Прынц i жабрак

fb2

Я вылажу вам у сваёй кнізе повесьць у гэткім выглядзе, у якім яна расказана была мне чалавекам, чуўшым яе ад свайго бацькі, які, ізноў-жа ў сваю чаргу, чуў яе ад свайго бацькі, і гэтак далей. Больш як трыста гадоў расказ пераходзіў ад бацькоў да сыноў, з пакаленьня ў пакаленьне, і гэткім спосабам захаваўся да нашых дзён. Зьмест яго, быць можа, й гістарычны факт, а мо' — толькі легэнда, паданьне. Ці сапраўды здарылася тое, што апісана, ці не — цяжка сказаць; але яно магло здарыцца. Вельмі магчыма, што навет мудрацы й кніжнікі даўней верылі ў гэту гісторыю, а можа толькі цёмны, просты народ любіў яе і даваў ёй веру.

Ад аўтора

Я вылажу вам у сваёй кнізе повесьць у гэткім выглядзе, у якім яна расказана была мне чалавекам, чуўшым яе ад свайго бацькі, які, ізноў-жа ў сваю чаргу, чуў яе ад свайго бацькі, і гэтак далей. Больш як трыста гадоў расказ пераходзіў ад бацькоў да сыноў, з пакаленьня ў пакаленьне, і гэткім спосабам захаваўся да нашых дзён. Зьмест яго, быць можа, й гістарычны факт, а мо' — толькі легэнда, паданьне. Ці сапраўды здарылася тое, што апісана, ці не — цяжка сказаць; але яно магло здарыцца. Вельмі магчыма, што навет мудрацы й кніжнікі даўней верылі ў гэту гісторыю, а можа толькі цёмны, просты народ любіў яе і даваў ёй веру.

У ласцы ёсьць багаслаўленьне

Падвойнае: яна багаслаўляе

Тых, што даюць і што бяруць яе.

Дужэй за ўсё яна ў руках у дужых;

Яна — царом прыстойней за карону.

Шэксьпір. «Вэнэцыянскі купец»

Разьдзел I. Нараджэньне прынца й нараджэньне жабрака.

У другой чэцьверці шаснаццатага сталецьця, ў васеньні дзень, у старой часьці Лёндану, нарадзіўся хлопчык у беднай дружыне Канці, — і быў ён для яе далёка не пажаданым гасьцём. У той-жа самы дзень другі хлопчык нарадзіўся ў багатай ангельскай дружыне Цюдораў, для якое ён зьяўляўся даўно жаданым. Уся Англія чакала яго зьяўленьня на сьвет Божы, ўсе надзеі й жаданьні народу спачывалі на ім, усе малілі Бога аб дараваньні яго, так што цяпер, калі ён радзіўся, народ не памятаў сябе з радасьці. Простыя знаёмыя, пры спатканьні, са сьлязьмі абнімаліся й цалаваліся. Усіх ахапіў урачысты настрой; знатныя й простыя, багатыя й бедныя сьвяткавалі здарэньне з пяяньнем і скокамі і былі падвесяліўшыся, — і цягнулася гэта некалькі дзён і ночаў. Удзень Лёндан выяўляў цікавы абраз — з бальконаў і стрэхаў весела павявалі сьцягі, па вуліцах ішлі цэрэмоніяльныя працэсіі. Уночы абраз быў таксама ня меней цікавым, пры сьвятле вялікіх агнёў, каля якіх зьбіраліся падгуляўшыя натаўпы народу. Толькі й гутарка была ўва ўсёй Англіі аб высоканароджаным, Адвардзе Цюдоры, прынцу Уэльскім, які адпачываў, далікатненька спавіты ў шоўк і машаст, у шчасьлівым няведаньні ўсяго гармідару й таго, што знатныя вяльможы дбалі аб ім. Але ніхто не сказаў а ні слова пра іншага хлопчыка, пра завінутага ў рызьзё Тома Канці, апрача хіба яго бацькоў, якія вельмі сумавалі, што ён нарадзіўся.

Разьдзел II. Дзіцячыя гады Тома.

Прайшло некалькі гадоў. Лёндан налічваў з лішкаю пятнаццаць сталецьцяў істнаваньня і быў вядомы паводлуг таго часу, як вялікае места; насяленьне яго даходзіла да сту тысячаў чалавек, — а шмат хто прыпушчае, што было ў два разы большым. Вуліцы былі надта-ж вузкія, крывыя і гразкія, асабліва ў той часьці, дзе жыў Том Канці, недалёка ад Лёнданскага мосту. Хаты будаваліся дзеравяныя, другі паверх шырока выперачаўся над першым, а трэці гэтак сама абвісаў над другім, — адным словам, плошча вышэйшых паверхаў усё шырэла. Зрубы з моцных, накрыж зложаных, бярвеньняў выкладваліся моцным матар'ялам, які абтынкоўваўся. Бэлькі фарбаваліся ў чырвоны, сіні, або чорны колер, гледзячы па смаку домаўласьніка, што прыдавала будынкам маляўнічы выгляд. Вокны былі невялікія з масаю шыбак, з рамамі на петлях, і адчыняліся надвор, як і дзьверы.

Дом, у якім жыў Томаў бацька, знаходзіўся ў гразным квартале, насіўшым назоў — Офаль-Корт, за Пудынг-Лэнам. Дом гэты быў невялікі, поўразвалены й расхістаны, поўна набічкованы няшчаснымі галадранцамі. Сям'я Канці займала пакой на трэцім паверсе. У куце стаяла нешта накшталт ложка для бацькі й маці; а Том, бабка й яго дзьве сястры, Бэт і Нан, ня мелі азначанага кута — ў іхнім распараджэньні была ўся падлога, і кожны з іх мог легчы спаць, дзе сабе хацеў. У іх, праўда, была рэшта аднае ці дзьвюх коўдраў ды некалькі бярэмяў старое і гразнае саломы, але-ж нельга было назваць гэтага пасьцельлю, — пасьля раніцаў уся гэтая трасянка зграбалася ў адну гурбу, а ўвечары йзноў разьбіралася, дзеля таго, каб зрабіць ложка.

Бэт і Нан, блізьняткам, ішоў шаснаццаты год. Гэта былі дабрадушныя дзеўчынкі, хоць і вельмі цёмныя, неахайныя, апраненыя ў рызьзё. Маці падобна была да іх. А бацька з бабкаю былі сапраўднымі дзяцьмі пекла. Яны напіваліся п'янымі пры першай магчымасьці, і тады пачыналі біцца паміж сабою, альбо з першым спатканым; п'яныя ці цьвярозыя, яны вечна лаяліся. Джон Канці займаўся зладзействам, а жонка яго жабрацтвам. Дзяцей яны пасьпелі зрабіць жабракамі, але не зладзеямі. Рэч у тым, што сярод жахоўнага насяленьня кварталу жыў добры стары сьвяшчэньнік, звольнены каралём, з пэнсіяю ў некалькі фарсінгаў; ён вось, у баку й тоячыся, настаўляў дзяцей на шлях праўды. Айцец Андр'ю вучыў Тома чытаць і пісаць, а таксама крыху й лаціны, дый дзяўчатак хацеў быў навучыць, але яны пабаяліся насьмяханьняў з боку прыяцеляк, якім не па сэрцы прыйшлася-б гэткая вучонасьць.

Увесь Офаль-Корт быў падобны да дому Канці. П'янства, разгул, шум і гоман былі там у парадку рэчаў кожны дзень і цягнуліся блізу ўсю ноч. Разьбітая галава складала гэткае самае заўсёднае зьявішча, як і галодны жывот. Усё-ж такі маленькі Том ня быў нешчасьлівым. Цяжкі для яго быў часок, але не разумеў ён гэтага. Усім дзецям Офаль-Корту выпадала тая самая доля і дзеля гэтага ён думаў, што так і павінна быць. Калі яму прыходзілася ўвечары вяртацца дамоў з пустымі рукамі, ён наперад ведаў, што бацька злае яго і наб'е, што затым бязьлітасная бабка накладзе яму ў дадатак і што ўночы маці ціхенька падойдзе да яго са скарынкай хлеба, якую ёй, галоднай, удалося схаваць пад страхам быці злоўленаю мужам пры гэтым, у сваім родзе здрадніцкім, паступку і жорстка зьбітаю.

Урэшце, Тому жылося няблага, асабліва ўлетку. Жабруючы ён бывала прасіў усяго гэтулькі, колькі трэ' было дзеля падтрыманьня жыцьця, — баючыся прасьледаваньня з боку паліцыі, таму што законы таго часу проці жабрацтва былі строгія, а кары цяжкія. У яго, гэткім чынам, заставаўся час пабываць у айца Андр'ю ды паслухаць яго дзіўныя казкі аб волатах і фэях, аб карліках і духах, аб зачарованых замках ды аб вялічавых каралёх і прынцах. Галава яго заўсёды была поўна гэтых дзіўных сюжэтаў, і часта ў цемнаце ночы, лежачы на сваёй цьвёрдай і нявыгоднай пасьцелі, змораны, галодны, з несьцярпімым болем ад клякотак, ён даваў волю свайму ўяўленьню і хутка запамінаў злыбеды, рысуючы сабе радасныя абразы жыцьця якога-нібудзь спанелага прынца ў каралеўскім палацы. Адно жаданьне неадступна прасьледавала яго як дзень так ноч — бачыць уласнымі вачыма сапраўднага прынца. Аднаго разу ён выказаў гэта некаторым сваім таварышом; але-ж яны гэтак бязьлітасна паднялі яго на сьмех, што ён пастанавіў у будучыне нікога ня ўводзіць у свае лятуценьні.

Часта Том чытаў старыя сьвяшчэньнікавы кнігі і пытаўся ў яго тлумачэньняў. Чытаньне й задумлівы настрой паступова выклікала ў ім перамену. Людзі, якія паказваліся яму ўваччу, былі гэткімі прыгожымі, што яшчэ большае гора ахапіла яго пры паглядзе на сваю падраную і гразную вопратку, і яму захацелася быць апраненым лепей і чысьцей. Ён паранейшаму з задаваленьнем гуляў у гразі; але замест таго, каб плюхацца ў Тэмзе дзеля пацехі, ён пачаў цаніць купаньне дзеля чыстаты цела.

Тому заўсёды было на што паглядзець у Мэйполі, ў Чыпзайдзе або на рынках; час ад часу ўвесь Лёндан зьбягаўся паглядзець на ваенную каманду, калі які-нібудзь вядомы небарака адсылаўся, па сухаземі або па вадзе, ў вастрог Тоўэр. У адзін летні дзень ён бачыў, як Ганна Аскью ды яшчэ тры чалавекі спалены былі на агні ў Сьмізсфільдзе, і чуў, як нейкі экс-біскуп чытаў ім адходную, якая ані ня цікавіла яго. Але агулам жыцьцё Тома было даволі рознавобразнае й цікавае.

Пакрысе чытаньне Тома й лятуценькі аб жыцьці прынцаў зрабілі на яго гэткі моцны ўплыў, што ён несьвядома пачаў выказваці з сябе прынца. Яго мова й манеры зрабіліся дзіўна ўрачыстымі і далікатнымі на вялізьнейшае зьдзіўленьне й пацеху равесьнікаў. Аднак-жа ўплыў Тома сярод іх рос кожны дзень; з часам таварышы пачалі глядзець на яго з зьдзіўленьнем, зьмяшаным з жахам, як на вышэйшую істоту. Ім здавалася, што ён гэтак шмат ведае, што можа ня толькі расказваць, але й вычаўпляць выдатныя рэчы, што ён, апрача таго, гэткі здольны й разумны. Увагі Тома, яго паступкі перадаваліся хлопчыкамі старшым і тыя таксама загаварылі аб Томе Канці, як аб надта ўжо здольным, нязвычайным хлопчыку. Дарослыя часта зьвярталіся да яго ў труднаватых акалічнасьцях, і няраз дзівіліся з кемкасьці й мудрасьці яго рашэньняў. Ён, сапраўды, здаваўся выдатнаю асобаю ўваччу ўсіх знаўшых яго, за выняткам уласнае сям'і, якая ня бачыла ў ім нічога добрага.

Праз нейкі час Том тайным чынам устроіў нешта накшталт каралеўскага палацу. Сам ён быў прынцам; яго лепшыя таварышы — целаабаронцамі, камэргэрамі, штальмайстрамі, флігэль-ад'ютантамі, статс-дамамі і сябрамі каралеўскае сям'і. Кожны дзень маленькага прынца сустрачалі з загадзя выпрацаваным цэрэмоніялам, пазычаным Томам са сваіх романтычных кніжак; кожны дзень у каралеўскай радзе разважаліся важнейшыя справы ўяўленага гаспадарства, і яго думаная вялікасьць меў ласку аддаваць загады арміі, флёту і намесьніцтвам.

Пасьля гэтага, апранены ў лахманы, ён звычайна адходзіў з мэтаю выпрасіць некалькі фарсінгаў, зьядаў убогую скарынку хлеба, даставаў заўсёдныя штурханцы і выслухаў заўсёдную лаянку, пакуль ня выцягваўся на бярэмі паскуднае саломы й не вяртаўся, ў сваіх снох, да неістнаваўшага блеску й велічы.

Аднак-жа яго жаданьне хоць раз убачыць сапраўднага, жывога прынца кожны дзень усё падрастала і, нарэшце, праглынула ўсе іншыя лятуценьні і зрабілася адзінаю прынадаю ў яго жыцьці.

У адзін студнёвы дзень, падчас звычайнае жабраніны ён некалькі гадзін панура хадзіў то ўзад, то ўперад. босы і здубеўшы, па Мінсынг-Лэне і Літль-Іст-Чыпе, заглядаючыся на вокны корчмаў і роячы аб смачных піражкох з сьвінінаю ды іншай спакусьлівай страве, выстаўленай у вітрыне; гэтыя ласункі, здавалася яму, прызначаны былі не для простых грэшнікаў, і ніколі яшчэ яму не выпадала шчасьця мець гэткую роскаш ці хоць-бы пакаштаваць яе. Было холадна, імгліла; дзень выдаўся хмарны, цемнаваты. Том вярнуўся да хаты ўвечары, змокшы, змучаны, галодны, так што навет бацька з бабкаю не маглі не зьвярнуць увагі на яго страшэнны выгляд і ня быць разжаленымі — пасвойму пэўна-ж; дзеля гэтага, даўшы яму пасьпешна па адным толькі штурханцу, яны загадалі легчы спаць. Доўга ня мог ён заснуць з прычыны болю й голаду, а таксама лаянкі і сваркі, што разьлягалася па хаце; нарэшце думкі яго пераляцелі ў далёкія, баечныя краі, і ён заснуў у таварыстве маленькіх прынцаў, апраненых у парчу з дарагімі каменьнямі, жыўшых у вялізных палацах, дзе слугі нізка кланяліся ім і растаропна спаўнялі іхнія загады. I тады, як звычайна, яму сьнілася, што ён сам быў маленькім прынцам.

Цалюткую ноч быў ён абкружаны яснатой і пыхаю каралеўскага палажэньня, прабываючы сярод лёрдаў і лэді, аблітых струёю сьвятла, ўдыхаючы пахі, поячыся цудоўнаю музыкаю й адказваючы на пашанлівыя паклоны натаўпу гасьцей, даваўшых яму дарогу, то усьмешкаю, то царственым рухам галавы.

Калі-ж раніцай ён прачхнуўся і ўбачыў сябе ў жабрацкіх варунках, дык сон зрабіў на яго звычайны ўплыў — яго бядацкае палажэньне здалося яму ў тысячу разоў горшым і выклікала ў ім горкасьць, роспач і сьлёзы.

Разьдзел III. Спатканьне Тома з прынцам.

Том збудзіўся галодны, і галодны пасунуўся з хаты; думкі яго былі заняты чароўнай веліччу таго, што ён сьніў мінулай ночкаю. Ён бадзяўся па месьце, блізу не разумеючы, дзе ён і што робіцца вакол яго. Праходзіўшыя штурхалі яго; хтосьці аблаяў; але ўсё гэта было нівошта патануўшаму ў лятуценьнях хлопчыку. Пакрысе ён як-бы прачхнуўся і ўбачыў, што знаходзіўся ў Тэмпль-Бары; ніколі яшчэ ён не заходзіў гэтак далёка ў гэты бок. На мінюту ён спыніўся, раздумваючы, пасьля йзноў аддаўся сваім лятуценьням і, далей сабе йдучы, апынуўся за гарадзкімі сьценамі Лёндану.

У гэту эпоху Странд ужо не выяўляў сабою праезнае дарогі, а лічыўся, хоць і не без некаторае натугі, вуліцаю, дзякуючы характару будынкаў, — таму што ў той час, як з аднаго боку цягнуўся блізу што шчыльны рад дамоў, з другога — было ўсяго некалькі разрозьненых вялікіх будынкаў, служыўшых палацамі багатым вяльможам, з абшырнымі, прыгожымі паркамі, якія спушчаліся да ракі; цяпер усе гэтыя паркі забудованы цьвёрдымі цаглянымі й каменнымі дамамі.

Том быў цяпер у Чарынг-Вілэджы; тут ён сеў адпачыць пад раскошнай работы крыжам, пастаўленым скінутым калісьці каралём; пасьля пайшоў сабе ўніз роўнаю, маляўнічаю дарогаю, каля шыкоўнага палацу вялікага кардынала ў кірунку да яшчэ лепшага пэлацу — Вэстмінстэрскага. Хлопчык з уцехаю й зьдзіўленьнем глядзеў на вялізарны будынак, на абшырныя флігэлі, на грозныя бастыёны й вежачкі, на вялікую каменную браму з пазалачанымі кратамі і шыкам вялізарных каменных львоў ды іншымі знакамі й сымболямі каралеўскае дастойнасьці. Няўжо-ж такі суджана, нарэшце, збыцца яго сардэчнаму жаданьню? Перад ім сапраўды быў каралеўскі палац. Хіба-ж ня мог ён цяпер мець надзеі ўбачыць прынца — сапраўднага прынца ў целе й крыві, калі толькі гэта міла небу?

З абодвых бакоў пазалачанае брамы ста,ялі жывыя постаці — стройныя, здаровыя й нярухомыя вартавыя, з галавы да ног закутыя ў блішчастыя сталёвыя латы. На прыстойным адлозе ад палацу сабраўся натаўп сялян і мяшчан, у надзеі хоць адным вокам убачыць караля. Блішчастыя карэты з бліскуча апраненымі вяльможамі і фарсістымі слугамі на казлох пад'яжджалі да шмат якіх брамаў у агароджы палацу.

Бедны Том, у сваіх лахманох, падыйшоў бліжэй і пачаў паволі й баязьліва хадзіць каля вартаўніка, з калаціўшымся сэрцам і падрастаўшаю надзеяю, як раптам убачыў цераз краты гэткі абраз, што ледзь не закрычаў з радасьці. За кратамі стаяў прыгожы хлопчык, загарэлы ад гульняў і гімнастычных практыкаваньняў на вольным паветры; вопратка на ім была з тонкага шоўку й машасту і блішчэла самаколернымі камушкамі; пры боку вісела маленечкая шпага й кінджал, усыпаны брылянтамі; ногі былі абуты ў далікатныя паўбоцікі, на галаве была харошанькая малінавая шапачка, аблямованая спадаўшым удол пер'ем, прымацованым вялікім, зіхацеўшым дарагім камушком. Каля яго стаяла некалькі важных джэнтльмэнаў — напэўна, яго слугі. О, гэта быў прынц, сапраўдны, жывы прынц; і ценю няпэўнасьці не магло быць у даным выпадку... Гэткім чынам, малітвы хлопчыка-жабрака былі нарэшце пачуты.

Ад неспакойнасьці Тому захапіла дух, і вочы вырачыліся ад зьдзіўленьня і радасьці. У душы яго ўсе жаданьні адразу адступалі месца аднаму — гэта падыйсьці да прынца і накарміць свае вочы аглядам яго. Ня цямячы зусім, ён упёрся тварам у краты. У той-жа самы час адзін з салдатаў груба адпіхнуў хлопчыка, і ён паляцеў кумельганам у натаўп разявякаў — вясковых мужыкоў і лёнданскіх гультаёў.

— Ведай сваю справу! — заўважыў салдат.

У натаўпе разьлёгся рогат; але малады прынц, з раззлаваным тварам і бліскучым паглядам, кінуўся да брамы.

— Як ты сьмееш гэтак абходзіцца з бедным хлопчыкам! — гукнуў ён. — Якое маеш ты права гэтак рабіць хоць-бы з апошнім з падданых майго бацькі! Адчыніць браму і ўпусьціць яго!

Варта было паглядзець, як неспакойны натаўп скінуў шапкі, варта было пачуць радасныя выклікі:

„Няхай жыве прынц Уэльскі!"

Салдаты аддалі чэсьць алебардамі, адчынілі браму, пасьля йзноў узялі на-гонар, калі прынц крайняга жабрацтва падходзіў, у сваім рызьзі, да прынца бязьмежнае сытасьці.

Адварды Цюдор прамовіў:

— Ты глядзіш змучаным і галодным — табе блага жывецца... Хадзі за мною.

Некалькі слугаў кінуліся наперад — мусі дзеля таго, кабы адхіліць прынца ад яго замеру. Але, па адным шчыра каралеўскім руху рукі, яны шарахнуліся назад і спыніліся нярухома, як статуі. Адварды прывёў Тома ў багаты апартамэнт у палацы — у свой кабінэт. Па яго загаду было падана сьнеданьне, гэткае сьнеданьне, якое Тому прыходзілася смакаваць хіба толькі ў кнігах. Прынц, з прыстойным яму добрым выхаваньнем і далікатнасьцю, выдаліў слугаў, каб яны не перашкаджалі яго гасьцю; затым ён сеў бліжэй каля Тома і, ў той самы час, як той еў, пачаў распытвацца ў яго:

— Як завуць цябе, хлопчык?

— Том Канці, сьмею далажыць.

— Дзіўнае імя. А дзе ты жывеш?

— У старой часьці места, сэр, у Офаль-Корце, за Пудынг-Лэнам.

— Офаль-Корт! Вось ізноў дзіўны назоў. Ёсьць у цябе бацькі?

Бацькі ёсьць у мяне, сэр, ёсьць і бабка, але праўду кажучы, ня вельмі ўжо й люблю я яе — даруй мне, Божа, калі грэх гэтак казаць — ёсьць і сёстры, блізьняткі — Нан і Бэт.

— Значыцца, твая бабка не асабліва добрая да цябе?

— I да нікога наагул, вашая сьветласьць. У яе сэрца ліхое, яна праз усё жьцьцё толькі няпрыемнасьці рабіла ўсім.

— Крыўдзіць яна цябе?

— Толькі калі-не-калі — як яна сьпіць ці зусім п'яная, дык рука яе не паднімаецца на мяне; а як прачыхаецца, дык ізноў пачынаюцца пабоі.

Прынц гнеўна глянуў і сказаў.

— Як! Пабоі?

— Але, сэр!

— Б'юць гэткага маленькага і слабенькага!... Слухай-жа, пакуль надайдзе вечар яна будзе зачынена ў Тоўэр. Кароль, бацька мой...

— Так, але ты запамінаеш пра яе нізкае званьне. А Тоўэр для знатных.

— Але-ж праўда. Я й не падумаў аб гэтым. Я ўжо прыдумаю ёй кару. Ну, а бацька твой, як абходзіцца з табою?

— Ня лепей, сэр, за бабку.

— Мусі ўжо, ўсе бацькі на адзін лад. Мой тата таксама ня ангел. Рука ў яго цяжкая, але ён мяне шкадуе; затое языком, праўду кажучы, не заўсёды жалее. А маці добрая да цябе?

— Яна добрая, сэр, ніколі ня крыўдзіць мяне і ня б'е. Нан і Бэт гэткія самыя добрыя, як яна.

— Колькі гадоў ім?

— Пятнаццаць, вашая сьветласьць.

— Лэді Ажбеце, сястры маёй, чатырнаццаць гадоў, яна харошанькая й мілая; а мая сястронка Мар'я з сваім панурым выглядам... Слухай, твае сёстры таксама забараняюць слугам усьмяхацца, каб грэх не загубіў іхняе душы?

— Яны... О, няўжо-ж ты думаеш, што ў іх ёсьць слугі?

З мінуту прынц уважліва глядзеў на маленькага жабрака.

— А чаму-ж няма? Хто памагае ім распранацца нанач? Хто апранае іх, калі яны ўстаюць?

Ніхто, сэр. Ня скідаць-жа ім з сябе вопраткі ды спаць бяз нічога... як быдлё?

— Хіба-ж у іх толькі па аднэй вопратцы?

Ах, вашая сьветласьць, што-ж ім рабіць з гурбаю вопратак? То-ж болей, як адну адзежу, не апранеш на чалавека.

— Дзіўная, надта дзіўная думка! Даруй, калі ласка, я й ня думаю сьмяяцца з цябе. Хутка добрыя Нан і Бэт будуць мець даволі вопратак і слугаў; але, вельмі хутка: мой скарбнік паклапаціцца аб гэтым... Не, ня дзякуй мне... гэта драбяза... Ты добра гаворыш, лёгка і плаўна. Адукованы ты?

— Ня ведаю, сэр. Добры сьвяшчэньнік, айцец Андр'ю, з літасьці, вучыў мяне.

— Палаціне ўмееш?

— Крышачку, сэр.

— Вучыся лаціны: толькі спачатку цяжка. Грэцкая мова цяжэйшая; але для лэді Ажбеты й мае кузыны, здаецца, што ні гэтыя мовы, ні іншыя ня цяжкія. Паслухаў-бы ты іх. Аднак-жа, раскажы мне што-нібудзь пра твой Офаль-Корт. Як табе там жывецца?

— Праўду кажучы, няблага, сэр, апрача тых выпадкаў, калі бываеш галодным. Там паказваюцца выпускныя лялькі, малпы... і розныя цацачкі, і ўсе яны гэтак хораша апранены !... Ладзяцца прадстаўленьні, ў якіх дзейныя марыянэткі з крыкам кідаюцца адна на адну і бьюцца датуль, пакуль адна старана ня будзе пераможана, — гэткая прыгожая сцэна, і каштуе ўсяго толькі фарсінг... Праўда, вашая сьветласьць, вельмі цяжка дастаецца гэты фарсінг.

— Расказвай далей.

Іншы раз хлопчыкі Офаль-Корту ладзяць палачныя бітвы, падобна да падмайстроў.

— Вось-жа і я не адмовіўся-б. Пасьля?

— Мы бегаем навыперадкі, каб ведаць, хто з нас хіжэйшы.

— I я хацеў-бы. Ну, далей!

— Улетку мы перабрыдаем каналы, плаваем у іх або ў рацэ; кожны стараецца страмянуць у ваду свайго суседа, альбо абпырскаць яго... даем нурца, гамонім, куляемся і...

— Я, дык пэўна ўсё царства аддаў-бы, каб толькі раз гэтак пашурмаваць. Расказвай-жа далей, калі ласка.

— У Мэйполі, ў Чыпзайдзе, мы скачам і пяём, гуляем у пяску, абсыпаючы адзін аднаго; часам робім пірагі з гразі, — о, цудоўная гразь, няма нічога прыямнейшага ў сьвеце! Мы слаўна валяемся ў гразі, — хай даруе мне сэр.

— О, калі ласка, гэта цудоўна! Калі-б я мог апрануць гэткую вопратку, як твая, разуцца ды пагуляць па гразі хоць раз, так, каб не дастаць нагонкі, дык мне здаецца, я гатоў быў-бы адмовіцца ад кароны.

— А калі-б я мог хоць раз апрануцца, як ты, ўсяго толькі раз...

— Ого, ты гэтага хацеў-бы? Хай будзе так. Скідай свае лахманы і апранай гэту адзежу. Шчасьце тваё будзе кароткае; але затое тым мацней ты адчуеш яго. Мы застанёмся нейкі час у новых касьцюмах і пасьля ізноў памяняемся імі, перш чым хто-нібудзь увайдзе да нас.

Праз некалькі мінут прынц Уэльскі быў у рызьзі Тома, а маленькі прынц жабрацтва апрануў пышныя каралеўскія шаты. Абодва падыйшлі да вялікага люстра, сталі ўпоруч — і, ой цуды! Здавалася, што ніякага пераапрананьня й не адбылося. Яны з зацікаўленьнем паглядзелі адзін на аднаго, пасьля на люстра, пасьля йзноў адзін на аднаго. Нарэшце, зьдзіўлены прынц сказаў:

— Што скажаш ты на гэта?

— Ах, вашая сьветласьць, ня сьмею... Нельга, пры маім палажэньні, выказваць падобныя рэчы.

— Тады я скажу. У цябе якраз гэткія самыя валасы, як і ў мяне, гэткія самыя вочы, голас, манеры, фігура, твар, постаць. Калі нас распрануць, дык нікто ня зможа адрозьніць цябе ад прынца Уэльскага. Цяпер-жа, апранены ў тваю адзежу, я, як мне здаецца, магу лепей пачуваць тое, што пачуваў ты, калі грубы салдат... Слухай, ці ня сіняк гэта ў цябе на руцэ?

— Так, але гэта нічога, а вашая сьветласьць ведае, што бедны вартаўнік..

— Маўчы! Гэта быў сорамны й жорсткі паступак, — сказаў маленькі прынц, тупнуўшы босаю нагою. — Калі-б кароль... Ні шагу адсюль, пакуль я не вярнуся... Прыказваю табе!

У мігненьне вока ён схапіў і схаваў нейкую рэч дзяржаўнае важнасьці, ляжаўшую на стале, і, выскачыўшы з дзьвярэй, пусьціўся бегчы цераз парк; яго лахманы лапацелі, твар разгарэўся і вочы блішчалі. Дабегшы да брамы, ён схапіўся за краты і, прабуючы патрасьці іх, закрычаў:

— Адчыняй! Адамкні браму!

Салдат, скрыўдзіўшы Тома, бесьпярэчна слухаў, і калі прынц, заходзячыся ад гневу, ступіў у браму, салдат заляпіў яму па патыліцы, ад чаго ён кумельганам пакаціўся па дарозе.

— Вось табе, жабрацкі зносак, — сказаў ён, — за тое, што мне праз цябе ўляцела ад яго высокасьці!

Натаўп зарагатаў. Прынц падняўся з лужы і зносна крыкнуў на вартаўніка :

— Я прынц Уэльскі, мая асоба сьвятарна; ты будзеш павешаны за тое, што падняў руку на мяне!

Салдат аддаў чэсьць алебардаю і насьмешліва адказаў:

— Добрага здароўя, ваша высокасьць!

Пасьля дадаў злосна:

— Выбірайся, звар'яцелы абарванец!

Тут рагатаўшы натаўп абступіў беднага маленькага прынца і пагнаў яго далёка па дарозе з піскам і крыкам:

— Дарогу яго каралеўскай высокасьці. Ачысьціць дарогу прынцу Уэльскаму!

Разьдзел IV. Пачатак прынцавых няшчасьцяў.

Пасьля некалькіх гадзін упартага прасьледаваньня, натаўп, нарэшце, пакінуў маленькага прынца. Пакуль ён яшчэ ў сіле быў выказваць свой гнеў чэрні, гразіць ёй сваею каралеўскаю расправаю ды прыказваць, — што вельмі сьмяшыла яе, — ён здаваўся ўсім гэтым гультаём вельмі забаўным; але калі змога прымусіла яго сьціхнуць, дык ён страціў усякую цікавасьць для сваіх катаў, і яны пайшлі шукаць веселасьці ў іншым месцы. Прынц аглянуўся навокал, але ня мог пазнаць мясцовасьці. Ён быў за мяжою Лёндану — вось і ўсё, што яму было вядома. Ён бязмэтна ішоў наперад; у хуткім часе дамы пачалі радзець і падарожныя трапляліся рэдка. Ён ступіў акрываўленымі нагамі ў ручай, бруіўшы там, дзе цяпер Фарынгдон-Стрыт; застаўся ў вадзе некалькі мінут, пасьля ізноў пусьціўся ў дарогу і, нарэшце, апынуўся на шырокім пляцы з крыхаю раскіданых дамоў і вялікай цэркваю. Ён пазнаў цэркву. З усіх бакоў яе стаяла рыштаваньне і па ім поўзала грамада работнікаў — ішоў рэмонт сьвятыні. Прынц сабраўся з духам, у надзеі, што няшчасьцям яго надыйшоў канец. „Гэта старая францішканская цэрква", загаварыў ён, „яе, бацька мой, кароль, адабраў ад манахаў і перавярнуў у прытулак для бедных і пакіненых дзяцей, назваўшы яго Хрыстовым домам. Бязумоўна, ахвотна яны прыслужацца сыну таго, хто гэтак велікадушна абышоўся з імі, тым болей, што сын гэты ў цяперашні мамэнт гэтак бедны й пакінены ўсімі, як хаця хто з сіротаў, якія знайшлі ці знайдуць тутака страху".

Хутка ён апынуўся ў натаўпе хлопчыкаў, бегаўшых, дзыгаўшых, гуляўшых у мячык і чыхарду, — проста кажучы рабіўшых забаўкі на розныя лады, й даволі гучна. Усе яны былі апранены аднолькава, паводлуг моды, якая ў той час пераважала сярод слугаў ды падмайстроў: у кожнага на галоўцы была шапачка велічыні са сподачак, якая не выдзялялася ні далікатнасьцю, ні практычнасьцю, з прычыны недахвату ў разьмеры сваім; з-пад яе валасы йшлі нерасчэсанымі, да паловы лоба, дзе роўна падстрыгаліся паўколам; шыю абнімаў гэткі самы каўнер, як у асобаў духоўнага стану; пасьля сіні каптанік, шчыльна аблягаўшы фігуру й даходзіўшы да кален і ніжэй, шырокія рукавы, шырокі чырвоны пояс, ясна-жоўтыя панчошкі, перацягненыя падвязкамі вышэй калена, і, нарэшце, мелкія башмачкі з вялікімі мэталічнымі спражкамі. Агулам касьцюм гэты быў досіць нехарозным.

Хлопчыкі пакінулі гульні і стоўпіліся вакола прынца.

— Дзеці, — загаварыў ён з прыроджанай дастойнасьцю, — скажэце вашаму начальніку, што прынц Адварды Уэльскі хоча з ім гаварыць.

— Слухай, жабрачок, ужо-ж ці не пасланец ты яго высокасьці?

Твар прынца загарэўся гневам, рука яго машынальна спусьцілася да боку, — але меча ня было. Разьлёгся рогат.

— Заўважыў ты? — сказаў адзін хлопчык. — Ён падумаў, што ў яго шпага... Як відаць, дык сам ён і ёсьць прынц.

Гэта выклікала яшчэ большы сьмех. Бедны Адварды горда выстраіўся і загаварыў:

Я прынц; нягожа вам, што корміцеся праз міласьць бацькі майго, гэтак абходзіцца са мною.

Заява гэтая, як сьведчыў гучны сьмех, паказалася вельмі забаўнаю.

Хлопец, загаварыўшы першым, закрычаў сваім таварышом:

— Гэй, вы, сьвіньні, рабы, нахлебнікі царственнага таты яго міласьці, што гэта за абхаджэньне. Зараз усе на калены, схілеце галовы перад яго каралеўскім выглядам ды царскімі лахманамі!

З гучнай веселасьцю яны ўсе ўкленчылі, рассыпаючыся ў насьмешлівых знакох пашаны перад сваею ахвяраю. Прынц штурхануў нагою бліжэйшага хлопчыка і злосна сказаў:

— Вось табе, пакуль што, а заўтра ты будзеш павешаны.

Гэта ўжо пераходзіла за межы жарту. Сьмех адразу сьціх, зьмяніўшыся на шаленства. Тузін галасоў закрычаў:

— Цягні яго ў ваду, да конскага вадапою! Гэй, дзе сабакі? Сюды, Леў! Сюды, Фангс!

Тут адбылася гэткая сцэна, якой Англія яшчэ ніколі ня бачыла: сьвятарная асоба насьледніка пасаду дастала пабоі з боку чэрні, напаўшай на яго й нацкаваўшай сабакамі.

Калі ноч палажыла канец нешчасьліваму дню, прынц апынуўся далёка, ў густа забудованай часьці места. Цела яго было ў сінякох, рукі ў крыві, а рызьзё ў гразі. Ён бадзяўся то ўзад, то ўперад, злосьць душыла яго, ён адчуваў гэткую змогу і слабасьць, што ледзь валачыў ногі. Ён пакінуў ужо зьвяртацца з пытаньнямі да праходзіўшых, таму што, замест парады, з іхняга боку йшлі толькі крыўды. Ён мармытаў паціху: „Офаль-Корт — гэтакі назоў вуліцы; калі знайду яе, раней, чымся прападуць мае сілы і ўпаду ў зьнямозе, тады я выратаваны; Томавы бацькі адвядуць мяне ў палац і пакажуць, што я ня іхні сын, а сапраўдны прынц, і тады я ізноў займу сваё палажэньне". Часамі думка яго вярталася да грубых прытулковых хлопчыкаў, да іх благога абходжаньня і ён сказаў сабе: „Як я буду каралём, дык ня толькі дам ім хлеб і прытулішча, але й прымушу іх вучыцца; бо не даволі яшчэ набіць жывот, а галаву й сэрца пакідаць бяз стравы. Я пастараюся захаваць гэта ў памяці, каб сягоньняшняя лекцыя не прайшла для мяне дарма і каб ад гэтага не пацярпеў мой народ, бо навука мягчыць характары і параджае рахманасьць і міласэрдзе".

Дзе-ня-дзе пачалі зьяўляцца агні, пачаў пакапаваць дождж, падняўся вецер і хутка ўсё ахінула вільготная, бурная ноч. Бяздомны прынц, насьледнік ангельскага пасаду, пазбаўлены прыпынку, ішоў далей, куды вочы глядзяць, паступова ўлазячы ў лябірынт гразных завулкаў, дзе тулілася раём скучаная галота і жабрацтва.

Раптам здаравенны п'яны чалавек схапіў яго за каўнер, кажучы:

— Да познай ночы бадзяешся, і, напэўна, ня прынёс і фарсінга дамоў. Калі не, дык я табе косьці пераламаю, ня будзь я Джон Канці!

Прынц вырваўся, нявольна кіўнуў плячом і жыва прамовіў:

— О, значыцца ты яго бацька! Дай Божа, каб гэта было так... тады ты адвядзеш мяне дамоў і забярэш яго!

— Яго бацька?... Ня ведаю, што гэта ты мелеш; але ведаю гэтак-жа добра, што я твой бацька, як і ты хутка аб гэтым даведаешся...

— Ой, не жартуй, не прыкідайся, не марудзь!... Я змучаны, зьбіты, болей ня вытрываю. Адвядзі мяне да караля, бацькі майго, — ён абдарыць цябе гэтакім багацтвам, якога ты й ня сьніў. Павер мне, павер! Не маню, а праўду кажу табе. Далоў руку — ратуй мяне... Я прынц Уэльскі.

Нягоднік зьдзіўленна паглядзеў на хлопчыка, пасьля памахаў галавою і прамармытаў:

— Зусім з глузду зьехаў, быццам бэдламскі жыхар. Сьледам за гэтым ён ізноў схапіў яго за каўнер і, сіпла сьмяючыся й лаючыся, загаварыў:

„Ну, там, зьехаў ці не, а мы з бабкаю адлупцуем цябе, чэснае слова!"

I ён пацягнуў ашалелага і ўпартага прынца і зьнік з ім у адным з падворкаў, праводжаны вясёлым і гучным натаўпам вырадкаў грамадзянства.

Разьдзел V. Том робіцца знатнаю асобаю.

Том Канці, пасьля таго, як застаўся адзін, пастараўся скарыстаць выгадны выпадак. I так і сяк ён глядзеў у люстра, цешачыся сваею вопраткаю, пасьля праспацыраваў, патураючы шляхетнай постаці прынца, і ўсё не пакідаючы сачыць за сабою. Затым агаліў раскошную шпагу і, пацалаваўшы яе й прытуліўшы да грудзей, пакланіўся, — ён бачыў пяць ці шэсьць тыдняў назад, як дабрародны рыцар аддаваў чэсьць начальніку Тоўэра, вядучы ў вастрог уладарных гэрцогаў Норфолька і Сорэя. Том гуляў з усеяным брылянтамі мечам, вісеўшым у яго на поясе; ён разглядаў дарагое й далікатнае упрыгожаньне пакою, сядаў на кожнае з пышных крэслаў і думаў, як было-б добра, каб галота Офаль-Корту зайшла сюды і ўбачыла яго ў гэткай вялічавай роскашы. Цікава, ці павераць яго таварышы, калі вернецца дамоў, у поўны цудаў расказ, ці пачнуць махаць галовамі й казаць, што распаленае ўяўленьне пазбавіла яго розуму?

Нарэшце, праз паўгадзіны часу, Тому здалося, што прынц надоўга выйшаў; яму зрабілася сумна, ён пачаў прыслухвацца, пакінуўшы гуляць прыгожымі цацкамі, што былі вакол яго; неспакойнасьць абярнулася ў трывогу й страх. Дапусьцім, што хто-нібудзь увайдзе й застане яго ў прынцавай адзежы, а самога прынца няма, каб вытлумачыць абярненьне. Ці-ж не павесяць яго бяз ніякіх разважаньняў, а ўжо пасьля разьбяруць справу. Ён няраз чуў, што вялікія гэтага сьвету скорыя на малыя справы. Страх яго ўсё павялічваўся ; трасучыся, ён крыху прачыніў дзьверы ў пярэдні пакой, з мэтаю бегчы па прынца ды прасіць яго заступніцтва. Шасьцёх пышна апраненых камэрдынэраў і два маладыя пажы вышэйшага стану, апраненыя як матылькі, падскочылі й пакланіліся яму. Ён борзда адступіў і зачыніў дзьверы.

— Ага, яны сьмяюцца з мяне, — прамовіў ён. — Яны пайдуць і данясуць. Ах, нашто зьявіўся я сюды, нашто загубіў сваё „жыцьцё"?

Ён хадзіў то ўзад, то ўперад па пакоі, поўны неапісальнага страху, прыслухваючыся і ўздрыгваючы пры найменшым шорхаце. Але вось, адчыніліся дзьверы, і паж у шаўковай вопратцы далажыў:

— Лэді Джэні Грэй.

Дзьверы зачыніліся і да Тома падбегла маладая прыгожая дзяўчына, багата апраненая. Але раптам яна спынілася і пакрыўджаным голасам спыталася:

— Ах, што з табою, мілёрд?

Тому захапіла дух у грудзёх; але, зрабіўшы некаторую натугу, ён прамовіў:

— О, зьлітуйся нада мною! Ня лёрд я, а жабрак Том Канці з Офаль-Корту, ў Сіці. Прашу цябе, пазволь мне бачыць прынца і ён, праз літасьць сваю, верне мне мае лахманы і адпусьціць мяне цэлым і непашкоджаным. О, зьлітуйся і выратуй мяне!

У той-жа самы час хлопчык упаў на калены, і ня толькі яго словы, але й вочы і паднятыя ўгару рукі выказвалі мальбу.

— О, мілёрд, укленчыўшы... і перада мною! — гукнула яна.

З жахам яна ўцякла; а Том, поўны роспачы, бясьсільна паваліўся на падлогу, шэпчучы:

— Няма ратунку, няма надзеі! Зараз-жа прыйдуць і забяруць мяне!

У той час, як ён ляжаў, спруцянеўшы з жаху,

ў палацы распаўсюджылася страшэнная вестка.

Шэпт, — тут заўсёды перашэптаваліся, — пралятаў ад слугі да слугі, ад лёрда да лэді, з салёну ў салён, з калідору ў калідор, з паверху ў паверх:

„Прынц звар'яцеў! Прынц звар'яцеў!" Хутка ўва ўсіх пачакальнях, і ў мармуровай залі пачалі зьбірацца бліскучыя лёрды й лэді і групы менш бліскучых прыдворных; ўсе клапатліва перашэптаваліся, і на ўсіх тварах быў жах. Але вось з натаўпу выдзяліўся нехта старшы і ўрачыста сказаў гэтак:

„Імем караля!

Забараняецца, пад страхам кары сьмерці, слухаць фальшывую й недарэчную чутку, абгаварваць ці пашыраць яе. Імем караля!"

Шэпт спыніўся настолькі раптоўна, як калі-б тыя, што шапталі, раптам анямелі.

Хутка ў калідоры прашапталі: „Прынц! Гляньце, прынц ідзе!"

Бедны Том паволі й баязьліва праходзіў каля нізка кланяўшыхся групаў, стараючыся адкланьвацца і пазіраючы зьдзіўленымі й радаснымі вачыма на дзіўную для яго абстаноўку. Два вяльможы, паабапал, падтрымлівалі яго й памагалі яму йсьці. За ім ішлі лейб-доктар і некалькі слугаў.

Пасьля Том апынуўся ў адным з пышных пакояў і пачуў, як дзьверы зачыніліся за ім. Яго паранейшаму абступала сьвіта. Перад ім зусім недалёка ляжаў рослы й вельмі таўсты мужчына, з шырокім, абвіслым тварам і строгім выглядам Яго вялікая галава была ўкрыта сівізнаю, сівыя бакі абнімалі твар. Вопратка яго была з дарагога матар'ялу, але ня новая й дзе-ня-дзе пацёртая.

Адна з апухшых ног, спавітая павязкамі, ляжала на падушцы. Надыйшло маўчаньне; ўсе галовы пашанліва схіліліся перад гэтым чалавекам. Гэты інвалід, са строгім выглядам твару, быў грозны Гэнры VIII. Ён загаварыў — і твар яго прыняў мягкі выгляд:

— Ну, што-ж, мілёрд Адварды, мой прынц? Як гэта табе стрэліла ў галаву выкінуць гэткі благі жарт са мною, добрым каралём, бацькаю тваім, што любіць цябе і добры з табою?

Няшчасны Том слухаў пачатак прамовы, наколькі пазваляла яму прыгнечанае становішча духу, але калі да вушэй яго даляцелі словы: „са мною, добрым каралём", дык яго твар зьбялеў, і ён мігам укленчыў, як скошаны. Выцягваючы з мальбою рукі, ён крыкнуў:

— Ты кароль! Цяпер я прапаў!

Гэтыя словы здавалася што зьдзівілі караля. Пагляд яго бязмэтна перабягаў з аднае асобы на другую і пасьля, засмучаны, спыніўся на хлопчыку. З выразам вялікага гора ён сказаў:

— Бяда! я думаў, што павялічвалі факт, але бачу, што не. Цяжка ўздыхнуўшы, ён гаварыў далей ласкавым голасам: — Падайдзі да твайго бацькі, дзіця, — табе нездаровіцца.

Тому памаглі падняцца й падвялі яго, паслухнянага й дрыжаўшага, да яго вялікасьці. Кароль пагладзіў рукою па спалоханым тварыку і нейкі час уважна й любоўна прыглядаўся да яго, як-бы з надзеяй убачыць спагадную азнаку праясьненьня розуму, пасьля прытуліў курчавую галоўку да грудзей і далікатна пагладзіў па ёй.

— Дзіця, — сказаў ён, — не пазнаеш ты свайго бацькі? Ня рві майго старога сэрца; скажы, што пазнаёш мяне. То-ж пазнаёш, праўда?

— Але, ты мой аўгусьцейшы ўладар, кароль, хай ратуе цябе Бог.

— Так, ты правільна сказаў. Супакойся-ж, пакінь дрыжаць; тут ніхто цябе ня скрыўдзіць, тут усе любяць цябе. Цяпер ты лепей сябе чуеш? Ты апамятаўся і ня будзеш больш выдаваць сябе за іншага.

— Прашу, вашая вялікасьць, верыць мне, што я казаў шчырую праўду; бо я самы апошні паміж тваіх падданых, я нарадзіўся жабраком і, толькі дзякуючы няшчаснаму здарэньню, трапіў сюды, — але гэта не па маёй віне. Я малады й хачу жыць; а ты-ж адным словам можаш выратаваць мне жыцьцё, Малю цябе, скажы яго!

— Памерці? Не кажы гэтага, дарагі прынц... Годзі, супакойся... Ты не памрэш!

Том з радасным крыкам ізноў стаў на калены.

— Хай надарыць цябе бог за тваё міласэрдзе, уладару мой, хай дасьць табе многія леты, на дабро краю!

Пасьля, падняўшыся й весела глянуўшы на абодвух флігэль-ад'ютантаў, ён моцна крыкнуў:

— Вы чулі гэта! Я не памру, — гэтак сказаў кароль!

Запанавала ціша; усе з глыбокай пашанаю скланіліся. Хлопчык, крыху засмучаны, запнуўся, пасьля баязьліва зьвярнуўся да караля.

— Цяпер мне можна выйсьці?

— Выйсьці? Ведама, што можна, калі хочаш. Я чаму табе не застацца яшчэ крыху? Куды хочаш ты йсьці?

Том спусьціў вочы і пакорна прамовіў:

— Можа я й памыліўся; але я думаў, што я вольны, і хацеў знайсьці хацінку, дзе я радзіўся і быў выхаваны ў жабрацтве, дзе туляцца мае сёстры й маці; там мой дом, а да тутэйшага блеску й роскашы я ня прывык... О, прашу цябе, сэр, пусьці мяне !

Кароль нейкі час маўчаў у задуме; на твары яго відаць было гора і неспакой. Нарэшце, ён загаварыў і ў голасе яго пачулася нотка надзеі:

— Можа ён толькі на гэтым пункце й вар'яцее, і захаваў здаровае разуменьне ўва ўсёй рэшце. Дай Божа, каб гэта было так! Дык зробім-жа пробу.

Ён задаў Тому пытаньне палаціне. Хлопчык, не без натугі, адказаў яму тэю самаю моваю. Кароль ня мог утаіць свае радасьці. Лёрды й доктар таксама выказалі задаваленьне.

— Адказ, праўда, не саўсім адпавядае яго ведзе і здольнасьцям, а ўсё-ж ён паказвае, што яго розум толькі крыху аслабеў, але не расстроены. А як вы думаеце, сэр?

Доктар, да якога было зроблена пытаньне, нізка пакланіўся і адказаў:

— Гэта зусім згодна з маім перакананьнем: вашая вялікасьць кажаце праўду.

Кароль, відочна, быў задаволены падтрыманьнем з боку гэтак аўторытэтнае асобы, і сьмела казаў далей:

— Цяпер, глядзеце ўсе — мы яго яшчэ спрабуем.

Кароль адкінуўся на падушкі. Слугі кінуліся памагаць яму, але ён адхіліў іх:

— Ня трывожце мяне, — сказаў ён, — гэта нічога, маленькая слабасьць. Крыху паднімеце мяне. Так, годзі... Хадзі сюды, дзіця маё; вось гэтак, пакладзі сваю бедную галоўку на бацькаўскія грудзі і супакойся. Ты хутка выздаравееш: гэта часовая хвароба. Ня бойся, хутка паправішся.

Пасьля гэтага ён зьвярнуўся да прысутных, — ласкавасьць мовы зьнікла і вочы заблішчалі.

— Слухайце ўсе! Гэты сын мой зьвіхнены, але не безнадзейна. Прычына — змораньне ад заняткаў, а таксама вельмі замкнёны парадак жыцьця.

Прэч усе кнігі, выдаліць вучыцялёў. Сачэце за ім, весялеце яго гульнямі на сьвежым паветры, дастаўляйце яму разумныя пацехі, каб здароўе яго аднавілася.

Ён падустаў на сваёй пасьцелі і казаў далей энэргічна:

— Ён звар'яцеў, але ён мой сын і насьледнік ангельскага пасаду; здаровы, ці хворы, ён усё роўна будзе царстваваць. А цяпер слухайце далей і абвясьцеце гэта ўсюды: той, хто здумае гаварыць аб яго хваробе, будзе лічыцца ліхадзеем і трапіць на шыбеніцу!.. Дайце мне піць... Я ўвесь у гарачцы; гэтае няшчасьце зўсім падкасіла мяне... Так, добра... Звар'яцелы? Будзь ён тысячу разоў звар'яцелы, а ўсё-ж такі ён прынц Уэльскі; я, кароль, пацьвярджаю гэта. Заўтра-ж ён павінен быць узьведзены ў каралеўскую дастойнасьць, паводлуг здаўна устаноўленага цэрэманіялу. Лёрд Гэртфорд, патурбуйся аб незабаўным спаўненьні майго загаду.

Адзін з вяльможаў прыкленчыў перад каралеўскім ложкам і прамовіў:

— Вашай вялікасьці вядома, што насьледны вялікі маршалак Англіі засуджаны, па абвінавачаньню ў дзяржаўнай здрадзе, на заключэньне ў Тоўэр... Не да твару засуджанаму...

— Маўчаць! Не зьневажаць маіх вушэй ненавісным мне імем. Няўжо гэты чалавек будзе жыць вечна! Хто сьмее пярэчыць маёй волі? Няўжо-ж цэрэмонія ўзьвядзеньня прынца ў дастойнасьць павінна зацягнуцца толькі таму, што гаспадарства ня мае маршалка, які ня быў-бы замешаны ў згаворы? Не, прысягаю Божай веліччу! Паведамі мой парлямэнт, каб да ўсходу сонца быў дастаўлены мне сьмяротны прыгавар Норфолька, ў праціўным выпадку ўсім будзе горача.

— Воля караля — закон, — адказваў лёрд Гэртфорд і, падняўшыся, заняў сваё ранейшае месца.

Гнеўны выгляд зьнік з твару старога караля, і ён зьвярнуўся да Тома:

— Пацалуй мяне, прынц. Вось гэтак... Чаго-ж ты баішся? То-ж, я бацька твой, што любіць цябе...

— Ты добры да мяне, недастойнага, о магутны і літасьцівы уладар! Але... але... мяне смуціць думка, што ён загіне і...

— Ах, як гэта падобна да цябе! Ведаю, сэрца тваё засталося такім самым, як і раней, ня гледзячы на тое, што розум пацярпеў; то-ж, у цябе заўсёды быў гэтакі мягкі характар. Праўда, паміж табою і тваім санам стаў той гэрцог; але я на яго месца ўзьвяду іншага, які ані нічым не запляміць свайго высокага палажэньня. Супакойся, прынц, хай гэта акалічнасьць ня турбуе твае беднае галоўкі.

— Але-ж я прысьпяшаю яго сьмерць, уладар мой? Колькі-б ён яшчэ пражыў, каб ня я!

— Ня думай аб ім, дарагое дзіця; ён няварт гэтага. Пацалуй мяне яшчэ раз ды йдзі гуляць і забаўляцца, — я вельмі хворы, змучаны... хачу адпачыць. Ідзі з дзядзькаю тваім Гэртфордам і сьвітаю і прыходзь, калі крыху папраўлюся.

З цяжкім сэрцам пакінуў Том караля; апошняе трэбаваньне яго дарэшты забіла надзею, дасюль ім пешчаную, — што ён будзе адпушчаны на волю. Праходзячы па калідорах, ён ізноў пачуў шэпты: „Прынц, прынц ідзе!"

Том усё болей ды болей траціў адвагу, калі праходзіў паміж зіхацеўшых радоў прыдворных, якія яму кланяліся; ён разумеў, што з гэтага часу ён палоньнік, што назаўсёды можа застацца замкнёным у гэтай пазалочанай клетцы, пакіненым, адзінотным прынцам, калі Бог, у міласэрдзі сваім, ня зьлітуецца над ім і ня вызваліць яго.

I, куды-б ён ні скіраваўся, яму здавалася, што перад ім носіцца ў паветры адсечаная галава вялікага гэрцога Норфольскага, што ён бачыць пе рад сабою гэты памятны яму твар, з наракальна вытрашчанымі на яго вачыма.

Яго ранейшыя лятуценьні былі гэтак яснымі, а сапраўднасьць аказалася гэткаю шэраю й панураю.

Разьдзел VI. Надзяленьне Тома інструкцыямі.

Тома прывялі, праводжанага добрароднаю сьвітаю, ў галоўную залю і запрасілі сесьць, — што ён працівіўся быў зрабіць, ня лічачы за добрае сядзець у прысутнасьці людзей пад'жылых ды людзей з высокім палажэньнем. Ён прасіў іх сядаць, але яны толькі кланяліся, мармыталі нешта на знак падзякі ды стаялі далей. Ён хацеў паставіць на сваім, але „дзядзька", граф Гэртфорд шапнуў яму ў вуха:

— Мілёрд, прашу цябе, не вымагай; нягожа ім сядзець у тваёй прысутнасьці.

У гэты час далажылі аб лёрдзе Сэнт-Джоне Ён увайшоў і, пакланіўшыся Тому, сказаў:

— Я зьявіўся па даручэньню караля; па справе, аб якой можна гаварыць толькі на чатыры вочы. Ласкавы будзеце, ваша каралеўская высокасьць, выслаць усіх прысутных, апрача графа Гэртфорда?

Заўважыўшы, што Том ня ведаў, як быць, Гэртфорд шапнуў яму, каб ён зрабіў сьвіце знак рукою й ня турбаваўся гаварыць, калі ня мае на гэта ласкі. Пасьля таго, як прыдворныя выйшлі лёрд Сэнт-Джон сказаў:

— Яго вялікасьць загадвае, каб, з прычыны акалічнасьцяў дзяржаўнае вагі, яго сьветласьць, па магчымасьці, усяляк утойваў сваю хваробу, пакуль здароўе яго не адновіцца паранейшаму. Затым загадваецца, каб ні перад кім не пярэчыў, што ён сапраўдны прынц і насьледнік ангельскага пасаду й вёлічы; каб ён падтрымліваў сваю каралеўскую дастойнасьць і прымаў, не протэстуючы ні словам, ні рухам, знакі пашаны й паслухнянасьці, якімі павінен карыстацца паводлуг права і здаўна ўстаноўленага звычаю; каб ён нікому не гаварыў аб сваім, нібыто, нізкім пахаджэньні і жабрацкім жыцьці, створаным яго зможаным, расстроеным уяўленьнем; каб ён моцна стараўся ўваскрасіць у сваёй памяці асобы, якія ён прывык бачыць вакол сябе... і калі ня зможа, дык хай маўчыць і не выдае свае слабое памяці ні выразам зьдзіўленьня, ні якім-нібудзь іншым знакам; нарэшце, ў дзяржаўных справах, калі якая-нібудзь акалічнасьць паставіць яго ў цяжкаватае палажэньне і ён ня будзе ведаць, як зрабіць і што сказаць, ён не павінен выдаваць неспакойнасьці перад зацікаўленымі паглядамі, і абавязаны пытацца рады ў лёрда Гэртфорда ці ў мяне, пакорнага слугі, — абодва мы назначаны дзеля спаўненьня гэтых абавязкаў і павінны знаходзіцца пры асобе прынца, аж пакуль ня будзем адкліканы. Гэтак меў ласку загадаць яго вялікасьць, пасылаючы прывітаньне вашай высокасьці й молячы Найвышэйшага, каб Ён даў вам хуткае выздараўленьне і надарыў вас на многія леты.

Лёрд Сэнт-Джон, пакланіўся і стаў з боку. А Том пакорна адказваў:

— Кароль гэтак загадаў. Ніхто ня сьмее не спаўняць загадаў караля, ператалкоўваць ці абходзіць іх. Пакараюся волі караля.

— Затым, з прычыны загаду караля, каб пакінуць кнігі і сур'ёзныя заняткі, — заўважыў лёрд Гэртфорд, — ці ня будзе ласкі вашае высокасьці праводзіць час у вясёлых гульнях, каб здароўе ваша не цярпела і каб вы ня былі змучаны падчас банкету.

На твары ў Тома адбілася зьдзіўленьне, і ён пачырванеў, заўважыўшы гаротлівы пагляд лёрда Сэнт-Джона.

— Твая памяць ня служыць табе, — сказаў апошні, — ты выказаў зьдзіўленьне, але хай гэта ня трывожыць цябе, таму што памяць вернецца з выздараўленьнем. Мілёрд Гэртфсрд гаворыць аб банкеце ў Сіці, быць на якім, яшчэ два месяцы назад, яго вялікасьць дакляраваў пазволіць вашай высокасьці. Прыпамінаеш цяпер?

— Нажаль, павінен прызнацца, што гэта сапраўды выляцела з мае памяці, — сказаў Том нерашуча ды ізноў пачырванеў.

У гэтую мінуту даложана было аб лэді Ажбеце і лэді Джэні Грэй. Абодва лёрды абмяняліся многазначнымі паглядамі, і Гэртфорд пасьпяшыў да дзьвярэй. Калі маладыя прынцэсы праходзілі каля яго, ён сказаў паўголасна:

— Прашу вас, лэді, ня выказваць нічым, што заўважаеце яго дзівачнасьці і ня зьдзіўляцца ў выпадку, калі памяць пакіне служыць яму, вам, пэўна-ж, цяжка будзе бачыць, як трудна яму прыпомніць што-нібудзь.

Тымчасам лёрд Сэнт-Джон казаў Тому паціху:

— Калі ласка, сэр, не запамінай аб волі караля. Прыпамінай усё, што можаш, а аб рэшце рабі выгляд, што памятаеш. Ня дай ім заўважыць, што ты моцна зьмяніўся проці ранейшага; ты-ж ведаеш, як любяць цябе твае кампанкі на гульнях і як глыбока смуціць іх тваё нездароўе. Ці маеш ласку, сэр, каб мы засталіся тут, я і дзядзька твой?

Том зрабіў пацьвярджальны знак і нешта прамармытаў, ён ужо пачаў уваходзіць у ролю і, па сардэчнай прастаце, пастанавіў, па меры сілы й магчымасьці, спаўняць волю караля.

Ня гледзячы, на ўсю прадбачлівасьць, гутарка маладых людзей часамі прымала небясьпечны зварот. Няраз, праўду кажучы, Том быў блізка да ўпадку і да зразуменьня непасільнасьці складзенае на яго страшэннае ролі; але яго ратавала тактоўнасьць прынцэсы Ажбеты або слова, як быццам незнарок устаўленае адным з гатовых на гэта лёрдаў.

Раз маленькая лэді Джэні зьвярнулася да яго і зусім зьбіла яго з панталыку пытаньнем:

— Мілёрд, ці хадзіў ты сягоньня на паклон да яе вялікасьці?

Том засмуціўся, замітусіўся і хацеў ужо прамармытаць што-нібудзь першае-лепшае, як раптам яго перабіў лёрд Сэнт-Джон, адказаўшы за яго з разьбітнай лоўкасьцю царадворца, прывыкшага спатыкаць і ходаць немалыя труднасьці.

— Але, ён быў, і каралева ўцешыла яго, даўшы вясёлыя ведамасьці датычна палажэньня яго вялікасьці. Ці-ж ня так, вашая высокасьць?

Том прамармытаў нешта на знак пацьвярджэньня, але чуў пры гэтым, што траціць грунт пад нагамі. Пасьля, калі гутарка зайшла аб спыненьні заняткаў Тома, маленькая прынцэса сказала:

— Як шкада! Вось дык шкада! Ты рабіў гэткія пасьпехі. Але пацярпі крыху — гэта ненадоўга! Дарагі прынц, ты яшчэ пасьпееш набрацца вучонасьці, ня меней за свайго бацьку, і будзеш гаварыць шмат якімі мовамі, як ён.

— Мой бацька! — закрычаў Том, забыўшыся на міг. — Ды ён, мне здаецца, роднаю моваю гэтак гаворыць, што хіба толькі сьвіньня зразумее яго; а што да вучонасьці... Ён азірнуўся і прачытаў строгую асьцярогу ў вачох лёрда Сэнт-Джона.

Том змоўк, зачырванеўся, і пасьля гаварыў далей ціха і маркотна;

— Ах, мая хвароба забірае мяне і думкі мае ізноў блутаюцца. Я ня меў на ўвазе з непашанаю адазвацца аб каралю.

— Ведаем, сэр, — сказала прынцэса Ажбета, пашанліва й ласкава ўзяўшы „брата" за руку, — ня трывожся. Ты тут ня пры чым; ува ўсім вінавата твая хворасьць.

— Ты мая добрая пацяшыцелька, дарагая лэді, — з удзячнасьцю адказаў Том, — я адважваюся выказаць табе шчырую падзяку.

Паміж іншым, шустрая лэді Джэні неяк выпаліла ў Тома сказам пагрэцку. Ад вострага вока прынцэсы Ажбеты не ўцякло тое, што стрэл не патрапіў у мэту і яна спакойна адказала ёй некалькімі гучнымі сказамі пагрэцку, ў абарону Тома, і затым крута перавяла гутарку на іншую тэму.

Агулам час праходзіў прыемна і гутарка йшла даволі гладка. Шорсткасьць адносін усе гладзела, і Том пакрысе пачуў сябе лягчэй, бачачы, што ўсе з гэткай любасьцю турбуюцца аб ім і глядзяць праз шпары на яго абмылкі. Кал'і выясьнілася, што маладыя лэді будуць з ім увечары на банкеце ў лёрд-мэра, сэрца яго радасна застукацела, — ён разумеў, што ня ідзе адзінокім у натаўпе незнаёмых людзей; тымчасам яшчэ гадзіну назад думка, што яны будуць праводзіць яго, была-б для яго страшэннаю, несьцярпімаю.

Ангелы-вартаўнікі Тома, абодва лёрды, пачувалі сябе пры гэтым спатканьні далёка ня так вольна, як маладыя людзі. Яны знаходзіліся ў палажэньні штырніка, які павінен правясьці карабель цераз небясьпечную пратоку; увесь час яны былі напагатове, і рашылі, што наложаныя на іх абавязкі — ня дзіцячая гульня. А таму, калі прынцэсы сабраліся выходзіць і было даложана аб лёрдзе Гільдфордзе Додлеі, дык лёрды зразумелі, што ня толькі прайшлі цяжкую пробу, але што

ня менш небясьпечна для іх пусьціцца і назад. Яны пашанліва параілі Тому папрасіць прабачэньня, ад чаго ён вельмі быў рады, хоць лёгка было заўважыць цень нездаволеньня на твары лэді Джэні, калі яна пачула, што шыкоўнаму юнаку адмоўлена ў прынятку.

Надыйшла пауза, нешта накшталт маўклівага чаканьня, якога Том ня мог зразумець. Ён глянуў на лёрда Гэртфорда, зрабіўшага яму знак, але ня мог дагадацца. Спрытная лэді Ажбета, з звычайнай няпрымушанасьцю, падасьпела на ратунак. Яна зрабіла рэвэранс і сказала:

— Пазволена нам будзе пакінуць нашага дарагога брата, прынца?

— Ах, мілэді, — адказэў Том, — я заўсёды гатоў вас слухаць; але, ўсё такі, я ахватней згадзіўся-б на ўсё, што ў маёй уладзе, чымся пазбавіць сябе шчасьця бачыць вас тутака. Хай вас хавае Бог і крые вас сваею дабратою.

Ён у душы сваёй застаўся здаволены сабою й падумаў: „Не дарма чытаў я ўсё аб прынцах, — вось адкуль гэтыя нязвычайныя, тонкія сказы".

Калі прынцэсы выйшлі, змучаны Том спытаўся ў сваіх даглячдыкаў:

— Цяпер, ці ня будуць ласкавы лёрды пазволіць мне легчы адпачыць дзе-нібудзь у куточку.

— Калі ласка, вашая высокасьць, ваша справа загадваць, а наша — слухаць. Табе сапраўды, трэба адпачыць, таму што ў хуткім часе ты павінен скіравацца ў Сіці.

Ён пазваніў і ўвайшоў паж; яму прыказана было паклікаць сэра Уільяма Гэрбэрта. Зараз-жа зьявіўся гэты джэнтльмэн і адвёў Тома ў адзін з унутраных пакояў. Першым рухам хлопчыка было напіцца вады; але, апранены ў шоўк і машаст, слуга схапіў чашу і стаўшы на адно калена, гадаў яе Тому на залатой падстаўцы.

Сьледам за гэтым змучаны палоньнік прысеў і зьбіраўся зьняць з сябе паўбоцікі, баязьлівымі вачыма як-бы пытаючыся пазваленьня, але другі мучыцель таксама ў шоўку й машасьце, стаў на калены і выратаваў яго ад трудоў. Ён зрабіў яшчэ дзьве-тры спробы ўстроіцца самастойна, але кожны раз яго папераджалі, так што ён, нарэшце, павінен быў, уздыхнуўшы, памірыцца з начэпнаю паслужнасьцю, і толькі прамармытаў: „Чорт пабяры, як гэта яны яшчэ не бяруцца дыхаць за мяне!"

Апранены ў атопкі й раскошны халат, ён, нарэшце, лёг адпачыць, але ня мог заснуць, таму што галава яго была занадта поўнаю думак, і пакой вельмі поўны людзей. Ён ня мог пазбавіцца першых, яны не пакідалі яго; ён ня ведаў, як адпусьціць апошніх — яны таксама заставаліся на агульны жаль.

З выхадам Тома яго добрародныя наглядчыкі засталіся адны. Нейкі час яны, задумаўшыся, хадзілі то ўзад, то ўперад, ківаючы галовамі; нарэшце, лёрд Сэнт-Джон прамовіў:

— Шчыра кажучы, што ты думаеш:

— Шчыра, вось што... Жыцьцё караля падходзіць да канца і мой пляменьнік звар'яцеўшы, — вар'ятам ён сядзе на пасад і ў гэткім самым палажэньні застанецца на ім. Хай Бог крые Англію, яна будзе мець патрэбу ў абароне.

— Але, сапраўды, так і будзе. Ну, а ці няма ў цябе няпэўнасьці датычна...

Гаварыўшы замяўся і сьціх. Ён, відочна, разумеў, што закрануў нязвычайнае пытаньне. Лёрд Гэртфорд спыніўся перад ім, паглядзеў яму ў твар адкрыта і проста і сказаў:

— Гавары... Тут ніхто не пачуе, апрача мяне... Небясьпечнасьць датычна чаго?..

— Мне не хацелася-б казаць таго, што я думаю, тым болей, што ты, мілёрд, гэтак цесна зьвязаны з імі путамі сваяцтва. Але прашу выбачыць, калі гэта закране цябе. Ці ня дзіўна, што вар'яцтва ў гэткай меры зьмяніла яго абхаджэньне й манеры?.. Ня тое, каб яны пакінулі быць царственнымі, але яны розьняцца той, ці іншай драбязою ад ранейшых. Ці ня дзіўна, што вар'яцтва згладзіла з яго памяці навет рысы бацькавага твару, а таксама звычаі й цэрэмоніі, якіх павінны трымацца тыя, хто яго акружае. Ці ня дзіўна, што ён памятае лацінскую мову, а грэцкая і француская саўсім выляцелі з яго галавы? Не асудзі, мілёрд, але разрашы маю душу ад няпэўнасьці, і я буду табе ўдзячны. Мяне прасьледуе думка, што яго запэўненьне, быццам ён ня прынц, і іншае...

— Сьціхні, мілёрд, твае словы — дзяржаўнэя здрада. Ці ты запомніў каралеўскі загад? Ведай, што, толькі слухаючы твае словы, я раблюся сябрам праступленьня.

Сэнт-Джон зьбялеў і пасьпешна сказаў:

— Значыцца я ўпаў у грэх, прызнаюся. Ня выдай мяне, зрабі мне гэту ласку з літасьці твае, і я ніколі ня буду больш ні думэць, ні гаварыць аб гэтай рэчы. Ня будзь да мяне жорсткім, бо йначай — я загінуў.

— Годзі, мілёрд. Таму што ты дакляруеш ніколі больш не зьневажэць нічыйго вуха падобнымі падазрэньнямі, дык я запомню твае словы. Паўтараю, няма грунту мець няпэўнасьць. Ён сын мае сястры. Ці-ж яго голас, твар, фігура не знаёмы мне з самага маленства? Вар'яцтва магло выклікаць у ім тыя дзівоты і недарэчнасьці, якія ты зэўважыў, і навет большыя. Памятаеш, як стары барон Морлей, страціўшы розум, запомніў уласныя рысы твары, знаёмыя яму ў працягу шэсьцьдзесят гадоў, і не пазнаваў сябе, — мала

таго, цьвярдзіў, што ён сын Марыі Магдалены, што галава яго зроблена з гішпанскага шкла, і напраўду нікому не пазваляў дакрануцца да яе, баючыся, каб хто-нібудзь неспадзявана не разьбіў яе? Пражані сваю няпэўнасьць, добры мілёрд. Ён сапраўдны прынц, — я яго добра знаю, — і хутка будзе тваім каралём; ня шкодзіць табе памятаць гэта ды цьвярдзей трымаць у памяці.

Пасьля далейшае гутаркі, падчас якое лёрд Сэнт-Джон стараўся загладзіць сваю абмылку, як мог, не адзін раз заяўляючы, што цяпер яго вера аканчальна ўмацавалася, што ён ня можа нанова паддацца няпэўнасьці, лёрд Гэртфорд адпусьціў таварыша і застаўся адзін даглядаць прынца. Хутка ён пачаў задумвацца, і чым больш думаў, тым мацнейшаю рабілася яго неспакойнасьць. Пасьля пачаў хадзіць ды нешта няясна гаварыць.

— Не, ён найсапраўднейшы прынц. Ці-ж знойдзецца ўва ўсім краі чалавек, які даводзіў-бы, што два хпопчыкі неаднолькавага пахаджэньня могуць гэтак нязвычайна быць падобнымі адзін да аднаго, як быццам блізьнюкі. А калі-б і было так, дык яшчэ болей дзіўна і немагчыма, каб здарэньне кінула аднаго ў палажэньне другога. Не, гэта недарэчнасьць, глупства!

Пасьля ён казаў далей:

— Дапусьцім, што ён быў-бы самазванец і ўдаваў бы з сябе прынца, — тады справа натуральная і зразумелая. Алэ-ж ці жыў калі-нібудзь на сьвеце гэткі самазванец, які, будучы прызнаным прынцам і каралём, і дваром, і ўсімі, тым ня менш адкідаў-бы сваю дастойнасьць ды працівіўся пашане? Не. Прысягаю ўсімі сьвятымі, не! Гэта сапраўдны прынц, але толькі зьехаўшы з розуму.

Разьдзел VII. Першы царскі абед Тома.

А другой гадзіне пасьля паўдня Том пакорна трапіў у пытку апрананьня да абеду. Ён убачыў, што застаўся так жа сама хораша апраненым, як і раней, хаця ўсё на ім зьмянілі, пачынаючы з порткаў і канчаючы панчохамі. Сьледам за гэтым яго ўвялі з вялікай цэрэмоніяй у вялізную й раскошна ўбраную залю, дзе быў накрыты стол на адну пэрсону. Усе дамовыя прылады былі з масыўнага золата, з малюнкамі, якія рабілі яе ня меўшаю цаны, таму што належалі пэндзалю Бэнвэнуто. Пакой напалову быў поўны саноўных слугаў. Капэлян прачытаў малітву перад абедам. Том гатоў быў прыняцца за яду, — таму што прывык да заўсёднзга адчуваньня голаду, — але яго спыніў граф Бэрклей, які падвязаў яму ручнічок каля шыі, — высокая пасада падвязвньня ручнічка прынцу Уэльскаму была насьледнаю ў родзе гэтага вяльможы. Тут-жа стаяў краўчы, папярэджваўшы ўсе спробы Тома наліць сабе віна, і „каштавальнік", абавязаны, на трэбаваньне яго высокасьці прынца Уэльскага, каштаваць кожную падазронную патраву і, гэткім чынам, падпадаўшы пад небясьпеку атруціцца. У той час ён прысутнічаў толькі дзеля этыкету, і рэдка калі заклікаўся да спаўненьня свайго абавязку; але яшчэ некалькі пакаленьняў назад званьне „каштавальніка" зьвязана было з небясьпекаю для жыцьця і з пашанаю, якое ніхто ня шукаў. Дзіўна, чаму дзеля гэтае мэты ня ўжывалі сабакі, альбо хіміка; але ўсе прыдворныя звычаі дзіўныя з даўных давён. Мілёрд д'Арсі, першы камэрдынэр, таксама быў тут. Лёрд-мундшэнк стаяў за Томам ззаду, сочачы за ўрачыстаю цэрэмоніяй, якою распараджаліся лёрд-сэнэшаль і лёрд шэф-кухар. Япрача гэтых асобаў, у Тома было трыста восемдзесят чатыры лёкаі; ведама, што навет чацьвёртая часьць іх нё знаходзілася ў сталоўні, — ды Том і ня ведаў аб іхнім істнаваньні.

Усе прысутныя загадзя атрымалі загад памятаць, што прынц толькі часова не пры сваім розуме, і высьцерагацца выказваць зьдзіўленьне пры яго штуках. Гэтыя „штукі" не замарудзілі выявіцца; але яны выклікалі ў іх пачуцьцё гора і спачуваньня, а ня сьмех. Моцна балючай была для іх хвароба любага прынца,

Бедны Том еў пераважна пальцамі; але ніхто, здавалася, не ўсьмяхнуўся і нічым ня выказваў зьдзіўленьня. З цікавасьцю паглядзеў ён на свой ручнічок раскошнай, тонкай работы і прамовіў прастадушна:

— Калі ласка, забярэце яго, а то запэцкаю...

Насьледны стольнік забраў ручнічок з пашанлівым паклонам, не запярэчыўшы ні словам.

Том з цікавасьцю разглядаў бручку й салату, і спытаўся, ці можна іх есьць, — толькі з нядаўняга часу гэту агародніну пачалі разводзіць у Англіі, замест таго, каб прывозіць яе, як роскаш, з Голяндыі. На яго пытаньне адказалі сур'ёзна, не паказваючы зьдзіўленьня. Скончыўшы дэсэрт, ён набраў у кішані гарэхаў; ніхто, здавалася, не заўважыў гэтага і ня дзівіўся. Але ён сам адразу-ж зьбянтэжыўся й выказаў неспакойнасьць; у працягу ўсяго працэсу яды яму пазволілі самому ўласнымі рукамі браць толькі гарэхі, а ён пэўны быў, што дапусьціў самую няпрыстойную, праціўную каралеўскай дастойнасьці, штуку. У гэту мінуту ён пачуў, што сьвярбіць яму нос, і кончык гэтага органу скурчыла і крыху падняло. Сьвярбеньне гэтае не праходзіла, і Том пачаў выказваць моцны неспакой. Ён жаласна паглядзеў то на аднаго, то на другога лёрда; з вачэй у яго выступілі сьлёзы. Яны кінуліся да яго з жахам на твары, пытаючыся, што з ім. Том адказаў са шчырай бядою:

— Перапрашаю, нос у мяне сьвярбіць. Які звычай і парадак у выпадку гэткае крайнасьці? Калі ласка, кажэце хутчэй, не магу далей вытрываць.

Ніхто і брывом ня міргнуў: усе былі ў задуме і з глыбокай тугою пераглядаліся, як-бы пытаючыся вачыма рады адзін у аднаго. Але тут выйшла труднасьць — ува ўсёй ангельскай гісторыі ня было сказана, як ухіліць яе. Цэрэмонімайстра ня было; ніхто ня лічыў басьпечным пусьціцца ў цёмную краіну этыкету й рызыкнуць разрашыць важную проблему. Нажаль, насьледнага „часальніка носа" не істнавала. Сьлёзы выступілі ў Тома й пацяклі па твары. Нос, які сьвярбеў, вымагаў незабаўнае помачы. Нарэшце такі, прырода зламала ўсе перашкоды: Том у думках узьнёс малітву аб дараваньні, калі ён робіць нядобра, і зрабіў палягчэньне сэрцам прыдворных, пачасаўшы сабе нос.

У канцы абеду, адзін з лёрдаў паднёс яму шырокую, плоскую залатую чашу з пахнючаю рожавай вадою, каб спаласнуць рот ды памыць рукі, а насьледны стольнік трымаў для яго ручнічок. Мінуту, ці дзьве Том з зьдзіўленьнем пазіраў на чашу, — паднёс яе да губаў і важна глынуў крыху. Пасьля вярнуў лёрду.

— Не, не падабаецца мне, мілёрд, — сказаў ён, — пах добры, але моцы ніякай.

Гэта новая штука звар'яцелага прынца падліла горкасьці ў сэрцы прысутных.

Затым Том зрабіў яшчэ абмылку, падняўшыся з-за стала якраз тады, калі капэлян стаў ззаду яго і, падняўшы рукі й вырачыўшы ўгару вочы, рыхтаваўся да малітвы. Усё такі ніхто, здаецца, не заўважыў, што прынц выкінуў нешта нязвычайнае.

З прычыны просьбы нашага маленькага друга, яго правялі ўва ўласны кабінэт і пакінулі аднаго. Там на сьцяне з дубовых дошчак, на кручкох, вісела блішчастая сталёвая зброя, з харошымі упрыгажэньнямі з золата. Зброя гэтая належала да прынца — нядаўні падарунак каралевы. Том апрануў нажныя латы, латныя рукавіцы, шолам з пярынкаю, ды іншыя прылады, з якімі мог справіцца, і хацеў быў паклікаць каго-нібудзь памагчы яму дакончыць апрананьне, але спомніў пра гарэхі, якія прынёс з абеду, і падумаў, што ня шкодзіла-б іх зьесьці, ў адсутнасьці разявачнага натаўпу і насьледных чыноў, неадвязна прыставаўшых да яго з прапанаваньнем служыць яму. Дзеля гэтага ён павесіў прыгожую зброю на месца, і ўзяўся лушчыць гарэхі, чуючы сябе як-бы й шчасьлівым першы раз пасьля таго, як Бог, мусі быць, за грахі, зрабіў яго прынцам. Калі гарэхі скончыліся, ён выпадкова заўважыў у шафе некалькі цікавых кніжак, і паміж імі адну — аб этыкеце пры ангельскім двары. Гэта быў для яго сюрпрыз. Ён лёг на раскошную канапу і пачаў чытаць з вялікай заўзятасьцю. Але пакінем яго, пакуль што.

Разьдзел VIII. Пытаньне аб пячатцы.

Каля пятае гадзіны Гэнры VIII прачхнуўся ад цяжкага сну і прагурчаў: „Страшныя, трывожныя сны! Блізкі канец мой: гэтак гавораць гэтыя зьвястуны, і аслабеўшы пульс мой пацьвярджае прадчуцьцё". Раптам злосны агоньчык заблішчаў у яго вачох, і ён прамармытаў: „Усё такі, я не памру, пакуль ён ня будзе адпраўлены!"

Прыдворныя заўважылі, што ён прачхнуўся, і адзін з іх папрасіў загаду датычна лёрда-канцлера, чакаўшага за дзьвярыма.

— Прыняць яго, прыняць! — горача сказаў кароль.

Лёрд-канцлер увайшоў і, прыкленчыўшы на калена перад каралеўскім ложкам, сказаў:

— Я перадаў загад, згодна з воляй караля; пэры дзяржавы, сабраўшыся ў палаце і зацьвярдзіўшы прыгавар гэрцогу Норфольку, пакорна чакаюць далейшых загадаў яго вялікасьці па гэтай справе.

Твар караля зазьзяў злоснарадоснаю усьмешкаю.

— Крыху паднімеце мяне! — сказаў ён. — Я асабіста стану перад сваім парлямэнтам і ўласнаю рукою прылажу пячатку да прыгавару, што ратуе мяне ад...

Голас здрадзіў яго; мярцьвяцкая бель сагнала чырвань са шчокаў. Прыдворныя паклалі яго на падушкі і пасьпешна далі яму ўзмацняўшае лякарства.

Апрытомнеўшы, ён прамовіў з сумам:

— Як чакаў я гэтае радаснае гадзіны! Нажаль, вельмі позна выбіла яна, і я пазбаўлены гэтак жаданага шчасьця. Але пасьпяшайцеся, пасьпяшайцеся! Няхай іншыя споўняць гэты жаданы абавязак, калі мне ў гэтым адмоўлена. Я перадам дзяржаўную пячатку камісіі. Выбяры лёрдаў, якія маглі-б увайсоці ў яе і прыступі адразу да спаўненьня даўгу. Пасьпяшы-ж! Раней, чымся сонца ўзайдзе і зайдзе яшчэ раз, прышлі мне галаву гэрцога — я асабіста хачу бачыць яе!

— Усё будзе зроблена, згодна загаду караля. Ласка будзе вашае вялікасьці прыказаць вярнуць мне пячатку, каб я мог прыступіць да справы.

— Пячатку? У каго-ж пячатка, як не ў цябе?

— Вашая вялікасьць мелі ласку ўзяць яе ў мяне два дні таму, кажучы, што яна будзе бязьдзейнаю да тае пары, пакуль вы ўласнаю царскаю рукою не змацуеце прыгавару гэрцогу Норфольку?

— Дзіўна, я й сапраўды казаў гэта... прыпамінаю. Дзіўна, ага...

Кароль мармытаў нешта незразумелае, нявыразнае, ад часу да часу слаба ківаючы сіваю галавою і яўна стараючыся прыпомніць, дзе ён падзеў пячатку.

Нарэшце, лёрд Гэртфорд, прыкленчыўшы, рашыўся сказаць:

— Гаспадар, адважуся далажыць, што шмат ,хто памятае, як вы мелі ласку перадаць пячатку ў рукі яго высокасьці прынца Уэльскага, каб хаваць яе да таго дня, калі...

— Праўда, але праўда! — перабіў кароль. — Вазьмі яе. Ідзі — час ляціць!...

Лёрд Гэртфорд пасьпяшыў да Тома, але хутка вярнуўся да караля, засмучаны і з парожнімі рукамі.

Цяжка мне, вашая валікасьць, перадаваць гэтак сумную й няпрыемную вестку; але, як відаць, на тое воля Божая, што хвароба прынца не праходзіць, — ён ня можа прыпомніць, што браў пячатку. Я хутчэй вярнуўся, з тым, каб заявіць, што было-б дарэмнаю тратаю дарагога часу шукаць яе ў амфілядзе пакояў і салёнаў палацу яго каралеўскае вы...

Стагната караля раптам перабіла яго. Крыху пачакаўшы, яго вялікасьць прамовіў з ценем глыбокага гора:

— Ня турбуйце болей беднага дзіцяці. Цяжкая рука Божая спусьцілася на яго; а маё сэрца ные ад любасьці да яго, і спачуваньня, і гора мне, што не магу зваліць яго ярма на свае старыя, абцяжаныя клопатамі, плечы і зрабіць яму палягчэньне.

Ён заплюшчыў вочы, нешта прашаптаў і сьціх. Пасьля нейкага часу ён расплюшчыў вочы, бессэнсоўна пачаў аглядацца навакола, пакуль пагляд яго ня спыніўся на ўкленчыўшым лёрдзе-канцлеры. Раптам твар яго пасінеў ад гневу.

— Як ты яшчэ тут! — закрычаў ён. — Прысягаю Богам, калі ты ня ўчыніш расправы з гэтым здраднікам, дык заплаціш галавою.

— Вашая вялікасьць, малю аб літасьці. Я чакаў пячаткі.

Ты звар'яцеў ці што? Малая пячатка, якую я раней меў звычай брзць з сабою ў дарогу, знаходзіцца ў маёй скарбонцы. Калі вялікая дзяржаўная пячатка, зьнікла, дык хіба-ж не даволі малое? З глузду ты зьехаў? Ідзі! I слухай: не зьяўляйся мне без яго галавы.

Бедны канцлер пасьпяшыў пакінуць гэтак небясьпечнае суседзтва; камісія таксама не замарудзіла выказаць каралеўскую згоду на рашэньне лісьлівага парлямэнту, і на чародны дзень назначана была казьнь першага пэра Англіі, няшчаснага гэрцога Норфольскага.

Разьдзел IX. Парад на рацэ.

А дзесятай гадзіне ўвечары вялізны надрэчны бок палацу зіхацеў агнямі. Уся рака ў бок Сіці, наколькі магло хапіць вока, была гэтак густа ўсеяна чайкамі й баркамі дзеля катаньня, паўквечванымі рознымі лятарнямі і ціха калыханымі хвалямі, што падобна была да яснае, бесканечнае квяцярні, крыху хістанае летнім ветрыкам. Вялікая тэраса каменных сходкаў, што спушчаліся да ракі, даволі прасторная на тое, каб зьмясьціць цэлую армію нямецкага князьства, прадстаўляла маляўнічы выгляд, дзякуючы радом каралеўскіх алебардаўцаў у блішчастай зброі й натаўпу хораша апраненых слугаў, снаваўшых узад і ўперад у завірусе рыхтаваньня да ўрачыстасьці.

Але вось пачулася каманда і на ступенях не засталося ніводнае жывое істоты. Цяпер у паветры навісла ціша чаканьня. На вялізарным прасторы можна было бачыць, як масы народу паднімаліся ў чайках, засланялі вочы ад сьляпіўшага сьвятла лятарняў і факелаў і глядзелі ў бок палацу.

Цэлы шых з сараку ці з пяцьдзесят харошых барак пад'ехаў да сходкаў. Яны былі багата пазалочаны, і іхнія высокія насавыя й бакавыя часьці былі ўквечаны мудраю разьбою. Некаторыя былі паўквечваны сьцягамі й вымпэлямі, некаторыя парчою й тканінамі з вышытымі гэрбамі; іншыя рабелі шаўковымі сьцягамі з масаю прышытых да іх сярэбраных звончыкаў, якія пры кожным павеве ветру заліваліся ціхім, радасным гукам; іншыя розьніліся яшчэ большымі выдумкамі, таму што належалі да вяльможаў з прынцавай сьвіты, і ўмацавалі на бакох шчыты, раскошна размалёваныя фамільнымі гэрбамі. Кожная каралеўская барка цягнулася веславою шлюпкаю; апрача весьляроў у ёй былі ваякі з зіхацеўшымі шаломамі й панцырамі ды хор музыкаў.

Авангард чаканае працэсіі, складзены з аддзелу алебардаўцаў, зьявіўся каля галоўнае заставы. На іх былі порткі з палоскамі чорнага й чырвона-бурага колеру, машастовыя шапачкі, ўквечаныя з бакоў сярэбранымі рожамі, чырвоныя й сінія курткі, з вышытымі золатам на грудзёх і на плячох трома пярынкамі — гэрбам насьледнага прынца. Дрэўкі алебардаў былі абшыты малінавым машастам, прымацованыя залатымі штыфцікамі, і ўвешаны кутасамі. Прадэфіляваўшы направа й налева, яны ўтварылі дзьве доўгія шарэнгі, што цягнуліся ад брамы палацу да берагу ракі. Паміж імі быў разасланы слугамі ў парчовай адзежы таўсты пярэсты дыван. Пасьля гэтага з палацу пачуліся гукі трубаў. Музыкі ў чайках зайгралі вясёлую прэлюдыю; два гофмайстры з белымі булавамі выступілі з галоўнага ўваходу мернаю й вялічаваю хадою. За імі йшоў вурэднік з гарадзкім жэзлам і пасьля другі з мечам; пасьля некалькі сержантаў гарадзкое варты ў параднай форме, з значкамі на рукавох; прэзэс капітулу ордэну Падвязкі ў мантыі; далей рыцары ордэну Бані, з белымі стужкамі на рукавох, і зброяносы; судзьдзі ў ясна-чырвоных мантыях і шапачках; пасьля лёрд вялікі канцлер Англіі ў пурпурнай адзежы, з выразам наперадзе, аблямованым вавёрчынай скуркаю; дэпутацыя гарадзкое управы ў адзежы чырвонага колеру; нарэшце, старшыні розных гарадзкіх арганізацыяў у ўстаноўленай форме. Вось зьявіліся на сходках дванаццаць французаў-джэнтльмэнаў у блішчастых камзолах з белае камчатнае матэрыі, затканае золатам, у кароткіх накідках з малінавага машасту, падбітых чырвонаю подбіўкай, і ў панчохах колеру цела. Яны складалі сьвіту францускага амбасадара. За імі йшлі дванаццаць кавалераў сьвіты гішпанскага амбасадара, апраненых у чорны машаст бяз ніякіх упрыгажэньняў. Працэсію замыкалі некалькі ангельскіх вяльможаў са сваімі слугамі.

Ізноў пачуліся гукі трубаў, і прынцаў дзядзька, будучы вялікі гэрцог Сомэрсэцкі, паказўся каля ўваходу, апранены ў чорны камзол, затканы золатам, з атласнаю мантыяй малінавага колеру, з вышытымі залатымі краскамі і сярэбранай сеткаю. Ён адвярнуўся, зьняў капялюш з пярынкаю, нізка пакланіўся і пачаў сходзіць задам, кланяючыся на кожнай ступеньцы. Пачуўся доўгі гук трубаў і воклік: „Дарогу вялікаму, магутнаму лёрду Адварду, прынцу Уэльскаму!". Высока, на сьценах палацу, з пяруністым громам, выскачыў доўгі рад агнявых языкоў. Масы народу, што быў на рацэ, адгукнуліся магутным крыкам прывітаньня, і Том Канці, віноўнік і гэрой урачыстасьці, паказаўся перад народам, горда ківаючы галавою ў адказ на воклікі.

Ён быў раскошна апранены ў камзол з белага атласу з грудною ўстаўкаю з пурпурнае парчы, ўсеянай брылянтамі і аблямованай гарнастаем. Зьверху на ім была накідка з белае парчы, на блакітнай атласнай подбіўцы, з узорам накшталт шоламу з пёрамі, упрыгожаная жомчугам і дарагімі каменьнямі і прышпіленая брылянтаваю спражкаю. На шыі ў яго вісеў ордэн Падвязкі й некалькі харошых загранічных ордэнаў, і калі сьвятло падала на яго, дык самацьветныя каменьні зіхацелі сьляпіўшым блескам. О, Том Канці, народжаны ў хацінцы, вырасшы ў лёнданскіх канавах, прывыкшы да рызьзя, гразі і жабрацтва, якое гэта было цудоўнае зьявішча!

Разьдзел X. Прынц у цянётах.

Мы пакінулі Джона Канці, калі ён пацягнуў законнага прынца ў Офаль-Корт, праводжаны неспакойным разбэшчаным натаўпам. Толькі адзін чалавек прыкінуў слоўца на карысьць хлопчыка, але на яго не зьвярнулі ўвагі, — наўрад ці чулі яго — гэткі гвалт падняўся. Прынц далей вырываўся й шалеў з прычыны благога абходжаньня з ім. Джон Канці выйшаў з цярплівасьці і замахнуўся быў дубінкаю над яго галавою. Адзіны абаронца хлопчыка кінуўся, каб стрымаць нягодніка, і ўдар дастаўся яму ў кісьць рукі.

— Ты будзеш мяшацца, — зароў Канці, — будзеш? Дык вось табе!

Дубінка яго з трэскам трахнула заступніка па галаве. Разьляглося стагнаньне, цёмная фігура звалілася на зямлю, да ног натаўпу, і праз мінуту

ўжо адна ляжала ў цемнаце. Чэрнь пасьпяшыла разыйсьціся, але апошняе здарэньне, відочна, ані не засмуціла яе настрою.

Прынц апынуўся там, дзе жыў Джон Канці, і дзьверы зачыніліся за ім. Пры цьмяным сьвятле лаявое сьвечкі, ўваткнутай у бутэльку, ён у агульнах рысах разглядзеў гадкі катух, а таксама жыхароў яго. Дзьве замурзаныя, нячэсаныя дзеўчыны й жанчына сярэдняга веку сядзелі на карачках у адным куце, з выглядам жывёлін, прывыкшых да благога абходжаньня і кожную мінуту боязна чакаўшых штурханцоў.

З другога кута вылезла сухарлявая, скурчаная ведзьма, з лахмацістымі сівымі валасамі і злымі вачыма. Джон Канці зьвярнуўся да яе:

— Пачакай-жа! Вось, дык камэдыя! Не чапай яго, пакуль не наглядзішся колькі трэба, а ўжо пасьля прыкладзі руку ды як найлепей... Хадзі сюды, галубок. А ну, паўтары свае байкі, калі не запомніў. А як там завуць цябе? А хто ты?

Ад крыўды прынцаў твар зарумянеў; кінуўшы сьмелы, злосны пагляд на свайго ліхадзея, ён прамовіў:

— Ня прыстала гэткім, як ты, прыказваць мне. I цяпер скажу табе, як казаў раней: я Адварды, прынц Уэльскі, і ня хто іншы.

Гэты адказ аглушыў ведзьму, як-бы прыбіў яе да падлогі, — у яе проста аж дух захапіла. Яна ўважліва глядзела на прынца з тупым зьдзіўленьнем, якое гэтак цешыла яе нягодніка-сына, што ён аж зайшоўся ад сьмеху.

Ня гэтак адбіліся словы прынца на матцы й сёстрах. У іх страх перад пабоямі ўступіў месца небясьпецы іншага гатунку. Яны кінуліся да хлопчыка з выразам гора й жаху на тварах, з воклікамі:

— О, бедны Том, бедненькі хлопчык!

Маці ўпала на калены перад прынцам, паклала яму рукі на плечы і ўтаропілася ў тварык сумнымі, поўнымі сьлёз, вачыма.

О, маё беднае дзіця! Твае дурныя кніжкі зрабілі, нарэшце, сваё ліха — пазбавілі цябе розуму. Ах, нашто так цягнула цябе да іх, а я-ж гэтак асьцерагала цябе! Разьбіў ты сэрца маці свае.

Прынц паглядзеў ёй у твар і спакойна сказаў:

— Сын твой здароў і не пазбавіўся розуму, добрая жанчына. Уцешся, пусьці мяне ў палац, дзе ён цяпер знаходзіцца, і кароль, бацька мой, незабаўна верне яго табе.

— Кароль — бацька твой! О, маё дзіцятка! Не кажы гэткіх словаў. Сьмерцяй пагражаюць яны табе й пагібельлю ўсім тваім блізкім. Пражані гэтыя страшныя мары. Прыкліч сваю бедную, зблудзіўшую памяць. Паглядзі на мяне. Хіба-ж ня я маці твая, што спарадзіла цябе і любіць цябе?

Прынц памахаў галавою й неахвотна адказаў:

— Аднаму Богу вядома, што я не хачу крыўды табе, а кажу праўду: ніколі яшчэ дасюль ня бачыў я твайго твару.

Жанчына ізноў апусьцілася на падлогу і, затуліўшы твар рукамі, дала волю душу разьдзіраўшым прычытваньням.

— Цягні далей камэдыю! — крыкнуў Канці. — Ну, Нан і Бэт, непашанлівыя дзеўкі, як сьмееце вы стаяць у прысутнасьці прынца! На калены, жабрачкі, чэрві грамадзянства, і пакланецеся яму ў ногі.

Затым ён ізноў гучна зарагатаў. Дзеўчыны баязьліва пачалі прасіць за брата:

— Бацька, пусьці яго спаць; адпачынак і сон узмоцніць яго розум, — калі ласка, пусьці.

— Пусьці, — сказала Бэтты, — ён сягоньня болей, як калі, змучаны. Заўтра ён апамятаецца, заўзята возьмецца прасіць міласьціны, і ўжо ня вернецца дамоў з парожнімі рукамі.

Гэтая ўвага працьвярозіла бацьку, быўшага пад чаркаю, і прыпомніла яму аб няпрыемнай акалічнасьці. Ён злосна зьвярнуўся да прынца:

— Заўтра мы павінны заплаціць два пэньні гаспадару гэтае буды, два пэньні — заўваж сабе, за паўгода, а то нам прыдзецца выляцець адсюль. Пакажы-ж, што ты сабраў, гультаю!

— Не зьневажай мяне сваімі нізкімі інтарэсамі, — сказаў прынц. — Паўтараю табе, я каралеўскі сын.

Разьлёгся звонкі ўдар шырокае далоні Канці. трапіўшы ў плячо прынцу; апошні хістануўся і ўпаў на рукі жонкі п'яніцы, прытуліўшай яго да грудзей і абараніўшай сваім целам ад граду штурханцоў і аплявухаў. Спалоханыя дзеўчынкі скуліліся ў куточку; а бабка старанліва выступіла на падмогу сыну. Прынц вырваўся з рук місіс Канці і гучна сказаў:

— Ты не павінна пакутаваць за мяне, добрая жанчына! Хай гэтыя сьвіньні робяць са мною, што хочуць.

Гэтыя словы да таго разьюшылі „сьвіней", што яны, не марнуючы часу, узяліся за справу. I праўда, яны, як мае быць, адластажылі хлопчыка, а дзеўчынкам і маці таксама ўляцела за выраз спачуваньня ахвяры.

— Цяпер, — сказаў Канці, — пайшлі ўсе спаць. Змарыўся я ад гэтай пацехі.

Агонь пагас, і ўсе разыйшліся па сваіх месцах. Калі храпеньне галавы дому й яго маці пацьвярдзіла, што яны сьпяць, дзеўчынкі крыючыся падпаўзьлі да прынца і далікатна прыкрылі яго ад холаду саломай і лахманамі. Маці іхняя таксама падпаўзла да яго, пагладзіла яго па галаве

й залілася над ім сьлязьмі, перарывіста шэпчучы яму паціху словы ўцехі і спачуваньня. Яна прыхавала для яго скарыначку хлеба; але боль пазбавіў хлопчыка ўсялякага апэтыту, — па крайняй меры, да бяссмачных скарынак. Прынц быў крануты яе адважнаю, самаахвярнаю абаронаю і яе спачуваньнем; ён падзякаваў ёй поўнымі дастойнасьці царственымі словамі і папрасіў, каб яна ішла спаць і запомніла аб сваім горы. Хлопчык дадаў, што кароль, бацька яго, не пакіне без падзякі яе шчырае дабраты і адданасьці. Гэтая азнака „ненармальнасьці" ізноў засмуціла яе; яна ўсё прытуляла прынца да грудзей, і, нарэшце, пакінула яго, заліваючыся сьлязьмі.

У той час, як яна ляжала, патануўшая ў цяжкім думах, у душу яе пачало залазіць падазрэньне, што, як ні як, у хлопчыку відно тое, чаго ня было ў Тома. Яна не магла азначыць гэтай асаблівасьці, ня ўмела выказаць у чым яна крылася, але яе чулае матчынае пачуцьцё, як відаць, выкрыла, заўважыла розьніцу. А што, калі хлопчык і сапраўды не яе сын? О, якая недарэчнасьць! Яна блізу што ўсьмяхнулася пры гэтай думцы, ня гледзячы на сваё гора й пакуту. Ўсё-ж такі, падазрэньне не давала ёй спакою, неадступна прасьледавала, мучыла, і яна ня мела сілы прагнаць яго. Яна нарэшце пераканалася, што не супакоіцца датуль, пакуль ня прыдумае пробы, якая напэўна й ясна паказала-б, яе сын гэты хлопчык, ці не, і прагнала-б яе прыкрую дакучлівую няпэўнасьць. О, так, гэта, відочна, быў адзіны выхад з труднага палажэньня; заставалася прыдумаць пробу. Але прыдумаць было лягчэй, як выканаць. Яна перабірала ў галаве адзін спосаб за другім, але павінна была адмовіцца ад усіх, — ніводзін з іх, як мае быць, ня пэўны, ня зусім верны, а няспрытная проба не магла здаволіць яе. Відочна, яна дарэмна ламала галаву — трэба было адмовіцца

ад гэткае штукі. Тымчасам, як у галаве ў яе раілася гэта давіўшая думка, да слыху яе даляцела правільнае дыханьне хлопчыка, і яна пераканалася, што ён заснуў. Калі яна пачала прыслухвацца, дык роўнае дыханьне раптам было перарвана крыкам перапуду, як часта бывае ў трывожным сьне. Гэта выпадковая акалічнасьць неспадзявана нагнала ёй плян, стоіўшы ўсіх ранейшых, разам узятых. Яна адразу пачала пасьпешна, але паціху запальваць сьвечку, мармычучы напамяць:

— Толькі каб паглядзець мне на яго тады — дык зараз-жа пазнаю! З таго самага часу, як ён быў яшчэ маленечкім хлопчыкам, і порах бухнуў яму ў твар, толькі, бывала, што нібудзь раптам спалохае яго, ян ён сьпіць або задумаецца, як ён адразу заслоніць вочы рукою, так, як у той нешчасьлівы дзень, — ды ня так, як усе людзі — далоняю да твару, а заўсёды далоняй ад сябе. Сто разоў заўважвала я гэта, і ніколі не абходзілася бяз гэткага руху, і ніколі ён не зьмяняўся... А, ўжо-ж цяпер я пазнаю!"

Тымчасам яна падпаўзла да драмаўшага хлопчыка, са сьвечкаю, затуленай рукою. Яна пытліва й асьцярожна схілілася над ім, ледзь дыхаючы, падаўляючы неспакойнасьць, і раптоўна падняла сьвечку да яго твару і стукнула аб падлогу суставамі пальцаў, каля самага вуха у хлопчыка. Вочы спаўшага шырока расплюшчыліся, ён палахліва азірнуўся наўкола, але не зрабіў вядомага, характарнага руху рукою.

Бедная жанчына слаба апусьцілася, ахопленая зьдзіўленьнем і горам; але яна змагла ўтаіць сваю неспакойнасьць ды зноў улюляць хлопчыка. Пасьля яна адпаўзла на сваё месца, і аддалася горкім думкам, з прычыны няўдачнага рэзультату пробы. Яна хацела верыць, што вар'яцтва Тома прагнала прывычны жэст, але не магла:

— Не, — сказала яна, — то-ж рукі яго не звар'яцелыя; яны не маглі адвыкнуць ад старога налогу за гэткі кароткі час. Ой, цяжкі дзень выпаў сягоньня на маю долю!

Усё такі, надзея цяпер запала ў яе душу гэтак сама глыбока, як раней няпэўнасьць; яна не магла згадзіцца з прыгаварам, які вынесены быў ёй пробаю. Яна яшчэ раз павінна зрабіць досьлед — няўдача магла быць справаю выпадку. Гэткім чынам, яна будзіла хлопчыка другі і трэці раз, а рэзультат быў той самы, што і першы раз. Тады яна дапаўзла да пасьцелі і, ахопленая горам, заснула.

— Не, я не магу пакінуць яго, — мармытала яна перад тым, — не, не магу... Ён павінен быць маім сынам.

Пасьля таго, як бедная маці пакінула трывожыць прынца і боль ня так непакоіў яго, крайняя змога стуліла яму вочы, і ён папаў у глыбокі, асьвяжальны сон. Праходзіла гадзіна за гадзінай, а ён ўсё спаў, як забіты. Прайшло чатыры ці пяць гадзін, соннасьць пачала слабець. Раптам праз сон хлопчык прамармытаў:

— Сэр Уільям!

Мінуту пачакаўшы:

— Сюды, сэр Уільям Гэрбэрт! Хутчэй сюды, паслухай, які дзіўны сон прысьніўся мне. Сэр Уільям, чуеш? Я бачыў цябе праз сон жабраком і... Сюды варта! Сэр Уільям! Што гэта? Нікога з камэр-лекаёў няма? Ой, дастанеце вы!...

— Што з табою? — пачуўся каля яго шэпт. — Каго ты клічаш?

— Сэра Уільяма Гэрбэрта? А ты хто?

— Я? Хто-ж, як не сястра твая, Наньні? Ах, Том, я й запомніла! Небарака, то-ж ты ўсё яшчэ не пры сваім розуме. Лепей, каб я памёрла й ня ведала гэтага. Ну, калі ласка, сьціхні, а то ўсіх нас заб'юць да сымерці.

Спалоханы прынц падскочыў быў, устаўшы на ногі, але востры боль ад нялюдзкіх пабояў, што дасталіся яму напярэдадні, прывёў яго да памяці; ён ізноў кінуўся, стогнучы, на гнілую салому, сказаўшы:

— Так, так! Дык гэта ня быў сон!

У момэнт цяжкае гора й пакута, прагнаныя сном, ізноў вярнуліся да яго; яму лёгка было пераканацца, што ён ужо болей ня прынц, лашчаны ў каралеўскім палацы, ня прынц, на якім пакояцца поўныя абажаньня вочы ўсяго народу, а жабрак, аб'едак грамадзянства, апранены ў рызьзё, што знаходзіцца сярод жабракоў і зладзеяў у гэткай нарэ, што толькі скаціне хіба жыць у ёй.

Сярод свайго цяжкага настрою, ён раптам пачуў вясёлы гоман і крыкі, што былі, як відаць, за некалькі шагоў. Мінюту пачакаўшы, пачуўся моцны стукат у дзьверы. Джон Канці пакінуў храпсьці і спытаўся:

— Хто стукае? Чаго табе трэба?

Невядомы голас адказваў:

— Ведаеш, каго ты ўчора палажыў дубінкаю?

— Не. Ня ведаю, і ведаць не хачу.

— Пэўна, што ня тое ты запяеш зараз. Калі хочаш выратаваць сваю галаву, дык уцякай; толькі гэта й паможа табе. Чалавек гэты аддае цяпер Богу душу. Гэта сьвяшчэньнік, айцец Андр'ю!

— Госпадзі памілуй! — гукнуў Канці.

Ён збудзіў усіх сваіх і сіплівым голасам прыказаў:

— Уставайце ўсе і ўцякайце — або заставайцеся тут і прападайце!

Цераз пяць мінут сям'я Канці была ўжо на вуліцы, ратуючыся ўцяканьнем. Джон Канці трымаў прынца за руку і цягнуў яго цёмным завулкам, перасьцерагаючы паўголасна:

— Трымай язык за зубамі, вар'яце, і не выдавай нашага імя. Я зараз-жа выбяру сабе іншае прозьвішча, каб зьбіць з толку шпікоў. Прытрымай язык, кажу табе!

Зьвяртаючыся да рэшты сяброў сям'і, ён злосна прагурчаў:

— Калі здарыцца, што хто-нібудзь застанецца, дык хай ідзе да Лёнданскага мосту; як толькі апыніцца там каля апошняе плацянковае крамкі, хай пачакае ўсіх. Затым мы махнём у Саузсуорк.

У гэтую мінуту ўцекачы раптоўна трапілі з цемры ў ясна асьветленае месца ды яшчэ ў натаўп народу, які, сабраўшыся на беразе ракі, пяяў, скакаў і выгукваў радасныя крыкі. За вадою і проці вады па Тэмзе, наколькі хапала вока, цягнулася стуж а пацешных агнёў; Лёнданскі мост быў ілюмінованы, Саузсуорскі мост таксама. Уся рака зіхацела яснымі каляровымі агнямі, а бесьперастанныя букеты фэйервэркаў асьвятлялі неба сеткай агнявых палосак і густым дажджом іскраў, блізу што робячы з ночы дзень. Усюды відаць было натаўпы гуляўшых — здавалася, што ўвесь Лёндан сабраўся тутака.

Джон Канці загрымеў страшэннай лайбаю і скамандаваў адступленьне; але было вельмі позна. Ён і сям'я яго падхоплены былі густым натаўпам і ў міг адарваны адзін ад аднаго, за выняткам прынца, якога Канці моцна трымаў у сваіх лапах. Цяпер прынцава сэрца моцна застукацела надзеяй на ратунак. Нейкі здаравенны рыбак, быўшы, як трэба, пад чаркаю, прычапіўся да Канці за тое, што той, прабуючы пралезьць праз натаўп, груба штурхануў яго; паклаўшы сваю руку на плячо Канці, ён сказаў:

— Слухай, куды ты гэтак сьпяшаешся, дружа? Чаго губіш душу сваімі справамі, калі ўвесь добры народ спраўляе сьвята,

— Мае справы мне і ведаць, цябе не датычаць, — адкаэаў Канці. — Вазьмі руку і дай прайсьці,

— А, калі ты так, дык не прапушчу цябе, кажу, пакуль ня вып'еш за здароўе прынца Уэльскага, — сказаў рыбак, рашуча заступаючы дарогу.

— Ну, давай сюды браціну, ды жывей, жывей!

Тымчасам іншыя баляваўшыя зацікавіліся гэтаю сцэнкаю.

— Браціну, браціну сюды, хай п'е галцяй, а не, дык мы кінем яго на страву рыбе.

Падалі вялікую браціну. Рыбак, схапіўшы яе за адно вушка і робячы выгляд, што другою рукою трымае ручнік, паднёс судзіну, па форме, згодна з даўнейшым звычаем, Канці, які павінен быў узяць за другое вушка і ў той-жа самы час падняць накрыўку — таксама паводлуг даўнейшага звычаю. Цераз гэта прынц на момэнт звольніўся. Не марнуючы часу, ён даў нурца ў натаўп і зьнік. Мінуту пачакаўшы, яго гэтак-жа цяжка было знайсьці ў гэтым хваляваўшым моры галоваў, як монэту ў вадзе Атлянтычнага акіяну.

Хлопчык борзда скеміў гэта і адразу заняўся сваім палажэньнем, саўсім запомніўшы аб Джоне Канці. Хутка ён даведаўся аб цікавай навіне: што сьвяты зроблены ў чэсьць нейкага самазваннага прынца Уэльскага. Ён падумаў, што бедны хлопчык Том Канці сумысьля скарыстаў з надта мілага здарэньня і выдае сябе за прынца.

Дзеля гэтага, заставалася толькі адно — знайсьці дарогу ў Гільдголь, аб'явіцца і выдаць ашуканца. Разам з тым, ён рашыў, што Тома трэ' будзе пакінуць жывым на нейкі час, дзеля духоўнага настаўленьня, а затым ён будзе павешаны і чацьвяртованы, згодна з законам і ўстаноўленым звычаем пры замаху на захапленьне дзяржаўнае ўлады.

Разьдзел XI. У Гільдголі.

Каралеўская барка, праводжаная раскошнаю флётыліяй, вялічава плыла за вадою па Тэмзе паміж масы ілюмінованых чаек. У паветры разьлягалася музыка; берагі ракі зіхацелі агнямі; далёка места было ахоплена мягкім займішчам ад масы пацешных агнёў; шмат мачтаў, унізаных зіхацеўшымі лямпіёнамі, высока паднімаліся ў неба, здалёку паходзячы на вялізарныя пікі з інкрустацыяй з дарагіх каменьняў. Калі флётылія адплыла, дык яе вітаў нясьціхаўшы глухі гук натаўпу, што быў на берагох ракі, і бесьперастанны гром гарматаў.

Тому Канці, патануўшаму ў шаўковых падушках, гэтае гучнае зьявішча здавэлася рэдкім, неапісальным цудам. А дзеля маленькіх дружак, сядзеўшых побач з ім, — для прынцэсы Ажбеты і лэді Джэні Грэй, — усё гэта было звычайным зьявішчам.

Даехаўшы да Даўгэйту, флёт падцягнуўся да сьветлых водаў Уольбурку (канал якога вось ужо два сталецьці як зьнік пад масаю будынкаў), скіраваўся да Бёкльсбёры, праяждаючы каля дамоў і пад мастамі, укрытымі многалюднымі зборышчамі вясёлага народу й раскошна ілюмінованымі, і, нарэшце, спыніўся ў вадазборніку, дзе цяпер Бардж-ярд, у цэнтры старога лёнданскага Сіці. Вылезшы тутака, раскошная працэсія прайшла Чыпзайд, Ольд-Джуры, Бэсінголь-стрыт да Гільдголю.

Том і маленькія лэді, з устаноўленаю цэрэмоніяй, прыняты былі лёрд-мэрам і заправіламі сіці, у залатых ланцугох і пурпуровых формах; іх правялі да раскошнага балдахіну, зробленага ў вялікай залі, з гэрольдамі, гарадзкім жэзлам і мечам наперадзе. Лёрды і лэді, на абавязку якіх было прыслужваць Тому і яго маленькім дружкам, занялі месца ззаду за іхнімі крэсламі.

За другім сталом, крыху далей, сядзелі прыдворныя саноўнікі і важныя госьці разам з мясцовымі вяльможамі; розначынцы памясьціліся за масаю сталоў, запоўніўшых большую часьць залі. З высаты свае, волаты Гог і Магог, старадаўнія апякуны сіці, пазіралі на тое, што адбывалася ўнізе, вачыма, прывыкшымі да гэтага ў працягу масы пакаленьняў. Пачуўся трубны гук, і паважны дварэцкі зьявіўся на высокім пляцы левых дзьвярэй, праводжаны слугамі, нёсшымі, з важнаю ўрачыстасьцю вялізны, абняты параю, ростбіф.

Пасьля малітвы Том (згодна з настаўленьнем) устаў, і ўсе прысутныя зрабілі тое самае; ён надпіў з вялікае залатое браціны, перадаў яе прынцэсе Ажбеце, лэді Джэні, і затым яна абыйшла ўсё сабраньне. Гэтак пачаўся банкет.

Апоўначы баль быў у поўным разгары. Пачалося адно з тых маляўнічых прадстаўленьняў, якія гэтак любілі калісьці. Апісаньне яго дасюль засталося ў жывой перадачы сьведкі-летапісца:

„Пасьля таго, як ачысьцілі месца, увайшлі спачатку барон і граф, апраненыя ў турэцкія халаты з залатымі блішчасткамі; на галаве ў іх былі шапачкі з малінавага машасту з утканымі золатам башлыкамі; з боку, на доўгіх залатых перавязях, віселі шаблі. Пасьля ўвайшлі яшчэ барон і граф у доўгай вопратцы з жоўтага атласу, з малінавымі і белымі вышыўкамі ў расейскім духу, з шапкамі з барсуковых скурак; абутыя яны былі ў боты з задранымі ўгару доўгімі насамі; кожны з іх трымаў у руцэ сякеру. Пасьля іх зьявіўся рыцар, лёрд-адмірал і з ім пяцёх вяльможаў у камзолах з малінавага машасту, з глыбокімі выразамі сьпераду і ззаду, сьцягненымі на грудзёх сярэбранымі ланцугамі; зьверху на гэтым кароткія накідкі з малінавага атласу, а на галовах былі шапачкі, як у танцораў, з фазановымі пёрамі, — былі яны апранены паводлуг прускае моды. Сьвячуры, якіх было каля сту чалавек, насілі во-пратку з малінавага атласу з зялёным, як у маўраў, і начарнілі сабе твары. Пасьля ішлі мімы, за імі замаскованыя мэнэстрэлі, — усе скакалі. Лёрды і лэді таксама скакалі з гэткім жарам, што люба было паглядзець".

У той час, як Том, са свайго высокага крэсла, глядзеў на гэтыя „шалёныя" скокі, не перастаючы дзівіцца з нявымоўнае рознаколернасьці багата апраненых фігураў, што віхрам круціліся перад ім, — абадраны, але сапраўдны прынц Уэльскі трэбаваў узнаўленьня сваіх правоў, ганіў самазванца і дамагаўся, каб яго дапусьцілі ў пакоі Гільдголю. Натаўп нямала пацяшаў гэты выпадак, — некаторыя стараліся праціснуцца наперад, выцягвалі шыі, каб паглядзець на маленькага мяцежніка. Іншыя пачалі жартаваць і сьмяяцца з яго, з мэтаю раздразьніць яго і выклікаць яшчэ большае шаленства, якое здавалася ім забаўным. Горкія сьлезы выступілі ў хлопчыка на вачох, але ён бараніў свае правы і зусім пацарску адбіваў напады натаўпу. Пайшлі новыя зьдзекі й насьмешкі, зачапіўшыя яго, і ён гукнуў:

— Кажу вам ізноў, стада паскудных сабак, што я прынц Уэльскі! Хай пакінены й адзінокі я цяпер і няма ад каго чакаць мне добрага слова або падмогі ў бядзе, усё-ж такі не адступлюся я ад свае заявы, а наадварот, буду ўпарта падтрымліваць яе.

— Прынц ты, ці не, ўсё роўна, але ты слаўны хлопчык, і не адзінокі ўжо, — я з табою. Я дакажу, што лепшага прыяцеля, як Майльс Гэндон, не знайсьці табе. Сьціхні, дзіця; я пасвойму пагавару з гэтымі подлымі пацукамі.

Гаварыўшы гэта па вопратцы й выгляду напамінаў дона Сэзара дэ-Базана. Гэта быў высокі, хораша зложаны, мускулісты мужчына. Яго куртка й шаравары былі з дарагога матар'ялу, але паліняўшыя й паношаныя, а залацістыя кружавы на іх моцна пацьмянелі, брыжы былі памятымі й папсованымі; пяро на капялюшы, зломанае і запэцканае, мела даволі няпрынадны выгляд; на поясе вісела доўгая шпага ў заіржавелай жалезнай похве. Жывая постаць адразу выказвала ў ім забіяку.

Адказам на словы таямнічага незнаёмца быў дружны рогат. Хтосьці крыкнуў: „Вось яшчэ пераапранены прынц!". „Прытрымай, браце, язык, ён, чаго добрага, злы!" „Далібог, ён падобны на тое — паглядзеце, вочы-ж якія!" „Адбірай у яго хлапчыну — ў ваду цягні шчанюка!"

Неспадзявана, падагнаны гэтаю думкаю, хтосьці схапіў хлопчыка; гэтак-жа неспадзявана выцягнуў шпагу незнаёмец, і, ўдараны ёю плоскім бокам, нягоднік упаў на зямлю. Сьледам за гэтым пачуліся галасы: „Бі сабаку! Бі яго, бі!" — і натаўп пачаў напіраць на ваяку; той упёрся плячыма ў сьцену і, як шалёны, пачаў касіць сваёю зброяю. Яго ахвяры падалі ў розныя бакі, але натаўп лез на паваленых і кідаўся на ваяку з неаслабнаю злосьцю. Здавалася, што мінуты яго падлічаны, ня мінуць яму пагібелі, як раптам пачуўся гук трубы і воклік: „Дарогу каралеўскаму пасланцу!" Аддзел коньнікаў наляцеў на натаўп, які разьбегся ад небясьпекі, і з усей сілы пусьціўся хто куды. Адважны ваяка падхапіў прынца і хутка быў далёка ад натаўпу, вонках усялякае небясьпекі.

Але вернемся ў Гільдголь. Сярод гучнае ўрачыстасьці і балю, раптам моцна затрубіў рог. Запанавала няжывая ціша. Тады пачуўся голас прыдворнага пасланца, голасна чытаўшага праклямацыю, якую ўсе слухалі стоячы.

Канчальныя словы яе, урачыста сказаныя, былі гэткімі:

— Кароль сканаў!

Усе, хто быў на сабраньні, як адзін чалавек, адразу схілілі галовы і, сярод глыбокае цішыні, заставаліся ў гэткім палажэньні некалькі мінут; затым усе сталі на калены, выцягваючы рукі да Тома, і разьлёгся магутны крык, здавалася, страсянуўшы будынак:

— Няхай жыве кароль!

Бедны Том зьдзіўленна паглядаў на гэта нязвычайнае зьявішча і, нарэшце, на мінуту задумаўшыся, спыніўся на гэтых стаяўшых на каленах прынцэсах і на гэрцогу Гэртфордзе. Тады ў яго неспадзявана бліснула думка. Ён шэпчучы зьвярнуўся да лёрда Гэртфорда:

— Адказвай мне праўдзіва, сумленна й чэсна! Калі-б я тут выдаў загад, права на які належыць толькі каралю, ці быў-бы споўнены гэткі загад і ніхто не пачаў бы працівіцца?

— Ніхто, уладару мой, ува ўсёй дзяржаве. У тваіх руках спачывае ўлада. Ты кароль Англіі — тваё слова — закон.

Том адказваў з вялікім ажыўленьнем, гучным і строгім голасам:

— Хай будзе адсюль каралеўскі закон — законам літасьцівым, а ня крывавым. Устань, пасьпяшы ў Тоўэр і аб'яві, што кароль адмяняе прыгавар сьмерці гэрцогу Норфольскаму.

Гэтыя словы хутка разыйшліся па ўсёй залі, і калі Гэртфорд выйшаў, пачуліся ізноў грамавыя крыкі;

— Канец крываваму царству. Хай жыве Адварды, кароль Англіі!

Разьдзел XII. Прынц і яго збавіцель.

Як толькі Майлс Гэндон і маленькі прынц вазваліліся з натаўпу, дык яны рознымі завулачкамі пусьціліся ў кірунку да ракі. Па дарозе ім не траплялася ніякіх перашкодаў да самага Лёнданскага мосту. Тут яны ізноў напаўзьлі на гурбу народу. Гэндон моцна трымаў за руку прынца — ўласна кажучы, караля. Жахоўная навіна ўжо разьляцелася ўсюды, і хлопчык чуў цяпер з тысячы вуснаў: „Кароль сканаў!" Пры гэтай вестцы кроў застыла ў жылах беднага сіроткі і па целе прабеглі дрыжыкі. Ён разумеў, якую панёс утрату, і вялікае было гора яго; строгі тыран, страшылішча ўсіх сваіх падданых, быў заўсёды гэтак ласкавы да яго. Сьлёзы выступілі ў яго на вачох і затуманілі ўсё перзд ім. Некалькі мінут ён лічыў сябе самым пакіненым, няшчасным і бяспрытульным з божых стварэньняў. Ды вось новыя крыкі далёкім пяруністым громам разьлягліся ўночы: „Няхай жыве кароль Адварды VI" — і вочы яго заблішчалі і ўвесь ён горда і радасна здрыгануўся. А! — падумаў ён, — як гэта вялізарна і дзіўна — я кароль!

Нашыя прыяцялі марудна праціскаліся праз натаўп, быўшы на мосьце. Гэта будова, прастаяўшая ўжо шэсьць сталецьцяў і ўвесь час быўшая гучнаю, многалюднаю вуліцаю, прадстаўляла цікавы абраз: па абодвых бакох, ад аднаго берагу да другога, цягнуліся густыя рады крамаў і крамак, з памяшканьнямі для гандлярскіх сем'яў угары. Мост сам па сабе быў нечым накшталт гораду; тут быў готэль, піўныя, пякарні, драбязговыя крамкі, харчавыя рынкі, мануфактурны вытвар і навет цэрква. Суседнія Лёндан і Саузсуорк, якія злучаў гэты мост, былі як-бы прадмесьцямі яго, і даволі благімі. Гэта была, так гаворачы, цесная корпорацыя — гарадок, меўшы толькі адну вуліцу даўжынёю ў адну пятую часьць мілі; насяленьне насіла вясковы характар, усе блізка зналі адзін аднаго, зналі бацькоў і ў дадатак усе абыватальскія справы і клопаты. Тут была свая арыстократыя — вядомыя старыя фаміліі мясьнікоў, булачнікаў і інш., займаўшыя старадаўнія кватэры ў працягу пяцёх ці шасьцёх сталецьцяў, знаўшыя гісторыю мосту ад пачатку да канца, а таксама ўсе дзіўныя легэнды аб ім; усе іхнія гутаркі, думкі, інтарэсы ня выходзілі за межы мосту, доўгага, роўнага, простага і вялізарнага мосту. Народ быў абмяжованы, цёмны і самаздаволены. Дзеці, прыходзіўшыя на сьвет на Лёнданскім мосьце, на ім-жа старэлі і паміралі, ніколі ня ступіўшы нагою за свэю ваколіцу. Гэткі народ, натуральна, мог думаць, што моцны й бесьперастанны натаўп, стаяўшы на іхняй вуліцы як дзень, так ноч, з глухім чалавечым гоманам, іржаньнем, мычаньнем, бляяньнем, грукатам і тупатам — што ўсё гэта адзіная на сьвеце вартая ўвагі рэч, а яны самі як-бы ўласьнікі яе. і гэтак было ў сапраўднасьці прынамсі, з вокнаў сваіх яны часта, цешыліся з працэсіяў, у якіх бываў кароль, ці які-нібудзь гэрой, і якія прыдавалі мосту часовы ўрачысты выгляд, — бо ня было іншага месца, дзе можна было-б з гэткаю выгадаю сачыць за дэфілядаю доўгіх і простых колённаў.

Людзі, што радзіліся й вырасьлі на мосьце, лічылі жыцьцё ў кожным іншым месцы несьцярпіма сумным і нямеўшым зьместу. Паміж іншым, расказваюць пра аднаго старыка, які пакінуў свой куток на семдзесят другім годзе жыцьця, з тым, каб адыйсьці на спакой у вёску. Але тут ён пазбавіўся сну, а толькі варочаўся й кідаўся па пасьцелі — гэткай цяжкаю, жахоўнаю і гнёўшаю здавалася яму ціша. Здорава змучыўшыся, ён уцёк у сваё ранейшае памешканьне, худы і страшны, як шкелет, ды йзноў пачаў мірна пацяшацца спакоем і прыемным сном, пад санлівую музыку булькатаўшае вады, сярод грукату, троскату й гоману Лёнданскага мосту.

У тыя часы, якія мы апісваем, мост даваў „наглядныя лекцыі" з ангёльскае гісторыі для дзетак — над яго брамаю часта тырчэлі на жалезных дзідах пасінеўшыя і загніўшыя галовы вядомых людзей. Але мы адхіляемся ад прадмету нашага апавяданьня.

Кватэра Гэндона была ў благенькім готэлі на мосьце. Калі ён са сваім маленькім прыяцелем падходзіў да дзьвярэй, пачуўся нечы адважны голас:

— Ну, нарэшце-ж, ты прыйшоў! Цяпер ужо не ўцячэш, будзь пэўным. Вось я табе ўсе косьці пераламаю, каб ты другім разам не прымушаў нас чакаць, — і Джон Канці выцягнуў быў руку, каб схапіць хлопчыка.

Майльс Гэндон выступіў наперад і сказаў:

— Ня вельмі так, дружа. Памойму дарэмна ты гэтак злуеш. Што табе гэты хлопчык?

— Ён сын мой — калі табе трэба лазіць у чужыя справы.

— Няпраўда! — горача крыкнуў маленькі кароль.

— Сьмела, маладзец, я табе веру, ўсё роўна ці здаровая твая галава, ці звар'яцелая. Бацька табе, ці не гэты нягоднік, а я не аддам цябе, каб пачаў біць ды крыўдзіць, як толькі што гразіў. Дык хочаш застацца са мною?

— Так, так, — я яго ня знаю, ён мне праціўны. Хутчэй памру, як пайду з ім.

— Значыцца, скончана і няма чаго больш талкаваць.

— Калі так, дык пабачым! — выгукнуў Джон Канці, кінуўшыся да хлопчыка, стаяўшага ззаду за Гэндонам, — я цябе сілаю...

— Калі ты, дрэнь, толькі зачэпіш яго, я насаджу цябе на клінок, як гусака на ражон, — прамовіў Гэндон, заступаючы дарогу і ўхапіўшыся за ручку шпагі. Канці адступіў. — Цяпер глядзі, — казаў далей Гэндон, — я ўзяў гэтага хлопчыка пад сваю апеку, калі натаўп гэткіх самых, як ты, нягоднікаў зьбіраўся пакрыўдзіць яго, а можа й забіць. Дык ці ня думаеш ужо, што я аддам яго куды-нібудзь у горшае месца. Ці бацька ты яму,

— праўды кажучы, думаецца мне, што гэта мана,

— ці не, але хуткая й пачэсная сьмерць куды лепей дзеля гэткага хлопчыка, як жыцьцё ў гэткае скаціны, як ты. Дык ідзі сваею дарогаю, ды найбарджэй, я ня люблю пустое гутаркі, дый ня вельмі-то й цярплівы ад прыроды.

Джон Канці адступіў, мармычучы пагрозы й лаянкі, і схаваўся недзе ў натаўпе. Гэндон падняўся ў свой пакой, на трэці паверх, і загадаў даць яму есьці. Гэта было ўбогае памешканьне, з мізэрным ложкам і абломкамі рэшты старых мэбляў, бедна асьветленае дзьвюма рудымі сьвечкамі. Маленькі кароль дацягнуўся да пасьцелі і зваліўся на яе, стомлены ад голаду і змогі. Добрую часьць дня й ночы ён прабыў на нагах, — было ўжо каля трэцяе гадзіны пасьля поўначы, — і нічога ў рот ня браў за ўвесь гэты час.

— Калі ласка, пакліч мяне, калі стол будзе накрыты, — і зараз-жа ўпаў у глыбокі сон.

Усьмешка сьлізганула па твары Гэндона, і ён прамовіў у думках:

— Бажуся; гэты маленькі жабрачок залез у чужую кватэру і заўладаў чужой пасьцеляй з гэткай бесцэрамоннасьцю, як калі-б яны былі яго ўласныя — ня пытаючыся, бяз ніякага пазваленьня.

У сваім вар'яцтве ён уявіў сябе прынцам Уэльскім, і стойка вытрымлівае сваю ролю. Бедная безабаронная істота, ён, напэўна звар'яцеў ад благога абхаджэньня з ім. Дык добра, я буду яго прыяцелем. Я выратаваў яго і гэта прыцягвае мяне да яго; дык сапраўды, я й палюбіў бойкага хлопца. Як паважна ён паглядаў на подлы натаўп, як быццам выклікаў яго! А цяпер, калі ён прагнаў пакуту й гора, які-ж у яго мілы, добры й ласкавы тварык. Я буду вучыць яго, вылечу; але, я буду яму старшым братам, пачну сьцерагчы й апекавацца ім, а хто адважыцца лаяць або пакрыўдзіць яго, таму не знасіць галавы, хоць там будзь, што будзе.

Ён схіліўся над спаўшым, і дабрадушна і ласкава гледзячы на яго, далікатненька паляскаў яго па шчацэ і пагладзіў па скудлачаных валасох сваею вялікаю, загарэлаю рукою. Лёгкія дрыготкі прабеглі па целе хлопчыка. Гэндон прамармытаў:

— Аднак-жа, да чаго гэта падобна — нельга пакідаць яго спаць ненакрытага; ён можа моцна прастудзіцца. Але як тут быць? Я збуджу яго, калі вазьму ды пакладу пад коўдру, а яму-ж трэба адпачыць.

Ён пачаў шукаць чаго-нібудзь замест коўдры, але, незнайшоўшы нічога, скінуў свой камзол і ахінуў ім хлопчыка, кажучы: — Я прывык да холаду і магу застацца менш апраненым, ня зьмерзну, — і ён пачаў хадзіць то ўзад, то ўперад па пакоі, каб крыху сагрэцца, і, як раней, гутарыў сам з сабою:

— У сваім хворым уяўленьні ён лічыць сябе прынцам Уэльскім... Дзіўна было-б, каб заставаўся прынц Уэльскі, калі той, што ім быў, цяпер зрабіўся каралём; але хворы розум стаіць на адным: не размысьліць, што цяпер ужо ён павінен быў-бы пакінуць званьне прынца і ўзлажыць на сябе каралеўскае... Калі бацька мой яшчэ жывы, — ў працягу сямёх гадоў, перажытых мною на чужыне, я ня меў ніякае весткі, — дык ён ахвотна прыме небараку й велікадушна прытуліць яго дзеля мяне; мой старэйшы брат, Артур, таксама не адмовіць мне ў гэтым; другі брат Гью... ды я яму галаву рассаджу, калі гэта хітрая і злая жывёліна захоча ўмяшацца... Але, туды мы скіруемся — і не марудзячы...

Увайшоў слуга з гарачай патраваю, паставіў яе на яловым століку, прыставіў крэслы й выйшаў, пакінуўшы гэткіх танных кватэрантаў самых прыслужваць сабе. Дзьверы стукнулі за ім і гэта збудзіла спаўшага хлопчыка; ён падняўся, сеў і радасна аглянуўся навокал; але зараз-жа гора адбілася на яго твары, і ён прамармытаў, глыбока ўздыхнуўшы: „Ах так, гэта быў толькі сон. Гора мне!" Пасьля ён заўважыў камзол, паглядзеў на Майльса Гэндона, і, зразумеўшы, якую ахвяру ён прынёс яму, ласкава сказаў:

— Ты добры да мяне, але, ты надта добры да мяне. Вазьмі, апрані яго — мне непатрэбны болей.

Пасьля таго ён устаў, падыйшоў да ўмывальніка, стаяўшага ў куце, і спыніўся, нечага чакаючы.

Цяпер мы слаўна пасёрбаем закусім — ўсё смачнае й гарачае. Напэўна, яда й сон ізноў зробяць з цябе чалазека.

Хлопчык не адказваў, а ўталопіў на нашага рыцара нярухомыя вочы, у якіх выказвалася сурёзнае зьдзіўленьне з дамешкай нецярплівасьці. Азадачны Гэндон спытаўся:

— Чаго табе яшчэ?

— Добры сэр, я хачу памыцца.

— О, усяго толькі? Ня пытайся пазваленьня ў Майльса Гэндона; рабі, што хочаш, ня стыдайся, як у сябе ў хаце.

Аднак-жа хлопчык і далей стаяў, ня рухаючыся; мала таго, ён раз ці два тупнуў ножкаю аб падлогу. Гэндон зусім зумеўся.

— Скажы, у чым справа? — спытаўся ён.

— Калі ласка, палі мне вады, ды не разважай.

Гэндон, стрымваючы сьмех і падумаўшы: — прысягаю ўсімі сьвятымі, гэта вельмі дзіўна! — борзда падыйшоў і споўніў загад шустрага хлапчука; ён спыніўся, як акамянелы, але яго апрытомніў загад: „Давай ручнік!" Узяўшы ручнік, вісеўшы блізу што пад носам у хлопчыка, ён падаў яго бяз ніякай гутаркі. Пасьля ён сам пачаў мыцца і, пакуль заняты быў гэтым, яго прыёмыш сеў за стол і нарыхтаваўся есьці. Гэндон пасьпяшыў скончыць мыцьцё, адсунуў другое крэсла і хацеў таксама сесьць, як раптам хлопчык крыкнуў са злосьцю:

— Ня сьмей! Ты хочаш сядзець у прысутнасьці караля!

Гэтае здарэньне аканчальна аглушыла Гэндона.

— Вот табе на! Вар'яцтва небаракі з ходам часу ўсё мацнее. Яно зьмянілася згодна з вялікім пераваротам, што адбыўся ў дзяржаве, і цяпер ён лічыць сябе каралём! Нічога не парадзіш, трэба прыладзіцца да яго дзівосаў, — сапраўды-ж, а то ён яшчэ прыкажа пасадзіць мяне ў Тоўэр.

I, здаволены сваім жартам, ён адсунуў крэсла ад стала, стаў за плячыма ў „караля" і пачаў прыслужваць яму самым акуратным спосабам, як толькі мог.

Калі кароль пад'еў, дык строгасьць яго каралеўскае дастойнасьці крыху памягчэла; пасьля задаваленьня апэтыту, у яго зьявілася жаданьне пагутарыць.

— Здаецца, цябе завуць Майльс Гэндон, калі толькі я добра чуў, — сказаў ён.

— Так, гаспадар! — адказаў Майльс. — Калі ўжо падрабляцца пад вар'яцтва хлопчыка, дык прыходзіцца называць яго „гаспадарам" і „вялікасьцяй", ня прыходзіцца спыняцца на поўдарозе, ні перад чым не павінен я адступаць дзеля пра вядзеньня свае ролі, а то згуляю яе блага ды сапсую добрую справу.

Пасьля другое шклянкі віна, кароль прамовіў:

— Я хачу ведаць, хто ты, — раскажы мне тваю гісторыю. Ты стройны і шляхетны ў абхаджэньні. Належыш ты да шляхты?

— Мы належым да нямудрае шляхты. Бацька мой баронэт — адзін з нядаўна залічаных у рыцары — сэр Рычард Гэндон з Гэндон-Голю, каля Монксгольму, у Кэнце.

— Гэтага імя не памятаю. Ну, расказвай далей.

— Няшмат тут расказваці, вашая вялікасьць, але можа быць, што гэта павесяліць вас з поўгадзіны, ня маючы іншае забавы. Бацька мой, сэр Рычард, вельмі багаты й па характары сваім вельмі шляхетны чалавек. Маці мая памёрла, калі я быў яшчэ маленечкім хлопчыкам. У мяне два браты: старэйшы, Артур, характарам увесь па бацьку, а малодшы Гью — з подлаю душачкай, лакомы, вераломны, злы, утойлівы — адным словам, гадзіна. Гэткі быў ён з дзіцячых гадоў, гэткі быў дзесяць гадоў назад, калі я апошні раз бачыў яго; у дзевятнаццаць гадоў ён выяўляў сабою поўнага нягодніка, — мне было тады дваццаць гадоў, а Артуру дваццаць два гады. Толькі нас і было ды яшчэ лэді Эдыф, мая кузына — шаснаццацьгадовая дзеўчына, харошая, мілая, добрая, дачка графа, апошняя ў родзе, насьледніца вялікае маемасьці і падходзіўшага да канца тытулу. Бацька мой быў яе апякуном. Я любіў яе, а яна мяне, але яшчэ з калыскі была яна заручана з Артурам, а сэр Рычард не пацярпеў бы, каб урачыстае абяцаньне ня было споўнена. Артур кахаў іншую дзеўчыну; ён угаварваў нас ня траціць адвагі і мець надзею, што з часам лёс паспрыяе нам. Гью цікаваў на багацьце лэді

Эдыф, хаця й цьвярдзіў, што кахае яе — але гэткі ўжо ён быў, што казаў адно, а думаў іншае. Аднак-жа хітрасьць яго разьбілася аб дзеўчыну; ён змог ашукаць толькі бацьку й нікога болей. Бацька любіў яго больш, як усіх нас, верыў яму, таму што ён быў малодшым, а таксама й таму, што іншыя ненавідзелі яго — аднаго гэтага адвеку даволі, каб здабыць гарачую любасьць у бацькоў; ён меў салодкаслоўны, лісьлівы язык, дзіўную здольнасьць маніць — якасьці, з якімі асабліва лёгка абдурыць сьляпое пачуцьцё. Я быў тады шалапутным юнакам, — магу сказаць яшчэ болей — вельмі шалапутным, хоць гэта ўсё й было нявіннага характару, таму што шкодзіла яно толькі мне, й нікому іншаму не рабіла а ні сораму, ні страты, у ім ня было нічога праступнага або нізкага, ці чаго-нібудзь гэткага, што не падходзіла-б да майго шляхетнага стану.

Аднак-жа, брат мой Гью патрапіў пахіліць на сваю карысьць гэтыя абмылкі; бачачы, што здароўе нашага брата Артура нямоцнае і спадзяючыся, што благі канец будзе выгадным для яго, калі ён ухіліць мяне з дарогі... але гэта доўгая гісторыя, мой добры гаспадару, дый няварта расказваць яе. Коратка, з таго часу брат мой пачаў раздуваць мае праступкі ў праступленьні і скончыў свае подлыя захады тым, што выкрыў у маіх пакоях шаўковую драбінку, ім-жа самым падкіненую, — і з гэтым доказам, а таксама фальшывым паказаньнем падкупленых слугаў ды іншых нягоднікаў, пераканаў бацьку, што я замерваўся ўкрасьці маю Эдыф і ажаніцца з ёю, проці яго волі.

„Тры гады выгнаньня з бацькаўскага дому і з Англіі, пэўна што, зробяць з яго салдата й чалавека, — сказаў бацька, — і навучаць яго розуму". У працягу свае доўгае кары я быў у шмат якіх бітвах на контынэнце, нямала вытрываў цяжкіх удараў, бяды і прыгодаў; але, падчас апошняга бою, я трапіў у палон і ўжо сем гадоў прайшло з тае пары, як мяне прытуліла чужаземная цямніца. Нарэшце, дзякуючы лоўкасьці й адвазе, я ізноў апынуўся на волі, і паляцеў проста сюды; я толькі што прыбыў з худым партаманэтам і ў старой вопратцы, ня маючы ніякіх ведамасьцяў аб тым, што сталася за гэтыя цяжкія сем гадоў з Гэндон-Голем і з яго жыхарамі. З пазваленьня вашага, сэр, вось уся мая сумная повесьць!

— Цябе бесцэрамонна скрыўдзілі, — сказаў маленечкі кароль, кінуўшы бліскучы пагляд. — Але я аднаўлю цябе ў правох — прысягаю крыжам. Кароль кажа гэта.

Затым, пад уплывам расказу Майльса, у яго таксама разьвязаўся язык і ён вылажыў перад сваім зьдзіўленым слухачом гісторыю сваіх нядаўніх няшчасьцяў. Калі ён скончыў, дык Майльс падумаў:

— Вось дык фантазія! Сапраўды, гэта не абы які розум, бо йначай, — якім-бы ён сабе ні быў — зьвіхненым, ці здаровым, — ён не патрапіў-бы з нічога злажыць гэткі складны й эфэктны расказ, як быццам раман. Бедная звар'яцелая галоўка, ты не застанешся бяз друга й без страхі, пакуль я буду з табою. Гэты хлопчык заўсёды будзе са мною; ён зробіцца маім маленькім таварышом, пястуном. I ён вылячыцца, — але, будзе саўсім здаровым... Пасьля ён зробіць сабе імя... І я змагу з гордасьцяй сказаць: „Але ён мой — я падабраў гэтага бяспрытульнага, маленькага абарванца, але ад мяне ня ўсьлізнулася, што ў ім крыецца, і я сказаў, што калі-нібудзь яго імя прагрыміць — паглядзіцё, падзівіцёся на яго — ці ня праўду я думаў?"

Кароль задумліва прамовіў мерным голасам:

— Ты выратаваў мяне ад крыўды й пагарды, быць можа выратаваў маё жыцьцё, а таксама й маю карону. Гэта вымагае шчодрага дару. Заяві сваё жаданьне і калі яно ў межах мае каралеўскае ўлады, дык будзе споўнена.

Гэта фантастычная прапазыцыя вывяла Гэндона з задумы. Ён сабраўся быў падзякаваць каралю і адхіліць дар, па тэй прычыне, што ён толькі спаўняў доўг і ня трэбуе награды, але яго акрыла болей разумная думка і ён папрасіў пазваленьня падумаць некалькі мінут аб велікадушнай прапазыцыі. Кароль з павагаю згадзіўся з гэтым, заўважыўшы, што найлепей не сьпяшацца са справаю гэтак вялікае вагі.

Майльс некалькі мінут заставаўся ў задуме, — Ага, вось чаго трэба дабіцца, — падумаў ён, — ніякім іншым спосабам не падайдзеш да яго, — а гадзінная практыка навучыла мяне, што далей гэтак было-б надта цяжка й нявыгадна. Але-ж, запрапаную вось яму, нашчасьце, я ня ўпусьціў гэткага добрага здарэньня.

Пасьля таго ён стаў на адно калена і сказаў:

— Мая нязначная заслуга ня выходзіць за межы простага даўгу вернага падданага, ня выдаецца нічым; але ласка будзе вашае вялікасьці лічыць яе вартаю ўвагі, дык я адважуся зьвярнуцца з гэткаю просьбаю. Каля чатырохсот гадоў, як вядома вашай вялікасьці, ішлі нялады паміж Джонам, каралём ангельскім, і францускім каралём. Па ўгаворы два байцы павінны былі выступіць на барацьбу ды вырашыць спрэчку гэтак званым судом Божым. Абодва каралі, а таксама й гішпанскі кароль зьехаліся, каб быць сьведкамі паядынку. Тады выступіў францускі баец, — і быў ён настолькі грозны, што ангельскія рыцары збаяліся памерацца з ім зброяю. Гэткім чынам вельмі важная справа здавалася што абяцала скончыцца на шкоду ангёльскаму каралю, за адсутнасьцю байца. Тымчасам у Тоўэры быў у адседцы лёрд дэ-Курсі, самы магутны ваяка каралеўства, пазбаўлены чэсьці і ўладаньняў, і ўжо даўно сядзеўшы ў няволі. Яму быў запрапанованы выклік; ён даў сваю згоду і, азброены, зьявіўся на бой. Ды як толькі француз звочыў яго вялізную фігуру і пачуў яго слаўнае імя, дык пусьціўся ўцякаць і справа францускага караля была праграна. Кароль Джон вярнуў дэ-Курсі правы і ўладаньні і сказаў: „Назаві сваё жаданьне і яно будзе споўнена, хаця-б гэта каштавала мне поўцарства". Але дэ-Курсі, прыкленчыўшы, — як я ў гэту мінуту, — адказаў: „Вось аб чым прашу я, гаспадару: каб мне й маім патомкам быў даны прывілей заставацца з пакрытаю галавою ў прысутнасьці каралёў Англіі, пакуль непарушным будзе пасад". Гэтая міласьць, як вашай вялікасьці вядома, была падарана ўсяму роду дэ-Курсі, які ў працягу чатырох вякоў заўсёды меў сваіх прадстаўнікоў; і па сягоньняшні дзень галава гэтае старадаўнае фаміліі бясспрэчна носіць капялюш або шолам у прысутнасьці каралеўскае вялікасьці, і ніхто іншы ня мае гэткага пяршынства (Лёрды Кінгсэй, патомкі дэ-Курсі, і дасюль карыстаюцца гэтым дзівачным прывілеем). Прыводзячы гэты выпадак у падмацаваньне мае просьбы, я малю караля толькі аб аднэй міласьці і адным пяршынстве — і яно будзе для мяне больш, як поўным дарам — а ўласна, каб я й мае патомкі назаўсёды адтрымалі права сядзець у прысутнасьці каралеўскае вялікасьці Англіі"

— Устань, рыцар сэр Майльс Гэндон, — урачыста прамовіў кароль, крануўшы Гэндона яго мечам, згодна з абрадам пасьвячэньня ў рыцарскую дастойнасьць, — устань і сядай. Твая просьба ўважана. Пакуль стаіць Англія і непарушан пасад, ты не пазбавішся гэтага прывілею.

Яго вялікасьць адыйшоў у бок, раздумваючы аб нечым, а Гэндон сеў застол, паціху думаючы: „Гэта была прыгожая думка, яна выратавала мяне ад вялікае нявыгады; ногі мне страшэнна баляць. Не дагадайся я, дык мне прышлося-б стаяць цэлыя тыдні, пакуль розум не вярнуўся-б да беднага хлопчыка". Крыху пачакаўшы, ён думаў далей: „I вось я стаў рыцарам царства мараў і прыявау! Сапраўды самае нязвычайнае і дзіўнае палажэньне для гэткага простага чалавека, як я. Тут не да сьмеху — не, крый Божа, — бо гэта-ж усё тое, што мне здаецца нерэальным, для яго сапраўднасьць. А для мяне таксама, у некаторым сэнсе, гэта не зьяўляецца недарэчнасьцяй: бо ў гэтых марах адбіваецца яго добрая, шляхетная душа". Пасьля некаторага маўчаньня, ён заўважыў: „А што, калі ён пры людзях здумае называць мяне новым гучным імем! Забаўны контраст будзе паміж маім палажэньнем і маею вопраткаю. Хаця-ж, усё роўна, хай заве мяне, як хоча. Я ня выкажу нездаваленьня".

Разьдзел XIII. Прынц зьнік.

Моцная санлівасьць ахапіла абодвух таварышоў.

— Сьцягні гэтыя лахманы, — сказаў кароль, паказваючы на сваю вопратку.

Гэндон распрануў хлопчыка, не запярэчыўшы ні словам, і палажыў яго ў пасьцель. Пасьля, павёўшы вачыма па пакоі, ён панура падумаў: „Ён ізноў заняў маё ложка, як раней, — сапраўды, што-ж гэта рабіць?..." Маленькі кароль заўважыў гэта і сказаў з сонным выглядам:

— Ты павінен спаць за дзьвярыма ды сьцерагчы іх.

Праз мінуту ён адляцеў далёка ад сваіх бедаў, патануўшы ў глыбокім сьне.

— Сардэчны, яму толькі й радзіцца трэ' было-б каралём, — з зьдзіўленьнем прамармытаў Гэндон, — ён якнайлепей спаўняе сваю ролю.

Затым ён выцягнуўся на падлозе, каля дзьвярэй, кажучы з пачуцьцём задаваленьня:

— За гэтыя сем гадоў спаў я пры горшых варунках; дык было-б няўдзячнасьцю да Стварыцеля маракаваць на цяперашняе палажэньне.

Ён заснуў, калі пачало днець. Каля паўдня ён устаў, далікатна раскрыў свайго знойденага хлопчыка, і зьняў з яго мерку шнурком. Якраз калі ён скончыў прымерку, кароль прачхнуўся, паскардзіўся на холад, і спытаўся ў яго, што ён рабіў.

— Ужо скончыў, гаспадару, — сказаў Гэндон, — цяпер трэба мне схадзіць па маленькай справе, але я зараз-жа вярнуся. Засьні йзноў, табе патрэбен сон. Гэтак, — дай-жа ўкрыць цябе, — гэтак ты хутка ўгрэешся.

Кароль патануў у царстве сноў, раней як гэтыя словы былі сказаны. Майльс ціхенька высьлізнуўся з пакою й таксама ціхенька вярнуўся цераз мінутаў сорак з патрыманай параю дзіцячай вопраткі з тонкага матар'ялу, дзе-ня-дзе пацёртай, але яшчэ прыстойнай і падходзіўшай да сэзону. Ён сеў і пачаў разварочваць яе, гаворачы:

— Калі-б у кішані было болей, можна было-б купіць што-нібудзь лепшае, а раз няма — трэба карыстацца тым, што ёсьць...

Жыла-была у нас у месьце, Жанчына ў месьце ў нас жыла...

Ён, здаецца, паварушыўся... ня трэба пяяць гэтак моцна; няварта трывожыць яго сну, — тым болей, што перад ім яшчэ гэткая падарож, а ён, небарачак, змучаны... Гэтая куртка... яна яшчэ добрая... тут крыху сабраць ды там, і яна будзе якраз на яго. А вось парткі лепшыя, хаця й тутака прысьцябнуць раз ці два ня шкодзіць. Гэтыя башмакі куды вядзеш, ды моцныя, ў іх яго ножкам будзе цёпла — нязвычайная, мусі, навіна для яго, — бо ён-жа, напэўна, прывык хадзіць басанож і летам і зімою. Эх, каб гэта хлеб быў аднае цаны з ніцьмі, — то-ж за фарсінг іх стане на цэлы год ды яшчэ іголку дастанеш у дадатак. Цяпер перада мною чартоўская задача — ўвясьці нітку ў іголку.

Так яно і выйшла. Нарэшце, гэта яму так-сяк удалося. Ён узяў вопратку, ляжаўшую ў яго на каленах, і ўзяўся за работу.

— За пакой заплачана, за сьнеданьне, што павінны падаць, — таксама, ды яшчэ тое-сёе застаецца, каб купіць пару аслоў ды на дробныя расходы ў працягу двух-трох дзён — а там, у Гэндон-Голі, ўсяго ў нас будзе колькі хочаш

Любіла мужа вельмі...

— Ай, чорт пабяры, загнаў іголку пад ногаць!... Глупства, гэта не навіна для мяне, хоць яно й неасабліва прыемна... О, пэўна-ж, хлопча, тамака нас чакае веселасьць. Тамака пакута пакіне цябе й ліхая хвароба таксама...

Любіла мужа вельмі моцна.

Ды іншы чалавек...

— Вось дык шыцьцё, слаўнае й буйнае, прамовіў ён, распасьціраючы куртку і любуючыся ёю, — ў ім відаць свайго роду шляхетнасьць, у параўнаньні з ім дробная фастрыга краўца здаецца гэткаю нікчэмнаю, плебейскаю...

Любіла мужа вельмі моцна,

Ды яе іншы палюбіў...

Вось-жа й гатова — добра зроблена і хутка. Цяпер я збуджу яго, апрану, падам памыцца, накармлю, пасьля пасьпяшым на рынак, што каля Табардскага заезнага двара, ў Саузсуорку і... Прашу ўстаць, гаспадару!... Ён не адклікаецца. Што гэта, вашая вялікасьць! Сапраўды прыдзецца мне зьнячысьціць (тым што дакрануся) сьвятарную асобу — патузаць яго, а то ён сьпіць, як забіты. Што такое!

Ён адкрыў коўдру — хлопчыка ня было.

З мінуту ён азіраўся ў нямым зьдзіўленьні, і толькі цяпер заўважыў, што падранае вопраткі таксама ня было... Тады ён пачаў рвацца й кідацца і трэбаваць гаспадара готэлю. У гэты момэнт увайшоў слуга са сьнеданьнем.

— Кажы праўду, чартоўская парода, альбо капут табе! — зароў ваяка і з гэткаю злосьцю накінуўся на слугу, што ў таго язык адняло ад перапуду й неспадзяванасьці. — Дзе хлопчык?

Няшчасны, са страху, адрывіста й дрыжаўшым голасам, даў гэткае тлумачэньне:

— Толькі што вашая міласьць мелі ласку выйсьці, як прыбег нейкі дзяцюк і сказаў, што вы казалі хлопчыку незабаўна прыйсьці да вас на канец мосту ў Сауасуорку. Я прывёў пасланца сюды, і калі ён збудзіў хлопчыка й перадаў яму даручэньне, дык той крыху пагурчаў за тое, што яго патурбавалі „гэтак рана", паводлуг яго словаў, але зараз-жа нацягнуў свае лахманы і пайшоў з дзяцюком, заўважыўшы толькі, што было-б прыстойней, калі-б вашая міласьць самі зьявіліся па яго, а не пасылалі невядомага чалавека — і гэтак...

— I гэтак... ты балбан! Кожны можа ашукаць цябе. Перавешаць толькі ўсю вашую пароду! Аднак-жа, мо' нічога і ня здарылася з хлопчыкам, — можа й ніхто яго ня скрыўдзіў. Пабягу я за ім. Накрый стол. Пастой, коўдра на ложку была гэтак складзена, як быццам нехта ляжаў пад ёю — гэта як-жа, выпадкова?

— Ня ведаю, вашая міласьць. Бачыў я, як варочаў пасьцель той дзяцюк, што прышоў па хлопчыка.

— Тысяча чарцей! Ўсё гата было падстроена, каб ашукаць мяне... Ясна — ўсё зроблена, каб выйграць час. Паслухай, быў гэты чалавек адзін?

— Адзін, вашая міласьць.

— Ты пэўны?

— Пэўны, вашая міласьць.

— Прыпомні добра, падумай — не сьпяшайся.

Пасьля мінутнага раздумваньня, слуга сказаў:

— Калі дзяцюк прышоў, дык нікога з ім ня было; але вось, прыпамінаю, калі абодва яны апынуліся ў натаўпе на мосьце, адкуль ні ўзяўся нейкі чалавек, выглядаўшы саўсім разбойнікам, — і якраз калі ён падышоў да іх...

— Што-ж тады? Кажы — што, — закрычаў нецярплівы Гэндон, перабіўшы яго.

— Якраз тады натаўп наваліўся і аднёс абодвых, так што я ня бачыў іх болей; а тут паклікаў мяне гаспадар, узлаваўшыся за тое, што запомнілі падаць порцыю стравы, заказаную натарыюсам, хоць я й не вінават, прысягаю ўсімі сьвятымі, і лаяць мяне за гэта няварта.

— Проч з маіх вачэй, ідыёт. Тваё балбатаньне разьюшвае мяне. Стой! Куды бяжыш? Ня можаш хіба пачакаць мінуту? Дык яны пайшлі да Саузсуорку?

— Якраз так, вашая міласьць, — а што да гэтае праклятае порцыі стравы, дык я ані не вінават, быццам нованароджзнзе дзіцянё...

— Ты яшчэ тут і не пакінуў трашчаць! Пайшоў вон, а то задушу цябе.

Слуга зьнік. Гэндон пайшоў за ім, выперадзіў яго, і пачаў сходзіць, ступаючы цераз дзьве ступені, і кажучы: „Гэта той самы нікчэмны нягоднік, цьвярдзіўшы, што хлопчык яго сын. Пазбавіўся я цябе, мой бедны, маленечкі, звар'яцелы ўладару, — цяжкая думка аб гэтым, — а я палюбіў цябе. Не прысягаю, што не пазбавіўся! Не, я ўвесь край схаджу, пакуль не знайду цябе ізноў. Небарака, там засталося яго сьнеданьне — і маё таксама, але цяпер у мяне прапаў апэтыт; хай ядуць яго пацукі. — Хутчэй, наперад! — вось што застаецца рабіць. Праціскаючыся цераз шумны натаўп па мосьце, ён некалькі разоў паўтарыў напамяць, — спыняючыся на гэтай думцы, як на асабліва прыемнай. — „Ён пагурчаў, але пайшоў — але, пайшоў, таму што думаў, што Майльс Гэндон кліча яго, — мілы хлопчык, ні для каго іншага ён не зрабіў-бы гэтага, я пэўны".

Разьдзел XIV. Кароль сканаў. — Няхай жыве кароль!

У той самы дзень, чуць сьвет, Том Канці збудзіўся ад цяжкага сну і расплюшчыў вочы ў цемнаце. Некалькі мінут ён моўчкі ляжаў, прабуючы разабрацца ў блутаніне думак і ўражаньняў і вывясьці з іх якое-нібудзь заключэньне. Раптам ён прамовіў урачыстым голасам:

— Цяпер бачу, ўсё бачу! Нарэшце-ж, я, дзякуй Богу, прачхнуўся. Прыдзі радасьць, прэч — гора! Гэй Наньні, Бэтты, вылазьце з-пад саломы і хадзеце хутчэй сюды. Я раскажу вам гэткі сон, што вы вушам сваім не паверыце. Гэткі сон, якога яшчэ ніколі духі цьмы не навявалі на чалавека. Чуеце, Наньні, Бэтты!

Цёмная фігура зьявілася каля яго і нечы голас спытаўся:

— Маеш ласку аддаваць загад?

— Загад?... О, гора мне, я пазнаю твой голас. Скажы мне, нарэшце, хто я?

— Ты? Ўчора яшчэ ты быў прынцам Уэльскім, а сягоньня ты мой уселітасьцівы ўладар Адварды, кароль Англіі.

Том закапаўся з галавою ў падушкі, сумна мармычучы: — Ага, гэта ня быў сон! Ідзі спаць, добры сэр, пакінь мяне аднаго з маім горам.

Ізноў заснуў Том і, крыху пачакаўшы, вось што ён сьніў. Сьнілася яму, быццам было лета і ён адзін гуляў на шырокай сенажаці, на Гудмансфільд, як раптам перад ім вырас карлік, з фут ростам, з рыжымі бакамі, згорблены. „Капай каля гэтага пня", — сказаў ён. Ён паслухаў і знайшоў дванаццаць блішчастых, новых пэньні, цэлае багацьце! Але гэга яшчэ далёка ня ўсё.

— Я цябе знаю, — прамовіў карлік. — Ты добры, талковы хлопчык; мукам тваім настаў канец, бо выбіла гадзіна нагароды. Кожныя сем дзён прыходзь сюды капаць і кожны раз знойдзеш тую самую суму — дванаццаць блішчастых, новых пэньні. Нікому не расказвай, трымай гэта ў таямніцы.

Пасьля карлік зьнік, а Том са знойдзеным пабег у Офаль-Корт, разважаючы сам з сабою: „Кожную ноч я пачну даваць бацьку па пэньні; ён будзе думаць, што я выпрасіў грошы, будзе рад, і мяне пакінуць біці. Адзін пэньні будзе даставаць кожны тыдзень добры сьвяшчэньнік, што вучыць мяне; маці, Наньні й Бэтты рэшту — чатыры. Скончана цяпер з голадам і лахманамі, запомнім страх, неспакой і благое абхаджэньне".

Сьніць ён далей, што дабраўся да свае нікчэмнае хаціны ўвесь задыхаўшыся, але з выразам падзякі й радасьці ў вачох; ён кінуў чатыры пэньні на прыпол маці, са словамі:

— Гэта для вас, — для цябе, Наньні й Бэтты, чэснаю працаю дабыты, ня выпрашаны і ня ўкрадзены!

Маці, шчасьлівая і зьдзіўленая, прытуліла яго да грудзей і сказала:

— Ужо позна — ці ня ласка вашае вялікасьці ўставаць!

Ах, гэта ня быў адказ, якога ён чакаў. Адляцелі мары — ён прачхнуўся.

Ён расплюшчыў вочы — багата апранены першы лёрд адпачывальні стаяў укленчыўшы каля яго пасьцелі. Радасны настрой ад фальшывага сну прайшоў; бедны хлопчык даведаўся, што ён усё яшчэ палоньнік, усё яшчэ кароль. Пакой напоўніўся царадворцамі, апраненымі ў пурпуровыя мантыі, — жалобны колер, — і шляхетнымі слугамі монарха. Том сеў на пасьцелі і з-за цяжкае шаўковае пярыны паглядаў на блішчастую публіку.

Пачалася ўрачыстая цэрэмонія апрананьня, падчас якое царадворцы адзін за адным у знак пашаны, кленчылі і выказвалі маленькаму каралю спачуцьцё з прычыны цяжкае ўтраты. Перш за ўсё дзяжурны обэр-штальмайстар узяў сарочку і перадаў яе першаму лёрду-егермайстру, які аддаў яе другому камэргэру адпачывальні, той — галоўнаму лясьнічаму Віндзорскага лесў, а гэты — трэцяму обэр-камэргэру; ад яго сарочка перайшла да каралеўскага канцлера Лянкастэрскага гэрцогства, да начальніка гардэробнай, да прэзэса капітулу ордэнаў, да камэнданта Тоўэру, да обэр-гофмайстра, да насьледнага лёрда стольнічага, да гэнэрал-адмірала Англіі, да архібіскупа кэнтэрбэрыйскага і, нарэшце, да першага лёрда адпачывальні, які ўзяў яе і ўзлажыў на Тома. Беднаму зьдзіўленаму хлопчыку гэтая цэрэмонія прыпомніла спосаб перадачы вёдраў на пажары.

Кожная прылада туалету адбывала тую самую бесканечную, урачыстую працэдуру, так што Тому гэта, нарэшце, абрыдла, да таго абрыдла, што ён пачуў парыў падзякі, калі ўбачыў, што доўгія, шаўковыя панчохі пайшлі па руках і што, значыцца, справа падходзіць да канца. Але радасьць яго была няўпорная. Першы лёрд адпачывальні, адтрымаўшы панчохі, зьбіраўся насунуць іх на ногі Тому, як раптам твар яго зачырванеўся і ён пасьпешна, з выразам крайняга зьдзіўленьня, усунуў іх у рукі архібіскупу Кэнтэрбэрыйскаму, сказаўшы шэптам: „Паглянь, мілёрд"!.. і паказаў нешта на панчосе. Архібіскуп спачатку зьбялеў, пасьля пачырванеў і, перадаўшы рэч гэнэрел-адміралу, прашаптаў: „Глядзі, мілёрд!" Адмірал, у сваю чаргу, зьвярнуўся да насьледнага стольнічага, і ледзь дыхаючы, з трудом выказаў: „Глядзі, мілёрд!" Панчохі пайшлі назад удоўж усяе лініі — да обэр-гофмайстра, да камэнданта Тоўэру, да прэзэса капітулу ордэнаў, да обэр-гардэробмайстра, да каралеўскага канцлера Лянкастэрскага гэрцогства, да трэцяга обэр-камэргэра, да галоўнага лясьнічага Віндзорскага лесу, да другога лёрда адпачывальні, да першага лёрда обэр-егермайстра і г. д. — увесь час ня сьціхала паўтарацца выказваньне зьдзіўленьня й жаху: „Глядзі! Паглянь!" — пакуль, нарэшце, панчохі не перайшлі да дзяжурнага обэр-штальмайстра. З мінуту ён глядзеў белы, як сьмерць, на рэч, выклікаўшую агульны перапуд; пасьля сіпліва прамармытаў: „Бажуся чэсьцю — спражка адляцела ад падвязкі. У Тоўэр зараз-жа даглядчыка каралеўскага порця!" З гэтымі словамі ён у зьнямозе прысланіўся да пляча першага лёрда егермайстра, і сабраўся з сіламі толькі тады, калі прынясьлі новыя панчохі, з някранутымі спражкамі.

Але ўсяму на сьвеце бывае канец, і Том Канці, пасьля нейкага часу, адтрымаў магчымасьць зыйсьці з пасьцелі. Адзін саноўнік наліў вады ў умывальнік, другі кіраваў умываньнем, трэці стаяў тут-жа з ручніком напагатове; пакрысе Том прайшоў цераз працэдуру мыцьця і ўжо гатовы быў да паслугаў прыдворнага цыруліка. Калі ён, нарэшце, вызваліўся з рук гэтага майстра, дык выяўляў сабою далікатную й харошанькую фігурку, быццам дзеўчынка, у сваім пурпурным, атласным касьцюме, у капялюшы з пунцовымі пёрамі.

Затым ён са сьвітаю скіраваўся ў сталоўню сьнедаць. Пры яго праходжаньні вялікае сабраньне прыдворных расступалася, даючы дарогу, і ўсе падалі на калены.

Пасьля сьнеданьня Тома прывялі з пышнаю ўрачыстасьцю, у праводжаньні галоўных саноўнікаў і варты з пяцьдзесят каралеўскіх целаабаронцаў, з пазалачанымі сякерамі ў руках, — у тронную залю, дзе ён павінен быў заняцца дзяржаўнымі справамі. „Дзядзька" яго лёрд Гэртфорд, заняў месца каля пасаду, каб памагаць каралю сваімі мудрымі радамі.

Першаю зьявілася камісія з імянітых асобаў, назначаных душапрыказчыкамі нябожчыкам каралём; яны прасілі зацьвярджэньня некаторых сваіх пастановаў — крыху фармальнасьць, а крыху можа й не, тамушто яшчэ ня было рэгэнта. Архібіскуп Кэнтэрбэрыйскі зрабіў паведамленьне аб рашэньні рады душапрыказчыкаў датычна пахаваньня цела ў Богу спачыўшага гаспадара, і скончыў чытаньнем подпісаў: архібіскуп Кэнтэрбэрыйскі, лёрд канцлер Англіі, Уільям лёрд Сэнт-Джон, Джон лёрд Росэль, Адварды граф Гэртфорд, Джон віконт Ляйль, Кёзбэрг біскуп Дургамскі...

Том ня слухаў, што чыталі — адно месца ў дакумэнце было няясным для яго. Дзеля гэтага ён зьвярнуўся да лёрда Гэртфорда і шэптам спытаўся:

— На які дзень, ён сказаў, назначана пахаваньне?

— На шаснаццатае чысло будучага месяца, гаспадару!

— Што за блаж! Ці-ж ён пратрымаецца?

Небарака, каралеўскія звычаі ўсё яшчэ былі новымі для яго; ён прывык бачыць, як у Офаль-Корце спратвалі нябожчыкаў з асабліваю пасьпешнасьцю. Аднак-жа, лёрд Гэртфорд супакоіў яго двома-трома словамі.

Статс-сэкрэтар падаў пастанову рады, якою на чародны дзень, у адзінаццаць гадзін раніцы, назначаўся прыём чужаземных паслоў, і прасіў згоды караля.

Том зьвярнуў пытальны пагляд на Гэртфорда; той шапнуў:

— Вашая вялікасьць маеце ласку выказаць згоду. Яны зьявяцца засьведчыць спачуваньне сваіх гаспадароў з прычыны цяжкага гора, спаўшага на вашую вялікасьць і на ўсю Ангельскую дзяржаву.

Том зрабіў, як яму было сказана. Другі статс-сэкрэтар пачаў чытаць каштарыс расходаў па ўтрыманьню двара памёршага караля, якія за прайшоўшага паўгода дайшлі да сумы 28.000 фунтаў штэрлінгаў — гэткая вялізная сума, што Том ад зьдзіўленьня разявіў рот; яшчэ больш ён быў зьдзіўлены, калі аказалася, што з гэтых грошай 20.000 фунтаў штэрлінгаў яшчэ ня выплачаны і што каралеўскія сундукі блізу што парожнія, а служачыя ў ліку тысячы дзьвесьце чалавек, знаходзяцца ў цяжкаватым палажэньні, з прычыны нявыдачы належнае ім пэнсіі. Том раптам загаварыў са злосьцю.

— Гэтак мы дайдзем да торбы, — гэта ясна. Памайму трэба і нават неабходна знайсьці меншае памешканьне, распусьціць слугаў, таму што яны толькі замінаюць і дакучаюць сваімі паслугамі, у якіх маюць патрэбу хіба толькі бязмозгія ды бязрукія лялькі, якія ня ўмеюць самі што-нібудзь рабіць. Я ведаю маленькую хатку, проці рыбнага рынку, у Білінгсгэйце...

Граф Гэртфорд моцна сьціснуў руку Тома, той перарваў сваю недарэчную прамову, увесь пачырванеўшы; але ніхто з прысутных і віду не паказаў, што заўважыў ненармальнасьці гэтае прамовы, або што прыдаў ёй значэньне.

Яшчэ адзін статс-сэкрэтар зрабіў даклад, у якім гаварылася, што з прычыны наданьня, згодна з апошняй воляю памёршага караля, гэрцогскага тытулу графу Гэртфорду і ўзьвядзеньня брата яго, сэра Томаса Сэймура, у стан пэра, сына ў графскую дастойнасьць, а таксама удастаеньня адпаведных падвышэньняў шмат якіх знатных слугаў пасаду, — рада пастанавіла назначыць асобнае паседжаньне на 16-е лютага, дзеля ўрачыстага паведамленьня і зацьвярджэньня гэтых міласьцяў. Разам з тым, дзеля таго, што памёршы кароль не пакінуў пісьменнага распараджэньня аб надарэньні дварамі, якія адпавядалі-б гэтак высокім тытулам, рада, будучы знаёмай з асабістымі жаданьнямі гаспадара ў гэтым сэнсе, палічыла за добрае: падарыць лёрду Сэймуру насьледную арэнду ў 500 фунтаў штэрлінгаў у год, а сыну Гэртфорда 800 фунтаў, і 300 фунтаў пасьля сьмерці аднаго з біскупаў, калі адбудзецца згода цяперашняга караля.

Том зьбіраўся заўважыць, што лепей было-б перш за ўсё заплаціць даўгі памёршага караля, а не марнаваць дарэмна гэткія значныя суммы, але рука клапатлівага Гэртфорда, дакрануўшыся да Тома, стрымала яго ад гэтага; дзеля гэтага ён даў сваю каралеўскую згоду бяз ніякіх разважаньняў, хоць і з заметным нездаваленьнем. На мінуту хлопчык задумаўся над дзіўнымі справамі, якія рашаліся ім з гэткай лёгкасьцю, і яму прыйшла да галавы шчасьлівая думка: чаму-ж бы яму не ўзьвясьці сваю маці ў стан графіні Офаль-Корцкае і не падарыць ёй двароў? Але горкія думы разьвеялі гэтае жаданьне: то-ж ён кароль толькі з імя, ў сутнасьці гэтыя строгія вэтэраны й вяльможы яго кіраўнікі; для іх яго маці — прадукт расстроенага ўяўленьня; яны аднясуцца да яго прапазыцыі з нявераю і пашлюць па доктара.

Тымчасам нудныя заняткі йшлі далей. Чыталіся прашэньні, проклямацыі, прывілеі і рознага роду многаслоўныя, пустаслоўныя і нудныя паперы, што датычылі грамадзкіх справаў. Том нарэшце, ўздыхнуў, і з натхненьнем прамармытаў: „Чым угнявіў я Бога? За што пазбавіўся я волі палёў, вольнага паветра, сонцавага сьвятла? За што мяне замкнулі сюды, за што зрабілі каралём, на няшчасьце маё?" Тут яго бедная затуманеная галоўка заківала і сонна схілілася: дзяржаўныя стравы спыніліся, за адсутнасьцю рашучага і зацьвярджальнага голасу монарха. Вакол драмаўшага хлопчыка запанавала няжывая ціша — прыдворныя мудрацы пакінулі судзіць-радзіць.

Перад абедам на Томаву долю выпала шчасьлівая гадзінка, дзякуючы даглядчыкам яго Гэртфорду і Сэнт-Джону, пазволіўшым яму пабачыцца з лэді Ажбетаю і маленькаю лэді Джэні Грэй; аднак-жа настрой у прынцэсаў быў досіць пануры, з прычыны цяжкага ўдару, спаўшага на каралеўскі дом... У канцы спатканьня яго старэйшая сястра, — пазьней вядомая ў гісторыі пад імем „крывавае Марыі" ўдастоіла хлопчыка ўрачыста-халодным прывітаньнем; гэты візыт, у яго вачох, меў толькі адзін добры бок — кораткасьць. Некалькі мінут Том заставаўся адзін; затым да яго ўвайшоў стройны хлопчык гадоў дванаццацёх, увесь у чорным — апрача сьнежна-белых брыжаў і рукаўчыкаў; у знак жалобы, ў яго на плячы быў прышпілены пунцовы банцік. Ён нерашуча падыйшоў да Тома, з голаю, схіленаю галавою і стаў на адно калена. Том, седзячы ў крэсьле, спакойна і паважна глядзеў на яго...

— Устань, хлопчык. Хто ты? Чаго табе трэба? — сказаў ён.

Хлопчык падняўся і стаў у саўсім вольнай позе, але з трывогаю ў вачох.

— Гаспадар, ты пэўна павінен памятаць мяне. Я — хлопчык, якога сьцёбаюць замест цябе.

— Як? Хлопчык, якога сьцёбаюць?...

— Але, вашая міласьць. Я Гёмфры — Гёмфры Марлё.

Том падумаў, што добра было-б, калі-б яго даглядчыкі прыставілі да яго каго-нібудзь. Палажэньне, сапраўды, было благаватае. Што тут рабіць? Прыкінуцца, што ён знае хлопчыка, і пасьля на кожным слове выдаваць, што ён ніколі і ня чуў аб ім. Не, гэта не падходзіць. Раптам на падмогу яму зьявілася вось якая думка: падобныя выпадкі, вельмі пэўна, могуць паўтарацца няраз, таму што неадкладныя справы цяпер часта будуць адрываць Гэртфорда і Сэнт Джона, якія зьяўляюцца сябрамі рады душапрыказчыкаў; дзеля гэтага, можа быць, няблага было-б самому прыдумаць плян, каб быць гатовым да гэткіх неспадзяванак. Ага, вось дык штука — каб гэта зрабіць яе з гэтым хлопчыкам ды паглядзець, які рэзультат выйдзе. Том, думаючы, пачаў цёрці лоб і, нарэшце, прамовіў:

— Цяпер я, здаецца, крыху прыпамінаю цябе — памяць у мяне крыху ступілася ад хваробы...

— Нажаль, мой бедны гаспадару! — з пачуцьцём сказаў хлопчык, а сам падумаў: „I сапраўды, так і ёсьць, як казалі: ён пазбавіўуся розуму, небарака. Аднак-жа, чорт мяне пабяры, я й запомніў. То-ж яны наказвалі мне й віду не падаваць, што з ім нядобра.

— Дзіўна неяк, як шурмуе ў мяне памяць за апошнія дні, — сказаў Том. — Але не зьвяртай увагі — я хутка папраўлюся. Іншы раз маленечкага нагаду даволі, каб уваскрасіць у галаве маёй рэчы й імёны, якія саўсім былі выляцелі. (Праўду кажучы, — падумаў ён, — нятолькі гэткія рэчы й асобы, але й тыя, якіх ніколі раней ня бачыў, — у чым гэтаму хлопчыку ня цяжка будзе пераканацца). Кажы, чаго табе трэба?

— Справа тут няважная, гаспадару: але я закрану яе, калі будзе ласка вашае вялікасьці.

Два дні назад, калі вы мелі ласку зрабіць тры абмылкі ў грэцкім практыкаваньні, падчас ранешняе лекцыі, — памятаеце?...

— Але... здаецца, прыпамінаю. (Ён, сапраўды, не павялічвае. Калі-б я ўзяўся за грэцкую мову, дык зрабіў-бы ня тры, а трыццаць тры абмылкі...). Але, памятаю; ну далей.

— Настаўнік, узлаваўшыся за гэткую, — як ён сказаў, — неакуратную й бессэнсоўную работу, дакляраваў, як трэба, высьцебаць мяне... і...

— Высьцебаіль цябе! — гукнуў Том, не памятаючы нічога ад зьдзіўленьня. — Што гэта яму стрэліла ў галаву сьцёбаць цябе за мае абмылкі?

— Ах, вашая вялікасьць, ізноў запамінаеце. Ён заўсёды карае мяне за абмылкі, дапушчаныя вамі на лекцыях.

— Ага, праўда, я й запомніў. Ты практыкуеш са мною, а калі я ня ведаю чаго-нібудзь, дык настаўнік думае, што ты блага спаўняеш свае абавязкі, і...

— О, гаспадару, ці магчыма, каб я, найсьмірнейшы з тваіх слугаў, пасьмеў вучыць цябе?

— Дык у чым-жа твая віна? Тут нейкая загадка. Хто з нас, напраўду, звар'яцеў — я ці ты? Растлумач, кажы, у чым справа?

— Вашая вялікасьць, што можа быць прасьцей. Ніхто ня сьмее ўдарыць сьвятарнае асобы прынца Уэльскага; вось чаму, калі ён правініцца, дык мне дастаецца за яго... Гэтак і трэба, то-ж гэта мой абавязак, мой заработак.

Том са зьдзіўленьнем аглядаў хлопчыка, спакойна стаяўшага перад ім. „Вось дык дзіўная штука, — падумаў ён, — дзіўная майстэрка; як гэта яны не нанялі хлопчыка, каб прычэсваць і апранаць яго за мяне... Вось, каб гэта яны зрабілі, дык я ахвотна пайшоў-бы пад лупцаваньне ды яшчэ дзякаваў-бы Богу!" Пасьля ён дадаў голасна:

— I што-ж, цябе адластажылі, небарача, як было даклярована?

— Не, вашая вялікасьць, кара была назначана на сягоньня, але цяпер яе, пэўна што, саўсім адменяць, цераз жалобу, ня ведаю напэўна... І вось я адважыўся зьявіцца і прыпомніць вашай міласьці аб дакляраваньні заступіцца за мяне...

— Выратаваць цябе ад розгаў?

— А вы маеце ласку помніць!

— Бачыш, памяць да мяне вяртаецца. Супакойся, цябе ня будуць біць, я аб гэтым патурбуюся.

— О, дзякую, уладару мой! — выгукнуў хлопчык, падаючы на калены... Быць можа, я вельмі адважна зьвярнуўся... а ўсё-ж...

— Гёмфры ўсё яшчэ не адважваўся, але Том падбадрыў яго, заўважыўшы, што ў даную мінуту ён у „літасьцівым настроі".

— Ну, тады я выкажу, што ў мяне ў душы. З тае мінуты, як ты з прынца Уэльскага зрабіўся каралём, ты можаш загадаць, што хочаш і ніхто не адважыцца пярэчыць; табе цяпер няма ніякае патрэбы мучыць сябе нуднымі заняткамі, ты, мусі, кінеш у агонь кніжкі і займешся чым-нібудзь болей лёгкім. Тады я прапаў, а са мною й мае сёстры-сіроты.

— Прапаў! Растлумач, калі ласка, як гэта так?

— Мае плечы кормяць мяне, о, добры гаспадару! Бяз гэтага занятку мне хоць-бы з голаду паміраць. А як толькі пакінеш вучыцца, тады і пасадзе маёй канец. Не праганяй мяне, гаспадару!

Том быў крануты яго глыбокім горам. У парыве шчыра-царскае велікадушнасьці ён сказаў:

— Ня сумуй, хлопчык. Твая пасада застанецца назаўсёды за табою і за тваім патомствам... Затым, лёгенька ўдарыўшы яго плоскім бокам меча па плячы, ён сказаў: „Устань, Гёмфры Марлё, адсюль насьледны насіцель свайго высокага званьня! Ня сумуй — я ізноў вазьмуся за свае кнігі і буду гэтак блага вучыцца, што прыдзецца, па справядлівасьці, утроіць тваю пэнсію — гэтулькі ў цябе падрасьце работы.

— Дзякую табе, вялікі гаспадару, — адказаў Гёмфры са шчырасьцю, — твая царская міласьць далёка пераходзіць за самыя высокія мае лятуценьні аб шчасьці. Цяпер я буду шчасьлівы праз усё жыцьцё, шчасьлівы будзе і ўвесь род Марлё.

У Тома хапіла кемкасьці сьцяміць, што гэты хлопчык можа быць карысным. Ён усё падбухторваў Гёмфры расказваць, а той нічога ня меў проці гэтага. Ён быў рад ад аднае думкі, што памагае „зьлячэньню" караля. Кожны раз, калі ён прыводзіў Тому на памяць розныя справы і выпадкі, што адбываліся ў каралеўскім пакоі-клясе ці наагул у палацы, ён заўважаў, што той мае здольнасьць усё прыпомніць саўсім ясна. Пасьля прабегу гадзіны часу малады кароль ужо меў вельмі цэнныя даныя датычна асобаў і здарэньняў, датыкаўшых двара. Ён пастанавіў штодня чэрпаць ведамасьці з новае крыніцы і з гэтай мэтаю аддаў загад дапушчаць Гёмфры ў кабінэт яго вялікасьці, ува ўсякі час, калі ён нічым не заняты. Толькі што Гёмфры быў адпушчаны, як зьявіўся лёрд Гэртфорд з новаю няпрыемнасьцю для Тома.

Ён далажыў, што лёрды сябры рады, баючыся пашырэньня павялічаных чутак аб нездароўі караля, лічаць карысным, каб яго вялікасьць цераз дзень быў на парадных абедах пры двары. Здаровы выгляд яго і рэзвая постаць, разам з вытрыманым спакойствам, няпрымушанасьцю і далікатнасьцю абхаджэньня, лепей, як розныя іншыя рэчы, супакояць грамадзкую думку, у выпадку, калі няпрыемныя весткі пасьпелі пашырыцца.

Граф далей у далікатнай форме настаўляў Тома, як трымацца ў гэткіх урачыстых выпадках, — усё пад даволі тонкаю формаю „напамінаньня". На вялікае задаваленьне Гэртфорда аказалася, што Том не асаблівае патрабуе падмогі — ён ужо схапіў такія-сякія ведамасьці ў Гёмфры, паведаміўшага яго, паміж іншым, што праз колькі дзён ён будзе на парадных абедах, — гэтак галасіла пры двары стовусная дзейка. Аднак-жа Том пакінуў у памяці гэтыя акалічнасьці і не заікнуўся аб Гёмфры.

Заўважыўшы гэткае паляпшэньне памяці ў прынца, граф задумаў, як-бы ня сумысьля, пераканацца, насколькі яна напраўду змацнела. Проба ў некаторых выпадках дала вельмі спагадныя рэзультаты — асабліва там, дзе сказваліся паведамленьні Гёмфры. Агулам лёрд Гэртфорд застаўся вельмі здаволены; ён быў падбодраны, — настолькі падбодраны, што ў голасе яго чулася надзея, калі ён зьвярнуўся да хлопчыка:

— Цяпер я пэўны, што калі вашая вялікасьць пастараецеся прыпомніць, дык рашыцё загадку аб вялікай пячатцы — яшчэ ўчора яна была рэчай вялікае вагі, а сягоньня ўжо ня мае ніякае сілы, бо страціла яе са сьмерцю гаспадара. Ці ня ласка будзе вашае вялікасьці пастарацца прыпомніць?

Том ня ведаў, што адказаць — аб вялікай пячатцы ён нічога й ня ведаў. Пасьля мінутнае нерашучасьці ён, прастадушна глянуўшы на лёрда, спытаўся:

— Як яна выглядае, мілёрд?

Графа гэты адказ незаметна пакурчыў. „Ага, — прамармытаў ён, — хлопчык ізноў няцьвёрды ў памяці; мне няварта было стамляць яго" — і ён незаметна перавёў гутарку на іншую тэму, з мэтай даць Тому запомніць аб няшчаснай пячатцы — што, ведама-ж, не зьяўлялася хоць крыху цяжкім.

Разьдзел XV. Том — кароль.

На чародны дзень зьявіліся чужаземныя паслы з бліскучаю сьвітаю; Том прымаў іх, седзячы на пасадзе, акружаны раскошнаю абстаноўкаю. Спачатку ён быў вельмі рад ад пышнага зьявішча, уяўленьне яго разгулялася, але аудыенцыя выйшла надта доўгая й невясёлая, як і большая часьць прамоваў — адным словам, нядаўная радасьць паступова перайшла ў сум і тугу. Том голасна казаў фразы, якія ад часу да часу падказваў яму Гэртфорд; ён з усяе сілы стараўся, як мае быць, справіцца з накладзенай на яго задачаю, але справа была для яго новая і настолькі мудрая, што нялёгка было хаця так-сяк выпаўніць яе. Хлопчык выглядаў блізу што сапраўдным каралём, але далёка ня так чуў сябе. Ён шчыра ўцешыўся, калі цэрэмонія скончылася.

Большая часьць дня згублена, — думаў ён, — у занятках, што ляжаць на яго абавязку. А тыя дзьве гадзіны, якія прызначаліся на гульні й веселасьць, хутчэй былі для яго цяжкімі, настолькі ён сьцісьнены быў рознымі абмежаваньнямі ды этыкетам. Хоць-жа, яму выпала гадзінка ў таварыстве Гёмфры, — прыемная гадзінка, таму што, апрача ўцехі, ён вынес яшчэ такія-сякія неабходныя ведамасьці.

Трэці дзень караляваньня Тома Канці прайшоў гэтак-жа сама, як і першыя два дні; але з аднаго боку ахінаўшы яго туман разьвеяўся — ён ужо не пачуваў сябе гэтак няспрытна, як раней. Пакрысе ён прывыкаў да акружаўшай яго абстаноўкі; кайданы няволі ўсё яшчэ трывожылі яго, хоць і не заўсёды. Ён пачаў заўважаць, што прысутнасьць вяльможаў ды іхняя лісьлівасьць з кожнай гадзінай усё менш ды менш зьвязваюць ды засмучваюць яго.

Аднаго толькі ён баяўся — падходзіў чацьвёрты дзень, якога ён чакаў не бяз трывогі ў сэрцы, — дзень параднага абеду. У праграму заняткаў уваходзілі асабліва важныя справы: Тому надходзіла маршалкаваць у радзе й выказаць свае пагляды, накідаць пляны вонкавай палітыкі адносна чужаземных дзяржаваў, параскіданых па ўсёй зямной кулі; ў той-жа самы дзень Гэртфорд павінен быў быць узьведзены офіцыяльна ў стан лёрда-протэктара. Былі назначаны й іншыя важныя справы, але яны здаваліся Тому пустымі, ў параўнаньні з цяжкаю пробаю — абедаць пры гэткай масе цікавых вачэй, уталопленых у яго, пры бесьперастанным перашэптаваньні аб яго павядзеньні, асабліва калі ён будзе мець няшчасьце дапусьціць тую ці іншую абмылку.

Але вось настаў страшны чацьвёрты дзень, Бедны Том сустрэў яго ў прыгнечаным становішчы духу; ён ніяк ня мог адкараскацца ад гэткага настрою. Звычайныя ранешнія заняткі тамілі яго, рукі зьвісалі. Ізноў адчуваўся гнёт цяжкае няволі.

Каля паўдня ён ужо быў у вялікай аудыенц-залі і вёў гутарку з графам Гэртфордам, з сумам чакаючы гадзіны прынятку саноўнікаў і прыдворных.

Падыйшоўшы да вакна, Том зацікавіўся жвавым рухам на вялікай дарозе, за брамаю палацу, — і ня простая цікавасьць загаварыла ў ім, а непераможнае жаданьне асабіста быць у гэтым натаўпе. Ён бачыў, падходзіўшую з гікам і крыкам, масу беспарадачнае чэрні — мужчын, жанчын і дзяцей найпрасьцейшае і найбяднейшае клясы.

— Хацеў-бы я ведаць, што там робіцца! — сказаў ён з цікавасьцю, свойскаю хлопчыкам у падобных выпадках.

— Ты — кароль! — урачыста прамовіў граф, нізка кланяючыся. — Ласка будзе вашае вялікасьці прыказаць даведацца?

— Але, калі ласка! Вельмі рад буду ведаць, у чым справа! — адказаў Том з гарачнасьцю, і падумаў сабе, з пачуцьцём асаблівае ўцехі: „Праўду кажучы, быць каралём не заўсёды сумна, ёсьць у гэтым свае добрыя бакі й выгады".

Граф паклікаў пажа і паслаў яго да капітана гвардыі з гэткім загадам:

— Затрымаць натаўп і даведацца аб прычыне неспакою. Імем караля!

Цераз некалькі сэкундаў з брамы палацу пацягнула доўгая шэрэнга каралеўскае гвардыі ў блішчастай сталёвай вопратцы і выстраілася ўпоперак дарогі, перад самам натаўпам. Пасланец вярнуўся й далажыў, што народ скіроўваецца на лобнае месца, праводзячы мужчыну, жанчыну й маладую дзеўчыну, прыгавораных да кары сьмерці за праступленьні проці грамадзкага спакою й бясьпечнасьці.

Сьмерць, жахоўная сьмерць чакала няшчасных. Гэтая думка змусіла Тома здрыгануцца. Пачуцьцё літасьці заўладала ім, адсунула ўсе іншыя меркаваньні; яму і да галавы ня прыйшло, што гэтыя людзі нарушылі закон, прычынілі гора й пагібель сваім ахвярам; ён ні аб чым не падумаў, апрача шыбеніцы й жахоўнае долі, вісеўшае над галовамі засуджаных. Літасьць заглушыла ў ём навет сьвядомасьць таго, што ён, гэтак кажучы, толькі абраз караля, а не кароль. Але раней, чымся ён сьцяміў гэта, ў яго вырваўся загад:

„Прывясьці іх сюды!"

Ён пачырванеў да вушэй і рыхтаваўся прамармытаць тое-сёе ў сваё апраўданьне; але, заўважыўшы, што яго загад ня выклікаў зьдзіўленьня з боку графа й дзяжурнага пажа, прамаўчаў. Паж, найсур'ёзней выглядаўшы, нізка пакланіўся і адступіў да дзьвярэй, каб перадаць загад. Том пачуў прыліў гордасьці ад разуменьня прывілеяў і выгадаў каралеўскага палажэньня: „Але, гэта й сапраўды, — падумаў ён, — змахвае на тое, што я перажываў пры чытаньні кніжак старога сьвяшчэньніка, калі, бывала, ўяўляў сябе прынцам, выдаваў законы, аддаваў загады: „Зрабіць тое! Споўніць гэтае!" і ніхто ня сьмеў працівіцца мне або пярэчыць маёй волі".

Але вось дзьверы адчыніліся: гучныя тытулы пачалі рэкамандавацца адзін за адным і ўласьнікі іхнія пакрысе зьяўляліся, так што заля хутка напалову напоўнілася вяльможамі і шляхтай. А Том як быццам і не заўважыў прысутнасьці гэтых паноў, да таго быў ён узварушаны й ахоплены іншаю болей важнаю акалічнасьцяй. Ён, сам ня свой, сеў на раскошнае крэсла і не адрываў вачэй ад дзьвярэй, выказваючы ад часу да часу нецярплівае чаканьне. Прысутныя, заўважыўшы гэта, пакінулі займацца ім і пусьціліся ў гутарку аб дзяржаўных справах ды часткаю аб прыдворных навінах.

Хутка пачуліся роўныя крокі ваякаў і ў залю ўвайшлі засуджаныя, у праводжаньні памоцніка шэрыфа й канвою з аддзелу каралеўскае гвардыі. Вураднік стаў на адно калена перад Томам, і затым адыйшоў у бок; трое праступнікаў таксама ўпалі на калены й засталіся ў гэткім палажэньні; варта заняла месца ззаду за каралеўскім пасадам. Том з цікавасьцю аглядаў засуджаных. Штосьці знаёмае ў вопратцы ці ў павярхоўнасьці мужчыны збудзіла ў ім няясны ўспамін. „Здаецца, я недзе бачыў гэтага чалавека... але-ж дзе напэўна й калі — ня прыпомню", — падумаў ён. Тут якраз праступнік борзда падняў вочы і таксама борзда спусьціў іх, ня сьмеючы проста глядзець на магутнага монарха; але аднаго пагляду даволі было для Тома. „Цяпер ведаю", рашыўён, „гэта той самы незнаёмы, яні выцягнуў Джайльса Уітта з Тэмзы й выратаваў ему жыцьцё ў бурны, халодны дзень новага году. Гэта быў адважны паступак... Жаль, што ён пусьціўся ўва ўсе нялёгкія ды ўліп. Не запомню гэтага дня, не запомню й гадзіны, па тэй простай прычыне, што роўна гадзіну пачакаўшы, калі выбіла адзінаццатая, бабка Канці ўласнаручна дала мне гэткую бяспрыкладна гарачую лазьню, якой я ніколі не даставаў ні раней, ні пазьней".

Том загадаў на нейкі час выдаліць жанчыну й дзеўчыну і зьвярнуўся да памоцніка шэрыфа:

— Сэр, якое праступленьне зрабіў ён?

Вураднік, стаўшы на калена, адказаў:

— Сьмею далажыць вашай вялікасьці, ён атруціў чалавека.

Спачуваньне Тома да арыштанта й сымпатыя да яго, як адважнага збавіцеля топленіка хлопчыка, значна аслабела.

— Даказана было праступленьне? — спытаўся ён.

— Саўсім, гаспадару.

Том уздыхнуў і прамовіў:

— Адвядзеце яго — ён заслужыў кару сьмерці. Шкада, ён гэткі адважны... гэта, вось, выгляд у яго такі.

Тут праступнік з раптоўнаю энэргіяй выцягнуў рукі, з адмогаю ламаючы іх і, ў той-жа самы час, палахліва молячы караля:

— О, гаспадазру, табе шкада атручанага — дык зьлітуйся і нада мною. Я невінаваты — абвінавачаньне не даказана... Але ня ў гэтым справа, — прыгавар проці мяне вынесены і ўжо ня будзе адменены... У няшчасьці сваім я прашу толькі аднае міласьці... жорсткі мне прыгавар... Зьлітуйся, зьлітуйся, гаспадару, і, ў царскім міласэрдзі тваім, аддай загад павесіць мяне!...

Том быў аглушаны. Не таго чакаў ён.

— Дзіўна, вось дык дзіўная міласьць. Ці-ж не на гэткую самую кару засудзілі цябе?

— Не, гаспадару! Мне надходзіць час быці звараным жыўцом.

Пры гэтых словах Том ад зьдзіўленьня блізу што падскочыў на сваім крэсьле. Супакоіўшыся крыху, ён сказаў:

— Хай будзе патвойму. Калі-б ты навет атруціў сотню людзей, ты ўсё такі не павінен памёрці гэткаю нялюдзкаю сьмерцю.

Засуджаны ўпаў ніцьма і рассыпаўся ў словах гарачае падзякі.

— Калі на тваю долю калі-нібудзь, — не давядзі Божа, — выпадзе гора, хай залічыцца табе тваё міласэрдзе, гаспадару!

— Мілёрд, ці-ж магчыма, каб чалавек гэты быў засуджаны на гэткую нялюдзкую кару? — спытаўся Том, зьвярнуўшыся да Гэртфорда.

— Гэткі, вашая вялікасьць, закон проці труціцеляў. У Нямеччыне фальшывых монэтчыкаў вараць у растопленым масьле, — ды не адразу ўкідаюць іх у кацёл, а паступова на вяроўцы спушчаюць — спачатку ногі, пасьля тулава, пасьля.

— О, калі ласка, сьціхні, мілёрд, я не магу гэтага вытрываць, — сказаў Том, закрываючы твар рукамі, як быццам ня хочучы бачыць жахоўны абраз. Малю вас, добры мілёрд, загадайце адмяніць гэты закон — хай болей ня робяць з няшчаснымі гэткіх пытак.

Твар графа заясьнеў ад шчырае ўцехі; ён быў чалавек з добрымі й людзкімі нахіламі — якасьці, што не асабліва часта спатыкаліся ў тыя лютыя часы ў людзей вышэйшае клясы.

— Гэтыя добрародныя словы вашае вялікасьці кладуць канец гэткім жорсткасьцям, гісторыя выпіша вашыя словы на сваіх скрыжалях на чэсьць і славу ўсяго вашага каралеўскага дому.

Шэрыф ужо зьбіраўся павясьці праступніка, але Том знакам загадаў яму пачакаць.

— Сэр, я хацеў-бы падрабней азнаёміцца з гэтаю справаю. Засуджаны цьвердзіць, што проці яго няма важкіх доказаў. Раскажы мне ўсё, што табе вядома.

— Сьмею далажыць вашай вялікасьці, што чалавек гэты, як выясьнілася на сьледстве, зайшоў у адну з хацінак у вёсцы Ісьлінгтон, дзе ляжаў хворы... Трох сьведкаў паказала, што гэта было а дзесятай гадзіне раніцай, а двох — што на некалькі мінут пазьней. Хворы ў той час быў адзін і спаў. Затым чалавек гэты выйшаў і пайшоў сваею дарогаю. Цераз гадзіну хворы памёр у страшэнных сударгах.

— Ці-ж бачыў хто-нібудзь, што яму далі атруты? Знойдзена была атрута?

— Не, гаспадару.

— Адкуль-жа ўзялі, што хворы быў атручаны?

— Сьмею далажыць, дактары пацьвярдзілі, што гэткія сымптомы бываюць толькі пры атручэньнях.

Гэта было важкім доказам у той грубы век. Том разумеў, якую сілу гэта мае.

— Дактары, ведама-ж, ведаюць сваё дзела, — сказаў ён, — яны, мусі, праўдзівы. Акалічнанасьці гавораць не на карысьць засуджанага.

— Але гэта яшчэ ня ўсё, вашая вялікасьць; ёсьць тое-сёе паважнейшае ды горшае. Шмат хто паказаў, што варажбітка, невядома куды зьнікшая пасьля з вёскі, спраракавала, — і сакрэтна яна казала аб гэтым кожнаму са сьведкаў, — што хворы памрэ ад атруты, апрача таго, што атрута дастанецца яму ад рукі невядомага мужчыны з чорнымі валасамі, апраненага ў простую паношаную вопратку. Як бачыце, праступнік страшэнна адпавядае апісаньню. Пры гэтым, вашая вялікасьць, прашу зьвярнуць увагу на асабліва важную акалічнасьць — на праракаваньне варажбіткі.

У той забабонны час падобны довад меў непераможную сілу. Том разумеў, што справа скончана; калі яшчэ меліся й паказаньні сьведкаў, дык віна лічылася даказанаю. Аднак, ён даў арыштанту апошняе слова.

— Калі можаш сказаць што-нібудзь у сваё апраўданьне, дык кажы:

— Нішто не паможа мне, гаспадару. Я невінаваты, але не магу нічым пацьвярдзіць гэтага. Няма ў мяне тутака знаёмых, а то я даказаў-бы, што навет і ня быў у Ісьлінгтоне ў той дзень; я даказаў-бы, што ў той час, які яны прыводзяць, быў я ў Уопінг-Ольд-Стэйрсе, больш, як за мілю дарогі. Мала таго, гаспадару, я мог-бы выясьніць, што якраз у гэту мінуту я ратаваў чалавека, а не пазбаўляў каго-нібудзь жыцьця. Хлопчык, што тапіўся...

— Годзі! Шэрыф, у які дзень было зроблена праступленьне?

— У дзень новага году, найсьвятлейшы гаспадару, каля дзесятай гадзіны раніцай.

— Пусьціць арыштованага на волю — гэтак загадвае кароль!

Падчас гэтае рэзвасьці, не саўсім адпаведнай каралеўскай дастойнасьці, ён увесь пачырванеў, і, як умеў, пастараўся загладзіць сваё павядзеньне.

— Мяне ліха бярэ, — сказаў ён, — што маглі засудзіць чалавека на сьмерць, на грунце гэткіх непраўдзівых, лёгкаважных паказаньняў.

Глухі шэпт зьдзіўленьня праляцеў па ўсёй залі. Усе вельмі ўцешыліся, але не ад рэзалюцыі Тома, — бо наўрад, ці хто-нібудзь з прысутных пачаў-бы згаджацца з апраўданьнем труціцеля, ці цешыцца літасьцю да праступніка, — не, уцеха адносілася да кемкасьці й розуму, выказанага хлопчыкам. Пачуліся ціхія ўвагі:

— Ды ён саўсім не звар'яцелы — ён пры здаровым розуме.

— Як разумна паставіў ён пытаньні. Як характарна гэтае крутое, бойкае рашэньне.

— Дзякуй Богу, хвароба прайшла. Перад намі не якая-нібудзь слабая істота, а сапраўдны кароль. Ён трымаў сябе быццам нябожчык бацька.

Хвальбе ня было канца, і да Томавых вушэй, натуральна, дзе-што дайшло. Апошняя акалічнасьць супакойлівым чынам падзеяла на яго — шляхетны паступак выклікаў у ім пачуцьцё самаздаволеньня.

Аднак-жа, юнацкая цікавасьць узяла верх над прыемнымі думкамі і пачуваньнямі; яму захацелася ведаць, якое праступленьне зрабіла жанчына з дзеўчынай. Па яго загаду, спалоханыя, плакаўшыя праступніцы былі прыведзены ў залю.

— У чым іхняя віна? — спытаўся ён у шэрыфа.

— Сьмею далажыць вашай вялікасьці, абвінавачваюцца яны ў цяжкім праступленьні, ясна даказаным; суд, на аснове гэтага, згодна з законам, прыгаварыў іх павесіць. Яны прадалі душу — вось у чым іхняя віна!

Том здрыгануўся. Яму змалку ўдзяўблі агіду да людзей, упаўшых у гэткі грэх. Аднак-жа, ён не хацеў адмовіцца ад задаволеньня свае цікавасьці.

— Калі гэта было і дзе? — спытаўся ён.

— У адну з студнёвых ночаў, калі выбіла поўнач, у поўразваленай цэркве, вашая вялікасьць.

Дрыготкі прабеглі па Томавым целе.

— Хто быў пры гэтым?

— Толькі яны ды нячысьцік...

— А прызналіся яны?

— Не, гаспадару, яны адмаўляюцца ад свайго праступленьня.

— Тады, як-жа ж яно зрабілася вядомым?

— Вашая вялікасьць, некалькі сьведкаў бачылі, як яны скіроўваліся туды; зьявілася падазрэньне, а страшныя зьявішчы, быўшыя пасьля, пацьвярдзілі й відавочна даказалі справядлівасьць меркаваньня. Паміж іншым, доказам служаць грымоты, выкліканыя нячыстаю сілаю і спусташыўшая ўсю акругу. Больш як сорак чалавек былі сьведкамі грымотаў, ды іх і тысяча знайшлася-б, таму што ўсім гром памятны, усе ад яго пацярпелі.

— Гэта, пэўна што, важны факт.

З мінуту Том моўчкі важыў страшэнную цёмную справу; пасьля раптам спытаўся:

— А сама яна пацярпела ад буры?

Некалькі старыкоўскіх галоваў заківала, у знак таго, што пытаньне пастаўлена вельмі спрытна. Шэрыф, аднак-жа, не зразумеў глыбокага сэнсу яго і прастадушна адказваў:

— Пэўна, што пацярпела, вашая вялікасьць, і саўсім заслужыўшы гэта — так усе кажуць. Яе хаціну саўсім зьнясло і яна з дзіцянём засталася без страхі.

— Мне здаецца, што за надта дарагую цану купіла яна ўмеласьць наклікаць на сябе бяду. Калі гэта каштуе ёй хоць фарсінг, — значыцца чорт ашукаў яе; калі яна аддала яму сваю душу й душу дзіцяці, дык яна звар'яцелая, а калі яна звар'яцелая, дык ня ў сіле даваць сабе справаздачы ў сваіх дзеяньнях і, значыцца, ня можа грашыць.

Ізноў захадзілі старыкоўскія галовы з уцехі ад Томавай мудрасьці. Нехта прамармытаў: „Калі кароль ня пры розуме, як ходзіць дзейка, дык гэта такое вар'яцтва, што дай Божа кожнаму, і ўва ўсіх розуму пабольшала-б".

— Колькі гадоў дзеўчынцы? — спытаўся Том.

— Дзевяць гадоў, вашая вялікасьць.

— Мілёрд, ці можа дзіця, паводлуг ангельскіх законаў, рабіць дагавор і прадаваць сябе? — спытаўся Том, зьвяртаючыся да вучонага законазнаўцы.

— Закон, гаспадару, забараняе дзецям уваходзіць у якія-б сабе ні было дагаворы, на тэй аснове, што, пры сваім слабым разуменьні, яны ня ў сіле вясьці справы побач з дарослымі й бароцца проці іхніх хітрасьцяў. Чорт можа купіць душу дзіцяці, калі яму хочацца і калі апошняя згодна, а ангелец не — у гэтым выпадку контракт лічыўся-б няважным.

— Ды гэта бязглуздая й нячэсная пастанова. Як ангельскі закон адмаўляе ангельскаму грамадзяніну ў праве, якое ахвотна дарыць чорту! — выгукнуў Том у шляхетным парыве.

Гэткі новы пагляд на рэчы выклікаў нямала ўсьмешак; шмат хто пастараўся запамятаць яго, каб пасьля расказаць у кругу прыдворных, як доказ арыгінальнасьці Тома і шпаркага ходу выздараўленьня.

Жанчына сьціхла плакаць, прыслухваючыся да словаў караля з глыбокім неспакойствам і падрастаўшаю надзеяю. Том заўважыў гэта і пачуў літасьць да няшчаснае, што знаходзілася ў нязвычайна цяжкім безабаронным палажэньні.

— Якім чынам выклікалі яны буру? — спытаўся ён.

— Скінуўшы з сябе панчохі, гаспадару.

Том зьдзівіўся; цікавасьць яго павялічвалася.

— Дзіўна! — сказаў ён жыва. — І заўсёды гэта выклікае гэткія грозныя зьявішчы?

— Заўсёды, гаспадару, — па крайняй меры, калі жанчына захоча і ў думках або голасна выгаварыць патрэбнае закляцьце.

Том зьвярнўўся да жанчыны і горача сказаў:

— Пакажы-ж сваю сілу — хачу сам убачыць буру.

Прысутныя зьбялелі ад невядомага страху, усе выявілі жаданьне выбрацца з палацу. Том нічога не заўважаў, ён увесь быў ахоплены думкаю аб меўшай быць тарапе. Бачачы, што жанчына задумана і зьдзіўлена, ён борзда дадаў:

— Ня бойся — табе нічога ня будзе. Больш за гэта — ты будзеш вольнай; ніхто не кране цябе пальцам. Пакажы сваю ўладу.

— О, гаспадару, я ня ў сіле зрабіць гэта — мяне дарэмна абвінавацілі.

— Страх стрымлівае цябе. Ня бойся — табе нічога ня будзе. Толькі выкліч буру — хоць самую нязначную. Я не хачу вялікае і руйнацкае... Зрабі гэта і жыцьцё тваё ўратована. Ты будзеш адпушчана на волю з дзіцянём, кароль дасьць табе літасьць, і ніхто ўва ўсёй дзяржаве не пасьмее скрыўдзіць цябе.

Жанчына ўпала ніцьма і са сьлязьмі ў вачох, бажылася, што яна ня мае сілы тварыць цуды, бо йначай яна з радасьцяй ахвяравала-б уласнае жыцьцё, абы толькі выратаваць жыцьцё дзіцяці, — выклікаць літасьць, якою кароль гатоў быў абдарыць яе.

Том упіраўся далей; але жанчына ўсё цьвярдзіла сваё.

— Я думаю, што яна кажа праўду, — сказаў, нарэшце, Том. — Будзь на яе месцы мая маці, будзь яна абдарана чартоўскаю сілаю, дык яна ні на мінуту не задумалася-б выклікаць буру і абярнуць увесь край у руіну, калі-б магла гэтым уратаваць мне жыцьцё! А вядома, што ўсе маці на адзін лад. Ідзі, бедная жанчына, ты свабодна, й дачка твая таксама. Я пераконаны, што вы невінаваты. Цяпер, калі табе няма чаго баяцца, разуйся, скінь панчохі — выкліч буру і я цябе абзалачу.

Памілаваная рассыпалася ў гучных выказвзньнях падзякі; яна пакарылася волі Тома,

нязводзіўшага з яе вачэй з нецярплівым і трывожным чаканьнем; царадворцы выявілі выразную трывогу і баязьлівасьць.

Жанчына разулася, разула маленькую дзеўчынку і ўсяляк старалася ўнаравіць каралю, ў падзяку за яго міласэрдзе, і выклікаць землетрасеньне, але ўсё было дарэмна.

— Годзі, добрая жанчына, ня турбуйся дарэмна — сіла чартоўская пакінула цябе — ідзі з мірам; а калі яна калі-нібудзь вернецца да цябе, дык не запомні прыйсьці сюды й выклікаць буру.

Разьдзел XVI. Парадны абед.

Час абеду надходзіў, але — дзіўная рэч — думка аб ім мала трывожыла Тока і ўжо саўсім не палохала. Ранешняе здарэньне дзіўна ўмацавала ў ім веру ў свае здольнасьці; бедны маленечкі мурзачка за чатыры дні прывык да свайго новага палажэньня, лягчэй як дарослы чалавек мог-бы дасягнуць гэтага ў працягу цэлага месяца. Яскравы прыклад дзіцячае здольнасьці прытарноўвацца да ўсялякіх акалічнасьцяў.

Пакуль Том рыхтуецца да ўрачыстага выпадку, пасьпяшаемся ў пярэднюю сталовую і паглядзімо, што там робіцца. Гэта вялікі пакой, з пазалочанымі калённамі й пілястрамі, з размалёванымі сьценамі і столямі. Пры ўваходзе стаяць, быццам статуі, рослыя лейб-гвардзейцы, апраненыя ў багатую, маляўнічую форму, з алебардамі ў руках. На высокай галерэі, што ідзе вакол усяе залі, зьмяшчаецца хор музыкаў; тут-жа сабралася маса грамадзян абодвых палоў, у бліскучай адзежы. Пасярэдзіне пакою, на ўзвышку, пастаўлены стол для Тома. Але-ж лепей дамо слова летапісцу. "У залю ўваходзіць адзін джэнтльмэн з жэзлам, а другі з настольнікам у руках; абодва тройчы становяцца на калены, з вялікай ціхамірнасьцю, затым накрываюць стол настольнікам дый, зноў пакланіўшыся, выходзяць. Пасьля іх зьяўляюцца яшчэ два, адзін ізноў з жэзлам, другі з салянкаю і хлебам на талерцы; стаўшы на калены, як ранейшыя, яны стаўляюць на стол тое, што прынясьлі, і з тою самаю цэрэмоніяй выходзяць, нарэшце, паказваюцца два вяльможы, багата апраненыя, адзін з іх нясе сталовы нож; тройчы грацыёзна пакланіўшыся да зямлі, яны падходзяць да стала і націраюць яго хлебам ды сольлю з гэткай ціхамірнасьцю, як быццам тутака прысутны сам кароль.

Гэтым канчаюцца падгатоўчыя цэрэмоніі. Але вось у глыбіні глухіх калідораў разьлягаецца гук рога і затым чуюцца крыкі: „Дарогу каралю! Дарогу найсьвятлейшаму гаспадару Англіі!" Крыкі ня сьціхаюць — яны ўсе бліжэй ды бліжэй, нарэшце каля самых вушэй нашых разьлягаецца ваенны марш і воклікі: „Дарогу каралю!"

У гэту мінуту ў дзьвярох паказваецца бліскучая працэсія, што дэфілюе разьмераным крокам. Але паслухаем ізноў расказу летапісца.

„Наперадзе ішлі джэнтльмэны, бароны, графы, рыцары ордэну Падвязкі, пышна апраненыя, з непакрытаю галавою; за імі канцлер, а з бакоў каля яго два саноўнікі — адзін з царскім жэзлам, другі з дзяржаўным мечам у чырвонай похве з залатою насечкаю накшталт лілеяў; пасьля зьявіўся сам кароль — дванаццаць трубаў і гэтулькі-ж бубноў вітаюць яго; усе на галерэі ўстаюць і чуецца гучнае: „Божа, храні караля!" Ззаду за каралём ідуць блізкія вяльможы, а з левага і правага боку ганаровая варта з пяцьдзесят целааборонцаў, з пазалачанымі сякерамі ў руках".

Зьявішча было прыгожае і прыемнае. Томава сэрца моцна стукацела, вочы блішчалі радасьцяй. Ён трымаўся вольна і грацыёзна, якраз таму, што й ня думаў, як трэба трымаць сябе; думка яго была занята, захоплена вясёлым абразком ды радаснымі гукамі. Дый хто-ж можа здавацца няпрыгожым, апрануўшыся ў далікатны, быццам выліты, касьцюм, асабліва, калі ён хоць крыху прывык насіць яго ды ня думае аб ім. Том памятаў, што яму наказана было, і адказваў на прівытаньні лёгкім, нахілам галавы й міласьцівымі словамі: „Дзякую мой добры народ!"

Ён, ані ня стыдаючыся, сеў за стол, ня скідаючы капялюша, — бо звычай есьці з пакрытаю галавою быў адзіным, у якім не разыходзіліся каралі і людзі разбору Канці: і тыя й гэтыя роўна і здаўна трымаліся яго. Працэсія разьбілася на некалькі маляўнічых групаў, што заставаліся з непакрытымі галовамі.

Тут, пад гукі вясёлага маршу, ўвайшоў у залю аддзел каралеўскае гвардыі, — ўсё рослы й здаровы народ, старанна падабраны, — але хай лепш гаворыць сам летапісец,

„Гвардзейцы ўвайшлі са скіненымі шапкамі, апранены яны былі ў пунцовыя вопраткі, з вышытымі залатымі рожамі на плячох: яны выходзілі й вярталіся, нясучы ўсялякія зьмены страваў. Стравы гэтыя перадаваліся асобнаму джэнтльмэну, які ставіў іх на стол, пасьля чаго „каштавальнік" даваў кожнаму гвардзейцу зьесьці крыху тае стравы, якую ён прынёс, — усё гэта рабілася з баязьлівасьці, каб не атруціцца".

Том, як мае быць, паабедаў, ня гледзячы на тое, што пачуваў, як сотні вачэй сачылі за кожным пасыланым ім у рот кавалкам з гэткаю цікавасьцю, быццам ён глытаў якую-нібудзь руйнацкую, падрыўную штуку, ад якое яго магло разарваць на кавалкі і разьмясьці па залі. Ён стараўся не сьпяшацца, а таксама нічога не рабіць самому, але чакаць, пакуль асобная ўрадовая асоба ня схіліць калена ды ня зробіць, што трэба. У працягу ўсяе яды ён не дапусьціў ніводнае памылкі — трыумф яго быў поўны.

Калі, нарэшце, абед скончыўся і Том выйшаў з залі, праводжаны сваёю бліскучаю сьвітаю, пад вясёлыя гукі трубаў, гром бубноў ды гоман гучных прывітаньняў, дык ён падумаў, што публічныя абеды ня гэткая ўжо й няпрыемнасьць і што ён не адмовіўся-б абедаць па некалькі разоў на дзень, калі-б гэтым мог адкупіцца ад некаторых, болей цяжкіх, трэбаваньняў каралеўскага сану.

Разьдзел XVII. Кароль Фу-Фу Першы.

Майльс Гэндон сьпяшаўся ў кірунку Саузсуорскага боку мосту, аглядаючы ўсіх праходзіўшых, з надзеяй наганіць тых, каго шукаў. Аднак-жа, яму прышлося расчаравацца. Дзякуючы распросам, ён ішоў па гарачых сьлядох да самага Саузсуорку, але тут сьляды губляліся, і трудна было рашыць, куды скіравацца далей. Ўсё такі ён да самага вечару не пакідаў спробаў дабіцца мэты. Ноч застала яго стомленым, галодным, і настолькі-ж далёкім ад якога-нібудзь рэзультату, як і раней. Зайшоўшы ў Табардзкі готэль, ён павячэраў і лёг спаць, разьлічаючы ўстаць раненька ды добра пашукаць у горадзе. Ён ня сьціхаў думаць і строіць пляны, — „а хлопчык, бязумоўна, пастараецца ўцячы ад нягодніка, што выдае яго за яго бацьку," — разважаў ён, — „але-ж ці вернецца ён у Лёндан, каб знайсьці сваю ранейшую кватэру? Не, гэтага ён ня зробіць, баючыся ізноў папасцца. Што-ж яму настаецца? Ня маючы дасюль на ўсім сьвеце ні прыяцеля, ні апякуна, ён, нарэшце такі, знайшоў яго, Майльса Гэндона — і саўсім натуральна, што ён пусьціўся шукаць свайго прыяцеля, калі яму не стаіць наперадзе ісьці ў Лёндан дый зноў трапляць у небясьпеку. Хлопчык пасунецца ў Гэндон-Голь — гэта напэўна, бо яму вядома, што Майльс вяртаецца дадому, і там вось яны могуць сустрэцца. Ага, справа ясная. Няма чаго болей марнаваць часу ў Саузсуорку, трэба проста вырушыць, Цераз Кэнт, у Монксгольм, пашукаць у лесе, а па дарозе, як і раней, распытвацца ў падарожных. Але вернемся да згінуўшага караля.

Абадранец, якога лёкай з готэлю бачыў на мосьце, калі ён падыйшоў да чалавека, вёўшага караля, сапраўды не падходзіў да іх, а трымаўся здалёку ззаду, моўчкі йдучы іхнім сьледам. Левая рука яго была падвязана, а на левым баку ляжала шырокая зялёная павязка; ён крыху прыкульгаваў, апіраючыся на тоўсты дубовы кій. Дзяцюк павёў караля рознымі завулкамі, цераз Саузсуорк і, нарэшце, вывяў яго на вялікую дарогу. Хлопчык пачынаў злаваць, і абвясьціў, што далей не пайдзе — не яму належала цягнуцца да Гэндона, а Гэндон павінен быў прыйсьці да яго. Ён не пацерпіць гэткае непаслухнянасьці; ён не кранецца з месца.

— Ты застанешся тут у той час, як твой прыяцель ляжыць ранены ў лесе? Хай будзе гэтак.

Павядзеньне караля адразу зьмянілася.

— Ранены? — выгукнуў ён. — Хто пасьмеў падняць на яго руку? Але аб гэтым пасьля — вядзі мяне! Хутчэй, ногі ў цябе зьдзеравянелі, ці што? Дык ён ранены? Ну, і заробіць вінаваты ў яго няшчасьці, хоць-бы гэта быў гэрцогскі сын.

Да лесу заставаўся яшчэ кавалак дарогі, але дарога гэта была борзда пройдзена. Дзяцюк пачаў аглядацца, спыніўся каля галінкі, усаджанай у зямлю, з прывязанаю да яе ганучаю, пасьля ўсё шукаў гэткіх самых вехацяў; яны трапляліся ад часу да часу і, відочна, паказвалі кудысьці дарогу. Пакрысе рухаючыся ўперад, яны выйшлі на адкрытае месца, дзе была поўразваленая фэрма, а збоку стары, пахілены сьвіран. Нідзе ня было азнакаў жыцьця; няжывая ціша панавала навокал. Праваднік зайшоў у сьвіран, кароль жыва пайшоў за ім. Нікога тут ня было! Кароль кінуў зьдзіўлены й падазронны пагляд на дзяцюка і спытаўся:

— Дзе-ж ён?

У адказ пачуўся рогат. Кароль загарэўся гневам; ён схапіў палена й замахнуўся на ашуканца, як раптам над самым вухам яго яшчэ нехта іронічна зарагатаў. Гэта быў кульгавы бадзяка, раней ішоўшы за ім крыху здалёк.

— Ты хто? — злосна спытаўся кароль. -Чаго табе тут трэба?

— Пакінь свае дзівосы, чуеш, і супакойся, — адказаў абадранец. — Быццам я ўжо гэтак зьмяніўся, што табе не пазнаць мяне, бацькі твайго.

— Ня бацька ты мне. Я цябе знаць ня знаю. Я кароль. Калі ты зьвёў майго слугу, Гэндона, дык пашлі яго да мяне, а то нядобра табе будзе.

Джон Канці адказвзў строга і спакойна:

— Ясна, як Божы дзень, што ты звар'яцеў і дзеля гэтага не хацелася-б мне біці цябе, але-ж калі ты сам нарываешся, дык давядзецца. Тваё балбатаньне нікому ня зробіць шкоды, таму што тут няма каму слухаць твае плёткі; але ня блага было-б табе прывучыцца трымаць язык за зубамі, каб не нарабіць бяды, калі перайдзем на кватэру. Я зьмяніў сваё імя — трэ' было — і цяпер завуся Гобс — Джон Гобс, а ты Джэк — памятай добра. Цяпер вось што скажы мне: дзе твая маці й сёстры? Яны ня прыйшлі ў назначанае месца. Ня ведаеш, куды яны пайшлі?

— Дай мне спакой, — панура адказваў кароль. — Годзі дурыць мяне — маці мая памёрла, а сёстры ў палацы.

Дзяцюк аж пакаціўся ад сьмеху; кароль гатоў быу кінуцца на яго, але Канці — альбо Гобс, як ён цяпер называўся — стрымаў яго і сказаў:

— Пакінь, Гьюго, не квялі яго; ён не пры сваім розуме, а ты дакучаеш яму. Сядай, Джэк, і супакойся, а я зараз дам табе есьці.

Гобс з Гьюго пачалі аб нечым паціху гаварыць, а кароль забраўся далей ад няпрыемнага суседзтва. Ён скуліўся ў цёмным куточку сьвірна; тут на земляной падлозе, густа наслана была салома, — ён лёг, закапаўся ў салому і хутка патануў у сваіх думах. Шмат прыкрасьцяў выпала на яго долю, але ўсе яны зьбіваліся перад адным — перад стратаю бацькі. Імя Гэнры VIII наводзіла жах на ўсіх; яно выклікала прадстаўленьне аб нялюдзкім стварэньні, пагляд якога дыхаў сьмерцю і руінай, рукі якога не таміліся ў пытках і забойствах, — а ў гэтага хлопчыка яно зьвязана было з самымі прыемнымі пачуваньнямі, вытварала абраз, поўны ласкі й дабраты. Спамінаў ён бацькаву любоў і ласкі, і горкія сьлёзы сьведчылі, як глыбокае й шчырае было гора, ахапіўшае яго. Ужо пасьля паўдня, змучаны і спакутаваны, ён паволі ўпаў у спакойны, моцны сон.

Калі прайшоў нейкі час, — ён ня мог пазнаць, колькі спаў, — хлопчык прачхнуўся й, лежачы з расплюшчанымі вачыма, няясна прадстаўляў сабе, дзе ён і што сталася з ім. Чуўся бесьперарыўны шум, кроплі дажджу глуха падалі на дзеравяную страху. Ціхае пачуцьцё задаволеньня заўладала ім, але ў тую-ж мінуту яно заглушана было піскам, рогатам і сіплым сьмехам, што разьлягаўся саўсім блізка. Няпрыемныя дрыготкі прабеглі ў яго па целе; ён высунуў галаву, прабуючы разглядзець, адкуль чуўся шум. У вачох яго паказаўся страшэнны, нехарозны абраз. У процілежным канцы сьвірна, на падлозе гарэў агонь, вакол якога, асьветлены чароўным чырванаватым водбліскам, тоўпіўся самы рознаколерны збор галцяёў ды абадранцаў абодвых палоў — хто стаяў, хто сядзеў на зямлі або валяўся выцягнуўшыся. Тут былі здаравяцкія мужчыны, загарэлыя, кудлатыя ў фантастычным рызьзі і дзяцюкі невялікага росту з зьвярыным выразам твару, таксама ў лахманох; былі тут сьляпыя жабракі, з плястарамі або з павязкамі на вачох, клыбатыя з дзеравянымі нагамі і на кулях, хворыя з гнойнымі ранамі, зіхацеўшымі з-пад ганучаў; быў тут і разносчык падазроннага выгляду з кошыкам, тачыльнік, меднік, цырулік — кожны са свзімі прыладамі; былі й дзяўчынкі-падросткі й маладыя жанчыны і старыя, зморшчаныя ведзьмы — гразныя, абадраныя. Усе раўлі, лаяліся, гаварылі няпрыстойныя словы. Абраз дапаўняла трое малагодніх дзяцей хваравітага выгляду і некалькі худых, галодных сабак, з вяроўкамі на шыі, — служыўшых праваднікамі сьляпым.

Надыйшла ноч; шайка скончыла вячэру, I пачалося п'янства; чарка захадзіла па руках. Некалькі галасоў закрычала:

— Песьню, песьню! Бат! Дзік! А ну-ж, песьню!

Адзін сьляпы ўстаў, садраў плястар, затуляўшы яго здаровыя вочы, і дошчачку з жаласьлівым апісаньнем прычынаў сьлепаты. Дзік-кульгавы адвязаў дзеравяную нагу і на ўласных моцных нагах падыйшоў да свайго таварыша па прафэсіі. Яны сіплівымі галасамі зацягнулі вясёлую песьню, а ўся кампанія падхапляла прыпеўку аглушальным хорам. Калі дайшлі да апошняга куплету, дык паўп'яны энтузіязм настолькі ахапіў бадзякаў, што яны засьпявалі песьню спачатку, ды з гэткаю сілаю, што сьвіран дрыжэў.

Затым пайшлі тары-бары — але не на зладзейскім жаргоне, дзеля таго, што ім карысталіся толькі ў прысутнасьці пабочных. З гутарак

выясьнілася, што Джон Гобс ня быў навічком, а ўжо раней знаўся з шайкаю. Яго змусілі расказаць пра свае апошнія прыгоды, і калі ён паведаміў, што выпадкова забіў чалавека, дык пачуліся воклікі адабрэньня, — а калі дадаў, што чалавек гэты быў сьвяшчэньнік, дык усе пачзлі падвышаць Гобса і пілі за яго здароўе. Старыя знаёмыя радасна віталі яго, новыя з гордасьцяй ціснулі яму руку. Пасыпаліся распытваньні, дзе ён гэтак доўга прападаў.

— У Лёндане, браточкі, — адказваў ён, — там лепей і бесьпячней, чымся ў глушы ў апошнія гады, калі законы зрабіліся гэтак строгімі. Ня прыкінься да мяне бяда, дык я застаўся-б там. Не хацелася мне выбірацца й валачыцца па загародных месцах — але здарэньне, нічога не парадзіш.

Ён спытаўся, сколькі цяпер чалавек у шайцы. „Атаман" або „начальнік" адказваў:

— Дваццаць пяць малайцоў-шалапутаў, зладзеяў ды галаварэзаў, ня лічачы бабаў, дзявок ды іншых стварэньняў. Большая часьць тут, некаторых няма, пайшлі на ўсходні бок. І мы таксама пацягнемся раніцай за імі.

— Штосьці ня відаць Уэна ў нашай чэснай кампаніі. Куды-ж ён падзеўся?..

— Небарака, ён цяпер, мусі, у пекле ліжа гарачыя патэльні. Яго яшчэ ўлетку прыстукалі ў разбоі.

— Шкада, Уэн быў спрытны й адважны дзяцюк.

— Гэта праўда. Яго каханка, чорнамазая Бэс, засталася ў нас, ды няма яе тут — таксама пацягнулася на ўсход; слаўная дзеўка — чэснага й шляхетнага характару — ніхто ня скажа, каб піла больш, як чатыры дні, на тыдзень.

— Памятаю яе, як-жа — акуратная, добрая дзеўка, варта пахваліць. А маці-ж яе была яшчэ цікавей, неўгамонная, найзьлейшая баба, але затое разумная, як чорт.

— Гэта й пагубіла яе. Яна гэтак добра варажыла на руку, гэтак акуратна праракавала будучыну, што зрабілася вядомай, як варажбітка — і засудзілі яе спаліць жыўцом. Жаласьлівасьць забрала мяне, калі я ўбачыў, як стойка спаткала яна сьмерць. Страшэнна лаяла яна натаўп, які сабраўся паглядзець на яе, — вагністыя языкі высоўваліся і ўжо пачыналі лізаць твар, зачаплялі рэдкія валасы, трашчалі над сіваю галавою. А яна ўсё лаяла й кляла, — ды як яшчэ! Тысячу гадоў пражывеш — гэткае лайбы не пачуеш. Эх, яе талент загінуў разам з ёю. Засталося толькі слабое насьледаваньне — далёка ўсім да яе!

Атаман горка ўздыхнуў; сярод слухачоў таксама пачуліся ўздыханьні жаласьлівасьці. Панурасьць заўладала ўсімі, — бо навет закаранеўшыя вырадкі не пазбаўлены ўсякага чалавечага пачуцьця, яны таксама падчас здольны адчуваць жаласьлівасьць і гора, — праўда, рэдка і пры асаблівых акалічнасьцях, як, напрыклад, гэройская сьмерць выдатнае асобы, месца якой няма каму заступіць. Аднак-жа кропля-другая віна хутка разьвеяла сумны настрой.

— А хто яшчэ з нашых уліп? — спытаўся Гобс.

— Былі яшчэ нёўдалі, асабліва навічкі з дробных фэрмэраў, якіх голад пусьціў з торбаю, калі ў іх адабралі фэрмы. Няшчасным прышлося пабірацца з торбаю; за гэта іх прывязвалі да каламажкі, распрануўшы па пояс, ды сьцёбалі да крыві; пасьля прыкоўвалі да стоўпа дый зноў бічавалі; яны йзноў браліся за жабрацтва — ізноў сьцёбалі іх і адціналі адно вуха; за трэцім разам лавілі, — а чым-жа ж, як не пабіраньнем, заставалася займацца гэтым небаракам? — кляймілі шчокі распаленым жалезам і прадавалі ў рабства. Яны ўцякалі з няволі, іх прасьледавалі й вешалі. Вось і ўвесь сказ. Іншыя з нашых адкараскаліся лягчэй. Хадзеце-ж сюды, Ёкэль, Бёрнс, Годж! Пакажэце, як вас размалявалі.

Яны падняліся, скінулі сваё рызьзё і паказалі плечы, згараныя загоенымі рубцамі; адзін адкінуў валасы і паказаў адрэзанае вуха; другі паказаў кляймо на плячы, падобнае да літары V і скалечанае вуха; трэці расказаў вось якую повесьць:

— Я — Ёкэль, быў некалі заможным фэрмэрам; меў, любіўшую мяне, жонку і дзетак. Цяпер я ня тое, што раней — жонкі й дзяцей няма. Хто іх ведае, дзе яны — можа на тым сьвеце, а можа дзе-нібудзь у іншым месцы, толькі, дзякуй Богу, ня ў Англіі. Мая добрая сьвятая старэнькая маці зарабляла хлеб даглядам за хворымі. Неяк адзін з іх памёр, дактары ня ведалі — з чаго, і вось схапілі няшчасную жанчыну ды спалілі, як ведзьму, на вачох яе ўнучкаў. Горка плакалі небарачкі. Вось які ангельскі закон! А ну, хлопцы, вып'ем жа за літасьцівы ангельскі закон, збавіўшы старую ад гэткага цёмнага пекла, як Англія. Дзякую, браточкі! I вось пайшлі мы, я з жонкаю ды з галоднымі дзецянятамі, пабірацца з хаты ў хату. Але ў Англіі цярпець голад — праступленьне, і нас за гэта каралі, ластажылі ў трох местах. Яшчэ, браточкі, вып'ем за літасьцівы ангельскі закон. Ня вытрывала бізуноў Мэры, аддала Богу душу; ляжыць яна цяпер у сырой дамавіне, вольная ад гора і тугі. А дзеці — ага, пакуль ганялі мяне з аднаго места ў другое, яны й памёрлі з голаду. Пеце, таварышы, хоць па малой за бедных малых, ніколі нікому не зрабіўшых ліха. Ізноў пайшоў я пабірацца, выпрошваючы кавалак чэрствага хлеба, — і апынуўся каля стаўпа, вуха пазбавіўся — вось, пагляньце; чародным разам згінула другое вуха, на памятку толькі кавалак пакінулі...Што заставалася рабіць, як не жабраваць — і трэці раз злавілі мяне ды прадалі ў няволю. Вось на шчацэ чырвонае кляймо S; варта толькі змыць гразь, і відаць будзе. Раб! Ці разумееце вы, што гэта значыць! Ангельскі раб! Вось ён перад вамі. Я ўцёк ад свайго пана, і калі пападуся — будзь праклятым край, стварыўшы гэткі закон! — калі пападуся, дык павесяць вось і ўсё.

Гучны голас пачуўся ў глыбіне сьвірна:

— Не, не павесяць! Сягоньня-ж канец гэтаму закону!

Усе адвярнуліся і ўбачылі фантастычную фігурку маленечкага караля, падходзіўшага да кампаніі; калі ён падыйшоў да сьвятла, пачуліся распытваньні:

— Хто гэта? Гэта што за птушка? Хто ты, абадранец?

Хлопчык стаяў спакойна, бяз ніякага замяшаньня, ня гледзячы на масу ўтаропленых на яго цікавых паглядаў.

— Я Адварды, кароль Англіі, — сказаў ён са шчыра-царскаю дастойнасьцю.

Разьлёгся магутны рогат — адных гэта пацешная заява расьсьмяшыла, другіх ахапіла радасьцяй. Кароль скрыўдзіўся.

— Ах, вы неабчэсаныя, бадзякі, дык вось ваша падзяка за даклярованую вам міласьць!

Ён яшчэ казаў нешта, злосна й нэрвова жэстыкулюючы, але словы яго заглушаліся рогатач ды насьмешлівымі выгукваньнямі, „Джон Гобс" некалькі разоў прабаваў нешта сказаць; нарэшце, яму ўдалося.

— Хлопцы, — закрычаў ён, — гэта мой сынок; ён прыдуркаваты, зьехаў з глузду — уяўляе сябе каралём. Ды вы не зьвяртайце ўвагі.

— Я кароль, — сказаў Адварды, зьвяртаючыся да яго, — ты з часам зьведаеш гэта на ўласнай скуры, ты сам прызнаўся да забойства і будзеш адпавядаць.

— Ці ня ты мяне выдасі... ты? Дык я-ж цябе...

— Стой, цішэй крыху! — крыкнуў здаравяцкі атаман, заступаючыся за караля. — Ні да караля, ні да атамана няма ў цябе пашаны! — зароў ён, і кулаком пакаціў Гобса на зямлю. Калі яшчэ раз пасьмееш забывацца ў маёй прысутнасьці, дык я сам цябе павешу. А ты не гразі таварышом, — зьвярнуўся ён да яго вялікасьці, — і язык прытрымай, нічога благога не пазваляй сабе казаць аб іх. Будзь сабе каралём, калі хочаш, ды толькі трымай вуха вастрэй, не выдавай сябе за караля Англіі, бо загінеш, як бунтар. Мы, вось, ня надта добрыя людзі, але ніхто з нас не апусьціўся настолькі, каб здрадзіць караля. Не, з гэтага боку мы народ прыхільны й верны. А што, ня так я кажу? А ну, хлопцы гукнём: „Хай жыве Адварды, кароль Англіі!"

— Хай жыве Адварды кароль Англіі! — падхапіў натаўп рознае масьці з гэткім натхненьнем, што ўвесь будынак затросься. У гэту мінуту твар караля зазіхацеў ад радасьді.

— Дзякую мой добры народ! — сказаў ён з прастатой і дастойнасьцю, крыху махнуўшы галавою.

Гэты нечаканы адказ выклікаў няўтрымны сьмех. Калі крыху прыспакоіліся, дык атаман строга, але, разам з тым дабрадушна, сказаў хлопчыку:

— Пакінь, браце, нядобра гэтак, ня варта. Чым хочаш пацяшайся, толькі ня гэтым, іншага караля прадстаўляй, а не ангельскага.

— Хай ён будзе Фу-Фу Першы, кароль дурняў, — запрапанаваў меднік.

Тытул адразу спадабаўся.

— Хай жыве Фу-Фу Першы, кароль дурняў! — зараўлі ўсе, з гікам, сьвістам ды рогатам.

— Цягні яго сюды; давай карону!

— Мантыю, мантыю яму!

— Жэзл таксама!

— Саджай яго на пасад!

Гэтыя ўвагі ды яшчэ шмат іншых сыпаліся, ня сьціхаючы. Перш, чымся бедны хлопчык апамятаўся, яму насунулі на галаву алавяную чашку, накінулі на плечы падраную коўдру, пасадзілі на барэлак і далі ў руку нітавальнік заместа жэзла. Пасьля ўсе кінуліся на калены перад ім і рассыпаліся насьмешлівымі прычытваньнямі й мальбамі, пры чым выціралі вочы гразнымі рукавамі й фартухамі.

— Зьлітуйся над намі, добры кароль!

— Не папіхайце нас, у зямлі паўзучых чарвей, вашая вялікасьць.

— Зжалься, гаспадару, над рабамі сваімі і ўдастой іх хоць міласьцівым штурханцом!

— Сагрэй нас сваімі сьветлымі лучамі, яснае сонейка наша!

— Багаславі грунт даткненьем ног, а мы будзем цалаваць сьляды твае і ўзьвялічымся!

— Не адмоўся хоць плюнуць на нас, гаспадару, каб нашыя дзеці і ўнукі з гордасьцяй расказвалі пра тваю царскую міласьць!

Але сьмехатворчы меднік быў асабліва вясёлы ў гэты вечар. Стаўшы на калены, ён зрабіў міну, што хоча пацалаваць караля ў ногі, і адтрымаў штурханца ў твар. Тады ён пачаў прасіць у прысутных кавалачка плястару на тое месца, якое ўдарыла каралеўская нага, каб нават паветра не кранула яго.

— Цэлае багацьце, браточкі, набуду цяпер... Пайду па вялікай дарозе і пачну паказваць сваю шчаку — па сто шылінгаў з чалавека ня менш, — выгукваў меднік з гэткімі сьмешнымі мінамі, што

ўсё зборышча жывоцікі падрывала сабе і проста зайздросьціла яго ўдачы.

У маленькага монарха насунуліся на вочы сьлёзы сораму і злосьці. „Калі-б я іх моцна зьняважыў, дык і тады яны не маглі-б больш жорстка абыйсьціся са мною; я дакляраваў ім міласьць царскую — і вось іхняя падзяка".

Разьдзел XVIII. Кароль у бадзякаў.

Шайка бадзякаў чуць сьвет была ўжо на нагах і рушыла ў дарогу. Неба было хмурнае, гразь і слата, веяў халодны вецер. Учарашні вясёлы настрой пакінуў кампанію: адны былі панурымі і маўклівымі, другія капрызнымі ды злымі; ўсіх таміла жаданьне пахмяліцца.

Атаман даручыў Гьюго глядзець за Джэкам, даўшы яму такія-сякія інструкцыі, а Джону Канці загадаў трымацца далей ад хлопчыка і даць яму спакой; Гьюго таксама загадана было лагадней абходзіцца з ім.

Крыху пачакаўшы, пагода праясьнілася, хмары разагнала. Бадзякі сагрэліся і настрой палепшыўся; веселасьць вярнулася да іх, пачалі вострасловіць, вышчараць зубы, зачапляць праходзіўшых і праезных, — жаданьне жыцьця й яго радасьцяў ізноў прачхнулася. Усе іх крыху баяліся, давалі ім дарогу, цярпліва зносячы грубасьці й баючыся адказваць. Яны цягалі порце з платоў, часта на вачох у гаспадароў, якія й слова ня сьмелі сказаць, і навет як быццам былі здаволены, што бадзякі не пазварочвалі самых платоў.

Па дарозе яны забраліся ў адну невялікую фэрму і пачалі гаспадарыць, а спалоханы фэрмэр са сваёю дружынаю павінен быў ачышчаць камору, рыхтуючы сьнеданьне няпрошаным гасьцям.

Гаспадыню й дачок яны ласкава трапалі па падбародку й па шчоках, калі тыя падавалі яду, выкідалі грубыя жарты, давалі насьмешлівыя мянюшкі, ўсё гэта з сіплівым, грубым сьмехам; кідалі касьцьмі й агароднінай у гаспадара й сыноў яго, так што тыя павінны былі ўвесь час выкручвацца, і пры кожным меткім удары чуўся рогат. Скончылі тым, што вымазалі маслам галаву аднэй з дзяўчат за тое, што не пазваляла ім ніякіх вольнасьцяў. Адходзячы, яны прыгразілі, што вернуцца і спаляць дом з жыхарамі, калі на іх данясуць уладам.

Каля палудня, пасьля доўгага й цяжкага пераходу, шайка зрабіла адпачынак пад плотам хаты, што была недалёка ад вялікага сяла. Адпачыўшы з гадзіну, ўсе разыйшліся, каб увайсьці ў сяло з розных бакоў ды заняцца — кожны сваёю справаю. „Джэка" паслалі з Гьюго. Яны некаторы час бадзяліся то ўзад, то ўперад; Гьюго ўсё чакаў спагаднага выпадку, але не знаходзіў яго.

— І сьвіснуць няма чаго! Вось паганае месца! Прыдзецца прасіць міласьціны.

— Я ня буду прасіць. Ты можаш — гэта твая справа й да твару табе.

— Ня будзеш? — сказаў Гьюго, са зьдзіўленьнем аглядаючы караля. — З якога гэта часу ты гэтак зьмяніўся?

— Гэта-ж як?

— Хіба-ж ты не жабраваў раней на лёнданскіх вуліцах?

— Я? Дык ты проста дурань!

— Ня вельмі так распушчай язык — для цябе-ж самога здаравей будзе. бацька твой сам казаў, што ты змалку жабраваў. Хіба ён маніў. Чаго добрага, й ты скажаш, што ён маніць? — жартаваў Гьюго.

— Ты думаеш, што ён мне бацька? Але, ён маніў!

— Годзі табе камэдыю ламаць ды прыкідацца вар'ятам, прыхавай сваё мастацтва да іншага разу, а не, дык табе-ж горай будзе. Калі яму раскажу, дык ён пасвойму адластажыць цябе.

— Ня трудзіся расказваць. Я сам яму гэта скажу ў вочы.

— Ты, сапраўды, малайчына, ды толькі ў галаве ў цябе нядобра. Ці-ж і без таго мала штурханцоў дастаецца нам, каб яшчэ наклікаць іх. Ды годзі пра гэта. Я, калі хочаш ведаць, усё-такі веру твайму бацьку, хаця пэўны, што ён умее маніць і маніць пры здарэньні — хто з нас ня гэткі? Але-ж нашто будзе ён тут маніць? Які рахунак разумнаму чалавеку маніць дарэмна? Слухай, браце, калі ты адмаўляешся жабраваць, дык чым-жа ж нам заняцца? Хіба што пайсьці кухні абчышчаць.

— Пакінь свае плёткі, не прыставай да мяне! — нецярпліва адказаў кароль.

— Слухай, голубе, што гэта ты — ня хочаш прасіць, каб далі, а красьці таксама ня хочаш? Хай сабе так. Але-ж тады вось што рабі. Ты ваб падарожных, а я буду працаваць. Ну, адмоўся ты ў мяне ад гэтага!

У караля ўжо гатоў быў сарвацца пагардлівы адказ, як раптам Гьюго перабіў яго:

— Ціха! Вун ідзе пан, — па твары відаць, што добры. Я прыкінуся, што са мною прыпадак. А калі падайзе да мяне, дык ты пачні плакаць, скавытаць, кідацца яму да ног і раві, як чорт: „Ах, сэр, гэта мой бедны хворы брат. Мы сіроты, нікога ў нас няма... У імя Бога, зьлітуйцеся над няшчасным, бясьсільным гаротнікам. Дайце ад шчодрасьці вашае хоць пэньні, бо ён гіне!" Глядзі ж, ня сьціхай раўсьці ды бічкавацца, пакуль ня выманіш пэньні, а то блага табе будзе.

Тут Гьюго пачаў стагнаць, ойкаць, падварочваць вочы, кідацца ды курчыцца; а калі падыйшоў бліжэй, ашуканец з крыкам выцягнуўся, пачаў курчыцца й валяцца ў гразі, быццам канаючы.

— Божа мой! — прамовіў дабрадушна незнаёмец. — Небарака, як ён мучыцца. Пачакай я падніму цябе.

— Ой, не, добры пане, — хай вас Бог крые, — не чапайце мяне, мне баліць, калі мяне чапаюць падчас прыпадку. Вось мой брат раскажа вам, як я пакутую. Дайце хоць пэньні, пане, адзін пэньні і пакіньце мяне аднаго з маім горам.

— Ня пэньні, а цэлых тры пэнсы дастанеш! — і ён з нэрвовай пасьпешнасьцю пачаў капацца ў кішані. — Вось вазьмі. А ну, хадзі сюды, хлопчык, памажы мне перанясьці твайго хворага брата ў той дом...

— Ды ён саўсім ня брат мне, — перабіў кароль.

— Як! Ня брат!

— О, паслухайце яго! — застагнаў Гьюго, скрыгічучы зубамі са злосьці. — Ён адракаецца ад роднага брата, які на краі магілы.

— Хлопчык, гэта напраўду жорстка з твайго боку. Ён табе брат... Сорам, — то-ж ён ня можа варухнуць ні рукой, ні нагою. А хто-ж ён, як ня твой брат?

— Жабрак і злодзей! Ён выманіў у вас грошы і з кішаня выцягнуў партаманэт. Хочаце цуд стварыць? Дайце яму, як мае быць палкаю, і ён адразу зробіцца здаровым.

Але Гьюго не чакаў цуду. У міг ён падняўся на ногі і пусьціўся ўцякаць, а пан кінуўся за ім, закрычаўшы ды клічучы на падмогу. Кароль, горача падзякаваўшы Богу, за вызваленьне, бягом скіраваўся ў процілежны бок і ня спыняўся, пакуль не апынуўся вонках небясьпекі. Тады ён пайшоў першаю, якая трапілася, дарогаю і хутка пакінуў сяло далёка ззаду. Ў працягу некалькіх гадзін ён ішоў, як толькі мог, баязьліва азіраючыся, ці ня гоняць яго; нарэшце, баязьлівасьць пакінула яго, месца яе заняла прыемная сьвядомасьць бясьпечнасьці. Тут ён пачуў голад і змогу. Спыніўшыся каля дзьвярэй фэрмы, ён хацеў папрасіць есьці, але яму не далі выгаварыць слова і бязьлітасна прагналі. Вопратка яго не гаварыла на яго карысьць.

Ён пацягнуўся далей, скрыўджаны і злы, пастанавіўшы не падпадаць болей пад гэтае паніжэньне. Але-ж голад ня цётка, ўсяму навучыць; як надыйшоў вечар, кароль папрабаваў выпрасіць што-нібудзь на другой фэрме, і тут яму яшчэ горай дасталася, як раней; яго аблаялі ды пагразілі арыштаваць, як бадзяку, калі ён зараз-жа не пайдзе далей.

Надыйшла ноч, халодная і цёмная; змучаны кароль усё йшоў ды йшоў куды вочы глядзяць, ледзь цягнучы ногі. Кожны раз, як ён сядаў адпачыць, яго да касьцей прабіраў холад, — хоцькі-ня-хоцькі трэ' было йсьці. Адчуваньні, ахапіўшыя яго ў глыбокай начной цішы, сярод бязьмежнае шырыні, былі гэтак новымі і нязвычайнымі. Часамі чуліся зьнекуль галасы, хутка затым сьціхаўшыя; ён нічога ня мог разглядзець у цемнаце, апрача нейкіх, навяваных ветрам бясформенных плянаў, здаваўшыхся яму прыявамі і зданьнямі і кідаўшых яго ў дрыготкі. Часам перад вачыма яго мігцелі агоньчыкі — недзе далёка, быццам на канцы сьвету; чуваць было, як няясна, далёка пазвоньвалі авечыя звончыкі, начны ветрык даносіў да яго глухое, тужлівае мычаньне стадаў; разьлягалася ныткае завываньне сабакі, быццам недзе за гарамі за даламі — гэтак усё здавалася далёка. Маленькі кароль адчуваў, што навокал кіпіць жыцьцё і дзейнасьць, а толькі ён адзінокі ды бяспрытульны ў гэтай неагляднай пустыні.

Ён усё йшоў, заплятаючыся, ходаны страхам, палохаючыся на кожным кроку шорхату сухіх лістоў, падобнага да чалавечага шэпту. Раптам ён убачыў блізка цьмянае сьвятло бляшаное лятарні. Ён адступіў у цень і прытаіўся. Лятарня стаяла каля адчыненых дзьвярэй хлява. Кароль прыслухваўся некалькі мінут — ні гуку, ні шарахценьня ня чуваць было. Яму зрабілася холадна, а гасьцінныя дзьверы гэтак вабілі да сябе, што ён рызыкнуў увайсьці. Ціха тоячыся, падыйшоў хлопчык да хлява і на самым парозе пачуў галасы ззаду за сабою. Ён шмыгнуў за барэлак і схаваўся. Двох работнікаў з фэрмы ўвайшлі з лятарняю і пачалі нешта рабіць, балбочучы паміж сабою. Пакуль яны тут тырчэлі, кароль аглядзеў сабе месьцечка — ў стойле, ў процілежным канцы хлява, замерваючыся прыстроіцца там, як толькі застанецца адзін. Тут-жа ён заўважыў конскія коўдры, якія маглі спатрэбіцца яму для начлегу.

Хутка работнікі пайшлі, замкнуўшы дзьверы і захапіўшы лятарню. Зьмерзшы кароль адразу ўзяўся за коўдры, падабраў іх і, ня гледзячы на цемру, шчасьліва дабраўся да стойла. Дзьве коўдры ён падаслаў, а дзьвюма, што заставаліся, ўкрыўся. Лёгшы, ён пачуў сябе найшчасьлівейшым з каралёў, хаця коўдры былі пацёртыя, тонкія й ня надта грэлі, ды ў дадатак ад іх гэтак пахла конскім потам, што можна было задушыцца.

Хлопчык зьмерз і згаладаўся, але ён адчуваў гэткую змогу і санлівасьць, што хутка драмата сходала яго. Толькі што ён пачаў засынаць, як пачуў, што нехта да яго дакрануўся. Ен мігам прачхнуўся, ледзь жывы з пярэпалаху, сэрца яго ледзь чутна стукацела. Ён ляжаў нярухома, затаіўшы дыханьне і прыслухваючыся. Ні гуку, ні шарахценьня. Ён доўга яшчэ прыслухваўся, — яму, па крайняй меры, здавалася, шта вельмі доўга, — але паранейшаму панавала няжывая ціша. Ён пакрысе ізноў пачаў драмаць дый ізноў пачуў, як таямніча нешта да яго дакранулася. Страшэнным было гэтае лёгкае датыканьне нявіданае істоты; забабонны страх ахапіў хлопчыка. Што тут рабіць? Ён ня ведаў, як быць. Пакінуць прытульнае месца і ўцякаць? Але куды? Выйсьці з хлява ня было магчымасьці; а думка, што ён павінен заставацца ў чатырох сьценах, альбо бадзяцца ў цемнаце з кутка ў куток, чуючы, як страшная здань цягнецца за ім, дакранаецца да яго пляча, да твару — гэтая думка здавалася, невынасімаю. Але-ж ня можа ён цэлую ноч таміцца ад страху. Не. Што-ж застаецца рабіць? Застаецца толькі адно — адважыцца выцягнуць руку і памацаць страшылішча. Гэта лёгка было сказаць, але ня так лёгка зрабіць. Тры разы асьцярожна выцягваў ён руку ў цемры, і кожны раз з жахам хаваў яе назад — не та'му, каб намацаў што-нібудзь, але таму, што быў пэўны, што вось-вось дакранецца да „яго". Чацьвёрты раз выцягнуў ён руку крыху далей і абмацаў нешта мягкае і цёплае. Ён блізу што старапеў ад страху. Думкі яго былі так настроены, што яму здаўся чалавечы труп, яшчэ непасьпеўшы астыць. Ён рашыў, што хутчэй памрэ, чымся дакранецца йзноў. Але хлопчык яшчэ ня ведаў сілы чалавечай цікавасьці. Праз нейкі час рука яго ізноў, дрыжучы, выцягнулася — проці яго волі й жаданьня — ў кірунку падазроннае рэчы і напаўзла на доўгі пук валасоў; ён выцягнуўся далей і як быццам намацаў цёплую вяроўку... далей — перад ім было самае звычайнае цялё, а тое, што ён палічыў за вяроўку, аказалася проста цялячым хвастом.

Каралю зрабілася сорамна перад самым сабою, калі ён даведаўся, што прычынаю яго страху і жаху была гэткая нявінная істота, як спаўшае цялё. Але мусі быць гэта не саўсім так: не цялё напалохала яго, а нешта невядомае, прыяўнае, прыняўшае выгляд жывёлы. Дый кожны іншы хлопчык, у той забабонны век, разважаў-бы якраз гэтак-жа сама.

Кароль вельмі ўцешыўся ад свае знаходкі; ён быў рад, што каля яго цяпер хоць адна жывая істота. Адзінота абцяжвала яго; а людзі гэтак зьневажалі яго, гэтак блага абходзіліся з ім, што ён перажываў радаснае чуцьцё ў таварыстве спакойнае й нязлоснае істоты, хоць і не надзеленае вышэйшымі духоўнымі якасьцямі. I ён пачаў лашчыць цялё.

Пакуль хлопчык гладзіў мягкі цёплы хрыбёт жывёліны, ён сьцяміў, што цялё можа саслужыць яму службу. Ен зараз-жа падсунуў сваю пасьцель бліжэй да яго, укрыў свайго новзга прыяцеля, і цераз некапькі мінут яму было так цяпло і так прытульна, як ніколі яшчэ ня бывала на пярынах у каралеўскім Уэстмінстэрскім палацы.

Прыемныя адчуваньні заўладалі ім, жыцьцё здалося прыгажэйшым. Ён вызваліўся з няволі, уцёк ад праступнага таварыства адкіненых і разбойнікаў; цяпер яму цяпло, прытульна — адным словам, ён шчасьлівы. Вецер, тым часам, мацнеў; ён налятаў парывамі, ад якіх стары хлеў дрыжэў і трашчаў; пасьля сіла яго слабела, і ён з выцьцём пачынаў разгульваці па кутох і выступах. Але цяпер, калі каралю было цяпло і добра, дык выцьцё буры здавалася навет прыемным; хай сабе сьвішча й бушуе, няхай рве й цярэбіць, няхай стогне. й вые, яму ўсё роўна, наадварот, яшчэ ляпей. Ён шчыльней прыціснуўся да свайго таварыша, адчуваючы салодкасьць цяплыні, і забыўся моцным, ціхім, шчасьлівым сном. Недзе далёка чулася выцьцё сабак, ныткае мычаньне, а вецер усё бушаваў і дождж заўзята шарахцеў па страсе хлява. Але ангельскі кароль спаў безьмяцежным сном, так сама, як і цялё, якога ня трывожыла бура і ані не турбавала тая акалічнасьць, што побач з ім ляжыць кароль.

Разьдзел XIX. Кароль у сялян.

Калі кароль устаў назаўтра раненька, ён пачуў нешта мокрае і намацаў у сябе за пазухай пацука. Патрывожаны, ён заразжа ўцёк. „Дурненькі, чаго баішся?" — сказаў з усьмешкаю кароль. Хіба-ж я не такі самы бяспрытульны, як і ты? Сорамна было-б мне, бяспрытульнаму, скрыўдзіць бяспомачную істоту. Я яшчэ павінен быць удзячным табе за добры знак: калі кароль упаў гэтак нізка, што навет пацукі забіраюцца спаць да яго на грудзі, дык трэба чакаць хуткае перамены да лепшага, таму што горшага ўжо нічога ня можа быць.

Хлопчык устаў і выйшаў з стойла; якраз у гэту мінуту ён пачуў дзіцячыя галасы. Дзьверы хлява адчыніліся, і ўвайшлі дзьве маленечкія дзеўчынкі. Убачыўшы яго, яны пакінулі гутарыць і сьмяяцца і спыніліся, аглядаючы яго з вялікай цікавасьцю; пасьля яны пачалі перашэптавацца, падыйшлі бліжэй, ізноў спыніліся ды гаварылі далей, шэпчучы. Пакрысе яны набраліся адвагі і пачалі выказваць свае думкі голасна.

— Які ў яго харошанькі тварык! — заўважыла адна.

— І прыгожыя валасы, — дадала другая.

— Але як блага апранены!

— Які змучаны, — мусі быць, галодны.

Яны яшчэ бліжэй падыйшлі, памахліва й асыдярожна аглядаючы яго з усіх бакоў, як быццам нейкага дзівоснага зьвера, які, чаго добрага, яшчэ вазьме ды ўкусіць. Нарэшце, яны, ўзяўшыся за рукі, дзеля большае бясьпечнасьці, уталопіліся ў яго сваімі нявіннымі, цікавымі вочкамі. Адна з іх сабралася з духам ды спыталася проста:

— Хто ты, хлопчык?

— Я кароль, — пачуўся сур'ёзны адказ.

Дзеўчынкі блізу што здрыгануліся, шырока расплюшчыўшы вочы, не гаворачы ні слова. Цікавасьць перарвала маўчаньне.

— Кароль? Які кароль?

— Кароль Англіі.

Дзеці глянулі адно на адно са зьдзіўленьнем, пасьля паглядзелі на яго.

— Чуеш, Марджэры? — спыталася адна з дзяўчынак, — ён кажа, што ён кароль. Гэта праўда?

— А як-жа йначай, Прысьсі? Хіба-ж ён будзе маніць? Слухай, Прысьсі, то-ж гэта, калі няпраўда, дык, значыцца, мана. Ці-ж ня так? Бо ўсё, што няпраўда, дык мана й нічога болей.

Гэта быў грунтоўны аргумэнт, і няпэўнасьць Прысьсі павінна была разьвеяцца. Яна яшчэ з мінуту пабыла ў задуме, пасьля зьвярнулася да хлопчыка з гэткаю ўвагаю.

— Калі ты напраўду кароль, дык я веру табе.

— Я кароль, сапраўды.

На гэтым справа і ўладзілася. Каралеўская дастойнасьць хлопчыка была прызнана без далейшых разважаньняў; дзеўчынкі толькі пачалі распытвацца, як ён трапіў сюды, чаму так не пацарску апранены, куды йдзе, адным словам, пра усё. Вялікай палёгкаю было для хлопчыка выліць сваё гора перад істотамі, якія не пачнуць зьдзекавацца з яго або быць няпэўнымі ў праўдзівасьці яго словаў. І ён з чуцьцём расказаў ім сваю повесьць, запомніўшы часова, навет, аб голадзе; яго расказ выклікаў самае шчырае спачуваньне. А калі ён дайшоў да сваіх апошніх прыгодаў, і дзеўчынкі даведаліся, што ў яго даўно ў роце нічога ня было, дык яны перарвалі яго расказ і пацягнулі яго на фэрму, каб накарміць.

Кароль быў вясёлы й шчасьлівы. „Як узыйду на пасад, — падумаў ён, — дык я заўсёды буду клапаціцца аб дзецях, памятаючы, як яны з даверчывасьцю і спачуцьцём аднясьліся да мяне ў бядзе; тымчасам, як дарослыя, лічыўшыя сябе разумнейшымі, высьмейвалі мяне, лічачы за зводніка".

Маці дзяўчынак прыняла караля ласкава; шкада было ёй хлопчыка — яго змораны выгляд і яўнае памяшаньне розуму кранулі добрае жаноцкае сэрца. Яна была ўдава, і пры гэтым даволі бедная; нямала гора вытрывала яна на сваім вяку, і дзеля гэтага здольна была спачуваць усім няшчасным. Яна падумала, што з глузду зьехаўшы хлопчык уцёк ад сваякоў ці ад гаспадароў; дзеля гэтага старалася дабіцца, адкуль ён, каб мець магчымасьць выправіць яго дамоў; але ўсе яе распытваньні й назовы суседніх местаў і вёсак ні да чаго не давялі — па твары хлопчыка і па адказах яго відаць было, што месцы, якія яна называла, былі саўсім незнаёмы яму. Ён сур'ёзна і проста гаварыў аб прыдворных справах; бедаваў, калі гутарка заходзіла аб памёршым каралі, „бацьку яго"; калі-ж гутарка датычыла ня так высокай матэрыі, дык ён рабіўся бязучасным і сьціхаў. Жанчына была саўсім абзадачана, але яна не пакідала спробаў дабіцца праўды. Рыхтуючы яду, яна ўсё прабавала як-нібудзь змусіць хлопчыка выдаць сваю тайну: загаварвала аб каровах — ён спакойны, аб авечках — тое самае; так што яе дапушчэньне, што перад ёю хлопчык-пастух, было бязгрунтоўным. Перабрала яна розныя прафэсіі — мельнікаў, ткачоў, меднікаў, кавалёў, гандляроў рознага гатунку, нарэшце, загаварыла аб вар'яцкім доме, аб вастрозе, аб прытулку — ніякага толку, усе яе натугі былі бясплоднымі. Але яна яшчэ ня ўнывала; яна навет як быццам трапіла на сьлед — але, хлопчык напэўна быў на службе. Яна ўхапілася за гэту думку, але рэзультат выйшаў самы няўцешны. Ні падмятаньне падлогаў, ні паленьне ў печах, ні чышчэньне а ні мыцьцё судзя не займала яго. Тады гаспадыня, згубіўшы ўсялякую надзею, як-бы дзеля ачысткі суменьня, зачапіла кухню й кухарства. На зьдзіўленьне яе й на вялікую ўцеху, твар караля адразу ажыў. „Ага, нарэшце вось, падцяла яго!"— падумала яна, гордая сваею пранікнёнасьцю і кемкасьцю.

Цяпер можна было сьціхнуць гаварыць — даць языку адпачыць, таму што кароль, натхнёны голадам ды смачным пахам, ішоўшым з курэўшых гаршкоў ды патэльняў, пусьціўся ў гэткае красамоўнае апісаньне некаторых смачных патраваў, што праз некалькі мінут жанчына мела поўнае аснаваньне заключыць: „Ну, пэўна-ж, я не памылілася — ён служыў за кухціка!" Тымчасам ён гаварыў аб розных патравах з гэткай рухлівасьцю й ведаю, што гаспадыня падумала: „Божанька, адкуль ён ведае гэтулькі патраваў ды яшчэ гэткіх нязвычайных? Гэткая страва падаецца да стала толькі ў багатыроў ды вяльможаў. Ага, цяпер разумею, у чым рэч! Абадранец гэты раней, пакуль яшчэ не звар'яцеў, ня йначай мусі, служыў у палацы; але, ён напэўна быў кухцікам у каралеўскай кухні! Вось я зараз даведаюся!

Палячыся нецярплівасьцю пераканацца ў сваёй пранікнёнасьці, яна папрасіла караля пасачыць за патравамі, даўшы зразумець, што ён можа распарадзіцца, як умее, і навет дадаць лішнюю патраву; пасьля выйшла з кухні, зрабіўшы дзеўчынкам знак ісьці за ёю.

„Калісьці гэткае самае даручэньне дасталася іншаму ангельскаму каралю, — мне здаецца, ані не паніжальна для мае каралеўскае дастойнасьці споўніць тое, што некалі павінен быў споўніць Альфрэд Вялікі. Але я пастараюся лепей справіцца, як ён, бо ў яго піражкі прыгарэлі".

Замер быў добры, але спаўненьне далёка ня гэткае: кароль, падобна да свайго папярэдніка, хутка патануў у думках аб важных справах, і сталася тая самая бяда — страва пачала прыгараць. Гаспадыня, нашчасьце, вярнулася ўпару й не дала сьнеданьню аканчальна сапсавацца; яны жыва вывела хлопчыка з задумы, даўшы яму добрую нагонку. Аднак, бачачы, як ён зьбеднены, што не апраўдаў веры, яна зараз-жа зьмягчэла й пачала ізноў лагодна й ласкава абходзіцца з ім.

Хлопчык добра і смачна пад'еў і зрабіўся рэзвым і здаволеным. Сьнеданьне розьнілася, паміж іншым, тэю цікаваю рысаю, што абедзьве староны былі пераконаны, што робяць чэсьць адна аднэй, хоць ніводная гэтага ня выказвала. Жанчына хацела спачатку даць маленечкаму валацузе астаткі ад стала, ды дзе-нібудзь у кутку, як сабацы, але ёй нязручна было, што жорстка разлаяла небараку, і жадаючы загладзіць сваю грубасьць, яна пазволіла яму сесьць за сямейны стол і есьці нароўні з іншымі дзяцьмі. А кароль са свайго боку, каючыся ў памылцы, якую дапусьціў, зрабіў над сабою натугу і быў ласкавы пасьнедаць разам з гаспадыняю і яе дзяцьмі, не вымагаючы ад іх стаяць перад ім і прыслужваць яму падчас яды, як належыць яго званьню і дастойнасьці. Добрая жанчына цэлы дзень адчувала шчырае задаволеньне, з прычыны свае велікадушнасьці й ласкавасьці да няшчаснага бадзякі, а кароль таксама быў здаволены, што зыйшоў да простае сялянкі, удастоіў яе сваею міласьцю.

Калі скончылася сьнеданьне, гаспадыня загадала хлопчыку перамыць пасуду. Гэтае даручэньне пакаробіла караля, ён гатоў быў зазлаваць, але падумаў: „Альфрэд Вялікі пёк-жа піражкі і пэўна што й пасуду перамыў-бы; папрабую й я".

Справа здавалася пустою, чышчэньне дзеравяных ложак ды місак не асабліва цяжкая рэч; але ў сапраўднасьці праца была клапатлівая і няпрыемная. Нарэшце, ён так-сяк з ёю справіўся. Яму хацелася якнайхутчэй пайсьці ў дарогу; аднак, ня вельмі лёгка было адкараскацца ад клапатлівае гаспадыні. Яна давала яму адну работу за другою, — ён спаўняў усё з толкам і старанліва. Пасьля яна пасадзіла яго разам з дзеўчынкамі чысьціць яблыкі; але ён гэткі быў няспрытны, што яго звольнілі і далі яму вастрыць кухонны нож. Нарэшце змусілі яго скубсьці воўну; тады хлопчык падумаў, што далёка выперадзіў добрага караля Альфрэда ў рабоце па гаспадарчай часьці, якая цікавей у гістарычных расказах ды анэкдотах, як у рэальнасьці і рашыў, што пакуль з яго ўжо годзі. Калі, пасьля палудня, далі яму кошык з кацянятамі, каб патапіць іх, дык ён рашыў разьвітацца са сваею службаю. Яму трэба йсьці ў далейшую дарогу, а здарэньне падходзіць, — толькі зьявілася перашкода ў асобе Джона Канці, з кашэлкай разносчыка на плячох, і Гьюго.

Кароль заўважыў гэтых нягоднікаў, калі яны падходзілі да варот, але яшчэ не пасьпелі бачыць яго: ні слова ня кажучы, ён забраў кошык з кацянятамі і выйшаў чорным ходам. Ён пакінуў сваю ношу ў хляве і шмыгануў у вузкі завулак ззаду хаты. ___ ___

Разьдзел XX. Кароль і пустыньнік.

Высокі плот хаваў хлопчыка з боку хаты; пад уплывам страху, ён сабраў усе свае сілы й пусьціўся бягом у кірунку суседняга лесу; бег не аглядаючыся, пакуль не дасягнуў краю лесу; тады толькі ён адвярнуўся і разглядзеў нейкія дзьве фігуры. Гэтага было даволі; ён ня стаў траціць часу, пакуль не апынуўся ў цёмным гушчары. Тут ён спыніўся, саўсім пэўны, што знаходзіцца вонках небясьпекі. Ён пачаў чутка прыслухвацца, але навокал панавала глыбокая, ўрачыстая, ціша — страшная, жудасная ціша. Час-ад-часу напружаны слых лавіў нейкія гукі, але яны здаваліся гэткімі далёкімі, глухімі і таямнічымі, быццам замагільная стагната і крык, і былі яшчэ страшней, чымся дамавіннае маўчаньне, якое яны трывожылі.

Сьпярша хлопчык думаў застацца тут на ўвесь дзень; але хутка холад ахапіў яго распаленае ад борздае хады цела, і ён павінен быў пусьціцца ў дарогу, каб сагрэцца. Ён прабіраўся лесам з надзеяй выйсьці на дарогу, але рахунак яго не апраўдаўся. Ён усё йшоў ды йшоў; чым далей, тым гушчар здаваўся большым. Надходзіў вечар; кароль заўважыў, як пакрысе надходзіць ноч. Жудасна зрабілася яму, калі падумаў, што давядзецца начаваць у гэткім страшным месцы. Ён яшчэ паддаў шагу, але гэта было дарэмна, таму што ён ня бачыў, што пад нагамі, і бесьперастанку чапляўся за карані дрэваў, за павітыя расьліны.

А затое як усьцешыўся хлопчык, калі, нарэшце, пабачыў мігценьне агоньчыку. Ён падыйшоў да яго асьцярожна, спыняючыся штомінуты, азіраючыся навокал ды прыслухваючыся. Агоньчык блішчаў у вакеньніцы маленькае ўбогае хацінкі. Ён пачуў нечы голас і хацеў быў уцякаць ды схавацца; але раздумаў, таму што яму здалося, быццам невядомы чалавек гаварыў малітву. Ён, хаваючыся, падыйшоў да вакна, стаў на пальчыкі і глянуў у сярэдзіну. Ён разглядзеў маленечкую каморку з земляною, моцна ўтоптанаю, падлогаю; ў адным кутку была ўстроена пасьцель з чарату з падранаю старою коўдраю; каля яе стаяла вядро, кубак, міска, некалькі гаршкоў і патэльняў; была тут і маленечкая лаўка з кульгавым крэслам, ў ачагу датлявалі кавалачкі гальля. Перад крыжам, асьветленым лаявою сьвечкаю, схіліўся старык, каля яго на дзеравянай скрынцы ляжала раскрытая кніга і чалавечы чэрап. Старык быў высокага росту, сухарлявы, з даўгімі беласьнежнымі валасамі й барадою; на ім быў кажух з авечай скуры, даходзіўшы да самых пятаў.

— Сьвяты пустыньнік, — падумаў хлопчык, — цяпер я збаўлены!

Старык устаў; тады кароль пастукаўся.

— Увайдзі, — пачуўся глухі голас, — але раней адрачыся ад граху, бо зямля, на якой ты стаіш, сьвятарна.

Кароль увайшоў і спыніўся на парозе. Пустыньнік акінуў яго бліскучым, неспакойным паглядам.

— Хто ты? — спытаўся ён.

— Я кароль, — быў просты, спакойны адказ.

— Заходзь, калі ласка, кароль! — з жарам выгукнуў пустыньнік. — Заходзь! — паўтараў ён не адзін раз, замітусіўшыся з нязвычайным пасьпехам; пасадзіў хлопчыка на лаўку, падкінуў гальля ў агонь, і пасьля нэрвова захадзіў то ўзад, то ўперад.

— Заходзь, калі ласка! Шмат хто шукаў тутака прытулішча, быў адкінены, як недастойны. Але кароль, які адрокся ад кароны, зганіўшы пусты бляск свайго палажэньня, апрануўшы цела сваё ў рызьзё, каб ахвяраваць сябе малітве і ўмяртвеньню цела, — ага, гэткі сьмяротны — дастойны жаданы госьць, — тут правядзе ён усе свае дні да самае сьмерці.

Кароль прабаваў перабіць яго і аб'ясьніцца, але пустыньнік і ўвагі не зьвярнуў, як відаць, навет ня чуў яго словаў, гаворачы далей усё мацней, з нарастаўшаю энэргіяй.

— I ты знайдзеш тутака мір і спакой. Ніхто ня выкрые твайго прытулішча, ніхто ня будзе трывожыць цябе мальбою вярнуцца да пустога й неразумнага жыцьця, пакінуць якое Бог загадаў табе. Тутака ты будзеш маліцца й вучыцца сьвятому пісьму, будзеш разважаць аб тленнасьці і дарэмнасьці сьвецкай і аб шчасьці йдучага быцьця; будзеш карміцца карэньнямі і травамі і мяртвіць цела штодзенным бічаваньнем, дзеля збаўленьня душы. Абцягнеш цела сваё валасяніцаю, піць будзеш адну ваду, і мір і спакойнасьць запануе ў душы тваёй. А хто прыдзе шукаць цябе, вернецца, як нясоленае сёрбаўшы — ніхто не знайдзе, ня стрывожыць цябе.

Старык, ня сьціхаючы хадзіць то ўзад, то ўперад, раптам панізіў голас і пачаў нешта мармытаць сабе пад нос. Кароль скарыстаўся гэтай акалічнасьцю, каб расказаць пра сваё гора, і, пад уплывам неспакойства і страху, гаварыў з натхненьнем і красамоўствам, але пустыньнік усё мармытаў далей, ня слухаючы яго. Пасьля ён падыйшоў да хлопчыка і шапнуў яму з многазначным выглядам:

— Ц-ц!.. Я адкрыю табе тайну.

Ён нахіліўся да самага яго вуха, але раптам спыніўся і пачаў прыслухвацца, пасьля на пальчыках падыйшоў да вакна, высунуў галаву, паглядзеў у цемру, ізноў вярнуўся тоячыся і, схіліўшыся над каралём, прагаварыў шэпчучы:

— Я — архангел.

Кароль увесь задрыжаў:

— Божа, лепей ужо мне было-б з бадзякамі застацца, — падумаў ён, — чымся трапіць у рукі вар'ята,

На твары хлопчыка адбіўся жах. Пустыньнік, тымчасам, гаварыў далей ціха і з гарачкаю:

— Бачу, ты адчуваеш, дзе знаходзішся. На чале тваім малітвенны страх. Няма чалавека, які-б пранікаўся ў гэтай атмосфэры такім пачуцьцём, бо тут ён бачыць Неба. У мігненьне вока я падлятаў угару і спушчаўся на зямлю. Я быў названы архангелам пяць гадоў назад, на гэтым самым месцы, — Бог паслаў ангелаў сваіх, каб абвясьціць мне вялікую міласьць. Іхняя прысутнасьць напоўніла гэту хацінку зорным сьвятлом... I яны сталі перада мною на калены, о, кароль! — але, яны ўпалі ніцьма, бо я быў магутнейшы за іх. Я паднімаўся ў неба й гутарыў з патрыярхамі. Вось, на крані маю руку... ня бойся — крані... Так... Дык ведай-жа, што чапаў руку, якую паціскалі Аўраам, Ісаак і Якуб. Я быў у залатых пакоях. я бачыў Бога тварам да твару.

Ён зрабіў паузу, каб прыдаць эфэкт сваёй прамове. Раптам твар яго зьмяніўся, ён падняўся і гнеўна з гарачкаю сказаў:

— Але, я архангел, усяго толькі архангел... тады як мог-бы быць папаю. Гэта чыстая праўда. Дваццаць гадоў назад мяне соннага акрыла вышэйшая праўда; так, мне рыхтаваўся папскі пасад — гэтак падабалася небу, але кароль зруйнаваў мой сьвяты манастыр і я, бедны, цёмны, слабы манах быў пушчаны з торбаю, пазбаўлены страхі і быўшага перада мною вялікага назначэньня.

Старык ізноў незразумела замармытаў і са злосьцю пачаў біць сябе кулакамі па лобе, з жахоўнымі пракляцьцямі, бесьперастанку паўтараючы:

— Вось чаму я толькі архангел, а мог быць папаю!

Бітую гадзіну цягнуўся яго прыпадак шаленства, а маленькі кароль сядзеў пры гэтым сам ня свой. Раптоўна шалёная няпрытомнасьць старыка скончылася, ён сьцішыўся, сьпусьціўся з вобалакаў, у якіх лятаў, і пачаў плясьці аб розных рознасьцях гэтак проста і чалавечна, што хутка заўладаў сымпатыяю хлопчыка. Пустыньнік пасадзіў яго бліжэй да агню, устроіў выгадней, асыцярожна памазаў масьцю сінякі і абдзёртыя месцы на яго целе. Пасьля ён заняўся рыхтаваньнем вячэры, увесь час ласкава гаворачы, час-ад-часу гладзячы хлопчыка то па шчацэ, то па галоўцы, з гэткай далікатнасьцю й ласкаю, што страх і ныткасьць, уроеныя яму архангелам, адразу-ж разьляцеліся, даўшы месца пашане й сымпатыі да добрага чалавека.

Гэткі шчасьлівы настрой цягнуўся падчас усяе вячэры. Пасьля малітвы перад крыжыкам, старык паклаў караля спаць у суседняй каморцы, ахінуў яго якнайцяплей і лепей, быццам далікатная маці, прылашчыў і, пажадаўшы яму добрага сну, вярнуўся ў свой пакойчык і пачаў мяшаць вуглі ў ямцы. Але вось ён задумаўся, некалькі разоў павёў рукою па лобе, як-бы прабуючы прыпомніць нешта, што высьлізнулася з памяці. Відочна гэта яму не ўдавалася. Ён устаў і кінуўся да свайго гасьця.

— Ты кароль? — спытаўся ён.

— Але, — сонна адказаў той.

— Які кароль?

— Ангельскі.

— Ангельскі? Значыцца Гэнры сканаў?

— Нажаль, так! Я яго сын.

Твар старога грозна пахмурнеў, ён са злоснай радасьцю пляснуў рукамі, пастаяў з мінуту, цяжка пераводзячы дух; пасьля спытаўся глухім голасам:

— А ці ведаеш ты, што гэта той самы, што пазбавіў нас страхі і пусьціў з торбаю?

Адказу ня было. Старык схіліўся над хлопчыкам, углядаючыся ў спакойны твар і прыслухваючыся да ціхага дыханьня.

— Ён сьпіць, сьпіць у глыбокім сьне.

Твар яго паясьнеў, але злосна-радаснае пачуцьцё адбівалася на ім. У гэту мінуту усьмешка асьвяціла рысы спаўшага хлопчыка.

— Ён у шчасьлівым няведаньні, — прашаптаў пустыньнік, і выйшаў. Ён на пальчыках пачаў хадзіць з кутка ў куток, нечага шукаючы; часам спыняўся і прыслухваўся, адварочваўся, кідаў быстры пагляд па пасьцель хлопчыка, і ўсё мармытаў, усё гурчаў нешта сабе пад нос. Нарэшце, ён знайшоў, што яму было патрэбна — стары, заіржавеўшы кухонны нож і брусок. Прадзёршыся на сваё ранейшае месца, каля агню, ён сеў і пачаў паціху вастрыць нож, перанейшаму мармычучы, чамкаючы, гаворачы сам з сабою. Вецер завываў вакол адзінотнае хаткі, таямнічыя начныя галасы даляталі з цёмнае далі. Са шчылінаў і норак на старога манаха пазіралі бліскучыя вочкі адважных пацукоў і мышэй, а ён рабіў сваю работу далей, нічога ня бачачы, цалком праглынуты аднэю думкаю.

Ад часу да часу ён працягваў вялікім пальцам па лязе нажа і, хістаючы галавою, задаволенна казаў:

— Цяпер востры, робіцца ўсё вастрэйшым.

Ён не заўважыў, як ляціць час, і спакойна рабіў сваю справу далей, заняты сваімі думамі, якія раскрываў асобнымі, нязьвязнымі фразамі.

— Бацька яго зрабіў нам шмат ліха, рашыў нас — і зыйшоў цяпер у агністае пекла... Але, проста ў цёмнае пекла. Ён уцёк ад нашай помсты — гэткая, значыцца, воля Божая, але, на тое воля Божая, мы не павінны маракаваць. Але не ўратаваўся ён ад пекла... Не, не ўратаваўся ад полымя — пажыральнага, бязьлітаснага, вечнага полымя.

І гэтак ён усё вастрыў свой нож, мармычучы й перарывіста, сіпла пасьмейваючыся.

— Бацька яго ўсё гэта нарабіў. Цяпер я толькі архангел, калі-б ня ён — быў-бы папаю!

Кароль варухнўўся. Пустыньнік паціху падскочыў да пасьцелі і, стаўшы на калены, схіліўся над распластованым целам з паднятым нажом у руцэ. Спаўшы ізноў варухнуўся; на міг вочы яго расплюшчыліся, але яны нічога ня выказвалі, нічога ня бачылі; у тую-ж мінуту яго спакойнае, мернае дыханьне пераканала старыка, што ён ізноў моцна заснуў. Пустыньнік яшчэ нейкі час прыглядаўся і прыслухваўся, застаючыся ўсё ў той-жа самай позе і ледзь дыхаючы; затым паволі спусьціў занесеную над каралём руку і, паўзучы, аддаліўся.

— Ужо даўно за поўнач, — сказаў ён, — блага, калі ён пачне крычаць ды здарыцца падарожны.

Ён ціханька соўваўся з кутка ў куток, падбіраючы дзе ганучку, дзе вяроўку, дзе рамушок; пасьля, тоячыся, падыйшоў да караля і ўхітрыўся гэтак асьцярожна зьвязаць яму ногі, што навет ня збудзіў яго. Ён прабаваў зьвязаць і рукі, скрыжаваўшы іх, але кожны раз, як рыхтаваўся пусьціць у ход вяроўку, хлопчык адрываў то адну, то другую руку; нарэшце, калі архангел ужо згубіў веру ўва ўдачу задуманае справы, кароль сам злажыў на грудзёх рукі, і ў тую-ж мінуту яны былі зьвязаны. Пасьля гэтага ён падвёў павязку пад падбародак спаўшага і моцна завязаў яе на цемі ды так ціха і асьцярожна, што той ніразу не варухнуўся і спакойна спаў сабе далей.

Разьдзел XXI. Гэндон сьпяшаецца на выручку.

Старык адыйшоў, скурчыўшыся і тоячыся, як котка, прынёс нізкі зэдлік і сеў; яго фігура напалову была асьветлена цьмяным, мігацеўшым сьвятлом, напалову зьнікала ў цені. Ня спушчаючы жываедных вачэй са спаўшага хлопчыка, ён цярпліва бадрыўся, не заўважаючы, як ідзе час, усё паранейшаму пагостраваючы нож, мармычучы і пасьмехваючыся. Сваею павярхоўнасьцю і позаю ён быў падобны да вялікага шэрага павука, зжыраўшага вачыма няшчасную бясьсільную мушку, папаўшую да яго ў цянёты.

Пасьля таго, як прайшоў нейкі час, старык, усё яшчэ тупа глядзеўшы на сваю ахвяру, — нічога ня бачачы, адляцеўшы ўсваіх марах, — раптам заўважыў, што вочы хлопчыкавы расплюшчаны, шырока расплюшчаны і ўталоплены... ўталоплены, ў нямым жаху, на нож. Шатанская усьмешка сьлізганула па твары пустыньніка; не зьмяняючы свае позы і не пакідаючы свайго занятку, ён холадна спытаўся:

— Сын Гэнры Восьмага, ці маліўся ты?

Хлопчык бяз рады бічкаваўся ў сваіх путах; здушаны, глухі гук вырваўся са сьцісьненых пашчэнкаў. Пустыньнік сталкаваў гэты гук у сэнсе пацьвярджальнага адказу.

— Маліся йзноў. Чытай адходную!

Дрыготка прабегла па хлопчыкавым целе, твар памярцьвеў. Ізноў забічкаваўся ён, прабуючы вызваліцца, качаючыся і круцячыся; ён бічкаваўся як-мага, злосна, адчайна, але дарэмна. А дзівачны старык тымчасам усьмяхаўся, хістаў галавою ды саўсім спакойна вастрыў нож.

— Час дарагі, — цьвярдзіў ён, — мінуты твае палічаны. Чытай адходную!

Хлопчык адчайна застагнаў, пакінуў бічкавацца, замёр. Сьлёзы выступілі ў яго на вачох і пацяклі па шчоках; але гэта не кранула бясчулага старыка.

Пачынала сьвітаць. Заўважыўшы, што днее, пустыньнік прамовіў рашуча, з адценкам нэрвовае трывогі;

— Годзі мне, нацешыўся я даволі. Ноч праляцела гэтак хутка, як міг, але, ўсяго толькі міг. О, калі-б яна цягнулася цэлы год! Адродзьдзе сьвятаты, лепей заплюшч вочы, калі баішся...

Рэшты нельга было разабраць, таму што старык ізноў пачаў няясна мармытаць, стаўшы на калены перад стагнаўшым хлопчыкам, з нажом у руцэ.

Што гэта? Недалёка ад хацінкі пачуліся галасы — нож вываліўся з рук пустыньніка; ён пасьпешна накінуў аўчынку на хлопчыка і ўстаў, увесь дрыжучы ад страху. Гукі рабіліся болей яўнымі; пачуўся рэзкі, злосны гоман, удары, крыкі аб падмозе, нарэшце, шагі, што аддаляліся. У тую-ж мінуту нехта моцна пастукаў у дзьверы:

— Гэй, адчыні! Ды хутчэй, чорт пабяры:

Голас гэты празьвінеў у вушох караля прыямней за ўсялякую музыку, — гэта быў голас Гэндона.

Пустыньнік, скрыгічучы зубамі ў бясьсільнай злосьці, борзда выйшаў з каморкі і прычыніў за сабою дзьверы. Сьледам затым кароль пачуў гэткую гутарку, якая адбывалася ў „малельні":

— Пашана і прывітаньне, сьвяты айцец! Дзе хлопчык, мой хлопчык?

— Які хлопчык, дружа?

— Які хлопчык! Не мані, манах, ня дуры мяне. Мне не да жартаў. Каля твае хаціны я нагнаў бадзякаў, якія ўкралі яго ў мяне, і змусіў іх прызнацца; яны паказалі, што ён уцёк, але што яны высачылі яго да самых тваіх дзьвярэй. Навет сьляды яго відаць. Годзі хітраваць! Глядзі, старац, калі ты не аддасі яго мне... Кажы, дзе хлопчык?

— Ах, дабрадзею, ты, можа быць, пытаешся пра таго абарванца, які начаваў у мяне? Калі табе цікава ведаць, дзе ён, дык калі ласка: я паслаў яго з даручэньнем. Ён хутка вернецца.

— Як хутка? А ну, няма што марнаваць часу... Ці не даганю я яго?

— Ня турбуйся, хлопчык зараз вярнецца.

— Хай сабе так, пачакаю. Але пастой: ты кажаш, што паслаў яго з даручэньнем. Дык гэта-ж мана — ён не пайшоў-бы. Ён узяў-бы цябе за бараду за гэткую адвагу. Маніш, браце, маніш. Ён не пайшоў-бы ні для цябе, ні для іншага чалавека на цэлым сьвеце.

— Для чалавека, дык можа й не, а я-ж не чалавек.

— Як! А хто-ж ты, ў імя самога Бога?

— Гэта тайна — глядзі не выдавай. Я — архангел.

У Гэндона вырваўся воклік, крыху насьмешлівага характару.

— Вось чым тлумачыцца яго паслухнянасьць! Я пэўны, што ён і пальцам не варухнуў-бы, каб паслухаць каго-б там ні было з сьмяротных; а калі загадвае архангел, дык і кароль павінен пакарацца. Пачакай-жа, што там за шум?

Увесь гэты час кароль то дрыжаў ад страху, то ад'жываў нацзеяй; ён напружваў усе сілы, каб быць пачутым, ня сьціхаючы жаласна стагнаць, але з крыўдаю пераконваўся, што яго стагната не даходзіць да вушэй Гэндона альбо ня робіць на яго ніякага ўражаньня. Апошняя ўвага яго вернага слугі падзеяла на яго, як жыватворчае дыханьне палёў на таго, што памірае, і ён яшчэ раз зрабіў адчайную спробу, але быў заглушаны голасам старца:

— Шум? Дык гэта вецер.

— Можа быць, і вецер. Але, мусі што так. Аднак-жа, я ўжо каторы раз чую гэта — вось ізноў. Не, гэта ня вецер! Дзіўны гук. Пойдзем-жа, паглядзім, што такое.

Радаснае пачуцьцё заўладала хлопчыкам. Яго стомленыя лёгкія зрабілі апошнюю натугу, але зьвязаныя пашчэнкі і ахінаўшая яго аўчынка спараліжавалі гэтую спробу. Сэрца ў яго апала, калі ён пачуў, што старац казаў:

— Ах, дык гэта знадворку — мусі, з зарасьніку. Пойдзем, я правяду цябе.

Кароль чуў, як абодва яны вышлі, гутарачы, як шагі іхнія аддаляліся... Ён застаўся адзін, сярод злавешча гнёўшае, жахоўнае цішыні.

Хлопчыку здавалася, што цэлая вечнасьць прайшла, пакуль ён пачуў ізноў падходзіўшыя шагі і галасы; на гэты раз да іх прылучыўся яшчэ нейкі стук, як відаць, конскі тупат. Затым пачуўся голас Гэндона.

— Далей я ня буду чакаць, не магу. Ён заблудзіць у гэтым густым лесе. У які бок ён пайшоў? Хутчэй пакажы мне.

— Ён пайшоў... Дык пачакай, я цябе правяду.

— Добра! Сапраўды, ты дабрэйшы, як здаешся. Хіба што ня знойдзеш другога архангела з гэткім сэрцам, як у цябе. Можа паедзеш конна? Хочаш — сядай на осьліка, якога я прывёў дзеля свайго хлопчыка, а не, дык лезь нз майго наравістага мула. І тут накрылі мяне, збылі нягодную жывёліну, што няварта і граша мядзянага.

— Не, ты сам сядай на свайго мула, бяры за вобруць асла, а я пайду пехатою, — мае ногі пэўней.

— Дык патрымай, калі ласка, осьліка, а я рызыкну сесьць на свайго доўганогага.

Тут пачалося дзыганьне, тупат, пачуліся ўдары дубца, лайба і пракляцьце, што скончылася горкаю мальбою да мула; апошняе, мусі, зрабіла ўплыў на наравісты характар жывёлы, таму што яна ў той-жа мамэнт скончыла няпрыязныя дзеяньні.

З нявыражальным горам чуў зьвязаны маленечкі кароль, як тупат усё аддаляўся і, нарэшце, саўсім замёр. Усякая надзея пакінула яго цяпер, тупая адчайнасьць заўладала ім. „Мой адзіны прыяцель, — думаў ён, — ашуканы, зьбіты з толку; пустыньнік вернецца і тады..." Яму цяжка было дыхаць; ён пачаў гэтак моцна бічкавацца ў сваіх путах, што скінуў душыўшую яго аўчынку.

Раптам дзьверы адчыніліся. Скрыпеньне іх кінула хлопчыка ў холад, ён увесь задрыжаў — яму здавалася, што вось нож падступае да горла. Ад жаху ён заплюшчыў вочы і зараз-жа ізноў расплюшчыў іх — перад ім стаяў Джон Канці і Гьюго.

Ён хацеў гукнуць: „Дзякуй Богу!" але ня мог.

Мігам яго органы былі вызвалены, і бадзякі, схапіўшы яго за рукі, пусьціліся, як мага, бегчы лесам.

Разьдзел XXII. Ахвяра вераломства.

Ізноў кароль Фу-Фу Першы змушаны быў валачыцца ў таварыстве бадзякаў і праступнікаў, служачы мішэньню дзеля іхніх грубых і тупых насьмешкаў; часамі, за плячыма ў атамана, даставалася яму ад злапамятных Канці і Гьюго. Апрача іх, усе палюбілі яго, усім падабалася яго дзіцячая адвага і стойкасьць. У працягу двох дзён, Гьюго, пад даглядам якога быў хлопчык, зьнянацку ўсяляк стараўся дапякаць яму; уночы, калі пачалося звычайнае п'янства, ён пацяшаў кампанію рознымі няпрыязнымі штукамі: двойчы, быццам зьнянацку наступіў каралю на нагу, але той, як і варта было яго дастойнасьці, пагардліва аднёсься да гэткага шальмоўства; а калі Гьюго паўтарыў гэта трэці раз, дык хлопчык гэтак ударыў яго палкаю, што ён паваліўся на зямлю, на вялікую радасьць усіх прысутных. Дзяцюк, палячыся ад злосьці й сораму, ўстаў, схапіў дубінку і заўзята накінуўся на свайго маленькага праціўніка. Хутка, каля байцоў злажыўся гурток, пачалі вышчараць зубы, біцца аб заклад. Але беднаму Гьюго проста такі не шанцавала. Яго сільныя і няспрытныя ўдары зводзіліся на нішто ўмелаю рукою караля, вышкаленага лепшымі фэхтавальнікамі ў Эўропе, ведаўшага ўсе прыемы і спрытнасьці. Ён стаяў напагатове ў грацыёзнай позе, адбіваючы ўдары, што сыпаліся на яго, як град, з гэткай лёгкасьцю і ўпэўненасьцю, што пярэсты натаўп гледзячоў ня мог надзівіцца; кожны раз, як яго прывычнае вока заўважала незахованае месца і Гьюго даставаўся спрытны ўдар па галаве, наступаў нястрымны гром рогату і вострых словаў. Цераз чэцьверць гадзіны, Гьюго ўвесь зьбіты, ў сінякох, пагардна ўцёк з поля бою, прасьледаваны самымі бязьлітаснымі насьмешкамі, а пераможца, цэлы і непашкоджаны, быў падхоплены на рукі вясёлаю араваю й пасаджаны на ганаровае месца, побач з атаманам; тут яго з урачыстай цэрэмоніяй, абвясьцілі „каралём баявых пятухоў." Яго ранейшы тытул быў скасованы, і выйшаў загад, гразіўшы выгнаньнем з шайкі кожнага, хто адважыцца вымавіць гэтае паніжальнае прозьвішча.

Усе спробы зрабіць караля карысным сябром шайкі засталіся няўдачнымі. Ён упарта адмаўляўся пакарацца трэбаваньням; мала таго, заўсёды прабаваў уцякаць. У першы дзень пасьля павароту, яго скіравалі па здабычу ў нечую кухню; ён ня толькі вярнуўся з пустымі рукамі, але яшчэ падняў на ногі гаспадароў. Паслалі былі яго з меднікам — памагаць яму красьці; ён адмовіўся „працаваць", ды яшчэ замахваўся на медніка яго-ж нітавальнікам, — так што яму і Гьюго толькі і клопату было, што глядзець на ўсе вочы, каб ён ня ўцёк. Ён пушчаў пяруны на галовы ўсіх, хто сьціскаў яго волю, альбо начапляў на яго работу. Выправілі яго пад наглядам Гьюго, з абадранаю, гразнаю жанчынаю і хворым дзіцянём, жабраваць — ён ні за што не хацеў пабірацца ці наагул дзеяць разам з імі.

Гэтак прайшло некалькі дзён. Беды й цяжары бадзяцкага жыцьця, галіта, гадасьць і грубасьць паступова рабіліся несьцярпімымі дзеля нявольніка, яму прыходзіла да галавы, што ратунак ад нажа пустыньніка, ў лепшым выпадку, зьяўляецца для яго толькі адсрочкаю пагібелі. Уночы ён запамінаў пра ўсе беды і сьніў, што ён ізноў кароль, на пасадзе. Гэта, ведама што, ўмацоўвала яго пакуту, калі ён абуджаўся; з кожны днём, які ён быў у няволі, мукі яго рабіліся ўсё жахоўней і несьцярпімей.

На другое раньне пасьля спатычкі з каралём, Гьюго ўстаў поўны думак аб помсьце. Два пляны былі, галоўным чынам, выбраны ім. Адзін быў у тым, каб панізіць горды розум хлопчыка і яго ўяляную каралеўскую вартасьць; а ў выпадку няўдачы гэтага, пусьціць у ход другі спосаб: зваліць на яго якое-нібудзь праступленьне і выдаць яго ў рукі неўмалімага суда.

Дзеля прывядзеньня ў выкананьне першага пляну, ён задумаў накласьці навязку на нагу хлопчыку, саўсім правільна разважаючы, што гэткім чынам давядзе яго да адчайнасьці; а калі навязка пачне дзеяць, ён пры падмозе Канці, прымусіць яго скіравацца на вялікую дарогу жабраваць, выстаўляючы на показку хворую нагу. Раны рабіліся масьцяй альбо прыпаркаю з нягашанае вапны, мыла і жалезнае іржы; гэтая мешаніна нашмароўвалася на кавалак раменю і шчыльна прывязвалася да нагі. Спачатку павінна была зьлезьці скура і адкрыцца мяса; пасьля рана зьверху пакрывалася крывёю, якая, засохшы, прымала чорны, адпіхальны выгляд; зьверху з разьлічанаю неахайнасьцю накладалася навязка, так каб праціўную балячку было відно і каб яна выклікала спачуцьцё ў падарожных.

Гьюго заручыўся падмогаю медніка, якому кароль нядаўна прыгразіў нітавальнікам. Яны павялі хлопчыка, і як толькі згубілі з віду свой табор, пакацілі яго, пры гэтым меднік трымаў яго, Гьюго накладаў яму на нагу тугую павязку.

Кароль рваўся і мітусіўся, пагражаў навесіць абодвух, як толькі верне карону; але яны моцна трымалі яго, пацяшаючыся над яго бясплоднымі натугамі і недарэчнымі пагрозамі. Тымчасам, плястыр пачаў ужо пячы і паказаў-бы сваё дзеяньне ў самым нядоўгім часе, каб ня здарылася перашкоды. Неспадзявана зьявіўся на сцэне „раб", — той самы, што лаяў ангельскія законы, — і палажыў канец штуцы, садраўшы навязку з масьцяю.

Вызваліўшыся, кароль хацеў ужо ўзяць палку ў свайго збавіцеля і агрэць нягоднікаў, але той ня даў яму, радзячы адлажыць расправу да вечара, калі ўся шайка будзе ў зборы і ніхто з боку ня зможа ўмяшацца альбо заступіцца. Ён павёў усіх трох у стаянку і далажыў аб здарэньні атаману. Выслухаўшы яго, атаман падумаў з мінуту і рашыў, што ня трэба прымушаць хлопчыка жабраваць, таму што ён, відочна, заслужвае лепшага назначэньня — і тут-жа даў яму падвышэньне, удастоіўшы пераводу з пабірачоў у зладзеі.

Гьюго трыумфаваў. Ён ужо прабаваў падбіць праціўніка на зладзейства, але няўдачна. А цяпер ня было ніякіх труднасьцяў: ён-жа не адважыцца не паслухаць загаду, які паходзіць ад самога начальніка. I вось у той самы дзень Гьюго злажыў плян, як падвясьці караля і выдаць яго ў рукі суда, але абставіць гэта хітра і тонка, каб усё здавалася выпадковым і незадуманым загадзя, — бо „кароль баявых пятухоў", з нядаўнага часу, карыстаўся популярнасьцю, і шайка не пацэрамонілася-б з тым, хто выкінуў-бы гэткую подлую штуку, як правакатарская выдача чалавека агульнаму ворагу — закону.

Дык вось, выбраўшы момэнт, Гьюго павёў сваю ахвяру ў найбліжэйшую вёску; доўга поўзалі яны па вуліцах — адзін усё выглядаў выгаднае здарэньне дзеля зьдзейсьненьня свайго праступнага замеру, а другі чакаў мамэнту, каб смаргануць і ўцячы назаўсёды з цяжкае няволі.

Абодва сумысьля ўпусьцілі некалькі прынадных выпадкаў, таму што таямніча кожны пастанавіў дзеяць напэўна, ня ставячы на карту найзахованьнейшых сваіх жаданьняў.

Гьюго першаму выпала чарга. Ён заўважыў жанчыну, нёсшую вялікі скрутак у кошыку, вочы яго бліснулі ліхою радасьцю:

„Чорт пабяры, каб мне толькі зваліць гэтую штуку на цябе, тады трымайся, пятушыны кароль!" — падумаў ён. З выгляду саўсім спакойна, але з моцнаю трывогаю душы чакаў ён, пакуль жанчына прайшла.

— Пачакай тутака, я зараз вярнуся! — шапянуў ён і пусьціўся, хаваючыся, за сваёю здабычаю.

Сэрца караля застукацела з радасьці; цяпер яму ўдасца ўцячы, — абы толькі Гьюго адыйшоў крыху далей. Але ня суджана было зьдзейсьніцца яго чаканьням. Гьюго хаваючыся падыйшоў да жанчыны, выцягнуў скрутак і, завінуўшы яго ў кавалак старое коўдры, які насіў з сабою, пачаў уцякаць. У тую-ж мінуту жанчына падняла крык і гвалт; яна і не заўважыла, як выкралі яе ношу, але хутка схамянулася, пачуўшы, што кошык зрабіўся лягчэйшым. Гьюго ўсунуў скрутак у рукі каралю, ня спыняючыся.

— Хутчэй бяжы за мною, — сказаў ён, — і крычы: „Лаві злодзея!" ды пастарайся зьбіць іх з толку.

Зараз-жа пасьля гэтага Гьюго скіраваўся за вугол, шмыгануў у крывы завулак; цераз мінуту ён ізноў паказаўся, з самым роўнадушным і невінаватым выглядам спыніўся каля стаўпа, з цікавасьцю чакаючы, што будзе далей.

Кароль са злосьцю кінуў скрутак на зямлю; пры гэтым коўдра расхінулася. Якраз у гэту мінуту прыбегла жанчына, з натаўпам народу за ёю. Схапіўшы аднэю рукою хлопчыка, другою трымаючы скрутак, яна пачала адчытваць няшчаснага, дарэмна прабаваўшага вырвацца.

Гьюго ўбачыўшы, што яго вораг схоплены і, дзеля гэтага, не ўцячэ ад суда, скіраваўся трыумфуючы й задаволены, у табар, па дарозе прыдумваючы падобную да праўды гісторыю, дзеля данясеньня атаману.

Кароль далей трапястаўся ў чэпкіх руках жанчыны, сярдзіта крычучы:

— Пусьці мяне, дурная баба! Ня я ўкраў твой гадкі скрутак!

Натаўп абступіў іх, пагражаючы каралю, абсыпаючы яго лаянкамі. Нейкі каваль, увесь у сажы, з раменным хвартухом, закасаўшы рукавы, праціснуўся наперад, дзеля таго, каб як мае быць правучыць яго; але раптам у паветры бліснуў меч і адбыўся ўдар плоскім бокам па выцягненай руцэ.

— Ціха, добрыя людзі, няма чаго злаваць і лаяцца. Закон разьбярэ справу, а вам няварта соўвацца. Каваль абвёў вокам паважную фігуру ваякі і адступіў на пятках назад, мармычучы і пачэсваючы сабе руку. Жанчына неахвотна выпусьціла каралёву руку. Натаўп няпрыязна пазіраў на незнаёмца, але разумна маўчаў. Кароль кінуўся да свайго збавіцеля, пачырванеўшы, са зьзяўшым выглядам:

— Доўга-ж ты прападаў, сэр Майльс, але зьявіўся якраз упару. Паразганяй-жа гэты натаўп.

Разьдзел XXIII. Кароль арыштованы.

Гэндон ледзь устрымаўсч ад усьмешкі і, нагнуўшыся да хлопчыка, шапнуў яму:

— Цішэй, цішэй, гаспадару, стрымлівайся з языком. Дай волю мне, я сам усё зраблю.

А сам сабе Майльс падумаў: „Сапраўды-ж я ўжо саўсім неяк запомніў, што мне дана рыцарскае званьне, што я сэр. Ах, Божа, дзіўна вельмі, што ён гэтак добра памятае ўсё, ня гледзячы на свае недарэчныя, бязглуздыя дзівацтвы!.. Ведама, што мой тытул пусты гук, а ўсё-ж такі трэ' было заслужыць яго; сапраўды, памойму больш гонару ўдастоіцца званьня рыцара ў царстве мараў і прыяваў, чымся поўзаць дзеля адтрыманьня графоўскага тытулу ў якім-бы ні было з царстваў сьвету гэтага".

Натаўп расступіўся, каб прапусьціць констэбля, які падыйшоў да караля і хацеў узяць яго за каўнер; але Гэндон заступіўся:

— Лягчэй, дружа, бяз рук... ён сам пайдзе; ручаюся табе. Ідзі, а мы за табою.

Паліцэйскі з жанчынаю, нёсшаю скрутак, пайшоў наперадзе; за ім кароль і Майльс, праводжаныя натаўпам. Хлопчык зьбіраўся протэставаць, але Гэндон сказаў яму паўголасна:

— Падумай, гаспадару, — то-ж на законе толькі й будуецца каралеўская ўлада, дык ці-ж можаш ты адмаўляцца ад спаўненьня яго і вымагаць паслухнянасьці ад іншых? Відочна, закон толькі-што быў нарушаны; калі, гаспадару, ты ізноў займеш пасад, хіба-ж табе ня прыемна будзе спомніць, як калісьці, трапіўшы ў палажэньне простага грамадзяніна, ты пакарыўся ўладзе закону.

— Ты кажаш праўду. Годзі, пабачыш, што кароль вымагае толькі гэтак-жа пакарацца законам, як сам ён пакараецца ім.

Калі судзьдзя запрапанаваў жанчыне даць паказаньні, яна прысягальна цьвярдзіла, што маленькі абвінавачаны той самы, які ўкраў. Ніхто ня мог паказаць адваротнага — так што справа хілілася не на карысьць хлопчыка. Разьвінулі скрутак; у ім аказалася клустае парасё. Судзьдзя пасмутнеў, а Гэндон пабялеў, па целе яго прабеглі дрыготкі жаху. Толькі кароль, у няведаньні сваім, заставаўся спакойны. Прадстаўнік закону моцна задумаўся; надыйшла пауза, праракаваўшая ліха. Затым судзьдзя зьвярнуўся да жанчыны з запытаньнем:

— На колькі ты ацэньваеш сваю ўласнасьць?

— На тры шылінгі і восем пэнсаў, вашая міласьць, нічога не магу спусьціць; цана назначана па суменьню.

Судзьдзя абвёў натаўп засмучаным паглядам, паклікаў констэбля і сказаў:

— Выдаліць публіку з залі і зачыніць дзьверы.

Загад быў споўнены. Нікога не засталося, апрача вураднікаў, абвінавачанага, вінаваціўшага і Майльса Гэндона. Апошні стаяў пануры і зьбялеўшы; на лобе ў яго выступілі буйныя кроплі халоднага поту і пацяклі па твары. Судзьдзя йзноў зьвярнуўся да пацярпеўшае і прамовіў з выразам спачуцьця:

— Перад табою бедны, цёмны хлопчык, быць можа голад піхнуў яго на праступленьне, бо часы-ж цяпер цяжкія для няшчасных. Зьвярні ўвагу, ў яго саўсім ня злы твар, але голад ня свой брат... Добрая жанчына, ці ведама табе, што за крадзеж рэчы вартасьцю вышэй трынаццацёх з паловаю пэнсаў закон пагражае павешаньнем?

Маленькі кароль здрыгануўся, яго спалоханыя вочы шырока вырачыліся, але ён аўладаў сабою.

Ня тое было з жанчынаю; яна падскочыла на ногі, дрыжачы ад страху, і пачала маліць:

— Ах, Божачка, што я нарабіла! Крый Божа, ды я ні за што на сьвеце не хачу губіць яго. Збаўце мяне ад гэтай бяды, вашая міласьць... Што мне рабіць, як мне быць?...

Судзьдзя спакойна і проста адказаў:

— Пэўна-ж, закон дапушчае зьмену цыфры вартасьці, таму што паказаньне яшчэ не запісана ў пратакол.

— Тады, ў імя Бога, пішэце, што парасё каштуе толькі восем пэнсаў, і я падзякую Небу за тое, што на суменьні маім ня будзе гэткага цяжкага граха.

Майльс Гэндон з радасьці запомніў усе цэрарамоніі: абняў караля і моцна прытуліў яго да сябе, чым вельмі зьдзівіў яго і закрануў яго дастойнасьць. Жанчына горача падзякавала судзьдзі і выйшла са сваім парасём. Паліцэйскі адчыніў ёй дзьверы і выйшаў у калідор. Судзьдзя быў заняты пісаньнем пратаколу. А Гэндон, уважна сачыўшы за тым, што адбывалася, захацеў даведацца, чаго паліцэйскі пайшоў сьледам за жанчынаю; ён паціхеньку смаргануў у цёмны калідор і пачуў там гэткую размову:

— Парасё клустае, добрая патрава выйдзе з яго. Я купляю яго ў цябе. Вось восем пэнсаў.

— Восем пэнсаў! Як-бы ня гэтак! Папрабуй купіць за гэтыя грошы. Яно мне самой каштуе тры шылінгі і восем пэнсаў, як лёду — поўнаважкаю монэтаю, да якой нябожчык кароль Гарры не дакрануўся. А ты захацеў за восем пэнсаў.

— Што-ж гэта ты, цётачка, круціш? То-ж ты давала паказаньне пад прысягаю і, значыцца, фальшыва прысягнула, што парасё каштуе толькі восем пэнсаў. Пойдзем-жа зараз да яго міласьці; за гэткую штуку будзеш адказаваць... а хлопчыка павесяць...

— Пачакай, родненькі, ціха — хай сабе патвойму. Давай грошы ды толькі маўчы болей.

Жанчына пайшла са сьлязьмі на вачох, Гэндон, нікім не заўважаны, вярнуўся ў судовую залю, за ім увайшоў паліцэйскі, перад гэтым захаваўшы сваю здабычу ў добранькім месцы. Судзьдзя пісаў яшчэ нейкі час: затым прачытаў каралю настаўніцкі, але мягкі адказ і засудзіў яго на нядоўгае сядзеньне ў вастрозе ды публічную кару бізунамі. Страшэнна зьдзіўлены кароль разявіў быў рот, быць можа, зьбіраючыся прыказаць, каб судзьдзя быў незабаўна абезгалоўлены; але заўважыў перасьцерагаўшыя жэсты Гэндона, і прамаўчаў. Гэндон узяў яго за руку, пакланіўся судзьдзі і скіраваўся, ў праводжаньні паліцэйскага, да вастрогу. Толькі што яны выйшлі на вуліцу, як разгневаны монарх упёрся, вырваў руку ў Майльса і крыкнуў:

— Дурань, няўжо-ж ты думаеш, што мяне жыўцом вазьмуць у вастрог?

Гэндон нахіліўся да яго і цьвёрда заўважыў:

— Даверся мне. Маўчы і ня псуй справы занадта адважнымі словамі. Пакладзі надзею на волю Божую — ад лёсу не ўцячэш; будзь цярплівым і чакай — час пакажа, як быць.

Разьдзел XXIV. Уцёк.

Кароткі зімовы дзень канчаўся. Вуліцы апусьцелі; толькі дзе-ня-дзе трапляліся праходзіўшыя, дый тыя, як відаць, сьпяшаліся хутчэй скончыць свае справы і схавацца ад мацнеўшага ветру і надходзіўшага змроку ў прытульных хатах. Яны праходзілі, не аглядаючыся па бакох; ніхто не зьвярнуў увагі на нашу кампанію, ніхто, як быццам, і не заўважаў яе. Адварды Шосты нявольна падумаў, што яшчэ ніколі ніводнаму каралю не даводзілася ісьці ў вастрог і спатыкаць на сумным шляху сваім гэткую незразумелую роўнадушнасьць падданых. Хутка паліцэйскі прывёў іх на бязьлюдны рыначны пляц. Калі яны апынуліся пасярэдзіне яго, дык Гэндон палажыў руку яму на плячо і шапнуў:

— Пачакай толькі мінутачку, дружа; тут нікога няма — мне трэба сказаць табе пару словаў.

— Не пазваляецца, мой дарагі; калі ласка, не затрымлівайце мяне, таму што хутка ўжо ноч на двары.

— Усё такі, пачакай — справа блізка датычыць цябе. Адвярніся лепш плячыма і прыкінься, што нічога ня бачыш: няхай хлопчык уцячэ.

— Як вы сьмееце прапанаваць мне гэта, мой дарагі! Арыштую вас імем...

— Пазволь, не сьпяшайся. Будзь асьцярожнейшы, каб ня даць маху.

Ён панізіў голас і зашаптаў у вуха паліцэйскаму:

— За парасё, якое дасталася табе за восем пэнсаў, ты можаш заплаціць галавою.

Бедны паліцэйскі, зьбянтэжаны, спачатку быццам языка пазбавіўся, пасьля, апамятаўшыся, пачаў крычаць і пагражаць: але Гэндон быў непарушны і чакаў, пакуль той не супакоіцца.

— Ці ведаеш, што ты мне спадабаўся, — сказаў ён, нарэшце, — не хацелася б, каб ты пацярпеў. Заўваж сабе, я ўсё чуў, кожнае слова, — зараз дакажу табе гэта.

І ён паўтарыў, ад слова да слова, размову паміж паліцэйскім і жанчынаю ў калідоры суда.

— Вось бачыш, ці-ж ня праўду я кажу? Што-ж, патвойму, не змагу я ўсё расказаць судзьдзі, калі спатрэбіцца?

Паліцэйскі так і застыў ад страху і бяды; крыху супакоіўшыся, ён загаварыў з папушчанаю праставатасьцю:

— Ды вы з мухі робіце сланя; нашто раздуваць справу? Я проста пажартаваў з жанчынаю.

— А парасё таксама жартам узяў ад яе?

Паліцэйскі злосна адказаў:

— Не як-нібудзь іначай, пане, — кажу вам, што толькі жартам.

— Я гатоў табе паверыць, — сказаў Гэндон, ня то насьмешлівым, ня то сур'ёзным тонам, — толькі ты крыху пачакай тутака, а я зьбегаю да судзьдзі і спытаюся ў яго, — то-ж ён, як чалавек, што разумее ў законах, бязумоўна ведае, што такое жарт, што такое...

I ён ужо рушыў назад, усё цьвердзячы сваё; паліцэйскі замяўся, вылаяўся, пасьля крыкнуў:

— Гэй, пане, пачакайце крыху. Ды што судзьдзя — ён, ці ведаеце, таксама здольны разумець жарт, як якое-нібудзь пудзела. Хадзеце лепш сюды, пагаворым. Чорт пабяры, я, як відаць, трапіў на памылку, і ўсё цераз нявінны, неабдуманы жарт. Пашкадуйце, вашая міласьць, я чалавек сямейны — ў мяне жонка, дзеці. Скажэце, чаго вам ад мяне трэба?

— Толькі аднаго: каб ты зрабіўся сьляпы, нямы і нярухомы, пакуль не налічыш сто тысячаў не сьпяшаючы, — сказаў Гэндон з выглядам чалавека, які просіць аб самай нязначнай рэчы.

— Дык я-ж загіну за гэта, — адчайна вымавіў паліцэйскі. — Ой, пане, разважце самі; з якого боку ні глянь, ясна, але-ж ясна відаць, што гэта быў жарт. А калі й ня жарт, дык гэткі малюсенькі праступак, што судзьдзя самае большае, зробіць мне выгавар і перасьцярогу.

Гэндон адказаў з халоднай урачыстасьцю:

— Аднак-жа для твайго жарту ёсьць асобны артыкул у законах... Ведаеш — які?

— Я гэтага ня ведаў! Можа быць праз няведаньне, зрабіў я крыху нядобра. Я й ня думаў, каб быў гэткі артыкул. Ах, Божа мой, а мне здавалася, што гэта глупства.

— Ага, артыкул ёсьць. Вось што ён кажа: Non compos mentis lex tationis sic transit gloria mundi.

— Ай, Божачка!

— А паложана за гэта кара сьмерці!

— Божа, зьлітуйся нада мною, грэшным.

— Скарыстаўшыся небясьпекаю, гразіўшай абвінавачанаму, ты дзеля ліха ўжыў сваю ўладу, забраўшы рэч вартасьцю вышэй трынаццацёх з паловаю пэнсаў, а гэта ў вачох закону нядобрасуменнае спаўненьне абавязкаў і злаўжыцьцё па службе, ad hominem expurgatis in statu quo — за якое праступленьне паложана кара сьмерці праз павешаньне, бяз споведзі і літасьці ці адданьня пад духоўны суд.

— Падтрымайце, падтрымайце мяне, пане, ногі млеюць. Зьлітуйцеся, ня губеце — я адвярнуся плячыма і нічога ня буду бачыць.

— Вельмі добра, цяпер ты зрабіўся болей разумным. А парасё аддасі?

— Аддам, аддам, і ўжо ніколі не дакрануся ні да якога парасятка. Ідзеце — я сьляпы, я нічога ня бачу. Скажу, што вы ўварваліся і сілаю адбілі арыштованага. Дзьверы ў нас пры гэтым старыя, а я іх уночы выб'ю.

— Гэтак і зрабі, дружа, нічога табе ня будзе. Судзьдзя літасьціва аднёсься да беднага хлопчыка; павер, што ён не пашкадуе, што гэты малы ўцёк дый вастрожніка не пакарае...

Разьдзел XXV. Гэндон-Голь.

Як толькі Гэндон з каралём адыйшлі настолькі ад паліцэйскага, што яго ўжо ня відаць было, яго вялікасьць павінен быў скіравацца ў назначанае месца за горад і там чакаць свайго збавіцеля, які зайшоў у готэль разрахавацца. Праз поўгадзіны абодва прыяцелі, весела гутарачы, на сваіх скакунох ехалі ў кірунку на ўсход. Каралю было цяпер цяпло і добра, таму што ён скінуў свае лахманы і апрануў патрыманы касьцюм, куплены для яго Гэндонам на Лёнданскім мосьце.

Гэндон стараўся не ўтамляць хлопчыка; цяжкія пераезды, думаў ён, ды благая яда і няпоўны сон могуць блага адгукнуцца на яго здароўі; тымчасам, як умяркованы рух, адпачынак і правільны характар жыцьця, напэўна, прысьпяшыць выздараўленьне. Ён шчыра жадаў бачыць хлопчыка ў здаровым розуме, вольным ад хваравітых прыяваў, напаўняўшых яго бедную галоўку. Дзеля гэтага, ён пастанавіў не сьпяшаючыся вяртацца ў бацькаўскі дом, адкуль быў выгнаны гэтулькі гадоў назад, — замест таго, каб, пакараючыся ахапіўшай яго нецярплівасьці, без перадышкі ляцець як дзень, так ноч.

Ад'ехаўшы каля дзесяцёх міляў, нашыя ездакі дасягнулі вялікага сяла і спыніліся там на начлег у даволі добрым шынку. Ранейшыя адносіны ізноў аднавіліся між імі; Гэндон стаяў ззаду за каралём і прыслужваў яму падчас абеду; пасьля распрануў яго і палажыў у пасьцель, а сам лёг на падлозе каля дзьвярэй і ахінуўся коўдраю.

У чародныя два дні яны пакрысе пасоўваліся ўперад, расказваючы адзін аднаму пра свае прыгоды з часу разлукі; расказы гэтыя вельмі займалі кожнага з іх. Гэндон вылажыў усе свае перажываньні пры шуканьні караля; перадаў, як, архангел дурыў яго, водзячы дарэмна па лесе, як, нарэшце, бачачы, што ня можа лёгка адчапіцца, павёў яго назад да хаціны. Старык зайшоў у спальню і выйшаў адтуль з выразам зьдзіўленьня і гора на твары, — ён чакаў, як быццам, што хлопчык вярнуўся і лёг адпачыць, але яго няма. Гэндон прачакаў караля цэлы дзень; згубіўшы надзею на паварот яго, ён ізноў вырушыў у пашуканьні.

— А сьвяты айцец сапраўды бедаваў, што вашая вялікасьць не вярнуліся, — сказаў Гэндон, — па твары яго відаць. было.

— Ані не сумняваюся ў гэтым, — адказаў кароль, і расказаў сваю страшэнную гісторыю. Гэндон пашкадаваў, што ня прыкончыў архангела.

У апошні дзень падарожы настрой Гэндона быў крыху падняты. Ён ня сьціхаў гаварыць, — то расказваў пра свайго старога бацьку, пра брата Артура, прыводзіў выпадкі, рысаваўшыя іхнюю чэснасьць; то з уцехаю й любасьцю спамінаў пра сваю Эдыту, і наагул быў гэтак радасна настроены, што навет аб Гью выказаўся дабрадушна, пабратэрску. Доўга яшчэ расказваў ён аб сустрэчы ў Гэндон-Голі, якая была наперадзе. Якая гэта будзе неспадзяванасьць для ўсіх, якая радасьць!

Дарога цягнулася па прыгожай мясцовасьці, усеянай котэджамі і садамі сярод шырокіх сенажацяў, якія, дзякуючы чяроўнаму грунту, напаміналі бурнае мора. Пасьля паўдня, блудны сын, які вяртаўся пад бацькаўскую страху, няраз схіляў з дарогі, прабуючы з якога-нібудзь прыгорку хаця здалёк разглядзець свой дом. Нарэшце, гэта яму ўдалося, і ён неспакойна выгукнуў.

— Вун, гаспадару, вёска, а тамака далей і наш замак. Глянь, і вежы відаць адсюль. А вось лясочак здалёк — гэта бацькаўскі парк. Пабачыш, якая там роскаш, якое багацьце! Семдзесят пакояў — падумай толькі! Адных слугаў дваццаць сем чалавек. Добрая кватэра для гэткіх малайцоў, як мы з табою. ну, цяпер пасьпяшаймася, я смажуся ад нецярплівасьці.

Ня гледзячы на хуткую язду, падарожныя нашы даехалі да вёскі толькі пасьля трэцяе гадзіны ўдзень. Ня спыняючыся, яны паехалі далей. Гэндон ані на момэнт ня сьціхаў:

— Вось цэрква, абросшая плюшчам, — ніякае зьмены. Вун стары шынок „Чырвоны Леў", за ім рыначны пляц. Бачыш, прызавая мачта і вадацяг усё паранейшаму, нічога не зьмянілася, апрача людзей. Дзесяць гадоў вялікі кавалак у жыцьці чалавека; некаторыя твары мне як быццам знаёмы, а мяне дык ніхто не пазнае.

Гэтак ён усё гаманіў. Мінуўшы вёску, прыяцялі схілілі на вузкую крывую дарогу, абгароджаную высокай агароджаю; шпарка праехалі яшчэ з паўмілі і ўехалі ў вялізную каменную браму з вылепленымі гэрбамі на колённах, вёўшую ў сад. Перад імі ўзвышаўся вялічавы будынак.

— Калі ласка — ў Гэндон-Голь, кароль! — гукнуў Майльс. — О, які вялікі, шчасьлівы дзень! Бацька мой, брат і лэді Эдыта звар'яцеюць з радасьці; пры першай радасьці спатканьня яны толькі й будуць гаварыць і думаць пра мяне — так што цябе, хіба, холадна сустрэнуць; але ты не зьвяртай увагі — хутка ўсё пойдзе йначай. Як я ім раскажу, што ты мой гадунец, што я пакахаў цябе, дык яны, дзеля Майльса Гэндона, прымуць цябе радасна і прытуляць, як роднага.

Цераз некалькі мінут Гэндон саскокнуў з мула перад высокім ганкам, памог зьлезьці каралю і, ўзяўшы яго за руку, борзда скіраваўся ў замак. Падняўшыся на некалькі ступенькаў, ён апынуўся ў вялікім пакоі; ён увайшоў, пасьпешна й бесцэрамонна пасадзіў хлопчыка і кінуўся да маладога чалавека, сядзеўшага за пісьменным сталом каля ясна гарэўшата каміну.

— Абнімі мяне, Гьюго! — сказаў ён. — Скажы, то-ж ты рад, што я вярнуўся? Кліч хутчэй бацьку, таму што родны дом мне ня радасьць, пакуль я ня прыпаду да яго рукі, пакуль ня ўбачу йзноў яго твару, не пачую яго голасу!

Але Гью толькі адхіснуўся з выразам зьдзіўленьня; затым утаропіў у яго строгі пагляд — пагляд, выказваўшы як-бы зьняважаную дастойнасьць, і зараз-жа перайшоўшы, пад уплывам нейкае думкі ці пабуджэньня ў зьдзіўленьне і цікавасьць з дамешкаю спачуцьця — ня то шчырага, ня то прыкіднога.

— Небарака, — сказаў ён мягка, — ты, здаецца, не пры сваім розуме. Ты, напэўна, выцярпеў ня мала бяды і ўдараў лёсу; гэта відаць па твары тваім і па вопратцы. Скажы, за каго ты мяне прымаеш?

— За каго прымаю? За каго-ж, як не за Гью Гэндона, — злосна адказаваў Майльс.

Той дапытваў далей тым самым мягкім тонам:

— А кім ты сябе ўяўляеш?

— Уяўленьне тут ні пры чым. Ці не пачнеш ты цьвярдзіць, што не пазнаеш мяне, свайго брата, Майльса Гэндона?

Выраз радаснага зьдзіўленьня сьлізгануў па твары Гью.

— Як, ты не жартуеш? — гукнуў ён. — Хіба-ж мерцьвякі ўстаюць? Дзякуй Богу, калі так. Наш бедны, прапаўшы брат вярнуўся пасьля гэтулькіх гадоў цяжкае нядолі. Ах, гэта занадта вялікае шчасьце — надта непадобна да праўды... Малю цябе, пашкадуй, не жартуй гэтак са мною! Хутчэй, падайдзі да сьвятла... дай мне разглядзець цябе!

Ён схапіў Майльса за руку, пацягнуў яго да вакна і пачаў моцна разглядаць з галавы да ног, і так і гэтак круцячы яго, і абходзячы навокал, каб бачыць са ўсіх бакоў. А вярнуўшыся блудны сын увесь зіхацеў з радасьці, ўсьмяхаўся і, памахваючы галавою, прыгаварваў:

— Глядзі, братка, глядзі, ня бойся; кожная рыса скажа табе, што гэта я. Разглядай, любуйся колькі хочаш, мой добры Гью — але, перад табою твой Майльс, сапраўдны Майльс, твой загінуўшы брат... Ці-ж ня так? Ах, сягоньня шчасьлівы дзень — я казаў гэта раней! Дай мне руку, абнімемся... Божа, я, здаецца, памру з радасьці!...

Ён гатоў быў кінуцца ў абняцьці брата, але той адхіліў яго рукою і, сумна спусьціўшы галаву, прамовіў неспакойна:

— Ох, Божа, дай мне сілу вытрываць гэта цяжкае расчараваньне!

Майльс з мінуту ня мог вымавіць слова; затым голасна гукнуў:

— Якое расчараваньне? Хіба-ж я ня твой брат?

Гью сумна памахаў галавою і сказаў:

— Дай Божа, каб гэта было так, каб іншыя адкрылі сходнасьць, якую адмаўляюцца бачыць мае вачы. Ой, як баюся, што ў пісьме была чыстая праўда.

— У якім пісьме?

— У пісьме, якое прыйшло да нас з-за мора, гадоў сем ці восем назад. У ім пісалася, што брат мой забіты ў баі.

— Гэта няпраўда! Пакліч бацьку — ён пазнае мяне.

— Нябожчыка не паклічаш.

— Ён памер? — перапытаўся Майльс забітым голасам і губы яго задрыжалі. — Бацька памер! О, гэта горкая вестка! Уся мая радасьць атручана цяпер. Калі ласка, пакліч Арзсэра — ён пазнае мяне, пазнае і ўцешыць.

— Ён таксама памёр.

— Божа, зьлітуйся нада мною. няшчасным... Памёрлі... абодва памёрлі — дастойных няма ў жыцьці, толькі недастойныя, як я, засталіся... А лэді Эдыта?... Пашкадуй...

— Не, яна жывая.

— Дзякуй Богу, хоць адна ўцеха! Хутчэй, братка, пакліч яе сюды! Калі й яна ня прызнае мяне... не, гэтага ня можа быць... Не, не, яна пазнае — дурасьць з майго боку навет ня мець пэўнасьці ў гэтым. Прывядзі яе, пакліч і старых слугаў — яны таксама павінны памятаць мяне.

— Усе яны памёрлі — засталося толькі пяцёх: Піцер, Гальсэй, Дэвід, Бэрнарды і Маргарэт.

Сказаўшы гэта, Гью выйшаў з пакою. Майльс пастаяў з мінуту, затым задумаўшыся захадзіў па пакоі, разважаючы сам з сабою:

— Пяцёх нягоднікаў перажылі дваццацёх чэсных і верных — дзіўная рэч.

Ён то ўзад, то ўперад хадзіў далей, нешта мармычучы, саўсім запомніўшы пра караля. Раптам яго вялікасьць сказаў сур'ёзна з выразам шчырага спачуваньня, хаця словы яго і маглі быць вытлумачаны ў іронічным сэнсе:

— Ня сумуй, добры чалавек; ёсьць і апрача цябе людзі, тая самая асабістасьць якіх ня прызнаецца, а пратэнсіі выклікаюць сьмех. Ты не адзін.

— Ах, гаспадару! — крыкнуў Гэндон, чырванеючы, — ты хаця не асудзі мяне — пачакай і пабачыш. Я не ашуканец — яна сама пацьвердзіць; ты пачуеш гэта з яе найпрыгажэйшых вуснаў. Я не самазванец, не, я знаю гэты стары замак і ўдоўж і ўпоперак, усе абразы продкаў, усе акалічныя рэчы мне гэтак сама добра знаёмы, як дзіцяці яго дзіцячы пакой. Тут я радзіўся і вырас, гаспадару; кажу праўду — я не ашукваў-бы цябе. Хай ніхто ня верыць мне, але цябе я малю быць пэўным — гэтага я ня вытрываю.

— Я ні кроплі ня маю няпэўнасьці, — сказаў кароль з дзіцячаю прастатою і вераю.

— Дзякую табе са ўсяго сэрца, — з гарачкаю сказаў праняты Гэндон.

— А ты верыш мне?

Гэндон задумаўся, але нашчасьце, у гэтую мінуту дзьверы адчыніліся, і зьяўленьне Гью збавіла яго ад неабходнасьці адказаць на вострае пытаньне.

Прыгожая лэді, багата апраненая, увайшла разам з яго братам, а за імі некалькі блішчастых слугаў. Лэді ішла марудна, схіліўшы галаву і спусьціўшы вочы; твар яе дыхаў нявымоўным сумам. Майльс Гэндон кінуўся да яе са словамі:

— О, Эдыта, дарагая!

Але Гью строга спыніў яго і зьвярнуўся да лэді:

— Глянь на гэтага чалавека. Знаеш ты яго?

Пры гуку голасу Майльса маладая жанчына крыху здрыганулася, шчокі яе загарэліся; яна ўся дрыжала. З мінуту яна стаяла моўчкі; пасьля марудна падняла вочы і паглядзела на Гэндона спруцянейшым, спалоханым паглядам; кроў адлілася ад яе твару і ён зьбялеў, як у нябожчыцы. Яна прамовіла няжывым голасам: „Я ня знаю яго!" і, адвярнуўшыся са стагнаньнем і прыдушаным плачам, хістаючыся, выйшла з пакою.

Майльс Гэндон бясьсільна ўпаў у крэсла і затуліў твар рукамі. Пасьля кароткага маўчаньня брат зьвярнуўся да слугаў:

— Вы бачыце гэтага пана. Знаеце вы яго?

Яны адмоўна памахалі галовамі. Тады гаспадар сказаў:

— Мае слугі ня знаюць вас, сэр. Нажаль, тут нейкае непаразуменьне. Вы пераканаліся, што й жонка мая таксама ня прызнае вас.

— Твая жонка!.. У міг Гью быў прыцісьнены за горла да сьцяны, як быццам жэлезнымі абцугамі.

— О, хітрая душачка, цяпер мне ўсё ясна! Ты сам напісаў фальшывае пісьмо, ашуканскім чынам заўладаў маёю нявестаю і маёю маемасьцю. Ідзі з вачэй маіх, каб я не запэцкаў свае салдацкае чэсьці крывёю гэткага мізэрнага нягодніка!

Гью, пасінеўшы і задыхаючыся, абапёрся аб найбліжэйшае крэсла і крыкнуў слугам схапіць і зьвязаць брата; але яны хісталіся.

— Ён азброены, сэр Гью, — сказаў адзін з іх, а мы неазброеныя.

— Азброены! Дык што-ж такое — то-ж вас шмат. Бярэце яго, кажуць вам!

Але Майльс паперадзіў іх быць асьцярожнейшымі, дадаўшы:

— Вы знаеце мяне змалку — я гэткі самы застаўся, як быў. Спрабуйце толькі падыйсьці — пабачыце.

Гэтыя словы не асабліва падбухторылі слугаў — яны яшчэ падаліся назад.

— Пайшлі вон, подлыя трусы, вазьмеце зброю і ахоўвайце дзьверы, а я пашлю па варту, — крыкнуў Гью. На парозе ён адвярнуўся і сказаў Майльсу:

— Лепей не прабуйце ўцякаць — гэта дарэмная рэч.

— Уцякаць? Ня турбуйся. Майльс Гэндон — гаспадар Гэндон-Голю і ўсіх яго палёў, і праз гэта застанецца тут — у гэтым будзь саўсім пэўны.

Разьдзел XXVI. Ня прызнаны.

Кароль некалькі мінут сядзеў у глыбокай задуме; пасьля падняў галаву і заўважыў:

— Дзіўна, надта дзіўна! Ніяк не магу сабе вытлумачыць.

— Не, ані ня дзіўна, гаспадару. Я яго знаю, і павядзеньне яго лічу саўсім натуральным. Ён змалку быў нягоднікам.

— Ах, ды я не аб ім кажу.

— Не аб ім? Аб кім-жа? Што-ж, уласна кажучы, дзіўна?

— Ды тое, што да гэтага часу не хапіліся караля.

— Як? Якога караля? Не разумею.

— Сапраўды? Ці ня зьдзівіла цябе падчас падарожы, што край саўсім не напоўнены кур'ерамі, якія павінны былі быць парассыланымі, шукаць мяне, што нідзе ня відаць абвяшчэньняў з апісаньнем мае асобы. Хіба-ж тое, што згінуў галава дзяржавы, не павінна было выклікаць агульнага перапуду і адчайнасьці? Няўжо не заўважылі што я прапаў невядома куды.

— Саўсім так, гаспадару, я й запомніў аб гэтым. Затым Гэндон уздыхнуўшы падумаў: „Бедная, хворая галоўка — ўсё яшчэ ахоплена тою самаю хваробаю".

— Але ў мяне ёсьць плян, які вызваліць з бяды нас абодвух; я напішу пісьмо на трох мовах — лацінскай, грэцкай і ангельскай, а ты раненька павязеш яго ў Лёндан. Нікому не паказвай, апрача майго дзядзькі Гэртфорда; як ён прачытае яго, дык адразу пазнае, хто пісаў, і зараз-жа прышле па мяне.

— Ці ня лепей, гаспадару, перачакаць тутака, пакуль я ня буду прызнаны і не забясьпечу сваіх правоў на ўладаньне. Тады мне выгадней будзе...

Кароль перабіў яго тонам загаду:

— Маўчы! Што значаць твае мізэрныя ўладаньні, твае дробныя інтарэсы ў парэаўнаньні са справамі, якія датычаць дабра нацыі і незачэпнасьці пасаду! Пасьля, як-бы пакаяўшыся ў сваёй рэзкасьці, дадаў мягкім тонам:

— Слухай і ня бойся. Я аднаўлю твае правы, забясьпечу цябе, мала гэтага, я не запомню тваіх заслугаў і шчодра абдару цябе за іх.

З гэтымі словамі ён узяў пяро і пачаў пісаць. Гэндон зірнуў на яго з жалем і падумаў: „А і сапраўды можна падумаць, што кароль. Калі ён злуе, дык сыпле грымоты—ні даць, ні ўзяць — сапраўды монарх. І як гэта ён сабе ў галаву ўбіў гэтую штуку? Вун, цяпер драпае свае недарэчныя каракулькі, думаючы, што гэта лацінскія і грэцкія словы. Калі мне ня ўдасца выдумаць што-нібудзь, каб адхіліць яго ад яго замеру, дык прыдзецца зрабіць выгляд, што я адпраўляюся выпаўніць яго дзікае даручэньне.

Але зараз-жа думкі Майльса перанясьліся да апошняга здарэньня. Ён да таго пагружаны быў у задуму, што калі кароль даў яму напісаную паперу, дык ён машынальна ўзяў яе і палажыў у кішэнь. „Як дзіўна яна трымала сябе," прамармытаў ён. „Я думаю, што яна пазнала мяне і, ў той-жа самы час, мне здаецца, што не, не пазнала. Саўсім добра разумею, што адно з двох павінна быць, але ніяк не магу адкараскацца ад гэткага разладу. Яна, напэўна, пазнала мой твар, маю фігуру, мой голас, — іначай быць ня можа. Аднак-жа заявіла, што ня знае мяне, і гэтага даволі, як дакажу, таму што яна ніколі не маніла. Але, пачакай-жа, здаецца, што пачынаю цяміць у чым справа. Быць можа, ён зрабіў на яе ўплыў, прыказаў, прымусіў зманіць. Вось дзе разгадка. Яна глядзела насьмерць спалоханаю — але, яна была пад яго націскам. Але я знайду яе; цяпер, калі яго няма, яна скажа праўду. Яна прыпомніць добры стары час, калі мы яшчэ дзяцьмі гулялі разам, і сэрца яе зьмягчэе; яна не адпіхне мяне і ўва ўсім прызнаецца. У ёй няма ні кроплі вераломства — не, яна кахала мяне — ў гэтым уся мая надзея, — хто раз кахаў чалавека, той ня здрадзіць яго".

Ён пасьпешна скіраваўся да дзьвярэй; але ў гэту мінуту яны адчыніліся і ўвайшла лэді Эдыта. Яна была страшэнна зьбялеўшы, але на гэты раз ішла, цьвёрда ступаючы, выгляд яе быў поўны грацыі і дабраты; а твар быў паранейшаму сумны.

Майльс, саўсім пэўны, кінуўся ёй насустрэчу, але яна спыніла яго ледзь заметным жэстам. Яна села і запрапанавала яму сесьці. Так-жа сама проста яна абарвала яго прыяцельскую гутарку, паставіўшы яго ў палажэньне пастароньняга чалавека, гасьця. Гэтая неспадзяванасьць настолькі аглушыла яго, што ён на момэнт страціў пэўнасьць, ці ўжо сапраўды ён тая самая асоба, за якую ўдае сябе.

— Сэр, я прышла асьцерагчы вас, — сказала лэді Эдыта. — Вар'яту цяжка даказаць, што ён памьляецца, але, напэўна можна пераканаць яго, каб ён ухіляўся ад небясьпекі. Я думаю, што вашыя пратэнсіі, ў вашых вачох, саўсім чэсныя і грунтоўныя, і праз гэта ў іх няма нічога праступнага... Але не заставайцеся тутака болей — вам пагражае небясьпека... Яна пільна паглядзела ў твар Майльсу і дадала паважным тонам: — Тым большая небясьпека, што вы вельмі падобны да нашага, згінуўшага, невядома дзе, брата.

— Божачка, дык я-ж — Майльс.

— Ведаю, што вы ў гэтым пераконаны, і саўсім пэўна ў вашай шчырасьці, але-ж толькі перасьцерагаю вас — вось і ўсё. Мой муж поўны гаспадар ува ўсёй ваколіцы; улада яго бязьмежна; людзі тут жывуць добра, або паміраюць ад голаду — як яму да галавы прыдзе. Калі-б вы ня былі падобны да чалавека, за якога ўдаецё сябе, дык муж, быць можа, пазволіў-бы вам цешыцца з вашага лятуценьня. Але, паверце мне, я яго вельмі добра знаю, ведаю, як ён зробіць: ён пачне ўсім казаць, што вы вар'ят, самазванец, і ўсе будуць патураць яму.

Яна ізноў утаропіла моцна свой пагляд у Майльса і дадала: „Калі-б вы сапраўды аказаліся Майльсам Гэндонам і ён і ўсе навакола ведалі аб гэтым — заўважце сабе, зважце, што я кажу — дык і тады вы падпадалі-б пад няменшую небясьпеку, няменшая бяда пагражала-б вам. Ён адрокся-б ад вас, выдаў-бы вас, і ў нікога не хапіла-б адвагі зрабіць вам падтрыманьне.

— Саўсім веру вам, — горка сказаў Майльс. — Сіла, якая можа змусіць нас адрачыся ад прыяцеля дзіцячых гадоў, натуральна, непераможна ў тых выпадках, дзе пытаньне йдзе аб кавалку хлеба і дзе ня істнуе путаў вернасьці і чэсьці.

Лёгка зарумяніліся шчокі маладое жанчыны, яна спусьціла вочы. Але голас яе выдаваў неспакой, калі яна гаварыла далей:

— Я папярэдзіла вас і яшчэ раз паўтараю: уцякайце адсюль, а не — дык ён загубіць вас. Гэта тыран, які ня ведае ніякае літасьці. Мне гэта вядома, — то-ж я ні больш ні менш, як яго рабыня. Бедны Майльс, Арзсэр і мой дарагі апякун, сэр Рычард, збавіліся ад яго, спачыўшы навекі: і для вас лепей было-б пайсьці сьледам за імі, чымся зьявіцца сюды і трапіць у капцюры гэтаму злодзею. Вашыя пратэнсіі пагражаюць яго тытулу і ўладаньням, вы напалі на яго ў яго ўласным доме — вы загінулі, калі застанецеся. Уцякайце, не марудзячы. Калі ў вас няма грошай, дык вазьмеце гэты портмонэт, падкупеце слугаў, каб прапусьцілі вас. О, няшчасны, паслухайце мяне, ратуйцеся, пакуль ёсьць магчымасьць.

Майльс жэстам адмовіўся ад грошай, устаў і сказаў:

— Аднаго толькі прашу ў вас: гляньце мне проста ў вочы. Так... цяпер адказвайце мне: Майльс Гэндон я, ці не?

— Не. Ня знаю вас.

— Прысягнеце!

— Прысягаю! — пачуўся ціхі, але чутны адказ.

— О, ды гэта проста няма ведама што!

— Уцякайце! Не марнуйце дарагога часу... Уцякайце, ратуйцеся!

У гэтую мінуту ў пакой увайшлі салдаты, і пачалася адчайная барацьба; Гэндона хутка ахо далі і пацягнулі; караля таксама забралі. Абодвух зьвязалі і павялі ў вастрог.

Разьдзел XXVII. У вастрозе.

У вастрозе ўсе камэры былі паўнюткія; з гэтае прычыны нашых прыяцялёў прыкавалі ў вялікім агульным пакоі, дзе звычайна трымалі людзей, абвінавачаных у невялікіх праступленьнях. Яны апынуліся ў многалюднай кампаніі — тут было каля дваццацёх чалавек, абодвых палоў, рознага веку, у ручных і нажных кайданох, — няпрыстойная, шумная арава. Кароль быў моцна раздразьнены, з прычыны гэткае нячуванае зьнявагі яго каралеўскае дастойнасьці. А Гэндон быў сумны і маўчаў. Цяжка ў яго было на душы: ён вяртаўся дадому з радасным пачуцьцём, чакаў, што ўсе пашалеюць з радасьці, пабачыўшы яго — і раптам, гэткая халодная сустрэча ды вастрог. Паміж яго чаканьнямі і сапраўднасьцю адчынілася цэлая прорва і было ад чаго прыйсьці ў роспач; ён ня мог акрэсьліць, што пераважала ў яго нядаўнай гісторыі — трагізм ці самы грубы камізм. Ён пачуваў тое самае, што мог пачуваць чалавек, які з радасьцю выскачыў паглядзець на радугу і раптам быў падстрэлены пяруном.

Але пакрысе яго беспарадачныя, цяжкія думкі прыйшлі ў парадак, скупіўшыся на Эдыце. Ён разьбіраў яе павядзеньне і так і гэтак, разглядаў яго з усіх бакоў, але ня мог вывясьці нічога задавальняўшага. Пазнала яна яго, ці не? Гэта была галаваломная задача, займаўшая яго доўгі час; нарэшце, ён злажыў сабе перакананьне, што яна пазнала яго, але адраклася дзеля карысных пабуджэньняў. Ён гатоў быў асыпаць яе пракляцьцямі, але імя яе гэтак доўга было для яго сьвятыняю, што язык не варушыўся апаскудзіць яго.

Ахінуўшыся гразнымі, падранымі арыштанскімі коўдрамі, Гэндон і кароль правялі трывожную ноч. Некалькі арыштантаў далі тое-сёе вастрожніку і ён прынёс ім віна; натуральным рэзультатам гэтага былі няпрыстойныя песьні, лаянка і бойка. Нарэшце, ужо пасьля поўначы, адзін злодзей накінуўся на жанчыну і чуць не забіў яе, б'ючы кайданамі па галаве. Але наляцеў вастрожнік і навёў парадак, заляпіўшы арыштанту некалькі важкіх аплявухаў. Пасьля гэтага шум скончыўся і надыйшла магчымасьць крыху заснуць, — па крайняй меры тым, каго ня трывожылі стагнаньні і ойканьне раненае жанчыны і пабітага зладзея.

Увесь чародны тыдзень дні і ночы былі да ўтомы аднолькавыя; удзень у камэру прыходзілі людзі, твары якіх былі больш-менш знаёмыя Гэндону, пазіралі на „самазванца", не прызнавалі яго асобы і зьдзекаваліся над ім; уночы, з нязвычайнай рэгулярнасьцю, ішло п'янства і разгул. Хаця-ж, хутка здарылася нешта над'звычайнае; вастрожнік прывёў нейкага старыка і сказаў яму:

— Праступнік тутака, паглядзі сваімі старымі вачыма, ці не пазнаеш яго?

Гэндон паглядзеў і першы раз на ўвесь час прабываньня ў вастрозе перажыў радаснае пачуцьцё.

„Ды гэта-ж Блэк Андрыюс, стары слуга наш — добрая чэсная душа, мілае сэрца, гэта значыць гэткім ён калісьці быў. Цяпер няма чэсных людзей, усе змахляваліся. Гэты чалавек таксама пазнае мяне — і так-жа сама адрачэцца, як і іншыя.

Старык абвёў вачыма па пакоі, пачарзе разглядзеў усе фізіяноміі і, нарэшце, сказаў:

— Нікога ня бачу, апрача машэньнікаў ды бадзякаў. А дзе-ж ён?

Вастрожнік засьмяяўся.

— Вось ён; прыгледзься-ж да гэтага біндуса і скажы, што думаеш.

Старык падыйшоў да Гэндона, доўга і ўважна глядзеў на яго; пасьля, памахаўшы галавою сказаў:

— Дзе там, гэта ня Гэндон, ды ён ніколі ім і ня быў!

— Так! Твае старыя вочы яшчэ могуць служыць. Калі-б я быў на месцы сэра Гью, дык узяў-бы я гэтага нягодніка дый...

Вастрожнік замест канца фразы, падняўся на пальчыкі, робячы паказ, што накладае пятлю, і пусьціў сіплы гук, быццам вісельнік. А старык злосна заўважыў:

— Хай дзякуе Богу, калі гэтак яшчэ скончыцца. Калі-б нягоднік папаўся мне ў лапы, дык я яго жыўцом засмажыў-бы, як чэсны чалавек!...

Вастрожнік зайшоўся ад злосна-радаснага рогату, быццам гіена, і сказаў:

— А заляпі яму, як належыць, пагамані, як рэшта тваіх таварышоў. Пацеха, сапраўды, не благая...

Ён пасунуўся ў пярэдні пакой і зьнік. А старык стаў на калены і прашаптаў:

— Дзякуй Богу, вы вярнуліся, паночку! А я вось думаў, што наш пан гэта ўжо гадкоў сем будзе, як памёр, а ён, бач, жывюсенькі! Але-ж адразу пазнаў вас, як толькі ўбачыў. Цяжка мне было і брывом ня міргнуць, прыкідацца, што перада мною адны машэньнікі ды галіта толькі. Стары я й бедны, сэр Майльс, але варта табе сказаць слоўца, і я ўсім праўду ў вочы скажу, хоць-бы мяне за гэта й павесілі.

— Не, — загаварыў Гэндон, — ня трэба. Толькі сабе бяды нажывеш, а мне ані не паможаш. Усё-ж такі, дзякую табе, ты хоць крыху вярнуў мне веры ў людзей.

Стары слуга аказаўся вельмі карысным для Гэндона і для караля. Некалькі раз на дзень ён заходзіў „дапякаць самазванцу" і заўсёды, тоячыся, прыносіў такую-сякую закрасу, ў падмацаваньне да поснае арыштанскае стравы; апрача таго перадаваў бягучыя навіны.

Гэндон прыхоўваў дэсэрт для караля; без яго яго вялікасьць ня выжыў-бы, таму што ня мог есьці грубае, дрэннае стравы, якую прыносіў вастрожнік. Андрыюс змушаны быў абмежавацца кароткімі адведваньнямі, каб не наклікаць на сябе падазрэньня; але кожны раз ён ухітраўся шэптам перадаць ня мала ведамасьцяў — перамешваючы іх лаянікаю, казанаю голасна, з мэтаю адвясьці вочы пабочным.

Гэткім спосабам пакрысе выясьнілася ўся гісторыя сям'і Гэндона. Шэсьць гадоў ужо, як памёр Арзсэр. Гэтая страта, а таксама бязьведная адсутнасьць Майльса падарвала здароўе бацькі. Прачуваючы канец, ён пажадаў пры жыцьці вырашыць лёс Гью і Эдыты. Дзяўчына сьлёзна прасіла адсрочыць рашэньне, спадзяючыся на паварот Майльса, але вось прыйшло пісьмо з паведамленьнем аб сьмерці яго. Гэты ўдар дабіў сэра Рычарда. Саўсім пэўны, што хутка памрэ, ён, разам з Гью, настойваў на тым, каб яны пажаніліся. Эдыта выпрасіла месяц сроку, пасьля другі, нарэшце трэці, і шлюб усё такі адбыўся — каля сьмяротнай пасьцелі сэра Рычарда. Шлюб аказаўся нешчасьлівым. Хадзілі чуткі, што хутка пасьля вясельля маладая знайшла ў паперах мужа некалькі чарнавікоў страшэннага пісьма і кінула яму ў твар абвінавачаньне, што ён цераз падлог прысьпяшыў свой шлюб — і, разам з тым, сьмерць старога бацькі. Усюды гаманілі аб нялюдзкім абхаджэньні з лэді Эдытаю і са слугамі — адным словам, па сьмерці бацькі сэр Гью скінуў маску і паказаў сябе бязьлітасным дэспотам датычна ўсіх хто так ці йначай быў ад яго ў залежнасьці.

Часамі расказ Андрыюса вельмі пачынаў цікавіць караля, і ён вастрыў вушы.

— Ходзяць чуткі, — расказваў аднаго разу слуга, — што кароль звар'яцеў. Але, калі ласка, ані слова аб гэтым, што ад мяне гэта чулі, таму што за гэткія рэчы, як кажуць, — карачун.

Яго вялікасьць глянуў на старыка і сказаў:

— Кароль ані не звар'яцеў, дарагі мой — а табе лепш было б глядзець свае справы, чымся займацца небясьпечнымі расказамі.

— Што ён там гамоніць? — спытаўся Андрыюс, зьдзіўлены нечаканаю заяваю з боку хлопчыка.

Гэндон даў яму знак не чапаць гэткага пытаньня, і старык казаў далей:

— Праз дзень ці два караля будуць хаваць у Віндзоры, — 16-га чысла гэтага месяца, а новы кароль 20-га будзе каранавацца ў Вэстмінстэры.

— Здаецца, што раней не пашкодзіла-б знайсьці яго, — прамармытаў яго вялікасьць, і дадаў са спакойнаю пэўнасьцю: — Але аб гэтым, ведама што, патурбуюцца, а я таксама прыму меры.

— У імя Бога... аб чым гэта ён?... ізноў спытаўся старык, але Гэндон, кіўнуўшы, перабіў яго. Ён трашчаў далей:

— Сэр Гью паедзе на каранацыю — вялікія надзеі мае. Разьлічае вярнуцца пэрам, — то-ж ён у вялікай ласцы ў лёрда-пратэктара.

— У якога лёрда-пратэктара?— перабіў хлопчык.

— У яго сьветласьці гэрцога Сомэрсэта.

— Якога гэрцога Сомэрсэцкага?

— Божачка, дык ён-жа ж адзін — Сэймур граф Гэртфорд.

— З якога гэта часу ён зрабіўся гэрцогам і лёрдам-пратэктарам?

— З мінулага студня месяца.

— А хто даў яму гэты сан?

— Сам, мусі, ды вярхоўная рада, са згоды караля.

Яго вялікасьць здрыгануўся. — Караля? — крыкнуў ён. — Якога караля, чалавеча?

— Як якога? Божа-ж мой, што гэта з хлопчыкам? Дык-жа ж кароль у нас адзін — ведама які: яго вялікасьць Адварды Шосты, хай яго крые Бог! Дый мілы ён, добры хлопчык. Звар'яцелы ён ці не — кажуць, штодзень папраўляецца, — але ўсе яго хваляць, старыя й малыя пасылаюць малітвы да неба, каб надарыла яго даўгім векам, дзеля дабра Англіі; панаваньне сваё ён пачаў літасьцю — памілаваў старога гэрцога Норфолька, а цяпер хоча адмяніць нялюдзкія законы, прыгнятаўшыя народ.

Гэтая навіна страшэнна зьдзівіла караля; ён патануў у глыбокіх панурых думках і ўжо ня чуў старыка. Няўжо-ж гэта „самазванец" і быў той жабрак-хлопчык, якога ён пакінуў у палацы, пераапрануўшы ў сваю вопратку? Гэта здавалася немагчымым, таму што яго манеры і мова, напэўна, выдалі-б яго, калі-б ён здумаў цьвярдзіць, што ён прынц Уэльскі — тады яго выгналі-б і пачалі-б шукаць сапраўднага прынца. Ці, можа быць, двор пасадзіў на пасад заместа яго, якога-нібудзь малайца знатнага роду? Не, яго дзядзька не дапусьціў-бы да гэтага, — ён усемагутны і, разумеецца, здушыў-бы гэткі рух. Дагадкі хлопчыка ні да чаго не давялі; чым болей ён стараўся дабрацца да тайны, тым больш станавіўся ў тупік, тым мацней балела ў яго галава, тым горшы быў сон. Яго нецярплівасьць якнайхутчэй трапіць у Лёндан мацнела кожную гадзіну, а сядзеньне ў вастрозе зрабілася для яго блізу што нязносным.

Усе стараньні ўцешыць караля былі дарэмны; але дзьве жанчыны, прыкованыя разам, здолелі зрабіць на яго ўплыў. Іхнія ласкавыя ўгаворы супакоілі яго і навучылі такое-сякое цярплівасьці. Хлопчык быў удзячны ім за гэта; пакрысе ён палюбіў іх і знаходзіў уцеху ў іхнім добрым, супакойвальна дзеяўшым на яго, таварыстве. Ён спытаўся, за што яны трапілі ў вастрог, і калі пачуў адказ, што належаць да сэкты баптыстых, дык з усьмешкаю спытаўся:

— Хіба-ж гэта такое праступленьне, каб саджаць у вастрог? Шкада, хутка нам прыдзецца расстацца — за гэткае глупства ня будуць вас доўга трымаць.

Яны не адказвалі; але штосьці ў выразе іхніх твараў стрывожыла яго.

— Вы маўчыцё, — сказаў ён жыва, — калі ласка, скажэце, ці не чакае вас яшчэ якая-нібудзь кара? У імя Бога, скажэце шчыра — вам няма чаго баяцца.

Жанчыны спрабавалі зьмяніць гутарку, але няпэўнасьць хлопчыка ўсё мацнела.

— Няўжо-ж вас яшчэ пачнуць біць бізунамі? Не, яны ня будуць гэткімі жорсткімі. Ці-ж ня праўда? То-ж ня будуць, не? Дык кажэце-ж...

Жанчыны выказалі замяшаньне і крыўду, але нельга было ўхіліцца ад адказу.

— О, не гаруй, добрая душа! Бог паможа нам вытрываць наша...

— Прызналася, нарэшце! — перабіў кароль. Значыцца, гэтыя нягодныя людзі, якія ня маюць сэрца, будуць біць вас! Ах ня плачце, калі ласка, я не магу гэтага бачыць. Будзьце адважнымі — я ізноў дайду да ўлады і выратую вас ад горкае долі, верце мне.

Раніцай, калі ўстаў кароль, жанчын ужо ня было.

— Іх звольнілі! — радасна сказаў ён; пасьля з роспаччу дадаў: — Але, гора мне — яны цешылі мяне.

Кожная з іх прышпіліла да яго вопраткі па кавалку стужачкі, на памятку. Хлопчык пастанавіў хаваць іх праз усё жыцьцё, затым у хуткім часе знайсьці няшчасных і ўзяць іх пад сваю апеку.

У гэту мінуту ўвайшоў вастрожнік з некалькімі памоцнікамі і загадаў вывясьці ўсіх арыштантаў на двор. Кароль ня помніў сябе з радасьці... Якое шчасьце! Ён ізноў убачыць блакітнае неба, ізноў будзе дыхаць сьвежым паветрам! Ён нэрваваўся і злаваў, бачачы, як марудзяць вастрожныя слугі, але прыйшла і яго чарга — яго раскавалі і выпусьцілі разам з Гэндонам.

Квадратны вастрожны падворак быў выбрукаваны каменьнямі. Арыштованых вялі цераз масыўны скляпісты ход і выстраілі шарэнгу плячыма да сьцяны. Перад імі працягнулі вяроўку і паставілі варту. Было халоднае, хмурнае раньне, лёгкі сьняжок, выпаўшы ўночы, пакрыў белаю посьцілкаю вялізны пляц падворку, надаўшы яму яшчэ больш пануры выгляд. Час-ад-часу ўрываўся халодны віхар і, круцячы, разьмятаў сьнег.

На сярэдзіне падворку стаялі дзьве жанчыны, прыкованыя да ганебных стаўпоў. З першага пагляду кароль пазнаў сваіх добрых знаёмых. Ён здрыгануўся. „Ага, іх ня звольнілі, як я думаў", праляцела ў яго ў галаве. „І падумаць толькі, што ім прыдзецца вытрываць удары бізуноў, і дзе? — у Англіі. Ой, які сорам! То-ж гэта робіцца не ў якой-нібудзь дзікай старане, а ў хрысьціянскай Англіі! Іх будуць біць, а я, якога яны ўцяшалі ў вастрозе, з якім былі гэткімі далікатнымі, я прымушаны быць маўклівым сьведкаю жахоўнага ліхадзейства! Я, крыніца ўлады ў гэтай вялізнай дзяржаве, ня маю сілы абараніць іх! Але сьцеражэцеся, зладзеі, — хутка надойдзе дзень, калі я патрэбую ад вас справаздачы, і кожны ўдар, які вы дасьцё ім, будзе вам каштаваць сто ўдараў!" Шырокая брама адчынілася і ў падворак паваліла маса гарадзкіх жыхароў. Яны абступілі абедзьвюх жанчын, так што кароль ня бачыў іх болей. Паказаўся сьвяшчэньнік; ён праціснуўся праз натаўп і схаваўся. Да караля даляталі адрывістыя пытаньні і адказы, але ён ня мог разабраць іх. Затым паднялася мітусьня, штосьці рыхтавалі, стражнікі цягаліся ў пярэдніх радох. Паступова шум і гоман заціх і запанавала глыбокая ціша.

Па камандзе, натаўп расступіўся, і перад каралём паказаўся гэткі абраз, што кроў застыла ў жылах. Вакол абедзьвюх жанчынзў навалены былі гурбы гальля, і нейкі чалавек, стоячы на каленках, падпальваў яго.

Засуджаныя спусьцілі галаву і затулілі твар рукамі. Жоўтыя агнявыя язычкі паказаліся ў гальлі, якое заскрыпела і затрашчала, а вецер падхапіў стаўпы сіняга дыму. Сьвяшчэньнік падняў рукі ўгару і пачаў чытаць малітву. Раптам у браме пачуўся жахлівы, душу разьдзіраўшы крык дзьвюх дзяўчатак, якія стрымгалоў кінуліся да прыкованых ахвяраў. Іх у тую-ж мінуту адцягнулі стражнікі; адну моцна трымалі, а другая вырвалася, крычучы, што хоча памёрці разам з маткаю, і перш, чымся яе схапілі, яна кінулася да засуджанае і апляла рукамі яе шыю. Яе ледзь адцягнулі; двом-тром чалавекам ледзь удалося ўтрымаць яе і адарваць ніз вопрткі, якая ўжо загарэлася. Яна ня сьціхала бічкавацца, спадзяючыся вызваліцца; крычала, што застаецца поўнаю сіратою, што лепей ёй памёрці разам з маткаю. Плач і крык раптам быў заглушаны душу разьдзіраўшымі перадсьмяротнымі крыкамі... Кароль глянуў на звар'яцеўшых дзяўчат, пасьля на агні — і адвярнуўся да сьцяны, са зьбялеўшым, як у мраца, тварам; больш ён не глядзеў. „Тое, што я сягоньня бачыў, — сказаў ён сабе, — ніколі ня зьнікне з мае памяці; гэты абразок будзе ў маіх вачох удзень, будзе прасьледаваць мяне ў сьне ўночы, пакуль я жывы. Божачка, лепей мне было-б сьляпым быці, чымся быць сьведкаю гэткага жаху!"

Гэндон увесь час сачыў за каралём. „Яго расстройства, як быццам, праходзіць; ён зьмяніўся, зрабіўся мягчэйшым. Калі-б ён паўтараў свае нядаўныя замашкі, дык раскрычаўся-б проці гэтых зьвяроў, заявіў-бы, што ён кароль, і загадаў-бы пусьціць жанчын цэлымі і непашкоджанымі. Хутка яго штучкі прайдуць, і сьледу не застанецца, і ён будзе здаравюсенькі. Дай-жа Божа, каб якнайхутчэй!"

У той самы дзень у вастрог прывялі на начлег яшчэ некалькі арыштантаў, якія скіроўваліся пад канвоем у розныя месцы каралеўства, дзе павінны былі падпасьці пад кару за зробленыя праступленьні. Кароль завёў з імі гутарку, — наагул, ён з самага пачатку паставіў мэту — распытвацца пры першым лепшым выпадку пра ўсё ў арыштантаў, каб выцягнуць такія-сякія лекцыі дзеля свае будучае высокае місіі, — і расказы аб іхняй пакуце разьдзіралі яму сэрца. Паміж сьвежапрыбыўшымі была бедная поўзвар'яцелая жанчына, украўшая адзін ці два аршыны сукна ў ткача, за гэта ёй пагражала шыбеніца. Быў тут і мужчына, вінавачаны ў канакрадзтве; дзеля таго, што важкіх доказаў проці яго ня было, дык ён ухіліўся-б ад вяроўкі, але хутка яго злавілі на паляваньні ў каралеўскім лесе, і цяпер перад ім быў адзін канец — казьнь. Асабліва знэрвавала яго справа маладога падмайстра; хлапец гэты аднаго разу на вуліцы злавіў увечары сакала, ўцёкшага ад гаспадара, і панёс яго да хаты, нічога не падазраваючы, але суд абвінаваціў яго ў кражы і засудзіў на сьмерць.

Кароль дайшоў да шаленства ад гэтых жорткасьцяў; ён упрашваў Гэндона зламаць кайданы і ўцячы з ім у Вэстмінстэр, каб ён мог заняць пасад і выратаваць жыцьцё няшчасных людзей. „Беднае дзіця, — ўздыхнуў Гэндон, — гэтыя жахлівыя расказы ізноў расстроілі яго. Бяда! каб ня гэты выпадак, дык ён хутчэй паправіўся-б.

У ліку арыштованых быў і стары кухар — чалавек з энэргічнаю фізіяноміяй, з адвагаю ў вачох. Тры гады назад ён напісаў памфлет на лёрда-канцлера, вінавацячы яго ў незаконных дзеяньнях, і за гэта яму публічна адсеклі вушы, выключылі з стану са штрафам у 3000 фунтаў штэрлінгаў, ды ў дадатак быў засуджаны на вечны вастрог. Нядаўна ён ізноў выступіў з артыкулам, за якое праступленьне яму быў вынесены гэткі прыгавар: адсячы „рэшту вушэй", аштрафаваць на 5000 фунт. штэрлінгаў, налажыць кляймо на абедзьве шчакі і пакінуць у вастрозе.

— Гэта ганаровыя шнары! — закончыў старык і, адкінуўшы свае сівыя валасы, паказаў канчар таго, што калісьці было вухам.

Вочы караля загарэліся гневам.

— Ніхто мне ня верыць — і ты не паверыш. Але нічога — не прайдзе й месяца часу, як ты будзеш вольным. Мала таго: законы, якія цябе гэтак абяшчэсьцілі і апаганілі самае імя Англіі, будуць выкрэсьлены з агульнага кодэксу. Сьвет пабудованы навыварат; каралём варта было-б час-ад-часу на сваёй скуры прабаваць законы і гэткім чынам навучыцца літасьці.

Разьдзел XXVIII. Ахвяра.

Тымчасам Майльс даволі такі нудзіўся вастрогам і бязьдзейнасьцю. Але, вось, на яго вялікую радасьць, назначаны быў разгляд справы; які-б ні быў наперадзе прыгавар, а ўсё-ж такі ён будзе рад ад яго, абы толькі яго ізноў не пазбавілі свабоды. Аднак, ён страшэнна памыляўся. Ён страшэнна ўзлаваўся, калі яго прызналі „небясьпечным бадзякаю" ды прысудзілі прастаяць дзьве гадзіны каля стоўпа сораму за бадзяцтва і за напад на ўласьніка Гэндон-Голю. Яго заявы, што ён брат вінаваціўшага яго і законны насьледнік тытулу і двара, былі пакінены без пасьледзтва, як не заслужваўшыя разгляду.

Ён бушаваў і пагражаў, калі яго вялі дзеля спаўненьня прыгавару; салдаты бесцэрамонна цягнулі яго ды яшчэ й білі за ўпартасьць.

Кароль ня мог прабіцца праз натаўп чэрні, валіўшы за засуджаным, так што павінен быў ісьці ззаду, далёка ад свайго вернага прыяцеля і слугі. Яго самога ледзь былі не засудзілі на гэткую самую кару, за супалку з цёмнымі асобамі але, з увагі на яго век, звольнілі, прачытаўшы нотацыю і зрабіўшы асьцярогу. Калі, нарэшце, зборня спынілася, хлопчык як у трасцы пачаў бегаць па бакох, шукаючы шчылінкі, каб як-нібудзь пралезьці ўперад, — і яму такі ўдалося гэта пасьля не аднае спробы. Перад ім у пагардлівых калодках сядзеў верны слуга караля Англіі, а гразны натаўп зьдзекваўся і пацяшаўся над ім! Адварды чуў чытаньне прыгавару, але й напалову не зразумеў яго. Гнеў яго разгараўся пры разуменьні гэтае новае зьнявагі, зробленае яго дастойнасьці, і перайшоў у шалёную злосьць, калі ён раптам убачыў, што хтосьці кінуў яйцом проста ў твар Гэндону, пры гэтым натаўп заліўся радасным вясёлым сьмехам. Хлопчык кінуўся на адкрыты пляц і крыкнуў да стражніка:

— Стыдайцеся! Гэта мой слуга — пусьцеце яго! Я...

— Сьціхні! — з жахам крыкнуў Гэндон, ты губіш сябе! Не зьвяртай, браце на яго ўвагі — ён вар'ят.

— Ня турбуйся, прыяцель, я ня думаю зьвяртаць увагі, але правучыць яго трэба. Зьвярнуўшыся да аднаго з сваіх падуладных, стражнік сказаў: Дай, вось, гэтаму дурню пакаштаваць бізуна раз ці два, каб адвучыўся ад сваіх штукаў!

— Паўтузіна лепей прыдзецца яму да смаку, — ўставіў сэр Гью, толькі што пад'ехаўшы, каб паглядзець на экзэкуцыю.

Кароль быў схоплены. Ён навет не працівіўся, — да таго аглушыла яго зьнявага, якую рыхтаваліся зрабіць яго сьвятарнай асобе. Гісторыя ўжо мае плямы апавяданьня пра тое, як ангельскага караля лупілі бізунамі, — і думка, што цяпер прыбудзе яшчэ адна ганебная страніца, здавалася хлопчыку жахоўнаю. Ён трапіў у бяду, падмогі чакаць няма адкуль; заставалася альбо адбыць кару, альбо прасіць літасьці. Цяжкае палажэньне! Але, як кароль, ён лепш перанясе ўдары, чымся пачне прасіць літасьці.

Тут Майльс вывяў яго з труднага палажэньня.

— Пусьцеце хлопчыка, злыя сабакі! — крыкнуў ён. — Хіба ня бачыце, што ён малы і худзенькі? Пусьцеце — хай мне ўляціць за яго.

— Сапраўды-ж прыгожая думка — дзякую! — заўважыў сэр Гью, і твар яго загарэўся злосна-радасным выглядам. — Пусьцеце маленькага жабрачка і ўсыпце малайцу тузін гарачых — добры тузін, як належыць.

Кароль зьбіраўся моцна протэставаць, але сэр Гью спыніў яго, прыгразіўшы:

— Гавары, гавары яшчэ, — толькі, заўваж сабе, за кожнае слова яму дастанецца па паўтузіна ўдараў. Гэндона звольнілі з калодак і прывязалі да стаўпа, зьняўшы з плечаў сарочку; пакуль яго парылі бізунамі, бедны маленькі кароль стаяў адвярнуўшыся і горкія сьлёзы саўсім не пацарску цяклі па яго шчоках.

„О, чэсная, добрая душа!" думаў ён, „твая вернасьць ніколі ня выйдзе з мае памяці. Не ніколі гэтага не запомню дый яны не запомняць!" дадаў ён злосна. Па меры таго, як гэройства Гэндона ўсё падрастала ў вачох хлопчыка, расла і яго ўдзячнасьць. „Хто выратуе свайго караля ад небясьпекі альбо сьмерці, — сказаў ён сабе, — той робіць вялікую справу; але й гэта — глупства, нішто ў параўнаньні з тым, цераз што кароль выратаваны ад пагарды!"

Гэндон і ня пікнуў пад ударамі бізуна, са шчыра салдацкаю стойкасьцю ён вытрываў жорсткую кару. Гэтая акалічнасьць разам з самаахвярным вызваленьнем хлопчыка ад рукі ката, выклікала пашану да яго навет з боку адчайнага, рассупоненага натаўпу, які сабраўся на пляцы; насьмешкі і гіканьне сьціхлі, ня чуваць было нічога, апрача ўдараў бізуна. Ціша, запанаваўшая пасьля таго, як Гэндона ізноў узялі ў калодкі, прадстаўляла рэзкі контраст з шумам і гоманам, яшчэ нядаўна стаяўшым на пляцы. Кароль паціхеньку падыйшоў да Гэндона і шапнуў яму ў вуха:

— Каралі ня могуць, як належыць, узьвялічыць цябе, добры, велікадушны чалавек, дзеля таго, што ты ад'значаны Тым, Хто — Вышэйшы; але кароль можа вонкавым чынам падмацаваць тваю добрароднасьць перад людзьмі. Ён падняў з зямлі бізун і, лёганька дакрануўшыся ім да скрываўленых плечаў Гэндона, прамовіў шэптам: „Адварды VI дарыць табе графоўства". Гэндон быў глыбока ўсьцешаны. Сьлёзы засьцілалі яму вочы, але ў тон самы час жорсткі камізм, праяўлены ў яго палажэньні, настолькі кінуўся ў вочы, што ён ледзь устрымаўся ад усьмешкі. Стаяць галышом і ў крыві каля ганебнага стаўпа і раптам узьляцець на вышыню бліскучае графоўскае дастойнасьці здавалася яму ў найвышэйшай ступені камічнаю справаю. „Ну, цяпер годзі мне займацца мішурою!" падумаў ён. „З рыцара царства прыяваў і ценяў абярнуўся ў нерэальнага графа — крутагалоўны палёт для неаперанага птушаняці. Калі гэтэк пайдзе далей, дык я хутка пачну быць падобным да прызавога стоўпа, абвешанага ўсялякімі фантастычнымі цацкамі ды яшчэ буду абсыпаны рознымі ўяўляльнымі гонарамі. Але я павінен цаніць іх, якімі-б нікчэмнымі яны ні былі, з любасьці да таго, хто іх дарыць. Гэтыя пацешныя, істнуючыя ў уяўленьні тытулы, што дасталіся мне бяз ніякіх дамаганьняў, ад чыстага сэрца і шляхетнае рукі, куды вышэй, чымся сапраўдныя, дабытыя нізкапаклоннасьцю ад зайздроснае і сваекарыснае ўлады".

Грозны сэр Гью пакіраваў каня і даў яму шпоры; жывая сьцяна маўкліва расступілася, каб прапусьціць яго і гэтак-жа сама ізноў зьлілася. Ніхто не адважыўся выгаварыць хаця слова на карысьць арыштованага або выказаць яму сваё спачуваньне; аднак адсутнтсьць зьдзекаў сама сабою служыла належным выказам пашаны. Нейкі спозьнены глядзяч, нябыўшы ўпачатку, запусьціў вострае слова па адрэсе „самазванца" і хацеў ужо пусьціць у яго дохлаю коткаю, але яго грымнулі аб зямлю і вытаўклі без далейшае размовы. Пасьля гэтага на пляцы ізноў запанавала няжывая ціша.

Разьдзел XXIX. У Лёндан.

Па скончаньні кары, Гэндона звольнілі з калодак, абавязаўшы яго пакінуць край і ніколі не вяртацца. Яму аддалі меч, мула і асла. Ён сеў конна і паехаў, праводжаны каралём. Натаўп пашанліва і маўкліва ачысьціў ім дарогу і хутка парасходзіўся.

Гэндон ехаў конна ў глыбокай задуме. Наперадзе было вырашэньне важных пытаньняў. Што рабіць? Куды скіравацца? Трэба знайсьці ўплывовае падтрыманьне, альбо раз назаўсёды адмовіцца ад правоў на спадчыну і набыць рэпутацыю машэньніка. Але дзе знайсьці гэтае ўплывовае падтрыманьне? Дзе? Цяжкая задача. Раптам яго акрыла думка, паказваўшая магчымасыіь выхаду з труднаватага палажэньня, праўда, слабую магчымасьць, але ўсё-такі заслужваўшую ўвагі, дзеля таго, што ня было нічога болей пэўнага. Ён спомніў, што расказваў стары Андрыюс пра маладога караля, пра яго дабрату і апеку над усімі прыгнечанымі і няшчаснымі. Чаму-ж бы яму не спрабаваць дабрацца да яго ды шукаць справядлівасьці. Ах, гэта добра — але ці дапушчаны будзе гэткі невядомы галыш да сьветлых вачэй монарха? Усё роўна чаму быць, таго не абмінуць. Гэндон быў загартованым ваякаю, ня раз пускаўшымся на хітрыкі ды штукі; нічога, ён што-нібудзь выдумае, знайдзе шчыліну. Але, трэба ехаць у сталіцу. Быць можа, яму паможаць стары бацькаў прыяцель — сэр Гёмфры Марлё, „добры стары сэр Гёмфры, старшы даглядчык каралеўскае кухні ці стайні, ці чагосьці там". Майльс ня мог прыпомніць, чаго якраз. Цяпер, калі яму было на што скіраваць сваю энэргію, калі наперадзе стаяла выразная мэта, уніжанае і прыгнечанае становішча духа, у якім ён знаходзіўся, разьвеялася, ён бадзёра задраў галаву і азірнуўся навакола. Ён зьдзівіўся, калі заўважыў, як далёка ад'ехаў; сяло ледзь віднелася ў далечыні. Кароль сядзеў на сваім осьліку, спусьціўшы голаў; і ён праглынуты быў рознымі плянамі і думкамі. Толькі адно няпрыемнае прыпушчэньне зацьміла веселасьць Гэндона; ці захоча хлопчык вярнуцца ў горад, дзе ў працягу ўсяго свайго кароткага жыцьця, ён нічога ня знаў, апрача благога абходжаньня і цяжкае беднасьці? Але пытаньня гэтага не абмінеш — трэба зараз-жа вырашыць яго. Ён падабраў повад, затрымаў мула і сказаў:

— А я й запомніў спытацца, куды мы едзем. Прыказвай, гаспадару, куды скіравацца.

— У Лёндан!

Майльс рушыў наперад, вельмі здаволены і, разам з тым, зьдзіўлены рашэньнем хлопчыка Падарож была даволі манатоннаю і толькі пад канец ад'значылася небясьцікаўнаю прыгодаю. Каля дзесятае гадзіны ўвечары 19-га лютага яны ўзьехалі на Лёнданскі мост, і апынуліся сярод бушаваўшага, валам напіраўшага натаўпу, роўшага і крычаўшага; п'яныя, азызлыя твары рэзка выдзяляліся на фоне рознаколернага асьвятленьня. Раптам аднекуль паляцела поўразваленая галава, мусі быць нейкага гэрцога ці іншага вяльможы, і, ударыўшыся аб Гэндонаў локаць, упала пад ногі многалюднае аравы. Гэтак мімалётны, гэтак нямоцны справы рук чалавечых! Не прайшло і трох тыдняў з часу сьмерці караля Гэнры VIII, як пачалі нішчыць упрыгажэньні, якія ён з гэткім трудом і ўпартасьцю дабываў дзеля свайго вялічавага, старога мосту, цаною жыцьця выдатных людзей. Хтосьці з грамадзян стукнуўся аб мёртвую галаву, ударыў цемем ішоўшага ўперадзе; той адвярнуўся і перакуліў першага, хто трапіўся пад руку, але яму, у сваю чаргу, уляцела ад таварыша пацярпеўшага. Адным словам, пайшла пацеха, а час быў самы падходзіўшы для таго, каб біцца, дзеля таго, што ўжо пачаліся трыумфальныя падрыхтаваньні да заўтрашняга дня — дня каранацыі. Усе былі пад уплывам сьпіртавое пары і птрыятычнага пачуцьця, так што мінут цераз пяць бойка ўжо ахапіла значны прастор, паступова разрастаючыся да разьмераў сапраўднага пагрому. Сярод суматохі кароль з Гэндонам былі безнадзейна адрэзаны адзін ад аднаго напорам бушаваўшых і роўшых масаў. Расстанемся і мы з імі на нейкі час.

Разьдзел XXX. Том спраўляецца.

У той час, як сапраўдны кароль туляўся па краі ў беднай вопратцы, кормячыся напалову, зносячы пабоі і насьмешкі то з боку бадзякаў, то з боку зладзеяў і забойцаў, у той час, як усе называлі яго вар'ятам і ашуканцам, — думанны кароль Том Канці карыстаўся саўсім іншымі варункамі жыцьця.

У апошні раз мы пакінулі яго, калі ён толькі што пазнаў сьветлы бок каралеўскага пэлажэньня. З кожным днём гэты сьвет разрастаўся ўсё ў большы і большы бліск і хутка зрабіўся блізу што яркім сонцавым зіхаценьнем, напаўняўшым яго душу радасьцю. Куды дзеліся яго страхі, баязьлівасьць ды нерашучасьць — усё быццам рукою зьняло: іхняе месца заняло непрымушанае, самапэўнае абходжаньне. Ён шырока карыстаўся ведамасьцямі з невычарпальнае крыніцы маленечкага Гёмфры. Ён бесцэрамонна загадваў клікаць лэді Ажбету і лэді Джэньні Грэй, калі хацеў пагуляць ці пагаманіць, і адпушчаў іх з гэткім выглядам, быццам гэта было для яго ня новым; ані ня смуціла яго і тая акалічнасьнь, што гэткія важныя асобы цалавалі яго ў руку на разьвітаньне.

Навет урачыстыя цэрамоніі ўкладаньня ў пасьцель і апрананьні раніцаю пачыналі яму падабацца. Вялікаю ўцехаю было для яго таксама ісьці на палудзень у акружэньні сьвіты вяльможаў і целахраніцеляў і ён навет удвоіў сваю ганаровую варту, давёўшы яе да сту чалавек. Яму прыемна было чуць гукі горну, што разьлягаліся ў даўгіх калідорах, і аддалены гук галасоў, пераходзіўшы ў воклікі: „Дарогу каралю!"

Ён навет любіў сядзець на пасадзе сярод дзяржаўнае рады і думаць, што лёрд-протэктар ня можа распараджацца ім, як пешкаю. Ахвотна прымаў ён і над'звычайных пасланцоў з іхняю пышнаю сьвітаю, выслухваў прыяцельскія граматы, якія яны прывозілі ад сваіх каралёў, падвышаўшых яго „братам". О, шчасьлівы Том Канці, нядаўны жыхар Офаль-Корту! Яму падабалася раскошная вопратка яго, і ён заказваў сабе ўсё навейшыя ўборы; чатырохсот чалавек слугаў цяпер мала было для яго каралеўскае велічы — ён патроіў лік іх. Лісьлівасьць і лашчаньне рабалепных царадворцаў зьвінела ў яго вушох прыемнаю музыкаю. Паранейшаму застаючыся добрым і ня злым, ён зрабіўся ўладарным і рашучым заступнікам пакрыўджаных і вёў бесьперастанную барацьбу проці несправядлівых законаў; аднак-жа, пры здарэньні, калі бывала ўзлуецца, ён меў сілу абарваць якога-нібудзь графа, альбо навет і гэрцога і падарыць яго гэткім паглядам, што таго кідала ў трасцу. Аднаго разу, калі яго аўгусьцейшая „сястра", строгая й набожная лэді Мэры, пачала пярэчыць мэтазгоднасьці яго рэзалюцыяў аб памілаваньні гэткае масы людзей, якія павінны былі трапіць у вастрог, на шыбеніцу ці на стос, і напомніла яму, што пры нябожчыку бацьку тамілася ў арышце да пяцьдзесяцёх тысяч праступнікаў, што ў працягу яго слаўнага панаваньня кат адправіў на той сьвет больш, як семдзесят дзьве тысячы зладзеяў і разбойнікаў, — хлопчык загарэўся шляхетным гневам, прыказаў ёй пайсьці ў свае пакоі і маліць Бога, каб ён вырваў з грудзей яе камень і ўлажыў замест яго чалавечае сэрца.

Няўжо-ж гэта Тома ніколі ня трывожыла думка пра беднага законнага, маленечкага прынца, які гэтак ласкава абыйшоўся з ім, які з гэткаю гарачкаю кінуўся, каб расправіцца з грубым вартаўніком, стаяўшым каля брамы палацу. Так, першыя дні і ночы, праведзеныя ім у палацы, былі атручаны цяжкімі думамі аб згінуўшым прынцу; ён шчыра жадаў яго павароту і шчасьлівага аднаўленьня яго ў правох. Але з бегам часу, згубіўшы надзею ўбачыць свайго дабрадзея, Том усё больш ды больш уцягваўся ў новую, цудоўную абстаноўку, і абраз маленькага монарха блізу што саўсім сьцёрся з яго памяці; а часам, калі гэтая прыява неадступна прасьледавала яго, дык ён гарэў ад сораму і гатоў быў узваліць на сябе віну.

Бедная маці й сёстры таксама былі запомнены Томам. Спачатку ён сумаваў па іх і гараваў, хацеў бачыць іх, але пасьля думка аб тым, што ў адзін прыгожы дзень яны могуць зьявіцца ў палац абадраныя і гразныя, выдаць яго сваімі абняцьцямі ды пацалункамі, скінуць з вышыні велічы і ўцягнуць за сабою ў бяздоньне галіты ды паніжэньня, — адна думка аб гэтым кідала яго ў трасцу. Урэшце ўсяго і яны пакінулі турбаваць яго. I ён быў задаволены, навет рад, бо кожны раз, як перад ім паўставалі гэтыя сумныя, поўныя дакору твары, ён пачуваў сябе пагардлівей за ўсякую паўзучую гадзіну.

19-га лютага, а поўначы, Том Канці заснуў у сваёй багатай пасьцелі, сярод пышнае царскае абстаноўкі, ахоўваны вернымі васаламі. Шчасьлівы хлопчык! Заўтра павінна адбыцца ўрачыстая каранацыя яго. А ў той час Адварды, сапраўдны кароль, галодны, змораны, выпацканы ў гразі, у параднай адзежы — пасьледзтва бойкі, у якую ён трапіў — быў аднесены ў бок хваляю народу, з глыбокай цікавасьцю глядзеўшаю, як рабочыя клапатліва, быццам мурашкі, снавалі каля Вэстмінстэрскага абацтва, канчаючы падрыхтаваньні да каранацыі.

Разьдзел XXXI. Каранацыйны паход.

Чароўнаю раніцай, калі Том Канці прачхнуўся, ў паветры стаяў няясны гук, — ён далятаў зусюль. Для яго гэты шум быў прыямней за музыку, таму што нагадаваў сабою, што ўвесь ангельскі народ высыпаў на вуліцы, каб, як верны падданы, вітаць вялікі дзень.

Том ізноў прадстаўляў галоўную дзейную асобу ў чароўнай працэсіі на вёсельных чайках па Тэмзе, таму што, згодна са старадаўным звычаем, паход праз Лёндан павінен быў вырушыць ад Тоўэру, куды і скіраваўся цяпер кароль.

Калі ён пад'ехаў да грознае старадаўнае крэпасьці, дык сьцены яе раптам як быццам далі шчыліны ў тысячы месцаў — гэтулькі агністых языкоў павыскаквала сярод клубкоў белага дыму; пачуўся аглушальны салют, пакрыўшы крыкі нялічанага натаўпу — навет зямля задрыжала. Агністыя фонтаны, залпы, стаўпы дыму чаргаваліся з гэткаю зьдзіўляўшаю шпаркасьцю, што ў некалькі мінут старадаўны Тоўэр увесь схаваўся ў дымавым тумане, апрача вяршынкі, што звалася Белаю вежаю; апошняя, ўпрыгожаная сьцягамі, горда ўзвышалася над густым дымам, быццам горная вяршына над вобалачамі.

Том Канці, ў параднай адзежы, сеў на шустрага, баявога каня, ўбор якога даходзіў блізу што да зямлі; яго „дзядзька" лёрд-протэктар Сомэрсэт, таксама конна, заняў месца ззаду, а па бакох шнурком выцягнулася ў дзьве шэрэнгі каралеўская гвардыя ў стальных латах; за протэктарам цягнулася бесканечная працэсія прыгожа апраненых вяльможаў з іхнімі васаламі; затым ішоў лёрд-мэр з сябрамі гарадзкое ўлады ў поўным складзе, ў пунцовых машастовых мантыях, з залатымі ланцугамі на грудзёх; далей старшыні і сябры ўсіх лёнданскіх цэхаў, у багатых вопратках, з яснымі штандарамі розных корпорацыяў. У працэсіі таксама была, ў ролі ганаровае варты, старадаўная артылерыйская кампанія, ў той час налічваўшая ўжо трыста гадоў свайго істнаваньня — адзіная ваенная інстытуцыя, што дасюль карыстаецца прывілеяю незалежнасьці ад пастановаў парлямэнту. Цудоўны абраз прадстаўляла пышная цэрамонія, па ўсім шляху вітаная радаснымі воклікамі густых народных масаў. „Пасьля ўезду ў горад, — расказвае летапісец, — кароль быў спатканы малітвамі, прывітаньнямі, радаснымі воклікамі, і выяўленьнямі шчырае любасьці падданых. Кідаючы ў натаўп радасныя пагляды і ўдастойваючы самых міласьцівых словаў тых, хто быў бліжэй, аўгусьцейшы ўладар з прызнаньнем прымаў выказваньне вернападданых пачуцьцяў. Ён дзякаваў усім за пажаданьні; „хай крые Бог, вашую вялікасьць!" чуліся воклікі, а ён адказваў: „Хай крые Бог усіх вас!" „дзякую ад шчырага сэрца". З прычыны гэткіх ласкавых словаў, гэткага міласьцівага абходжаньня, радасьці публікі ня было канца.

У Фэнчэрн-стрыце „харошанькі хлопчык ў прыгожай вопратцы", стоячы на эстрадзе, вершамі вітаў яго вялікасьць ад імя гораду.

Народ загрымеў радаснымі крыкамі і ў адзін голас паўтараў апошнія словы дзіцяці. Том Канці глядзеў на хваляваўшае мора радасных твараў, і сэрца яго радасна трапясталася; калі каму варта жыць на гэтым сьвеце, думалася яму, дык толькі каралю, куміру ўсяе нацыі. Раптам ён заўважыў у натаўпе, ў некаторым аддаленьні двух офаль-корцкіх абадраных таварышоў сваіх — быўшага лёрда-адмірала пры яго фантастычным дварэ, а таксама першага лёрда адпачывальні. Сэрца яго напоўніла гордасьць. О, калі-б яны цяпер маглі пазнаць яго! Якая нясказаная радасьць ахапіла-б іх, калі-б яны маглі пазнаць яго і перакананца, што пацешны кароль нораў і задворкаў, з якога ўсе сьмяяліся, зрабіўся сапраўдным каралём, што яму прыслужваюць бліскучыя гэрцогі ды князі, што ўвесь ангельскі народ каля ног яго. Але гэткае прызнаньне каштавала-б яму дорага; дзеля гэтага ён стрымаўся і, адвярнуўшыся ў бок, даў волю цешыцца й радавацца абодвум абарванцам і не падазраваўшым, у чэсьць каго яны гэтак стараюцца.

Час-ад-часу Том кідаў прыгаршчы новенькіх монэт у натаўп.

Летапісец, паміж іншым, расказвае вось што: „У канцы Грэйсчэрч-стрыт горад пабудаваў грандыёзную трыумфальную арку, пад якою на ўсю шырыню вуліцы, збудованы былі падмосткі, а на іх пастаўлены быў вялікі гістарычны абраз, паказваўшы найбліжэйшых прэдкаў Адварда VІ. Унізе сярод лісьцейкаў вялізнае рожы, відаць было бюст Альжбеты Іоркскае, а з боку Гэнры VII выступаў з чырвонае рожы; рукі каралеўскае пары спатыкаліся і на іх кідаліся ў вочы шлюбныя пярсьцёнкі. Ад гэтых рожаў паднімалася сьцябло да другога ярусу дзеравянных падробак, дзе, ў другой рожы, напалову белай, а напалову чырвонай, знаходзіліся патрэты Гэнры VIII, і побач — маці цяперашняга карэля, Ганны Сэймур. Яшчэ адно сьцябло ішло ад апошняе рожы да трэцяга ярусу і тут якраз зьмяшчаўся патрэт самога Адварда VI, на пасадзе, ў царскай велічы. Увесь абраз быў абцягнены гірляндамі з белых і чырвоных рожаў.

Гэты нязвычайны, эфэктоўны від зрабіў гэткае моцнае ўражаньне на грамадзян, што ўзрыў энтузыязму заглушыў голас хлопчыка, які павінен быў растлумачыць сэнс алегорыі ў хвалебных вершах. Але Том Канці не шкадаваў аб гэтым, таму што вернападданчая ўцеха была саладзей за музыку, прыямней за ўсялякую поэзію. Куды ён ні павяртаў свайго маладзенькага тварыку, усе дзівіліся падобнасьці патрэту дый зноў праляцеў віхар адабрэньняў і воклікаў.

Вялічавая працэсія ўсё больш пасоўвалася ўперад, спатыкаючы на шляху сваім грамаду трыумфальных аркаў, урачыстых і сымболічных абразоў, адбіваўшых розныя дабрадзействы, таленты альбо заслугі малалетняга караля. Па ўсім Чыпзайдзе з кожнае паветкі разьвяваліся сьцягі і значкі, дамы былі ўквечаны дарагімі дыванамі, матэрыямі і парчою, паказваўшымі багацьце мясцовых жыхароў; ня меншаю, калі ня большаю роскашшу адзначвалася дэкорацыя іншых вуліц.

„І ўсе гэтыя цуды, ўсе ўпрыгожаньні ў чэсьць мяне... ага мяне", думаў Том Канці.

Шчокі думаннага караля гарэлі ад узварушаньня, вочы зіхацелі; ён тануў у роскашы.

Раптам, у тую мінуту, як ён падняў руку, каб кінуць жменю монэт, яму кінуўся ў вочы белы перакрыўлены твар жанчыны, пралезшае наперад з астаўпелымі, неадрываўшыміся ад яго вачыма. Хваравітае засмучэньне заўладала ім — ён пазнаў сваю маці! Руку яго тузанула да вачэй, далоняй ад сябе — стары мімавольны жэст, пасьледзтва даўно запомненага няшчаснага здарэньня ў дзіцячыя гады. У той-жа міг жанчына рванулася ўперад цераз рады варты й кінулася да яго. Яна ахапіла яго нагу, пачала цалаваць яе і, галасіць'. "Маё дзіця, маё дарагое дзіця!" I ўпілася ў яго вачыма, поўнымі каханьня ды любасьці. Адзін з целаабаронцаў з лаянкай адцягнуў яе і даў ёй гэткага штурханца, што яна, хістаючыся, адскочыла назад. У Тома ўжо гатова было сарвацца: „Я ня знаю цябе, жанчына!" — як раптам гэта сумная акалічнасьць вывяла яго з труднаватага палажэньня. Аднак-жа яго кранула за жывое гэткае грубае абходжаньне з ёю. Перад тым, ак натаўп пасьпеў праглынуць няшчасную, яна адвярнулася і апошні раз на яго глянула; яна мела гэткі абражаны, забіты выгляд, што яго гордасьць павінна была згарэць ад сораму, ўкрадзеная веліч рассыпацца ў порах, а пышныя шаты і шык паказаліся яму гнілым рызьзём ды тандэтнымі штучкамі.

А працэсія ўсё йшла ўперад ды ўперад, сярод узрастаўшае пыхі і разгараўшайся буры прывітаньняў, але для Тома Канці ўсё гэта як бы й не істнавала. Ён нічога ня бачыў, нічога ня чуў. Прайшла ўся радасьць і асалода, урачыстасьць зрабілася як-бы дакорам. „Ах, Божанька, калі-б я мог вызваліцца з няволі!" праляцела ў яго ў галаве.

Ён ізноў прыпомніў словы, якія неаднакроць паўтараў у першыя дні свае нявольнае вялікасьці.

Бліскучая цэрамонія цягнулася доўгаю, зіхацеўшаю вужакаю па крывых завулках арыгінальнага старога сіты, сярод радасных масаў; але кароль ужо ехаў, схіліўшы голаў, тупа пазіраючы ўперад, бачачы перад сабою толькі абраз маці, яе абражаны, забіты выгляд.

— Няхай жыве Адварды, кароль Англіі! — грымела зусюль, і зямля, здавалася, што дрыжала. Але кароль не адказваў. Шум і гоман далятаў да вушэй яго быццам далёкі-далёкі прыбой марскіх хваляў; іншы голас, быўшы бліжэй, крычаўшы з глыбіні яго сэрца, голас загаварыўшага суменьня, пакрываў усё, бесьперастанку паўтараючы нядобрыя словы: „Я ня знаю цябе, жанчына!"

Гэтыя словы зьвінелі ў душы караля, як хаўтурны звон у вушах чалавека, спусьціўшага ў магілу прыяцеля, з якім ён вераломна абходзіўся пры яго жыцьці.

Усё новыя цуды, новае хараство адчынялася перад вачыма на кожным павароце; далятаў грымот батарэяў і гоман насяленьня; але кароль і выгляду не падаваў, што чуе што-нібудзь; толькі стагнальны, дакорлівы голас маці зьвінеў у яго стрывожанай душы.

Пакрысе радасны выгляд твараў засланіўся вабалачкам клопату й трывогі; радасьць і ўцеха відочна паменшылася. Лёрд-протэктар не замарудзіў падлавіць гэтую акаалічнасьць і гэтак-жа шпарка сьцяміў, у чым справа. Ён прышпорыў каня і, скінуўшы шапку ды нахіліўшыся, шапнуў каралю:

— Гаспадару, цяпер не пара для думак. Народ бачыць, што ты схіліў галаву, што вочы твае затуманіліся, і прымае гэта за благі знак. Паслухай мяне: усьмяхніся ясным сонейкам і дай разьвеяцца цёмным хмарам. Паднімі галаву і глянь весела на сваіх падданых.

З гэтымі словамі гэрцог рассыпаў прыгаршчы монэт налева і направа і ад'ехаў на сваё месца. Думанны кароль споўніў трэбаваньне. Усьмешка была бяз жыцьця, але няшмат каму ўдалося заўважыць гэты недахват. Ён паранейшаму міласьціва і грацыёзна ківаў галавою ў адказ грамадзянам, паранейшаму не пакідаў раздаваць грошы са шчыра-царскаю шчодрасьцяй, так што трывога народу зьнікла, і прывітальныя крыкі ізноў пачалі паўтарацца з ранейшым запалам.

Аднак-жа, перад самым канцом працэсіі, гэрцог прымушаны ізноў пад'ехаць і паўтэрыць настаўленьне:

— Вялікі гаспадар, — шапнуў ён, — страсі сваю страшную тугу; на цябе скірованы вочы ўсяго сьвету. Пасьля дадаў з нездаволеньнем: „Прападзі гэта дурная баба! Яна расстроіла вашую вялікасьць!"

Тупы, патухшы пагляд спаткаў гэрцог, а над вухам яго празьвінела няжывым, дамавінным голасам:

— Гэта мая маці!

— Божа! — застагнаў протэктар, павяртаючы на сваё месца, — перад'значаньне збылося. Ён ізноў звар'яцеў!

Разьдзел XXXII. Дзень каранацыі.

Вернемся, аднак, і займем месца ў Вэстмінстэрскім абацтве а 4 гадзіне раніцай памятнага дня каранацыі. Мы тут будзем не адны; хоць яшчэ цёмна, але асьветленыя факеламі галерэі напоўнены публікаю, гатоваю прасядзець нярухома паўдня, чакаючы падзеі, якую, быць можа, ня кожнаму дана бачыць двойчы ў жыцьці — каранацыі. Але, Лёндан і Вэстмінстэр падняліся на ногі а трэцяй гадзіне ўночы, з першым гарматным стрэлам, і натаўпы багатых, не належаўшых да знаці, грамадзян, купіўшых права пропуску на галерэі, тоўпяцца каля ўваходаў.

Гадзіны йдуць досіць марудна. Усялякі рух спыніўся, таму што памешканьне саўсім перапоўнена. Цяпер мы можам сесьці і, ад няма чаго рабіць, тое-сёе разглядзець. Перад намі, куды ні глянеш, адкрываюцца ў паўцемры часьці галерэяў і бальконаў, усеяных гледзячамі; другія заслонены колённамі і выступамі. Відаць таксама ўсю вялізную паўночную галерэю — пакуль што, яшчэ незанятую ўпрывілеёванаю публікаю, для якой была прызначана. Шырокая пляцформа, засланая багатымі тканінамі, — уся, як на далоні; пасярэдзіне месьціцца пасад, на ўзвышэньні, да якога вядуць чатыры ступенькі. У сяджэньне пасаду ўстаўлена пліта неабчэсанага каменя — Сконскі камень, — на якім садзілася грамада пакаленьняў шотляндзкіх каралёў пры ўрачыстасьці каранаваньня, і з бегам часу ён быў высьвечаны для тае самае мэты ангельскімі монархамі. Пасад і падножжа ўкрыты залатою парчою.

Навокал ціша, факелы цьмяна мігцяць, час памаленечку йдзе. Але, вось, пачынае сьвітаць, агні пагашаны і мягкае ранешняе сьвятло запаўняе ўвесь прастор сабору. Цяпер можна бачыць формы вялічавага будынку, праўда, ня досіць ясныя, ахіненыя туманам, таму што сонца яшчэ ня выглянула з-за воблакаў.

А сёмай гадзіне першы раз нарушаецца санлівая манатоннасьць: першая знатная дама зьяўляецца на залі, апраненая, як Салямон у славе сваёй; прыдворны ўвесь у машасьце і ў шоўку, праводжвае яе да яе месца, а другі, якраз гэтак-жа сама, апранены, падбірае даўгі шлейф, і калі лэді сядае, дык ён кладзе ёй шлейф на калены; затым ставіць пад ногі ўслончык і зьмяшчае каронку ў выгаднае месца, каб зручна было дастаць яе, калі надайдзе мінута дзеля адначаснага ўзлажэньня каронаў на галовы ўсіх вяльможаў.

Тымчасам жонкі пэраў зьяўляюцца адна за аднэй, блішчастым ланцугом, а царадворцы бегаюць і снуюць, садзячы і прыстройваючы іх. Сцэна пачынае ажываць. Усюды рух і жыцьцё, ўсюды пярэстасьць. Крыху пачакаўшы, ізноў запаноўвае ціша; ўсе знатныя дамы зьехаліся, ўсе пазаймалі свае месцы — вялізны квятнік, яскравы й пярэсты, ўсеяны брылянтамі, быццам Малочны Шлях — зорамі. Тут усе вякі ў зборцы: жоўтыя, зморшчаныя, сівавалосыя ўдовы, якія памятаюць яшчэ каранацыю Рычарда ІІІ і смутныя старадаўныя часы, відныя дамы сярэдніх гадоў, грацыёзныя маладыя жанчыны, харошанькія дзяўчаты з бліскучымі вачыма і сьвежым колерам твару. Яны, яшчэ можа быць, і не патрапяць налажыць сваіх каронак, калі надайдзе ўрачысты момант, з прычыны неспакойства, дзеля таго, што выпадак для іх новы. Але, магчыма, што й справяцца са сваёю задачаю, таму што прычоска ўва ўсіх сумысьля гэтак прырыхтована, што ня цяжка ўмацаваць карону, як толькі даны будзе знак.

Мы бачылі, як зіхацела брылянтамі нялічаная грамада дамаў, і не змаглі ўтрымацца, каб ня выказаць зьдзіўленьня. Але, вось, перад намі штосьці сапраўды нязвычайнае. Гадзіны каля дзевятае хмары расплываюцца, сонцаў прамень ўрываецца ў цемнаваты будынак і аблятае па бліскучых радох дамаў, запальваючы шматколерныя агні асьляпляльнага бліску. Нявольна ўздрыгваешся, як ад электрычнае струі, бачачы гэткі эфэкт. Але, вось, сярод іншых чужаземных паслоў у сонечную паласу ўваходзіць і прадстаўнік нейкае дзяржавы далёкага ўсходу. Усім займае дух: зьяньне, што мігцячы льецца вакол яго — непераможнае, ён з галавы да ног усеяны брылянтамі і падчас найменшага руху яго рассыпаецца цэлы дождж іскраў.

Але лепш будзем гаварыць у прайшоўшым часе. Прайшла гадзіна, дзьве гадзіны, дзьве з паловаю, пакуль пачуліся гучныя стрэлы гарматаў, абвясьціўшыя, нарэшце, прыбыцьце караля і ўсяе працэсіі. Прысутныя адразу павесялелі, хоць і ведалі, што яшчэ прыдзецца чакаць, таму што каралю трэ' было прырыхтавацца і апрануцца дзеля сапраўднае асабліва-ўрачыстае цэрамоніі, але гэты час можна са смакам ужыць на агляданьне пэраў каралеўства, ў далікатных парадных касьцюмах. Іх урачыста праводжвалі, паказвалі месцы і з боку клалі каронкі. Публіка на галерэях з цікавасьцю сачыла за падходзіўшымі адзін за адным гэрцогамі, графамі, баронамі, імёны якіх карысталіся гістарычнаю вядомасьцю ў працягу пяцёх сталецьцяў. Калі ўсе паселі, адчыніўся абраз, якога нельга запомніць.

У хуткім часе пляцформу заняло вышэйшае духавенства ўва ўсіх вопратках і ў мітрах, праводжанае клірам; пасьля зьявіўся лёрд-пратэктар ды іншыя саноўнікі, і, нарэшце, аддзел лейб-гвардзейцаў у стальных латах.

Надыйшла паўза. Па даным сыгнале, загрымела музыка, і Том Канці, ў доўгай парчавой мантыі, паказаўся каля ўваходу і ўзыйшоў на ўзвышэньне. Уся многалюдная грамада ўстала і пачаўся абрад каранаваньня.

Панясьліся хваляю гукі добрароднага гымну; Тома Канці ўрачыста падвялі да пасаду. Старадаўныя абрады адбываліся з вялікаю павагаю, пры гэтым публіка ня зводзіла вачэй з караля. Па меры таго, як цэрамонія падходзіла да канца, Том усё бялеў ды бялеў; туга і роспач усё глыбей залазіла ў душу яго, усё больш балюча тузала дакора суменьня.

Нарэшце, надыйшоў апошні абрад. Архіепіскап Кэнтэрбэрыйскі падняў з падушкі ангельскую карону і ўзьнёс яе над галавою дрыжаўшага непраўдзівага караля. Мігам зіхаценьне радугі асьвяціла вялізны сабор, бо ўсё сабраньне знаці, як адзін чалавек, разам падняло свае каронкі і застыла ў гэткім палажэньні.

Глыбокая ціша панавала ў абацтве. У гэту памятную мінуту зьявілася дзіўная постаць; але ніхто з тых, што глядзелі, не зьвярнуў увагі, пакуль яна не паказалася ў галоўным цэнтральным прыдзеле. Гэта быў хлопчык у грубай, падранай вопратцы, ў падраных атопках, з непакрытаю галавою. Ён выцягнуў руку з урачыстасьцю, не адпавядаўшай яго гразнаму, нікчэмнаму выгляду, і прамовіў:

— Забараняю вам класьці карону на галаву гэтага здрадніка! Кароль — я!

Мігам некалькі рук са злосьцю апусьцілася на хлопчыка; але Том Канці, ў сваёй каралеўскай вопратцы, выступіў наперад і гучна крыкнуў:

— Не чапаць яго! Ён — кароль!

Зьдзіўленьне, зьмяшанае з панікаю, заўладала сабранымі; некаторыя пасходзілі са сваіх месцаў і, нічога ня цямячы, пазіралі то на галоўныя дзеяўшыя асобы, то адзін на аднаго, быццам не маглі зразумець, ці сапраўды ня сон гэта перад імі, і ці пры сваім яны розуме. Лёрд-протэктар быў зьбянтэжаны ня менш за іншых, але хутка заўладаў сабою і гукнуў загадным голасам:

— Не прыдавайце значэньня — кароль ізноў занядужаў! Схапіць абарванца!

Яго загад быў-бы споўнены, але Том Канці тупнуў нагою і крыкнуў:

— Не чапаць яго! Ён — кароль!

Уся грамада спруцянела, ўва ўсіх абвісьлі рукі, ніхто не варухнуўся, ніхто ня вымавіў ні слова, ніхто ня ведаў, як быць, з чаго пачаць, да таго неспадзяваным і незразумелым было ўсё тое, што адбывалася. Пакуль глядзеўшыя разьбіраліся ў сваіх пачуцьцях, хлопчык ішоў уперад, з гордай постацьцю і пэўным выразам у вачох, пакуль ня ступіў на ўзвышэньне. Думанны кароль радасна кінуўся яму насустрэчу і, ўпаўшы на калены, прамовіў:

— О, гаспадару, пазволь беднаму Тому Канці першаму прысягнуць на вернасьць табе і сказаць: „Узлажы на сябе карону і прымі ўладу, якая належыць да цябе паводлуг права".

Грозныя вочы лёрда-протэктара спыніліся на прыйшоўшым хлопчыку; але зараз-жа выгляд яго твару зьмягчэў, даўшы месца нясказанаму зьдзіўленьню. Тая самая зьмена адбылася і з іншым'і царадворцамі. Яны паглядзелі адзін на аднаго і міма волі адступілі крыху назад. Ува ўсіх праляцела адна і тая самая думка: Якая дзіўная падобнасьць.

Зьбянтэжаны лёрд-протэктар з мінуту ці дзьве ня ведаў, што пачаць; пасьля сказаў з глыбокай пашанаю:

— Пазволь, сэр, задаць табе некалькі пытаньняў, якія...

— Гатоў адказваць, мілёрд.

Гэрцог задаў яму некалькі пытаньняў датычна двара, памёршага караля, прынца, прынцэсаў — хлопчык адказваў правільна, не заікаючыся. Ён апісаў парадныя залі палацу, апартамэнты памёршага караля і прынца Уэльскага.

— Дзіўна, страшэнна дзіўна, незразумела! — цьвярдзілі ўсе ў адно слова. Справа набірала іншага кірунку, надзеі Тома Канці мацнелі; але лёрд-протэктар памахаў галавою і сказаў:

— Гэта, сапраўды, дзіўна, але й наш кароль мог-бы гэтак-жа добра адказаць. Апошняя ўвага засмуціла Тома, надзеі ізноў пачалі пакідаць яго.

— Аднак-жа гэта яшчэ ня доказ, — дадаў протэктар.

Цяпер вецер моцна павеяў — толькі ня ў той бок, куды трэ' было, ён спагадаў таму, каб Том заграз на пасадзе, а законны пратэндэнт быў аднесены адкрытым жыцьцёвым морам. Лёрд Гэртфорд натужліва раскідаў розумам, памахваў галавою — няпрыемная думка заўзята навязвалася: „І для дзяржавы, і для нас небясьпечна пакінуць без разрашэньня гэткую загадку; яна можа пасяліць нязгоду і ўзварухнуць пасад". Ён адвярнуўся і загадаў:

— Сэр Томас, арыштаваць яго... Не, пачакайце!... Твар яго раптам паясьнеў, і ён паставіў пратэндэнту гэткае пытаньне:

— Дзе дзяржаўная пячатка? Рашы мне гэткую задачу — і канец справе; толькі прынц Уэльскі можа адказаць! Ня трудная штука, але ад яе залежыць лёс пасаду і дынастыі.

Праўду кажучы, гэта была шчасьлівая, ўдачная думка: ўсе прысутныя тут саноўнікі, маўкліва, згоднымі з гэтым паглядамі выказвалі сваё задаваленьне. Але, ніхто, апрача сапраўднага прынца, ня мог раскрыць тайны згубленьня вялікае дзяржаўнае пячаткі. Гэты бедны, маленечкі самазванец добра падмуштраваўся да экзамену, але тут ён сьсячэцца, тут ужо і супольнікі яго ня змогуць даць адказу. Вельмі добра, раскошна, трэба раз назаўсёды палажыць канец небясьпечнай гульне. I прыдворныя трохі памахвалі галовамі і ўнутрана ўсьмяхаліся, чакаючы, што дурны хлопчык зьбянтэжыцца і прызнаецца да свае віны. Аднак-жа, якое-ж было іхняе зьдзіўленьне, калі нічога падобнага ня здарылася, калі яны пачулі яго спакойны, рашучы адказ:

— Задача саўсім нятрудная.

Затым, ня доўга думаючы, ён адвярнуўся і аддаў загад з няпрымушанасьцю чалавека, прывыкшага загадраць.

— Мілёрд Сэнт-Джон, схадзеце ў мой кабінэт у палацы — ніхто лепей за вас не знаёмы з ім; тамака, ў левым кутку, што далей ад уваходных дзьвярэй, каля самае падлогі вы знайдзеце ў сьцяне медны гузік; націсьніце яго і выскачыць маленькая патайная скрыначка; аб ёй ня толькі вам невядома, але нікому на сьвеце, апрача мяне і пэўнага майстра, устроіўшага яе. Там ляжыць вялікая дзяржаўная пячатка. Прынясеце яе сюды.

Усё сабраньне адразу далося пры гэтых словах, і яшчэ болей зьдзівілася, калі маленечкі прынц паказаў на пазванага пэра бяз ніякага хістаньня ці небясьпекі памыліцца, з гэткім спакойным, пэўным выглядам, як быццам змалку знаў яго. Зьбянтэжаны лёрд Сэнт-Джон ледзь што не паслухаў, ён навет зрабіў рух, каб пайсьці выпаўніць даручэньне, але апамятаўся і, крыху зачырванеўшыся, прыняў ранейшы спакойны выгляд. Том Канці голасна зьвярнуўся да яго:

— Чаго марудзіце? Хіба ня чулі загаду караля? Ідзеце!

Лёрд Сэнт-Джон нізка пакланіўся — усе заўважылі, што паклон быў надта тонкі, дзеля таго, што і кароль і пратэндэнт маглі аднолькава прыняць яго на свой рахунак — і выйшаў.

Цяпер у бліскучай групе прыдворных пачуўся рух — марудны, ледзь заметны, але ўпарты, падхільны — рух, які можна прасачыць пры пакручваньні калейдаскопу, калі яркія часьці аднае фігуры распадаюцца, творачы новую. У даным выпадку новым цэнтрам, вакол якога групаваліся сабраныя, быў абарваны хлопчык. Том Канці стаяў блізу што адзінока. Надыйшла мінута цяжкага чаканьня й трывогі, нават няшмат якія маладушныя людзі, яшчэ акружаўшыя яго, крыха па крысе набраліся духу і пачалі прылучацца да большасьці. У рэшце ўсяго, Том Канці, у сваёй каралеўскай вопратцы, пакінены ўсімі, застаўся саўсім адзін, сярод ачышчанае пляцформы.

Але вось паказаўся лёрд Сэнт-Джон. Калі ён падходзіў да сярэдняга прыдзелу, чаканьне й цікавасьць публікікі да таго была вялікая, што размовы й шэпты мігам сьціхлі, запанавала глыбокая ціша, і толькі глухія шагі яго было чутно. Усе вочы скіравалі на яго. Падыйшоўшы да пляцформы, ён супыніўся, нізка пакланіўся Тому Канці і сказаў:

— Гаспадару, пячаткі там няма!

Натаўп чэрні не адвярнуўся-б з гэткаю шпаркасьцяй ад якога-нібудзь ахопленага чумою, як адлілі ад няшчаснага маленькага пратэндэнта на карону, зьбялеўшыя, перапалоханыя царадворцы. Мінуту пачакаўшы, ён ужо быў адзінокі, бяз прыяцялёў і апякуноў, служачы мішэньню дзеля сцэнтрованых на ім злосных і пагардлівых паглядаў. Лёрд-протэктар гнеўна крыкнуў:

— Выкінуць жабрачка на вуліцу і прагнаць пад бізуном праз увесь горад — мізэрны дурань на большае не заслужвае!

Афіцэры гвардыі кінуліся споўніць загад, але Канці спыніў іх:

— Назад! Хто закране яго. той заплаціць галавою!..

Лёрд-протэктар быў аканчальна зьбянтэжаны.

— Ці добра вы шукалі? — спытаўся ён у лёрда Сэнт-Джона. Хоць-жа, аб гэтым няварта і пытацца. Маленечкая рэч, нічога нявартая яшчэ магла згінуць, — у гэтым няма нічога дзіўнага, але якім чынам зьнікла гэткая буйная рэч, як дзяржаўная пячатка, як гэта ніхто і сьледу яе не заўважыў — вялікі залаты кружок...

Том Канці з зіхацеўшымі вачыма, выступіў наперад і гукнуў:

— Стойце, годзі! Яна гэткая, круглая, тоўстая. На ёй выразаны нейкія літары й гэрбы? Так? Ну, цяпер я ведаю, якая вялікая дзяржаўная пячатка, што нарабіла гэтулькі клопату. Калі-б вы мне раней растлумачылі, дык я аддаў-бы вам яе яшчэ тры тыдні назад. Як-жа, ведаю, дзе яна ляжыць, хоць ня я першы паклаў яе туды.

— А хто-ж, гаспадару? — спытаўся лёрд-протэктар.

— Той, хто стаіць перад вамі, — законны кароль Англіі. Ды ён і сам скажа вам, дзе яна знаходзіцца, тады вам прыдзецца паверыць, што ён ведаў аб гэтым раней. Падумай, гаспадару, прыпомні — гэта было апошняе, што ты зрабіў у той дзень, перш, чымся выбег з палацу, у маім рызьзі, каб пакараць салдата, скрыўдзіўшага мяне.

Надыйшло маўчаньне, ніхто не заікнуўся; вочы ўсіх былі вырачаны на прыйшоўшага хлопчыка, які стаяў, схіліўшы галаву і зморшчыўшы лоб, перабіраючы ў памяці масу дробных уражаньняў і стараючыся ўспомніць адзін нязначны факт; калі яму ўдасца ўспомніць — ён дастане назад пасад свой, калі не, дык прападаць яму жабраком і адшчапенцам. Мінута праходзіла за мінутаю, а хлопчык усё капаўся ў памяці, не варушачыся. Нарэшце, ён уздыхнуў, ціха памахаў галавою і прамовіў дрыжаўшым голасам, поўным зьнямогі;

— Усё прыпамінаю, усю драбязу, але аб дзяржаўнай пячатцы пры гэтым і спаміну ня было.

Ён памаўчаў, пасьля падняў галаву і прамовіў з мягкасьцю і дастойнасьцю:

— Мілёрды і джэнтльмэны, калі вы хочаце пазбавіць вашага законнага караля яго правоў толькі таму, што ён ня можа даставіць вам гэткага пустога доказу, дык я не магу замінуць вам, я тут бясьсільны. Але...

— О, гэта вар'яцтва, гаспадару! — з жахам гукнуў Том Канці. — Пачакайце, падумайце, вашая вялікасьць. Не здавайцеся — справа яшчэ не праграная. Слухайце, што я буду казаць — сачэце за кожным словам. Я напомню вам тую раніцу, як усё было, папарадку. Мы размаўлялі... Я расказваў вам пра сваіх сёстраў Наньні і Бэтты, — але, але, прыпамінаю, пра сваю бабку, пра грубыя гульні, пра хлопчыкаў Офаль-Корту. Ці-ж ня так, і вы таксама прыпамінаеце. Вельмі добра, далей — вы ня ўспомніце. Вы напаілі й накармілі мяне, з далікатнасьці, адаслаўшы слугаў, каб я не сароміўся свае невыхаванасьці. Так, і гэта таксама памятаеце.

І Том выкладваў усе падробнасьці, а другі хлопчык пацьвярджальна памахваў галавою, а многалюднае сабраньне й царадворцы пазіралі абзадачаныя, зьдзіўленыя. Расказ меў падобны да праўды характар, але якім чынам, паўстае запытаньне, маглі блізка зыйсьціся прынц і жабрак? Ніколі яшчэ ніводнае сабраньне ня было гэтак абзадачаным і зацікаўленым.

— Дзеля жарту, гаспадару, вы памяняліся вопраткаю. Пасьля мы падыйшлі да люстра, і гэтак падобны былі адзін да аднаго, што абодвым здалося, быццам ніякага пераапрананьня й не адбывалася. Раптам вы заўважылі ў мяне на руцэ сіняк — вось ён, дасюль яшчэ не магу пісаць, пальцы быццам зьдзеравянелі. Вашая вялікасьць падскочылі, палаючы гневам, грозячы расправіцца з салдатам і скіраваліся да выхаду. Прабягаючы каля стала, схапілі тую рэч, якую называюць дзяржаўнаю пячаткаю, але, схапілі яе, і нецярпліва азіраючыся, як-бы шукаючы месца, дзе схаваць... Тут вы заўважылі...

— Так, так, годзі! Дзякуй Богу, — гукнуў абадраны пратэндэнт на пасад. — Ідзеце, мой добры Сэнт-Джон, у рукаве мае кальчугі, што вісіць на сьцяне, знайдзеце пячатку.

— Так, вашая вялікасьць, так, — закрычаў Том Канці, — цяпер карона Англіі ваша, і таму, хто здумае пярэчыць вашым правом, не знасіць галавы. Сьпяшайцеся, ляцеце, сэр Джон!

Усё сабраньне было цяпер на нагах, страціўшы галовы ад неспакою, трывогі і нязвычайнага ўзварушэньня. У ніжнім ярусе, на падмостках, на галерэях падняўся аглушальны шум — пашлі гутаркі, спрэчкі; у працягу некалькіх мінут цяжка было разабрацца ці пачуць, як трэба, што-нібудзь — усе гаварылі разам. Час праходзіў незаметна. Нарэшце, усё змоўкла: паказаўся лёрд

Сэнт-Джон, трымаючы ў паднятай руцэ вялікую дзяржаўную пячатку.

— Няхай жыве кароль! — загуло з усіх бакоў.

Мінут пяць у паветры стаяў гук галасоў, гром музыкі, віхрастае маханьне хустачкамі, і сярод гэтых радасьцяў, на пляцформе, галава ангельскага народу — абадраны хлопчык, зачырванеўшыся, шчасьлівы і горды, а перад ім пакленчыўшыя, магутныя васалы.

Калі ўсе падняліся, Том сказаў:

— Цяпер, гаспадару, вазьмі свае царскія рэгаліі і аддай Тому, слузе Твайму, яго лахманы.

— Узяць маленькага дурня, высьцебаць і кінуць у вастрог, — прыказаў лёрд-протэктар.

Але новы кароль, сапраўдны кароль сказаў:

— Я не дапушчу гэтага. Толькі дзякуючы яму я вярнуў сваю карону. Ніхто ня сьмее крануць яго пальцам. А што датычыць цябе, мой добры дзядзечка, лёрд-протэктар, дык з твайго боку вялікая няўдзячнасьць гэтак абходзіцца з тым, хто ўзьвёў цябе ў гэрцогі (тут протэктар зачырванеўся), ня будучы каралём. Чаго варт цяпер твой тытул? Заўтра-ж ты павінен выпрасіць у мяне, цераз гэтага хлопчыка, зацьвярджэньня ў новым званьні, а не, дык застанешся проста графам.

Пасьля гэткага адпору, яго сьветласьць гэрцог Сомэрсэцкі стушаваўся з пярэдніх радоў. А кароль зьвярнуўся да Тома і ласкава спытаўся:

— Бедны хпопчык, як гэта ты памятаў, куды я падзеў пячатку, а я ня мог успомніць?

— О, гаспадару, тут няма нічога дзіўнага, таму што я часам карыстаўся ёю.

— Карыстаўся... Але-ж чаму ты адразу не сказаў, дзе яна?

— Ды я й ня ведаў, вашая вялікасьць, што гэта й ёсьць тая самая пячатка. Мне ня тлумачылі, якая яна на выгляд.

— Што-ж ты ёю рабіў?

Том, замест адказу, зачырванеўся і спусьціў вочы.

— Кажы сьмела, добры хлопчык, ня бойся! — сказаў кароль. — Дзеля якое мэты карыстаўся ты дзяржаўнаю пячаткаю?

— Калоў гарэхі.

Бедны Том! Ад раптоўнага рогату, які пачуўся ў гэтую мінуту, ён ледзь стаяў на нагах. Але затое, калі ў кім-нібудзь і заставалася яшчэ якая-нібудзь няпэўнасьць, кароль Том Канці, ці не, дык апошні адказ аканчальна разьвеяў яе, таму што відочна даказаў незнаёмства хлопчыка з аснаўнымі атрыбутамі каралеўскае дастойнасьці.

Тымчасам з плечаў Тома зьнялі пышную каралеўскую мантыю і апранулі яе на караля, лахманы якога былі, гэткім чынам прыкрыты.

Ізноў пачынаецца абрад каранаваньня. Адварды памазаны ў каралі, на галаву яго накладаецца карона, пры аглушальным громе гарматаў, абвяшчаўшым аб вялікай падзеі ўсяму радаснаму, жывому Лёндану.

Разьдзел XXXIII. Адварды — кароль.

Майльс Гэндон і да лупцоўкі на Лёнданскім мосьце меў даволі кур'ёзны маляўнічы выгляд, а пасьля таго яшчэ больш расхарашыўся. Было ў яго сьпярша крыху грошай, а цяпер нічога не засталося — кішэньнікі абчысьцілі яго да апошняга фарсінга.

Але бяды мала, абы толькі знайсьці яму хлопчыка. Як сапраўдны салдат, ён ня пусьціўся за ім наўгад, а перш за ўсё абмеркаваў плян шуканьня.

Што павінен быў хлопчык рабіць, куды пайсьці? — Натуральна, — разважаў Майльс, — першаю справаю ён скіраваўся ў сваю старую кватэру — гэтак зробіць кожны бяспрытульны, ўсё роўна ці ў сваім ён розуме, ці звар'яцелы. Дзе-ж ён раней знаходзіўся? Яго лахманы, а таксама пратэнсіі падазроннага бадзякі, як відаць, знаўшага хлопчыка, паказвалі, што ён жыў у адным з найбяднейшых і ў адным з самых гразных кварталаў Лёндану. Але-ж ці лёгка яго знайсьці, дый ці хутка знайдзе ён яго? Не, мабыць, шуканьне ня зьвязана будзе з труднасьцямі і не зацягнецца. Яму навет ня трэба шукаць самога хлопчыка, а толькі глядзець, дзе натаўп: сярод вялікага, ці невялікага натаўпу ён, напэўна, рана ці позна, знайдзе яго; подлая чэрнь дзеля пацехі і вясёласьці пачне на кожным кроку дразьніць і квяліць хлопчыка, які, па звычаю, будзе выдаваць сябе за караля. Тады ён, Майльс, пасвойму расправіцца з гэтымі панамі забярэ свайго выхаванца і ўцешыць ласкавымі словамі і ўжо больш яны ніколі не расстануцца.

Гэткім чынам, Майльс пусьціўся ў пашуканьні. Праходзіла гадзіна за гадзінай, а ён усё бадзяўся па гразных, глухіх вуліцах, шукаючы вачыма зборышчаў і спатыкаючы іх нямала, але, ўсё такі, не знаходзячы паміж імі свайго хлопчыка. Няўдача вельмі зьдзіўляла яго, але не наводзіла на безнадзейнасьць; паводлуг яго перакананьня, плян дзеяньняў быў правільны, толькі ў адным сэнсе рахуба не ўдалася, справа зацягвалася, а ён думаў, што хутка ўправіцца.

Нарэшце пачало сьвітаць. Шмат міляў адмахаў Гэндон, шмат натаўпаў сустрэў, але бясплодна; нарэшце, ён змогся, прагаладаўся і пачуў моцнае жаданьне спаць. Ён не адмовіўся-б пасьнедаць, але-ж чым заплаціць? Яму яшчэ не даводзілася прасіць жабраніны; закласьці меч — ўсё роўна, што разьвітацца з гонарам; праўда, ён мог-бы збыць тое-сёе з свае вопраткі, але-ж дзе знайсьці ахвотніка на гэткае дабро?

Надыйшоў поўдзень, а Гэндон усё бадзяўся, але цяпер ужо за простым народам, ішоўшым за каралеўскаю працэсіяй; ён разьлічаў, што сапраўдная ўрачыстасьць павінна была асабліва цягнуць да сябе маленькага вар'ята, і дзеля гэтага валокся ў пазакручваным хвасьце паходу па ўсіх Лёнданскіх вупіцах, да Вэстмінстэру й Абацтва. Доўга хадзіў ён, праціскаючыся то ўперад, то ўзад; але ашуканы ў сваіх надзеях і скрыўджаны, ён, нарэшце, прыстаў і пачаў прыдумваць новы плян. Калі Гэндон прачхнуўсся ад свае задумы, дык ён заўважыў, што пакінуў горад далёка ззаду за сабою і што дзень хіліцца да канца. Ён быў каля ракі; тут раскінены былі багатыя заместавыя лецішчы — месца, дзе гэткі абадранец, як ён, ня мог разьлічаць на радасны прынятак.

Было не асабліва холадна. Ён расьцягнуўся на зямлі, пад плотам, каб адпачыць і пакруціць мазгамі. Але хутка соннасьць аходала яго, і калі да вушэй яго даляцеў далёкі грукат гарматаў, дык ён прамовіў: „Новы кароль каранованы", і тут-жа заснуў. Больш, як трыццаць гадзін, ён быў бяз сну і адпачынку, затое і прачхнуўся чароднаю раніцай толькі каля дванаццатае гадзіны.

Ён устаў, разьбіты, акачанелы, галодны, памыўся ў рацэ, падмацаваў жывот, глінуўшы крыху вады, і пацягнуўся ў бок Вэстмінстэру, нездаволены сабою за тое, што змарнаваў гэтулькі часу. Цяпер голад натхніў яго новым плянам: ён папрабуе пабачыць старога Гёмфры Марлё ды пазычыць у яго грашакоў, а пасьля... ды пакуль што і гэтага даволі, а там будзе відаць, што рабіць.

Гадзіны каля адзінаццатае ён дабраўся да палацу; і хаця цэлыя натаўпы хораша апраненае публікі ішлі ў тым самым кірунку, аднак-жа, ад Гэндона не магло ўтаіцца, што ён служыў рэчаю агульнае ўвагі, дзякуючы свайму касьцюму. Ён супыніўся і пачаў выглядаць якога-нібудзь дабрадзея, які ўзяў-бы на сябе труд далажыць аб ім старому царадворцу — аб тым, каб самому пралезьці ў палац, не магло быць і мовы. Якраз у той час праходзіў хлопчык, якога звычайна сьцёбалі за віну прынца. „Ну, калі гэта ня той самы бадзяка, аб якім гэтак трывожыўся яго вялікасьць, дык хай назавуць мяне аслом. Ён якраз адпавядае апісаньню — Бог не стварыў больш за адно падобнае страхацьцё. З якой-бы гэта прычыны загаварыць з ім?"

Майльс Гэндон вывяў яго з труднага палажэньня; ён адвярнуўся, — як звычайна бывае з чалавекам, на якога хто-нібудзь пільна пазірае ззаду, — і, заўважыўшы, што хлопчык цікавіцца ім, падыйшоў да яго і спытаўся:

— Вы, здаецца, толькі што выйшлі з палацу. Вы там жывеце?

— Але, пане.

— Ці ня знаеце, часам, сэра Гёмфры Марлё?

Хлопчык здрыгануўся. „Божанька, — падумаў ён, — гэта-ж ён пытаецца пра нябожчыка тату".

— Ведама, што знаю, — пачуўся адказ.

— Вось і добра, а што. ён там?

— Але, — сказаў хлопчык, дадаўшы ў памяці сваёй: „Там, але, там — у зямлі сырой".

— Ці магу я папрасіць аднае ласкі: скажэце яму маё імя і скажэце, што я маю перадаць яму асабіста пару словаў.

— З ахвотаю споўню вашае даручэньне, пане.

— Тады паведамце, што яго хоча бачыць Майльс Гэндон, сын сэра Рычарда. Вельмі шмат вам буду абавязаны, галубок.

Хлопчык быў расчарованы. „Кароль, здаецца, ня гэтак называў яго", праляцела ў яго галаве, „але нічога, гэта, напэўна, родны брат таго дзівака, і зможа даць яго вялікасьці такія-сякія ведамасьці".

— Пачакайце крыху вун там, сэр, а я схаджу і прынясу вам адказ.

Гэндон адыйшоў у паказанае месца — гэта была ніша ў сьцяне палацу, з каменнаю лаўкаю; у благую пагоду тутака хаваліся вартаўнікі. Не пасьпеў ён сесьці — бач, ідуць два алебардаўцы з афіцэрам; апошні супыніўся і загадаў Гэндону ісьці за ім. Той пакарыўся, і хутка быў арыштованы, як падазронная асоба, што бадзяецца ў ваколіцах палацу. Справа набірала дрэннага кірунку. Бедны Майльс хацеў быў вытлумачыцца, але афіцэр груба перабіў яго, прыказаўшы салдатам абязброіць і ператрасьці яго.

— Дай-жа Божа, каб яны што-нібудзь знайшлі ў мяне ў кішанёх, — сказаў Гэндон, — ужо я сам, як мае быць, шукаў, але толку мала.

Нічога ў яго не знайшлі, апрача нейкае паперы. Афіцэр распасьцёр яе, а Майльс усьмяхнуўся, пазнаўшы „каракулькі", накіданыя яго маленькім прыяцелем у памятны дзень прыезду ў Гэндон-Голь. Афіцэр надуўся, прачытаўшы ангельскі тэкст пісьма, а Гэндон зьбялеў, калі пачуў:

— Ізноў новы пратэндэнт на пасад. Ды іх, сапраўды, хутка будзе больш, як грыбоў пасьля дажджу. Узяць бадзяку і глядзець за ім добра, а, пакуль што, аднясу гэты важны дакумэнт каралю.

I ён пасьпешна адыйшоў, пакінуўшы арыштованага пад даглядам салдатаў.

— Ну, цяпер надыйшоў канец маім прыгодам, — прамармытаў Гэндон, — напэўна прыдзецца целяпацца на вяроўцы цераз гэтую паперачку.

А што будзе з маім бедным хлопчыкам — аднаму Богу вядома.

Раптам ён пабачыў афіцэра, які пасьпешна вяртаўся, і сабраўся з духам, рыхтуючыся адважна спаткаць бяду. Афіцэр прыказаў пусьціць арыштованага і вярнуць яму меч; затым, пашанліва пакланіўшыся, сказаў:

— Ці ня ласка, сэр, ісьці за мною.

Гэндон пакарыўся, але падумаў: „Калі-б я ня йшоў на пэўную сьмерць і не баяўся граху, дык задушыў-бы гэтага нягодніка за яго насьмешлівую пашану".

Яны прайшлі многалюдны падворак і апынуліся каля вялікага порталу; тут афіцэр, ізноў з паклонам, перадаў Гэндона важнаму царадворцу, які спаткаў яго з глыбокай пашанаю і павёў цераз вялізны калідор, з выстраенымі ў два рады бліскучымі ліўрэйнымі лёкаямі (якія нізка кланяліся ім, а за плячыма ледзь не паміралі са сьмеху, які насілу стрымлівалі, бачачы нашае „вароняе пудзела"), пасьля па шырокіх сходах, дзе тоўпіліся прыдворныя; нарэшце, увайшоўшы ў вялікую залю, праваднік праклаў яму дарогу сярод сабранае знаці. Тут ён пакінуў Гэндона, пакланіўшыся і папрасіўшы скінуць капялюш. Вочы прысутных, натуральна зьвярнуліся на дзівачную фігуру; адны наморшчылі лабы, другія насьмешліва ўшыльваліся.

Гэндон саўсім атарапеў. Перад ім, пад пышным балдахінам, на ўзвышэньні, сядзеў малады кароль, схіліўшы галаву і гутарачы з нейкаю райскаю птушкаю ў чалавечай постаці, мусі, з гэрцогам. Майльс падумаў: „I без таго цяжка расставацца з жыцьцём у цьвеце гадоў, а тут яшчэ публічнае паніжэньне". Яму ўжо хацелася, каб якнайхутчэй прыкончылі яго — выхадкі некаторых бліскучых паноў, стаяўшых каля яго, былі вельмі вялікаю крыўдаю. Але тут кароль крыху падняў галаву, і Гэндон добра разглядзеў яго твар. Яму заняло дух. Ён стаяў быццам прыбіты гваздамі, ня зводзячы вачэй з караля.

— Што гэта, здань? — вырвалася ў яго, — кароль царства прыяваў і ценяў на пасадзе!

Ён прагаварыў яшчэ некалькі адрывачных фразаў, не адрываючы вачэй; пасьля абвёў вачыма раскошна апраненую грамаду ды раскошны салён, мармычучы: „Але-ж гэта рэальнасьць, ява... ня сон!" — дый зноў утаропіўся ў караля... „Ці здань гэта, — думаў ён, — ці сапраўды такі кароль, ангельскі монарх, а не бяспрытульны Том, за якога я лічыў яго. Як рашыць гэтую загадку?

Раптам шчасьлівая думка бліснула ў яго галаве. Ён падыйшоў да сьцяны, узяў крэсла, прынёс яго і сеў.

Пачуліся злосныя воклікі, нечая рука цяжка спусьцілася яму на плячо, нечы голас гукнуў:

— Устань, бесцэрамонны камэдыянт! Як сьмееш ты сядзець у прысутнасьці караля!

Заварушэньне прыцягнула ўвагу яго вялікасьці; ён выцягнуў руку і гукнуў:

— Пакіньце, гэта яго прывілей!

Усе адступілі, зьдзівіўшыся. А кароль казаў далей:

— Хай будзе вядома вам, лэді, лёрды і джэнтльмэны, што гэта наш верны і любы слуга, Майльс Гэндон, які сваім рыцарскім мечам выратаваў караля ад пабояў, можа навет і ад сьмерці — і за гэта ўзьведзены намі ў рыцары. Ведайце таксама, што яшчэ за вышэйшую паслугу — за збаўленьне свайго караля ад бізуна й пагарды, мы надаём яму званьне пэра Англіі, графа Кэнцкага, з наградаю абшарамі й даходамі, належнымі яго высокаму званьню. Мала таго, прывілей, якім ён толькі што скарыстаўся, застаецца за ім, з нашае волі, і адсюль права сядзець у прысутнасьці каралёў Англіі пераходзіць да старшага ў яго родзе, з пакаленьня ў пакаленьне, аж пакуль будзе істнаваць ангельскі пасад.

Дзьве асобы, з прычыны задзержкі ў дарозе, прыехаўшыя з вёскі толькі гэтаю раніцай і ўжо каля пяцёх мінут быўшыя ў палацы, з няпэўнасьцю і зьдзіўленьнем пазіралі то на караля, то на „вароняе пудзела". Гэта быў сэр Гью і лэді Эдыта. Але новы граф ня бачыў іх. Ён ня зводзіў вачэй з караля.

— Ах, Божа, — мармытаў ён, — каго я лічыў жабрачком і звар'яцелым хлопчыкам! Каго я хацеў зьдзівіць сваім багатым замкам, семдзесяцьма пакоямі, дваццацьма сёма слугамі! А я-ж думаў, што ён ніколі нічога ня знаў, апрача лахманоў, штурханцоў ды аб'едкаў. I я яго хацеў усынавіць, абчасаць! Божа, цяпер мне і твар сорамна будзе паказаць!

Апамятаваўшыся, ён кінуўшыся на калены і, схапіўшы руку караля, прысягнуў яму ў вернасьці і дзякаваў за падараныя абшары й тытулы. Пасьля ўстаў і пашанліва адыйшоў у бок, служачы паранейшаму рэчаю агульнае ўвагі і агульнае зайздрасьці. Але вось кароль заўважыў сэра Гью і зьвярнуўся да яго з гнеўным голасам і зіхацеўшымі вачыма:

— Пазбавіць гэтага бандыта званьня і прысвоеных двароў і пасадзіць за краты, пакуль я не патрэбую яго.

Ранейшага сэра Гью вывялі.

У гэты час нейкі рух адбыўся ў процілежным канцы залі; сабраныя расступіліся, і паміж двома бліскучымі радамі паказаўся Том Канці, ў арыгінальнай, багатай вопратцы, з прыдворным саноўнікам наперадзе. Ён упаў на калены перад каралём.

— Я даведаўся аба ўсім, што адбывалася за апошнія тры тыдні, і вельмі задаволены табою. Ты кіраваў дзяржаваю са шчыра царскай шляхетнасьцю і велікадушшам. Ці знайшоў ты сваю маці і сёстраў? Добра, я патурбуюся аб іх, а бацька твой будзе павешаны, калі на гэта будзе воля закону і калі ты патрэбуеш. Ведайце ўсе, што адсюль сіроты, якіх трымаюць у Прытулку Хрыста ад шчодрасьці караля, павінны карыстацца ня толькі фізычнаю, але й духоўнаю страваю, а гэты хлопчык будзе жыць там да канца дзён сваіх і займаць пачэснае месца сярод выхаваўцаў. А за тое, што ён выпаўняў абавязкі караля, лічым за дабро даць яму асобную ад'знаку; выняткова толькі яму аднаму даецца права насіць вопратку, якая цяпер на ім, ніхто больш ня мае права апранацца падобна да яго. Куды-б ён ні зьявіўся, яго касьцюм павінен напамінаць народу, што ён быў каралём, і ніхто ня сьмее адмаўляць яму ў пашане. Ён пад апекаю пасаду, ў пацьвярджэньне чаго яму надаецца званьне „каралеўскага выхаванца".

Горды і шчасьлівы, Том Канці ўстаў, пацалаваў караля ў руку і выйшаў з залі. Не марнуючы часу, ён паляцеў да маці і да сёстраў — Наньні і Бэтты — расказаць ім пра ўсё ды падзяліцца з імі сваёю вялікаю радасьцю.

Канчатак. Справядлівасьць і награда.

Калі справа выясьнілася і Гью прызнаўся, дык аказалася, што Эдыта адмовілася ад Майльса, ў той памятны дзень, з прычыны яго загаду, які ў дадатак быў падмацованы пагрозаю забіць яе, калі яна ўздумае не паслухаць. Бедная жанчына адказала: „Забі, жыцьцё маё нічога для мяне ня варта!" Тады муж пастанавіў, што пашкадуе яе, але заб'е Майльса! Справа набірала іншага кірунку — яна здалася і датрымала слова.

Гью не падпаў пад прасьледаваньне за свае праступленьні і за прысвоеньне чужое маемасьці й тытулу, таму што жонка і брат — абое адмовліся даваць проці яго паказаньні — хоць-жа жонка і ня была-б дапушчана, калі-б навет хацела. Гью прымушаны быў пакінуць Эдыту і выехаць на контынэнт, дзе ён хутка памёр, а граф Кэнцкі ажаніўся з удавою. Вялікі баль быў у Гэндонскай вёсцы, калі маладыя першы раз наведаліся ў свой замак.

Аб бацьку Тома Канці ніхто нічога ня чуў, — ён як у вадзе згінуў.

Кароль загадаў знайсьці фэрмэра, якога закляймілі ды прадалі ў няволю, змусіў яго пакінуць зладзейскую шайку ды зноў пачаць чэснае, працоўнае жыцьцё.

Ён звольніў старога законазнаўцу з вастрогу і зьняў штраф, прыстроіў дачок абедзьвюх жанчын-баптыстак, спаленых на агні, а таксама загадаў строга пакараць вурадніка, з ласкі якога Гэндон быў біты бізунамі.

Ён выратаваў ад шыбеніцы хлопчыка, прысвоіўшага чужога сакала, і жанчыну, ўкраўшую рэшту матар'ялу ў ткача; але яму не ўдалося выратаваць чалавека, засуджанага за паляваньне на аленя ў каралеўскім лесе — памілаваньне прышло вельмі позна.

Ён выказаў сваю монаршую ласку судзьдзі, пашкадаваўшаму яго, калі над ім вісела абвінавачаньне ў кражы парасяці, і яму прыемна было бачыць, як судзьдзя падняўся ў грамадзкай опініі, дасягнуў высокага палажэньня й чэсьці.

Да канца жыцьця кароль ахвотна спамінаў і расказваў гісторыю сваіх прыгодаў, з тае самае мінуты, як вартаўнік адпіхнуў яго ад брамы палацу, да тае памятнае ночы, калі ён, паціху ўмяшаўшыся ў натаўп рабочых, прайшоў у абацтва, схаваўся ў дамавіне Спаведніка і заснуў гэткім сном, што ледзь быў не прапусьціў самога абраду каранацыі. Ён цьвярдзіў, што памятка аб гэтых каштоўных лекцыях паслужыла на карысьць яму й дзеля дабра народу, і што пакуль будзе жывы, ён не пакіне паўтараць сумнага расказу, каб ня даць памізарнець абразом перажытага, ня даць вычарпацца спачуцьцю да ўсіх няшчасных і ганімых.

Майльса Гэндона і Тома Канці любіў кароль у працягу яго кароткага панаваньня; яны шчыра аплаквалі яго сьмерць. Добры граф Кэнцкі быў надта мудры, каб злаўжываць свайго асаблівага прывілею: ён толькі двойчы скарыстаўся ім: пры ўсходзе на пасад каралевы Марыі і пасьля — каралевы Ажбеты, а адзін з яго патомкаў — пры каранацыі Якуба І. Прайшло каля чэцьверці сталецьця, аб прывілеі графоў Кэнцкіх пасьпелі запомніць, і калі адзін з іх здумаў сесьці ў прысутнасьці Каруся І і двара, з мэтаю падтрымаць сваё насьледнае права, дык падняўся цэлы перапалох. Але справа хутка выясьнілася і прывілей быў пацьверджаны. Апошні з графоў гэтае лініі загінуў падчас міжусобнае вайны, ваюючы за караля, і з ім скончыўся дзівачны прывілей.

Том Канці дажыў да глыбокае старасьці, гэта быў прыгожы, белы саўсім старык, пачэснае, дабрадушнае павярхоўнасьці. Праз усё жыцьцё ён карыстаўся пашанаю; яго арыгінальны, што ў вочы ўсім кідаўся, касьцюм напамінаў усім пра тое, што ён калісьці быў у палажэньні караля. Дзе-б ён ні зьяўляўся, натаўп расхіляўся. „Шапкі далоў — гэта каралеўскі выхаванец!" — чулася зусюль. I яго віталі, а ён адказваў ласкаваю усьмешкаю; ўсе даражылі гэткаю ўвагаю, таму што ведалі пра пачэснае мінулае гэтага чалавека.

Але! кароль Адварды VI нядоўга панаваў, але затое дастойна і слаўна. Няраз здаралася, што калі хто-нібудзь з важных прыдворных вураднікаў ці які-нібудзь раззалочаны дварцовы слуга выступаў проці мягкасьці караля і даказваў, што закон, які ён хоча зрабіць лягчэйшым, і без таго зьяўляецца міласэрным ды зусім ня робіць пакараным ніякіх мукаў, — тады малады кароль утарапляў на свайго парадчыка свае вялікія, уплывовыя, жаласьлівыя вочы і адказваў:

— Што ты ведаеш аб цярпеньнях і прыгнятаньнях? Я і мой нярод ведае, што гэга значыць, толькі ня ты.

Панаваньне Адвардага VI было літасьцівым панаваньнем, як на тыя жорсткія часы.

Дык не забывайма гэтага цяпер, калі мы расстаёмся з ім, і вечна памінайма яго дабром.