвага боку трэснутая – падзеленая Сенай, якая перацінае яе ў выглядзе аркі, перакінутай з кутка паўднёва-ўсходняга праз цэнтр горада да кутка паўднёва-заходняга. Васьмігадовае дзіця магло б намаляваць гэтакі план.

“Ну добра, – думаў Вакульскі, – але дзе ж тут нейкі лад у размяшчэнні асобных будынкаў… Нотр-Дам – з аднаго боку, Тракадэра – з другога, а Луўр, а біржа, а Сарбона!.. Хаос дый годзе…”

Але варта было яму пільней прыгледзецца да плана Парыжа, як ён заўважыў тое, чаго не ўбачылі ні самі парыжане (што менш дзіўна), ні нават К. Бэдэкер[211], які прэтэндаваў, каб па ім арыентавалася ўся Еўропа.

Парыж, нягледзячы на ўяўны хаос, мае план, мае логіку, хоць і будавалі яго мільёны людзей некалькі стагоддзяў, не ведаючы адзін пра аднаго і не дбаючы пра логіку ды стыль.

Парыж мае тое, што можна назваць хрыбтом, стрыжнем, вакол якога крышталізуецца горад.

Венсенскі лес ляжыць у паўднёва-ўсходняй частцы горада, а ўзлесак Булонскага пачынаецца ў паўночна-заходняй частцы Парыжа. Той стрыжань, вакол якога крышталізуецца горад, падобны да вялізнага вусеня (што мае, праўда, шэсць вёрст даўжыні), які знудзіўся ў Венсенскім лесе і папоўз на шпацыр у лес Булонскі.

Хвост яго абапіраецца на пляц Бастыліі, галава – на Арку Зоркі, тулава амаль прылягае да Сены. Шыя – гэта Елісейскія Палі, гарсэт – Цюільры ды Луўр, хвост – Ратуша, Нотр-Дам і, нарэшце, Ліпеньская калона на пляцы Бастыліі.

Вусень той мае шмат ножак, адны – карацейшыя, іншыя – даўжэйшыя. Першая ад галавы пара ножак абапіраецца злева на Марсава поле[212], пляц Тракадэра і выставу, а справа – сягае ажно могілак Манмартр. Другая пара ножак (ножкі кароткія) злева дацягваецца да Вайсковае школы, Палаца інвалідаў[213] і Палаты дэпутатаў, а справа – касцёла Магдалены і Оперы. Потым ідзе (у бок хваста): злева – Школа Мастацтва, справа – Пале-Раяль, банк і біржа, злева – Французскі інстытут і Манетны двор, справа – Цэнтральны рынак, злева – Люксембургскі палац, музей Клюні ды Медыцынская школа, справа – пляц Рэспублікі з кашарамі прынца Яўгена.

Апроч цэнтральнага стрыжня і сіметрычнасці агульнага абрысу горада, Вакульскі заўважыў яшчэ (пра што, зрэшты, кажуць і даведнікі), што ў Парыжы існуюць дзядзінцы, якія аб’ядноўваюць людзей аднаго занятку. Паміж пляцам Бастыліі ды пляцам Рэспублікі размясцілася прамысловасць і рамесніцтва, насупраць, на другім беразе Сены, знаходзіцца “лацінскі квартал”, гняздо студэнтаў і навукоўцаў. Паміж Операй, палацам Рэспублікі ды Сенай сканцэнтраваўся экспартны гандаль і фінансы, паміж Нотр-Дам, Французскім інстытутам і могілкамі Манпарнас рассяліліся рэшткі радавітае арыстакратыі. Ад Оперы да Аркі Зоркі цягнецца раён нуварышаў, а насупраць, на левым беразе Сены, побач з Палацам інвалідаў і Вайсковаю школаю – сядзіба мілітарызму ды сусветных выстаў.

Гэтыя назіранні абудзілі ў душы Вакульскага новыя ідэі, якіх ён раней не ўсведамляў, або ўсведамляў няясна. Значыць, вялікі горад, як расліна і звер, мае ўласную анатомію і фізіялогію. Таму праца мільёнаў людзей, якія гэтак гучна крычаць пра сваю вольную волю, мае той самы вынік, што і праца пчол, якія будуюць дакладнай формы соты, і мурашак, якія ўзводзяць конусы мурашнікаў, і хімічных злучэнняў, якія складаюць правільныя крышталі.

Дык няма ў грамадстве нічога выпадковага, а ёсць непарушны закон, які, нібы насміхаючыся з чалавечае пыхі, гэтак выразна праяўляецца ў жыцці самага капрызлівага народа – французаў! Правілі імі Меравінгі і Каралінгі, Бурбоны і Банапарты; былі тры рэспублікі і некалькі анархій, была інквізіцыя і атэізм… Правадыры і міністры змяняліся, як крой сукенак ці воблакі на небе… Але, нягледзячы на столькі перамен, якія здаваліся гэткімі важнымі, Парыж усё больш яўна прымаў форму місы, рассечанай Сенаю, штораз выразней вымалёўваўся стрыжань крышталізацыі, які бег ад пляца Бастыліі да Аркі Зоркі, штораз ясней размяжоўваліся кварталы: навуковы і прамысловы, арыстакратычны і гандлёвы, вайсковы і буржуазны.

Той самы фаталізм заўважыў Вакульскі ў гісторыі некалькіх соцень найбольш уплывовых Парыжскіх сем’яў. Дзед яшчэ быў сціплым рамеснікам і працаваў на вуліцы Тэмпель па шаснаццаць гадзін у суткі, яго сын, які зачарпнуў ведаў у лацінскім квартале, заклаў ужо большы варштат на вуліцы Святога Антонія. Унук, які яшчэ глыбей акунуўся ў навуку, перабраўся ўжо, як буйны гандляр, на бульвар Пуасаньер, а праўнук пасяліўся мільянерам паблізу Елісейскіх Палёў, каб… яго дочкі маглі хварэць на нервы паблізу бульвара Сэн-Жэрмэн. І гэткім чынам род, які працаваў і багацеў каля Бастыліі, які вычарпаў свае сілы каля Цюільры, дагараў ужо паблізу Нотр-Дам. Тапаграфія горада адпавядала гісторыі жыхароў.

Вакульскі, разважаючы пра дзіўную заканамернасць фактаў, якія лічацца выпадковымі, адчуваў: калі што і магло вылечыць яго ад апатыі, дык, хіба, падобныя даследаванні.

“Дзікі я чалавек, – казаў ён сам сабе, – вось і ўпадаю ў шаленства, але дапаможа мне выбавіцца з гэтага цывілізацыя”.

І кожны дзень у Парыжы даваў яму новыя ідэі або праясняў таямніцы яго ўласнае душы.

Аднаго разу, калі ён сядзеў пад навесам кавярні і піў мазарган, да веранды падышоў нейкі вулічны тэнар і пад акампанемент арфы заспяваў:

У вясновы час, калі

Пачынае луг квітнець

І галіны ў гаі

Пачынаюць зелянець,

Пабяжым, краса мая,

У травы-дываны палёў,

Станем там падобныя

Да вясёлых матылёў.

Бачыш, мілая мая,

Як на ружу ён ляціць?

Так да вуснаў тваіх я

Мару вусны прытуліць[214].

І ў той жа момант некалькі гасцей падхапіла апошнюю страфу:

Бачыш, мілая мая,

Як на ружу ён ляціць?

Так да вуснаў тваіх я

Мару вусны прытуліць.

“Дурні! – прамармытаў Вакульскі. – Знайшлі што падпяваць, гэткая лухта”.

Ён устаў і, спахмурнелы, з болем у сэрцы, цягнуўся сярод людзей – рухлівых, крыклівых, балбатлівых ды вясёлых, як дзеці, выпушчаныя са школы.

“Дурні! Дурні!..” – паўтараў ён.

Раптам яму падумалася: а ці не дурань ён сам?..

“Каб усе гэтыя людзі, – казаў ён сабе, – былі падобнымі да мяне, Парыж выглядаў бы, як шпіталь смутных вар’ятаў. Кожны труціўся б нейкім уласным трызненнем, на вуліцах быў бы непралазны бруд, а дамы ператварыліся б у руіны. Тым часам, яны прымаюць жыццё такім, якім яно ёсць, ставяць перад сабою практычныя мэты, яны шчаслівыя і ствараюць шэдэўры.

А я за чым гнаўся? Спачатку – за Perpetuum Mobile і кіраваннем паветранымі балонамі, потым хацеў заняць становішча, да якога не дапускалі мяне ўласныя саюзнікі, нарэшце, за кабетаю, да якое і набліжацца мне забаронена. І заўсёды я або ахвяраваў сабою, або падпарадкоўваўся ідэям таго класу, які хацеў зрабіць мяне сваім слугою і рабом”.

І ён уяўляў сабе, як бы ўсё павярнулася, каб нарадзіўся ён не ў Варшаве, а ў Парыжы. Перадусім, дзякуючы мноству інстытуцый, змог бы атрымаць лепшую адукацыю ў дзяцінстве. Потым, нават калі трапіў бы да купца, не зазнаў бы столькі прыкрасці, а, наадварот, яму дапамаглі б стаць студэнтам. Далей, не працаваў бы ён над Perpetuum Mobile, калі б пераканаўся, што ў тутэйшых музеях існуе мноства падобных махін, якія ніколі не функцыянавалі. А каб узяўся за кіраванне паветранымі балонамі, дык знайшоў бы гатовыя мадэлі, мноства падобных да сябе аматараў, нават і дапамогу ў выпадку, калі задуму можна было ажыццявіць.

А каб, нарэшце, маючы маёнтак, ён закахаўся ў панну-арыстакратку, не спаткаў бы такіх перашкодаў, каб зблізіцца з ёю. Мог бы з ёю пазнаёміцца і – альбо сам абдумаўся б, альбо здабыў яе ўзаемнасць. І ў кожным разе, не ставіліся б да яго, як да мурына ў Амерыцы.

Зрэшты, хіба ў гэтым Парыжы можна закахацца, як ён, да шаленства?

Тут закаханыя не адчайваюцца, а танцуюць, спяваюць і наогул жывуць надзвычай весела. Калі яны не могуць уступіць у афіцыйны шлюб, дык ствараюць вольныя саюзы, а калі не могуць выхоўваць дзяцей, аддаюць іх мамкам. Тут каханне, напэўна, ніколі не даводзіла разумнага чалавека да вар’яцтва.

“Два апошнія гады майго існавання, – казаў сабе ў думках Вакульскі, – прамінулі ў пагоні за кабетаю, якой я, можа, і сам бы выракся, каб пазнаёміўся з ёю бліжэй. Уся мая энергія, усе веды, здольнасці і гэткі вялікі маёнтак паглынае жарсць толькі таму, што я купец, а яна нейкая там арыстакратка. Хіба ж грамадства не крыўдзіць гэтым само сябе?..”

Тут Вакульскі дасягнуў найвышэйшае кропкі самакрытычнасці, ён зразумеў недарэчнасць свайго становішча і вырашыў скончыць з гэтым.

“Што рабіць, што рабіць?.. – думаў ён. – Няўжо тое самае, што робяць іншыя?”

А што ж яны робяць?... Перадусім звычайным чынам працуюць па шаснаццаць гадзін у суткі, не зважаючы на святы і нядзелі. Гэтым пацвярджаецца закон натуральнага адбору, паводле якога толькі самыя моцныя маюць права на жыццё. Нягеглы загіне тут менш чым за год, няздара – за некалькі гадоў, а застануцца толькі самыя цягавітыя ды здатныя. І яны, дзякуючы працы цэлых пакаленняў такіх самых барацьбітоў, маюць магчымасць задавальняць усе свае патрэбы.

Добрая каналізацыя засцерагае іх ад хваробаў, шырокія вуліцы добра праветрываюцца, Галоўны рынак пастаўляе харч, тысячы фабрык – вопратку і мэблю. Калі парыжанін хоча ўбачыць прыроду, ён едзе за горад або ў “лясок”, калі хоча цешыцца мастацтвам, ідзе ў галерэю Луўр, а калі мае прагу да ведаў, да паслугаў яму музеі ды розныя галерэі.

Праца дзеля дасягнення шчасця – вось сэнс парыжскага жыцця. Супраць стомы тут – тысячы калясак, супраць нуды – сотні тэатраў і відовішчаў, супраць цемрашальства – сотні музеяў, бібліятэк і лекцый. Тут клапоцяцца не толькі пра чалавека, але нават пра каня, каб дарогі былі гладкія. Тут дбаюць нават пра дрэвы, калі перавозяць іх на адмысловых вазах у новыя месцы, калі агароджваюць іх жалезнымі кошыкамі ад шкоднікаў, калі забяспечваюць даплыў вады і лечаць у выпадку хваробы.

Дзякуючы гэткай клапатлівасці ўсё, што ёсць у Парыжы, прыносіць разнастайную карысць. Дом, мэбля, посуд тут не толькі практычныя, але і прыгожыя, яны дагаджаюць не толькі мускулам, але і пачуццям. І наадварот, творы мастацтва не толькі прыгожыя, але і карысныя. Пры трыумфальных арках і касцельных вежах ёсць прыступкі, якія дазваляюць падняцца і агледзяць горад з вышыні. Скульптуры і карціны даступныя не толькі аматарам мастацтва, але і мастакам ды ўмельцам, якія могуць рабіць у галерэях копіі.

Француз, калі стварае нешта, дбае спачатку, каб ягоны твор адпавядаў мэце, а потым – каб быў прыгожы. Апроч таго, яшчэ клапоціцца пра яго трываласць і чысціню. Гэта ісціна для Вакульскага пацвярджалася на кожным кроку і ў кожнай рэчы, пачынаючы ад вазкоў, што вывозілі смецце, да агароджанай бар’ерам Венеры Мілоскае. Бачыў ён і вынікі гэтае гаспадарлівасці: не марнуецца тут праца, кожнае пакаленне аддае наступнікам найлепшыя творы папярэднікаў, дапаўняючы іх уласным даробкам.

Гэткім чынам, Парыж – гэта каўчэг, у якім змяшчаецца здабыча некалькі соцень, калі не некалькіх тысяч, стагоддзяў цывілізацыі… Усё тут ёсць, ад жахлівых асірыйскіх скульптур і егіпецкіх мумій, да апошніх дасягненняў механікі ды электратэхнікі; ад збанкоў, у якіх сорак стагоддзяў таму егіпцянкі насілі ваду, да вялізных гідраўлічных колаў Сен-Мор.

“Тыя, хто стварыў гэтыя цуды, – думаў Вакульскі, – альбо сабраў іх разам, не былі, як я, адчайнымі абібокамі…”

Кажучы гэта, ён чуў, як ахоплівае яго сорам.

І зноў, за пару гадзін скончыўшы справы Сузіна, ён бадзяўся па Парыжы. Блукаў незнаёмымі вуліцамі, тануў у людскім тлуме, заглыбляўся ў хаос рэчаў ды выпадкаў і на дне іх знаходзіў парадак ды заканамернасць. То ізноў дзеля разнастайнасці ён піў каньяк, гуляў у карты і рулетку або аддаваўся распусце.

Яму здавалася, што ў гэтым вулканічным пажары цывілізацыі напаткае яго нешта надзвычайнае, што тут пачнецца новы перыяд яго жыцця. Разам з тым, ён адчуваў, што разрозненыя да гэтага часу веды і ўяўленні збіраюцца ў пэўную цэласнасць, у нейкую філасофскую сістэму, якая дазваляла яму зразумець шмат якія таямніцы свету і свайго ўласнага жыцця.

“Хто я?” – пытаўся ён у сябе не раз. І паступова фармуляваўся адказ:

“Я – чалавек страчаны. Меў вялікія здольнасці і энергію, але – нічога не зрабіў дзеля цывілізацыі. Тыя знакамітыя людзі, якіх я тут спатыкаю, не маюць і паловы маёй сілы ды, нягледзячы на гэта, пакідаюць пасля сябе махіны, гмахі, творы мастацтва, новыя ідэі. А я што пакіну?.. Хіба сваю краму, якая даўно б ужо збанкрутавала, каб не пільнаваў яе Жэцкі… А я ж не быў гультаём, высільваўся за траіх і, каб не дапамог мне выпадак, не меў бы нават таго маёнтку, што маю…”

Пазней задаўся ён пытаннем: на што размантачыў свае сілы і жыццё?..

На барацьбу з атачэннем, з якім не мог зжыцца. Калі хацеў ён вучыцца – не мог, бо ягонаму краю патрэбныя былі не вучоныя, а хлопцы на пабягушках ды крамнікі ў крамах. Калі хацеў паслужыць грамадству, нават ахвяруючы ўласным жыццём, падсунулі яму фантастычныя мары замест праграмы, а потым – забыліся на яго. Калі шукаў працу, яе не далі, а паказалі шырокі гасцінец – жаніцьбу з-за грошай са старой кабетай. Калі, нарэшце, ён закахаўся і хацеў стаць сапраўдным бацькам сямейства, капланам дамашняга агменю, святасць якога ўсе навокал услаўлялі, паставілі яго ў безвыходнае становішча. Ён нават не ведаў, ці кабета, за якою шалеў, звычайная какетка з мешанінаю ў галаве, ці, можа, гэткая, як і ён, заблуканая істота, якая не знайшла ўласнае дарогі. Мяркуючы па яе ўчынках, – гэта панна на выданні, якая шукае лепшае партыі, а калі глядзіш ёй у вочы, думаецца, што гэта анёльская душа, якой чалавечыя ўмоўнасці звязалі крылы.

“Каб мне дастаткова было некалькі соцень тысяч рублёў гадавога даходу ды гульні ў віст, дык быў бы я самы шчаслівы чалавек у Варшаве, – казаў ён сабе. – Але з-за таго, што апроч страўніка, маю яшчэ і душу, якая жадае ведаў і кахання, дык не выжыць мне там. На гэтай шыраце не выспяваюць ані пэўнага гатунку расліны, ані пэўнага гатунку людзі…”

Шырата!.. Аднойчы ў абсерваторыі ён кінуў вокам на кліматычную карту Еўропы і адзначыў у памяці, што сярэдняя тэмпература ў Парыжы на пяць градусаў вышэй, чым у Варшаве. Значыць, гэты Парыж кожны год мае цяпла на дзве тысячы градусаў больш, чым Варшава. А як цяпло ёсць сіла, і сіла магутная, калі не адзіная творчая, дык… загадка разгаданая…

“На поўначы халадней, – думаў ён. – Раслінны і жывёльны свет там бяднейшы, дык і харчавання для чалавека там менш. Мала таго, гэты ж самы чалавек мусіць яшчэ добра папрацаваць, каб пабудаваць цёплыя дамы і пашыць сабе цёплую вопратку. Француз, у параўнанні з жыхаром поўначы, мае больш вольных дзён і часу на задавальненне матэрыяльных патрэб і выкарыстоўвае іх на духоўную творчасць.

Калі да цяжкіх кліматычных умоў дадаць яшчэ арыстакратыю, якая завалодала ўсімі народнымі багаццямі і змарнавала іх у бессэнсоўнай распусце, дык ясна, чаму людзі незвычайна здольныя не толькі не могуць развівацца там, але проста гінуць.

– Ну, але я не загіну! – буркнуў ён злосна.

І ў гэты момант першы раз склаўся ў яго ясны план – не вяртацца ў край.

“Прадам краму, – думаў ён, – забяру свае капіталы і асяду ў Парыжы. Не буду назаляць тым, хто мяне не хоча… Буду хадзіць тут па музеях, можа, займуся навукаю, і жыццё пражыву калі не шчасліва, дык прынамсі, без болю…”

Вярнуць у край і затрымаць яго там магла толькі адна падзея, толькі адна асоба… Але тая падзея не здаралася, а наадварот, здараліся іншыя, якія ўсё больш аддалялі яго ад Варшавы і ўсё мацней прывязвалі да Парыжа.

XXIII. ЗДАНЬ

Аднойчы, як звычайна, ён прымаў наведнікаў у салоне. Ужо адправіў ягамосця, які прапаноўваў біцца замест яго на двубоях, і другога, што ў якасці нутрамоўцы хацеў адыграць ролю ў дыпламатыі, і трэцяга, які абяцаў паказаць, дзе менавіта пад Беразіною Напалеон І закапаў скарбы, калі лакей у блакітным фраку паведаміў:

– Прафесар Гейст.

– Гейст?.. – паўтарыў Вакульскі і адчуў нешта дзіўнае. Яму падумалася, што жалеза пры набліжэнні магніта павінна мець падобныя пачуцці.

– Прасі…

Праз момант увайшоў чалавек маларослы і сухарлявы, з тварам жоўтым, як воск. На галаве ў яго не было ніводнае сівое валасіны.

“Колькі яму можа быць гадоў?..” – падумаў Вакульскі.

Госць тым часам уважліва глядзеў на яго. Гэтак сядзелі яны хвіліну, можа, дзве, узаемна ацэньваючы адзін аднаго. Вакульскі хацеў вызначыць век прышлага. Гейст, падобна, вывучаў яго.

– Што пан загадае? – азваўся нарэшце Вакульскі.

Госць паварушыўся на крэсле.

– Што я магу загадваць! – адказаў ён, паціскаючы плячыма. – Я прыйшоў жабраваць, а не загадваць…

– Чым магу служыць? – спытаў Вакульскі, бо твар госця падаўся яму надзіва прывабным.

Гейст правёў рукою па галаве.

– Я прыйшоў сюды з адным, – сказаў ён, – але гаварыць буду пра іншае. Хацеў прадаць пану новы выбуховы матэрыял…

– Я не куплю яго, – не даў яму скончыць Вакульскі.

– Не?.. – перапытаў Гейст. – Аднак казалі мне, што панове шукаюць нечага падобнага для флоту. Зрэшты, неістотна… Для пана ў мяне ёсць тое-сёе іншае…

– Для мяне? – запытаўся Вакульскі, уражаны не так словамі, як позіркам Гейста.

– Днямі пан лятаў на прывязаным паветраным балоне, – працягваў госць.

– Так.

– Пан чалавек заможны і абазнаны ў навуках прыродазнаўчых.

– Так, – пацвердзіў Вакульскі.

– І была хвіліна, калі пан хацеў выскачыць з галеры?.. – запытаў Гейст.

Вакульскі адсунуўся разам з крэслам.

– Няхай пан не дзівіцца, – працягваў госць. – Я бачыў за сваё жыццё не менш за тысячу прыродазнаўцаў, а ў лабараторыі ў мяне было чатыры самазабойцы, дык я добра ведаю гэты гатунак людзей… Занадта часта пазіраў пан на барометр, каб не распазнаць прыродазнаўцу, ну а чалавека, які думае пра самазабойства, пазнаюць нават пансіянеркі.

– Чым магу служыць? – яшчэ раз запытаўся Вакульскі, абціраючы пот з твару.

– Каб не казаць шмат, – працягваў Гейст, – пан ведае, што такое арганічная хімія?..

– Гэта хімія вугляродных злучэнняў…

– А што пан думае пра хімію вадародных злучэнняў?..

– Што яе няма.

– Хіба, ёсць, – адказаў Гейст. – Толькі замест эфіраў, тлушчаў, араматычных субстанцый яна дае новыя хімічныя злучэнні… Новыя злучэнні, пане Сюзэн! З вельмі цікавымі ўласцівасцямі.

– Што мне да таго, – глуха прамовіў Вакульскі. – Я купец.

– Пан не купец, а чалавек адчайны, – адказаў Гейст. – Купцы не думаюць пра тое, каб скочыць з паветранага балона… Як толькі я гэта ўбачыў, адразу падумаў: “Гэта мой чалавек…” Але знік пан з маіх вачэй, не паспеў я спусціцца з ганка… Сёння выпадак звёў нас паўторна… Пане Сюзэн, мы мусім пагутарыць пра злучэнні вадароду, калі пан багаты…

– Перадусім я не Сюзэн…

– Якая мне розніца, я толькі шукаю багатага і адчайнага, – адказаў Гейст.

Вакульскі пазіраў на Гейста амаль з трывогаю. У галаве ўспыхвалі пытанні: спрытнюга ці тайны агент? Вар’ят? Можа, і праўда, нейкі дух?..[215] Хто ведае, ці шатан – гэта толькі легенда? Ці не з’яўляецца ён у пэўныя моманты людзям?.. Аднак варта прызнаць, што гэты стары няпэўнага веку высачыў самую таемную думку Вакульскага, які думаў пра самазабойства, але яшчэ так нясмела, што і сам перад сабою не меў адвагі сфармуляваць гэту ідэю.

Госць не спускаў з яго вачэй і ўсміхаўся з лагоднаю іроніяй, а калі Вакульскі адкрыў рот, каб спытацца, той апярэдзіў яго:

– Не хвалюйся, пан… Я ўжо з такой колькасцю людзей гутарыў і пра іх характар, і пра свае адкрыцці, што адразу магу адказаць на ўсе пытанні. Я прафесар Гейст, стары вар’ят, як кажуць ва ўсіх кавярнях паблізу ўніверсітэта і політэхнічнае школы. Колісь называлі мяне вялікім хімікам, пакуль… не выйшаў я за межы прынятага на сённяшні дзень погляду на хімію. Пісаў я даклады, рабіў адкрыцці – сам або разам з маімі супрацоўнікамі, якія нават сумленна дзяліліся са мною прыбыткам. Але з таго часу, як я адкрыў з’явы, якім не знайшлося месца ў гадавіках Акадэміі, прызналі мяне не толькі вар’ятам, але ерэтыкам і здраднікам…

– Тут, у Парыжы? – ціха спытаў Вакульскі.

– Анягож! – зарагатаў Гейст. – Тут, у Парыжы. У нейкім Альтдорфе або Неўстадзе ерэтыкам і здраднікам лічыцца той, хто не верыць пастарам і Бісмарку, а таксама – у дзесяць запаветаў і прускую канстытуцыю. Тут можна кпіць і з Бісмарка, і з канстытуцыі, затое пад пагрозаю адступніцтва трэба верыць у табліцу множання, тэорыю хвалістага руху, у пастаянства ўдзельнае вагі і г. д. Пакажы мне, пан, горад, дзе не заціскалі б розум нейкімі догмамі, і я зраблю яго сталіцаю свету і калыскаю будучага чалавецтва…

Вакульскі ачомаўся, ён быў упэўнены, што мае справу з маньякам.

Гейст глядзеў на яго і ўсміхаўся.

– Я скончу, пане Сюзэн, – працягваў ён. – Я зрабіў вялікія адкрыцці ў хіміі, стварыў новую навуку, вынайшаў невядомыя прамысловыя матэрыялы, пра якія не маглі і марыць да мяне. Але… не хапае мне яшчэ некалькіх надзвычай важных фактаў, а ўжо скончыліся грошы. Чатыры капіталы ўтапіў я ў свае доследы, выкарыстаў дзясяткі чалавек, а сёння трэба мне новы капітал і новыя людзі…

– Адкуль у пана гэткі давер да мяне? – пытаў Вакульскі ўжо спакойна.

– Гэта проста, – адказаў Гейст. – Пра тое, каб забіцца, думае вар’ят, банкрут або чалавек варты, які не знаходзіць сабе месца на свеце.

– Адкуль пан ведае, што я не латруга?

– А пан адкуль ведае, што конь не карова? – адказаў Гейст. – Падчас маіх вымушаных вакацый, якія, на жаль, цягнуцца па некалькі гадоў, я займаюся заалогіяй і спецыяльна вывучаю чалавечы від. У адной толькі той форме, што з дзвюма рукамі, я адкрыў больш за дзесяць жывёльных тыпаў, пачынаючы з вустрыцы ды гліста і сканчаючы савою ды тыграм. Скажу табе нават больш. Я адкрыў, што існуюць гібрыды гэтых тыпаў: крылатыя тыгры, змеі з сабачымі галовамі, сокалы ў чарапашых панцырах, зрэшты, гэта ўжо прадчувала фантазія геніяльных паэтаў. І ва ўсім гэтым звярынцы, сярод быдла альбо монстраў сям-там можна знайсці сапраўднага чалавека, істоту з розумам, сэрцам і энергіяй. Пан Сюзэн, несумненна, мае рысы чалавечыя, таму я гэтак адкрыта размаўляю з панам. Ты адзін – на дзесяць, можа, на сто тысяч….

Вакульскі зморшчыўся. Гейст выбухнуў:

– Што? Можа, ты думаеш, пан, што я ліслівасцю хачу выдурыць пару франкаў?.. Заўтра я зноў прыйду да пана, і тады сам пераканаешся ў сваёй цяперашняй недальнабачнасці і несправядлівасці…

Ён ускочыў з крэсла, але Вакульскі стрымаў яго.

– Не гневайся, прафесар, – сказаў ён, – я не хацеў пана абразіць. Але ў мяне тут амаль штодня візіты розных блазнаў…

– Заўтра я пераканаю пана, што я ані блазан, ані вар’ят, – адказаў Гейст. – Я пакажу табе нешта такое, што бачыла не больш за шэсць ці сем чалавек, якія… ужо памерлі… О, каб яны былі жывыя!.. – уздыхнуў ён.

– Чаму ж толькі заўтра?

– Таму што я жыву далёка адсюль, і ў мяне няма на фіякр.

Вакульскі працягнуў яму руку.

– Не абразішся, пан прафесар, – запытаўся ён, – калі…

– Калі дасі мне на фіякр?.. Не. Я ж адразу сказаў, што жабрак, і хто ведае, ці не самы ўбогі ў Парыжы.

Вакульскі працягнуў яму сто франкаў.

– Не варта, – усміхнуўся Гейст. – Хопіць і дзесяць… Пабачым, можа, ты мне заўтра дасі сто тысяч… Шмат у цябе грошай?

– Каля мільёна франкаў.

– Мільён! – паўтарыў Гейст, хапаючыся за галаву. – Праз дзве гадзіны я вярнуся. Раптам я стану табе гэткім жа патрэбным, як ты мне…

– У такім выпадку, можа, прафесар зробіць ласку – адразу ў мой нумар, на трэці паверх… Гэта памяшканне афіцыйнае…

– Добра, добра, на трэці паверх… Праз дзве гадзіны я буду, – адказаў Гейст і шпарка выбег з пакоя.

Праз момант паказаўся Жумар.

– Знудзіў, пэўна, пана стары? – спытаў ён у Вакульскага.

– Што ён за чалавек? – абыякава пацікавіўся Вакульскі.

Жумар скрывіў губы.

– Вар’ят ён, але яшчэ ў пару майго студэнцтва быў вялікім хімікам. Нешта там адкрыў. Падобна, мае нават некалькі незвычайных экземпляраў, але…

Ён пастукаў пальцам сабе па лбу.

– Чаму называюць яго вар’ятам?

– Нельга іначай назваць чалавека, – адказаў Жумар, – які лічыць, што ўдасца яму зменшыць удзельную вагу целаў. Або толькі металаў, я забыўся…

Вакульскі развітаўся з ім і пайшоў у свой нумар.

“Што ж гэта за дзіўны горад, – думаў ён, – дзе можна сустрэць шукальнікаў скарбаў, наёмных абаронцаў гонару, элегантных дам, якія самі гандлююць таямніцамі, кельнераў, якія разважаюць пра хімію, і хімікаў, якія хочуць зменшыць удзельную вагу целаў…”

А пятай у нумары з’явіўся Гейст. Быў ён усхваляваны і замкнуў за сабою дзверы на ключ.

– Пане Сюзэн, – пачаў ён, – мне вельмі важна, каб мы зразумелі адзін аднаго… Скажы мне, ці ёсць у цябе нейкія абавязкі: жонка, дзеці?.. Што праўда, не падобна на тое…

– Я не маю нікога.

– А грошы маеш? Мільён…

– Амаль.

– Скажы мне яшчэ, – працягваў Гейст, – чаму ты думаеш пра самазабойства?..

Вакульскі страпянуўся.

– Гэта быў момант, – адказаў ён. – Закружылася ў мяне галава на паветраным балоне…

Гейст паківаў галавою.

– Грошы маеш, – мармытаў ён. – Славы, прынамсі, да гэтага часу не шукаў… Тут мусіць быць кабета!.. – выгукнуў ён.

– Магчыма, – адказаў Вакульскі, вельмі збянтэжаны.

– Так, кабета! – сказаў Гейст. – Гэта кепска. Ніколі нельга ведаць, што яна зробіць і куды завядзе… У кожным разе, слухай… – ён пільна глядзеў у вочы Вакульскаму. – Калі наступны раз прыйдзе табе ахвота паспрабаваць… Разумееш?.. Не забівайся, а прыйдзі лепш да мяне…

– Можа, я і зараз ужо прыйду… – адказаў Вакульскі, не падымаючы вачэй.

– Не зараз! – хутка адказаў Гейст. – Кабеты ніколі не даводзяць людзей да пагібелі адразу. Ці ты ўжо цалкам разлічыўся з тою асобаю?..

– Мне так здаецца.

– Ага! Толькі здаецца. Гэта кепска. На ўсялякі выпадак запомні параду. У маёй лабараторыі вельмі лёгка можна загінуць. Ды яшчэ як!..

– Прынёс нешта пан прафесар? – спытаў у яго Вакульскі.

– Кепска, кепска, – мармытаў Гейст. – Мушу шукаць купца на мой выбуховы матэрыял. А я думаў, што мы паразумеемся…

– Спачатку пакажы, пан, што прынёс? – спыніў яго Вакульскі.

– Сапраўды… – адказаў Гейст і дастаў з кішэні сярэдняга памеру скрыначку. – Зірні, – прапанаваў ён, – за што тут людзей называюць вар’ятамі!..

Скрыначка была бляшаная, замкнёная вельмі старанна. Гейст па чарзе раскручваў штыфты, якія знаходзіліся ў розных месцах, кідаючы на Вакульскага быстрыя і недаверлівыя позіркі. Раз ён нават завагаўся і зрабіў такі рух, нібы хацеў схаваць скрыначку, але перадумаў, раскруціў яшчэ пару штыфтаў, і вечка адскочыла.

У гэты момант ён зазнаў чарговую атаку падазронасці. Стары кінуўся на канапу, схаваў скрыначку за спіну і трывожна забегаў вачыма па пакоі.

– Недарэчнасць я раблю!.. – мармытаў ён. – Што за нонсенс – рызыкаваць усім дзеля першага сустрэчнага з вуліцы…

– Не давярае мне пан?.. – запытаўся не менш за яго ўзрушаны Вакульскі.

– Я нікому не давяраю, – рэзка адказаў стары. – Бо якую мне хто дасць гарантыю?.. Клятву ці слова гонару?.. Я занадта стары, каб верыць у клятвы… Толькі агульная справа неяк засцерагае ад самай подлай здрады, і тое не заўсёды…

Вакульскі паціснуў плячыма і сеў на крэсла.

– Я не прымушаю пана, – сказаў ён, – дзяліцца сваімі клопатамі. У мяне і сваіх досыць.

Гейст не зводзіў з яго вачэй, але паступова супакойваўся. Нарэшце азваўся:

– Падсунься да стала… Зірні. Што гэта?

Ён паказаў металічны шарык цёмнага колеру.

– Здаецца, гэта друкарскі сплаў[216].

– Вазьмі ў руку…

Вакульскі ўзяў шарык і здзівіўся, які той быў цяжкі.

– Гэта плаціна, – сказаў ён.

– Плаціна? – перапытаў Гейст з іранічнаю ўсмешкаю. – Вось плаціна…

І падаў яму гэткага ж памеру плацінавы шарык.

Вакульскі перакладаў абодва з рукі ў руку. Здзіўленне яго расло.

– Гэты, хіба, удвая цяжэйшы за плаціну?.. – ціха сказаў ён.

– Так, так!.. – рагатаў Гейст. – Адзін з маіх акадэмічных прыяцеляў нават назваў гэта “кампрэсаванай плацінай”… Добры выраз, праўда? На азначэнне металу, удзельная вага якога складае 30,7… Яны так заўсёды. Як толькі атрымаецца ў іх знайсці назву нечаму новаму, адразу кажуць, што растлумачылі гэта згодна з прынцыпамі ўжо вядомых законаў прыроды. Найцудоўнейшыя аслы… самыя мудрыя з усіх, што раяцца ў гэтак званым чалавецтве… А гэта пазнаеш?

– Ну, гэта шкляны брусочак, – адказаў Вакульскі.

– Ха-ха-ха!.. – рагатаў Гейст. – Вазьмі ў руку, прыгледзься… Цікавае шкло, праўда?.. Цяжэйшае за жалеза, з зярністым сколам, цудоўны праваднік цяпла і электрычнасці, яго можна стругаць… Як праўдзіва гэтае шкло ўдае метал, праўда?.. Можа, хочаш яго награваць або каваць молатам?..

Вакульскі працёр вочы. Не было сумневу, што такога шкла яшчэ ніхто на свеце не бачыў.

– А гэта?.. – спытаў Гейст, паказваючы яму іншы кавалак металу.

– Гэта, хіба, сталь.

– Не натрый і не калій?.. – пытаў Гейст.

– Не.

– Вазьмі ж у рукі гэтую сталь…

Тут ужо здзіўленне Вакульскага перарасло ледзь не ў страх: гэтая так званая сталь была лёгкая, як шматок тонкае паперы.

– У сярэдзіне, хіба, пуста?..

– Дык разрэж гэты брусочак, а калі няма чым, прыязджай да мяне. Пабачыш нашмат больш дзівосаў і зможаш рабіць з імі доследы, якія захочаш.

Вакульскі па чарзе разглядаў метал, што быў цяжэйшы за плаціну, другі – празрысты, трэці – лягчэйшы за пух… Пакуль ён трымаў іх у руках, яны здаваліся яму рэчамі самымі звычайнымі на свеце, бо ці ёсць нешта больш звычайнае, чым прадмет, які ўздзейнічае на органы пачуццяў? Але варта было аддаць узоры Гейсту, брала верх здзіўленне і недавер, здзіўленне і страх. Дык ён зноў аглядаў іх, круціў галавою, верыў і сумняваўся.

– Ну што? – спытаў Гейст.

– Ці паказваў пан гэта хімікам?

– Паказваў.

– І што яны?

– Агледзелі, пахіталі галовамі і сказалі, што гэта ашуканства і махінацыі, якімі сур’ёзная навука займацца не будзе.

– Як? Нават не рабілі доследаў? – спытаў Вакульскі.

– Не. Некаторыя з іх наўпрост казалі, што, маючы выбар паміж гвалтам над “законамі прыроды” і недаверам ўласным органам пачуццяў, лічаць за лепшае не давяраць адчуванням. Да таго ж, казалі яны, ад доследаў з падобнымі махлярствамі можна з’ехаць з глузду, і рашуча адмовіліся ад даследаванняў.

– Пан нідзе не паведамляе пра гэта?

– І не думаю. Наадварот, гэтая бяссільнасць мазгоў дае мне найлепшую гарантыю ў забеспячэнні таямніцы маім адкрыццям. Іначай бы іх перахапілі, раней ці пазней дадумаліся б, што з гэтым рабіць, і вынайшлі б тое, чаго я не хацеў ім даць…

– А менавіта?.. – удакладніў Вакульскі.

– Знайшлі б метал, лягчэйшы за паветра, – спакойна адказаў Гейст.

Вакульскі ўпаў на крэсла, хвіліну абодва маўчалі.

– Чаму ж пан хавае ад людзей той трансцэндэнтальны метал? – азваўся, нарэшце, Вакульскі.

– З розных прычын, – адказаў Гейст. – Найперш, я хачу, каб гэты прадукт выйшаў толькі з маёй лабараторыі, хоць бы нават і не я сам яго атрымаў. А па-другое, падобны матэрыял, які зменіць свет, не можа стаць уласнасцю гэтак званага цяперашняга чалавецтва. Зашмат няшчасцяў нарабілася на зямлі з-за неабачлівых адкрыццяў.

– Я не разумею пана.

– Дык паслухай, – працягваў Гейст. – У гэтак званым чалавецтве прыблізна на дзесяць тысяч валоў, бараноў, тыграў і гадаў, якія маюць чалавечую постаць, прыходзіцца ледзьве адзін чалавек. Так было заўсёды, нават у крэмніевую эпоху. І на гэткае чалавецтва цягам стагоддзяў спадалі розныя вынаходніцтвы. Бронза, жалеза, порах, магніт, друк, паравыя машыны і электрычныя тэлеграфы траплялі без разбору ў рукі геніяў і ідыётаў, людзей высакародных і бандытаў… Які вынік?.. А такі, што бязмозгасць і злачыннасць, атрымліваючы ўсё больш магутныя прылады, памнажаліся і ўзмацняліся, замест таго, каб паступова знікаць. Я, – працягваў Гейст, – не хачу паўтараць гэту памылку і, калі ўжо вынайду метал, лягчэйшы за паветра, дык аддам яго толькі сапраўдным людзям. Няхай яны хоць раз атрымаюць зброю выключна для сябе, няхай іх раса памнажаецца і ўзмацняецца, а звяры і монстры ў чалавечым абліччы няхай паступова выміраюць. Калі англічане мелі права пазбавіцца ад ваўкоў на сваёй выспе, дык і сапраўдны чалавек мае права пазбавіць зямлю хаця б ад тыграў, якія выдаюць сябе за людзей…

“Аднак і бзік жа ў яго,” – падумаў Вакульскі.

А ўголас ён сказаў:

– Дык што пану перашкаджае выканаць гэты намер?

– Няма грошай і памочнікаў. Для завяршэння адкрыцця трэба зрабіць яшчэ каля васьмі тысяч доследаў. Лёгка можна падлічыць, што аднаму давялося б працаваць дваццаць гадоў. А чатыры чалавекі зрабілі б гэта цягам пяці або шасці гадоў…

Вакульскі падняўся з крэсла і задумліва пачаў хадзіць па нумары. Гейст не спускаў з яго вачэй.

– Дапусцім, – азваўся Вакульскі, – што я мог бы даць пану грошы і аднаго, нават… двух памочнікаў… Але дзе доказ, што металы пана не з’яўляюцца нейкаю хітраю містыфікацыяй, а надзеі пана – не ілюзіі?

– Прыходзь да мяне, паглядзі, што там ёсць, зрабі сам некалькі доследаў і пераканаешся. Іншага спосабу я не бачу, – адказаў Гейст.

– І калі можна прыйсці?..

– Калі хочаш. Дай мне толькі франкаў пятнаццаць, бо няма за што купіць патрэбных прэпаратаў. А вось мой адрас, – працягнуў Гейст брудную паперчыну.

Вакульскі ўручыў яму трыста франкаў. Стары спакаваў свае экзэмпляры, замкнуў скрыначку і сказаў на развітанне:

– Напішы мне ліст за дзень да таго, як захочаш прыйсці. Я амаль увесь час сяджу дома, выціраючы пыл з маіх рэтортаў!..

Калі Гейст пайшоў, Вакульскі быў нібы ачмурэлы. Ён пазіраў то на дзверы, за якімі знік хімік, то на стол, дзе хвіліну таму ляжалі тыя звышнатуральныя рэчы, то зноў хапаў сябе за галаву, сціскаў рукі, моцна стукаў абцасамі, ходзячы па пакоі, каб пераканацца, што яму гэта не прымроілася, што ён не спіць.

“Але ж факт, – думаў ён, – гэты чалавек паказаў мне нейкія два матэрыялы: адзін цяжэйшы за плаціну, а другі значна больш лёгкі за натрый. Нават заявіў, што шукае метал, лягчэйшы за паветра!..”

– Каб у гэтым не было прыкмет нейкага незразумелага ашуканства, – прамовіў ён уголас, – ужо меў бы я ідэю, дзеля якое варта прыгаварыць сябе на гады няволі. Не толькі знайшоў бы самазабыццё ў працы і здзяйсненне самых смелых мараў маладосці, але яшчэ бачыў бы перад сабою мэту, вышэйшую за ўсе тыя, да якіх імкнуўся калі-небудзь чалавечы дух. Пытанне паветранага флоту было б вырашана, чалавек атрымаў бы крылы.

І зноў ён паціскаў плячыма, разводзіў рукі і мармытаў:

– Не, гэта немагчыма!..

Цяжар новае праўды або новых ілюзій гэтак яго прыгнятаў, што ён адчуў неабходнасць расказаць камусьці пра гэта, хоць бы і не ўсё. Дык ён збег на другі паверх у парадную залу прыёмаў і паклікаў Жумара.

Якраз у той момант, калі ён разважаў, як пачаць незвычайную размову, Жумар сам яму дапамог, бо як толькі з’явіўся ў зале, адразу з далікатнаю ўсмешкаю прамовіў:

– Стары Гейст вельмі жвава выбег ад пана. Пераканаў ён пана або наадварот?..

– Ну, размовамі ніхто нікога не пераканае, толькі фактамі, – адказаў Вакульскі.

– Дык былі і факты?..

– Пакуль толькі заяўлена пра іх… Скажы мне, аднак, – працягваў Вакульскі, – што б ты думаў, каб Гейст паказаў табе метал, па ўсіх прыкметах падобны да сталі, але ў два або ў тры разы лягчэйшы за ваду?.. Каб падобны матэрыял ты бачыў на ўласныя вочы і трымаў ва ўласных руках?..

Усмешка Жумара ператварылася ў нейкую іранічную грымасу.

– Што ж мне сказаць, Божа мілы, апроч таго, што прафесар Пальмеры яшчэ лепшыя цуды паказвае за пяць франкаў з чалавека…

– Што гэта за Пальмеры? – няўцямна запытаўся Вакульскі.

– Прафесар магнетызму, – адказаў Жумар, – знакаміты чалавек… Жыве ён у нашым гатэлі і тры разы на дзень праводзіць гіпнатычныя сеансы ў зале, дзе можа змясціцца не менш за шэсцьдзясят чалавек… Зараз восьмая, якраз пачынаецца вечаровы паказ. Калі пан жадае, мы можам пайсці, у мяне ўваход дармовы…

Моцная чырвань заліла не толькі твар Вакульскага, але і лоб, і шыю.

– Хадзем, – сказаў ён, – да таго прафесара Пальмеры.

А сам падумаў:

“Дык той вялікі мысляр Гейст – ашуканец, а я – дурань, які плаціць трыста франкаў за відовішча, вартае пяці франкаў… Як жа ён мяне падлавіў!..”

Яны падняліся на трэці паверх у салон гэтак жа багата ўпрыгожаны, як і ўсе іншыя ў гэтым гатэлі. Большая яго частка была ўжо запоўнена гледачамі – старыя і маладыя, кабеты і мужчыны – усе былі элегантна апранутыя і вельмі зацікаўленыя прафесарам Пальмеры, які скончыў якраз кароткую ўступную лекцыю пра магнетызм. Быў гэта мужчына сярэдняга веку, маршчыністы брунет з кудлатаю барадою і выразнымі вачыма. Ён быў у атачэнні двух прыгожых кабет і некалькіх маладых мужчын са зняможанымі ды апатычнымі тварамі.

– Гэта медыумы, – прашаптаў Жумар. – На іх Пальмеры дэманструе свае штукі.

Відовішча, якое працягвалася каля дзвюх гадзін, заключалася ў тым, што Пальмеры з дапамогаю зроку пагружаў у сон сваіх медыумаў, але такім чынам, што тыя маглі хадзіць, адказваць на пытанні і выконваць розныя загады. Апроч таго, асобы ў гіпнатычным сне, згодна з яго загадамі, выяўлялі або нязвыклую сілу мускулаў, або яшчэ больш нязвыклую нячуласць ці, наадварот, звышадчувальнасць.

З-за таго, што Вакульскі, які першы раз бачыў падобную з’яву, не хаваў сваёй недаверлівасці, Пальмеры запрасіў яго ў першы рад крэслаў. Тут Вакульскаму хапіла некалькіх доследаў, каб пераканацца, што з’явы, якія ён бачыць, не з’яўляюцца ашуканствам, але палягаюць на нейкіх невядомых уласцівасцях нервовае сістэмы.

Але найбольш зацікавілі і нават уразілі яго два доследы, якія мелі пэўную сувязь з яго ўласным жыццём. Яны заключаліся ва ўнушэнні медыумам таго, што не існавала.

Аднаму з загіпнатызаваных Пальмеры падаў корак ад графіна, кажучы, што дае яму ружу. У гэты момант медыум пачаў нюхаць корак, паказваючы вялікае задавальненне.

– Што, пан, робіш? Гэта ж асафетыда[217].

І медыум адразу ж з гідлівасцю адкінуў корак, выціраючы рукі ды наракаючы, што яны смярдзяць.

Іншаму ён падаў насоўку і як толькі сказаў, што насоўка важыць сто фунтаў, загіпнатызаваны сагнуўся, задрыжаў і пачаў патнець пад яе цяжарам.

Вакульскага таксама кінула ў пот ад гэтага.

“Цяпер мне зразумелая, – падумаў ён, – таямніца Гейста. Ён мяне загіпнатызаваў…”

Але сапраўдны боль ён адчуў, калі Пальмеры загіпнатызаваў нейкага маладзёна, а потым абматаў ручніком шуфлік на вугаль і ўнушыў медыуму, што гэта маладая і прыгожая кабета, якую той кахае. Загіпнатызаваны абдымаў і цалаваў шуфлік, кленчыў перад ім і пазіраў на яго вельмі чулліва. Калі шуфлік засунулі пад канапу, ён палез за ім на карачках, як сабака, і адапхнуў ажно чатырох дужых мужчын, якія хацелі яго затрымаць. А калі, нарэшце, Пальмеры схаваў шуфлік, кажучы, што яна памерла, малады чалавек зазнаў гэткае роспачы, што качаўся па падлозе і біўся галавою аб сцяну.

У гэты момант Пальмеры падзьмуў яму на вочы, і малады чалавек абудзіўся са слязьмі на вачох сярод апладысментаў ды рогату прысутных.

Вакульскі ўцёк з залы моцна ўсхваляваны.

“Дык усё падман!.. Гэтак званыя адкрыцці Гейста і яго розум, маё шалёнае каханне і нават яна… Яна – толькі ілюзія зачараваных пачуццяў… Адзіная рэчаіснасць, якая не здраджвае і не падманвае, – гэта, напэўна, смерць…”

Ён выскачыў з гатэля на вуліцу, забег у кавярню і загадаў падаць каньяку. Тым разам ён выпіў паўтара графінчыкі, а пакуль піў, думаў, што гэты Парыж, у якім ён знайшоў столькі мудрасці, ілюзій ды расчаравання, стане, хіба, яго магілаю.

“Чаго яшчэ мне чакаць?.. Чаго я не ведаю?.. Калі Гейст – звычайны ашуканец, а шуфлік на вугаль можна кахаць так, як я яе, дык што мне застаецца?..”

Ён вярнуўся ў гатэль размораны каньяком і заснуў не распранаючыся. А калі прачнуўся а восьмай раніцы, першая яго думка была:

“Несумненна, Гейст з дапамогаю магнетызму ашукаў мяне з тымі металамі. Але… хто загіпнатызаваў мяне, калі я згубіў галаву ад тае кабеты?..”

Раптам яму цюкнула ў галаву, што можна тое-сёе даведацца ў Пальмеры. Ён хутка пераапрануўся і спусціўся на трэці паверх.

Майстар таямнічага мастацтва ўжо чакаў гасцей. Але гасцей яшчэ не было, і таму ён ахвотна прыняў Вакульскага, аднак спачатку ўзяў дваццаць франкаў за нараду.

– Ці кожнаму пан можа ўнушыць, – спытаў Вакульскі, – што шуфлік на вугаль – гэта кабета, а хустка важыць сто фунтаў?

– Кожнаму, каго я здолею загіпнатызаваць.

– Дык прашу загіпнатызаваць мяне і паўтарыць са мною штуку з хусткаю.

Пальмеры пачаў сваю практыку. Ён узіраўся Вакульскаму ў вочы, датыкаўся яму да ілба, расціраў рукі ад ключыц да далоняў… Нарэшце, ён з непамыснасцю адступіў.

– Пан не медыум, – сцвердзіў ён.

– А каб у маім жыцці быў выпадак, такі самы, як у таго ягамосця з хусткаю? – спытаў Вакульскі.

– Гэта немагчыма, пана нельга загіпнатызаваць. Зрэшты, каб пан быў загіпнатызаваны і меў ілюзію, што хустка важыць сто фунтаў, дык пасля абуджэння не памятаў бы пра гэта.

– Пан упэўнены, што ніхто іншы не здольны загіпнатызаваць мяне больш спраўна?

Пальмеры абразіўся.

– Няма лепшага гіпнатызёра за мяне! – закрычаў ён. – Зрэшты, і я пана загіпнатызую, але давядзецца працаваць некалькі месяцаў… Гэта будзе каштаваць дзве тысячы франкаў. Я не збіраюся дарма траціць свае флюіды…

Вакульскі выйшаў ад гіпнатызёра вельмі незадаволены. Ён не сумняваўся, што панна Ізабэла магла зачараваць яго, прынамсі, у яе было досыць часу, але Гейст загіпнатызаваць яго цягам некалькіх хвілін не мог. Да таго ж, Пальмеры сцвярджаў, што загіпнатызаваны не памятае сваіх уяваў, а ён памятаў кожную драбніцу візіту старога хіміка.

Значыць, калі Гейст яго не загіпнатызаваў, ён не ашуканец. Дык яго металы існуюць і… адкрыццё металу, лягчэйшага за паветра, магчымае.

“Які горад! – думаў ён. – Цягам аднае гадзіны я атрымаў тут больш уражанняў, чым у Варшаве за ўсё жыццё… Які горад!”

Некалькі дзён Вакульскі быў вельмі заняты.

Перадусім ад’язджаў Сузін, які купіў каля двух дзясяткаў караблёў. Абсалютна легальны прыбытак з гэтае аперацыі быў вялікі, такі вялікі, што частка, якая належала Вакульскаму, пакрыла выдаткі, зробленыя цягам апошніх месяцаў у Варшаве.

За некалькі гадзін да развітання Сузін з Вакульскім снедалі ў парадным нумары і, вядома, у іх зайшла гаворка пра прыбыткі.

– Шанцуе табе, як у казцы, – заўважыў Вакульскі.

Сузін глынуў шампанскага, сашчапіў на жываце рукі, аздобленыя пярсцёнкамі, і сказаў:

– Гэта не шанцаванне, Станіславе Пятровічу, гэта мільёны. Ножыкам рэжаш лазу, а сякераю валіш дубы. Хто мае капейкі – і справы робіць на капейкі, і даход мае капеечны. Але хто мае мільёны, будзе мець даходы на мільёны. Рубель, Станіславе Пятровічу, як заезджаная каняка, некалькі гадоў мусіш чакаць, пакуль яна ажарэбіцца новым рублём. А мільён дае прыплод, як свінаматка, кожны год прыносіць яшчэ некалькі. За два, за тры гады, Станіславе Пятровічу, і ты збярэш круглы мільёнчык, тады сам пераканаешся, як ганяюцца за ім грошы. Хоць з табою…

Сузін уздыхнуў, зморшчыў бровы і зноў глынуў шампанскага.

– Што ж са мною? – запытаўся Вакульскі.

– А вось што з табою, – адказаў Сузін, – замест таго, каб у такім горадзе займацца сваімі інтарэсамі і сваім гандлем, ты нічога… Швэндаешся з паніклаю або задранаю галавою, свету не бачыш, нават (сорамна сказаць, хрысціянін!) лятаеш на паветраным балоне… Што ж ты, балаганным акрабатам збіраешся стаць, га?.. Ну і нарэшце, скажу я табе, Станіславе Пятровічу, абразіў ты адну вельмі элегантную даму, тую баранесу… А ў яе можна было і ў карты пагуляць, і прыгожых кабет сустрэць, і даведацца шмат чаго. Раю табе, дай ты ёй зарабіць перад сваім ад’ездам, бо як не дасі адвакату рубля, ён у цябе сто выцягне. Гэх, бацюхна ты мой…

Вакульскі слухаў уважліва, Сузін зноў уздыхнуў і працягваў:

– І з чараўнікамі ты радзішся (цьху, нячыстая сіла…), на чым, кажу я табе, не заробіш і гроша, а можаш абразіць Бога.

Нядобра!.. А горш за ўсё, што ты думаеш, нібы ніхто не ведае, чым ты заклапочаны. Тым часам, усе ведаюць, што ты ад нечага маральна пакутуеш, толькі адзін думае, што ты хацеў бы купляць тут фальшывыя банкноты, а іншы дагаворваецца да таго, што хутка збанкрутуеш, калі ўжо не банкрут.

– І ты ў гэта верыш? – спытаў Вакульскі.

– Ай, Станіславе Пятровічу, ужо каму-каму, а табе не варта лічыць мяне дурнем. Ты думаеш, я не ведаю, што тут спрычынілася кабета?.. Ну, кабета – спакуса, і нават іншаму саліднаму чалавеку можа закруціць мазгі. Дык цешся ж і ты, як маеш грошы. А я табе, Станіславе Пятровіч, скажу адно слоўца, хочаш?

– Калі ласка.

– Хто просіць, каб пагалілі яму бараду, не злуецца на драпіны. Вось, галубок, раскажу я табе прыпавесць. Ёсць тут, у Францыі, нейкая цудоўная вада на ўсе хваробы (не памятаю, як завецца). Дык слухай мяне, ёсць такія, што паўзуць туды на каленях, не падымаючы вачэй, а ёсць іншыя – яны тую ваду п’юць без усялякай цырымоніі, нават рот ёю палошчуць… Ах, Станіславе Пятровічу, каб ты ведаў, як той, хто п’е, насміхаецца з таго, хто моліцца… Дык падумай, ці ты не з такіх, а калі з такіх, плюнь на ўсё… Але што з табою?.. Баліць? Праўда… Ну, пакаштуй віна…

– Ты нешта чуў пра яе? – глуха спытаў Вакульскі.

– Клянуся, нічога надзвычайнага я не чуў, – адказаў Сузін і стукнуў сябе ў грудзі. – Купцу трэба крамнікі, а кабеце той, хто будзе перад ёю чалом біць, хоць бы дзеля таго, каб загарадзіць кавалера, які не б’е паклонаў. Гэта натуральна. Толькі ты, Станіславе Пятровічу, не ідзі ў чарадзе, а калі ўжо трапіў у самую яе сярэдзіну, дык падымі галаву. Паўмільёна рублёў капіталу – гэта не лушпінне, з такога купца людзі не павінны насміхацца.

Вакульскі падняўся і сцепануўся, як чалавек, якому зрабілі прыпальванне гарачым жалезам.

“Можа, усё не так, а можа… так!.. – падумаў ён. – А калі так… частку маёнтку аддам шчасліваму каханку, што мяне вылечыў!..”

Ён вярнуўся да сябе і першы раз зусім спакойна пачаў перабіраць у думках усіх, хто ўлягаў за паннаю Ізабэлаю і якіх сам бачыў каля яе, і пра якіх толькі чуў. Прыгадаў ён сабе шматзначныя размовы, пяшчотныя позіркі, шматзначныя намёкі, усе даклады пані Мелітан, усе плёткі, якія круціліся пра панну Ізабэлу сярод захопленай ёю публікі. Нарэшце, ён уздыхнуў свабодна. Здавалася яму, што знайшоў ён тую нітку, якая можа вывесці з лабірынту.

“Выйду з яго, хіба, проста ў майстэрню Гейста”, – падумаў ён, адчуваючы, што запала ў душу першае зерне пагарды.

“Яна мае права, мае поўнае права!.. – мармытаў ён з усмешкаю. – І права выбару таксама, ці нават выбараў… Гэх, якая ж з мяне нягодная жывёліна, а Гейст лічыць мяне чалавекам…”

Пасля ад’езду Сузіна Вакульскі другі раз перачытаў ліст Жэцкага, які атрымаў учора ўвечары. Стары крамнік пра справы пісаў няшмат, затое шмат – пра пані Стаўскую, няшчасную і прыгожую кабету, муж якой недзе прапаў.

“Да смерці абавяжаш ты мяне, – пісаў Жэцкі, – калі нейкім чынам паспрабуеш, нарэшце, высветліць: Людвік Стаўскі жывы ці памёр?”

Потым ішоў пералік дат і мясцовасцяў, дзе зніклы бываў пасля таго, як пакінуў Варшаву.

“Стаўская?.. Стаўская?.. – прыгадваў Вакульскі. – Ведаю! Гэта тая прыгожая пані з дачушкаю, якая жыве ў маім доме… Які дзіўны збег акалічнасцяў, можа, таму і купіў я дом Ленцкіх, каб пазнаёміцца з тою другою?.. Яна мяне не цікавіць, калі я застаюся тут, але чаму ж не дапамагчы, калі Жэцкі просіць… Цудоўна! Маю нагоду зрабіць прэзент баранесе, якую мне гэтак рэкамендаваў Сузін…”

Ён узяў адрас баранесы і паехаў у ваколіцу Сен-Жэрмен.

На падворку дома, дзе яна жыла, была антыкварная крамка. Размаўляючы са швейцарам, Вакульскі кінуў вокам на кніжкі і з радасным здзіўленнем заўважыў экземпляр паэзіі Міцкевіча, якраз таго выдання, якое ён чытаў, калі быў яшчэ крамнікам у Гопфера. Старая вокладка і выцвілая папера абудзілі ўспаміны маладосці.

Ён зараз жа купіў кніжку і гатовы быў цалаваць яе, як рэліквію.

Швейцар, якому гэты франк растапіў сэрца, правёў Вакульскага аж да дзвярэй баранесы, з усмешкаю жадаючы прыемнага баўлення часу.

Вакульскі пазваніў, і на парозе адразу з’явіўся лёкай у пунсовым фраку.

“Ага!” – прамармытаў ён.

У салоне, вядома, была мэбля з пазалотаю, карціны, дываны і кветкі. Праз момант увайшла баранеса з выглядам абражанае асобы, якая гатова, аднак, прабачыць.

І праўда, яна прабачыла. Вакульскі адразу паведаміў мэту свайго візіту, напісаў прозвішча Стаўскага і месцы, дзе той бываў, ды вельмі прасіў, каб баранеса з дапамогаю свах шматлікіх сувязяў знайшла прапалага.

– Гэта магчыма, – адказала велікасвецкая дама, – але… ці не адаб’е ў пана ахвоту кошт?.. Мы мусім звярнуцца да нямецкае паліцыі, англійскае, амерыканскае…

– Дык?..

– Ці гатовы пан выдаткаваць прыклада тры тысячы франкаў?

– Вось чатыры тысячы, – адказаў Вакульскі і падаў чэк, на якім напісаў адпаведную суму. – А калі можна спадзявацца на адказ?..

– Я гэтага не магу ведаць, – адказала баранеса, – можа, праз месяц, можа, праз год. Спадзяюся, аднак, – дадала яна сурова, – у сапраўднасці пошукаў пан не сумняваецца?

– Ніякага сумневу. Таму і пакідаю ў Ротшыльда квіток яшчэ на дзве тысячы франкаў, якія будуць выплачаныя, калі з’явіцца вестка пра гэтага чалавека.

– Пан хутка паедзе?

– О, не. На нейкі час я затрымаюся.

– Ах, захапіўся пан Парыжам!.. – прамовіла баранеса з усмешкаю. – Ён спадабаецца пану яшчэ больш з вокнаў майго салона. Я прымаю кожны вечар.

Яны развіталіся вельмі задаволеныя: баранеса грашыма свайго кліента, а Вакульскі тым, што адным махам выканаў і параду Сузіна, і просьбу Жэцкага.

Цяпер Вакульскі застаўся ў Парыжы зусім адзін, не маючы ніякіх спраў. Зноў ён наведваў выставу, тэатры, хадзіў незнаёмымі вуліцамі, аглядаў прапушчаныя раней музейныя залы… Зноў дзівіўся магутнай сіле Францыі, гармоніі ў пабудове і жыцці мільённага горада, уплыву лагоднага клімату на прыспешанае развіццё цывілізацыі… Зноў піў каньяк, еў дарагія стравы або гуляў у карты ў салоне баранесы, дзе заўсёды прайграваў.

Гэткае баўленне часу выдатна стамляла, але не прыносіла ані кроплі радасці. Гадзіны цягнуліся суткамі, дні не мелі канца, а ночы – спакойнага сну. Хоць і спаў ён моцна, хоць не меў ані прыкрых, ані прыемных сноў, наогул, нібы траціў свядомасць, не мог ён, аднак, пазбыцца пачуцця бясконцае горычы, у якой танула ягоная душа, дарэмна шукаючы дна або берагоў.

“Дайце мне нейкую мэту… або смерць!..” – казаў ён, пазіраючы на неба, а праз момант ужо рагатаў з сябе:

“З кім я размаўляю?.. Хто мяне пачуе ў тым механізме сляпых сіл, цацкаю якога я стаў? Якая страшная доля: не быць ні да чаго прывязаным, нічога не жадаць і гэтак шмат разумець…”

Яму здавалася, што ён бачыць нейкую невымерную фабрыку, адкуль выбягаюць новыя сонцы, новыя планеты, новыя віды істот, новыя народы, а там – людзі і сэрцы, якія рвуць фурыі: надзея, каханне і боль. Якая ж з іх самая горшая? Гэта не боль, бо ён, прынамсі, не падманвае. Але тая надзея, што здольная кінуць тым глыбей, чым вышэй падняла… Але каханне, той матыль, адно крыло якога называецца няпэўнасцю, а другое – падманам…

“Усё адно, – мармытаў ён. – Калі ўжо мусім мы адурманьвацца нечым, дык няма розніцы, чым адурманьвацца. Але чым?”

Тады ў глыбіні змроку, які завецца прыродаю, загараліся перад ім дзве зоркі. Адна свяціла слаба, але пастаянна – гэта быў Гейст ды яго металы, а другая была яскравая, як сонца, і мігатлівая, гэта была яна

“Што выбраць? – думаў ён. – Калі адно сумнеўнае, а другая недаступная і няпэўная. Бо, каб я нават і дасягнуў яе, ці паверу ёй калі-небудзь?.. Ці змог бы паверыць?..”

Ён адчуваў, што набліжаецца хвіліна рашучага змагання паміж яго розумам і сэрцам. Розум цягнуў да Гейста, сэрца – у Варшаву. Ён адчуваў, што хутка мусіць на нечым спыніць свой выбар: або на цяжкай працы, якая вяла да вялікае славы, або – на жарсці, якая абяцала спаліць яго дазвання.

“А калі і адно, і другое – ілюзіі, як той шуфлік або хустка вагою ў сто фунтаў?..”

Ён зноў пайшоў да гіпнатызёра Пальмеры, заплаціў належныя дваццаць франкаў за нараду і пачаў задаваць яму пытанні:

– Дык сцвярджае пан, што мяне немагчыма загіпнатызаваць?

– Як гэта немагчыма? – абурыўся Пальмеры. – Немагчыма адразу, бо пан не з’яўляецца медыумам. Але можна з пана зрабіць медыума, калі не за пару месяцаў, дык за пару гадоў.

“Таму Гейст, дакладна, не атуманіў мяне”, – падумаў Вакульскі.

А ўголас ён запытаўся:

– А кабета, пане Пальмеры, можа магнетызаваць чалавека?

– Не толькі кабета, а нават дрэва, клямка, вада, ну, словам, усё, чаму гіпнатызёр надасць уладу. Я магу сваіх медыумаў магнетызаваць, бадай, шпількаю. Кажу ім, я ў гэту шпільку пераліваю свой флюід, і заснеш, пан, як толькі на яе зірнеш. Дык яшчэ лягчэй мог бы я пераказаць сваю ўладу нейкай кабеце. Абы, вядома, гіпнатызаваная асоба была медыумам.

– І тады я прывязаўся б да тае кабеты, як медыум пана да шуфліка на вугаль?.. – спытаў Вакульскі.

– Самым звычайным чынам, – адказаў Пальмеры, пазіраючы на гадзіннік. Вакульскі пайшоў ад яго і, бадзяючыся па вуліцах, думаў:

“Што да Гейста, дык я амаль упэўнены, што ён не выклікаў у мяне ілюзій з дапамогаю магнетызму. На гэта не хапіла б яму часу. Але што да яе, няма пэўнасці, ці не зачаравала яна мяне гэткім чынам. Часу было дастаткова, але… хто ж зрабіў мяне медыумам?”

Чым больш ён параўноўваў сваё каханне да панны Ізабэлы з пачуццямі большасці мужчын да большасці кабет, тым больш ненатуральным яно здавалася. Бо як можна закахацца ў некага з першага позірку? Альбо як можна шалець за кабетаю, якую бачыш раз на некалькі месяцаў і толькі дзеля таго, каб пераканацца: яна і думаць не думае пра цябе?

“Ну вось, – прамармытаў ён, – рэдкія сустрэчы якраз і зрабілі з яе ідэал. Хто ведае, ці не расчараваўся б я канчаткова, каб пазнаёміўся з ёю бліжэй?”

Дзіўна было, што ад Гейста няма ніякіх вестак.

“Няўжо вучоны хімік узяў трыста франкаў, каб і на вочы мне не паказвацца…” – падумаў ён.

Але яму стала сорамна ад сваіх падазрэнняў.

“Можа, ён хворы?”

Ён узяў фіякр і паехаў па адрасе далёка за гарадскія валы, у ваколіцу Шарантон.

На названай вуліцы фіякр спыніўся перад каменным парканам, за якім віднелася верхняя частка вокнаў і дах.

Вакульскі выйшаў з каляскі і наблізіўся да жалезнае брамкі, пры якой вісеў малаток. Пасля некалькіх удараў брамка нечакана адчынілася, і Вакульскі ўвайшоў на дзядзінец.

Дом быў двухпавярховы і вельмі занядбаны, пра гэта сведчыла цвіль на сценах і павыбіваныя там-сям шыбы ў вокнах. Пасярэдзіне знаходзіліся дзверы, да якіх трэба было падымацца па досыць зруйнаваных прыступках.

Веснічкі глуха стукнулі і замкнуліся, але швейцара, які яе адчыняў, не было відаць, дык Вакульскі спыніўся пасярод дзядзінца. Ён быў здзіўлены і заклапочаны. У гэты момант у акне другога паверха з’явілася нейкая галава ў чырвонай шапцы, і знаёмы голас паклікаў:

– Гэта вы, пане Сюзэн? Добры дзень!

Галава знікла, але адчыненая фортка даводзіла, што гэта была не ілюзія. Нарэшце, праз некалькі хвілін з рыпеннем адчыніліся дзверы, у іх стаяў Гейст. На ім былі падраныя блакітныя порткі, на нагах – драўляныя сандалі, а на плячах – брудны фланелевы каптан.

– Можаш мяне павіншаваць, пане Сюзэн! – сказаў Гейст. – Я прадаў свой выбуховы матэрыял англа-амерыканскай кампаніі ды, здаецца, някепска. Сто пяцьдзясят тысяч франкаў гатоўкі, апроч таго, дваццаць пяць сантымаў з кожнага прададзенага кілаграма.

– Ну, калі так, закіне пан, хіба, свае металы, – з усмешкаю прамовіў Вакульскі.

Гейст зірнуў на яго з паблажліваю пагардаю.

– Гэта, – адказаў ён, – змяніла маё становішча настолькі, што некалькі гадоў мне не трэба ўжо шукаць заможнага супольніка. А што да металаў, якраз я працую над імі, зірні…

Ён адчыніў дзверы налева ад увахода. Перад Вакульскім была вялікая квадратная зала, вельмі халодная. Пасярэдзіне стаяў аграмадны цыліндр, падобны да кадкі, яе стальныя сценкі мелі з локаць таўшчыні і былі ў чатырох месцах сцягнутыя тоўстымі абручамі. Да вечка былі прымацаваныя нейкія апараты. Адзін быў падобны да клапана бяспекі, з-пад якога час ад часу вырывалася воблачка пары і хутка разыходзілася ў паветры, а другі нагадваў манометр, стрэлка якога вагалася.

– Паравы кацёл?.. – спытаў Вакульскі. – Навошта такія тоўстыя сценкі?

– Дакраніся, – прапанаваў Гейст.

Вакульскі дакрануўся і сыкнуў ад болю. На пальцах выскачылі пухіры, але не ад гарачыні, а ад холаду… Кадка была страшэнна халодная, што адчувалася, зрэшты, нават у зале.

– Шэсцьсот атмасфер унутранага ціску, – дадаў Гейст, не зважаючы на апёк Вакульскага, які аж здрыгануўся, калі пачуў гэту лічбу.

– Вулкан, – ціха прамовіў ён.

– Таму я і падгаворваў цябе працаваць у мяне, – адказаў Гейст. – Як бачыш, тут лёгка можа здарыцца аварыя… Хадзем наверх…

– Пан пакіне кацёл без нагляду? – спытаў Вакульскі.

– О, падчас гэтай рабоы не патрэбная нянька, усё робіцца само і нечаканасцяў не будзе.

Наверсе яны апынуліся ў вялікім пакоі з чатырма вокнамі. З мэблі там былі пераважна сталы, застаўленыя рэтортамі, рознымі ёмістасцямі з трубкамі са шкла, парцаляны і нават з волава ды медзі. На падлозе пад сталамі і ў кутках ляжала некалькі артылерыйскіх снарадаў, некаторыя з іх былі з трэшчынамі. Пад вокнамі стаялі невялікія каменныя або медзяныя ночвы, напоўненыя каляровымі вадкасцямі. Уздоўж аднае сцяны цягнулася лава або тапчан, а на ім – вялізная электрычная батарэя.

Вакульскі агледзеўся і каля самых дзвярэй заўважыў жалезную шафу, умураваную ў сцяну, ложак, накрыты дзіраваю коўдраю, з якой вылазіла брудная вата, а пад акном – столік з паперамі і фатэль перад ім, абабіты скураю – парэпанаю і выцертаю.

Вакульскі паглядзеў на старога, абутага ў драўляныя сандалі, як самы ўбогі падзёншчык, потым на яго абстаноўку, якая сведчыла пра ўбоства, і падумаў, што гэты чалавек за свае вынаходніцтвы мог мець мільёны. Але ён выракся іх у імя нейкага будучага дасканала чалавецтва… Яму падалося ў гэты момант, што Гейст падобны на Майсея, які вядзе да абяцанае зямлі яшчэ ненароджаныя пакаленні.

Але стары хімік гэтым разам не адгадаў думак Вакульскага. Ён зірнуў на яго пахмурна і сказаў:

– Што ж, пане Сюзэне, невясёлае тут месца, невясёлая праца?.. Сорак гадоў я так жыву. Гэтыя апараты паглынулі ўжо некалькі мільёнаў, і, можа, таму іх уласнік не мае вольнага часу, не ходзіць на службу і часам не мае чаго есці… Гэта не для пана занятак, – махнуў ён рукою.

– Памыляешся, прафесар, – адказаў Вакульскі. – Зрэшты, у магіле, хіба, не лепш….

– Што тая магіла… бяссэнсіца… сентыментальнасць!.. – прамармытаў Гейст. – У прыродзе няма ані магіл, ані смерці. Ёсць розныя формы існавання. Адны дазваляюць нам быць хімікамі, а іншыя – толькі хімічнымі прэпаратамі. А ўся мудрасць у тым, каб скарыстацца выпадкам, не траціць часу на блазнаванне і нешта зрабіць.

– Вядома, – згадзіўся Вакульскі, – але… Прабач, пан, адкрыцці пана гэткія новыя…

– Я разумею, – перабіў яго Гейст. – Мае адкрыцці гэткія новыя, што… лічыш іх, пан, ашуканствам!.. Не разумнейшымі за цябе выглядаюць і акадэмікі, дык ты ў добрай кампаніі… Ага! Яшчэ раз хочацца табе паглядзець на мае металы, выпрабаваць іх?.. Добра, вельмі добра…

Ён падбег да жалезнае шафы, адамкнуць якую было вельмі няпроста, і па чарзе пачаў даставаць брусочкі металу – цяжэйшага за плаціну, лягчэйшага за ваду, таго празрыстага… Вакульскі разглядаў іх, важыў, падаграваў, каваў, прапускаў праз іх электрычнасць, рэзаў нажніцамі. Гэтыя выпрабаванні занялі некалькі гадзін. У выніку ён, аднак, пераканаўся, што з фізічнага, прынамсі, боку мае дачыненне з сапраўднымі металамі.

Пасля доследаў Вакульскі стомлена ўпаў у фатэль. Гейст схаваў свае экземпляры, замкнуў шафу і з усмешкаю запытаўся:

– Ну, што: факт ці ілюзія?

– Я нічога не разумею, – ціха адказаў Вакульскі, сціскаючы рукамі скроні. – Галава ў мяне трашчыць!.. Метал, у тры разы лягчэйшы за ваду… Неверагодна!..

– Або метал, працэнтаў на дзесяць лягчэйшы за паветра, га?.. – рагатаў Гейст. – Удзельная вага абрынутая… падкоп пад законы прыроды, га?.. Ха-ха-ха!.. Нічога. Законам прыроды, наколькі яны нам вядомыя, нават мае металы нічым не пагражаюць. Пашырыцца толькі наша разуменне ўласцівасцей матэрыялаў ды іх унутранае будовы, ну і пабольшае тэхнічных магчымасцей для людзей.

– А ўдзельная вага? – спытаў Вакульскі.

– Паслухай мяне, – спыніў яго Гейст, – і ты зразумееш, на чым заснавана сутнасць маіх адкрыццяў, хоць і не здолееш іх паўтарыць. Тут няма ані цудаў, ані ашуканства. Тут усё так проста, што зразумець гэта мог бы вучань пачатковае школы.

Ён узяў са стала стальны куб, падаў яго Вакульскаму і запытаўся:

– Вось кубічны дэцыметр, суцэльны, адліты са сталі. Вазьмі яго ў руку. Колькі ён важыць?

– Каля васьмі кілаграм…

Ён падаў яму другі куб, гэткага ж памеру, таксама сталёвы, і запытаўся:

– А гэты колькі важыць?

– Ну, гэты важыць паўкіло… Але ён пусты… – адказаў Вакульскі.

– Дасканала! А гэтая кубічная рашотка са сталёвага дроту колькі важыць? – запытаўся Гейст і падаў яе Вакульскаму.

– Гэтая важыць менш за сто грам…

– Вось бачыш, – выгукнуў Гейст. – Маем мы тры кубы аднолькавага памеру, аднак, рознае вагі. А чаму? Бо ў суцэльным кубе знаходзіцца найбольш малекул сталі, у пустым – іх менш, а ў драцяным – зусім мала. Уяві сабе, што мне ўдалося замест суцэльных малекул пабудаваць рашэцістыя малекулы цел, і ты зразумееш таямніцу адкрыцця. Яна заключаецца ў змене ўнутранае будовы матэрыялаў, што для сучаснае навукі не з’яўляецца навіною. Ну, як?

– Калі бачу ўзоры, я веру, – адказаў Вакульскі, – калі пана слухаю, усё разумею. Але варта мне выйсці адгэтуль…

Ён развёў рукі ў адчаі.

Гейст зноў адамкнуў шафу, пашукаў там і дастаў кавалачак металу, які колерам нагадваў бронзу, падаў яго Вакульскаму і сказаў:

– Вазьмі гэта сабе як амулет супраць сумневаў у маім розуме або цвярозасці майго мыслення. Гэты метал у пяць разоў лягчэйшы за ваду, дык ён будзе нагадваць табе пра наша знаёмства. Пры тым, – дадаў ён з усмешкаю, – ёсць у яго адна цудоўная якасць: ён не баіцца ніякіх хімічных рэчываў… Ён хутчэй знікне, чым здрадзіць мне і выдасць сакрэт… А цяпер ідзі ўжо, пане Сюзэне, адпачні і падумай, што табе рабіць.

– Я прыйду сюды, – ціха сказаў Вакульскі.

– О, не! Не цяпер!.. – адказаў Гейст. – Ты яшчэ маеш рахункі са светам. І ў мяне ёсць грошы на некалькі гадоў, дык я не прыспешваю. Прыйдзеш сюды, калі ў цябе не застанецца ўжо ілюзій…

Ён паспешліва паціскаў яму руку ды папіхаў да дзвярэй. На ганку ён развітаўся з ім яшчэ раз і вярнуўся ў лабараторыю. Калі Вакульскі выйшаў на дзядзінец, брамка ўжо была адчыненая, а як толькі ён прайшоў праз яе да свайго фіакра, яна зачынілася.

Вярнуўшыся ў горад, Вакульскі адразу ж купіў залаты медальён, паклаў туды кавалачак новага металу і павесіў на шыю, як амулет. Ён хацеў прайсціся, але адчуў, што вулічны рух яму непрыемны, таму пайшоў да сябе.

“Чаму мне не вярнуцца? – думаў ён. – Чаму не пайсці працаваць да Гейста?..”

Ён сеў у фатэль і заглыбіўся ва ўспаміны. Бачылася яму крама Гопфера, госці ў залах, якія кпілі з яго, бачыўся ягоны вечны рухавік і мадэль паветранага балона, якім ён намагаўся кіраваць. Бачылася Кася Гопфер, якая высахла ад кахання…

“За працу!.. Чаму ж я не іду працаваць?..”

Яго позірк упаў на стол, дзе ляжаў нядаўна куплены Міцкевіч.

“Колькі разоў ужо чытаў я гэта!..” – уздыхнуў ён і ўзяў кніжку ў рукі. Кніга разгарнулася, і Вакульскі прачытаў:

“Я зрываюся з ложка, бягу стрымгалоў

Куды вочы глядзяць, я ў агні палымнею,

Тваю жорсткасць кляну цэлай лаваю слоў,

Ды цябе толькі ўбачу – раптоўна нямею,

Астываю, раблюся спакойным ізноў,

А пасля зноў гару я і... зноў камянею”[218].

“Цяпер ужо я ведаю, хто мяне гэтак зачараваў…”

Ён адчуў, як набягаюць слёзы, але стрымаўся, і твар застаўся сухі.

“Змарнавалі жыццё маё… Атруцілі два пакаленні! – прашаптаў ён. – Вось вынік вашага сентыментальнага стаўлення да кахання”.

Ён закрыў кнігу і шпурнуў яе ў куток, аж зашамацелі старонкі.

Кніга стукнулася аб сцяну, зачапілася за ўмывальнік і з сумным шамаценнем спаўзла на падлогу.

“Так табе і трэба! Там табе месца… – думаў Вакульскі. – Бо хто ж паказаў мне каханне як святую таямніцу? Хто навучыў мяне пагарджаць звычайнымі кабетамі, а шукаць недасяжны ідэал?.. Каханне – гэта радасць свету, сонца жыцця, вясёлая мелодыя ў пустыні, а ты што з яе зрабіў?.. Жалобны алтар, перад якім галосяць над растаптаным чалавечым сэрцам, як на хаўтурах!”

Потым узнікла ў яго пытанне.

“Калі паэзія атруціла тваё жыццё, дык хто ж атруціў яе самую? І чаму Міцкевіч замест таго, каб весяліцца ды сваволіць, як французскія песняры, умеў толькі тужыць ды адчайвацца?

Бо ён, як і ты, кахаў панну высокага роду[219], якая мусіла стаць узнагародаю не розуму, не працавітасці, не ахвярнасці, нават не геніяльнасці, але… грашам і тытулу…”

“Бедны пакутнік, – шаптаў Вакульскі. – Ты аддаў народу лепшае, што меў, але хіба вінаваты, што, аддаючы яму ўласную душу, разам з ёю пераліў ты і тую пакуту, якою быў прасякнуты сам? Гэта яны вінаватыя ў тваіх, маіх і нашых няшчасцях…”

Ён падняўся з фатэля і з пашанаю сабраў раскіданыя старонкі.

“Мала таго, што яны цябе мучылі, дык мусіш яшчэ адказваць і за іх правіны?.. Гэта яны вінаватыя, што тваё сэрца замест таго, каб спяваць, енчыла, як разбіты звон”.

Ён лёг на канапу і працягваў свае думы:

“Незвычайны край, у якім ужо гэтак даўно жывуць два зусім розныя народы: арыстакратыя і грамадства. Адзін кажа, што ён высакародная расліна, якая мае права высмоктваць усё і з гліны, і з глебы, а той другі – або згаджаецца з дзікімі прэтэнзіямі, або, пакрыўджаны, не мае сілы пратэставаць.

І як усё спрыяла манаполіі аднаго класа і задушэнню ў зародку іншых! Гэткая моцная была вера ў шанаванне роду, што нават сыны рамеснікаў і гандляроў або куплялі гербы, або падшываліся пад нейкія збяднелыя шляхецкія роды.

Ніхто не меў адвагі прызнаць свае ўласныя заслугі. І нават я, дурань, змарнаваў некалькі сотняў рублёў, каб купіць шляхецкі патэнт.

І мне вяртацца?... Навошта? Тут, прынамсі, бачу народ, што выкарыстоўвае ўсе здольнасці, якімі адораны род людскі. Тут кіроўныя пасады не абсела цвіль падазронае старажытнасці, а наперад выходзіць сапраўдная сіла: працавітасць, розум, воля, творчасць, веды і нават – прыгажосць ды спрыт, нават – шчырае пачуцце. Там жа працу ставяць да ганебнага слупа, а трыумфуе распуста! Той, хто зарабіў шмат грошай, носіць найменне скнары, жмінды, выскачкі. Той, хто мантачыць грошы, называецца шчодрым, бескарыслівым, высакародным… Там прастата лічыцца дзівацтвам, ашчаднасці трэба саромецца, вучонасць раўназначная вар’яцтву, сімвал артыстызму – дзіркі на локцях. Там, калі хочаш, каб цябе называлі чалавекам, трэба мець або тытул і маёнтак, або талент уплішчвацца ў вітальні. І мне туды вяртацца?..”

Ён захадзіў па пакоі і пачаў лічыць: “Гейст адзін, я другі, Ахоцкі трэці… Яшчэ дваіх знойдзем. І за чатыры або пяць гадоў зрабілі б мы тыя восем тысяч вопытаў, неабходныя для адкрыцця металу, лягчэйшага за паветра. Ну а тады?.. Што станецца з цяперашнім светам, калі з’явіцца першая лятальная машына без крылаў, без складаных механізмаў, а трывалая, як жалезны карабель?”

Яму здавалася, што вулічны шум за яго вокнамі ўзмацняецца і ахоплівае ўвесь Парыж, усю Францыю і Еўропу. І што галасы людзей зліваюцца ў адзін моцны вокліч: “Слава… Слава… Слава!..”

“З глузду з’ехаў?” – прамармытаў ён.

Ён хутка расшпіліў камізэльку, выцягнуў з-пад кашулі залаты медальён і адчыніў яго. Кавалачак металу, падобны да бронзы і лёгкі, як пух, быў на месцы. Гейст не падманваў яго, дарога да вялікага адкрыцця была разнасцежаная.

“Застаюся! – ціха прамовіў ён. – Ні Бог, ні людзі не прабачаць мне, калі я занядбаю падобны шанец”.

Ужо апусціўся змрок. Вакульскі запаліў газавую лямпу над сталом, дастаў паперу, пяро і пачаў пісаць:

“Мой Ігнацы! Хачу пагаварыць з табою пра вельмі важныя справы, а як у Варшаву я ўжо не вярнуся, дык прашу цябе, каб ты тэрмінова…”

Раптам ён кінуў пяро, нейкая трывога ахапіла яго ад тых слоў, якія ён напісаў: “у Варшаву я ўжо не вярнуся…”

“Чаму ж мне не вярнуцца?..” – ціха запытаўся ён.

“А навошта?.. Можа, каб ізноў спаткаць панну Ізабэлу, зноў страціць энергію?..”

“Мусіш, нарэшце, скончыць з гэтаю дуратою…”

Ён хадзіў і думаў:

“Вось дзве дарогі: адна вядзе да неверагодных рэформаў чалавецтва, а другая – да таго, каб выклікаць сімпатыю ў кабеты і нават, дапусцім, дамагчыся яе. Што выбраць?”

Бо гэта ж факт, што кожны новы і важны матэрыял, кожная новая сіла – гэта чарговы паверх цывілізацыі. Бронза стварыла цывілізацыю класічную, жалеза – сярэднявечча, порах скончыў сярэднявечча, а каменны вугаль пачаў дзевятнаццатае стагоддзе. Чаго тут вагацца? Металы Гейста дадуць пачатак гэткай цывілізацыі, пра якую нельга было і марыць. І хто ведае, ці яны наўпрост не палепшаць чалавечую пароду…

А з другога боку, што ж я маю?.. Кабету, якая ў прысутнасці гэткіх, як я, нуварышаў не пасаромелася б мыцца. Хто я ў яе вачах побач з тымі фарсунамі, якім пустыя размовы, пахвальбы, кампліменты – галоўны сэнс жыцця? Што гэты натоўп, уключна з ёю самою, сказаў бы, каб убачыў Гейста ў рыззі ды ягоныя вялікія адкрыцці? Яны гэткія цёмныя, што нават не здзівіліся б.

Дапусцім, я з ёю ажаніўся б, нарэшце, і што тады?.. Адразу ж у салон нуварыша ўбіліся б усе яўныя і таемныя ахвотнікі да амурных спраў, розныя кузіны, ды немаведама хто яшчэ! І зноў мусіў бы я рабіць выгляд, што не заўважаю іх позіркаў, мусіў бы прыкідвацца глухім, каб не чуць іх кампліментаў, далікатна ўхіляцца ад даверлівых размоў з імі. Пра што?.. Пра маю ганьбу і бязмозгасць?..

Праз год гэткага жыцця я, можа, прынізіўся б да таго, што стаў бы раўнаваць да падобных індывідаў…

Ах, ці не лепш кінуць сэрца галоднаму сабаку, чым аддаць яго кабеце, якая нават не здагадваецца, якая розніца паміж імі і мною.

Баста!..”

Ён ізноў сеў да стала і пачаў пісаць ліст Гейсту. Раптам спыніўся:

– Што ж я раблю? – прамовіў ён уголас. – Збіраюся даць абяцанне, а не ўладкаваў свае справы…

“Як змяніўся час! – думаў ён. – Даўней гэткі Гейст быў бы сімвалам шатана, з якім змагаецца за чалавечую душу анёл у выглядзе кабеты. А цяпер… як разабрацца: хто шатан, а хто анёл?..”

У гэты момант пастукаліся ў дзверы. Увайшоў гарсон і падаў Вакульскаму вялікі канверт.

“З Варшавы, – прашаптаў ён. – Ад Жэцкага?.. Шле мне ўсяго толькі другі ліст… Ах, ад старшынёвай!.. Можа, яна паведамляе мне пра шлюб панны Ізабэлы?..”

Ён разарваў канверт, але на момант затрымаўся з чытаннем. Сэрца ў яго калацілася.

“Усё адно!” – прамармытаў ён і пачаў чытаць:

“Мой каханы пане Станіславе! Добра ты бавішся, відаць, а падобна, нават у Парыжы, калі забыўся на сваіх сяброў. Магіла нябожчыка дзядзькі твайго па-ранейшаму чакае абяцанага каменя, і я хацела б параіцца з табою пра цукроўню, пабудаваць якую ўгаворваюць мяне на старасці гадоў. Пасаромейся, пане Станіславе, а перадусім пашкадуй, што не бачыш, як румянее твар панны Бэлы, якая цяпер у мяне і загарэлася, нібы кветка маку, пачуўшы, што я пішу табе. Каханае дзіцятка! Яна жыве ў цёткі па суседстве і часта мяне наведвае. Я здагадваюся, што ты ўчыніў ёй нейкую вялікую прыкрасць, дык не цягні з прабачэннямі і як мага хутчэй прыязджай да мяне. Бэла пабудзе тут яшчэ некалькі дзён, і ў мяне, можа, атрымаецца ўгаварыць яе прабачыць табе…”

Вакульскі рэзка падняўся ад стала, адчыніў акно і, стоячы пры ім, другі раз прачытаў ліст старшынёвай. Вочы ў яго гарэлі, на твары з’явіліся чырвоныя плямы.

Ён пазваніў раз, другі, трэці… Нарэшце, сам выбег на калідор, гукаючы:

– Гарсон! Гэй, гарсон!..

– Служу пану…

– Рахунак.

– Які?..

– Поўны разлік за апошнія пяць дзён… Поўны! Не разумееш?..

– Зараз? – здзівіўся гарсон.

– Неадкладна і… каляску на Паўночны вакзал… Неадкладна!

XXIV. ШЧАСЛІВЫ ЧАЛАВЕК У КАХАННІ

Вярнуўшыся з Парыжу, Вакульскі знайшоў у Варшаве другі ліст ад старшынёвай.

Старая настойліва запрашала яго як мага хутчэй прыехаць і пабыць у яе пару тыдняў.

“Не думай, пане Станіславе, – заканчвала яна свой ліст, – што я запрашаю цябе з-за тваіх поспехаў, каб пахваліцца знаёмствам з табою. Гэта здараецца, але не са мною. Я хачу толькі, каб ты адпачыў ад свае цяжкае працы, а можа, і пабавіўся ў маім доме, дзе, апроч гаспадыні, старое і нуднае, знойдзеш яшчэ таварыства маладых і прыгожых кабет”.

“Што мне да тых маладых і прыгожых кабет!” – прамармытаў Вакульскі. Але ў наступны момант яму стала цікава, пра якія гэта поспехі піша старшынёва? Няўжо нават у правінцыі ўжо ведалі пра ягоны заробак, хоць сам ён нікому пра гэта не казаў?

Словы старшынёвай, аднак, перасталі яго дзівіць, калі ён похапкам прагледзеў рахункі. З дня яго ад’езду ў Парыж гандлёвыя абароты крамы выраслі і раслі з тыдня на тыдзень. У справу з ім увайшло мноства новых купцоў, а адмовіўся толькі адзін, які напісаў пры гэтым рэзкі ліст, што ў яго не арсенал, а звычайная крама з тканінамі, дык ён не бачыць сэнсу падтрымліваць стасункі з фірмаю ягамосця Вакульскага, з якім да Новага года цалкам разлічыцца. Таваразварот быў такі вялікі, што пан Ігнацы пад уласную адказнасць арандаваў новы склад, наняў восьмага крамніка і двух экспедытараў.

Калі Вакульскі скончыў праглядаць кнігі (ён узяўся за іх адразу, прыехаўшы з вакзала, бо Жэцкі пра гэта дужа прасіў), пан Ігнацы адчыніў жалезную касу і з урачыстаю мінаю дастаў адтуль ліст Сузіна.

– Навошта такія цырымоніі? – зарагатаў Вакульскі.

– Карэспандэнцыю ад Сузіна неабходна захоўваць асабліва пільна, – са значэннем адказаў Жэцкі.

Вакульскі паціснуў плячыма і прачытаў ліст. Сузін прапаноўваў яму на зіму новую справу, амаль гэткую ж прыбытковую, як і парыжская.

– Што скажаш? – запытаўся ён у пана Ігнацы пасля таго, як пераказаў яму змест ліста.

– Мой Стаху, – адказаў крамнік, хаваючы вочы, – я гэтак табе давяраю, што каб ты нават горад спаліў, я не сумняваўся б, што зрабіў ты гэта з высакароднаю мэтаю.

– Ты невылечны рамантык, стары! – уздыхнуў Вакульскі і спыніў размову, бо зразумеў, што Ігнацы зноў падазрае яго ў нейкіх палітычных хітрыках.

Не адзін Жэцкі гэтак думаў. Як толькі Вакульскі прыйшоў дадому, ён знайшоў цэлы стос візітовак і лістоў. За час адсутнасці наведала яго не менш за сотню асоб уплывовых, тытулаваных, заможных, паловы якіх ён да гэтага не ведаў… Яшчэ цікавейшымі былі лісты. Гэта былі просьбы пра дапамогу або пратэкцыю да ўладаў цывільных і вайсковых, а таксама ананімкі, дзе пераважна лаяліся на яго… Адзін называў яго здраднікам, іншы – лёкаем, які гэтак прызвычаіўся прыслужваць у Гопфера, што цяпер добраахвотна апранае на сябе ліўрэю арыстакратыі, і нават больш, чым арыстакратыі. Іншы ананім папікаў яго апекаю над распуснаю кабетаю, іншы даносіў, што пані Стаўская – какетка і авантурыстка, а Жэцкі – ашуканец, які абкрадае яго з кватэрнаю платаю ў нованабытым доме і дзеліцца з адміністратарам, нейкім Вірскім.

“Відаць, нямала плётак кружыць пра мяне!..” – падумаў ён, пазіраючы на стос паперы.

На вуліцы таксама, наколькі паспеў заўважыць, ён быў аб’ектам агульнае зацікаўленасці. Шмат хто кланяўся яму, часам зусім незнаёмыя паказвалі на яго, былі, аднак, і такія, хто з відавочнай пагардаю адварочваўся ад яго. Сярод іх прыкмеціў ён двух знаёмых яшчэ з Іркуцка, і гэта яго прыкра закранула.

“Што гэта? – падумаў ён. – З глузду яны паз’язджалі, ці што?..”

На другі дзень свайго знаходжання ў Варшаве ён адпісаў Сузіну, што прымае прапанову і ў палове кастрычніка прыедзе ў Маскву. А познім вечарам ён паехаў да старшынёвай, маёнтак якой знаходзіўся за некалькі міль ад новапабудаванае чыгункі.

На вакзале ён заўважыў, што і тут ягоная асоба робіць уражанне. Сам начальнік станцыі прадставіўся яму і загадаў даць асобнае купэ. А кандуктар, які праводзіў яго да вагона, сказаў, што гэта менавіта ён збіраўся даць яму выгоднае месца, дзе можна спаць, працаваць або размаўляць без перашкод.

Пасля доўгага стаяння цягнік павольна рушыў. Была ўжо глыбокая ноч, на небе не было ні месяца, ні хмар, а зорак было больш, чым звычайна. Вакульскі адчыніў акно і разглядаў сузор’і. Прыгадаліся яму сібірскія ночы, там неба часам бывае амаль чорнае, зорак – процьма, Малая Мядзведзіца вісіць над галавою, а Геркулес, Пегас, Блізняты – ніжэй над гарызонтам, чым у нас.

“Ці ведаў бы я цяпер астраномію, я – крамнік Гопфера, каб не трапіў туды? – падумаў ён з горыччу. – А ці даведаўся б я пра адкрыцці Гейста, каб Сузін гвалтам не зацягнуў мяне ў Парыж?”

І перад унутраным зрокам Вакульскага паўставала ягонае незвычайнае і доўгае жыццё, нібы расцягнутае паміж далёкім Усходам і далёкім Захадам. “Усё, што я ўмею, усё, што маю, усё, што яшчэ магу зрабіць, не паходзіць адсюль. Тут я знаходзіў толькі прыніжэнне, зайздрасць або сумнеўнай вартасці апладысменты, калі мне шанцавала, але каб не пашанцавала, дык тапталі б мяне тыя самыя ногі, якія сёння згінаюцца перада мною ў паклоне…”

“З’еду адсюль, – шаптаў ён, – з’еду!.. Хіба, яна мяне затрымае… Бо навошта мне грошы, калі я не магу іх патраціць, як мне хочацца? Чаго вартае жыццё, якое плеснее паміж Рэсурсаю, крамаю і прыватнымі салонамі, дзе трэба гуляць у прэферанс, каб не пляткарыць, або пляткарыць, каб не гуляць у прэферанс?..”

“Цікава, – спытаў ён у сябе праз момант, – з якою мэтаю гэтак настойліва запрашае мяне старшынёва? А можа, гэта панна Ізабэла?..”

Яму зрабілася горача, і ён адчуў, як павольна адбываецца нейкая перамена ў душы. Прыгадаў бацьку і дзядзьку, Касю Гопфер, якая гэтак яго кахала, Жэцкага, Леона, Шумана, князя і шмат-шмат іншых людзей, якія далі яму доказы несумненнае зычлівасці. Чаго б вартая была ўся ягоная навука і ўвесь маёнтак, каб не было вакол яго сяброўскіх сэрцаў, навошта трэба былі б самыя важныя адкрыцці Гейста, каб не быў ён прыладаю, якая запэўніць апошнюю перамогу расе людзей самых лепшых і высакародных?..

“І ў нас шмат працы, – прашаптаў ён. – І ў нас ёсць людзі, вартыя падтрымкі або дапамогі… Стары я ўжо рабіць эпахальныя адкрыцці, няхай займаюцца гэтым ахоцкія… Я лепш дапамагу іншым быць шчаслівымі, і сам буду шчаслівы…”

Вакульскі прыкрыў вочы, і яму здавалася, нібыта бачыць панну Ізабэлу, якая глядзіць на яго дзіўным, толькі ёй уласцівым позіркам, і лагоднаю ўсмешкай падтрымлівае ягоныя намеры.

Пастукаліся ў дзверы купэ, і з’явіўся кандуктар, які сказаў:

– Пан барон Дальскі пытаецца, ці можа ён прыйсці. Ён едзе ў гэтым жа вагоне…

– Пан барон? – здзіўлена перапытаў Вакульскі. – Вядома, няхай зробіць ласку…

Кандуктар адступіў і зачыніў дзверы, а Вакульскі прыгадаў, што барон – сябра суполкі гандлю з Усходам і адзін з нешматлікіх ужо канкурэнтаў на руку паны Ізабэлы.

“Чаго ён хоча ад мяне? – думаў Вакульскі. – Ён, можа, едзе да старшынёвай, каб на свежым паветры, нарэшце, пасватацца да панны Ізабэлы?.. Калі не апярэдзіў яго Старскі…”

У калідоры вагона пачуліся крокі і галасы. Дзверы купэ зноў адсунуліся, з’явіўся кандуктар, а побач з ім надта сухарлявы пан – з рэдкімі вусікамі, яшчэ больш рэдкаю ды амаль сівою бародкаю, і моцна ўжо ссівелаю галавою.

“Бадай, не ён… – думаў Вакульскі. – Той быў чарнявы…”

– Прашу ў пана прабачэння, што патурбаваў! – сказаў барон, хістаючыся ад руху цягніка. – Перапрашаю… Я б не насмеліўся, але хацеў запытацца: ці не едзе пан да нашае шаноўнае старшынёвай, якая чакае пана ўжо тыдзень?

– Менавіта да яе. Добры вечар, барон. Прашу сядаць.

– Цудоўна! – узрадаваўся барон. – Бо і я туды еду. Амаль два месяцы ўжо жыву там. Значыць… пане… не так жыву, як няспынна езджу. То ад сябе, дзе мне дом рамантуюць, то з Варшавы… Цяпер вяртаюся з Вены, дзе купляў мэблю, але пабуду ў старшынёвай усяго некалькі дзён, бо мушу, пане, замяніць усе шпалеры ў палацы, яшчэ зусім свежыя, не мінула і двух тыдняў… Але што рабіць?.. Не спадабаліся, дык паабдзіраем, нічога не зробіш!

Ён пасмейваўся і міргаў вачыма, а Вакульскага мароз па скуры прабраў.

“Для каго тая мэбля?.. Каму не спадабаліся шпалеры?..” – трывожна пытаўся ён сам у сябе.

– Шаноўны пан ужо скончыў сваю місію. Віншую! – працягваў барон, паціскаючы яму руку. – З першага позірку я адчуў да пана давер і сімпатыю, якая перарасла ў сапраўдную пашану… Так, пане… Тое, што мы ўхіляемся ад палітычнага жыцця, нарабіла нам шмат шкоды. Пан першы зламаў неразумны прынцып абстыненцыі, за гэта пану пашана… Мы мусім, прынамсі, цікавіцца справамі дзяржавы, у якой знаходзяцца нашы маёнткі, дзе наша будучыня…

– Я не разумею пана, пане бароне, – спыніў яго раптам Вакульскі.

Барон гэтак збянтэжыўся, што хвіліну сядзеў нерухома і маўчаў. Нарэшце ён прамармытаў:

– Перапрашаю!.. Насамрэч я не меў намеру… Але мяркую, што маё сяброўства з шаноўнай старшынёвай, якая, пане, гэтак…

– Пакінем, пане, тлумачэнні, – зарагатаў Вакульскі, паціскаючы яму руку. – Задаволены пан венскімі пакупкамі?

– Вельмі, пане… вельмі… Хаця, ці паверыць пан, быў момант, калі я збіраўся паводле парады шаноўнай старшынёвай патурбаваць пана ў Парыжы…

– Ахвотна дапамог бы… А што ж было патрэбна?

– Хацеў мець тамтэйшы брыльянтавы гарнітур, – адказаў барон. – Але ў Вене трапіліся мне цудоўныя сапфіры… Яны ў мяне якраз з сабою і, калі пан дазволіць… Пан знаўца каштоўнасцяў?..

“Для каго гэтыя сапфіры?” – думаў Вакульскі.

Ён хацеў быў сесці зручней, але адчуў, што не можа ні паварушыць рукою, ані выпрастаць ногі.

Барон тым часам дастаў з розных кішэняў чатыры саф’янавыя скрыначкі, паставіў іх на лаўцы і па чарзе пачаў адчыняць.

– Вось бранзалетка, – казаў ён. – Сціплая, праўда? Адзін камень… Брошка і завушніцы ўжо больш аздобленыя, я нават загадаў змяніць аправу… А гэта калье… Проста, але з густам і, можа, таму прыгожа… І агонь ёсць, праўда?

Кажучы гэта, ён круціў сапфіры ў мігатлівым бляску свечкі перад вачыма Вакульскага.

– Не падабаюцца пану? – раптам запытаўся барон, бо заўважыў, што яго таварыш не кажа ні слова.

– Вядома, вельмі прыгожыя. Каму ж барон вязе гэты падарунак?

– Маёй нарачонай, – адказаў барон здзіўлена. – Я думаў, што старшынёва казала пану пра нашу сямейную радасць…

– Не.

– А сёння якраз пяць тыдняў, як я прасіў рукі і атрымаў згоду.

– Да каго пан пасватаўся?.. Да старшынёвай?.. – не сваім голасам спытаў Вакульскі.

– Але ж не!.. – закрычаў барон і аж адхіснуўся. – Я прасіў рукі панны Эвеліны Яноцкай, унучкі старшынёвай… Не памятае яе пан? Яна была ў графіні сёлета на свянцоным, не заўважыў яе пан?..

Не менш за хвіліну мінула, пакуль Вакульскі сцяміў, што панна Эвеліна Яноцкая – гэта не панна Ізабэла Ленцкая, што барон не бярэ замуж панну Ізабэлу і не ёй вязе сапфіры.

– Перапрашаю пана, – звярнуўся ён да занепакоенага барона, – але я гэткі знерваваны, што сам не разумею, што кажу…

Барон ускочыў з лаўкі і хутка пачаў хаваць свае скрыначкі.

– Якая няўважлівасць з майго боку! – захваляваўся ён. – Я прыкмячаў у вачах пана стомленасць і, нягледзячы на гэта, насмеліўся перабіць пану сон…

– Не, пане, спаць я не збіраюся, і мне прыемна будзе рэшту дарогі прабавіць ў таварыстве пана. Гэта хвілінная слабасць, якая ўжо мінула.

Барон спачатку цырымоніўся і хацеў ісці, але, убачыўшы, што Вакульскі сапраўды павесялеў, дык сеў з абяцаннем, што ўсяго на пару хвілін. Ён адчуваў патрэбу пагаварыць з некім пра сваё шчасце.

– Якая кабета! – казаў барон і не мог стрымаць ажыўленай жэстыкуляцыі. – Калі, пане, я пазнаёміўся з ёю, яна здалася мне халоднай, як статуя, і думаў, што яна цікавіцца аднымі ўборамі. А зараз я бачу, якія там скарбы пачуццяў… Прыбірацца яна любіць, як кожная кабета, але які розум!.. Нікому б гэтага не сказаў, што зараз скажу пану, пане Вакульскі. Я змоладу пачаў сівець, і не без таго, каб час ад часу не напамадзіў вусы фіксатуратам. Ну і хто б, пане, падумаў? Варта ёй было заўважыць гэта, як яна раз і назаўжды забараніла мне фарбавацца. Сказала, што ёй надта падабаюцца сівыя валасы, што для яе сапраўды прыгожым можа быць толькі сівы мужчына. “А пра тых, якія толькі пачалі сівець, што пані думае?” – запытаўся я. “Што яны ўсяго толькі цікавыя,” – адказала яна. І як яна гэта гаворыць!.. Я не знудзіў пана, пане Вакульскі?

– Але ж, пане, мне вельмі прыемна спаткаць шчаслівага чалавека.

– Сапраўды, я шчаслівы. Гэта для мяне самога нечаканасць, – працягваў барон. – Я даўно думаў ажаніцца, і ўжо некалькі гадоў раяць мне гэта дактары. Ну і строіў планы, што вазьму, пане, прыгожую кабету, добра выхаваную, з добрага заможнага роду, не вымагаючы ад яе ніякага рамантычнага кахання. І вось маеш: каханне само становіцца на дарозе і адным позіркам раздзімае пажар у сэрцы… Сапраўды, пане Вакульскі, я закаханы… Не! Я шалею… Нікому б гэтага не сказаў, але пану, да якога з першае хвіліны я адчуў ледзь не братэрскую сімпатыю… Я ашалеў!.. Думаю толькі пра яе, яна мне сніцца, калі сплю, а калі яе не бачу, пане, я раблюся хворы, фармальна хворы. Няма апетыту, думкі смутныя, трывожна неяк…

Таго, што я пану зараз скажу, пане Вакульскі, прашу не паўтараць нават самому сабе. Хацеў я яе выпрабаваць. Гэта нізасць, праўда, пане? Але што зробіш, чалавеку цяжка паверыць у шчасце. Дык я хацеў яе выпрабаваць (але нікому ані слоўца пра гэта, пане!), загадаў я напісаць праект інтэрцызы, паводле якое, каб шлюб не адбыўся з віны некага з нас (разумее пан?), я заплачу панне пяцьдзясят тысяч рублёў за расчараванне. Сэрца ў мяне ледзянела ад страху… а раптам яна пакіне мяне?.. Але што пан на гэта скажа? Калі ёй старшынёва сказала пра гэты план, дык панна – у плач: “Што ж, – кажа, – ён думае, што я адмоўлюся ад яго з-за нейкіх пяцідзесяці тысяч рублёў? Калі ён падазрае мяне ў карыслівасці і не прызнае ніякіх больш высокіх матываў у сэрцы кабеты, дык мусіць жа разумець, што за пяцьдзясят тысяч не аддам мільёну…”

Калі старшынёва мне гэта пераказала, я пабег у пакой да панны Эвеліны і без слоў упаў ёй у ногі… Цяпер у Варшаве я напісаў тастамент, а ў ім назваў яе адзінаю і выключнаю спадчынніцаю, нават каб памёр перад шлюбам. Уся мая сям’я за ўсё жыццё не дала мне столькі шчасця, колькі дало гэта дзіця цягам некалькіх тыдняў. А што будзе пазней!.. Што будзе пазней, пане Вакульскі?.. Нікому не задаў я бы падобнага пытання, – скончыў барон, торгаючы яго за руку. – Ну, дабранач…

“Цікавая гісторыя! – прамармытаў Вакульскі пасля таго, як барон пайшоў. – Гэты стары сапраўды па вушы ўхлюндрыўся…”

І барон не знікаў з вачэй, як цень, які паўставаў на малінавым фоне сядзення. Дык нічога не заставалася, як разглядаць яго худы твар, што гарэў цаглянай чырванню, валасы, нібы прысыпаныя мукою, вочы, вялікія, але запалыя, у якіх тлеў нездаровы бляск. Камічнае і сумнае ўражанне рабілі выбухі жарсці ў чалавека, які няспынна хутаў шыю, правяраў, ці добра зачынена акно, і перасаджваўся з месца на месца, хаваючыся ад скразняку.

“Распусціў пер’е! – думаў Вакульскі. – Ці магчыма, каб маладая панна здольная была закахацца ў гэткую мумію? Ён гадоў на дзесяць, не меней, старэйшы за мяне, а гэткі недарэчны, гэткі наіўны!..

Добра, але раптам тая панна сапраўды яго кахае?.. Бо цяжка дапусціць, каб яна яго ашуквала. Наогул, кабеты больш высакародныя за мужчын, яны не толькі робяць менш злачынстваў, але і ахвяруюць сабою значна часцей за нас. Дык, калі цяжка знайсці гэткага подлага мужчыну, які б з ранку да вечара маніў з-за грошай, дык ці можна падазраваць у нечым падобным кабету, маладую панну, выхаваную ў прыстойнай сям’і?

Вядома, нешта стрэліла ёй у галаву, і яна, мусіць, гэткая ж ачмурэлая, калі не ад ягонай знешнасці, дык ад становішча. Іначай бы яе выкрылі, што яна грае камедыю, і барон мусіў бы заўважыць, бо каханне бачыць усё праз мікраскоп.

А калі маладая дзяўчына можа пакахаць гэткага дзеда, дык чаму мяне не можа пакахаць тая?..”

– Вечна вяртаюся да таго ж самага! – ціха прамовіў ён. – Гэта думка ператварылася ўжо ў нейкую манію…

Ён адчыніў акно, зачыненае баронам, і, каб адагнаць надакучлівыя думкі, пачаў зноў разглядаць неба. Квадрат Пегаса апускаўся ўжо на захад, а на ўсходзе падымаўся Бык, Арыён, Малы Сабака і Блізняты. Ён глядзеў на буйныя зоркі, густа рассыпаныя ў гэтай частцы неба, і прыгадалася яму тая дзіўная, нябачная сіла прыцягнення, якая далёкія сусветы звязвае ў адно цэлае мацней, чым гэта маглі б зрабіць нейкія матэрыяльныя ланцугі.

“Прыцягненне, прывязанасць, гэта ж, у прынцыпе, тое самае. Сіла гэткая моцная, што захоплівае ўсё, і гэткая плодная, што пырскае жыццём. Каб пазбавілі мы зямлю прывязанасці да сонца, каб адляцела яна некуды ў прастору, за некалькі гадоў сталася б яна глыбаю лёду. Уцягні мы нейкую беспрытульную зорку ў сферу сонечнае сістэмы, і хто ведае, ці не абудзіцца і на ёй жыццё. Дык чаму ж барону не падпарадкоўвацца закону прывязанасці, які ўласцівы ўсёй прыродзе? І хіба паміж ім і ягонай паннай Эвелінай большая прорва, чым паміж зямлёю і сонцам? Чаго дзівіцца шаленству людзей, калі гэткім чынам шалее сусвет…”

Тым часам цягнік паволі рухаўся і падоўгу затрымліваўся на станцыях. Пахаладала, на ўсходзе пабляклі зоркі. Вакульскі зачыніў акно і лёг на канапу, якая пагойдвалася.

“Калі маладая кабета магла закахацца ў барона, – думаў ён, – дык чаму ж бы я… Бо яна ж яго не ашуквае… Кабеты, наогул, больш высакародныя за нас… менш падманваюць…”

– Калі ласка, пане, тут панове выходзяць… Пан барон ужо п’е гарбату.

Вакульскі прахапіўся. Над ім стаяў кандуктар і будзіў яго самым далікатным манерам.

– Што гэта, ужо дзень? – запытаўся ён здзіўлена.

– О, ужо дзявятая. І ўжо з гадзіну мы стаім на станцыі. Я не будзіў пана, бо пан барон не дазволіў. Але цягнік зараз рушыць далей…

Вакульскі хутка выйшаў. Станцыя была новая, яшчэ не зусім дабудаваная. Нягледзячы на гэта, яму далі вады памыцца і пачысцілі вопратку. Ён канчаткова прачнуўся і зайшоў у маленькі буфет, дзе барон з радасным выглядам піў ужо трэцюю шклянку гарбаты.

– Дзень добры! – выгукнуў барон, паціскаючы Вакульскаму руку зусім па-прыяцельску. – Пане гаспадар, гарбату для пана… Добрае надвор’е, праўда? Якраз праехацца на конях. А тут жартачкі!

– Што здарылася?

– Мусім чакаць коней, – пачаў тлумачыць барон. – Добра, што а другой ночы я паслаў дэпешу пра прыезд пана. Раней я пасылаў дэпешу з Варшавы, але начальнік кажа, што ён памыліўся і замовіў коней на заўтра. На шчасце, я тэлеграфаваў яшчэ і сёння з дарогі. А трэцяй паслалі адсюль эстафету, а шостай старшынёва атрымала тэлеграму, а восьмай, самае позняе, выслалі коней. Пачакаем яшчэ з гадзінку, пан можа агледзець наваколле. Вельмі прыгожая, пане, мясцовасць.

Пасля снядання яны выйшлі на перон. Наваколле адсюль выглядала плоскім і амаль бязлесым. Там-сям відаць былі купы дрэваў, а сярод іх – мураваныя будынкі.

– Гэта двары? – запытаўся Вакульскі.

– Так… Шмат шляхты жыве ў гэтым баку. Зямля выдатная. Расце лубін, канюшына.

– Не бачу вёскі, – заўважыў Вакульскі.

– Бо гэта дваровая зямля, а пан ведае прыслоўе: на дваровым полі шмат стагоў, а на сялянскім – шмат людзей.

– Я чуў, – раптам сказаў Вакульскі, – што ў старшынёвай збіраецца многа гасцей.

– Ах, пане! – выгукнуў барон. – Калі ўдалая нядзеля, дык нібы на балі ў Рэсурсе. З’язджаецца некалькі дзясяткаў чалавек. І сёння павінны мы заспець кампанію сталых гасцей. Ну, перадусім бавіцца там мая нарачоная. Далей – пані Вансоўская, прыгожанькая ўдоўка гадоў трыццаці, вельмі заможная. Здаецца мне, што круціцца вакол яе Старскі. Ведае пан Старскага?.. Непрыемная фігура, нахабнік… Мне дзіўна, як кабеце з гэткім розумам і густам, як пані Вансоўская, можа падабацца таварыства падобнай легкадумнай асобы.

– Хто ж яшчэ? – запытаўся Вакульскі.

– Яшчэ Фэля Яноцкая, стрыечная сястра маёй пані, вельмі мілае дзіця, мае гадоў васямнаццаць. Ну, яшчэ Ахоцкі…

– Ахоцкі там?.. Што ж ён робіць?

– Калі я ад’язджаў, дык ён цэлымі днямі вудзіў рыбу. Але густ у яго пераменлівы, дык я не ўпэўнены, ці не ўбачу цяпер яго ў якасці паляўнічага… Але які гэта шляхетны малады чалавек, які адукаваны!.. Ну і заслугі ўжо мае, зрабіў некалькі вынаходніцтваў.

– Так, гэта незвычайны чалавек, – згадзіўся Вакульскі. – Хто ж яшчэ бавіцца ў старшынёвай?..

– З пастаянных гасцей – гэта ўсе, але вельмі часта прыязджае на колькі дзён, а то і на тыдзень, пан Ленцкі з дачкою. У яе надзвычай далікатная натура, – працягваў барон. – Мае шмат рэдкіх якасцяў. Пан ведае? Шчаслівы той, каму яна аддасць руку і сэрца! Якая, пане, прыгажосць, які розум! Насамрэч, вартая пашаны, як сапраўдная багіня… Не знаходзіць пан?

Вакульскі разглядаў наваколле і не здольны быў нічога адказаць. На шчасце, у гэты момант выбег са станцыі слуга і паведаміў барону, што прыехала каляска.

– Цудоўна! – выгукнуў барон і даў яму некалькі злотых. – Занясі, каханы, нашы рэчы. Едзем, пане… Праз дзве гадзіны пабачыць пан маю нарачоную…

XXV. ВЯСКОВЫЯ ЗАБАВЫ

З чвэрць гадзіны спатрэбілася, каб скласці рэчы ў каляску. Вакульскі з баронам, нарэшце, селі, фурман у пясочнага колеру ліўрэі стрэліў бізуном у паветры, і пара сытых шэрых коней рушыла размеранай рыссю.

– О, рэкамендую пану пані Вансоўскую, – казаў барон. – Брыльянт, а не кабета, і якая арыгінальная!.. І не думае другі раз выходзіць замуж, хоць і падабаецца ёй, каб вакол яе было шмат кавалераў. Цяжка, пане, не захапляцца ёю, а захапленне – справа небяспечная. Вось і расквітваецца са Старскім за яго баламуцтва. Пан ведае Старскага?

– Бачыў яго раз…

– Свецкі чалавек, але непрыемны, – казаў барон, – антыпатыя маёй нарачонай. Ён гэтак дзейнічае ёй на нервы, што ў бядачкі псуецца настрой у ягоным таварыстве. Нічога дзіўнага, бо гэта абсалютна супрацьлеглыя натуры: яна сур’ёзная, а ён легкадумны, яна пачцівая, нават сентыментальная, а ён цынік.

Вакульскі, слухаючы гаворку барона, разглядаў наваколле, якое паволі змянялася. Праз паўгадзіны дарогі ад станцыі на даляглядзе паказаліся лясы, бліжэй – узгоркі, дарога вілася паміж імі, узбягала на вяршыні або спадала ў дол.

На адным з гэткіх узвышшаў фурман павярнуўся, паказаў бізуном наперад і сказаў:

– О, панства едзе брычкаю…

– Дзе? Хто? – загукаў барон ледзь не на козлы ўзбіваючыся. – А так! Гэта яны… Жоўтая брычка і гняды чацвярык… Цікава, хто там едзе? Няхай бы пан зірнуў…

– Здаецца, бачу нешта пунсовае, – адказаў Вакульскі.

– А, гэта пані Вансоўская. Цікава, ці там мая нарачоная?.. – дадаў барон цішэй.

– Там некалькі пань, – сказаў Вакульскі, думаючы ў гэты момант пра панну Ізабэлу.

“Калі яна едзе з імі, гэта добры знак,” – падумаў ён.

Экіпажы хутка збліжаліся. З брычкі чулася шчоўканне бізуна, воклічы, там махалі хусткамі, а з каляскі ўсё мацней высоўваўся барон і ажно дрыжаў ад узрушанасці.

Каляска спынілася, але брычка з разгону праляцела далей, як бура рогату і воклічаў, ды затрымалася праз некалькі крокаў.

Відавочна, там пра нешта шумна радзіліся і нешта прыдумлялі. Кампанія вылезла, а брычка праехала крыху далей.

– Добры дзень, пане Вакульскі! – закрычаў нехта з козлаў, махаючы доўгім бізуном.

Вакульскі пазнаў Ахоцкага.

Барон подбегам кінуўся да кампаніі. Насустрач яму выйшла дама ў белай накідцы з белам карункавым парасонам і павольна накіравалася да яго, выставіўшы наперад руку, з якой ападаў шырокі рукаў. Барон здалёк зняў капялюш і, калі падышоў да нарачонае, амаль схаваўся тварам у яе рукаў. Пасля выбуху чуласці – якім кароткім ён быў для яго, такім доўгім здаўся для іншых – барон раптам апрытомнеў і прамовіў:

– Дазволь, пані, я прадстаўлю пана Вакульскага, майго найлепшага прыяцеля… Ён нейкі час пабудзе тут, дык я адразу ж абавязваю яго ў маю адсутнасць займаць маё месца пры пані…

Ён зноў некалькі раз пацалаваў руку ў глыбіні рукава, адкуль і да Вакульскага працягнулася прыгожанькая ручка. Вакульскі паціснуў яе і адчуў стрыманы адказ. Ён зірнуў на даму ў белай накідцы і ўбачыў бяскроўны твар з вялікімі вачыма, у якіх заўважны быў сум і страх.

“Цікавая нарачоная!” – падумаў ён.

– Пан Вакульскі!.. – прадставіў яго барон двум паням і мужчыне, якія набліжаліся да іх. – Пан Старскі, – дадаў ён.

– Ужо меў прыемнасць… – азваўся Старскі, прыпадымаючы капялюш.

– І я, – адказаў Вакульскі.

– Як жа мы цяпер пасядзем? – запытаўся барон, бо пад’язджала брычка.

– Паехалі ўсе разам, – закрычала маладая бландзінка, якая была, як здагадаўся Вакульскі, паннаю Феліцыяй Яноцкаю.

– Бо ў нашай калясцы ўсяго два месцы… – соладка заўважыў барон.

– Я разумею, але нічога не атрымаецца, – азвалася прыгожым кантральта дама ў пунсовай сукенцы. – Нарачоныя паедуць з намі, а ў каляску няхай сядаюць, калі хочуць, пан Ахоцкі з панам Старскім.

– Чаму я? – закрычаў з козлаў Ахоцкі.

– Або я? – дадаў Старскі.

– Бо пан Ахоцкі кепскі фурман, а пан Старскі нязносны, – адказала рашучая ўдоўка.

Вакульскі заўважыў, што гэтая дама мае пышныя каштанавыя валасы і чорныя вочы, а твар яе вясёлы і энергічны.

– Ужо пані дае мне адстаўку! – камічна ўздыхнуў Старскі.

– Пан ведае, што я заўсёды даю адстаўку кавалерам, якія мяне нудзяць. Ну, але сядайма, панства. Нарачоныя наперад. Фэля – побач з Эвелінкаю.

– О, не, – запратэставала бландзінка. – Я сяду апошняя, бо бабуля не дазваляе мне сядаць разам з нарачонымі.

Барон хутчэй галантна, чым спраўна, падсадзіў нарачоную і сам сеў насупраць яе. Потым удоўка заняла месца побач з баронам, Старскі – побач з нарачонаю, а панна Феліцыя – побач са Старскім.

– Просім, – паклікала ўдоўка Вакульскага, падбіраючы фалды свае пунсовае сукенкі, якая заняла палову лаўкі.

Вакульскі сеў насупраць панны Феліцыі і заўважыў, што дзяўчо пазірае на яго з захапленнем і чырванее.

– Ці не маглі б мы прасіць пана Ахоцкага, каб ён лейцы аддаў фурману? – запыталася ўдоўка.

– Мая пані! Чаму ж пані вечна ганьбіць мяне! – абурыўся Ахоцкі. – Менавіта я буду правіць.

– Дык даю слова гонару, што адлупцую пана, калі пан нас выверне.

– Гэта мы яшчэ пабачым, – адказаў Ахоцкі.

– Чулі, панства, гэты чалавек мне пагражае! – закрычала ўдоўка. – Ці няма тут каго, хто б за мяне заступіўся?

– Я за пані адпомшчу, – паабяцаў Старскі на досыць паганай пальшчызне. – Перасядзем удваіх у каляску.

Прыгожая ўдоўка паціснула плячыма, барон зноў цалаваў ручкі сваёй нарачонай, якая ціха размаўляла з ім і ўсміхалася, але выраз смутку і страху не пакідаў яе твару.

У той час, калі Старскі перакідваўся жартамі з удоўкаю, а панна Феліцыя чырванела, Вакульскі разглядаў нарачоную. Яна заўважыла гэта, адказала яму ганарлівым позіркам і раптам ад бязмежнага смутку перайшла да дзіцячае весялосці. Сама паднесла барону руку для новага пацалунку і нават выпадкова кранула яго ножкаю. Яе закаханы быў гэткі ўзрушаны, што аж збялеў, а вусны яго пасінелі.

– Але ж пан нават уяўлення не мае, як трэба правіць! – крыкнула ўдава, якая працягнула раптам свой парасон, каб выцяць ім Ахоцкага.

У гэты момант Вакульскі выскачыў. Коні лейцавыя з’ехалі на сярэдзіну дарогі, дышлавыя пайшлі за імі, і брычка моцна нахілілася налева. Вакульскі падпёр яе, і коні, ужо схопленыя фурманам, спыніліся.

– Я ж казала, што гэтая пачвара нас выверне! – закрычала ўдава. – Што гэта такое, пане Старскі?!

Вакульскі азірнуўся на брычку, і на момант перад ім паўстала такая карціна: панна Феліцыя клалася ад рогату, Старскі ўпаў тварам на калені прыгожае ўдоўкі, барон трос за карак фурмана, а яго нарачоная, збялелая ад страху, адною рукою ўхапілася за козлы, а другою – упілася ў плячо Старскаму.

У імгненне вока брычка выраўнялася, і ўсё прыйшло ў норму. Толькі панна Феліцыя не магла супакоіцца ад рогату.

– Я не разумею, Фэля, як можна смяяцца ў гэткую хвіліну, – азвалася нарачоная.

– Чаму ж мне не смяяцца?.. Што кепскага магло зрабіцца?.. З намі ж едзе пан Вакульскі… – казала паненка.

Але яна схамянулася і пачырванела яшчэ больш. Спачатку яна схавала твар у далоні, а потым кінула на Вакульскага позірк, які мусіў азначаць, што яна моцна абражаная.

– Што да мяне, дык я гатовы замовіць некалькі падобных выпадкаў, – азваўся Старскі, выразна пазіраючы на ўдоўку.

– З умоваю, што мне не будуць пагражаць доказы панскае чуласці. Фэля, перасядзь на маё месца, – прамовіла ўдава і паморшчылася, усаджваючыся насупраць Вакульскага.

– Але ж пані сама сёння сказала, што ўдовам усё можна.

– Але ўдовы не ўсё дазваляюць. Не, пане Старскі, пан мусіць адвыкнуць ад сваіх японскіх звычак.

– Гэткія норавы па ўсім свеце, – адказаў Старскі.

– У кожным разе, не ў той палове свету, дзе мне ўсё звыкла, – з грымасаю адрэзала ўдоўка, пазіраючы на дарогу.

У брычцы стала ціха. Задаволены барон варушыў сваімі сіваватымі вусікамі, а яго нарачоная яшчэ больш пасмутнела. Панна Феліцыя, якая заняла месца побач з Вакульскім, амаль адвярнулася ад свайго суседа, час ад часу кідаючы на яго праз плячо фанабэрыстыя і пакрыўджаныя позіркі. Але за што? Гэта яму было невядома.

– Пан добра ездзіць конна? – спытала ў Вакульскага пані Вансоўская.

– Чаму пані так вырашыла?

– Ах, Божа, адразу “чаму”? Спачатку няхай пан адкажа на маё пытанне.

– Не асабліва добра, але езджу.

– Пан якраз мусіць добра ездзіць, бо адразу здагадаўся, куды завернуць коні ў руках гэткага майстра, як пан Юльян. Будзем ездзіць разам… Пане Ахоцкі, з сённяшняга дня я даю пану адпачынак ад прагулак.

– Я гэтым вельмі ўсцешаны, – адказаў Ахоцкі.

– Які прыгожы адказ дамам! – закрычала панна Феліцыя.

– Лепш я адкажу, чым буду адбываць з імі прагулкі. Калі мы апошні раз ездзілі з пані Вансоўскай, за дзве гадзіны я шэсць разоў злазіў з каня, а спакою не меў і пяці хвілін. Няхай зараз пан Вакульскі паспрабуе.

– Фэля, скажы гэтаму чалавеку, што я з ім не размаўляю, – азвалася ўдоўка, паказваючы на Ахоцкага.

– Чалавек, чалавек!.. – загукала Феліцыя. – Гэтая пані з вамі не размаўляе… Гэтая пані кажа, што пан няветлівы.

– А што, ужо засумавала пані па людзях з добрымі манерамі, – азваўся Старскі. – Няхай пані паспрабуе, можа, я і згаджуся прабачыць.

– Даўно пан прыехаў з Парыжа? – запыталася ўдоўка ў Вакульскага.

– Заўтра будзе тыдзень.

– А я ўжо не бачыла яго чатыры месяцы. Любімы горад.

– Заславак!.. – гукнуў Ахоцкі і махнуў бізуном, каб гучна стрэліць, аднак яму гэта не ўдалося, бо не надта ўдала пушчаны назад бізун зачапіўся за парасоны дам і капелюшы паноў.

– Не, панства, – закрычала ўдоўка, – калі хочаце, каб я ездзіла з вамі, дык звяжыце гэтага чалавека. Ён проста небяспечны.

На брычцы зноў стала шумна, бо Ахоцкі меў абаронцу ў асобе панны Феліцыі, якая сцвярджала, што як на пачаткоўца, ён добра правіць, што ў самых спраўных фурманаў здараюцца хібы.

– Мая Фельця, – адказала ўдоўка, – ты ў тым узросце, што ў цябе фурман добры, абы меў прыгожыя вочы.

– Сёння, нарэшце, у мяне будзе апетыт… – казаў барон сваёй нарачонай, але заўважыў, што гаворыць гучна, дык пачаў зноў шаптацца з ёю.

Яны ўжо знаходзіліся на тэрыторыі, якая належала старшынёвай, і Вакульскі разглядаў паселішча. На досыць высокім, хоць і пакатым узгорку стаяў двухпавярховы палац, які меў два, таксама двухпавярховыя, крылы. За ім зелянелі старыя дрэвы парку, перад ім рассцілалася нібы лугавіна з пратаптанымі сцежкамі, сям-там аздобленая клумбаю, статуяй або альтанкай. Пад узгоркам блішчала шырокае люстэрка вады, відавочна, сажалкі, на якой гайдаліся лодкі і лебедзі.

Светла-жоўты палац з белымі калонамі на тле зеляніны выглядаў прыгожа і весела. Справа і злева ад яго відаць былі мураваныя гаспадарскія пабудовы.

Пад стрэлы бізуна, якія гэтым разам удаліся Ахоцкаму, брычка па мармуровым мосце пад’ехала да палаца, толькі адным колам зачапіўшы траўнік. Падарожныя вылезлі. Ахоцкі, аднак, не аддаў лейцы, а яшчэ павёў экіпаж у стайню.

– Каб пан не забыўся, што а першай сняданне! – крыкнула яму ўслед панна Феліцыя.

Да барона падышоў стары слуга ў чорным сурдуце.

– Ясна пані зараз у спіжарні, – сказаў ён. – Можа, панове будуць мець ласку – да сябе.

І ён правёў іх да правае афіцыны, дзе паказаў Вакульскаму вялікі пакой, адчыненыя вокны якога выходзілі ў парк. Праз момант убег хлопец у ліўрэйнай куртцы, прынёс вады і пачаў распакоўваць валізкі.

Вакульскі вызірнуў у акно. Перад ім быў траўнік, аздоблены групкамі старых ядлоўцаў і ліп, за якімі віднеліся далёкія лясістыя пагоркі. Пад акном рос куст бэзу, а ў ім было гняздо, у якое заляталі вараб’і. Цёплы вераснёўскі вецер трапляў у пакой і прыносіў з сабою няўлоўны водар.

Госць глядзеў на аблокі, якія нібы чапляліся за верхавіны дрэваў, на струмені святла, якое прабіваліся скрозь цёмныя ядлоўцы, і было яму добра. Ён не думаў пра панну Ізабэлу. Яе вобраз, які спапяляў яму душу, развеяўся на тле простых чараў прыроды, боль сэрца суняўся і першы раз з даўняга часу пасяліўся там спакой ды цішыня.

Аднак ён прыгадаў, што ў адведзінах, дык хутка пачаў апранацца, і ледзьве паспеў скончыць, як далікатна пастукаліся ў дзверы. Увайшоў стары слуга.

– Ясная пані просіць да стала.

Вакульскі пайшоў за ім… Мінуў калідор і праз момант апынуўся ў вялікім сталовым пакоі, сцены якога да паловы былі абабітыя панэлямі з цёмнага дрэва. Панна Феліцыя размаўляла каля акна з Ахоцкім, а пры стале паміж пані Вансоўскаю і баронам у фатэлі з высокаю спінкаю сядзела старшынёва.

Убачыўшы свайго госця, яна паднялася і зрабіла некалькі крокаў да яго.

– Вітаю цябе, пане Станіславе, – сказала яна, – і дзякую, што ты прыслухаўся да мае просьбы.

А калі Вакульскі нахіліўся да яе рукі, яна пацалавала яго ў лоб, што зрабіла ўражанне на прысутных.

– Сядай жа вось тут, каля Казі. А ты, прашу цябе, не забывайся на яго.

– Пан Вакульскі заслужыў, – адказала ўдоўка. – Каб не яго пільнасць, пан Ахоцкі пераламаў бы нам косці.

– Што, зноў?..

– Ён не ўмее правіць нават параю коней, а рвецца – чацверыком. Па мне, дык лепш бы ён цэлымі днямі рыбу вудзіў.

– Божа, якое шчасце, што я не збіраюся ажаніцца з гэтаю кабеткаю, – уздыхнуў Ахоцкі, сардэчна вітаючы Вакульскага.

– О, пане, пане!.. Як ужо прапаноўвацца ў якасці мужа, дык заставайся лепш фурманам, – закрычала Вансоўская.

– Гэтыя вечна сварацца! – са смехам прамовіла старшынёва.

Увайшла панна Эвеліна Яноцкая, а праз пару хвілін пасля яе – з другіх дзвярэй – Старскі.

Яны павіталіся са старшынёвай, якая адказала ім зычліва, але паважна.

Падалі сняданне.

– У нас, пане Станіславе, – казала старшынёва, – гэтакі звычай, што збіраемся мы ўсе разам толькі да стала. А так кожны робіць, што хоча. Раю табе, калі баішся засумаваць, трымацца Казі Вансоўскае.

– Я адразу бяру ў няволю пана Вакульскага, – адказала ўдоўка.

– Вох, – уздыхнула старшынёва і кінула позірк на госця.

Панна Феліцыя пачырванела, невядома ўжо які раз за сёння, і загадала Ахоцкаму, каб той наліў ёй віна.

– Не, не… прашу вады, – паправілася яна.

Ахоцкі выканаў яе просьбу, ківаючы галавою і разводзячы рукі.

Пасля снядання, цягам якога панна Эвеліна размаўляла толькі з баронам, а Старскі заляцаўся да чарнавокае ўдавы, госці развіталіся з гаспадыняю і разышліся. Ахоцкі пайшоў на гарышча палаца, дзе ў адмысловым пакойчыку наладзіў метэаралагічную абсерваторыю. Барон з нарачонаю выбраліся ў парк, а старшынёва затрымала Вакульскага.

– Скажы мне, – спытала яна, – бо першае ўражанне бывае самае дакладнае, як табе падабаецца пані Вансоўская?

– Выглядае на разумную і вясёлую кабетку.

– Маеш рацыю. А барон?

– Я мала яго ведаю. Ён стары чалавек.

– О, стары, вельмі стары, – уздыхнула старшынёва, – але хочацца яму ажаніцца. А што скажаш пра яго нарачоную?

– Я зусім яе не ведаю, хоць мне і дзіўна, што яна ўпадабала барона, які, зрэшты, можа быць вельмі вартым чалавекам.

– Так, гэта дзіўная дзяўчына, – казала старшынёва. – І скажу табе, што я пачынаю губляць прыхільнасць да яе. У яе замужжа я не ўмешваюся, паколькі усе панны ёй зайздросцяць, а вакол сцвярджаюць, што яна робіць цудоўную партыю. Але тое, што яна мела атрымаць пасля мае смерці, пяройдзе да іншых. Таму, хто мае сотні тысяч барона, не трэба маіх дваццаці тысяч.

У голасе старой чулася раздражненне.

Неўзабаве яна развіталася з Вакульскім і параіла яму прайсціся па парку.

Вакульскі выйшаў на дзядзінец і каля левае афіцыны, дзе была кухня, збочыў у парк.

Пазней яму вельмі часта прыгадваліся два першыя ўражанні, якія спаткалі яго ў Заслаўку.

Перадусім непадалёк ад кухні ён убачыў будку і сабаку на ланцугу перад ёю, які заўважыў чужога і пачаў гэтак брахаць, выць і кідацца, нібы ён быў шалёны. Але было відаць, што ў сабакі вясёлыя вочы, і ён матляе хвастом. Вакульскі пагладзіў яго, і жахлівага звера гэта так улагодзіла, што ён не пускаў госця адысці ад сябе. Ён гыркаў, хапаў за вопратку, клаўся на зямлю, нібы дамагаючыся пяшчоты, а прынамсі, хоць бачыць чалавечы твар.

“Дзіўны сабака на ланцугу,” – падумаў Вакульскі.

У гэты момант з кухні выйшла новае дзіва – стары тоўсты парабак. Вакульскі, які ніколі раней не бачыў тоўстага селяніна, пачаў з ім размову.

– Навошта вы трымаеце гэтага сабаку на ланцугу?

– Каб ён быў злы і не пускаў у дом злодзеяў, – з усмешкаю адказаў парабак.

– Дык чаму адразу не ўзяць злога шчанюка?

– Калі ж гаспадыня не хоча трымаць злога сабаку. У нас нават сабака мусіць быць ласкавы.

– А вы, ойча, што тут робіце?

– Я – пчаляр, а спачатку быў ратаем. Але як вол зламаў мне рабрыну, дык ясная пані загадала да пчальніка.

– І добра вам?

– Спачатку то нудна мне было без работы, але пазней прывык і ўсё.

Развітаўшыся з селянінам, Вакульскі павярнуў у парк і доўга праходжваўся па ліпавай алеі, не думаючы ні пра што. Яму здавалася, што ён прыехаў сюды прасякнуты, нават атручаны мітуснёю Парыжа, шумам Варшавы, грукатам чыгунак, і што ўсе гэтыя клопаты, усе болесці, якія ён перажыў, у гэты момант выветрываюцца. Каб у яго запыталіся, што такое вёска, ён адказаў бы, што гэта – цішыня.

Потым ён пачуў хуткія крокі за сабою. Даганяў яго Ахоцкі, які нёс на плячы дзве вуды.

– Не было тут панны Феліцыі? – спытаў ён. – Яна мусіла прыйсці а палове на трэцюю ды ісці са мною на рыбу… Але гэткая бабская пунктуальнасць. Можа, пан пойдзе з намі? Хіба, не мае пан ахвоты. Дык, можа, пан хоча пагуляць са Старскім у пікету?.. Той заўсёды гатовы, калі знойдзе кампанію ў прэферанс.

– Што тут робіць гэты пан Старскі?

– Як што? Жыве ў сваёй стрыечнае бабкі, а разам і сваёй хроснай, старшынёвай Заслаўскае. І цяпер баіцца, што не атрымае, відаць, ад яе вялікую спадчыну. Добрая капейчына, больш за трыста тысяч рублёў!.. Але старшынёва лічыць за лепшае дапамагчы сіротам, чым казіно ў Манака. Бедны хлапчына!

– Якая ж у яго бяда?

– Але!.. З бабкаю не атрымалася, з Казяю сарвалася і хоць у лоб сабе страляй. Ведай жа, пане, – працягваў Ахоцкі, майструючы нешта на сваіх вудах, – некалі прысутная тут пані Вансоўская, яшчэ як панна, мела слабасць да Старскага. Казік і Казя – дабраная пара, га?.. Нават, здаецца, пад уплывам гэтае ідэі пані Казя і прыехала да нас тры тыдні таму (а мае таксама капейчыну па нябожчыку мужу, бадай ці не столькі ж, колькі і старшынёва!). Яны нават некалькі дзён былі ў згодзе між сабою, і нават Казік у лік пасагу падпісаў новы вэксаль у арандатара, але ў іх… нешта не зладзілася… Пані Вансоўская кпіць з Казіка, а ён толькі добрую міну робіць. Словам, абы-што! Давядзецца адмовіцца ад падарожжаў і асесці на пясчаным фальварку, пакуль не памрэ дзядзька, даўно ўжо, праўда, хворы на камень.

– Але чым да гэтае пары займаўся пан Старскі?

– Ну, перадусім рабіў даўгі. Трохі гуляў у карты, трохі падарожнічаў (здаецца мне, што пераважна па парыжскіх і лонданскіх шынках, бо ў той ягоны Кітай нешта мне не верыцца), але найбольш шчыраваў сярод маладзіц. Баламут, якіх пашукаць. І ўжо за ім усталявалася такая рэпутацыя, што маладзіцы зусім яму не супраціўляюцца, а панны вераць, што тая, да якой пачне заляцацца Старскі, адразу знойдзе мужа. Гэткі ж добры занятак, як і кожны іншы!..

“Вядома, – ужо спакайней падумаў пра суперніка Вакульскі, – не збаламуціць яму панны Ізабэлы”.

Яны дайшлі да канца парку, за штыкетнікам якога відаць быў шэраг мураваных будынкаў.

– О, пабач, пан, якая арыгінальная кабета гэта старшынёва! – прамовіў Ахоцкі, паказваючы на штыкетнік. – Бачыць пан гэтыя палацы?.. Гэта ўсё жытло парабкаў. А вось той дом – гэта прытулак для парабчанят, бавіцца іх там каля трыццаці, усе памытыя і дагледжаныя, як прынцы… А вось тая віла – прыстанішча для старцаў, якіх цяпер там чацвёра. Яны развейваюць нуду, падрыхтоўваючы набіўку ў матрацы для гасцінных пакояў. Туляючыся па розных ваколіцах у краі, я бачыў скрозь, што парабкі жывуць, як свінні, а іх дзеці сядзяць па вушы ў брудзе, як парасяты… Але, калі першы раз прыехаў сюды, вырачыў вочы. Здавалася мне, што я на выспе Утопія або на старонках нуднага, але цнатлівага рамана, дзе аўтар апісвае, якім шляхціц быць павінны, але якім ніколі не будзе. Імпануе мне гэтая старая… А каб пан яшчэ ведаў, якую яна мае бібліятэку, што яна чытае… Я аслупянеў, калі яна аднойчы папрасіла, каб я растлумачыў ёй пэўныя пытанні трансфармізму, якім яна грэбуе толькі таму, што там барацьба за выжыванне прызнаецца фундаментальным правам прыроды.

У канцы алеі паказалася панна Феліцыя.

– Што ж, хадзем, пане Юльяне? – звярнулася яна да Ахоцкага.

– Хадзем. І пан Вакульскі з намі.

– А! – здзівілася паненка.

– Пані супраць? – запытаўся Вакульскі.

– Наадварот, але… я думала, што пану будзе больш прыемна ў таварыстве пані Вансоўскае.

– Панна Феліцыя! – закрычаў Ахоцкі. – Толькі прашу не практыкавацца ў з’едлівасці, пані на гэта не здольная.

Абражаная панна пайшла наперад у бок сажалкі, панове – за ёю. Яны вудзілі да пятай вечара, хоць і прыпякала, бо дзень быў гарачы. Ахоцкі злавіў двухдзюймовага печкура, а панна Феліцыя падрала карункі на рукаве. У выніку гэтага ўсчалася паміж імі спрэчка пра тое, што маладыя панны не маюць уяўлення, як трэба трымаць вуду, а паны не могуць і хвіліны пасядзець моўчкі.

Памірыў іх толькі званок, які клікаў на абед.

Пасля абеду барон пайшоў у свой пакой (у гэты час ён заўсёды хварэў на мігрэнь), а рэшта таварыства мела намер сабрацца ў паркавай альтанцы, дзе звычайна частаваліся садавінаю.

Вакульскі прыйшоў туды праз паўгадзіны. Ён думаў, што будзе першы, але заспеў там ужо ўсіх паняў, якім Старскі нешта даводзіў. Ён усеўся на бярозавым фатэлі і з нуднаю мінай, пастукваючы дубчыкам па наску чаравіка, прамаўляў:

– Калі ў гісторыі адыгралі нейкую ролю шлюбы, дык не тыя, што заключаліся па ўпадабанні, але тыя, што па разліку. Ці ведалі б мы сёння пра Ядвігу ці пра Марыю Ляшчынскую, каб тыя пані не наважыліся на разумны выбар? Якая доля чакала Стэфана Баторы або Напалеона І, каб яны не ажаніліся з уплывовымі кабетамі? Шлюб занадта важны акт, каб, уступаючы ў яго, можна было кіравацца толькі сэрцам. Гэта не паэтычны саюз дзвюх душ, гэта важная падзея для мноства асоб і ўплыў на шматлікія справы. Калі сёння я ажанюся з пакаёўкаю, нават з гувернанткаю, дык заўтра я буду страчаны для свае сферы. Ніхто не будзе пытацца, якой тэмпературы былі мае пачуцці. Але – якія я маю даходы на ўтрыманне дому, і каго я прывёў у сям’ю.

– Адна справа палітычныя шлюбы, а іншая – шлюб дзеля грошай з чалавекам, якога не кахаеш, – адказала старшынёва і пачала барабаніць пальцамі па стале. – Гэта гвалт над святымі пачуццямі.

– Ах, каханая бабуля, – уздыхнуў Старскі, – добра казаць пра свабоду пачуццяў, калі маеш дваццаць тысяч рублёў у год. “Подлыя грошы, брыдкія грошы!” – крычаць усе. Але чаму ж усе, пачынаючы ад парабка і сканчаючы міністрам, знявольваюць сябе абавязкам працы? За што шахцёр і марак рызыкуюць жыццём? Вядома, за гэтыя подлыя грошы, бо подлыя грошы даюць свабоду, хоць пару гадзін у дзень, хоць пару месяцаў у год, хоць некалькі гадоў у жыцці. Усе мы крывадушна пагарджаем грашыма, але кожны з нас ведае, што гэта грунт, на якім вырастае асабістая свабода, навука, мастацтва, нават – ідэальнае каханне. Дзе ж, зрэшты, нарадзілася каханне рыцараў і трубадураў? Дакладна не паміж шаўцамі ды кавалямі, і нават не паміж дактарамі ды адвакатамі. Узгадавалі яго класы заможныя, якія стварылі кабету з далікатнаю скураю і белаю ручкаю, якія далі мужчыну, у якога было досыць часу на абагаўленне кабеты.

Сярод нас тут, зрэшты, ёсць прадстаўнік людзей дзеяння, пан Вакульскі, ён, як кажа сама бабуля, не аднойчы прадэманстраваў свой гераізм. Што цягнула яго ў небяспеку?.. Вядома, грошы, якія ў ягоных руках сталі сёння сілаю…

Стала ціха, усе пані скіравалі позіркі на Вакульскага. А той пасля невялікае паўзы адказаў:

– Так, мае пан рацыю, я здабыў свой капітал падчас цяжкіх выпрабаванняў, але ці ведае пан, навошта я яго здабываў?..

– Прашу прабачэння, – перапыніў яго Старскі, – я не раблю пану закідаў, я лічу гэта пахвальным прыкладам усім. Адкуль жа пан ведае, ці чалавек, які жэніцца або выходзіць замуж з-за грошай, не мае адначасова і высакародных мэтаў? Мае бацькі, падобна, пабраліся ад чыстага кахання, аднак жыццё іх не было шчаслівым, а пра мяне – плод іх пачуццяў – дык няма чаго і казаць… Тым часам, мая шаноўная бабуля, прысутная тут, выйшла замуж не па схільнасці, і сёння яна дабраславенне для ўсяго наваколля. Нават больш, – дадаў ён, цалуючы старшынёвай руку, – бо яна выпраўляе памылкі маіх бацькоў, якія гэтак былі занятыя каханнем, што забыліся і на маёнтак, і на мяне…

Зрэшты, маем мы і другі доказ у асобе прыгажуні пані Вансоўскае…

– О, мой пане, – перапыніла яго ўдава, у якой паружавеў твар, – ты гаворыш, як пракурор вярхоўнага суду. Я адкажу гэтак жа, як пан Вакульскі: ці ведаеш ты, чаму я гэта зрабіла?..

– Але пані гэта зрабіла, і бабуля гэта зрабіла, і мы ўсе тое самае зробім, – з іранічнай халоднасцю казаў Старскі. – За выключэннем, вядома, пана Вакульскага, які мае якраз такі капітал, які трэба, каб задаволіць пачуцці…

– І я зрабіў тое самае, – глуха прамовіў Вакульскі.

– Ажаніўся пан з-за грошай? – запыталася ўдава і шырока расплюшчыла вочы.

– Не з-за грошай, а каб мець працу і не памерці з голаду. Я добра ведаю той закон, пра які гаворыць пан Старскі.

– Ну, што? – зірнуў Старскі на бабку.

– І таму, што яго ведаю, я шкадую ўсіх, хто мусіць яму падпарадкоўвацца, – скончыў Вакульскі. – Гэта, хіба, найбольшае няшчасце ў жыцці.

– Маеш рацыю, – сказала старшынёва.

– Зацікавіў мяне пан, пан Вакульскі, – дадала пані Вансоўская і працягнула яму руку.

Панна Эвеліна падчас усяе размовы сядзела, схіліўшыся над гафтам. У гэты момант яна падняла галаву і зірнула на Старскага з выразам такое роспачы, што Вакульскі ўразіўся… Але Старскі па-ранейшаму пастукваў дубчыкам па наску свайго чаравіка, грыз цыгару і ўсміхаўся напалову здзекліва, напалову сумна.

За альтанкаю пачуўся голас Ахоцкага:

– Бачыш, я ж казаў табе, што пані тут…

– Ну дык у альтанцы, а не ў хмызняку, – адказала маладая дзяўчына з кошыкам у руках.

– Ах, дурніца! – прамармытаў, уваходзячы, Ахоцкі і трывожна зіркнуў на дам.

– Ого! Пан Юльян зноў уваходзіць да нас, як трыумфатар, – прамовіла ўдава.

– Але ж, слова гонару, толькі дзеля таго, каб скараціць дарогу, я пайшоў праз клумбы, – апраўдваўся Ахоцкі.

– І пан гэтак жа з’ехаў з дарогі, як сёння, калі вазіў нас…

– Ну, даю слова гонару…

– Лепш ужо дапамажы мне, чым апраўдвацца, – спыніла яго старшынёва.

Ахоцкі падаў ёй руку, маючы пры гэтым такую заклапочаную міну і капялюш набакір, што пані Вансоўская не змагла ўстрымацца ад смеху. Гэта зноў выклікала чырвань на твары панны Феліцыі, а Ахоцкага змусіла кінуць на ўдоўку некалькі гнеўных позіркаў.

Усё таварыства збочыла налева і прысадамі рушыла да фальваркавых будынкаў. Наперадзе ішла старшынёва з Ахоцкім, за імі – дзяўчына з кошыкам, потым – удоўка з паннай Феліцыяй, Вакульскі, а за ім – панна Эвеліна і Старскі. Пры брамцы тыя, што ішлі спераду, загаманілі гучней, і ў гэты момант Вакульскаму здалося, што ён пачуў за сабою ціхую размову.

– Часам, здаецца, што лепш у труну легчы… – ціха сказала панна Эвеліна.

– Адвагі… Адвагі… – падбадзёрваў яе пан Старскі.

Вакульскі толькі тады зразумеў мэту выправы на фальварак, калі выбегла на дзядзінец насустрач старшынёвай цэлая чарада курэй, якім яна кідала зерне з кошыка. За курамі паказалася іхняя дазорца, старая Матэвушова, з рапартам, што ўсё ў парадку, толькі з раніцы кружляў над дзядзінцам ястраб, а пасля полудня адна кура ледзь не ўдавілася каменьчыкам, але абышлося.

Пасля агляду птаства старшынёва абышла аборы і стайні, дзе парабкі, у большасці людзі сталага веку, таксама складалі ёй рапарты. Тут ледзьве не нарабілася бяды. Бо са стайні раптам выбегла падгадаванае жарабя і хацела кінуцца старшынёвай на грудзі, як сабака, які падымаецца на дзве лапы. На шчасце, Ахоцкі стрымаў свавольніка, якога старшынёва пачаставала цукрам.

– Яно бабулю некалі скалечыць, – азваўся незадаволена Старскі. – Ці бачыў хто, каб гэтак распешчваць жывёлін, з якіх вырастаюць коні!

– Ты заўсёды разумна гаворыш, – адказала яму старшынёва, а сама гладзіла жарабя, якое паклала галаву ёй на плячо, а потым пабегла за ёю, так што парабкам давялося заварочваць яго ў стайню.

Нават некаторыя каровы пазнавалі сваю гаспадыню і віталі яе глухім рыкам, падобным да мармытання.

“Дзіўная кабета,” – падумаў Вакульскі, пазіраючы на старую, якая здольная была абуджаць любоў да сябе не толькі ў сэрцах жывёлы, але нават людзей.

Пасля вячэры старшынёва пайшла спаць, а пані Вансоўская прапанавала шпацыр па парку.

Барон, хоць і неахвотна, згадзіўся з прапановаю. Ён апрануў цёплае паліто, закруціў шыю хусткаю і пад руку з нарачонай пайшоў наперад. Пра што яны размаўлялі? Ніхто не ведае, бачылі толькі, што яна была бледная, а ў яго выступілі чырвоныя плямы на твары.

Аб адзінаццатай усе разышліся, а барон, пакашліваючы, правёў Вакульскага да яго пакоя.

– Што ж, пабачыў пан маю нарачоную?.. Якая яна прыгожая!.. Вобраз вясталкі, пане. Праўда? А калі яшчэ на яе тварыку з’яўляецца выраз гэтае дзіўнае меланхоліі… Заўважаў, пан? Яна тады гэткая чароўная, што… аддаў бы за яе жыццё. Нікому б гэтага не сказаў, за выключэннем пана, але яна робіць на мяне гэткае ўражанне, што нават не ведаю, ці насмелюся я некалі песціць яе… я жадаю толькі маліцца на яе… Проста, пане, кленчыў бы каля яе ног і глядзеў бы ў вочы. Мне хапіла б шчасця, каб яна дазволіла пацалаваць край сваёй сукенкі… Але ці не надакучыў я пану?

Раптам ён закашляўся так моцна, што ў яго пачырванелі вочы, а калі супакоіўся, працягваў:

– Я кашляю не часта, але сёння крыху прастыў… і нават не такі ўжо я і схільны да прастуды, толькі ўвосень ды маладзіком. Ну, але і гэта мінецца, бо некалі я запрасіў на кансіліум Халубінскага і Бараноўскага, дык тыя мне сказалі, што калі буду берагчы сябе, буду здаровы… Я пытаўся ў іх таксама (кажу гэта толькі пану), што яны думаюць пра маю жаніцьбу. Але яны сказалі, што жаніцьба – гэта рэч такая асабістая… Я звярнуў іх увагу, што берлінскія лекары ўжо даўно загадвалі мне ажаніцца. Яны гэта абдумалі і тады нехта з іх кажа: “Шкода, вельмі шкода, што пан адразу ж не выканаў тую параду…” І вось, скажу я пану, цяпер цвёрда вырашыў перад адвентам…

Зноў напаў на яго кашаль. Ён адкашляўся і раптам змененым голасам спытаў у Вакульскага:

– Ці верыць пан у будучае жыццё?

– Што так?..

– Бо, бачыць пан, гэта вера ахоўвае чалавека ад роспачы. Я, напрыклад, разумею, што ані сам не буду ўжо такі шчаслівы, як мог быць некалі, ані ёй не дам поўнага шчасця. Адзіным пацяшэннем мне тое, што спаткаемся мы на іншым, лепшым свеце, дзе абое будзем маладыя. Бо яна ж і там, – дадаў ён у задуменні, – будзе належаць мне. Святое Пісанне ж вучыць: “Што завяжаце на зямлі, будзе звязанае і на небе…” Пан, можа, не верыць у гэта, як і Ахоцкі. Няхай пан прызнае, аднак, што… часам… верыць і пан, і зусім бы не паручыўся, што гэтак не будзе?..

Гадзіннік за сцяною прабіў поўнач, барон спалохана падхапіўся і развітаўся з Вакульскім. Праз некалькі хвілін кашаль разлягаўся ўжо з другое афіцыны.

Вакульскі адчыніў акно. З боку кухні гарлалі калькуцкія пеўні, у парку вухкала сава, на небе сарвалася зорка і ўпала кудысьці за дрэвы. Барон усё кашляў.

“Ці ўсе закаханыя гэткія сляпыя, як ён? – разважаў Вакульскі. – Бо мне, і кожнаму тут, хіба, ясна, што панна зусім яго не кахае. Можа, яна нават Старскага кахае…

Я яшчэ не зусім добра разумею сітуацыю, але, падобна, панна ідзе замуж з-за грошай, а Старскі сваімі тэорыямі падтрымлівае яе ў гэтым намеры. Мо і ён крыху закаханы?.. Не можа быць. Хутчэй, яна ўжо яму абрыдла, і ён сілаю змушае яе да шлюбу. Хоць… Не, гэта была б жахлівая камбінацыя. Толькі публічныя кабеты маюць каханкаў, якія гандлююць імі. Якое бязглуздае дапушчэнне!.. Старскі, сапраўды, можа быць яе прыяцелем і раіць ёй тое, у што сам верыць. Ён жа адкрыта сказаў, што ажэніцца толькі з багатаю кабетаю. Прынцып гэткі ж добры, як і кожны іншы, паводле Ахоцкага. Слушна старшынёва казала некалі, што цяперашняе пакаленне мае моцныя галовы і халодныя сэрцы. Гледзячы на нас, яны зняверыліся ў сентыменталізме, а паверылі ў сілу грошай, што, зрэшты, даводзіць іх розум. Не, гэты Старскі – спрытнюга, можа, нават гуляка, лайдак, але знаходлівасці яму не бракуе. Цікава мне толькі, чаму забаўляецца з ім пані Вансоўская?.. Відаць, яна да яго неабыякавая, а ў яе ж яшчэ і грошы ёсць, дык у выніку яны пабяруцца. Зрэшты, што мне да таго?..

Цікава, чаму старшынёва нічога ні сказала сёння пра панну Ізабэлу? Ну, ужо сам я пытацца не буду… Адразу б падхапілі нас на языкі…”

Ён заснуў, і мроілася яму, што ён – барон, закаханы і хворы, а Старскі выконвае пры ім ролю прыяцеля дому.

Ён прачнуўся і зарагатаў.

“Гэта ўжо вылечыла б мяне адразу!” – падумаў ён.

Усю раніцу ён ізноў прабавіў разам з паннай Феліцыяй і Ахоцкім на рыбалцы. А калі а першай усе сабраліся на сняданне, пані Вансоўская запыталася:

– Бабуля дазволіць нам засядлаць двух коней, мне і пану Вакульскаму, праўда?

Яна павярнулася да Вакульскага і дадала:

– Праз паўгадзіны едзем. З гэтае хвіліны пачынае пан службу пры мне.

– Панства толькі ўдваіх едуць? – спытала ўся чырвоная панна Феліцыя.

– Можа, і ты хацела б ехаць з панам Юльянам?

– Толькі прашу… не распараджацца маёю асобаю, – запратэставаў Ахоцкі.

– Феліцыя застанецца са мною, – загадала старшынёва.

Панне Феліцыі слёзы набеглі на вочы. Яна паглядзела на Вакульскага спачатку з гневам, потым – ганарліва і, нарэшце, выбегла з пакою, нібы шукаць хустку. Калі яна вярнулася, дык была падобная да Марыі Сцюарт, якая прабачае сваім катам, і носік у яе быў чырвоны.

Роўна а другой прывялі двух ладных коней для верхавое язды. Вакульскі стаў ля свайго, а праз некалькі хвілін з’явілася пані Вансоўская. У аблеглай амазонцы яна мела формы Юноны, а свае каштанавыя валасы сабрала ў вузел. Наском чаравіка яна абаперлася на руку конюха і, як спружына, ускочыла ў сядло. Яе рука з бізуном трымцела.

Вакульскі тым часам спакойна падцягваў страмёны.

– Хутчэй, пане, хутчэй! – гукала яна, стрымліваючы каня, які круціўся на месцы і прысядаў на заднія ногі. – За брамаю мы рушым галопам… Avanti, Savoya!..[220]

Нарэшце, Вакульскі сеў на каня, пані Вансоўская нецярпліва выцяла свайго бізуном, і яны выехалі з фальварку.

Дарога з вярсту ішла ліпавымі прысадамі. Паабапал ляжала ўбранае поле, а на ім – тут і там відаць былі сцірты пшаніцы, вялікія, як хаты. Неба было чыстае, сонца вясёлае, дзесьці далёка енчыла малатарня.

Некалькі хвілін яны ехалі рыссю. Потым пані Вансоўская прыклала дзяржак бізуна да вуснаў і паляцела галопам. Вэлюм на капелюшы развяваўся за ёю, як шэрае крыло.

Avanti! Avanti!..

Яны ехалі так некалькі хвілін. Раптам пані асадзіла каня, яна расчырванелася і цяжка дыхала.

– Досыць, – прамовіла яна, – цяпер паедзем павольна.

Падняўшыся на сядле, яна ўважліва глядзела ў бок блакітнага лесу, які віднеўся далёка ва ўсходнім баку. Прысады скончылася, яны ехалі полем, на якім зелянелі ігрушы і стаялі шэрыя сцірты.

– Скажы мне, пан, – спытала яна, – гэта вельмі прыемна – зарабіць шмат грошай?

– Не, – адказаў Вакульскі пасля невялікай паўзы.

– А траціць прыемна?

– Не ведаю.

– Не ведае пан? Аднак цуды расказваюць пра панскі капітал. Кажуць, што маеш, пан, каля шасцідзесяці тысяч гадавых…

– На сённяшні дзень я маю значна больш, але трачу вельмі мала.

– Колькі ж?

– Тысяч дзесяць.

– Шкада. Я летась пастанавіла патраціць масу грошай. Давераны і касір запэўніваюць мяне, што я патраціла дваццаць сем тысяч… Шалела, але нуды не прагнала… Сёння, думаю я сабе, спытаюся ў пана, якое ўражанне пакідаюць шэсцьдзясят тысяч, патрачаныя за год. А пан гэтулькі не траціць. Шкада. Ведаеш, пан? А патраць, пан, шэсцьдзясят або сто тысяч за год і скажы мне, гэта ўразіць ці не. Добра?..

– Адразу магу пані сказаць, што не ўразіць.

– Не?.. Дык навошта ж тады грошы?.. Калі і сто тысяч гадавых не даюць шчасця, дык што дае?..

– Можна яго мець за тры тысячы рублёў. Шчасце кожны носіць у сабе.

– Але ж аднекуль бярэ яго?

– Не, пані.

– І гэта кажа пан, гэткі незвычайны чалавек?

– Каб я нават быў і незвычайны, дык толькі з-за пакутаў, а не ад шчасця. І зусім не з-за таго, што я трачу.

Пад лесам паказалася воблачка пылу. Пані Вансоўская хвіліну паназірала, а потым раптоўна стрымала каня і павярнула яго направа – у поле, у бездараж.

Avanti! Avanti!..

Яны ехалі так хвілін з дзесяць, і цяпер Вакульскі затрымаў каня. Ён спыніўся над лугавінаю, прыгожаю, як мара. Што ў ёй было прыгожага: ці зялёная трава, ці звівы рачулкі, ці схіленыя дрэвы, ці яснае неба? Вакульскі не ведаў.

Але пані Вансоўская гэтым не захаплялася. Яна ляцела з узгорка на злом галавы, нібы жадаючы пахваліцца адвагаю.

Калі Вакульскі павольна з’ехаў уніз, яна павярнула да яго каня і нецярпліва загукала:

– Ах, пане, ці пан заўсёды гэткі нудны? Зрэшты, я не дзеля таго ўзяла пана на прагулку, каб пазяхаць. Прашу мяне забаўляць, зараз жа…

– Зараз?.. Добра. Пан Старскі вельмі цікавы чалавек.

Яна нахілілася на сядле, нібы падаючы ў тыл, і доўгім позіркам зазірнула Вакульскаму ў вочы.

– Ах, – зарагатала яна, – я і не спадзявалася пачуць гэтую банальную фразу ад пана… Пан Старскі цікавы… Каму?.. Хіба такім… такім… лябедзюхнам, як панна Эвеліна, бо ў мяне, напрыклад, ужо няма цікавасці да яго…

– Аднак жа…

– Ніякага “аднак жа”. Была ў свой час, калі я ледзьве не зрабілася пакутніцаю шлюбу. На шчасце, мой муж праявіў такую ветлівасць, што хутка памёр, а пан Старскі гэткі просты, што запасу маёй вопытнасці хапіла, каб раскусіць яго праз тыдзень. У яго заўсёды такая самая бародка а ля каралевіч Рудольф, і такі самы спосаб падлашчвацца да кабет. Яго позіркі, намёкі, яго таямнічасць мне зразумелыя гэтак жа добра, як пакрой ягонага жакета. Заўсёды ўнікае паненак без пасагу, заўсёды цынічны з замужнімі і ўздыхае пры паннах, якія збіраюцца замуж. Божа мой, колькі такіх я бачыла ў жыцці!.. Цяпер мне трэба нешта новае…

– У такім выпадку пан Ахоцкі…

– О, так, Ахоцкі цікавы і мог бы нават быць небяспечны, але для гэтага я мусіла б другі раз нарадзіцца. Ён чалавек не таго свету, да якога я належу ўсім сэрцам і душою… Ах, які ён наіўны, які высакародны! Верыць у ідэальнае каханне, з якім мог бы зачыніцца ў сваёй лабараторыі, перакананы ў немагчымасці здрады… Не, ён не для мяне… Што ж такое з гэтым сядлом? – раптам выгукнула яна. – Пане, пас у мяне аслаб… Можа, каб пан зірнуў…

Вакульскі саскочыў з каня.

– Злезе пані?

– І не падумаю. Няхай пан так паглядзіць.

Ён зайшоў з правага боку, пас моцна трымаўся.

– Але ж не там… Вось тут… Тут нешта сапсавалася, каля стрэмя.

Ён завагаўся, але адсунуў яе амазонку і запхнуў руку пад сядло. Раптам кроў ударыла яму ў галаву: удоўка гэтак варухнула нагою, што яе калена даткнулася твару Вакульскага.

– Ну што… ну што?.. – пыталася яна нецярпліва.

– Нічога, – адказаў ён. – Пас моцна трымаецца…

– Пацалаваў мяне пан у нагу! – крыкнула яна.

– Не.

Тады яна сцёбнула каня бізуном і паляцела галопам з шэптам: “Дурань ці каменны…”

Вакульскі павольна сеў на каня. Туга, якую не перадаць словамі, сціснула яму сэрца, калі ён падумаў: “Ці панна Ізабэла таксама ездзіць конна?.. І хто ёй папраўляе сядло?..”

Калі ён пад’ехаў да пані Вансоўскае, тая зарагатала:

– Ха-ха-ха!.. Няма пану цаны!..

А потым яна загаварыла нізкім голасам з металічнымі ноткамі:

– На старонках маёй гісторыі запісаўся цудоўны дзень. Я сыграла ролю жонкі Пентэфрыя і сустрэла Язэпа…[221] Ха-ха-ха!.. Адна толькі рэч палохае мяне, што пан нават не здолее ацаніць мае здольнасці закруціць галаву. У такі момант сотні іншых на панскім месцы сказалі б, што жыць без мяне не могуць, што я пазбавіла іх спакою і гэтак далей… А гэты коратка адказвае: “Не!”.. За адно гэта “не” павінны пан атрымаць крэсла ў нябесным каралеўстве паміж бязгрэшнымі дзецьмі. Гэткае высокае крэселка з парэнчам спераду… Ха-ха-ха!..

Яна гайдалася ў сядле ад рогату.

– І які пані набытак, каб я адказаў, як іншыя?

– Было б у мяне адным трыумфам больш.

– А з гэтага пані які набытак?

– Крыху запоўніла б сабе пустку жыцця. З дзесяці тых, хто прызнаецца мне, я выбіраю аднаго, які здаецца мне самым цікавым, баўлюся ім, мару пра яго…

– А потым?

– Раблю агляд наступнай дзясяткі і выбіраю новага.

– І як часта?

– Хоць кожны месяц. А як пан хацеў? – дадала яна, паціскаючы плячыма. – Гэта каханне веку пары і электрычнасці.

– А так! Нават нагадвае чыгунку.

– Ляціць, як бура, і сыпле іскрамі.

– Не. Едзе хутка і бярэ пасажыраў, колькі зможа.

– О, пане Вакульскі!..

– Я не хацеў абразіць пані, а сфармуляваў толькі тое, што пачуў.

Пані Вансоўская прыкусіла вусны.

Яны нейкі час ехалі моўчкі.

Потым зноў азвалася пані Вансоўская:

– Я ўжо склала сваё ўражанне пра пана: пан педант. Кожны вечар, не ведаю а якой, але, пэўна, не пазней за дзясятую робіш, пан, падлікі, потым ідзеш спаць, а перад сняданнем адмаўляеш пацеры, паўтараючы ўголас: “Не пажадай жонкі бліжняга свайго”. Так?

– Няхай пані працягвае.

– Не буду, бо мне ўжо размова з панам надакучыла. Ах, гэты свет адно толькі падманвае нас!.. Калі апранаем першую сукенку са шлейфам, калі ідзем на першы баль, калі першы раз кахаем, здаецца нам, што вось нешта новае… Але праз момант мы ўпэўніваемся, што гэта ўжо было або зусім нічога няма…

Я памятаю, як летась у Крыме ехалі мы кампаніяй па дзікай сцежцы, на якой некалі сустракаліся разбойнікі. І якраз, калі мы гутарылі пра гэта, выходзяць з-за скалы два татарыны… Дзякуй Богу, думаю, гэтыя ўжо захочуць нас забіць, бо твары іх былі жахлівыя. А яны аказаліся сумленнымі людзьмі. Ці паверыць пан, што яны прапанавалі?.. Каб мы купілі ў іх вінаграду!.. Божа! Яны хацелі прадаць нам вінаграду, а я падумала, што яны галаварэзы. Мне ад злосці хацелася іх адлупцаваць, ну праўда. Вось і пан сёння нагадаў мне тых татараў. Старшынёва некалькі тыдняў распавядала мне, што пан арыгінальны чалавек, абсалютна не такі, як іншыя, а тут бачу, што пан самы звычайны педант. Так?

– Так.

– Бачыць пан, як я разбіраюся ў людзях. Можа, нам яшчэ праехацца галопам? Альбо не, ужо не хочацца, я стамілася. Ах… каб хоць раз у жыцці спаткаць сапраўды новага чалавека…

– Чаго пані чакае ад гэтага?

– Ён бы неяк іначай паводзіў сябе, казаў бы мне нешта новае, часам раззлаваў бы мяне да слёз, потым сам бы да смерці на мяне абразіўся, а потым, вядома, мусіў бы перапрашаць. О, ён закахаўся б у мяне да шаленства! Я б гэтак упілася яму ў сэрца і памяць, што нават у магіле не забыўся б ён на мяне… Вось гэткае каханне я разумею.

– А што пані дала б яму наўзамен? – спытаў Вакульскі, якому рабілася ўсё больш цяжка і сумна.

– Адкуль я ведаю? Можа, і я наважылася б на нешта адчайнае…

– Цяпер я скажу, што той новы чалавек атрымаў бы ад пані, – сказаў Вакульскі, адчуваючы, як падымаецца ў ім горыч. – Спачатку атрымаў бы ён доўгі спіс ранейшых каханкаў, потым – доўгі спіс каханкаў, якія будуць пасля яго, а ў час антракту меў бы магчымасць спраўджваць… ці добра ляжыць сядло на кані…

– Тое, што пан кажа, ганьба! – крыкнула пані Вансоўская, сціскаючы бізун.

– Толькі паўтарэнне таго, што я пачуў ад пані. Калі я, аднак, дазволіў сабе залішнюю смеласць для гэткае нядоўгай знаёмасці…

– Наадварот, я слухаю… Можа, панская недалікатнасць будзе цікавейшай за тую бяздушную ветлівасць, якую я ўжо даўно вывучыла на памяць. Вядома, гэткі чалавек, як пан, пагарджае гэткімі кабетамі, як я… Ну, смялей…

– Калі ласка. Перадусім не будзем ужываць занадта моцных слоў, якія не адпавядаюць настрою шпацыру. Мы не размаўляем пра пачуцці, а толькі пра погляды. Дык вось, паводле майго меркавання, у поглядах пані на каханне існуюць несумяшчальныя кантрасты.

– Як жа гэта? – здзівілася ўдоўка. – Тое, што пан называе кантрастамі, я вельмі добра спалучаю ў жыцці.

– Кажа пані пра частую змену каханкаў…

– Калі ласка, назавём іх кавалерамі.

– А потым, хоча пані знайсці нейкага новага і незвычайнага чалавека, які б нават у магіле не забыў пані. Дык вось, наколькі я разумею чалавечую прыроду, гэта недасягальная мэта. Ані пані, якая раздае сваю прыхільнасць направа і налева, не зробіцца больш ашчадная, ані чалавек незвычайны не пажадае заняць месца сярод некалькіх тузінаў…

– Ён можа не ведаць гэтага, – спыніла яго ўдоўка.

– Ах, дык тут у нас яшчэ і містыфікацыя. А дзеля яе паспяховасці неабходна, каб герой пані быў сляпым ёлупнем. Але каб знайшоўся такі выбранец, ці наважылася б пані падманваць чалавека, які аж так пані кахае?..

– Добра, я расказала б яму ўсё і скончыла б так: памятай: Хрыстос прабачыў Магдалене, а я ўсё ж менш грэшная, ну і, прынамсі, маю гэткія ж прыгожыя валасы…

– І ён бы задаволіўся гэтым?

– Думаю, што так.

– А каб не задаволіўся?

– Пакінула б яго ў спакоі і пайшла.

– Але адразу ўпілася яму пані ў сэрца і памяць гэтак, каб нават у магіле ён не забыўся на яе! – выбухнуў Вакульскі. – Цудоўны свет, гэты ваш свет… І мілыя гэтыя кабеты, якім чалавек даверліва аддае ўласную душу, але мусіць пазіраць на гадзіннік, каб не спаткаць свайго папярэдніка ды не перашкодзіць наступніку. Нават цеста, каб падняцца, патрабуе часу, дык ці можна вялікія пачуцці выгадаваць спехам і на гэткім кірмашы?..

Няхай пані не спадзяецца на вялікія пачуцці, гэта пазбаўляе сну і апетыту. Навошта труціць жыццё нейкаму чалавеку, якога пані яшчэ не ведае сёння? Навошта псаваць настрой сабе? Лепш працягваць выконваць праграму хуткіх і частых перамог, якія нікому не шкодзяць, а пані неяк запаўняюць жыццё.

– Пан ужо скончыў, пане Вакульскі?

– Хіба, так.

– Дык цяпер я пану скажу. Усе вы нягоднікі…

– Зноў моцнае слова.

– Пан ужыў больш моцныя. Усе вы нікчэмнасці. Калі кабета ў пэўны перыяд свайго жыцця марыць пра ідэальнае каханне, дык высмейваеце яе ілюзіі, дамагаецеся какецтва, без якога панна для вас нудная, а маладзіца неразумная. І калі, дзякуючы агульным намаганням, яна пачне слухаць банальныя прызнанні, якія суправаджаюцца салодкімі позіркамі ды поціскамі рукі, тады з нейкага цёмнага кута вылазіць нейкі арыгінальны экзэмпляр у каптуры Пятра з Аміну[222] і ўрачыста праклінае тую кабету, створаную на вобраз і падабенства сыноў Адама. “Табе ўжо нельга кахаць, ты ўжо не будзеш ніколі па-сапраўднаму каханая, бо мела няшчасце трапіць на кірмаш, бо страціла ілюзіі!” А хто іх у яе ўкраў, калі не родныя браты пана?.. І што гэта за свет, які спачатку рабуе ідэалы, а потым выносіць прысуд абрабаванаму?..

Пані Вансоўская выцягнула з кішэні насоўку і прыкусіла ражок… На вейках у яе бліснула сляза і скацілася на конскую грыву.

– Едзь ужо сабе, пан, – выгукнула яна. – Пан нязносна банальны. Едзь, пан… едзь і дашлі мне Старскага, яго нахабства цікавейшае за панскую ветлівасць прынца…

Вакульскі пакланіўся і паехаў наперад. Ён быў закрануты за жывое і ўстурбаваны.

– Куды пан паехаў?.. Не туды… Ах, праўда, гатовы пан заблукаць, а потым казаць усім падчас абеду, што я збіла цябе з тропу. Прашу за мною…

Едучы за некалькі крокаў ад пані Вансоўскае, Вакульскі думаў: “Дык гэтакі свет? Адны прадаюцца людзям амаль спарахнелым, іншыя лічаць чалавечыя сэрцы ледзьве не паляндвіцаю. Дзіўная, аднак, кабета – гэтая пані!.. Бо яна не кепская, мае нават высакародныя парывы…”

Праз паўгадзіны яны зноў апынуліся на ўзгорку, з якога відаць было двор старшынёвай. Пані Вансоўская нечакана павярнула каня і, пільна гледзячы на Вакульскага, спытала:

– Паміж намі мір ці вайна?..

– Ці магу я быць шчыры?

– Калі ласка.

– Я вельмі ўдзячны пані. За адну гадзіну я даведаўся ад пані больш, чым за ўсё жыццё.

– Ад мяне?.. Падалося пану. Я маю кроплю венгерскае крыві, дык, калі сяду на каня, шалею і вярзу недарэчнасці. Хоць я і не адмаўляюся ад сказанага, але, пан, памыляешся, калі думаеш, што ўжо мяне ведаеш. А цяпер пацалуй мне, пан, руку. Пан сапраўды цікавы.

Яна працягнула руку, якую Вакульскі пацалаваў з вялікімі ад здзіўлення вачыма.

XXVI. ПАД АДНЫМ ДАХАМ

У той час, пакуль Вакульскі з пані Вансоўскаю сварыліся або на злом галавы гойсалі па лугавіне, з маёнтка графіні ў Заславак ехала панна Ізабэла. Учора яна атрымала ад старшынёвай ліст, адпраўлены са спецыяльным пасланцом, а сёння, падпарадкоўваючыся выразнаму жаданню сваёй цёткі, з неахвотаю выехала. Яна была ўпэўненая, што ў Заслаўку сустрэне Вакульскага, якому старшынёва рабіла пратэкцыю. Дык гэтакі раптоўны выезд падаваўся ёй недарэчным.

“Каб нават мне і давялося некалі выйсці за яго, – казала яна сабе, – дык няма чаго спяшацца на павітанне”.

Але рэчы былі спакаваныя, каляска пад’ехала, пакаёўка ўжо заняла сваё месца, дык панна Ізабэла наважылася на ад’езд.

Яе развітанне з сям’ёю было шматзначным. Пан Ленцкі, цяпер увесь час расчулены, цёр вочы, а графіня, усунуўшы ёй у руку аксамітны мяшэчак з грашыма, сказала:

– Не раю і не адгаворваю. Маеш свой розум, ведаеш, у якім вы становішчы, дык мусіш вырашыць і быць гатоваю да наступстваў.

Што вырашыць?.. Да якіх рыхтавацца наступстваў?.. Пра гэта графіня не сказала.

Сёлетняе вясковае жыццё моцна змянілі некаторыя погляды панны Ізабэлы. Вінаватае было, аднак, не свежае паветра, не прыгожыя краявіды, а некаторыя выпадкі ды магчымасць спакойна пра іх падумаць.

Яна, падпарадкоўваючыся выразнаму жаданню цёткі, прыехала сюды дзеля Старскага, пра якога ўсе казалі, што ён атрымае ў спадчыну маёнтак старшынёвай. Тым часам, старшынёва, прыгледзеўшыся да свайго пляменніка, паведаміла, што адпіша яму не больш за тысячу рублёў пажыццёвае рэнты, якая, пэўна, вельмі прыдасца таму на старасць. А ўвесь маёнтак яна пастанавіла запісаць на дзяцей бязбацькавічаў ды іх няшчасных матак.

З гэтага моманту Старскі ў вачах графіні страціў усялякую вартасць. Страціў ён і ў вачах панны Ізабэлы, калі прызнаўся аднойчы, што замест “голай панны” хутчэй узяў бы замуж кітаянку або японку, абы тая мела некалькі дзясяткаў тысяч рублёў у год.

– За менш не варта рызыкаваць будучыняй, – заявіў ён.

З-за гэтых слоў панна Ізабэла перастала лічыць яго сур’ёзным прэтэндэнтам. Але, кажучы гэта, ён ціха ўздыхнуў і кінуў на яе імклівы позірк, дык панна Ізабэла вырашыла, што прыгожы Казік мусіць мець нейкую сардэчную таямніцу і, шукаючы багатую жонку, нечым ахвяруе. Чым?.. Можа, ёю… Бедны хлапчына, але што рабіць? Некалі, можа, знойдзецца спосаб падсаладзіць ягоныя пакуты, але сёння належыць трымаць яго на адлегласці. І гэта было нескладана, бо Старскі раптам пачаў заляцацца да багатае пані Вансоўскае і круціцца вакол панны Эвеліны Яноцкае, відаць, каб зусім схаваць сляды закаханасці ў панну Ізабэлу.

“Бедны хлапец, але што зробіш. Жыццё накладае абавязкі, якія трэба выконваць, хоць яны і цяжкія”.

Гэткім чынам, Старскі, магчыма, самы адпаведны для панны Ізабэлы, быў выкраслены са спісу прэтэндэнтаў. Ён не мог ажаніцца з беднаю паннаю і мусіў шукаць багатую жонку. Былі аж дзве бяздонныя прорвы паміж імі.

Другі яе прэтэндэнт, барон, выкрасліў сябе сам, калі заручыўся з паннаю Эвелінай. Панна Ізабэла адчувала агіду да барона, пакуль той стараўся ёй спадабацца, а калі ён гэтак раптоўна яе пакінуў, ёй стала трывожна. Як? На свеце ёсць кабеты, дзеля якіх можна вырачыся яе?! Аказваецца, можа надысці момант, калі панну Ізабэлу пакінуць аж такія старыя кавалеры?..

Ёй здавалася, што зямля ходырам захадзіла ў яе пад нагамі, і пад уплывам няяснае трывогі, якая яе ахапіла тады, панна Ізабэла сказала старшынёвай нешта больш зычлівае пра Вакульскага. Хто ведае, ці не сказала яна гэтымі словамі: “Што там робіцца з панам Вакульскі? Мне вельмі шкада, бо ён, можа, пакрыўдзіўся на мяне. Я часта дакараю сябе, што ён заслугоўваў лепшага стаўлення да сябе з майго боку”.

Яна апусціла вочы і гэтак пачырванела, што старшынёвай здалося неабходным запрасіць Вакульскага ў вёску.

“Няхай прыгледзяцца адзін да аднаго на свежым паветры, – думала старая, – і будзе, што Бог дасць. Ён брыльянт сярод мужчын, яна таксама добрае дзіцятка, дык, можа, яны і паразумеюцца. Бо гатовая закласціся, ён мае да яе слабасць”.

А праз некалькі дзён непрыемныя ўражанні панны Ізабэлы развеяліся, і яна пашкадавала, што загаварыла са старшынёвай пра Вакульскага.

“Яшчэ падумае, што я б выйшла за яго…” – сказала яна сабе.

Тым часам старшынёва прызналася пані Вансоўскай, якая ў яе гасціла, што ў Заславак прыедзе Вакульскі, вельмі багаты ўдавец, чалавек вельмі неардынарны, якога яна хацела б ажаніць і які, хто ведае, ці не закаханы ў панну Ізабэлу…

Пані Вансоўская вельмі абыякава слухала пра багацце, пра ўдаўство і матрыманіяльныя памкненні Вакульскага. Але, калі старшынёва назвала яго чалавекам незвычайным, яна зацікавілася, а як толькі пачула, што ён, магчыма, закаханы ў панну Ізабэлу, дык уздыбілася, як чыстакроўны конь, якога кранулі шпорамі.

Пані Вансоўская была сапраўдная кабета, яна і ў думках не мела другі раз выходзіць замуж, а пагатоў адбіваць кавалераў у паннаў. Але, пакуль жыла на свеце, яна не магла дазволіць, каб гэткі мужчына мог кахаць нейкую іншую кабету, а не яе. Выгадна ажаніцца ён меў права, пані Вансоўская гатова была яму нават дапамагаць, але кахаць можна было толькі яе. Не таму нават, што яна лічыла сябе самай прыгожай, але з-за таго… гэткую ўжо яна мела натуру.

Пачуўшы, што панна Ізабэла прыязджае сёння, пані Вансоўская гвалтам забрала на прагулку Вакульскага. А калі на гасцінцы пад лесам угледзела воблачка пылу, паднятага каляскаю яе суперніцы, яна павярнула на лугавіну і там наладзіла грандыёзную сцэну з сядлом, якая ў яе не атрымалася.

Тым часам панна Ізабэла прыехала ў двор. Усё таварыства сустрэла яе на ганку, расказваючы на павітанне амаль тыя самыя навіны.

– Ведаеш, – ціха сказала ёй старшынёва, – прыехаў Вакульскі.

– Толькі пані нам не хапала, – выгукнуў барон, – каб Заславак стаў падобны на рай. Бо ўжо маем мы тут вельмі прыемнага таварыша і цудоўнага госця…

Панна Феліцыя Яноцкая адвяла панну Ізабэлу ў бок і са слязьмі ў голасе пачала ёй апавядаць:

– Ведаеш, прыехаў сюды пан Вакульскі… Ах, каб ты ведала, што гэта за чалавек!.. Але лепш я нічога табе не буду казаць, бо ты яшчэ падумаеш, што ён мяне цікавіць… Ну, і ўяві сабе, пані Вансоўская загадала яму ехаць з сабою на прагулку. Удваіх… Каб ты ведала, як ён, бедны, чырванеў… І я разам з ім. Бо і я хадзіла з ім на рыбалку, але тут паблізу, на сажалку, ды яшчэ быў з намі пан Юльян. Але каб я адна з ім паехала конна?.. Ніколі ў жыцці!.. Лепш памерці…

Панна Ізабэла вызвалілася ад іх і пайшла ў прызначаны ёй пакой. “Надакучыў мне гэты Вакульскі,” – падумала яна.

Насамрэч, гэта было не раздражненне, а нешта іншае. Дарогаю панна Ізабэла адчувала непрыязь да старшынёвай за яе неадкладнае запрашэнне, да цёткі – за тое, што тая загадала адразу ж ехаць, а больш за ўсё – да Вакульскага.

“Дык яны, і праўда, хочуць аддаць мяне гэтаму нуварышу? Пабачым, што з гэтага выйдзе!..”

Яна не сумнявалася, што першым чалавекам, які яе прывітае, будзе Вакульскі, і пастанавіла трактаваць яго ганарліва.

Тым часам, Вакульскі не толькі не выбег ёй насустрач, але быў на шпацыры з пані Вансоўскаю.

Гэта прыкра закранула панну Ізабэлу, і яна падумала:

“Якая была з яе какетка, такая і засталася, хоць гадоў трыццаць ужо мае!..”

Калі барон назваў Вакульскага цудоўным госцем, панна Ізабэла адчула нешта падобнае на гонар, але гэта доўжылася не не больш за імгненне. А калі панна Феліцыя адкрыта прызналася ёй у рэўнасці да Вакульскага, дык панна Ізабэла занепакоілася, праўда, толькі на момант.

“Наіўная гэта Феліцыя,” – сказала яна сама сабе.

Карацей, пагарду ў стаўленні да Вакульскага, якую яна планавала дарогаю, затапіла мешаніна такіх пачуццяў, як гнеў, лёгкае задавальненне і трывога. У гэты момант Вакульскі бачыўся панне Ізабэле ўжо іначай, чым раней. Гэта ўжо быў не нейкі там галантарэйны купец, а чалавек, што вярнуўся з Парыжу, быў вельмі багаты і меў сувязі, ім захапляўся барон, з ім какетнічала Вансоўская…

Ледзьве панна Ізабэла паспела пераапрануцца, як у яе пакой прыйшла старшынёва.

– Мая Бэля, – сказала старая, калі пацалавала яе яшчэ раз, – чаму ж Яанна не захацела прыехаць да мяне?

– Тата нездаровы, дык яна не хоча пакідаць яго.

– Прашу цябе… прашу цябе, не варта гэта казаць. Яна не прыедзе, бо не хоча спаткацца тут з Вакульскім, вось і ўвесь сакрэт… – крыху незадаволена адказала старшынёва. – Ён для яе тады добры, калі сыпле грошы на яе прытулак… Скажу табе, Бэля, твая цётка ніколі ўжо не нажыве розуму….

У панне Ізабэле азвалася даўняя горыч.

– Можа, цётка не лічыць адпаведным паказваць столькі спагады купцу, – адказала яна і пачырванела.

– Купец!.. Купец!.. – выбухнула старшынёва. – Вакульскі гэткая ж добрая шляхта, як і Старскія, і нават Заслаўскія… А што тычыцца купецтва… Мая Бэля, Вакульскі не прадаваў таго, што дзед твае цёткі… Можаш сказаць ёй гэта пры нагодзе. Мне лепш пачцівы купец, чым дзесяць аўстрыйскіх графоў. Добра мне вядомая вартасць тых тытулаў.

– Згодзіцца, пані, аднак, што нараджэнне…

Старшынёва іранічна засмяялася.

– Павер мне, Бэля, што нараджэнне – найменшая заслуга тых, хто нараджаецца. А што да чысціні крыві… Ах, Божа! Сапраўднае шчасце, што не надта клапоцімся мы, каб спраўджваць гэтыя рэчы. Кажу табе, пра нараджэнні не варта размаўляць з людзьмі такімі старымі, як я. Бо яны памятаюць і дзядоў, і бацькоў, дык часта толькі дзівяцца, чаму ўнук падобны не да бацькі, а да камердынера. Ну, але заўсёды можна выкарыстаць зручнае тлумачэнне, нібы той увесь час быў перад вачыма.

– Пані, аднак, вельмі падабаецца пан Вакульскі, – ціха прамовіла панна Ізабэла.

– Так, вельмі! – пацвердзіла старая. – Я кахала ягонага дзядзьку і ўсё жыццё была няшчасная, бо адарвалі мяне ад яго, якраз з тае самае прычыны, з-за якое твая цётка старанна пазбягае Вакульскага. Але ён не дасць сябе ў крыўду, не!.. – працягвала старшынёва. – Хто з гэткае галечы здолеў вылезці, хто без ценю заганы зарабіў маёнтак, вывучыўся, як ён, той можа не дбаць пра меркаванне ў салонах. Ты, хіба, ведаеш, якую ён іграе сёння ролю, чаго ён ездзіў у Парыж… Вось, запэўніваю цябе: не ён да салонаў, а салоны да яго прыйдуць, а першая будзе твая цётка, пры першай нагодзе. Я ведаю салоны лепш за цябе, дзіця, і павер мне, яны хутка будуць абіваць парогі ў Вакульскага. Гэта не такі лайдак, як Старскі, і не такі летуценнік, як князь, ані такі безгаловы, як Кшэшоўскі… Гэта чалавек дзеяння… Шчаслівая будзе кабета, якую ён абярэ ў жонкі… На бяду, у нашых паннаў больш запатрабаванняў, чым розуму ды сардэчнасці. Хоць, не ва ўсіх… Ну, але перапрашаю цябе, калі зляцела з языка ў мяне вострае слова. Зараз будзе абед.

З гэтым старшынёва выйшла і пакінула панну Ізабэлу ў глыбокім роздуме.

“Вядома, ён мог бы заняць месца барона, ды яшчэ як… – думала панна Ізабэла. – Той ужо нікуды не варты і дзівакаваты, а гэтага, прынамсі, шануюць людзі. Казя Вансоўская на гэтым знаецца, вось жа – узяла яго на шпацыр… Дык паглядзім, ці пан Вакульскі здолее быць верным… Добрая вернасць, ездзіць з іншаю кабетаю на прагулкі!.. Вельмі па-рыцарску…”

Якраз у гэты час Вакульскі вяртаўся з пані Вансоўскаю са шпацыру і на дзядзінцы фальварка ўбачыў каляску, з якое выпрагалі коней. Нарадзілася ў яго нясмелая здагадка, але ён баяўся запытацца, нават зрабіў выгляд, што не бачыць каляску.

Перад палацам ён аддаў каня хлопцу і загадаў прынесці вады ў свой пакой. І якраз тады, калі збіраўся ўжо спытаць, хто прыехаў, нешта сціснула яму горла, і ён не здолеў прамовіць ані слова.

“Глупства! – думаў ён. – Нават, каб і яна, дык што?.. Гэткая ж кабета, як панна Феліцыя, панна Эвеліна… Але я не такі, як барон…”

Думаючы гэта, ён адчуваў, аднак, што яна для яго не такая, як іншыя кабеты, і каб пажадала, ён паклаў бы ёй да ног увесь маёнтак і ўсё жыццё.

“Глупства! Глупства!.. – ціха паўтараў ён і хадзіў па пакоі. – Тут яе паклоннік, пан Старскі, з якім яна дамаўлялася весела прабавіць вакацыі… Я памятаю тыя позіркі, ах…”

Гнеў закіпаў у ім.

“Пабачым, панна Ізабэла, хто ты такая і чаго ты вартая. Цяпер я буду твой суддзя…” – вырашыў ён.

Пастукаліся ў дзверы, увайшоў стары лёкай. Ён агледзеўся і ціха сказаў:

– Ясная пані загадала паведаміць, што прыехала панна Ленцкая. Калі пан гатовы, дык просіць на абед…

– Скажы, што я ўжо іду, – адказаў Вакульскі.

Калі слуга выйшаў, ён хвіліну пастаяў ля акна, гледзячы ў парк, асветлены касымі промнямі сонца, і на бэзавы куст, на якім весела шчабяталі птушкі. Глядзеў, але на сэрцы ў яго было трывожна ад думкі, як ён сустрэнецца з паннай Ізабэлай…

“Што я ёй скажу, і які ў мяне будзе выгляд?”

Яму здавалася, што ўсе вочы будуць скіраваныя на іх, і што ён скампраметуе сябе нечым.

“Я ж сказаў ёй, што я верны слуга ім… як сабака!.. Але трэба ісці туды…”

Ён выйшаў, вярнуўся, зноў выйшаў на калідор. Да дзвярэй ён падыходзіў марудна, адчуваючы, што губляе сілы і ператвараецца ў прасцяка, які павінен стаць перад каралём.

Ён узяўся за клямку, але спыніўся… У сталовым пакоі гучаў смех кабет. У яго пацямнела ў вачах, ён хацеў уцячы і перадаць праз слугу, што захварэў. Раптам ён пачуў за сабою крокі і штурхануў дзверы.

У пакоі ён убачыў усё таварыства і, галоўнае, панну Ізабэлу, якая размаўляла са Старскім. Яна глядзела на яго тым самым позіркам, а ў яго была гэткая ж іранічная ўсмешка, як тады ў Варшаве…

Імгнення хапіла, каб Вакульскі адчуў, як вярнулася сіла, як яго накрывае хваляю гневу. Ён увайшоў з узнятаю галавою, павітаўся са старшынёвай і пакланіўся панне Ізабэле, якая пачырванела і працягнула яму руку.

– Вітаю пані. Як маецца пан Ленцкі?

– Тата крыху акрыяў. Загадаў кланяцца пану…

– Вельмі прыемна, што ён памятае пра мяне. А пані графіня?

– У цёткі ўсё добра.

Старшынёва села ў фатэль. Прысутныя пачалі займаць месцы пры стале.

– Пан Вакульскі, няхай пан садзіцца побач са мною, – паклікала пані Вансоўская.

– З найвялікшаю ахвотаю, калі жаўнер мае права сесці ў прысутнасці свайго камандзіра.

– Яна ўжо ўзяла над табою ўладу, пане Станіславе? – з усмешкаю спытала старшынёва.

– Але ж так! Рэдка здараецца падобная муштроўка…

– Ён мне помсціць, што заблудзіўся са мною, – заўважыла пані Вансоўская.

– Калі заблукаеш, дык шпацыр робіцца больш прыемным, – адказаў Вакульскі.

– Я быў упэўнены, што так і будзе, але не думаў, што гэтак хутка… – азваўся барон, паказваючы прыгожы набор сваіх штучных зубоў.

– Прашу кузіна перадаць мне соль, – звярнулася панна Ізабэла да Старскага.

– Калі ласка… Ах, рассыпаў!.. Пасварымся.

– Нам ужо, хіба, гэта не пагражае, – з камічнаю сур’ёзнасцю адказала панна Ізабэла.

– Вы дамовіліся ніколі больш не сварыцца? – спытала пані Вансоўская.

– Не маем намеру выбачаць, – адказала панна Ізабэла.

– Цудоўна! – прамовіла пані Вансоўская. – На месцы пана, пане Казіміру, я ўжо пакінула б усе надзеі.

– Хіба ж мне можна было некалі іх мець! – уздыхнуў Старскі.

– Сапраўднае шчасце для нас абаіх… – ціха сказала панна Ізабэла.

Вакульскі слухаў і глядзеў. Панна Ізабэла падтрымлівала гутарку нязмушана і спакойна, пасмейваючыся са Старскага, якога зусім гэта не хвалявала. Крадком, праўда, той кідаў позіркі на панну Эвеліну Яноцкую, якая, ціха размаўляючы з баронам, то румянілася, то бляднела.

Вакульскі адчуў, як з душы ў яго зваліўся камень.

“Відавочна, – думаў ён, – калі ў гэтым таварыстве Старскі і заняты некім, дык толькі паннаю Эвелінаю, а яна – ім…”

У гэты момант абудзілася ў ім радасць і вялікае спачуванне да ашуканага барона.

“Але я перасцерагаць яго не буду! – вырашыў ён. – Хоць радавацца чужой бядзе – нягоднае пачуццё”.

Абед скончыўся, панна Ізабэла падышла да Вакульскага.

– Ці ведае пан, што я адчула, калі ўбачыла пана? – спытала яна. – Засмучэнне. Я прыгадала, як мы ўтрох збіраліся ехаць у Парыж: я, бацька і пан. І з нашае тройцы лёс быў ласкавы толькі да пана. Пан добра бавіўся?.. За ўсіх нас?.. Павінен пан падзяліцца са мною трацінаю сваіх уражанняў.

– А калі яны не былі вясёлыя?

– Чаму?

– Хоць бы таму, што пані не было там, дзе планавалася быць разам.

– Наколькі мне вядома, пан умее добра бавіцца і там, дзе мяне няма, – адказала панна Ізабэла і адышла.

– Пане Вакульскі, – паклікала пані Вансоўская.

Але яна зірнула на яго, на панну Ізабэлу і неахвотна прамовіла:

– Альбо не… ужо не трэба… Даю пану на сёння адпачынак. Хадземце, панства, у парк. Пане Ахоцкі…

– Пан Ахоцкі будзе сёння вучыць мяне метэаралогіі, – азвалася панна Феліцыя.

– Метэаралогіі?.. – перапытала пані Вансоўская.

– Так… Мы якраз ідзем у абсерваторыю…

– Ці пан толькі метэаралогію мае намер выкладаць? – запыталася пані Вансоўская. – На ўсялякі выпадак я параіла б запытацца ў бабулі, што яна думае пра гэту метэаралогію…

– Пані заўсёды робіць мне нейкі скандал! – абурыўся Ахоцкі. – Пані можа ездзіць са мною па хмызняках, а панне Феліцыі нельга нават зазірнуць у абсерваторыю.

– Але ж зазірайце сабе, каханыя мае, а мы пайшлі ўжо ў парк. Барон… Бэла…

Яны выйшлі. У першай пары – пані Вансоўская з паннай Ізабэлай, за імі Вакульскі, далей – барон з нарачонаю, апошнімі – панна Феліцыя з Ахоцкім, які махаў рукамі і даводзіў:

– Нічога ніколі не даведаецца пані новага, адно што – пра чарговы дзівачны капялюш або сёмую ці восьмую фігуру кантрдансу, калі нейкі разумнік яе выдумае. Ніколі і нічога!.. – дадаў ён з драматычнай інтанацыяй у голасе. – Бо заўсёды знойдзецца нейкая баба…

– Фі! Пане Юльяне, хто ж гэтак гаворыць?..

– Так, нязносная баба, якая будзе лічыць непрыстойным, што пані пойдзе са мною ў лабараторыю…

– Бо, можа, гэта сапраўды нядобра…

– Так, нядобра!.. Дэкальтэ да пояса – добра, браць урокі спеваў у нейкага італьянца, які не чысціць пазногці…

– Але бачыць пан… Каб маладыя панны заставаліся сам-насам з маладымі людзьмі, дык нейкая з іх магла б і закахацца…

– І што? Няхай кахае. Ці лепш, каб не закахалася і засталася дурніцаю?.. Пані – дзікая кабета, пані Феліцыя…

– О, пане…

– І няхай пані не дурыць мне галавы сваімі воклічамі. Альбо пані хоча вучыцца метэаралогіі, у такім выпадку хадзем наверх…

– Але з Эвелінкаю або з пані Вансоўскаю.

– Добра, добра… Лепш забудземся на гэта, – скончыў Ахоцкі і, каб паказаць, як ён раззлаваўся, запхнуў рукі ў кішэні.

Маладая пара раскрычалася на ўвесь парк, што вельмі цешыла пані Вансоўскую, якая рагатала. Калі тыя сцішыліся, да вушэй Вакульскага данёсся шэпт барона і пані Эвеліны.

– Ці не праўда, – казаў барон, – колькі гэты Старскі страчвае?.. Кожны дзень, пані, адны страты. Пані Вансоўская насміхаецца з яго, панна Ізабэла зусім ігнаруе, нават не цікавіцца ім панна Феліцыя. Заўважыла пані?..

– Так, – ціха адказала нарачоная.

– Гэта адзін з тых маладых людзей, уся аздоба якіх – надзея на добрую спадчыну. Хіба я не маю рацыі?..

– Так.

– А калі знікла надзея на старшынёву, Старскі перастаў быць цікавы. Праўда?..

– Так, – адказала панна Эвеліна і цяжка ўздыхнула. – Я пасяджу тут, – дадала яна гучна, – а пан, можа, прынясе мне шаль з пакоя? Перапрашаю…

Вакульскі павярнуў галаву. Панна Эвеліна ўпала на лаўку бледная і знясіленая, а барон замітусіўся над ёю.

– Я ўжо іду, – сказаў ён. – Пане Вакульскі… можа, пан згодзіцца заступіць мяне… Я пабягу і праз хвіліну вярнуся…

Ён пацалаваў нарачоную ў руку і пайшоў да палаца.

Вакульскі заўважыў раптам, што ногі ў барона, як трэскі, і не надта яго слухаюцца.

– Пан даўно знаёмы з баронам? – спытала панна Эвеліна ў Вакульскага. – Пройдземся крыху да альтанкі…

– Гэтымі днямі якраз меў прыемнасць зблізіцца з ім.

– Ён вялікі прыхільнік пана… Ён кажа, што першы раз спаткаў чалавека, з якім гэтак прыемна пагутарыць.

Вакульскі ўсміхнуўся.

– Вядома, – прамовіў ён, – гэта толькі таму, што ўсе яго размовы толькі пра пані.

Панна Эвеліна моцна пачырванела.

– Так, гэта вельмі высакародны чалавек, ён мяне вельмі кахае… Праўда, паміж намі ёсць розніца ва ўзросце, але гэта не шкодзіць. Дасведчаныя пані сцвярджаюць, што чым муж старэйшы, тым ён больш верны, а для кабеты прывязанасць мужа гэта ўсё, праўда? Кожная з нас шукае ў жыцці кахання, а хто мне можа гарантаваць, што я спаткаю другое, падобнае да гэтага?.. Ёсць людзі і маладзейшыя за яго, і прыгажэйшыя, можа, нават больш здольныя, але ніводзін з іх не сказаў мне, аднак, з гэткаю сардэчнасцю, што шчасце ягонага жыцця – у маіх руках. Ці можна гэтаму супраціўляцца, каб нават гэта і вымагала пэўнае ахвяры? Няхай мне пан скажа.

Яна затрымалася ў алеі і з непакоем пазірала яму ў вочы, чакаючы адказу.

– Я не ведаю, пані. Гэта справа асабістых пачуццяў, – адказаў ён.

– Гэта нядобра, што пан мне гэтак адказвае. Бабуля кажа, што ў пана моцны характар. Я да гэтага ніколі не сустракала людзей з моцным характарам, а сама я маю вельмі слабы. Я не магу супраціўляцца, баюся адмовіць… Можа, я кепска раблю, прынамсі, некаторыя даюць мне зразумець, што я кепска раблю, бо выходжу за барона. І пан так думае? Ці здолеў бы пан унікаць некага, хто б сказаў, што кахае пана больш за ўласную душу, што без узаемнасці рэшта жыцця, якая яму засталася, міне ў самотнасці і роспачы? Каб нехта на вачах пана ляцеў у прорву і маліў аб паратунку, ці не падаў бы пан яму рукі і гэткім чынам не прывязаўся б да яго, пакуль не падышла б дапамога?

– Я не кабета, і ніколі ніхто не прасіў мяне, каб я ахвяраваў дзеля некага свабодаю, дык не ведаю, што б я зрабіў, – незадаволена адказаў Вакульскі. – Але як мужчына, я ведаю, што не стаў бы жабраваць, нават кахання.

– І яшчэ я скажу пані, – дадаў ён (яна глядзела на яго з адкрытым ротам), – я не толькі не прасіў бы, але і не прыняў бы нажабраваную ахвяру сэрца. Гэткія дары бываюць звычайна нясталыя…

Бакавою сцяжынаю да іх бег Старскі. Ён быў моцна заклапочаны і гукаў:

– Пане Вакульскі, дамы шукаюць пана ў ліпавай алеі… Там мая бабуля, пані Вансоўская…

Вакульскі завагаўся, не ведаючы, што яму рабіць.

– О, няхай пан не турбуецца за мяне, – прамовіла панна Эвеліна і пачырванела мацней, чым звычайна. – Зрэшты, зараз прыйдзе барон, і мы ўтраіх далучымся да панства…

Вакульскі развітаўся з імі і пайшоў.

“Нішто сабе! – думаў ён. – Панна Эвеліна з літасці выходзіць за барона і, пэўна, з літасці заводзіць раман са Старскім… Я разумею кабету, якая выходзіць замуж з-за грошай, хоць гэта неразумны спосаб заробку… Я разумею нават маладзіцу, якая пасля шчаслівага замужжа раптам закахаецца і падманвае мужа… Яна баіцца скандалу, у яе дзеці, мноства сувязяў… Але панна, якая падманвае нарачонага, гэта нешта новае…”

– Панна Эвеліна!.. Панна Эвеліна!.. – гукаў барон, які набліжаўся да месца, дзе быў Вакульскі.

Той хутка збочыў са сцяжыны і стаў за куст.

“Цікава, – падумаў ён, – што я скажу, калі ён мяне ўбачыць?.. Якога д’ябла было мне ўлазіць ў гэты бруд?..”

– Панна Эвеліна!.. Панна Эвеліна!.. – гукаў барон ужо далей.

“Салавейка вабіць самачку, – думаў Вакульскі. – Аднак, сапраўды, ці можна рашуча асуджаць гэту кабету?.. Яна прызнаецца ўголас, што не мае характару, а ціхенька – што ёй трэба грошы, якіх у яе няма і без якіх яна, як рыба без вады, жыць не можа. Дык што ёй рабіць?.. Выходзіць яна, бедачына, замуж за багатага. Але і сэрца ў яе азываецца, каханак угаворвае ісці замуж, і абое лічаць, што пяшчота старога мужа не сапсуе ім смаку, дык яны робяць вынаходніцтва: здрада перад шлюбам, і нават пра патэнт не стараюцца. Зрэшты, можа, яны гэткія цнатлівыя, што дамовіліся здрадзіць толькі пасля шлюбу… Цудоўная кампанія!.. Грамадства часам прадукуе цікавыя рэчы… І падумаць толькі: кожнаму з нас можа трапіцца падобны прысмак!.. Сапраўды, не варта гэтак давяраць паэтам, калі яны расхвальваюць каханне, як найвышэйшае шчасце…”

– Панна Эвеліна!.. Панна Эвеліна!.. – енчыў барон.

“Якая ж у яго паганая роля, – падумаў Вакульскі. – Я лепш у лоб стрэліў бы сабе, абы не зрабіцца падобным блазнам”.

У бакавой алеі ён спаткаў паняў разам са старшынёваю і яе пакаёўкаю з кошыкам.

– А вось і ты, – звярнулася старая да Вакульскага, – вельмі добра. Пачакай тут Эвелінку з баронам. Можа, ён ўжо знойдзе яе, нарэшце, – дадала яна і злёгку спахмурнела. – А мы з Казяю пойдзем да коней.

– Пан Вакульскі таксама мог бы пачаставаць цукрам свайго каня, які гэтак добра яго насіў сёння, – крыху капрызліва прамовіла пані Вансоўская.

– Не чапай яго, – спыніла яе старшынёва. – Мужчыны любяць толькі язду, а не пяшчоты.

– Няўдзячныя! – ціха сказала пані Вансоўская і падала руку старшынёвай.

Яны пайшлі і хутка зніклі за брамкаю. Пані Вансоўская азірнулася і, убачыўшы, што Вакульскі пазірае на яе, адвярнулася.

– Ці будзем мы шукаць нарачоных? – спытала панна Ізабэла.

– Як пані загадае, – адказаў Вакульскі.

– Дык, можа, лепш не будзем ім назаляць. Падобна, шчаслівыя не любяць сведак.

– Пані ніколі не была шчаслівая?..

– Ах, я?.. Чаму ж не?.. Але не так, як Эвелінка і барон.

Вакульскі ўважліва паглядзеў на яе.

Яна была задуменная і спакойная, як скульптура грэцкае багіні.

“Ну, ужо гэта не будзе ашукваць,” – падумаў Вакульскі.

Яны нейкі час ішлі моўчкі ў бок найбольш здзічэлае часткі парку. Часам між старымі дрэвамі блішчэла ў чырвані сонечнага заходу акно палаца.

– Пан першы раз быў у Парыжы? – спытала панна Ізабэла.

– Першы.

– Які цудоўны горад, праўда?!.. – выгукнула яна, зазіраючы яму ў вочы. – Няхай кажуць, што хочуць, але Парыж, нават пераможаны, не перастаў быць сталіцаю свету. І на пана ён зрабіў гэткае ўражанне?..

– Імпануючае. Мне здаецца, што за некалькі тыдняў знаходжання там дадалося мне сілы і адвагі. Сапраўды, толькі там я навучыўся адчуваць гонар за сваю працу.

– Няхай пан растлумачыць мне гэта.

– Вельмі лёгка. У нас чалавечая праца дае слабыя вынікі: мы ўбогія і занядбаныя. А там праца яснее, як сонца. Якія там гмахі, пакрытыя аздобамі ад дахаў да ходнікаў, нібы каштоўныя шкатулкі! А цэлыя гушчары скульптур ды карцін, цэлыя пушчы машын, а тая прорва фабрычных і рамесніцкіх вырабаў!.. У Парыжы я зразумеў, што чалавек толькі з выгляду істота дробная і слабая. У сапраўднасці гэта геніяльны і бессмяротны волат, які з аднолькавай лёгкасцю варочае скалы і выточвае з іх нешта больш тонкае за карункі.

– Так, – згадзілася панна Ізабэла. – Французская арыстакратыя мела магчымасць і час ствараць гэтыя творы мастацтва.

– Арыстакратыя?.. – перапытаў Вакульскі.

Панна Ізабэла спынілася.

– Пан, хіба, не будзе сцвярджаць, што галерэі Луўру стварыла Канвенцыя або прадстаўнікі Парыжскіх цэхаў?

– Вядома, не, але не стварылі іх і магнаты. Гэта агульная справа французскіх будаўнікоў, муляраў, цесляроў, нарэшце, мастакоў і скульптараў з усяго свету, якія нічога агульнага не маюць з арыстакратыяй. Хіба можна ўвянчаць лайдакоў за працу і заслугі іншых людзей – геніяльных, нават няхай толькі працавітых.

– Лайдакі і арыстакратыя! – выгукнула панна Ізабэла. – Мяркую, што гэта слова хутчэй моцнае, чым слушнае.

– Дазволіць мне пані задаць адно пытанне? – спытаў Вакульскі.

– Калі ласка.

– Спачатку бяру назад слова “лайдакі”, калі яно пані ўразіла, а потым… Няхай мне пані зробіць ласку паказаць чалавека з тае сферы, пра якую мы гаворым, які б нешта рабіў… Я ведаю каля двух дзясяткаў гэтых паноў, гэта таксама і знаёмыя пані. Дык што яны робяць усе, пачынаючы ад князя, самае шляхетнае ў свеце асобы, якога, зрэшты, апраўдвае яго век, а сканчаючы… хоць бы панам Старскім, які свае бясконцыя вакацыі не можа апраўдаць нават маёмасным становішчам…

– Ах, мой кузін!.. Ён, хіба, ніколі не меў намеру служыць прыкладам у чым бы там ні было. Зрэшты, мы гаворым не пра нашу арыстакратыю, а пра французскую.

– А тыя што робяць?

– О, пане Вакульскі, тыя шмат робяць. Перадусім яны стварылі Францыю, былі яе рыцарамі, правадырамі, міністрамі і святарамі. Нарэшце, сабралі тыя скарбы мастацтва, якія пан там сам бачыў.

– Няхай пані скажа, што яны аддавалі шмат загадаў і трацілі шмат грошай, а стварыў Францыю і мастацтва, аднак, нехта іншы. Стваралі яе жаўнеры і маракі, якім мала плацілі, ды прыдушаныя падаткамі рольнікі і рамеснікі, нарэшце, вучоныя ды мастакі. Я чалавек дасведчаны і запэўніваю пані, што лягчэй строіць планы, чым іх выконваць, і грошы лягчэй траціць, чым іх назапашваць.

– Пан – непрымірымы вораг арыстакратыі.

– Не, пані, я не магу быць ворагам тых, хто мне не шкодзіць. Мяркую толькі, што займаюць яны прывілеяванае месца незаслужана і, каб утрымацца, насаджаюць у грамадстве пагарду да працы і шацунак да лайдацтва і раскошы.

– Пан прадузяты, бо нават і тая, як пан кажа, лайдацкая арыстакратыя адыгрывае важную ролю на свеце. Тое, што пан называе раскошаю, насамрэч з’яўляецца выгодаю, прыемнасцю і далікатнасцю, якую пераймаюць ад арыстакратыі нават ніжэйшыя класы і гэткім чынам цывілізуюцца. Я чула ад вельмі ліберальных людзей, што ў грамадстве мусяць быць класы, якія клапоцяцца пра навуку, мастацтва і вытанчаныя манеры дзеля таго, каб, па-першае, іншыя мелі жывы ўзор перад сабою, а па-другое, каб мелі стымулы да высакародных учынкаў. Гэтак жа ў Англіі і Францыі шмат хто, нават з людзей простага паходжання, як толькі разбагацее, адразу набывае дом, каб мець магчымасць прымаць людзей з добрага таварыства, а потым стараецца, каб і яго прымалі.

Моцная чырвань выступіла на твары Вакульскага. Панна Ізабэла, нават не гледзячы на яго, заўважыла гэта і працягвала:

– Нарэшце, тое, што пан называе арыстакратыяй, а што я называю вышэйшым класам, гэта асаблівая парода. Можа, пэўная частка яе зашмат лайдачыць, але варта некаму за нешта ўзяцца, дык адразу вызначыцца: энергіяй, розумам, нават адною толькі высакароднасцю. Перапрашаю, але я хачу прыгадаць тут словы, якія князь часта паўтараў пра пана: “Каб Вакульскі не быў добрым шляхціцам, не быў бы ён тым, чым ёсць сёння…”

– Памыляецца князь, – суха адказаў Вакульскі. – Тое, што я маю і што ўмею, дало мне не шляхецтва, а цяжкая праца. Я больш рабіў, дык і маю больш, чым іншыя.

– Але ці мог бы пан рабіць больш, каб нарадзіўся некім іншым? – запыталася панна Ізабэла. – Мой кузін Ахоцкі натураліст і дэмакрат, як пан, а між тым, верыць у добрыя і кепскія пароды, гэтаксама, як і князь. Ён таксама прыводзіць у прыклад пана, як доказ спадчыннасці. “Вакульскаму, – кажа, – спрыяе лёс, але сіла духа ў яго ад паходжання”.

– Вельмі ўдзячны ўсім, хто робіць мне гонар залічэннем да нейкае прывілеяванай пароды, – сказаў Вакульскі. – Але я ніколі не паверу ў прывілеі без працы і заўсёды буду вышэй ставіць заслугі людзей нізкага паходжання за прэтэнзіі людзей добрага нараджэння.

– Дык, паводле пана, гэта не заслуга – клапаціцца пра больш далікатныя пачуцці і вытанчаныя манеры?

– Чаму не? Але гэткую ролю ў грамадстве адыгрываць кабеты. Іх прырода надзяліла больш чулымі сэрцамі, лепшаю фантазіяй, больш тонкімі адчуваннямі, і яны, а не арыстакратыя, у штодзённым жыцці падтрымліваюць вытанчанасць, у манерах – лагоднасць, і нават здольныя абуджаць у нас самыя высокія пачуцці. Тою лямпаю, бляскам якой асветленая дарога цывілізацыі, з’яўляецца кабета. Яна таксама бывае невідочнаю спружынаю ўчынкаў, якія патрабуюць поўнага напружання сілаў…

Цяпер пачырванела панна Ізабэла. Яны ішлі нейкі час моўчкі. Сонца ўжо схавалася за гарызонтам, а паміж дрэў парку на захадзе блішчаў серп месяца. Вакульскі глыбока задумаўся, параўноўваючы дзве сённяшнія размовы: адну з пані Вансоўскаю, другую – з паннаю Ізабэлаю.

“Якія розныя кабеты!.. І ці ж не меў я рацыі, калі выбраў гэту…”

– Магу я задаць пану нетактоўнае пытанне? – азвалася раптам панна Ізабэла мяккім тонам.

– Любое, самае нетактоўнае.

– Праўда, што паехаў пан у Парыж вельмі абражаны на мяне?..

Ён хацеў сказаць, што яшчэ горш за абразу было падазрэнне ў крывадушнасці, але маўчаў.

– Я вінаватая перад панам… Падазравала пана…

– Ці не ў крадзяжы з пасярэдніцтвам жыдоў падчас пакупкі дома? – запытаўся, усміхаючыся, Вакульскі.

– О, не! – жвава адгукнулася яна. – Наадварот, я падазравала пана ва ўчынку вельмі хрысціянскім, якога, аднак, нікому б не магла дараваць. Нават думала, што наш дом купіў пан… занадта дорага…

– Цяпер, хіба, пані ўжо супакоілася.

– Так. Я даведалася, што баранеса Кшэшоўская хоча даць за яго дзевяноста тысяч.

– Праўда? Яна нічога мне не казала, хоць я і чакаў гэтага.

– Я вельмі ўсцешаная, што гэтак сталася, што пан не страціць, бо… толькі цяпер я магу пану падзякаваць ад усяго сэрца, – казала панна Ізабэла, падаючы яму руку. – Я разумею высакароднасць панскае паслугі. Майго бацьку баранеса магла пакрыўдзіць, нават абабраць, а пан выратаваў яго ад банкруцтва, можа, ад смерці… Такія рэчы не забываюцца…

Вакульскі пацалаваў ёй руку.

– Ужо вечар, – прамовіла яна няўпэўнена. – Пойдзем дадому… Усё таварыства ўжо, напэўна, вярнулася з парку…

“Калі яна не анёл, дык я сабака!..” – падумаў Вакульскі.

Усе былі ўжо ў палацы, дзе неўзабаве падалі вячэру. Вечар мінуў весела. Аб адзінаццатай Ахоцкі пайшоў разам з Вакульскім да яго пакоя.

– Што ж? – запытаўся Ахоцкі. – Я чуў, што вы размаўлялі з кузінаю пра арыстакратыю?.. Пераканаў яе пан, што гэта зброд?..

– Не! Панна Ізабэла надта добра бароніць свае ідэі. Як яна хораша гаварыла!.. – адказаў Вакульскі, стараючыся схаваць сваё хваляванне.

– Яна, мусіць, казала пану, што арыстакратыя клапоціцца пра навуку і мастацтва, што без яе не было б добрых манер, а яе становішча – тая мэта, да якой імкнуцца дэмакраты і гэткім чынам робяцца шляхетнымі… Скрозь я чую гэтыя аргументы. Хоць вушы затыкай.

– Пан сам, аднак, верыць у чысціню крыві, – адказаў Вакульскі, якому зрабілася прыкра.

– Вядома… Але тую чыстую кроў трэба няспынна асвяжаць, бо іначай яна хутка псуецца, – адказаў Ахоцкі. – Ну, але дабранач пану. Пабачу, што там кажа анероід, бо ў барона ломіць косці, дык заўтра можа быць вільготнае надвор’е.

Ледзь выйшаў Ахоцкі, як у пакоі Вакульскага з’явіўся барон. Ён кашляў, быў узрушаны, але ўсміхаўся.

– А… цудоўна! – прамовіў ён, але павекі ў яго нервова задрыжалі. – А… цудоўна… здрадзіў мне пан… пакінуў пан маю нарачоную ў парку адну… Я жартую… жартую, – дадаў ён, паціскаючы Вакульскаму руку. – Але… Праўда, мог мець да пана прэтэнзіі, але вярнуўся я досыць хутка і… акурат сутыкнуўся з панам Старскім, які ішоў з іншага канца алеі…

Вакульскі ўжо другі раз за гэты вечар пачырванеў, як падлетак.

“Чаго я ўблытаўся ў гэтыя інтрыгі ды хлусню!” – падумаў ён, усё яшчэ раздражнёны словамі Ахоцкага.

Барон адкашляўся і правіў далей прыцішаным голасам:

– Няхай пан, аднак, не думае, што я раўную нарачоную… Было б гэта вельмі нізка з майго боку… Гэта не кабета, гэта анёл, якому ў любы момант даверыў бы я ўвесь маёнтак, жыццё… Што я кажу, жыццё?.. Склаў бы ў яе рукі жыццё вечнае, і быў бы спакойны ды ўпэўнены, як у тым, што заўтра сонца ўзыдзе… Сонца я магу і не ўбачыць, Божа мой, кожны з нас смяротны, але… Але ў ёй я не сумняюся. Няма ў мяне і ценю сумневу, даю пану слова, пане Вакульскі… Уласным вачам бы не верыў, а не толькі падазрэнням каго б там ні было або намёкам… – скончыў ён гучней.

– Але, бачыць пан, – пачаў ён зноў пасля паўзы, – гэты Старскі – мярзотная фігура. Нікому б я таго не сказаў, але… бачыць пан, як ён абыходзіцца з кабетамі?.. Думае пан, што ён усяго толькі ўздыхае, заляцаецца, моліць пра ласкавае слова і поціск рукі?.. Не, ён іх трактуе як самак самым брутальным чынам… Уздзейнічае ім на нервы сваімі размовамі, сваімі позіркамі…

Барон папярхнуўся, вочы яго наліліся крывёю. Вакульскі слухаў яго і раптам з’едлівым тонам сказаў:

– Хто ведае, бароне, можа, Старскі і мае рацыю. Нас вучылі бачыць у кабетах анёлаў, і мы гэтак да іх ставімся. А калі яны, у першую чаргу, самкі, дык мы ў іх вачах выглядаем большымі дурнямі і недарэкамі, чым ёсць, а Старскі мусіць трыумфаваць. Той з’яўляецца гаспадаром касы, хто мае патрэбны ключ да замка, бароне! – скончыў ён і зарагатаў.

– Пан гэта кажа, пане Вакульскі?..

– Я, пане. І не раз узнікала ў мяне пытанне: ці не занадта мы абагаўляем кабет, ці, наогул, не ставімся мы да іх занадта сур’ёзна. Больш сур’ёзна і ўрачыста, чым да саміх сябе…

– Панна Эвеліна выключэнне!.. – закрычаў барон.

– Што існуюць выключэнні, я пярэчыць не буду. Хто ведае, аднак, ці не адкрыў гэты Старскі агульнага правіла.

– Можа быць, – адказаў раззлаваны барон, – але гэта правіла не стасуецца да панны Эвеліны. І калі я аберагаю яе… а хутчэй не жадаю, каб яна мела стасункі са Старскім, бо яна сама не жадае, дык гэта толькі дзеля таго, каб падобны чалавек не скаламуціў яе чыстыя думкі нейкім словам… Ну, але пан стомлены… Перапрашаю за візіт у гэткі неадпаведны час.

Барон выйшаў і ціха зачыніў за сабою дзверы. Вакульскі застаўся адзін, паглыблены ў свае невясёлыя думы.

“Што той Ахоцкі казаў? Нібы ад аргументаў панны Ізабэлы ўжо хоць вушы затыкай? Дык тое, што я чуў, было ў яе не ад узрушанасці, а даўно вывучаным урокам?.. Дык яе довады, захапленне, нават хваляванне – гэта толькі спосаб, з дапамогаю якога добра выхаваныя панны зачароўваюць гэткіх прасцякоў, як я?..

А можа, ён проста закаханы і хоча дыскрэдытаваць яе ў маіх вачах?.. Ну, калі кахае, дык навошта яму дыскрэдытаваць, няхай скажа, а яна няхай абірае… Вядома, Ахоцкі мае болей шанцаў, чым я. Так, я не страціў яшчэ розуму і бачу гэта… Малады, прыгожы, геніяльны… Што ж, няхай абірае: слава ці панна Ізабэла.

Зрэшты, – снаваліся далей яго думкі, – ці мне гэтак важна, што панна Ізабэла ўжывае, часам, тыя самыя аргументы ў дыспутах. Яна не Дух Святы, каб кожны раз казаць нешта новае, і я не аж гэткая асоба, дзеля якой трэба высільвацца на арыгінальнасць. Няхай гаворыць, як хоча…

Галоўнае, што да яе, хіба, не стасуецца агульнае правіла пра кабет… Пані Вансоўская – гэта перадусім прыгожая самка, а яна – не…

Ці не тое самае казаў барон пра сваю панну Эвеліну?..”

Лямпа пачала куродыміць. Вакульскі задзьмуў яе і ўпаў на ложак.

Два наступныя дні ішоў дождж, і госці Заслаўка не выходзілі з дому. Ахоцкі абклаўся кніжкамі і амаль не паказваўся, панна Эвеліна хварэла на мігрэнь, панны Ізабэла і Феліцыя гарталі французскія ілюстраваныя часопісы, а рэшта таварыства на чале са старшынёвай засела за віст.

Пры гэтым Вакульскі заўважыў, што пані Вансоўская замест таго, каб какетнічаць з ім, хоць і былі ўсе ўмовы, паводзіць сябе вельмі абыякава. І яшчэ яго здзівіла, калі яна вырвала руку ў Старскага, які хацеў яе пацалаваць, абразілася ды запатрабавала, каб ён ніколі больш не наважваўся гэтага рабіць. Яе гнеў быў такі шчыры, што Старскі і сам здзівіўся ды збянтэжыўся, а барон, хоць яму і не ішла карта, быў потым у дасканалым гуморы.

– Ці мне таксама не дазволіць пані пацалаваць сваю руку?.. – запытаўся барон праз нейкі час.

– Пану можна, – адказала яна і падала руку.

Барон прыклаўся да яе, як да рэліквіі, з трыумфам пазіраючы на Вакульскага, які падумаў, што яго тытулаванаму прыяцелю, магчыма, рана яшчэ цешыцца.

Старскі гэтак засяроджана глядзеў у свае карты, што, здавалася, не заўважыў таго, што адбылося.

На трэці дзень распагодзілася, а на чацвёрты было ўжо гэтак цёпла і суха, што панна Феліцыя прапанавала пайсці ў грыбы.

Старшынёва загадала ў гэты дзень раней падаць другі сняданак, а абед – пазней. Каля паловы на першую перад палацам стаяла ўжо брычка, і пані Вансоўская дала сігнал сядаць.

– Варта паспяшацца, бо шкада часу… Дзе твой шаль, Эвелінка? Слугі няхай садзяцца ў воз і бяруць кошыкі. А цяпер, – дадала яна і слізганула позіркам па Вакульскім, – кожны з паноў няхай абірае сабе даму…

Панна Феліцыя хацела пратэставаць, але ў гэты момант барон падскочыў да панны Эвеліны, а Старскі – да панны Вансоўскае, якая прыкусіла вусны і прамовіла:

– Я ўжо думала, што пан ніколі мяне не абярэ.

І яна з гневам зірнула на Вакульскага.

– Дык мы, кузінка, будзем трымацца разам, – звярнуўся Ахоцкі да панны Ізабэлы. – Але ў такім разе пані павінна сесці паблізу козлаў, бо я буду правіць.

– Пані Вансоўская не дазваляе, бо пан нас выверне, – закрычала панна Феліцыя, якой лёс прызначыў Вакульскага.

– Чаму не? Няхай правіць, няхай выварочвае… – прамовіла пані Вансоўская. – Я сёння ў такім настроі, што згодная, каб паламалі нам ногі… Бедны той рыжык, што трапіцца мне ў рукі!..

– Я першы з іх, – азваўся Старскі, – калі гаворка пра тое, каб з’есці.

– Чаму не? Калі згодзіцца пан на адсячэнне спачатку галавы, – адказала пані Вансоўская.

– У мяне яе даўно ўжо няма…

– Не даўней, чым я гэта заўважыла… Але сядайма і паехалі.

XXVII. ЛЯСЫ, РУІНЫ І ЧАРЫ

Яны рушылі.

Барон, як звычайна, шаптаўся з нарачонаю. Старскі нястрымна заляцаўся да Вансоўскае, якая, што дзівіла Вакульскага, прымала гэта досыць зычліва, а Ахоцкі правіў чацверыком. Тым разам, аднак, яго фурманскаму энтузіязму перашкаджала суседства панны Ізабэлы, да якое ён штохвіліны паварочваўся.

“Забаўны птах гэты Ахоцкі! – думаў Вакульскі. – Мне кажа, што ад аргументаў паны Ізабэлы яму хоць вушы затыкай, а цяпер толькі з ёю і размаўляе… Вядома, ён хацеў мяне знеахвоціць…”

І настрой у яго зрабіўся вельмі змрочны, бо ён быў ужо амаль пэўны, што Ахоцкі закаханы ў панну Ізабэлу, і што з гэтакім канкурэнтам няма чаго і змагацца.

“Малады, прыгожы, здольны… – думаў ён. – Яна б не мела вачэй, хіба, або розуму, каб, абіраючы паміж ім і мною, не аддала перавагі яму… Але і ў такім выпадку я мусіў бы прызнаць яе высакародную натуру, бо ёй падабаецца Ахоцкі, а не Старскі. Бедны барон, а яшчэ больш бедная яго нарачоная, якая гэтак відавочна зачараваная Старскім. Трэба мець зусім пустую галаву і сэрца…”

Ён глядзеў на восеньскае сонца, шэрую пожню ды на валоў, запрэжаных у плугі, якія аралі на ўзгорку, і поўны глыбокага смутку ў душы ўяўляў сабе хвіліну, калі зусім ужо страціць надзею і саступіць месца пры панне Ізабэле Ахоцкаму.

“Што ж рабіць?.. Што ж рабіць, каля яна яго абрала… На сваю бяду ўбачыў яе…”

Яны заехалі на ўзгорак, перад імі адкрыўся далягляд – некалькі вёсак, лес, рака і мястэчка з касцёлам.

Брычка хісталася.

– Цудоўны краявід! – выгукнула пані Вансоўская.

– Як з паветранага балону, якім кіруе пан Ахоцкі, – дадаў Старскі, трымаючыся за парэнчы.

– Пан лятаў на балоне? – запыталася панна Феліцыя.

– На балоне пана Ахоцкага?..

– Не, на сапраўдным…

– На жаль, не! Ні на якім я не лятаў, – уздыхнуў Старскі. – Але зараз мне здаецца, што лячу і на вельмі кепскім.

– Пан Вакульскі, пэўна, лятаў, – прамовіла тонам глыбокага пераканання панна Феліцыя.

– Але, Фэля, у чым ты яшчэ пачнеш падазраваць пана Вакульскага! – папракнула яе пані Вансоўская.

– Сапраўды, я лятаў… – адказаў Вакульскі.

– Пан лятаў?... Ах, як добра! – закрычала панна Феліцыя. – Няхай нам пан раскажа…

– Лятаў пан?.. – азваўся з козлаў Ахоцкі. – Тпру!.. Няхай пан пачакае з апавяданнем, я зараз.

Ён кінуў лейцы фурману, хоць яны ў гэты момант якраз з’язджалі з гары, саскочыў з козлаў і праз момант сеў у брычку насупраць Вакульскага.

– Лятаў пан?.. – паўтарыў ён. – Дзе?.. Калі?..

– У Парыжы, але на прывязаным балоне. Паўвярсты ўгару, якое гэта падарожжа, – адказаў крыху збянтэжаны Вакульскі.

– Няхай пан працягвае… Павінна быць досыць грандыёзнае відовішча?.. Што пан адчуваў?.. – пытаўся Ахоцкі. Ён дзіўна змяніўся, вочы ў яго пашырыліся, твар пачырванеў. Гледзячы на яго, цяжка было сумнявацца, што ў гэты момант яму не ў галаве панна Ізабэла.

– Гэта павінна быць неверагодна прыемна… Кажы, пан… – упарта прасіў ён і трос Вакульскага за калена.

– Краявід, сапраўды, цудоўны, – адказаў Вакульскі. – Бо далягляд аддаляецца на некалькі дзясяткаў вёрст, і ўвесь Парыж з ваколіцамі выглядае, як рэльефная мапа. Але падарожжа нецікавае, можа, першы раз, хіба…

– А ўражанні якія?..

– Дзіўныя. Чалавек мяркуе, што ён сам паляціць угару, і раптам бачыць, што не ён, а зямля хутка аддаляецца ў яго з-пад ног. Гэты падман такі нечаканы і прыкры, што… хочацца выскачыць…

– Што ж яшчэ?... – налягаў Ахоцкі.

– Другое дзіва – далягляд, які пастаянна застаецца на вышыні вачэй. У выніку зямля выглядае ўвагнутай, як вялізная глыбокая міса.

– А людзі?.. Дамы?..

– Дамы бачацца, як скрыначкі, трамваі – як вялікія мухі, а людзі – як чорныя кроплі, што хутка бягуць у розных кірунках, цягнучы за сабою доўгія цені. Наогул, гэта падарожжа поўнае неспадзяванак.

Яны даехалі ўжо да лесу, а за імі – і воз з дзвюма служанкамі. Пані ўзялі сабе па кошыку.

– А цяпер дамы разам са сваімі кавалерамі – усе ў розныя бакі! – скамандавала пані Вансоўская. – Пане Старскі, папярэджваю, настрой у мяне сёння выключны. А што гэта значыць, калі ў мяне выключны настрой, ведае пан Вакульскі, – дадала яна з нервовым смяшком. – Пан Ахоцкі, Бэля, калі ласка, у лес, і не паказвайцеся, пакуль… не назбіраеце поўныя кошыкі рыжыкаў… Фэля!..

– Я пайду з Міхалінкаю ды Асяю! – хутка адказала панна Феліцыя, пазіраючы на Вакульскага, нібы ён быў ворагам, супраць якога неабходна ўзброіцца двума служанкамі.

– Ну, хадзем жа, кузіне, – звярнулася да Ахоцкага панна Ізабэла, бо ўсё таварыства рушыла ўжо ў лес. – Але вазьмі мой кошычак і сам збірай рыжыкі, бо мне, прынамсі, гэта не цікава.

Ахоцкі ўзяў у яе кошык і кінуў яго на воз.

– Нашто мне вашы рыжыкі! – адказаў ён пахмурна. – Я страціў два месяцы на рыбалцы, на грыбах, забаўленнем дам ды на падобнай лухце… Іншыя гэтым часам ляталі на балоне… Я збіраўся ў Парыж, але старшынёва гэтак настойвала, каб я ў яе адпачыў… І добра адпачыў… Здурнеў дарэшты… Ужо нават і думаць перастаў пра нешта сур’ёзнае… страціў здольнасці… Гэх! Не чапляйцеся вы да мяне з вашымі рыжыкамі… Аж зла не хапае!..

Ён махнуў рукою, потым запхнуў рукі ў кішэні і пайшоў у лес са звешанаю галавою, нешта мармычучы сабе пад нос.

– Добры таварыш! – азвалася з усмешкаю панна Ізабэла да Вакульскага. – Гэтак будзе ўжо з ім да канца вакацыяў… Я была ўпэўненая, што сапсуецца ў яго настрой, як толькі Старскі згадаў балон…

“Дабраславёныя балоны! – падумаў Вакульскі. – Такі канкурэнт не з’яўляецца небяспечным…”

У гэты момант ён адчуў, што любіць Ахоцкага.

– Я перакананы, – звярнуўся ён да панны Ізабэлы, – што кузін пані зробіць вялікае адкрыццё. Хто ведае, ці не станецца гэта эпохаю ў гісторыі чалавецтва… – дадаў ён, думаючы пра праекты Гейста.

– Пан гэтак мяркуе? – досыць абыякава запыталася панна Ізабэла. – Можа быць… Кузін часам дэманструе нявыхаванасць, бывае, гэта яму пасуе, але часам ён нудны, і гэта не пасуе нават вынаходнікам. Калі я гляджу на яго, дык прыгадваецца мне адна гісторыйка пра Ньютона. Быў гэта, падобна, вельмі вялікі чалавек, праўда, пане?.. Але што ж, калі аднойчы, седзячы з паненкаю, ён узяў яе за руку і… ці пан паверыць?.. пачаў чысціць сваю люльку яе малым пальцам!.. Ну, калі да гэтага даводзіць геніяльнасць, дзякуй, але я не жадаю геніяльнага мужа!.. Пройдземся крыху па лесе, добра, пане?

Кожнае слова панны Ізабэлы лагодзіла сэрца Вакульскага, як кропля мёду.

“Дык ёй падабаецца Ахоцкі (бо каму ж ён не падабаецца), але яна не выйдзе за яго!..”

Яны ішлі вузкай сцежкай паміж двух узлескаў: направа былі дубы і букі, а злева – хвоі.

Паміж хвоямі час ад часу мільгаў чырвоны шалік пані Вансоўскае або белая накідка панны Эвеліны. У адным месцы дарога раздвойвалася, і Вакульскі хацеў збочыць, але панна Ізабэла стрымала яго:

– Не, не, – сказала яна, – туды мы не пойдзем, бо страцім з вачэй усю кампанію, а для мяне лес толькі тады прыгожы, калі я бачу ў ім людзей. Тады я разумею яго… Няхай пан зірне… Праўда, гэта частка падобная на вялізны касцёл?.. Гэты шэраг хвояў – калоны, там – бакавы неф, а тут – вялікі алтар. Бачыць пан, бачыць?.. Вось засвяціла сонца з-за галінаў, як у гатычным акне. Якая разнастайнасць! Тут мае пан дамскі будуар, а гэтыя нізкія кусцікі – гэта зэдлікі. Нават люстра ёсць, якое засталося пасля нядаўняга дажджу… А тут вуліца, праўда?.. Крыху крывая, але вуліца… А там ужо рынак або пляц… Ці бачыць пан усё гэта?

– Бачу, калі мне пані паказвае, – з усмешкаю адказаў Вакульскі. – Трэба, аднак, мець вельмі паэтычную фантазію, каб заўважыць гэтае падабенства.

– Праўда?.. А я заўсёды думала, што я празаічная…

– Можа, пані яшчэ не мела магчымасці адкрыць усе свае таленты, – адказаў Вакульскі, незадаволены набліжэннем панны Феліцыі.

– Што гэта? Панства не збірае рыжыкі? – здзівілася панна Феліцыя. – Цудоўныя рыжыкі, іх гэтак шмат, што нам не хопіць кошыкаў і давядзецца сыпаць проста ў брычку. Даць табе, Бэля, кошык?..

– Дзякуй, не!

– А пану?

– Не ведаю, ці здолеў бы я адрозніць рыжык ад мухамора?

– Цудоўна! – закрычала панна Фэля. – Не спадзявалася я ад пана гэткага адказу… Усё скажу бабулі і папрашу, каб не дазволіла есці рыжыкі, прынамсі, тыя, што я назбірала.

Яна кіўнула галавою і адышла.

– Абразіў пан Феліцыю, – сказала панна Ізабэла. – Гэта нядобра… Яна да пана гэткая спагадлівая.

– Панне Феліцыі падабаецца збіраць рыжыкі, а мне цікавей слухаць лекцыю пані пра лес.

– Мяне гэта вельмі цешыць, – адказала злёгку зачырванелая панна Ізабэла, – але я ўпэўненая, што хутка надакучыць пану мая лекцыя. Бо для мяне не заўсёды лес прыгожы, часам ён здаецца мне жахлівым. Каб я тут апынулася адна – дакладна, не бачыла б ані вуліц, ані касцёлаў, ані будуараў. Адну мяне лес палохае. Ён перастае быць дэкарацыяй, а пачынае быць нечым такім, чаго я не разумею і чаго баюся. Галасы птушак нейкія дзікія, часам падобныя да раптоўнага балеснага крыку, а часам да рогату, нібыта я насмелілася прыйсці да монстраў. Тады кожнае дрэва падаецца мне жывою істотаю, якая хоча схапіць мяне сваімі галінамі і задушыць, кожная зёлка здрадліва стараецца аплесці мне ногі, каб ужо не выпусціць… А ва ўсім вінаваты кузін Ахоцкі, які тлумачыў мне, што прырода створаная не для чалавека… Паводле ягонай тэорыі, усё кругом жывое і ўсё жыве дзеля сябе…

– Ён мае рацыю, – ціха прамовіў Вакульскі.

– Як? Дык і пан у гэта верыць? Дык, паводле пана, гэты лес не прызначаны на карысць людзям, а мае нейкі свой уласны інтарэс, не горшы за наш?..

– Я бачыў пушчы, у якіх чалавек не з’яўляўся гадамі, аднак яны буялі…

– Ах, няхай пан гэтак не кажа!.. Гэта прыніжэнне чалавечае вартасці, неадпаведнае нават Святому Пісанню. Бог жа аддаў людзям зямлю, каб яны на ёй жылі, а расліны і жывёл – на спажыванне…

– Карацей кажучы, паводле пані, прырода павінна служыць людзям, а людзі – класам прывілеяваным і тытулаваным?.. Не, пані. І прырода, і людзі жывуць сваім жыццём, і толькі тыя маюць права валодаць імі, хто мае больш сілы і больш працуе. Сіла і праца з’яўляюцца адзінымі прывілеямі на свеце. Часта бывае, што тысячагадовыя, але спарахнелыя дрэвы падаюць пад сякерамі каланістаў, але, нягледзячы на гэта, у прыродзе не здараецца ніякага перавароту. Сіла і праца, пані. Не тытул і не паходжанне…

Панна Ізабэла была незадаволеная.

– Тут пан можа мне гаварыць, што хоча, – сказала яна. – Тут я паверу ва ўсё, бо навокал бачу толькі панскіх хаўруснікаў.

– Ці яны ніколі не стануць хаўруснікамі пані?!

– Не ведаю… можа… Я гэтак часта цяпер чую пра іх, што некалі здолею паверыць у іх сілу.

Яны выйшлі на паляну перад пагоркам, парослым крывымі хвоямі. Пана Ізабэла села на пень ссечанага дрэва, а Вакульскі – непадалёк ад яе на зямлю.

У гэты момант на ўскрайку паляны з’явілася пані Вансоўская са Старскім.

– Ці не хочаш, Бэля, – закрычала яна, – узяць сабе гэтага кавалера?

– Пратэстую! – азваўся Старскі. – Панна Ізабэла цалкам задаволеная сваім таварышам, а я – сваёй таварышкай…

– Гэта так, Бэля?

– Так, так! – закрычаў Старскі.

– Няхай будзе так… – паўтарыла панна Ізабэла, гледзячы ў зямлю і нешта крэслячы парасонам.

Пані Вансоўская і Старскі зніклі на ўзгорку, панна Ізабэла ўсё больш нецярпліва круціла парасонам. У Вакульскага кроў пульсавала ў скронях, як звон. Маўчанне ўжо зацягнулася, першая азвалася панна Ізабэла:

– Амаль год таму былі мы ў гэтым месцы ў верасні на маёўцы… Было каля трыццаці чалавек з суседства… Вось там палілі вогнішча…

– Пані было весялей, чым сёння?

– Не. Я сядзела на гэтым самым пні, і было мне неяк сумна… Нечага мне бракавала… І, што са мною вельмі рэдка здараецца, думала: што ж будзе праз год?..

– Дзіўна!.. – ціха прамовіў Вакульскі. – Я таксама прыблізна год таму стаяў з абозам у лесе, але ў Балгарыі… Я думаў, ці буду жывы праз год і…

– І пра што яшчэ?

– Пра пані.

Панна Ізабэла неспакойна паварушылася і крыху збляднела.

– Пра мяне?.. – перапытала яна. – Хіба ж пан мяне ведаў?..

– Так. Я ведаю пані ўжо некалькі гадоў, але здавалася мне часам, што ведаю пані цэлыя стагоддзі… Час моцна расцягваецца, калі мы пра некага думаем няспынна, наяве і ў сне…

Яна паднялася з пня, нібы жадаючы ўцякаць. Вакульскі таксама падняўся.

– Няхай пані прабачыць, калі я міжвольна пакрыўдзіў пані. Можа, паводле пані, такія, як я, не маюць права думаць пра пані?.. Нават гэткая забарона магчымая ў вашым свеце. Але я належу да іншага… У маім свеце папараць і мох гэтак жа маюць права глядзець на сонца, як хвоі або… грыбы. Таму няхай мне пані проста скажа, можна або няможна мне думаць пра пані? На сёння не жадаю я нічога болей.

– Я пана амаль не ведаю, – прамовіла відавочна заклапочаная панна Ізабэла.

– Я таксама сёння нічога не ведаю. Пытаюся толькі, ці не лічыць пані за абразу для сябе, што я думаю пра пані, нічога іншага – толькі думаю. Я ведаю меркаванне класа, у якім выхавалася пані, пра такіх людзей, як я, і разумею: тое, што я кажу ў гэты момант, можна назваць залішняй смеласцю. Дык няхай мне пані скажа наўпрост, калі аж такая існуе паміж намі няроўнасць, я пакіну свае старанні спадабацца пані… Паеду сёння або заўтра без ценю прэтэнзіі, наадварот, цалкам вылечаны.

– Кожны чалавек мае права думаць… – адказала панна Ізабэла, якая бянтэжылася ўсё больш.

– Дзякую пані. Гэтымі словамі дала мне пані зразумець, што ў яе вачах я не стаю ніжэй за Старскіх, маршалкаў ды ім падобных… Я разумею, што нават пры такой умове магу яшчэ не заслужыць прыхільнасці пані… Да гэтага вельмі далёка… Але я ведаю, прынамсі, што ўжо маю чалавечыя правы, і што пані будзе з гэтага часу ацэньваць мае ўчынкі, а не тытулы, якіх у мяне няма.

– Пан жа, прынамсі, шляхціц і, як кажа старшынёва, не горшы за Старскіх ды Заслаўскіх…

– Так, калі пані жадае, я шляхціц, нават лепшы за шмат каго з тых, якіх я сустракаю ў салонах. На бяду, я яшчэ і купец.

– Ну, купцом можна быць, а можна і не быць, гэта залежыць ад пана… – ужо смялей адказала панна Ізабэла.

Вакульскі задумаўся.

У гэты момант у лесе пачалі гукаць ды склікаць, і праз некалькі хвілін уся кампанія са слугамі, кашамі ды рыжыкамі ўжо сабралася на палянцы.

– Вяртаемся дадому, – скамандавала пані Вансоўская, – бо мне гэтыя рыжыкі ўжо абрыдлі, і час абедаць.

Некалькі наступных дзён мінулі для Вакульскага надзвычай дзіўна. Каб у яго запыталіся, чым яны былі для яго, напэўна, ён адказаў бы, што гэта быў шчаслівы сон, тая пара ў жыцці, дзеля якое, можа, прырода і стварыла чалавека.

Абыякавы назіральнік мог бы назваць гэткія дні аднастайнымі і нават нуднымі. Ахоцкі хадзіў пахмурны і з ранку да вечара або клеіў, або запускаў арыгінальнае формы лятаўцы. Пані Вансоўская з паннай Феліцыяй чыталі або шылі рызы для мясцовага пробашча. Старскі са старшынёвай і баронам гулялі ў карты.

Гэткім чынам, Вакульскі і панна Ізабэла не толькі засталіся самі па сабе, але мусілі быць пастаянна разам.

Яны хадзілі па парку, часам па полі, сядзелі пад стогадоваю ліпаю на падворку, але часцей плавалі на чоўне па сажалцы. Ён веславаў, яна час ад часу крышыла печыва лебедзям, якія ціха плылі за імі. Не адзін падарожны затрымаўся на гасцінцы за сажалкаю, каб паглядзець на незвычайную кампазіцыю, якую яны ўтваралі: белы човен, а ў ёй пара, і побач два белыя лебедзі з крыламі, паднятымі, як ветразі.

Пазней Вакульскі не мог нават прыгадаць, пра што яны размаўлялі ў гэтыя хвіліны. Часцей маўчалі. Раз яна запыталася ў яго, як слімакі плаваюць пад вадою. Другі раз – чаму аблокі маюць гэткую разнастайную афарбоўку. Ён тлумачыў, і тады здавалася яму, што ўсю прыроду ад зямлі да неба ён бярэ ў ахапак і кладзе ёй пад ногі.

Аднаго дня яму прыйшло ў галаву, што ён кінуўся б у ваду і памёр, дабраслаўляючы яе, каб яна загадала.

Падчас гэтых прагулак па вадзе, а таксама падчас шпацыраў у парку і заўсёды, калі яны былі разам, ён адчуваў нейкі нязмерны спакой, нібы ўся яго душа і ўся зямля ад усходніх да заходніх ускраін поўнілася цішынёю, у якой нават тарахценне павозкі, брэх сабакі або шэлест галін гучалі вельмі меладычна. Яму здавалася, што ўжо ён не ходзіць, а плавае ў акіяне містычнага ачмурэння, што ўжо ён не думае, не адчувае, не прагне, а толькі кахае. Гадзіны міналі, як маланкі, якія запальваліся і гаслі на далёкім небасхіле. Толькі была раніца, а ўжо поўдзень, ужо вечар і ноч, поўная бяссоння і ўздыханняў. Часам ён думаў, што суткі падзеленыя на дзве няроўныя часткі: дзень, які мінае вокамгненна, і ноч, якая доўжыцца, як вечнасць для грэшнікаў.

Аднаго дня паклікала яго да сябе старшынёва.

– Сядай, пане Станіславе, – сказала яна. – Што ж, добра ты ў мяне бавішся?

Ён здрыгануўся, як чалавек, якога абудзілі.

– Я?.. – перапытаў ён.

– Няўжо нудзішся?

– За год гэткае нуды я аддаў бы жыццё.

Старая паківала галавою.

– Гэтак часам здаецца, – адказала яна. – Я не ведаю, хто там напісаў, што чалавек толькі тады шчаслівы, калі навокал сябе бачыць тое, што носіць у сабе… Але я кажу, няважна, чаму шчаслівы, абы ім быў… Прабачыш мне, калі я абуджу цябе?..

– Калі ласка, пані, – адказаў ён і міжвольна збялеў.

Старшынёва глядзела на яго, як і раней, ды злёгку ківала галавою.

– Ну, але не бойся, што я абуджу кепскімі навінамі. Буджу я цябе звычайным чынам. Думаў ты нешта пра тую цукроўню, якую раяць мне тут паставіць?

– Яшчэ не…

– Нічога пільнага. Але на дзядзьку зусім ужо ты забыўся. А ён, бедачына, ляжыць непадалёк адсюль, за тры мілі, у Заслаўлі… Можа, паехалі б вы туды заўтра. Наваколле прыгожае, руіны замка… Маглі б вельмі прыемна прабавіць час і нешта з тым каменем надмагільным зрабіць.

– Ведаеш што, – дадала яна і ўздыхнула, – перадумала я. Не трэба разбіваць камень каля замка. Пакінь яго на месцы, толькі загадай выбіць на ім гэтыя радкі: “Мясціны, дзе гулялі мы з табою…”[223] Ведаеш?..

– О, так, ведаю…

– Каля замка ходзіць больш людзей, чым на могілках, хутчэй прачытаюць і, можа, задумаюцца пра апошнюю мяжу ўсяго на гэтым свеце, нават кахання…

Вакульскі выйшаў ад старшынёвай устрывожаны. “Што значыць гэтая размова?..” – падумаў ён, але, на шчасце, спаткаў панну Ізабэлу, якая ішла ў бок сажалкі, і забыўся на ўсё.

На другі дзень усё таварыства, і праўда, паехала ў Заслаўле. Міналі яны лясы, зялёныя пагоркі, яры з жоўтымі схіламі. Наваколле было прыгожае, яшчэ лепшае было надвор’е, але Вакульскі нічога не бачыў, занураны ў смутныя думкі… Ён ужо не быў сам-насам з паннаю Ізабэлаю, як яшчэ ўчора, нават сядзеў у брычцы не побач з ёю, а насупраць панны Феліцыі, а горш за ўсё… Але ўжо тое яму толькі здалося, і ён нават смяяўся ў душы са сваіх падазрэнняў. Яму здалося, што Старскі неяк дзіўна паглядзеў на панну Ізабэлу, і тая ўся зачырванелася.

“Ах, глупства, – думаў ён, – навошта ёй мяне ашукваць!.. Ёй – мяне! Калі я нават не нарачоны”.

Ён пастараўся пазбавіцца сваіх падазрэнняў, і толькі прыкра яму было, што Старскі сядзіць побач з паннаю Ізабэлаю. Але толькі крыху…

“Ну, прынамсі, не забараню ж я ёй, – думаў ён, – сядаць з тым, з кім яна хоча. І не буду прыніжацца да рэўнасці, бо, як бы там ні было, а гэта подлае пачуццё, і часцей за ўсё неабгрунтаванае… Зрэшты, каб яны са Старскім хацелі абменьвацца чулымі позіркамі, дык не рабілі б гэтага так яўна. Вар’ят з мяне…”

Праз пару гадзін яны былі ўжо на месцы.

Заслаўле, некалі мястэчка, а цяпер ціхая вёска, стаіць у нізіне сярод заліўных лугоў. Апроч касцёла і даўняе ратушы, усе будынкі аднапавярховыя, драўляныя і старыя. Пасярод рынку, а хутчэй, пляца ў выбоінах ды калдобінах, высозная гара смецця і студня пад дзіравым дахам, які падтрымліваюць чатыры слупы.

З нагоды шабасу рынак быў пусты, а ўсе крамкі замкнёныя.

У паўднёвым баку за вярсту ад мястэчка ўздымаліся ўзгоркі. На адным з іх стаялі руіны замка: дзве шасцікутныя вежы, на адной з якіх буяла пустазелле, а на другой вырасла купа дубоў.

Калі падарожнікі спыніліся на рынку, Вакульскі выйшаў, каб пабачыцца з пробашчам, а Старскі пачаў камандаваць.

– Дык мы, – сказаў ён, – паедзем брычкаю да тых дубоў і з’ядзім тое, што Бог даў, а кухары прыгатавалі. Брычка вернецца сюды па пана Вакульскага.

– Дзякуй, – адказаў Вакульскі. – Я не ведаю, колькі тут давядзецца затрымацца, дык лепш прайдуся пешкі. Зрэшты, мне яшчэ трэба падыйсці да руін…

– І я з панам, – азвалася панна Ізабэла. – Я хачу зірнуць на любімы камень старшынёвай… – дадала яна ціха. – Прашу даць мне знак, як пан там будзе.

Брычка ад’ехала, Вакульскі зайшоў на плябань і за чвэрць гадзіны вырашыў справу. Пробашч запэўніў яго, што ніхто ў горадзе не будзе мець прэтэнзій, калі на замкавым камені з’явіцца нейкі надпіс, абы не быў ён блюзнерскім або бязбожным… А калі пробашч даведаўся, што гаворка пра памятку па нябожчыку капітане Вакульскім, якога ён ведаў асабіста, дык паабяцаў, што сам зоймецца гэтым.

– Ёсць тут нейкі Венгелек, рукасты, прайдзісвет: і каваль крыху, і цясляр, дык, можа, ён здолее выбіць на камені тое, што трэба. Зараз я па яго пашлю.

Хвілін праз пятнаццаць з’явіўся Венгелек, хлопец гадоў дваццаці з лішкам. Твар у яго быў вясёлы і кемлівы. Калі ён пачуў ад слугі ксяндза, што ёсць магчымасць зарабіць, дык прыбраўся ў шарачковы сурдут з кароткім станам і поламі да зямлі ды шчодра намазаў сабе валасы лоем.

Вакульскі спяшаўся скончыць справу, таму ён развітаўся з пробашчам і пайшоў з Венгелькам да руін.

Калі яны зайшлі ўжо за рагатку, зачыненую ў той дзень, Вакульскі спытаў у хлопца:

– Ці добра ты ўмееш пісаць, браце?

– Авой! Мне з суду не раз давалі перапісваць, хоць почырк у мяне і не надта. А тыя вершы, што пан эканом з Атроча пісаў дачцэ лесніка, гэта мая работа. Ён толькі купляў паперу і яшчэ не заплаціў мне сорак грошай за пісанне. А на вензелі не забываўся…

– І на камені здолееш напісаць?

– Калі не выпуклыя літары, а выбітыя… Што тут не здолець? Я нават на жалезе напісаў бы, нават на шкле, ды літарамі, якімі хочаш: прапіснымі, друкаванымі, нямецкімі, жыдоўскімі… Гэта ж я тут, не хвалячыся, усе шыльды намаляваў у мястэчку.

– І таго кракавяка, што вісіць над шынком?

– Няўжо ж.

– І дзе ж ты бачыў гэткага кракавяка?

– У пана Звольскага ёсць фурман з кракаўскіх, дык я на яго глядзеў.

– І ўбачыў, што ён мае абедзве нагі левыя?

– Прашу прабачэння, але людзі з правінцыі глядзяць не на ногі, а на бутэльку. Як убачыць хто з іх бутэльку ды кілішак, дык ужо не схібіць – проста да Шмуля трапіць.

Увішны хлопец усё больш падабаўся Вакульскаму.

– Ты не жанаты яшчэ? – спытаў ён.

– Не. З такою, што ходзіць у хустцы, я не ажанюся, а тая, што ў капелюшы, мяне не захоча.

– А што ж ты робіш, калі няма шыльдаў для малявання?

– О, пане, то тое, то сёе, а ўвогуле – нічога. Раней займаўся цяслярствам, не ўгнацца было за мною. За нейкіх пару гадоў адклаў тысячу рублёў. Але пагарэў летась, і з таго часу не магу ачомацца. Дрэва, варштаты – дымам пайшло. Быў гэткі пажар, што самыя цвёрдыя напільнікі расплавіліся, як смала. Калі ўбачыў я пажарышча, дык аж плюнуў ад злосці, а сёння мне і сліны той шкада…

– Адбудаваўся, маеш варштат?

– Гэ, пане!.. Паставіў я ў агародзе халупу, нібы хляўчук, каб матцы было дзе есці зварыць, але варштаты… На гэта ж трэба рублёў з пяцьсот, пане, гатоўкі, слова гонару, як мне Бог мілы… Гэта ж колькі гадоў бацьку нябожчыку давялося пагараваць, пакуль ён паставіў хату ды сабраў рыштунак.

Яны набліжаліся да руін. Вакульскі разважаў.

– Слухай, Венгелек, – сказаў ён нарэшце, – падабаешся ты мне. Я пабуду ў гэтай ваколіцы (ён ціха ўздыхнуў) яшчэ з тыдзень… А калі добра выб’еш мне надпіс на камені, на нейкі час вазьму цябе ў Варшаву… Там пагляджу, чаго ты варты, і… можа, знойдуцца твае варштаты.

Хлопец схіляў галаву з боку на бок, прыглядаючыся да Вакульскага. Яму чамусьці падумалася, што гэта можа быць вельмі заможны пан, нават з такіх паноў, якіх Бог пасылае, часам, каб яны апекаваліся людзьмі беднымі, і – зняў шапку.

– Чаго ж ты стаў? Накрый галаву… – сказаў Вакульскі.

– Перапрашаю пана… можа, я не так што сказаў?.. Але ў нас, пане, гэткіх паноў не бывае… Падобна, бывалі некалі даўней… Нават бацька-нябожчык казаў, што сам бачыў пана, які ўзяў у Заслаўлі сірату і зрабіў з яе вялікую пані, а ягамосці пакінуў столькі грошай, што пабудавалі за іх новую званіцу…

Вакульскі ўсміхаўся, пазіраючы на заклапочаную міну хлопца ды з дзіўным адчуваннем думаў, што яго даходу за адзін год хапіла б, каб ашчаслівіць больш за сто такіх вось, як гэты…

“Грошы, сапраўды, вялікая сіла, толькі трэба ўмець іх выкарыстаць…”

Яны падышлі ўжо да таго пагорка, на якім было замчышча, калі з суседняга пагорка пачуўся голас панны Феліцыі:

– Пане Вакульскі, мы тут!..

Вакульскі падняў вочы і ўбачыў паміж дубамі вогнішча, вакол якога сядзела заслаўская кампанія. За некалькі крокаў ад іх хлопец-буфетчык і пакаёўка ставілі самавар.

– Няхай пан пачакае мяне, я іду да пана! – загукала панна Ізабэла, падымаючыся з дывана.

Старскі падскочыў да яе.

– Я правяду кузіну, – сказаў ён.

– О, дзякуй, я сама спушчуся, – адказала панна Ізабэла, адпрэчваючы яго рухам рукі.

Потым яна пайшла ўніз па стромкаму схілу з такой грацыяй, нібы гэта былі прысады ў парку.

“Нягоднік я са сваімі падазрэннямі!” – падумаў Вакульскі.

У гэты момант здалося яму, што нейкі таямнічы голас загадвае зрабіць выбар паміж тысячамі такіх, як Венгелек, якім неабходна дапамога, і адной кабетаю, якая спускалася з гары.

“Я ўжо зрабіў выбар,” – падумаў Вакульскі.

– Але на замчышча мне самой не падняцца, мусіць пан даць мне руку, – сказала панна Ізабэла, калі параўнялася з Вакульскім.

– Можа, панства пажадае ісці лепшаю дарогаю, – азваўся Венгелек.

– Вядзі!

Яны абышлі гару і пачалі ўзбірацца наверх па высахлым рэчышчы раўчука.

– Які дзіўны колер маюць гэтыя камяні, – заўважыла панна Ізабэла пра вапняк у бурых плямах.

– Жалезная руда, – растлумачыў Вакульскі.

– О, не, – запярэчыў Венгелек. – Гэта не руда, гэта кроў…

Панна Ізабэла адхіснулася.

– Кроў?.. – паўтарыла яна.

Яны стаялі на вяршыні пагорка, ад рэшты кампаніі іх закрывала напалову разбураная сцяна. З гэтага месца відаць было замкавы дзядзінец, зарослы цярноўнікам ды барбарысам. Пад адною з вежаў ляжаў, прывалены да сцяны, вялізны кавалак граніту.

– Вось гэты камень, – сказаў Вакульскі.

– А, гэты… Хацела б я ведаць, як яго сюды зацягнулі... – прамовіла панна Ізабэла і звярнулася да Венгелька: – Мой чалавеку, што вы казалі пра кроў?

– Гэта даўняя гісторыя, – адказаў Венгелек. – Яшчэ мой дзед яе апавядаў… Зрэшты, тут усе яе ведаюць.

– Распавядзіце, – настойвала панна Ізабэла. – Сярод руін мне вельмі падабаецца слухаць легенды. Над Рэйнам іх шмат…

Яна зайшла на дзядзінец, асцярожна мінаючы цярністыя кусты, ды прысела на камень.

– Раскажыце гісторыю пра гэту кроў…

Венгелек ані кроплі не збянтэжыўся ад гэтае прапановы, наадварот, ён усміхнуўся і пачаў:

– У даўнія часы, калі яшчэ дзядуля мой лавіў птушак у дубах, па тых камянях, што мы ішлі, цякла вада. Цяпер яна тут толькі ўвесну або пасля моцнага дажджу, але ў маленстве майго дзядулі не высыхала цэлы год. У гэтым месцы быў струмень.

На дне струменя яшчэ ў дзядулевым маленстве ляжаў вялікі камень, нібы хто дзірку ім хацеў заткнуць. І праўда, была там дзірка, уласна, нават акно ў падзямелле, дзе схаваныя былі вялікія скарбы, якіх ніхто на свеце не бачыў. А сярод таго дабра на ложку з чыстага золата спіць панна, можа, нават нейкая графіня, надта прыгожая і багата ўбраная. Кажуць, што за адны аздобы ў яе валасах можна было купіць усе землі ад Заслаўля да Атроча.

А тая панна спіць вось з-за якое справы: нехта ўсадзіў ёй залатую шпільку ў галаву – можа, свавольства, а можа, і з нянавісці. Бог іх там ведае. Гэтак яна спіць і не абудзіцца да таго часу, пакуль хто тую шпільку ёй з галавы не выцягне, а потым з ёю не ажэніцца. Але гэта небяспечна, бо там, пад зямлёю, скарбы і самую панну пільнуюць розныя страшыдлы. А якія яны, мне добра вядома, бо пакуль мая хата не згарэла, хаваў я адзін зуб – з кулак. Гэты зуб дзядуля тут знайшоў (праўду кажу, не маню). А калі зуб быў, як кулак (бо я ж яго бачыў і ў руках трымаў), дык ужо галава мусіла быць, як печ, а туша, хіба, як стадола… Дык ваяваць з такім было цяжка, а ён жа не адзін, іх жа шмат. Таму самы смелы чалавек, хоць бы яму і надта спадабалася тая панна, а яшчэ больш яе дабро, не меў адвагі спусціцца ў падзямелле, каб яго там не ўгрызла нешта…

– Пра тую панну і пра тыя скарбы, – правіў далей Венгелек, – ведалі людзі здаўна, бо два разы на год – на Вялікдзень і на Святога Яна – адсоўваўся камень, што ляжаў на дне струменя, і хто стаяў тады над вадою, мог зазірнуць у прорву і ўбачыць тыя дзівосы.

Аднаго Вялікадня (дзядулі яшчэ на свеце тады не было) прыйшоў сюды, да замка, малады каваль з Заслаўля. Стаў ён над струменем і думае: “А што, каб паказаліся мне тыя скарбы?.. Зараз жа палез бы туды, нават у шчыліну, напхаў бы поўныя кішэні, і ўжо не пакутаваў б, раздуваючы мяхі”. Ледзьве ён так падумаў, аж раптам адсоўваецца камень, і бачыць каваль мяхі грошай, місы з чыстага золата і столькі дарагое адзежы, як на кірмашы…

Але спачатку ўгледзеў ён панну, якая спала, а была яна гэткая прыгожая, як казаў дзядуля, што каваль аслупянеў. Яна спала, і слёзы ў яе цяклі, а калі сляза падала ёй на кашулю ці на ложак, ці на падлогу, адразу ж замянялася на каштоўны камень. Спала яна і стагнала ад болю з-за шпількі, і кожны раз, як яна застогне, на дрэвах над струменем зашамаціць лісце ад жалю, што яна так пакутуе.

Ужо каваль наважыўся лезці ў падзямелле, але час мінуў, дык камень зноў закрыўся, аж струмень забулькатаў.

З таго часу мой каваль месца сабе не знаходзіў. Работа валілася ў яго з рук. Куды ні зірне, бачыць кругом той струмень, як шыбу, а за ёю – панну, у якой слёзы цякуць. Аж высах увесь, бо нешта трымала яго ўвесь час за сэрца распаленымі абцугамі. Вядома, зачаравала яна яго.

Калі туга ўжо стала зусім невыносная, пайшоў ён да аднае бабы, што зналася на зёлках, даў ёй срэбнага рубля і просіць парады.

– Анягож! – кажа баба. – Што тут парадзіш? Трэба дачакацца Святога Яна, а тады, як камень адсунецца, мусіш лезці ў прорву. Калі выцягнеш у панны з галавы шпільку, яна абудзіцца. Ажэнішся з ёю і будзеш вялікім панам, якога свет не бачыў. Толькі на мяне тады не забудзься, што я табе добра парадзіла. І яшчэ запомні: калі цябе жахі аточаць і пачнеш баяцца, зараз жа перахрысціся і бяжы з імем Божым… Уся штука ў тым, каб не спалохацца, зло не мае сілы над чалавекам, які не баіцца.

– А скажы ты мне, – пытаецца каваль, – як пазнаць, што чалавека страх даймае?..

– Хочаш ведаць?.. – кажа баба. – Ну дык ідзі да прорвы, а як вернешся, памятай пра мяне.

Два месяцы хадзіў каваль да струменя, а за тыдзень да Святога Яна ўжо і зусім адтуль не вяртаўся, толькі чакаў. І дачакаўся. У самы поўдзень камень адваліўся, і мой каваль з сякераю ў руцэ скочыў у яму.

Што там толькі (казаў дзядуля) вакол яго не дзеялася, валасы дыбарам на галаве ўстаюць. Бо атачылі яго гэткія пачвары, што іншы памёр бы, каб толькі зірнуў на іх. Былі там (казаў дзядуля) кажаны, вялікія, як сабакі, але яны толькі махалі над ім крыламі. А то загарадзіла яму дарогу рапуха, вялізная, як вось гэты камень. То змяя спавіла яму ногі, а варта было кавалю выцяць яе, як змяя заенчыла чалавечым голасам. Былі ваўкі, гэткія злосныя, што аж пена ў іх з пысы цякла і раптам выбухала полымем ды выпальвала дзіркі ў скале.

Усе гэтыя пачвары лезлі яму на карак, хапалі за сурдут, за рукавы, але аніводная не насмельвалася яму нічога зрабіць. Бо яны бачылі, што каваль не баіцца, а ад таго, хто не баіцца, зло ўцякае, як цень ад чалавека. “Загінеш тут, каваль,” – крычалі страхі, але ён толькі сціскаў сякеру ў руцэ і… перапрашаю, гэтак ім адказваў, што сорамна мне тут панству паўтарыць…

Дабраўся, нарэшце, мой каваль да залатога ложка, куды ўжо пачвары не мелі ходу, а стаялі навокал ды толькі зубамі шчоўкалі. Ён адразу ж убачыў у галаве панны залатую шпільку, схапіў яе і выцягнуў да паловы…

Аж кроў паказалася… А панна цоп яго рукою за сурдут і як закрычыць, як загалосіць:

– Навошта мне так балюча робіш, чалавеку!..

Вось тады каваль спалохаўся… Задрыжаў ён, і рукі ў яго апусціліся. Страхам толькі гэта і трэба было. Адзін з самаю вялікаю пашчаю падскочыў да каваля і гэтак яго цапнуў зубамі, што кроў пырснула праз акно і папляміла камяні, якія панства на ўласныя вочы бачыла. Але пры гэтым шэльма выламала сабе зуб, вялізны, як кулак, які пазней мой дзядуля знайшоў у струмені.

З таго часу камень заваліў уваход у падзямелле, і ніхто ўжо яго знайсці яго не можа. Струмень высах, а панна засталася ў прорве, напалову абуджаная. Плача яна цяпер гэтак голасна, што часам і я, і пастухі на лугах чуюць. І плакацьме яна векі вечныя.

Венгелек скончыў. Панна Ізабэла апусціла галаву і канцом парасона выводзіла нейкія знакі на друзе. Вакульскі не смеў зірнуць на яе.

Пасля працяглага маўчання ён звярнуўся да Венгелька:

– Цікавая твая гісторыя… Але скажы мне, як ты мяркуеш узяцца за выбіванне надпісу?

– Але ж я не ведаю, што трэба выбіць.

– Праўда.

Вакульскі дастаў нататнік і аловак, нешта напісаў і аддаў хлопцу.

– Усяго чатыры радкі! – сказаў Венгелек. – Праз тры дні, пане, будзе гатова… На гэтым камені можна выбіць, бадай, літары аж у цалю… Авой, забыўся шнурок, каб памераць. Я спушчуся, пане, да фурмана, можа, мне дасць… Зараз вярнуся.

Венгелек збег з пагорка. Панна Ізабэла зірнула на Вакульскага. Была яна бледная і ўзрушаная.

– Што гэта за радкі?.. – спытала яна і працягнула руку.

Вакульскі падаў ёй лісток, яна пачала чытаць напаўголаса:

“Мясціны, дзе гулялі мы з табою,

Дзе нашы мроі, слёз святло пад вязам

Да скону дзён застануцца са мною,

Бо толькі там з табой навек мы разам”.

Скончыла яна шэптам. Вусны ў яе дрыжалі, у вачах стаялі слёзы. Хвіліну яна камячыла лісток у пальцах, потым павольна павярнула галаву. Паперчына ўпала на зямлю…

Вакульскі апусціўся на калена, каб падняць, а потым даткнуўся да сукенкі панны Ізабэлы і, ужо не ведаючы сам, што ён робіць, схапіў яе за руку.

– Ты абудзішся, мая каралеўна… – прамовіў ён.

– Не ведаю… можа, – адказала яна.

– Гэй!.. Гэй!.. – загукаў знізу Старскі. – А хадзіце ўжо сюды, панства, бо абед астыне…

Панна Ізабэла выцерла слёзы і хутка пайшла з руінаў. За ёю ішоў Вакульскі.

– Што ж вы, панства, гэтак доўга там рабілі? – рагатаў Старскі, падаючы руку панне Ізабэле, якая паспешліва прыняла яе.

– Слухалі мы незвычайную гісторыю!.. – адказала панна Ізабэла. – Сапраўды, ніколі я не думала, што ў гэтым краі могуць існаваць падобныя легенды і што могуць іх гэтак цікава расказваць простыя людзі… А што ж ты дасі нам на абед, кузіне? Ах, гэта выключны хлапец!.. Папрасіце яго, каб ён і вам паўтарыў…

На Вакульскага ўжо не рабіла прыкрага ўражання, што панна Ізабэла ідзе са Старскім пад руку, што абапіраецца на яго, нават какетнічае з ім. Узрушэнне, сведкам якога ён быў, і адно нязначнае яе слоўца развеяла ўсе ягоныя страхі. Апанаваў яго спакойны роздум, і ён перастаў зважаць не толькі на Старскага, але на ўсё таварыства.

Ён памятаў, што падняўся на ўзгорак пад дубы, нешта там еў са смакам, быў вясёлы, гаваркі і нават крыху жартаваў з паннаю Феліцыяй. Але пра што там гутарылі?.. Пра што ён сам распавядаў? Ён не памятаў…

Заходзіла сонца, на небе паказаліся хмары, і Старскі загадаў слугам скласці посуд, кашы і дываны, а паням збірацца.

Яны селі ў брычку ў тым самым парадку, што і раней. Атуліўшы Эвеліну шалем, барон нахіліўся да Вакульскага і прашаптаў з усмешкаю:

– Яшчэ хоць дзень пабудзеш, пан, у гэткім настроі, як сёння, і закружыш галовы ўсім паням.

– Ну што ж!.. – паціснуў плячыма Вакульскі.

Ён сеў у канцы брычкі, насупраць панны Феліцыі. Ахоцкі размясціўся побач з фурманам, і яны паехалі.

Неба спахмурнела, цемра насоўвалася ўсё хутчэй. Але ў брычцы было вельмі весела, дзякуючы сварцы пані Вансоўскае з Ахоцкім, які і думаць забыўся на свае лятаўцы ды, перакінуўшы ногі праз козлы, павярнуўся да таварыства. Раптам, запальваючы папяросу, ён шоргнуў запалкаю і асвятліў брычку, а, галоўнае, Старскага.

У гэты момант Вакульскі рэзка адхіснуўся. Нешта нібы прамільгнула перад яго вачыма.

“Не можа быць!.. – падумаў ён. – Я зашмат выпіў…”

Пані Вансоўская пырснула кароткім смяшком, але адразу ж авалодала сабою і прамовіла:

– Што ж гэта за арыгінальны спосаб сядзець так, пане Ахоцкі!.. Фу, заўтра мусіць пан адмольваць грахі!.. Ах, нягоднік, ён жа хутка паставіць ногі некаму на калені… Адвярніся, пан, зараз жа, бо загадаю фурману, каб пакінуў пана сярод дарогі…

У Вакульскага халодны пот выступіў на лбе, але ён паціснуў плячыма і падумаў: “Здалося… здалося… што за глупства…”

І нечалавечым намаганнем волі ён адагнаў, нарэшце, падазрэнні. Зноў да яго вярнуўся добры гумор, і ён завёў вельмі вясёлую гутарку з пані Вансоўскаю.

А калі позна ўночы вярнуліся ў Заславак, ён заснуў як забіты, і нават снілася яму нешта забаўнае.

Назаўтра, калі перад сняданнем Вакульскі выйшаў на шпацыр, першая асоба, якую ён спаткаў на дзядзінцы, была пакаёўка панны Ізабэлы. Яна несла сукенкі, а за ёю хлопец цягнуў куфар.

“Што гэта?.. – падумаў ён. – Сёння ж нядзеля, дык, хіба, не паедзе… Яна не можа паехаць у нядзелю… Зрэшты, сказала б пра гэта мне сама або старшынёва…”

Ён пайшоў да сажалкі, прабег па ўсім парку, нібы жадаючы развеяць дарогаю кепскія прадчуванні. Дарэмна. Прычапілася да яго думка, што панна Ізабэла можа з’ехаць. Ён стараўся заглушыць яе і заглушыў настолькі, што яна ўжо не бачылася яму ясна, а толькі дзесьці ў глыбіні душы крыху непакоіла.

Калі ён прыйшоў на сняданак, яму здалося, што старшынёва павітала яго больш чула, чым звычайна, што ўсе паводзяцца больш урачыста, што панна Феліцыя не спускае з яго вачэй і пазірае нібы з дакорам. Пасля сняданку яму здалося, што старшынёва падала нейкі знак пані Вансоўскай.

“Відавочна, я хворы,” – падумаў ён.

Але праз момант ён паздаравеў, бо панна Ізабэла паведаміла, што жадае прайсціся па парку.

– Мае хто з панства ахвоту ісці са мною? – запыталася яна.

Вакульскі ўскочыў з крэсла, іншыя працягвалі сядзець. Такім чынам, у садзе ён апынуўся сам-насам з паннаю Ізабэлаю, і зноў вярнуўся да яго той спакой, які ён меў зазвычай ў яе прысутнасці.

На сярэдзіне алеі панна Ізабэла азвалася:

– Вельмі шкада мне будзе Заслаўка…

“Шкада?..” – падумаў Вакульскі.

А яна хутка працягвала:

– Я ўжо мушу ехаць. Цётка пісала яшчэ ў сераду, каб я вярталася, але старшынёва не паказала ліст і затрымала мяне. Але ўчора прыбыў пасланец…

– Заўтра пані паедзе?.. – спытаў Вакульскі.

– Сёння, пасля сняданку… – адказала яна і апусціла галаву.

– Сёння!.. – паўтарыў ён.

Яны якраз праходзілі паўз плот, за якім на дзядзінцы фальварка стаяла каляска, тая самая, якой прыехала панна Ізабэла. Нават фурман ужо запрагаў коней. Але на Вакульскага ані навіна, ані падрыхтоўка да ад’езду не зрабілі гэтым разам уражання.

“Ну што ж, – думаў ён. – Хто прыехаў, павінен паехаць… Гэта натуральна…”

Нават дзівіў яго гэты спакой.

Яны прайшлі яшчэ нейкіх пару дзясяткаў крокаў пад схіленымі над іх галовамі галінамі, і раптам апанавала яго страшэнная роспач. Яму здавалася, каб у гэты момант пад’ехала па панну Ізабэлу каляска, ён кінуўся б пад колы і не дазволіў бы ёй ехаць. Няхай бы яго раздушыла, і няхай бы ўжо скончыліся яго пакуты.

Але прыйшла, аднак, новая хваля спакою, і Вакульскі зноў дзівіўся, адкуль у яго бяруцца гэткія несур’ёзныя думкі. Панна Ізабэла мае права ехаць, калі хоча, куды хоча і з кім хоча…

– Доўга яшчэ пані забавіцца ў вёсцы? – запытаўся ён.

– Найбольш – месяц.

– Месяц!.. – паўтарыў ён. – А праз месяц, прынамсі, можна мне будзе наведаць панства?..

– О, так, вельмі просім… – адказала яна. – Мой бацька – вялікі прыяцель пана.

– А пані?

Яна пачырванела і маўчала.

– Не адказвае пані… – сказаў Вакульскі. – Пані нават не здагадваецца, якое дарагое мне кожнае яе слова, якіх я так мала чуў… І вось сёння ад’язджае пані, не пакідаючы мне нават ценю надзеі…

– Можа, час гэта зробіць, – ціха адказала яна.

– Няхай бы зрабіў! У кожным разе, я нешта скажу пані. Бачыць пані, у жыцці можна спаткаць людзей больш вясёлых за мяне, больш галантных, з тытуламі, нават з маёнткам большым за мой… Але гэткае адданасці, як мая, бадай, пані не знойдзе. Бо калі каханне можна мераць сілаю пакутаў, дык такога, як маё, можа, не было яшчэ на свеце.

І я не маю нават права вінаваціць у гэтым каго-небудзь. Лёс вінаваты. Бо якімі ж дзіўнымі дарогамі вёў ён мяне да пані! Колькі гора мусіла зазнаць грамадства, пакуль я, бедны хлопец, змог атрымаць адукацыю, якая сёння дазваляе мне размаўляць з пані. Якім збегам акалічнасцяў трапіў я ў тэатр, дзе першы раз пабачыў пані? А маёнтак, які я маю, ці не стаўся вынікам цуду?..

І калі сёння я думаю пра гэтыя рэчы, здаецца мне, што яшчэ да нараджэння было мне наканавана сустрэцца з пані. Каб мой бедны дзядзька не кахаў у маладосці і не памёр самотны, я б сёння не знаходзіўся ў гэтым месцы. І не дзіва, што і сам я, замест бавіцца з кабетамі, як робяць іншыя, унікаў іх і амаль свядома чакаў аднае пані…

Панна Ізабэла крадком выцерла слёзы… Вакульскі, не гледзячы на яе, працягваў:

– І цяпер, калі я быў у Парыжы, было перада мною дзве дарогі. Адна вяла да вялікага адкрыцця, якое можа змяніць дзеі ўсяго свету, а другая – да пані. Я выракся першае, бо прыкаваны нябачным ланцугом: надзеяю, што пані мяне пакахае. Калі гэта магчыма, я абіраю шчасце з пані замест самае вялікае славы, але без пані. Бо слава – гэта той жэтон, за які ўласнае шчасце мы ахвяруем іншым. Але калі я памыляюся, дык адна пані можа зняць з мяне закляцце. Скажы толькі, што не маеш і ніколі не будзеш мець нічога да мяне і… Я вярнуся туды, дзе, можа, адразу мусіў застацца. Зрабіць мне так?.. – запытаўся ён і ўзяў яе за руку.

Яна не адказала нічога…

– Дык застаюся… – прамовіў ён праз момант. – Я буду цярплівы, а пані сама дасць мне знак, што спраўдзіліся мае надзеі.

Яны вярнуліся ў дом. Панна Ізабэла была крыху не такая, як заўсёды, але жвава гаманіла з усімі. Да Вакульскага зноў вярнуўся спакой. Роспачы, што панна Ізабэла з’язджае, ужо не было. Ён казаў сабе, што ўбачыць яе праз месяц, і гэтага пакуль было досыць.

Пасля снядання пад’ехала каляска, пачалося развітанне. На ганку панна Ізабэла шапнула пані Вансоўскай:

– Магла б ужо, Казя, і не мучыць гэтага бедачыну.

– Каго ж гэта?

– Свайго цёзку.

– А, Старскага. Пабачым.

Панна Ізабэла падала руку Вакульскаму.

– Да пабачэння! – ціха сказала яна са значэннем у голасе.

Паехала. Усё таварыства стаяла на ганку і глядзела ўслед калясцы, якая спачатку аддалялася, потым павярнула за сажалкаю і знікла за пагоркам, а потым зноў паказалася і, нарэшце, засталася ад яе толькі хмарка залатога пылу.

– Цудоўны дзень, – сказаў Вакульскі.

– О, вельмі пагодны, – адказаў Старскі.

Пані Вансоўская з-пад апушчаных павек пахмурна назірала за Вакульскім.

Паволі ўсе разышліся. Вакульскі застаўся адзін. Ён зайшоў у свой пакой, але той падаўся яму вельмі пустым, потым хацеў ісці ў парк, але нешта яго туды не пускала… Потым падалося яму, што панна Ізабэла яшчэ павінна быць у палацы, і ён ніяк не хацеў паверыць, што яна паехала, што яна ўжо за мілю ад Заслаўка, і кожнае імгненне аддаляе яе ад яго.

“Аднак паехала! – ціха прамовіў ён. – Паехала, і што?..”

Ён пайшоў на сажалку і глядзеў на белы човен, вакол якога блішчала вада, аж сляпіла вочы. Раптам адзін з лебедзяў, што плаваў каля берага, заўважыў яго, распусціў крылы ды з шумам падляцеў да чоўна.

І толькі ў гэты момант ахапіў Вакульскага такі смутак, такі невымерны і нязбыўны смутак, нібы расставаўся ўжо ён з самім жыццём…

Засяроджаны на сваіх горкіх перажываннях, Вакульскі не надта бачыў, што дзеецца вакол яго. Але пад вечар ён заўважыў, што заслаўскае таварыства вярнулася з парку паніклае. Панна Феліцыя зачынілася з паннаю Эвелінаю ў яе пакоі, барон быў раздражнёны, а Старскі – іранічны і нахабны.

Пасля абеду паклікала Вакульскага да сябе старшынёва. Старая відавочна таксама была нечым раззлаваная, але старалася гэтага не паказваць.

– Думаў, пане Станіславе, пра тую цукроўню? – запыталася яна, нюхаючы свой флакон, што было знакам узрушанасці. – Падумай пра гэта, прашу цябе, і паразмаўляй са мною, бо мне абрыдлі ўжо гэтыя плёткі…

– Пані нечым усхваляваная? – спытаў Вакульскі.

Яна махнула рукою.

– Гэх! Хваляванне… Хацела б я, каб ужо ці здзейсніўся гэты мар’яж Эвеліны з баронам, ці каб сарваўся… Або няхай едуць ад мяне ці яны абое, ці Старскі… Усё адно…

Вакульскі апусціў галаву і маўчаў, здагадваючыся, што заляцанні Старскага да нарачонае барона мусілі ўжо прыняць больш яўную форму. Але што яму было да таго?

– Дурніцы гэтыя панны, – зноў праз момант прамовіла старшынёва. – Ім здаецца, як зловяць сабе багатага мужа ды яшчэ прыгожага каханка ў дадатак, дык ужо маюць усё, што трэба ў жыцці… Дурніцы. Не ведаюць, што збрыдне ім і стары муж, і пусты каханак, што раней ці пазней кожная захоча апынуцца побач з сапраўдным чалавекам. А калі трапіцца такі, на бяду, дык што яна яму дасць?.. Ці прыгажосць, якую прадала, ці сэрца, зганьбаванае з гэтакімі вось старскімі?..

І падумаць толькі, амаль кожная з іх мусіць прайсці падобную школу, пакуль разбярэцца ў людзях. А да таго, нават каб і трапіўся ёй самы высакародны з людзей, яна не можа яго ацаніць. Абірае старога багацея або нахабнага лайдака, у іх таварыстве марнуе жыццё, і некалі захочацца ёй пачаць нанова… А звычайна ўжо позна і марна!..

– А найбольш мяне дзівіць, – працягвала яна, – тая акалічнасць, што ў падобных ляльках не разбіраюцца мужчыны. Для ніводнае кабеты, пачынаючы ад Вансоўскае і сканчаючы маёй пакаёўкай, няма сакрэту, што ў Эвеліне не абудзіўся яшчэ ані розум, ані сэрца. Усё ў ёй спіць… А барон, тым часам, бачыць у ёй боства і ачмурэў да гэткае ступені, што думае, нібы яна яго кахае!

– Чаму ж пані не асцеражэ яго? – глуха азваўся Вакульскі.

– Не варта. Гэта не дапаможа… Ці ж я не давала яму зразумець, што Эвеліна – толькі сапсаванае дзіця і лялька на сённяшні дзень? Можа, некалі з яе нешта і вырасце, а цяпер… Акурат Старскі ёй і пасуе.

Яна памаўчала і дадала:

– Што ж, падумаеш пра цукроўню?.. Загадай заўтра засядлаць каня ды праедзь сам па палетках, а яшчэ лепш – з Вансоўскаю… Гэта кабета вартая, павер мне…

Вакульскі пайшоў ад старшынёвай устрывожаны.

“Што яна сказала, – думаў ён, – пра барона і Эвеліну?.. Ці яна не асцерагае мяне?.. Бо Старскі, хіба, заляцаецца не толькі да панны Эвеліны. Што там было ў брычцы?.. Ах, лепш бы ў лоб сабе стрэліць…”

Але ён апамятаўся.

“У брычцы, – думаў ён, – мне альбо здалося, альбо гэта факт. Калі здалося, дык пакрыўдзіў бы я нявінную, а калі факт… Ну, дык, прынамсі, я не буду супернікам гэтага аперэтачнага спакусніка і не ахвярую жыцця здрадлівай кабеце. Яна можа круціць раманы з кім хоча, але нельга ашукваць чалавека, адзіным злачынствам якога ёсць толькі тое, што ён кахае… Трэба з’язджаць з гэтай Капуі[224] і брацца за працу. У лабараторыі Гейста я пражыву лепшае жыццё, чым у салонах…”

Увечары каля дзявятае зайшоў да яго ў пакой барон, яго было не пазнаць. Спачатку жартаваў і рагатаў, а потым перахапіла ў яго дыханне, ён упаў на крэсла і праз момант прамовіў:

– Як пан мяркуе, шаноўны пане Вакульскі, часам, я думаю, не паводле ўласнага досведу, бо мая нарачоная вельмі высакародная кабета… але часам, думаю, што кабеты, бывае, падманваюць нас…

– Так, здараецца…

– Можа, гэта не іх віна, – працягваў барон. – Трэба, аднак, прызнаць, часам яны дазваляюць баламуціць сябе спрытным інтрыганам…

– О, дазваляюць.

Барона калаціла, аж зубы ў яго момантамі стукалі. Ён памаўчаў і запытаўся:

– Ці не мяркуе пан, аднак, што варта было б прыняць супраць гэтага меры?..

– Якім чынам?..

– Хоць бы не даваць магчымасці кабеце бачыцца з інтрыганамі…

Вакульскі гучна зарагатаў.

– Можна кабету вызваліць ад інтрыганаў, але ці можна вызваліць яе ад уласных інстынктаў?.. Хіба пан можа даць рады, калі той, хто ў вачах пана толькі баламут ці інтрыган, для яе – самец таго самага гатунку, што і яна сама?..

Паступова апанаваў яго шалёны гнеў. Ён хадзіў па пакоі і казаў:

– Якую барацьбу можна весці з законамі прыроды, паводле якіх сука, хоць і найлепшае пароды, не пойдзе з ільвом, а толькі з сабакам? Пастаў пан перад ёю самых высакародных звяроў, але яна адмовіцца ад іх усіх дзеля сабак… І цяжка гэтаму дзівіцца, бо яны ж адпавядаюць яе гатунку…

– Дык, паводле пана, няма рады? – спытаў барон.

– На сёння – ніякае, а некалі будзе. Шчырасць у чалавечых дачыненнях і вольны выбар. Калі кабеце не трэба будзе ані ўдаваць кахання, ані какетнічаць з усімі, тады яна адразу адсуне тых, хто ёй не падабаецца, і пойдзе за тымі, хто адпавядае яе густу. Тады не будзе ані ашуканых, ані ашуканцаў. Стасункі будуць упарадкаваныя натуральным чынам.

Калі барон пайшоў, Вакульскі лёг у ложак. Ён не спаў усю ноч, але супакоіўся.

“Якія ў мяне прэтэнзіі да панны Ізабэлы? – думаў ён. – Яна ж не казала, што кахае мяне, а дала мне ледзьве цень надзеі, што гэтак можа некалі стацца. Усё як мае быць, бо яна ж мяне амаль не ведае. Што за падазрэнні лезуць мне ў галаву!.. Старскі?.. Але ж яна хоча сасватаць яго пані Вансоўскай, дык, хіба, не збіраецца круціць з ім раман. Старшынёва?.. Старшынёва любіць панну Ізабэлу, яна сама мне пра гэта казала, зрэшты, загадала мне сюды прыехаць… Маю час. Пазнаёмлюся з ёю бліжэй, і калі яна мяне пакахае, буду шчаслівы ды спакойны. Калі не – вярнуся да Гейста. На ўсялякі выпадак прадам камяніцу і краму, пакіну суполку гандлю з Расіяй. Гэта дасць мне каля ста тысяч рублёў штогод, а ёй не будзе рызыкі зрабіцца галантарэйнаю купчыхаю”.

Назаўтра пасля першага снядання ён загадаў засядлаць каня і паехаў нібы агледзець наваколле. Бяздумна ён збочыў на дарогу, якою ўчора ехала каляска панны Ізабэлы і дзе, здавалася яму, яшчэ відаць былі сляды колаў… Потым, таксама машынальна, павярнуў ў бок лесу, куды яны нядаўна ездзілі ў грыбы. У гэтым месцы яна смяялася, тут размаўляла з ім, тут аглядала ўсё навокал…

Падазрэнні, гнеў – усё знікла.

Замест іх паліўся ў сэрца яму жаль гэткім тонкім струменем, як сляза, і гэткім пякучым, як нязгасны агонь…

У лесе ён злез з каня і вёў яго за цуглі.

Вось сцежка, якою яны ішлі тады разам, але яна выглядае ўжо неяк іначай. Гэта частка лесу мусіла быць падобнаю да касцёла, а сёння – ані следу падабенства. Шэра і ціха навокал. Чуваць толькі крумканне варон, якія якраз пралятаюць над лесам, і голас спалоханае вавёркі, якая драпаецца на дрэва і скавыча, як сабачаня.

Вакульскі дайшоў да паляны, дзе яны размаўлялі з паннай Ізабэлай, знайшоў нават той пень, на якім яна сядзела. Усё тут, як і было, а яе няма… На кустах ляшчыны жоўкне лісце, з хвояў звешваецца смутак, як павуцінне. Гэткі няўлоўны, а гэтак яго аблытаў!

“Якая бязглуздзіца, – думаў ён, – рабіцца залежным ад аднае чалавечае істоты! Я ж толькі дзеля яе працаваў, пра яе думаў, ёю жыву. Горш за тое, дзеля яе я пакінуў Гейста… Ну, але што лепшае меў бы я ў Гейста? Быў бы гэткі самы залежны, як сёння, толькі замест прыгожае кабеты маім гаспадаром быў бы стары немец. І гэтак жа працаваў бы, нават больш цяжка, з тою толькі розніцай, што сёння я працую дзеля свайго шчасця, а тады працаваў бы дзеля шчасця іншых, якія тым часам жылі б у сваё задавальненне, толькі за мой кошт.

Зрэшты, ці маю права я наракаць? Год таму я ледзь наважваўся марыць пра панну Ізабэлу, а сёння ўжо я з ёю знаёмы, нават шукаю яе ўзаемнасці… Ці я сапраўды яе ведаю?.. Яна скамянелая арыстакратка, ну, але не бачыла яшчэ нічога на свеце… У яе паэтычная душа ці, можа, яна толькі ўдае гэта… Какетка яна, так, але і гэта зменіцца, калі пакахае мяне… Словам, не ўсё так кепска, а праз год…”

У гэты момант конь павярнуў галаву і заіржаў. Адказала яму ў глыбіні лесу іншае ржанне і тупат капытоў. Неўзабаве ў канцы сцежкі паказалася амазонка, у якой Вакульскі пазнаў пані Вансоўскую.

– Гэй, гэй! – закрычала яна са смехам, саскочыла з каня і аддала повад Вакульскаму.

– Навяжы яго, пан, – сказала яна. – Ах, як я добра ўжо ведаю пана!.. Пытаюся гадзіну таму ў старшынёвай, дзе Вакульскі? “Паехаў па палетках, пашукаць месца пад цукроўню”. Акурат! – думаю я. – Ён паехаў у лес марыць. Загадала падаць сабе каня і вось – знаходжу пана, які сядзіць на пні, а ў самога ліхаманка… Ха-ха-ха!..

– Гэтак смешна я выглядаю?

– Не! Па мне, дык пан не выглядае смешна, але, як бы гэта сказаць?.. Нечакана. Я ўяўляла сабе пана зусім іначай. Калі мне сказалі, што пан купец, які ў дадатак хутка разбагацеў, я падумала: купец?.. Дык ён прыехаў у вёску або пашукаць панну з добрым пасагам, або здабыць у старшынёвай грошай на нейкае прадпрыемства”.

У любым выпадку я меркавала, што пан – чалавек халодны, разважлівы, які ходзіць па лесе і лічыць дрэвы, а на неба не глядзіць, бо яно не дае працэнтаў… Тым часам, што ж я бачу?.. Сярэднявечнага рамантыка, які ўцякае ў лес, каб уздыхаць і шукаць сляды мінулага тыдня, сляды яе ног! Вернага рыцара, які кахае да смерці адну кабету, а да іншых ставіцца, як дзікун. Ах, пане Вакульскі, як гэта смешна… як недалікатна!..

– Пані ўжо скончыла? – холадна запытаўся Вакульскі.

– Ужо… Цяпер пан скажа сваё слова?..

– Не, пані. Я прапаную вяртацца дадому.

Пані Вансоўская залілася яркай чырванню.

– Прашу прабачэння, – сказала яна, беручы каня за аброць, – ці не думе пан, што я гэтак кажу пра каханне пана, каб самой выйсці за пана?.. Маўчы, пан… Пагаворым сур’ёзна. Быў момант, калі мне пан падабаўся, быў і ўжо мінуў. Але нават каб не мінуў, нават каб памірала ад кахання да пана, што, вядома, не здарыцца, бо я не страціла ні сну, ні апетыту, я не пайшла б за пана, чуе пан… Хоць бы мяне прымушалі. Я не змагла б жыць з чалавекам, які кахае іншую кабету гэтак, як пан. У мяне зашмат гонару на тое. Верыць мне пан?

– Так!

– Добра. І калі сёння я крыху пакпіла з пана, дык гэта толькі зычлівасць. Імпануе мне жарсць пана, я хачу, каб пан быў шчаслівы, і таму кажу: пазбаўся, пан, сярэднявечнага трубадурства ў сабе, бо ў нас ужо дзевятнаццатае стагоддзе, кабеты ўжо іншыя, не такія, як пан іх сабе ўяўляе, пра гэта ведаюць нават дваццацігадовыя хлопцы.

– Якія ж яны?

– Прыгожыя, мілыя, любяць дурыць вам галаву, а кахаюць не больш, чым гэта прыносіць ім задавальнення. На драматычнае каханне не згодзіцца аніводная, прынамсі, не кожная… Мусіла б яна ўшчэнт знудзіцца любошчамі, каб шукаць драматычнага каханка.

– Карацей кажучы, намякае пані, што панна Ізабэла…

– О, ніякіх намёкаў на панну Ізабэлу, – жвава запратэставала пані Вансоўская. – Ёсць у ёй матэрыял на добрую кабету, і той, каго яна пакахае, будзе шчаслівы. Калі, аднак, пакахае!.. Дапамажы мне, пан, сесці на каня…

Вакульскі падсадзіў яе, і сам сеў на каня. Пані Вансоўская была ўсхваляваная. Неякі час яна ехала наперад моўчкі, раптам павярнулася і сказала:

– Яшчэ адно слова. Я ведаю людзей лепш, чым пан думае, і… баюся, пана чакае расчараванне. Дык вось, калі б гэта раптам здарылася, прыгадай сабе маю параду: не рабі нічога пад уплывам пачуццяў, а дай час. Шмат што выглядае горш, чым ёсць у сапраўднасці.

“Шатан!” – прамармытаў Вакульскі. Усё паплыло ў яго перад вачыма, усё заслала крывавым туманам.

Яны ехалі далей, ужо нічога не кажучы адзін аднаму. Калі вярнуліся ў Заславак, Вакульскі пайшоў да старшынёвай.

– Заўтра я паеду, – сказаў ён. – А цукроўню няхай пані не ставіць.

– Заўтра… – паўтарыла старая. – А што ж будзе з каменем?

– Вось менавіта. З дазволу пані я паеду ў Заслаўле. Пагляджу, што там з каменем. Зрэшты, маю там яшчэ адну справу.

– Так. Едзь з Богам… Няма чаго табе тут рабіць. А ў Варшаве заходзь да мяне. Я вярнуся разам з графіняю і Ленцкімі…

Увечары зайшоў да яго Ахоцкі.

– Ліха на яго! – вылаяўся ён. – Гэтак хацеў з панам пагутарыць пра розныя рэчы… Але што ж, як пан увесь час быў з бабамі, а цяпер едзеш…

– Не любіш, пан, кабет? – усміхнуўся Вакульскі. – Можа, добра і робіш!..

– Не тое, каб не любіў. Але з таго часу, як пераканаўся, што свецкія дамы не адрозніваюцца ад пакаёвак, я абіраю пакаёвак.

– Усе без выключэння бабы, – правіў ён далей, – гускі, нават самыя разумныя з іх. Учора, напрыклад, я паўгадзіны тлумачыў Вансоўскай, якая карысць можа быць ад кіравання паветранымі балонамі. Расказваў пра тое, што знікнуць межы, пра братэрства народаў, пра магутны прагрэс цывілізацыі… Яна так глядзела мне ў вочы, што ніякіх сумневаў не было – усё разумее. А толькі я спыніўся, яна і пытаецца: “Пане Ахоцкі, а чаму пан не жэніцца?..” Чуў, пан?!

Вядома, яшчэ палову гадзіны я выкладаў ёй, што і ў думках не маю жаніцца, што я не ажаніўся б ані з паннаю Феліцыяй, ані з паннаю Ізабэлай, ані нават з ёю. Да д’ябла! Навошта мне жонка, якая б таўклася па маёй лабараторыі ў сваёй сукенцы з доўгім хвастом, цягала мяне на шпацыры, на візіты, у тэатры… Далібог, я не ведаю ніводнае кабеты, ад няспыннае прысутнасці якое я не з’ехаў бы з глузду за паўгода.

Ён змоў і хацеў ужо ісці.

– Хвілінку, – сказаў Вакульскі. – Калі пан вернецца ў Варшаву, няхай пан да мяне зойдзе. Магчыма, я паведамлю пану навіну пра вынаходніцтва, якое насамрэч можа палову жыцця забраць, але… спадабаецца пану.

– Паветраныя балоны?.. – запытаўся Ахоцкі і вочы ў яго загарэліся.

– Нешта яшчэ лепшае. Дабранач.

На другі дзень каля полудня Вакульскі пакінуў дом старшынёвай. Праз некалькі гадзін ён быў ужо ў Заслаўлі. Наведаў пробашча і загадаў Венгельку збірацца ў дарогу, у Варшаву. Пасля гэтага пайшоў на руіны замку.

На камені ўжо былі выбітыя чатыры радкі верша. Вакульскі прачытаў іх некалькі разоў і затрымаў позірк на словах:

“Да скону дзён застануцца са мною…”

“А калі не?..” – прашаптаў ён.

Ад гэтае думкі апанавала яго роспач. У той момант было ў яго адно толькі жаданне: каб зямля разышлася пад нагамі і пахавала яго разам з гэтымі руінамі, з гэтым каменем, з гэтым надпісам…

Калі ён вярнуўся ў мястэчка, коні былі ўжо накормленыя, каля фурманкі стаяў Венгелек з зялёнаю скрынкаю.

– А ці думаў ты, калі вернешся назад? – спытаў у яго Вакульскі.

– Калі Бог дасць, пане, – адказаў Венгелек.

– Сядай.

Вакульскі забраўся ў каляску, і яны рушылі. Здалёк старая кабета перахрысціла іх на дарогу. Венгелек заўважыў яе і зняў шапку.

– Няхай мама застаецца здаровая!.. – закрычаў ён з козлаў.

XXVIII. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА

Маем, гэткім чынам, год 1879.

Каб я быў прымхлівы, а галоўнае, каб не разумеў, што пасля найгоршых часоў надыходзяць лепшыя, баяўся б я гэтага году 1879. Бо калі ягоны папярэднік скончыўся пагана, дык гэты пачаўся яшчэ горш.

Англія, напрыклад, у канцы мінулага года ўблыталася ў вайну з Афганістанам, і ў снежні было нават кепска. Аўстрыя мела шмат клопатаў у Босніі, а ў Македоніі выбухнула паўстанне. У кастрычніку і лістападзе былі замахі на іспанскага караля Альфонса ды італьянскага караля Гумберта. Абодва ацалелі. Таксама ў кастрычніку памёр граф Юзаф Замойскі[225], добры сябра Вакульскага. Я нават думаю, што ягоная смерць перакрэсліла шмат якія планы Стаха.

Год 1879 толькі пачаўся, але хай ён згарыць!.. Англічане не паспелі выкараскацца з Афганістану, а ўжо ваююць у Афрыцы, дзесьці на Мысе Добрае Надзеі, з нейкімі зулусамі. А тут, у Еўропе, ні больш ні менш успышка чумы паблізу Астрахані, дык з дня на дзень можам чакаць і ў нас.

Што ў нас тут з-за гэтае чумы робіцца!.. Ад кожнага, каго ні спаткаю, толькі і чую: “А што, добра вазіць паркалік з Масквы?! Пабачыш, пан, прывезяце разам з ім яшчэ і маравую пошасць”. А колькі я атрымліваю ананімак з лаянкаю на чым свет стаіць! Здаецца мне, аднак, што пішуць іх, хутчэй за ўсё, купцы, нашы канкурэнты, або фабрыканты паркалю з Лодзі.

Гэтыя б нас у лыжцы вады ўтапілі, каб нават і ніякае чумы не было. Вядома, нават сотае часткі тае лаянкі не пераказваю я Вакульскаму, але, мяркую, ён і сам чуе ды чытае гэтага яшчэ больш, чым я.

Праўду кажучы, хацеў я вось тут, у гэтым месцы, апісаць гісторыю аднае нечуванае справы, справы крымінальнае, якую пані баранеса Кшэшоўская распачала супраць каго?.. Ніхто б не здагадаўся!.. Тае прыгожае, тае пачцівае, тае каханае пані Гэлены Стаўскае. Але з-за лютасці, якую я не ў стане ўтаймаваць, не магу сабрацца з думкамі. Дык дзеля супакаення, хіба, напішу пра штось іншае.

Пачала супраць пані Стаўскае крымінальны працэс, абвінаваціла яе ў крадзяжы... Яе ў крадзяжы! Вядома, атрэсліся мы ад гэтага бруду з трыумфам. Але чаго нам гэта каштавала… Я, напрыклад, далібог, не мог спаць начамі ледзь не два месяцы. А калі палюбіў хадзіць на піва па вечарах, чаго ніколі раней са мною не здаралася, і цяпер аж да паўночы заседжваюся ў шынку, дык гэта з гора і ўсё тут. На яе, на гэту святую кабету, падаць у суд за крадзеж!.. Бог мне сведка, трэба быць гэткаю напаўвар’яткаю, як пані баранеса.

Але заплаціла нам за гэта дурная баба дзесяць тысяч рублёў… Гэх, каб ад мяне тое залежала, я б і сто тысяч з яе выціснуў. Хай бы скуголіла, хай бы раўла, хай бы нават памерла… Гадаўка!

Але зоймемся чым іншым, а не людскімі заганамі.

Праўду кажучы, хто ведае, ці пачцівы Стах, сам таго не жадаючы, не наклікаў бяды на пані Стаўскую, нават, можа, не так ён, як я… Я яго зацягнуў да яе, я раіў Стаху не наведваць тае пачвары пані баранесы, я, нарэшце, пісаў Вакульскаму, калі той быў у Парыжы, каб ён пашукаў там звестак пра Людвіка Стаўскага. Адным словам, не хто іншы, а я сам раз’юшыў гэту ведзьму Кшэшоўскую. Дык і адпакутаваў два месяцы!.. Гора, дый годзе. Пане Божа, калі ты ёсць, усё ж збаў душу маю, калі яна ў мяне ёсць, – як казаў адзін жаўнер з часоў французскае рэвалюцыі.

(Ах, як я старэю, як старэю!.. Замест таго, каб адразу ўзяцца за справу, шукаю боб у гароху, наракаю… Хоць, далібог, удар бы мяне хапіў, каб мусіў адразу пісаць пра той пачварны, пра той ганебны працэс…)

Зараз, толькі збяруся з думкамі.

Стах цэлы верасень быў у вёсцы ў старшынёвай Заслаўскае. Чаго ён туды ездзіў, што там рабіў?.. Не магу даўмецца. Але па той пары лістоў, што ён згораўся мне напісаць, бачу: было яму там не надта. Які д’ябал прынёс туды панну Ізабэлу Ленцкую?.. Гэх! Ён жа, хіба, ужо не цікавіцца ёю. Смаркач з мяне, калі не здолею сасватаць яго з паняй Стаўскаю. Сасватаю, правяду да алтара, дапільную, каб прысягнуў, як належыць, а потым… Можа, у лоб сабе стрэлю, ці я знаю?..

(Дурань стары!.. І табе думаць пра гэткага анёла?.. Зрэшты, я пра яе зусім не думаю, асабліва з таго часу, як пераканаўся, што яна кахае Вакульскага. І няхай сабе кахае, абы шчаслівыя былі абое. А я?.. Эй, Кац, стары мой сябра, няўжо ты быў больш адважны за мяне?..)

У лістападзе, якраз у той дзень, калі абваліўся дом на вуліцы Успульнай, Вакульскі вярнуўся з Масквы. І гэтым разам не ведаю я, што ён там рабіў, дастаткова, што зарабіў каля сямідзесяці тысяч рублёў… Гэткія даходы не месцяцца мне ў галаве, але гатовы прысягнуць: справа, да якой Стах меў дачыненне, мусіла быць бездакорная.

Праз пару дзён пасля ягонага вяртання прыходзіць да мяне адзін самавіты купец і кажа:

– Каханы пане Жэцкі, не маю звычкі лезці ў чужыя справы, але – папярэдзь пана Вакульскага (не ад майго імя, а ад свайго), што той ягоны супольнік Сузін – сапраўдная шэльма і, несумненна, хутка збанкрутуе… Папярэдзь яго, пан, бо шкада чалавека… Усё ж Вакульскі, хоць і абраў крывую сцежку, заслугоўвае спачування…

– Што пан называе крывою сцежкаю?

– Анягож, пане Жэцкі, – кажа ён, – хто ездзіць у Парыж, купляе там караблі ў час непаразуменняў з Англіяй і гэтак далей, той, пане Жэцкі, не вызначаецца грамадзянскаю цнотаю.

– Пане даражэнькі, – кажу я, – а чым жа куплянне караблёў розніцца ад купляння хмелю? Хіба, большым заробкам…

– Ну, – зноў кажа ён, – не будзем, пане Жэцкі, заглыбляцца ў гэтую матэрыю. Каб зрабіў так хто іншы, нічога б я не меў супраць, але Вакульскі!.. Мы ж абодва ведаем яго мінулае, а я, можа, лепш за пана, бо не раз светлае памяці Гопфер рабіў у мяне праз яго замовы.

– Пан, – звяртаюся я да таго купца, – кідаеш цень падазрэння на Вакульскага?

– Не, пане, – зноў кажа ён, – я толькі паўтараю тое, пра што гудзе ўвесь горад. Не маю найменшага жадання ачарніць Вакульскага, асабліва ў вачах пана, які з ім сябруе (і слушна, бо пан ведаў гэтага чалавека, калі той быў не такі, як цяпер), але… Згадзіся, пан, што гэты чалавек шкодзіць нашай прамысловасці… Не буду нічога казаць пра яго патрыятызм, пане Жэцкі, але… шчыра пану скажу (бо не хачу крывіць душою перад панам), гэты маскоўскі паркалік… Разумее пан?..

Я быў раз’юшаны. Як-ніяк, а я – экс-паручнік венгерскае пяхоты, аднак не магу зразумець: чым нямецкі паркалік лепшы за маскоўскі? Але з маім купцом гаворкі не было. Ён, злыдзень, гэтак варушыў брывамі, гэтак паціскаў плячыма і раскладаў рукі, што я ўжо падумаў быў, нібы ён – вялікі патрыёт, а сам я – лайдак, хоць у той час, калі ён набіваў кішэні рублямі ды імперыяламі, безліч куляў ляцела ў мяне над галавою.

Вядома, я распавёў пра гэта Стаху, які паслухаў і сказаў:

– Супакойся, мой каханы. Тыя самыя людзі, якія мяне папярэджваюць, што Сузін – шэльма, месяц таму пісалі Сузіну, што я банкрут, махляр, былы бунтаўнік.

Пасля размовы з тым пачцівым купцом, прозвішча якога нават называць не хочацца, і пасля ўсіх атрыманых ананімак, пастанавіў я запісваць, што кажуць добрыя людзі пра Вакульскага.

Вось першая порцыя: Стах – кепскі патрыёт, бо танным паркалем зашкодзіў крыху лодзьскім фабрыкантам. Bene!.. Пабачым, што будзе далей.

У кастрычніку, дзесьці ў той час, калі Матэйка скончыў маляваць Грунвальдскую бітву (вялізная гэта карціна і велічная, толькі не трэба яе паказваць жаўнерам, якія бралі ўдзел у бітвах), забягае ў склеп Марушэвіч, той сябра пані баранесы Кшэшоўскае. Гляджу на яго – магнат з магнатаў! На пузе, а хутчэй на тым месцы, дзе ў людзей пуза, залаты ланцуг, тоўсты – на паўпальца, а доўгі, хоць ты сабак на ім вадзі. На гальштуку – брыльянтавая шпілька, на руках – новыя пальчаткі, на нагах – новыя чаравікі, а на ўсім целе (лядашчае гэта цела, змілуйся, Божа!) – новы гарнітур. І твар пры гэтым, нібы аніводнае ніткі на ім у крэдыт, а ўсё – за гатоўку. (Пазней Клейн, які жыве з ім у адным доме, прасвяціў мяне, што Марушэвіч гуляе ў карты і апошнім часам яму шанцуе.)

Дык залятае гэты франт у краму ў капелюшы на галаве ды з эбенавым кійком у руцэ, неспакойна азіраецца навокал (у яго звычайна бегаюць вочы) і пытаецца:

– Пан Вакульскі тут?.. А, пан Жэцкі!.. На пару слоў…

Вышлі мы з ім за шафы.

– Я з цудоўнаю навіною, – пачаў ён, пяшчотна паціскаючы мне руку. – Можаце, панове, прадаць сваю камяніцу, тую, былую Ленцкага… Баранеса Кшэшоўская яе купіць. Яна ўжо адсудзіла ў мужа свае капіталы і, калі здолееце дамовіцца, дасць дзевяноста тысяч рублёў, можа, нават і адступнога…

Ён мусіў заўважыць задавальненне на маім твары (мне гэта пакупка камяніцы ніколі не падабалася), бо сціснуў мне руку мацней, наколькі гэткі здыхляк здольны моцна нешта рабіць, і, соладка ўсміхаючыся (ванітавала мяне ад гэтай саладжавасці), зашаптаў:

– Магу аказаць панам паслугу… важную паслугу… Пані баранеса вельмі лічыцца з маім меркаваннем і… калі я…

Тут ён кашлянуў.

– Разумею, – азваўся я, здагадваючыся, з кім маю справу. – Пану Вакульскаму, вядома, нескладана будзе ацаніць клопаты пасярэдніка.

– Але ж, пане, прашу прабачэння, – абурыўся ён, – што такое?! З прапановаю да паноў прыйдзе адвакат баранесы. Зрэшты, я не пра сябе клапачуся… Мне цалкам стае таго, што ў мяне ёсць… Але я ведаю адну бедную сям’ю, якой, па маёй рэкамендацыі, калі захочаце, панове…

– Калі ласка, пане, – спыніў я яго, – нам было б лепш уручыць нейкую суму наўпрост пану, калі, вядома, справа дойдзе да выніку.

– О, за тое, што дойдзе, я магу паручыцца гонарам! – запэўніў пан Марушэвіч.

Аднак я не даў яму слова, што ён атрымае за пасярэдніцтва, дык той пару хвілін яшчэ пакруціўся ў краме і пайшоў, пасвістваючы.

Пад вечар я расказаў усё Стаху, але той у адказ прамаўчаў, што мяне збянтэжыла. Дык на другі дзень я паспяшаўся да нашага адваката (які адначасова і адвакат князя) ды пераказаў яму навіну Марушэвіча.

– Дае дзевяноста тысяч рублёў!.. – здзівіўся адвакат (гэта вельмі вядомы чалавек). – Але ж, дарагі пане Жэцкі, цяпер камяніцы даражэюць, у наступным годзе нават збіраюцца пабудаваць сотні дзве новых… Такім чынам, дарагі пане Жэцкі, калі прададзім наш дом нават за сто тысяч рублёў, дык яшчэ зробім ім ласку… У пані баранесы надта загарэліся вочы на гэту камяніцу (калі падобны выраз уласцівы ў дачыненні да гэтакіх высакародных дам), і мы можам вытаргаваць значна большую суму, дарагі пане Жэцкі.

Я развітаўся са знакамітым адвакатам і вярнуўся ў краму, абяцаючы сабе ні за што больш не ўмешвацца ў продаж камяніцы. Апроч таго, падумалася мне, зрэшты, не першы ўжо раз, што Марушэвіч – спрытнюга, якіх пашукаць.

Зараз, калі я супакоіўся ўжо настолькі, што магу ўпарадкаваць свае думкі, апішу ненавісны суд пані баранесы з тым анёлам, з тою дасканалаю кабетаю, пані Стаўскаю. Каб я не апісаў яго, дык праз год ці два засумняваўся б ва ўласнай памяці, што магло здарыцца гэткае вычварэнства.

Дык не забывай жа, дарагі Ігнацы, што, па-першае, пані баранеса Кшэшоўская даўно ўжо незалюбіла пані Стаўскую, бо думае, што ўсе, як адзін, у тую закаханыя, а па-другое, пані баранеса хоча як мага танней купіць у Вакульскага камяніцу. Абодва гэтыя факты істотныя, а важнасць іх я спасціг толькі цяпер. (Як я старэю, Божа міласэрны, як я старэю!..)

Пасля знаёмства з пані Стаўскай я бываў у яе досыць часта. Не скажу, каб кожны дзень. Часам раз на некалькі дзён, а часам і два разы на дзень. Я ж мусіў апекавацца тою камяніцаю, гэта адно. А потым, трэба было паведаміць пані Стаўскай, што напісаў Вакульскаму ў справе пошукаў яе мужа. Потым давялося ехаць з весткаю, што Вакульскі не дазнаўся нічога пэўнага. Потым наведаў, каб з вокнаў яе кватэры паназіраць за Марушэвічам, які жыў у афіцыне насупраць. Іншым разам трэба было прыгледзецца да пані Кшэшоўскае і да яе дачыненняў са студэнтамі, што жылі паверхам вышэй і на якіх яна няспынна скардзілася.

Нехта з боку мог бы падумаць, што я бываю ў пані Стаўскае занадта часта. Але сам я, добра разважыўшы, прыйшоў да высновы, што бываў у яе занадта рэдка. Бо з яе вокнаў быў дасканалы пункт назірання за ўсёю камяніцаю, ну і да таго ж прымалі мяне там вельмі гасцінна. Пані Місевічова (шаноўная матка пані Гэлены) кожны раз вітала мяне ледзь не з абдымкамі, малая Гэлюня залазіла мне на калені, а сама пані Стаўская рабілася больш вясёлаю, як мяне бачыла, і казала, што ў той час, калі я ў іх, яна забывае пра свае клопаты!..

Ці мог я, калі мяне так прымалі, не бываць там часта? Далібог, мяркую, што бываў я там рэдка, і каб меў больш рыцарскіх якасцяў, мусіў бы праседжваць там з раніцы да вечара. Няхай бы нават пані Стаўская і апраналася пры мне. Чым бы гэта мне зашкодзіла?

Падчас тых візітаў зрабіў я некалькі важных назіранняў.

Спачатку тыя студэнты з чацвёртага паверху; яны і праўда былі людзьмі неспакойнага нораву. Да другое гадзіны ночы спявалі, галёкалі, часам нават раўлі і наогул стараліся выдаваць як найбольш нялюдскіх гукаў. Цягам дня, калі хоць адзін з іх быў дома, – а нехта звычайна заўсёды заставаўся, – яны пільнавалі, ці не вытыркне пані баранеса галаву ў фортку (а рабіла яна гэта не менш за дзесяць разоў на дзень), і заўсёды паспявалі лінуць на яе зверху вады.

Скажу нават, што паміж ёю і студэнтамі, якія жылі наверсе, утварылася нешта падобнае да спартовага спаборніцтва, сутнасць якога была ў тым, што яна, высоўваючыся ў фортку, старалася як мага хутчэй схаваць галаву назад, а яны намагаліся абліваць яе як мага часцей і не шкадуючы вады.

А вечарамі гэтыя маладыя людзі, над якімі ніхто не жыў і якіх ніхто не мог абліць вадою, склікалі да сябе прачак і служанак з усяе камяніцы. Тады з кватэры пані баранесы чуліся крыкі ды істэрычныя рыданні.

Другое маё назіранне тычылася пана Марушэвіча, які жыў амаль vis-a-vis з пані Стаўскаю. Лад жыцця гэтага чалавека даволі своеасаблівы і адметны рэдкім пастаянствам. Ён рэгулярна не плаціць за кватэру. Рэгулярна, кожныя некалькі месяцаў, выносяць з яго кватэры нешта з рэчаў: нейкія статуэткі, люстры, дываны, гадзіннікі… Але што цікава, з гэткаю ж рэгулярнасцю прыносяць яму ў кватэру новыя люстры, новыя дываны, новыя гадзіннікі і статуэткі…

Пасля кожнага такога вынасу рэчаў некалькі дзён пан Марушэвіч праводзіць перад адным са сваіх вокнаў. Там ён і голіцца, і чэшацца, і мажа валасы фіксатуарам, і нават апранаецца, кідаючы надта красамоўныя позіркі ў кірунку вокнаў пані Стаўскае. Але, як толькі яго памяшканне напоўніцца новымі выгоднымі ды прыгожымі рэчамі, пан Марушэвіч на некалькі дзён закрывае свае вокны шторамі.

Тады (аж не верыцца!), гарыць у яго дзень і ноч святло, а з пакояў чуюцца шматлікія галасы мужчын, а часам і кабет…

Але што мне да чужых спраў!

Аднойчы ў пачатку лістапада кажа мне Стах:

– Падобна, ты бываеш у тае пані Стаўскае?

Аж горача мне зрабілася.

– Перапрашаю, – выгукнуў я, – як гэта разумець?..

– Звычайным чынам, – адказаў ён. – Не робіш жа ты ёй візітаў праз акно, а ходзіш праз дзверы. Зрэшты, хадзі, як хочаш, але пры першай магчымасці скажы тым паням, што я атрымаў ліст з Парыжа…

– Пра Людвіка Стаўскага? – спытаў я.

– Так.

– Знайшлі яго, нарэшце?

– Яшчэ не, але ўжо натрапілі на след, і ёсць надзея хутка даведацца, дзе ён.

– Можа, бядак памёр! – закрычаў я і кінуўся абдымаць Вакульскага. – Прашу цябе, Стаху, – дадаў я, калі крыху супакоіўся, – зрабі мне ласку, наведай тых паняў і сам паведамі ім навіну…

– Хіба я трунар які, каб спраўляць людзям гэткую прыемнасць? – абурыўся Вакульскі.

Але, калі я пачаў расказваць яму, якія гэта шляхетныя кабеты, як яны выпытвалі, ці не наведае ён іх калі, ды яшчэ намякнуў, што варта б яму і самому хоць вокам кінуць на ўласную камяніцу, дык ён памякчэў.

– Не ў галаве мяне тая камяніца, – сказаў ён, паціскаючы плячыма, – прадам яе з дня на дзень…

Але ўсё ж ён паддаўся на ўгаворы, і паехалі мы туды а першай гадзіне. На падворку я заўважыў: шторы ў кватэры Марушэвіча старанна зашмаргнутыя. Відавочна, ён ужо меў новы мэблевы гарнітур.

Стах абыякава разглядаў вокны дома і безуважна слухаў маю справаздачу пра зробленыя тут паляпшэнні. Паклалі мы новы насціл у браме, адрамантавалі дах, пафарбавалі сцены, кожны тыдзень цяпер сталі мыць лесвіцу. Словам, занядбаную камяніцу ператварылі ў даволі відную. Усё рабілася як мае быць, уключна з падворкам і водаправодам, усё, апроч кватэрнае платы.

– Зрэшты, – скончыў я, – больш дакладную інфармацыю пра кватэрную плату дасць табе твой радца, пан Вірскі, па якога я зараз пашлю стоража.

– Адчапіся ты ад мяне і з платаю, і з радцам, – прамармытаў Стах. – Хадзем ужо да тае пані Стаўскае ды вернемся ў краму.

Падняліся мы на другі паверх левае афіцыны, дзе патыхала варанаю квяцістаю капустай; Стах скрывіўся, а я пастукаў у дзверы кухні.

– Пані дома? – запытаўся я ў таўстухі кухаркі.

– Анягож, калі пан прыйшоў, – адказала яна і прыжмурылася.

– Бачыш, як нас прымаюць!.. – па-нямецку шапнуў я Стаху.

У адказ ён кіўнуў галавою і выпнуў губу.

У салоне маці пані Стаўскае, як заўсёды, вязала панчоху; убачыўшы нас, яна крыху прыўзнялася ў фатэлі і здзіўлена пазірала на Вакульскага.

З другога пакоя вызірнула Гэлюня.

– Мама, – прашаптала яна гэтак гучна, што чуваць яе пэўна было аж на дзядзінцы, – прыйшоў пан Жэцкі і яшчэ нейкі пан.

І адразу да нас выйшла пані Стаўская.

Я звярнуўся да абедзвюх дам:

– Наш гаспадар, пан Вакульскі, прыйшоў ушанаваць паняў і паведаміць навіны…

– Пра Людвічка? – падхапіла пані Місевічова. – Ці жывы ён?..

Пані Стаўская збялела, але праз момант пачырванела. Была яна ў гэтую хвіліну такая прыгожая, што нават Вакульскі глядзеў на яе калі не з захапленнем, дык, прынамсі, прыхільна. Я ўпэўнены, што ён зараз жа закахаўся б у яе, каб не той паганы пах квяцістае капусты з кухні.

Мы селі. Вакульскі запытаўся, ці задаволеныя пані кватэраю, а пасля гэтага расказаў ім, што Людвік Стаўскі два гады таму быў у Нью-Ёрку, а потым перабраўся ў Лондан пад чужым прозвішчам. З яго слоў вынікала, што Стаўскі быў хворы, і ёсць надзея праз некалькі дзён атрымаць дакладныя звесткі.

Слухаючы яго, пані Місевічова некалькі раз скарысталася насоўкаю… Пані Стаўская слухала спакайней, толькі пару слязінак прабегла ў яе па твары. Каб схаваць узрушанасць, яна з усмешкаю павярнулася да дачкі і ціха прамовіла:

– Падзякуй, Гэлюня, пану, які прынёс нам вестку пра тату.

Зноў бліснулі ў яе слёзы, але яна стрымала сябе. Тым часам Гэлюня зрабіла рэверанс перад Вакульскім, а потым паглядзела на яго вялікімі вачыма і нечакана абхапіла за шыю ды пацалавала проста ў вусны.

Доўга не забыць мне, як змяніўся з твару Вакульскі ад гэтае неспадзяванае пяшчоты, бо, наколькі я ведаю, ніколі яшчэ не цалавала яго аніводнае дзіця. Дык у першы момант ён, уражаны, адхіснуўся, а потым абняў Гэлюню за плечы, усхвалявана паглядзеў на яе і пацалаваў у галаву. Я быў гатовы прысягнуць, што ён адразу ж устане з крэсла і скажа пані Стаўскай:

“Дазволь, пані, каб я замяніў бацьку гэтаму каханаму дзіцяці…”

Але… ён не сказаў нічога, апусціў галаву і ўпаў у звычайны свой роздум. Я не пашкадаваў бы свайго заробку аж за паўгода, каб даведацца, пра што ён тады думаў. Можа, пра панну Ленцкую?.. Гэх, зноў старасць нагадвае пра сябе… Што тая панна Ленцкая?! І блізка яна не стаяла да Стаўскае!

Пасля хвіліннага маўчання Вакульскі спытаў:

– Задаволеныя пані суседзямі?..

– Па-рознаму, – азвалася пані Місевічова.

– А як жа, вельмі, – перабіла яе пані Стаўская.

Яна зірнула на Вакульскага і пачырванела.

– І пані Кшэшоўская таксама прыемная суседка? – запытаўся Вакульскі.

– О, пане!.. – выгукнула пані Місевічова, падымаючы ўгору палец.

– Няшчасная кабета, – зноў перабіла яе пані Стаўская. – Яна страціла дачку.

Кажучы гэта, яна перабірала пальцамі беражок хустачкі і з-пад сваіх цудоўных веек паглядала… ды ўжо ж не на мяне. Але, відаць, павекі яе важылі столькі, нібы былі з волава, дык яна чырванела ўсё мацней і рабілася ўсё больш паважнаю, нібы нехта з нас яе абразіў.

– А хто такі гэты пан Марушэвіч? – працягваў Вакульскі, нібы забыўшыся, што размаўляе з дамамі.

– Ветрагон, шалапут… – паспяшалася адказаць пані Місевічова.

– Але ж, мамачка, ён арыгінал, хіба, ды і ўсё… – паправіла яе дачка.

У гэты момант вочы ў яе былі вялізныя, а зрэнкі пашыраныя, як ніколі.

– А тыя студэнты, падобна, вялікія свавольнікі, – прамовіў Вакульскі, утаропіўшыся ў фартэп’яна.

– Вядома, маладыя, – адказала пані Місевічова і гучна высмаркалася.

– Бачыш, Гэлюня, зноў адшпіліўся ў цябе банцік, – нахілілася пані Стаўская да дачушкі, можа, каб схаваць сваю збянтэжанасць ад згадкі пра свавольства студэнтаў.

Знудзіў ужо мяне Вакульскі сваімі размовамі. Трэба быць або недарэкам, або чалавекам кепска выхаваным, каб гэткую прыгожую кабету распытваць пра суседзяў! Дык я перастаў яго слухаць і машынальна пачаў разглядаць падворак.

І што ж я там убачыў… У адным з вокнаў Марушэвіча адхілілася крыху ралета, і праз шчыліну можна было заўважыць, як нехта назірае за намі.

“Шпегуе дабрадзей!” – падумаў я і падняў вочы на трэці паверх фасада. Дзіва дзіўнае!.. У дальнім пакоі пані баранесы Кшэшоўскае абедзве форткі адчыненыя, а ў глыбіні відаць… яе самую, як яна скіравала на вокны пані Стаўскае тэатральную ларнетку.

“І не пакарае пан Бог гэтую ведзьму…” – сказаў я сабе, упэўнены, што гэтае назіранне праз ларнетку скончыцца скандалам.

Маліўся я не дарма. Кара Божая ўжо вісела над галавою інтрыганкі ў выглядзе селядца, што вытыркаўся з форткі на чацвёртым паверсе. Гэтага селядца трымала нейкая таямнічая рука ў сінім рукаве з сярэбраным галуном, а побач з рукою мільгаў твар са зласліваю ўсмешкаю.

І без маёй празорлівасці можна было здагадацца, што гэта быў адзін з тых студэнтаў, якія не плацілі за кватэру, і ён пільнаваў, калі баранеса высунецца ў фортку, каб скінуць на яе селядзец.

Але баранеса была асцярожная, дык мізэрны студыёзус нудзіўся. Ён перакладаў гэту прыладу гневу божага – селядзец – з аднае рукі ў другую і, ад няма чаго рабіць, строіў непрыстойныя міны дзявухам з парыжскае пральні.

Я ўжо падумаў было, што з падрыхтаванага на баранесу замаху нічога не атрымаецца, але тут Вакульскі падняўся з крэсла і пачаў развітвацца з дамамі.

– Так хутка панове сыходзяць! – ціха прамовіла пані Стаўская і адразу моцна збянтэжылася.

– Можа, панове будуць ласкавыя часцей… – пачала пані Місевічова.

Але боўдзіла Стах, замест таго, каб прасіць у паняў дазволу бываць у іх штодня або нават сталавацца ў іх (што я абавязкова зрабіў бы на яго месцы), гэты… гэты дзівак спытаў толькі, ці не патрэбны нейкі рамонт у памяшканні.

– О, усё, што трэба, ужо зрабіў пачцівы пан Жэцкі, – адказала пані Місевічова і зірнула на мяне з мілаю ўсмешкаю. (Шчыра кажучы, не падабаюцца мне такія ўсмешкі ў асоб пэўнага веку.)

У кухні Стах затрымаўся на момант, і з-за таго, што раздражняў яго, відаць, пах квяцістае капусты, сказаў мне:

– Трэба тут нейкі вентылятар усталяваць, ці што…

Калі мы былі ўжо на лесвіцы, я не стрываў і выбухнуў:

– Каб ты часцей сюды заходзіў, дык ведаў бы сам, што ў гэтым доме трэба паправіць. Але што табе гэты дом або нават гэткая прыгожая кабета!

Вакульскі спыніўся на ганку і, пазіраючы на вадасцёкавы жолаб, прамармытаў:

– Хм… каб я раней з ёю пазнаёміўся, можа, нават і ажаніўся б.

Ад гэтых слоў адчуў я нешта дзіўнае: быў задаволены і адначасова – нібы ў сэрца мне кальнулі.

– А цяпер што, не ажэнішся? – спытаў я.

– Хто ведае?.. – адказаў ён. – Можа, і ажанюся… Але не з ёю.

Гэта прызнанне выклікала ў мяне яшчэ больш дзіўнае адчуванне: шкада мне было, што пані Стаўская не будзе мець Стаха сваім мужам, але разам з тым – нібы нехта зняў мне цяжар з грудзей.

Ледзьве ступілі мы на падворак, як бачу: пані баранеса высунулася з форткі ды крычыць, вядома ж, нам:

– Панове!.. Калі ласка!..

Раптам яна прарэзліва завішчала: “Ах, нігілісты…” – і адхіснулася назад у пакой.

І адразу за некалькі крокаў ад нас упаў на зямлю селядзец, на якога стораж накінуўся гэтак драпежна, што ледзь мяне не штурхануў.

– Не зойдзеш да пані баранесы? – спытаў я ў Стаха. – Здаецца, яна нешта хацела.

– А Бог з ёю! – адказаў ён і махнуў рукою.

На вуліцы ён спыніў брычку, і моўчкі мы вярнуліся ў краму. Я, аднак, мяркую, што ён думаў пра пані Стаўскую, і каб не тая паганая квяцістая капуста…

Гэтак было мне ніякавата, гэтак я расхваляваўся, што зачыніў краму і пайшоў на піва. Спаткаў там радцу Вянгровіча, які ўсё яшчэ брэша на Вакульскага, але часам вельмі трапна выказваецца пра палітыку… і спрачаліся мы з ім да поўначы. Вянгровіч мае рацыю. Сапраўды, з газет вынікае, што ў Еўропе нешта мае адбыцца. Хто ведае, ці малы Напалеонак (называюць яго Люлю, але пакажа ён вам люлю!) не перабярэцца пасля Новага году з Англіі ў Францыю… Прэзідэнт Мак-Магон – за яго, князь Броджыа – за яго, большасць народу – за яго… Можна паспрачацца, што стане ён імператарам, як Напалеон IV, а ўвесну немцам давядзецца паскакаць з ім. Не пойдуць жа цяпер немцы на Парыж, не ўдаецца два разы адна штука.

Вось тады… Што гэта я хацеў сказаць?.. Ага!

Праз тры, можа, праз чатыры дні пасля нашага візіту да пані Стаўскае прыходзіць Стах у краму і падае мне ліст, адрасаваны яму.

– Пачытай, хіба, – кажа ён і рагоча.

Я разгарнуў і чытаю:

“Пане Вакульскі! Прабач, што не называю цябе шаноўным, але цяжка гэтак звяртацца да чалавека, ад якога ўсе адварочваюцца ўжо з агідаю. Няшчасны чалавеча! Яшчэ не забылі твае ранейшыя злачынствы, а ты ўжо ганьбіш сябе новымі. Сёння ўвесь горад ні пра што іншае не гаворыць, як пра твае адведзіны кабеты гэткіх амаральных паводзінаў, як Стаўская. Ты ўжо не толькі маеш з ёю спатканні ў горадзе, не толькі пракрадаешся да яе па начах, што магло б яшчэ сведчыць, нібы не страціў дарэшты сораму, але нават наведваеш яе ўжо ў белы дзень, на вачах у слуг, у моладзі ды пачцівых жыхароў камяніцы з гэткаю нядобраю славаю.

Але не падманвай сябе, няшчасны, не толькі ты з ёю ў сувязі. Дапамагае табе яшчэ твой радца, той нягоднік Вірскі, ды ссівелы ад распусты твой намеснік Жэцкі.

Мушу дадаць, што Жэцкі не толькі зводзіць тваю палюбоўніцу, але яшчэ і абкрадае цябе з даходаў ад дому, бо зменшыў плату за кватэру некаторым жыхарам, а перадусім той Стаўскай. У выніку дом твой нічога ўжо не варты, сам ты стаіш на краю пагібелі і, сапраўды! вялікую ласку зрабіў бы табе шляхетны дабрачынца, які б пажадаў купіць гэтую развалюху, што належала колісь Ленцкаму, з невялікаю для цябе стратаю.

Дык, калі б знайшоўся гэтакі дабрадзей, пазбудзься цяжару, вазьмі з удзячнасцю тое, што табе даюць, ды ўцякай за мяжу, пакуль чалавечая справядлівасць не закавала цябе ў кайданы ды не кінула ў вязніцу. Паклапаціся пра сябе!.. Сцеражыся!.. І паслухайся рады зычлівага прыяцеля”.

– Зух-баба, не?.. – спытаў Вакульскі, калі заўважыў, што я ўжо закончыў чытаць.

– Няхай яе д’яблы забяруць! – выбухнуў я, разумеючы, што ён гаворыць пра аўтарку ліста. – Паслухаць яе, дык я ссівеў з распусты!.. Я краду!.. Я ўступаю ў сувязі!.. Ведзьма праклятая.

– Ну-ну, супакойся, бо вунь ідзе ўжо яе адвакат, – сказаў Стах.

Сапраўды, у гэты момант увайшоў у краму нейкі чалавечына ў аблезлым футры, лінялым цыліндры і вялізных галёшах. Увайшоў, азірнуўся навокал, нібы следчы, потым спытаў у Клейна, калі будзе пан Вакульскі, і толькі тады зрабіў выгляд, што раптам заўважыў нас. Ён падышоў да Стаха і ціха прамовіў:

– Пан Вакульскі?.. Ці магу я мець з панам кароценькую нараду сам-насам?

Стах падміргнуў мне, і пайшлі мы ўтрох да мяне. Госць распрануўся, пры гэтым я заўважыў, што яго порткі выцертыя, ледзь не свіцяцца, а барада з’едзеная моллю яшчэ больш, чым футра.

– Прадстаўляюся панам, – сказаў ён, працягваючы Вакульскаму правую, а мне левую руку. – Я адвакат…

Тут ён назваў прозвішча ды – гэтак і застаўся стаяць з рукамі ў паветры. Дзіўным чынам ні Стах, ні я не адчувалі ахвоты да поціску.

Ён зразумеў гэта, але не збянтэжыўся. Наадварот, з найлепшаю мінаю пацёр рукі і прамовіў са смехам:

– Панове нават не пытаюцца, якая справа прывяла мяне сюды.

– Думаю, пан сам скажа, – адказаў Вакульскі.

– Рацыя! – выгукнуў госць. – Дык вось, скажу сцісла. Ёсць тут вельмі багаты, але вельмі скупы ліцвін (ліцвіны ўсе вельмі скупыя!), які прасіў мяне, каб я парэкамендаваў яму якую-небудзь камяніцу. Маю іх з пятнаццаць, але з пашаны да пана, пане Вакульскі, бо мне вядома, што пан робіць дзеля краю, парэкамендаваў яму панскую, былую Ленцкага, і пасля двухтыднёвае апрацоўкі той ужо гатовы даць за яе… Адгадайце, панове, колькі… Восемдзесят тысяч рублёў!.. Як вам? Жалезны інтарэс. Праўда?

Вакульскі пачырванеў ад злосці, і я ўжо падумаў быў, што ён пагоніць госця ў каршэнь. Але ён стрымаўся і адказаў, але тым асаблівым сваім тонам, злосна-насмешлівым:

– Ведаю я таго ліцвіна, завецца ён баранеса Кшэшоўская.

– Што?.. – здзівіўся адвакат.

– Той скупы ліцвін дае не восемдзесят, а дзевяноста тысяч за мой дом, а пан прапануе мне менш, каб самому зарабіць.

– Га-га-га! – зарагатаў адвакат. – Хто б зрабіў іначай, шаноўны пан Вакульскі?

– Дык скажы, пан, свайму ліцвіну, – перабіў яго Стах, – што я прадам камяніцу, але за сто тысяч рублёў. І гэта толькі да Новага года. А пасля Новага года кошт падыму.

– Але ж не па-людску тое, што пан кажа!.. – закрычаў госць. – Пан хоча ў тае няшчаснае кабеты вытрасці апошні грош… Што людзі скажуць, падумай, пане!..

– Што скажуць людзі, мяне не турбуе, – заявіў Вакульскі. – А калі хто пажадае чытаць мне мараль, як пан, я пакажу таму на дзверы. Вунь там дзверы, бачыш, пане адвакаце?

– Даю пану дзевяноста дзве тысячы рублёў і ні на грош болей, – адказаў адвакат.

– Няхай пан апране сваё футра, бо змерзне на падворку…

– Дзевяноста пяць… – гукнуў адвакат і спехам пачаў апранацца.

– Ну, я развітваюся з панам… – сказаў Вакульскі і адчыніў дзверы.

Адвакат нізка пакланіўся і выйшаў, а з парога саладжавым тонам дадаў:

– Дык я зайду праз пару дзён. Можа, шаноўны пан будзе ў лепшым гуморы.

Стах зачыніў дзверы ў яго перад носам.

Пасля візіту абрыдлага адваката мае думкі праясніліся. Пані баранеса, дакладна, купіць камяніцу Стаха, але спачатку з дапамогаю ўсіх сродкаў будзе збіваць цану. Ведаю я гэтыя сродкі! Адным з іх быў той ананімны ліст, у якім яна бэсціць пані Стаўскую, а пра мяне кажа, што я ссівеў з распусты.

А як толькі яна купіць камяніцу, адразу выганіць з яе студэнтаў, ды, пэўна, і пані Гэлену. Каб жа толькі гэтым абмежавалася яе нянавісць…

Цяпер галопам магу расказаць пра іншыя выпадкі, якія здарыліся пазней.

Дык вось, пасля візіту таго адваката торкнула мяне кепскае прадчуванне. Пастанавіў я ў той жа дзень наведаць пані Стаўскую і перасцерагчы яе наконт баранесы. А перадусім каб яна менш сядзела пры акне.

Бо тыя пані, нягледзячы на ўсе іх цудоўныя якасці, маюць фатальную звычку падоўгу сядзець пры вокнах. Пані Місевічова – сабе, пані Стаўская – сабе, Гэлюня – сабе, і нават кухарка Мар’яна – таксама. І не досыць, што сядзяць яны гэтак удзень, дык яшчэ і вечарамі, пры лямпе, нават не апускаючы ралеты, хіба толькі калі ўжо кладуцца спаць. Дык і відаць усё, што робіцца ў іх кватэры, як у ліхтары.

Для пачцівых суседзяў гэткі спосаб баўлення часу мог быць найлепшым довадам іх шляхетнасці: сядзяць навідавоку цэлы дзень, бо не маюць чаго ўкрываць. Але варта было мне прыгадаць, як тых кабет шпегуе Марушэвіч ды пані баранеса, і падумаць, як баранеса ненавідзіць паню Стаўскую, дык ахапілі мяне найгоршыя прадчуванні.

У той самы вечар хацеў я бегчы да маіх шляхетных прыяцелек ды прасіць напрамілы Бог, каб не сядзелі яны цэлымі днямі пры вокнах ды ўнікалі вачэй баранесы. Тым часам, акурат а палове на дзявятую адчуў я смагу і замест таго, каб ісці да паняў, пайшоў на куфель піва.

Быў ужо там радца Вянгровіч і Шпрот, гандлёвы агент. Яны якраз гутарылі пра той дом, што абрынуўся на вуліцы Успульнай, а тут раптам Вянгровіч стукае сваім куфлем у мой ды кажа:

– Не адзін яшчэ дом абрынецца да Новага года!

А Шпрот падміргвае.

Не спадабалася мне яго падміргванне, бо ніколі не падабалася мне пераміргвацца з рознымі блазнамі, дык я і пытаюся:

– Што гэта? Што азначае панская пантаміма?

Той дурасліва рагоча і кажа:

– Але ж пану лепш ведаць, што гэта значыць. Вакульскі прадае краму.

Раны Хрыстовы!.. Ледзьве я не ўлупіў яму куфлем у лоб, аж сам сабе дзіўлюся. На шчасце, удалося мне стрымаць першы імпэт, выжлукціў я адзін за адным два куфлі піва ды пытаюся ў яго нібы спакойна:

– Навошта ж Вакульскаму прадаваць краму, ды і каму?

– Каму?.. – перапытвае Вянгровіч. – Ці мала жыдоў у Варшаве? Складуцца ўтрох або і ўдзесяцёх ды запаршывяць Кракаўскае Прадмесце з ласкі яснавяльможнага пана Вакульскага, які завёў уласную каляску і ездзіць да арыстакратыі ў летнія апартаменты. Божа мілы!.. Я памятаю яшчэ, як мне гэты гарапашнік падаваў ростбіф у Гопфера… Няма як ужо ездзіць на вайну ды лезці ў турэцкія кішэні.

– Але навошта яму прадаваць краму? – пытаю я, а сам шчыкаю сябе за нагу, каб не накрычаць на гэтага дзеда.

– Добра і робіць, што прадае! – адказаў Вянгровіч ды ўзяў чарговы, не ведаю ўжо які, куфель піва. – Чаго яму з купцамі важдацца, гэткаму пану, гэткаму… дыпламату, гэткаму… наватару, які нам сюды новыя тавары дастаўляе?..

– Здаецца мне, ёсць іншая прычына, – уставіў Шпрот. – Вакульскі дамагаецца панны Ленцкае, і хоць адразу яму не пашанцавала, аднак ён зноў туды ходзіць, мусіць, мае спадзяванні… А панна Ленцкая не выйшла б за галантарэйнага купца, нават каб ён быў дыпламатам і наватарам…

У вачах у мяне ўсё паплыло. Грукнуў я куфлем па стале і закрычаў:

– Хлусня, пан, усё гэта хлусня, пане Шпрот!.. І вось мой адрас… – дадаў я ды шпурнуў візітку на стол.

– Нашто мне, пан, твой адрас? – адказаў Шпрот. – Прыслаць пану партыю корту, ці што?..

– Жадаю сатысфакцыі ад пана, – закрычаў я і зноў загрукаў па стале.

– Абы-што! – кажа Шпрот ды ўздымае палец угару. – Лёгка пану жадаць сатысфакцыі, калі пан венгерскі афіцэр. Забіць чалавека або нават двух ці самому загінуць пад шаблямі – гэта пану хлеб з маслам… А я, пане, гандлёвы агент, у мяне жонка, дзеці і тэрміновыя справы…

– Прымушу пана да двубою!

– Як гэта, прымушу?.. Пад вартаю мяне пан павядзе, ці што? Каб пан сказаў нешта падобнае на цвярозую галаву, дык пайшоў бы ў пастарунак, паказалі б там пану двубой.

– Пан не мае гонару! – закрычаў я.

Цяпер ён загрукаў па стале.

– Хто не мае гонару?.. Каму гэта пан кажа?.. Я не плачу па вэксалях ці даю кепскі тавар, або я збанкрутаваў?.. У судзе пабачым, хто мае гонар!..

– Супакойцеся! – прасіў радца Вянгровіч. – Двубоі былі ў модзе даўней, не цяпер… Падайце адзін аднаму рукі…

Падняўся я ад залітага півам стала, заплаціў у буфеце і выйшаў. Нагі маёй больш не будзе ў гэтай мярзотнай карчме…

Вядома, гэткі ўзрушаны не мог ужо ісці я да пані Стаўскае. Спачатку думаў, што не засну ўсю ноч. Але неяк заснуў. А калі Стах прыйшоў на другі дзень у краму, я спытаў у яго:

– Ведаеш, што кажуць?.. Што ты прадаеш краму…

– А хоць бы і прадаў, што тут кепскага?..

(І праўда! Што тут кепскага?.. Нешта не прыйшла мне ў галаву гэткая простая думка.)

– Але, бачыш, – ціха сказаў я, – кажуць яшчэ, што ты ажэнішся з паннаю Ленцкай…

– Каб і так, дык што? – адказаў ён.

(Дык жа мае рацыю! Хіба не можа ён ажаніцца з кім хоча, нават з пані Стаўскаю?.. А я вось не падумаў ды немаведама чаго ўчыніў скандал таму Шпраціне.)

Вядома, у той вечар мусіў я зноў пайсці не так на піва, як мірыцца з дарма абражаным Шпротам, дык зноў не быў у пані Стаўскае і не перасцярог яе, каб не сядзела пры акне.

Такім чынам, не без прыкрасці даведаўся я, што сярод купцоў расце непрыязь да Вакульскага, што крама наша прадаецца, і што Стах ажэніцца з паннаю Ленцкаю. Я кажу ажэніцца, бо ён, каб не меў пэўнасці ў гэтым пытанні, не выказаўся б гэтак станоўча нават у размове са мною.

Цяпер ужо я добра ведаю, па кім ён тужыў у Балгарыі, дзеля каго зубамі ды кіпцюрамі здабываў маёнтак… Гэх, воля Божая!..

Ну, але зірніце, як я аддаліўся ад тэмы. Але зараз ужо дакладна займуся тою авантураю, у якую была ўцягнутая пані Стаўская, і распавяду ўсё з маланкавай хуткасцю.

XXIX. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА

Аднойчы ўвечары, адразу пасля восьмай гадзіны, пайшоў я да тых паняў. Пані Стаўская ў дальнім пакоі, як звычайна, давала ўрок нейкім паненкам, а пані Місевічова з Гэлюняй… зноў жа, як звычайна, сядзелі пры акне. Цяжка мне зразумець, што яны там маглі бачыць упоцемку, але што іх усе бачылі, гэта пэўна. Гатовы нават закласціся: пані баранеса ў адным са сваіх цёмных пакояў сядзіць з ларнеткаю ды назірае, што робіцца на другім паверсе, бо тут ралеты, як заўсёды, не былі апушчаныя.

Дык стаў я за фіранкаю, каб хоць мяне тая пачвара не бачыла, і проста з моста пытаю пані Місевічову:

– Без абразы, пані дабрадзейка, але чаму пані гэтак любяць сядзець пры вокнах?.. Гэта нядобра…

– Скразнякоў я не баюся, – адказала шаноўная дама, – а мне гэта вельмі падабаецца. Уяві сабе, пане, якое Гэлюня зрабіла адкрыццё. Вокны часам свецяцца ў такім парадку, што складаецца з іх нейкая літара… Гэлюня, – звярнулася яна да дзіцяці, – а ці няма там зараз якое літаркі?..

– Ёсць, бабуля, і нават дзве. Ёсць Н, і ёсць Т.

– Праўда! – пацвердзіла старая. – Ёсць Н і ёсць Т. – Няхай пан сам зірне.

Я паглядзеў і, сапраўды, насупраць нас былі асветленыя два акны на чацвёртым паверсе, тры – на другім і два – на першым, і гэткім чынам стваралася “Н”. А ў апошняй афіцыне пяць вокнаў чацвёртага паверху, адно трэцяга, адно другога ды яшчэ адно першага, таксама асветленыя, стваралі “Т”.

– Дзякуючы гэтым вокнам, пане, – працягвала бабуля, – хоць і не часта складаюцца з іх літаркі, Гэлюня зацікавілася алфавітам. Як яна цешыцца, калі ўдаецца ёй скласці з асветленых вокнаў нейкі знак. Таму мы і не апускаем ралеты ўвечары.

Паціснуў я плячыма, бо як забараняць дзяўчаці глядзець у акно, калі ёй гэта такая забава!

– Як жа не глядзець у акно, – уздыхнула пані Місевічова, – калі гэта наша адзіная прыемнасць. Хіба мы бываем дзе? Хіба бачымся з кім?.. З таго часу, як Людвічак з’ехаў, абарваліся нашы сувязі з людзьмі. Для адных мы занадта бедныя, для іншых – падазроныя…

Яна выцерла вочы насоўкаю і працягвала:

– О, Людвічак кепска зрабіў, што з’ехаў. Каб яго нават у турму пасадзілі, дык хутка прызналі б невінаватым, і зноў былі б мы разам. А цяпер ён Бог ведае дзе, а Стаўская… Кажа пан, каб не мы выглядалі ў акно! А яна ж, бядачка, няспынна чакае, прыслухоўваецца і прыглядаецца, ці Людвічак не вяртаецца, ці, можа, хоць ліст ад яго будзе. Варта каму шпарка прайсці па дзядзінцы, яна адразу – да акна, спадзяецца паштальёна. А калі здарыцца паштальёну завітаць да нас (нам, пане Жэцкі, вельмі рэдка прыходзяць лісты), паглядзеў бы тады пан на Гэленку!.. Мяняецца яна з твару, бялее, дрыжыць…

Я і слова ўжо не мог сказаць, а старая перадыхнула ды працягвала:

– Я сама люблю сядзець пры акне, асабліва ў добрае надвор’е, калі чыстае неба, бо тады паўстае мне ў памяці мой нябожчык муж, як жывы…

– Так, – ціха прамовіў я, – пані нагадвае пра яго неба, дзе ён знаходзіцца цяпер.

– Не толькі таму, пане Жэцкі, – запярэчыла яна. – Што ён на небе, я ведаю, бо куды мог трапіць гэткі рахманы чалавек? Але, калі я гляджу на неба і на сцяну гэтае камяніцы, адразу прыгадваецца мне шчаслівы дзень нашага шлюбу… Нябожчык Клеменс тады апрануты быў у сіні фрак ды жоўтыя нанкавыя штаны, дакладна такога колеру, як наша камяніца… О, пане Жэцкі, – заплакала старая, – павер мне, што такім, як мы, акно часта замяняе тэатр, канцэрт і знаёмствы. Бо што мы яшчэ бачым!

Не здолею апісаць, як маркотна мне зрабілася, калі з-за нейкага там сядзення пры акне давялося выслухаць гэтакую драму… Раптам у другім пакоі зашамацела. Вучаніцы пані Стаўскае скончылі ўрок і збіраліся дадому, а іх цудоўная настаўніца ашчаслівіла мяне сваім з’яўленнем.

Вітаючыся з ёю, я заўважыў, што рукі ў яе былі халодныя, а на боскім твары – стомленасць і смутак. Але яна адразу заўсміхалася мне. (Бясцэнны анёл! Нібы яна здагадвалася, што яе салодкая ўсмешка на цэлы тыдзень асвятляе мне цемру жыцця.)

– Мама ўжо расказала пану, які мы сёння мелі гонар? – спытала пані Стаўская.

– А, праўда, я і забылася… – азвалася пані Місевічова.

Дзве паненкі ў гэты момант зрабілі рэверанс і выйшлі. Мы засталіся адны, нібы ў сямейным коле.

– Можа пан сабе ўявіць, – пачала расказваць пані Стаўская, – зрабіла нам сёння візіт баранеса… Я спачатку аж спалохалася, бо ў яе, гаротніцы, не надта прыемная знешнасць: бледная, заўсёды ў чорным, і позірк нейкі такі… Але яна адразу раззброіла мяне, бо, калі ўбачыла Гэлюню, дык са слязьмі ўпала перад ёю на калені ды загаласіла: “Гэткая ж была і мая небарака, ды ўжо няма яе!..”

Непамысна мне зрабілася, калі я гэта пачуў, але, не жадаючы палохаць пані Стаўскую, я не наважыўся падзяліцца сваімі прадчуваннямі, а толькі спытаў:

– І чаго яна хоча ад пані?

– Яна прыйшла прасіць, каб я дапамагла ўпарадкаваць яе бялізну, сукенкі, карункі, словам – увесь гардэроб. Яна спадзяецца, што хутка да яе вернецца муж, і хоча тое-сёе асвяжыць, тое-сёе дакупіць. Але, як сама кажа, бракуе ёй густу, дык звярнулася да мяне па дапамогу і абяцае плаціць па два рублі за тры гадзіны працы.

– І што пані?

– Божа, што ж мне было рабіць?.. Вядома, я згадзілася з удзячнасцю. Праўда, гэта часовы занятак, але ён вельмі дарэчы, бо я страціла адзін з урокаў музыкі (нават не ведаю чаму), а гэта пяць злотых за гадзіну…

Я ўздыхнуў, бо мільганула здагадка, што прычынаю страты ўрока мог быць ананімны ліст, у пісанні якіх пані Кшэшоўскай не было роўных. Але не сказаў нічога. Ці ж мог я параіць пані Стаўскай, каб яна адмовілася ад двух рублёў дзённага заробку?

Ой, Стаху, Стаху!.. Чаму б табе не ажаніцца з ёю?.. Убілася табе ў галаву тая панна Ленцкая!.. Каб не давялося табе шкадаваць.

З таго дня, як толькі прыходзіў я да маіх шаноўных прыяцелек, пані Стаўская падрабязна расказвала, як яны ладзяць з баранесай Кшэшоўскаю. Яна бывае там штодня і, вядома, замест трох працуе пяць, а то і шэсць гадзін за тыя ж самыя два рублі.

Пані Стаўская вельмі паблажлівая кабета, але, паводле яе нязначных заўваг, у мяне склалася ўражанне, што яе дзівілі ды прыкра ўражвалі і памяшканне баранесы, і ўвесь лад яе жыцця.

Перадусім баранеса зусім не карыстаецца сваімі прасторнымі апартаментамі. Салон, будуар, спальня, сталовы пакой, пакой барона – у поўным запусценні. Мэбля і люстры закрытыя чахламі, на месцы раслін, якія былі там раней, тырчаць адны дубцы або ў вазонах з нейкаю парахнёю замест зямлі зусім нічога няма, а на каштоўных аздобах ляжыць пыл. Харчуецца яна таксама Бог ведае як, часам па некалькі дзён запар не маючы ніякае гарачае стравы, бо на гэткі вялікі дом трымае толькі адну служанку, якую ганіць распусніцаю ды зладзейкаю.

Калі пані Стаўская запыталася ў яе, ці не сумна ёй жыць у гэтакай пустэчы, тая адказала:

– Што ж мне рабіць, беднай сіраціне і амаль удаве? Хіба калі майго вартага асуджэння мужа добры Бог натхніць, каб ён раскаяўся ў сваім бясчынстве ды вярнуўся да мяне, можа, тады крыху зменіцца маё жыццё самотніцы. І як я магу меркаваць з прадчуванняў ды сноў, якія неба пасылае мне пасля маіх гарачых малітваў, муж мой мусіць вярнуцца з дня на дзень, бо ўжо ні грошай, ні крэдыту няма ў таго непапраўнага шаленца…

Пані Стаўскай падумалася тады, што лёс барона па вяртанні можа аказацца вельмі незайздросны.

Асобы, якія наведвалі баранесу, таксама не выклікалі сімпатыі ў пані Стаўскае. Часцей за ўсё бывалі ў яе нейкія старыя, брыдкія кабеты, з якімі ў вітальні яна паўшэптам вяла гутаркі пра свайго мужа. Часам з’яўляўся Марушэвіч або нейкі адвакат у аблезлым футры. Гэтых паноў баранеса прымала ў сталовым пакоі, але падчас размовы плакала і сварылася гэтак гучна, што чуваць было на ўвесь дом.

На нясмелае пытанне пані Стаўскае, чаму яна не жыве ў згодзе з раднёю, баранеса адказала:

– З якою, каханая пані? Я ўжо не маю нікога, а каб нават і мела, не магла б прымаць у сябе людзей гэткіх хцівых і ардынарных. А сям’я майго мужа выракаецца мяне, бо я не шляхетнага паходжання; зрэшты, гэта не перашкодзіла ім выдурыць у мяне не менш за дзвесце тысяч рублёў. Пакуль я пазычала ім на вечнае карыстанне, яны яшчэ трымаліся дыпламатычна, але калі я разгледзелася, дык парвалі са мною ўсе стасункі. Яны якраз і падвучылі майго няшчаснага мужа, каб ён наклаў арышт на мае грошы… О, колькі я перажыла з-за гэтых людзей! – дадала яна і заплакала.

Адзіным пакоем (паводле расповеду пані Стаўскае), у якім баранеса бавіла цэлыя дні, быў пакойчык яе памерлае дачушкі. Гэта вельмі смутны і дзіўны куточак, бо ўсё там засталося так, як было пры жыцці нябожчыцы. Стаіць там ложачак, на якім кожныя некалькі дзён мяняецца пасцель, ды шафка з вопраткаю, якая гэтак жа часта вытрэсваецца і чысціцца ў салоне, бо выносіць на двор гэтыя святыя памяткі баранеса не дазваляе. Стаіць там малы столік з кніжкамі і сшыткам, разгорнутым на той старонцы, дзе беднае дзіця напісала апошні раз: “Найсвяцейшая Панна, змі…” І, нарэшце, ёсць там паліца з лялькамі – малымі ды вялікімі, з іх пасцелькамі ды апранахамі.

Пані Стаўская якраз у гэтым пакойчыку цыруе карункі і ядвабныя сукенкі, якіх у баранесы шмат. “Ці давядзецца ёй яшчэ прыбірацца ў іх?” – думае пані Стаўская.

Аднаго дня баранеса запыталася ў пані Стаўскае, ці ведае тая Вакульскага. І, хоць атрымала адказ, што пані Гэлена ледзьве знаёмая з ім, пачала прасіць:

– Каханая пані зробіць мне вялікую ласку, сапраўднае дабрадзейства, калі заступіцца за мяне перад тым панам у вельмі важнай для мяне справе. Я хачу купіць гэту камяніцу і даю ўжо дзевяноста пяць тысяч рублёў, а ён упарта жадае сто тысяч. Знішчыць хоча мяне гэты чалавек!.. Няхай пані скажа яму, што ён мяне заб’е… што наклікае на сваю галаву кару Божую за гэткую хцівасць… – крычала ўжо і плакала баранеса.

Пані Стаўская, вельмі збянтэжаная, адказала баранесе, што ніяк не можа размаўляць пра гэта з Вакульскім.

– Я не ведаю яго… Ён толькі адзін раз быў у нас… Зрэшты, якое права я маю ўмешвацца ў гэтыя справы?

– О, пані мае над ім уладу, – адказала баранеса. – Але, калі пані не жадае выратаваць мяне ад пагібелі – воля Божая… Дык няхай пані хоць выканае свой хрысціянскі абавязак ды скажа гэтаму чалавеку, як прыхільна я да пані стаўлюся…

Пані Стаўская пасля гэтых слоў адразу ўстала з крэсла, каб выйсці. Але баранеса кінулася ёй на шыю і гэтак перапрашала, гэтак маліла прабачыць, што ў высакароднае пані Гэлены слёзы набеглі на вочы, і яна засталася.

Сваё апавяданне пані Стаўская скончыла пытаннем, больш падобным да просьбы:

– Дык пан Вакульскі не хоча прадаць гэтую камяніцу?

– Чаму не? – адказаў я сярдзіта. – Прадасць і камяніцу, прадасць і краму… Усё прадасць…

Моцная чырвань заліла твар пані Стаўскае. Яна адвярнула сваё крэсла ад лямпы і ціха спытала:

– Чаму?

– Хіба я ведаю? – адказаў я з тым жорсткім задавальненнем, якое спраўляе нам мучыць бліжніх. – Хіба я ведаю?.. Кажуць, хоча ажаніцца…

– Ага, – азвалася пані Місевічова. – Кажуць нешта пра пані Ленцкую.

– Гэта праўда?.. – ціха спытала пані Стаўская.

Раптам яна прыціснула руку да грудзей, нібы ёй не хапала паветра, і выйшла ў другі пакой.

“Вось дык маеш, – падумаў я, – бачыла яго адзін раз і ўжо млее”.

– Не ведаю, навошта яму гэта жаніцьба, – звярнуўся я да пані Місевічовай, – ён, бадай, нават не падабаецца кабетам.

– Авой, што пан кажа, пане Жэцкі! – абурылася старая. – Гэта ён не падабаецца кабетам?

– Ну, ён жа не прыгажун…

– Ён?.. Але ж ён надзвычай прыгожы чалавек!.. Якая постаць, які высакародны твар, а якія вочы!.. Пан, мабыць, не разумее, пане Жэцкі. А я прызнаюся (бо мне можна ў маім веку), хоць і бачыла я шмат прыгожых мужчын (Людвічак таксама быў вельмі сімпатычны), але такога, як Вакульскі, бачу ўпершыню. Ён і сярод сотняў будзе заўважны…

Дзівіла мяне гэткае захапленне. Хоць я і згодны, што Стах робіць вельмі прыемнае ўражанне, але каб аж так… Зрэшты, я не кабета!

Калі а дзясятай гадзіне развітваўся я са сваімі дамамі, пані Стаўская была вельмі сумная і не падобная да сябе. Яна скардзілася, што баліць галава. Які асёл гэты Стах! Гэткая кабета закахалася ў яго з першага позірку, а ён, вар’ят, уганяецца за паннаю Ленцкаю. Ці ёсць які парадак на гэтым свеце?

Каб жа я быў панам Богам… Але навошта пустая балбатня.

Кажуць нешта пра каналізацыю Варшавы. Быў нават у нас князь, каб запрасіць Стаха на нараду па гэтым пытанні. А пасля таго, як яны пагаманілі пра каналізацыю, зайшла гаворка пра камяніцу. Я прысутнічаў пры гэтым і ўсё добра памятаю.

– Ці праўда (прашу прабачэння, што пытаю пра такія рэчы), ці праўда, пане Вакульскі, што за свой дом пан хоча ад баранесы Кшэшоўскае сто дваццаць тысяч?..

– Няпраўда, – адказаў Стах. – Я хачу сто тысяч і не саступлю.

– Баранеса дзівачка, істэрычка, але… няшчасная кабета, – кажа князь. – Яна хоча купіць гэты дом таму, па-першае, што ў ім памерла яе каханая дачушка, а па-другое, каб забяспечыць рэшту грошай, бо яе муж прывык іх мантачыць… Дык, можа, пан крыху саступіў бы ёй. Гэта так прыгожа – рабіць дабро няшчасным!.. – скончыў князь і ўздыхнуў.

Прызнаюся, хоць я ўсяго толькі крамнік, але здзівіла мяне гэткая дабрачыннасць за чужы кошт. Стах адчуў гэта яшчэ мацней, бо адказаў цвёрда:

– Дык з-за таго, што барон мантачыць грошы, а яго жонка хоча набыць мой дом, я мушу страціць некалькі тысяч рублёў. З якое рацыі?

– Ну, я не хацеў абразіць пана, – сказаў князь, паціскаючы Вакульскаму руку. – Усе мы жывём сярод людзей, яны нам дапамагаюць у патрэбе, дык і мы маем адносна іх нейкія абавязкі.

– Мне наўрад ці хто дапамагае, а перашкаджае шмат хто, – адказаў Стах.

Развіталіся яны вельмі холадна. Я заўважыў, што князь быў незадаволены.

Дзіўныя людзі! Мала ім, што Вакульскі стварыў суполку гандлю з імперыяй і даў ім магчымасць зарабляць па пятнаццаць працэнтаў ад іх капіталаў, дык яны яшчэ хочуць, каб па іх рэкамендацыі ён падараваў баранесе некалькі тысяч рублёў…

Але якая прайдзісветка гэтая баба, і куды толькі яна не дапяла!.. Бо ўжо быў у Стаха нават нейкі ксёндз з рэлігійнаю перасцярогаю, каб той прадаў баранесе камяніцу за дзевяноста пяць тысяч. Але Стах адмовіўся, дык хутка, відаць, пачуем, што ён бязбожнік.

Цяпер час апавесці пра галоўную падзею, і зраблю я гэта з хуткасцю маланкі.

Калі я зноў увечары зайшоў да пані Стаўскае (было гэта ў той дзень, калі прыйшоў да ўлады імператар Вільгельм, пасля гісторыі з Набілінгам), калі я прыйшоў туды, маё боства, гэта бясцэнная кабета, была ў цудоўным настроі ды ў захапленні ад… баранесы!

– Ці можа пан уявіць, – сказала яна, – якая гэта пані Кшэшоўская, нягледзячы на свае дзівацтвы, высакародная кабета? Яна заўважыла, што мне сумна без Гэлюні, і прапанавала, каб я заўсёды брала Гэлюню з сабою на тыя пару гадзін.

– На тыя шэсць гадзін за пару рублёў… – удакладніў я.

– Не. Насамрэч, не шэсць, а нейкія чатыры… Гэлюня бавіцца там цудоўна. Хоць і няможна ёй нічога чапаць, але як яна разглядае цацкі нябожчыцы…

– Аж такія прыгожыя там цацкі? – спытаў я, складаючы ўжо ў думках пэўны план.

– Цудоўныя! – з ажыўленнем расказвала пані Стаўская. – Асабліва адна вялікая лялька з цёмнымі валасамі, а калі націснуць ёй вось тут… пад гарсэтам… – дадала яна і пачырванела.

– Ці не ў жывоцік, з дазволу пані? – перапытаў я.

– Так, – паспешліва адказала яна. – Тады лялька міргае вачыма і кажа “мама”! Ах, якая яна забаўная, мне б самой такую хацелася. Завецца яна Мімі. Калі Гэлюня ўбачыла яе першы раз, дык склала рукі і знерухомела, як статуя. А калі пані Кшэшоўская яшчэ прымусіла ляльку загаварыць, дык Гэлюня аж закрычала: “Ах, мама, якая яна прыгожая, якая яна разумная! Ці можна мне пацалаваць яе ў тварык?”

І пацалавала яе ў насок лакіраванага чаравічка.

З тае пары яна нават у сне гаворыць пра тую ляльку, а ледзь прачнецца, адразу пачынае збірацца да пані баранесы і ўжо гатова там бясконца стаяць перад лялькаю з рукамі, складзенымі, як на малітву.

– Сапраўды, – ціхім голасам скончыла свой аповед пані Стаўская (Гэлюня гуляла ў другім пакоі), – якім шчасцем было б купіць ёй гэткую ляльку…

– Пэўна, гэта вельмі дарагая цацка, – заўважыла пані Місевічова.

– Што ж, мама, што яна дарагая. Хто ведае, ці змагу я даць ёй калі-небудзь столькі шчасця, колькі сёння – адна лялька, – адказала пані Стаўская.

– Здаецца мне, – сказаў я, – што ў нас знойдзецца менавіта такая лялька. І каб пані зрабіла ласку прыйсці ў краму…

Я не смеў прапанаваць прэзент, бо разумеў, як рада будзе маці сама справіць дзіцяці радасць.

Гэлюня, хоць і размаўлялі мы прыцішанымі галасамі, пачула, відаць, што гаворым пра ляльку, ды прыбегла ў пакой з зіхоткімі вачыма. Каб заняць яе іншым, я запытаўся:

– Што ж, падабаецца табе, Гэлюня, пані баранеса?

– Так сабе, – адказала дзіця, прыхінаючыся да маіх каленяў ды пазіраючы на маці. (Божа мілы, чаму я не яе бацька?)

– А размаўляе яна з табою?

– Няшмат. Раз толькі распытвала, ці надта песціць мяне пан Вакульскі?

– Так?.. І што ж ты ёй сказала?

– Я сказала, што не ведаю, які гэта пан Вакульскі. А тады пані баранеса кажа… Вой, як гучна цікае ў пана гадзіннік. Я хачу паглядзець.

Дастаў я гадзіннік і падаў яго Гэлі.

– Што ж пані баранеса кажа? – пытаюся.

– Пані баранеса кажа: “Як гэта ты не ведаеш, які пан Вакульскі? Гэта ж той, што бывае ў вас з тым рас… распустам Жэцкім…” Ха-ха-ха!.. Пан распуста… Няхай мне пан пакажа гадзіннік у сярэдзіне…

Зірнуў я на пані Стаўскую. Яна была гэтак уражаная, што нават не зрабіла Гэлюні заўвагу.

Пасля гарбаты з пустымі булачкамі (бо служанка сказала, што масла сёння няможна было дастаць), развітаўся я з шаноўнымі дамамі, прысягаючы сабе, што на месцы Стаха не прадаў бы баранесе камяніцу танней, чым за сто дваццаць тысяч рублёў!

Тым часам гэтая ведзьма, выкарыстаўшы ўсе свае пратэкцыі ды баючыся, каб Вакульскі не падняў цану або нават не прадаў камяніцу каму іншаму, наважылася купіць яе за сто тысяч рублёў.

Падобна, яна моцна раз’юшылася, некалькі дзён была ў істэрыцы, біла служанку, у натарыяльнай канторы лаялася на свайго адваката, але падпісала акт пакупкі.

Некалькі наступных дзён пасля продажу нашай камяніцы было ціха.

Ціха ў тым сэнсе, што не чуваць было баранесы, а толькі яе кватаранты прыходзілі да нас з прэтэнзіямі.

Першы прыбег шавец, той, з чацвёртага паверху афіцыны, і плакаў, што новая гаспадыня падняла яму кватэрную плату на трыццаць рублёў у год. Мне паўгадзіны давялося тлумачыць, што нас гэта не тычыцца, тады ён выцер вочы, скрывіўся і развітаўся са мною гэткімі словамі:

– Пан Вакульскі, відаць, не мае Бога ў сэрцы, каб прадаць дом таму, хто крыўдзіць людзей!..

Ці чулі, панства, нешта падобнае?..

На другі дзень з’явілася гаспадыня парыжскае пральні. Аксамітны салоп, шмат годнасці ў рухах і яшчэ больш рашучасці ў фізіяноміі.

Сядае яна ў фатэль і азіраецца, нібы мае намер купіць у краме некалькі японскіх ваз, а потым пачынае:

– А, дзякуй пану!.. Купіў пан камяніцу ў ліпені, а прадаў у снежні, рыхтык толькі дзеля гандлю, не папярэджваючы нікога…

Наліваецца яна чырванню і правіць далей:

– Сёння тая цюхцяйка адправіла да мяне нейкага драба з адмоваю ў памяшканні. Не ведаю, што ёй у галаву стрэліла, бо я плачу рэгулярна… А яна мне адмаўляе, гэтая шалашоўка, ды яшчэ цень кідае на маю пральню… Кажа, што мае панны да студэнтаў ходзяць. Лжэ і думае… Яна сабе думае, што я сярод зімы знайду новае памяшканне… што выеду з дому, да якога прызвычаіліся мае кліенты… А я ж магу страціць на гэтым тысячы рублёў, хто мне іх верне?..

Мяне то ў жар, то ў холад кідала, калі я слухаў гэту казань, што прылюдна прамаўлялася моцным кантральта. Ледзь зацягнуў я бабу да сябе і ўпрасіў, каб за шкоды і страты падавала на нас у суд.

Праз пару гадзін пасля бабы – бух! – забягае студэнт, той барадаты, які прынцыпова не плаціць за кватэру.

– А, як, пан, маешся? – кажа. – Ці праўда, што тая д’яблава дачка Кшэшоўская купіла ў вас дом?

– Праўда, – кажу я, перакананы, што гэты ўжо, хіба, будзе мяне біць.

– Ліха з ім!.. – кажа барадаты і шчоўкае пальцамі. – Гэткім добрым гаспадаром быў той Вакульскі (P.S. Стах не бачыў ад іх ані гроша за кватэру) і прадаў дом… Дык Кшэшоўская можа выгнаць нас з халупы?

– Гм, гм… – толькі і адказаў я.

– І выганіць, – уздыхнуў ён. – Ужо быў у нас нейкі смаркач з загадам, каб мы вымяталіся… Але трасцы! Не зрушаць нас з месца без суду, а калі зрушаць… Пацешым увесь дом. Развітваюся з панам.

“Ну, – думаю, – хоць гэты не мае да нас прэтэнзій. Аднак здаецца, сапраўды, яны гатовыя пацешыць баранесу…”

Нарэшце, на наступны дзень прыходзіць Вірскі.

– Ведаеш, калега, – кажа ён узрушана, – звольніла мяне баба з пасады, ужо я не радца, і загадала, каб да Новага года з’ехаў.

– Вакульскі ўжо падумаў пра пана, – кажу я. – Атрымаеш пасаду ў суполцы гандлю з імперыяй.

І гэтак, слухаючы адных, супакойваючы іншых ды абнадзейваючы трэціх, неяк вытрымаў я першую атаку. Зразумела было, што баранеса лютуе сярод жыхароў, як Тамерлан, і я моцна непакоіўся за прыгожую і беззаганную пані Гэлену.

У другой палове снежня гляджу – адчыняюцца дзверы і ўваходзіць пані Стаўская. Прыгожая, як ніколі (яна заўсёды прыгожая, і калі вясёлая, і калі заклапочаная). Глядзіць яна на мяне сваімі чароўнымі вачыма і ціха кажа:

– Ці пакажа мне пан тыя лялькі?

Не адна лялька, а нават тры падобныя, даўно ўжо былі падрыхтаваныя, але я гэтак збянтэжыўся, што нейкі час не мог іх знайсці. Смеху варты гэты Клейн са сваімі мінамі, ён гатовы падумаць, што я закахаўся ў пані Стаўскую.

Нарэшце, выцягнуў я скрынку з трыма вялікімі лялькамі: брунеткаю, бландзінкаю і шатэнкаю. У кожнай – сапраўдныя валасы, кожная, калі ёй націснуць на жывоцік, заплюшчвае вочы і выдае гук, які пані Стаўскае гучыць як “мама”, Клейну – як “тата”, а мне – як “угу”…

– Якая прыгажосць, – кажа пані Стаўская, – але, сапраўды, мусяць яны вельмі дорага каштаваць…

– Калі ласка, пані, – адказваю я, – гэта тавар, якога мы хочам пазбыцца, дык можам саступіць яго вельмі танна. Зараз я схаджу па гаспадара…

Стах працаваў за шафамі, але як толькі я паведаміў яму, што тут пані Стаўская і чаго яна прыйшла, ён кінуў рахункі ды выйшаў у краму ў цудоўным гуморы. Я нават заўважыў, што ён глядзіць на пані Стаўскую гэтак прыхільна, нібы яна зрабіла на яго моцнае ўражанне. Ну, прынамсі, хоць зараз… дзякуй Богу.

Гандаль ёсць гандаль, і мы патлумачылі пані Гэлене, што ляльку, як тавар няякасны, які не знаходзіць пакупнікоў, можам аддаць за тры рублі: бландзінку або брунетку.

– Вазьму гэтую, – паказала яна на шатэнку, – бо яна дакладна такая, як у баранесы. Гэля будзе ў захапленні.

Калі дайшло да аплаты, пані Стаўскую зноў апанавалі сумневы, ёй здавалася, што такая лялька мусіла каштаваць не менш за пятнаццаць рублёў, і толькі сумеснымі намаганнямі – мяне, Вакульскага і Клейна – удалося нам пераканаць яе, што мы, калі бяром нават тры рублі, застаёмся яшчэ ў выйгрышы.

Вакульскі вярнуўся да сваіх заняткаў, а я спытаў у пані Гэлены, што новага ў доме, і як цяпер яна ладзіць з баранесаю.

– Ужо ніяк, – адказала яна і пачырванела. – Пані Кшэшоўская зрабіла мне сцэну, бо яна мусіла заплаціць сто тысяч за камяніцу, а я не дапамагла ёй з пратэкцыяй у пана Вакульскага, ну і гэтак далей, дык я… развіталася з ёю і ўжо ніколі больш да яе не пайду. Вядома, яна адмовіла нам у кватэры з Новага года.

– А ці заплаціла яна пані?

– Ах, – уздыхнула пані Стаўская і выпусціла з рук муфту, якую Клейн паспяшаўся падняць.

– Значыць, не?

– Не… яна сказала, што ў яе цяпер няма грошай, і яна не ўпэўненая, ці дакладныя мае падлікі.

Пасмяяліся мы з пані Стаўскаю з дзівацтваў баранесы ды развіталіся, поўныя надзеі на лепшае. А калі яна выходзіла, Клейн адчыніў ёй дзверы гэтак галантна, што адно з двух: або ён ужо лічыць яе нашаю гаспадыняю, або сам закахаўся ў яе. Палена дурное!.. Ён таксама жыве ў доме баранесы і заходзіць часам да пані Стаўскае, але падчас візітаў сядзіць гэтакі смутны, што Гэлюня аднойчы спытала ў бабулі: ці не прымаў пан Клейн сёння рыбін тлушч?.. Фантазёр! І яму думаць пра гэткую кабету…

А зараз апішу трагедыю, якая выклікае ў мяне такі гнеў, што аж дыхаць цяжка, калі яе прыгадваю.

Напярэдадні Калядаў 1878 г. сяджу я ў краме, а тут пасля абеду атрымліваю ад пані Стаўскае ліст, каб увечары прыйшоў да іх. Почырк мяне ўразіў, бо прыкметная была ўзрушанасць, дык я падумаў: можа, яна атрымала вестку пра мужа.

“Пэўна, вяртаецца, – падумаў я. – І трасца ж не возьме гэтых прапашчых мужоў, якія праз столькі гадоў гатовыя раптам апамятацца”.

Пад вечар прыбягае Вірскі, задыханы і збянтэжаны, цягне мяне ў мае пакоі, замыкае дзверы і проста ў футры кідаецца ў фатэль ды кажа:

– Ведаеш, пан, чаго ўчора Кшэшоўская сядзела ў Марушэвіча да паўночы?..

– Да паўночы ў Марушэвіча?..

– Так, ды яшчэ з тым сваім лотрам адвакатам. Прайдзісвет Марушэвіч угледзеў са сваіх вокнаў, што пані Стаўская апранае ляльку, дык баранеса пайшла да яго з ларнеткаю, каб спраўдзіць…

– І што? – пытаю я.

– А тое, што ў баранесы некалькі дзён таму прапала лялька нябожчыцы дачкі, і цяпер гэтая вар’ятка падазрае пані Стаўскую…

– У чым?

– У крадзяжы лялькі!..

Я перажагнаўся.

– Смех дый годзе, пане, лялька ў нас купленая…

– Я ведаю, – адказаў ён. – Але сёння а дзявятай пані баранеса прыйшла з паліцыянтам да пані Стаўскае, загадала забраць ляльку і напісаць пратакол. Ужо пайшла скарга ў суд.

– Ашалеў ты, пане Вірскі! Лялька ж у нас…

– Я ведаю, ведаю, але што з таго, бо ўжо скандал, – кажа Вірскі. – Горш за ўсё (вядома гэта ад паліцыянта), што пані Стаўская, не жадаючы, каб Гэлюня пачула пра ляльку, спачатку не хацела яе паказваць, прасіла, каб гаварылі цішэй, а потым заплакала… Паліцыянт сам не ведаў, што рабіць, бо баранеса не сказала, навошта цягне яго ў кватэру пані Стаўскае. Але як нарабіла ведзьма крыку: “Яна абакрала мяне! Лялька знікла ў той самы дзень, калі Стаўская апошні раз была ў мяне… Арыштуйце яе, бо я ўсім маёнткам адказваю за слушнасць скаргі!..” Тады паліцыянт забраў ляльку ва ўчастак і запрасіў з сабою пані Стаўскую… Скандал, страшны скандал…

– А вы што? – закрычаў я, раз’юшаны.

– Мяне не было дома. Служанка пані Стаўскае яшчэ пагоршыла справу, калі на ўсю вуліцу пачала сварыцца на паліцыянта, і сядзіць, праўда, за гэта ў арышце. А гаспадыня парыжскае пральні, каб паддобрыцца да баранесы, сварылася на пані Стаўскую… Адно добра, пачцівыя студэнты вылілі на галаву баранесе гэткую брыдоту, што век бы не падумаў…

– Але ж суд!.. Але ж справядлівасць!.. – крычаў я.

– Суд пані Стаўскую апраўдае, – сказаў ён. – Гэта ясна. Але што скандал, дык скандал… Прапала бедная кабета. Ужо сёння адправіла яна сваіх вучаніц і сама не пайшла на ўрокі. Равуць разам з маткаю.

Вядома, не чакаючы закрыцця крамы (цяпер гэта здараецца са мною ўсё часцей), пабег я да пані Стаўскае, нават узяў брычку.

Дарогаю прыйшла мне ў галаву добрая думка: расказаць усё Вакульскаму, да якога я вырашыў заехаць, не ведаючы нават, ці ён дома, бо той часта цяпер адбывае службу ў панны Ленцкае.

Вакульскі быў у сябе, але нейкі засмучаны. Жаніхоўства, відавочна, не ішло яму на карысць. Калі ж я распавёў, што здарылася з пані Стаўскаю, пра баранесу і пра ляльку, дык дзяцюк ажывіўся, падняў галаву і з’явіўся ў яго вачах бляск. (Я не раз заўважаў, што найлепшыя лекі ад нашых уласных клопатаў – гэта чужая бяда.)

Ён выслухаў мяне ўважліва (уласныя смутныя думкі неяк выветрыліся ў яго з галавы) і сказаў:

– Зух-баба з гэтае баранесы… Але пані Стаўская можа спаць спакойна, справа ясная, як божы дзень. Не першая яна стала ахвяраю чалавечае подласці!

– Добра табе гэтак казаць, – запярэчыў я, – бо ты мужчына, а перадусім маеш грошы… Тым часам яна, гаротніца, у выніку гэтага скандалу ўжо страціла ўсе ўрокі, хутчэй, сама ад іх адмовілася. Дык як цяпер ёй жыць?..

– А! – стукнуў сябе па лбе Вакульскі. – Я і не падумаў пра гэта…

Ён прайшоўся па пакоі (і моршчыў пры гэтым лоб), штурхануў крэсла, пабарабаніў пальцамі па шыбе і раптам спыніўся перада мною.

– Добра! – кажа ён. – Едзь да тых паняў, а я буду там праз гадзіну. Здаецца мне, зладзім мы справу з пані Мілер…

Я зірнуў на яго з любасцю. Пані Мілер страціла нядаўна мужа, гэткага ж, як і мы, галантарэйнага купца, а ўвесь ягоны маёнтак, крама і крэдыт былі ў залежнасці ад Вакульскага. Дык я ўжо амаль здагадваўся, што Стах зробіць для Стаўскае…

Бягу я тады рыссю на вуліцу, бухаюся ў брычку, еду, нібы тры лакаматывы цягнуць, і ўрываюся, як кангрыўская ракета[226], да тае прыгожае, тае шляхетнае, тае няшчаснае, тае ўсімі пакінутае пані Гэлены. Грудзі ў мяне поўняцца вясёлымі воклічамі і, адчыняючы дзверы, я хачу ўжо закрычаць: “Смех, пані, дый годзе!..” Але як толькі ўвайшоў, дык увесь мой добры гумор застаўся за парогам.

Бо ўявіце сабе, што я там убачыў. У кухні – Марыяна з абвязанаю галавою і апухлым тварам – несумненны доказ, што была яна сёння ва ўчастку. У печы не гарыць, посуд пасля абеду не памыты, самавар халодны, а каля апухлае бядачкі сядзяць вартаўнічка, дзве служанкі ды малочніца, і твары ва ўсіх, як на хаўтурах.

Мароз прадраў мяне па скуры, але ўваходжу ў салон.

Амаль тое ж відовішча. Пасярэдзіне ў фатэлі сядзіць пані Місевічова, таксама з абвязанаю галавою, а вакол яе – пан Вірскі, пані Вірская, гаспадыня парыжскае пральні, якая зноў пасварылася з баранесаю, і яшчэ некалькі дам, якія размаўляюць напаўголасу, затое шморгаюць носам на цэлую актаву вышэй, чым у звычайных абставінах.

Словам, атмасфера, як у рымскіх катакомбах, твары збялелыя або зжаўцелыя, вочы заплаканыя, насы чырвоныя. Толькі Гэлюня так-сяк трымаецца. Сядзіць яна пры фартэп’яне са сваёю старой лялечкай і яе рукамі час ад часу стукае па клавішах, кажучы:

– Ціха, Зосю, ціха, не іграй, бо ў бабулі галава баліць.

Дадайце да гэтага яшчэ цьмянае святло лямпы, якая копціць, і… адчыненыя ралеты, дык кожны зразумее, якія пачуцці мяне ахапілі.

Пабачыўшы мяне, пані Місевічова пачала выліваць, хіба, апошні ўжо запас слёз.

– Ах, але ж прыйшоў, шляхетны пане Жэцкі… Не саромеешся бедных кабет зганьбаваных?.. Ох, не цалуй жа мне рукі!.. Няшчасная наша сям’я… Нядаўна Людвічак быў пад падазрэннем, а цяпер і да нас дайшла чарга… Мусім з’ехаць адсюль, хоць на край свету… У мяне пад Чанстаховам ёсць сястра, туды і паедзем бедаваць да скону…

Я шапнуў Вірскаму, каб той далікатна выправіў адсюль гасцей, і падышоў да пані Стаўскае.

– Лепш бы мне не жыць… – адказала яна на прывітанне.

Прызнаюся, за тыя некалькі хвілін, якія я тут знаходзіўся, ахапіла мяне поўнае здранцвенне. Прысягнуў бы нават, што пані Стаўская, яе матка і нават прысутныя тут прыяцелькі сапраўды зганьбаваныя, і што ўсім нам не застаецца нічога іншага, як толькі памерці. Прага смерці не перашкодзіла мне, аднак, паправіць лямпу, якая курэла і брудзіла пакой далікатнаю, але вельмі чорнаю сажаю.

– Ну, мае пані, – рашуча азваўся Вірскі, – пойдзем ужо, бо пан Жэцкі мусіць пагутарыць з пані Стаўскаю.

Дамы, у якіх спагадлівасць не аслабіла цікаўнасці, заявілі, што і яны могуць з намі пагутарыць. Але Вірскі гэтак рашуча пачаў падаваць ім салопы, што прысаромленыя небаракі пацалавалі пані Стаўскую, пані Місевічову, Гэлюню і пані Вірскую (я ўжо баяўся, каб не пачалі яны цалаваць крэслаў) ды, нарэшце, хацелі ўжо ісці, але пачалі і Вірскіх прымушаць ісці разам з імі.

– Як сакрэт, дык сакрэт, – сказала самая разважлівая з іх. – Панства таксама тут не патрэбныя.

Пачалася новая атака развітанняў, цалаванняў ды суцяшэнняў, і ледзь яны выкаціліся за парог усёю хеўраю, яшчэ і тут працягваючы свае цырымоніі. Ат гэтыя бабы!.. Часам я думаю, што пан Бог толькі на тое стварыў Еву, каб спаскудзіць Адаму жыццё ў раі.

Засталіся мы, нарэшце, у сямейным коле, але салон быў ужо такі закуродымлены ды прасякнуты смуткам, што я страціў апошнюю энергію. Жаласным голасам папрасіў я пані Стаўскую, каб дазволіла мне адчыніць фортку, і не стрымаўся, каб не нагадаць тонам вымовы пра неабходнасць зачыняць ралеты, хоць бы ўжо надалей.

– Памятае пані, – звярнуўся я да пані Місевічовае, – як я папярэджваў пра гэтыя ралеты?.. Каб яны былі зачыненыя, пані Кшэшоўская не магла б віжаваць, што ў паняў тут робіцца.

– Праўда, але хто ж мог падумаць? – адказала пані Місевічова.

– Гэткае ўжо наша шчасце, – ціха дадала пані Стаўская.

Сеў я ў фатэль, счапіў пальцы так, што косці затрашчалі, і з роспачнаю пакораю слухаў жальбы пані Місевічовай пра тую ганьбу, якая валіцца на іх сям’ю ўжо некалькі гадоў запар, пра смерць, якая з’яўляецца канцом людскіх пакутаў, пра нанкавыя штаны пана Місевіча і пра мноства падобных рэчаў. Не мінула і гадзіны, як я ўжо не сумняваўся, што справа з лялькаю скончыцца нейкім масавым самагубствам, а я, канаючы ў нагах пані Стаўскае, насмелюся прызнацца ёй у каханні.

Потым нехта моцна пазваніў у дзверы з боку кухні.

– Паліцыянт! – крыкнула пані Місевічова.

– Пані прымаюць? – запытаўся нехта ў Марыяны гэтакім упэўненым голасам, што мне адразу стала лягчэй.

– Прыйшоў Вакульскі, – сказаў я пані Стаўскай і падкруціў вус.

На цудоўным твары пані Гэлены паказалася чырвань, падобная на пяшчотны пялёстак ружы на снезе. Боская кабета!.. Чаму я не Вакульскі?.. Вось тады б…

Увайшоў Стах. Пані Гэлена паднялася яго прывітаць.

– Не пагарджае пан намі?.. – спытала яна даўкім голасам.

Вакульскі са здзіўленнем зірнуў ёй у вочы і… два разы, раз за разам – каб я так здаровы быў – два разы пацалаваў ёй у руку. А сведчаннем таму, што зрабіў ён гэта з пяшчотаю, была адсутнасць звычайнага ў такіх выпадках цмокання.

– Ах, дык прыйшоў, шляхетны пан Вакульскі, не саромеешся няшчасных зганьбаваных кабет?.. – завяла, не ведаю ўжо які раз, сваю прывітальную прамову пані Місевічова.

– Прашу прабачэння, – спыніў яе Вакульскі, – пані, сапраўды, у прыкрым становішчы, але я не бачу прычын адчайвацца. Праз некалькі тыдняў справа высветліцца, і тады ўжо давядзецца ўпадаць у роспач, але не паням, а той вар’ятцы баранесе. Як ты, Гэлюня? – дадаў ён, цалуючы дзяўчынку.

Голас яго быў такі спакойны і ўпэўнены, а паводзіны гэткія нязмушаныя, што пані Місевічова перастала енчыць, а пані Стаўсакая трохі жвавей зірнула на мяне.

– Дык што ж нам рабіць, шаноўны пане Вакульскі, які не стаў пагарджаць… – зноў пачала была пані Місевічова.

– Трэба чакаць суду, – не даў ёй працягваць Вакульскі. – Трэба даказаць у судзе, што пані баранеса хлусіць, абвінаваціць, у сваю чаргу, яе самую ў паклёпніцтве і, калі яна пойдзе ў вязніцу, не дараваць ёй аніводнае гадзіны. Нейкі месяц, праведзены ў турме, пойдзе ёй на карысць. Зрэшты, я ўжо гаварыў з адвакатам, ён заўтра прыйдзе да паняў.

– Бог цябе паслаў, пане Вакульскі!.. – ужо сваім звычайным голасам выгукнула пані Місевічова, зрываючы з галавы хустку.

– Я прыйшоў сюды па больш важнай справе, – сказаў Стах, звяртаючыся да пані Стаўскае (карцела яму, відаць, хутчэй развітацца, гэтаму ёлупню!). – Пані адмовілася ад сваіх урокаў?

– Так.

– Няхай пані адмовіцца ад іх раз і назаўсёды. Гэта цяжкая і малааплатная праца. Няхай пані зоймецца гандлем.

– Я?

– Так, пані. Умее пані лічыць?

– Я вучылася бухгалтэрыі… – ціха прамовіла пані Стаўская.

Яна была гэтак узрушаная, што аж села.

– Цудоўна. Тут на мяне звалілася яшчэ адна крама разам з яе гаспадыняю, удавою. Але капітал амаль цалкам належыць мне, дык я мушу мець там свайго чалавека, і лепш, каб гэта была кабета, з увагі на гаспадыню крамы. Дык ці згодзіцца пані на месца касіркі з заробкам… пакуль што семдзесят рублёў у месяц?

– Чуеш, Гэленка? – звярнулася да дачкі пані Місевічова з адчаем на твары.

– Пан гатовы даверыць касу мне, падсуднай… – прамовіла пані Стаўская і заплакала.

Аднак хутка абедзве дамы супакоіліся, а праз паўгадзіны мы ўжо пілі гарбату і не толькі гаманілі, але нават жартавалі…

Вакульскі гэта справіў… Адзіны на свеце чалавек! І як яго не любіць! Праўду кажучы, можа, і ў мяне было б гэткае ж добрае сэрца, толькі не стае мне нейкае драбязы… паўмільёна рублёў, як у каханага Стаха.

Адразу пасля Божага нараджэння ўладкаваў я паню Стаўскую ў краму да пані Мілер, якая прыняла новую касірку вельмі сардэчна і паўгадзіны чаўпла мне, які Вакульскі шляхетны, разумны, прыемны… Як ён выратаваў краму ад банкруцтва, а яе і дзяцей – ад жабрацтва, і як бы добра было, каб такі чалавек ажаніўся.

Гуллівая кабетка на свае трыццаць пяць гадоў!.. Не паспела аднаго мужа завезці на Павонзкі, а ўжо (руку б даў адсячы) другі раз гатова выскачыць замуж. Вядома, за Вакульскага. Далібог, ужо палічыць немагчыма, колькі гэтых баб уганяецца за Вакульскім (ці за ягоным багаццем).

А пані Стаўская тым часам захапляецца ўсім: і пасадаю з такім заробкам, якога яна ніколі не мела, і новаю кватэраю, якую зняў для яе Вірскі.

Сапраўды, ніштаватая кватэрка. Маюць яны цяпер вітальню, кухню, водаправод і каналізацыю, тры ўтульныя пакойчыкі, а яшчэ – агародчык. Растуць у ім пакуль тры высахлыя кійкі ды ляжыць кучка цэглы, але пані Стаўская ўяўляе сабе, як ператворыць яго за лета ў рай. Рай, які можна накрыць насоўкаю!..

Год 1879 пачаўся перамогаю англічан у Афганістане, якія пад камандаваннем генерала Робертса ўвайшлі ў Кабул. Пэўна, соус “кабул” падаражэе!.. Але Робертс хват! Без аднае рукі, а б’е афганцаў, аж пер’е ляціць… Хоць такім дзікунам даць дыхту няцяжка, а паглядзеў бы я на цябе, пане Робертс, як бы ты даў рады з венгерскаю пяхотаю!..

У Вакульскага таксама была пасля Новага года баталія з тою суполкаю, якую ён заклаў для гандлю з імперыяй. Думаю, яшчэ адна нарада – і разгоніць ён сваіх супольнікаў на ўсе чатыры бакі. Што за дзіўныя людзі, хоць і спрэс інтэлігенцыя: прамыслоўцы, купцы, шляхта, графы! Ён аб’яднаў іх у суполку, а яны лічаць яго ворагам гэтае суполкі, а ўсе заслугі прыпісваюць сабе. Ён дае ім сем працэнтаў за паўгода, а яны яшчэ касавурацца ды хацелі б зменшыць заробкі працаўнікам.

А тыя каханыя працаўнікі, бараніць якіх гэтак кідаецца Вакульскі!.. Чаго толькі яны не нагаворваюць на яго, нават абзываюць яго эксплуататарам (NB: у нас найбольшыя заробкі ды прэміі!), а як яны адзін аднаму ямы капаюць…

Са смуткам заўважаю я, што з пэўнага часу сярод нашых людзей расквітнелі невядомыя раней звычкі: менш працаваць, гучна наракаць і паціху заводзіць інтрыгі ды пляткарыць. Але што мне да чужых спраў…

А цяпер з надзвычайнаю хуткасцю скончу аповед пра трагедыю, якая не магла пакінуць абыякавым аніводнае шляхетнае сэрца.

Я ўжо паспеў забыцца на той ганебны іск пані Кшэшоўскае да тае нявіннае, тае чыстае, тае цудоўнае пані Стаўскае, як ў канцы студзеня грымнулі над нашаю галавою два перуны: вестка пра тое, што ў Вятлянцы[227] выбухнула чума, і позва ў суд Вакульскаму ды мне на заўтра. У мяне ногі здзервянелі, і гэта здзервяненне падымалася ўсё вышэй – ад пятак да каленяў, потым да страўніка, імкнучыся, вядома, да сэрца. Думаю: “Чума гэта або паралюш?..” Але Вакульскі прыняў позву гэтак абыякава, што і я абнадзеіўся.

Вось іду я ўвечары, усё гэтак жа поўны надзеі, да тых паняў ужо на новую іх кватэру, як раптам чую – пасярод вуліцы бжык-бжык, бжык-бжык!.. О, раны Боскія, гэта ж арыштантаў вядуць!.. Якое страшнае супадзенне…

Авой, якія ж маркотныя думкі апанавалі мяне: “А калі суд не паверыць нам (бо памылкі ж таксама здараюцца) і тую шляхетную кабету кінуць у вязніцу, хоць на тыдзень, хоць на адзін дзень, тады што?.. Яна гэтага не перажыве, і я таксама… А каб і перажыў, дык дзеля таго толькі, каб бедная Гэлюня не засталася без апекі…”

Так! Я мушу жыць. Але што гэта будзе за жыццё!..

Заходжу я да тых дам… Зноў бязладдзе! Пані Стаўская сядзіць збялелая на ўслончыку, а ў пані Місевічовай галава абвязаная хусткаю, змочанай у растворы ад галаўнога болю. Смярдзіць старая камфарай і лямантуе:

– О, шляхетны пане Жэцкі, ты не саромеешся няшчасных, зганьбаваных кабет… Уяві сабе, якая бяда: заўтра суд над Гэленкаю… Падумай толькі, што будзе, калі суд памыліцца і засудзіць няшчасную кабету ў арыштанткі?.. Але супакойся, Гэленка, будзь адважная, Бог цябе, хіба, не пакіне… Хоць уночы сёння мела я жахлівы сон…

(Яна мела сон, я спаткаў арыштантаў… Не абыдзецца без катастрофы).

– Але што гэта! – кажу я. – Справа наша надзейная, нібы золата, выйграем…

І, каб скіраваць думкі пані Місевічовай на іншае, дадаў:

– Зрэшты, што тая справа, калі горшае дзеецца – чума…

– Чума?.. Тут?.. У Варшаве?.. А што, Гэленка, не казала я! Ааа! Усе загінем!.. Гэта ж падчас чумы кожны зачыняецца ў сваім доме… харч падаюць на кіях… трупы сцягваюць у яму крукамі…

Ууу… Бачу, разышлася старая не на жарт, дык, каб спыніць яе разважанні пра чуму, я зноў нагадаў пра суд, на што тая каханая пані адказала мне доўгаю прамоваю пра ганьбу, якая пераследуе іх сям’ю, пра магчымае зняволенне пані Стаўскае ды пра тое, што распаяўся самавар…

Карацей кажучы, апошні вечар перад працэсам, калі гэтак неабходна было падбадзёрыцца, апошні той вечар мінуў у нас у размовах пра чуму і смерць ды пра ганьбу і крымінал. У галаве ў мяне пачало шумець, і калі я апынуўся на вуліцы, дык аж не ведаў, куды мне ісці: налева ці направа.

На другі дзень (справа павінна была пачацца а дзясятай) ужо а восьмай гадзіне паехаў я да маіх паняў і не заспеў іх дома. Усе пайшлі да споведзі: маці, дачка, унучка і кухарка, – ды лучыліся з Богам да паловы на дзясятую, а я, гаротнік (гэта ж быў студзень), шпацыраваў на марозе перад брамаю і думаў:

“Добрая справа! Спозняцца яны ў суд, калі яшчэ не спазніліся, суд выдасць завочны вырок і, вядома, не толькі асудзіць пані Стаўскую, але яшчэ палічыць яе ўцякачкаю ды разашле загад схапіць яе… Гэтак з бабамі!..”

Нарэшце, усе чацвёра прыйшлі разам з Вірскім (няўжо і гэты набожны чалавек хадзіў сёння да споведзі?), і ў двух брычках паехалі мы ў суд: я з пані Стаўскаю і Гэлюняй, а Вірскі – з пані Місевічовай і кухаркай. Шкада, што не пабралі з сабою яшчэ чыгункі, самавар ды прымус!.. Перад будынкам суду стаяла ўжо каляска Вакульскага, у якой ён прыехаў разам з адвакатам. Яны чакалі нас на прыступках гэткіх брудных, нібы прайшоў па іх батальён пяхоты, і твары ў іх былі абсалютна спакойныя. Я гатовы нават паспрачацца, што гутарылі яны пра нешта зусім іншае, а не пра пані Стаўскую.

– О, шаноўны пане Вакульскі, ты не саромеешся бедных кабет, зганьбаваных… – завяла было пані Місевічова.

Але Стах падаў ёй руку, адвакат – пані Стаўскай, Вірскі ўзяў за ручку Гэлюню, а я – у пары з Марыянаю – увайшлі мы да міравога суддзі.

Зала нагадала мне школу: суддзя сядзеў на ўзвышэнні, нібы на прафесарскай кафедры, а насупраць яго ў двух шэрагах лавак размяшчаліся ўдзельнікі працэсу і сведкі. У гэты момант гэтак жыва паўсталі мне ў памяці маладыя гады, што міжволі кінуў вокам я ў бок печы, упэўнены, што ўбачу слугу з дубцамі ды лаўку, на якой нас лупцавалі. Ад узрушэння ледзь не закрычаў: “Больш ніколі ў жыцці, пане прафесар!..” Але своечасова апамятаўся.

Пачалі мы ўсаджваць нашых дам на лаўкі і паспрачаліся з гэтае нагоды з жыдкамі, якія, як мне пазней растлумачылі, з’яўляюцца самымі нястомнымі слухачамі судовых спраў пра крадзяжы ды ашуканства. Знайшоў я месца і пачцівай Марыяне, якая ўселася з такою мінай, нібы мела намер перахрысціцца і адмовіць пацеры.

Вакульскі, наш адвакат і я размясціліся на першай лаўцы побач з ягамосцем у падраным паліто і з падбітым вокам, на якога нядобра пазіраў адзін з паліцыянтаў.

“Пэўна, зноў нейкае непаразуменне з паліцыяй,” – падумалася мне.

Раптам я аж рот разявіў ад здзіўлення, бо перад кафедраю міравога суддзі ўбачыў цэлую грамаду вядомых мне асобаў. Налева ад стала – пані Кшэшоўская, яе нахабны адвакат і той прайдзісвет Марушэвіч, а з правага боку – два студэнты. Адзін з іх вызначаўся надта зношаным мундзірам і балбатлівасцю, а другі меў яшчэ больш зношаны мундзір, каляровы шалік на шыі і твар без адзінае крывінкі, нібы ён быў эмігрантам з пахавальнае цырымоніі.

Прыгледзеўся я да яго лепей. Так, гэта ён, той самы чэзлы маладзён, які падчас першага візіту Вакульскага да пані Стаўскае скінуў селядзец на галаву баранесе. Каханы хлапчына!.. Але ж не даводзілася мне ніколі раней бачыць гэтакую сухарэбрыну…

У першую хвіліну я падумаў, што паміж тымі прыемнымі маладымі людзьмі ды баранесай адбываецца працэс уласна з-за селядца. Але хутка пераканаўся, што справа іншая, а менавіта – пані Кшэшоўская, як гаспадыня дому, хоча выгнаць сваіх самых непрымірымых ворагаў, а таксама і самых вялікіх даўжнікоў, якія не плацяць за кватэру.

Справа паміж баранесай і маладымі людзьмі дайшла ўжо да кульмінацыі.

Адзін са студэнтаў, ладны дзяцюк з вусікамі ды фаварытамі, перавальваючыся з наскоў на абцасы, расказваў нешта суддзі. Пры гэтым яго правая рука выконвала плаўныя рухі, а левая звабліва падкручвала вус, далёка адстаўляючы мезенец, упрыгожаны пярсцёнкам без вочка.

Другі малады чалавек пахмурна маўчаў і хаваўся за калегу. У яго паставе я адзначыў пэўную асаблівасць: ён прытуліў абедзве рукі да грудзей, а далоні трымаў так, нібы была там кніжачка ці абразок.

– Дык як вас завуць, панове? – спытаў суддзя.

– Малескі, – з паклонам адказаў уладальнік фаварытаў, – і Паткевіч, – годным рухам паказаў ён на свайго пахмурнага таварыша.

– А дзе трэці пан?

– Яму няможацца, – сарамліва адказаў пан Малескі. – Гэта наш сусед па пакоі. Зрэшты, ён вельмі рэдка жыве з намі.

– Як гэта вельмі рэдка? Дзе ж ён сядзіць днямі?

– Ва ўніверсітэце, у анатамічцы, часам, у сталоўцы.

– А ўночы?

– Пра гэта я магу паведаміць пану суддзі толькі сам-насам.

– А дзе ж ён прапісаны?

– О, прапісаны ён у нашым доме, бо не хацеў рабіць уладам клопату, – з мінаю лорда растлумачыў Малескі.

Суддзя звярнуўся да пані Кшэшоўскае:

– Што ж, пані па-ранейшаму не хоча трымаць гэтых паноў?

– Ні за што на свеце! – заенчыла пані баранеса. – Цэлымі начамі галёкаюць, тупацяць, спяваюць, свішчуць… Няма аніводнае служанкі ў доме, якую б яны не зазвалі да сябе. А, Божачкі! – закрычала яна, павярнуўшы галаву.

Суддзя здзівіўся гэтаму воклічу, а я не… Бо я бачыў, як пан Паткевіч, не аднімаючы рук ад грудзей, раптам пусціў вочы пад лоб, а ніжнюю сківіцу адваліў так, што зрабіўся падобны на нябожчыка, які застаўся стаяць. Твар і ўся яго пастава, сапраўды, маглі спалохаць нават здаровага чалавека.

– Найгорш, што гэтыя паны льюць праз акно нейкія вадкасці…

– На пані?– зухавата спытаў пан Малескі.

Баранеса пасінела ад злосці, але змоўчала. Прызнацца ёй было сорамна.

– Яшчэ што?

– Але горш за ўсё (з-за гэтага я нават захварэла на нервы), што гэтыя панове па некалькі разоў на дзень стукаюць мне ў акно чэрапам…

– Панове гэтак робяць? – запытаўся суддзя.

– Маю гонар растлумачыць пану суддзі, – адказаў Малескі з паставаю чалавека, які збіраецца танцаваць менуэт. – Нам прыслужвае вартаўнік, які жыве ўнізе, дык, каб не цягацца туды-сюды на чацвёрты паверх, узялі мы доўгі шнур, падвешваем на яго, што трапіцца пад руку (часам, здараецца, і чэрап), ды… стукаем яму ў акно. – скончыў ён гэткім саладжавым тонам, што цяжка было ўявіць, як можна спалохацца гэткага далікатнага стуку.

– Авой, Божа!.. – зноў крыкнула баранеса і затрэслася.

– Вядома, хворая кабета, – прамармытаў Малескі.

– Я не хворая! – закрычала баранеса. – Паслухай мяне, пане суддзя!.. Я не магу глядзець на таго другога… бо ён увесь час крывіць твар, як нябожчык… Я нядаўна страціла дачку!.. – скончыла яна са слязьмі.

– Слова гонару, у гэтай пані галюцынацыі, – прамовіў Малескі. – Хто тут падобны на нябожчыка?.. Паткевіч?.. Гэткі прыгажун!..

З гэтымі словамі ён выцягнуў наперад чэзлага калегу, які… у гэты момант ці не пяты ўжо раз удаваў мерцвяка.

У зале выбухнуў смех, суддзя, каб уратаваць свой гонар, зашыўся ў паперы і пасля доўгае паўзы сурова заявіў, што рагатаць тут нельга і кожны, хто парушыць парадак, будзе пакараны штрафам.

Карыстаючыся агульным замяшаннем, Паткевіч тузануў калегу за рукаў ды панура зашаптаў:

– Што ж ты, свіння Малескі, кпіш з мяне ў публічным месцы?

– Бо ты прыгажун, Паткевіч. Кабеты шалеюць за табою.

– Дык гэта не з-за таго… – прамармытаў Паткевіч ужо спакайней.

– Калі панове заплацяць дванаццаць рублёў і пяцьдзясят капеек за студзень месяц? – спытаў суддзя.

Пан Паткевіч гэтым разам паказаў чалавека, у якога бяльмо на левым воку і ўся левая частка твару спаралізаваная. А пан Малескі глыбока задумаўся.

– Калі б мы, – сказаў ён праз хвіліну, – маглі застацца да вакацыяў, дык… Але так!.. Няхай пані баранеса забярэ ў нас мэблю.

– Ах, нічога ўжо я не хачу, нічога… Толькі выбірайцеся, панове! Не прэтэндую нават на плату за кватэру! – закрычала баранеса.

– Як гэта кабета кампраметуе сябе, – прашаптаў наш адвакат. – Цягаецца па судах, бярэ гэткага мярзотніка за дарадцу…

– Але мы маем да пані прэтэнзіі за шкоды і страты! – азваўся Малескі. – Ці чуў хто, каб гэтаю парою выганяць прыстойных людзей з кватэры?.. Каб мы нават і знайшлі сабе памяшканне, дык будзе яно такое паганае, што двое з нас, прынамсі, захварэюць на сухоты і памруць…

Пан Паткевіч, напэўна, каб надаць большае вагі гэтым словам, пачаў варушыць вухам ды скураю галавы, што выклікала ў зале новую хвалю весялосці.

– Першы раз бачу нешта падобнае! – сказаў наш адвакат.

– Гэткую справу? – спытаў Вакульскі.

– Не, каб чалавек гэтак варушыў вухам. Артыст!..

Суддзя тым часам напісаў і пачаў чытаць вырок, паводле якога панове Малескі і Паткевіч былі асуджаныя заплаціць дванаццаць рублёў і пяцьдзясят капеек за кватэру і вызваліць памяшканне да 8 лютага.

Тут здарылася нешта надзвычайнае. Пан Паткевіч, пачуўшы вырок, гэтак узрушыўся, што твар яго пазелянеў, і ён самлеў. На шчасце, падаючы, ён трапіў у абдымкі пана Малескага, іначай мог бы моцна вытнуцца, небарака.

Вядома, у зале загучалі спагадлівыя галасы, кухарка пані Стаўскае заплакала. Жыдкі пачалі паказваць пальцам на баранесу і гергетаць. Заклапочаны суддзя спыніў паседжанне, кіўнуў Вакульскаму (адкуль ён яго ведаў?) і пайшоў у свой пакой, а два паліцыянты амаль вынеслі на руках беднага маладзёна, які гэтым разам сапраўды нагадваў нябожчыка.

У калідоры, калі паклалі яго на лаву, а нехта з прысутных закрычаў, што трэба лінуць на яго вады, хворы раптам ускочыў і гучна сказаў:

– Ну, ну, толькі без дурных жартаў…

Пасля чаго сам апрануў паліто, энергічна нацягнуў галёшы і лёгкім крокам выйшаў з суда, пакідаючы ўдзельнікаў працэсу і сведак у здзіўленні.

У гэты момант падышоў да нашае лаўкі нейкі судовы чыноўнік і ціха сказаў Вакульскаму, што суддзя запрашае яго на сняданне. Стах выйшаў, а пані Місевічова пачала рабіць мне роспачныя знакі, просячы да сябе.

– Езус! Марыя! – пачала яна. – Не ведаеш, пан, навошта суддзя паклікаў гэтага найшляхетнейшага з людзей?.. Пэўна, хоча сказаць яму, што прапала Гэленка!.. О, у гэтае непачцівае баранесы мусяць быць вялікія сувязі… Ужо адну справу яна выйграла, відаць, будзе тое самае і з Гэленкай… Ах, я бедная ды няшчасная! Ці няма ў цябе, пане Жэцкі, кропляў ад нерваў?

– Пані кепска?

– Яшчэ не, хоць тут вельмі душна… Але я страшна баюся за Гэленку… Раптам яе засудзяць, дык яна самлее і можа памерці, калі мы хутка не вернем яе да прытомнасці… Як думаеш, каханы пане, можа, варта было б мне кінуцца суддзі ў ногі ды ўпрошваць яго?

– Але ж, пані, гэта лішняе… Наш адвакат казаў, што баранеса і хацела б, напэўна, забраць скаргу, ды ўжо позна.

– Але ж мы саступім! – выгукнула старая.

– О, шаноўная пані, што не, то не, – адказаў я крыху раздражнёна. – Або мы выйдзем адсюль апраўданыя, або…

– Памром, хочаш сказаць? – не дала мне скончыць старая. – Авой, не кажы гэтак… Пан не ведае, як прыкра ў маім веку чуць пра смерць…

Я пакінуў усхваляваную старую і падышоў да пані Стаўскае.

– Як пачуваецца пані?

– Выдатна! – адказала яна рашуча. – Яшчэ ўчора я страшна баялася, але пасля споведзі стала мне лягчэй, а як прыйшла сюды, адчуваю сябе зусім спакойна.

Я паціснуў ёй руку доўга… доўга… так, як паціскаюць толькі тыя, хто сапраўды кахае, і пабег да свае лаўкі, бо Вакульскі, а за ім і суддзя вярнуліся ў залу.

Сэрца ў мяне бухала, як молат. Я агледзеўся. Пані Місевічова з заплюшчанымі вачыма відавочна малілася, пані Стаўская была бледная, але рашуча настроеная, пані баранеса скубла свой салоп, а наш адвакат пазіраў у столь і стараўся не пазяхаць.

У гэты момант Вакульскі таксама азірнуўся на пані Стаўскую і няхай мяне д’яблы возьмуць, калі я не заўважыў у яго вачах выразу замілавання, які рэдка там быў заўважны!..

Яшчэ пару такіх працэсаў, і я ўпэўнены, што закахаўся б ён насмерць.

Суддзя пару хвілін нешта пісаў, а калі скончыў, абвясціў прысутным, што зараз будзе разглядацца справа Кшэшоўскае супраць Стаўскае пра крадзеж лялькі.

І ён паклікаў бакі працэсу і сведак на сярэдзіну.

Я стаяў побач з лаўкамі дык пачуў размову дзвюх кумак. Малодшая, з чырванню на твары, тлумачыла старэйшай:

– Вось, бачыць пані, тая красуня скрала ў тае пані ляльку…

– Было там на што спакусіцца!..

– Уга! Не кожнаму прасы красці …

– Гэта пані скрала прас, – азваўся ззаду грубы голас. – Не той злодзей, хто забірае сваю ўласнасць, а той, хто дае пятнаццаць рублёў задатку і ўжо думае, што купіў…

Суддзя пісаў і пісаў, а я прыгадваў тую прамову, што склаў учора на абарону пані Стаўскае і на зганьбаванне баранесы. Але змяшаліся мне ўсе словы ў галаве, дык я пачаў разглядацца па зале.

Пані Місевічова працягвала ціха маліцца, а Марыяна, якая сядзела за ёю, плакаць. У пані Кшэшоўскае твар зрабіўся шэры, яна прыкусіла вусны і апусціла вочы, але з кожнае складкі яе адзення праглядала злосць… Каля яе стаяў Марушэвіч, утаропіўшыся ў падлогу, а за ім – служанка баранесы, гэткая спалоханая, нібы яе збіраліся весці на эшафот…

Наш адвакат змагаўся з пазяханнем.

Вакульскі сціснуў кулакі, а пані Стаўская аглядала ўсіх па чарзе з гэткім лагодным спакоем, што я, каб быў скульптарам, узяў бы яе за мадэль статуі звінавачанае нявіннасці.

Потым, нягледзячы на пратэсты Марыяны, Гэлюня выбегла на сярэдзіну, схапіла маці за руку і ціха запыталася:

– Мама, а чаму гэты пан загадаў сюды прыйсці?.. Я нешта на вушка скажу: пэўна, мама не слухалася і цяпер мусіць стаяць у кутку…

– Падвучаная!.. – сказала чырванатварая кумка старэйшай.

– Каб пані гэтак здаровая была, – прамармытаў за ёю грубы голас.

– Сам, пан, будзь здаровы маёю крыўдаю… – злосна адказала кумка.

– А пані сканае ў сутаргах, і будуць у пекле прасаваць цябе маімі прасамі, – адказаў ёй антаганіст.

– Ціха! – голасна азваўся суддзя. – Што пані Кшэшоўская можа паведаміць у гэтай справе?

– Выслухай мяне, пане суддзя! – выступіла наперад і пачала дэкламаваць пані баранеса. – Ад памерлага дзіцяці засталася мне самая дарагая памятка – лялька, якая вельмі падабалася вось гэтай пані і яе дачцэ, – паказала яна на пані Стаўскую і яе дачку.

– Абвінавачаная бывала ў пані?

– Так, я наймала яе для шыцця…

– Але нічога ёй не заплаціла! – выгукнуў з канца залі Вірскі.

– Ціха! – утаймаваў яго суддзя.

– У той дзень, калі я гэту пані звольніла, – працягвала баранеса, – прапала ў мяне лялька. Я думала, памру, гэтак было мне шкада, і адразу падазрэнне на яе ўпала… Прадчуванні мае спраўдзіліся, бо праз некалькі дзён мой прыяцель, пан Марушэвіч, убачыў з акна, што гэта пані (якая жыве насупраць яго) трымае ў руках маю ляльку і пераапранае яе ў іншую сукенку, каб не пазналі.

Тады я пайшла да яго з маім праўным дарадцам і праз ларнетку ўбачыла, што, сапраўды, гэта мая лялька ў тае пані. Дык на другі дзень пайшла я да яе, забрала ляльку, якую пан бачыць тут на стале, і падала скаргу.

– А пан Марушэвіч упэўнены, што гэта тая лялька, якая была ў пані Кшэшоўскае?

– Якраз… уласна кажучы… пэўнасці не маю.

– Дык навошта пан Марушэвіч сказаў пра яе пані Кшэшоўскай?

– Уласна… я не ў тым значэнні…

– Не хлусі, пан! – закрычала баранеса. – Ты прыбег да мяне і рагатаў, кажучы, што Стаўская скрала ляльку, і гэта на яе вельмі падобна…

Марушэвіч змяніўся з твару, у яго выступіў пот, і ён нават пачаў пераступаць з нагі на нагу, што з’яўляецца доказам, хіба, вялікае скрухі.

– Мярзотнік, – прамармытаў Вакульскі досыць гучна.

Я заўважыў, аднак, што гэта заўвага не падбадзёрыла Марушэвіча. Наадварот, здавалася, ён яшчэ больш разгубіўся.

Суддзя звярнуўся да служанкі пані Кшэшоўскае:

– У вас была гэта лялька?

– Не ведаю, якая… – ціха адказала запытаная.

Суддзя паказаў ёй ляльку, але служанка маўчала, толькі міргала ды заломвала рукі.

– Ах, гэта Мімі!.. – закрычала Гэлюня.

– О, пані суддзя! – крыкнула баранеса. – Дачка сведчыць супраць маці…

– Ты ведаеш гэту ляльку? – спытаў суддзя ў Гэлюні.

– О, ведаю!.. Дакладна гэткая ж была ў пані ў тым пакойчыку…

– Гэта тая?

– О, не. Не тая… У той была шэрая сукенка і чорныя чаравічкі, а ў гэтай карычневыя чаравічкі!..

– Ну, так, – прамармытаў суддзя і паклаў ляльку на стол. – Што скажа пані Стаўская?

– Я купіла гэту ляльку ў краме пана Вакульскага…

– І колькі ж пані заплаціла за яе?.. – прашыпела баранеса.

– Тры рублі.

– Ха-ха-ха! – зарагатала баранеса. – Гэта лялька каштуе пятнаццаць…

– Хто прадаў пані гэту ляльку? – запытаўся суддзя ў Стаўскае.

– Пан Жэцкі, – адказала яна і пачырванела.

– Што скажа пан Жэцкі?..

Вось і настаў час для маёй прамовы. Сяк-так я пачаў:

– Шаноўны суддзя!.. З балесным здзіўленнем даводзіцца мне… Гэта значыць… бачу, пан, перад сабою трыумф злосці і гэта… пакрыўджаную…

Раптам мне перасохла ў горле так, што і слова ўжо не мог я вымавіць. На шчасце, азваўся Вакульскі:

– Жэцкі толькі прысутнічаў пры пакупцы, а ляльку прадаў я.

– За тры рублі? – спытала баранеса, і ў яе, як у яшчаркі, бліснулі вочы.

– Так, за тры рублі. Гэта тавар з дэфектам, якога мы пазбываемся.

– А ці прадаў бы пан гэту ляльку за тры рублі і мне таксама? – усё выпытвала баранеса.

– Не! Пані я ўжо ніколі і нічога не прадам у сваёй краме.

– Які пан мае доказ, што лялька купленая ў яго краме? – запытаўся суддзя.

– Вось, вось! – закрычала баранеса. – Якія доказы?..

– Ціха! – утаймаваў яе суддзя.

– Дзе пані купіла сваю ляльку? – спытаў у баранесы Вакульскі.

– У Лесера.

– Дык у нас ёсць доказ, – сказаў Вакульскі. – Гэтыя лялькі я прыводжу з-за мяжы па частках: асобна галовы, асобна тулавы. Няхай пан суддзя адпора галаву і пашукае ўнутры мой фірменны знак.

Пані баранеса занепакоілася.

Суддзя ўзяў у рукі ляльку, якая нарабіла гэтулькі звады, і сваім чыноўніцкім сцізорыкам разрэзаў ёй спачатку станік, а потым пачаў старанна адпорваць галаву ад тулава. Здзіўленая Гэленка спачатку прыглядалася да гэтай аперацыі, а потым ціха звярнулася да маці:

– Мама, навошта гэты пан распранае Мімі? Яна ж будзе саромецца…

Раптам яна зразумела, што адбываецца, і гучна заплакала, хаваючы твар у складках сукенкі пані Стаўскае:

– Ах, мама, навошта ён яе рэжа?.. Гэта страшна баліць!.. Мама, мама, я не хачу, каб Мімі рэзалі…

– Не плач, Гэлюня. Мімі будзе здаровая і яшчэ прыгажэйшая, – супакойваў яе Вакульскі, узрушаны не менш за Гэленку.

Тым часам галава Мімі звалілася на паперы. Суддзя зазірнуў унутр і падаў яе пані баранесе са словамі:

– Ну, няхай пані прачытае, што там напісана?

Баранеса прыкусіла вусны і маўчала.

– Дык няхай пан Марушэвіч уголас прачытае, што там?

– Ян Мінцаль і Станіслаў Вакульскі… – прабубніў Марушэвіч.

– Значыць, не Лесер?

– Не.

Увесь гэты час служанка баранесы паводзіла сябе вельмі дзіўна: яна чырванела, бялела, хавалася сярод лавак…

Суддзя скоса пазіраў на яе і, нарэшце, сказаў:

– Цяпер панна хай нам скажа, што здарылася з лялькаю. Толькі прашу казаць праўду, бо пастаўлю панну пад прысягу.

Тая з жахам схапілася за галаву, падбегла да стала і паспешліва адказала:

– Лялька разбілася, пане…

– Тая ваша лялька, пані Кшэшоўскае?..

– Тая…

– Ну хай разбілася ў яе галава, а рэшта дзе?

– На падстрэшку, пане… Авой, што са мною будзе!

– Нічога з паннаю не будзе, горш было б, каб не сказала праўду. А пані ісціца чуе, што адбылося?

Баранеса апусціла вочы і склала крыжам рукі на грудзях, як пакутніца.

Суддзя пачаў пісаць. Ягамосць, што сядзеў на другой лаўцы (вядома, прасавальшчык), азваўся да дамы з чырвоным тварам:

– А што, украла?! Бачыш, пані, як плявузгаць? Га?..

– Калі кабета прыгожая, дык і з крымінальнае справы выграбецца, – сказала чырванатварая дама сваёй суседцы.

– Але пані не выграбецца… – прамармытаў прасавальшчык.

– Дурань пан!..

– Пані яшчэ дурнейшая…

– Ціха! – закрычаў суддзя.

Загадана было ўсім устаць, і пачулі мы вырок, які ў поўнай меры апраўдваў пані Стаўскую.

– Зараз, – сказаў суддзя, скончыўшы чытаць, –пані можа падаць скаргу пра абгавор.

Ён спусціўся ў залу, паціснуў руку пані Стаўскай і дадаў:

– Мне вельмі прыкра, што я пані судзіў, і мне вельмі прыемна, што магу павіншаваць.

У пані Кшэшоўскае пачаліся спазмы, а дама з чырвоным тварам уздыхнула і сказала сваёй суседцы:

– На ладны тварык і суддзя квапіцца… Але дачакаюцца яны апошняга суду!

– Халера!.. Яна яшчэ і блюзнерыць… – прамармытаў прасавальшчык.

Пайшлі мы да выхаду. Вакульскі падаў руку пані Стаўскай, з якой пайшоў наперад, а я асцярожна павёў па брудных сходах паню Місевічову.

– Я ж казала, што ўсё гэтак і скончыцца, – запэўнівала мяне старая. – А пан не верыў.

– Я не верыў?..

– Так, хадзіў пан, як атручаны… Езус! Марыя… А гэта што такое?

Апошнія яе словы тычыліся чэзлага студэнта, які разам са сваім таварышам чакаў перад брамаю, відавочна, пані Кшэшоўскую і, мяркуючы, што тая ўжо ідзе, зрабіў выгляд нябожчыка перад… пані Місевічовай!.. Але ўбачыў, што памыліўся, дык засаромеўся і пабег наперад.

– Паткевіч, стой, яны ўжо ідуць… – закрычаў пан Малескі.

– Ідзі да д’ябла! – крыкнуў пан Паткевіч. – Заўсёды мяне кампраметуеш.

Але ён пачуў крокі ў браме, вярнуўся ды яшчэ раз паказаў нябожчыка… Вірскаму!..

Гэта ўжо канчаткова адбіла ахвоту ў маладых людзей, і яны, вельмі злосныя, рушылі дадому па розных баках вуліцы.

Але, калі мы на брычках іх дагналі, дык яны ізноў ішлі разам і пакланіліся нам вельмі галантна.

XXX. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА

Я ведаю, чаму гэтак разгаварыўся пра справу пані Стаўскае. Вось чаму…

На свеце шмат недавяркаў, і сам я часам бываю недавяркам ды сумняюся ў Божым наканаванні. Не раз, калі палітычныя справы ідуць кепска або я бачу нэндзу людскую і трыумф лайдакоў (калі дазволена ўжываць гэтае слова), дык не раз я думаю: “Дурань стары, што завецца Ігнацы Жэцкі! Ты думаеш, Напалеоны вернуцца на трон, Вакульскі зробіць нешта надзвычайнае, бо ён здольны, і будзе шчаслівы, бо заслужыў?.. Ты думаеш, варона ты загуменная, што хоць у нягоднікаў і добра ўсё спачатку, а ў пачцівых людзей – кепска, але, урэшце, кепскія будуць зганьбаваныя, а добрыя праслаўленыя?.. Гэтага ты чакаеш?.. Дык дурнота твае чаканні!.. На свеце няма ніякага парадку, ніякае справядлівасці, а толькі барацьба. Калі ў гэтай барацьбе верх бяруць добрыя, тады добра, а калі кепскія – кепска. Але, каб існавала нейкая сіла, што спрыяе толькі добрым, пра гэта і марыць забудзь… Людзі як лісце, якое вецер ганяе. Закіне на траўнік, дык ляжаць на траўніку, а ўкіне ў бруд, дык ляжаць у брудзе…”

Гэтак я не раз думаў у хвіліны паняверкі. Але працэс над паняю Стаўскаю меў вынікам тое, што я ўвераваў: добрыя людзі раней ці пазней дачакаюцца справядлівасці.

Бо, калі падумаць… Пані Стаўская – шляхетная кабета, дык павінна быць шчаслівая, Стах – чалавек надзвычайнае вартасці, дык і ён павінен быць шчаслівы. Тым часам Стах скрозь незадаволены і маркотны (аж мне плакаць часам хочацца, калі гляджу яго!), а пані Стаўскую судзілі за крадзеж…

Дык дзе тая справядлівасць, якая ўзнагароджвае добрых?

Зараз убачыш яе, чалавеча малаверны! А каб канчаткова пераканацца, што ёсць на гэтым свеце парадак, запісвай наступныя прароцтвы:

Па-першае, пані Стаўская выйдзе замуж за Вакульскага і будзе з ім шчаслівая.

Па-другое, Вакульскі адрачэцца ад свае панны Ленцкае, а шлюб возьме з пані Стаўскаю ды будзе з ёю шчаслівы.

Па-трэцяе, малы Люлю яшчэ сёлета стане французскім імператарам, назавецца Напалеонам IV, паб’е немцаў на горкі яблык і забяспечыць справядлівасць на ўсім свеце, што прадказваў яшчэ мой светлай памяці бацька.

У тым, што Вакульскі возьме шлюб з пані Стаўскаю, і што ён учыніць нешта надзвычайнае, я ўжо не маю на сённяшні дзень ніякага сумневу. Ён, праўда, яшчэ з ёю не заручыўся, нават не сватаўся, зрэшты… сам гэта яшчэ не ўсвядоміў. Але я ўжо бачу… Добра бачу, што будзе далей, і галавою гатовы паручыцца, што будзе гэтак… Ёсць у мяне палітычны нюх!

Бо пабач, што робіцца.

На другі дзень пасля працэсу Вакульскі быў увечары ў пані Стаўскае і сядзеў да адзінаццатае гадзіны. На трэці дзень ён быў у краме ў пані Мілер, прагледзеў кнігі і вельмі хваліў пані Стаўскую, аж Мілерыху гэта крыху ўзяло за жывое. А на чацвёрты дзень…

Ну, праўду кажучы, не быў ён ані ў пані Мілер, ані ў пані Стаўскае, затое са мною здарылася нешта незвычайнае.

Апоўдні (не было чамусьці пакупнікоў у краме) без дай прычыны падыходзіць да мяне хто?.. Малады Шлянгбаўм, той старазаконны, які працуе ў аддзеле рускіх тканін.

Гляджу, мой Шлянгбаўм пацірае рукі, вус у яго дагары, галава – пад столь… Думаю сабе: “З глузду ён з’ехаў, ці што?..” А той кланяецца мне, але гэтак напышліва, і кажа – ні больш, ні менш – гэтакія словы:

– Спадзяюся, пане Жэцкі, як бы там ні было, а застанемся мы добрымі прыяцелямі…

Думаю сабе: “Але ж, да д’ябла, ці не звольніў яго Стах?..” Дык адказваю:

– У маёй зычлівасці можаш быць упэўнены, пане Шлянгбаўм, што б там ні здарылася, абы не ўчыніў ты якога злачынства, пане Шлянгбаўм…

На апошніх словах зрабіў я націск, бо мой пан Шлянгбаўм выглядаў так, нібы меў намер або нашу краму купіць (што здаецца мне немагчымым), або абакрасці… што, хоць ён і пачцівы старазаконны, не здаецца мне немагчымым.

Ён, відаць, зразумеў, бо ўсміхнуўся крайком вуснаў ды пайшоў у свой аддзел. Праз чвэрць гадзіны я нібы выпадкова зазірнуў туды, але заспеў яго, як звычайна, за работаю. Нават сказаў бы, што працаваў ён яшчэ больш заўзята, чым звычайна: узбягаў на драбінку, даставаў штукі рэпсу[228] і аксаміту, раскладаў іх па шафах, словам, круціўся ваўчком.

“Не, – думаю, – гэты ўжо, хіба, не абкрадзе нас…”

Заўважыў я яшчэ, і гэта таксама мяне здзівіла, што пан Зэмба стаў прыніжана-ветлівы са Шлянгбаўмам, а на мяне пазірае крыху зверху ўніз, хоць і апасліва.

“Уга! – думаю. – Ён хоча залагодзіць Шлянгбаўму даўнія крыўды, а ў адносінах да мяне, старшага крамніка, стараецца захаваць асабістую годнасць. І добра робіць! Бо заўсёды трэба крыху задзіраць нос у адносінах да тых, хто вышэй, і быць паслужліва-ветлівым да тых, хто ніжэй…”

Адвячоркам зазірнуў я ў рэстаран на піўка. Гляджу, пан Шпрот і радца Вянгровіч ужо там. Са Шпротам пасля тае сваркі, пра якую я расказваў, мы і бачыць адзін аднаго не хочам, але з радцам я вітаюся сардэчна. А той да мяне:

– Ну што? Ужо?..

– Прашу прабачэння, – кажу я, – але не разумею. – (Думаў, што ён намякае на працэс пані Стаўскае.) – Не разумею, – кажу, – пане радца.

– Чаго ты не разумееш? – кажа ён. – Што крама прададзеная?

– Перахрысціся, пане радца, – кажу я, – якая крама?

Пачцівы радца быў ужо па шостым куфлі, дык ён зарагатаў і кажа:

– Уга! Я перахрышчуся, але пану і перахрысціцца ўжо не дадуць, як з хрысціянскага хлеба пяройдзеш на жыдоўскую халу. Усе гэтак кажуць. Жыды вашу краму купілі…

Я думаў, што мяне хопіць апаплексічны ўдар.

– Пане радца, – кажу я, – пан занадта паважны чалавек, каб не сказаць мне, адкуль гэтыя звесткі?

– Увесь горад гаворыць, – адказаў радца, – зрэшты, няхай прысутны тут пан Шрот пану ўсё растлумачыць.

– Пане Шпрот, – кажу я з паклонам, – не хачу абразіць пана, пагатоў жадаў ад пана сатысфакцыі, а пан мне адмовіў, як круцель… Як круцель, пане Шпрот!.. Аднак заяўляю, што пан або паўтарае за іншымі, або сам фабрыкуе плёткі…

– Што такое?! – завішчаў Шпрот і зноў, як некалі, грукнуў кулаком па стале. – Я адмовіў, бо не збіраюся даваць сатысфакцыю ані пану, ані каму іншаму. Але паўтараю, краму вашу купляюць жыды…

– Якія жыды?

– Д’ябал іх ведае: Шлянгбаўмы, Гундбаўмы, адкуль мне ведаць!..

Я гэтак раз’юшыўся, што загадаў прынесці піва, а радца Вянгровіч кажа:

– Гэтыя жыды дачакаюцца, будзе нейкая бязглуздая авантура. Гэтак яны нас душаць, гэтак адусюль выціскаюць, гэтак скупляюць усё, няма рады. Нам іх не перахітрыць, марныя спадзяванні, але як пойдуць у ход кулакі, дык пабачым, хто каго…

– Пан радца мае рацыю! – дадаў Шпрот. – Гэтак усё тыя жыды грабуць пад сябе, што, урэшце, давядзецца сілаю адбіраць. Дзеля парадку. Бо зірніце, панове, што робіцца, хоць бы з тым кортам…

– Ну, – кажу я, – калі нашу краму купляюць жыды, дык і я з вамі, бо мой кулак яшчэ нешта важыць… Але пакуль, на міласць Боскую, не разносьце вы плётак пра Вакульскага ды не падбухторвайце людзей супраць жыдоў, бо і без таго ліха хапае…

Вярнуўся я дадому з хвораю галавою, шалёны ад злосці на ўвесь свет. За ноч некалькі раз прачынаўся, а калі засынаў, дык сніў, што жыды і праўда купілі нашу краму, а я, каб не памерці з голаду, хаджу па дварах з катрынкаю, на якой напісана: “Злітуйцеся над бедным старым венгерскім афіцэрам!”

Толькі пад раніцу прыйшла мне ў галаву простая і слушная думка: сур’ёзна пагаварыць са Стахам і, калі ён краму, сапраўды, прадае, пашукаць сабе новае месца.

Добрая кар’ера за гэтулькі гадоў службы! Каб чалавек быў сабакам, яго хоць прыстрэлілі б… А так – туляйся чалавеку па чужых кутках, зрэшты, без усялякае пэўнасці, ці не ў канаве давядзецца сканаць…

Мінуў поўдзень, а Вакульскі яшчэ не прыходзіў у краму, дык а другой гадзіне я сам выбраўся да яго. Можа, захварэў?..

Іду я і ў браме таго дому, дзе ён жыве, сустракаю доктара Шумана. Калі я сказаў, што хачу наведаць Стаха, той параіў мне:

– Не ідзі туды, пан. Ён засмучаны, і лепш не чапаць яго. Хадзем лепш да мяне на гарбату… Дарэчы, а ці ёсць у мяне валасы пана?

– Здаецца, – адказаў я, – хутка аддам я пану валасы разам са скураю.

– Пан хоча з сябе чучала?

– Варта. Свет не бачыў гэткага дурня.

– Суцешся, пан, – адказаў Шуман, – ёсць яшчэ дурнейшыя. Але што здарылася?

– Няважна. Але я чуў, нібы Стах прадае краму жыдам… А ўжо да іх на службу я не пайду.

– Што ж, і пан антысемітызмам заразіўся?

– Не. Але не быць антысемітам і служыць жыдам – розныя рэчы.

– А хто ж ім будзе служыць?.. Бо я, хоць і жыд, таксама ў лёкаі да пархатых не пайду. Зрэшты, адкуль у пана такія думкі? Калі крама будзе прададзеная, дык пана чакае цудоўная пасада ў суполцы гандлю з імперыяй…

– Няпэўная гэта суполка, – заўважыў я.

– Вельмі няпэўная, – згадзіўся Шуман. – Занадта мала ў ёй жыдоў і зашмат магнатаў. Але пана гэта не тычыцца, бо… Толькі не выдай мяне, пан, бо гэта сакрэт. Дык вось, пану ні ў галаве павінен быць лёс крамы ды суполкі, бо Вакульскі адпісаў пану дваццаць тысяч рублёў…

– Мне?.. Адпісаў?.. Што гэта значыць?! – крыкнуў я ад здзіўлення.

Мы якраз увайшлі ў кватэру Шумана, і доктар загадаў падаць самавар.

– Што значыць гэты запіс? – пытаў я занепакоена.

– Запіс… запіс!.. – мармытаў Шуман, расхаджваючы па пакоі і расціраючы сабе патыліцу. – Што значыць? Не ведаю. Досыць таго, што Вакульскі яго зрабіў. Відавочна, хоча быць гатовы да ўсяго, як кожны разважлівы купец!..

– Няўжо зноў двубой?..

– Гэ! Не ставала… Вакульскі занадта разумны, каб два разы рабіць адно глупства. Адно пэўна, каханы пане Жэцкі, хто з такою бабаю звяжацца, той мусіць быць гатовы…

– З якою бабаю?.. З пані Стаўскаю?.. – спытаў я.

– Якая пані Стаўская! – кажа доктар. – Тут іншая акула – панна Ленцкая, за якою гэты вар’ят упадае да скону. Ужо і зразумеў ён, што за кветачка, ужо і пакутуе, і грызе сам сябе, але выкараскацца не можа. Горш за ўсё гэтыя запозненыя амуры, асабліва калі здарацца з гэтакім д’яблам, як Вакульскі.

– Зноў нечага нарабілася? Ён жа ўчора быў у ратушы на бале.

– Таму і быў, што яна там была, і я таму быў, што яны абое там былі. Цікавая гісторыя! – прамармытаў доктар.

– Ці не мог бы пан ясней выказацца? – страціў я цярплівасць.

– Чаму не! Да таго ж, усе гэта бачаць, – кажа доктар. – Вакульскі шалее за паннаю, яна з ім вельмі разважліва какетнічае, а кавалеры… чакаюць. Скандал, – працягваў Шуман, пахаджаючы па пакоі ды паціраючы сабе галаву. – Пакуль панна Ізабэла была без гроша ды без прэтэндэнтаў на руку, аніводзін сабака да іх не хадзіў. А як знайшоўся Вакульскі, багаты, з добраю рэпутацыяй ды сувязямі, чуткі пра якія нават перабольшаныя, вакол панны Ленцкае сапраўдны рой утварыўся – і недарэкі розныя, і лядашчыя, і ніштаватыя кавалеры – аж не праціснуцца, гэтак яе абступілі. І кожны ўздыхае, кожны – вочы пад лоб, пяшчоты шэпча, ручку песціць, танцуючы…

– А яна што?

– Пустая кабета! – прамовіў доктар і махнуў рукою. – Замест грэбаваць галотаю, якая да таго ж некалькі разоў ад яе адварочвалася, яна цешыцца іх таварыствам. Усе гэта бачаць, а горш за ўсё, бачыць гэта і Вакульскі.

– Да д’ябла! Чаго ж ён не кіне яе?.. Ужо хто-хто, а ён, хіба, кпіць з сябе не дазволіць.

Падалі самавар. Шуман адправіў слугу, наліў гарбаты і адказаў:

– Бачыш, пан, ён бы яе абавязкова кінуў, каб мог разумна ацэньваць тое, што ў яго перад вачыма. Быў такі момант учора на балі, што ў нашым Стаху абудзіўся леў і, калі ён накіраваўся да панны Ленцкае, каб сказаць ёй пару слоў, я гатовы быў паклясціся, што ён скажа: “Дабранач, пані. Ужо я бачу, якія карты ў пані, дык абгуляць сябе не дазволю!” Гэткі твар у яго быў, пакуль ён ішоў да яе. Але што ж? Панна зірнула, шапнула, кранула за руку, і Стах мой гэткі шчаслівы быў цэлую ноч, гэткі шчаслівы, што… сёння ў лоб стрэліў бы сабе, каб не чакаў яшчэ такога позірку, шэпту, дотыку… Не бачыць, даўбешка, што яна дакладна гэткімі ж позіркамі надзяляе яшчэ з дзясятак іншых, ды яшчэ ў большых дозах.

– Што ж гэта за кабета?

– Як сотні ды тысячы іншых! Прыгожая, распешчаная, але бяздушная. Для яе Вакульскі варты столькі, колькі ў яго грошай ды сувязяў. Вядома, і на мужа надаецца, калі нічога лепшага не патрапіцца. Але ўжо каханкаў яна абярэ паводле свайго густу.

– А той, – правіў далей Шуман, – ці ў склепе Гопфера, ці ў тайзе гэтак задурыў сабе галаву Альдонамі, Гражынамі, Марылямі ды ім падобнымі хімерамі, што і ў панне Ленцкай бачыць боства. Ён ужо не проста кахае, ён абагаўляе яе, моліцца на яе, упаў бы ніцма перад ёю… Прыкрае чакае яго абуджэнне!.. Бо хоць і рамантык да апошняе кроплі крыві, але ён не пойдзе следам за Міцкевічам, які не толькі прабачыў той, што яму здрадзіла, але яшчэ і тужыў па ёй пасля здрады. Уга! Ён нават абяссмерціў яе… Добрая навука нашым паненкам: як хочаш праславіцца, дык здраджвай тым, хто цябе мацней кахае!.. Мы, палякі, асуджаныя быць дурнямі нават у такой простай справе, як каханне…

– Мяркуеш, доктар, што і Вакульскі будзе гэтакім блазнам?.. – спытаў я, адчуваючы, як закіпае ўва мне кроў, нібы пад Вілагас.

Шуман аж падскочыў на крэсле.

– Ой, не, да ліха! – закрычаў ён. – Ён шалее, пакуль кажа сабе: “А раптам яна мяне кахае, а раптам яна такая, як я думаю?..” Але каб ён не працверазеў, калі заўважыць, што стаў пасмешышчам, я… я першы – не будзь я жыдам – гатовы плюнуць яму ў вочы… Гэтакі чалавек можа быць няшчасным, але нельга яму прыніжацца…

Даўно ўжо не бачыў я, каб Шуман гэтак усхадзіўся. Жыд-то ён жыд, з галавы да пят, але верны сябра і чалавек з пачуццём гонару.

– Ну, – сказаў я, – супакойся, доктар. Ёсць у мяне для Стаха лекі.

І расказаў яму пра пані Стаўскую, а напрыканцы дадаў:

– Не дажыць мне веку, доктар, не дажыць мне веку, калі не ажаню я Стаха з пані Стаўскаю. Гэта кабета, у якой ёсць і розум, і сэрца, якая на любоў адкажа любоўю, а яму такая і трэба.

Шуман хітаў галавою і варушыў брывамі.

– Уга! Паспрабуй, пан… На жаль, лекамі на адну кабету можа быць толькі другая кабета. Хоць баюся, ці не спозненая ўжо дапамога…

– Гэта жалезны чалавек, – заўважыў я.

– У тым і небяспека, – адказаў доктар. – Цяжка будзе сцерці тое, што выразана, і цяжка склеіць тое, што трэснула.

– Пані Стаўская зробіць гэта.

– Дай Бог.

– І Стах будзе шчаслівы.

– Ого!..

Развітаўся я з доктарам усцешаны. Кахаю я пані Гэлену, але дзеля яго… выракуся яе.

Абы не позна яшчэ было!

Але не…

Назаўтра апоўдні зайшоў у краму Шуман. Яго крывая ўсмешка падказала мне, што ён занепакоены і настроены іранічна.

– Быў доктар у Стаха? – спытаў я. – Як ён сёння?

Той пацягнуў мяне за шафы і з’едлівым тонам пачаў:

– Бачыш, пан, да чаго бабы даводзяць нават такіх людзей, як Вакульскі! Ведаеш, пан, чаго ён гэтакі засмучаны?..

– Пераканаўся, што панна Ленцкая мае каханка…

– Хаця б ён пераканаўся!.. Можа і вылечыўся б тады радыкальна. Але яна надта спрытная, каб гэткі наіўны закаханы разгледзеў, што робіцца за кулісамі. Зрэшты, я пра іншае. Смех сказаць, сорам прызнацца! – бушаваў доктар.

Ён ляснуў сябе па лысіне і працягваў цішэй:

– Заўтра баль у князя, дзе, ясная рэч, будзе панна Ленцкая. Ці вядома пану, што князь да гэтае пары не запрасіў Вакульскага, хоць іншым разаслаў запрашэнні ўжо два тыдні таму?! А ці паверыць пан, што Стах захварэў з-за гэтага?..

Доктар захіхікаў, вышчэрваючы гнілыя зубы, а я, далібог, пачырванеў ад сораму.

– Цяпер разумееш, пан, на якім адхоне можа апынуцца чалавек? – спытаў Шуман. – Ужо другі дзень ходзіць ён, нібы атручаны, што нейкі князь не запрасіў яго на баль!.. Ён, той наш каханы, той наш слаўны Стах…

– Ён сам гэта пану сказаў?

– Дзе там! – прамармытаў доктар. – У тым і бяда, што не сказаў. Каб хапіла яму духу сказаць, дык і плюнуць бы здолеў на гэта спозненае запрашэнне.

– Мяркуеш, пан, што яго запросяць?

– Авой! Не запрасіць яго каштавала б князю пятнаццаць працэнтаў гадавых з капіталу, укладзенага ў суполку. Запросіць ён яго, запросіць. Дзякуй Богу, Вакульскі яшчэ рэальная сіла. Але спачатку, ведаючы яго слабасць да панны Ленцкае, падражніць яго, пабавіцца ім, як сабакам, якому здалёк паказваюць кавалак мяса, каб навучыць хадзіць на задніх лапах. Не бойся, пане, яны яго не выпусцяць, на гэта ім розуму хопіць. Але яны хочуць выдрэсіраваць яго, каб добра служыў, прыносіў у зубах, нават кусаў тых, хто ім нямілы.

Ён узяў сваю бабровую шапку, кіўнуў мне і выйшаў. Дзівак быў, дзіваком і застаўся.

Рэшту дня я змарнаваў, нават некалькі раз памыліўся ў разліках. А калі ўжо збіраўся зачыняць краму, з’явіўся Стах. Здалося мне, што за апошнія дні ён зблажэў. Ён нядбала павітаўся з нашымі панамі і пачаў корпацца ў шуфлядзе стала.

– Шукаеш нешта? – спытаў я.

– Ці не было тут ліста ад князя?.. – адказаў ён, унікаючы майго позірку.

– Я адсылаў усе лісты табе на кватэру…

– Я ведаю, але мог нейкі заваляцца сярод папер…

Лепш бы мне зубы дзерлі, чым чуць такое. Дык меў Шуман рацыю: Стах пакутуе, што князь не запрасіў яго на баль!

Калі краму зачынілі і ўсе пайшлі, Вакульскі спытаў:

– Што ты сёння будзеш рабіць? Можа, запрасіў бы мяне на гарбату?

Вядома, я запрасіў яго з радасцю і прыгадаў старыя часы, калі Стах бавіў у мяне амаль кожны вечар. Як даўно гэта было! Цяпер ён быў пахмурны, я заклапочаны, і хоць нам шмат пра што было паразмаўляць, мы хавалі адзін ад аднаго вочы. Нават завялі гутарку пра мароз, і толькі шклянка гарбаты, напалову разбаўленая аракам, развязала мне трохі язык.

– Усе кажуць, – азваўся я, – што ты прадаеш краму.

– Ужо амаль прадаў, – адказаў Вакульскі.

– Жыдам?..

Ён рэзка ўстаў з фатэля, запхнуў рукі ў кішэні і захадзіў па пакоі.

– А каму яе прадаць?.. – спытаў ён. – Тым, хто не купіць краму, бо маюць грошы, ці тым, хто купіў бы яе толькі таму, што няма грошай? Крама вартая амаль сто дваццаць тысяч рублёў, дык што, выкінуць іх на сметнік?

– Аж страшна, як гэтыя жыды выціскаюць нас…

– Адкуль?.. З тых пазіцый, якія мы не хочам займаць, а прымушаем займаць іх – папіхаем іх, молім, каб занялі. Маю краму не купіць аніводзін з нашых паноў, але кожны дасць грошай жыдам, каб тыя купілі і… плацілі ім добрыя працэнты з пазычанага капіталу.

– Гэтак?

– Вядома. Я ж ведаю, хто пазычае Шлянгбаўму…

– Дык Шлянгбаўм купляе?

– А хто ж яшчэ? Клейн, Лісецкі ці Зэмба?.. Яны не знайшлі б крэдыту, а каб і знайшлі, дык змарнавалі б яго.

– Будзе некалі авантура з гэтымі жыдамі, – прамармытаў я.

– Былі ўжо, працягваліся васямнаццаць стагоддзяў, і які вынік?.. Падчас жыдоўскага пераследу загінулі лепшыя, а засталіся толькі такія, што здолелі схавацца ад згубы. Вось такіх і маем мы сёння жыдоў: загартаваных, цярплівых, хітрых, салідарных, прадпрымальных, якія па-майстэрску валодаюць адзінаю зброяй, якая ў іх засталася – грашыма. Знішчаючы лепшае, наладзілі мы штучны адбор і выгадавалі найгоршых.

– А ці падумаў ты, што ў выпадку, калі твая крама пяройдзе ў іх рукі, дзясяткі жыдоў займеюць добрую працу, а дзясяткі нашых яе страціць.

– Я не вінаваты, – злосна адказаў Вакульскі. – Я не вінаваты, што тыя, з кім я падтрымліваю дачыненні, дамагаюцца, каб я прадаў краму. Гэта праўда, што грамадства страціць, але ж грамадства само хоча гэтага.

– А абавязкі?..

– Якія абавязкі?! – закрычаў ён. – Ці ў адносінах да тых, хто называе мяне эксплуататарам, ці да тых, якія мяне абкрадаюць? Выкананы абавязак мусіць нешта даваць чалавеку, бо іначай гэта ахвяра, якое ніхто ні ад каго не мае права вымагаць. А што я маю? Нянавісць і нагаворы з аднаго боку, пагарду – з другога. Скажы мне, ці ёсць злачынства, у якім мяне яшчэ не абвінавачвалі? І за што? За тое, што я зарабіў капітал і даў заробак сотням людзей.

– Паклёпнікі ёсць усюды.

– Але нідзе столькі, як у нас. Дзесьці пачцівы нуварыш, як я, меў бы ворагаў, але меў бы і прызнанне, якое лагодзіць крыўды… А тут…

Ён махнуў рукою.

Я зноў каўтануў дзеля адвагі паўшклянкі араку з гарбатай. Тым часам Стах, які пачуў крокі ў сенцах, падышоў да дзвярэй. Я здагадаўся, што гэтак ён чакае запрашэнне ад князя!..

Зашумела ўжо мне ў галаве, дык я спытаў:

– А ці ж тыя, дзеля якіх ты прадаеш краму, ацэняць цябе?

– А калі ацэняць? – спытаў ён у задуменні.

– І будуць любіць цябе болей за тых, каго ты пакідаеш?

Ён хутка падышоў да мяне і зірнуў у вочы:

– А калі будуць любіць?

– Ты ўпэўнены?

Ён кінуўся на фатэль.

– Адкуль я ведаю? – ціха прамовіў ён. – Адкуль я ведаю?.. Што пэўнае на гэтым свеце?

– І ты ніколі не думаў, – працягваў я ўсё смялей, – што на цябе могуць не толькі лаяцца ды ашукваць, але яшчэ і смяяцца з цябе ды пагарджаць табою?.. Скажы мне, ты ніколі пра гэта не думаў?.. Усё магчыма на свеце, а таму належыць асцерагацца, калі не падману, дык, прынамсі, асмяяння. Да д’ябла, – скончыў я і грукнуў шклянкаю па стале, – можна ісці на ахвяры, бо маеш, з чаго іх рабіць, але нельга дазваляць здзекавацца з сябе…

– Хто з мяне здзекуецца? – крыкнуў ён і ўскочыў.

– Усе тыя, хто не шануе цябе, як ты заслужыў.

Спалохаўся я ўласнае смеласці, але Вакульскі нічога не адказаў. Ён лёг на казетку з падкладзенымі пад галаву рукамі, што было прыкметаю моцнае ўзрушанасці. Потым загаварыў пра справы, якія датычыліся крамы, вельмі спакойным тонам.

А дзявятай адчыніліся дзверы і ўвайшоў лёкай Вакульскага.

– Ліст ад князя! – абвясціў ён.

Стах прыкусіў вусны і, не падымаючыся, працягнуў руку.

– Дай, – сказаў ён, – і можаш ісці спаць.

Слуга выйшаў. Стах павольна адкрыў канверт, прачытаў ліст, падраў яго на шматкі ды кінуў пад печ.

– Што гэта? – спытаў я.

– Запрашэнне на заўтрашні баль, – адказаў ён суха.

– Не пойдзеш?

– І не падумаю.

Я аслупянеў… І раптам у гэтым аслупяненні ўзнікла геніяльная думка, лепшая на свеце.

– Ведаеш што? – сказаў я. – А можа, пайшлі б мы заўтра ўвечары да пані Стаўскае?..

Ён сеў на казетцы і з усмешкаю адказаў:

– А ведаеш, будзе някепска!.. Даволі мілая кабета, і даўно ўжо я там не быў. Трэба пры нагодзе даслаць цацак малой.

Лёд, які ўтварыўся быў між намі, пачаў раставаць.

Да нас абодвух вярнулася колішняя шчырасць, і да паўночы гутарылі мы пра былое. На дабранач Стах сказаў мне:

– Чалавек часам губляе галаву, але часам вяртаецца да розуму… Бог табе заплаціць, стары!

Залаты, каханы Стах!..

Хоць трэсні, ажаню яго з пані Стаўскаю!..

У дзень балю ў князя ані Стах, ані Шлянгбаўм у краму не паказваліся.

Я здагадаўся, што яны мусілі дамаўляцца пра продаж нашае крамы.

Іншым разам гэта атруціла б мне настрой на цэлы дзень. Але сёння не ў галаве мне было ані закрыццё нашае фірмы, ані змена шыльды на жыдоўскую. Што мне тая крама! Абы Стах быў шчаслівы, прынамсі, каб скончыліся яго згрызоты. Мушу яго ажаніць, няхай хоць перуны б’юць.

Раніцаю я даслаў пані Стаўскай ліст, у якім папярэдзіў, што сёння мы прыйдзем на гарбату разам з Вакульскім. Да ліста я насмеліўся дадаць скрыначку цацак для Гэлюні. Быў там цэлы лес са звярамі, мэбля для лялькі, мініяцюрны сервіз ды медны самавар. Усяго на 13 руб. 60 кап. тавару разам з упакоўкаю.

Мушу нешта прыдумаць яшчэ для пані Місевічовай. Зраблю гэткія абцужкі з бабулі ды ўнучкі ды гэтак сцісну імі прыгажуню маму за сэрца, што будзе яна вымушаная капітуляваць яшчэ да Святога Яна…

(А, ліха на яго! А муж за мяжою?.. Ну, што муж? Няхай бы пільнаваў… Зрэшты, за колькі тысяч рублёў атрымаем развод са зніклым, а хутчэй, ужо нежывым.)

Пасля закрыцця крамы іду я да Стаха. Лёкай адчыняе мне дзверы з накрухмаленаю кашуляй у руках. Іду далей, і ў спальні бачу на крэсле фрак, камізэльку… Уга! Ці не атрымаецца з нашага візіту пшык?..

Стах сядзеў у кабінеце і чытаў англійскую кніжку. (Чорт ведае, на што яму тая ангельшчына? Ажаніцца можна нават і глуханямому…) Прывітаў ён мяне сардэчна, хоць і крыху разгублена.

“Трэба браць быка за рогі!” – падумаў я. Лахі пад пахі ды кажу яму:

– Ну, хіба, чакаць няма чаго. Пайшлі, бо пані спаць палягуць.

Вакульскі закрыў кніжку і задумаўся:

– Брыдкі вечар, – сказаў ён, – завея.

– Іншым завея на баль не перашкаджае ехаць, дык чаму яна нам мусіць вечар псаваць, – адказаў я, удаючы прасцячка.

Нібы ўкалоў я Стаха. Ён ускочыў з крэсла і загадаў падаць футра. Слуга, апранаючы яго, казаў:

– Але няхай пан зараз жа вяртаецца, бо ўжо час апранацца і цырульнік прыйдзе.

– Не трэба, – адказаў Стах.

– Але ж нерасчасаны не пойдзе пан танцаваць…

– Я не іду на баль.

Слуга ад здзіўлення разявіў рот.

– Што пан вырабляе? – закрычаў ён. – Пан, хіба, трызніць… Пан Ленцкі гэтак прасіў…

Вакульскі хутка выйшаў з пакоя і бразнуў дзвярыма перад носам у нахабнага лёкая.

“Ага, – думаю я сабе, – дык князь здагадаўся, што Стах можа не прыйсці і, каб перапрасіць, паслаў гэтага, нібы цесця!.. Шуман мае рацыю, яны будуць трымаць яго, ну але мы ў вас яго адбяром!”

Праз чвэрць гадзіны былі мы ў пані Стаўскае.

Цуд, як нас прынялі!.. Марыяна пасыпала кухню пясочкам, пані Місевічова прыбралася ў ядвабную сукенку табачнага колеру, а расчырванелая пані Стаўская мела сёння гэткія прывабныя вочы ды вусны, што памерці можна было, цалуючы гэту прыгожую кабету.

Баюся сурочыць, але, далібог, Стах цэлы вечар пазіраў на яе з вялікаю цікавасцю. Нават не было калі пахваліць новую стужку Гэлюні.

Які быў вечар!.. Як пані Стаўская дзякавала нам за цацкі, як яна саладзіла Вакульскаму гарбату, як яна зачапіла яго некалькі разоў беражком свайго рукава… У мяне з’явілася ўпэўненасць, што Стах будзе прыходзіць як мага часцей, спачатку са мною, потым – без мяне.

Падчас вячэры нейкі злы ці добры дух скіраваў вочы пані Місевічовай на “Кур’ер”.

– Бачыш, Гэленка, – звярнулася яна да дачкі, – сёння баль у князя.

Вакульскі спахмурнеў і замест вачэй пані Стаўскае пачаў узірацца ў сваю талерку. Я сабраў усю адвагу і не без іроніі азваўся:

– Пекнае мусіць быць таварыства ў князя! Строі, галантнасць…

– Не так яно ўсё пекна, як здаецца, – адказала старая. – За строі часта не заплачана, а галантнасць… Напэўна, адна галантнасць у салонах з графінямі ды князямі, а іншая – у гардэробнай з беднымі швачкамі.

(О, як своечасова падтрымала мяне старая сваёй крытыкай.)

“Слухай жа, Стасю,” – падумаў я і пытаюся далей:

– Дык тыя велікасвецкія дамы не надта галантныя са швачкамі?..

– Пане! – махнула рукою пані Місевічова. – Ведаем мы адну краўчыху, якой тыя пані даюць работу, бо яна вельмі ўвішная і бярэ танна. Слязьмі яна ўмываецца, як вяртаецца, бывае, ад іх. Колькі нараканняў і на прымерку сукенкі, і на папраўкі, і на рахункі… А які ў іх тон, якія яны звадлівыя, якія сквапныя… Тая краўчыха кажа (каб мне так добра было!), што лепш мець справу з чатырма жыдоўкамі, чым з адною велікасвецкаю дамаю. Хоць цяпер і жыдоўкі псуюцца, варта якой разбагацець, адразу пачынае гаварыць толькі па-французску, таргавацца ды касавурыцца.

Я хацеў запытацца, ці не апранаецца ў тае краўчыхі панна Ленцкая, але пашкадаваў Стаха. Гэтак ён мяняўся з твару, бедачына!..

Пасля гарбаты Гэлюня з радаснымі воклічамі пачала расстаўляць на канапе свае новыя цацкі, пані Місевічова і я селі пры акне (старую так і цягне да тых вокнаў!), а Вакульскі і пані Стаўская размясціліся на канапе: яна пляла нейкую сетку, а ён з папяросаю.

З-за таго, што старая пачала заўзята апавядаць мне, якім дасканалым кіраўніком павета быў яе муж, я не надта чуў гутарку пані Стаўскае з Вакульскім. А мусіла быць гэта цікавая гутарка, бо вялася напаўголасу.

“Я бачыў пані летась у кармелітаў на Вялікдзень”.

“А я пана заўважыла, калі пан летам быў у той камяніцы, дзе мы жылі. Не ведаю нават чаму, але мне здавалася…”

– А колькі клопату было з тымі пашпартамі!.. Бог ведае, хто браў, каму аддаваў, чыё ўпісваў прозвішча… – распавядала пані Місевічова.

“…Чаму не! Калі толькі пан пажадае…” – казала, чырванеючы, пані Стаўская.

“… І не буду надакучлівы?..”

– Прыгожая пара! – ціха сказаў я пані Місевічовай.

Яна зірнула на іх і ўздыхнула:

– Але што ж, нават каб ужо няшчасны Людвічак і нежывы быў…

– Будзем спадзявацца на Бога.

– Што жывы?.. – спытала старая, але не падобна было, каб яе гэта цешыла.

– Не, я не пра тое… Але…

– Мама, я ўжо спаць хачу, – азвалася Гэлюня.

Вакульскі падняўся з канапы, і мы развіталіся з дамамі.

“Хто ведае, – падумаў я, – ці не праглынуў ужо кручка гэты асяцёр?..”

На двары па-ранейшаму сыпаў снег, Стах завёз мяне дадому і, невядома чаго, чакаў у санках, пакуль я зайду ў браму.

Я зайшоў, але затрымаўся ў сенцах. А калі вартаўнік замкнуў браму, пачуў, як зазвінелі на вуліцы, ад’язджаючы, санкі.

“Гэтакі ты? – падумаў я. – Пабачым, куды паедзеш…”

Зайшоў я да сябе, апрануў стары плашч, цыліндр, і, гэтак пераапрануты, праз паўгадзіны выйшаў на вуліцу.

У кватэры Стаха было цёмна, значыць, ён не дома. Дык дзе ён?..

Спыніў я санкі, што праязджалі побач, і праз некалькі хвілін выйшаў непадалёк ад дома, дзе жыў князь.

На вуліцы стаяла некалькі карэт, іншыя пад’язджалі, але другі паверх быў ужо асветлены, музыка грала, а ў вокнах час ад часу мільгалі цені танцораў.

“Там панна Ленцкая,” – падумаў я, і сэрца ў мяне сціснулася.

Паглядзеў я ўздоўж вуліцы. У! Якая завея… Ледзь відно мігценне газовак. Трэба ісці спаць.

Каб злавіць санкі, перайшоў я на другі бок і… ледзь не наляцеў на Вакульскага… Ён стаяў пад дрэвам, засыпаны снегам, узіраючыся ў вокны.

“Дык вось як?! О, хоць здохні, мой каханы, а мусіш ты ажаніцца з пані Стаўскаю”.

У такой небяспечнай сітуацыі пастанавіў я дзейнічаць энергічна. Назаўтра ж выбраўся да Шумана і кажу яму:

– А ведаеш, доктар, што здарылася са Стахам?

– Што? Нагу зламаў?

– Горш. Хоць ён, нягледзячы на падвойнае запрашэнне, і не быў на балі ў князя, але апоўначы падкраўся да яго дома і стаяў там у завеі ды глядзеў на вокны. Разумееш, пан?

– Разумею. Тут не трэба быць псіхіятрам.

– Таму я пастанавіў абавязкова ажаніць Стаха яшчэ сёлета, нават яшчэ да Святога Яна.

– З паннаю Ленцкаю? – падхапіў доктар. – Я раю не лезці ў гэта.

– Не з паннаю Ленцкаю, а з пані Стаўскаю.

Шуман пастукаў сабе па ілбу.

– Шпіталь вар’ятаў! – прамармытаў ён. – Усе як адзін… У пана, відавочна, мазгі радчэюць, пане Жэцкі.

– Пан мяне абражае! – выгукнуў я раззлавана.

Ён стаў перада мною і, схапіўшы мяне за адвароты сурдута, казаў сярдзітым голасам:

– Слухай, пан… Я выкарыстаю параўнанне, якое пану мусіць быць зразумелае. Калі шуфляда поўная, напрыклад, партманетак, дык ці можаш у тую самую шуфляду напхаць яшчэ і гальштукаў?.. Не можаш. Вось і Вакульскі, калі сэрца яму запоўніла панна Ленцкая, ці можа яшчэ ўціснуць туды паню Стаўскую?..

Я адчапіў яго рукі ад свайго сурдута і адказаў:

– Я дастану партманеты і пакладу гальштукі, разумееш, пане вучоны?..

І зараз жа выйшаў, бо мяне яго бесцырымоннасць пачала ўжо раздражняць.

Ад доктара я паехаў да пані Місевічовае. Стаўская была ў краме. Гэлюню я выправіў у другі пакой гуляць з цацкамі, а сам падсеў да старое і проста з моста пытаюся:

– Пані дабрадзейка!.. Ці лічыш Вакульскага годным чалавекам?..

– Ах, дарагі пане Жэцкі, як ты можаш пытаць?.. Ён зменшыў нам кватэрную плату ў сваім доме, выратаваў Гэленку ад ганьбы, даў ёй пасаду на семдзесят пяць рублёў, Гэлюні прыслаў столькі цацак…

– Прашу прабачэння, – перапыніў я яе, – дык згаджаецца пані, што чалавек ён высакародны, і таму пад вялікім сакрэтам мушу паведаміць пані, што чалавек ён вельмі няшчасны…

– У імя Айца і Сына!.. – перахрысцілася старая. – Ён няшчасны?! Ён, які мае гэткую краму, суполку, прорву грошай?.. Ён, які нядаўна прадаў камяніцу?.. Хіба, даўгі, а я і не ведала.

– Даўгоў ані гроша, – кажу я, – а пасля продажу крамы ў яго шэсцьсот тысяч рублёў, хоць два гады таму меў ён трыццаць тысяч ды краму, вядома… Але, пані дабрадзейка!.. Грошы яшчэ не ўсё, бо чалавек, апроч кішэні, мае і сэрца…

– Але ж я чула, што ён жэніцца. І нават з пекнай асобай, з паннаю Ленцкай.

– Гэта і бяда. Вакульскі не можа, не павінен жаніцца…

– Няўжо мае дэфект?.. Гэтакі здаровы мужчына…

– Не павінен жаніцца з паннаю Ленцкай. Гэта не для яго партыя. Яму трэба жонка такая…

– Такая, як мая Гэленка… – спешна закончыла пані Місевічова.

– Вось!.. – выгукнуў я. – Не толькі такая, але менавіта яна… Яе самую, Гэлену Стаўскую, трэба нам за жонку.

Старая заплакала.

– Ведаеш, каханы пане Жэцкі, – казала яна, усхліпваючы, – гэта мая запаветная мара… Бо галаву даю: пачцівы Людвічак ужо памёр… Гэтак часта сніцца ён мне і заўсёды або голы, або нейкі не падобны да сябе…

– Зрэшты, – кажу я, – нават каб і не памёр, дык атрымаем развод.

– Вядома. За грошы ўсё можна зрабіць.

– Менавіта! Абы пані Стаўская не была супраць.

– Высакародны пане Жэцкі, – выгукнула старая. – Я гатова прысягнуць, што яна, небарака, ужо закахалася ў Вакульскага… Настрою няма, начэй не спіць, а ўсё ўздыхае ды марнее кабетка. А як вы ўчора тут былі, дык што з ёю рабілася… Я, маці, пазнаць яе не магла…

– Дык баста! – спыніў я яе. – Мой клопат, каб Вакульскі бываў у вас часцей, а пані… няхай падрыхтуе пані Гэлену. Вырвем Стаха з рук тае панны Ленцкае і… хіба, перад Святым Янам вяселле…

– Пабойся Бога, а Людвічак?..

– Памёр, памёр… – кажу я. – Галаву даю, што нежывы…

– Дык у такім разе – воля Божая…

– Толькі прашу пані трымаць усё ў сакрэце. Занадта вялікія стаўкі.

– За каго пан мяне лічыць, пане Жэцкі? – абурылася старая. – Тут… тут… – пастукала яна сябе ў грудзі, – тут кожная таямніца ляжыць, як у магіле. А пагатоў таямніца майго дзіцяці і таго шляхетнага чалавека.

Мы былі моцна ўзрушаныя.

– Што ж, – прамовіў я праз хвіліну, збіраючыся ўжо ісці, – што ж, ці мог хто думаць, каб гэткая драбяза, як лялька, магла спрычыніцца да шчасця дваіх людзей?

– Лялька?

– Ну а як жа?! Каб пані Стаўская не купіла ў нас ляльку, дык не было б і суду, Стаха не ўзрушыў бы лёс пані Гэлены, а пані Гэлена не пакахала б яго, вось і не пабраліся б яны… Бо, праўду кажучы, калі ў душы Стаха абудзілася нейкае пачуццё да пані Стаўскае, дык толькі пасля таго суду.

– Абудзілася, кажаш, пан?..

– Уга! Ці ж пані не бачыла, як яны ўчора шапталіся на той канапе?.. Вакульскі даўно ўжо не быў гэтакі вясёлы, нават узрушаны, як учора…

– Бог цябе паслаў, каханы пане Жэцкі! – выгукнула старая і на развітанне пацалавала мяне ў галаву.

Сёння я задаволены сабою і без залішняе сціпласці мушу прызнаць, што маю метэрніхаўскую галаву[229]. Якая добрая ідэя прыйшла мне закахаць Стаха ў пані Гэлену, і як добра я справіў, каб ім не заміналі!..

На сённяшні дзень няма ўжо ў мяне сумневаў, што і пані Стаўская, і Вакульскі трапілі ў пастаўленую на іх пастку. Яна за некалькі тыдняў схуднела (але выглядае яшчэ лепей, чартоўка!), а ён фармальна губляе галаву. Калі ўвечары ён не ў Ленцкіх, – а трапляе ён туды, зрэшты, не часта, бо панна ўсё балюе, – дык зараз жа выбіраецца дзяцюк да пані Стаўскае і сядзіць там аж да паўночы. А як тады ён ажыўляецца, як расказвае ёй розныя гісторыі пра Сібір, пра Маскву, пра Парыж!.. Я ведаю, бо хоць і не бываю там вечарамі, каб не перашкаджаць ім, але апавядае мне ўсё пані Місевічова назаўтра. Вядома, пад вялікім сакрэтам.

Адно мне толькі не падабалася.

Я даведаўся, што Вірскі часам наведваецца да нашых паняў і, вядома, палохае буркаванне маладое пары, дык я сабраўся да яго, каб перасцерагчы.

І вось, ужо апрануты, выходжу я з дому, аж спатыкаю ў сенцах Вірскага. Дык мы вяртаемся, запальваем святло і пачынаем гутарыць пра палітыку… Неўзабаве змяняю я тэму і кажу абыякавым тонам:

– Я хацеў пану канфідэнцыяльна паведаміць…

– Я ўжо ведаю, ведаю!.. – кажа ён і рагоча.

– Што пан ведае?

– А што Вакульскі закахаўся ў пані Стаўскую.

– Раны Боскія! – крычу я. – Хто пану сказаў?..

– Ну, перадусім не бойся, пан, за сакрэтнасць, – кажа ён паважна. – У нашым доме сакрэт, як у калодзежы…

– Але хто пану сказаў?

– Бачыш, пан, мне сказала жонка, а сама яна даведалася пра гэта ад пані Каляровае…

– А яна адкуль?

– Пані Каляровай сказала пані Радзіньская, а пані Радзіньскай у найвялікшай таямніцы сказала гэта пані Дэнова, ведаеш, пан, тая прыяцелька пані Місевічовае.

– Якая ж неабачлівая пані Місевічова!..

– Але! – кажа Вірскі. – А што ёй было рабіць, нябозе, калі Дэнова напала на яе, што Вакульскі праседжвае ў іх ледзь не да раніцы, і справа тут нячыстая… Вядома, узрушаная старая заявіла ёй, што гэта не фіглі-міглі, а справа ідзе да сакраманту, можа, пабяруцца яны яшчэ да Святога Яна.

Аж мне галава забалела, але што рабіць? Вой, бабы, бабы!..

– Што ж чуваць у горадзе? – пытаюся я ў Вірскага, каб скончыць непрыемную размову.

– Скандалы, – кажа ён. – Скандалы з баранесаю! Але дай мне, пан, цыгару, бо гэта дзве доўгія гісторыі.

Падаў я цыгару, а ён расказаў рэчы, якія канчаткова пераканалі мяне, што злыдні раней ці пазней мусяць быць пакараныя, а добрыя – узнагароджаныя, і што ў самым закамянелым сэрцы цьмее іскра сумлення.

– Даўно пан быў у нашых дам? – пачынае Вірскі.

– Дні чатыры ўжо, пяць… – адказваю я. – Разумее пан, я не хачу перашкаджаць Вакульскаму… і пану гэта раю. Маладыя хутчэй паразумеюцца між сабою без нас, старых.

– Прашу прабачэння! – перабівае Вірскі. – Мужчына пяцідзесяцігадовы не стары, а толькі даспелы…

– Як яблык, якому час упасці.

– Маеш, пан, рацыю. Мужчына пяцідзесяцігадовы вельмі схільны да таго, каб упасці. І каб не жонка ды дзеці… Пане Ігнацы!.. Пане Жэцкі!.. Няхай мяне д’яблы возьмуць, каб не паспаборнічаў я з маладымі. Але, пане, жанаты чалавек – гэта калека. Кабеты на яго не глядзяць, хаця ж… пане Ігнацы…

Тут вочы ў яго загарэліся, і ён наладзіў гэткую пантаміму, што калі ён сапраўды набожны, дык мусіць заўтра ж ісці да споведзі.

Наогул, я ўжо пераканаўся, што са шляхтаю гэтак: ані да навукі, ані да гандлю не маюць яны розуму, да працы іх не прымусіш, а да бутэлькі, бойкі ды юрлівасці яны заўжды гатовыя, хоць бы магілаю ўжо смярдзелі. Паскуднікі!

– Добра, добра, – кажу я, – пане Вірскі, але што мне пан хацеў расказаць?

– А! Якраз збіраўся, – кажа ён і дыміць цыгараю, як кацёл з асфальтам. – Памятае пан тых студэнтаў з нашае камяніцы, што жылі над баранесаю?..

– Малескі, Паткевіч і яшчэ трэці. Хіба можна забыць тых д’яблаў? Гарэзнікі!

– Яшчэ якія! – пацвердзіў Вірскі. – Хай мяне Бог пакарае, калі пры тых вісусах можна было трымаць маладую кухарку больш за восем месяцаў. Пане Жэцкі! Кажу табе, яны ўтрох забяспечвалі дзецьмі ўсе прытулкі… Іх, відаць, ва ўніверсітэце гэтаму вучаць. Бо ў мой час на вёсцы, калі бацька, маючы маладога сына, аддаваў тры або чатыры каровы за год… фью! фью! нават ксёндз пробашч абражаўся, каб не псавалі яму авечак. А гэтыя, пане…

– Меўся пан расказаць пра баранесу, – заўважыў я, бо не люблю, калі сівагаловыя мелюць лухту.

– Менавіта… Вось жа… Найгоршы з іх, халера, той Паткевіч, які нябожчыка ўдае. Як вылезе поцемку той вычварэнец на лесвіцу, дык кажу табе, гэткі ўсчынаецца піск, нібы чароды пацукоў там бегаюць…

– Меўся ж пан пра баранесу…

– Менавіта… Вось жа, мосці дабрадзею… Ну, і Малескаму нічога не бракуе!.. Вось жа, як пану вядома, баранеса дамаглася выроку, каб хлопцы восьмага выбраліся. А ім ані ў галаве… Восьмага, дзявятага, дзясятага… яны сядзяць, а ў пані Кшэшоўскае ад злосці пячонка псуецца. Нарэшце, парадзілася яна з тым сваім няўдаліцам адвакатам ды з Марушэвічам і 15 лютага прыперла каморніка з паліцыяй.

Уздзіраюцца каморнік з паліцыянтамі на чацвёрты паверх, стук-стук! – дзверы ў хлопцаў замкнёныя, а адтуль пытаюцца: “Хто там?” – “Імем закона адчыніце!” – кажа каморнік. “Закон законам, – кажуць з сярэдзіны, – але ў нас ключа няма. Нехта нас замкнуў, напэўна, пані баранеса”.

“Панове, кпіны з улады строіце, – кажа каморнік. – А ведаеце, панове, што мусіце выбрацца” – “Яно так, – кажуць з сярэдзіны, – але ж праз дзірку для ключа мы не выйдзем. Хіба што…”

Вядома, каморнік пасылае вартаўніка па слесара, і чакаюць яны з паліцыяй на сходах. Праз нейкія паўгадзіны прыходзіць слесар. Адчыніў ён звычайны замок адмычкаю, а англійскаму замку не можа даць рады. Круціць, верціць – усё дарэмна… Цягнецца ён зноў уніз па інструмент, зноў мінае з паўгадзіны, а тым часам на падворку – натоўп, крык, а на трэцім паверсе пані баранеса б’ецца ў жахлівым прыпадку.

Каморнік па-ранейшаму чакае на сходах, аж тут бяжыць да яго Марушэвіч. “Пане, – крычыць ён, – зірні, што яны вырабляюць…” Каморнік выбягае на дзядзінец і бачыць гэткую сцэну.

Акно на чацвёртым паверсе адчыненае (падумай, пан, у лютым!), і з таго акна ляцяць на падворак сеннікі, коўдры, кніжкі, чарапы і гэтак далей. Праз нейкі час з’язджае на шнуры куфар, а пасля яго – ложак.

“Ну, што пан на гэта скажа?” – крычыць Марушэвіч.

“Трэба напісаць пратакол, – кажа каморнік. – Зрэшты, яны выбіраюцца, дык, можа, не варта ім перашкаджаць”.

Потым новая з’ява. У адчыненым акне на чацвёртым паверсе паказваецца крэсла, на крэсле сядзіць Паткевіч, двое калег пхаюць яго і… мой Паткевіч едзе па шнуры долу на крэсле!.. Тут ужо і каморнік ледзь не самлеў, а адзін з паліцыянтаў перахрысціўся.

“Скруціць ён сабе карак! – перамаўляюцца бабы. – Езус, Марыя! Ратуйце душу яго…” Марушэвіч, як чалавек нервовы, уцёк да пані Кшэшоўскае, а крэселка з Паткевічам тым часам затрымліваецца на вышыні трэцяга паверха пры акне баранесы.

“Годзе ўжо, панове, жартаў!” – крычыць каморнік двум калегам Паткевіча, якія яго апускалі.

“Але! У нас шнура не хапае…” – кажуць тыя.

“Ратуйся, Паткевіч!” – крычыць зверху Малескі.

На дзядзінцы гвалт. Бабы, усе як адна, моцна ўстрывожаныя, каб не скалечыўся Паткевіч, пачынаюць вішчаць, паліцыянты стаяць слупам, а каморнік зусім разгубіўся.

“Станавіся, пан, на парапет!.. Разбівай акно!..” – крычыць ён Паткевічу.

Майму Паткевічу двойчы паўтараць не трэба. Як пачаў ён барабаніць у акно баранесы, дык Марушэвіч не толькі сам адчыніў яму, але яшчэ і ўласнаручна ўцягнуў хлопца ў пакой.

Нават баранеса прыбегла занепакоеная ды кажа Паткевічу:

“Божа міласэрны! І трэба пану гэткае фіглярства?”

“Іначай я не меў бы прыемнасці развітацца з шаноўнай пані,” – адказвае Паткевіч, і, як я разумею, паказаў ёй гэткага нябожчыка, што звалілася баба на падлогу з лямантам:

“Няма каму мяне бараніць!.. Няма ўжо мужчын!.. Мужчыны!.. Мужчыны!..”

Галасіла яна так, што чуваць было на ўвесь двор, а каморнік зразумеў яе крык не так, як трэба, ды кажа паліцыянтам:

“Але ж і хваробу займела бедная кабета!.. Дзіва што, ужо гады два жыве без мужа”.

Паткевіч, будучы медыкам, памацаў баранесе пульс, загадаў даць ёй валяр’янкі ды спакойна пайшоў. А тым часам у іх кватэры слесар пачаў ламаць англійскую засаўку. Калі ён скончыў і добра папсаваў дзверы, Малескі раптам успомніў, што абодва ключы – ад замка і ад засаўкі – у яго ў кішэні.

Ледзьве баранеса апрытомнела, як адвакат пачаў намаўляць яе, каб яна падала ў суд і на Паткевіча, і на Малескага. Але баба ўжо так баіцца працэсаў, што толькі зганіла свайго дарадцу і прысягнула, што з гэтае пары аніводнаму студэнту не здасць кватэру, хай лепш пустая стаіць.

Потым, як мне казалі, яна плакала і прасіла Марушэвіча, каб той угаварыў барона перапрасіць яе ды вярнуцца.

“Я ведаю, – галасіла яна, – што ў яго не засталося ўжо ані гроша, за кватэру плаціць няма чым і нават харчуюцца яны са сваім лёкаем у крэдыт. Але я гатовая ўсё забыць і заплаціць яго даўгі, абы ён абдумаўся ды вярнуўся дадому. Без мужчыны не дам рады з гэтакім домам… сканаю я тут за год…”

– У гэтым я бачу кару Божую, – скончыў Вірскі, здзьмуваючы попел з цыгары. – А прыладаю тае кары будзе барон…

– А другая гісторыя? – спытаў я.

– Другая карацейшая, але яшчэ больш цікавая. Уяві сабе, пан, баранеса Кшэшоўская была ўчора з візітам у пані Стаўскае…

– Авой, ліха… – прамармытаў я. – Не чакай дабра…

– Ды не, – прамовіў Вірскі. – Баранеса прыйшла да пані Стаўскае, плакала аж заходзілася і ледзь не на каленях прасіла абедзвюх дам, каб даравалі ёй той працэс наконт лялькі, бо іначай не будзе ёй спакою да канца жыцця.

– І яны абяцалі ўсё забыць?

– Не толькі абяцалі, але пацалавалі яе і нават згадзіліся папрасіць, каб прабачыў ёй Вакульскі, якога баранеса вельмі хваліла…

– Ат жа д’ябал!.. – закрычаў я. – Нашто ж яны размаўлялі з ёю пра Вакульскага?.. Бяды не ставала…

– Дарэмна, пан, – супакойваў мяне Вірскі. – Кабета ў скрусе, каецца за грахі свае і абавязкова выправіцца.

Была ўжо поўнач, калі ён пайшоў. Я не затрымліваў яго, бо ён мяне сваёю верай у скруху баранесы раззлаваў. Уга! Зрэшты, хто яе ведае, можа, і праўда абдумалася?..

POSTSCRIPTUM. Я быў упэўнены, што ў Мак-Магона атрымаецца замах на карысць малога Напалеонка. Тым часам сёння даведваюся, што Мак-Магон зрынуты, прэзідэнтам рэспублікі стаў мешчанін Грэў, а малы Напалеонак паехаў на вайну ў нейкі Непал у Афрыцы.

Што зробіш, няхай хлапчына вучыцца ваяваць. Праз якіх паўгода вернецца праслаўлены, ажно французы гвалтам будуць цягнуць яго да сябе, а мы тым часам – ажэнім Стаха з паняю Гэленай.

О, бо я, калі вазьмуся за нешта, дык карыстаюся метэрніхаўскімі прыёмамі ды разумею натуральны ход рэчаў.

Няхай жыве Францыя з Напалеонамі, а Вакульскі з паняю Стаўскаю!..

XXXI. ДАМЫ І КАБЕТЫ

У прамінулы ўжо карнавал ды цяпер, падчас вялікага посту, фартуна зноў, трэці ці чацвёрты раз, ласкава зірнула на дом пана Ленцкага. Яго салон быў поўны гасцей, а ў вітальню візітоўкі сыпаліся, як снег. І зноў пан Тамаш апынуўся ў тым шчаслівым становішчы, калі не толькі меў візіцёраў, але нават мог абіраць, каго прымаць.

– Пэўна, хутка ўжо я памру, – казаў ён дачцэ. – Маю, аднак, тое пацяшэнне, што людзі ацанілі мяне хоць перад смерцю.

Панна Ізабэла слухала яго з усмешкаю. Яна не хацела развейваць бацькавы ілюзіі, але была ўпэўненая, што рой візіцёраў ушаноўвае яе, не бацьку.

Вось жа, пан Навіньскі, самы элегантны распарадчык баляў, найчасцей танцаваў з ёю, не з бацькам. Пан Мальбарг, узор добрых манер і аракул моды, з ёю гутарыў, не з бацькам. А пан Шастальскі, прыяцель гэтых дваіх, не з-за бацькі, а з-за яе адчуваў сябе няшчасным ды несуцешным. Пан Шастальскі выразна прызнаўся ёй у гэтым і, хоць не быў лепшым танцорам, як пан Навіньскі, ды аракулам моды, як пан Мальбарг, быў усё ж прыяцелем паноў Навіньскага і Мальбарга. Жыў ён побач з імі, разам з імі абедаў, разам з імі замаўляў сабе англійскія або французскія гарнітуры, а дамы сталага веку, якія не маглі заўважыць за ім нічога выключнага, называлі яго, прынамсі, паэтычнаю натураю.

Толькі адзін дробны факт, адно меркаванне змусіла панну Ізабэлу шукаць таямніцу яе трыумфаў у іншым кірунку.

Падчас аднаго з баляў яна звярнулася да панны Пантаркевічоўны са словамі:

– Ніколі я так добра не бавілася ў Варшаве, як сёлета.

– Бо ты выклікаеш захапленне, – коратка адказала панна Пантаркевічоўна, закрываючыся веерам, нібы хацела схаваць міжвольнае пазяханне.

– Панны ў гэтым узросце ўмеюць быць цікавымі, – на поўны голас азвалася пані з дэ Гінсаў Упадальская да пані з Фертальскіх Выўратніцкае.

Рух веера панны Пантаркевічоўны ды слоўца пані з дэ Гінсаў Упадальскае прымусілі панну Ізабэлу задумацца. Яна была дастаткова разумная, каб не ацаніць сітуацыю, да таго ж гэтак ясна пракаментаваную.

“Пра які яны ўзрост? – думала яна. – Дваццаць пяць гадоў яшчэ не ствараюць “таго ўзросту”… Што яны кажуць?..”

Яна адвярнулася і заўважыла позірк Вакульскага, які не зводзіў з яе вачэй. А паколькі абіраць даводзілася між тым, каб прыпісаць свой трыумф або “таму ўзросту”, або Вакульскаму, дык… яна пачала думаць пра Вакульскага.

Хто ведае, ці не быў ён ненаўмысным творцам агульнага захаплення ёю?..

Яна пачала прыгадваць.

Перадусім бацька пана Навіньскага меў капітал у суполцы, якую заклаў Вакульскі, і якая (пра што вядома было нават панне Ізабэле) прыносіла вялікі даход. Потым, пан Мальбарг, які скончыў нейкую тэхнічную школу (у чым ён не прызнаваўся), за пасярэдніцтвам Вакульскага (што трымаў у вялікай таямніцы) шукаў пасаду на чыгунцы. І сапраўды, ён атрымаў яе. Мела яна адну вялікую вартасць – не вымагала працы, і адну страшную загану – не давала трох тысяч рублёў заробку. Пан Мальбарг нават быў пакрыўджаны за гэта на Вакульскага, але, каб не псаваць стасункі, абмяжоўваўся толькі тым, што прамаўляў яго прозвішча з лёгкаю іранічнаю ўсмешкаю.

Пан Шастальскі не меў ані капіталу ў суполцы, ані пасады на чыгунцы. Але з-за таго, што два ягоныя прыяцелі, паны Навіньскі і Мальбарг, мелі да Вакульскага прэтэнзіі, дык і ён меў да Вакульскага прэтэнзіі, якія, уздыхаючы пры панне Ізабэле, фармуляваў так:

– Ёсць жа шчаслівыя людзі, якія…

Што ўяўляюць сабою тыя – “якія…”, панна Ізабэла так ніколі і не даведалася. Але пры гэтым слове “якія” прыгадваўся ёй Вакульскі. Тады яна сціскала свае дробныя кулачкі і паўтарала сама сабе: “Дэспат… тыран…”

Хоць Вакульскі не паказваў ніякае схільнасці ні да тыраніі, ні да дэспатызму. Толькі глядзеў на яе і думаў:

“Ты гэта ці… не ты?..”

Часам, калі ён бачыў маладзейшых або старэйшых франтаў, што з усіх бакоў атачалі панну Ізабэлу, вочы якое пры гэтым ззялі, як брыльянты або зоркі, аблачынка пралятала па небе яго захаплення і кідала на душу цень неакрэсленага сумневу. Але Вакульскі стараўся не заўважаць ценяў. Панна Ізабэла была яго жыццём, шчасцем, сонцам, якога не маглі зацьміць нейкія мімалётныя хмаркі, можа, нават прыдуманыя.

Часам прыгадваўся яму Гейст, здзічэлы мудрэц з грандыёзнымі ідэямі, які паказваў яму іншую мэту, чым каханне панны Ленцкае. Але дастаткова было Вакульскаму аднаго позірку панны Ізабэлы, каб ацверазець ад мрояў.

“Што мне да чалавецтва! – казаў ён, паціскаючы плячыма. – За ўсё чалавецтва і за ўсю будучыню свету, за бессмяротнасць уласнае душы… не аддам аднаго яе пацалунку…”

І ад думкі пра той пацалунак рабілася з ім неверагоднае. Воля яго слабела, ён адчуваў, што траціць яснасць розуму і, каб апрытомнець, мусіў зноў убачыць панну Ізабэлу ў таварыстве франтаў. І толькі тады, калі ён чуў яе бесклапотны смех і самаўпэўнены тон, калі бачыў яе гарачыя позіркі, якія яна кідала на паноў Навіньскага, Мальбарга ды Шастальскага, на імгненне здавалася яму, што спадае ў яго з вачэй заслона, за якою ён бачыць нейкі іншы свет і нейкую іншую панну Ізабэлу. Тады невядома адкуль паўставалі перад ім выявы ягонай маладосці, поўныя тытанічных высілкаў. Бачыў ён, колькі давялося папрацаваць, каб выбавіцца з галечы, чуў свіст куляў, якія праляталі некалі над ягонай галавою, а потым бачыў лабараторыю Гейста, дзе нараджаліся грандыёзныя адкрыцці, і, пазіраючы на паноў Навіньскага, Мальбарга ды Шастальскага, ён думаў:

“Што я тут раблю?.. Чаго я малюся перад адным з імі алтаром?..”

Яму хацелася зарагатаць, але апантанасць вярталася. І зноў здавалася яму, што такое жыццё, як яго, варта пакласці да ног такое, як панна Ізабэла, кабеты.

Як бы там ні было, а пад уплывам неабачлівага слоўца пані з Гінсаў Упадальскае ў панне Ізабэле адбылася перамена на карысць Вакульскага. З увагаю яна прыслухоўвалася да размоў паноў, якія наведвалі яе бацьку, і ў выніку зразумела, што кожны з іх або мае капіталік, які хоча размясціць у Вакульскага “хаця б на пятнаццаць працэнтаў”, або кузіна, якому хоча выстарацца пасаду, або прагне знаёмства з Вакульскім з нейкімі іншымі намерамі. А што тычыцца дам, дык тыя або таксама хацелі зрабіць некаму пратэкцыю, або мелі дачок на выданні і нават не ўтойвалі, што гатовыя адбіць Вакульскага ў панны Ізабэлы, або, калі не зусім яшчэ былі перастаркамі, рады былі ашчаслівіць яго самі.

– Вось каб быць жонкаю гэткага чалавека! – казала з Фестальскіх Выўратніцкая.

– Нават каб і не жонкаю! – рагатала ў адказ баранеса фон Плес, муж якое ўжо пяць гадоў быў спаралізаваны.

“Тыран… дэспат…” – паўтарала панна Ізабэла, усведамляючы, што купец, якім яна пагарджала, прыцягвае столькі позіркаў, выклікае столькі надзеяў ды рэўнасці.

Хоць у ёй усё яшчэ цьмелі рэшткі пагарды і антыпатыі, яна мусіла прызнаць, што гэты шорсткі і пануры чалавек мае большае значэнне і лепш выглядае, чым маршалак, барон Дальскі і нават паны Навіньскі, Мальбарг ды Шастальскі.

Аднак найбольш паўплываў на яе рашэнне князь.

Князь, на просьбу якога ў снежні Вакульскі не пажадаў ахвяраваць пані Кшэшоўскай дзесяць тысяч рублёў, а ў студзені і лютым нават не даў ні гроша на бедных, якімі той апекаваўся, князь на нейкі час страціў прыхільнасць да Вакульскага. Вакульскі прыкра расчараваў князя. Князь думаў – і верыў, што мае права гэтак думаць – нібы чалавек кшталту Вакульскага, калі ўжо раз пераканаўся ў зычлівасці князя, дык мусіць выракчыся не толькі сваіх жаданняў ды інтарэсаў, але нават свайго маёнтка ды ўласнае асобы. Яму павінна падабацца тое, што падабаецца князю, ён павінен ненавідзець тое, што ненавідзіць князь, рабіць толькі тое, што адпавядае мэтам князя, і дагаджаць яму ва ўсім. Тым часам гэты нуварыш (хоць, несумненна, і добры шляхціц) не толькі не збіраўся слугаваць князю, але нават наважыўся на самастойнасць. Не раз ён спрачаўся з князем, а горш за ўсё, нават адмаўляўся выконваць яго пажаданні.

“Шорсткі чалавек… карыслівы… эгаіст!..” – думаў князь і ўсё больш дзівіўся зухаватасці нуварыша.

Збегам абставін, пан Ленцкі, якому ўжо цяжка было рабіць выгляд, што ён не заўважае захадаў Вакульскага адносна панны Ізабэлы, папрасіў выказаць князя сваё меркаванне пра Вакульскага і даць параду.

А князь, нягледзячы на ўсе свае недахопы, па сутнасці, быў чалавекам пачцівым, дык характарыстыкі людзям ён даваў не з адных толькі ўласных упадабанняў, а з улікам меркаванняў іншых.

Таму ён папрасіў пана Ленцкага пачакаць пару тыдняў, “каб сфармаваць думку”, а сам, маючы разнастайныя сувязі ды нешта падобнае да ўласнае паліцыі, шмат чаго даведаўся.

Перш за ўсё ён звярнуў увагу, што шляхта, хоць і з насмешкаю гаворыць пра Вакульскага як пра нуварыша і дэмакрата, паціху, аднак, ганарыцца ім: “Відаць нашу кроў, хоць і прыбіўся да купцоў!”

Калі ж з’яўлялася патрэба супрацьпаставіць некага жыдоўскім банкірам, самыя закаранелыя шляхціцы высоўвалі наперад Вакульскага.

Купцы, а перадусім фабрыканты, ненавідзелі Вакульскага, але асноўныя іх абвінавачванні: “Шляхціц… вялікі пан… палітык!..” – князь, зноў жа, не мог лічыць ганьбаю.

Але самыя цікавыя звесткі атрымаў князь ад законніц. Быў нейкі фурман у Варшаве і ягоны брат дарожнік на Варшаўска-Венскай чыгунцы, якія дабраслаўлялі Вакульскага. Былі нейкія студэнты, якія хваліліся, што Вакульскі дае ім стыпендыі, былі рамеснікі, удзячныя яму за майстэрні, былі гандляры, якім Вакульскі дапамог закласці крамы.

Не бракавала нават (пра што сёстры казалі чырванеючы і з пабожным жахам) кабеты распуснае, якую Вакульскі выбавіў з нэндзы, аддаў да магдаленак і, нарэшце, зрабіў з яе пачцівую кабету, наколькі (казалі сёстры) з гэткае асобы можа быць сумленная кабета.

Гэтыя сведчанні мала таго што здзівілі, але нават застрашылі князя. І адразу ж Вакульскі ў ягоных вачах набыў вагу. Прынамсі, ён быў чалавекам, у якога ёсць уласная праграма. Уга! Ён нават вядзе самастойную палітыку і карыстаецца пашанаю сярод паспалітых…

Дык князь, у прызначаны тэрмін прыйшоўшы да пана Ленцкага, завітаў і да панны Ізабэлы. Ён урачыста абняў яе і сказаў загадкава:

– Шаноўная кузіна, трымаеш ты ў руках нязвыклага птаха… Трымай жа яго і беражы, каб вырас ён на карысць няшчаснаму краю…

Панна Ізабэла моцна пачырванела, яна здагадалася, што гэты нязвыклы птах – Вакульскі.

“Тыран… дэспат!.. ” – падумала яна.

Нягледзячы на гэта, у адносінах панны Ізабэлы да Вакульскага першы лёд быў зламаны. Яна ўжо падумвала выйсці за яго…

Аднойчы, калі пан Ленцкі крыху занядужаў, а панна чытала ў сваім кабінеце, ёй паведамілі, што ў салоне чакае пані Вансоўская. Панна Ізабэла адразу ж выбегла туды і, апроч пані Вансоўскае, убачыла там Ахоцкага, вельмі пахмурнага.

Прыяцелькі пацалаваліся з дэманстратыўнаю чуласцю, але Ахоцкі, здольны бачыць усё навылёт, заўважыў, што або адна з іх, або яны абедзве маюць нейкія прэтэнзіі, зрэшты, невялікія.

“Няўжо наконт мяне?.. – падумаў ён. – Не трэба залішне ангажавацца… ”

– А! І кузін тут! – сказала панна Ізабэла, падаючы яму руку. – Чаму ж такі сумны?

– Павінен быць вясёлы, – заўважыла пані Вансоўская, – бо ўсю дарогу ад банка заляцаўся да мяне і з добрым вынікам. Не рагу Алеі я дазволіла яму расшпіліць два гузікі на пальчатцы ды пацалаваць у руку. Каб жа я ведала, Бела, як ён не ўмее цалаваць…

– Вось як?! – закрычаў Ахоцкі, чырванеючы да саміх валасоў. – Добра! З гэтае хвіліны ніколі ўжо не пацалую ў пані руку… Абяцаю…

– Яшчэ да вечара сёння пацалуеш мне, пан, у абедзве, – адказала пані Вансоўская.

– Ці магу я пайсці павітацца з панам Ленцкім? – урачыста спытаў Ахоцкі і, не чакаючы адказу панны Ізабэлы, выйшаў з салона.

– Прысарамаціла ты яго, – сказала панна Ізабэла.

– Дык няхай не заляцаецца, калі не ўмее. У падобных выпадках нязграбнасць – смяротны грэх. Ці ж няпраўда?

– Калі ты прыехала?

– Учора раніцаю, – адказала пані Вансоўская. – Але два разы мусіла наведаць банк, трэба было яшчэ на склад, потым упарадкаваць рэчы... Ходзіць за мною Ахоцкі, пакуль не знайду каго весялейшага. Калі саступіш мне некага… – дадала яна са значэннем.

– Ізноў чуткі! – прамовіла панна Ізабэла, чырванеючы.

– Якія дайшлі ажно да мяне ў вёску. Старскі распавядаў мне, і не без рэўнасці, што сёлета, зрэшты, як і заўсёды, была ты каралеваю. Падобна, Старскі зусім страціў галаву.

– І абодва яго гэткія ж нудныя прыяцелі, – заўважыла панна Ізабэла з усмешкаю. – Усе трое кожны вечар пачыналі раптам адчуваць каханне да мяне, кожны абіраў для прызнання такі час, каб не перашкаджаць іншым, а потым усе трое дзяліліся ўражаннямі ад сваіх пакут. Гэтыя панове ўсё робяць супольна.

– А табе гэта як?

Панна Ізабэла паціснула плячыма.

– Што тут пытацца, – сказала яна.

– Я чула таксама, – працягвала пані Вансоўская, – што Вакульскі прызнаўся…

Панна Ізабэла пачала круціць бант на сваёй сукенцы.

– Ну адразу ўжо і прызнаўся!.. Ён прызнаецца мне кожны раз, як бачыць: калі глядзіць на мяне, калі не глядзіць, калі гаворыць, калі не гаворыць… як усе яны…

– А ты?

– Раблю сваё.

– Можна даведацца: што менавіта?

– Чаму не. Мне нават залежыць, каб не было тут ніякай таямніцы. Спачатку, яшчэ ў старшынёвай… Але ж, як яна маецца?

– Вельмі кепска, – адказала пані Вансоўская. – Старскі ўжо амаль не выходзіць з яе пакояў, натарыус прыязджае кожны дзень, але, здаецца, дарэмна… Дык што ты робіш?..

– Яшчэ ў Заслаўку, – працягвала панна Ізабэла, – згадвала я пра тое, каб пазбыцца крамы (тут заліла яе чырвань), якая мусіць быць прададзеная найпазней у чэрвені.

– Цудоўна. Што ж далей?

– Потым, маю клопат з тою гандлёваю суполкаю. Ён, вядома, выйшаў бы з яе зараз жа, але я вагаюся. Пры суполцы даходы складаюць дзевяноста тысяч рублёў, а без яе – толькі трыццаць тысяч, дык разумееш, ёсць пра што падумаць.

– Я бачу, што ты ўжо знаешся крыху на лічбах.

Панна Ізабэла пагардліва махнула рукою.

– Ах, ужо ніколі, хіба, мне не навучыцца. Але ён усё мне тлумачыць, крыху бацька… і крыху цётка.

– І ты гэтак адкрыта гутарыш з ім?..

– Ну, не… Але, калі нам нельга пытацца шмат пра якія рэчы, дык мусім гэтак павесці размову, каб пра ўсё даведацца. Хіба ты не разумееш?

– Вядома. І што ж далей? – працягвала выпытваць пані Вансоўская.

– Апошняя ўмова датычыць чыста маральнага боку справы. Я даведалася, што ён не мае нікога з радні, і гэта вельмі добра, але я папярэдзіла, што сама буду падтрымліваць дачыненні з усімі, з кім і раней…

– А ён без нараканняў згадзіўся?

Панна Ізабэла крыху ганарыста зірнула на прыяцельку.

– Ты сумнявалася?

– Ні хвіліны. Дык Старскі, Шастальскі…

– Але! Старскі, Шастальскі, князь Мальбарг… ну ўсе, усе, якіх захочацца мне выбраць цяпер і потым, усе мусяць бываць у маім доме. Ці можа быць іначай?..

– Вельмі слушна. І ты не баішся сцэн рэўнасці?

Панна Ізабэла зарагатала.

– Я і сцэны!.. Рэўнасць і Вакульскі… Ха-ха-ха!.. Хіба ёсць на свеце чалавек, які насмеліўся б зрабіць мне сцэну? А пагатоў ён… Ты не маеш уяўлення пра ягоную закаханасць, пра ягоную адданасць… Яго бязмежны давер, нават самаахвярнасць, сапраўды, раззбройваюць мяне… І хто ведае, ці не адно гэта прывяжа мяне да яго.

Панна Вансоўская злёгку прыкусіла вусны.

– Будзеце вельмі шчаслівыя, а прынамсі, ты, – сказала яна і стрымала ўздых. – Хоць жа…

– Ты бачыш нейкае “хоць”? – шчыра здзівілася панна Ізабэла.

– Скажу табе нешта, – працягвала пані Вансоўская тонам нязвыклае для яе лагоднасці. – Старшынёва вельмі любіць Вакульскага, і мне здаецца, вельмі добра яго ведае, не разумею, праўда, адкуль. Яна часта гутарыла са мною пра яго. І ведаеш, што аднойчы яна сказала?

– Хацела б ведаць, – адказала панна Ізабэла, здзіўленне якое расло.

– Яна сказала так: “Я баюся, што Бэла зусім не разумее Вакульскага. Здаецца, яна гуляе з ім, а з ім гуляць нельга. І яшчэ мне здаецца, што яна ацэніць яго запозна…”

– Гэтак сказала старшынёва? – холадна перапытала панна Ізабэла.

– Так! Зрэшты, скажу табе ўсё. Яна скончыла словамі, якія моцна мяне ўразілі: “Прыгадаеш мае словы, Казю, гэтак і будзе, бо перад смерцю людзі бачаць усё ясней…”

– Ці аж так кепска са старшынёвай?

– Нічога добрага, – суха падвяла вынік пані Вансоўская, адчуваючы, што размова скончаная.

Настала хвіліннае маўчанне, якое, на шчасце, перапыніла з’яўленне Ахоцкага. Пані Вансоўская вельмі сардэчна развіталася з паннаю Ізабэлаю і, кідаючы на свайго таварыша зваблівыя позіркі, прамовіла:

– А цяпер едзем да мяне на абед.

Ахоцкі зрабіў такую грымасу, якая мела азначаць, што ён не паедзе з паняю Вансоўскаю. Аднак з вельмі пахмурным выглядам ён узяў свой капялюш і выйшаў.

У калясцы ён павярнуўся бокам да пані Вансоўскае і, разглядаючы вуліцу, пачаў:

– Няхай бы ўжо тая Бэла вызначылася з Вакульскім, так ці іначай…

– Пэўна, хацелася б пану, каб “так”, абы застацца прыяцелем дому? Але нічога не атрымаецца, – сказала пані Вансоўская.

– Вельмі перапрашаю, мая пані, – адказаў ён з абурэннем. – Я гэтым не займаюся… Пакідаю гэта Старскаму ды падобным да яго…

– Дык чаму пану гэтак залежыць, каб Бэла вызначылася?

– Вельмі залежыць. Галаву даю на страценне, што Вакульскі ведае нейкую важную навуковую таямніцу, але я ўпэўнены, што ён не адкрые мне нічога, пакуль сам будзе ў гэтакай гарачцы… Ат жа гэтыя кабеты з іх мярзотным какецтвам…

– А ваша не такое мярзотнае? – спытала пані Вансоўская.

– Нам можна.

– Вам можна… нішто сабе!.. – абурылася яна. – І гэта кажа чалавек прагрэсіўны. У век эмансіпацыі!..

– Ліха з ёю, з гэтай эмансіпацыяй! – адказаў Ахоцкі. – Добрая эмансіпацыя. Вы б хацелі мець усе прывілеі: і мужчынскія, і жаночыя – і ніякіх абавязкаў… Дзверы перад імі адчыняй, месца ім саступай, за якое сам заплаціў, кахай іх, а яны…

– Бо мы – ваша шчасце, – пацвяліла яго пані Вансоўская.

– Якое шчасце?! Сто пяць кабет прыходзіцца на сто мужчын, дык што тут шанаваць?

– Дык жа панскія ўлюбёнкі – гувернанткі, пэўна, і не шануюцца.

– Вядома! Але самыя нязносныя – гэта велікасвецкія дамы і рэстаранныя служанкі. Якія вымаганні, якое крыўлянне!..

– Забываешся, пан, – ганарліва прамовіла пані Вансоўская.

– Ну, дык пацалую ў ручку, – адказаў ён і адразу ж памкнуўся выканаць свой намер.

– Прашу не цалаваць мне гэтае рукі…

– Ну, дык другую…

– А што?! Не казала я, што яшчэ да вечара пацалуе мне пан у абедзве рукі?

– Ах, на міласць Боскую!.. Не жадаю быць у пані на абедзе… тут выйду…

– Спыні, пан, каляску.

– Навошта?

– Ну, калі хочаш тут выходзіць…

– Якраз тут не выйду… О, гора мне з гэткім нязносным характарам!..

Вакульскі прыходзіў да панства Ленцкіх праз дзень-два і часцей за ўсё заспяваў толькі пана Тамаша, які вітаў яго з бацькоўскаю сардэчнасцю, а потым гадзінамі апавядаў пра свае хваробы ды пра свае справы, даючы зразумець, што ўжо лічыць яго амаль сваяком.

Панны Ізабэлы звычайна дома не было: яна была то ў цёткі графіні, то ў знаёмых, то ў краўчых. А калі Вакульскаму шанцавала, яны паспявалі перакінуцца некалькімі словамі, бо панна Ізабэла нават тады або збіралася некуды, або прымала наведнікаў.

Праз некалькі дзён пасля адведзінаў пані Вансоўскае Вакульскі заспеў панну Ізабэлу. Падаючы яму руку, якую ён, як звычайна, з набожным пачуццём пацалаваў, яна сказала:

– Ведае пан, што старшынёва ўжо вельмі слабая?

Вакульскі збянтэжыўся.

– Бедная шляхетная кабета… Каб не баяўся, што мой прыезд устрывожыць яе, паехаў бы… Ці ёсць каму паклапаціцца пра яе?

– О, так, – адказала панна Ізабэла. – Там барон і баранеса Дальскія, бо Эвеліна ўжо выйшла за барона. Там Фэля Яноцкая і… Старскі…

Яе твар злёгку паружавеў, і яна змоўкла.

“Вось вынік маёй нетактоўнасці, – падумаў Вакульскі. – Яна заўважыла, што гэты Старскі не надта мне падабаецца і цяпер бянтэжыцца пры кожнай згадцы пра яго. Як гэта нізка з майго боку!”

Ён хацеў з большаю зычлівасцю азвацца пра Старскага, але не знайшоў слоў. Абы не маўчаць, ён спытаў:

– Куды ж сёлета пажадае панства выбрацца на лета?

– Хіба я ведаю? Цётка Гартэнзія нешта заняпала, можа, паедзем да яе ў Кракаў. Мушу прызнаць, аднак, я хацела б у Швейцарыю, каб гэта ад мяне залежала.

– А ад каго ж? – запытаўся Вакульскі.

– Ад бацькі… Зрэшты, адкуль мне ведаць, што там далей будзе, – адказала яна, чырванеючы і пазіраючы на Вакульскага так, як толькі адна яна ўмела.

– Дапускаючы, што ўсё станецца па волі пані, – сказаў ён, – ці прыняла б мяне пані за спадарожніка?..

– Калі пан заслужыць…

Яна сказала гэта так, што Вакульскі страціў уладу над сабою ўжо невядома які раз за гэты год.

– Чым я магу заслужыць ласку пані? – спытаў ён і ўзяў яе за руку. – Хіба, літасці… Не, не літасці. Гэта пачуццё гэткае ж прыкрае для таго, хто яго дае, як і для таго, хто яго прымае. Літасці я не хачу. Але няхай пані толькі падумае, што будзе са мною, калі гэтак доўга не буду я бачыць пані? Праўда, і цяпер бачымся мы вельмі рэдка, пані нават не ведае, як цягнецца час для тых, хто чакае… Але пакуль жыве пані ў Варшаве, я кажу сабе: убачыш яе паслязаўтра, заўтра… Зрэшты, магу ўбачыць у любы момант, калі не пані, дык, прынамсі, бацьку, Мікалая, хоць гэты дом…

Ах, магла б пані зрабіць міласэрны ўчынак і адным словам скончыць – не ведаю… мае пакуты ці ілюзіі… Ведае ж пані, што найгоршая пэўнасць лепшая за няпэўнасць…

– А калі пэўнасць не найгоршая?.. – спытала панна Ізабэла і адвяла вочы.

У вітальні празвінеў званок, і праз момант Мікалай падаў візітоўкі паноў Рыдзеўскага і Печаркоўскага.

– Прасі, – сказала панна Ізабэла.

У салон увайшлі два вельмі модна апранутыя маладзёны, адзін з якіх вызначаўся вельмі тонкай шыяй і досыць прыкметным плешам, а другі – млявым позіркам і далікатным голасам. Яны ўвайшлі плячо ў плячо, трымаючы капелюшы на той самай адлегласці, аднолькава пакланіліся, аднолькава селі, аднолькава заклалі нагу на нагу, пасля чаго пан Рыдзеўскі засяродзіўся на тым, каб утрымаць сваю шыю ў вертыкальным становішчы, а пан Печаркоўскі пачаў нястомна гаварыць.

Ён казаў пра тое, што цяпер у хрысціянскім свеце падчас вялікага посту ёсць звычай ладзіць раўты, што перад вялікім постам быў карнавал і бавіліся выключна добра, а пасля вялікага посту настане найгоршы час, бо невядома, што рабіць. Потым ён паведаміў панне Ізабэле, што падчас вялікага посту разам з раўтамі адбываюцца лекцыі, на якіх можна вельмі прыемна прабавіць час, калі сесці побач са знаёмымі дамамі, і што найлепшыя прыёмы падчас сёлетняга посту ў панства Жэжухоўскіх.

– Нешта чароўнае, нешта неверагоднае, скажу я пані, – казаў ён. – Вячэра, вядома, звычайная: вустрыцы, амары, рыба, дзічына, але на заканчэнне, для аматараў, ведае пані, што?.. Каша!.. Сапраўдная каша… якая ж гэта?..

– Грэцкая, – першы і апошні раз далучыўся да размовы пан Рыдзеўскі.

– Не грэцкая, а грачаная. Нешта цудоўнае, нешта казачнае!.. Кожнае каліва мае выгляд, нібы асобна варылася… Фармальна аб’ядаемся, князь Келбік, граф Слядзянскі… Нешта такое, што цяжка нават усвядоміць… Падаецца, звычайна, у срэбраных місках…

Панна Ізабэла з гэткім захапленнем глядзела на прамоўцу, гэтак рэагавала на кожнае яго слова рухам або выразам твару, што ў Вакульскага пачало цямнець у вачах. Ён устаў, развітаўся з таварыствам і выбег на вуліцу.

“Я не разумею гэту кабету! – падумаў ён. – Калі яна бывае сапраўдная, з кім яна сапраўдная?..”

Але варта было яму прайсці сотню крокаў па марозе, як ён астыў.

“Урэшце, – думаў ён, – што тут дзіўнага? Яна мусіць жыць з людзьмі, да якіх прызвычаілася, а калі з імі жыве, дык мусіць не зважаць на іх блазнаванне. Хіба яна вінаватая, што прыгожая, як боства, і для кожнага яна боства?.. Хоць жа… прыхільнасць да падобнага таварыства… Ах, які ж я нікчэмнік, вечны нікчэмнік!..”

Калі пасля візітаў да панны Ізабэлы, як мухі-назолы, нападалі на яго сумневы, ён ратаваўся працаю. Праглядаў рахункі, вучыў англійскія словы, чытаў новыя кніжкі. А калі і гэта не дапамагала, ішоў да пані Стаўскае, праседжваў у яе цэлымі вечарамі і, дзіўная рэч, побач з ёю знаходзіў калі не поўнае супакаенне, дык, прынамсі, лагоднасць…

Яны размаўлялі пра самыя звычайныя рэчы. Часцей за ўсё яна расказвала, што ў краме Мілеравай справы ідуць усё лепш, бо людзі даведаліся пра ўдзел пана Вакульскага. Потым яна хваліла Гэлюню, якая робіцца ўсё больш паслухмяная, а калі і бывае часам непаслухмяная, дык бабуля страшыць яе тым, што раскажа ўсё пану Вакульскаму, і дзіця адразу ж супакойваецца. Яшчэ яна прыгадвала пана Жэцкага, які бывае ў іх часам і якога вельмі любіць бабуля, бо ён расказвае ёй мноства цікавых рэчаў пра жыццё пана Вакульскага. І што бабуля таксама любіць пана Вірскага, які аж у захапленні ад пана Вакульскага.

Вакульскі глядзеў на яе і дзівіўся. Спачатку яму здавалася, што гэта ліслівасць, і было яму прыкра. Але пані Стаўская гаварыла з такою непасрэднасцю, што паволі ён пачаў бачыць у ёй добрую сяброўку, якая хоць і пераацэньвае яго, але гаворыць без ценю хлуслівасці.

Заўважыў ён таксама, што пані Стаўская нічога не робіць для сябе. Калі заканчвае працу ў краме, займаецца Гэлюняй, дагаджае маці, клапоціцца пра служанку і пра чужых людзей, найчасцей бедакоў, якія нічым не могуць ёй аддзячыць. А калі і тых ужо няма, зазірае ў клетку канарэйкі, каб змяніць ваду або падсыпаць зерня.

“Анёльскае сэрца!..” – думаў Вакульскі.

А ў адзін з вечароў ён сказаў ёй:

– Ведае пані, што мне здаецца, калі я гляджу на пані?

Яна зірнула на яго занепакоеная.

– Здаецца мне, каб пані дакранулася да чалавека цяжка параненага, дык не толькі боль яго суцішыўся б, але, бадай, загаіліся раны.

– Пан думае, што я чарадзейка? – спытала яна вельмі збянтэжаная.

– Не, пані. Я думаю, што так, як пані, выглядалі святыя.

– Пан Вакульскі мае рацыю, – пацвердзіла пані Місевічова.

Пані Стаўская засмяялася.

– О! Я і раптам святая!.. – сказала яна. – Каб мог хто зазірнуць мне ў сэрца, пераканаўся б тады, якое пагарды я заслугоўваю… Ах, але цяпер мне ўсё адно!.. – скончыла яна з адчаем у голасе.

Пані Місевічова непрыкметна перахрысцілася. Вакульскі не звярнуў на гэта ўвагі.

Ён думаў пра іншую.

Свае пачуцці да Вакульскага пані Стаўская не магла акрэсліць.

Яна ведала яго здаўна, ён нават здаваўся ёй добрым чалавекам, але зусім яе не цікавіў. Потым Вакульскі знік з Варшавы, разышлася чутка, што ён паехаў у Балгарыю, а потым – што зарабіў вялікі капітал. Шмат пра яго казалі, і пані Стаўская зацікавілася ім, як прадметам агульнае ўвагі. А калі адзін са знаёмых сказаў пра яго: “Гэта чалавек д’ябальскі энергічны”, – пані Стаўскай спадабаўся выраз “д’ябальскі энергічны”, і яна пастанавіла лепей прыгледзецца да Вакульскага.

З гэтаю мэтаю яна стала заходзіць у краму. Пару разоў не заспела там Вакульскага, раз бачыла яго, але здалёк, а раз замяніла з ім пару слоў, і ён тады зрабіў на яе асаблівае ўражанне. Здзівіў яе кантраст паміж словамі “д’ябальскі энергічны” і ягонымі паводзінамі. Ён зусім не выглядаў па-д’ябальску, а быў хутчэй ціхі ды сумны. І яшчэ заўважыла яна адну рэч, вось якую: вочы ў яго былі вялікія і задуменныя, гэтакія задуменныя...

“Прыгожы чалавек,” – падумала яна.

Аднойчы летам яна сутыкнулася з ім у браме дома, дзе жыла. Вакульскі зірнуў на яе з цікавасцю, а яна гэтак засаромелася, што пачырванела і апусціла вочы. Потым яна злавалася на сябе за гэтую сарамлівасць і за гэтую чырвань, таму доўгі час была ў прэтэнзіі на Вакульскага за той яго цікаўны позірк.

З тае пары яна не магла схаваць збянтэжанасці, калі пры ёй прамаўлялі ягонае прозвішча, і адчувала нешта падобнае да крыўды, але не ведала: ці на яго, ці на сябе. Але, хутчэй, на сябе, бо пані Стаўская ніколі ні на каго не крыўдавала. Зрэшты, ці ж ён вінаваты, што яна такая дзівачка, што саромеецца без дай прычыны?..

Калі Вакульскі купіў дом, у якім яна жыла, і калі Жэцкі з ягонае згоды знізіў ім кватэрную плату, пані Стаўская (хоць усе ёй тлумачылі, што багаты гаспадар не толькі можа, а нават абавязаны зніжаць плату за кватэру) адчула ўдзячнасць да Вакульскага. Паступова ўдзячнасць змянілася захапленнем, калі пачаў бываць у іх Жэцкі ды расказваць падрабязнасці жыцця свайго Стаха.

– Гэта надзвычайны чалавек! – не раз казала ёй пані Місевічова.

Пані Стаўская слухала моўчкі, але паволі пераканалася, што Вакульскі – самы надзвычайны чалавек, які існаваў калі-небудзь на зямлі.

Пасля вяртання Вакульскага з Парыжа стары крамнік часцей наведваў пані Стаўскую і заводзіў усё больш даверлівыя размовы. Ён казаў, вядома, пад найвялікшым сакрэтам, што Вакульскі закаханы ў панну Ленцкую, і што ён, Жэцкі, зусім гэтага не ўхваляе.

У пані Стаўскае пачала абуджацца непрыязь да панны Ленцкае і спачуванне да Вакульскага.

Ужо тады прыйшло ёй у галаву, але толькі на момант, што Вакульскі, мусіць, вельмі няшчасны, і вялікаю заслугаю для некага было б выратаваць яго з сіла какеткі.

Пазней абрынуліся на пані Стаўскую два вялікія няшчасці: судовы працэс аб ляльцы і страта заробкаў. Вакульскі не толькі не адмовіўся ад знаёмства з ёю, – што, прынамсі, мог зрабіць, – але нават даказаў яе невінаватасць у судзе ды прапанаваў ёй добрае месца ў краме.

Тады пані Стаўская прызналася сабе, што гэты чалавек важны для яе, і што ён гэткі ж дарагі ёй, як Гэлюня і маці.

З тае пары пачалося ў яе дзіўнае жыццё. Хто б ні прыйшоў да іх, наўпрост або ўскосна, заводзіў гаворку пра Вакульскага. Пані Дэнова, пані Калярова і пані Радзінская ўводзілі ёй у вушы, што Вакульскі – найлепшая партыя ў Варшаве, матка намякала, што Людвічак ужо памёр, а зрэшты, нават каб і жыў, не заслугоўвае, каб пра яго памятаць. Нарэшце, Жэцкі кожны раз, як прыходзіў, апавядаў ёй, які Стах няшчасны і што трэба яго ратаваць, а ратаваць можа толькі яна.

– Якім чынам?.. – спытала яна, не надта сама разумеючы, што гаворыць.

– Няхай пані пакахае яго, дык знойдзецца спосаб, – адказаў Жэцкі.

Яна змаўчала ў адказ, але ў душы горка дакарала сябе, што не здольная пакахаць Вакульскага, хоць бы і хацела. Сэрца ў яе ўжо высахла. Зрэшты, яна не ўпэўненая, ці мае сэрца. Праўда, яна пастаянна думала пра Вакульскага падчас працы ў краме і дома, чакала яго, а калі той не прыходзіў, была сумная і негаваркая. Ён часта сніўся ёй, але ж гэта не каханне, яна не здольная на каханне. Калі казаць праўду, дык нават мужа яна ўжо перастала кахаць. Ёй здавалася, што памяць пра зніклага падобная да восеньскага дрэва, з якога ападае лісце і застаецца толькі чорны шкілет.

“Куды ўжо мне кахаць, – думала яна. – Згаслі ўжо ўсе жаданні”.

Жэцкі тым часам працягваў здзяйсняць свой хітры план. Спачатку ён казаў ёй, што панна Ленцкая загубіць Вакульскага, потым – што толькі іншая кабета магла б яго вярнуць да прытомнасці, потым прызнаў, што Вакульскі робіцца значна спакайнейшы побач з ёю, і, нарэшце (але гэта ў форме дапушчэння), што Вакульскі пачынае яе кахаць.

Пад уплывам гэтых прызнанняў пані Стаўская худнела і марнела, а ў яе душы пасялілася трывога. Бо апанавала яе іншая думка: што яна скажа, калі Вакульскі прызнаецца, што кахае яе… Сапраўды, сэрца яе даўно ўжо астыла, але ці стане ёй адвагі адштурхнуць яго і заявіць, што ён зусім яе не цікавіць? Ці мог не цікавіць яе чалавек такі, як ён? Не таму, што яна была за нешта яму ўдзячная, а таму, што ён гэтакі няшчасны і кахае яе... “Якая кабета здолее не злітавацца з сэрца гэтак глыбока параненага і гэткага ціхмянага ў сваёй болесці?”

Засяроджаная на гэтай унутранай барацьбе, не маючы нават каму даверыцца, пані Стаўская не заўважала, як мяняецца стаўленне да яе пані Мілеравай, не прыкмячала яе ўсмешак ды намёкаў.

– Як жа маецца пан Вакульскі? – не раз пыталася ў яе купчыха. – О, сёння пані гэткая знясіленая… Пан Вакульскі не павінен дазваляць, каб пані столькі працавала…

Аднаго дня – было гэта ў другой палове сакавіка – пані Стаўская вярнулася дадому і ўбачыла маці ў слязах.

– Што, мама?.. Што здарылася?.. – спытала яна.

– Нічога, нічога, дзіця маё… Чаго мне труціць табе жыццё плёткамі!.. Божа міласэрны, якія людзі нягоднікі.

– Пэўна, атрымала мама ананімку. Я праз кожныя пару дзён атрымліваю ананімкі, у якіх нават называюць мяне каханкаю Вакульскага, і што з таго?.. Я здагадваюся, што гэта справа пані Кшэшоўскае, і кідаю лісты ў печ.

– Нічога, нічога, дзіця маё… Каб жа ананімкі… Але была ў мяне сёння тая пачцівая Дэнова з Радзінскай і… Але чаго я буду жыццё табе труціць!.. Яны кажуць (падобна, увесь горад гэта гаворыць), што замест крамы ходзіш ты да Вакульскага…

Першы раз у жыцці ў пані Стаўскай абудзілася ільвіца. Яна падняла галаву, вочы ў яе бліснулі, і яна цвёрда сказала:

– А каб і так, дык што?..

– Пабойся Бога, што ты кажаш?.. – заенчыла маці, складаючы рукі.

– Ну, але каб так і было? – паўтарыла пані Стаўская.

– А муж?

– Дзе ён?.. Зрэшты, няхай заб’е мяне…

– А дачка?.. А Гэлюня?.. – прашаптала старая.

– Гаворка не пра Гэлюню, а пра мяне.

– Гэлена… дзіця маё… Ты ж, прынамсі, не…

– Яго каханка? Так, не каханка, бо ён гэтага яшчэ не пажадаў. Што мне да пані Дэновае ці Радзінскае, або да мужа, які мяне кінуў… Я ўжо сама не ведаю, што са мною робіцца… Адно толькі адчуваю, што гэты чалавек забраў маю душу.

– Будзь жа, прынамсі, разважлівая… Зрэшты…

– Я і так разважлівая, пакуль магу… Але не дбаю пра меркаванні такога свету, які дваіх людзей прыгаворвае на катаванне толькі за тое, што яны кахаюць адно аднаго.

– Ненавідзець можна, – дадала яна з горкаю ўсмешкаю, – красці, забіваць… усё, усё можна. Толькі кахаць няможна… Ах, мама, калі я не маю рацыі, дык чаму ж Ісус Хрыстос не казаў людзям: будзьце разважлівыя, а казаў: любіце адзін аднаго?

Пані Місевічова змоўкла, спалоханая выбухам, якога не спадзявалася. Здавалася ёй, што неба валіцца на галаву, калі з вуснаў гэтае галубкі вылецелі словы, якіх яна раней не чула, якіх не чытала, якія ёй самой не прыходзілі ў галаву, нават калі яна хварэла на тыф.

На другі дзень быў у яе Жэцкі. Прыйшоў ён з заклапочаным тварам, а калі яна ўсё яму распавяла, пайшоў зусім прыгнечаны.

Бо якраз апоўдні здарыўся з ім гэтакі выпадак.

Прыйшоў у краму да Шлянгбаўма – хто?.. Марушэвіч. І размаўляў з ім каля гадзіны. Іншыя крамнікі з таго часу, як даведаліся, што Шлянгбаўм купляе краму, адразу ж падпарадкаваліся яму. А пан Ігнацы зафанабэрыўся і пасля таго, як Марушэвіч пайшоў, запытаўся:

– Што гэта за справы ў пана з гэтым лотрам, пане Генрык?

Але і Шлянгбаўм ужо зафанабэрыўся, дык ён адставіў ніжнюю губу і адказаў пану Жэцкаму:

– Марушэвіч хоча пазычыць грошай для барона, а сабе шукае пасаду, бо ўжо кажуць, што Вакульскі саступае мне сваю суполку. За гэта ён абяцае, што барон будзе наведваць мой дом разам з баранесаю…

– І пан будзе прымаць гэтую ведзьму? – спытаў Жэцкі.

– Чаму ж не?.. Барон будзе для мяне, а баранеса – для маёй жонкі. У душы я дэмакрат, але што рабіць, калі з гледзішча неразумных людзей салон лепш выглядае з баронамі ды графамі, чым без іх. Шмат робіцца дзеля сувязяў, пане Жэцкі.

– Віншую.

– Але, але… – дадаў Шлянгбаўм. – Казаў мне яшчэ Марушэвіч, што ў горадзе пляткараць, нібы Сташак узяў на ўтрыманне тую… тую… Стаўскую… Ці праўда, пане Жэцкі?..

Стары крамнік плюнуў яму пад ногі і вярнуўся да свайго стала.

Пад вечар зайшоў ён да пані Місевічовае, каб парадзіцца з ёю, і тут даведаўся з вуснаў маці, што пані Стаўская толькі таму не каханка Вакульскага, што той яшчэ не пажадаў…

Пайшоў ён ад пані Місевічовай моцна засмучаны.

“Няхай бы і каханка, – казаў ён сам сабе. – Авой!.. Колькі дам з цудоўнаю рэпутацыяй – каханкі якіх жа ліхіх фацэтаў… Але горш тое, што Вакульскі пра яе і не дбае. Скандал!.. Трэба нешта рабіць”.

Але сам ён ужо не ведаў, што рабіць, дык пайшоў да доктара Шумана.

XXXII. ЯК ПАЧЫНАЮЦЬ АДКРЫВАЦЦА ВОЧЫ

Доктар Шуман сядзеў пры лямпе з зялёным абажурам і ўважліва праглядаў стос папераў.

– Што ж? – спытаў Жэцкі. – Доктар зноў крукам сядзіць над валасамі?.. Уга, колькі лічбаў! Нібы крамныя рахункі.

– Гэта рахункі і ёсць, з вашае крамы і вашае суполкі, – адказаў Шуман.

– А дзе пан іх узяў?

– Маю і ўсё. Шлянгбаўм просіць даверыць яму мой капітал. І я лічу, што шэсць тысяч гадавых лепш за чатыры тысячы, дык гатовы выслухаць яго прапановы. Але я не люблю дзейнічаць усляпую, дык запатрабаваў лічбы. Ну і бачу, зладзім мы справу.

Жэцкі быў здзіўлены.

– Мне і ў галаву не прыходзіла, – сказаў ён, – каб пан мог займацца падобнымі рэчамі.

– Дурны быў, – адказаў доктар і паціснуў плячыма. – На маіх вачах Вакульскі разбагацеў, Шлянгбаўм багацее, а я ўрос у зямлю, нібы камень, сяджу на сваіх капейках. Хто не рухаецца наперад, таго абскачуць.

– Але ж не панская гэта справа – варочаць грашыма!..

– Чаму ж не мая? Не кожны можа быць паэтам або героем, але кожнаму трэба грошы, – казаў Шуман. – Грошы – гэта спіжарня самае высакароднае сілы ў прыродзе – чалавечае працы. Гэта той сезам, перад якім адчыняюцца ўсе дзверы, той абрус, на якім заўжды ёсць абед, тая лямпа Аладзіна, якую можна пацерці і адразу мець усё, чаго прагнеш. Чароўныя сады, багатыя палацы, прыгажунь каралеў, надзейных слуг і гатовых да ахвяр сяброў – усё можна мець за грошы…

Жэцкі падціснуў вусны.

– Не заўсёды меў пан гэткае меркаванне, – сказаў ён.

Tempora mutanter et nos mutamur in illis[230] – спакойна адказаў доктар. – Я дзесяць гадоў змарнаваў на даследаванне валасоў, выдаткаваў тысячу рублёў, каб надрукаваць брашуру ў сто старонак, і… аніводзін сабака не ўспомніць ні пра яе, ні пра мяне. Паспрабую наступныя дзесяць гадоў прысвяціць грашовым аперацыям і наперад ведаю, што будуць мяне любіць і шанаваць. Абы меў салон ды экіпаж…

Хвіліну яны памаўчалі, пазіраючы ў розныя бакі. Шуман быў пахмурны, а Жэцкаму было крыху няёмка.

– Я хацеў, – азваўся ён нарэшце, – пагутарыць з панам пра Стаха…

Доктар нецярпліва адсунуў паперы.

– Што я тут дапамагу? – прамармытаў ён. – Гэта невылечны рамантык, які ўжо не паразумнее. Ён фатальна рухаецца да знішчэння як матэрыяльнага, гэтак і маральнага, як вы ўсе і ваша сістэма.

– Якая сістэма?..

– Ваша, польская сістэма…

– А якую доктар паставіць замест яе?

– Нашу, жыдоўскую…

Жэцкі аж падскочыў на крэсле.

– Яшчэ месяц таму пан называў жыдоў пархатымі?..

– Бо яны пархатыя. Але сістэма іх магутная, яна трыумфуе, у той час як ваша банкрутуе.

– А на што яна абапіраецца, гэта сістэма?

– На розуме, які вылучыўся з жыдоўскае масы і ўзбіўся да вяршынь цывілізацыі. Вазьмі, пан, Гейнэ, Бернэ, Ласаля, Маркса, Ротшыльда, Блайхрэдэра, і ўбачыш новыя сусветныя шляхі. Гэта жыды іх праклалі: гэтыя пагарджаныя, гнаныя, але цярплівыя ды геніяльныя.

Жэцкі пацёр вочы, яму здавалася, што гэта сон наяве. Нарэшце праз хвіліну ён прамовіў:

– Прабач, доктар, але… ці не жартуе пан з мяне?.. Яшчэ паўгода таму я чуў ад пана зусім іншае…

– Паўгода таму, – незадаволена адказаў Шуман, – чуў пан пратэсты супраць старых парадкаў, а сёння чуеш новую праграму. Чалавек не малюск, які гэтак прырос да свае скалы, што толькі нажом яго можна аддзерці. Чалавек глядзіць навокал, разважае, робіць высновы і ў выніку адмаўляецца ад даўніх ілюзій, калі пераконваецца, што гэта ілюзіі… Але ні пан гэтага не разумее, ні Вакульскі… Усе вы банкруты, усе… Шчасце, што ваша месца займаюць свежыя сілы.

– Я зусім пана не разумею.

– Зараз, пан, зразумееш, – усё больш гарачыўся доктар. – Вазьмі, пан, сям’ю Ленцкіх, што яны рабілі? Змарнавалі маёнтак. І бацька, і сын, у якога засталося ў выніку трыццаць тысяч, выратаваных яму Вакульскім, ды прыгожая дачка ў якасці кампенсацыі стратаў.

А што ў той час рабілі Шлянгбаўмы? Грошы. Збіраў іх дзед і бацька, а сын, нядаўна яшчэ сціплы крамнік, праз год будзе верхаводзіць ва ўсім нашым гандлі. І яны гэта разумеюць, бо стары Шлянгбаўм яшчэ ў студзені напісаў шараду:

“Першае па-нямецку азначае вужаку, другое – расліну, усё ўгору пнецца…” І адразу ж мне растлумачыў, што гэта значыць: Шлянг-Баўм[231]. Кепская шарада, але спраўная работа – зарагатаў доктар.

Жэцкі апусціў галаву. Шуман правіў далей:

– Вазьмі, пан, князя, што ён робіць? Уздыхае над “гэтым няшчасным краем” і ўсё. А пан барон Кшэшоўскі? Заклапочаны, як завалодаць жончынымі грашыма. А барон Дальскі? Сохне ад страху, што здрадзіць яму жонка. Пан Марушэвіч палюе на пазыкі, а калі не ўдаецца пазычыць, махлюе. А Старскі сядзіць пры бабе, якая ўжо канае, каб падсунуць ёй на подпіс тастамент, складзены паводле яго жадання.

Іншыя паны – большыя і меншыя – прадчуваюць, хіба, што з рук Вакульскага пяройдзе ўсё да Шлянгбаўма, дык ужо робяць таму візіты. Не ведаюць, бедныя, што ён працэнтаў на пяць, не менш, паменшыць іх даходы… А самы разумны з іх, Ахоцкі, замест таго, каб удасканальваць свае электрычныя лямпы, думае пра лятальныя машыны. Уга!.. Здаецца, ужо некалькі дзён запар радзяцца яны з Вакульскім на гэту тэму. Свой свайго пазнаў: адзін рамантык другога рамантыка…

– Ну ўжо Стаха, хіба, няма чым доктару папікаць, – незадаволена спыніў яго Жэцкі.

– Нічым, апроч таго, што ніколі не займаўся ён сваёю справай, а заўсёды ганяўся за марамі. Як быў крамнікам, дык хацеў стаць вучоным, а як пачаў вучыцца, пастанавіў выбіцца ў героі. Капітал зарабіў не таму, што быў купцом, а таму, што згубіў галаву ад панны Ленцкае. А на сённяшні дзень, калі ўжо амаль дамогся яе, зрэшты, вельмі гэта сумнеўна, пачаў радзіцца з Ахоцкім… Слова гонару, я не разумею, пра што фінансісту размаўляць з гэтакім Ахоцкім?.. Лунацікі!..

Жэцкі ўшчыкнуў сябе за нагу, каб не ўзарвацца ад абурэння.

– Да ведама пана, – азваўся ён праз момант, – прыйшоў я сюды па справе, якая тычыцца не толькі Вакульскага, але і кабеты… Кабеты, пане Шуман. А ўжо супраць іх пану, хіба, няма чаго сказаць.

– Вашы кабеты не лепшыя за вашых мужчын. Вакульскі праз дзесяць гадоў мог быць мільянерам і ўплывовым чалавекам у гэтым краі, але звязаў свой лёс з паннаю Ленцкаю, і ў выніку прадаў краму, якая прыносіла вялікі даход, пакіне суполку, не горшую за краму, а потым пусціць на вецер усё, што мае. Або той Ахоцкі… Іншы на яго месцы ўжо працаваў бы над электрычным асвятленнем, раз удалося яму зрабіць вынаходніцтва. Тым часам ён валэндаецца па Варшаве з тою ладнаю пані Вансоўскаю, для якой добры танцор больш значыць, чым найвялікшы вынаходнік.

Жыд зрабіў бы іначай. Каб быў электратэхнікам, дык знайшоў бы сабе такую кабету, што сядзела б з ім у майстэрні або гандлявала электрычнасцю. А каб быў фінансістам, як Вакульскі, не закахаўся б, засляпіўшы вочы, а шукаў бы заможную жонку. Зрэшты, мог бы ўзяць і бедную ды прыгожую, але тады мусіў бы мець працэнт з яе знешнасці. Яна займалася б яго салонам, бавіла гасцей, усміхалася б уладарным, заводзіла раманы з самымі ўладарнымі, словам, як магла, дбала б пра інтарэсы фірмы, замест таго, каб нішчыць.

– І наконт гэтага паўгода таму пан меў іншае меркаванне, – заўважыў Жэцкі.

– Не паўгода, а дзесяць гадоў запар. Анягож! Я труціўся пасля смерці нарачонае, але гэта яшчэ адзін аргумент супраць вашае сістэмы. Сёння аж скура шэрхне, як падумаю, што мог альбо памерці, ліха ведае за што, альбо ажаніцца з кабетаю, якая змарнавала б мне маёнтак.

Жэцкі падняўся з крэсла.

– Дык цяпер, – сказаў ён, – ідэал пана – Шлянгбаўм.

– Не ідэал, а дзелавы чалавек.

– Які прынёс рахункі крамы…

– Мае права, бо з ліпеня ён будзе ўласнікам.

– А тым часам дэмаралізуе калег, сваіх будучых крамнікаў?..

– Ён іх выганіць!..

– І гэты панскі ідэал, калі прасіў Стаха даць яму працу, ужо тады думаў, як прыбраць да рук нашу краму?

– Ён не прыбірае, ён купляе! – закрычаў доктар. – Можа, пан хацеў, каб крама прапала, каб не знайшлося пакупніка?.. І хто з вас разумнейшы: пан, што за столькі гадоў службы не мае нічога, ці ён, які цягам году здабывае гэткую фартэцыю, нікому, варта заўважыць, не робячы крыўды, ды плаціць Вакульскаму гатоўкаю?..

– Можа, пан, і маеш рацыю, але неяк мне гэта не даспадобы, – прамармытаў Жэцкі, ківаючы галавою.

– Пану не даспадобы, бо пан належыць да такіх, што думаюць, нібы людзі, як камяні, без руху мусяць зарастаць мохам на адным месцы. Для пана Шлянгбаўмы заўсёды павінны быць крамнікамі, Вакульскія – заўсёды гаспадарамі, а Ленцкія – заўсёды яснавяльможнымі… Не, пане! Грамадства, як кіпень: што ўчора было ўнізе, сёння імкнецца ўгару…

– А заўтра зноў ападае ўніз, – скончыў Жэцкі. – Дабранач, доктар.

Шуман паціснуў яму руку.

– Загневаўся, пан?

– Не… Толькі не веру я ў абагаўленне грошай.

– Гэта пераходны стан.

– А хто пану паручыцца, што рамантызм Вакульскіх або Ахоцкіх не пераходны стан? Лятальная машына – нібы рэч смешная, але толькі нібы. Я ведаю тое-сёе пра яе вартасці, бо не адзін год тлумачыў мне гэта Стах. А каб такому, напрыклад, Ахоцкаму ўдалася яе збудаваць, дык задумайся, пан, што прынесла б свету большую карысць: умельства Шлянгбаўмаў ці рамантызм Вакульскіх ды Ахоцкіх?

– Пустое, – спыніў яго доктар. – Я на тое вяселле ўжо не траплю.

– Але, каб пан трапіў, мусіў бы, хіба, ужо трэці раз змяніць свае погляды.

Доктар зарагатаў.

– Ну, што ж зробіш, – сказаў ён. – А якая справа была ў пана да мяне?

– Тае беднае Стаўскае… Яна сапраўды закахалася ў Вакульскага…

– Гэ!.. Ужо ў гэта пан мог бы мяне і не ўблытваць, – фыркнуў доктар. – Пакуль адны ўзбагачаюцца ды ўбіраюцца ў сілу, а іншыя банкрутуюць, ён дурыць мне галаву амурнымі справамі нейкае пані Стаўскае. Не трэба было гуляцца ў свата!..

Жэцкі пайшоў ад доктара гэткі прыгнечаны, што нават пакінуў без увагі брутальнасць яго апошніх слоў.

Толькі на вуліцы ён спахапіўся і адчуў крыўду на Шумана.

“Вось яно, жыдоўскае сяброўства!” – прамармытаў ён.

Вялікі пост не быў гэтакі нудны, як баяліся ў модным свеце.

Спачатку наканаваннем Божым паднялася вада ў Вісле, што дало нагоду для публічнага канцэрту 2 сакавіка ў Вялікім тэатры[232] і некалькіх прыватных вечарын з музыкай і дэкламацыяй. Потым у цыкле публічных лекцый, ладжаных Таварыствам земляробчых калоній, выступіў пэўны лектар з Кракава, надзея арыстакратычнае партыі, паслухаць якога сабралася найлепшае таварыства. Потым была паводка ў Сегедзе[233], што зноў мела наступствам збор сродкаў. Сабралі іх, праўда, мала, затое мітусні ў салонах было шмат. У доме графіні наладзілі нават аматарскі спектакль, дзе сыгралі дзве п’есы на французскай мове і адну – на англійскай.

Ва ўсіх гэтых філантрапічных мерапрыемствах панна Ізабэла брала актыўны ўдзел. Бывала на канцэртах, рупілася ўручэннем букета навукоўцу з Кракава, выступала ў жывых карцінах у ролі анёла літасці ды іграла ў п’есе Мусэ “З каханнем не жартуюць”. Панове Навіньскі, Мальбарг, Рыдзеўскі і Печаркоўскі закідалі яе кветкамі, а пан Шастальскі прызнаўся некалькім дамам, што, хутчэй за ўсё, яшчэ сёлета давядзецца яму скончыць жыццё самагубствам.

Калі разышлася чутка пра намер самазабойства, пан Шастальскі зрабіўся героем раўтаў, а панна Ізабэла атрымала мянушку “жорсткае”. Калі паны сыходзілі гуляць у віст, дамам пэўнага веку спраўляла вялікае задавальненне з дапамогаю дасціпных манеўраў звесці разам панну Ізабэлу ды Шастальскага. З неверагодным спачуваннем прыглядаліся яны праз ларнеткі да пакутаў маладога чалавека і бавіліся, нібы на канцэрце. Злавала іх толькі панна Ізабэла, бо яны бачылі, як яна цешыцца прывілеямі свайго становішча і кожным рухам ды позіркам паказвае: зірніце, гэта мяне ён кахае, з-за мяне ён няшчасны!..

Вакульскі часам бываў у гэтых таварыствах, бачыў ларнеткі дам, накіраваныя на Шастальскага ды панну Ізабэлу, нават чуў, нібы гул восаў, абгаворы, але нічога не разумеў. Зрэшты, на яго ніхто не звяртаў увагі пасля таго, як стала вядома, што ён сур’ёзны прэтэндэнт.

– Няшчаснае каханне выклікае значна большую цікавасць, – шапнула раз панна Жэжухоўская пані Вансоўскай.

– Хто ведае, дзе тут сапраўднае няшчаснае каханне, нават трагічнае!.. – адказала пані Вансоўская, пазіраючы на Вакульскага.

Праз чвэрць гадзіны панна Жэжухоўская запатрабавала пазнаёміць яе з Вакульскім, а цягам наступнае чвэрці – паведаміла яму (з апушчанымі вачыма), што, паводле яе меркавання, найпрыгажэйшая роля кабеты ў тым, каб гаіць зраненыя сэрцы, якія пакутуюць моўчкі.

Аднойчы ў канцы сакавіка Вакульскі прыйшоў да панны Ізабэлы і заспеў яе ў цудоўным настроі.

– Якая навіна! – выгукнула яна, вітаючы яго нязвыкла радасна. – Ці ведае пан, што прыязджае знакаміты скрыпач Малінары?

– Малінары? – перапытаў Вакульскі. – А! Я бачыў яго ў Парыжы.

– Пан гэтак холадна яго згадвае? – здзівілася панна Ізабэла. – Пану не спадабалася, як ён іграе?

– Магу прызнацца пані, я нават не заўважыў, як ён іграе.

– Гэта немагчыма!.. Няўжо пан не чуў? Пан Шастальскі (ну, але ён заўсёды перабольшвае) сказаў, што толькі слухаючы Малінары мог бы памерці без шкадавання. Пані Выўратніцкая захопленая ім, а пані Жэжухоўская мае намер зладзіць раўт у гонар яго.

– Як мне здаецца, гэта даволі пасрэдны скрыпач.

– Але ж, пане!.. Пан Рыдзеўскі і пан Печарскі мелі магчымасць бачыць яго альбом, складзены з адных толькі рэцэнзій… Пан Печаркоўскі кажа, што гэты альбом падаравалі Малінары аматары. Дык усе еўрапейскія рэцэнзенты называюць яго геніяльным.

Вакульскі паківаў галавою.

– Я бачыў яго ў зале, дзе самыя дарагія месцы каштавалі два франкі.

– Гэта немагчыма, гэта, хіба, не ён… Ён атрымаў ордэн ад Святога Айца, персідскі шах надаў яму тытул… Пасрэдныя скрыпачы не маюць гэтакіх адзнак.

Вакульскі са здзіўленнем глядзеў на расчырванелы твар і ззяючыя вочы панны Ізабэлы. Гэтыя аргументы былі такімі моцнымі, што ён засумняваўся ва ўласнай памяці і сказаў:

– Можа быць.

Але на панну Ізабэлу яго абыякавасць да мастацтва зрабіла прыкрае ўражанне. Яна спахмурнела і да канца дня размаўляла з Вакульскім досыць холадна.

“Дурань я! – падумаў ён, калі сыходзіў. – Вечна сапсую ёй настрой. Калі яна меламанка, дык для яе святатацтва маё меркаванне пра Малінары…”

І ўвесь наступны дзень ён горка дакараў сябе, што не разумее мастацтва, што ён гэткі прастакаваты, недалікатны, нават не шануе панну Ізабэлу.

“Гэта ж ясна, – казаў ён сам сабе, – што знакаміты той скрыпач, які на яе робіць уражанне, а не той, які мне падабаецца. Трэба быць нахабнікам, каб выказваць гэткія безапеляцыйныя меркаванні, пагатоў я, відаць, не ацаніў яго…”

Яму стала сорамна.

На трэці дзень ён атрымаў кароценькі ліст ад панны Ізабэлы, якая пісала:

“Павінен пан дапамагчы мне пазнаёміцца з Малінары, але гэта абавязкова, абавязкова… Я абяцала цётцы, што ўгавару яго зайграць у яе прытулку, дык пан разумее, як мне гэта важна”.

У першы момант Вакульскаму здалося, што збліжэнне з геніяльным скрыпачом будзе адной з самых цяжкіх задач, якія яму даводзілася вырашаць. На шчасце, ён прыгадаў, што мае знаёмага музыканта, які не толькі завёў знаёмства з Малінары, але хадзіў за ім, як цень, і праседжваў у таго днямі.

Калі ён падзяліўся сваім клопатам з музыкантам, той спачатку вырачыў вочы, потым зморшчыў бровы, нарэшце, пасля доўгага роздуму, адказаў:

– О, гэта цяжка, вельмі цяжка, але дзеля пана пастараемся. Толькі я мушу падрыхтаваць яго, настроіць на адпаведны лад… І ведае пан, як мы зробім?.. Няхай пан заўтра прыйдзе ў гатэль а першай, я там буду на сняданні. Тады няхай пан непрыкметна пакліча мяне праз слугу, а я ўжо выстараюся для пана аўдыенцыю.

Гэтыя перасцярогі і тон, якімі яны былі зробленыя, прыкра здзівілі Вакульскага, але ў прызначаны час ён прыйшоў у гатэль.

– Пан Малінары тут? – запытаўся ён у швейцара.

Швейцар, чалавек знаёмы, адправіў памочніка наверх, а сам завёў гутарку з Вакульскім:

– Вось, вяльможны пане, як тлумна стала ў гатэлі праз таго італьянца!.. Ідуць, як да цудоўнага абраза, а найбольш кабеты…

– Ажно так?!

– Так, вяльможны пане. Гэткая найперш прысылае яму ліст, потым – букет і, нарэшце, сама прыходзіць пад вуаллю, бо думае, што ніхто яе не пазнае… Слугам на смех, пане!.. Ён і не кожную яшчэ прымае, хоць некаторыя даюць лёкаю аж тры рублі. Але часам, пад настрой, бярэ хлапчына яшчэ два нумары ў розных канцах калідора, і ў кожным іншую весяліць… Заядлы, халера…

Вакульскі зірнуў на гадзіннік. Мінула ўжо хвілін дзесяць, дык ён не стаў больш чакаць, развітаўся са швейцарам і пайшоў па сходах, адчуваючы, як закіпае ад гневу.

“Бач ты, шарамыга! – думаў ён. – Але ж і кабеткі – добрыя штучкі…”

Яго дагнаў задыханы памочніка швейцара.

– Пан Малінары, – сказаў ён, – загадаў прасіць, каб ясны пан хвілінку пачакаў…

Вакульскі ледзь не даў пасланцу па карку, але стрымаўся і… пайшоў далей.

– Ясны пан сыходзіць?.. Што мне сказаць пану Малінары?..

– Скажы яму, каб… Разумееш?

– Скажу, ясны пане, але ён не зразумее, – адказаў задаволены лёкай.

А сам пабег да швейцара:

– Хоць адзін знайшоўся, які раскусіў гэтага шчанюка італьянца… Гіцаль! Нос задзірае, а пакуль збярэцца даць чалавеку дзесяць капеек, дык тры разы ў руках пакруціць… Лягавая сука нарадзіла гэткага вырадка… Гніляк, прайдзісвет, капернік[234]

На момант Вакульскі адчуў крыўду на панну Ізабэлу. Як можна захапляцца чалавекам, якога нават гатэльная прыслуга на смех падымае!.. Як можна запісвацца ў доўгую чаргу аматарак… Зрэшты, як можна было прымушаць яго, каб ён шукаў знаёмства з гэткім лінялым блазнам!..

Але ён хутка супакоіўся. Яму прыйшла ў галаву слушная думка, што панна Ізабэла не ведае Малінары і проста трапіла пад уздзеянне яго славы.

“Яна пазнаёміцца з ім і супакоіцца, – падумаў ён. – Але служыць за пасярэдніка я не буду”.

Калі Вакульскі вярнуўся дадому, ён заспеў у сябе Венгелька, які чакаў ужо гадзіну.

Хлопец выглядаў па-варшаўску, але крыху зблажэў.

– Схуднеў, збляднеў, – сказаў Вакульскі, разглядаючы яго. – Лайдачыш, ці што?..

– Не, пане, я хварэў дзесяць дзён. Нейкая скула выскачыла ў мяне на шыі, аж доктар мяне парэзаў. Але ўчора ўжо вярнуўся да працы.

– Трэба табе грошы?

– Не, пане. Я хацеў толькі пагаварыць пра вяртанне ў Заслаўле.

– Карціць табе. А навучыўся нечаму?

– Авой! І ў слесарстве трохі, і ў цяслярстве… Кошыкі навучыўся прыгожыя… таксама і крэсліць. А нават каб і маляваць давялося, дык таксама…

Кажучы гэта, ён кланяўся, чырванеў і круціў у руках шапку.

– Добра, – праз хвіліну азваўся Вакульскі. – На інструмент атрымаеш шэсцьсот рублёў. Хопіць? А калі ты хочаш вяртацца?

Хлопец пачырванеў яшчэ больш і пацалаваў Вакульскага ў руку.

– Бо яшчэ, прашу прабачэння, з ласкі панскае хацеў бы ажаніцца… Толькі я не ведаю…

Ён пачухаў патыліцу.

– З кім жа? – запытаўся Вакульскі.

– З тою паннаю Марыянаю, што жыве ў фурмана Высоцкага. Я таксама жыву ў тым доме, толькі наверсе.

“Хоча ажаніцца з маёю магдаленкаю?” – здзівіўся Вакульскі.

Ён прайшоўся па пакоі і спытаў:

– А добра ты ведаеш панну Марыяну?

– Як не ведаць? Прынамсі, бачымся па тры разы на дзень, бывае. У нядзелю або я ў яе сяджу цэлы дзень, або мы разам – у Высоцкіх.

– Ну, так. Але ці ведаеш ты, што яна рабіла год таму?

– Ведаю, пане. Як толькі я, дзякуючы пану, прыехаў сюды, Высоцкая і кажа мне: “Глядзі, маладзён, бо яна была гуляшчая…” Дык з першага дня я ведаў, што за яна. Мяне яна не зводзіла.

– І як жа сталася, што ты хочаш з ёю ажаніцца?

– Бог ведае, пане, як яно сталася. Я нават спачатку насміхаўся з яе, і як хто ішоў па вуліцы, казаў: “Пэўна, і гэта знаёмы панны Марыяны, бо панна не з аднае печы хлеб ела”. А яна нічога, толькі апусціць галаву і круціць сваю машынку, аж тая раве, аж іскры ёй у твар ляцяць.

Пазней заўважыў я, што нехта цыруе мне бялізну, дык на Божае Нараджэнне купіў ёй за дзесяць грошай парасон, а яна мне – шэсць хустак паркалёвых з маімі літарамі. А Высоцкая кажа: “Трымайся далей, маладзён, ад гэтае шалахвосткі!..” Дык я і думак пра яе не дапускаў, хоць, каб не была яна абы-якая, дык яшчэ на запусты[235] ажаніўся б.

А якраз на Папялец[236] Высоцкі ўзяў ды расказаў мне, як гэта з ёю здарылася, з паннай Марыянай. Наняла яе нейкая пані ў аксаміце ў служанкі, ну і мела яна службу, не давядзі Божа! Толькі наважыцца яна ўцячы, як яе ловяць ды кажуць: “Або сядзі тут, або аддадзім цябе ў арышт за крадзеж”. “Што ж я ўкрала?” – пытае яна. “Нашы даходы, гадаўка!” – крычаць яны. Гэтак бы і сядзела яна (апавядаў Высоцкі) аж да суднага дня, каб пан Вакульскі яе не ўбачыў у касцёле. Выкупіў і выратаваў.

– Далей расказвай, – азваўся Вакульскі, бо ўбачыў, што Венгелек завагаўся.

– Падумалася мне тады, – працягваў Венгелек, – што ніякая гэта не распуста, а гора горкае. І пытаюся я ў Высоцкага: “Ажаніўся б пан з паннай Марыянай?” “Мне і з адною бабаю ўтрапенне,” – кажа ён. “Але каб пан Высоцкі быў у кавалерскім стане, дык як?” “Гэ, – кажа ён, – не маю ўжо я ахвоты да кабет”. Бачу, не хоча стары гаварыць, і гэтак пачаў яго ўпрошваць, што ўрэшце той сказаў: “Не ажаніўся б, бо не меў бы ўпэўненасці, што старыя звычкі ў ёй не азавуцца. Кабета, як добрая, дык добрая, але ўжо як разбэсціцца, дык нібы д’ябал робіцца”.

Тым часам, на пачатку святога посту наслаў Пан Бог міласэрны мне гэткую балесную скулу, што мусіў я ляжаць дома, а доктар яшчэ мяне і парэзаў. І пачала тут панна Марыяна да мяне хадзіць: ложак перасцеле, рану мне апратае… Доктар казаў, што каб не яе дагляд, дык і за тыдзень бы яшчэ не выкачаўся. Аж злосць мяне разбірала, асабліва як быў у гарачцы. Дык аднаго дня і кажу ёй: “Навошта панна Марыяна гэтак турбуецца?.. Панна думае, што я ажанюся, а я не здурнеў, каб такую ўзяць, што дзесяцярых абслугоўвала…”

А яна нічога, толькі апусціла галаву і слёзы кап… кап…

“Я ж разумею, – кажа, – што пан Венгелек са мною не ажаніўся б…”

Аж я, за перапрашэннем, ледзь не самлеў ад жалю, як гэта пачуў. І тады ж кажу Высоцкай: “Ведае, пані Высоцкая, можа, я з паннаю Марыянай ажанюся…”

А яна на гэта: “Не нарабі шкоды сабе і людзям, бо…”

– Не магу гаварыць, – спыніўся раптам Венгелек, зноў цалуючы Вакульскаму ў руку.

– Кажы смела.

– “Бо, – кажа пані Высоцкая, – каб ты ажаніўся з паннаю Марыянай, дык ці не было б гэта абразаю пану Вакульскаму за ягоную ласку ўсім нам… Хто ведае, можа, панна Марыяна да яго ходзіць…”

Вакульскі стаў перад ім.

– Гэтага ты баішся? – спытаў ён. – Даю табе слова гонару, я ніколі не бачуся з тою паннаю.

Венгелек уздыхнуў з палёгкаю.

– Вось і дзякуй Богу. Бо, па-першае, не смеў бы я стаць у пана на дарозе за яго дабрыню, а па-другое…

– Што па-другое?

– Тое, пане, што ў сваёй распусце яна не вінаватая, гэта гора, злыя людзі яе пакрыўдзілі. Але каб цяпер яна, плачучы нада мною хворым, сама да вяльможнага пана бегала, дык была б шэльма, горшая за сабаку шалёнага, якога толькі забіць застаецца, каб людзей не кусаў.

– Дык як? – запытаўся Вакульскі.

– Што ж! Ажанюся пасля святаў, – адказаў Венгелек. – Яна ж за чужыя грахі пакутаваць не павінна. Не з уласнае волі…

– Маеш яшчэ якую справу?

– Ужо не.

– Дык бывай здаровы, а перад шлюбам зайдзі да мяне. Яна атрымае пяцьсот рублёў пасагу, ну і што трэба з бялізны ды ў гаспадарцы.

Венгелек пайшоў ад яго вельмі ўзрушаны.

“Вось логіка простых сэрцаў! – падумаў Вакульскі. – Пагарда да граху, міласэрнасць да няшчасця”.

Прастадушны мешчанін у яго вачах вырас да пасланца спрадвечнае справядлівасці, які зганьбаванай кабеце прынёс спакой і прабачэнне.

У канцы сакавіка ў панства Жэжухоўскіх адбыўся вялікі раўт з Малінары. Вакульскі таксама атрымаў запрашэнне, напісанае прыгожаю рукою панны Жэжухоўскае.

Прыбыў ён досыць позна, якраз у той момант, калі маэстра паддаўся на ўгаворы і згадзіўся ашчаслівіць слухачоў канцэртам уласнае кампазіцыі. Адзін з мясцовых музыкаў сеў за фартэп’яна, каб акампанаваць яму, другі прынёс маэстра скрыпку, трэці падрыхтаваўся пераварочваць ноты, чацвёрты стаў ззаду з намерам падкрэсліваць жэстыкуляцыяй ды мімікай самыя прыгожыя або складаныя моманты.

Нехта папрасіў прысутных сцішыцца, дамы паселі паўколам, мужчыны пасталі за іх крэсламі, канцэрт пачаўся.

Вакульскі паглядзеў на скрыпача і перадусім заўважыў пэўнае падабенства паміж ім і Старскім. Малінары меў гэткія ж невялічкія фаварыты, яшчэ меншыя вусікі і гэтакі ж выраз знуджанасці на твары, які вылучае людзей, што карыстаюцца поспехам у прыгожага полу. Граў ён добра і выглядаў прыстойна, але відаць было, што роля паўбога, ласкавага да сваіх вернікаў, даўно яму звыклая.

Час ад часу скрыпка азывалася гучней, музыкант, што стаяў за спінаю маэстра, рабіў захопленую міну, а па зале пралятала шапаценне. Сярод урачыста настроеных мужчын, а таксама заслуханых, задумлівых, летуценных або напаўсонных дам Вакульскі заўважыў твары кабет, на якіх быў незвычайны выраз. Галовы іх былі пажадліва адкінутыя, шчочкі палалі, вочы блішчалі, раскрытыя вусны дрыжалі, нібы пад уплывам нейкага наркотыку.

“Страх, што робіцца! – падумаў Вакульскі. – Што за хворыя індывідуумы ўпрагаюцца ў трыумфальную каляску гэтага пана…”

Потым ён зірнуў у той бок, дзе сядзела панна Ізабэла, і мароз прабег у яго па скуры… Яна была ачмурэлая і поўная жарсці яшчэ больш за іншых. Ён не верыў уласным вачам.

Маэстра граў з чвэрць гадзіны, але Вакульскі не чуў ужо аніводнае ноты. Абудзілі яго толькі працяглыя і гучныя апладысменты. Потым ён зноў нібы страціў адчуванне рэальнасці, але выдатна бачыў, як Малінары шапнуў нешта на вуха пану Жэжухоўскаму, як пан Жэжухоўскі ўзяў яго пад руку і – прадставіў панне Ізабэле.

Яна залілася чырванню і прывітала яго позіркам захаплення, для якога няма слоў. Тым часам ужо запрашалі на вячэру, дык маэстра падаў ёй руку і павёў у сталовы пакой. Яны прайшлі побач з Вакульскім, Малінары нават зачапіў яго локцем, але гэтак яны былі занятыя сабою, што панна Ізабэла не звярнула на яго ўвагі. Потым учацвярых яны селі пры адным століку: пан Шастальскі з паннаю Жэжухоўскаю і Малінары з паннаю Ізабэлаю. Было відаць, што разам ім вельмі добра.

Вакульскаму зноў здалося, што з вачэй у яго спадае заслона, за якою ён бачыць зусім іншы свет і зусім іншую панну Ізабэлу. Але ў той самы момант ён адчуў гэткае галавакружэнне, гэтак сціснула грудзі і затрымцелі нервы, што ўцёк у вітальню, а адтуль – на вуліцу, баючыся, што зараз зусім страціць розум.

“Божа міласэрны! – прашаптаў ён, – здымі ж з мяне гэты праклён…”

За некалькі крокаў ад Малінары пры маленькім століку сядзела пані Вансоўская з Ахоцкім.

– Мая кузіна пачынае мне ўсё менш падабацца, – прамовіў Ахоцкі, пазіраючы на панну Ізабэлу. – Бачыла пані?..

– Ужо гадзіну назіраю, – адказала пані Вансоўская. – Мне здаецца, што і Вакульскі нешта заўважыў, бо нешта з ім дзеецца. Шкада мне яго.

– О, за Вакульскага няхай пані будзе спакойная. Праўда, сёння ён пацярпеў паразу, але варта яму апрытомнець… Гэтакіх веерам не заб’еш.

– Дык можа здарыцца драма…

– Ніякае, – запярэчыў Ахоцкі. – Людзі з магутнымі пачуццямі толькі тады ў небяспецы, калі не маюць рэзерву…

– Кажа пан пра тую пані… як жа яе… Ста… Стар?..

– Божа барані. Там нічога няма і ніколі не было. Зрэшты, для закаханага мужчыны іншая жанчына не з’яўляецца рэзервам.

– А што ж?

– Вакульскі мае выдатны розум і ведае пра цудоўнае адкрыццё, якое, насамрэч, здольнае зменіць свет…

– І пан таксама ведае пра яго?

– У агульных рысах. Бачыў і доказ, толькі падрабязнасцяў я не ведаю. Прысягаю, – у запале працягваў Ахоцкі, – што дзеля такое справы можна ахвяраваць нават дзясяткам каханак!

– Дык і мною пан ахвяраваў бы? Няўдзячны…

– А хіба пані мая каханка? Я ж не лунацік.

– Але ж закаханы пан у мяне?

– Можа, яшчэ так, як Вакульскі ў Ізабэлу?.. І не блізка… Хоць у любы момант я гатовы…

– У любы момант пан кепска выхаваны. Але… тым лепш, што не закаханы.

– І нават ведаю, чаму лепш. Пані сама ўздыхае па Вакульскім.

Пані Вансоўскую заліла чырвань, яна збянтэжылася так, што веер упаў на падлогу. Ахоцкі падняў яго.

– Я не жадаю іграць камедыю, – сказала яна праз момант. – Цікавіць ён мяне так, што… я раблю ўсё магчымае, каб ён атрымаў Бэлу, бо… яе кахае гэты шаленец…

– Прысягаю, што сярод знаёмых мне дам пані – адзіная кабета, сапраўды нечага вартая… Але досыць пра гэта. З таго часу, як я даведаўся, што Вакульскі кахае Бэлу (і як жа ён яе кахае!), мая кузіна робіць на мяне дзіўнае ўражанне. Даўней я лічыў яе выключнаю, а цяпер здаецца мне яна звычайнаю, даўней – узнёслаю, а цяпер – прыземленаю… Але гэта толькі момантамі, і я папярэджваю, што магу памыляцца.

Пані Вансоўская ўсміхнулася.

– Падобна, – сказала яна, – як толькі мужчына скіроўвае позірк на кабету, шатан насоўвае яму ружовыя акуляры.

– Часам здымае.

– Але не абыходзіцца баз пакутаў, – адказала пані Вансоўская. – Ведаеш, пан, мы ж амаль кузіны, дык пяройдзем на ты…

– Дзякуй вялікі!

– Чаму?

– Я не збіраюся быць каханкам пані.

– Я прапаную пану сяброўства.

– Менавіта. Якраз той масток, па якім…

У гэты момант пана Ізабэла раптам паднялася ад свайго століка і падышла да іх. Была яна моцна ўзрушаная.

– Ты пакідаеш маэстра? – спытала пані Вансоўская.

– Але ж ён бесцырымонны! – прамовіла панна Ізабэла тонам, у якім чулася абурэнне.

– Я вельмі рады, кузіна, што ты гэтак хутка зразумела гэтага палішынеля, – азваўся Ахоцкі. – Можа, пані прысядзе да нас?

Але панна Ізабэла кінула на яго суворы позірк, загаварыла з Мальбаргам, які якраз наблізіўся да іх, і пайшла ў залу.

На парозе яна з-пад веера зірнула на Малінары, які весела гутарыў з паннаю Жэжухоўскаю…

– Здаецца мне, пане Ахоцкі, – сказала пані Вансоўская, – пан хутчэй стане нашым Капернікам, чым навучыцца абачлівасці! Як можна было ў прысутнасці Ізабэлы назваць гэтага пана палішынелем?

– Але ж яна назвала яго бесцырымонным…

– Тым не менш, яна зацікаўленая ім.

– Прашу без жартаў. Калі яна не цікавіцца чалавекам, які яе абагаўляе…

– Дык якраз і будзе цікавіцца абыякавым да яе.

– Прага да вострых соусаў – сведчанне кволага здароўя, – заўважыў Ахоцкі.

– Хто тут здаровая! – сказала пані Вансоўская і пагардліва агледзелася наўкола. – Падай мне, пан, руку і пойдзем у салон.

Пераходзячы з пакоя ў пакой, яны спаткалі князя, які вельмі прыхільна павітаўся з пані Вансоўскаю.

– Як вяльможнаму князю Малінары?.. – спытала яна.

– Мае вельмі ладны тон… Вельмі…

– І мы будзем прымаць яго ў сябе?

– О, так… у вітальні…

Праз пару хвілін досціп князя абляцеў усе пакоі… Пані Жэжухоўская з нагоды раптоўнае мігрэні мусіла пакінуць гасцей.

Калі пані Вансоўская, спыняючыся, каб паразмаўляць са знаёмымі, нарэшце, дабралася разам з Ахоцкім да салона, яна ўбачыла панну Ізабэлу, якая ўжо сядзела побач з Малінары.

– Хто з нас меў рацыю? – спытала яна і ўдарыла веерам Ахоцкага. – Бедны Вакульскі!

– Запэўніваю пані, ён не такі бедны, як панна Ізабэла.

– Чаму?

– Калі кабеты кахаюць толькі тых, хто іх ігнаруе, дык мая кузіна вельмі хутка будзе шалець за Вакульскім

– Скажа яму пан?.. – абурылася пані Вансоўская.

– Ніколі! Я ж, прынамсі, яго сябра, і гэта накладае на мяне абавязак не папярэджваць. А як мужчына, далібог, адчуваю, што калі паміж мужчынам і кабетаю пачынацца гэткая барацьба…

– Дык прайграе мужчына.

– Не, пані. Прайграе кабета, і падчыстую. Кабеты таму і нявольніцы паўсюдна, што горнуцца да тых, хто іх ігнаруе.

– Не блюзнер, пан.

У гэты час Малінары загаварыў з пані Выўратніцкаю, дык пані Вансоўская падышла да панны Ізабэлы, узяла яе пад руку, і яны пачалі праходжвацца па салоне.

– Аднак памірылася з гэтым бесцырымонным тыпам? – спытала пані Вансоўская.

– Ён перапрасіў мяне, – адказала панна Ізабэла.

– Гэтак хутка? А ці паабяцаў ён выправіцца?

– Я паклапачуся, каб у гэтым не было патрэбы.

– Быў тут Вакульскі, – сказала пані Вансоўская, – і неяк раптоўна пайшоў.

– Даўно?

– Калі селі вячэраць. Ён нават стаяў у дзвярах.

Панна Ізабэла зморшчыла бровы.

– Мая Казя, – сказала яна, – я разумею, пра што ты. Дык вось, заяўляю раз і назаўсёды, я не збіраюся дзеля Вакульскага выракацца таго, што мне падабаецца. Замуства не можа быць вязніцаю, а мне менш, чым каму іншы, пасуе роля вязня.

– Маеш рацыю. Але хіба дзеля капрызу можна цвяліць гэтакія пачуцці?

Панна Ізабэла збянтэжылася.

– Дык што мне рабіць?

– Гэта ўжо ад цябе залежыць. Ты яшчэ не звязаная з ім…

– Так!.. Разумею… – усміхнулася панна Ізабэла.

А пан Малінары разам з панам Навіньскім стаялі тым часам ля вакна і праз маноклі разглядалі абодвух дам.

– Прыгожыя кабеты! – уздыхнуў пан Малінары.

– І якія розныя, – дадаў пан Навіньскі. – Якую б пан абраў?

– Абодвух.

– А я – Ізабэльку, а потым… Вансоўскую.

– Як яны туляцца адна да аднае… як усміхаюцца!.. Усё, каб нас пацвяліць. Спрытныя кабеткі.

– А па сутнасці, яны адна адну ненавідзяць.

– Ну, прынамсі, не ў гэты момант, – запярэчыў пан Навіньскі.

Да паняў, якія працягвалі праходжвацца, падышоў Ахоцкі.

– Кузін таксама ў змове супраць мяне? – спытала панна Ізабэла.

– У змовы я не ўступаю. Магу з пані весці толькі адкрытую вайну.

– Адкрытую вайну? З пані?.. Што гэта значыць? Войны вядуцца з мэтаю заключэння карыснага міру!

– У мяне іншая сістэма.

– Так?.. – прамовіла панна Ізабэла з усмешкаю. – Дык я гатова паспрачацца, што кузін першы складзе зброю, бо лічу, што вайна ўжо пачалася.

– Прайграеш, кузіна, нават на тых пазіцыях, дзе разлічваеш на поўную перамогу, – урачыста адказаў Ахоцкі.

Панна Ізабэла спахмурнела.

– Бэля, – ціха паклікала яе графіня, якая праходзіла побач, – едзем дадому.

– Дык Малінары паабяцаў?.. – таксама ціха спытала панна Ізабэла.

– Я і не прасіла яго, – ганарыста адказала графіня.

– Чаму, цётачка?..

– Ён зрабіў кепскае ўражанне.

Каб панне Ізабэле сказалі, што з-за Малінары памёр Вакульскі, у яе вачах вялікі скрыпач нічога б не страціў. Але навіна, што ён зрабіў кепскае ўражанне, непрыемна закранула яе.

Яна развіталася з артыстам вельмі холадна, амаль пыхліва.

Хоць знаёмства іх доўжылася ўсяго некалькі гадзін, Малінары жыва зацікавіў панну Ізабэлу. Калі позна ўвечары яна вярнулася дадому і зірнула на свайго Апалона, ёй здалося, што мармуровы бажок мае нешта агульнае з паставаю і рысамі твару скрыпача. Яна аж пачырванела, бо прыгадала, што статуэтка надта часта змяняе сваё аблічча. У адзін з момантаў з’явілася падабенства нават з Вакульскім. Але яе супакоіла думка, што сённяшняя змена – апошняя, што яе ранейшыя сімпатыі былі памылковыя, што Апалон не мог сімвалізаваць нікога іншага, а толькі Малінары.

Яна не магла заснуць, у яе сэрцы змагаліся спрэчныя пачуцці: гнеў, страх, цікаўнасць і нейкая расчуленасць. Часам, нават абуджалася здзіўленне, калі яна прыгадвала сабе нахабства скрыпача. У першых жа словах ён паведаміў, што яна самая прыгожая кабета, якую ён бачыў, а ідучы з ёю на вячэру, юрліва туліўся да яе пляча і гаварыў пра каханне. А падчас вячэры, не зважаючы на прысутнасць Шастальскага ды панны Жэжухоўскае, гэтак упарта шукаў пад сталом яе руку, што… Што ж было ёй рабіць?..

З гэткім гвалтоўным выбухам пачуццяў ёй ніколі яшчэ не даводзілася сутыкацца. Ён і праўда, мусіць, пакахаў яе з першага позірку: шалёна, да смерці. Ці ж ён, нарэшце, не шапнуў ёй (што нават прымусіла яе выйсці з-за стала), нібы ён без развагаў аддаў бы жыццё за пару дзён, праведзеных з ёю.

“Як ён рызыкаваў, кажучы такое?” – падумала панна Ізабэла. Ёй не прыйшло ў галаву, што самае большае, чым ён рызыкаваў – гэта пакінуць таварыства яшчэ да сканчэння вячэры.

“Якія пачуцці!.. Якая жарсць!..” – паўтарала яна сама сабе.

Два дні панна Ізабэла не выходзіла з дому і нікога не прымала. На трэці дзень ёй пачало здавацца, што Апалон, па-ранейшаму падобны да Малінары, момантамі нагадвае Старскага. У гэты ж дзень пад вечар яна прыняла паноў Рыдзеўскага і Печаркоўскага, якія распавялі ёй, што Малінары ад’язджае з Варшавы, што ён настроіў супраць сябе ўсё таварыства, што яго альбом з рэцэнзіямі – падман, бо непрыхільная крытыка ў ім не змешчана.

Нарэшце, яны заявілі, што гэткі пасрэдны скрыпач і паспаліты чалавек толькі ў Варшаве мог пачуць падобныя авацыі.

Панна Ізабэла абурылася і нагадала пану Печаркоўскаму, што не хто іншы, як ён, хваліў артыста. Пан Печаркоўскі не згадзіўся і спаслаўся на прысутнага тут пана Рыдзеўскага ды адсутнага Шастальскага, якія мусілі пацвердзіць, што Малінары з першае хвіліны не выклікаў у яго даверу.

Наступныя два дні панна Ізабэла лічыла вялікага артыста ахвяраю зайздрасці. Яна пераконвала сябе, што толькі ён заслугоўвае яе спачування, і яна ніколі яго не забудзе.

Тым часам пан Шастальскі даслаў ёй букет фіялак, і панна Ізабэла не без дакораў сумлення заўважыла, што Апалон патроху робіцца падобны да Шастальскага, а Малінары хутка знікае з памяці.

Амаль праз тыдзень пасля канцэрту, калі яна поцемку сядзела ў сваім пакоі, перад вачыма ў яе паўстаў даўно забыты вобраз. Здавалася ёй, што разам з бацькам яна з’язджае каляскаю з нейкае гары ў даліну, напоўненую хмарамі дыму ды пары. З хмараў высунулася вялізная рука, якая трымала карту. Пан Тамаш пазіраў на яе з трывожнаю цікавасцю. “З кім бацька гуляе?..” – падумала яна. У гэты момант наляцеў вецер і сярод туману паказаўся твар Вакульскага, гэткі ж вялізны.

“Год таму была ў мяне гэткая ж уява, – сказала сабе панна Ізабэла. – Што гэта значыць?..”

І яна раптам прыгадала, што Вакульскі не быў у іх ужо тыдзень.

Пасля раўту ў панства Жэжухоўскіх Вакульскі вярнуўся да сябе ў дзіўным настроі. Атака шаленства мінула і саступіла месца апатычнаму спакою. Вакульскі не спаў цэлую ноч, але гэта не турбавала яго. Ён ляжаў ціха, ні пра што ні думаў, а толькі з цікаўнасцю прыслухоўваўся да бою гадзінніка. Першая… другая… трэцяя…

На наступны дзень ён устаў позна і да паўдня толькі і рабіў, што піў гарбату ды прыслухоўваўся да гадзінніка. Адзінаццатая… дванаццатая… першая… Як нудна!..

Хацеў пачытаць, але лянотна было ісці ў бібліятэчны пакой па кніжку, дык ён лёг на шэзлонг і пачаў разважаць пра тэорыю Дарвіна.

“Што такое натуральны адбор? Гэта вынік барацьбы за выжыванне, у якой гінуць істоты, якія не маюць пэўных здольнасцяў, а перамагаюць больш здольныя. Якая найважнейшая здольнасць? Ці не палавая цяга? Не. Страх смерці. Істоты, якія б не баяліся смерці, мусілі б даўно загінуць. Каб чалавека не спыняла боязь смерці, гэтая самая разумная жывёліна не цягнула б кайданоў жыцця. У старажытнай індыйскай паэзіі ёсць згадкі пра існаванне людское расы, якая меней за нас ненавідзела смерць. Ну і раса тая загінула, а яе нашчадкі сталі або нявольнікамі, або аскетамі.

А што гэта такое – нянавісць да смерці? Вядома, інстынкт, які палягае на ілюзіях. Ёсць такія, што гідзяцца мышэй, абсалютна нявінных стварэнняў, або нават суніц, гэтакіх смачных. (Калі гэта я еў суніцы?.. Ага летась, у канцы верасня, у Заслаўку. Забаўныя мясціны ў тым Заслаўку. Цікава, ці яшчэ жывая старшынёва і ці адчувае яна агіду да смерці?..)

Бо што гэта такое – баяцца смерці?.. Падман! Памерці – гэта не быць нідзе, нічога не адчуваць і не думаць ні пра што. У колькіх жа месцах мяне зараз няма? Няма мяне ў Амерыцы, няма ў Парыжы, на Месяцы, няма мяне нават у маёй краме, і гэта мяне не трывожыць. А пра колькі рэчаў я не думаў яшчэ хвіліну таму і пра колькі не думаю зараз? Думаю я толькі пра адну нейкую рэч, а не думаю пра мільярд іншых, нават нічога не ведаю пра іх, і гэта мяне не хвалюе.

Дык якая непрыемнасць мне ў тым, што, не быўшы ў мільёне месцаў, а толькі ў нейкім адным, не думаючы пра мільярд рэчаў, а толькі пра адну, я перастану быць і ў тым адным месцы і думаць пра адну тую рэч?.. Сапраўды, баяцца смерці – гэта самая смешная ілюзія, якой ужо столькі стагоддзяў падпарадкуецца чалавецтва. Дзікуны баяцца перуна, гуку агнястрэльнае зброі, нават люстэрка, а мы, нібы цывілізаваныя, баімся смерці!..”

Ён устаў, паглядзеў у акно і з усмешкаю пачаў назіраць за людзьмі, якія некуды беглі, кланяліся адзін аднаму, суправаджалі дам. Ён назіраў, як яны мітусяцца і непакояцца, як стараюцца быць галантнымі мужчыны і няспынна какетнічаюць кабеты, як абыякава глядзяць на ўсё фурманы і высільваюцца коні, ды пераконваўся, што ўсё гэта жыццё, поўнае трывог і клопатаў, з’яўляецца капітальнай бязглуздзіцай.

Гэтак праседзеў ён цэлы дзень. Назаўтра прыйшоў Жэцкі і нагадаў, што сёння першага красавіка і пану Ленцкаму трэба заплаціць дзве тысячы пяцьсот рублёў працэнтаў.

– А, праўда, – адказаў Вакульскі. – Завязі яму…

– Я думаў, што ты сам завязеш.

– Не хочацца мне.

Жэцкі пакруціўся па пакоі, кашлянуў і, нарэшце, сказаў:

– Пані Стаўская нешта замаркоцілася. Можа, ты б яе наведаў?

– А, праўда, даўно ўжо я не быў у яе. Увечары пайду.

Пасля гэткага адказу Жэцкі не стаў затрымлівацца. Ён вельмі цёпла развітаўся з Вакульскім, зайшоў у краму па грошы, потым сеў у брычку і загадаў ехаць да пані Місевічовае.

– Я забег на хвілінку, бо трэба зрабіць адну справу, – радасна паведаміў ён. – Ведае пані? Стах будзе сёння… Здаецца мне (але кажу пані гэта ў найвялікшым сакрэце), што Вакульскі ўжо канчаткова парваў з Ленцкімі.

– Няўжо? – сказала пані Місевічова, складаючы рукі.

– Я амаль упэўнены, але… развітваюся з пані… Стах будзе сёння ўвечары…

Сапраўды, Вакульскі быў увечары і, што больш важна, пачаў бываць кожны вечар. Прыходзіў ён досыць позна, калі Гэлюня ўжо спала, а пані Місевічова ішла ў свой пакой, і бавіў па некалькі гадзін з пані Стаўскаю. Звычайна ён маўчаў і слухаў яе расповеды пра краму Мілеравай або гарадскія навіны. Сам ён азываўся рэдка і казаў афарызмы, якія нават не мелі сувязі з папярэдняю размоваю.

Раз ён сказаў без усялякай нагоды:

– Чалавек, як начны матыль, саслепу рвецца да агню, хоць яму балюча, і хоць згарыць ён там. Робіць гэта, аднак, пакуль не апрытомнее. І гэтым адрозніваецца ён ад начнога матыля…

“Ён кажа пра панну Ленцкую!..” – падумала пані Стаўская, і сэрца ў яе закалацілася.

Іншым разам ён апавёў ёй дзіўную гісторыю.

– Я чуў пра двух сяброў, адзін з якіх жыў у Адэсе, а другі – у Табольску. Не бачыліся яны некалькі гадоў і вельмі засумавалі адзін па адным. Нарэшце, табольскі сябра, які ўжо не мог вытрываць, пастанавіў зрабіць неспадзяванку адэскаму і, не папярэджваючы яго, паехаў у Адэсу. Не заспеў, аднак, таго дома, бо той таксама засумаваў і паехаў у Табольск…

Справы перашкодзілі ім сустрэцца на зваротным шляху. Пабачыліся яны толькі праз некалькі гадоў і ведае пані, што выявілася?

Пані Стаўская падняла на яго вочы.

– Абодва яны, шукаючы адзін аднаго, у той самы дзень спыніліся ў Маскве ў тым самым гатэлі, нават у суседніх нумарах. Лёс часам кпіць з людзей…

– У жыцці, хіба, не часта гэтак здараецца, – прашаптала пані Стаўская.

– Хто ведае, хто ведае?.. – адказаў Вакульскі.

Ён пацалаваў яе ў руку і выйшаў у задуменні.

“З намі так не будзе!..” – падумала яна, моцна ўзрушаная.

Вечарамі, бываючы ў пані Стаўскае, Вакульскі быў адносна бадзёры, крыху еў і размаўляў. Але рэшта дня прамінала ў апатыі. Есці яму не хацелася, ён толькі піў шмат гарбаты, справы закінуў, не пайшоў на квартальнае паседжанне суполкі, нічога не чытаў і нават ні пра што не думаў. Яму здавалася, што сіла, якую ён не мог акрэсліць, выкінула яго за арбіту ўсялякіх спраў, надзей, жаданняў, і яго жыццё, падобнае да нежывога аб’екта, лунае ў пустэчы.

“Зрэшты, я не застрэлюся, – думаў ён. – Каб хоць збанкрутаваў, а так... Пагарджаў бы сабою, каб змяла мяне са свету спадніца… Трэба было заставацца ў Парыжы… Хто ведае, ці ўжо не меў бы я зброі, якая раней ці пазней вынішчыць монстраў з чалавечым тварам.”

Жэцкі, здагадваючыся, што з ім дзеецца, заходзіў у розны час і спрабаваў пагутарыць з ім. Але ні надвор’е, ні гандаль, ні палітыка не цікавілі Вакульскага. Раз толькі ён ажывіўся, калі пан Ігнацы згадаў, што Мілерава пачала тыраніць пані Стаўскую.

– Чаго ж яна хоча?

– Можа, зайздросціць, што ты бываеш у пані Стаўскае, што плаціш ёй добры заробак.

– Мілерава, хіба, супакоіцца, – сказаў Вакульскі, – калі я аддам краму Стаўскай, а самую яе зраблю касіркаю.

– Пабойся Бога!.. – закрычаў спалоханы Жэцкі. – Загубіш пані Стаўскую.

Вакульскі захадзіў па пакоі.

– Маеш рацыю. Але калі бабы сварацца, трэба іх разнімаць… Угавары Стаўскую, каб яна заклала сваю краму, а мы забяспечым яе грашыма. Я адразу так думаў, а цяпер бачу, што не варта адкладаць.

Пан Ігнацы, вядома, адразу пабег да сваіх паняў і паведаміў ім важную навіну.

– Не ведаю, ці можна прымаць гэтую ахвяру? – азвалася заклапочаная пані Місевічова.

– Якая ж гэта ахвяра? – выгукнуў Жэцкі. – Выплаціце нам усё цягам некалькіх гадоў і баста. Як пані мяркуе?.. – спытаў ён у пані Стаўскае.

– Зраблю так, як захоча пан Вакульскі. Загадае мне адчыніць краму, адчыню, загадае застацца ў Мілеравай, застануся.

– Але ж, Гэленка!.. – адрэагавала яе маці. – Падумай, як рызыкоўна казаць такія рэчы. Шчасце, што не чуе нас ніхто чужы.

Пані Стаўская змоўкла, яшчэ больш палохаючы пані Місевічову, якая вельмі баялася безапеляцыйнасці дачкі, гэткай лагоднай і згодлівай раней.

Пэўнага дня Вакульскі, ідучы вуліцаю, спаткаў карэту пані Вансоўскае. Ён пакланіўся ёй і без мэты ішоў далей, але дагнаў яго слуга.

– Ясная пані просіць…

– Што з панам робіцца? – закрычала прыгожая ўдоўка, калі Вакульскі падышоў да каляскі. – Сядай жа, пане, праедземся Алеямі.

Ён сеў, і яны паехалі.

– Што гэта? – працягвала пані Вансоўская. – Выгляд у пана жахлівы, ужо амаль дзесяць дзён не быў у Бэлы… Ну, кажы, пан, хоць што-небудзь!..

– Няма чаго мне сказаць. Я не хворы і не думаю, каб панне Ізабэле былі патрэбныя мае візіты.

– А калі патрэбныя?

– Ніколі не меў я гэтакіх ілюзій, а сёння менш, чым калі-небудзь.

– Ну, ну… мой пане… пагаворым адкрыта. Пан раўнівец, а гэта прыніжае мужчыну ў вачах кабеты. Зазлаваў пан на Малінары…

– Памыляецца пані. Я ў такой ступені не раўнівы, што не перашкаджаю панне Ізабэле абіраць паміж мною і Малінары. Ведаю, прынамсі, што ў гэтым выпадку маю роўныя з ім правы.

– О, пане, гэта ўжо занадта! – прысароміла яго пані Вансоўская. – Што ж гэта, беднай кабеце, калі зробіць ласку кахаць яе нехта з вас, нельга ўжо і размаўляць з іншымі?.. Не спадзявалася я, каб такі чалавек, як пан, меў гэткае ж стаўленне да кабеты, як у гарэме. Зрэшты, што пана турбуе?.. Каб нават Бэла какетнічала з Малінары, дык што?.. Гэта было ўсяго адзін вечар і скончылася гэткім пагардлівым развітаннем з боку Бэлы, што аж прыкра было глядзець.

Прыгнечанасць пакінула Вакульскага.

– Пані дабрадзейка, не будзем удаваць, што мы не разумеем адно аднаго. Пані ведае, што для мужчыны, які кахае, кабета – святыня, алтар. Слушна ці няслушна, але гэта так. І вось, калі першы-лепшы авантурнік набліжаецца да гэтае святыні, як да крэсла, і абыходзіцца з ёю, як з крэслам, а святыня ледзьве не ў захапленні ад падобнага трактавання, тады… разумее пані?.. Пачынаем дапускаць, што гэты алтар, сапраўды, усяго толькі крэсла. Ясна я выказаўся?..

Пані Вансоўская адкінулася на падушкі каляскі.

– О, пане, аж занадта ясна!.. А што сказаў бы пан, каб какецтва Бэлы было толькі нявіннаю помстаю, хутчэй перасцярогаю?..

– Каму адрасаванаю?

– Пану. Хіба пан не заняты ўвесь час пані Стаўскаю?..

– Я?.. Хто так сказаў?..

– Дапусцім, відавочцы – пані Кшэшоўская, пан Марушэвіч…

Вакульскі схапіўся за галаву.

– І пані верыць у гэта?

– Не, бо запэўніў мяне Ахоцкі, што нічога там няма. Але ці супакоіў хто Бэлу, і ці паверыла яна, гэта ўжо іншая справа.

Вакульскі схапіў яе за руку.

– Дарагая пані, – ціха прамовіў ён, – бяру назад свае словы пра Малінары… Прысягаю пані, што я шаную панну Ізабэлу і вельмі шкадую, што гэтак неразважліва выказваўся… Цяпер я бачу ганебнасць свайго ўчынку…

Ён быў гэтакі ўзрушаны, што пані Вансоўскай стала яго шкада.

– Ну, ну, – прамовіла яна, – няхай пан супакоіцца і не перабольшвае… Слова гонару (хоць кабеты, падобна, не маюць гонару), запэўніваю пана, што наша размова застанецца паміж намі. Зрэшты, я ўпэўненая, Бэла і сама прабачыла б пану яго нястрыманасць. Гэта было несправядліва, але… закаханым прабачаецца і не такая несправядлівасць.

Вакульскі пачаў цалаваць ёй у абедзве рукі, але яна іх вырвала.

– Прашу без заляцанняў да мяне, бо для закаханае кабеты мужчына з’яўляецца алтаром… А цяпер вылазь, пан. Ідзі вось туды, да Бэлы і…

– І што, пані?

– І прызнай, што я ўмею выконваць абяцанні.

Яе голас задрыжаў, але Вакульскі гэтага не заўважыў. Ён выскачыў з карэты і пабег да камяніцы, дзе жылі Ленцкія і каля якое яны якраз спыніліся.

Калі Мікалай адчыніў яму дзверы, ён загадаў паведаміць пра сябе панне Ленцкай. Яна была адна і прыняла яго адразу, зачырванелая і збянтэжаная.

– Так даўно не быў пан у нас, – сказала яна. – Ці не быў пан хворы?..

– Горш, пані, – адказаў ён стоячы. – Я моцна абразіў пані без прычыны…

– Пан – мяне?..

– Так, пані. Я абразіў пані падазрэннем. Я быў, – казаў ён прыглушаным голасам, – я быў на канцэрце ў панства Жэжухоўскіх… І пайшоў адтуль, нават не развітаўшыся з пані… Не хачу болей пра гэта гаварыць… Толькі разумею, што пані мае права не прымаць мяне, як чалавека, не здольнага ацаніць пані… Насмеліўся падазраваць…

Панна Ізабэла глыбока зазірнула яму ў вочы, працягнула руку і сказала:

– Прабачаю… няхай пан сядае.

– Няхай пані не спяшаецца з прабачэннем, бо гэта можа абудзіць ува мне надзею…

Яна задумалася.

– Божа, што ж мне рабіць?.. Няхай ужо мае пан надзею, калі гэта для пана так важна…

– І гэта пані кажа, пані Ізабэла?

– Гэтак, відаць, было прызначана, – адказала яна з усмешкаю.

Ён з жарсцю пацалаваў ёй у руку, якую яна не бараніла, потым адышоў да акна і нешта зняў з шыі.

– Няхай пані прыме гэта ад мяне, – сказаў ён і падаў ёй залаты медальён на ланцужку.

Панна Ізабэла з цікавасцю пачала яго разглядаць.

– Дзіўны прэзент, праўда? – працягваў Вакульскі, адчыняючы медальён. – Бачыць пані гэтую бляшку, лёгкую, як павуцінка? Але гэта каштоўнасць, якое няма ні ў адной скарбніцы свету, гэта зярнятка вялікага адкрыцця, здольнага змяніць чалавецтва. Хто ведае, ці не народзяцца з гэтае бляшкі паветраныя караблі. Але гэта няважна… Аддаючы яе пані, я ўручаю разам і сваю будучыню…

– Дык гэта талісман?

– Амаль. Дзякуючы гэтай рэчы, я гатовы быў выехаць з краю ды ўвесь маёнтак і рэшту жыцця прысвяціць новай працы. Яна магла аказацца пустою стратаю часу, але думка пра яе была адзінаю саперніцаю пані. Адзінаю… – паўтарыў ён з націскам.

– Збіраўся пан пакінуць нас?

– Нават яшчэ сёння раніцою. Таму і аддаю пані гэты амулет. З гэтае хвіліны, апроч пані, няма ўжо мне іншага шчасця на свеце. Засталася мне толькі пані або смерць.

– Калі так, я бяру пана ў няволю, – прамовіла панна Ізабэла і павесіла медальён сабе на шыю, а закладаючы яго ў станік, яна апусціла вочы і пачырванела.

“Які я нягоднік, – падумаў Вакульскі. – І гэткую кабету я падазраваў… Ах, нікчэмнік…”

Калі ён вярнуўся ў краму, дык так ззяў, што пан Ігнацы амаль спалохаўся.

– Што з табою? – спытаў ён.

– Павіншуй мяне. Я нарачоны панны Ізабэлы.

Але Жэцкі замест таго, каб віншаваць, моцна збялеў.

– Я атрымаў ліст ад Мрачэўскага, – сказаў ён праз момант. – Сузін, як ты ведаеш, яшчэ ў лютым выправіў яго ў Францыю.

– І што?.. – перапыніў яго Вакульскі.

– Вось, піша мне з Ліёну, што Людвік Стаўскі жывы і знаходзіцца ў Алжыры, але пад прозвішчам Эрнэста Валтэра. Падобна, гандлюе віном. Год таму нехта яго бачыў.

– Спраўдзім, – адказаў Вакульскі і няспешна занатаваў адрас.

З таго часу кожны вечар ён праводзіў у панства Ленцкіх, нават атрымаў запрашэнне заўсёды абедаць у іх.

Праз некалькі дзён прыйшоў да яго Жэцкі.

– Што, стары! – выгукнуў Вакульскі. – Як там князь Люлю?.. Яшчэ гневаешся на Шлянгбаўма, што наважыўся купіць краму?..

Стары крамнік пахітаў галавою.

– Пані Стаўская, – сказаў ён, – ужо не ў Мілеравай… Прыхварэла… Кажа пра ад’езд з Варшавы… Можа, зайшоў бы ты да іх?..

– Праўда, варта зайсці, – адказаў ён, паціраючы лоб. – Ты размаўляў з ёю пра краму?

– Чаму ж не. Нават пазычыў ёй тысячу дзвесце рублёў.

– Са сваіх сціплых зберажэнняў?.. Чаму было не пазычыць у мяне?..

Жэцкі нічога не адказаў.

А другой гадзіне дня Вакульскі паехаў да пані Стаўскае. Яна моцна зблажэла, яе чароўныя вочы былі вельмі маркотныя і здаваліся яшчэ большымі.

– Што гэта, – спытаў Вакульскі, – я чуў, што пані хоча з’ехаць з Варшавы?

– Так, пане… Муж вернецца, магчыма… – адказала яна глухім голасам.

– Мне Жэцкі казаў, і я, з дазволу пані, пастараюся спраўдзіць тую інфармацыю…

Пані Стаўская заплакала.

– Пан гэткі добры да нас, – прашаптала яна. – Няхай жа пан будзе шчаслівы.

У той самы час пані Вансоўская была з візітам у панны Ізабэлы і даведалася, што Вакульскі стаў яе жаніхом.

– Нарэшце… – прамовіла пані Вансоўская. – Я думала, ты ніколі не наважышся.

– Дык вось табе прыемная неспадзяванка, – адказала панна Ізабэла. – У кожным разе, гэта ідэальны муж: багаты, неардынарны, а перадусім чалавек з галубіным сэрцам. Ён не толькі не раўнівы, але нават перапрашае за свае падазрэнні. Гэта мяне канчаткова раззброіла… У сапраўднага кахання завязаныя вочы. Чаму ты маўчыш?

– Думаю…

– Пра што?

– Вось пра што. Калі ён гэтак ведае цябе, як ты яго, дык вы зусім незнаёмыя.

– Тым больш прыемны будзе мядовы месяц.

– Зычу…

XXXIII. ЗАМІРЭННЕ МУЖА І ЖОНКІ

У сярэдзіне красавіка пані баранеса Кшэшоўская нечакана перайначыла лад жыцця.

Дагэтуль яна днямі займалася толькі тым, што бэсціла Марыяну, пісала лісты да кватарантаў пра засмечаную лесвіцу ды выпытвала вартаўніка – ці не здзёр хто абвестку пра здачу кватэры, ці начуюць прачкі з парыжскае пральні дома або ці не меў да яе нейкае справы паліцыянт. Пры гэтым яна не забывалася нагадваць, каб вартаўнік пільна прыглядаўся да жадаючых пасяліцца ў кватэры на трэцім паверсе, асабліва калі гэта будзе нехта з маладых людзей, найперш – студэнтаў, бо тады ён мусіў казаць, што кватэра ўжо занятая.

– Слухай, Каспер, што я табе кажу, – заканчвала яна. – Страціш месца, калі пракрадзецца сюды які-небудзь студэнт. Хопіць з мяне гэтых нігілістаў, гэтых распуснікаў, гэтых атэістаў, якія зноў навалакуць чарапоў.

Пасля кожнае гэткае канферэнцыі вартаўнік вяртаўся ў сваю каморку, кідаў шапку на стол і крычаў:

– Або павешуся, або не вытрымаю больш з такою гаспадыняю, каб на яе ліха! У пятніцу на кірмаш – вартаўнік ідзі, у аптэку па два разы на дзень – лётай, у пральню – цягніся, і хвароба ведае куды толькі не выпраўляе. Ужо яна мне абвесціла, што буду ездзіць з ёю на могілкі, каб даглядаць магілу!.. Чуў хто на свеце такое?! Сыду на Святога Яна, абы знайшлося каму даць дваццаць рублёў адступнога…

Але ў сярэдзіне красавіка пані баранеса палагаднела.

Паспрыялі гэтаму некаторыя акалічнасці.

Перадусім наведаў яе аднойчы незнаёмы адвакат і ў даверлівай размове пачаў выпытваць, ці пані баранеса ведае што-небудзь пра грашовыя сродкі пана барона… А каб такія недзе існавалі, у чым адвакат, зрэшты, сумняецца, ёй варта было б сказаць, каб выратаваць пана барона ад ганьбы. Бо яго крэдыторы гатовыя ўжо на крайнія меры.

Пані баранеса шчыра запэўніла адваката, што яе сужэнец, пан барон – хоць і нацярпелася яна ад яго гора – ніякіх грошай не мае. Тут у яе пачаліся сутаргі, што змусіла адваката ўцякаць. Але, варта было каплану справядлівасці пакінуць памяшканне, як яна адразу ж паздаравела, паклікала Марыяну і зусім спакойна загадала ёй:

– Трэба, мая Марысю, павесіць свежыя фіранкі, бо ў мяне прадчуванне, што няшчасны наш гаспадар абдумаецца…

Праз некалькі дзён прыйшоў да баранесы сам князь. Яны зачыніліся ў дальнім пакоі і мелі доўгую нараду, падчас якое пані некалькі разоў заходзілася ад плачу і адзін раз самлела. Пра што, аднак, яны гутарылі, гэтага не ведае нават Марыяна. Але пасля таго, як князь пайшоў, баранеса загадала зараз жа паклікаць пана Марушэвіча. Калі той прыбег, яна надзіва лагодна і бясконца ўздыхаючы папрасіла:

– Здаецца мне, пане Марушэвіч, што мой бажаволак муж нарэшце апамятаецца… Дык будзь ласкавы, едзь у горад і купі мужчынскі шлафрок ды пару пантофляў. Памерай на сябе, бо вы абодва, небаракі, сухарлявыя…

Пан Марушэвіч паварушыў бровамі, але ўзяў грошы і зрабіў пакупкі. Кошты – сорак рублёў за шлафрок і шэсць рублёў за пантофлі – падаліся баранесе крыху завышаным, але пан Марушэвіч сказаў, што ён не разбіраецца ў коштах, што купляў ён у самых лепшых крамах, і размова на гэту тэму была скончаная.

А яшчэ праз некалькі дзён на кватэру пані Кшэшоўскае прыйшло двое жыдкоў, пытаючыся, ці дома пан барон… Пані баранеса замест таго, каб накрычаць на іх, па сваёй звычцы, вельмі спакойным тонам загадала ім выйсці за дзверы. Потым яна паклікала Каспера і сказала яму:

– Здаецца мне, каханы Каспер, што наш бедны гаспадар перабярэцца да нас не сёння, дык заўтра. Трэба паслаць сукно на сходах да трэцяга паверха… Толькі глядзі, каб не пакралі прэнты… І сукно давядзецца кожныя некалькі дзён вытрэпваць…

З гэтага часу яна ўжо не сварылася на Марыяну, не пісала лістоў, не турбавала вартаўніка… Толькі хадзіла са скрыжаванымі на грудзях рукамі па сваіх апартаментах, бледная, маўклівая, устрывожаная.

Варта было ёй пачуць, што перад домам затрымліваецца брычка, яна бегла да акна. На кожны званок кідалася да парога і з-за дзвярэй салону прыслухоўвалася, хто размаўляе з Марыянай.

Праз некалькі дзён такога жыцця яна зусім пазелянела з твару і ўжо амаль не панавала над сабою. Бегала яна ўсё шпарчэй па ўсё меншай прасторы, часта кідалася на крэсла або фатэль, бо калацілася сэрца, нарэшце, злегла ў ложак.

– Загадай зняць сукно са сходаў, – сказала яна Марыяне хрыплым голасам. – Пану зноў, відаць, нейкі латруга грошай пазычыў…

Не паспела яна гэта сказаць, як пачуўся працяглы званок у дзверы. Пані баранеса паслала Марыяну адчыняць, а сама, хоць і балела ёй галава, кінулася апранацца. Ад хвалявання ўсё валілася ў яе з рук.

Тым часам Марыяна, не здымаючы ланцужка, прыадчыніла дзверы і ўбачыла на пляцоўцы нейкага вельмі моднага ягамосця з ядвабным парасонам і валізкай у руках. За ягамосцем, які, нягледзячы на старанна зголеныя вусы ды буйныя фаварыты, нагадваў камердынера, стаялі насільшчыкі з куфэркамі ды клункамі.

– Што гэта? – няўцямна спытала служанка.

– Адчыніць дзверы! Абедзве палавіны!.. – распарадзіўся ў адказ ягамосць з валізкай. – Рэчы пана барона і мае…

Дзверы былі адчыненыя, ягамосць загадаў насільшчыку занесці куфэркі ды клункі ў вітальню і спытаў:

– Дзе тут кабінет яснага пана?..

У гэты момант прыбегла расхрыстаная баранеса ў шлафроку і з раскудлачанымі валасамі.

– Што тут?.. – устрывожана запыталася яна. – А, гэта ты, Леон… А дзе пан?..

– Здаецца, ясны пан у Стэпка[237]… Я хацеў скласці рэчы, але не ведаю, дзе кабінет пана і пакой для мяне.

– Пачакай… – казала баранеса ў вялікім хваляванні. – Зараз Марыяна вызваліць месца на кухні, дык ты там…

– Я – на кухні?.. – спытаў ягамосць, названы Леонам. – Ясна пані, хіба, жартуе. Паводле ўмовы з панам, я мушу мець уласны пакой…

Баранеса змяшалася.

– Што я кажу!.. Ведаеш, Леоне, засяляйся пакуль на чацвёрты паверх, у кватэру, дзе былі студэнты…

– Гэта я разумею, – адказаў Леон. – Калі там ёсць пару пакойчыкаў, дык магу жыць разам з кухарам…

– З якім кухарам?

– Бо без кухара панству не абысціся. Нясіце гэтыя рэчы наверх, – звярнуўся ён да насільшчыкаў.

– Што вы робіце?.. – крыкнула баранеса, бо ўбачыла, што тыя забіраюць усе куфэркі ды клункі.

– Яны забіраюць мае рэчы. Нясіце! – камандаваў Леон.

– А дзе ж рэчы пана барона?..

– Вось, калі ласка… – адказаў слуга і падаў Марыяне валізку ды парасон.

– А пасцель?.. А гардэроб?.. А ўсё астатняе?.. – закрычала пані, заломваючы рукі.

– Няхай бы ясная пані не бушавала пры слугах! – сурова заўважыў Леон. – Усё гэта ў яснага пана павінна быць дома…

– Праўда… праўда!.. – ціха прамовіла прысаромленая баранеса.

Засяліўшыся ў пакой наверсе, куды яму яшчэ мусілі занесці ложак, стол, пару крэслаў і балею са збанам вады, пан Леон прыбраўся ў фрак, свежую кашулю (крыху цеснаватую), белы гальштук, вярнуўся да пані баранесы і важна сеў ў вітальні.

– Праз паўгадзіны ясны пан мусіць прыйсці, – сказаў ён Марыяне, пазіраючы на залаты гадзіннік, – бо ад чацвёртае да пятае гадзін ён звычайна спіць. Што ж, нудна тут панне? Ну, але я панну развесялю…

– Марыяна!.. Марыяна!.. Хадзі сюды!.. – загукала са свайго пакоя баранеса.

– Куды, панна, ляціш? – спытаў Леон. – Старой, хіба, не гарыць… Няхай крыху пачакае…

– Але я баюся, яна страшна злосная, – шаптала Марыяна, вырываючыся ў яго з рук.

– Яна злосная, бо панна сама яе распесціла. Ім дай волю, дык яны чалавека насмерць заганяюць… З баронам панне будзе лягчэй, бо ён аматар… Але апрануцца, панна, мусіш іначай, бо на манашку падобная. Мы не любім законніц.

– Марыся!.. Марыся!..

– Ну ідзі ўжо, панна, толькі не спяшайся, – дазволіў ёй Леон.

Насуперак прадказанням Леона, барон прыйшоў да жонкі не а чацвёртай, а толькі а пятай гадзіне.

Быў ён у новай тужурцы і свежым капелюшы, у руках трымаў кіёк са срэбранаю конскаю нагою. Твар у яго быў спакойны, але верны слуга пад удаваным спакоем угледзеў моцнае хваляванне. Ужо ў вітальні пенснэ два разы звалілася ў барона з носа, а левае павека торгалася часцей, чым нават падчас двубою, або калі ён збіраўся ўдарыць па більярдным шары.

– Паведамі пра мяне пані баранесе, – сказаў барон Кшэшоўскі трохі глухаватым голасам.

Леон адчыніў дзверы салона і выгукнуў амаль грозна:

– Ясны пан!..

А калі барон увайшоў, ён зачыніў за ім дзверы, прагнаў Марыяну, якая прыбегла з кухні, і сам стаў падслухоўваць.

Пані баранеса сядзела з кніжкаю на канапе, а калі ўбачыла барона, прыўзнялася. Барон даў ёй глыбокі паклон, яна хацела пакланіцца ў адказ, але замест гэтага зноў упала на канапу.

– Мужу мой… – прашаптала яна, закрываючы твар рукамі. – О! Што ты робіш…

– Прыкра мне вельмі, – сказаў барон, кланяючыся другі раз, – што выказваю пані сваю пашану пры такіх абставінах…

– Я гатова ўсё прабачыць, калі…

– Гэта робіць гонар нам абаім, – абарваў яе барон, – бо і я гатовы забыцца на усё кепскае, што пані мне зрабіла. На бяду, пані мела неасцярожнасць злоўжываць маім прозвішчам, якое, хоць і не запісалася на старонках сусветнае гісторыі, аднак заслугоўвае ашчаднага да сябе стаўлення.

– Прозвішчам?.. – паўтарыла баранеса.

– Так, пані, – адказаў барон, кланяючыся трэці раз, па-ранейшаму з капелюшом у руцэ. – Даруе мне пані, што я закранаю гэту непрыемную тэму, але… З пэўнага часу маё прозвішча фігуруе ва ўсіх судах… У гэты момант, напрыклад, надумала пані завесці ажно тры працэсы: два з кватарантамі, а адзін з былым адвакатам, які, не ў крыўду яму кажучы, скончаны латруга.

– Але ж, мужу! – закрычала баранеса, зрываючыся з канапы. – У цябе ж самога на сённяшні дзень адзінаццаць працэсаў з-за трыццаці тысяч рублёў доўгу…

– Перапрашаю!.. У мяне сямнаццаць працэсаў з-за трыццаці дзевяці тысяч рублёў доўгу, калі памяць мяне не падманвае. Але гэта працэсы з-за даўгоў. Сярод іх няма ніводнага, які б я пачаў супраць пачцівае кабеты за крадзеж лялькі… Сярод маіх грахоў няма ніводнага ананімнага пісьма, якое б няславіла нявінную асобу, і ніхто з маіх крэдытораў не мусіў уцякаць з Варшавы, выгнаны хлуслівымі абвінавачваннямі, як гэта здарылася з нейкаю пані Стаўскаю, дзякуючы старанням пані баранесы Кшэшоўскае…

– Стаўская была тваёю каханкай…

– Перапрашаю. Сцвярджаць, што не шукаў яе прыхільнасці, я не буду, але клянуся гонарам: гэта самая шляхетная кабета, якую мне давялося сустрэць у жыцці. Няхай пані не абражаецца за ўсхваленне іншае асобы, і няхай пані мне верыць, нават мае… мае захады яна пакінула без адказу. А я, пані баранеса, маю гонар ведаць кабет, дык… маё сведчанне нешта значыць…

– Дык чаго ты хочаш, муж мой? – спытала пані баранеса цвёрдым ужо голасам.

– Я хачу… бараніць прозвішча, якое мы абое носім. Хачу… каб у гэтым доме шанавалі баранесу Кшэшоўскую. Хачу скончыць працэсы і апекавацца пані… Каб мець магчымасць выканаць гэтыя намеры, я вымушаны прасіць у пані гасціннасці. А калі ўсё будзе ўпарадкавана…

– Пакінеш мяне?

– Пэўна.

– А твае даўгі?

Барон прыўстаў з крэсла.

– Мае даўгі няхай пані не турбуюць, – адказаў ён тонам глыбокага пераканання. – Калі пан Вакульскі, звычайны шляхціц, змог цягам некалькіх гадоў зарабіць мільёны, дык чалавек з маім прозвішчам здолее сплаціць сорак тысяч доўгу. І я пакажу, што ўмею працаваць…

– Ты хворы, муж мой, – адказала баранеса. – Ты ведаеш, я паходжу з сям’і, якая зарабіла свой маёнтак, і таму кажу, ты не зможаш зарабіць нават на ўласнае ўтрыманне. Нават на тое, каб пракарміць самага ўбогага чалавека!..

– Дык пані адмаўляецца ад мае апекі, якую я прапаную па просьбе князя і клапоцячыся пра фамільны гонар?

– Але чаму!.. Займіся ж, нарэшце, мною, бо да гэтае пары…

– Што да мяне, – перапыніў яе барон з чарговым паклонам, – я пастараюся забыць мінулае…

– Ты даўно ўжо яго забыў… Нават не быў на магіле нашае дачкі…

Гэткім чынам барон пасяліўся ў кватэры сваёй жонкі. Ён спыніў працэсы з кватарантамі, былому адвакату баранесы паведаміў, што загадае даць яму бізуноў, калі той выкажацца калі-небудзь без належнае пашаны пра сваю кліентку, да пані Стаўскае напісаў ліст з прабачэннямі і паслаў ёй (аж пад Чанстахову) вялізны букет. Нарэшце, ён наняў кухара і разам з жонкаю склаў візіты розным асобам з таварыства, але спачатку сказаў Марушэвічу – а той разнёс гэта па ўсім горадзе – што калі нехта з дам не з’явіцца з візітам у адказ, барон адразу ж запатрабуе ад яе мужа сатысфакцыю.

У салонах дзікія прэтэнзіі барона выклікалі абурэнне, аднак візіты панству Кшэшоўскім зрабілі, і амаль усе сталі падтрымліваць з імі стасункі.

У сваю чаргу пані баранеса – што з яе боку было довадам надзвычайнае далікатнасці – нічога нікому не кажучы, сплаціла даўгі мужа. З некаторымі крэдыторамі яна сварылася, перад іншымі плакала, амаль усім недадала нейкую суму, спасылаючыся на ліхвярскія працэнты, і хоць злавалася, але плаціла.

У асобнай шуфлядзе яе стала сабралася ўжо пару фунтаў вэксаляў яе мужа, калі здарыўся наступны выпадак.

Крама Вакульскага ў ліпені мусіла перайсці ва ўласнасць Генрыка Шлянгбаўма, а з-за таго, што новы гаспадар не жадаў браць на сябе ані даўгоў, ані вэксаляў ранейшае фірмы, дык пан Жэцкі ў спешным парадку падбіваў усе рахункі.

Сярод іншых даўжнікоў аказаўся і барон Кшэшоўскі, якому ён даслаў напамін пра некалькі сотняў рублёў з просьбаю хутчэй адказаць.

Напамін, як і ўсе гэткага кшталту паперы, трапіў у рукі баранесе, якая замест таго, каб заплаціць, напісала Жэцкаму ў рэзкай форме адказ з намёкамі на шахрайства ды несумленнасць пры пакупцы кабылы і гэтак далей.

Акурат праз дваццаць чатыры гадзіны пасля таго, як гэты ліст быў адпраўлены, дадому да панства Кшэшоўскіх прыйшоў Жэцкі і заявіў, што хоча бачыць барона.

Барон прыняў яго вельмі ветліва, хоць і быў прыкметна здзіўлены, калі заўважыў, што былы секундант яго праціўніка моцна раззлаваны.

– Я прыйшоў да пана з прэтэнзіяй, – пачаў стары крамнік. – Нядаўна я дазволіў сабе даслаць пану рахунак…

– А, так… я нешта павінен панам… Колькі ж?..

– Дзвесце трыццаць шэсць рублёў і трынаццаць капеек…

– Заўтра пастараюся заплаціць…

– Гэта не ўсё, – спыніў яго Жэцкі. – Бо ўчора ад шаноўнае жонкі пана я атрымаў вось гэты ліст…

Барон прачытаў пададзеную яму паперыну, задумаўся і адказаў:

– Мне вельмі прыкра, што баранеса выказваецца гэтак недыпламатычна, але... наконт кабылы яна мае рацыю… Пан Вакульскі (за што я, зрэшты, на яго не крыўдую), сапраўды, даў мне за кабылу шэсцьсот, а распіску ўзяў на восемсот рублёў.

Жэцкі пазелянеў ад злосці.

– Пане бароне, я вельмі шкадую, што гэтак здарылася, але… адзін з нас з’яўляецца ахвяраю містыфікацыі!.. І вось доказ…

Ён дастаў з кішэні два аркушы і адзін з іх падаў Кшэшоўскаму. Барон прагледзеў яго і закрычаў:

– Дык гэта той латруга Марушэвіч?.. Але ж гонарам клянуся, ён аддаў мне толькі шэсцьсот рублёў ды яшчэ распінаўся пра карыслівасць пана Вакульскага…

– А гэта?.. – спытаў Жэцкі, падаючы другую паперку.

Барон агледзеў дакумент з усіх бакоў. Вусны ў яго збялелі.

– Цяпер мне ўсё зразумела, – сказаў ён. – Гэта падробленая Марушэвічам распіска. Я не пазычаў грошай у пана Вакульскага!..

– Тым не менш, пані баранеса назвала нас шахраямі.

Барон падняўся з фатэля.

– Прабач, пан, – сказаў ён. – Ад імя жонкі я ўрачыста прашу прабачэння і, незалежна ад сатысфакцыі, якую гатовы даць панам, зраблю ўсё неабходнае, каб залагодзіць крыўду, учыненую пану Вакульскаму… Так, пане. Я зраблю візіты ўсім сваім знаёмым і заяўлю ім, што пан Вакульскі – джэнтльмен, што ён заплаціў за кабылу восемсот рублёў, і мы абодва сталі ахвярамі інтрыгана Марушэвіча. Кшэшоўскія, пане… пане…

– Жэцкі.

– Шаноўны пане Жэцкі, Кшэшоўскія ніколі і нікога не зневажалі. Маглі памыляцца, але ад няведання, пане…

– Жэцкі.

– Шаноўны пане Жэцкі.

На гэтым размова скончылася. Бо стары крамнік, хоць барон і настойваў, не захацеў больш слухаць апраўданняў і сустракацца з пані баранесай.

Барон, правёўшы Жэцкага, не мог стрымацца, каб у вітальні не азвацца да Леона:

– Гэтыя купцы, аднак, людзі з гонарам.

– Маюць гатоўку, ясны пане, маюць крэдыт, – адказаў Леон.

– Дурань!.. Дык мы ўжо і гонару не маем, як няма крэдыту?..

– Маем, ясны пане, але іншы.

– Спадзяюся, не купецкі!.. – ганарліва адказаў барон.

І загадаў падаць сабе гарнітур для візітаў.

Адразу ад барона Жэцкі накіраваўся да Вакульскага і падрабязна распавёў таму пра махінацыю Марушэвіча, пра скруху барона і, нарэшце, аддаў два фальшывыя дакументы з парадаю звярнуцца ў суд.

Вакульскі слухаў яго з сур’ёзным выглядам, нават ківаў галавою, але глядзеў невядома куды і думаў невядома пра што.

Стары крамнік зразумеў, што няма чаго больш тут рабіць, развітаўся са сваім Стахам і з парога сказаў:

– Я бачу, ты страшэнна заняты, дык лепш адразу даручы справу адвакату.

– Добра… добра… – адказаў Вакульскі, не разумеючы ні слова з таго, што кажа пан Ігнацы.

Якраз у гэты момант ён думаў пра руіны заслаўскага замка, сярод якіх упершыню ўбачыў слёзы ў вачах панны Ізабэлы.

“Якое высакародства!.. Якая далікатнасць пачуццяў!.. Яшчэ не хутка я спазнаю ўсе скарбы гэтае цудоўнае душы…”

Ён па два разы на дзень бываў у пана Ленцкага, а калі не ў яго, дык прынамсі, там, дзе мог спаткацца з паннаю Ізабэлаю, дзе мог бачыць яе і замяніць з ёю хоць пару слоў. Гэтага яму на сённяшні дзень хапала, а пра будучыню ён не смеў і думаць.

“Здаецца, памру каля яе ног… – казаў ён сам сабе. – Ну і што?.. Памру, гледзячы на яе і, можа, цэлую вечнасць буду яе бачыць. Хто ведае, ці будучае жыццё не заключаецца ў апошнім адчуванні чалавека?..”

І ён паўтараў следам за Міцкевічам:

Так да сканчэння свету я прасплю,

А ў Судны дзень, калі затрубяць трубы,

Ты ціха сыдзеш з неба на зямлю,

Каб разбудзіць таго, хто сэрцу любы.

І здасца мне, што не прайшлі вякі, –

Зусім нядаўна я цябе пакінуў, –

Загледзеўся ў вачэй тваіх блакіт

І задрамаў на нейкую хвіліну[238].

Праз некалькі дзён зайшоў да яго барон Кшэшоўскі.

– Я быў у пана ўжо два разы! – абвясціў ён, прымайстроўваючы на месца пенснэ, якое, здаецца, было галоўным клопатам яго жыцця.

– Пан?.. – перапытаў Вакульскі, прыгадваючы раптам аповед Жэцкага і знойдзеныя ўчора на стале дзве візітоўкі барона.

– Здагадваецца пан, чаго я прыйшоў? – працягваў барон. – Пане Вакульскі, ці магу я перапрасіць пана за міжвольна ўчыненую крыўду?..

– Ні слова, бароне!.. – спыніў Вакульскі і абняў яго. – Гэта дробязь. Зрэшты, каб і ўтаргаваў я на панскай кабыле дзвесце рублёў, дык навошта было мне хаваць гэта?

– Праўда!.. – адказаў барон і пастукаў сябе па лбе. – Як мне раней не прыйшла ў галаву такая думка… А, наконт заробку, ці не падказаў бы мне пан хуткага спосабу ўзбагаціцца? Мне неабходна сто тысяч рублёў цягам года…

Вакульскі ўсміхнуўся.

– Смешна пану кузіну (мяркую, магу ўжо пана так называць?). Смешна, але сам пан здабыў мільёны за два гады сумленным чынам...

– Менш, чым за два, – удакладніў Вакульскі. – Але гэта капітал не зароблены, а выйграны. Выйграваў я некалькі дзясяткаў разоў запар, дублюючы стаўку, як шулер, а ўся мая заслуга, што іграў не фальшывымі картамі.

– Дык і тут пашанцавала! – крыкнуў барон, абрываючы пенснэ. – А мне, дарагі кузін, ні на грош не шанцуе. Палову маёнтка я прайграў, другую палову змарнаваў на кабетак і – хоць у лоб сабе стрэль!..

Не, мне ніколі не шанцуе!.. Вось і цяпер. Я спадзяваўся, што гэты асёл Марушэвіч збаламуціць баранесу… Меў бы я тады спакой дома!.. Якая б яна стала паблажлівая да маіх дробных грашкоў… Але што?! Баранеса і не думае мне здраджваць, а таго блазна чакаюць арыштанцкія роты… Прашу цябе, пасадзі яго абавязкова, бо ўжо і мяне нудзіць ад яго махлярства.

– Дык, – скончыў ён, – паміж намі згода. Ледзь не забыў! Я наведаў усіх знаёмых, да якіх маглі дайсці мае неабачлівыя словы пра кабылу, і дакладна ім усё растлумачыў… Марушэвічу дарога ў турму, там яму і месца, а без яго ў мяне застанецца на пару тысяч рублёў больш… Быў я таксама ў пана Тамаша і панны Ізабэлы і таксама растлумачыў гэта непаразуменне… Страх, як той латруга навучыўся выціскаць з мяне грошы! Ужо год нічога ў мяне няма, а ён, аднак, працягвае ў мяне пазычаць. Геніяльны махляр!.. Баюся, што калі яго не асудзяць на катаргу, мне ад яго не адчапіцца. Да пабачэння, кузіне.

Не прайшло і дзесяці хвілін пасля сыходу барона, як слуга паведаміў Вакульскаму, што прыйшоў нейкі пан, які неадкладна хоча яго бачыць, але не называе сваё прозвішча.

“Няўжо Марушэвіч?..” – падумаў Вакульскі.

Сапраўды, увайшоў Марушэвіч. Быў ён бледны, вочы яго палалі.

– Пане! – панура пачаў ён, зачыняючы за сабою дзверы кабінета. – Ты бачыш перад сабою чалавека, які пастанавіў…

– Што ж пан пастанавіў?

– Пастанавіў скончыць жыццё… Цяжкі гэты момант, але што зробіш? Гонар…

Ён уздыхнуў і ўзбуджана працягваў:

– Мог бы я, праўду кажучы, спачатку забіць пана, які вінаваты ў маім няшчасці.

– О, дык прашу пана не цырымоніцца, – сказаў Вакульскі.

– Пан жартуе, а ў мяне насамрэч пры сабе зброя, і я гатовы…

– Ну дык выпрабуй, пан, сваю гатовасць.

– Пане, гэтак не размаўляюць з чалавекам, які стаіць над магілаю. Я прыйшоў толькі дзеля таго, каб давесці пану, што, нягледзячы на ўсе свае памылкі, маю высакароднае сэрца.

– Дык чаму ж пан стаіць над магілаю? – спытаў Вакульскі.

– Каб захаваць гонар, якога пан хоча мяне пазбавіць.

– О!.. Пакінь сабе, пан, гэты каштоўны скарб, – адказаў Вакульскі і дастаў са стала фатальныя дакументы. – Ты пра гэтыя паперы?

– Пан яшчэ пытае?! Пан кпіць з мае роспачы!

– Пане Марушэвіч, – працягваў Вакульскі, праглядаючы паперы, – не сакрэт, што зараз зручны момант прачытаць пану натацыю або на нейкі час пакінуць пана ў няпэўнасці. Але абодва мы ўжо паўналетнія, дык…

Ён падраў паперы і шматкі аддаў Марушэвічу.

– Дык няхай пан захавае гэта сабе на памяць.

Марушэвіч кінуўся перад ім на калені.

– Пан дараваў мне жыццё!.. – закрычаў ён. – Мая ўдзячнасць…

– Не смяшы, пан, людзей, – спыніў яго Вакульскі. – За панскае жыццё я спакойны, бо ўпэўнены, што трапіш некалі ў турму. Іншая рэч, што я не жадаю спрыяць гэтаму падарожжу.

– О, пан не мае літасці! – адказаў Марушэвіч, машынальна атрасаючы штаны. – Адно зычлівае слова, адзін цёплы поціск рукі, можа, скіраваў бы мяне на іншы шлях. Але пан на гэта не здольны…

– Ну, я развітваюся з панам. Абы пан не даўмеўся калі-небудзь падпісацца маім прозвішчам, бо тады… Разумее пан?

Марушэвіч выйшаў абражаны.

“Гэта для цябе, для цябе, каханая. Адным вязнем сёння стала менш. Страшная рэч зняволіць некага, нават злодзея і ашуканца”, – падумаў Вакульскі.

Хвіліну яшчэ ён змагаўся з сабою. То дакараў сябе, што мог вызваліць свет ад махляра і не зрабіў гэтага. То зноў думаў, што сталася б з ім, каб яго самога зняволілі, адарвалі ад панны Ізабэлы на цэлыя месяцы, можа, на гады.

“Які жах ніколі ўжо не бачыць яе… Хто, зрэшты, ведае, ці не ў міласэрнасці сапраўдная справядлівасць?.. Які я раблюся сентыментальны!..”

XXXIV. TEMPUS FUGIT, AETERNITAS MANET[239]

Хоць размова з Марушэвічам адбывалася сам-насам, аднак вестка разышлася… Вакульскі расказаў усё Жэцкаму і загадаў выкрасліць з кнігі ўяўны доўг барона. А Марушэвіч расказаў барону і дадаў, што барон не павінен ўжо на яго гневацца, бо доўг скасаваны, і ён, Марушэвіч, мае намер выправіцца.

– Я адчуваю, – уздыхаў ён, – што мог быць іншым, каб у мяне было хоць тры тысячы рублёў у год… Ганьба свету, дзе такія, як я, людзі марнуюцца!..

– Ну, досыць ужо табе, Марушэвіч, – супакойваў яго барон. – Я люблю цябе, але ж усе мы ведаем, што ты махляр.

– А ты зазіраў, барон, у маё сэрца?.. Ведаеш, што я адчуваю?.. О, каб існаваў нейкі трыбунал, які ўмее чытаць у чалавечых душах, паглядзелі б мы, хто з нас лепшы: я ці тыя, хто мяне асуджае ды зневажае!..

У выніку і Жэцкі, і барон, і князь ды некалькі графаў, даведаўшыся пра “новы выбрык” Марушэвіча, прызналі, што Вакульскі паступіў шляхетна, але не па-мужчынску.

– Вельмі прыгожы чын, – казаў князь, – але… не ў стылі Вакульскага. Ён здаваўся мне адным з тых людзей, якія ўяўляюць у грамадстве сілу, што творыць дабро і карае нягоднікаў. Абысціся з Марушэвічам так, як Вакульскі, мог кожны ксёндз… Баюся, гэты чалавек траціць сваю энергію.

Насамрэч Вакульскі не страціў энергіі, але шмат у чым змяніўся. Напрыклад, крамаю ён не займаўся, нават адчуваў агіду да яе, бо тытул галантарэйнага купца шкодзіў яму ў вачах панны Ізабэлы. Але ён пачаў больш займацца суполкаю гандлю з імперыяй, бо яна прыносіла вялікі даход, і гэтым павялічвала маёнтак, які ён збіраўся ахвяраваць панне Ізабэле.

З тае хвіліны, калі ён папрасіў рукі і атрымаў згоду, апанавала яго дзіўнае замілаванне і спагадлівасць. Яму здавалася, што ён не толькі не мог зрабіць нікому прыкрасці, але нават сам не мог бараніцца ад крыўдаў, калі яны не тычыліся, вядома, панны Ізабэлы.

Затое ён адчуваў неадольную патрэбу рабіць дабро іншым. Апроч запісу ў тастаменце на карысць Жэцкага, ён прызначыў Лісецкаму і Клейну, сваім былым крамнікам, па чатыры тысячы рублёў у якасці кампенсацыі за тую шкоду, якую зрабіў ім, прадаўшы краму Шлянгбаўму. Прызначыў ён таксама каля дванаццаці тысяч рублёў інкасатарам, кур’ерам, парабкам і фурманам.

Венгельку ён не толькі справіў гучнае вяселле, але да сумы, раней паабяцанай маладым, дадаў яшчэ некалькі сотняў рублёў. Дачку фурмана Высоцкага, якая гэтым часам якраз нарадзілася, ён трымаў да хросту, а калі ўвішны бацька даў дзіцяці імя Ізабэла, Вакульскі паклаў ёй пяцьсот рублёў на пасаг.

Імя гэта было яму вельмі дарагое. Не раз, калі сядзеў у адзіноце, ён браў паперу і аловак ды без канца пісаў: Ізабэла… Іза… Бэла… а потым спальваў паперчыну, каб імя каханае не трапіла ў чужыя рукі. Быў у яго намер купіць пад Варшаваю невялікі фальварак, пабудаваць там вілу і назваць Ізабэліным. Ён прыгадаў, як падчас яго вандровак па гарах Уралу адзін навуковец знайшоў новы мінерал і раіўся з ім, як яго назваць. І ён дакараў сябе, што, не ведаючы тады панны Ізабэлы, не дадумаўся, аднак, назваць яго ізабелітам. Нарэшце, калі ён прачытаў у газетах пра адкрыццё новае планетоіды, вынаходнік якое таксама меў клопат з назваю, вырашыў прызначыць вялікую ўзнагароду таму з астраномаў, хто адкрые новае нябеснае цела і назаве яго Ізабэла.

Неадольная прывязанасць да аднае кабеты не вызваляла, аднак, ад думак пра іншую. Часам ён прыгадваў пані Стаўскую. Ён ведаў, што яна гатовая была ахвяраваць дзеля яго ўсім, і чуў нешта падобнае да папрокаў сумлення.

“Ну што ж тут зробіш?.. – казаў ён сабе. – Хіба я вінаваты, што кахаю гэту, а тая… Няхай бы яна забылася на мяне і была шчаслівая”.

Так ці іначай, але ён пастанавіў забяспечыць яе будучыню і атрымаць звесткі пра яе мужа.

“Няхай хоць не мае клопату пра заўтрашні дзень… І пасаг хай будзе дзіцяці…”

Амаль кожны дзень ён бачыў панну Ізабэлу ў атачэнні моладзі ды людзей сталых. Але яго не ўражвалі больш ані заляцанні мужчын, ані яе позіркі ды ўсмешкі.

“Гэткая ў яе натура, – думаў ён. – Яна не ўмее ані ўсміхацца, ані глядзець іначай. Яна, як кветка або сонца, якое міжвольна робіць шчаслівымі ўсіх, усіх зачароўвае прыгажосцю”.

Аднойчы ён атрымаў тэлеграму з Заслаўка з выклікам на пахаванне старшынёвай.

– Памерла?.. – прашаптаў ён. – Як шкада гэтае шляхетнае кабеты!.. Чаму я не наведаў яе перад смерцю?..

Ён засмуціўся, спахмурнеў, але – не паехаў на пахаванне старой, што гэтак зычліва да яго паставілася. Не меў адвагі расстацца з паннай Ізабэлай нават на некалькі дзён…

Ён ужо разумеў, што не належыць сам сабе, што ўсе яго думкі, пачуцці і прагненні, усе яго памкненні і надзеі прыкаваныя да гэтае адзінае кабеты. Каб яна памерла, яму не спатрэбілася б забіваць сябе, яго душа сама адляцела б за ёю, як птушка, што на хвіліну прысела адпачыць на галіне. Зрэшты, ён нават не гаварыў ёй пра каханне, як не гавораць пра вагу цела ці пра тое паветра, якое напаўняе чалавека і акружае з усіх бакоў. Калі цягам дня здаралася яму падумаць не пра яе, а пра нешта іншае, ён скаланаўся ад здзіўлення, як чалавек, што цудам апынуўся ў незнаёмай мясцовасці.

Гэта было не каханне, а экстаз.

Аднойчы, ужо ў маі, паклікаў яго пан Ленцкі.

– Уяві сабе, – сказаў ён Вакульскаму, – мы мусім ехаць у Кракаў. Гартэнзія хворая, хоча бачыць Бэлу (здаецца, справа аб спадчыне), ну і, вядома, яна рада была б пазнаёміцца з табою… Можаш ехаць з намі?..

– У любы момант, – адказаў Вакульскі. – Дык калі?

– Мусілі ехаць сёння, але адкладзецца, пэўна, да заўтра.

Вакульскі абяцаў быць заўтра гатовы. Калі ён развітаўся з панам Тамашам і зайшоў да панны Ізабэлы, дык даведаўся ад яе, што ў Варшаве знаходзіцца Старскі…

– Бедны хлапчына! – смяялася яна. – Атрымаў ад старшынёвай толькі дзве тысячы рублёў у год і дзесяць тысяч з цёплае рукі. Я раю яму з карысцю ажаніцца, але ён лічыць лепшым ехаць у Вену, а адтуль, відаць, у Монтэ-Карла… Я прапанавала, каб ён ехаў з намі. Будзе весялей, праўда?..

– Вядома, – адказаў Вакульскі, – пагатоў мы возьмем асобны вагон.

– Дык да заўтра!

Вакульскі ўпарадкаваў самыя пільныя справы, замовіў на чыгунцы салон-вагон да Кракава, і каля восьмае, адправіўшы свае рэчы, быў у панства Ленцкіх. Яны ўтраіх выпілі гарбаты і а дзясятай гадзіне накіраваліся на чыгунку.

– Дзе ж пан Старскі? – спытаў Вакульскі.

– Ці я ведаю? – адказала панна Ізабэла. – Можа, ён зусім не паедзе, гэткі бесклапотны!

Яны ўжо сядзелі ў вагоне, але Старскага ўсё яшчэ не было. Панна Ізабэла кусала вусны, кожную хвіліну выглядала ў акно. Нарэшце, пасля другога званка пан Старскі паказаўся на пероне.

– Мы тут, тут!.. – загукала панна Ізабэла.

Але малады чалавек не пачуў яе, дык Вакульскі выбег і прывёў яго ў вагон.

– Я ўжо думала, што пан не прыйдзе, – сказала панна Ізабэла.

– Яшчэ крыху, і было б гэтак, – адказаў Старскі, вітаючыся з панам Тамашам. – Я быў у Кшэшоўскага і, можа сабе кузіна ўявіць, ад другое дня да дзявятае вечара мы гулялі…

– І, вядома, пан прайграў.

– Вядома… Шчасце ўцякае ад такіх, як я… – скончыў ён, пазіраючы на яе.

Панна Ізабэла злёгку пачырванела.

Цягнік рушыў. Старскі сеў злева ад панны Ізабэлы і пачаў гутарку з ёю напалову па-польску, напалову па-англійску, усё часцей збіваючыся на англійскую. Вакульскі сядзеў справа ад панны Ізабэлы, але, не жадаючы перашкаджаць размове, устаў і перасеў да пана Тамаша.

Пан Ленцкі, крыху хвараваты, апрануў хавялок[240], захутаўся ў плед ды яшчэ ўкрыў коўдраю ногі. Ён загадаў пазачыняць усе вокны ў вагоне, прыцямніць лямпы, якія яму рэзалі вочы, і збіраўся ўжо спаць, нават адчуваў, што яго морыць сон, але загаварыў з Вакульскім і доўга апавядаў яму пра сваю сястру Гартэнзію, якая была ў маладосці вельмі прывязаная да яго, пра Напалеона ІІІ, які з ім некалькі разоў загаварыў, пра далікатнасць і амурныя справы Віктара Імануэля ды пра мноства іншых рэчаў.

Вакульскі ўважліва слухаў яго да Прушкава. За Прушкавам стомлены і манатонны голас пана Тамаша пачаў яго мучыць. Затое ўсё больш выразна чулася яму размова панны Ізабэлы са Старскім, якую яны вялі па-англійску. Ён разабраў некалькі слоў, якія яго зацікавілі, і задаўся пытаннем: ці не належала б перасцерагчы іх, што ён разумее па-англійску.

Ён хацеў ужо ўстаць, як выпадкова зірнуў у супрацьлеглую шыбу вагону і ўбачыў у ёй, як у люстэрку, слабы адбітак панны Ізабэлы і Старскага. Сядзелі яны вельмі блізка адзін да аднаго, абое расчырванелыя, хоць размаўлялі гэткім лёгкім тонам, нібы пра нешта неістотнае.

Вакульскі, аднак, заўважыў, што абыякавы тон не адпавядае зместу размовы. Ён нават адчуваў, што гэтай нязмушанасцю яны хочуць некага ўвесці ў зман. І ў гэты момант, першы раз, як ён зазнаў панну Ізабэлу, мільганулі яму ў думках страшныя словы: “Фальш!.. фальш!..”

Ён прыціснуўся да вагоннае канапы, глядзеў у шыбу і – слухаў. Яму здавалася, што кожнае слова Старскага і панны Ізабэлы падае яму на твар, на галаву, на грудзі, як кроплі алавянага дажджу…

Ён ужо не думаў пра тое, каб перасцерагчы іх, што разумее іх гутарку, а толькі слухаў і слухаў…

Цягнік ужо ад’ехаў ад Радзівілова, і першая фраза, якая прыцягнула ўвагу Вакульскага, была такая:

– Можаш папракнуць яго чым заўгодна, – казала панна Ізабэла па-англійску. – Ён не малады, не элегантны, затое ён сентыментальны, часамнават нудны, але каб хцівы… Досыць таго, што нават тата называе яго занадта шчодрым.

– А справа з панам К.? – заўважыў Старскі.

– Пра скакавую кабылу?.. Як адразу відаць, што ты вяртаешся з правінцыі. Нядаўна быў у нас барон і сказаў, што якраз у гэтай справе пан, пра якога мы гаворым, паступіў як джэнтльмен.

– Ніякі джэнтльмен не спусціў бы ашуканцу, каб не меў з ім нейкіх закулісных спраў, – усміхнуўся Старскі.

– А барон колькі разоў усё спускаў яму? – спытала панна Ізабэла.

– Барон якраз і мае розныя грашкі, пра якія ведае пан М. Кепска ты бароніш сваіх пратэже, кузіна, – здзекліва сказаў Старскі.

Вакульскі прыціснуўся да канапы вагона, каб не сарвацца з месца і не даць Старскаму поўху. Але стрымаўся.

“Кожны мае права асуджаць іншых, – думаў ён. – Зрэшты, пабачым, што будзе далей!..”

Некалькі хвілін ён чуў толькі туркатанне колаў і звярнуў увагу, што вагон гайдаецца.

“Ніколі я не заўважаў, каб вагон гэтак гайдаўся,” – сказаў ён сам сабе.

– І той медальён, – працягваў кпіць Старскі, – гэта прэзент перад шлюбам?.. Не надта шчодры нарачоны: кахае, як трубадур, а сам…

– Запэўніваю цябе, – перабіла яго панна Ізабэла, – ён аддаў бы мне ўвесь свой маёнтак…

– Бяры ж яго, кузіна, і мне пазыч тысяч сто… А што, знайшлася тая цудоўная бляшка?..

– Якраз не. І я вельмі баюся. Божа, калі ён раптам даведаецца…

– Пра тое, што мы згубілі яго бляшку, ці пра тое, як мы шукалі медальён? – прашаптаў Старскі, тулячыся да яе пляча.

Вакульскаму туман заслаў вочы.

“Трачу прытомнасць?..” – падумаў ён, хапаючыся за пас пры акне. Яму здавалася, што вагон пачынае падскокваць і ў любы момант можа перакуліцца.

– Але ты і нахабнік!.. – казала прыцішаным голасам панна Ізабэла.

– У гэтым, уласна, і ёсць мая сіла, – адказаў Старскі.

– Злітуйся… Але ж ён можа азірнуцца!.. Зненавіджу цябе…

– Будзеш шалець за мною, бо ніхто не наважыўся б на гэта… Кабеты любяць дэманаў…

Панна Ізабэла прысунулася бліжэй да бацькі. Вакульскі пазіраў у супрацьлеглую шыбу і слухаў.

– Папярэджваю цябе, ты не пераступіш парог нашага дому… А каб насмеліўся… я ўсё яму раскажу…

Старскі зарагатаў.

– Не пераступлю, кузіна, пакуль ты сама мяне не паклічаш. І я ўпэўнены, што здарыцца гэта вельмі хутка. Праз тыдзень знудзіць цябе твой муж, які глядзіць на цябе, як на боства, і захочацца табе больш вясёлае кампаніі. Прыгадаеш тады свайго вісуса кузіна, які аніводнае хвіліны ў жыцці не быў паважным, але заўсёды дасціпным, часам нахабна- смелым… і пашкадуеш таго, хто заўсёды гатовы кахаць цябе, ніколі цябе не раўнаваў, умеў саступаць іншым, шанаваў твае капрызы…

– Узнагароджваючы сябе ў іншых месцах, – заўважыла панна Ізабэла.

– Менавіта!.. Каб я так не рабіў, не было б чаго мне прабачаць, і страшныя былі б мае заганы.

Не змяняючы позы, ён праваю рукою абняў яе, а леваю сціскаў ёй ручку, схаваную пад плашчыкам.

– Так, кузіна, – працягваў ён. – Такой, як ты, кабеце мала паўсядзённага хлеба шацунку, нават пернікаў закаханасці… Табе часам трэба шампанскага, цябе мусіць нехта ап’яніць, няхай і цынізмам.

– Цынікам быць лёгка…

– Але не кожны насмеліцца ім быць. Спытай у таго пана, ці прыходзіла яму ў галаву, што яго любоўныя малітвы не вартыя майго блюзнерства?..

Вакульскі ўжо не чуў далейшае размовы, яго ўвагу захапіў іншы факт: перамена, якая імкліва пачала адбывацца ў ім самім. Каб яму ўчора сказалі, што ён будзе нямым сведкам падобнае размовы, не паверыў бы, бо думаў бы, што адно такое слова заб’е яго або выкліча шаленства. Аднак, калі гэта сталася, ён мусіў прызнаць, што ад здрады, расчаравання і прыніжэння ёсць нешта горшае.

Але што?.. Вось што – язда чыгункаю. Як гэты вагон дрыжыць… як ён імчыць!.. Дрыжанне цягніка перадаецца яго нагам, лёгкім, сэрцу, мозгу; у ім самім усё дрыжыць, кожная костачка, кожны нерв…

А гэтае імчанне па неабсяжнай роўнядзі пад велічным скляпеннем нябёсаў!.. І ён мусіць ехаць яшчэ невядома колькі… можа, пяць, можа, дзесяць хвілін!..

Што яму Старскі або нават і панна Ізабэла… Вартыя адзін аднаго!.. Але гэтая чыгунка, ах, гэтая чыгунка… гэтае дрыжанне…

Яму здавалася, што ён заплача, што пачне крычаць, што выб’е акно і выскачыць з вагона… Яшчэ горай! Яму здавалася, што ён будзе маліць Старскага, каб той яго ратаваў… Ад чаго?.. Быў момант, калі ён хацеў схавацца пад канапу, прасіць прысутных, каб тыя наваліліся на яго, прыціснулі, і гэтак даехаць да станцыі…

Ён заплюшчыў вочы, сціснуў зубы, ухапіўся рукамі за махры абіўкі, пот выступіў у яго на лбе і сплываў па твары, а цягнік дрыжаў ды імчаў… Нарэшце пачуўся свісток. Адзін. Другі. І цягнік затрымаўся на станцыі.

“Выратаваны,” – падумаў Вакульскі.

Адразу ж абудзіўся пан Ленцкі.

– Што за станцыя? – спытаў ён у Вакульскага.

– Скернавіцы, – адказала панна Ізабэла.

Кандуктар адчыніў дзверы. Вакульскі сарваўся з месца. Ён штурхануў пана Тамаша, ледзь не паваліўся на супрацьлеглую канапу, спатыкнуўся на прыступцы і ўбег у буфет.

– Гарэлкі! – выгукнуў ён.

Здзіўленая буфетчыца падала яму кілішак. Ён паднёс яго да вуснаў, але адчуў млоснасць і паставіў кілішак некрануты.

У вагоне Старскі казаў панне Ізабэле:

– Але даруй, кузіна, гэтак спешна не пакідаюць вагон пры дамах.

– Можа, ён хворы? – адказала панна Ізабэла, адчуваючы нейкі неспакой.

– У кожным разе, хвароба не так небяспечная, як неадкладная… Ці загадаеш прынесці што-небудзь, кузіна?

– Няхай мне дадуць содавай вады.

Старскі пайшоў у буфет, панна Ізабэла пазірала ў акно. Яе неакрэсленая трывога ўзрастала.

“Нешта тут не так… – думала яна. – Які дзіўны ў яго быў выгляд…”

Вакульскі з буфета пайшоў у канец перона. Ён некалькі разоў глыбока ўздыхнуў, папіў вады з бочкі, каля якое стаяла ўбогая кабета і пару жыдкоў. Паволі ён апрытомнеў, а калі заўважыў кандуктара, сказаў:

– Каханы пане, вазьмі ў рукі якую паперчыну…

– Што з панам?

– Нічога. Вазьмі ў бюро якую-небудзь паперчыну і перад нашым вагонам скажы, што Вакульскаму тэлеграма.

– Да пана?..

– Так…

Кандуктар моцна здзівіўся, але пайшоў да тэлеграфа. Праз пару хвілін ён выйшаў з бюро, падышоў да вагона, у якім сядзеў пан Ленцкі з дачкою, і закрычаў:

– Тэлеграма пану Вакульскаму!..

– Што?.. Пакажы мне, пан… – азваўся занепакоены пан Тамаш.

Але ў гэты момант побач з кандуктарам з’явіўся Вакульскі, ён узяў паперу, павольна разгарнуў яе і, хоць у тым месцы было зусім цёмна, зрабіў выгляд, што чытае.

– Што за тэлеграма?.. – спытаў яго пан Тамаш.

– З Варшавы, – адказаў Вакульскі. – Я мушу вяртацца.

– Вяртаецца пан?.. – выгукнула панна Ізабэла. – Здарылася нейкае няшчасце?..

– Не, пані. Мой супольнік кліча мяне.

– Зыск ці страта?.. – ціха спытаў пан Тамаш, высоўваючыся ў вакно.

– Вялізны зыск, – гэтак жа ціха адказаў Вакульскі.

– А… дык едзь… – параіў яму пан Тамаш.

– Але навошта пану тут заставацца? – занепакоілася панна Ізабэла. – Пану давядзецца чакаць цягніка, дык лепш пану ехаць з намі, пакуль мы не сустрэнем яго ў дарозе. Яшчэ пару гадзін пабудзем разам…

– Бэла цудоўна радзіць, – заўважыў пан Тамаш.

– Не, пане, – адказаў Вакульскі. – Лепш я паеду адсюль лакаматывам, чым губляць некалькі гадзін.

Панна Ізабэла глядзела на яго вялікімі вачыма. У гэты момант яна ўбачыла ў ім нешта зусім новае і зацікавілася ім.

“Якая багатая натура!” – падумала яна.

За некалькі імгненняў Вакульскі без бачнае прычыны набыў вагу, а Старскі здрабнеў і стаў смешны.

“Але чаму ён застаецца?.. Адкуль узялася гэтая тэлеграма?..” – пытала яна сама сябе, і неакрэслены неспакой перарастаў у трывогу.

Вакульскі вярнуўся ў буфет, каб знайсці насільшчыка і забраць рэчы, і сутыкнуўся там са Старскім.

– Што з панам?.. – выгукнуў Старскі, разглядаючы яго ў святле, якое падала з залы.

Вакульскі ўзяў яго пад руку і пацягнуў за сабою ўздоўж перона.

– Няхай пана не гнявіць, пане Старскі, тое, што я скажу, – пачаў ён глухім голасам. – Пан памыляецца наконт сябе… Пан мае ў сабе гэтулькі ж дэманічнага, колькі атруты ў запалцы… І пан зусім не валодае шаманскімі здольнасцямі… Пан мае, хутчэй, уласцівасці заляжалага сыру, які баламуціць хворыя страўнікі, але просты смак можа выклікаць ваніты… Перапрашаю пана…

Старскі аслупянела слухаў. Ён нічога не разумеў, аднак здавалася яму, што нешта разумее. Ён ужо падумаў быў, што перад ім вар’ят.

Пачуўся другі званок, падарожныя тлумна выбеглі з буфету да вагонаў.

– І яшчэ дам пану параду, пане Старскі. Карыстаючыся прыхільнасцю прыгожага полу, лепш прытрымлівацца традыцыйнае асцярожнасці, чым нейкае там дэманічнае адвагі. Адважнасць пана зрывае маскі з кабет. А кабеты не любяць здымаць маскі, дык пан можа страціць іх давер, што было б няшчасцем як для пана, гэтак і для панскіх лялечак.

Старскі па-ранейшаму нічога не разумеў.

– Калі я пана нечым абразіў, – сказаў ён, – гатовы даць сатысфакцыю.

Зазванілі трэці раз.

– Панове, прашу сядаць!.. – крычалі кандуктары.

– Не, пане, – адказаў Вакульскі, вяртаючыся з ім да вагону панства Ленцкіх. – Каб трэба мне была сатысфакцыя, дык забіў бы пана без лішніх фармальнасцяў. Хутчэй пан мае права ад мяне жадаць сатысфакцыі за тое, што я насмеліўся ўлезці ў агародчык, дзе пан песціць свае кветачкі… У любы момант гатовы… Пану вядома, дзе я жыву?..

Яны падышлі да вагона, пры якім ужо стаяў кандуктар. Вакульскі жывасілам падапхнуў Старскага на прыступку і далей – у вагон, а кандуктар зачыніў дзверы.

– Што ж не развітваешся, пане Станіславе? – спытаў здзіўлены пан Тамаш.

– Прыемнага падарожжа!.. – адказаў той з паклонам.

У акне стаяла панна Ізабэла. Кандуктар свіснуў, з лакаматыва адказалі.

Farewel, miss Iza, farewel![241] – закрычаў Вакульскі.

Цягнік рушыў. Панна Ізабэла ўпала на лаўку насупраць бацькі. Старскі сеў у другім кутку.

“Ну… ну… ну!.. – прамармытаў сабе пад нос Вакульскі. – Сыдзецеся яшчэ да Пётркава…”

Ён глядзеў на цягнік, як той ад’язджае, і рагатаў.

Ён застаўся на пероне адзін і прыслухоўваўся да шуму адыходзячага цягніка. Гэты шум то слабеў, то сціхаў, то зноў узмацняўся і, нарэшце, сціх зусім.

Потым ён чуў крокі работнікаў чыгункі, якія разыходзіліся, перасоўванне столікаў у буфеце, потым у буфеце пачалі гаснуць лямпы, і афіцыянт, пазяхаючы, замкнуў шкляныя дзверы, якія прарыпелі нейкае слова.

“Згубілі маю бляшку, шукаючы медальён!.. – думаў Вакульскі. – Я сентыментальны і нудны… Яна, апроч паўсядзённага хлеба шацунку ды пернікаў закаханасці мусіць мець шампанскае… Пернікі закаханасці – гэта вельмі дасціпна!.. Але што за шампанскае ёй падабаецца?.. Ага, цынізм!.. Шампанскае цынізму – таксама вельмі дасціпна… Ну, прынамсі, акупілася мне навука англійскае мовы…”

Бязмэтна перасоўваючы ногі, ён апынуўся сярод двух шэрагаў запасных вагонаў. Задумаўся: куды ісці? І раптам зазнаў галюцынацыі. Яму здавалася, што ён стаіць унутры вялізнае вежы, якая завальваецца без грукату. Яго не забіла, але з усіх бакоў зваліла друзам, з якога ён не мог вылезці. Не было выйсця!..

Ён страсянуўся, і ўява знікла.

“Відавочна, морыць мяне сон, – думаў ён. – Уласна кажучы, не здарылася са мною нічога неспадзяванага. Усё можна было раней прадбачыць, я нават усё гэта бачыў… Якія пустыя размовы яна вяла са мною!.. Што яе цікавіла?.. Балы, раўты, канцэрты, строі… Што яна любіла?.. Сябе. Здавалася ёй, што ўвесь свет – дзеля яе, а яна – дзеля таго, каб бавіцца. Какетнічала… але ж так, яна самым бессаромным чынам какетнічала з усімі мужчынамі, а з усімі кабетамі спаборнічала ў прыгажосці, ва ўборах, ва ўсеагульным пакланенні… Што яна рабіла? Нічога. Упрыгожвала салоны. Адзіная рэч, дзякуючы якой яна магла забяспечыць сабе дабрабыт, было яе каханне, фальшывы тавар!.. А гэты Старскі… Што Старскі?! Гэткі ж паразіт, як і яна… Ён, хіба, быў толькі эпізодам у яе поўным досведу жыцці. Да яго, прынамсі, прэтэнзій у мяне быць не павінна: знайшлі адно аднаго. Ані да яе… Так, гэта Месаліна, якая дражніць фантазію!.. Абдымаў яе ды шукаў медальён, хто хацеў, нават гэты Старскі. Небарака, няма чаго рабіць, дык стаў спакуснікам…

Колісь я верыў, што тут, на зямлі

Белыя з намі анёлы жылі...[242]

Добрыя анёлы!.. Светлыя крылы!.. Пан Малінары, пан Старскі і Бог ведае, колькі іх яшчэ… Вось вынік пазнання кабет праз паэзію!

Трэба было глядзець на кабет не праз акуляры Міцевічаў, Красінскіх або Славацкіх, а карыстацца статыстыкай, якая вучыць, што кожны дзясяты белы анёл блудніца, а каб давялося расчаравацца, дык не бяда…”

У гэты момант нешта зашумела: налівалі ваду ў кацёл ці ў рэзервуар. Вакульскі спыніўся. Яму здавалася, што ў гэтым працяглым і меланхалічным гуку ён чуе цэлы аркестр, які грае мелодыю з Роберта Д’ябла. “Вы, што спіце тут пад халодным смерці каменем…” Рогат, плач, жальба, віскат, бязладныя воклічы, – усё гэта гучала разам, і над усім узносіўся магутны голас, поўны безнадзейнага смутку.

Ён гатовы быў прысягнуць, што чуе аркестр, і зноў пачаліся галюцынацыі. Яму здавалася, што ён на могілках, сярод раскрытых магіл, з якіх лезуць жахлівыя цені. Праз момант кожны цень рабіўся прыгожаю кабетаю, а паміж імі плаўна рухалася панна Ізабэла і вабіла яго да сябе рукою ды позіркам…

Яго ахапіў такі жах, што ён перахрысціся, і здані зніклі.

“Баста! – падумаў ён. – Я тут звар’яцею…”

І ён пастанавіў забыць панну Ізабэлу.

Была ўжо другая гадзіна ночы. У бюро тэлеграфа гарэла лямпа з зялёным абажурам і чуўся стукат апарата. Каля вакзальнага будынка хадзіў нейкі чалавек, які зняў перад ім шапку.

– Калі будзе цягнік да Варшавы? – запытаўся Вакульскі.

– А пятай, вяльможны пане, – адказаў чалавек з такім рухам, нібы хацеў пацалаваць яго ў руку. – Я, вяльможны пане…

– Толькі а пятай!.. – паўтарыў Вакульскі. – Коні, хіба… А з Варшавы а якой?

– Праз тры чвэрці гадзіны. Я, вяльможны пане…

– Праз тры чвэрці гадзіны… – прашаптаў Вакульскі. – Чвэрці… чвэрці… – паўтараў ён, адчуваючы, што не вымаўляецца ў яго належным чынам літара “р”.

Ён адвярнуўся ад незнаёмага і ўздоўж перона пайшоў у бок Варшавы. Чалавек паглядзеў яму ўслед, паківаў галавою і знік у цемры.

“Чвэрці… чвэрці… – мармытаў Вакульскі. – Язык у мяне дзервянее?.. Які дзіўны збег акалічнасцяў: я вучыўся, каб здабыць панну Ізабэлу, а навучыўся, каб яе страціць… Або ўзяць Гейста. Ён зрабіў вялікае адкрыццё і даверыў мне святы заклад, каб пану Старскаму было што шукаць… Усяго яна мяне пазбавіла, нават апошняе надзеі… Каб зараз запыталіся ў мяне: ці я сапраўды ведаў Гейста, ці бачыў яго дзіўны метал, не змог бы адказаць, бо ўжо сам не ведаю, ці не было гэта ілюзіяй… Ах, каб я мог пра яе не думаць… Хоць некалькі хвілін…

Вось і не буду пра яе думаць…”

Ноч была зорная, абапал чарнелі палеткі, уздоўж чыгункі гарэлі рэдкія сігнальныя ліхтары. Вакульскі, ідучы ровам, спатыкнуўся аб вялікі камень, і адразу ж паўсталі ў яго перад вачыма руіны замка ў Заслаўлі, той камень, на якім сядзела панна Ізабэла, і яе слёзы. Але гэтым разам, апроч слёз, у позірку бліснуў фальш.

“Вось і не буду пра яе думаць… Паеду да Гейста, буду працаваць ад шостае раніцы да адзінаццатае ўвечары, буду вымушаны сачыць за ціскам, за тэмператураю, за электрычным напружаннем… Не застанецца мне аніводнае хвіліны…”

Яму здалося, што за ім нехта ідзе. Ён азірнуўся, але нікога не заўважыў. Пры гэтым ён прыкмеціў, што левым вокам бачыць горш, чым правым, і гэта яго пачало моцна непакоіць.

Ён хацеў вярнуцца да людзей, але адчуў, яму невыносна на іх глядзець. Нават думаць ужо стала пакутліва, амаль балюча.

“Я і не ведаў, што чалавеку можа быць цяжкаю ўласная душа…” – прамармытаў ён. – “Ах, каб я мог не думаць…”

Далёка на ўсходзе заблішчаў вузкі серп месяца, заліваючы краявід невымоўна смутным святлом. І раптам перад Вакульскім паўстала новая ўява. Быў ён у ціхім і бязлюдным лесе, хвоі раслі дзіўна пахіленыя, не чутно было аніводнага птаха, вецер не варушыў аніводнаю галінкаю. Не было нават святла, толькі смутны паўзмрок. Вакульскі адчуваў, што гэты паўзмрок, жаль і смутак выплываюць з ягонага сэрца, і ўсё скончыцца, хіба, разам з жыццём, калі ўвогуле скончыцца…

Паміж хвояў, куды ні паглядзі, віднеліся кавалкі шэрага неба, кожны з іх замяняўся ў дрыжачую шыбу вагона, у якой адбівалася невыразнае аблічча панны Ізабэлы ў абдымках Старскага.

Вакульскі ўжо не мог супраціўляцца ўявам, яны апанавалі яго, зжэрлі волю, скрывілі думкі, атруцілі сэрца. Дух яго страціў усялякую самастойнасць, кіравала ім кожнае ўражанне, паўтараючыся ў шматлікіх – усё больш змрочных, усё больш балесных – формах, як рэха ў пустым будынку.

Зноў ён спатыкнуўся аб камень, і гэта дробязь абудзіла ў ім страшныя медытацыі.

Здавалася яму, што некалі, некалі ён сам быў каменем – халодным, сляпым, бяздушным.

І калі ён так ляжаў, высакамерны ў сваёй мёртвасці, у якую не здолелі ўдыхнуць жыццё найвялікшыя зямныя катаклізмы, у ім самім ці над ім азваўся голас, які задаў пытанне:

“Хочаш стаць чалавекам?”

“Што такое чалавек?..” – адказаў камень.

“Хочаш бачыць, чуць, адчуваць?..”

“Што такое адчуваць?..”

“Дык ці хочаш адчуць нешта зусім новае? Ці хочаш такое існаванне, якое ў адзін момант дае больш адчуванняў, чым зведалі ўсе камяні цягам мільёна стагоддзяў?”

“Я не разумею, – адказаў камень, – але магу быць чым заўгодна”.

“А калі, – пытаў звышнатуральны голас, – пасля гэтага новага быцця застанецца табе вечны жаль?..”

“Што такое жаль?.. Я магу быць чым заўгодна”.

“Дык няхай станецца чалавек,” – было сказана.

І стаўся чалавек. Жыў ён некалькі дзясяткаў гадоў і цягам іх меў столькі жаданняў ды столькі пакутаў, што мёртваму свету не зазнаць таго цэлую вечнасць. Пакуль гнаўся за адною мэтаю, знаходзіў тысячы іншых, а ўцякаючы ад аднае пакуты, трапляў у цэлае мора пакут, і столькі ён адчуў, столькі перадумаў, столькі набраўся несвядомае сілы, што ўрэшце абурыў усю прыроду.

“Досыць!.. – пачалі крычаць з усіх бакоў. – Досыць!.. Пусці і іншых на гэта відовішча…”

“Досыць!.. Досыць!.. Ужо досыць, – крычалі камяні, дрэвы, паветра, зямля і неба… – Саступі іншым!.. Няхай і яны спазнаюць гэтае новае быццё…”

Досыць!.. Дык ён зноў павінен зрабіцца нічым і якраз у той момант, калі гэтае вышэйшае быццё ва ўспамінах пакідае яму толькі роспач па тым, што страціў, ды скруху па тым, чаго не дасягнуў!

“Ах, хутчэй бы ўзышло сонца! – прашаптаў Вакульскі. – Вяртаюся ў Варшаву… займуся нейкай працай і скончу з гэтым глупствам, якое толькі псуе мне нервы… Яна хоча Старскага? Няхай мае Старскага!.. Я прайграў у каханні?.. Добра!.. Затое выйграў у іншым… Усяго мець немагчыма…”

Ужо пару хвілін ён адчуваў на вусах нейкую густую вільгаць.

“Кроў?” – падумаў ён.

Выцер вусны і пры святле запалкі ўбачыў на насоўцы пену.

“Шалею, ці што гэта за ліха?”

Потым удалечыні ён убачыў два агні, якія паволі набліжаліся ў яго бок. За імі ўзвышалася цёмная маса, над якою ўздымаўся густы сноп іскраў.

“Цягнік?..” – спытаў ён сам у сябе, і яму здалося, што гэта той самы цягнік, якім едзе панна Ізабэла. Зноў ён убачыў вагон, асветлены ліхтаром, прыкрытым кавалкам блакітнага камлоту[243], а ў кутку заўважыў панну Ізабэлу ў абдымках Старскага…

“Так кахаю… так кахаю… – прашаптаў ён. – І не магу забыць!..”

У гэты момант зазнаў ён пакуту, якой няма назвы ў чалавечай мове. Раздзіралі яго горкія думкі, збалелыя пачуцці, раздушаная воля і ўсё яго існаванне… І раптам ён адчуў нават не прагу, а голад і пажадлівасць да смерці.

Цягнік павольна набліжаўся. Вакульскі, сам не разумеючы, што ён робіць, упаў на рэйкі. Яго трэсла, зубы стукалі, ён схапіўся аберуч за шпалы, у роце было поўна пяску… На дарогу ўпаў свет ліхтара, рэйкі пачалі ціха дрыжаць пад лакаматывам…

“Божа, будзь літасцівы…” – прашаптаў ён і заплюшчыў вочы.

Раптам ён адчуў цяпло і рэзкі штуршок, які скінуў яго з рэек… Цягнік праляцеў за некалькі цаляў ад галавы, абдаючы яго параю ды гарачым попелам. На момант ён страціў прытомнасць, а калі ачуняў, убачыў нейкага чалавека, што сядзеў у яго на грудзях і трымаў за рукі.

– Што гэта вяльможны пан вырабляе?.. – казаў чалавек. – Нечуваныя рэчы… Гэта ж Бог…

Ён не скончыў. Вакульскі сапхнуў яго з сябе, схапіў за каўнер і паваліў на зямлю.

– Чаго ты хочаш ад мяне, ты, паганец?! – закрычаў ён.

– Пане, вяльможны пане… я ж Высоцкі…

– Высоцкі?.. Высоцкі?.. – паўтарыў Вакульскі. – Маніш, Высоцкі ў Варшаве…

– Але я брат яго, чыгуначнік. Пан сам мне тут з месцам дапамог яшчэ летась, пасля Вялікадня… І хіба мог я глядзець на гэткае гора?.. Зрэшты, пане, на чыгунцы нельга кідацца пад лакаматывы…

Вакульскі сцішыўся і пусціў яго.

“Усё супраць мяне, нават тое, што я зрабіў добрага,” – прашаптаў ён.

Ад моцнае стомленасці ён сеў на зямлю каля дзічкі, што расла тут і была не вышэй за дзіця. Тым часам усчаўся вецер і варушыў лісткамі на дрэве, ад шамацення якіх, невядома чаму, прыгадаліся Вакульскаму даўнія гады.

“Дзе маё шчасце?..” – падумаў ён.

У грудзях пачало сціскаць і хутка дайшло да горла. Ён хацеў уздыхнуць, але не мог, здавалася, што зараз задушыцца, і ён абняў рукамі дрэўца, якое ўсё шамацела.

“Паміраю!” – білася ў галаве думка.

Яму здавалася, што кроў залівае мазгі, грудзі разрываюцца. Ён курчыўся ад болю і раптам зайшоўся ад плачу.

“Божа міласэрны… Божа міласэрны…” – паўтараў ён праз рыданні.

Чыгуначнік апусціўся побач з ім і асцярожна падклаў яму пад галаву сваю руку.

– Плач, вяльможны пане!.. – казаў ён, нахіляючыся над ім. – Плач, вяльможны пане, і памінай імя Божае… Не дарэмна будзеш памінаць яго…

Хто аддаецца шчыра Пану Богу,

І верыць яму цалкам ўсю дарогу,

Той смела скажа: Бог мяне бароніць,

Душу маю трымае на далоні.

І Ён цябе ад злога выратуе[244].

Што, вяльможны пане, з таго дастатку, што з тых найвялікшых скарбаў!.. Усё чалавека падмане, адзін толькі Бог не падмане…

Вакульскі прытуліўся тварам да зямлі. Яму здавалася, што з кожнаю слязою выліваецца з ягонага сэрца боль, расчараванне і роспач. Думкі паціху даходзілі да ладу. Ён ужо разумеў, што робіць, і разумеў таксама, што ў горы, калі ўсё здрадзіла, засталіся яшчэ вернымі яму зямля, просты чалавек і Бог…

Паволі ён супакойваўся, рыданні ўжо менш раздзіралі яму грудзі, ён адчуў слабасць ва ўсім целе і моцна заснуў.

Быў ужо світанак, калі ён абудзіўся. Ён сеў, працёр вочы, убачыў каля сябе Высоцкага і ўсё ўспомніў.

– Доўга я спаў? – спытаў ён.

– Можа, з чвэрць гадзіны… можа, паўгадзіны, – адказаў чыгуначнік.

Вакульскі выняў пулярэс, дастаў некалькі сторублёвак і, падаючы іх Высоцкаму, сказаў:

– Бачыш… Быў я ўчора п’яны… Не кажы нічога і нікому, што тут са мною было. А вось, гэта… дзецям…

Чыгуначнік пацалаваў яму ў ногі.

– Я падумаў, – сказаў ён, – што ясны пан усё страціў, таму…

– Маеш рацыю! – задумліва адказаў Вакульскі. – Страціў усё… апроч грошай. Не забуду пра цябе, хоць… Лепш бы мне не жыць.

– Я таксама казаў сабе, што такі пан не шукаў бы бяды, нават каб і страціў усе грошы. Злосць людская да гэтага давяла… Але і ёй канец прыйдзе. Бог марудзіць, але ён справядлівы, пераканаецца пан…

Вакульскі ўстаў з зямлі і пайшоў у бок станцыі. Раптам ён вярнуўся да Высоцкага.

– Як будзеш у Варшаве, – сказаў ён, – зайдзі да мяне… Але ні слова пра тое, што тут сталася…

– Бог мне сведка, не скажу, – адказаў Высоцкі і зняў шапку.

– А другім разам… – дадаў Вакульскі і паклаў яму руку на плячо, – другім разам… каб спаткаў такога чалавека… разумееш?.. каб спаткаў яго, не ратуй… Як хоча хто добраахвотна стаць са сваёю крыўдаю перад Божым судом, не затрымлівай яго…

Не затрымлівай!..

XXXV. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА

Палітычная сітуацыя вымалёўваецца ўсё выразней. Маем ужо дзве кааліцыі. З аднаго боку – Расія і Турцыя, з другога – Германія, Аўстрыя і Англія. А калі так, значыць, у любы момант можа грымнуць вайна, у якой вырашацца вельмі і вельмі важныя пытанні.

Але ж ці будзе вайна? Бо нас звычайна цешаць пустыя надзеі. Дык вось, будзе! Гэтым разам абавязкова. Лісецкі казаў, што я кожны год прадказваю вайну і ніколі гэта не спраўдзілася. Даўбешка ён, мякка кажучы. У мінулыя гады было адно, а цяпер – зусім іншае.

Напрыклад, чытаю ў газетах, што Гарыбальдзі ў Італіі пачаў агітацыю супраць Аўстрыі. Чаму ж ён пачаў агітацыю?.. Бо спадзяецца на вялікую вайну. Мала таго, праз пару дзён чую, што генерал Тур усімі святымі заклінае Гарыбальдзі, каб той не ўцягваў італьянцаў у клопаты…

Што гэта значыць?.. А гэта, у перакладзе на чалавечую мову, значыць: “Сядзіце, італьянцы, ціха, бо і так Аўстрыя аддасць вам Трыест, калі выйграе. А калі па вашай віне прайграе, дык не атрымаеце нічога…”

Гэта важныя весткі, і агітацыя Джузэпэ Гарыбальдзі, і супакойванні Тура. Джузэпэ агітуе, бо бачыць, што вайна на носе, а Тур супакойвае, бо глядзіць далей.

Калі ж грымне вайна? У канцы чэрвеня або ў ліпені?.. Гэтак бы думаў недасведчаны палітык, але не я. Бо немцы не пачнуць вайну, пакуль не прымуць меры бяспекі адносна Францыі.

А якія ж яны прымуць меры?.. Шпрот кажа, што няма рады, але я бачу, што ёсць спосаб, і вельмі просты. О, Бісмарк – птушка высокага палёту, я пачынаю ў гэтым пераконвацца!..

Бо навошта было немцам і Аўстрыі ўцягваць у свой саюз Англію? Вядома, каб мець прыпарку на Францыю і ўгаварыць яе на аб’яднанне з імі. Зробіцца гэта наступным чынам.

У англійскім войску служыць малады Напалеонак – Люлю, і б’ецца з зулусамі ў Афрыцы, як яго дзед, Напалеон Вялікі. А калі англічане скончаць вайну, яны дадуць Напалеонку генеральскі чын і скажуць французам: “Даражэнькія! Вось, маеце Банапарта, які ваяваў у Афрыцы і праславіўся, як ягоны дзед. Дык зрабіце яго вашым імператарам, як дзеда, а мы вам за гэта дыпламатычна вытаргуем у немцаў Эльзас і Латарынгію. Заплаціце ім некалькі мільярдаў, ну але гэта лепш, чым весці новую вайну, якая будзе каштаваць мільярдаў дзесяць і невядома яшчэ чым скончыцца для вас…”

Французы, вядома, зробяць Люлю імператарам, вернуць свае зямлі, заплацяць, уступяць у хаўрус з немцамі, і тады Бісмарк, у якога столькі грошай, пакажа ім сваё майстэрства!

О, Бісмарк – мудры шчупак, і калі ўжо хто, дык толькі ён можа такі план здзейсніць. Я даўно зразумеў, які гэта спрытнюга, і маю да яго слабасць, хоць і таіўся… Гэта, пане, яшчэ кветачкі!.. Ён жанаты з дачкою Путкамера, а вядома, што Путкамеры – радня Міцкевічам. Дык вось, падобна, у яго вялікая любасць да палякаў, і нават сына наступніка нямецкага трону ён раіў вучыць па-польску…

Ну, а калі сёлета вайны не будзе… Тады застанецца толькі нагадаць Лісецкаму байку пра прасцячка! Ён, бедачына, думае, што палітычная мудрасць у тым, каб ні ў што не верыць. Абы-што!.. Палітыка палягае на камбінацыях, якія вынікаюць з натуральнага парадку рэчаў.

Дык няхай жыве Напалеон IV!.. Хоць ніхто сёння пра яго і думаць не думае, але я, прынамсі, упэўнены, што ў гэтым раскідачы ён адыграе галоўную ролю. А як возьмецца за справу, дык не толькі задарма здабудзе Эльзас і Латарынгію, але яшчэ і межы Францыі можа пасунуць да Рэйну. Абы Бісмарк не спахапіўся раней часу і не скеміў, што выкарыстоўваць Банапарта – гэта тое самае, што льва запрагаць у павозку. Мне здаецца нават, што ў адным гэтым Бісмарк пралічыцца. І, праўду кажучы, я не буду шкадаваць, бо ніколі не меў да яго даверу.

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Нешта здароўе маё не надта. Не скажу, каб балела мне нешта, але вось так… Хадзіць шмат не магу, апетыт страціў, нават не вельмі хочацца мне пісаць.

У краме ўжо амаль няма чаго мне рабіць, бо там распараджаецца Шлянгбаўм, а я, нібы пятае кола ў возе, заканчваю справы Стаха. Да кастрычніка Шлянгбаўм мусіць канчаткова разлічыцца з намі. Без кавалка хлеба я не застануся, бо пачцівы Стах забяспечыў мяне пажыццёвай пенсіяй у паўтары тысячы рублёў. Але як падумаеш, што хутка застанешся пустым месцам у краме, ніякага права не будзеш мець… Не варта і жыць… Каб не Стах ды Напалеонак… часам, гэтакі гнятлівы настрой, зрабіў бы сабе што… Хто ведае, стары мой сябра Кац, ці не зрабіў ты разумней за ўсіх? Не маеш, праўда, ужо ніякіх надзей, але не баішся ўжо і падману… Я не сцвярджаю, што сам яго баюся, бо, прынамсі, ані Вакульскі, ані Банапарт… Але заўсёды… так нешта…

Які я стомлены, цяжка мне ўжо нават пісаць. Так бы некуды і паехаў… Божа мой, дваццаць гадоў не вытыркаў я носа за варшаўскія рагаткі!.. А гэтак мяне часам цягне хоць раз яшчэ перад смерцю зірнуць на Венгрыю… На даўнія палі бітваў, дзе засталіся косці камрадаў… Гэй, Кац, гэй, Кац!.. памятаеш той дым, той свіст, тыя сігналы?.. Якая трава была тады зялёная і як свяціла нам сонца!..

Няма рады, мушу выбрацца ў падарожжа, паглядзець на горы і лясы, пагрэцца на сонцы, падыхаць паветрам шырокіх раўнін ды пачаць новае жыццё. Можа, нават перабрацца некуды ў правінцыю, бліжэй да пані Стаўскае, бо што яшчэ застаецца пенсіянеру?..

Гэты Шлянгбаўм – дзіўны чалавек. Ніколі б не падумаў, ведаючы яго ўбогім, што ён здольны гэтак задзіраць нос. Як бачу, праз Марушэвіча ён ужо завёў знаёмства з баронамі, праз баронаў – з графамі, і не можа даступіцца яшчэ толькі да князя, які з жыдамі надта ветлівы, але і дужа непрыступны.

І пакуль Шлянгбаўм лычык задзірае, у горадзе на жыдоў – крык. Варта мне зайсці на піва, заўсёды нехта нападае на мяне і сварыцца, што Стах прадаў краму жыдам. Радца наракае, што жыды забіраюць трэцюю частку яго пенсіі. Паслухаць Шпрота, дык справы ў яго не ідуць з-за жыдоў. Лісецкі плача, бо Шлянгбаўм звальняе яго з працы пасля Святога Яна, а Клейн маўчыць.

Ужо і ў газетах пачынаюць пісаць супраць жыдоў, а што яшчэ больш дзіўна, сам доктар Шуман, хоць і старазаконны, завёў раз са мною такую гутарку:

– Пабачыш, пан, праз некалькі гадоў дачакаюцца жыды авантуры.

– Прашу прабачэння, – кажу я, – але ж доктар іх нядаўна хваліў?..

– Хваліў, бо гэта геніяльная раса, але натура ў іх подлая. Уяві сабе, Шлянгбаўмы – стары і малады – хацелі ашукаць мяне… Мяне!

“Ага, – думаю я сабе, – зноў уверыў, як цябе за кішэню памацалі…”

І, праўду кажучы, знелюбіў я Шумана канчаткова.

А што яны плятуць пра Вакульскага!.. Фантазёр, ідэаліст, рамантык… Можа, таму, што ніколі не зрабіў ён свінства.

Калі я пераказаў Клейну тую размову з Шуманам, наш сухарэбры калега адказаў:

– Ён кажа, што праз некалькі гадоў пачнецца авантура з жыдамі?.. Супакой яго, пан, будзе раней…

– Раны Хрыстовы! – кажу я. – Чаму ж яна мае быць?..

– Бо мы добра іх ведаем, хоць яны да нас і падлабуньваюцца… – адказаў Клейн. – Іх голымі рукамі не возьмеш! Але яны пралічыліся. Мы ведаем, на што яны здольныя, каб мелі сілу.

Я лічыў Клейна чалавекам вельмі прагрэсіўным, можа, нават залішне прагрэсіўным, але цяпер думаю: ён сапраўдны цемрашал. Зрэшты, што гэта за “мы”, “нас”?..

І гэта ў стагоддзі, якое надышло пасля XVIII, пасля таго XVIII стагоддзя, якое на сваіх штандарах напісала: вольнасць, роўнасць, братэрства?.. За што тады я біўся з аўстрыякамі, ліха яго бяры?.. За што гінулі мае камрады?..

Смеху варта! Бязглуздзіца нейкая! Усё паправіць імператар Напалеон ІV.

Тады і Шлянгбаўм не будзе гэткім нахабным, і Шуман перастане фанабэрыцца сваім жыдоўствам, і Клейн устрымаецца ад пагрозаў.

І недалёкія гэта часы, бо нават Стах Вакульскі…

Ах, які я стомлены… Мушу некуды паехаць.

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Я ж не такі стары, каб думаць пра смерць, але, Божа мой, калі выцягнуць з вады рыбіну, няхай самую маладую ды здаровую, дык здохне яна без уласцівага асяроддзя…

Бадай, і я стаў гэтакай рыбінай, выцягнутай з вады. У краме ўжо пануе Шлянгбаўм і, каб заявіць пра сваю ўладу, выгнаў швейцара ды інкасатара толькі за тое, што яны не выказвалі яму досыць пашаны.

Калі я заступіўся за небаракаў, ён з гневам сказаў мне:

– А паглядзі, пан, як яны мяне трактуюць і як Вакульскага!.. Яны не кланяліся яму гэтак нізка, але кожным рухам, кожным позіркам паказвалі, што пайшлі б за ім у агонь…

– Дык і пан таксама хоча, каб за ім у агонь ішлі? – спытаў я.

– Вядома. Яны ж ядуць мой хлеб, у мяне заробак атрымліваюць! Я ім плачу…

Я думаў, што Лісецкі, які аж пасінеў, слухаючы, што той вярзе, дасць яму поўху. Аднак ён стрымаўся і толькі спытаў:

– А ведаеш, пан, чаму за Вакульскага мы ў агонь пайшлі б?..

– Бо ён мае болей грошай, – адказаў Шлянгбаўм.

– Не, пане. Бо ён мае тое, чаго пан не мае і мець не будзеш, – сказаў Лісецкі і стукнуў сябе ў грудзі.

Шлянгбаўм пачырванеў, як вампір.

– Што?! – закрычаў ён. – Чаго я не маю?.. Мы не можам разам працаваць, пане Лісецкі. Пан абражае мае рэлігійныя абрады…

Я схапіў Лісецкага за руку і пацягнуў за шафу. Усе рагаталі з абразы Шлянгбаўма… Адзін Зэмба (толькі ён застаецца ў краме) натапырыўся і закрычаў:

– Гаспадар мае рацыю… няможна здзекавацца з веравызнання, бо веравызнанне – гэта святая рэч!.. Дзе вольнасць сумлення?.. Дзе прагрэс?.. Цывілізацыя?.. Эмансіпацыя?..

– Лізаблюд паганы, – прамармытаў Клейн і зашаптаў мне на вуха: – Шуман, хіба, мае рацыю, што дачакаюцца яны авантуры… Памятае пан, які ён да нас прыйшоў, а якім стаў?..

Вядома, я прабраў Клейна, бо якое ён мае права страшыць сваіх суграмадзян авантурамі? Не магу, аднак, укрываць перад сабою, што не бачу, як Шлянгбаўм за год змяніўся.

Даўней ён быў рахманы, а сёння – нахабны і пагардлівы. Даўней маўчаў, калі яго крыўдзілі, а сёння сам пачынае бушаваць без дай прычыны. Даўней называўся палякам, а сёння фанабэрыцца сваім жыдоўствам. Даўней ён нават верыў у шляхетнасць ды бескарыслівасць, а цяпер толькі грошы ды сувязі ў яго на языку… Не чакай дабра!..

Калі з пакупнікамі ён прыніжаны, дык графам і нават баронам гатовы пяты лізаць. А ўжо са сваімі падуладнымі ён сапраўдны бегемот. Толькі пырхае ды адтоптвае людзям ногі. Гэта нават непрыгожа… У сваю чаргу, радца, Шпрот, Клейн і Лісецкі не маюць рацыі, калі пагражаюць яму нейкімі авантурамі.

Дык што я значу сёння ў краме пры гэтакім цмоку? Вазьмуся за рахункі, ён мне праз плячо зазірае, аддам нейкае распараджэнне, ён зараз жа яго гучна паўторыць. Выціскае мяне з крамы. Пры знаёмых пакупніках ён любіць казаць: “Мой сябра Вакульскі… мой знаёмы барон Кшэшоўскі… мой крамнік Жэцкі…” А калі мы з ім сам-насам, называе мяне “каханым Жэсем”…

Пару разоў я ў самай далікатнай форме даў яму зразумець, што гэтыя пяшчотныя мянушкі не робяць мне прыемнасці. Але ён, небарака, нават не зразумеў, а я маю звычку доўга чакаць, пакуль пачну лаяцца. Лісецкі спрытны на язык, дык Шлянгбаўм яго шануе.

Але ж меў рацыю Шуман, калі казаў, што мы ад дзядоў і прадзедаў толькі і думаем, як раскідаць грошы, а яны – як іх назапашваць. З гэтага пункту гледжання былі б ужо першымі на свеце, каб людская вартасць вызначалася толькі грашыма. Але якая мне да гэтага справа!..

З-за таго, што ў краме амаль няма ўжо мне працы, усё часцей я задумваюся пра падарожжа ў Венгрыю. Дваццаць гадоў не бачыць ані поля, ані лесу… Страшна падумаць!..

Я ўжо пачаў быў рабіць захады наконт пашпарта, думаў, зойме гэта не менш за месяц. Ды тут узяўся за справу Вірскі – шах-мах! – зрабілі мне пашпарт за чатыры дні. Аж я спалохаўся…

Нічога не зробіш, трэба ехаць. Хоць на некалькі тыдняў. Здавалася мне, што яшчэ зборы зоймуць трохі часу… Дзе там!.. Зноў умяшаўся Вірскі і ў адзін дзень купіў мне падарожны куфар, у другі дзень спакаваў рэчы ды кажа: “Едзь!..”

Я аж зазлаваў. Чаго ім, да д’ябла, так карціць мяне пазбыцца?.. Загадаў, на злосць ім, распакаваць рэчы і куфар накрыць дыванам, бо прыкра было глядзець на яго. Але ж, як бы я некуды паехаў! Гэтак бы ехаў…

Мушу, аднак, спачатку акрыяць трохі. Па-ранейшаму няма ў мяне апетыту, марнею, кепска сплю, хоць цэлы дзень і хаджу сонны, часам кружыцца ў мяне галава і калоціцца сэрца… Ат! Усё мінецца…

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Клейн таксама ператвараецца ў нядбальца. Спазняецца ў краму, прыносіць нейкія кніжачкі, ходзіць на сустрэчы невядома з кім… Але горш за ўсё, што з грошай, прызначаных яму Вакульскім, узяў ужо тысячу рублёў і патраціў за адзін дзень. На што?..

Тым не менш, ён добры хлопец! А доказам яго пачцівасці ёсць тое, што нават баранеса Кшэшоўская не выгнала яго з дому, дзе ён па-ранейшаму жыве на чацвёртым паверсе: ціхуткі, вады не замуціць.

Каб яшчэ адмовіўся ад тых непатрэбных сувязяў, бо з жыдамі можа і не быць авантуры, але з ім!..

Няхай пан Бог прасвятліць яму розум і беражэ яго.

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Смешную і павучальную гісторыю расказаў мне Клейн. Рагатаў я да слёз, а разам з тым атрымаў яшчэ адзін доказ Божае справядлівасці, якая праяўляецца нават у дробных рэчах.

“Нядоўгі трыумф бязбожнікаў,” – вучыць, здаецца, Святое пісанне, а можа, які айцец касцёла. Чые б гэта словы не былі, а яны спраўдзіліся і ў адносінах да баранесы, і да Марушэвіча.

Як усім вядома, баранеса, пазбыўшыся Малескага і Паткевіча, загадала вартаўніку, каб той ні за што на свеце не пускаў у кватэру на чацвёртым паверсе студэнтаў, лепш хай пустая стаіць. Сапраўды, студэнцкі пакой некалькі месяцаў быў незаняты, але хоць пані была задаволеная.

Тым часам вярнуўся да яе муж, барон і, вядома, сам заняўся камяніцаю. А з-за таго, што барону заўсёды не стае грошай, дык не даваў яму спакою і той пусты пакой, і загад баранесы, які змяншаў даход на сто дваццаць рублёў у год.

А яшчэ падбухторыў яго Марушэвіч (яны ўжо памірыліся!..), які зноў пазычае грошы ў Кшэшоўскага.

– Што, барон, – пытаўся ён, – мусіш спраўджваць: кандыдат на кватаранта студэнт або не студэнт? Навошта ўскладняць? Калі прыйшоў не ў мундуры, дык і не студэнт, а калі гатовы за месяц наперад плаціць, дык браць і квіта.

Барона гэтыя парады ўзялі за душу. Загадаў ён тады вартаўніку, каб той, калі трапіцца кватарант, не распытваючы, адпраўляў яго наверх. Вартаўнік, вядома, сказаў гэта сваёй жонцы, а жонка – Клейну, якому хацелася зноў замець прыемных суседзяў.

Дык праз пару дзён пасля гэтага распараджэння з’яўляецца ў барона нейкі прыгажун з дзіўнай фізіяноміяй ды ў яшчэ больш дзіўным убранні: яго сподні не пасавалі да камізэлькі, камізэлька – да сурдута, а гальштук – ні да чаго.

– У доме ёсць кавалерскі пакой, які пан барон здае за дзесяць рублёў у месяц? – пытае прыгажун.

– Так, – кажа барон. – Пан можа паглядзець.

– О, гэта залішне! Я ўпэўнены, што пан барон не будзе здаваць кепскае памяшканне. Ці магу я пакінуць задатак?

– Калі ласка, – адказвае барон. – А паколькі пан давярае майму слову, дык і я не буду патрабаваць больш ніякае інфармацыі ад пана…

– О, калі пан барон жадае…

– Людзям добра выхаваным дастаткова ўзаемнага даверу, – адказаў барон. – Дык спадзяюся, што ані я, ані мая жонка – галоўнае, мая жонка – не будзем мець нагодаў скардзіцца на паноў…

Малады чалавек горача паціснуў яму руку.

– Даю пану слова, – сказаў ён, – мы ніколі не зробім прыкрасці жонцы пана, у якой няслушная прадузятасць…

– Досыць! Досыць, пане… – спыніў яго барон.

Ён узяў задатак і даў распіску.

Калі маладзён пайшоў, ён паклікаў да сябе Марушэвіча.

– Не ведаю, – няўцямна сказаў барон, – ці не зрабіў я глупства… бо ўжо маю кватаранта, але баюся, мяркуючы па апісанні, што гэта можа быць адзін з тых дзецюкоў, якіх выгнала мая жонка…

– Якая розніца! – адказаў Марушэвіч. – Абы плацілі наперад.

На другі дзень зранку перабраліся ў пакой трое маладых людзей, але гэтак паціху, што ніхто іх не бачыў. Нікому і ў галаву не прыходзіла, што па вечарах яны сустракаюцца з Клейнам. А праз некалькі дзён прыбягае да барона моцна раззлаваны Марушэвіч і крычыць:

– А ці ведае барон, што гэта, сапраўды, тыя гультаі, якіх выгнала баранеса? Малескі, Паткевіч…

– Якая розніца! – адказаў барон. – Жонцы маёй яны не назаляюць, дык абы плацілі…

– Але мне яны назаляюць! – працягвае крычаць Марушэвіч. – Варта адчыніць акно, як нехта з іх пачынае абстрэльваць мяне з трубкі гарохам, што вельмі непрыемна. А калі збярэцца ў мяне пару асобаў альбо прыйдзе якая дама, – (дадаў ён цішэй), – яны барабаняць гарохам па акне так, што выседзець немагчыма… Гэта мне перашкаджае… гэта псуе маю рэпутацыю. Я пайду ў паліцыю са скаргаю!..

Барон, вядома, расказаў усё сваім кватарантам і папрасіў іх, каб яны не стралялі гарохам у вокны Марушэвіча. Тыя перасталі страляць, затое калі Марушэвіч прымаў у сябе нейкую даму, што здаралася досыць часта, зараз жа адзін з хлопцаў высоўваўся ў акно і пачынаў крычаць:

– Вартаўнік, вартаўнік!.. Не ведаеце, якая гэта пані пайшла да Марушэвіча?

А той вартаўнік не ведае нават, што ўвогуле нейкая пайшла, але пасля падобнага пытання ведае пра гэта ўвесь дом.

Марушэвіч кіпіць ад злосці, а барон на яго скаргі адказвае:

– Сам мне раіў, каб я не трымаў пакой пустым…

І баранеса скарылася, бо, з аднаго боку, баіцца мужа, а з другога – студэнтаў.

Гэткім чынам, баранеса за сваю зласлівасць ды помслівасць, а Марушэвіч за інтрыгі – пакараныя адною рукою. А пачцівы Клейн мае кампанію, якую і хацеў.

О, ёсць справядлівасць на свеце!..

Марушэвіч, далібог, не мае сораму!

Прыляцеў сёння да Шлянгбаўма са скаргаю на Клейна.

– Пане, – кажа ён, – адзін з панскіх працаўнікоў, які жыве ў доме баранесы Кшэшоўскае, проста кампраметуе мяне…

– Як ён пана кампраметуе? – вырачыў вочы Шлянгбаўм.

– Ён ходзіць да тых студэнтаў, у якіх акно на падворак. А яны, пане, цікуюць за мною і абстрэльваюць гарохам, а калі збярэцца некалькі асоб, крычаць, што ў мяне шулерскі прытон!..

– Пан Клейн ужо не будзе працаваць у мяне з ліпеня, – адказаў Шлянгбаўм. – Таму пану лепш пагутарыць з панам Жэцкім, яны даўней знаёмыя.

Марушэвіч зайшоў да мяне і чарговы раз апавёў гісторыю пра студэнтаў, якія абзываюць яго шулерам або кампраметуюць дам, што бываюць у яго.

“Добрыя дамы!” – падумаў я, а ўголас сказаў:

– Пан Клейн цэлы дзень сядзіць у краме, дык ён не можа адказваць за сваіх суседзяў.

– Так, але ў пана Клейна з імі нейкі шахер-махер, ён зладзіў, каб тыя зноў пасяліліся ў доме, ён ходзіць да іх, запрашае да сябе.

– Маладому хлопцу, – адказаў я, – лепш разам з маладымі.

– Але чаму я мушу з-за гэтага пакутаваць?! Або ён іх супакоіць або я… падам на ўсіх у суд.

Дзікія прэтэнзіі! Каб Клейн супакойваў студэнтаў, а можа, яшчэ стараўся выклікаць у іх сімпатыю да Марушэвіча!

Але ж я не прамінуў перасцерагчы Клейна і дадаў, што было б вельмі прыкра, каб ён, крамнік Вакульскага, быў выкліканы ў суд з-за нейкіх студэнцкіх беспарадкаў.

Клейн выслухаў мяне і паціснуў плячыма:

– А пры чым тут я? – адказаў ён. – Можа, я нават павесіў бы гэткага нягодніка, але гарохам у вокны я яму не страляю і шулерам яго не абзываю. Якая мне справа да яго шулерства?..

Мае рацыю! Дык я і слова больш не сказаў.

Трэба ехаць… трэба ехаць!.. Абы Клейн не ўблытаўся ў нейкую дурату. Страшна падумаць! Нібы дзеці: збіраюцца свет перайначыць, а самі забаўляюцца гэткімі недарэчнымі жартамі.

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Альбо я моцна памыляюся, альбо знаходзімся мы напярэдадні надзвычайных падзеяў.

Аднойчы ў маі паехаў Вакульскі з паннай Ленцкай ды з панам Ленцкім у Кракаў і папярэдзіў мяне, што не ведае, калі вернецца, магчыма нават, не раней, чым праз месяц.

А сам вярнуўся не праз месяц, а на другі дзень, і гэтакі заняпалы – шкада было глядзець на яго. Жах, што зрабілася з чалавекам за адны толькі суткі!

Калі я пачаў распытваць, што здарылася, чаму вярнуўся, ён спачатку вагаўся, а потым сказаў, нібы атрымаў тэлеграму ад Сузіна і паедзе ў Маскву. А праз суткі зноў перадумаў і заявіў, што ў Маскву не паедзе.

– А калі справа важная?.. – спытаў я.

– Хай іх д’яблы забяруць, гэтыя справы! – прамармытаў ён і махнуў рукою.

Цяпер ён днямі не выходзіць з дому і найчасцей ляжыць. Я быў у яго, але натрапіў на нядобразычлівасць, а ад лёкая даведаўся, што ён загадаў нікога не пускаць.

Я паслаў да яго Шумана, але Стах і з Шуманам не захацеў размаўляць, сказаў толькі, што дактары яму не патрэбныя. Шуман, аднак, гэтым не задаволіўся, і будучы крыху цікаўным, пачаў самастойнае следства, дык даведаўся дзіўныя рэчы.

Ён расказваў, што Вакульскі выйшаў з цягніка амаль апоўначы ў Скерневіцах і зрабіў выгляд, што атрымаў тэлеграму, а потым знік са станцыі і вярнуўся толькі пад ранак, выкачаны ў зямлі і нібы п’яны. На станцыі думалі, што ён сапраўды ўзяў чарку ды заснуў дзесьці ў полі.

Гэтае тлумачэнне не здолела пераканаць ані мяне, ані Шумана. Доктар сцвярджае, што Стах мусіў парваць з паннаю Ленцкай і, можа, нават спрабаваў зрабіць нейкую недарэчнасць… Але я думаю, што ён насамрэч меў тэлеграму ад Сузіна.

Як бы там ні было, а трэба ехаць дзеля здароўя. Я не інвалід яшчэ, і з-за часовай нядужасці не мушу выракацца будучыні.

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Тут Марчэўскі. Пасяліўся ён у мяне. Выглядае дзяцюк, як бернардынскі правінцыял, пасталеў, загарэў, раздаўся ўшыркі. Паўсвету абляцеў за пару апошніх месяцаў…

Быў у Парыжы, потым у Ліёне. З Ліёна заехаў аж пад Чанстахову да пані Стаўскае і з ёю прыехаў у Варшаву. Потым завёз яе назад у Чанстахову, сядзеў там з тыдзень і, падобна, дапамог з уладкаваннем крамы. Потым паляцеў аж у Маскву, адтуль зноў вярнуўся ў Чанстахову, да пані Стаўскае, зноў у яе трохі пасядзеў і цяпер – у мяне.

Мрачэўскі сцвярджае, што Сузін ніякае тэлеграмы Вакульскаму не дасылаў, і ён таксама ўпэўнены, што Вакульскі парваў з паннаю Ленцкаю. Відаць, сказаў нешта нават пані Стаўскай, бо яна – анёл, а не кабета – калі была некалькі тыдняў у Варшаве, зрабіла ласку мяне наведаць і ўсё распытвала пра Стаха.

“А ці здаровы?.. А ці смутны?.. А ці адолее сваю роспач?..”

Якую роспач? Нават каб і парваў з паннаю Ленцкай, дык, дзякуй Богу, нямала яшчэ кабет, і калі Стах захоча, можа ажаніцца – хоць бы нават з пані Стаўскаю.

Залатая, дыяментавая кабетка, як яна кахала яго і, хто ведае, ці не кахае яшчэ цяпер?.. Далібог, душа б спявала, каб Стах вярнуўся да яе. Гэткая прыгожая, гэткая шляхетная, гэткая ахвярная… Калі ёсць нейкі лад на свеце (у чым я, часам, сумняюся), дык Вакульскі павінен ажаніцца са Стаўскаю.

Але ён мусіць паспяшацца, бо, калі не памыляюся, у Мрачэўскага сур’ёзныя намеры.

– Пане! – часам кажа ён мне і заломвае рукі. – Пане, што за кабета, што за кабета… Каб не яе прапалы муж, дык я даўно ўжо прапанаваў бы руку і сэрца.

– А згадзілася б яна?

– Вось якраз і не ведаю, – уздыхнуў ён.

Ён кінуўся на крэсла, якое аж затрашчала пад ім, і працягваў:

– Калі я ўбачыў яе першы раз пасля таго, як яна з’ехала з Варшавы, нібы пярун мяне ўдарыў, гэтак яна мне спадабалася.

– Ну, яна і даўней рабіла ўражанне…

– Але не такое. Пасля прыезду з Парыжа ў Чанстахову я быў у рамантычным настроі, а яна гэткая бледнатварая, з гэткімі маркотнымі вачыма, што я адразу падумаў: ну а раптам атрымаецца?.. І давай круціцца вакол яе. Але яна не давала мне і слова сказаць, а калі я ўпаў перад ёю на калені ды пакляўся, што кахаю… яна разраўлася!.. Ах, пане Ігнацы, гэтыя слёзы… Зусім я страціў галаву, зусім… Каб таго яе мужа д’яблы ўзялі або каб былі ў мяне грошы на развод… Пане Ігнацы, пасля тыдня жыцця з гэтаю кабетай або памёр бы, або вазілі б мяне ў вазку… Так, пане… Цяпер ужо ясна мне, як я кахаю яе.

– А каб яна кахала іншага? – пытаю я.

– Каго?.. Можа, Вакульскага?.. Ха-ха! Хто ў такога ваўкаватага закахаецца?.. Кабеце патрэбныя пачуцці, каб палаць жарсцю, казаць ёй пра каханне, паціскаць руку, а калі можна, дык і… А той каменны хіба здольны на нешта падобнае?.. Ён высочваў панну Ізабэлу, як ганчак качку, бо яму здавалася, што злучыцца з арыстакратыяй, што панна мае пасаг. А як даведаўся пра стан рэчаў, дык даў лататы са Скернавіц. О, пане, з кабетамі гэтак няможна…

Прызнаюся, не падабаецца мне палкасць Мрачэўскага. Як пачне ён гэтак падаць да ног, скавытаць ды жаліцца, дык урэшце і закружыць галаву пані Стаўскай. А Вакульскі пашкадуе, бо, клянуся сваім афіцэрскім гонарам, гэта адзіная для яго кабета.

Але пачакайма, а тым часам едзьма… едзьма…

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Брр!.. Вось і паехаў… Купіў білет да Кракава, на вакзале Варшаўска-Венскае чыгункі сеў у вагон і, калі ўжо далі трэці званок, выскачыў…

Не магу я ні на хвіліну расстацца з Варшаваю ды з крамай… Жыцця мне без іх няма…

Рэчы з чыгункі забраў толькі на другі дзень, заехалі яны аж да Пётркова.

Калі ўсе мае планы напаткае гэтакі ж лёс, дык віншую…

XXXVI. ДУША Ў ЛЕТАРГІІ

Вакульскі то ляжаў, то сядзеў у сваім пакоі, і паступова яму прыгадалася, якім чынам ён дабраўся са Скернавіц да Варшавы.

А пятай раніцы купіў на вакзале квіток першага класа, аднак не быў пэўны: ён прасіў менавіта такі, ці яго далі без просьбы. Потым сеў у купэ другога класа, дзе ўжо быў ксёндз, які ўсю дарогу глядзеў у акно, і руды немец, які зняў гамашы, паставіў ногі ў брудных шкарпэтках на супрацьлеглую лаўку і спаў як забіты. Нарэшце, насупраць сядзела нейкая старая дама, якой гэтак балелі зубы, што яна нават не абражалася на свайго суседа ў шкарпэтках.

Вакульскі хацеў палічыць, колькі чалавек едзе ў купэ, і пасля вялікага намагання сцяміў: без яго – тры, а з ім – чатыры. Потым ён пачаў разважаць, чаму тры чалавекі ды адзін чалавек складаюць разам чатыры чалавекі – і заснуў.

У Варшаве ён ачуўся толькі ў Алеях Ерусалімскіх, калі ўжо ехаў брычкаю. Аднак хто вынес яму валізу, як ён апынуўся ў брычцы, – гэтага не ведаў, і нават яно не цікавіла.

Каб трапіць у сваю кватэру, яму давялося паўгадзіны званіць у дзверы, хоць і была ўжо амаль восьмая раніцы. Адчыніў яму слуга – заспаны, не апрануты, спалоханы нечаканым вяртаннем. А калі Вакульскі ўвайшоў у спальню, дык пераканаўся, што надзейны слуга спаў на ягоным уласным ложку, але выгаворваць яму не стаў, а загадаў падаць самавар.

Слуга, які, нарэшце, ачомаўся, але быў збянтэжаны, хутка памяняў прасціны ды навалкі, а Вакульскі, як толькі ўбачыў свежую пасцель, не стаў піць гарбаты, а распрануўся і лёг спаць.

Спаў ён да пятае гадзіны дня, а потым памыўся і апрануўся, як на выхад, але неяк машынальна сеў у фатэль у салоне і драмаў там да вечара. А калі на вуліцы запаліліся ліхтары, ён загадаў падаць святло і прынесці біфштэкс з рэстарана. З’еў яго з апетытам, запіў віном і апоўначы зноў пайшоў спаць.

На другі дзень наведаў яго Жэцкі, але як доўга сядзеў і пра што яны гаварылі, у памяці не засталося. Толькі на наступную ноч, калі на момант прачнуўся, яму здалося, што ён бачыць устрывожаны твар Жэцкага.

Потым ён зусім страціў уяўленне пра час: не было ўжо розніцы паміж днём і ноччу і не было адчування, што гадзіны мінаюць занадта хутка або цягнуцца надта марудна. Яго наогул не займаў час, які нібы перастаў існаваць. Адчуваў ён толькі пустэчу ў сабе і вакол сябе і не быў пэўны, што ягоная кватэра не павялічыліся ў памерах.

Раз прымроілася яму, што ляжыць ён на высокім катафалку, і прыйшлі думкі пра смерць. Яму здавалася, што ён мусіць памерці абавязкова ад паралічу сэрца, але гэта ані страшыла, ані цешыла. Часам ад нерухомага сядзення ў фатэлі дзервянелі яму ногі, і тады ён думаў, што набліжаецца смерць, ды з чужацкаю цікаўнасцю сачыў, як хутка гэта здзервяненне дабярэцца да сэрца. Назіранні гэтыя мелі нейкае адценне прыемнасці, але ўсё расплывалася ў апатыі.

Ён загадаў, каб слуга не прымаў нікога, але ўсё ж некалькі разоў наведаў яго доктар Шуман. Падчас першага візіту ён узяў яго за руку, каб палічыць пульс, і загадаў паказаць язык.

– Можа, англійскі?.. – спытаў Вакульскі, але схамянуўся і вырваў руку.

Шуман уважліва зірнуў яму ў вочы.

– Ты нездаровы, – сказаў ён. – Што табе баліць?

– Нічога. А ты зноў займаешся практыкай?

– Дзіва што! – выгукнуў Шуман. – І перш за ўсё вылечыў сам сябе – ад фантазёрства.

– Цудоўна, – азваўся Вакульскі. – Жэцкі нешта казаў мне пра тваё выздараўленне.

– Жэцкі недарэка… стары рамантык… Гэтая парода ўжо вымірае! Хто хоча жыць, мусіць цвяроза глядзець на свет… А зараз засяродзься і па чарзе заплюшчвай вочы, паводле майго загаду: левае… правае… правае… Закладзі нагу за нагу…

– Што гэта ты робіш, даражэнькі?.. – спытаў яго Вакульскі.

– Агляд.

– О!.. І маеш надзею нешта ўгледзець?

– Спадзяюся.

– А потым?

– Буду лячыць.

– Ад фантазёрства?

– Не. Ад неўрастэніі.

Вакульскі ўсміхнуўся, крыху памаўчаў і спытаў:

– Ці здолееш ты выняць у чалавека мазгі, а на іх месца ўкласці новыя?

– Пакуль не…

– Ну, дык адчапіся ад мяне са сваім лячэннем.

– Магу падштурхнуць цябе да новых жаданняў…

– Я ўжо іх маю. Хацеў бы запасці пад зямлю, глыбока… як студня ў заслаўскім замку… І яшчэ хацеў бы, каб мяне засыпала друзам, і мяне, і мой маёнтак, і нават сляды майго існавання. Вось маё жаданне – вынік усіх папярэдніх.

– Рамантызм!.. – выгукнуў Шуман і пахлопаў яго па плячы. – Але і гэта мінецца.

Вакульскі нічога ўжо не адказваў. Ён злаваўся за свае апошнія словы і дзівіўся: адкуль узялася гэта шчырасць? Недарэчная шчырасць!.. Якая каму справа да яго жаданняў?.. Навошта ён гэта сказаў?.. Навошта, як бессаромны жабрак, агаліў свае раны?

Пасля таго, як доктар пайшоў, ён заўважыў, што нешта ў ім змянілася, а менавіта: сярод бясконцае апатыі з’явілася нейкае адчуванне. Быў гэта няўцямны боль, спачатку вельмі кволы, які хутка ўбіраўся ў сілу. Напачатку можна было параўнаць яго з лёгкім уколам шпількаю, а пазней – з нечым чужародным у сэрцы, не большым за лясны арэх. Ён ужо шкадаваў апатыі, але прыгадаліся яму словы Фейхтэрслебэна[245]: “Радаваўся я сваёй пакуце, бо здавалася мне, што заўважыў у сабе тую творчую барацьбу, якая нараджала і нараджае ўсё на гэтым свеце, дзе няспынна змагаюцца бясконцыя сілы”.

“Але што гэта?” – спытаў ён сам сябе, адчуваючы, як глухі боль выціскае з душы апатыю. І адразу адказаў:

“Ага, гэта абуджэнне розуму…”

Паволі ў яго свядомасці, да гэтага часу нібы зацягнутай туманам, пачала праступаць карціна. Вакульскі з цікавасцю пачаў сачыць і разгледзеў – сілуэт кабеты ў абдымках мужчыны… Карціна спачатку засвяцілася слабым фасфарычным бляскам, потым паружавела… пажаўцела… пазелянела… стала блакітнаю… нарэшце, зусім чорнаю, як аксаміт. Потым яна знікла на пару хвілін і зноў пачала паўставаць – па чарзе ва ўсіх колерах, пачынаючы ад фасфарычнага і сканчаючы чорным.

Адначасова ўзмацняўся боль.

“Пакутую, значыць існую!..”[246] – падумаў Вакульскі, і яму стала смешна.

Гэтак мінула некалькі дзён: на сузіранні то карціны, што змяняла колеры, то болю, што змяняў сілу. Часам ён знікаў зусім, потым з’яўляўся дробным атамам, рос, запаўняў сэрца, усю істоту, цэлы свет… І ў той момант, калі магчымасць вытрываць яго была амаль вычарпаная, зноў пачынаў нікнуць, саступаючы месца поўнаму спакою і здзіўленню.

Паволі пачало нараджацца ў душы нешта новае: прага пазбыцца і тых боляў, і тых карцін. Было гэта падобна да іскры ў цемрадзі ночы. Нейкі пробліск надзеі з’явіўся ў Вакульскага.

“Ці здольны я, праўда, яшчэ мысліць?..” – спытаў ён сам сябе.

Каб спраўдзіць гэта, ён пачаў прыгадваць табліцу множання, потым множыць двухзначныя лічбы на адназначныя і двухзначныя на двухзначныя. Не давяраючы сабе, ён запісваў вынікі падлікаў, а потым правяраў… Вынікі множання на паперы адпавядалі вусным падлікам, і Вакульскі ўздыхнуў з палёгкаю.

“Яшчэ розуму не страціў!” – падумаў ён з радасцю.

Ён пачаў маляваць ва ўяўленні план уласнае кватэры, вуліц Варшавы, Парыжа… Надзея расла, бо ён заўважыў, што не толькі дакладна ўсё памятае, але гэтыя практыкаванні прыносяць яму пэўную палёгку. Чым больш ён думаў пра Парыж, тым ясней уяўляўся яму тамтэйшы вулічны рух, будынкі, гандаль, музеі, і тым хутчэй развейваўся сілуэт кабеты, якая замерла ў абдымках мужчыны…

Ён ужо пачаў патроху праходжвацца па кватэры, і вочы яго выпадкова затрымаліся на стосе рэпрадукцый. Былі там копіі з галерэй Дрэздэна ды Мюнхена – “Дон Кіхот” Дарэ, Хогарт…

Яму прыгадалася, што прысуджаныя да гільяціны лягчэй зносяць чаканне, разглядаючы малюнкі… І цэлыя дні сталі мінаць у яго ў разгляданні малюнкаў. Калі сканчаў адну кнігу, браўся за другую, трэцюю… і зноў вяртаўся да першае.

Боль глушэў, здані наведваліся ўсё радзей, надзея расла…

Часцей за ўсё праглядаў ён, аднак, “Дон Кіхота”, які рабіў на яго моцнае ўражанне.

Ён прыгадаў дзіўную гісторыю чалавека, які гадамі жыў у паэтычнай атмасферы – гэтак, як і ён сам; які кідаўся на ветракі, – як і ён, які зазнаў пераслед з усіх бакоў, – як і ён, які змарнаваў жыццё ў пошуках ідэалу кабеты, – як і ён, а замест каралеўны знайшоў брудную дзеўку з кароўніка – усё, як ён!..

“Аднак гэтаму Дон Кіхоту пашчасціла больш, чым мне! – думаў ён. – Толькі ўжо перад смерцю пачаў ён абуджацца ад сваіх ілюзій… А я?..”

Чым больш разглядаў ён малюнкі, чым больш прызвычайваліся да іх вочы, тым менш прыцягвалі яны ўвагі. За вобразамі Дон Кіхота, Санча Пансы ды паганятых мулаў Дарэ, за “Бойкаю пеўняў” ды “Вуліцаю піва” Хогарта, усё часцей паўставаў вагон, дрыжачая шыба, а ў ёй – невыразны сілуэт Старскага ды панны Ізабелы…

Тады ён закінуў рэпрадукцыі ды пачаў чытаць кніжкі, вядомыя яшчэ з дзяцінства або з тае пары, калі ён працаваў у Гопфера. З невымоўнаю ўзрушанасцю асвяжаў ён у памяці: “Жыццё Св. Жэнеўевы”, “Ружу з Таненберга”, “Ранальда”, “Рабінзона Круза”, нарэшце, “Тысячу і адну ноч”. Зноў яму здавалася, што час і рэчаіснасць перасталі існаваць, што яго зраненая душа ўцякла з зямлі і блукае па нейкіх чароўных краінах, дзе б’юцца сэрцы, поўныя высакародства, дзе подласць не прыкрываецца аблуднаю маскаю, дзе ўладарыць вечная справядлівасць, якая суцішае боль і ўзнагароджвае за крыўды…

І тут заўважыў ён дзіўную рэч. Калі з айчыннае літаратуры ён вынес ілюзіі, якія прывялі душу да краху, дык гаючае супакаенне ён знаходзіў у літаратуры замежнай.

“Ці праўда, – думаў ён з трывогаю, – што мы – народ рамантыкаў, і ніколі ўжо не сыдзе анёл, які ўзбурліў бы Віфездскую сажалку[247], абкладзеную з усіх бакоў хворымі?..”

Пэўнага дня прынеслі яму з пошты тоўсты пакет.

“З Парыжа?.. – мільганула ў яго здагадка. – Так, з Парыжу. Цікава, што гэта?..”

Але цікаўнасць не была аж такою моцнаю, каб заахвоціла распячатаць ды прачытаць ліст.

“Які тоўсты ліст!.. Каму, на ліха, хочацца сёння столькі пісаць?”

Ён кінуў пакет на стол і вярнуўся да чытання “Тысячы і аднае ночы”.

Якая асалода для спакутаванага розуму тыя белакаменныя палацы, тыя дрэвы, на якіх растуць каштоўныя камяні, тыя кабалістычныя словы, ад якіх расступаюцца сцены, тыя цудоўныя лямпы, з дапамогаю якіх можна перамагаць ворагаў, пераносіцца ў імгненне вока на сотні міль… А тыя магутныя чарадзеі!.. Як шкада, што такая ўлада даставалася людзям злым і нікчэмным!..

Ён адкладаў кніжку і, пасмейваючыся з сябе, марыў, што ён сам такі чарадзей, што валодае двума дробязямі: уладаю над сіламі прыроды ды здольнасцю рабіцца нябачным…

“Трэба прызнаць, – сказаў ён сабе, – што праз некалькі гадоў майго гаспадарання свет выглядаў бы іначай… Непапраўныя гультаі сталі б Сакратамі ды Платонамі”.

Потым ён зірнуў на парыжскі ліст і прыгадаў Гейста ды ягоныя словы: “Чалавецтва складаецца з гадаў і тыграў, сярод якіх ледзьве адзін на ўсю грамаду знойдзецца чалавек… Усе сённяшнія нядолі з-за таго, што вялікія адкрыцці траплялі без разбору і да людзей, і да пачвар… Я не зраблю такую памылку, і калі, нарэшце, вынайду метал, лягчэйшы за паветра, аддам яго толькі праўдзівым людзям. Няхай хоць раз яны займеюць зброю выключна для сябе, няхай іх раса множыцца і расце яе магутнасць…”

“Несумненна, – прамармытаў ён, – лепш, каб Ахоцкія ды Жэцкія мелі сілу, чым Старскія ды Марушэвічы…”

“Вось мэта! – думаў ён далей. – Каб я быў маладзейшы… Хоць… Ну, але і тут трапляюцца людзі, і тут нямала можна зрабіць…”

Ён зноў пачаў чытаць гісторыі з “Тысячы і аднае ночы”, але заўважыў, што і яны ўжо не прыцягваюць больш увагі. Даўні боль зноў пачаў тузаць сэрца, а перад вачыма штораз ясней паўставаў сілуэт панны Ізабэлы ды Старскага.

Ён прыгадаў Гейста ў драўляных сандалях, пазней – ягоны дзівачны дом, абнесены мурам… І раптам здалося яму, што гэты дом – першая прыступка даўжэзнае лесвіцы, наверсе якое стаіць статуя, вышынёй аж да аблокаў. Гэта была выява кабеты, ні галавы, ні грудзей якое не было відаць, а толькі бронзавыя фалды сукенкі. Здавалася яму, што на пастаменце, на які абапіраліся яе ногі, чарнее надпіс: “Нязменная і чыстая”. Ён не разумеў, што гэта, але адчуваў, як ад ног статуі наплывае ў сэрца нейкая непарушная веліч. І толькі дзівіўся сабе, што ён, здольны адчуваць нешта падобнае, мог кахаць панну Ізабэлу, гневацца на яе, раўнаваць да Старскага!..

Яго твар загарэўся ад сораму, хоць у пакоі нікога больш не было.

Здань знікла, Вакульскі апрытомнеў. Ён зноў быў толькі чалавекам – збалелым і слабым. Але ў яго душы гучаў нейкі магутны голас, нібы рэха красавіцкае буры, якая навальніцаю абвяшчае пачатак вясны і ўваскрашэнне.

Першага чэрвеня наведаў яго Шлянгбаўм. Увайшоў ён нясмела, але ўбачыў Вакульскага і падбадзёрыўся.

– Я не прыходзіў, – пачаў ён, – бо ведаў, што табе нядужылася і ты не хацеў нікога бачыць. Ну, але дзякуй Богу, усё ўжо мінула…

Ён круціўся на крэсле і крадком разглядаў пакой. Спадзяваўся, хіба, убачыць большы беспарадак.

– Маеш нейкую справу? – спытаў яго Вакульскі.

– Не так справу, як прапанову… Калі я даведаўся, што ты захварэў, дык падумалася мне… Бачыш… табе неабходны доўгі адпачынак, мусіш адыйсці ад спраў, дык прыйшло мне ў галаву, ці не пакінуў бы ты ў мяне тыя сто дваццаць тысяч рублёў… Спакойна меў бы дзесяць працэнтаў.

– Ага! – спыніў яго Вакульскі. – Я сваім супольнікам спакойна плаціў пятнаццаць.

– Але час цяпер іншы, цяжка… Зрэшты, ахвотна дам пятнаццаць працэнтаў, калі пакінеш мне сваю фірму…

– Ані фірмы, ані грошай, – незадаволена адказаў Вакульскі. – Хай яна гарам гарыць гэта фірма, а грошы… У мяне іх столькі, што хопіць і працэнтаў, якія даюць паперы. А!.. І таго зашмат.

– Дык хочаш забраць свой капітал на Святога Яна? – спытаў Шлянгбаўм.

– Магу пакінуць табе да кастрычніка нават без працэнтаў, але з умоваю, што ты не звольніш з крамы тых людзей, якія пажадаюць застацца.

– Цяжкая ўмова, але…

– Як хочаш.

Настала хвіліннае маўчанне.

– Што ты збіраешся рабіць з суполкаю гандлю з імперыяй? – спытаў Шлянгбаўм. – Бо гаворыш так, нібы і з яе хацеў бы выйсці…

– Вельмі падобна да таго.

Шлянгбаўм пачырванеў, хацеў нешта сказаць, але перадумаў. Яны пагаманілі яшчэ пра тое-сёе, і Шлянгбаўм пайшоў, вельмі цёпла развітаўшыся.

“Ён, як бачу, мае намер усё да рук прыбраць, – думаў Вакульскі. – Уга! Хай прыбірае… свет належыць заваёўнікам”.

Але Шлянгбаўм, які менавіта цяпер прыйшоў пагутарыць з ім пра свае справы, падаўся яму забаўным.

“Усе ў краме скардзяцца на яго, – думаў ён. – Кажуць, што ён занадта задаецца, чэпіцца… Праўда, і пра мяне казалі тое ж самае…”

Яго позірк слізгануў па стале, дзе ўжо некалькі дзён ляжаў ліст з Парыжа. Ён узяў яго ў рукі, пазяхнуў, але, нарэшце, распячатаў.

Гэта было паведамленне ад тае баранесы, што мела сувязі ў дыпламатычным свеце. Да ліста было дададзена некалькі афіцыйных актаў. Ён праглядзеў іх і ўпэўніўся, што смерць Эрнэста Вальтэра, іначай Людвіка Стаўскага, даказаная, што памёр ён у Алжыры.

Вакульскі задумаўся.

“Каб тры месяцы таму атрымаў я гэтыя паперы, хто ведае, што было б сёння?.. Стаўская – прыгожая, а перадусім гэткая шляхетная… гэткая шляхетная!.. Можа, яна і праўда мяне кахала?.. Стаўская – мяне, а я тую… Якая іронія лёсу!..”

Ён кінуў паперы на стол і прыгадаў малы, утульны салон, дзе гэтулькі вечароў правёў з пані Стаўскаю, дзе адчуваў сябе гэтак спакойна.

“Ну, – думаў ён, – вось і выракся я шчасця, якое само ішло ў рукі… Але ці можа быць шчасцем тое, чаго мы не прагнем?.. А калі яна хоць адзін дзень пакутавала гэтак, як я?.. Жахліва ўладкаваны свет, дзе двое людзей, аднолькава няшчасных, не могуць дапамагчы адно аднаму…”

Дакументы пра смерць Стаўскага ляжалі некалькі дзён, а Вакульскі не мог вырашыць, што з імі рабіць.

Спачатку ён забыўся на іх, а потым, калі яны траплялі на вочы або пад руку, адчуваў дакоры сумлення.

“Урэшце, – думаў ён, – я здабыў іх дзеля пані Стаўскае, дык трэба аддаць іх пані Стаўскай. Але дзе яна?.. Не ведаю… Цікавая атрымалася б гісторыя, каб я з ёю ажаніўся… Пазбавіўся б адзіноты… Гэлюня – мілае дзіця… Была б і мэта ў жыцці. Ну, але сама яна страціла б на гэтым… Што я мог сказаць ёй? Што хворы і мне трэба дагляд, таму ахвярую пані некалькі тысяч рублёў на год… Нават дазволю кахаць сябе, хоць сам… Досыць ужо мне кахання…”

Дзень мінаў за днём, а Вакульскі не мог прыдумаць, як даслаць паперы пані Стаўскай. Трэба было даведацца, дзе яна жыве, напісаць заказны ліст, аддаць яго на пошту… Нарэшце, яму прыйшло ў галаву, што прасцей паклікаць Жэцкага (якога ён не бачыў некалькі тыдняў), і дакументы аддаць яму. Але, каб паклікаць Жэцкага, трэба было пазваніць, загадаць лёкаю пайсці ў краму…

“А! Адчапіцеся ад мяне!” – прамармытаў ён.

І зноў засеў за чытанне, гэтым разам – пра падарожжы.

Наведаў Злучаныя Штаты, Кітай, але паперы пані Стаўскае не давалі яму спакою. Ён разумеў, што трэба нешта зрабіць з імі, і адчуваў, што нічога ён не зробіць.

Гэтакі душэўны стан пачаў дзівіць яго самога.

“Разважаю я правільна, – размаўляў ён сам з сабою. – Ну калі не псуюць усё ўспаміны… Адчуваю правільна… Нават занадта правільна! Толькі… не хочацца мне зрабіць гэту справу, зрэшты, ніякую… Дык гэта модная сёння хвароба волі… Цудоўнае адкрыццё! Але ж, да д’ябла, ніколі я не ганяўся за модаю… Зрэшты, мода гэта ці не мода, а мне гэтак добра, і таму…”

Ён якраз скончыў падарожжа ў Кітай, калі з’явілася ў яго думка, што пры наяўнасці волі ён мог бы раней ці пазней забыць і некаторыя выпадкі, і некаторых асобаў.

“А яно мяне гэтак мучыць, гэтак мучыць…” – прашаптаў ён.

Арыентацыя ў часе была згубленая канчаткова.

Аднойчы гвалтам прарваўся да яго Шуман.

– Ну што? – спытаў ён. – Чытаем, бачу… Раманы… Добра. Падарожжы… Яшчэ лепш. Не маеш ахвоты выйсці на шпацыр? Пагодны дзень, а за пяць тыдняў нацешыўся ўжо, хіба, сваімі пакоямі…

– Ты ўжо гадоў з дзесяць сваімі цешышся, – адказаў Вакульскі.

– Слушна! Але я меў занятак, даследаваў чалавечыя валасы і спадзяваўся на славу. Апроч таго, не было ў мяне на карку клопатаў – ані сваіх, ані чужых. Праз пару тыдняў сход суполкі гандлю з імперыяй…

– Я выходжу з яе…

– Бач ты… Добрая ідэя, – іранічна працягваў Шуман. – І да таго ж, каб яны лепш ацанілі цябе, дай ім магчымасць узяць дырэктарам Шлянгбаўма. Ён ім пакажа!.. Як мне… Геніяльная раса тыя жыды, але ж і мярзотнікі!..

– Ну, ну, ну…

– Толькі ж ты не кідайся іх бараніць, – злосна закрычаў Шуман. – Бо я іх не толькі ведаю, а наскрозь бачу… Горла пад нож падставіў бы, што Шлянгбаўм ужо капае табе яму, і ўпэўнены, што ён уплішчыцца ў суполку, бо як жа польскай шляхце абысціся без жыда…

– Як бачу, не любіш ты Шлянгбаўма?

– Наадварот, я ім нават захапляюся і хацеў бы стаць такім, як ён, але не здолею! А пачынае якраз абуджацца ў мяне інстынкт продкаў: схільнасць да гешэфтаў… Натура! Хацеў бы я мець з мільён рублёў, каб ператварыць яго ў два мільёны, тры… і стаць малодшым братам Ротшыльда. Тым часам нават Шлянгбаўм з мяне дурня робіць… Гэтак доўга я круціўся сярод вас, аж урэшце страціў усё тое каштоўнае, чым вызначаецца мая раса. А гэта вялікая раса. Яны свет здабудуць, і нават не розумам, а шахрайствам і падманам…

– Дык парві з імі. Ахрысціся…

– І не падумаю. Па-першае, не парву з імі, хоць бы нават і ахрысціўся, а я гэтакі фенаменальны жыдзяра, што не люблю прыкідвацца. Па-другое, не парваў я з імі, калі яны былі слабыя, дык не парву і сёння, калі яны моцныя.

– Здаецца мне, што ўласна цяпер яны найбольш слабыя, – заўважыў Вакульскі.

– Ці не таму, што іх пачынаюць ненавідзець?..

– Ну, нянавісць – гэта занадта моцнае слова…

– Павер, я не сляпы і не дурны… Я ведаю, што кажуць пра жыдоў у майстэрнях, шынках, крамах, нават у газетах… І ўпэўнены, што праз год-другі зноў пачнецца цкаванне, з якога мае ізраільскія браты выйдуць яшчэ больш мудрыя, яшчэ больш моцныя, яшчэ больш салідарныя… А як яны некалі расквітаюцца з вамі!.. Шэльмы з-пад цёмнае зоркі, але мушу прызнаць іх геніяльнасць і не адмаўляюся, што сімпатызую… Брудны жыдок, як падумаю, мілей мне за вылізанага паночка, а калі праз дваццаць гадоў першы раз завітаў я ў сінагогу ды пачуў спевы, дык, слова гонару, слёзы мне ў вачах закруціліся… Што тут казаць… Цудоўны Ізраіль у сваім трыумфе, і мне прыемна думаць, што да трыумфу прыніжаных і я маю дачыненне!..

– Шуман, мне здаецца, у цябе гарачка…

– Вакульскі, я ўпэўнены, што ў цябе бяльмо, але не на воку, а на мазгах…

– Як ты можаш казаць мне такое?..

– Магу, бо, па-першае, не хачу быць гадам, які кусае падступна, а па-другое… ты, Стах, ужо не будзеш з намі змагацца… Ты зламаны. І зламаны сваімі… Краму ты прадаў, суполку кідаеш… Кар’ера твая скончаная.

Вакульскі апусціў галаву на грудзі.

– Зрэшты, падумай, – працягваў Шуман, – хто сёння застаўся пры табе?.. Я, жыд, гэткі ж усімі пагарджаны і гэткі ж пакрыўджаны, як і ты… І тымі ж самымі людзьмі… вялікімі панамі…

– Сентыментальны робішся, – заўважыў Вакульскі.

– Гэта не сентыментальнасць!.. Яны пышыліся перад намі сваёй веліччу, узносілі свае вартасці, навязвалі нам свае ідэалы… А сёння скажы ты мне: дзе падзеліся тыя ідэалы ды вартасці, дзе іх веліч, якая была вымушаная лезці табе ў кішэню?.. Толькі год пражыў ты з імі, нібы роўня, і што яны з табой зрабілі?.. Дык падумай толькі, што яны зрабілі з намі, каго прыгняталі і тапталі стагоддзямі?.. І таму я раю табе: аб’яднайся з жыдамі. Падвоіш маёнтак і, як кажа “Стары Запавет”, убачыш ворагаў сваіх ля ног сваіх… За фірму і добрае слова аддамо табе Ленцкіх, Старскага і каго яшчэ захочаш у дадатак… Шлянгбаўм не для цябе супольнік, гэта блазан.

– А як пазагрызаеце вялікіх паноў, што тады?..

– Нічога не застанецца, як аб’яднацца з вашым людам. Будзем яго інтэлігенцыяй, якой вы сёння не маеце… Навучым нашай філасофіі, нашай палітыцы, нашай эканоміцы, і дакладна, лепш будзе з намі, чым з ранейшымі правадырамі… Правадыры!.. – дадаў ён і зарагатаў.

Вакульскі махнуў рукою.

– Мне здаецца, – сказаў ён, – што ты, які хоча ўсіх вылечыць ад фантазёрства, сам фантазёр.

– Чаму гэта?.. – спытаў Шуман.

– Так… Самі не маеце грунту пад нагамі, а хочаце іншых за аброць весці… Вы лепш падумайце пра сумленную роўнасць, а не пра тое, як заваяваць свет, і не бярыцеся выпраўляць чужыя заганы да таго, як выправіце свае, якія памнажаюць вам ворагаў. Зрэшты, ты сам не ведаеш, чаго трымацца: раз пагарджаеш жыдамі, другі раз занадта іх узносіш…

– Пагарджаю адзінкамі, а шаную сілу грамады.

– А я якраз наадварот, пагарджаю грамадою, але часам шаную адзінкі.

Шуман задумаўся.

– Як хочаш, так і рабі, – сказаў ён і ўзяўся за капялюш. – Але факт: як толькі выйдзеш з суполкі, трапіць яна ў рукі Шлянгбаўма і цэлай зграі пархатых жыдзяраў. А каб застаўся, мог бы прывесці туды людзей пачцівых ды прыстойных, якія маюць заганаў няшмат, а сувязі вялікія.

– Так ці гэтак, а суполку апануюць жыды.

– Але без тваёй дапамогі зробяць гэта жыды з хедару[248], а з табою – з універсітэту.

– Ці не ўсё адно! – адказаў Вакульскі, паціскаючы плячыма.

– Не ўсё. Нас аб’ядноўвае з імі паходжанне і становішча, а раздзяляюць – погляды. Мы маем адукацыю, а яны – Талмуд, мы – розум, а яны – хітрасць, мы крыху касмапаліты, а яны хацелі б адмежавацца ад усяго свету і не бачаць далей за сінагогу ды кагал. Што тычыцца агульных ворагаў, дык яны цудоўныя хаўруснікі, але што тычыцца прагрэсу іўдаізму… яны для нас нязносны цяжар! Таму ў інтарэсах цывілізацыі мы мусім трымаць усё ў сваіх руках. Тыя здольныя толькі спаскудзіць свет сваімі лапсардакамі ды цыбуляй, але не спрыяць яго развіццю… Падумай пра гэта, Стах!..

Ён абняў Вакульскага і пайшоў, насвістваючы арыю “Рахіль, паводле Боскай волі дадзена ты мне…”[249]

“Відавочна, – думаў Вакульскі, – рыхтуецца бойка паміж жыдамі прагрэсіўнымі і цемрашаламі за нашу скуру, і ад мяне чакаюць, што я стану на адзін з бакоў… Цудоўная роля!.. Ах, мне млосна ад гэтага…”

Ён прыдрамаў і зноў убачыў патрэсканы мур дома Гейста і бясконцую колькасць прыступак, наверсе якіх сядзела бронзавая багіня, з галавою ў хмарах і загадкавым надпісам у нагах: “Нязменная і чыстая…”

У той момант, калі ён глядзеў на фалды яе сукенкі, хацелася яму смяяцца і з панны Ізабэлы, і з яе спрытнага каханка, і з уласных пакутаў.

“Ці магчыма?.. ці магчыма?.. – шаптаў ён. – Каб я…”

Але статуя знікла, а боль вярнуўся і запанаваў у яго сэрцы, як гаспадар, якому ніхто не страшны.

Праз некалькі дзён пасля візіту Шумана з’явіўся ў Вакульскага Жэцкі.

Быў ён высахлы, абапіраўся на кіёк і так стаміўся, пакуль падняўся на другі паверх, што ўпаў задыханы на крэсла і не мог размаўляць.

Вакульскі спалохаўся.

– Што з табою, Ігнацы?

– Ат, нічога!.. Трохі старасць, трохі… Ат, нічога!..

– Але ж трэба лячыцца, дарагі мой. Паедзь куды…

– Скажу табе, я ўжо і спрабаваў быў паехаць… Нават на чыгунцы ўжо быў. Але ахапіла мяне гэткая туга па Варшаве і… па нашай краме, – дадаў ён цішэй, – што… Ат!… Чаго там!.. Перапрашаю, што прыйшоў сюды…

– І табе перапрашаць мяне, стары! Я думаў, што ты гневаешся на мяне.

– Я – на цябе?.. – перапытаў Жэцкі і аддана зірнуў на яго. – Я – на цябе?.. Але вось што!.. Прывялі мяне сюды справы і вялікі клопат…

– Клопат?

– Уяві сабе, Клейн арыштаваны…

Вакульскі аж адсунуўся разам з крэслам.

– Клейн і тыя два, памятаеш?.. Той Малескі і Паткевіч…

– За што?

– Яны жылі ў доме баранесы Кшэшоўскае, ну і крыху дапякалі, праўду кажучы, таму… таму Марушэвічу… Ён ім пагражаў, а тыя яшчэ мудрэй… Нарэшце, паляцеў ён са скаргаю ў паліцыю… Прыйшла паліцыя, падняўся там нейкі вэрхал, і ўсіх траіх арыштавалі.

– Дзеці… дзеці!.. – прашаптаў Вакульскі.

– І я тое кажу, – працягваў Жэцкі. – Вядома, нічога ім не будзе, але паганая гісторыя. Той асёл Марушэвіч сам спалохаўся… Прыбег да мяне, кляўся, што не вінаваты… Я не мог стрываць, дык сказаў яму: “Што пан не вінаваты, я веру, але ж і тое праўда, што ў наш час пан Бог апякуецца махлярамі… Бо, па справядлівасці, гэта пан павінны сядзець сёння за кратамі за падробку подпісаў, а не тыя легкадумныя…” Аж ён заплакаў. Прысягаў, што стане ўжо на добры шлях, а калі да гэтага часу яшчэ не стаў, дык толькі па тваёй віне.

“Я быў поўны самых высакародных памкненняў, – кажа, – але пан Вакульскі замест таго, каб падаць мне руку, замест таго, каб падтрымаць у добрых намерах, праігнараваў мяне…”

– Шчырая душа! – зарагатаў Вакульскі. – Што ж яшчэ?

– У горадзе кажуць, – працягваў Жэцкі, – ты выходзіш з суполкі…

– Так…

– І што аддаеш яе жыдам…

– Ну, але мае супольнікі не стары гардэроб, каб я мог іх некаму аддаваць, – зазлаваў Вакульскі. – Яны маюць грошы, маюць галовы на карках… Няхай шукаюць людзей і даюць сабе рады.

– Каго яны знойдуць! А каб і знайшлі, каму яны даверацца, як не жыдам!.. А жыды сур’ёзна зацікавіліся гэтаю справаю. Няма дня, каб не наведаў мяне Шуман або Шлянгбаўм, і кожны падгаворвае, каб я ўзяўся кіраваць суполкаю пасля цябе…

– Ты і кіруеш ёю цяпер.

Жэцкі махнуў рукою.

– Дзякуючы тваімі ідэям ды грашам, – адказаў ён. – Але няважна… Як я бачу, Шуман належыць да аднае партыі, а Шлянгбаўм – да другое, і яны шукаюць падстаўных асоб… Перада мною яны адзін аднаго брудам паліваюць, але ўчора я пачуў, што абедзве партыі хутка паразумеюцца.

– Мудрыя! – ціха прамовіў Вакульскі.

– Але знелюбіў я іх, – адказаў Жэцкі. – Я ж стары купец і скажу табе: усё ў іх трымаецца на ляманце, на шахер-махеры ды на тандэце.

– Не надта сварыся, – заўважыў Вакульскі, – бо гэта ж мы іх выгадавалі…

– Не мы!.. – загневаўся Жэцкі. – Яны паўсюдна такія… Дзе я іх ні спатыкаў – у Пешце, у Канстанцінопалі, у Парыжы і ў Лондане – вакол бачыў адзін прынцып: даць як мага менш, а ўзяць як мага больш, як з матэрыяльнага, гэтак і з маральнага боку… Паказуха… адна паказуха!..

Вакульскі захадзіў па пакоі.

– Шуман меў рацыю, – сказаў ён. – Расце да іх непрыязь, калі нават ты…

– У мяне няма непрыязі… Я ўжо саступаю месца… Але паглядзі, што робіцца?.. Куды толькі яны ні лезуць, дзе ні паадчынялі свае крамы, да чаго толькі ні цягнуцца іх рукі?.. А кожны яшчэ, варта яму заняць нейкае становішча, валачэ за сабою легіён сваіх, і не лепшых за нас, а горшых. Пабачыш, у што яны ператвораць нашу краму, якія там будуць крамнікі, які тавар… І не паспелі яны прыўлашчыць краму, як ужо плішчацца да арыстакратыі, ужо падбіраюцца да тваёй суполкі…

– Наша віна… наша віна!.. – паўтараў Вакульскі. – Мы не можам забараняць людзям займаць лепшыя пасады, але можам бараніць уласныя.

– Ты сам пакідаеш пасаду.

– Не з-за іх. Яны са мною сумленна абыходзіліся.

– Бо ты ім быў патрэбны. З цябе ды тваіх сувязяў яны зладзілі прыступку…

– Ну, досыць ужо, – спыніў яго Вакульскі, – мы не пераканаем адзін аднаго… Але… але… У мяне тут афіцыйныя паперы пра смерць Людвіка Стаўскага.

Жэцкі падхапіўся з фатэля.

– Мужа пані Гэлены?.. Дзе?.. – захваляваўся ён. – Але ж гэта выратаванне нам усім!..

Вакульскі падаў дакументы, якія Жэцкі схапіў дрыжачымі рукамі.

– Вечны адпачынак і… дзякуй Богу!.. – казаў ён, чытаючы. – Ну, каханы Стах, нічога ўжо не перашкаджае… Ажаніся з ёю… Ах, каб ты ведаў, як яна кахае цябе… Зараз жа паведамлю гаротніцы, а паперы ты сам завязі і… адразу прасі рукі… Я ўжо бачу, што і суполка будзе выратаваная, а можа, і крама… Сотні людзей, якім не будзе ўжо пагражаць галеча, дабраславяць вас… Што за кабета!.. З ёю толькі і знойдзеш ты спакой ды шчасце…

Вакульскі спыніўся перад ім і пахітаў галавою.

– А яна са мною знойдзе шчасце? – спытаў ён.

– Яна шалёна кахае цябе… Ты нават не здагадваешся…

– А ведае яна, каго кахае?.. Ці ты не бачыш, што я ўжо руіна, і найгоршая з руін, бо духоўная… Атруціць некаму шчасце я здолею, але даць… І каб мог я даць яшчэ нешта свету, дык, хіба, грошы ды сваю працу, але… не цяперашнім людзям, зусім іншым.

– Э, суніміся! – выгукнуў Жэцкі. – Ажаніся з ёю і адразу на ўсё іначай паглядзіш…

Вакульскі смутна ўсміхаўся.

– Так… ажаніцца!.. Прывязаць да сябе добрую і нявінную істоту, насмяяцца над высакароднымі пачуццямі, а думкамі быць дзесьці ў іншым месцы… І праз год або два, можа, яшчэ і заявіць, што з-за яе не ажыццявіў вялікія намеры…

– Палітыка? – таямніча прашаптаў Жэцкі.

– Што тая палітыка!.. Ужо меў я час і магчымасці, каб расчаравацца ў ёй… Ёсць нешта больш важнае за палітыку…

– Можа, вынаходніцтва таго Гейста?.. – спытаў Жэцкі.

– А ты адкуль ведаеш?

– Ад Шумана.

– А, праўда!.. Я і забыўся, што Шуман мусіць пра ўсё ведаць. Гэта таксама талент.

– І вельмі прыдатны. А табе вельмі раю: падумай пра пані Стаўскую, бо…

– Ты звядзеш яе?.. – усміхнуўся Вакульскі. – Зводзь, зводзь!.. Гарантую, што бедаваць вам не давядзецца.

– Цьху! Адчапіся!.. Свет бы перакуліўся з ног на галаву, каб гэтакі зносак, як я, думаў пра падобную кабету. Але ёсць нехта больш небяспечны… Мрачэўскі… Шалее за ёю, кажу я табе, і ўжо паехаў да яе трэці ці чацвёрты раз… Сэрца кабеты не камень…

– О, Мрачэўскі! Ён ужо не бавіцца ў сацыялізм?

– Дзе там! Кажа, што варта чалавеку адкласці першую тысячу рублёў ды яшчэ спазнацца з гэткаю прыгожаю кабетаю, як Стаўская, адразу палітыка выветрываецца з галавы.

– Небарака Клейн меў іншае меркаванне, – сказаў Вакульскі.

– Што той Клейн, калі ён такі малахольны!.. Добры хлапец, але які з яго крамнік… Мрачэўскі – вось перліна!.. Прыгажун, па-французску балбатаў, а як на кліентак пазіраў, як вусы падкручваў!.. Гэты не будзе спаць у шапку і выхапіць паню Стаўскую ў цябе з-пад носа… Пабачыш!..

Ён ужо сабраўся ісці, але з парога паўтарыў:

– Ажаніся з ёю, Стах, ажаніся… Ашчаслівіш кабету, выратуеш суполку, можа, і крама не прападзе. Што тыя вынаходніцтвы… Тыя лятальныя машыны… Хоць і яны, можа, прыдаліся б? – дадаў ён задумліва. – Ат! Рабі, як хочаш, але хутчэй вырашай са Стаўскаю, бо я адчуваю, што Мрачэўскі не ўпусціць свайго. Гэта хват! Машыны лятальныя… Уга! Адкуль мне ведаць?.. Можа, і гэта… можа, і гэта на нешта прыдасца.

Вакульскі застаўся адзін.

“Парыж ці Варшава?.. – думаў ён. – Там вялікая мэта, але няпэўная, а тут сотні людзей… На якіх я не магу глядзець…” – дадаў ён праз момант.

Ён падышоў да акна і нейкі час пазіраў на вуліцу, проста каб супакоіцца. Але ўсё яму не падабалася: рух калясак, мітусня пешых, іх заклапочаныя або ўсмешлівыя твары. А найбольш раздражнялі кабеты. Яму здавалася, што кожная – увасабленне недарэчнасці ды фальшу.

“Кожная знойдзе свайго Старскага, раней ці пазней, – думаў ён. – Кожная яго шукае”.

Неўзабаве зноў наведаў Вакульскага Шуман.

– Дарагі мой, – з рогатам закрычаў ён з парога, – нават каб ты выкінуў мяне за дзверы, буду назаляць табе сваімі візітамі…

– Чаму ж, заходзь часцей, – адказаў Вакульскі.

– Дык згодны? Цудоўна!.. Напалову вылечаны… Што значыць моцны мозг, аднак!.. Не мінула і сямі тыдняў цяжкае мізантропіі, а ўжо пачынаеш паблажліва ставіцца да роду людскога ды яшчэ ў маёй асобе… Ха-ха-ха!.. А каб яшчэ ўпусціць у тваю клетку нейкую шыкоўную кабеціну…

Вакульскі збялеў.

– Ну, ну… я ведаю, яшчэ рана… Хоць час ужо выходзіць на людзі. Гэта вылечыла б цябе канчаткова. Бо вазьмі, напрыклад, мяне, – правіў далей Шуман. – Пакуль я сядзеў у чатырох сценах, дык нудзіўся, як д’ябал у званіцы, а ледзьве паказаўся ў таварыстве, як маю ўжо безліч забаваў. Шлянгбаўм стараецца мяне адурыць і толькі дзівуецца, бо кожны дзень пераконваецца, што хоць міна ў мяне гэткая наіўная, але я навылёт бачу ўсе яго намеры. Ажно шанаваць мяне пачаў…

– Досыць сціплая забаўка, – заўважыў Вакульскі.

– Пачакай! Другую ўцеху спраўляюць мне аднаверцы фінансісты, бо ім здаецца, што я надзвычай спрытны дзялок, але яны, нягледзячы на гэта, здолеюць кіраваць мною, як ім захочацца… Уяўляю сабе іх балеснае расчараванне, калі яны пераканаюцца, што я ані надта пранырлівы, ані досыць прастакаваты, каб стаць пешкаю ў іх руках…

– А мяне ж угаворваў увайсці ў хаўрус з імі...

– Гэта іншае. Я і сёння ўгаворваю. На абачлівым хаўрусе з разумнымі жыдамі ніхто ніколі не страціў, прынамсі, у фінансах. Але адна справа быць хаўруснікам, а іншая – пешкаю, якою мяне хочуць зрабіць… Ах, жыдзяры! Вечныя шэльмы, хоць у лапсардаках, хоць у фраках…

– Табе, аднак, не перашкаджае гэта выхваляць іх, нават замірыцца са Шлянгбаўмам?..

– Гэта таксама іншае, – адказаў Шуман. – Жыды, паводле майго меркавання, самая геніяльная раса на свеце, і пры гэтым – мая раса, дык я імі захапляюся і, збольшага, люблю. А што да паразумення са Шлянгбаўмам… Пабойся Бога, Стах! Ці разумна нам грызціся паміж сабою, калі трэба ратаваць гэткую цудоўную справу, як суполка гандлю з імперыяй?.. Ты яе пакідаеш, дык альбо яна прападзе, альбо перахопяць яе немцы, і ў кожным выпадку край страціць. А так і краю нешта перападзе, і нам…

– Усё менш я цябе разумею, – заўважыў Вакульскі. – То жыды вялікія, то жыды шэльмы… Шлянгбаўма трэба не падпускаць да суполкі і, зноў жа, трэба яго туды прыняць… Калі жыды нешта займеюць, дык і край нешта атрымае… Поўны хаос!..

– Мазгі ў цябе, Стах, набакір… Ніякі гэта не хаос, тут усё ясна, як божы дзень… У гэтым краі толькі жыды ствараюць нейкі прамысловы ды гандлёвы рух, дык кожная іх эканамічная перамога – гэта чысты даход для краю… Хіба я не маю рацыі?..

– Мне трэба падумаць пра гэта, – адказаў Вакульскі. – Ну, а якую яшчэ маеш уцеху?

– Найбольшую. Уяві сабе, што пры першых жа чутках пра мае будучыя фінансавыя дасягненні адразу захацелі мяне ажаніць!.. Мяне! З маёю жыдоўскаю пысаю ды лысінаю…

– Хто?.. З кім?..

– Вядома, нашы знаёмыя. А з кім?.. А з кім я захачу. Нават з хрысціянкаю, і з добрае сям’і, абы я пахрысціўся…

– А ты?

– Ведаеш, я гатовы зрабіць гэта з цікаўнасці. Проста каб даведацца, якім чынам будзе пераконваць мяне ў сваім каханні хрысціянка – прыгожая, маладая, добра выхаваная, а перадусім з добрае сям’і?.. Тут ужо бавіцца можна бясконца. Бавіўся б я, гледзячы, як яна завіхаецца, каб займець маю руку і сэрца. Бавіўся б, слухаючы, як яна гаворыць пра сваю ахвярнасць дзеля сям’і, а можа, нават і айчыны. Бавіўся б, нарэшце, назіраючы, як яна будзе ўзнагароджваць сябе за ахвярнасць – ашукае мяне старым спосабам, гэта значыць, патаемна, або новым, гэта значыць, яўна. Можа, нават жадаючы, каб я не звяртаў увагі?..

Вакульскі схапіўся за галаву.

– Жах… – прашаптаў ён.

Шуман скоса пазіраў на яго.

– Стары рамантык!.. Стары рамантык!.. – казаў ён. – Хапаешся за галаву, бо ў тваім хворым уяўленні ўсё яшчэ няволіцца хімера ідэальнага кахання, кабета з анёльскаю душою… Такіх – адна на дзесяць, дык шанцаў дзевяць супраць аднаго, што не знойдзеш такую. А хочаш знаць норму? Дык паглядзі, як жывуць людзі. Або мужчына, нібы певень, улягае за дзясяткамі кабет, або кабета, як ваўчыца ў лютым, вабіць за сабою цэлую зграю ачмурэлых ваўкоў ці сабак… І скажу я табе, няма нічога больш ганебнага, чым бегчы ў такой зграі навыперадкі, чым трапіць у залежнасць ад ваўчыцы… Тады і маёнтак страціш, і здароўе, і сэрца, і энергію, а ўрэшце, і розум… Ганьба таму, хто не здолее выкараскацца з гэткага бруду!

Вакульскі сядзеў моўчкі з застылым позіркам. Нарэшце ён ціха прамовіў:

– Маеш рацыю…

Доктар схапіў яго за руку і рэзка патрос са словамі:

– Я маю рацыю?.. Ты гэта кажаш?.. А! Дык ты выратаваны!.. Так, будуць яшчэ з цябе людзі… Плюнь на ўсё, што мінула: і на ўласны боль, і на чужую нікчэмнасць… Знайдзі сабе мэту, хоць якую, і пачні новае жыццё. Памнажай капіталы або рабі цудоўныя адкрыцці, ажаніся са Стаўскаю ці закладзі іншую суполку, абы нечага жадаў і нешта рабіў. Разумееш? І ніколі не дазваляй сабе чапляцца за спадніцу… разумееш? Людзі з тваёй энергіяй загадваюць, а не падпарадкоўваюцца, вядуць, а не ідуць следам… Калі яна, маючы выбар паміж табою ды Старскім, абірае Старскага – гэта доказ, што не вартая яна і Старскага… Вось мой рэцэпт, разумееш?.. А цяпер заставайся здаровы і добра падумай.

Вакульскі не затрымліваў яго.

– Гневаешся, – спытаў Шуман. – Нічога дзіўнага, ускрыў я табе даўні нарыў. Астатняе само загоіцца. Бывай здаровы.

Пасля таго, як доктар пайшоў, Вакульскі адчыніў акно і расшпіліў кашулю. Было яму душна, горача, кроў пульсавала ў скронях. Ён прыгадаў Заславак і падманутага барона, пры якім ён іграў гэткую ж ролю, як сёння Шуман пры ім…

Ён пачаў мроіць, і побач з выявай панны Ізабэлы ў абдымках Старскага ўбачылася яму зграя ваўкоў, якія з высалапленымі языкамі гналіся па снезе за ваўчыцаю… А ён быў адным з іх!..

Зноў ахапіў яго боль, а разам з ім – нянавісць і агіда да самога сябе.

– Які я нікчэмны і дурны!.. – выгукнуў ён і стукнуў сябе па лбе. – Каб усё бачыць, усё чуць і гэтак прыніжацца… Я… я… навыперадкі са Старскім ды яшчэ Бог ведае з кім.

На гэты раз ён смела выклікаў у памяці вобраз панны Ізабэлы і смела пачаў разглядаць яе скульптурныя рысы, попельныя валасы, вочы, якія змянялі колер ад блакітнага да чорнага. І яму здавалася, што на твары, шыі, плячах і грудзях у яе, падобныя на кляймо сляды ад пацалункаў Старскага…

“Меў рацыю Шуман, – падумаў ён. – Сапраўды, я вылечыўся…”

Паволі, аднак, гнеў астыў, а яго месца зноў заняў жаль і смутак.

Некалькі наступных дзён Вакульскі ўжо нічога не чытаў. Ён вёў актыўную перапіску з Сузіным і шмат разважаў.

Ён думаў, што ў цяперашнім сваім становішчы, седзячы амаль два месяцы ў кабінеце, ён ужо перастаў быць чалавекам і пачынае ператварацца ў нейкае падабенства слімака, які прыляпіўся да аднаго месца і без разбору спажывае тое, што трапіцца па волі выпадку.

А што яму трапілася выпадкам?

Спачатку выпадак падсунуў кніжкі. Адны з іх адкрылі яму вочы, што ён Дон Кіхот, а другія абудзілі імкненне да цудоўнага свету, у якім людзі маюць уладу над сіламі прыроды.

Дык ён не хацеў ужо заставацца Дон Кіхотам, а пажадаў мець уладу над сіламі прыроды.

Потым адзін за адным прыходзілі да яго Шлянгбаўм і Шуман, ад якіх ён даведаўся, што дзве жыдоўскія партыі змагаюцца паміж сабою за кіраўніцтва яго суполкаю, калі ён з яе сыдзе… Ва ўсім краі не знайшлося нікога, хто мог бы ажыццяўляць яго ідэі, нікога, апроч жыдоў, якія выступалі, узброеныя каставай нахабнасцю, хітрасцю і жорсткасцю ды яшчэ пераконвалі яго, што ягоны ўпадак, а іхні трыумф будуць карыснымі краю…

Тут ён адчуў гэткую агіду да гандлю, да ўсіх суполак і да ўсіх зыскаў, што аж здзівіўся сам сабе: як ён мог амаль два гады займацца падобнымі рэчамі.

“Здабываў маёнтак дзеля яе!.. – падумаў ён. – Гандаль… Я і гандаль!.. І гэта я назапасіў амаль два мільёны рублёў за два гады, я звязваўся з эканамічнымі шулерамі, я не шкадаваў ні высілкаў, ні жыцця, ну… і выйграў… Я ідэаліст, я вучоны, я той, прынамсі, хто разумее, што і паўмільёна рублёў чалавеку за ўсё жыццё не зарабіць, нават за тры жыцці… Адзінае суцяшэнне, якое засталося мне пасля ўсіх гэтых махінацый, гэта пэўнасць, што я не краў і не падманваў… Бог, відавочна, апякуецца дурнямі…”

Потым, зноў жа выпадак прынёс яму вестку пра смерць Стаўскага ў лісце з Парыжу, і з тае хвіліны ён папераменна згадваў паню Стаўскую і Гейста.

“Праўду кажучы, – думаў ён, – гэты шулерскі выйгрыш варта было б вярнуць грамадзе. Голых і цёмных у нас тут безліч, а людзі бедныя і цёмныя – гэта асаблівы матэрыял… Дзеля гэтага трэба ажаніцца са Стаўскаю. Яна дакладна не толькі не спаралізавала б маіх намераў, але была б вернаю памочніцай. Яна добра ведае, што такое праца ды галеча, і яна такая шляхетная!..”

Гэтак ён разважаў, але адчуваў зусім іншае: пагарду да тых людзей, якіх збіраўся ашчаслівіць. Ён адчуваў, што песімізм Шумана не толькі знішчыў у ім жарсць да панны Ізабэлы, але яшчэ і атруціў яго самога. Не выходзілі з галавы словы, што род людскі складаецца або з курэй, якія круцяцца перад пеўнем, або ваўкоў, якія гоняцца за ваўчыцаю. І куды ні зірні, у дзевяць разоў болей шанцаў, што трапіш на звера, чым на чалавека!..

– Хай яго д’ябал возьме з яго лячэннем, – прашаптаў ён і стаў думаць пра самога Шумана.

Тры чалавекі бачылі ў людзях звярыныя рысы: ён сам, Гейст і Шуман. Але ён думаў, што звяры ў чалавечым выглядзе – гэта выключэнне, а чалавецтва складаецца з добрых адзінак. Гейст, наадварот, сцвярджаў, што ўвесь люд – быдла, а добрыя адзінкі – выключэнне. Але Гейст верыў, што з часам добрых людзей стане больш, што запануюць яны на ўсёй зямлі, і доўгія гады прысвяціў працы над адкрыццём, якое зрабіла б магчымым тую перамогу.

Шуман таксама сцвярджаў, што ў асноўнай большасці людзі – звяры, але не верыў у лепшую будучыню і нікога не абнадзейваў. Паводле яго, людскі род быў прысуджаны на вечнае быдлячае існаванне, і вылучаў ён толькі жыдоў, як шчупакоў сярод карасёў.

“Добрая філасофія!” – думаў Вакульскі.

Аднак ён адчуваў, што ў ягонай зраненай душы, як на свежаўзараным полі, песімізм Шумана хутка дае ўсходы. Ён адчуваў, што гасне ў ім не толькі каханне, але нават крыўда на панну Ізабэлу. Калі на ўсім свеце адно быдла, дык няма чаго ані шалець за некім, ані злавацца, што якраз гэтая жывёліна не лепшая і, пэўна, не горшая за іншых.

“Пякельныя лекі! – паўтараў ён у думках. – Але хто ведае, ці не эфектыўныя?.. Я фатальна збанкрутаваў у сваіх поглядах, хто мне паручыцца, што Гейст не памыляецца, або што не мае рацыі Шуман?.. Жэцкі – быдла, Стаўская – быдла, Гейст – быдла, я сам – быдла… Ідэалы – гэта расфарбаваныя яслі, намаляваная трава ў якіх не здольная нікога насыціць!.. Дык чаго ахвяраваць сабою дзеля адных або ўганяцца за іншымі?.. Проста трэба выздаравець, а потым спажываць то паляндвіцу, то прыгажунь, запіваючы ўсё добрым віном… Часам пачытаць нешта, часам некуды паехаць, паслухаць канцэрт і гэтак датрываць да старасці!”

За тыдзень перад сесіяй, на якой мусіў вырашыцца лёс суполкі, візіты да яго пачасціліся. Да Вакульскага прыходзілі купцы, арыстакраты, адвакаты і закліналі, каб ён не пакідаў пасады і не ставіў пад удар арганізацыю, якую сам жа і стварыў. Вакульскі прымаў наведнікаў з гэткаю ледзяною абыякавасцю, што ў іх прападала ўсялякая ахвота выкладаць свае аргументы. А ён казаў ім толькі, што знудзіўся і захварэў, дык мусіць адыйсці.

Наведнікі гублялі апошнюю надзею. Аднак кожны пагаджаўся, што Вакульскі, відавочна, моцна хворы. Ён зблажэў, адказы яго былі кароткія і шорсткія, а вочы ліхаманкава гарэлі.

– Сквапнасць даканала! – казалі купцы.

За пару дзён да апошняга тэрміну Вакульскі паклікаў свайго адваката і папрасіў яго паведаміць супольнікам, што ён, у адпаведнасці з дамовай, якую заключыў з імі, забірае свой капітал і выходзіць з суполкі. Іншыя могуць зрабіць тое самае.

– А грошы? – спытаў адвакат.

– Гатоўка для іх ужо ў банку, а ў мяне свае разлікі з Сузіным.

Адвакат развітаўся прыгнечаны. У гэты ж дзень прыехаў да Вакульскага князь.

– Я чую непраўдападобныя рэчы! – пачаў князь, паціскаючы яму руку. – Мяркуючы па тым, што робіць панскі адвакат, пан сапраўды мае намер нас пакінуць…

– Князь думаў, што я жартую?..

– Ну, не… Я думаю, што пан заўважыў нейкія недакладнасці ў нашай дамове і…

– …і пачаў таргавацца, каб прымусіць вас падпісаць іншую, якая зменшыць вашы працэнты і павялічыць мае даходы… – скончыў за яго Вакульскі. – Не, князь, я выходжу, і гэта сур’ёзна.

– Дык пан падмане надзеі сваіх супольнікаў…

– Якія? Панове самі вырашылі стварыць суполку толькі на адзін год, і самі жадалі, каб справа вялася такім чынам, што не пазней за месяц пасля сканчэння дамовы кожны супольнік зможа забраць сваю долю. Гэта было ваша выразнае жаданне. А я не толькі выканаў, але і перавыканаў яго, бо вярну грошы не праз месяц, а праз гадзіну пасля роспуску суполкі.

Князь упаў у фатэль.

– Суполка застанецца, – сказаў ён ціха, – але на месца пана прыйдуць старазаконныя.

– Гэта ўжо выбар паноў.

– Жыдоўства ў нашай суполцы!.. – уздыхнуў князь. – Яны нават на пасяджэннях гатовыя размаўляць па-жыдоўску… Няшчасны край! Няшчасная мова!..

– Нічога страшнага, – заўважыў Вакульскі. – Большасць нашых супольнікаў мае звычку размаўляць на сесіях па-французску, і нашай мове нічога не сталася, дык не зашкодзіць ёй, хіба, і пару слоў на жаргоне.

Князь пачырванеў.

– Але ж старазаконныя, пане… чужынцы… Цяпер яшчэ супраць іх нейкая непрыязь расце…

– Непрыязнасць натоўпу не вартая ўвагі. Але хто, зрэшты, не дае панам сабраць адпаведны капітал, як гэта зрабілі жыды, і даверыць яго не Шлянгбаўму, а некаму з хрысціянскіх купцоў?

– Мы не ведаем такога, каму можна давяраць.

– А Шлянгбаўма ведаеце?..

– Да таго ж няма ў нас людзей дастаткова здольных, – працягваў князь. – Крамнікі, а не фінансісты…

– А я кім быў?.. Таксама крамнікам, нават прыслужваў у рэстаране, але ж суполка прыносіла абяцаны даход.

– Пан выключэнне.

– Адкуль жа ў паноў гэткая ўпэўненасць, што не знойдуцца яшчэ такія выключэнні ў шынках ды за прылаўкамі? Пашукайце.

– Старазаконныя самі да нас прыходзяць…

– Менавіта!.. – выгукнуў Вакульскі. – Жыды прыходзяць да вас або вы да іх, але хрысціянскі нуварыш нават прыйсці да вас не можа, бо занадта парогі высокія… Я гэта ведаю. Вашы дзверы гэтак шчыльна зачыненыя перад купцом і рамеснікам, што трэба або разбамбіць іх сотнямі тысяч рублёў, каб яны адчыніліся, або плішчыцца, як клапу… Адчыніце крыху шырэй тыя дзверы і, можа, здолееце абыходзіцца без жыдоў.

Князь закрыў твар рукамі.

– О, пане Вакульскі, гэта… Вельмі слушна тое, што пан кажа, але і вельмі горка… Вельмі страшна… Аднак нічога… Я разумею панскую крыўду на нас, але… ёсць нейкія абавязкі ў адносінах да грамады…

– Ну, але я не лічу выкананнем гэтых абавязкаў тое, што атрымліваю ад свайго капіталу пятнаццаць працэнтаў гадавых. І не думаю, што быў бы горшым абывацелем, каб задаволіўся пяццю…

– Але ж мы трацім грошы, – адказаў абражаны князь. – Шмат людзей жыве з гэтага…

– І я буду траціць. Паеду на лета ў Астэндэ, на восень – у Парыж, на зіму – у Ніцу…

– Прашу прабачэння!.. Не толькі за мяжою жывуць людзі… Колькі ж тутэйшых рамеснікаў…

– …чакае свайго заробку ледзьве не год, а то і даўжэй, – падхапіў Вакульскі. – Мы абодва, мосці княжа, ведаем гэткіх абаронцаў мясцовага рамесніцтва. Мелі іх нават у нашай суполцы…

Князь ускочыў з фатэля.

– А!.. Нядобра так, пане Вакульскі, – казаў ён, задыхаючыся. – Гэта праўда, у нас шмат заганаў, нават грахоў, але пану няма чаго скардзіцца… Пан меў да сябе нашу зычлівасць… пашану…

– Пашану!.. – выгукнуў Вакульскі і зарагатаў. – Князь лічыць, што я не разумеў, на чым яна грунтавалася і якое месца забяспечвала мне сярод вас?.. Пан Шастальскі, пан Нівіньскі, нават… пан Старскі, які ніколі пальцам аб палец не ўдарыў і невядома адкуль браў грошы, стаялі на дзесяць прыступак вышэй за мяне ў вашай пашане. Што я кажу?.. Любы замежны прыблуда лёгка трапляў у вашы салоны, якія я мусіў штурмаваць, нават з дапамогаю… пятнаццаці працэнтаў з давераных мне капіталаў!.. Гэта яны, гэта тыя людзі, а не я, мелі вашу пашану. Уга! Непараўнальна большыя прывілеі… Хоць кожны з тых шаноўных не варты і швейцара ў маёй краме, які нешта робіць і, прынамсі, не гноіць грамадства…

– Пане Вакульскі, абражаеш нас. Я разумею, што пан кажа, і, даю слова гонару, мне сорамна… Але ж мы не адказваем за правіны адзінак.

– Якраз усе вы і адказваеце, бо гэтыя адзінкі выраслі сярод вас, а тое, што князь называе правінамі, вынікае з вашых поглядаў, з вашае пагарды да працы і абавязкаў.

– Гэта ў пана крыўда гаворыць… – адказаў князь, збіраючыся выходзіць. – Крыўда слушная, але не па адрасе скіраваная… Развітваюся з панам. Дык пакідаеш нас на з’ядзенне старазаконным?

– Маю надзею, што вы паразумеецеся з імі лепш, чым з намі, – сказаў Вакульскі з іроніяй.

У князя ў вачах стаялі слёзы.

– Я думаў, – сказаў ён узрушана, – што пан будзе залатым мостам паміж намі і тымі, якія… усё больш аддаляюцца ад нас…

– Я хацеў быць мостам, але падпілавалі яго, і ён абрынуўся… – адказаў Вакульскі кланяючыся.

– Дык вяртаемся да Акопаў Святое Тройцы!..[250]

– Гэта яшчэ не акопы… гэта пакуль усяго толькі суполка з жыдамі.

– Пан гэтак кажа?.. – перапытаў князь і пабляднеў. – Дык я… не застануся ў гэтай суполцы… Няшчасны край!..

Ён кіўнуў галавою і выйшаў.

Нарэшце адбылася сесія, дзе вырашыўся лёс суполкі гандлю з імперыяй.

Напачатку кіраўніцтва, якое падпарадкоўвалася Вакульскаму, зрабіла справаздачу за мінулы год. Аказалася, што абарот больш чым у дзесяць раз перавысіў капітал, і зыску было не пятнаццаць, а васямнаццаць працэнтаў. Супольнікі выслухалі гэта з узрушанасцю і, па прапанове князя, выказалі падзяку кіраўніцтву і адсутнаму Вакульскаму ўставаннем.

Потым падняўся адвакат Вакульскага і абвясціў, што яго кліент з-за хваробы выходзіць не толькі з кіраўніцтва, але нават з суполкі. Усе даўно былі гатовыя да гэтае навіны, але ўсё ж яна зрабіла прыкрае ўражанне.

Карыстаючыся паўзаю, князь папрасіў слова і паведаміў прысутным, што разам з Вакульскім і ён выходзіць з суполкі. Пасля гэтага ён адразу пайшоў з залы паседжання, а па дарозе затрымаўся каля аднаго са сваіх прыяцеляў і сказаў яму:

– Ніколі не было ў мяне здольнасці да гандлёвых аперацый, а Вакульскі – адзіны чалавек, якому я мог даверыць гонар свайго прозвішча. Калі няма яго, дык і мне няма чаго тут рабіць.

– Але дывідэнды?.. – шапнуў прыяцель.

Князь змераў яго позіркам.

– Тое, што я рабіў, я рабіў не дзеля дывідэндаў, а дзеля няшчаснага краю, – адказаў ён. – Я хацеў уліць у наша асяроддзе крыху свежае крыві і свежых поглядаў. Мушу, аднак, прызнаць, што прайграў, і не па віне Вакульскага… Бедны край!..

Выхад князя, хоць і нечаканы, не зрабіў вялікага ўражання, бо прысутныя былі ўжо папярэджаныя, што суполка застанецца.

Цяпер выступіў адзін з адвакатаў і дрыготкім голасам зачытаў вельмі прыгожую прамову, сэнс якое зводзіўся да таго, што з выхадам Вакульскага суполка траціць не толькі кіраўніка, але і пяць шостых капіталу. “Дык можна было чакаць, што яна рухне, – працягваў прамоўца, – і сваім друзам засыпле ўвесь край, тысячы працаўнікоў, сотні сем’яў…”

Тут ён спыніўся, разлічваючы на эфект. Але прысутныя ніяк не адрэагавалі, ведаючы, што будзе далей.

Адвакат зноў пачаў гаварыць і заклікаў прысутных, каб тыя не трацілі мужнасці. “Бо знайшоўся абывацель, чалавек з прафесійным досведам, нават прыяцель і супольнік Вакульскага, які гэтак жа рашуча, як Атлант неба, гатовы падперці плячом суполку. Мужам гэтым, які хоча абцерці слёзы тысячам, выратаваць край ад зруйнавання, адкрыць новыя шляхі для гандлю…”

У гэтым месцы галовы ўсіх прысутных павярнуліся да крэсла, на якім сядзеў спатнелы і чырвоны Шлянгбаўм.

– Мужам тым, – выгукнуў адвакат, – з’яўляецца пан…

– Мой сын, Генрычак… – пачуўся голас з кутка.

У выніку нечаканага эфекту зала затрэслася ад рогату. У сваю чаргу кіраўніцтва суполкі прадэманстравала радаснае здзіўленне і запыталася ў прысутных: ці хочуць тыя прыняць пана Шлянгбаўма супольнікам ды кіраўніком, а калі атрымала аднагалосную згоду, заклікала новага кіраўніка ў прэзідэнцкі фатэль.

Тут зноў зрабілася невялікае хваляванне. У гэты момант пажадаў узяць слова Шлянгбаўм-бацька і пасля некалькіх ухвальных слоў на адрас сына ды кіраўніцтва ўнёс прапанову: суполка не можа гарантаваць больш за дзесяць працэнтаў гадавога даходу.

Усчаўся крык, выступіла чалавек пятнаццаць і пасля вельмі ажыўленай дыскусіі была прынятая пастанова, што суполка прымае новых чальцоў, рэкамендаваных панам Шлянгбаўмам, а весці ўсе справы даручае таму ж пану Шлянгбаўму.

Апошнім эпізодам стала прамова доктара Шумана, якога спачатку вылучылі ў кіраўніцтва, але які, адмаўляючыся ад гэтага гонару, дазволіў сабе паіранізаваць з суполкі арыстакратыі з жыдамі: “Гэта нібы пазашлюбная сувязь, – казаў ён. – Але часам дзякуючы такім сувязям нараджаюцца геніяльныя дзеці, дык і мы будзем спадзявацца, што наша аб’яднанне дасць нейкія незвычайныя плады”.

Кіраўніцтва занепакоілася, жменька прысутных абразілася, але большасць гучна заапладзіравала.

Вакульскі ведаў усе падрабязнасці паседжання, бо цэлы тыдзень яго наведвалі і закідалі ананімнымі лістамі.

У гэтых акалічнасцях яму адкрыўся новы і дзіўны душэўны стан. Яму здавалася, што парваліся ўсе сувязі, якія злучалі яго з людзьмі, людзі сталі яму абыякавымі, і яго ўжо не цікавіць тое, што цікавіць іх. Словам, што ён падобны да акцёра, які сыграў сваю ролю на сцэне, дзе яшчэ хвіліну таму рагатаў, злаваўся або плакаў, і цяпер сядзіць сярод гледачоў ды назірае за ігрой сваіх калегаў, нібы за дзіцячаю забаваю. “Чаго яны тут сноўдаюцца?.. Што за бязглуздзіца!..” – думалася яму.

Яму здавалася, што ён аднекуль з-за свету глядзіць на гэты свет і бачыць яго з нейкага новага, нязнанага раней, боку.

Некалькі першых дзён адзін за адным ішлі да яго чальцы, супрацоўнікі або кліенты суполкі, незадаволеныя ўваходжаннем Шлянгбаўма, а хутчэй, устрывожаныя сваім лёсам. Тыя, у асноўным, угаворвалі яго, каб ён вярнуўся на пакінутую пасаду, якую яшчэ можа заняць, бо кантракт са Шлянгбаўмам не падпісаны.

Некаторыя ў гэткіх смутных колерах апісвалі сваё становішча і нават плакалі, што Вакульскі на момант адчуваў узрушанасць.

Але разам з тым ён адкрыў у сабе гэткую абыякавасць, гэткую няздольнасць да спачування чужой нядолі, што ажно сам здзівіўся.

“Нешта ўва мне памерла!..” – думаў ён і выпраўляў просьбітаў з нічым.

Потым пайшла другая хваля наведнікаў, якія, нібы жадаючы падзякаваць за аказаныя ім паслугі, хацелі заспакоіць сваю цікаўнасць і на ўласныя вочы пабачыць, як цяпер выглядае колішні мацак, пра якога ўжо казалі, што ён зрабіўся зусім недалужны.

Тыя ўжо не прасілі, каб ён вярнуўся ў суполку, а толькі хвалілі яго за зробленае і казалі, што не хутка знойдзецца падобны дзеяч.

Трэцяя хваля гасцей наведала Вакульскага невядома навошта. Бо замест кампліментаў яму яны расхвальвалі Шлянгбаўма, яго энергічнасць ды здольнасці.

З натоўпу наведнікаў вылучыўся фурман Высоцкі. Ён прыйшоў развітацца са сваім колішнім кармільцам, хацеў нешта сказаць, але раптам заплакаў, пацалаваў яго ў абедзве рукі ды выбег з пакоя.

Амаль тое ж было і ў лістах… У адных знаёмыя і незнаёмыя закліналі яго, каб ён не адыходзіў ад спраў, бо яго сыход будзе катастрофаю для краю. У іншых дзякавалі за мінулую дзейнасць або шкадавалі яго, а былі такія, дзе раілі аб’яднацца са Шлянгбаўмам як з чалавекам, здатным шмат на што ды заклапочаным грамадскімі інтарэсамі. Затое ў ананімных лістах лаяліся неміласэрна, што ён, хто год таму навёз чужога тавару і загубіў краёвае рамесніцтва, загубіў цяпер і гандаль, бо прадаў яго жыдам. Нават называлася сума.

Вакульскі з поўным спакоем разважаў пра ўсё гэта. Яму здавалася, што ён ужо памёр і глядзіць на ўласнае пахаванне. Ён бачыў тых, хто шкадаваў яго, хто хваліў, хто праклінаў; бачыў свайго наступніка, якога грамада ўжо пачала адорваць сваёй прыхільнасцю. І, нарэшце, ён зразумеў, што ўсімі забыты і нікому не патрэбны. Ён быў падобны да кінутага ў ваду каменя, над якім у першы момант утвараецца вір, а пазней – толькі разыходзяцца хвалі, усё меншыя, усё меншыя… Нарэшце, люстэрка вады там, дзе ён упаў, супакойваецца, і зноў па ім бягуць хвалі, але народжаныя ў іншых ужо месцах і выкліканыя зусім іншым.

“Ну і што далей?.. – пытаўся ён сам у сябе. – Адзінота… бяздзеянне… што ж далей?..”

Ён прыгадаў, як Шуман раіў яму знайсці нейкую мэту ў жыцці. Парада добрая, але… як яе выканаць, калі сам ён не адчуваў ніякіх жаданняў, не меў ні на што ані сілы, ані ахвоты?.. Быў ён, як сухі ліст, які ляціць туды, куды гоніць яго вецер.

“Я прадчуваў нешта падобнае, – думаў ён, – але цяпер бачу, што не меў нават уяўлення пра гэты стан…”

Аднойчы ён пачуў гучную спрэчку ў вітальні, вызірнуў і ўбачыў Венгелька, якога лёкай не хацеў пускаць у пакоі.

– А, гэта ты! – сказаў Вакульскі. – Хадзі ж, ну… Што ў вас чуваць?

Венгелек спачатку глядзеў на яго ўстрывожана, аднак пакрысе пасмялеў і ажывіўся.

– Казалі, – усміхнуўся ён, – што пан ужо не жылец на гэтым свеце, але бачу, што манілі. Памірае не той, хто худ, а той, каму суд…

– Што чуваць? – паўтарыў Вакульскі.

Венгелек завёў працяглы аповед пра свой новы дом, яшчэ лепшы за той, што згарэў, пра работу, якой мае шмат. Таму ён і прыехаў у Варшаву, каб купіць матэрыялы ды наняць сабе хоць двух памочнікаў.

– Фабрыку, вяльможны пане, мог бы я ўжо закласці. Праўда!.. – скончыў Венгелек.

Вакульскі слухаў моўчкі. Раптам ён запытаўся:

– А з жонкаю ты шчаслівы?

Па твары Венгелька прабег цень.

– Добрая кабета, вяльможны пане, але… Зрэшты, перад панам, як перад Богам… Трохі нам ужо не так… Праўду кажуць: вочы не бачаць, сэрца не баліць, а як раз убачыш…

Ён выцер рукавом слязу.

– Што здарылася? – зацікавіўся Вакульскі.

– Ат! Нічога. Бо ведаў я, каго браў, але быў спакойны, бо кабета яна добрая, ціхмяная, працавітая і прывязаная да мяне, як сабака. Ну, але што ж.. Быў спакойны, пакуль не ўбачыў яе колішняга залётніка, ці як яго там…

– Дзе?..

– У Заслаўлі, пане, – працягваў Венгелек. – Неяк у нядзелю пайшлі мы з Марысяю да замка, я хацеў паказаць ёй тую ручаіну, дзе згінуў каваль, ды той камень, на якім вяльможны пан загадаў мне выбіць надпіс. Раптам гляджу: стаіць каляска барона Дальскага, што ажаніўся з унучкаю нябожчыцы пані Заслаўскае… Добрая была пані, дай Бог ёй вечны спачын!..

– Ты ведаеш барона? – спытаў Вакульскі.

– Авой! – адказаў Венгелек. – Гэта ж пан барон цяпер распараджаецца гаспадаркаю нябожчыцы, пакуль нешта там яны ўладжваюць. Ужо пры ім я аклейваў пакоі ды рамантаваў вокны. Ведаю яго!.. Сумленны пан і шчодры…

– Што ж далей?

– Вось я і кажу, вяльможны пане, стаім мы каля замка з Марысяй і глядзім на ручай, аж бачым: ходзяць па руінах двое – пані баранеса, гэта значыць, унучка нябожчыцы, ды той сабачы вырадак Старшчак…

Вакульскі ўпаў на крэсла.

– Хто? – ціха перапытаў ён.

– Той пан Старскі, таксама ўнук нябожчыцы Заслаўскае, які падлабуньваўся да яе, пакуль была жывая, а цяпер хоча зняпраўдзіць тастамэнт, бо кажа, што бабка перад смерцю з глузду з’ехала… Бач ты яго!

Ён перадыхнуў і працягваў:

– Ну, вось, стаяць яны з пані баранесай пад ручку, глядзяць на наш камень, а самі балбочуць безупынку ды выскаляюцца. Тут Старскі раптам азіраецца. Убачыў ён маю жонку і непрыкметна так усміхнуўся ёй, а яна збялела, як хустка.

“Што з табою, Марыся?..” – пытаю я. А яна: “Нічога…”

Тым часам пані баранеса і гэты басурман збеглі з замкавае гары ды пашыліся ў арэшнік. “Што з табою? – зноў пытаюся ў Марысі. – Ану кажы праўду, бо я заўважыў, што ты з тою халераю знаешся…” А яна села на зямлю і ў плач: “Каб яго Бог пакараў! – кажа. – Гэта ж ён першы мяне згубіў…”

Вакульскі прыкрыў вочы. Венгелек, хвалюючыся, апавядаў:

– Як пачуў я гэта, вяльможны пане, дык думаў, зараз жа палячу за імі ды на месцы, нават пры пані баранесе, затаўку нагамі. Гэтак мяне ўзяло за жывое. Але абдумаўся: “Чаго ж ты, дурань, з ёю ажаніўся? Ведаў жа, што за яна…” Тут сэрца ў мяне зайшлося, аж баяўся спускацца з гары, а на жонку глядзець не мог. Яна кажа: “Злуешся?..” А я ёй: “Пэўна, вы і тут ужо злыгаліся?..” “Богам клянуся, – адказвае яна, – я пасля таго яго не бачыла…” “Але ж добра вы адзін на аднаго наглядзеліся! – кажу я. – Лепш бы ён аслеп, чым глядзець на цябе, хай бы ён здох раней, чым цябе ўбачыў…” А яна плача ды пытае: “За што ты на мяне гневаешся?..” Я тады першы і апошні раз сказаў на яе: “Поскудзь ты і ўсё тут… ” Бо не мог ужо стрываць.

Потым гляджу, ляціць пан барон, а сам душыцца ад кашлю, аж пасінеў, ды пытаецца ў мяне: “Ты, Венгелек, не бачыў маёй жонкі?..” А мне нешта стрэліла адказаць: “Бачыў, ясны пане. Яна ў кусты пайшла з панам Старскім. Яму не стае ўжо грошай на дзевак, дык ён за маладзіц узяўся…” А той як зіркне на мяне, дарма што барон!..

Венгелек крадком выцер вочы.

– Вось такое стала маё жыццё, вяльможны пане. Быў я спакойны, пакуль не ўбачыў палюбоўніка. А цяпер на каго ні зірну, здаецца, кожны мне швагер… Ад жонкі, хоць я і не кажу ёй, адвярнула мяне… гэтак адвярнула… нібы сцяна паміж намі… Нават пацалаваць яе не магу, як колісь, і каб не святая прысяга, дык, прызнаюся пану, плюнуў бы на ўсё ды сышоў у белы свет… А ўсё з-за таго, што прыкіпеў я да яе. Каб не любіў, дык і ні ў галаве было б!.. Гаспадыня яна ўвішная, добра кухарыць, прыгожа шые, сама ціхмяная, як павуцінка, не чуваць яе. Няхай бы нават і залётнікаў мела.

Але ж любіў я яе, дык гэткая крыўда, гэткая злосць, што гары яно ўсё гарам…

Венгелька трэсла ад гневу.

– Спачатку, вяльможны пане, як толькі мы пабраліся, дык спадзяваўся я дзяцей. А цяпер страх бярэ, каб замест свайго не ўбачыць дзіцяці яе залётніка. Бо вядома ж, калі лягавая сука хоць раз знюхаецца з дварняком, дык потым, хоць з найлепшымі ганчакамі яе вяжы, заўсёды ў шчанюках азавецца кроў беспароднага, відаць, надта заглядалася на яго…

– Мне трэба ўжо ісці, – сказаў раптам Вакульскі. – Будзь здаровы… А перад ад’ездам яшчэ зайдзі да мяне.

Венгелек развітаўся з ім вельмі сардэчна, а ў вітальні сказаў лёкаю:

– Нешта пану няможацца… Я ўжо падумаў быў, што ён здаровы, хоць і благі з выгляду, а ён, відаць, слабы… Няхай вамі пан Бог апякуецца!..

– Я ж казаў табе, каб не лез туды і не назаляў размовамі, – пахмурна адказаў лёкай, выпіхваючы яго за парог.

Пасля таго, як Венгелек пайшоў, Вакульскі ўпаў у глыбокую задуменнасць.

“Стаялі насупраць майго каменя і смяяліся!.. – прашаптаў ён. – Нават камень апаганіць! Нявінны камень”.

Нейкую хвіліну яму здавалася, што знайшоў ён сабе мэту, заставалася толькі выбраць: застрэліць Старскага, але спачатку пералічыць яму паіменна ўсіх, каму ён зруйнаваў шчасце, або пакінуць яму жыццё, але давесці да поўнага жабрацтва і ганьбы.

Але ён хутка абдумаўся, нават непрыстойным дзяцінствам здалося яму непакоіцца ды траціць сілы і грошы, каб адпомсціць чалавеку гэткага гатунку.

“Лепш падумаць, як пазбавіцца палявых мышэй або прусакоў, бо яны сапраўдная навала, а Старскі… ліха яго ведае, што ён такое… Зрэшты, не можа чалавек гэтакі абмежаваны прыносіць столькі гора. Ён усяго іскрынка, якая падпальвае гатовы ўжо матэрыял…”

Ён лёг на шэзлонг і думаў:

“Напаскудзіў ён мне, а чаму?.. Меў памагатую, якая вельмі яму пасавала, ну і другую памагатую – маю дурасць. Як можна было не расшалопаць, што яна за кабета, і маліцца на яе толькі з-за таго, што прыкідвалася істотаю вышэйшага парадку?.. Напаскудзіў ён і Дальскаму, але хто вінаваты, што Дальскі на старасці гадоў страціў розум ад асобы, маральныя вартасці якое былі, як на далоні… Прычынаю катастроф на свеце з’яўляюцца не Старскія ці да іх падобныя, а бязмозгасць іхніх ахвяр. І зноў жа, ані Старскі, ані панна Ізабэла, ані пані Эвеліна не зваліліся з месяца, а выхаваліся ў пэўным асяроддзі, у пэўны час і на пэўных уяўленнях. Яны, як высыпка, што сама па сабе не з’яўляецца хваробаю, але гэта прыкмета заражэння крыві грамадства. Чаго ім помсціць, чаго іх нішчыць?..”

У той вечар Вакульскі першы раз выйшаў на вуліцу і пераканаўся, як ён знясілеў. У яго круцілася галава ад туркатання калясак ды вулічнага руху, ён баяўся адыйсці крыху далей ад дома. Яму здавалася, што ён не дойдзе да Новага Святу, не здолее вярнуцца назад або нейкім чынам аскандаліцца. Але больш за ўсё ён баяўся спаткаць кагосьці са знаёмых.

Вярнуўся ён моцна стомлены і знерваваны, але ў тую ноч спаў добра.

Праз тыдзень пасля адведзінаў Венгелька зайшоў Ахоцкі. Ён памужнеў, абветрыўся і выглядаў маладым шляхцюком.

– Адкуль пан? – спытаў яго Вакульскі.

– Проста з Заслаўка, дзе сяджу ўжо амаль два месяцы, – адказаў Ахоцкі. – Д’ябал, у якую авантуру я ўграз!..

– Пан?..

– Я, я, пане! Хоць маёй віны ў тым няма. Валасы ў пана дыбарам на галаве ўстануць!..

Ён запаліў папяросу і працягваў:

– Я не ведаю, ці чуў пан, што нябожчыца старшынёва ўвесь свой маёнтак, апроч невялікае часткі, адпісала на дабрачынныя мэты. На шпіталі, сіроцкія дамы, школы, вясковыя крамы і гэтак далей… А князь, барон Дальскі ды я належым да выканаўцаў яе волі… Цудоўна!.. Пачынаем дзейнічаць, гэта значыць, робім першыя захады, каб зацвердзіць тастамент, як тут (прыблізна з месяц таму) вяртаецца з Кракава Старскі і заяўляе нам, што ад імя пакрыўджанае радні ён падасць у суд, каб зняпраўдзіць тастамент. Вядома, ані князь, ані я і чуць пра гэта не жадаем, але барон… а яго пад’юджвае жонка, якую, у сваю чаргу, падбухторвае Старскі… дык вось барон пачынае саступаць. Мы з ім ледзьве не пасварыліся, а князь зусім перастаў размаўляць…

– Тым часам што робіцца! – сцішыў голас Ахоцкі. – Аднойчы ў нядзелю барон з жонкаю і са Старскім паехалі ў Заслаўле на шпацыр. Што там здарылася, я не ведаю, але вынік такі: барон самым рашучым чынам заявіў, што зняпраўдзіць тастамэнт ён не дазволіць. Але гэта яшчэ не ўсё… Бо яшчэ барон сур’ёзна наважыўся развесціся з жонкаю, якую так абагаўляў (чуеш, пан?..). Але і гэта не ўсё, бо дзесяць дзён таму барон страляўся са Старскім і атрымаў па рэбрах – куля плазам прайшла… Во як! Нібы скуру яму на грудзях крукам раздзерлі – ад правага боку да левага… Стары злосны – крычыць у гарачцы, сварыцца – але жонцы загадаў неадкладна выбірацца, ехаць да сваіх і, я ўпэўнены, назад яе ўжо не прыме… Не на таго натрапіла! Гэтак ён, халера, зацяўся, што, пакуль ляжаў хворы, загадаў фельчару, каб той на зло жонцы пафарбаваў яму галаву і вусы, і выглядае цяпер, нібы дваццацігадовы нябожчык.

Вакульскі ўсміхнуўся:

– З пані так і трэба, але фарбавацца было залішнім.

– І па рэбрах дарэмна атрымаў, – заўважыў Ахоцкі. – Яшчэ крыху, і прасвідраваў бы мазгаўню Старскаму!.. Куля сляпая. Хай пан не сумняваецца, адхварэў ён за тое.

– І дзе ж цяпер наш герой? – запытаўся Вакульскі.

– Старскі?.. Рвануў за мяжу, і не так з-за насмешак, як ад крэдытораў. Пане! Які хват! У яго ж блізу ста тысяч рублёў даўгоў.

Настала працяглае маўчанне. Вакульскі сядзеў спінаю да акна, галава яго была апушчаная. Ахоцкі ціха пасвістваў і пра нешта раздумваў.

Раптам ён страпянуўся і загаварыў нібы сам з сабою:

– Якая дзіўная блытаніна – чалавечае жыццё! Хто б падумаў, што гэткае боўдзіла, як Старскі, можа зрабіць людзям нешта добрае… Якраз праз тое, што ён боўдзіла…

Вакульскі падняў галаву і запытальна паглядзеў на Ахоцкага.

– Дзіўна, праўда?.. – працягваў Ахоцкі. – А так і ёсць. Каб Старскі быў чалавекам прыстойным і не кідаўся ў амуры з маладою баранесай, Дальскі, несумненна, падтрымаў бы яго прэтэнзіі на спадчыну. Уга! Нават грошай пазычыў бы на працэс, бо перапала б нешта і яго жонцы. Але ж, як Старскі боўдзіла, дык ён выклікаў да сябе непрыязь барона і… уратаваў тастамент. Вось і атрымліваецца, што ненароджаныя нават яшчэ пакаленні заслаўскіх сялян мусяць дабраслаўляць Старскага за тое, што ён спакусіў баранесу…

– Парадокс!.. – заўважыў Вакульскі.

– Парадокс!.. Фактычна. А пан не мяркуе, што варта залічыць у заслугі Старскаму і тое, што ён вызваліў барона ад гэткае жонкі?.. Між намі кажучы, рапуха гэта, а не кабета. Цікавілі яе толькі строі, забавы ды какецтва, нават не ведаю, ці чытала яна што-небудзь, ці звяртала на што-небудзь увагу… Цела чалавечае, а галава авечая... прыкідваецца, што мае душу, а мае ўсяго толькі страўнік… Пан быў мала з ёю знаёмы, дык нават не ўяўляе, што гэта за аўтамат, хоць і падобны да чалавека, але нічога людскага ў ім няма… А тое, што барон нарэшце сцяміў, што да чаго, дык нібы ў латарэю выйграў…

– Божа міласэрны! – прашаптаў Вакульскі.

– Пан нешта сказаў? – спытаў Ахоцкі.

– Нічога.

– Але захаванне апошняй волі нябожчыцы старшынёвай і вызваленне барона ад гэткае жонкі – гэта яшчэ не ўсе заслугі Старскага…

Вакульскі паварушыўся на крэсле.

– Цяжка сабе ўявіць, але ў выніку донжуанства гэтага боўдзілы можа атрымацца вельмі карысная справа, – працягваў Ахоцкі. – Вось якая. Я ўводзіў Дальскаму ў вушы (і, зрэшты, усім, хто мае грошы), што добра было б закласці ў Варшаве лабараторыю для хімічных і механічных доследаў. Бо, як пан разумее, у нас няма адкрыццяў перадусім з-за таго, што няма дзе іх рабіць… Вядома, барон слухаў пятае праз дзясятае, але нешта засела яму ў памяці, бо варта было Старскаму паказытаць яго па сэрцы ды па рэбрах, як мой барон, шукаючы спосабу пазбавіць жонку спадчыны, пачаў заводзіць са мною гутаркі пра тэхналагічную лабараторыю. А якая ад яе карысць?.. А ці людзі сапраўды паразумнеюць ды палепшаюць, калі не пашкадаваць грошай на лабараторыю?.. А колькі б гэта каштавала? А ці ўзяўся б я сам за гэту справу?.. Калі ад’язджаў, дык дайшло ўжо да таго, што барон выклікаў натарыуса і склаў акт, датычны, наколькі я магу меркаваць, менавіта лабараторыі. Зрэшты, Дальскі прасіў мяне падказаць, да каго звярнуцца, хто здольны кіраваць у гэтай справе. Ну, бачыш, пан, ці ж гэта не іронія лёсу, каб гэтакі пустагаловы Старскі, гэтакі публічны мужчына для пацяшэння незадаволеных замужніх кабет, каб гэтакі фанфарон спрычыніўся да ўзнікнення тэхналагічнае лабараторыі!.. І няхай мне цяпер даводзяць, што ёсць на свеце нешта непатрэбнае.

Вакульскі абцёр спатнелы твар, які побач з белаю насоўкаю здаўся попельным.

– Але, можа, я стаміў пана?.. – запытаўся Ахоцкі.

– Нічога, я слухаю… Хоць… мне здаецца, што пан крыху перабольшвае заслугі гэтага… пана, і зусім ужо забываецца пан…

– Пра што?

– Пра тое, што тэхналагічная лабараторыя паўстане на пакутах, на зруйнаваным чалавечым шчасці. І пан нават не задае сабе пытання, як барон ад кахання да свае жонкі дайшоў да… тэхналагічнае лабараторыі!..

– А якая мне справа! – махнуў рукою Ахоцкі. – Заплаціць пакутамі адзінкі, няхай нават самымі жахлівымі, за грамадскі прагрэс – гэта, далібог, танна…

– А пан хоць ведае, якія бываюць у гэтых адзінак пакуты? – спытаў Вакульскі.

– Ведаю, ведаю!.. Мне ж без хлараформу выдзіралі пазногаць на назе, ды яшчэ на вялікім пальцы…

– Пазногаць? – задуменна паўтарыў Вакульскі. – А ці вядомы пану стары афарызм: “Часам дух людскі разрываецца і змагаецца сам з сабою”? Хто ведае, ці не горш гэта ад выдзірання пазногця, а можа, і ад здзірання ўсяе скуры?

– Ат… Гэта нейкі не мужчынскі боль! – скрывіўся Ахоцкі. – Можа, кабеты адчуваюць нешта падобнае падчас родаў… Але мужчына…

Вакульскі гучна зарагатаў.

– Пан смяецца з мяне, – задзірліва спытаў Ахоцкі.

– Не. З барона… А чаму пан сам не ўзяўся за арганізацыю тэхналагічнае лабараторыі?

– Не ставала! Я лепш паеду ў гатовую лабараторыю, а пачынаць са стварэння новае – прападзеш, пакуль дачакаешся вынікаў. Тут трэба мець здольнасці адміністрацыйныя і педагагічныя. Не думаць, прынамсі, пра лятальныя машыны.

– Такім чынам?.. – спытаў Вакульскі.

– Што тут думаць?.. Як толькі забяру свае грошыкі, якія ў мяне на іпатэцы, і якіх тры гады ўжо не магу дапрасіцца, зараз жа ўцякаю за мяжу ды ўсур’ёз бяруся за працу. Тут не толькі разбэсціцца, але здзяцінець і цвіллю зарасці можна…

– Працаваць паўсюль можна.

– Байкі!.. – адказаў Ахоцкі. – Не кажучы ўжо пра адсутнасць лабараторыі, тут перадусім няма навуковага клімату. Гэта горад кар’ерыстаў, дзе да сапраўднага даследчыка ставяцца як да нахабніка або вар’ята. Людзі вучацца не дзеля ведаў, а дзеля пасады. А пасады і рэпутацыю здабываюць дзякуючы сувязям, бабам, раўтам і хто ведае як яшчэ!.. Хопіць мне ўжо боўтацца ў гэтай сажалцы. Я ведаю сапраўдных навукоўцаў, нават геніяльных, развіццё якіх было гвалтам затрыманае, дык яны пачалі зарабляць урокамі або пісаць папулярныя артыкулы, якіх ніхто не чытае, а хоць бы і чыталі, дык не разумеюць. Я гутарыў з буйнымі прамыслоўцамі ў спадзяванні схіліць іх да падтрымкі навукі, хоць бы дзеля практычных мэтаў. І ведаеш, пан, што я адкрыў?.. Вось што: у іх гэткае ж уяўленне пра навуку, як у гусі пра лагарыфмы. А ведаеш, пан, якія вынаходніцтвы іх зацікавілі?.. Толькі два. Адзін – як павялічыць дывідэнды, а другі – як пісаць кантракты, каб можна было ашукаць заказчыка на цане ці на якасці. Пакуль яны думалі, што пан будзе махляваць у гэтай суполцы гандлю з імперыяй, яны называлі пана геніем, а цяпер кажуць, што ў пана размякчэнне мазгоў, бо сваім супольнікам даў на тры працэнты больш, чым абяцаў.

– Я ведаю, – адказаў Вакульскі.

– Ну і паспрабуй ты з гэткімі людзьмі працаваць дзеля навукі. Здохнеш з голаду або станеш ідыётам!.. Затое як будзеш умець танцаваць, іграць на нейкім інструменце, выступаць у аматарскім тэатры, а лепш за ўсё – забаўляць дам, дык зробіш кар’еру. Адразу абвесцяць знакамітасцю і зоймеш пасаду, дзе даходы ў дзесяць разоў перавышаюць вартасць самае працы. Раўты і дамы, дамы і раўты!.. А паколькі я не лёкай, каб на раўтах прападаць, а карысць ад дам бачу толькі ў тым, што яны здольныя нараджаць дзяцей, дык уцякаю адгэтуль, хоць у Цюрых.

– А да Гейста не паехаў бы пан? – спытаў Вакульскі.

Ахоцкі задумаўся.

– Там трэба сотні тысяч рублёў, якіх я не маю, – адказаў ён. – Зрэшты, хоць бы і меў, мусіў бы спачатку пераканацца, што гэта такое насамрэч… Бо змяншэнне ўдзельнае вагі падобна да казкі.

– Але ж я паказваў пану бляшку, – сказаў Вакульскі.

– А, праўда… Няхай пан яшчэ раз пакажа!.. – выгукнуў Ахоцкі.

У Вакульскага на твары выступілі чырвоныя плямы і хутка зніклі.

– Я ўжо не маю яе! – прыглушана адказаў ён.

– Што ж з ёю сталася? – здзівіўся Ахоцкі.

– Няважна!.. Скажам, упала недзе ў канаву… Але ці паехаў бы пан да Гейста, маючы грошы?..

– Хіба, паехаў бы. Але ў першую чаргу, каб спраўдзіць факты. Бо тое, што я ведаю пра хімічныя элементы, няхай мне пан прабачыць, не адпавядае тэорыі зменнасці ўдзельнае вагі па-за пэўнымі межамі.

Яны замаўчалі, і неўзабаве Ахоцкі пакінуў Вакульскага. Візіт Ахоцкага скіраваў думкі Вакульскага ў іншым напрамку.

Ён адчуў нават не жаданне, а прагу прыгадаць хімічныя доследы і ў той жа дзень пабег у горад, каб купіць рэторты, трубкі, прабіркі, а таксама разнастайныя прэпараты.

Засяроджаны на гэтай ідэі, ён смела выйшаў на вуліцу, нават сеў у брычку. На людзей ён глядзеў абыякава і не адчуваў прыкрасці, калі заўважаў, як адны з цікавасцю пазіраюць на яго, іншыя не пазнаюць, а нехта нават зласліва пасміхаецца.

Але ўжо ў краме шкляных вырабаў, а яшчэ больш на аптэчным складзе ён задумаўся пра тое, у якой ступені ён страціў не толькі сілу волі, але звычайную самастойнасць, калі размова з Ахоцкім навяла яго на думкі пра хімію, якою ён не займаўся ўжо столькі гадоў!..

“Усё адно, – прамармытаў ён, – абы занятак”.

Назаўтра ён купіў дакладныя вагі і некалькі больш складаных прыладаў ды ўзяўся за працу, як вучань-пачатковец.

Спачатку ён атрымаў вадарод, што нагадала яму студэнцкія часы, калі вадарод выраблялі ў пляшках, абгорнутых ручнікамі, выкарыстоўваючы слоікі ад гуталіну. Які гэта быў шчаслівы час!.. Потым прыгадаліся яму балоны ўласнае канструкцыі, а потым Гейст, які даводзіў, што хімія вадародных злучэнняў зменіць гісторыю чалавецтва…

“Ну а каб гадоў гэтак за пару натрапіў я на гэты метал, які шукае Гейст? – спытаў ён сам сябе. – Гейст сцвярджае, што адкрыццё магчыма пры выпрабаванні некалькіх тысяч камбінацый, дык гэта латарэя, а мне шанцуе… А каб я адкрыў гэтакі метал, што б тады сказала панна Ізабэла?..”

Гнеў закіпеў у ім ад гэтага ўспаміну.

– Ах, – прашаптаў ён, – хацеў бы я стаць праслаўленым і магутным, каб даказаць, як я пагарджаю ёю…

Але ён абдумаўся – пагарда не выяўляецца ні праз гнеў, ні праз жаданне прынізіць некага – і зноў узяўся за працу.

Элементарныя доследы з вадародам былі яму найбольш прыемныя, і ён паўтараў іх часцей за іншыя.

Аднойчы ён зрабіў сабе гармонік фізічны[251] і гэтак гучна на ім граў, што назаўтра наведаўся да яго гаспадар дому, пытаючыся з усёю ветлівасцю, ці не згадзіўся б ён вызваліць кватэру па заканчэнні квартала.

– А пан мае ўжо нейкага кандыдата? – спытаў Вакульскі.

– Гэта значыць… так… нібы… амаль маю, – адказаў заклапочаны гаспадар.

– У такім разе вызвалю.

Гаспадар крыху здзівіўся згодлівасці Вакульскага, але развітаўся з ім вельмі задаволены. Вакульскага разабраў смех:

“Вядома, ён палічыў мяне вар’ятам або банкрутам… Тым лепш!.. Бо, праўду кажучы, я цудоўна магу жыць і ў двух пакоях замест васьмі.”

Потым, момантамі, невядома чаму ён шкадаваў, што паспяшаўся адмовіцца ад кватэры.

“Барон, – казаў ён сабе, – разводзіцца з жонкаю, якая звязалася з іншым. Венгелек знелюбіў сваю толькі таму, што на ўласныя вочы пабачыў аднаго з яе залётнікаў… А што ж я мушу зрабіць?..”

І зноў ён вяртаўся да доследаў, задаволена заўважаючы, што не зусім страціў умельства ў гэтай справе.

Гэта цалкам паглынала яго ўвагу. Часам па некалькі гадзін запар ён не ўспамінаў панну Ізабэлу і тады адчуваў, як яго спакутаваная свядомасць сапраўды адпачывае. Ён нават амаль перастаў баяцца людзей ды вулічнага шуму і пачаў часцей выходзіць у горад.

Аднойчы ён паехаў ажно ў Лазенкі. Больш за тое, нават зазірнуў у алею, якою некалі шпацыраваў з паннаю Ізабэлай. Але тут прывабленыя некім лебедзі расправілі крылы і з шумам рынуліся па вадзе да берага. Гэта звычайная карціна зрабіла страшнае ўражанне на Вакульскага, ён прыгадаў ад’езд панны Ізабэлы з Заслаўка… Як шалёны кінуўся ён уцякаць з парку, ускочыў у брычку і з заплюшчанымі вачыма вярнуўся дадому.

У гэты дзень ён нічым не займаўся, а ўночы меў дзіўны сон.

Сніў ён, што стаіць перад ім панна Ізабэла і са слязьмі на вачах пытаецца: чаму ён яе пакінуў… Бо падарожжа да Скернавіц, яе размова са Старскім ды заляцанні таго былі толькі сном. Бо ўсё гэта ён толькі сніў…

Вакульскі ўскочыў з пасцелі і запаліў святло.

“Што тут сон?.. – пытаў ён. – Падарожжа да Скернавіц ці яе крыўда і дакоры?..”

Да раніцы ён не мог заснуць, мучылі яго пытанні і сумневы надзвычай цяжкія.

“Ці маглі людзі, што сядзяць у кепска асветленым вагоне, адлюстроўвацца ў шыбе, – думаў ён. – І ці бачанае мною тады не было галюцынацыяй?.. Ці я ведаю англійскую мову дастаткова добра, каб не памыліцца ў значэнні некаторых слоў?.. Як я выглядаў у яе вачах, калі зрабіў ёй гэткі страшны афронт без прычыны?.. Бо кузіны, ды яшчэ сябры з маленства, могуць весці нават досыць бессаромныя размовы, не выклікаючы да сябе падазрэнняў...

Што я нарабіў, няшчасны, калі памыліўся пад уплывам неапраўданае рэўнасці!.. Старскі ж быў закаханы ў баранесу, і панна Ізабэла ведала пра гэта, дык мусіла б згубіць апошні сорам, каб зводзіць чужога каханка…”

Потым ён згадаў сваё цяперашняе жыццё: гэткае пустое, гэткае жахліва пустое!.. Ён пакінуў усё, чым займаўся раней, адвярнуўся ад людзей і ўжо не меў наперадзе нічога, абсалютна нічога. Што рабіць?.. Чытаць фантастычныя кніжкі? Ставіць бессэнсоўныя доследы? Паехаць куды? Ажаніцца са Стаўскаю?.. Але на чым бы ён ні спыніўся, куды б ні паехаў, нідзе не пазбудзецца ані тугі, ані адзіноты!

“Ну а барон?.. – спытаў ён сабе. – Ажаніўся са сваёю паннай Эвелінай, і што?.. Сёння думае пра тэхналагічную лабараторыю. Ён, які нават не ведае, хутчэй за ўсё, што значыць тэхналогія…”

Надыход дня і душ асвяжылі думкі Вакульскага.

“У мяне не менш за трыццаць ці сорак тысяч рублёў гадавога даходу. Трачу я на сябе ад двух да трох тысяч. Што рабіць з рэштаю, з маёнткам, які мяне прыгнятае дый годзе?.. Гэтай сумы хапіла б палепшыць побыт тысячам сем’яў, але навошта мне гэта, калі адны будуць няшчаснымі, як Венгелек, а іншыя аддзячаць мне так, як дарожнік Высоцкі?..”

Зноў прыгадаў ён Гейста і яго таямнічую майстэрню, у якой пралупіўся зародак новае цывілізацыі. Укладзеныя туды грошы і праца акупіліся б мільён разоў. Там і каласальная мэта, і занятак на ўсё жыццё, а ў перспектыве – слава ды магутнасць, якіх свет не бачыў. Браняносцы, што падымаюцца ў паветра!.. Ці магло быць нешта больш грандыёзнае?..

“А калі гэты метал знайду не я, а нехта іншы, што вельмі магчыма?..” – пытаў ён сам сябе.

“Ну і што? – адказваў ён сабе. – У найгоршым выпадку я апынуся сярод тых нешматлікіх, хто садзейнічаў адкрыццю. Справа вартая, каб ахвяраваць непатрэбны маёнтак і бессэнсоўнае жыццё. Дык што лепш: змарнавацца тут у чатырох сценах, здзяцінець, гуляючы ў прэферанс, або здабываць нечуваную славу?..”

Паступова ў душы Вакульскага ўсё выразней пачаў вымалёўвацца нейкі план, але чым дакладней ён абдумваў яго, чым больш бачыў у ім вартасцей, тым выразней адчуваў, што для выканання не стае яму ані энергіі, ані стымулу.

Воля яго была спаралізаваная, ажывіць яе магло толькі ўзрушэнне. Тым часам узрушэння не было, а штодзённасць усё глыбей зацягвала Вакульскага ў апатыю.

“Я ўжо не гіну, я проста гнію,” – казаў ён сам сабе.

Жэцкі, які наведваў яго ўсё радзей, глядзеў на яго са страхам.

– Кепска робіш, Стаху, – казаў ён не раз. – Кепска, кепска, кепска!.. Лепш зусім не жыць, чым так жыць…

Аднойчы слуга падаў Вакульскаму канверт, падпісаны жаночаю рукою.

Ён разгарнуў ліст і прачытаў:

“Мушу з панам пабачыцца. Чакаю сёння а трэцяй. Вансоўская”.

“Чаго яна хоча ад мяне?..” – здзівіўся ён.

Але а трэцяй паехаў.

Роўна ў прызначаны час Вакульскі быў у вітальні Вансоўскае. Лёкай, нават не пытаючыся, хто ён такі, адчыніў дзверы ў салон, па якім шыбкім крокам праходжвалася прыгожая ўдава.

Была яна ў цёмнай сукенцы, якая дасканала абмалёўвала яе скульптурную фігуру. Рудыя валасы, як звычайна, былі сабраныя ў пышны вузел, але замест шпількі тырчаў у ім вузкі штылецік з залатым дзяржаннем.

Як толькі Вакульскі яе ўбачыў, яго ахапіла надзіва сентыментальнае пачуццё радасці. Ён падбег і горача пацалаваў ёй у руку.

– Я не павінна была нават размаўляць з панам!.. – сказала пані Вансоўская, вырываючы ў яго руку.

– У такім разе навошта пані мяне паклікала? – здзівіўся ён.

Яго нібы аблілі халоднаю вадою.

– Прашу пана сядаць.

Вакульскі сеў і маўчаў. Пані Вансоўская працягвала хадзіць па салоне.

– Зрабіў пан уражанне на ўсіх, нічога не скажаш!.. – пачала яна праз хвіліну ўзрушаным голасам. – З-за пана пра свецкую асобу пляткараць, яе бацька захварэў, усёй сям’і прыкра… Пан на некалькі месяцаў зачыняецца дома, падводзіць сотні людзей, якія яму бязмежна давяралі, а потым пачцівы князь называе ўсе панскія дзівацтвы “вынікам паводзін кабет…” Віншую пана… Каб яшчэ нейкі студэнт так сябе паводзіў…

Раптам яна змоўкла… У Вакульскага страшэнна змяніўся твар.

– Ах, што ж гэта робіцца? Пан, хіба, не самлее тут?.. – пыталася яна спалохана. – Дам пану вады або віна…

– Дзякую пані, – адказаў ён. Яго твар вельмі хутка набыў натуральны колер і спакойны выраз. – Бачыць пані, сапраўды, я нездаровы.

Пані Вансоўская пачала пільна ўзірацца ў яго.

– Так, – казала яна, – крыху пан зблажэў, але з гэтаю бародкаю пану вельмі някепска. Не павінен пан яе галіць… Выглядае пан цікава…

Вакульскі чырванеў, як дзіця. Ён слухаў пані Вансоўскую і дзівіўся, адчуваючы, які ён нясмелы перад ёю, амаль засаромлены.

“Што са мною?” – падумаў ён.

– Як бы там ні было, а павінен пан зараз жа ехаць у вёску, – працягвала яна. – Ці чуў хто, каб сядзець у горадзе на пачатку жніўня?.. О, баста, мой пане!.. Паслязаўтра забіраю пана да сябе, бо іначай цень нябожчыцы старшынёвай не дала б мне спакою… А з сённяшняга дня будзе пан прыходзіць на абеды і вячэры. Пасля абеду едзем на прагулку, а паслязаўтра… бывай, Варшава!.. Досыць…

Вакульскі быў гэткі прыгаломшаны, што не мог нічога адказаць. Ён не ведаў, куды падзець рукі, і адчуваў, як гарыць у яго твар.

Яна пазваніла. Увайшоў лёкай.

– Прашу падаць віна, – сказала пані Вансоўская. – Ведаеш, таго венгерскага… Пан можа курыць.

Вакульскі адразу ж закурыў папяросу, молячыся ў душы, каб удалося апанаваць дрыжанне рук. Лёкай прынёс віно і два кілішкі. Пані Вансоўская наліла ў абодва.

– Пі, пане, – сказала яна.

Вакульскі выпіў да дна.

– О, гэта мне падабаецца!.. Здароўе пана! – сказала яна і таксама выпіла. – А цяпер пан мусіць выпіць за маё…

Вакульскі выпіў другі кілішак.

– А цяпер вып’е пан за тое, каб спраўдзіліся мае намеры… Калі ласка… калі ласка… толькі адразу…

– Прашу прабачэння, пані, – адказаў ён, – але я не хачу ўпіцца.

– Дык пан не жадае, каб здзейсніліся мае намеры?

– Чаму не. Але спачатку я мушу іх ведаць.

– Насамрэч?.. – выгукнула пані Вансоўская. – А гэта нешта новае… Добра, няхай пан не п’е.

Яна пачала глядзець у вакно, пастукваючы нагою па падлозе.

Вакульскі задумаўся. Маўчанне працягвалася некалькі хвілін, нарэшце, перапыніла яго пані.

– Чуў пан, што зрабіў барон?.. Як гэта пану падабаецца?..

– Добра зрабіў, – адказаў Вакульскі ўжо зусім спакойным тонам.

Пані Вансоўская ўскочыла з фатэля.

– Што?! – закрычала яна. – Пан бароніць чалавека, які зганьбаваў кабету?.. Грубіян, эгаіст, які дзеля помсты не пагрэбаваў самымі нізкімі сродкамі…

– Што ж ён зрабіў?

– А, дык пан нічога не ведае… Няхай пан уявіць сабе, ён пажадаў разводу з жонкаю і, каб зрабіць скандал яшчэ больш гучным, страляўся са Старскім…

– Сапраўды, – азваўся Вакульскі пасля паўзы. – Ён жа, нічога не кажучы, мог стрэліць сабе ў лоб, але спачатку адпісаць жонцы ўсю маёмасць.

Пані Вансоўская выбухнула гневам.

– Несумненна, – сказала яна, – гэтак і зрабіў бы кожны мужчына, у якога заставалася б кропля шляхетнасці ды гонару… Лепш сябе забіць, чым цягнуць пад ганебны слуп бедную кабету, слабую істоту, якой гэтак лёгка помсціць, маючы грошы, высокае становішча і ўхваленне публікі!.. Але ад пана я гэтага не чакала… Ха-ха-ха!.. І гэта той новы чалавек, той герой, які пакутуе без нараканняў… О, усе вы аднолькавыя…

– Перапрашаю, але… якія, уласна, у пані прэтэнзіі да барона?

З вачэй пані Вансоўскае паляцелі маланкі.

– Кахаў барон Эвеліну ці не?.. – спытала яна.

– Вар’яцеў ад яе!

– Вось і няпраўда, ён удаваў, што кахае, маніў, што абагаўляе… Але пры першым зручным выпадку даказаў, што нават не ставіўся да яе як да роўнага сабе чалавека, а як да нявольніцы, якую за хвіліну слабасці можна пакараць – накінуць вяроўку на шыю, зацягнуць на рынак, зняславіць… О, вы – гаспадары свету, падманшчыкі!.. Пакуль вас засляпляе жывёльны інстынкт, вы поўзаеце ў нагах, гатовыя прыніжацца, гатовыя ілгаць: “Ты найдаражэйшая… ты богападобная… за цябе я аддаў бы жыццё”… А калі бедная ахвяра паверыць вашым падступным клятвам, вы пачынаеце ўжо нудзіцца, а калі ў ёй азавецца чалавечая, слабая натура, дык затопчаце яе нагамі… Ах, як гэта абуральна, як гэта нізка… Ці адкажа мне пан нарэшце што-небудзь?..

– Хіба пані баранеса не завяла раман са Старскім? – спытаў Вакульскі.

– О, адразу ўжо і раман. Яна фліртавала з ім, зрэшты, мела пункцік наконт яго…

– Пункцік?.. Я не ведаў гэтага слова. Дык калі ў яе быў пункцік наконт Старскага, навошта выйшла за барона?

– Бо той упрошваў яе на каленях… пагражаў, што заб’е сябе…

– Прашу прабачэння, але… Ці ён упрошваў толькі пра тое, каб яна мела ласку прыняць ягонае прозвішча і маёнтак, ці таксама і пра тое, каб пазбылася пункцікаў да іншых мужчын?..

– А вы?.. А мужчыны?.. Што вы дазваляеце сабе перад шлюбам і пасля шлюбу?.. Дык кабета…

– Прашу прабачэння, пані, нам з дзяцінства ўбіваюць у галаву, што мы жывёліны, і адзіная для нас магчымасць ачалавечыцца – гэта пакахаць кабету, шляхетнасць якое, нявіннасць і вернасць утрымліваць крыху свет ад поўнага здзічэння. Ну, мы і верым у гэту шляхетнасць, нявіннасць ды іншае, абагаўляем яе, падаем перад ёю на калені…

– І правільна, бо вы нашмат горшыя за кабет.

– Мы раз за разам прызнаём гэта і сцвярджаем, што мужчына сапраўды стварае цывілізацыю, але толькі кабета ўзвышае яе і акультурвае… Аднак калі кабеты пачнуць, як і мы, саступаць жывёльным інстынктам, дык чым яны будуць лепшымі за нас, а перадусім, за што нам тады абагаўляць іх?..

– За каханне.

– Цудоўна! Але калі пан Старскі атрымлівае каханне за свае вусікі ды позіркі, дык чаму іншы пан мусіць даваць за гэта сваё прозвішча, маёнтак і свабоду?

– Я ўсё менш разумею пана, – сказала пані Вансоўская. – Прызнае пан, што кабеты роўныя з мужчынамі, ці не?..

– Па сутнасці – роўныя, а ў прыватнасці – не! У розуме і сіле звычайная кабета саступае мужчыне, але ў сваіх звычках ды ў пачуццях яна павінна пераўзыходзіць яго настолькі, каб кампенсаваць тую няроўнасць. Прынамсі, гэта нам унушаюць, мы ў гэта верым і, нягледзячы на шматлікія праявы слабасці кабет, ставім іх вышэй за сябе… А калі пані баранеса выраклася сваіх перавагаў, і даўно ўжо выраклася, што ўсе мы бачылі, дык чаго дзівіцца, што страціла яна і прывілеі. Муж пазбыўся яе, як несумленнага хаўрусніка.

– Але ж барон недалужны стары!..

– Чаго ж яна ішла за яго?! Навошта нават слухала яго любоўнае буркаванне?

– Хіба пан не разумее, што кабета можа быць вымушаная прадаваць сябе?.. – спытала пані Вансоўская, мяняючыся з твару.

– Разумею, пані, бо… я і сам некалі прадаўся, але не дзеля багацця, а за кавалак хлеба…

– І што ж?

– Але мая жонка не цешыла сябе ілюзіямі пра маю нявіннасць, і я сам, праўда, не абяцаў ёй кахання. Я быў вельмі кепскім мужам, затое, як чалавек куплены, быў найлепшым крамнікам у краме і самым надзейным слугою для яе. Хадзіў з ёю па касцёлах, канцэртах, тэатрах, бавіў яе гасцей і, фактычна, патроіў даходы крамы.

– І не меў пан каханак?

– Не, пані. Гэтак горка перажываў я сваю няволю, што не насмельваўся і глядзець на іншых кабет. Дык няхай пані прызнае, што я маю права быць суровым суддзёй пані баранесе, якая ведала, калі прадавалася, што не купляюць у яе… працоўную сілу.

– Брыдота! – прашаптала пані Вансоўская, не падымаючы вачэй.

– Так, пані. Гандаль людзьмі – брыдкая рэч, а яшчэ больш брыдкі гандаль самім сабою. Але найвялікшая ганьба, калі пры гэткіх здзелках яшчэ і стараюцца адурыць. Калі гэткія рэчы выкрываюцца, наступствы вельмі прыкрыя для ашуканца.

Нейкі час абое сядзелі моўчкі. Пані Вансоўская была злосная, Вакульскі пахмурны.

– Не!.. – выгукнула яна раптам. – Я мушу выцягнуць з пана канкрэтны адказ…

– Наконт чаго?

– Пытанні ёсць, і пан мне адкажа на іх ясна і дакладна.

– Гэта іспыт?

– Нешта падобнае.

– Слухаю пані.

Здавалася, што яна вагаецца, але перамагла сябе і запыталася:

– Дык пан перакананы, што барон меў права адпрэчыць і зняславіць кабету?..

– Якая яго падманула?.. Меў.

– Што пан называе падманам?

– Тое, што яна прымала каханне барона, нягледзячы на той пункцік, як пані кажа, да пана Старскага.

Пані Вансоўская прыкусіла вусны.

– А колькі ў барона было такіх пункцікаў?..

– Пэўна, столькі, колькі надаралася зручных момантаў і ахвоты, – адказаў Вакульскі. – Але барон не прыкідваўся нявінным, не лічыўся ўзорам маральнае чысціні і не прэтэндаваў на агульную пашану за гэта… Каб барон скарыў нечае сэрца, сцвярджаючы, што ён ніколі не меў каханак, у той час, як меў іх, дык ён быў бы гэткім жа ашуканцам. Праўда, гэта было няважна, цікавасць да яго выклікала нешта іншае.

Пані Вансоўская ўсміхнулася.

– Пан проста цудоўны!.. Якая ж кабета сцвярджае ці пераконвае вас, што не мела каханкаў?..

– Ах, дык і пані іх мела?..

– Мой пане!.. – выбухнула ўдоўка і ўскочыла.

Але ў той жа міг схамянулася і холадна прамовіла:

– Хацелася б крыху большае ветлівасці з боку пана ў выбары аргументаў.

– Навошта?.. Правы ў нас роўныя, а я зусім не абражуся, калі пані спытае мяне пра колькасць маіх каханак.

– Мне гэта не цікава.

Яна пачала хадзіць па салоне. Вакульскі пачаў было злавацца, але авалодаў сабою.

– Так, прызнаюся пану, – загаварыла яна, – я не свабодная ад прымхлівасці. Ну, але я ўсяго толькі кабета, маю лягчэйшы мозг, як сцвярджаюць вашы антраполагі, зрэшты, мяне няволяць свецкія сувязі, кепскія звычкі і Бог ведае што яшчэ!.. Аднак, каб я была разумным мужчынам, як пан, і верыла ў прагрэс, як пан, я змагла б атрэсціся ад гэтага пылу. Дастаткова было б прызнаць, што раней ці пазней кабеты павінны зрабіцца раўнапраўнымі з мужчынамі.

– Нібы ў тым, што тычыцца памянёных пункцікаў?..

– Нібы… нібы… – перадражніла яна яго. – Якраз і кажу пра тыя пункцікі…

– О!.. Дык нашто доўга чакаць сумнеўных вынікаў прагрэсу? Ужо і сёння вельмі шмат ёсць кабет, раўнапраўных у гэтым сэнсе. Яны нават ствараюць магутную партыю, называючыся какоткамі… Але дзіўная рэч, карыстаючыся прыхільнасцю мужчын, гэтыя пані не цешацца зычлівасцю кабет…

– З панам немагчыма размаўляць, пане Вакульскі, – не стрывала ўдоўка.

– Немагчыма размаўляць са мною пра раўнапраўе кабет?

У пані Вансоўскае заблішчалі вочы і кроў ударыла ў твар. Яна раптам села ў фатэль, пляснула рукою па стале і выбухнула:

– Добра!.. Не пабаюся панскага цынізму і буду гаварыць нават пра какотак… Няхай жа пан ведае, што трэба мець вельмі нізкую душу, каб параўноўваць тых дам, якія прадаюцца за грошы, з кабетамі пачцівымі і шляхетнымі, якія аддаюцца кахаючы…

– Кожны раз выглядаючы нявінніцамі…

– Нават і так.

– І па чарзе падманваючы тых прасцячкоў, якія ў гэта вераць.

– А якая ім ад гэтага шкода?.. – спытала яна, задзірліва пазіраючы яму ў вочы.

Вакульскі сціснуў зубы, але авалодаў сабой і працягваў спакойна:

– Калі ласка, пані, а што сказалі б пра мяне мае супольнікі, каб я, замест маёнтка за шэсцьсот тысяч рублёў, як было абвешчана, меў толькі шэсць тысяч і не пратэставаў супраць чутак?.. Усяго два нулі розніцы…

– Не будзем тут пра грошы, – перапыніла яго пані Вансоўская.

– Ага!.. Тады што сама пані сказала б пра мяне, каб я, напрыклад, зваўся не Вакульскі, а Валкускі, і з дапамогаю гэткае дробнае перастаноўкі літар скарыстаўся зычлівасцю нябожчыцы старшынёвай, убіўся да яе ў дом і меў гонар пазнаёміцца там з пані?.. Як бы пані назвала гэтакі спосаб знаёмства з людзьмі ды выкарыстання прыхільнасці да сябе?

На выразным твары пані Вансоўскае з’явілася агіда.

– Але ж якую гэта мае сувязь з баронам ды ягонай жонкаю?.. – адказала яна.

– Мае, пані, тую сувязь, што нікому на свеце нельга прыўлашчваць чужыя тытулы. Какотка, зрэшты, можа быць патрэбнаю асобаю, і ніхто не мае права папракаць яе за выбраную прафесію. Але какотка, якая прыкрываецца бязгрэшнасцю, падманшчыца. А за гэта ўжо можна папракаць.

– Брыдота!.. – выбухнула пані Вансоўская. – Але добра… Што, аднак, траціць свет ад падобнае містыфікацыі, можа мне пан сказаць?..

У Вакульскага зашумела ў вушах.

– Свет часам набывае, калі нейкі наіўны прасцяк упадае ў шаленства, званае ідэальным каханнем, і, не зважаючы на небяспеку, здабывае маёнтак, каб пакласці яго да ног свайго ідэалу… Але свет часам губляе, калі гэты шаленец выкрывае містыфікацыю і падае зламаны, ні да чаго ўжо не здольны… Альбо… не распарадзіўшыся маёнткам, кідаецца… Гэта значыць, страляецца з панам Старскім і атрымлівае куляю па рэбрах… Свет губляе, пані, адно забітае шчасце, адзін звіхнуты розум, а можа, і чалавека, які мог нешта зрабіць…

– Гэты чалавек сам вінаваты…

– Мае пані рацыю: была б яго віна, каб ён не спахапіўся і не зрабіў таго, што барон, каб скончыць са сваім ачмурэннем ды ганьбаю…

– Карацей кажучы, – сказала пані Вансоўская, – мужчыны добраахвотна не адмовяцца ад сваіх дзікунскіх прывілеяў…

– Гэта значыць, не прызнаюць прывілею прытворства…

– А хто адмаўляецца ад пагаднення, – працягвала яна запальчыва, – той пачынае вайну…

– Вайну?.. – зарагатаў Вакульскі.

– Так, вайну, у якой пераможа мацнейшы… А хто мацнейшы, гэта мы яшчэ пабачым!.. – выгукнула яна і ўзмахнула рукою.

У гэты момант здарылася нечаканае. Вакульскі раптоўна схапіў пані Вансоўскую за абедзве рукі і трымаў іх, сціскаючы трыма пальцамі.

– Што гэта?.. – спытала яна і збляднела.

– Выпрабоўваем, хто мацнейшы, – адказаў ён.

– Ну… досыць жартаў…

– Не, пані, гэта не жарты… Гэта толькі сціплы доказ, што я з пані, як з прадстаўніком ваяўнічага боку, магу зрабіць, што захачу. Так ці не?

– Пусці мяне, пан, – закрычала яна, вырываючыся, – бо я паклічу слуг…

Вакульскі пусціў яе рукі.

– Ах, дык пані будзе змагацца з намі з дапамогаю слуг?.. Цікава, якую ўзнагароду пажадалі б тыя саюзнікі, і ці дазволілі б яны не выканаць абяцання?

Пані Вансоўская глядзела на яго спачатку з лёгкаю трывогаю, потым з абурэннем, нарэшце, паціснула плячыма.

– Ведае, пан, што я падумала?

– Што я ашалеў.

– Нешта падобнае.

– У прысутнасці гэткае прыгожае кабеты і падчас гэткае дыскусіі было б гэта вельмі натуральна.

– Авой, які плоскі камплімент!.. – скрывілася яна. – У кожным разе, я мушу прызнаць, што пан стаў крыху больш мне імпанаваць. Крыху… Але не вытрымаў пан сваёй ролі, пусціў мае рукі, і гэта мяне расчаравала…

– О, я здолеў бы і не пусціць рук.

– А я здолела б паклікаць слуг…

– А я, перапрашаю пані, здолеў бы заціснуць пані вусны…

– Што?.. Што?..

– Тое, што я сказаў.

Пані Вансоўская зноў здзівілася, склала рукі па-напалеонаўску і прамовіла:

– Але ж пан або надта арыгінальны, або… вельмі кепска выхаваны…

– Я зусім не выхаваны.

– Дык, насамрэч, арыгінальны, – ціха сказала яна. – Шкада, што не паказаў сябе пан Бэлі з гэтага боку…

Вакульскі аслупянеў. Не ад гуку гэтага імя, а з-за тае перамены, якую ён адчуў. Панна Ізабэла была яму зусім абыякавая, затое цікавіла яго пані Вансоўская.

– Трэба было, – працягвала яна, – адразу выкласці ёй свае тэорыі так, як мне, і не здарылася б паміж вамі ніякага непаразумення.

– Непаразумення?.. – вырачыў вочы Вакульскі.

– Так, бо наколькі я ведаю, яна гатовая пану прабачыць.

– Прабачыць?..

– Пан, як я заўважаю, яшчэ не зусім… ачуняў, – працягвала яна абыякавым тонам, – калі не разумее, што ўчынак быў брутальны… У параўнанні з эксцэнтрычнасцю пана нават барон выглядае элегантна.

Вакульскі зарагатаў гэтак шчыра, што ажно сам спалохаўся. Пані Вансоўская працягвала:

– Смяешся, пан?.. Я не злуюся, бо разумею гэткі смех… Гэта найвышэйшая ступень пакутаў…

– Клянуся пані, што я першы раз за дзесяць тыдняў адчуваю сябе свабодным… Божа мой!.. За некалькі гадоў… Здаецца, што ўвесь гэты час свідравала мне мозг нейкае страшнае насланнё, і хвіліну таму яно знікла… Цяпер я адчуў, што выратаваны, і гэта дзякуючы пані…

Голас у яго дрыжаў. Ён узяў яе за абедзве рукі і цалаваў амаль з жарсцю. Пані Вансоўскай падалося, што яна заўважыла ў яго вачах слёзы.

– Выратаваны!.. Вызвалены!.. – паўтараў ён.

– Паслухай мяне, пан, – сказала яна холадна, забіраючы рукі. – Мне вядома ўсё, што паміж вамі адбылося… Нядобра было пану падслухоўваць размову, якую я ведаю ва ўсіх дробязях і нават больш… Гэта быў самы звычайны флірт…

– Ах, дык гэта флірт?.. – перапытаў ён. – Калі кабета прыпадабняецца рэстараннай сурвэтцы і кожны можа выцерці ёю вусны ды пальцы?.. Гэта флірт, вельмі добра!..

– Маўчы, пан! – закрычала пані Вансоўская. – Я не спрачаюся, Бэла нядобра зрабіла, але… Няхай пан сам сябе асудзіць, калі я скажу, што яна пана…

– Кахае, так? – спытаў Вакульскі і пагладзіў сваю бараду.

– О, кахае!.. Пакуль толькі шкадуе пана… Я не хачу ўваходзіць у падрабязнасці, але дастаткова сказаць, што я бачылася з ёю гэтыя два месяцы амаль кожны дзень… Яна ўвесь час гаварыла толькі пра пана, і самым улюбёным месцам яе шпацыраў з’яўляецца… заслаўскі замак!.. Колькі раз здаралася ёй прысесці на тым вялікім камені з надпісам, столькі раз я бачыла слёзы ў яе на вачах… І аднойчы яна разрыдалася, паўтараючы выбітыя там радкі:

Буду заўжды неразлучным з табою,

Бо ўсюды частку душы я пакінуў[252].

Што цяпер пан скажа?..

– Што я скажу?.. – паўтарыў Вакульскі. – Прысягаю, што адзінае маё жаданне ў гэты момант – каб знік нават самы нязначны след майго знаёмства з паннаю Ленцкаю… А перадусім той няшчасны камень, які яе так расчульвае.

– Каб была гэта праўда, у мяне быў бы цудоўны доказ мужчынскага пастаянства…

– Не. Мела б пані толькі доказ цудоўнага выздараўлення, – казаў ён узрушана. – О, Божа!.. Мне здаецца, што мяне загіпнатызавалі на некалькі гадоў, а два месяцы таму нехта няўмела абудзіў, і толькі цяпер я апрытомнеў насамрэч…

– Пан кажа гэта ўсур’ёз?

– Ці пані не бачыць, які я шчаслівы?.. Стаў сабою і зноў буду належаць сам сабе… Няхай пані паверыць, гэта цуд, якога я абсалютна не разумею, але які можна параўнаць толькі з абуджэннем з летаргічнага сну чалавека, які ўжо быў пакладзены ў труну.

– І чаму пан гэта прыпісвае?.. – спытала яна, апускаючы вочы.

– Перадусім пані… А яшчэ таму, што я наважыўся, нарэшце, ясна сказаць некаму тое, што разумеў даўно, але баяўся прызнаць. Панна Ізабэла – гэта кабета іншага гатунку, чым я, і толькі нейкае замарачэнне вінаватае, што прыкіпеў я да яе.

– І што пан будзе рабіць пасля гэтага цікавага адкрыцця?

– Не ведаю.

– Не знайшоў пан, часам, кабету свайго гатунку?..

– Магчыма.

– Пэўна, гэта тая пані… пані Ста… Ста…

– Стаўская?.. Не. Хутчэй, гэта сама пані.

Пані Вансоўская паднялася з фатэля з вельмі ўрачыстым выразам на твары.

– Разумею, – сказаў Вакульскі. – Мне ўжо час ісці?

– Як пан лічыць патрэбным.

– І ў вёску мы разам не паедзем?

– О, гэта дакладна… Хоць… я не забараняю пану прыехаць туды… Будзе ў мяне, відаць, Бэла…

– У такім разе я не прыеду.

– Я не сцвярджаю, што яна абавязкова будзе.

– І заспеў бы я адну пані?

– Магчыма.

– І мы гутарылі б, як сёння?.. Ездзілі б на прагулкі, як некалі?..

– І сапраўды пачалася б паміж намі вайна, – адказала пані Вансоўская.

– Папярэджваю, я б яе выйграў.

– Праўда?.. І, можа, зрабіў бы мяне пан сваёй нявольніцаю?..

– Так. Пераканаў бы, што здольны ўладарыць, а пазней у нагах пані маліў, каб узяла мяне да сябе ў няволю…

Пані Вансоўская павярнулася і выйшла з салона. На парозе яна на момант затрымалася і з лёгкім паваротам галавы сказала:

– Да пабачэння… у вёсцы…

Вакульскі выйшаў ад яе, як п’яны. Ужо на вуліцы ён прашаптаў: “Несумненна, з’ехаў з глузду”.

Ён азірнуўся і ўбачыў у акне пані Вансоўскую, якая стаяла за фіранкаю.

“Да ліха! – падумаў ён. – Ці не шукаю я зноў нейкіх прыгодаў на сваю галаву?..”

Ідучы вуліцаю, Вакульскі працягваў разважаць пра тую змену, якая ў ім адбылася.

Яму здавалася, што з бездані, дзе вечная ноч і вар’яцтва, ён выбраўся на белы свет. Сэрца білася мацней, дыхалася вальней, думалася надзвычай лёгка. Ён адчуваў бадзёрасць ва ўсім целе і неапісальную цішыню ў сэрцы.

Яго ўжо не раздражняў вулічны рух, а тлум цешыў. Неба мела больш насычаны колер, дамы стаялі раўней, і нават пыл у струменях святла быў прыгожы.

Аднак найбольшае задавальненне выклікаў у яго выгляд маладых кабет, іх грацыёзныя рухі, усмешлівыя вусны ды вабныя позіркі. Пара з іх зазірнула яму ў вочы – ласкава і какетліва. Сэрца ў Вакульскага забілася хутчэй, яго нібы токам працяла з галавы да пят.

“Прыгожыя!..” – падумаў ён.

Але зараз жа ён прыгадаў пані Вансоўскую і мусіў прызнаць, што сярод гэтых прыгожых яна самая прыгожая, а што яшчэ лепей – самая спакуслівая. Якая фігура, якая цудоўная лінія нагі, якая жаноцкасць! А вочы то аксамітныя, то блішчаць, як брыльянты… Ён гатовы быў прысягнуць, што адчувае пах яе цела, чуе нярвовы смех, і ў галаве яму зашумела ад аднае думкі пра збліжэнне з ёю.

“Якая мусіць быць гарачая кабета!.. – прашаптаў ён. – Аж на зуб просіцца…”

Уява пані Вансоўскае гэтак непакоіла і не адпускала яго, што раптам прыйшла яму ідэя наведаць яе яшчэ раз сёння ўвечары.

“Сама ж запрасіла мяне на абеды і вячэры, – думаў ён, адчуваючы, як закіпае кроў. – Прагоніць?.. Навошта тады какетнічала са мною? Тое, што я ёй не агідны, вядома даўно, ну а ў мяне, далібог, жаданне, якое таксама нечага вартае…”

Потым прайшла побач нейкая шатэнка з вачыма, як фіялкі, ды з дзіцячым тварыкам, і Вакульскі са здзіўленнем заўважыў, што і гэта яму падабаецца.

За некалькі крокаў ад свайго дома ён пачуў, як яго клічуць:

– Гэй! Гэй! Стах!

Вакульскі павярнуў галаву і на верандзе цукерні ўбачыў Шумана. Доктар пакінуў няскончаную порцыю марозіва, кінуў на стол срэбраную саракоўку[253] і падбег да яго.

– А я ішоў да цябе, – сказаў Шуман, беручы яго пад руку. – Ведаеш, даўно ўжо не бачыў я гэткае юрлівае міны ў цябе… Гатовы паспрачацца, вернешся ты ў суполку і паразганяеш гэтых пархатых… Што за фізіяномія… Што за позірк… Пазнаю колішняга Стаха!..

Яны мінулі браму, падняліся сходамі і ўвайшлі ў кватэру.

– А я думаў якраз, што пагражае мне нейкая новая хвароба… – сказаў Вакульскі са смехам. – Хочаш цыгару?

– Чаму пагражае?

– Уяві сабе, ужо амаль гадзіну маю ўвагу прыцягваюць кабеты… Я здзіўлены…

Шуман гучна зарагатаў.

– Дзівак!.. Замест таго, каб банкет арганізаваць ад радасці, гэты зноў баіцца… А што ж ты думаў, тады ты быў здаровы, калі вар’яцеў за адною кабетаю? Сёння ты здаровы, калі ўсе яны табе падабаюцца, а галоўнае, каб спадабацца той, якая найбольш табе да густу.

– Уга! А каб была гэта велікасвецкая дама?..

– Тым лепш… тым лепш… Велікасвецкія дамы больш прывабныя за пакаёвак. Жаноцкасць моцна выйграе ад шыку ды інтэлігентнасці, а перадусім ад непрыступнага выгляду. Якія чакаюць цябе ўзвышаныя размовы, якія поўныя годнасці позы… Ах, скажу я табе, гэта ўтрая цікавей…

Па твары Вакульскага прабег цень.

– Ого! – закрычаў Шуман. – Ужо бачу, як вытыркаецца доўгае вуха таго патрона, на якім Хрыстос уязджаў у Ерусалім[254]. Чаго ты касавурышся? Якраз да велікасвецкіх дам і варта заляцацца, бо яны маюць цікаўнасць да паспалітых…

У вітальні празвінеў званок і ўвайшоў Ахоцкі. Ён зірнуў на захопленага, нібы цецярук, сваёй прамоваю доктара і спытаў:

– Я не перашкодзіў панам?

– Не, – адказаў Шуман, – нават дарэчы. Якраз раю Стаху лячыцца новым раманам, але… не ідэальным. Досыць ужо ідэалаў...

– А ведае пан, такую лекцыю і я гатовы паслухаць, – сказаў Ахоцкі, запальваючы прапанаваную цыгару.

– Лухта! – прамармытаў Вакульскі.

– Не лухта, – працягваў Шуман. – Чалавек з тваім капіталам можа быць цалкам шчаслівы, бо для разумнага шчасця трэба: кожны дзень есці розныя стравы, мець чыстую бялізну і кожны квартал змяняць месца жыхарства ды каханак.

– Кабет не хопіць, – заўважыў Ахоцкі.

– Пакінь, пан, гэта кабетам, а яны ўжо самі парупяцца, каб недахопу не было, – іранічна адказаў доктар. – Тая ж самая дыета, прынамсі, стасуецца і да кабет.

– Квартальная дыета?.. – удакладніў Ахоцкі.

– Вядома. Чым яны горшыя за нас?

– А што добрага ў тым дзясятым або дваццатым квартале!

– Забабоны!.. Забабоны… – казаў Шуман. – Пан і не заўважыць, і не здагадаецца, асабліва калі запэўняць, што ты ўсяго толькі другі або чацвёрты і сапраўды каханы, менавіта той, даўно чаканы…

– Ты не быў у Жэцкага? – спытаў Вакульскі ў Шумана.

– Ну, гэтаму ўжо рэцэпт на каханне я не выпішу, – адказаў доктар. – Стары пантофель…

– Сапраўды, ён кепска выглядае, – дадаў Ахоцкі.

Размова перайшла на здароўе Жэцкага, потым на палітыку, нарэшце, Шуман развітаўся.

– Цынік!.. – прамармытаў Ахоцкі.

– Не любіць кабет, – патлумачыў Вакульскі, – а ў дадатак бывае не ў гуморы, дык нясе лухту.

– Часам слушную, – сказаў Ахоцкі. – Але ж як своечасова прагучалі яго высновы… Бо акурат гадзіну таму была ў мяне ўрачыстая размова з цёткаю, якая стараецца ўгаварыць мяне ажаніцца і даводзіць, што нічога гэтак не ўзносіць чалавека, чым каханне высакароднае кабеты…

– Шуман не пану даваў парады, а мне.

– Якраз пра пана я і думаў, пакуль слухаў яго. Уяўляю сабе, якое ўражанне зрабіў бы пан, мяняючы кожны квартал каханак. Каб сталі перад панам усе тыя людзі, што сёння працуюць дзеля павелічэння панскіх даходаў, і спыталі: “Чым аддзячыш нам за нашу працу, нэндзу ды кароткае жыццё, частку якога мы ахвяруем табе?.. Працаю, парадаю, прыкладам?..”

– Якія гэта людзі працуюць сёння дзеля маіх даходаў? – запытаўся Вакульскі. – Я адышоў ад спраў і ўклаў капітал у паперы.

– Калі ў каштоўныя паперы, што выдаюць земскія крэдытныя ўстановы ды іпатэчныя банкі, дык працэнты ад іх плацяць парабкі, а калі ў нейкія акцыі, дык зноў жа, на дывідэнды працуюць чыгунка, цукровыя заводы, ткацкія фабрыкі, нават і не ведаю, хто там яшчэ…

Вакульскі яшчэ больш спахмурнеў.

– Прашу прабачэння, пане, – сказаў ён, – навошта мне думаць пра гэта?.. Тысячы людзей жывуць з працэнтаў і не заклапочаныя падобнымі пытаннямі.

– Анягож, – прамармытаў Ахоцкі. – Іншыя, а не пан. У мяне ўсяго паўтары тысячы рублёў у год, аднак часцяком прыходзіць мне ў галаву, што за гэтыя грошы можа пражыць тры або чатыры чалавекі, што нейкія людцы саступаюць мне месца на свеце або мусяць абмяжоўваць свае і так абмежаваная патрэбы…

Вакульскі прайшоўся па пакоі.

– Калі пан едзе за мяжу? – раптам спытаў ён.

– Гэтага я не ведаю, – змрочна адказаў Ахоцкі. – Мой даўжнік не верне мне грошы раней, чым праз год. Ён аддасць мне толькі з новае пазыкі, а сёння гэта нялёгка.

– Вялікі дае працэнт?

– Сем.

– А пэўны гэты ўклад?

– Першы нумар пасля Крэдытнага Таварыства.

– А каб я даў пану гатоўку і пераняў правы пана, паехаў бы пан за мяжу?

– У той жа момант! – закрычаў Ахоцкі, зрываючыся з месца. – Што я тут выседжу?.. Хіба з гора ажанюся па разліку, а пазней буду рабіць так, як раіў Шуман.

Вакульскі задумаўся.

– Што ж кепскага ў тым, каб ажаніцца? – сказаў ён ціха.

– Не дуры галавы, пане!.. Бедную жонку я не пракармлю, а багатая ўцягнула б мяне ў сібарыцтва, і кожная была б магілаю для маіх планаў. Мне трэба нейкая незвычайная кабета, якая б разам са мною працавала ў лабараторыі. А дзе я такую знайду?..

Ахоцкі, падобна, дарэшты страціў гумор і сабраўся ісці.

– Дык, каханы пане, – сказаў на развітанне Вакульскі, – справу панскага капіталу мы абгаворым. Я гатовы фінансаваць пана.

– Як пан хоча… Я не прашу, але быў бы вельмі ўдзячны.

– Калі пан едзе ў Заславак?

– Заўтра. Якраз заходзіў развітацца.

– Дык справа вырашаная, – скончыў, паціскаючы яму руку, Вакульскі. – У кастрычніку будзе пан мець грошы.

Пасля таго, як Ахоцкі пайшоў, Вакульскі лёг спаць. Меў ён сёння гэтулькі моцных і супярэчлівых уражанняў, што цяжка было іх упарадкаваць. Яму здавалася, што з моманту разрыву з паннай Ізабэлай падымаўся ён на нейкую страшную вышыню над прорваю і толькі сёння дасягнуў вяршыні, нават перайшоў на другі схіл, адкуль праглядаліся яшчэ невыразныя, але зусім новыя далягляды.

Нейкі час аж раілася ў яго перад вачыма ад кабет, між якімі ён раз за разам вылучаў пані Вансоўскую. То зноў бачыў ён грамады парабкаў і работнікаў, якія пыталіся: што ён даў ім узамен за сваё багацце.

Нарэшце ён моцна заснуў.

Прачнуўся а шостай рана, і першым яго ўражаннем было адчуванне свабоды і бадзёрасці.

Праўду кажучы, уставаць яму не хацелася, але ён не адчуваў ніякіх пакутаў і не думаў пра панну Ізабэлу. Дакладней, думаў, але мог і не думаць. Як бы там ні было, успаміны пра яе не выклікалі гэткага, як раней, болю.

Але ўжо сама адсутнасць пакутаў устрывожыла яго.

“Можа, мне гэта здаецца?” – падумаў ён.

Ён прыгадаў учорашні дзень. Памяць і логіка служылі яму.

“Можа, і воля вернецца,” – прашаптаў ён.

Каб спраўдзіць гэта, ён пастанавіў праз пяць хвілін устаць, памыцца, апрануцца і адразу ж пайсці на шпацыр у Лазенкі. Ён назіраў за рухам стрэлак гадзінніка і думаў: “Можа, нават і на гэта я ўжо не здольны?..”

Стрэлка адмерала вызначаныя пяць хвілін, і Вакульскі нетаропка, але без затрымкі, устаў. Сам наліў вады ў ванну, памыўся, выцерся, апрануўся і праз паўгадзіны ўжо ішоў у Лазенкі.

Здзівіла яго, што ўвесь гэты час ён думаў не пра панну Ізабэлу, а пра пані Вансоўскую. Вядома, учора адбылася ў ім нейкая перамена. Можа, пачалі дзейнічаць нейкія спаралізаваныя клеткі мозгу?.. Думкі пра панну Ізабэлу страцілі над ім уладу.

“Што за дзіўная блытаніна? – казаў ён. Тую выпхнула пані Вансоўская, а саму паню Вансоўскую можа замяніць любая іншая кабета. Дык я сапраўды вылечыўся ад вар’яцтва…”

Ён абышоў сажалку і абыякава пазіраў на чаўны і лебедзяў. Потым збочыў у прысады да аранжарэі, у якой яны былі тады разам, і сказаў сабе, што… з’есць сняданак з апетытам. Але калі вяртаўся тою самаю дарогаю, дык апанаваў яго гнеў, і з дзікай радасцю зласлівага дзіцяці ён пачаў заціраць нагою свае ранейшыя сляды.

“Каб мог я ўсё гэтак сцерці… І той камень, і руіны… Усё!”

У гэты момант ён адчуў, як абуджаецца ў ім неадольны інстынкт разбурэння, і ўсвядоміў, што гэта нездаровы сімптом. Тым часам вельмі прыемна было, што ён не толькі можа спакойна думаць пра панну Ізабэлу, але нават ставіцца да яе справядліва.

“Чаго я злаваўся? – казаў ён сам сабе. – Каб не яна, не здабыць бы мне капіталу… Каб не яна са Старскім, не паехаў бы я ўпершыню ў Парыж і не пазнаёміўся б з Гейстам, а пад Скернавіцамі не вылечыўся б ад свае дураты… Яны ж мае дабрадзеі, гэтае панства… Я мусіў бы нават сасватаць гэтую дабраную пару, прынамсі, паспрыяць ім у спатканнях… І падумаць толькі, што на гэткім угнаенні ўзрасце некалі метал Гейста!..”

У Батанічным садзе было ціха і амаль пуста. Вакульскі мінуў студню і павольна пачаў падымацца на цяністы пагорак, дзе год таму размаўляў з Ахоцкім. Яму здавалася, што пагорак з’яўляецца фундаментам доўгае лесвіцы, наверсе якое бачылася яму скульптура таямнічае багіні. Убачыў ён яе і зараз ды з хваляваннем прыкмеціў, як хмары над яе галавою на момант разышліся. Ён угледзеў суровы твар, развеяныя валасы, а пад медным чалом – жывыя ільвіныя вочы, які пазіралі на яго з выразам неадольнае сілы. Ён вытрымаў гэты позірк і раптам адчуў, што расце… расце… што ўжо ўздымаецца галавою над дрэвамі парку і дасягае амаль босых ног багіні.

Тады ён зразумеў, што гэтая чыстая і вечная прыгажосць – гэта слава, і на яе вышынях няма іншае ўцехі, апроч працы ды небяспекі.

Дадому ён вярнуўся сумны, але па-ранейшаму спакойны. Яму здавалася, што гэты шпацыр звязаў вузлом ягоную будучыню і тыя даўнія часы, калі ён быў яшчэ толькі крамнікам і студэнтам ды майстраваў вечны рухавік або балоны, якімі можна кіраваць. А больш за дзесяць апошніх гадоў былі нейкім перапынкам ды стратаю часу.

“Мушу некуды паехаць, – сказаў ён сам сабе, – мушу адпачыць, а потым… пабачым…”

Пасля абеду ён паслаў доўгую дэпешу Сузіну ў Маскву.

На другі дзень а першай, калі Вакульскі снедаў, увайшоў лёкай пані Вансоўскае і паведаміў, што пані чакае ў калясцы.

Ён выбег на вуліцу, пані Вансоўская загадала яму сядаць.

– Забіраю пана з сабою, – сказала яна.

– На абед?

– О не. Толькі ў Лазенкі. Бяспечней мне будзе размаўляць з панам пры сведках і на свежым паветры.

Але Вакульскі быў пахмурны і маўчаў.

У Лазенках яны вылезлі з каляскі, мінулі палац і пачалі шпацыраваць прысадамі, што вялі да амфітэатра.

– Пан мусіць вяртацца да людзей, пане Вакульскі, – пачала пані Вансоўская. – Пан мусіць пазбыцца апатыі, бо іначай не атрымае пан салодкае ўзнагароды…

– О! Ажно так…

– Несумненна. Усе дамы заінтрыгаваныя панскімі пакутамі, і я гатова паспрачацца, не адна пажадала б узяць на сябе ролю суцяшальніцы.

– Або пабавіцца маімі гэтак званымі пакутамі, як кот зраненай мышшу?.. Не, пані, не трэба мне гэткія суцяшальніцы, бо я зусім не пакутую, а ўжо менш за ўсё – па віне дам…

– Вось як! – выгукнула пані Вансоўская. – Нехта падумаў бы, што не зваліў пана ўдар дробнага кулачка…

– І слушна падумаў бы, – адказаў Вакульскі. – Калі і збіваў мяне хто з ног, дык, прынамсі, не чароўны пол, а… Ці я ведаю што?.. Можа, лёс.

– Але, як заўсёды, з дапамогаю кабеты…

– Галоўнае, маёй уласнай наіўнасці. Ужо з дзяцінства шукаў я нечага вялікага і нязнанага, а з-за таго, што на кабет глядзеў толькі праз акуляры паэтаў, якія іх залішне ўсхвалялі, дык я і думаў, што кабета – гэта тое вялікае і нязнанае. Я памыліўся, і ў гэтым сакрэт майго часовага замарачэння, якое, зрэшты, дапамагло мне ўзбагаціцца.

Пані Вансоўская спынілася сярод прысадаў.

– Ну, каб пан ведаў, я ўражаная!.. Нядаўна мы бачыліся, а сёння пан ужо паўстае перада мною зусім іншым чалавекам – падобным да старога дзеда, які ігнаруе кабет…

– Гэта не ігнараванне, гэта вынік назіранняў.

– Якіх менавіта?.. – спытала пані Вансоўская.

– Што ёсць гатунак кабет, якія жывуць на свеце толькі дзеля таго, каб хваляваць мужчын і выклікаць у іх жарсць. Гэткім чынам яны з разумных людзей робяць ідыётаў, з сумленных – подлых, а ёлупаў пакідаюць ёлупамі. Вакол іх рой залётнікаў, і дзякуючы гэтаму яны ўздзейнічаюць на нас, нібы гарэмы – на туркаў. Як бачыць пані, дамам няма чаго спачуваць маім пакутам і няма ў іх права бавіцца мною. Гэта да іх кампетэнцыі не належыць.

– І нават адмаўляешся, пан, ад кахання?.. – іранічна спытала Вансоўская.

Вакульскі закіпеў ад гневу.

– Не, пані, – адказаў ён. – Але я маю прыяцеля песіміста, дзякуючы якому ўсвядоміў, што значна выгодней купляць каханне за чатыры тысячы рублёў у год, а вернасць – за пяць тысяч, чым за тое, што мы называем пачуццямі.

– Добрая вернасць! – прашаптала пані Вансоўская.

– Прынамсі, адразу вядома, чаго яна вартая.

Пані Вансоўская падціснула вусны і пайшла да каляскі.

– Пан мусіў бы пачаць прапаведаваць свае новыя погляды.

– Мне, пані, шкада на гэта часу, бо адны іх ніколі не зразумеюць, а іншыя не павераць, пакуль самі не пераканаюцца.

– Дзякуй пану за лекцыю, – азвалася пані Вансоўская праз хвіліну. – Яна зрабіла на мяне гэткае моцнае ўражанне, што я нават не прашу, каб пан завёз мяне дадому… У пана сёння надзвычай кепскі настрой, мяркую, аднак, што гэта міне… Але… але… Вось ліст, – дадала яна, усоўваючы яму ў руку канверт, – няхай пан яго прачытае. Гэта недалікатна з майго боку, але я ведаю, што пан мяне не выдасць, і пастанавіла канчаткова вырашыць непаразуменне паміж панам і Бэлаю. Калі мой намер удасца, дык няхай пан ліст спаліць, а калі не… няхай пан прывязе яго ў вёску… Adieu!

Яна села ў каляску і пакінула Вакульскага сярод дарогі.

“Да ліха! Няўжо я абразіў яе? – спытаў ён сабе. – А шкада, бо вартая граху!..”

Ён павольна ішоў у бок алеі Уяздоўскае і думаў пра паню Вансоўскую.

“Лухта!.. Я ж не збіраюся прызнавацца, што мяне цягне да яе… А зрэшты, хоць бы і трапіў у добры момант, што я мог бы ёй даць?.. Нават не мог бы сказаць, што кахаю яе”.

Ужо дома Вакульскі разгарнуў ліст панны Ізабэлы.

Варта было зірнуць на дарагі некалі почырк, як бліскавіцаю мільганула крыўда, а пах паперы нагадаў тыя даўнія, вельмі даўнія часы, калі яна яшчэ падахвочвала яго арганізоўваць авацыі Росі.

“Гэта была адна з пацерак таго ружанца, на якім панна Ізабэла адпраўляе набажэнства!..” – падумаў ён з усмешкаю.

Пачаў чытаць.

“Мая дарагая Казя! Мяне ўсё так знудзіла, і гэтак разбягаюцца ў мяне думкі, што толькі сёння наважылася я расказаць табе пра падзеі, якія здарыліся пасля твайго ад’езду.

Я ўжо ведаю, колькі мне адпісала цётка Гартэнзія. Шэсцьдзесят тысяч рублёў. Дык разам маем дзевяноста тысяч, якія пачцівы барон абяцае пакласці пад сем працэнтаў, што дасць каля шасці тысяч гадавых. Нічога не зробіш, трэба навучыцца ашчаднасці.

Не магу апісаць, як мне тужліва, а можа, проста сумна… Але і гэта мінецца. Той малады інжынер ходзіць да нас амаль праз дзень. Спачатку ён забаўляў мяне размовамі пра жалезныя масты, а цяпер апавядае, як быў закаханы ў асобу, што выйшла за іншага, і ў якой быў роспачы, як страціў надзею закахацца другі раз, як чакае выздараўлення ў новым, лепшым каханні. Яшчэ ён прызнаўся мне, што папісвае вершыкі, у якіх, аднак, апявае прыгажосць прыроды… Часам аж плакаць мне хочацца ад нуды, але без кампаніі памерла б, вось і раблю выгляд, што слухаю і часам дазваляю яму пацалаваць мне ручку…”

У Вакульскага жылы набрынялі на лбу… Ён перадыхнуў і чытаў далей:

“Тата вельмі нездаровы. Плача па некалькі разоў на дзень, і варта мне на пяць хвілін застацца з ім сам-насам, як ён пачынае дакараць мяне сама ведаеш за каго!.. Не паверыш, як гэта мяне засмучае.

У заслаўскіх руінах я бываю амаль праз дзень. Нешта мяне туды цягне, не ведаю – прыгожая прырода ці адзінота. Калі мне вельмі горка, пішу розныя рэчы алоўкам на шурпатых сценах і з радасцю думаю: як добра, што першы дождж гэта змые.

Але… але… Я забылася пра галоўнае! Ведаеш, маршалак напісаў бацьку ліст, у якім фармальным чынам просіць маёй рукі. Я ўсю ноч плакала, не таму, што магу стаць маршалковай, але… што гэтак лёгка ўсё можа стацца!..

Пяро выпадае ў мяне з рук. Бывай здаровая і ўспамінай часам сваю няшчасную Бэлу”.

Вакульскі скамечыў ліст.

“Гэтак пагарджаю і… яшчэ кахаю яе!” – прашаптаў ён.

Галава ў яго палала. Ён хадзіў па пакоі з кутка ў куток з заціснутымі кулакамі і ўсміхаўся сваім марам.

Надвячоркам ён атрымаў тэлеграму з Масквы, пасля чаго адразу ж паслаў дэпешу ў Парыж. А ўвесь наступны дзень з ранку да вечара ён праседзеў з адвакатам ды натарыусам.

Кладучыся спаць, ён падумаў:

“Ці не раблю я недарэчнасць?.. Ну, на месцы, прынамсі, будзе ясна… Ніхто не ведае, ці можа існаваць метал, лягчэйшы за паветра, але няма сумневаў, што ў гэтым нешта ёсць… Зрэшты, пошукі філасофскага каменю прывялі да з’яўлення хіміі, дык невядома, што будзе цяпер... Але мне ўсё адно, абы вылезці з гэтага балота…”

На трэці дзень апоўдні прыйшоў адказ з Парыжа. Вакульскі перачытаў яго некалькі разоў. А неўзабаве прынеслі ліст ад пані Вансоўскае. На канверце, на месцы пячаткі, была выява сфінкса.

– Так, – з усмешкаю прамармытаў Вакульскі. – Твар чалавечы, а тулава звера. Наша фантазія дадае нам крылаў.

“Няхай пан зойдзе да мяне на пару хвілін, – пісала пані Вансоўская, – бо я маю да пана пільную справу, а сёння хацела ўжо ехаць.”

“Пабачым, што за пільная справа!” – сказаў сабе ён.

Праз паўгадзіны ён быў у пані Вансоўскае. У вітальні стаялі гатовыя ў дарогу куфры. Пані прыняла яго ў сваім працоўным кабінеце, у якім аніводная дробязь не сведчыла на карысць працы.

– А! Вось які пан ветлівы! – абражаным тонам пачала пані Вансоўская. – Учора я цэлы дзень чакала пана, а пан і не паказаўся…

– Але ж пані забараніла мне прыходзіць, – адказаў здзіўлены Вакульскі.

– Як?.. Хіба я не запрасіла пана ў вёску?.. Але добра, буду лічыць гэта праяваю эксцэнтрычнасці… Дарагі пане, маю вельмі пільную справу. Я збіраюся ненадоўга паехаць за мяжу і хачу параіцца з панам, калі лепш купіць франкі – цяпер ці перад выездам?..

– Калі пані едзе?

– Так… у лістападзе… у снежні… – адказала яна і пачырванела.

– Лепш перад самым ад’ездам.

– Пан так мяркуе?

– Прынамсі, усе так робяць.

– Вось я і не хачу рабіць, як усе! – выгукнула пані Вансоўская.

– Дык няхай пані купіць цяпер.

– А калі да снежня франкі патаннеюць?

– Дык няхай пані да снежня не купляе.

– Ну, пане, – сказала яна, раздзіраючы нейкую паперчыну, – добрыя парады! Чорнае – гэта чорнае, а белае – гэта белае… Які з пана мужчына?! Мужчына ва ўсім мусіць быць рашучы, прынамсі, ведаць, чаго ён хоча. Што ж, прынёс мне пан ліст Бэлы?

Вакульскі моўчкі аддаў ліст.

– Насамрэч? – ажывілася яна. – Дык пан яе не кахае?.. У такім выпадку размова пра яе не павінна быць пану прыкраю. Бо я мушу… або памірыць вас, або… Няхай ужо бедная дзяўчына не пакутуе… Пан быў несправядлівы да яе, пакрыўдзіў яе… Гэта несумленна… чалавек з гонарам не можа збаламуціць некага і кінуць, як звялы букет…

– Несумленна! – паўтарыў Вакульскі. – Няхай пані зробіць ласку сказаць, якой сумленнасці можна чакаць ад чалавека, якога кармілі пакутамі ды прыніжэннем або прыніжэннем ды пакутамі?

– Але, разам з тым, меў пан і іншыя хвіліны.

– О так! Пару спагадлівых позіркаў і некалькі зычлівых слоў, якія маюць цяпер у маіх вачах тую загану, што былі… містыфікацыяй.

– Але яна шкадуе, і каб пан вярнуўся…

– Навошта?

– Па яе сэрца і руку.

– Пакідаючы другую для таемных і яўных каханкаў?.. Не, пані, хопіць ужо з мяне гэтых спаборніцтваў, у якіх біты я панамі Старскімі, Шастальскімі ды ліха яго ведае, кім яшчэ… Я не магу граць ролю еўнуха пры сваім ідэале і ў кожным мужчыне бачыць шчаслівага саперніка ці нязванага кузіна…

– Як гэта нізка! – закрычала пані Вансоўская. – Дык за адну памылку, зрэшты, нявінную, пагарджае пан каханаю кабетаю?..

– Што да лічбы гэтых памылак, я, з дазволу пані, маю ўласнае меркаванне, а што да нявіннасці… Божа міласэрны! У якім жа вартым жалю становішчы я апынуўся, што не ведаю нават, як далёка сягала іх нявіннасць.

– Пан дапускае?.. – сурова спытала яго пані Вансоўская.

– Я ўжо нічога не дапускаю, – холадна адказаў Вакульскі. – Толькі ведаю, што на маіх вачах пад выглядам ні да чаго не абавязваючай добразычлівасці займаліся звычайнымі амурнымі справамі, і гэтага мне досыць. Я разумею жонку, якая ашуквае мужа, бо яна можа спасылацца на путы, накладзеныя на яе замужжам. Але каб кабета вольная ашуквала чужога сабе чалавека… Ха-ха-ха! Гэта ўжо, далібог, спартыўны інтарэс… Яна ж мела права выбраць і Старскага, і ўсіх іх… Але не! Ёй трэба было мець у сваёй свіце яшчэ блазна, які сапраўды яе кахаў, які гатовы быў дзеля яе ўсім ахвяраваць… І дзеля апошняга ўжо зганьбавання чалавечае натуры менавіта з маіх грудзей хацела яна зрабіць шырму сабе разам са сваімі каханкамі… Спадзяюся, пані разумее, як мусілі насміхацца з мяне гэтыя людзі, якім гэтак танна абыходзілася яе прыхільнасць?.. І ці адчувае пані, што за пекла быць гэткім пасмешышчам, як я, і быць гэткім няшчасным? Так добра бачыць сваё падзенне і разумець, якое яно незаслужанае?..

У пані Вансоўскае дрыжалі вусны. Яна з цяжкасцю стрымлівалася ад слёз.

– Можа, усё гэта толькі ўяўленні? – заўважыла яна.

– Ну не, пані… Пакрыўджаная годнасць – гэта не ўяўленне.

– І што далей?..

– Што ж далей? – паўтарыў Вакульскі. – Я спахапіўся, авалодаў сабою, і цяпер задаволены хіба тым, што трыумф маіх сапернікаў у адносінах да мяне, прынамсі, не быў поўны.

– І гэта рашэнне нязменнае?..

– Пані, я разумею кабету, якая аддаецца кахаючы або прадаецца з беднасці, але каб зразумець гэту духоўную прастытуцыю, якою займаюцца без патрэбы, холадна, захоўваючы цнатлівы выгляд, на гэта мне ўжо не стае розуму.

– Дык ёсць рэчы, якіх няможна прабачыць? – спытала яна ціха.

– Хто і каму мусіць прабачыць?.. Пана Старскага, хіба, ніколі гэта не абразіць, ён, можа, нават будзе рэкамендаваць сваіх прыяцеляў. А пра рэшту можна і не дбаць, маючы гэткае шматлікае і дабранае таварыства.

– Яшчэ слоўца, – сказала пані Вансоўская, прыўздымаючыся. – Хацелася б ведаць, якія ў пана намеры…

– Каб жа я сам іх ведаў!..

Яна падала яму руку.

– Развітваюся з панам.

– Зычу пані шчасця.

– О!.. – уздыхнула яна і хутка выйшла ў другі пакой.

“Здаецца мне, – думаў Вакульскі, спускаючыся па лесвіцы, – што за раз зрабіў я дзве справы… Хто ведае, ці не мае рацыі Шуман…”

Ад пані Вансоўскае ён паехаў да Жэцкага. Стары крамнік быў вельмі зблажэлы і ледзь падняўся з фатэля. Вакульскага глыбока ўзрушыў яго выгляд.

– Гневаешся, стары, што гэтак даўно я не быў у цябе? – сказаў ён, паціскаючы яму руку.

Жэцкі смутна паківаў галавою.

– Хіба я не бачу, што з табою робіцца… – адказаў ён. – Бяда… бяда на свеце!.. Усё горш ды горш…

Вакульскі сеў і задумаўся, Жэцкі працягваў:

– Бачыш, Стах, я ўжо мяркую, што час мне ісці да Каца ды маіх аднапалчанаў, бо шчэраць недзе на мяне зубы, што я гэтакі маруда… Я ведаю: што б ты ні вырашыў, усё будзе добра ды разумна, але… можа, больш практычна было б табе ажаніцца са Стаўскаю?.. Яна ж нібы твая ахвяра…

Вакульскі схапіўся за галаву.

– Божа міласэрны! – закрычаў ён. – Калі ж я вызвалюся ад гэтых баб?.. Адна ганарылася, што я стаў яе ахвяраю, другая – сама мая ахвяра, трэцяя жадае стаць маёй ахвяраю ды яшчэ знайшоўся б добры дзясятак, кожная з якіх прыняла б мяне і мой маёнтак у ахвяру… Дзіўны край, дзе бабы граюць першую скрыпку і дзе няма іншых клопатаў, а толькі – шчаслівае або няшчаснае каханне!

– Ну, ну, ну, – спыніў яго Жэцкі, – я ж цябе за карак не цягну!.. Толькі, бачыш, казаў мне Шуман, што табе абавязкова трэба завесці раман…

– І-і-і… не!.. Мне, хутчэй, трэба змяніць клімат, і гэтыя лекі я ўжо сабе выпісаў.

– З’язджаеш?

– Не пазней чым заўтра – у Маскву, а потым… куды Бог дасць…

– Маеш нейкія планы? – таямніча спытаў Жэцкі.

Вакульскі задумаўся.

– Яшчэ нічога не ведаю, вагаюся, нібы сяджу на дзесяціпрацэнтнай гушкалцы. Часам, здаецца мне, што зраблю яшчэ нешта дзеля свету…

– Авой, гэта… гэта…

– Але часам агортвае мяне такая дэпрэсія, што хацеў бы, каб зямля праглынула мяне і ўсё, чаго я датыкаўся…

– Гэта неразумна… неразумна… – заўважыў Жэцкі.

– Я ведаю… Дык я б на тваім месцы не дзівіўся ані таму, што імя маё яшчэ прагучыць, ані таму, што скончыў я ўсе рахункі са светам…

Яны сядзелі разам да позняга вечара.

Праз некалькі дзён разышлася чутка, што Вакульскі некуды раптоўна з’ехаў і, можа, назаўсёды.

Усю яго маёмасць, ад мэблі да каляскі з коньмі, набыў Шлянгбаўм за досыць нізкі кошт.

XXXVII. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

“Ужо некалькі месяцаў ходзіць чутка, што 26 чэрвеня гэтага года загінуў у Афрыцы князь Людвік Напалеон, сын імператара. Да таго ж, загінуў у бітве з дзікім народам, пра якога невядома, ані дзе той жыве, ані як называецца, бо зулусамі, прынамсі, аніводзін народ звацца не можа.

Усе гэтак кажуць. Збіралася нават паехаць туды імператрыца Яўгенія і прывезці прах сына ў Англію. Так гэта ці не, я не ведаю, бо ўжо з ліпеня не чытаю газет, і не хочацца мне размаўляць пра палітыку.

Нічога не вартая гэта палітыка! Даўней не было тэлеграм і перадавых артыкулаў, а свет тым часам рухаўся наперад, і кожны разумны чалавек мог арыентавацца ў палітычнай сітуацыі. А сёння ёсць тэлеграмы, перадавыя артыкулы і апошнія навіны, а якая рацыя? Абы галаву дурыць!

Нават горш, бо мала таго, што галаву дураць, дык яшчэ і сэрца крояць. І каб не Кеніг[255] або пачцівы Суліцкі[256], дык чалавек ушчэнт страціў бы веру ў божую справядлівасць. Гэткія рэчы пішуць сёння ў газетах!..

А што да князя Людвіка Напалеона, дык мог ён загінуць, але мог і схавацца недзе ад агентаў Гамбеты. Я ў чуткі асабліва не веру.

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Клейна па-ранейшаму няма, а Лісецкі перабраўся ў Астрахань на Волзе. Перад ад’ездам сказаў мне, што хутка застануцца тут адны жыды, а рэшта зжыдзее.

Лісецкі, як заўсёды, у кіпні купаны.

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Здароўе маё нікуды не вартае. Стамляюся я гэтак хутка, што ўжо без кійка не выходжу на вуліцу. Увогуле, нічога мне не замінае, толькі часам неяк дзіўна баліць у плячах і няма чым дыхаць. Але гэта пройдзе, а не пройдзе, дык усё адно. Гэтак змяняецца свет у горшы бок, што хутка не будзе з кім і словам перакінуцца, не будзе ў што верыць.

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

У канцы ліпеня Генрык Шлянгбаўм справіў дзень нараджэння ужо як гаспадар крамы і кіраўнік нашае суполкі. Хоць і напалову не было ў яго так, як летась у Стаха, аднак збегліся ўсе прыяцелі і непрыяцелі Вакульскага ды пілі за здароўе Шлянгбаўма. Аж шыбы дрыжалі.

Гэх, людзі, людзі!.. За поўнаю міскаю ды пляшкаю гатовыя ў канаву лезці, а за рублём дык нават не ведаю ўжо куды.

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Авой, авой!.. Паказалі мне сёння “Кур’ерак”, у якім пані баранеса Кшэшоўская названая адной з самых высакародных жанчын, бо дала дзвесце рублёў на нейкі там прытулак. Відавочна, забыліся ўжо на працэс з пані Стаўскаю ды скандалы з кватарантамі.

Няўжо муж гэтак бабу зацугляў?..

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

На жыдоў касавурацца ўсё больш і больш. Дайшло ўжо да чутак, што жыды хапаюць хрысціянскіх дзяцей ды забіваюць іх на мацу.

Калі я чую гэткія гісторыі, далібог, праціраю вочы і пытаю сам у сябе: або я зараз трызню ў гарачцы, або ўся мая маладосць была сном?..

Але найбольш злуе мяне тое, як цешыцца доктар Шуман з гэтага браджэння.

– Так ім і трэба, пархатым!.. – кажа ён. – Няхай учыняць ім авантуру, няхай навучаць іх розуму. Гэта геніяльная раса, але гэткія шэльмы, што без бізуна ды шпораў рады не дасі…

– Доктарку, – адказваю я, бо не магу ўжо трываць, – калі жыды гэткія галганы, як пан кажа, дык ім нават і шпоры не памогуць.

– Можа, і не выправяць, але розуму дададуць ды навучаць мацней трымацца за рукі, – адказаў ён. – А каб жыды былі больш салідарныя!.. Уга!

Дзіўны чалавек гэты доктар. Пачцівы, гэта праўда, а перадусім разумны, але ж яго пачцівасць не ад сэрца. Не ведаю, можа, гэта проста звычка. А розум ён мае такі, што лягчэй яму сто рэчаў абсмяяць ды зглуміць, чым адну стварыць. Калі я з ім гутару, думаецца мне часам што ягоная душа, як крыга лёду, нават і агонь у ёй адбіваецца, але сама яна ніколі не сагрэецца.

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Стах паехаў у Маскву, здаецца, каб разлічыцца з Сузіным. Мае ў яго з паўмільёна рублёў (хто б думаў два гады таму!), але што ён будзе рабіць з гэткаю прорваю грошай, не ўяўляю сабе.

Стах заўсёды быў арыгіналам і рабіў неспадзяванкі. Ці не рыхтуе нам наступную?.. Аж баюся.

А Мрачэўскі тым часам пасватаўся да пані Стаўскае і пасля нядоўгага вагання атрымаў згоду. Каб яны, як праектуе Мрачэўскі, адчынілі краму ў Варшаве, я ўвайшоў бы з імі ў долю ды пасяліўся б пры іх. І Божа мой! Калыхаў бы я дзяцей Мрачэўскага, хоць раней думаў, што падобную службу мог саслужыць толькі дзецям Стаха.

Жыццё невыносна цяжкае…

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Учора даў пяць рублёў, каб памаліліся за князя Людвіка Напалеона. Але толькі за яго, бо, можа, ён і не загінуў, як усе языкамі менцяць… А каб… Я не знаюся на тэалогіі, але лепш паспрыяць яму і на тым свеце на ўсялякі выпадак. Бо няўжо?...

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Мне і праўда нядужыцца, хоць Шуман кажа, што ўсё добра. Забараніў ён мне піва, каву, віно, шпаркую хаду, хваляванне… Разумнік!.. Гэтакі рэцэпт і я здолею выпісаць, а паспрабуй ты яго выканаць…

Ён размаўляе са мною так, нібы мае падазрэнне, што я занепакоены лёсам Стаха. Дзівак чалавек!.. Хіба Стах не паўнагадовы або ці не развітваўся я з ім на сем гадоў? Гады мінулі, Стах вярнуўся і зноў пачаў шукаць прыгодаў.

І цяпер так будзе: як нечакана знік, гэтак нечакана і вернецца.

Але як цяжка жыць на свеце. І часта я думаю: ці сапраўды ёсць план, паводле якога чалавецтва рухаецца да лепшага, або яно проста сунецца туды, куды цягне большая сіла?.. Калі добрыя бяруць верх, тады свет рухаецца да дабра, а калі галганы мацнейшыя, дык усё ідзе да кепскага. А скончаць і злыя, і добрыя жменяю попелу.

Калі так, дык не дзіўлюся я Стаху, які не раз казаў, што хацеў бы як хутчэй сам загінуць і апошні след па сабе знішчыць. Але я прадчуваю, што гэта не так.

Хоць… Ці не меў я прадчування, што князь Людвік Напалеон будзе імператарам французаў?.. Уга! Яшчэ пачакайма, бо мне тая ягоная смерць у бітве з голымі мурынамі неяк у галаве не ўкладаецца…”

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

...?...

Пан Жэцкі сапраўды недамагаў. Паводле ўласнага меркавання, з-за таго, што не было чаго рабіць, а паводле Шумана, з-за хваробы сэрца, якая раптоўна ўзнікла і досыць хутка прагрэсіравала пад уплывам нейкіх трывог.

Заняткаў у яго было няшмат. Раніцаю ён прыходзіў у краму, колішнюю Вакульскага, а цяпер Шлянгбаўма, але бавіўся там, пакуль не было крамнікаў, а галоўнае – пакупнікоў. Бо пакупнікі – невядома чаму – пазіралі на яго, як на нейкае дзіва, а крамнікі, якія ўсе цяпер, за выключэннем пана Зэмбы, былі старазаконныя, не толькі не аказвалі яму шацунку, да якога ён прызвычаіўся, а нават, не зважаючы на заўвагі Шлянгбаўма, былі з ім няветлівыя.

Пры такім стане рэчаў пан Ігнацы ўсё часцей думаў пра Вакульскага. Не таму, што баяўся нейкае бяды, а вось так сабе.

Раніцаю, а шостай, ён думаў: ці ўстае Вакульскі, ці яшчэ ў гэты час спіць, і дзе ён – у Маскве ці, можа, паехаў ужо з Масквы і набліжаецца да Варшавы? Апоўдні ён прыгадваў сабе той час, калі амаль не было дня, каб Стах не абедаў з ім. А ўвечары, асабліва кладучыся ў ложак, казаў сабе: “Пэўна, Стах у Сузіна… Дык час на п’янку!.. А можа, вяртаецца ў Варшаву і ўладкоўваецца ў вагоне спаць…”

А як толькі прыходзіў у краму (рабіў ён гэта па некалькі разоў на дзень, нягледзячы на незычлівасць крамнікаў ды абрыдлівую дагодлівасць Шлянгбаўма), заўсёды думаў, што пры Вакульскім было тут, аднак, іначай.

Палохала яго, але не так, каб моцна, тое, што Вакульскі нічога не паведамляў пра сябе. Але ён лічыў гэта чарговым дзівацтвам і думаў: “Не такі ахвотнік ён быў пісаць і здаровы, а што казаць, калі цяпер ён такі прыгнечаны. Ат, бабы, бабы!..”

У той дзень, калі Шлянгбаўм купляў мэблю і каляску Вакульскага, пан Ігнацы злёг у ложак. Не таму, што было шкада, бо каляска і старая мэбля былі рэчамі абсалютна непатрэбнымі, але таму, што гэтак усё скупляецца толькі тады, калі чалавек ужо памёр.

“Ну а Стах, дзякуй Богу, жывы і здаровы!..” – казаў ён сам сабе.

Аднойчы ўвечары, калі пан Ігнацы сядзеў у шлафроку ды разважаў, як ён арганізуе краму Мрачэўскага на зайздрасць Шлянгбаўму, ён пачуў працяглы званок і гучныя воклічы за дзвярыма.

Слуга, які ўжо клаўся спаць, адчыніў.

– Пан дома? – спытаў голас, знаёмы Жэцкаму.

– Пан хворы.

– Дзе там хворы!.. Хаваецца ад людзей…

– Можа, пане радца, мы дарэмна турбуем… – азваўся іншы голас.

– Дзе там турбуем! Хто не хоча, каб яго турбавалі дома, няхай у шынок ходзіць…

Жэцкі падняўся з фатэля, і ў той жа міг з’явіліся ў дзвярах яго спальні радца Вянгровіч і агент Шпрот… За імі маячыла нейкая кудлатая галава і твар не надта чысты.

– Не хоча ісці гара да Магаметаў, дык Магаметы прыйшлі да гары!.. – загукаў радца. – Пане Жэцкі… пане Ігнацы!.. Што васпан вырабляе?.. З таго ж часу, калі мы апошні раз з панам бачыліся, адкрылі мы новы гатунак піва… Пастаў тут, каханы, і зайдзі заўтра, – дадаў ён, звяртаючыся да мурзатага кудлача.

На гэты заклік кудлаты чалавек у доўгім фартуху паставіў побач з умывальнікам кош даўгаватых бутэлек і тры куфлі. Потым ён знік, нібы істота з туману і паветра, а не цела вагою дзвесце фунтаў.

Пан Ігнацы здзівіўся, убачыўшы даўгаватыя бутэлькі, але ў гэтым здзіўленні не было і ценю прыкрасці.

– На міласць Боскую, што з панам робіцца? – загаварыў зноў радца, раскідваючы рукі, нібы хацеў абняць увесь свет. – Гэтак даўно не быў пан з намі, што Шпрот нават забыўся, як ты выглядаеш, а я падумаў, што набраўся заразы ты ад свайго прыяцеля, ад таго, што мае бзік…

Жэцкі спахмурнеў.

– Дык вось сёння, – правіў радца, – калі ў спрэчцы пра таго прыяцеля пана я выйграў у Дэклеўскага кош піва новае маркі, кажу Шпроту: а ведаеш што, возьмем піва ды пойдзем да старога, можа, хлапчына акрыяе духам… Што ж, нават не запрашаеш нас сесці?..

– Але ж прашу, прашу, – адказаў Жэцкі.

– І столік ёсць… – казаў радца, разглядаючы пакой, – і месца, бачу, зацішнае. Гэ! Мы сюды можам спаўзацца да хворага на адведзіны кожны вечар… Шпрот, дабудзь, сынку, адкаркоўнік ды бярыся за шклатару… Няхай пачцівы гаспадар пазнаёміцца з новай маркай…

– Які ж заклад выйграў пан радца? – спытаў Жэцкі, фізіяномія якога зноў пачала праясняцца.

– Заклад пра Вакульскага. Бачыш, пан, было так. Яшчэ летась у студзені, калі Вакульскі цягаўся па Балгарыі, я сказаў Шпроту, што пан Станіслаў – вар’ят, што ён збанкрутуе і кепска скон+чыць… А сёння, уяві сабе, Дэклеўскі даводзіць, што гэта ён сказаў!.. Вядома, пайшлі мы ў заклад на кош піва, Шпрот вырашыў спрэчку на маю карысць, і вось мы ў цябе…

Падчас гэтага тлумачэння пан Шпрот паставіў на стол тры куфлі і адкаркаваў тры бутэлькі.

– Зірні толькі, пане Ігнацы, – казаў радца, падаючы яму поўны куфель, – колер старога мёду, пена, як смятана, а смак шаснаццацігадовае дзяўчыны. Пакаштуй… Які смак і які прысмак! Каб заплюшчыў вочы, дык прысягнуў бы, што гэта эль… О!.. бачыш?.. Я б сказаў, што перад такім півам варта рот прапаласкаць. Скажы цяпер сам, даводзілася табе піць нешта падобнае?..

Жэцкі выпіў паўкуфля.

– Добрае, – сказаў ён. – Чаму ж, аднак, прыйшло пану радцу ў галаву, што Вакульскі збанкрутаваў?

– Бо ніхто ў горадзе іначай не гаворыць. Бо чалавек грашавіты, з клёпкамі ў галаве, які нікога не прыкончыў, не ўцякае з гораду Бог ведае куды…

– Вакульскі паехаў у Маскву.

– Байкі!.. Гэтак ён вам сказаў, каб сляды замесці. Але сам сябе выкрыў, калі нават грошай выракся…

– Чаго выракся?.. – спытаў ужо разгневаны пан Ігнацы.

– Тых сваіх грошай, якія ў банку, а перадусім у Шлянгбаўма… Гэта ж разам складае больш за дзвесце тысяч рублёў… Хто такую суму пакідае без распараджэння, проста выкідае на сметнік, дык той або вар’ят, або… нарабіў нечага такога, што баіцца платы прычакаць… Ва ўсім горадзе суцэльнае абурэнне супраць гэтага… гэтага… нават імя яго называць не хачу…

– Радца, забываешся!.. – закрычаў Жэцкі.

– Розум траціш, пане Ігнацы, заступаючыся за гэткага чалавека, – закрычаў у адказ радца. – Падумай! Паехаў ён па грошы куды?.. На вайну турэцкую… На вайну турэцкую! Ці разумееш ты значэнне гэтых слоў? Там зарабіў капітал, але якім чынам?.. Якім чынам можна за паўгода зарабіць паўмільёна рублёў?..

– Бо меў у абароце дзесяць мільёнаў рублёў, – адказаў Жэцкі, – дык нават менш зарабіў, чым мог…

– Але чые ж гэта былі мільёны?

– Сузіна… купца… яго прыяцеля…

– Вось!.. Але няважна, хай сабе ў гэтым выпадку не зрабіў ён ніякага паскудства… Што ж, аднак, за справы былі ў яго ў Парыжы, а пазней у Маскве, дзе ён таксама шмат зарабіў?.. А прыгожа было нішчыць краёвую прамысловасць, каб даць васямнаццаць працэнтаў дывідэндаў кучцы арыстакратаў толькі дзеля таго, каб уплішчыцца да іх?.. А прыгожа прадаваць суполку жыдам і, нарэшце, уцякаць, пакідаючы тысячы людзей у галечы або няпэўнасці?.. Робіць гэтак добры абывацель і чалавек пачцівы?.. Ну, пі, пане Ігнацы!.. – закрычаў ён і стукнуў сваім келіхам аб ягоны. – Нашае кавалерскае!.. Пане Шпрот, пакажы, на што здольны… не зняслаўся пры хворым…

– Годзе!.. – азваўся доктар Шуман, які ўжо некалькі хвілін стаяў на парозе, не здымаючы капелюша. – Годзе!.. А што, панове, вы агенты бюро пахавальных паслуг, што гэткім чынам майго пацыента рыхтуеце?.. Казімір! – загукаў ён слугу. – Выкінь гэтыя бутэлькі ў сенцы… А паноў прашу развітацца… Шпіталь, хоць і на адну асобу, гэта не шынок… Гэтак пан выконвае мае парады?.. – звярнуўся ён да Жэцкага. – Пан, маючы парок сэрца, будзе ладзіць мне тут папойкі?.. Можа, яшчэ дзевак сабе паклічаце?.. Дабранач панам… – сказаў ён радцу і Шпроту. – І няма чаго ладзіць мне тут піўнуху, бо я абвінавачу вас у забойстве…

Панове радца Вянгровіч і агент Шпрот выбраліся гэтак хутка, што, каб не густы дым ад іх цыгар, можна было б падумаць, што нікога ў пакоі і не было.

– Адчыні акно! – загадаў слугу доктар. – Авой, авой, – іранічна зірнуў ён на Жэцкага. – Твар у чырвоных плямах, вочы блішчаць, пульс такі, што на вуліцы чуваць…

– Чуў пан, што ён казаў пра Стаха?.. – спытаў Жэцкі.

– Мае рацыю, – адказаў Шуман. – Увесь горад так гаворыць, хоць яны і памыляюцца, называючы Вакульскага банкрутам, бо ён толькі паўдурак таго тыпу, які я назваю польскімі рамантыкамі.

Жэцкі глядзеў на яго амаль спалохана.

– Не глядзі на мяне так, – спакойным голасам працягваў Шуман. – Лепш падумай, ці не маю я рацыі. Гэты чалавек ніколі ў жыцці, бадай, не дзейнічаў свядома… Пакуль быў крамнікам, думаў пра вынаходніцтвы і пра ўніверсітэт. Калі паступіў ва ўніверсітэт, пачаў бавіцца ў палітыку. Пазней, замест таго, каб узбагачацца, стаў вучоным ды вярнуўся сюды голы і босы, і каб не Мінцлёва, памёр бы з голаду… Нарэшце, пачаў рабіць грошы, але не як купец, а як закаханы ў панну, якая за шмат гадоў займела сталую рэпутацыю шалахвосткі. Дык мала таго, ужо маючы ў руках і панну, і маёнтак, кінуў усё, і дзе ён цяпер, чым займаецца?.. Скажы мне, пан, калі ты такі разумны… Паўдурак, скончаны паўдурак! – казаў Шуман, махаючы рукою. – Чыстакроўны польскі рамантык, што вечна шукае нечага па-за рэальнасцю…

– Ці паўторыць гэта доктар у вочы Вакульскаму, калі той вернецца? – спытаў Жэцкі.

– Я сто разоў яму гэта казаў, а калі больш ужо не скажу, дык толькі таму, што ён не вернецца…

– Чаго яму не вярнуцца… – прашаптаў Жэцкі і спалатнеў.

– Не вернецца, бо ці галаву складзе недзе, калі апрытомнее, ці нейкую новую ўтопію сабе знойдзе… Хоць бы вынаходніцтвы таго містычнага Гейста, які мусіць быць патэнтаваным вар’ятам.

– А доктар ніколі не ганяўся за ўтопіямі?

– Так, але я рабіў гэта ачмурэлы, пажыўшы сярод вас. Ачомаўся своечасова, і гэта акалічнасць дазваляе мне дакладна дыягназаваць падобныя хваробы… Ну, здымай, пан, шлафрок. Паглядзім на вынікі вечара, праведзенага ў вясёлым таварыстве…

Ён паслухаў Жэцкага, загадаў яму зараз жа класціся ў ложак, і ніколі больш не ператвараць сваю кватэру ў шынок.

– Пан таксама ўзор рамантыка, адно толькі, што ў пана было менш магчымасцяў рабіць глупствы, – скончыў доктар.

Пасля гэтага ён пайшоў, пакінуўшы Жэцкага ў вельмі панылым настроі.

“Балбатня твая мне больш зашкодзіць, чым тое піва”, – падумаў Жэцкі, а праз хвіліну ціха прамовіў:

– А Стах хоць слоўца мог, аднак, напісаць… Бо ліха яго ведае, што лезе ў галаву…

Прыкуты да ложка пан Ігнацы пякельна нудзіўся.

Дык для забівання часу невядома які ўжо раз перачытваў гісторыю консульства ды імперыі або думаў пра Вакульскага.

Аднак абодва гэтыя заняткі замест таго, каб супакойваць, хвалявалі яго… Гісторыя нагадвала яму цудоўныя дзеі аднаго з найвялікшых трыумфатараў, на дынастыі якога Жэцкі грунтаваў сваю веру ў будучыню свету, і гэта дынастыя ў яго на вачах упала ад дзіды зулуса. А роздумы пра Вакульскага прыводзілі да высновы, што каханы сябра і гэткі незвычайны чалавек сама мала быў на шляху да нейкага маральнага банкруцтва.

– Столькі хацеў зрабіць, столькі мог зрабіць і нічога не зрабіў!.. – паўтараў пан Ігнацы са смуткам у сэрцы. Каб хоць напісаў, дзе ён і якія планы мае… Каб хоць паведаміў, што жывы!..

Бо ўжо нейкі час пераследавалі пана Жэцкага няясныя, але злавесныя прадчуванні. Прыгадваўся яму сон, калі пасля прадстаўлення Росі прымроілася, што Вакульскі скочыў за паннаю Ізабэлаю з вежы ратушы. То зноў успамінаў ён незразумелыя, але нічога добрага не абяцаючыя словы Стаха: “Хацеў бы я згінуць сам і знішчыць усе сляды свайго існавання!..”

Як лёгка падобнае зычэнне можа спраўдзіцца ў чалавека, які кажа толькі тое, што адчувае, і ўмее выконваць тое, што сказаў!..

Штодзённыя адведзіны доктара Шумана зусім не дадавалі аптымізму і аж знудзілі яго нязменным прыпевам: “Сапраўды, трэба быць або суцэльным банкрутам, або вар’ятам, каб пакінуць гэтулькі грошай у Варшаве, не даць ніякага распараджэння наконт іх і нават не паведаміць, дзе ён сам!..”

Жэцкі спрачаўся з ім, але ў душы прызнаваў ягоную рацыю.

Аднойчы доктар прыйшоў да яго ў нязвыклы час – а дзясятай раніцы. Шпурнуў капялюш на стол і гучна абвясціў:

– А што, не меў я рацыі, што гэта паўдурак?!

– Што ж здарылася?.. – спытаў пан Ігнацы, ужо ведаючы, пра каго гаворка.

– Здарылася тое, што ўжо тыдзень як гэты вар’ят паехаў з Масквы і… здагадайся, пан, куды?..

– У Парыж?..

– Дзе там!.. Паехаў у Адэсу, адтуль мае намер кіравацца ў Індыю, з Індыі – у Кітай і Японію, а пазней праз Ціхі акіян – у Амерыку… Я разумею, падарожжа вакол свету, сам бы яму раіў, але каб не напісаць ані слова, пакінуць у Варшаве на волю лёсу людзей зычлівых і дзвесце тысяч рублёў, тут, далібог, трэба мець у моцнай ступені развіты псіхоз…

– Адкуль гэтыя навіны? – спытаў Жэцкі.

– З надзейнае крыніцы. Ад Шлянгбаўма, якому надта важныя планы Вакульскага. Ён жа мусіць напачатку кастрычніка выплаціць яму сто дваццаць тысяч рублёў… Ну а каб каханы Стась у лоб сабе стрэліў ці памёр ад залатое ліхаманкі… Разумее пан?.. Тады маглі б мы або ўвесь капітал загрэбці, або, прынамсі, круціць яго паўгода без працэнтаў… Пан ужо, хіба, добра прыгледзеўся да Шлянгбаўма? Ён жа мяне… мяне хацеў ашукаць!

Доктар бегаў па пакоі і гэтак махаў рукамі, нібы ў яго самога пачынаўся псіхоз. Раптам ён затрымаўся перад панам Ігнацы, зірнуў яму ў вочы і схапіў за руку.

– Што… што… што? Пульс болей за сто?.. Была ў пана сёння гарачка?..

– Яшчэ не.

– Як гэта не?.. Я ж бачу…

– Не варта ўвагі, – адказаў Жэцкі. – А хіба Стах зрабіў бы нешта падобнае?..

– Той наш даўні Стах, нягледзячы на свой рамантызм, хіба, не зрабіў бы, але гэты пан Вакульскі, закаханы ў яснавяльможную панну Ленцкую, здольны на ўсё… Ну і як бачыш, пан, ён і робіць, што можа…

Пасля таго візіту доктара пан Ігнацы сам прызнаў, што яму нядобра.

“Смешна было б, – думаў ён, – якраз цяпер з зямлёю ажаніцца. Уга! Здаралася гэта і з лепшымі за мяне… Напалеон І… Напалеон ІІІ… Малы Люлю… Стах… Ну, што ж Стах?.. Ён зараз у Індыю едзе…”

У задуменні ён устаў з ложка, апрануўся як належыць і пайшоў у краму, чым выклікаў заклапочанасць Шлянгбаўма, які ведаў, што пану Ігнацы забаронена падымацца.

Затое назаўтра было яму горш, дык суткі адляжаў, а потым зноў на пару гадзін прыйшоў у краму.

– Што ён сабе думае? Гэта ж крама, а не трупярня… – сказаў адзін з старазаконных крамнікаў пану Зэмбе, які з уласцівай яму шчырасцю прызнаў досціп дасканалым.

У палове верасня наведаў пана Жэцкага Ахоцкі, які на некалькі дзён прыехаў з Заслаўка.

Калі пан Ігнацы пабачыў яго, дык павесялеў.

– Што ж пана прывяло сюды?.. – выгукнуў ён, абдымаючы любімага ўсімі вынаходніка.

Але Ахоцкі бы пахмурны.

– Нічога іншага, як клопаты! – адказаў ён. – Ці ведае пан, што памёр Ленцкі?..

– Бацька тае… тае?.. – здзівіўся пан Ігнацы.

– Тае… тае!.. І нават ці не з-за яе самое…

– У імя Айца і Сына… – перажагнаўся Жэцкі. – Колькі ж людзей мае намер звесці ў магілу гэтая кабета?.. Бо, наколькі я ведаю, а напэўна і для пана гэта не таямніца, што і Стах трапіў у бяду толькі з-за яе…

Ахоцкі паківаў галавою.

– Можа мне пан расказаць, што сталася з Ленцкім?.. – пацікавіўся пан Ігнацы.

– Гэта не сакрэт, – адказаў Ахоцкі. – Напачатку лета папрасіў рукі панны Ленцкае маршалак…

– Той… той?.. Бацькам маім мог быць, – заўважыў Жэцкі.

– Можа, таму панна і згадзілася, прынамсі, не адмовіла. Дык стары сабраў свае манаткі, што там засталося ў яго пасля дзвюх жонак, і прыехаў у вёску да графіні… да цёткі панны Ізабэлы, у якой яна жыла разам з бацькам…

– Ашалеў.

– Здаралася гэта і з разумнейшымі за яго, – працягваў Ахоцкі. – Тым часам, нягледзячы на тое, што маршалак лічыўся ўжо жаніхом, панна Ізабэла часцяком, а пазней нават і штодня, ездзіла ў таварыстве аднаго інжынера да руін старога замка ў Заслаўлі… Казала, што гэта ратуе яе ад нуды…

– І маршалак нічога?

– Маршалак, вядома, маўчаў, але кабеты пераконвалі панну, што гэтак рабіць нягожа. А ў яе на ўсё адзін адказ: “Маршалак павінен радавацца, што я выйду за яго, а выйду я не дзеля таго, каб адмаўляцца ад таго, што мне падабаецца…”

– І пэўна, маршалак заспеў іх на гарачым у тых руінах? – заўважыў Жэцкі.

– І-і-і… не!.. Ён нават туды не зазіраў. А каб і зазірнуў, дык упэўніўся б, што панна Ізабэла брала з сабою наіўнага інжынерыка толькі дзеля таго, каб у яго прысутнасці сумаваць па Вакульскім…

– Па Ва-куль-скім?..

– Прынамсі, так здагадваліся, – казаў Ахоцкі. – Тады ўжо я сам ёй зрабіў заўвагу, што ў таварыстве аднаго закаханага нягожа сумаваць па іншым. Але яна адказала мне, паводле свайго звычаю: “Няхай радуецца, што я дазваляю яму глядзець на сябе…”

– Асёл гэты інжынер!..

– Не аж такі, бо, нягледзячы на ўсю сваю наіўнасць, ён абдумаўся і адмовіўся раз і назаўсёды ездзіць з паннаю Ізабэлаю смуткаваць у руіны. Адначасова і маршалак, які раўнаваў да інжынера, адмовіўся ад жаніхоўства ды з’ехаў на Літву гэтак дэманстратыўна, што ў панны Ізабэлы ды графіні здарыліся прыпадкі, а пачцівы Ленцкі і хаўкнуць не паспеў – памёр ад апаплексічнага ўдару…

Калі Ахоцкі скончыў апавядаць, ён абхапіў галаву рукамі і зарагатаў.

– Падумаць толькі, – дадаў ён, – што гэткая кабета столькіх людзей з розуму зводзіла…

– Але ж гэта пачвара!.. – выгукнуў Жэцкі.

– Не. Яна нават не дурніца і някепская, па сутнасці, толькі… такая, як тысячы іншых з яе атачэння.

– Тысячы?..

– На жаль!.. – уздыхнуў Ахоцкі. – Уяві сабе, пан, клас людзей забяспечаных або нават багатых, якія добра харчуюцца, але няшмат робяць. Чалавеку трэба нейкім чынам траціць энергію, дык калі ён не працуе, кідаецца ў распусту, прынамсі, займаецца казытаннем нерваў… Але і да распусты, і да казытання нерваў неабходныя кабеты – прыгожыя, элегантныя, дасціпныя і цудоўна выхаваныя, а хутчэй, выдрэсіраваныя якраз дзеля гэтага… Гэта ж іх адзіная кар’ера…

– І панна Ізабэла запісалася ў іх шэрагі?..

– Гэта значыць, яе запісалі… Прыкра мне казаць гэта, але кажу пану, каб ведаў, якая кабета стала на шляху Вакульскага…

Размова перапынілася. Праз нейкі час Ахоцкі ўзнавіў яе пытаннем:

– Калі ён вяртаецца?

– Вакульскі?.. – перапытаў пан Ігнацы. – Ён жа паехаў у Індыю, Кітай, Амерыку…

Ахоцкі ўпаў на крэсла.

– Гэта немагчыма! – выгукнуў ён, але падумаў і дадаў: – Хоць…

– Можа, пану нешта падказвае, што ён туды не паехаў? – спытаў Жэцкі прыцішаным голасам.

– Нічога. Толькі дзівяць мяне ягоныя раптоўная рашэнні… Калі я быў тут апошні раз, ён абяцаў мне дапамагчы ў адной справе… Але…

– І абавязкова дапамог бы той даўні Вакульскі. А гэты новы забыў не толькі пра справы пана… Нават пра ўласныя…

– Што ён з’едзе, можна было здагадацца, але не падабаецца мне гэткая раптоўнасць. Пісаў ён пану?..

– Ані літаркі. І анікому, – адказаў стары крамнік.

Ахоцкі ківаў галавою.

– Мусіла гэтак стацца.

– Чаму гэта мусіла?.. – выбухнуў Жэцкі. – Што ж ён, банкрут ці лайдак?.. Гэтакая крама, суполка! Хіба ж гэта дробязі? А хіба не мог ён ажаніцца з кабетаю прыгожаю, шляхетнаю…

– Знайшлося б шмат гэткіх кабет, – горача падтрымаў яго Ахоцкі. – Усё так, але не для чалавека з яго характарам…

– Як пан гэта разумее? – падахвоціў яго Жэцкі, якому слухаць пра Вакульскага было прыемна, нібы пра каханку. – Як пан гэта разумее?.. Пан быў блізка знаёмы з ім?.. – пытаў ён настойліва, і вочы ягоныя блішчалі.

– Пазнацца з ім лёгка, бо быў гэта чалавек шырокае душы.

– Вось менавіта!.. – азваўся Жэцкі, адбіваючы пальцамі рытм і пазіраючы на Ахоцкага, як на ікону. – Што, аднак, пан разумее пад шырокаю душою? Прыгожа сказана!.. Але растлумач, пан, каб было ясна!..

Ахоцкі ўсміхнуўся.

– Бачыць пан, – сказаў ён, – людзі дробнае душы дбаюць толькі пра ўласныя справы, не сягаюць думкаю па-за дзень сённяшні і баяцца ўсяго нязнанага. Абы наедна ды ўлежна… А гэтакі дзяцюк, як ён, клапоціцца пра жыццё тысяч, глядзіць, бывае, на некалькі гадоў наперад, і кожная рэч невядомая і незразумелая прыцягвае яго неадольным чынам. Гэта нават не з’яўляецца заслугай, а толькі змушанасць. Як жалеза несвядома рухаецца за магнітам або пчала лепіць свае соты, так і гэты гатунак людзей кідаецца на вялікія ідэі і нязвыклую працу…

Жэцкі сціснуў яго за абедзве рукі і дрыжаў ад узрушанасці.

– А Шуман, – сказаў ён, – прамудры доктар Шуман кажа, што Стах вар’ят, польскі рамантык.

– Дурань гэты Шуман са сваім жыдоўскім рэалізмам! – адказаў Ахоцкі. – Ён нават не здагадваецца, што цывілізацыю стварылі не мяшчане, не спекулянты, а якраз такія вар’яты… Каб розум абмяжоўваўся толькі імкненнем да зыску, дык людзі да сённяшняга дня заставаліся б малпамі…

– Святыя словы… Цудоўна сказана!.. – паўтараў крамнік. – Але растлумач, пан, якім чынам чалавек, падобны да Вакульскага, мог… кінуцца ў гэткія вось… авантуры?..

– Але, пане, я дзіўлюся толькі, што гэта так позна здарылася!.. – адказаў Ахоцкі, паціскаючы плячыма. – Мне ж вядома ягонае жыццё, і я знаю, што гэты чалавек задыхаўся тут з дзяцінства. Ён меў навуковыя аспірацыі, але не было магчымасці іх ажыццявіць, меў вялікія грамадскія памкненні, але ўсё, за што браўся, руйнавалася… Нават з-за тае марнае суполкі, якую ён стварыў, займеў на сваю галаву адны прэтэнзіі ды нянавісць…

– Маеш, пан, рацыю!.. Маеш, пан, рацыю!.. – паўтараў Жэцкі. – А яшчэ тая панна Ізабэла…

– Так, яна магла яго супакоіць. Шчасліваму чалавеку лягчэй пагадзіцца з атачэннем, і ён скарыстаў бы сваю энергію там, дзе гэта ў нас магчыма. Але… схібіў з ёю…

– А што далей?..

– Ці ж я ведаю?.. – ціха прамовіў Ахоцкі. – Сёння падобны ён да вывернутага дрэва. Калі знойдзе свой грунт – а ў Еўропе можна яго знайсці – і калі мае яшчэ энергію, дык па вушы ўлезе ў нейкую працу і насамрэч, ці не пачне жыць… А калі ўжо вычарпаў ён запас жыццёвых сіл, што таксама ў яго веку магчыма…

Жэцкі прыклаў палец да вуснаў.

– Ціха… ціха!.. – спыніў ён Ахоцкага. – Стах мае энергію… О, мае!.. Ён яшчэ выплыве… выплы…

Ён адышоў да акна, прыхінуўся галавою да рамы і захліпаў.

– Гэткі я хворы, – казаў ён, – гэткі нямоглы… Бо ў мяне, падобна, парок сэрца… Але гэта мінецца… мінецца… Толькі чаму ён гэтак уцякае… хаваецца… не піша?..

– Ах, як я ўсё гэта разумею, – выгукнуў Ахоцкі, – гэту агіду дарэшты зруйнаванага чалавека да ўсяго, што нагадвае яму мінулае!.. Уяві сабе, пан, калі я здаваў у гімназіі іспыт на атэстат сталасці, дык мусіў за пяць тыдняў прайсці курс лацінскае і грэчаскае мовы ажно за сем класаў, бо не хацелася мне раней гэта вучыць. Ну і неяк выкруціўся на іспыце, але давялося папацець, аж перапрацаваўся.

З тае пары не толькі не магу глядзець на кніжкі лацінскія або грэчаскія, але нават думаць пра іх. А тады не мог нават бачыць школьны будынак, унікаў калегаў, якія працавалі разам са мною, нават мусіў выехаць з таго памяшкання, дзе вучыўся дзень і ноч. Доўжылася гэта некалькі месяцаў, і я не супакоіўся, пакуль… Ведаеш, пан, што я зрабіў? Кінуў у печ усе падручнікі грэчаскія ды лацінскія і спаліў гэту заразу! Курэла з гадзіну, а калі нарэшце я загадаў высыпаць попел на сметнік, паздаравеў! Хоць і цяпер яшчэ калоціцца мне сэрца, як бачу грэчаскія літары або лацінскія выключэнні: panis, piscis, crinis...[257] Ааа… якая брыда…

– Не дзівіся, пан, – скончыў ён, – што Вакульскі ўцякае адсюль аж у Кітай… Няспынныя пакуты могуць давесці чалавека да шаленства… Хаця ж і гэта мінае…

– А сорак шэсць гадоў, пане?.. – спытаў Жэцкі.

– А моцны арганізм?.. А магутны розум?.. Ну, але я загаварыўся… Каб мне пан не хварэў болей…

– Што, можа, пан ад’язджае?..

– Аж у Пецярбург, – адказаў Ахоцкі. – Мушу дапільнаваць тастамент нябожчыцы Заслаўскае, які хоча зняпраўдзіць удзячная радня. Буду там ці не да канца кастрычніка.

– Як толькі я атрымаю вестку ад Стаха, зараз жа пану перакажу. Толькі прышлі мне, пан, адрас.

– І я пану паведамлю, як дапытаюся нечага… Хоць і сумняюся… Да пабачэння!..

– Хуткага вяртання…

Размова з Ахоцкім падбадзёрыла пана Ігнацы. Падобна было, што старому крамніку дадалося сілы пасля гутаркі з чалавекам, які не толькі разумеў каханага Стаха, але і шмат у чым нагадваў яго.

“Ён быў такі самы, – думаў Жэцкі. – Энергічны, бадзёры, апроч таго, поўны ідэальных памкненняў…”

Можна сказаць, з таго дня пачалося выздараўленне пана Ігнацы. Ён пачаў уставаць з ложка, потым шлафрок змяніў на сурдут, завітваў у краму і нават часта выходзіў на вуліцу. Шуман захапляўся эфектыўнасцю свайго лячэння, дзякуючы якому хвароба сэрца затрымалася ў развіцці.

– Што будзе далей, – казаў ён Шлянгбаўму, – невядома. Але факт, што ўжо некалькі дзён старому лепш. Вярнуўся да яго апетыт і сон, а перадусім знікла апатыя. З Вакульскім было гэтаксама.

А насамрэч Жэцкага жывіла надзея, што раней ці пазней атрымае ён ліст ад свайго Стаха.

“Ён, можа, у Індыі ўжо, – думаў ён. – Дык у канцы верасня мушу мець вестку… Ну, спазненне ў такіх выпадках з’ява нярэдкая, але за кастрычнік адказваю галавою…”

Сапраўды, у вызначаны тэрмін прыйшлі весткі пра Вакульскага, але вельмі дзіўныя.

Аднойчы вечарам у канцы верасня наведаў пана Ігнацы Шуман і са смехам сказаў:

– Пабач, пане, як той паўдурак насмяшыў людзей. Арандар з Заслаўка казаў Шлянгбаўму, што фурман нябожчыцы старшынёвай бачыў нядаўна Вакульскага ў заслаўскім лесе. Апісваў нават, як той быў апрануты, на якім кані ехаў…

– Магчыма! – жвава згадзіўся пан Ігнацы.

– Фарс!.. Дзе Крым, а дзе Рым, дзе Індыя, а дзе Заславак? – адказаў доктар. – Пагатоў амаль у гэты ж час іншы жыдок, які гандлюе вугалем, зноў жа, бачыў Вакульскага – у Дамбраве… І нават больш, нібы даведаўся, што Вакульскі купіў у аднаго дарожніка-п’яніцы два дынамітныя набоі… Ну, ужо гэткую лухту пан бараніць не будзе?..

– Але што б гэта магло значыць?..

– Нічога. Відавочна, Шлянгбаўм мусіў абвесціць узнагароду сярод жыдоў, калі даведаецца нехта з іх пра Вакульскага, дык кожны цяпер будзе заўважаць Вакульскага ці не ў мышынай нары… І святы рубель творыць празорцаў!.. – закончыў доктар з іранічнаю ўсмешкаю.

Жэцкі мусіў прызнаць, што чуткі не мелі сэнсу, а тлумачэнне іх Шуманам было цалкам рацыянальнае. Нягледзячы на гэта, ён стаў больш непакоіцца за Вакульскага.

Непакой, аднак, змяніўся сапраўднаю трывогаю, калі яўным стаў факт, які не пакідаў сумневаў. І вось які: у першы дзень кастрычніка адзін з натарыусаў паклікаў да сябе пана Ігнацы і паказаў яму акт, складзены Вакульскім перад ад’ездам у Маскву. Гэта быў фармальны тастамент, у якім Вакульскі распарадзіўся пакінутымі ў Варшаве грашыма, з якіх семдзесят тысяч расейскіх рублёў ляжалі ў банку, а сто дваццаць тысяч расейскіх рублёў – у Шлянгбаўма.

Для людзей чужых гэта распараджэнне было яшчэ адным доказам вар’яцтва Вакульскага. Жэцкаму, аднак, здалося яно вельмі лагічным. Распарадчык запісаў аграмадную суму – сто сорак тысяч расейскіх рублёў – Ахоцкаму, дваццаць пяць тысяч расейскіх рублёў – Жэцкаму, дваццаць тысяч расейскіх рублёў Гэленцы Стаўскай. Апошнія пяць тысяч расейскіх рублёў ён раздзяліў паміж сваімі даўнімі слугамі або ўбогімі знаёмымі. З гэтае сумы атрымалі па пяцьсот рублёў: Венгелек, сталяр з Заслаўля, Высоцкі, фурман з Варшавы, і другі Высоцкі, яго брат, чыгуначнік са Скернавіц.

Вакульскі шчыра прасіў абдараваных, каб тыя прынялі ад яго, як ад памерлага, а натарыуса абавязаў не агалошваць акт да першага кастрычніка.

Сярод людзей, якія ведалі Вакульскага, пачаліся размовы, папаўзлі плёткі, не было недахопу і ў інсінуацыях ды абразах… А Шуман у размове з Жэцкім выказаў гэткую думку:

– Пра распараджэнне наконт пана я даўно ведаў… Ахоцкаму ён даў амаль мільён злотых, бо адкрыў у ім такога самага вар’ята… Ну, і прэзент для дачушкі прыгажуні пані Стаўскае я разумею, – усміхнуўся ён. – Адно мяне інтрыгуе…

– Што ж менавіта? – спытаў Жэцкі, падціскаючы вусны.

– Адкуль сярод абдараваных узяўся гэты чыгуначнік Высоцкі?.. – закончыў Шуман.

Ён занатаваў яго імя і прозвішча ды пайшоў у задуменні.

Вялікі непакой турбаваў Жэцкага, што магло стацца з Вакульскім, чаму ён распарадзіўся спадчынаю, і чаму зрабіў гэта як чалавек, што думае пра блізкую смерць… Але тут здарыліся выпадкі, якія абудзілі ў пана Ігнацы іскру надзеі альбо да пэўнай ступені растлумачылі дзіўныя паводзіны Вакульскага.

Перадусім Ахоцкі, якому паведамілі пра дар, не толькі адразу ж адказаў з Пецярбурга, што прымае яго і ўсю гатоўку хоча мець у пачатку лістапада, але яшчэ забяспечыў сабе ў Шлянгбаўма працэнт за месяц кастрычнік.

Апроч таго, ён напісаў Жэцкаму ліст з пытаннем: ці не даў бы той са свайго капіталу дваццаць адну тысячу рублёў гатоўкаю замест сумы, якая будзе выплачвацца яму на Святога Яна з грошай, што Ахоцкі мае на іпатэцы вясковага маёнтка.

“Вельмі залежыць мне, – закончыў ён свой ліст, – каб усё, што я маю, было ў маіх руках, бо ў лістападзе абавязкова мушу паехаць за мяжу. Растлумачу гэта пану пры асабістай размове…”

“Чаго ён надумаў ехаць за мяжу і чаго забірае ўсе грошы?.. – пытаў сам у сябе Жэцкі. – Чаму, нарэшце, адкладае тлумачэнні да сустрэчы?..”

Вядома, ён згадзіўся на прапанову Ахоцкага. Яму здавалася, што ў гэтым раптоўным ад’ездзе і таямнічасці ёсць нешта аптымістычнае.

“Хто ведае, – думаў ён, – ці паехаў Стах у Індыю са сваёю паловай мільёна?.. Можа, яны з’едуцца з Ахоцкім у Парыжы, у таго дзівака Гейста. Нейкія металы… нейкія балоны… Відавочна, яны хочуць трымаць усё ў сакрэце, прынамсі, да часу…”

Але ўсе яго разлікі сапсаваў Шуман, які пры нейкай нагодзе паведаміў:

– Даведваўся я ў Парыжы пра таго слаўнага Гейста, бо думаў, можа, Вакульскі хоча ў яго атабарыцца. Ну, але Гейст, некалі вельмі здольны хімік, цяпер ужо скончаны вар’ят… Уся акадэмія рагоча з яго ідэяў!..

Кпіны акадэмікаў з Гейста моцна пахіснулі надзеі Жэцкага. Ужо хто-хто, але французская акадэмія здольная была ацаніць вартасць тых металаў ці балонаў… А калі мудрагелі вырашылі, што Гейст вар’ят, дык ужо Вакульскаму, хіба, не было чаго там рабіць.

“Куды ж ён, у такім выпадку, паехаў? – падумаў Жэцкі. – Уга! Вядома, паехаў у падарожжа, бо тут яму было невыносна… Калі Ахоцкі мусіў з’ехаць з кватэры, у якой надакучыла яму толькі грэчаская граматыка, дык Вакульскі тым больш мог з’ехаць з горада, дзе яму гэтак дапякала кабета… І каб толькі яна адна!.. Ці быў на свеце чалавек, якога бэсцілі больш за яго?..

Але чаму ён склаў гэты амаль тастамент ды яшчэ намякаў на сваю смерць?..” – разважаў пан Ігнацы.

Сумневы развеяў візіт Мрачэўскага. Малады чалавек неспадзявана прыехаў у Варшаву і прыйшоў да Жэцкага з заклапочаным выглядам. Гаварыў ён неахвотна, а ў канцы даў зразумець, што пані Стаўская вагаецца: прыняць або не прыняць дар Вакульскага, і яму самому гэты дар здаецца падазроным…

– Што за дзяцінства, мой каханы!.. – абурыўся пан Ігнацы. – Вакульскі запісаў ёй ці Гэльцы дваццаць тысяч рублёў, бо падабалася яму кабета. А падабалася яна, бо ў яе доме знаходзіў ён спакой у самы цяжкі для сябе час… Ты ведаеш, што ён кахаў панну Ізабэлу?..

– Ведаю, – крыху спакойней адказаў Мрачэўскі, – але ведаю і тое, што пані Стаўская мела да Вакульскага слабасць…

– Дык што ж… Сёння для нас усіх Вакульскі амаль памёр, і Бог ведае, ці ўбачым мы яго яшчэ…

Твар Мрачэўскага пасвятлеў.

– Гэта праўда, – сказаў ён. – Гэта праўда!.. Пані Стаўская можа прыняць грошы ад памерлага, а мне няма чаго баяцца ўспамінаў пра яго…

І ён пайшоў вельмі задаволены, што Вакульскі ўжо, магчыма, нежывы.

“Стах меў рацыю, – думаў пан Ігнацы, – калі зрабіў запісы ў гэткай форме. Менш клопатаў абдараваным, а перадусім гэтай пачцівай пані Гэлене…”

У краме Жэцкі бываў не кожны дзень, і адзіным яго заняткам, дарэчы, бясплатным, было выкладанне тавараў у вітрынах, што ён звычайна рабіў уночы з суботы на нядзелю. Стары крамнік вельмі любіў займацца гэтым выкладаннем, а Шлянгбаўм сам прасіў яго ў спадзеве, што пан Ігнацы змесціць у яго свой капітал пад невысокі працэнт.

Але і тых рэдкіх адведзінаў хапала пану Ігнацы, каб упэўніцца, што ў краме адбыліся грунтоўныя змены да горшага. Тавары, хоць і мелі добры выгляд, былі кепскія, праўда, і кошт іх крыху зменшыўся, а крамнікі па-хамску трактавалі пакупнікоў і дазвалялі сабе дробныя злоўжыванні, якія прыкмячаў Жэцкі. Два новыя інкасатары дайшлі, нарэшце, да таго, што скралі сто з нечым рублёў.

Калі пан Ігнацы загаварыў пра гэта са Шлянгбаўмам, дык пачуў у адказ:

– Прашу прабачэння, пане, пакупнікі не ацэняць добрага тавару, ім падавай танны… А што да крадзяжу, дык гэта кругом здараецца. Дзе, зрэшты, узяць іншых людзей?

Хоць Шлянгбаўм і казырыўся, але сам баяўся, а Шуман кпіў з яго неміласэрна.

– Праўда ж, пане Шлянгбаўм, – казаў доктар, – каб у краі засталіся адны жыды, давялося б нам ісці з торбамі! Бо адны б нас стараліся адурыць, а іншыя не паддаваліся на нашы хітрыкі…

Маючы шмат вольнага часу, пан Ігнацы падоўгу разважаў і дзівіўся, што цэлымі днямі шукае цяпер адказы на пытанні, якія даўней нават не прыходзілі яму ў галаву.

“Чаму наша крама заняпала?.. – пытаўся ён у сябе. – Бо гаспадарыць у ёй Шлянгбаўм, а не Вакульскі. А чаму не гаспадарыць Вакульскі?.. Бо, як казаў Ахоцкі, Стах задыхаўся тут з дзяцінства і, нарэшце, мусіў уцячы на вольны прастор…”

І ён прыгадаў найбольш важныя моманты жыцця Вакульскага. Калі той хацеў вучыцца, яшчэ як крамнік Гопфера, яго паднялі на смех. Калі паступіў ва ўніверсітэт, пажадалі ад яго ахвярнасці. Калі вярнуўся ў край, нават працы яму не знайшлося. Калі зарабіў капітал, усе пачалі яго падазраваць, а калі закахаўся, дык кабета, якую ён абагаўляў, здрадзіла яму самым нягодным чынам.

“Трэба прызнаць, – сказаў сабе пан Ігнацы, – што пры такіх умовах ён паступіў найлепшым чынам…”

Але, калі абставіны выпхнулі Вакульскага за мяжу, чаму крама перайшла ў спадчыну Шлянгбаўму, а не хоць бы яму самому, Жэцкаму?..

Бо ў яго, у Жэцкага, ніколі і ў думках не было мець уласную краму. Ён змагаўся за венграў або чакаў, калі Напалеоны перабудуюць свет. І што ж сталася? Свет не палепшаў, Напалеоны пагінулі, а гаспадаром крамы зрабіўся Шлянгбаўм.

“Жах, колькі марнуецца ў нас добрых людзей, – думаў ён. – Кац пульнуў сабе ў лоб, Вакульскі з’ехаў, Клейн – Бог ведае дзе, Лісецкі мусіў вымятацца, бо і яму не было тут месца”.

Падобныя медытацыі выклікалі ў пана Ігнацы згрызоты сумлення, пад уплывам якіх пачаў вымалёўвацца сякі-такі план на будучыню…

“Аб’яднаюся, – казаў ён сабе, з пані Стаўскаю ды Мрачэўскім. Яны маюць дваццаць тысяч рублёў, я – дваццаць пяць тысяч, дык за гэткія грошы можам супольна адчыніць добрую краму, нават пад бокам у Шлянгбаўма…”

Гэты праект захапіў яго так, што ён нават адчуў сябе здаравей. Праўда, усё часцей даваў знаць боль у плячах і даймала задышка, але ён не зважаў на гэта…

“Паеду падлячыцца, нават і за мяжу, – думаў ён, – пазбудуся гэтае паганае задышкі ды вазьмуся за работу… Што ж, толькі Шлянгбаўму багацець тут у нас?..”

Ён ужо нават адчуваў сябе маладым і бадзёрым, хоць Шуман не раіў яму выходзіць на вуліцу ды забараняў хвалявацца.

Сам доктар, аднак, часта забываўся на ўласны рэцэпт.

Раз ён прыйшоў да Жэцкага раніцаю і быў такі ўзрушаны, што нават не заўважыў адсутнасці гальштука на сваёй шыі.

– Ведаеш, пан, – гучна абвясціў ён, – цікавыя рэчы даведаўся я пра Вакульскага!..

Пан Ігнацы паклаў на стол нож і відэлец, бо якраз еў біфштэкс з брусніцамі, і адчуў, як забалела ў плячах.

– Што здарылася? – спытаў ён слабым голасам.

– Стасік проста малайчына!.. – сказаў Шуман. – Знайшоў я таго чыгуначніка Высоцкага ў Скернавіцах, распытаў яго, і ведаеш, пан, што адкрылася?

– Адкуль жа я магу ведаць?.. – спытаў Жэцкі, якому на момант пацямнела ў вачах.

– Уяві сабе, пан, – казаў узбуджаны Шуман, – што… гэтае быдла… гэтая жывёліна… тады ў маі, калі ехаў з Ленцкімі ў Кракаў, кінуўся ў Скернавіцах пад цягнік!.. Высоцкі яго выратаваў…

– Э!.. – прамармытаў Жэцкі.

– Нічога не э! Так і было. Дык я бачу, што каханы Стасічак у дадатак да рамантызму меў яшчэ манію самазабойства… На ўвесь свой маёнтак пайшоў бы ў заклад, што ён ужо нежывы!..

Раптам доктар змоўк, бо заўважыў, як страшна змяніўся твар пана Ігнацы. Ён спалохаўся, амаль на руках занёс таго на ложак і даў сабе слова ніколі больш не кранаць гэтага пытання.

Але лёс распарадзіўся іначай.

У канцы кастрычніка паштальён аддаў Жэцкаму ліст на імя Вакульскага.

Ліст быў з Заслаўля, почырк каравы.

“Няўжо ад Венгелька…” – падумаў пан Ігнацы і адкрыў канверт.

“Вяльможны пане! – пісаў Венгелек. – У першых словах дзякуем вяльможнаму пану за памяць пра нас і за тыя пяцьсот рублёў, якімі нас вяльможны пан зноў абдараваў, і за ўсё дабрадзейства, якое мелі мы з шчодрае рукі пана, дзякуем. Маці мая, жонка мая і я… Па-другое, усе мы трое пытаемся, як жывецца-можацца вяльможнаму пану, і ці пан шчасліва вярнуўся дадому. Пэўна, так і ёсць, бо іначай не паслаў бы нам пан свайго цудоўнага падарунка. Толькі жонка мая вельмі непакоіцца за вяльможнага пана і начамі не спіць, яна хацела нават, каб я сам у Варшаву ехаў. Вядома, кабета.

Бо ў нас, вяльможны пане, у верасні, у той самы дзень, калі вяльможны пан дарогаю да замка спаткаў маю маці на картоплях, здарылася вялікае здарэнне. Толькі маці вярнулася з поля і ставіла вячэру, аж у замку два разы гэтак страшна грымнула, нібы пярун, а ў мястэчку шыбы задрыжалі. У маці гарнушак выпаў з рук, і яна зараз жа да мяне: “Ляці да замка, бо там, можа, бавіцца яшчэ пан Вакульскі. Каб хаця бяды не нарабілася”.

Я і паляцеў зараз жа.

Хрысце Пане! Ледзь я пазнаў гару. З чатырох сцен замка, якія яшчэ моцна трымаліся, засталася толькі адна, а тры разляцеліся на друз. Камень, на якім мы год таму выбілі верш, разбіты не менш, чым на дваццаць кавалкаў, а ў тым месцы, дзе была заваленая студня, утварыўся дол, і друзу насыпалася, нібы ў стадолу. Я думаю, гэтыя муры самі абваліліся ад старасці, але маці кажа, што гэта, можа, каваль нябожчык, той, пра якога я вяльможнаму панству расказваў, гэтакі жарт учыніў.

Нікому не кажучы, што вяльможны пан ішоў тады да замка, цэлы тыдзень пераграбаў я той друз: ці, барані Божа, не здарылася бяды. І толькі калі нічагусенькі там не знайшлося, усцешыўся я так моцна, што на тым месцы стаўлю святы крыж, цалкам дубовы, не фарбаваны, каб была памяць, як вяльможны пан у бяду не трапіў. Але жонка мая, па жаночай звычцы, непакоіцца… Дык таму я пакорна малю вяльможнага пана, каб даў нам знаць пра сябе, што жывы і здаровы…

Ксёндз пробашч гэтакі парадзіў мне выразаць надпіс на крыжы: “Non omnis moriar...”[258]

Каб людзі ведалі, што хоць стары замак – памятка даўніх часоў – і рассыпаўся на кавалкі, але ж ён не загінуў цалкам, і яшчэ нямала засталося, каб пабачылі нават нашы ўнукі…”

– Дык Вакульскі быў у краі!.. – усцешана выгукнуў Жэцкі і паслаў па доктара, запрашаючы прыйсці зараз жа.

Менш як праз чвэрць гадзіны з’явіўся Шуман. Два разы прачытаў ён ліст і са здзіўленнем пазіраў на павесялелы твар пана Ігнацы.

– Што доктар скажа?.. – трыумфальна спытаў Жэцкі.

Шуман здзівіўся яшчэ мацней.

– Што я скажу?.. – паўтарыў ён. – Сталася тое, што я прадказваў Вакульскаму яшчэ перад яго выездам у Балгарыю… Гэта ж ясна, Стах забіўся ў Заслаўлі.

Жэцкі ўсміхнуўся.

– Але ж падумай, пане Ігнацы, – казаў доктар, з цяжкасцю стрымліваючы хваляванне. – Падумай, бачылі яго ў Дамброве, як купляў набоі, потым бачылі яго ў ваколіцах Заслаўка, а потым, нарэшце, у самім Заслаўлі. Думаю, што ў замку нешта адбылося паміж ім і тою… тою грахаводніцаю… Бо ён нават мне раз сказаў, што хацеў бы праваліцца скрозь зямлю. Гэтак глыбока, як студня заслаўская…

– Каб ён хацеў забіцца, мог зрабіць гэта раней… Зрэшты, і пісталета хапіла б, навошта дынаміт, – адказаў Жэцкі.

– Дык і забіваўся ж… Але да апошняе цалі была гэта апантаная бестыя, дык пісталета яму было мала… Яму лакаматыў падавай, каб загінуць… Самазабойцы бываюць пераборлівыя, я ведаю!..

Жэцкі круціў галавою і ўсміхаўся.

– Дык што, да д’ябла, сам пан пра гэта думае?.. – злосна закрычаў Шуман. – Ці маеш іншую нейкую гіпотэзу?..

– Маю. Стаха вярэдзілі ўспаміны пра той замак, дык ён хацеў яго знішчыць, як Ахоцкі знішчыў грэчаскую граматыку, калі перапрацаваўся. Гэта яшчэ і адказ той панне, якая, падобна, штодня ездзіла тужыць да тых камянёў…

– Але ж гэта дзяцінства!.. Саракагадовы чалавек не можа рабіць вучнёўскіх учынкаў…

– Пытанне тэмпераменту, – адказаў Жэцкі спакойна. – Адны адсылаюць назад усе памяткі, а ён сваю высадзіў у паветра… Шкада толькі, не было тае Дульсінеі сярод камянёў.

Доктар задумаўся.

– Апантаная бестыя!.. Але дзе ж ён падзеўся, калі жывы?..

– Якраз цяпер ён вандруе з лёгкім сэрцам. А не піша, бо мы ўжо, відаць, усе яму абрыдлі… – цішэй скончыў пан Ігнацы. – Зрэшты, каб ён там загінуў, застаўся б нейкі след…

– Што ж, не даў бы слова, што пан не мае рацыі, хоць я ў гэта не веру, – прамармытаў Шуман.

Ён сумна пахітаў галавою і працягваў:

– Рамантыкі мусяць вымерці. Як ні круці. Цяперашні свет не для іх… Не засталося ўжо ніякіх таямніц, дык не верым мы ні ў кабет, падобных да анёлаў, ні ў ідэалы. Хто гэтага не разумее, мусіць загінуць або добраахвотна сысці…

– Але які стыльны чалавек!.. – скончыў ён. – Памёр, прывалены рэшткамі феадалізму… Загінуў, аж зямля здрыганулася… Цікавы тып, цікавы…

Раптам ён схапіў капялюш і выбег з пакоя з мармытаннем:

– Вар’яты!.. Вар’яты!.. Увесь свет заразілі б сваёй апантанасцю…

Жэцкі па-ранейшаму ўсміхаўся.

“Хай мяне д’яблы забяруць, – казаў ён сам сабе, – калі я не маю рацыі адносна да Стаха!.. Сказаў панне adieu! і паехаў… Вось і ўвесь сакрэт. Як вернецца Ахоцкі, даведаемся праўду…”

Ён быў у гэткім добрым гуморы, што выцягнуў з-пад ложка гітару, настроіў струны і пад акампанемент зацягнуў:

Вясна абуджаецца ў нашым краі,

Салоўкі ёй песнямі служаць;

У гаі зялёным, каля ручаю

Квітнеюць дзве пекныя ружы.

Востры боль у грудзях нагадаў, што яму нельга стамляцца.

Але ён адчуваў прыліў энергіі.

“Стах, – думаў ён, – узяўся за нейкую важную працу, Ахоцкі едзе да яго, дык і я мушу паказаць, на што здольны… Прэч мары!..

Напалеоны ўжо свет не палепшаць, і ніхто яго не палепшыць, калі і далей мы будзем паводзіць сябе, як лунацікі… Аб’яднаюся з Мрачэўскімі, выклічу Лісецкага, знайду Клейна і яшчэ пабачым, пане Шлянгбаўм, ці адзін ты разумны… Да ліха, што тут цяжкага – зарабіць грошай, калі раптам заманецца?

Ды з такім капіталам, ды з такімі людзьмі!..”

У суботу ўвечары, пасля таго, як разышліся экспэдэнты, пан Ігнацы ўзяў у Шлянгбаўма ключ ад тыльных дзвярэй крамы, каб аформіць вітрыну на наступны тыдзень.

Ён запаліў лямпу, з дапамогаю Казіміра дастаў з аднае вітрыны жардзінерку і дзве саксонскія вазы, а на іх месца паставіў японскія вазы і старарымскі столік. Потым адправіў слугу ісці спаць, бо любіў у самотнасці раскладаць дробныя рэчы, асабліва механічныя цацкі. Ён не хацеў, каб чалавек ведаў, што сам ён ахвочы пабавіцца крамнымі цацкамі.

Як звычайна, гэтак і цяпер, ён дастаў іх, расставіў на прылаўку і завёў усе разам. Тысячны раз у жыцці слухаў ён мелодыі музычных табакерак і глядзеў, як мядзведзь караскаецца на слуп, як шкляная вада круціць кола млыну, як кот гоніцца за мышшу, як танцуюць кракавяк, а жакей галопам скача на кані.

І, гледзячы на рухі мёртвых фігур, тысячны раз у жыцці паўтараў:

– Марыянеткі!.. Усе марыянеткі!.. Здаецца ім, нібы робяць, што хочуць, а робяць толькі тое, што загадае спружына, гэткая ж сляпая, як і яны самі…

Калі крыва пушчаны жакей паваліўся на танцораў, пан Ігнацы пасмутнеў.

“Даць шчасця адзін аднаму яны няздольныя, а зруйнаваць чужое жыццё ўмеюць гэтак жа добра, як людзі…”

Раптам ён пачуў шоргат. Зірнуў у глыбіню крамы і ўгледзеў там чалавечую фігуру, што вылазіла з-пад прылаўка.

“Злодзей?” – мільганула яму ў галаве.

– Вельмі перапрашаю, пане Жэцкі, але… я зараз вярнуся… – азвалася цемнатварая фігура з чорнымі валасамі, потым кінулася да дзвярэй, адчыніла іх і знікла.

Пан Ігнацы прыкіпеў да фатэля, рукі сталі цяжкія, ногі адняліся. Толькі сэрца калацілася, як трэснуты звон, а ў вачах сцямнела.

“Якога д’ябла мне палохацца? – прашаптаў ён. – Гэта ж той… той Ісідор Гутморген… тутэйшы крамнік… Вядома, нешта якраў і ўцёк… Але чаго я спалохаўся?...”

Тым часам Ісідор Гутморген пасля працяглае адсутнасці вярнуўся ў краму, што яшчэ больш здзівіла Жэцкага.

– Адкуль тут пан узяўся?.. Што пану трэба?.. – спытаў яго пан Ігнацы.

Пан Гутморген меў вельмі збянтэжаны выгляд. Ён, як вінаваты, звесіў галаву і, перабіраючы пальцамі па прылаўку, сказаў:

– Перапрашаю, пане Жэцкі, але пан, можа, думае, што я нешта скраў?.. Няхай пан мяне абшукае…

– Але што тут пан робіць? – спытаў Жэцкі.

Ён хацеў падняцца з фатэля і не мог.

– Мне пан Шлянгбаўм загадаў застацца сёння на ноч…

– Навошта?

– Бо, пане Жэцкі… з панам прыходзіць сюды той Казімір… дапамагаць… Дык пан Шлянгбаўм загадаў мне пільнаваць, каб той чаго не вынес… Але мне блага нешта зрабілася, дык… Я пана вельмі перапрашаю…

Жэцкі ўжо падняўся.

– Ах вы шчанюкі!.. – закрычаў ён раз’юшана. – Гэта мяне вы лічыце злодзеем?.. За тое, што я ў вас задарма працую?..

– Перапрашаю, пане Жэцкі, – пакорліва казаў Гутморген, – але… навошта пан задарам працуе?..

– Няхай вас мільён д’яблаў раздзярэ!.. – крыкнуў пан Ігнацы.

Ён выбег з крамы і старанна замкнуў дзверы на ключ.

“Пасядзі ж там да раніцы, калі табе блага!.. Ды яшчэ памятку пакінь свайму гаспадару,” – прамармытаў ён.

Пан Ігнацы не мог заснуць усю ноч. А як яго кватэра была праз сенцы ад крамы, дык а другой гадзіне ён пачуў нясмелы стук з крамы і прыглушаны голас Гутморгена, які прасіўся:

– Пане Жэцкі, няхай пан адчыніць… Я зараз жа вярнуся…

Хутка, аднак, усё сціхла.

“О, галганы! – думаў Жэцкі і круціўся на ложку. – Гэта вы на мяне глядзіце, як на злодзея… Ну пачакайце ж!..”

А дзявятай раніцы ён пачуў, як Шлянгбаўм вызваліў Гутморгена, а потым загрукаў яму ў дзверы. Аднак не азваўся, а калі прыйшоў Казімір, загадаў, каб той ніколі не пускаў Шлянгбаўма.

“Перабяруся адсюль, – казаў ён сабе, – бадай, пасля Новага года… Нават каб давялося жыць на паддашку або ў гатэльным нумары… Мяне зрабілі злодзеем!.. Стах давяраў мне тысячы, а гэтая пачвара трасецца над сваім тандэтным таварам…”

Апоўдні ён напісаў два доўгія лісты: адзін да пані Стаўскае, з прапановаю вярнуцца ў Варшаву і супольна з ім адчыніць краму, другі – да Лісецкага, пытаючыся, ці не захацеў бы той заняць у іх пасаду…

Пакуль ён пісаў ды перачытваў лісты, зласлівая ўсмешка не сыходзіла ў яго з твару.

“Уяўляю сабе міну Шлянгбаўма, – думаў ён, – калі ў яго пад носам з’явяцца канкурэнты. Хе-хе-хе!.. Мяне загадаў пільнаваць… Дажыўся! Распанеў блазан… Хе-хе-хе!..”

У гэты момант ён зачапіў рукавом пяро, якое ўпала са стала на падлогу. Жэцкі нахіліўся, каб падняць яго, і раптам адчуў нечаканы боль у грудзях, нібы хто прабіў лёгкія вострым ножыкам. На момант сцямнела ў вачах, і ён адчуў млоснасць, дык, не падымаючы пяра, ён з фатэля перайшоў на шэзлонг і прылёг.

“Буду апошнім ёлупам, – думаў ён, – калі праз пару гадоў Шлянгбаўм не выберацца назад на свае Налеўкі… Дурань стары з мяне!.. Турбаваўся пра Банапарта, пра ўсю Еўропу, а тым часам пад бокам дробны спекулянт гэтак увабраўся ў сілу, што загадвае пільнаваць мяне, як злодзея… Ну, але будзе навука на ўсё жыццё… Перастанеце ўжо называць мяне рамантыкам ды фантазёрам…”

Нешта нібы захрасла ў яго левым лёгкім.

“Астма?.. – прамармытаў ён. – Мушу сур’ёзна лячыцца. Іначай праз пяць-шэсць гадоў стану калекам… Ах, каб паклапаціўся я пра гэта гадоў дзесяць таму!..”

Ён прыкрыў вочы, і здавалася яму, што ўсё яго жыццё, ад хвіліны цяперашняе ажно да дзяцінства, разгорнутае перад ім у выглядзе панарамы, уздоўж якое ён плыве ў надзіва спакойным руху… Нязвыкла было толькі, што кожная карціна, якую ён мінаў, сціралася з памяці назаўсёды, і ўжо ніяк не мог ён прыгадаць таго, на што глядзеў хвіліну раней. Вось абед у гатэлі Еўрапейскім з нагоды адкрыцця новае крамы… Вось старая крама, а ў ёй панна Ленцкая размаўляе з Мрачэўскім… Вось ягоны пакой з закратаваным акном, куды толькі што ўвайшоў Вакульскі, які вярнуўся з Балгарыі…

“Хвілінку… а што я бачыў перад гэтым…” – думаў ён.

Вось сутарэнне Гопфера, дзе ён пазнаёміўся з Вакульскім… А вось поле бою, дзе блакітны дым падымаецца над лініямі сініх ды белых мундзіраў… А вось стары Мінцаль сядзіць у фатэлі і торгае за шнурок казака, што вісіць у акне…

“Ці я сапраўды гэта бачыў, ці ўсё гэта толькі сніў?.. Божа міласэрны…” – прашаптаў ён.

Цяпер здавалася яму, нібы ён малы хлопец і ў той час, калі бацька гутарыць з панам Рачкам пра імператара Напалеона, ён уцёк на паддашак і праз круглае акенца глядзіць на Віслу ў бок Прагі… Паступова, аднак, вобраз прадмесця затуманіўся ў яго перад вачыма і засталося толькі акенца. Спачатку было яно вялікае, як міса, а потым зменшылася да памераў срэбранае манеты…

З усіх бакоў адначасова ахоплівала яго забыццё і цемра, а хутчэй, непраглядная чарната, сярод якое толькі гэта акенца свяціла, нібы зорка з няспынна гаснучым бляскам.

Нарэшце, і гэта апошняя зорка згасла…

Можа, ён убачыў яе зноў, але ўжо не над зямным гарызонтам.

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

А другой гадзіне прыйшоў слуга пана Ігнацы Казімер. Ён прынёс кош талерак і пачаў з грукатам расстаўляць іх на стале, а калі пабачыў, што пан не абуджаецца, загукаў:

– Калі ласка, пане, абед астыне…

А як пан Ігнацы і тады не паварушыўся, Казімер падышоў да шэзлонга ды паклікаў:

– Калі ласка, пане…

Раптам ён адступіў, выбег у сенцы і загрукаў у тыльныя дзверы крамы, дзе быў яшчэ Шлянгбаўм ды адзін з крамнікаў.

Шлянгбаўм адчыніў дзверы.

– Чаго ты хочаш? – злосна спытаў ён слугу.

– Калі ласка, пане… З нашым панам нешта здарылася…

Шлянгбаўм асцярожна ўвайшоў у пакой, зірнуў на шэзлонг і таксама адступіў…

– Бяжы па доктара Шумана!.. – загадаў ён. – Я не хачу сюды заходзіць…

У гэты час у доктара быў Ахоцкі і расказваў таму, што ўчора раніцаю вярнуўся з Пецярбурга, а апоўдні правёў на венскі цягнік сваю кузіну, панну Ізабэлу Ленцкую, якая паехала за мяжу.

– Уяві сабе, пане, – скончыў ён, – яна ідзе ў кляштар!..

– Панна Ізабэла?.. – не даў веры Шуман. – Што ж гэта, яна мае намер нават Пана Бога спакушаць, ці толькі шукае адпачынку пасля турботаў, каб больш пэўным крокам пайсці замуж?

– Не чапай ты яе… Незвычайная яна кабета… – ціха сказаў Ахоцкі.

– Усе яны здаюцца нам незвычайнымі, – незадаволена адказаў доктар, – пакуль мы не ўпэўнімся, якія яны дурніцы пустагаловыя… Можа, пра Вакульскага пан нешта чуў?..

– А! Менавіта… – адказаў Ахоцкі, але раптам стрымаўся і змоўк.

У гэты момант з’явіўся Казімір з крыкам:

– Пане доктар, нешта сталася з нашым панам. Хутчэй, пане!

Шуман сарваўся з месца, а разам з ім і Ахоцкі. Яны селі ў брычку і паімчалі да дома, дзе жыў Жэцкі.

У браме заступіў ім дарогу Марушэвіч з моцна заклапочаным выразам на твары.

– Ну, уяві сабе, пан, – звярнуўся ён да доктара, – я гэткую важную меў да яго справу… Гаворка пра мой гонар… А ён узяў ды памёр!

Доктар і Ахоцкі разам з Марушэвічам увайшлі ў кватэру Жэцкага. У першым пакоі быў ужо Шлянгбаўм, радца Вянгровіч і агент Шпрот.

– Каб піў брагу, – казаў Вянгровіч, – да ста гадоў бы дажыў. А так…

Шлянгбаўм заўважыў Ахоцкага і схапіў яго за руку:

– Пан дакладна хоча забраць грошы на гэтым тыдні?

– Так.

– Чаму ж гэтак спешна?..

– Бо я з’язджаю.

– Надоўга?

– Можа, назаўсёды, – рэзка адказаў той і пайшоў за доктарам у пакой, дзе ляжаў нябожчык.

За імі на дыбачках увайшлі астатнія.

– Што робіцца! – азваўся доктар. – Гэтыя гінуць, вы з’язджаеце… Хто ж тут урэшце застанецца?..

– Мы!.. – адначасова адказалі Марушэвіч са Шлянгбаўмам.

– У людзях недахопу не будзе… – дадаў радца Вянгровіч.

– Недахопу не будзе… але пакуль ідзіце адсюль, панове! – крыкнуў доктар.

Уся кампанія з абурэннем выйшла ў вітальню. Засталіся толькі Шуман з Ахоцкім.

– Зірні на яго, пан… – сказаў доктар, паказваючы на нябожчыка. – Гэта апошні рамантык!.. Як яны сыходзяць… як яны сыходзяць…

Ён патузаў сябе за вус і адвярнуўся да вакна.

Ахоцкі ўзяў халодную руку Жэцкага і нахіліўся, нібы хацеў нешта шапнуць таму на вуха. Раптам у бакавой кішэні памерлага ён заўважыў беражок ліста Венгелька і машынальна прачытаў накрэсленыя вялікімі літарамі словы:

“NON OMNIS MORIAR…”

– Маеш рацыю… – сказаў ён нібы сам сабе.

– Я маю рацыю?.. – спытаў доктар. – Даўно ведаю.

Ахоцкі маўчаў.