Хоку

* * * Вясна на дварэ. Толькі дзевяць дзён палям і пагоркам. * * * Сакуры зацьвілі — і ночы мінулі ў наўкольлі. * * * Цягне цыбаты дождж парасткі ўгору. Утравянела сьцежка. * * * Перад красою кветак і месяц зьніякавеў: схаваўся за аблачынку. * * * Спадае вада: вярба гладзіць нахіленым вецьцем ціну. * * * Вясна адыходзіць: птушкі смуткуюць, у рыбін вочы-сьлязіны. * * * Цёхкаюць салаўі! Тут — перад гэтым гаем, там — за тою вярбінай. * * * І самага доўгага дня замала, каб высьпевацца, жаўруку. * * * Ластаўкі, выпадкова мне ў чарку зь віном ня ўкіньце глебы драбок! * * * Рассталіся двое сяброў — двое дзікіх гусей: між імі шырэе захмараная мяжа. * * * Старая сажалка. Жабка ў ваду скокнула: гук усплёску. * * * Лётае матылёк трапятлівы ў полі — вось і ўвесь цень. * * * О, прачніся, прачніся — зрабіся маім сябруком, зьнерухомлены матылёк! * * * На кветку, якая не пахне, сеў матылёк — вяльможлівыя прыцуды. * * * Блукалец-крумкач, ці знойдзеш леташняе гняздо? У квецені — сьлівы. * * * Разлі свой водар і тут, ля ўзгорка, дзе здабываюць зьляжалы торф, квяцістая сліва. * * * Дзяржальна гэтага малатка калісьці было камлём камеліі ці мо — слівы? * * * Зрабілі душою сваёй салаўя і сьпяць? Ніцыя вербы. * * * Стварайцеся, на мой стары твар не падобныя вершы!.. Першай сакуры цвет. * * * О, колькі сёньня прыгадваецца ўсяго: гляджу на сакуру ў цьвеце. * * * І гэтак штогод! Ападаючы з сакуры, цьвет корміць карэньне. * * * О, як я зайздрошчу ёй: у гарах сакура закрасавала. * * * Нават галяндцы, і тыя прыехалі сакурам дзівавацца. На конях — сёдлы. * * * На сакуры, што зацьвілі, дуб не звяртае ніякай увагі: сам сабе постаць! * * * Ах, верабейка-дружа, ня зь'еш авадня: і яго прывабілі кветкі. * * * Нават славуты вой, захоплены сакурай, ператварыўся ў сем простых ваяк. * * * Згук звону растаў. Паветра дыхае водарам. Вечар. * * * Мо для мяне пакінуў? Прайшоў журавель, не абскубшы балотнай пятрушкі. * * * Сьпякотлівы ліпень! Акрыла хмурынкаю галаву гара Арасі. * * * Летнія ліўні! Вада ў рацэ зраўнялася з вадаспадам. * * * Месяц дажджоў. Схілілі сланечнікі галаву: можа, сонца — унізе? * * * Згадаў галінку сасны — і ўраз адчуў прахалоду. * * * З вязанкаю сена на сьпіне: дарожны ўказальнік мне той чалавек у стэпе. * * * Верхнюю вопратку зьняў і нясу на сабе — вось і ўсё зьмены зь зімы на лета. * * * На рысавым полі ўвішна. І я вандрую ўвесь век — няйначай, рыхтую сьвет пад сяўбу. * * * Хадземце, сябры, са мною! Калосьсе будзем жаваць, спаць на траве пад небам. * * * Схапіўся, як за апору, за колас жытнёвы. О, ростань! * * * Ірысы. Прысесьці ля іх і пагутарыць — хіба гэта таксама не падарожжа? * * * Ніякага знаку, што неўзабаве памерці мусяць: сьпевы цыкад. * * * Белыя макі! Здаецца, што расьцвілі восеньскія дажджыны. * * * Дажджыць і дажджыць! Пачарнела на полі сьвежае ржышча. * * * Захад, усход — усюды аднолькавы смутак. Восеньскі вецер. * * * Зьмяркаецца. Адно голас дзікае качкі бялее ледзь-ледзь над морам. * * * Вымавіш слова — здубеюць губы. Восеньскі вецер. * * * На ссохлым суку крумкач нанач знайшоў прытулак. Глухая восень. * * * Тады зразумееце мае вершы, калі заначуеце ў полі пад сьцюжным ветрам. * * * Поўня! Ёю любуючыся, прахадзіў наўкола сажалкі ноч. * * * У сьцюжы начной на дол апала гусь у зьнямозе — вось гэтак начуюць вандроўцы. * * * Усё, што ні ёсьць на сьвеце, пашамаціць і аціхне — нібы чараціна. * * * Дзікая ружа, што красавалася ўскрай дарогі, трапіла ў пашчу майму каню. * * * Нібы раніцовыя кветкі — манахі: колькі ўжо іх адцьвіло! А вера стаіць, як хваіна. * * * Гэткія розныя, а цьвіце кожная зёлка па-свойму. Вось гэта і подзьвіг. * * * Вада — халадэча. Ніяк не можа на ёй заснуць самотная чайка. * * * Карэньне цыбулі адмыта да гэткай чысьціні — аж сьцюжна. * * * Можа, пазычыць апратку у пудзіла — каб заснуць? Апоўначы шэрань. * * * Выпаў на досьвітку сьнег — і стрэлкі цыбулі сталі адзнакамі агароду.